Фірма [Міхась Андрасюк] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

мазалі, не магло здарыцца так, каб на шляху ў лепшую будучыню гэтыя дзве фірмы размінуліся.


3
“Сродкі, якія фірма «EXPO-Anatol» атрымала сёння ў рамках рэпрэзентацыйнага фонду, гэта не фінансы, а слёзы”, — падумаў галоўны дырэктар, заглядаючы ва ўручанае афіцыянткай меню. Пры такіх умовах дарма спадзявацца на лёгкасць думкі, на фантазію, на нестандартны план дзеяння, словам — на ўсё тое, што з’яўляецца эсенцыяй кожнай справы. Падобная дылема адбывалася і ў душы старшыні суполкі “Фрэйс”. Так, прынамсі, можна здагадвацца, бо, прагледзеўшы багатае меню, абодва прадпрыемцы затрымаліся згодна на чорнай каве, пяцідзесяці грамах самай таннай, жытняй гарэлкі і закусцы — так паспалітай, што не варта пра яе нават згадваць.

— Значыць, калі добра разумею, фірма разрастаецца? — Ці новы, карычневы пінжак старшыні Барабы быў прычынай такому сцвярджэнню, ці проста дырэктару Рубелю хацелася, асабліва ў прысутнасці маладой, чарнявай афіцыянткі бліснуць магічным словам “фірма” — гэта ўжо яго прыватная таямніца.

— А разрастаецца, разрастаецца. Не забываючы, што ўсё-такі трэба падтрымоўваць і радзімую вытворчасць, — старшыня Бараба пстрыкнуў у шкляначку з айчыннай жытняй, апраўдваючы прысутнасць мала элегантнага напою ў сваіх далонях. — Варочаць мільёнамі і не адракацца ад свайго. Вось яно, маё крэда. Праўда, пані Аня?

Пані Аня кіўнула галавою ў знак, што крэда такое вельмі слушнае і, паслаўшы шаноўным кліентам службовую ўсмешку, аддалілася на сваё месца. У яе быў дэмакратычны абавязак аднолькава пільна сачыць як за мільянерамі, так і менш багатымі спажыўцамі.

— Та-ак, — палавіна змесціва пяцідзесяціграмовай шкляначкі пералілася ў вантробы пана старшыні, ператварылася ў асалоду і ў цеплыню, і старшыня, быццам бы даючы водгук на нутром пастаўлены пароль, глыбока ўздыхнуў.

— Т-так. Прыемнасць ёсць прыемнасць, але абавязак перш за ўсё.

Чарговы ўжо раз даводзілася выпаўняць ім гэты прафесійны абавязак, а калі глянуць на тое, што частотнасць згаданых сустрэч стаяла ў глыбокай залежнасці ад дабрачынных жэстаў пані Барабы і пані Рубель, можна здагадвацца, што справы пасоўваліся са скорасцю, суразмернай да жаночых кампетэнцыяў у бізнесе.

Аднак, каб нічога не рабілася — таксама не скажаш. Думкі і праекты матэрыялізаваліся, увасабляліся, ператвараліся ў складаныя прагнозы, вылічэнні, бізнес-планы. У залежнасці ад актуальнай кан’юнктуры мяняліся аб’екты зацікаўлення, пранікаліся новыя і новыя абшары гаспадарчай рэчаіснасці, аднак думка, каб што-небудзь рабіць, заставалася ў першапачатковым прататыпе.

— Ведаеш, — старшыня апаражніў шкляначку і нахіліўся бліжэй, каб падкрэсліць неабходную ў такіх выпадках патрэбу таямнічасці, працягваў распачатую думку. — І я, і мой штаб аналізавалі за апошні месяц увесь наш, еўрапейскі рынак пісьмовых прыладаў. — Думка, каб заснаваць гэты саноўны “штаб”, з’явілася ў галаве пана старшыні зараз пасля таго, як шкляначка паказала сваё дно, і была яна, можна сказаць, відавочным доказам карыснага ўздзеяння жытняй гарэлкі на творчае мысленне пана старшыні. — Перакінулі, во, такую горбу паперы, — паказаў рукою вышэй галавы. — І высновы атрымаліся цалкам цікавыя. Цалкам-цалкам. Ведаеш, — нахіліўся бліжэй яшчэ, так, што яго вусны дакраналіся амаль да заружавелага ад зацікаўлення дырэктарскага вуха. — Усе нашы ранейшыя планы з бульбінамі, пшаніцамі, аптовымі магазінамі — адно вялікае гаў-но.

— Значыць, што? — Дырэктарскае зацікаўленне пачынала ўжо ступаць на новую, пакуль невядомую сцежку. Цяпер, калі і другая шкляначка апаражнілася ў натурай прадбачаным месцы, ніякая дарога, нават самая таямнічая, не ўяўлялася ні далёкай, ні страшнай.

— Алоўкі, брат. Вось што! Магчымасці — кажу табе! Як адсюль па Уладзівасток. Алоўкі!!

І старшыня, і пан дырэктар падпілі ўжо някепска, пані Аня штораз курсавала з чарговымі пяцідзесяткамі, а кожны яе візіт у вачах пана дырэктара і пана старшыні павялічваў амаль за лінію далягляду бясконцыя радкі каляровых алоўкаў. Аптовыя магазіны адкрываліся ў Маскве і ў Парыжы, запаўняліся алоўкамі ўсіх гатункаў, памераў і колераў.

— Мой штаб працуе, браток. Што я кажу — штаб?! Армія, браток. Ар-мі-я! Такая во, — заціснутым кулаком паказаў магутнасць сваіх вытворчых службаў і калі б, выпадкова, нейкі кіраўнік канкурэнцыйнай аловачнай фірмы ўбачыў гэты жэст, ён, не чакаючы ні хвіліны, выйшаў бы адсюль. На тое толькі, каб закінуць на шыю пятлю ды не быць сведкам уласнага банкруцтва.

— Мае людзі, ты ня бойсь, спраўляюцца не горш за тваіх, — дырэктар чхнуў у шкляначку, а ягоная галава апусцілася яшчэ ніжэй, паглыбляючыся амаль у астанкі таннай закускі. — Шмат людзей у мяне. Так папраўдзе і сам не ведаю, колькі іх. А трэба, дык будзе больш. — За гэты вечар пан Рубель узяў на працу пару тысяч новых людзей і калі б не факт, што жончына датацыя паказала сумнае дно, да поўначы, можна спадзявацца, вырашыў бы праблемы ўсіх беспрацоўных. Як у Гайнаўцы, так і ў недалёкім