Максім Багдановіч — крытык [Святлана Белая] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

РАЗДЗЕЛ І

Тое, што да рэвалюцыі на Беларусі М. Багдановіча ведалі пераважна як паэта, сёння нас не здзіўляе. Пры жыцці “Максіма-кніжніка” выйшаў адзіны зборнічак яго вершаў “Вянок”. З некаторымі вершамі можна было пазнаёміцца, чытаючы папулярную ў той час газету “Наша ніва”.

А дзе друкаваліся крытыка-публіцыстычныя артыкулы, эссэ Багдановіча, яго проза? У “Нашай ніве”, дакладна вядома, знаходзіцца толькі тры яго апавяданні[6] і артыкул “Глыбы і слаі”. Пераклад жа Светазара Ваянскага “Юдава поле”, артыкул “Не жаласці, а праўды!” толькі прыпісваюцца М. Багдановічу. У іншых беларускіх выданнях надрукавана яшчэ некалькі матэрыялаў Максіма Адамавіча. Два артыкулы ў газеце “Вольная Беларусь”[7], па аднаму ў “Каляднай крыніцы”, “Каляднай пісанцы”,

часопісе “Krywicanin”. Яшчэ пяць яго артыкулаў знойдзем у часопісе “Украинская жизнь”[8].  А дзе надрукаваны астатнія багдановічавы творы? Іх трэба шукаць у рускіх выданнях. У «Ежемесячном журнале», «Северной газете», «Северных записках», «Нижегородском листке». І, безумоўна, у яраслаўскай газеце «Голос», з якой актыўна супрацоўнічаў М. Багдановіч. Больш як 40 яго празаічных твораў было надрукавана на старонках «Голаса». Акрамя таго ў савецкі час знойдзена шмат аўтографаў з паметкамі: “Яраслаўль, рэдакцыя газ. «Голас». Менавіта з гэтым рускім выданнем звязана крытычная дзейнасць Багдановіча.

Дакладна невядома, калі М. Багдановіч пачаў супрацоўнічаць з газетай. У 1958 годзе С. С. Каныгін, былы рэдактар «Голоса», у адказ на запытанне Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР паведаміў, што М. Багдановіч часта друкаваў у «Голосе» вершы, апавяданні, нарысы, артыкулы. Тады ж навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры І. І. Гарэцкім быў прагледжаны архіў «Голоса» за 1909−1917 гг. і з удзелам С. С. Каныгіна прачытаны ўсе тэксты з подпісамі М. Б. і некаторымі псеўданімамі. Былы рэдактар пацвердзіў, што М. Багдановіч з’яўляецца аўтарам вершаў «Жду я...» (1910 г.), «Весеннее» (1910г.), «Из испанских мотивов» (1910), «Не сердись на меня, тихий друг» (1910), апавядання «После концерта Яна Кубелика» (1909) і іншых. Але захаваліся ўспаміны самога Каныгіна, дзе ён піша, што М. Багдановіч пачаў супрацоўнічаць з «Голосом» з восені 1911 г., будучы студэнтам Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя. Хутчэй за ўсё з 1911 года пачалося актыўнае супрацоўніцтва з газетай, бо да гэтага часу ў «Голосе» змешчана не болей дзесяці яго твораў. Безумоўна, высветліць пачатак супрацоўніцтва з газетай важна. Але ў першую чаргу, на маю думку, трэба адказаць на такія пытанні: чаму сярод мноства газет Яраслаўля Максім Багдановіч выбраў менавіта «Голос»? Чаму публікацыям на яго старонках ён аддае столькі часу і сіл? Каб зразумець гэта, трэба ўявіць само выданне, пазнаёміцца з людзьмі, што працавалі у ім. Тады многае становіцца зразумелым.

«Голос» − штодзённая, грамадска-палітычная і літаратурная газета, выдавалася ў Яраслаўлі з 1909 г. па 1918 г. Яе выдаўцамі з’яўляліся пляменнік вялікага рускага паэта М. А. Някрасава − Канстанцін Фёдаравіч Някрасаў і вядомы ў горадзе журналіст, былы супрацоўнік газеты «Северный край» Мікалай Пятровіч Дружынін.

К. Ф. Някрасаў быў па натуры чалавек вельмі супярэчлівы. Ён прытрымліваўся поглядаў ліберальнага дваранства. Мог імгненна захапіцца ідэяй, якую спрабаваў увасобіць у жыццё.

К. Ф. Някрасаў свайго багацця не меў. Газеты ён заснаваў на сродкі маці. Пасля яе смерці яму засталася спадчына, недзе 30 тысяч капіталу, які ён пусціў на выдавецтва. Вельмі патрэбную, але дарагую і нявыгадную ў камерцыйным плане працу.

Яго калега Мікалай Пятровіч Дружынін паходзіў з мяшчанскай сям’і, але змог атрымаць добрую адукацыю. Нягледзячы на прыналежнасць да кадэцкай партыі, у яго поглядах былі вельмі моцныя дэмакратычныя тэндэнцыі. Дзякуючы Дружыніну, у «Голосе» часта праходзілі публікацыі, якія ішлі насуперак грамадскаму буржуазнаму этыкету, ліберальнаму напрамку газеты. За гэта яна не аднойчы штрафавалася цэнзурай.

Іншыя супрацоўнікі «Голоса» раней працавалі ў яраслаўскіх газетах «Северный край», «Речь», «Вестник». Журналісты мелі ідэйны напрамак лявейшы за ліберальны. Таму амаль усе пасядзелі ў турме, пабывалі ў ссылцы.

Максім Багдановіч хутка зблізіўся з імі. Асаблівасць яго характару па ўспамінах гімназісцкага сябра Дзямбольскага заключалася ў тым, што “да людзей, якія хоць чым-небудзь звярнулі на сябе яго ўвагу, ён падыходзіў проста і адразу неяк вельмі ўважліва. Максім умеў знаходзіць у самай простай, іншы раз зусім не мудрагілістай душэўнай гаспадарцы субяседніка самае для іх абодвух важнае і патрэбнае. І гэта зараз жа і міжволі дазваляла чалавеку паказаць самае каштоўнае, чалавечае, што ў ім было. Максім умеў у вельмі кароткі час стаць блізкім да людзей, зусім не падобных на яго”[9].

У Максіма Адамавіча склаліся сяброўскія адносіны з С. С.Каныгіным (па