Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду [Анатоль Бензярук] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

з першых “Гербоўнікаў” польскай ды літоўскай шляхты Каспар Нясецкі (1682 — 1744) амаль без зменаў прывёў запазычаныя ў Ш. Акольскага звесткі пра Касцюшкаў-Сяхновіцкіх [6]. А наступныя шматлікія біёграфы Т. Касцюшкі ахвотна карысталіся названым “Гербоўнікам” пры апавяданні пра пачаткі сям’і, што падаравала Свету “Героя Двух Кантынентаў”.

Паколькі ў ХVІІ — ХVІІІ стагоддзях ідэя стварэння ўласных радаводаў стала надзвычай папулярнаю сярод шляхты (прычым кожны род імкнуўся давесці як мага больш старажытныя, нават легендарныя вытокі), Касцюшкі таксама паклапаціліся пра ўласнае генеалагічнае дрэва.

Стваральнікам яго (прыблізна ў 1695 годзе) стаў надзвычай адукаваны прадзед Тадэвуша Касцюшкі Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі. Наступнае ”Генеалагічнае дрэва Касцюшкаў-Сяхновіцкіх” было напісана на пергаменце ў другой палове ХVІІІ стагоддзя [7]. На вялікі жаль, абодва гэтыя каштоўнейшыя дакументы страчаныя ў часы Другой сусветнай вайны — загінулі ў пажары Варшавы.

На працягу ХІХ стагоддзя таксама з’явілася некалькі легендарных Касцюшкавых радаводаў. Будаваліся яны выключна на адмысловай фантазіі аўтараў і няведанні імі шматлікіх дакументальных матэрыялаў, што захоўваліся на той час у розных прыватных архівасховішчах ды музейных зборах Беларусі, Польшчы, Украіны, Швейцарыі, Злучаных Штатаў Амерыкі.

Сучасны польскі гісторык Бартламей Шындлер слушна заўважаў, што пасля смерці Тадэвуша Касцюшкі сярод прадстаўнікоў ягонага роду з’явілася вялікае жаданне “квяціста ўпрыгожыць уласную генеалогію” [8].

У 1852 годзе некаторыя з нашчадкаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх былі зацверджаны расійскім Сенатам у дваранскай годнасці. Да рашэння Сената прыкладаўся радавод, з якога вынікала, што нейкі пінскі стольнік і староста жытомірскі Уладзіслаў Касцюшка меў трох сыноў: Паўла, старосту крамяніцкага і пісара земскага жытомірскага; Міхала, палкоўніка артылерыі, ды Людвіка, мечніка брэсцкага. Апошні, які ўзяў шлюб з Тэкляй Ратомскай, меў сыноў Юзафа, Станіслава і Тадэвуша Андрэя Банавентуру [9].

Гэты радавод, прызнаны Сенатам за сапраўдны, утрымліваў вялікую колькасць недакладнасцяў. Аднак ягоныя палажэнні з яшчэ больш легендарнымі падрабязнасцямі хутка трапілі на старонкі польскага часопіса “Час” (1852 год).

Часопісны артыкул прашчурам Касцюшкаў называў нейкага Дзімітра. Сцвярджалася нібыта ў 1396 годзе той разам з жонкаю Аксіняю Гімбат атрымаў права накладаць на дакументы пячатку з чырвонага воску, што ў тыя часы было выключным правам (прывілеем) княжскіх родаў [10].

Хутчэй за ўсё, інфармацыя, змешчаная ў “Часе”, грунтавалася на вельмі ненадзейных дадзеных Леанарда Ходзькі, упершыню апублікаваных у ягонай франкамоўнай біяграфіі Т. Касцюшкі (1837 год, праз два дзесяцігоддзі кніга была перавыдадзена польскаю моваю).

Першая глава гэтай працы, названая “Радавод Касцюшкаў”, утрымлівала шматлікія легендарныя падрабязнасці. У ёй, у прыватнасці, сцвярджалася: “Сям’я Касцюшкаў... у часы Вітольдавы [Вітаўта Вялікага — А.Б.] карысталася, як пра тое сведчыць прывілей з 1396 года, княжацкім тытулам... Род гэты, на што ўказваюць аўтэнтычныя радаводы, па мячы і па кудзелі [з мужчынскага і жаночага бакоў — А.Б.] быў паяднаны з сем’ямі Святаполкаў, Радзівілаў, Карэцкіх, Шуйскіх, Пузынаў, Плятэраў, Неміровічаў, Грабоўскіх...” [11]. Уся пералічаная радзіна мела княжацкія ці графскія тытулы. Безумоўна, крыніцай згаданай інфармацыі былі нейкія паўлегендарныя генеалагічныя роспісы, створаныя з мэтаю надаць большай высакароднасці Касцюшкам-Сяхновіцкім. Л. Ходзька стаў аўтарам і іншых сур’ёзных памылак і недакладнасцяў, якія зусім не стасаваліся з сямейнымі паперамі, выяўленымі пазнейшымі гісторыкамі.

Аднак польскія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі 50 — 70-ых гадоў ХІХ стагоддзя (асабліва Т. Свенцкі, Ю. Барташэвіч, Ф. Пашкоўскі і К. Вуйціцкі) у сваіх працах некрытычна карысталіся творамі Л. Ходзькі і публікацыяй у “Часе” [12]. Пад іх уплывам памылковыя звесткі перайшлі нават на старонкі знакамітага “Энцыклапедычнага слоўніка” Бракгаўза і Эфрона [13].

Сапраўдным пераломам у вывучэнні гістарычнай спадчыны Касцюшкаў стаў юбілейны 1894 год — перыяд шырокага святкавання сотых угодкаў Касцюшкаўскага паўстання.

У гэты час узнялася моцная патрыятычная хваля, на вяршыню якой была ўзнесеная асоба вядомага генерала [14]. Фактычна культ героя, які ствараўся яшчэ пры ягоным жыцці і ўзмацніўся пасля смерці, дасягнуў свайго эпагею. Апалогія “Начальніка ў сукмане” — велічнага героя, блізкага народу, бясстрашнага і грознага абаронцы радзімы — зрабілася абавязковым правілам на землях былой Рэчы Паспалітай. Пры гэтым арэол славы пачаў распаўсюджвацца не толькі на самога Т. Касцюшку, але і на людзей, што маглі заявіць аб сваіх родавых повязях з кіраўніком паўстання 1794 года. Напрыклад, у спецыяльным кракаўскім часопісе “Касцюшка” (выдаваўся з 1893 года пад рэдакцыяй публіцыста Антонія Касцецкага (1825 — 1899), даўняга супрацоўніка Музея Чартарыйскіх) неяк