Другі варыянт [Анатоль Кудравец] (fb2) читать постранично, страница - 13


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

твар. Гэта быў той самы артыст, якога яны з Валодзем і Раманам некалі слухалі ў завадскім тэатры. Тая ж шыракаротая ўсмешка, тыя яс няроўныя зубы. I тая ж нахабнаватая ўпэўненасць на твары. Ён быццам смяяўся з Васіля, быццам гаварыў:

— Едзеш? Уцякаеш? Давай, едзь... А я застануся...

Васіля аж скаланула. Усё роўна як яго злавілі на нечым зладзейскім. Стаяў перад афішай, на двары была душная раніца, а між плячэй стала холадна. «Не-а, нікуды я не паеду. На злосць табе не паеду...» Рашыў так і ўзрадаваўся свайму нечаканаму рашэнню. «А ты давай, спявай. Пацяшай людзей. Пацяшай...» — сказаў афішы ўжо зусім весела і цвёрда. Але перш чым зноў заявіцца да Валодзі, захацелася зірнуць на інстытут, быццам ён мог куды дзецца, быццам мог знікнуць.

Інстытут нікуды не дзеўся, стаяў на тым жа месцы, такі ж шырокі, масіўны. Толькі тратуар недалёка ад варот пераразала канава з горамі свежай, вывернутай са дна жоўта-чырвонай зямлі — не прайсці. Давялося даваць кругаля: ісці назад, на другі бок вуліцы, зноў наперад і зноў пераходзіць вуліцу...

«Ну і дзівакі. Толькі летась залівалі асфальт, а цяпер усё ўспаролі, трубы нейкія пракладваюць. Быццам няможна было зрабіць гэта тым разам»,— падумаў Васіль, і думка гэта засела ў галаве, як зачапілася за нешта, і ніяк яе нельга было адчапіць, хоць Васіль і стараўся забыцца пра яе. Цяпер у яго былі ўжо другія клопаты.