Жураўліны крык [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Жураўліны крык [часопіс "Маладосць" (1960)] 952 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Быкаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

М-м-можаце не т-т-турбавацца, таварыш камандзір, гэта выключаецца. Я н-н-не менш за вас разумею свае абавязкі і зраблю тое, шт-т-то трэба, без лішніх эксцэсаў. Вось.

Некалькі здзіўлены і расхалоджаны нечаканым выпадам гэтага ціхага чалавека, старшына не знайшоў, што сказаць далей, толькі перадражніў:

— Бач ты: эсцэксаў!..

Яны стаялі так — адзін супраць аднаго — усхваляваны, з дрыготкімі рукамі, вузкаплечы баец і ўжо супакоены, упэўнены ў сабе каржакаваты, уладарны камандзір. Карпенка, нахмурыўшы калючыя бровы, з хвіліну згадваў, што рабіць з гэтым няўдакам, а пасля, прыпамятаўшы, што трэба б на ноч выставіць які-ніякі дазор, ужо спакайней сказаў:

— Вось што — бярыце вінтоўку і марш за мной.

Фішар не запытаў, куды і навошта, а з падкрэсленай абыякавасцю запхнуў за пазуху кніжку, ускінуў на плячо вінтоўку з прымкнёным штыком і, спатыкаючыся, пакорліва пабрыў за старшыной. Карпенка на хаду апрануў шынель і, мінаючы сваю ячэйку, коратка кінуў байцу:

— Вазьмі ж лапату.

Яны выйшлі на пераезд і па гразкай дарозе накіраваліся на пагорак з дзвюма бярозамі.

Тым часам паволі цямнела. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар, якія шчыльна абклалі прастор і злегліся на небасхіле змрочнай суцэльнай масай. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў, прабіраўся за каўнер, у рукавы, выпякаў з воч сцюдзёныя слёзы.

Карпенка крочыў хутка, не вельмі разбіраючы дарогі і не дужа шануючы свае новыя кірзавыя боты — адзіную тут адзнаку яго камандзірскай годнасці. Захіляючыся ад ветру каўняром шыняля, у нацягненай на вушы пілотцы паныла шкандыбаў за ім Фішар. Ён зноў быў абыякавы да ўсяго і, утаропіўшы позірк у загусцелую гразь дарогі, асцерагаўся павярнуць забінтаваную шыю, якая балела ад скулаў.

3 сярэдзіны ўзгорка Карпенка азірнуўся, каб агледзець зводдаль пазіцыю свайго ўзвода, і ўбачыў, што яго падначалены адстаў і ледзьве плёўся, зноў чытаючы на хаду тую сваю кніжку. Карпенка спыніўся і пачакаў, пакуль Фішар дагоніць яго. Але той не вельмі спяшаўся, ён так паглыбіўся ў свой занятак, што не бачыў і старшыну, забыўся, відаць, куды і навошта ішоў, толькі нешта варушыў сабе вуснамі. Старшына нахмурыўся, але тут яго самога ўзяла цікавасць, і ён не закрычаў, а нецярпліва пераступіў па гразі і строга спытаў:

— Што гэта за кніжка ў вас?

Фішар, відаць, яшчэ не забыўшыся на нядаўнюю сварку, бліснуў акулярамі і адхінуў чорную вокладку.

— Гэта біяграфія Чэліні. А то — рэпрадукцыя. Пазнаяце?

Карпенка зірнуў на фотаздымак — на чорным фоне стаяў нейкі голы з валасатай галавой чалавек і, пазіраючы ўбок, заклапочана хмурыў бровы.

— Давід! — тым часам бясстрасна абвясціў Фішар.— Славутая статуя Мікельанджэла. Успамінаеце?

Але Карпенка не ўспамінаў нічога. Ён яшчэ зірнуў у кніжку, акінуў недаверлівым позіркам Фішара і, нічога не ўцяміўшы, ступіў наперад. Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт, і старшына шпаркім крокам рушыў далей. А Фішар заклапочана ўздыхнуў, расшпіліў працівагазную сумку і ў дадатак да кавалка хлеба, старога «Аганька» і патронаў, якімі была напакавана яна, ашчадна засунуў туды і кніжку. Пасля, крыху павесялелы, ужо не адстаючы, ішоў за старшыной.

— Вы што — сапраўды вучоны які? — невядома чаму насцярожыўшыся, запытаў Карпенка.

— Ну, вучоны — можа гэта і занадта… Я толькі кандыдат мастацтвазнаўства.

Карпенка трохі памаўчаў, намагаючыся зразумець штосьці, а пасля неяк прыціхла, быццам баючыся выявіць сваю цікаўнасць, запытаў:

— Гэта што? Па карцінах спец, ці як?

— I па карцінах, але я галоўным чынам па скульптуры эпохі Адраджэння. У прыватнасці спецыялізаваўся па італьянскай скульптуры.

Яны выйшлі на пагорак, з-за якога адкрыліся новыя, ужо азмрочаныя вечарам далі — поле, лагчына з хмызняком, далёкі ельнік, наперадзе ля дарогі саламяныя стрэхі вёскі. Побач, ля канавы, растросшы на сцюдзёным ветры тонкае голле, жалобна ляскаталі зрудзелым лісцем бярозы. Яны былі тоўстыя і, відаць, дужа старыя, гэтыя спрадвечныя вартавыя шляхоў,— з парэпанай ад старасці, счарнелай карой, густа абсыпаныя цвёрдымі капытамі наростаў, з пазабіванымі ў іх чыгуначнымі кастылямі. Пад бярозамі старшына збочыў з дарогі, пераскочыў канаву і, зашорхаўшы ў іржышчы ботамі, накіраваўся ў поле.

— А што ён, гэты голы, з гіпсу злеплены, ці як? — запытаў ён, не тоячы сваёй нечаканай мінутнай цікаўнасці.

Фішар стрымана, аднымі вуснамі паблажліва ўсміхнуўся, як малому, і вытлумачыў:

— О не. Гэтая пяцімятровая фігура Давіда высечана з крыцкага мармуру. Наогул, гіпс як матэрыял для манументальнай скульптуры ў старажытнасці і ў часы Рэнесанса амаль не ўжываўся. Гэта ўжо атрыбут новага часу.

Старшына падумаў.

— Кажаш, з мармуру? А чым жа ён яго — такую грамадзіну — высек? Ці, можа, якой машынай?