Каласы пад сярпом тваiм [Уладзiмiр Сямёнавіч Караткевiч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

дарагая.

I таму ён аднойчы ноччу з’явiўся у вязнiцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямi. У вежах новая ўлада размясцiла правiянцкiя склады, а сутарэннi так i заеталiся вязнiцай.

Думаў Акiм Загорскi, што пабачыць слiмака, раздушанага цяжарам уласнай вiны, а ўбачыў чалавека, якi нават не хавае вачэй.

– Можа, не твая правiна? – сумеўся Загорскi. – Можа, нехта другi?…

– Мая правiна, – сказаў Марка. – Мая рука зрабiла, мне i адказваць.

– Дык што ж ты тады святым прыкiдваешся?! – ускiпеў пан. – У сабакi вочы пазычыў?!

– Вы не крычыце на мяне, – зусiм не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. – Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубiў, i мне ўжо з агню нiколi не выйсцi…

Загорскi так нiчога i не дабiўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другiх, пераважна ў сваiх жа азярышчанскiх сялян. Доўга нiчога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акiма валасы ўсталi дыбарам.

Нездарма нябожчыка Рамана лiчылi за ведзьмака. Сам Акiм Загорскi такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылi. Ды i як было не верыць, калi Раман лячыў травамі скурапею[2] i скулы, упраўляў звiхi, выводзiў цяменнiк, браў на рукi дзяцей з пярэпалахам i глядзеў iм у вочы, i дзецям адразу рабiлася лягчэй.

А такiя справы без нячыстай сiлы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбiту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сiлы на злое, даводзiцца пасля смерцi расплачвацца.

Прыходзiць такi час, і вядзьмак павiнен залезцi у падпечча, лепей за ўсё ў лазнi. I менавiта так аддаць д’яблу душу. Там i павiнен быў Раман зводзiць з д’яблам апошнюю рахубу. I побач з iм абавязкова мусiў быць сын.

Яны i пайшлi ў лазню ўдвух, калi стары адчуў наблiжэнне смерцi.

Стары залез у падпечча i доўгi час гаварыў нешта. Мо ўспамiнаў жыццё, а мо трызнiў. Потым апрытомнеў i працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвiлiна. Усiм вядома, калi сын возьме бацькаву руку – уся вядзьмарская сiла пяройдзе да яго. А з сiлаю – смерць у падпеччы i тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё i словы, якiя ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькi абяцала пекла яшчэ i яму, Марку, не сёння, дык праз колькi год.

I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.

Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.

Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.

Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.

Ён пайшоў на прыгуменне i прынёс вiлы.


Даведаўшыся, Загорскi пачаў судзiць сябе i забойцу. Так, гэтаму варварству i дзiкунству няма апраўдання. Але ж хто вiнен у тым, што гэтыя людзi дзiкуны? Дзяржава, якой ёсць да iх справа толькi ў часы мяцяжу? Уладары над душамi, якiм ёсць да iх справа толькi пасля жнiва? Адкуль iм ведаць асновы свету, што вакол iх? Царква крычыць iм аб апраметнай, паданнi пагражаюць д’яблам i ведзьмакамi.

Вось і суду толькi цяпер будзе справа да Маркi.

I чым дапамог гэтым сваiм людзям ён, Акiм Загорскi? Не забiваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага памiж Маркам i iм, якi ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар i мужыкi – жыхары розных светаў.

I хутка ад усiх разважанняў у яго сэрцы засталося толькi разуменне таго, што суд зробiць кепска i ён, Загорскi, не здолее нiчым перашкодзiць. Сляпыя судзiлi сляпога.

Таму Загорскi ўсiм сваiм уплывам цiснуў на судовых, i прысуд быў мяккi: дзесяць год катаргi.

…Марка з Сiбiры не вярнуўся. Данiла, i той даўно стаў дзедам. Памерла iмператрыца, i сын, і адзiн з унукаў яе. Памёр i Акiм Загорскi. Амаль забылася i здарэнне з лазняй, а потым i лазню злiзаў Дняпро. Быццам i не было нi людзей, нi закуранай нiзкай будынiны на беразе. Толькi груша…

За ёю ляжалi прыдняпроўскiя адхоны, вёскi, пушчы i мястэчкi. За ёю стаялi замшэлыя замкi, чорныя хаты i старажытныя белыя званiцы.

А груша цвiла апошнi год. Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк. Гэты апошнi год яна стаяла толькi сiлай сваiх карэнняў, умацаваўшы iмi сабе паўкруглы фарпост.

Чарговая з мiльёнаў паводак якiя бачыў Дняпро, спадала. Наступная павiнна была кiнуць дрэва ў хвалi, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвiла ў вiраваннi пчол, i пялёсткi падалi на быстрыню ракi.

II

Дняпро цячэ мiж высокiх