Вынаходцы вятроў [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

I саксафон куплю, і буду граць
У рэстаране.
Ты сабе таксама
Купі тады якую-небудзь дудку,
Ці бубен, ці гармонік —
I прыходзь.
Мы будзем граць для выпівох вясёлых,
Якім пляваць на тое, як мы граем
I што мы граем, і таму ўвесь вечар
Мы зможам граць не ім, а для сябе,
I гэта іх ніколькі не пакрыўдзіць...
Так ён гаворыць мне, мой добры сябар,
I я ўжо бачу сябра з саксафонам,
Падобным на слановы белы бівень, -
Нібыта ён ляціць на дыску цырка,
Дзе крыкне дрэсіроўшчык:
«Гоп-ля-ля!» —
I сумны слон уздыме ўверх свой хобат,
Падобны на прырослы саксафон,
I весела ў яго затрубіць
Песню:
«Граў на трубе у цырку сумны слон,
А ён хацеў бы граць на саксафоне,
Ён і сягоння той жа бачыў сон,
Нібы нарэшце граў на саксафоне.
Ды крыкнуў дрэсіроўшчык: гоп-ля-ля!
I слон трубою весела зайшоўся.
Была труба заўсёды — гоп-ля-ля! —
А саксафон ні разу не знайшоўся.
I пад апладысменты сумны слон
I прысядаў, і кленчыў у паклоне,
I хіба хто падумаць мог, што ён
Хацеў бы граць на саксафоне...»
— Дык што,— пытае сябар,— купіш дудку?
I я ківаю галавой: куплю...
Я ведаю, што заўтра зноў мой сябар
Пацягне, быццам вол, сваю работу,
А сёння
Хай гарыць яна агнём...
Бо сёння мы сустрэліся, каб выпіць
Віна кілішак і крыху памарыць:
Ён купіць саксафон, а я дуду —
I будзем разам граць у рэстаране.



***
Залатая зала тая
Залачае папацёмку,
Як скарбонка залатая,
Поўная тваіх пярсцёнкаў.
Ты на сцэне — б'юць у ладкі,
I кідаюць кветкі з ложаў,
I між намі змыты кладкі,
Спалены масточкі...
Божа!
Колькі згублена скарбонак,
Колькі кветак не пасеяна!
I адзіны твой пярсцёнак
Падае на дно басейна...
Шчэ журбець табе аб страчаным.
А пакуль ка мне, на пальчыках,
Ты ідзеш, дзіця русалчына,
Ад людзей — адзін купальнічак.



Горад
1
Сумую па табе, мой горад.
Як ні напоўнена душа
Палёў прасторам, шумам лесу
I плёскатам крыніц і рэчак,—
Сумую па табе, каменным.
Гады глыбеюць. Не злучыць
Карэнні з вершалінай стромай,
Якую толькі ледзь хістае
Вяртанняў нашых нізкі вецер.
2
Пагоркамі, дзе грае рэха,
Працяглым звонам касавіцы
Працуе ліпень... На вазах
Плывуць зялёныя аблокі.
3 дарогі падыму травінку —
I загарчыць на вуснах лета,
I пошук страчанага часу
Патрэбным здасца і дарэмным.
Дзяўчо на возе засмяецца
I кіне недаспелы яблык,
Які ўпадзе, як узарвецца,
У босы след майго маленства,
У пыл гарачай каляіны.
3
У горад мой, да сцен каменных,
Вяртаюся з палёў і рэчак,
Святлее ўсход паловай сонца,
Мінулым і наступным днём,
I час, які не захаваць,
Не зберагчы ў сабе навечна,
Сухой травінкай касавіцы
Шапоча пад чаравіком.


Паўднёвая Поўнач
А ў час гэты зоркавы
Дарогай спатканняў
бязлітасна позніх
Прайшла, затуманіла зрок мой
Паўднёвая Поўнач.
3 ранніх вершаў
У асцярогу хутацца.
Лаяцца сыта.
О, забароненай хуткасці
Смак пазабыты!
Навошта, нібыта ў сподачку
Рыбка пад марынадам,
Ты прыплываеш з Поўначы?
Страўнік мой радаваць?
Курортны гастрытык
Пад гэту закуску
кіліх налівае
Не поўны.
Вясёлы і спрытны —
Я спёкся...
Разыдземся,
Поўнач!
Усе твае белыя гамы
Я граю на памяць!
Што ж горача, як пад нагамі
Тарфянікі паляць...
Гуляю на Поўдні,—
А ў небе, як краб у палонцы,
Высушвае промні
Тваё зледзянелае сонца,
I поўня
на воблака ўскрайку
Святлее над ночы мазутам
Так, быццам
у ноч гэту ўкраўся
Твой, Поўнач, лазутчык.
Між намі прастора,