Назад [Марсель Эме] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

браць з iх прыклад. Калi я думаю пра Рэвэйо-Пiшона з харчовай прамысловасцi i шампанскiх вiнаў... Яго сын нядаўна выдаў кнiгу паэм, i ў iх услаўляюцца рабочыя. Пра гэтую кнiгу пiсалi самыя перадавыя газеты! Вось дзе шчасце i гонар бацьку! Пачакай, мой хлопчык, падумай, апамятайся! Гэта ж так лёгка размахваць сваiм сэрцам i выказваць вялiкiя пачуццi! I, павер мне, гэта дробязь, якая нiчога не каштуе, затое ты заўсёды будзеш у выйгрышы! Заўсёды! Урэшце, чаго я ў цябе прашу? Быць за народ, як i астатнiя. Быць рэвалюцыянерам, як i ўсе мы.

- Пра тое, што я напiсаў, я падумаў. I так буду думаць заўсёды.

- Ага! Вось ты як! З гэтай хвiлiны на кiшэнныя выдаткi будзеш мець пяцьдзесят тысяч франкаў. I так будзе, пакуль ты не зменiш сваiх поглядаў. Паўтараю: пяцьдзесят тысяч.

Пяцьдзесят тысяч франкаў - гэта была сума, якую i астатнiя мiльярдэры (яны дамовiлiся папярэдне) вызначылi сваiм сынам.

З Мартэнам было крыху iначай. Яго бацька прачытаў вячэрнюю газету, спартыўны штотыднёвiк, а на часопiс "Назад" нават не глянуў. Таму i ўцямiць не мог, чаму гэта раптам ад шэфа пасыпалiся на яго папрокi i непрыемнасцi. Хвалюючыся за сваё маральнае аблiчча i ўвогуле за становiшча, ён пачаў капацца ў сваiм сумленнi. Аднак не знаходзiў нiчога такога нi ў сваёй працы, нi ў выяўленнi палiтычных сiмпатый, што магло б так угнявiць кiраўнiцтва. А калегi ўхiлялiся з iм гаварыць, а пры шэфу нават злосцi не хавалi. I ўсё ж адзiн з самых старых сяброў растлумачыў яму, чаму так раптам змянiлiся да яго адносiны ў прэфектуры. Бацькаў гнеў быў страшны. Вось што ён сказаў свайму сыну:

- Ах ты, нягоднiк! Вось як ты плацiш бацьку! Усё жыццё я ўсiм ахвяраваў, каб ты выбiўся ў людзi, каб ажанiўся з багатаю нявестаю. А ты! Вось як ты мне аддзячыў! Арганiзаваў анархiсцкi часопiс! I папiсваеш гэтыя брудныя артыкульчыкi! Я - той, каго кiраўнiцтва заўсёды ставiла ў прыклад, сёння стаў бацькам адступнiка, паганца, пiсакi-прайдзiсвета, якi з гразёю мяшае рэвалюцыю! О, падонак! Вон з маёй хаты - я праклiнаю цябе!

Тут пытанне пра кiшэнныя выдаткi не ставiлася, як, дарэчы, не ставiлася яно нiколi i раней. Беспрытульны Мартэн на жыццё меў пяцьсот франкаў, што засталiся ад сцiплай зарплаты галоўнага рэдактара часопiса. Урэшце, грошы мала яго турбавалi. Было ў гэтым маладым чалавеку штосьцi ад Мефiстофеля. Ён лёгка зжываўся з беднасцю i меў у гэтым свеце толькi самыя неўтаймоўныя жаданнi, народжаныя злосцю. Злосцю таго, хто думае iнакш, гэта значыць "вельмi правiльна". Ён ужо памалу забываўся на бацькаў праклён, якi ўспрыняў, вiдаць, занадта лёгка, выйшаў з дому i пакiраваўся ў рэдакцыю свайго часопiса, дзе вырашыў пакуль што пажыць. Рэдакцыя складалася з аднаго пакойчыка, вестыбюля i туалета. Мартэн паслаў на падлозе часопiсы, лёг i хутка заснуў. Назаўтра ранiцай у 10 гадзiн прыйшла сакратарка. Да гэтага часу Мартэн ужо адстукаў на машынцы сем старонак. Ён забыўся праветрыць пакойчык, i дзяўчына, скрывiўшы носiк, незадаволена сказала:

- Ну i паветра тут.

Сыны мiльярдэраў вельмi любiлi гэтую пухленькую бялявую маладую сакратарку. Яе звалi Жынэта. Яна час ад часу сустракалася то з адным, то з другiм сынком. Была з iмi такая далiкатная i тактоўная, што ёй адказвалi ўзаемнасцю i рабiлi невялiкiя падарункi. Мартэн не падараваў ёй нiчога. Праўда, з iм Жынэта нiякiх iнтымных спраў не вяла, бо лiчыла, што ў яго менш таленту, чым у iншых.

Пяцёрка з'явiлася ў рэдакцыi апоўднi. Выгляд ва ўсiх прыгнечаны, слова не выцягнеш. Што ж, цяпер, калi ў кожнага было толькi па пяцьдзесят тысяч, сынкi безнадзейна глядзелi на будучыню часопiса i не спадзявалiся нават на выданне другога нумара. Мартэн прабраў сынкоў, падбадзёрыў, даводзячы зноў i зноў, што яны - лiдэры антыканфармiзму i свабоды.

- За працу! - адрэзаў ён. - За працу ў iмя багатых i вялiкага капiталу!

Сынкi як быццам зноў акрыялi i, успомнiўшы свой колiшнi энтузiязм, паабяцалi неадкладна ўзяцца за работу.

Мартэн вярнуўся да свайго вялiкага артыкула з назвай "Багацейце!", якому, на шчасце, не было суджана з'явiцца ў друку. Гэта быў ёмiсты памфлет. Яго аўтар намагаўся (дарэчы, марна) высмеяць высакародныя паводзiны нашай буржуазнай элiты, яе ласку да працоўных i набожнае шанаванне рэвалюцыi. Мартэн цвёрда наважыў перарабляць артыкул столькi, колькi спатрэбiцца, абы дасягнуць iдэальнай формы. Артыкул рос як на дражджах. Цэлы стол быў завалены паперамi. Жынэта не паспявала за iм друкаваць. Почырк у Мартэна быў дрэнны, i ёй часта даводзiлася кiдаць машынку i iсцi да яго ўдакладняць напiсанне некаторых слоў. Мартэн злаваў, што яму перашкаджаюць думаць, але на пытаннi сакратаркi адказваў i кожны раз абзываў яе то непiсьменнай, то адсталай. У адказ на Мартэна сыпалася: "Пачвара ты! Выскачка!" Часам спрэчка ледзь не даходзiла да кулакоў. Аднойчы ранiцай пасля такога "дыялогу" Жынэта такi ўляпiла аплявуху Мартэну. Той устаў, каб адпаведным чынам адказаць ёй. I ў гэты момант сонечны прамень асвяцiў iх. З нiжняга паверха данеслася джазавая музыка, i, самi таго не чакаючы, яны расталi ў абдымках.

У той самы дзень пасля абеду з'явiлася пяцёрка. Мартэн, расчырванелы ад доўгiх пацалункаў, прыняў сваiх