Адступнiк, або Затлумлёны дух [Альбер Камю] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

нечакана, паставiлiся да яго спагадна, i гэта была ўдача, а я, з той пары, я мроiў яго расказам, я марыў пра гэта спякотнае неба i пякучую соль, я хацеў убачыць гэты дом фетыша i яго рабоў; што можна было знайсцi болей варварскага, што магло яшчэ больш спакушаць? Але! Вось у чым была мая мiсiя, вось да каго я мусiў пайсцi, каб паказаць свайго бога.

Яны ўгаворвалi мяне ў семiнарыi, яны хацелi мяне адахвоцiць ад гэтай думкi - трэба пачакаць, гэта не тая краiна, куды трэба iсцi з мiсiяй, я яшчэ не выспеў для гэтага, мне трэба прайсцi адмысловую падрыхтоўку, зведаць, хто я ёсць сам, i апроч таго - мяне трэба спачатку выпрабаваць, ужо потым яны пабачаць. Але галоўнае, пакуль што - чакаць! О не! Калi iм так ужо рупiла, я быў гатовы прайсцi адмысловую падрыхтоўку i iспыты, бо яны адбывалiся ў Алжыры i адно наблiжалi мяне да месца, але што да астатняга, я ўпарта круцiў сваёй тупой галавой i паўтараў заўсёды адно - пайсцi да сама бязлiтасных дзiкуноў, жыць iх жыццём, i там, у iх, у самым доме iх фетыша, паказаць iм на сваiм прыкладзе, што праўда майго бога - наймагутнейшая. Вядома, яны будуць мяне зневажаць, але знявагi мяне не палохалi, яны былi неабходныя, каб паказаць iм, дзе праўда, i тым, як я iх знясу, я падпарадкую гэтых дзiкуноў, я скару iх, як магутнае сонца. Магутнасць - вось было тое слова, што я безупынна круцiў на сваiм языку, я марыў пра абсалютную ўладу, тую ўладу, што прымушае ўкленчыць, упасцi на зямлю, якая загадвае сапернiку здацца i нарэшце прыняць тваю веру, i чым болей сапернiк сляпы, бязлiтасны, упэўнены ў сабе i непахiсны ў сваiм перакананнi, тым болей яго прызнанне сведчыць пра магутнасць таго, хто змусiў яго скарыцца. Перавярнуць у сваю веру слаўных, але крыху заблудных людзей вось што было мiзэрненькiм iдэалам нашых свяшчэннiкаў, i я пагарджаў iмi - за тое, што ў iх ёсць такая ўлада, i яны адважваюцца на такiя драбнiцы, у iх не было веры, а ў мяне - была, я хацеў быць прызнаны, нават самiмi катамi, я хацеў кiнуць iх на каленi, прымусiць закрычаць: "Божа, вось твая перамога", я хацеў адным сваiм словам панаваць над цэлым войскам драпежных злыдняў. О, я быў упэўнены, што, думаючы так, маю рацыю, я нiколi нi ў чым не быў так упэўнены, але калi ў мяне ёсць думка, калi я маю iдэю, я не выпускаю яе, i гэта мая сiла, але, мая сiла, за якую яны ўсе мяне шкадавалi!

Сонца паднялося вышэй i пачынае пячы мне лоб. Каменне вакол глуха патрэсквае, адно руля ў стрэльбы па-ранейшаму свежая - свежая, як трава на лугах, як некалi вячэрнi дождж, калi цiха варыўся суп, i яны чакалi мяне, мае бацька i мацi, яны часам усмiхалiся мне, i я iх любiў, напэўна. Але з гэтым кончана, спякотнае мроiва падымаецца над сцяжынай, хадзi ж, мiсiянер, хадзi, я чакаю цябе, я ведаю, чым адказаць на тваё пасланне, мае новыя настаўнiкi навучылi мяне, i я знаю, яны маюць рацыю, трэба звесцi рахункi з любоўю. Калi я ўцёк з семiнарыi, у Алжыры, я ўяўляў iх iначай, гэтых варвараў, адно толькi было праўдаю ў маiх марах, яны злыя. Я ўкраў грошы ў манастырскага скарбнiка, скiнуў расу, перасек Атлас, высокiя пляскатыя ўзгор'i i пустэльню, шафёр транссахарскага аўтобуса смяяўся з мяне: "Не хадзi туды", - ён таксама, ды што на ўсiх iх найшло, а потым былi пясчаныя хвалi, сотнi кiламетраў, уздыбленыя, яны насоўвалiся i адступалi пад подыхам ветру, i потым - зноў гара, уся ў чорных спiчастых пiках з завостраным, нiбыта сталёвым грэбенем, а далей спатрэбiўся павадыр, трэба было прабiцца скрозь гэты бясконцы акiян з бурага камення, якi выў ад спёкi, апаляў тысячамi вогненных люстраных асколкаў, трэба было выйсцi да гэтага месца, гэтай мяжы памiж землямi чорных i белай краiнай, дзе высiцца салявы горад. А грошы, тыя грошы ў мяне ўкраў павадыр, наiўны, як заўсёды наiўны, я яму iх тады паказаў, i ён збiў мяне i пакiнуў на гэтай сцяжыне, вось тут, якраз непадалёк ад гэтага месца: "Псюк, вось тая дарога, у мяне ўсё-такi ёсць нейкi гонар, iдзi ж, iдзi туды, яны навучаць цябе", - i яны мяне навучылi, о, праўда, яны, як гэтае сонца, што палiць бясконца i не згасае нiколi, хiба што ўначы, яно палiць заўсёды, люта i пыхлiва, яго пякучыя дзiды ляцяць адусюль, вылятаюць раптам з зямлi, о, схавацца, схавацца, хутчэй схавацца, пад гэтай высокай скалой, пакуль яшчэ ўсё не паплыло ў спякотным мроiве.

Тут хораша, засень. Як можна жыць у гэтым салявым горадзе, на дне гэтай лагчыны, поўнай белага сквару? На ўсiх яго роўных сценах, груба высечаных i абчасаных вострым кайлом, кожная выбоiнка, пакiнутая ўдарамi кiркi, тапырыцца сляпучай луской, густы бялявы пясок забiваецца ў iх бляклаю жоўтаю фарбай, але варта дзьмухнуць добраму ветру, як ён вымятае роўныя сцены i пляскатыя дахi, i ўсё зноў запаляецца вогненнай белатой, пад задушлiвым небам, таксама надраеным аж да блакiтнай сваёй шкарлупiны. Я слепнуў такiмi днямi, калi нерухомае вогнiшча нястомна шугала i трашчала над белымi дахамi, якiя, здавалася, лезлi адзiн на адзiн, злiтоўвалiся, нiбыта ў той дзень, калi, ужо вельмi даўно, яны ўсёй талакой накiнулiся на салявую гару, спачатку зраўнялi яе, а потым, у суцэльным каменнi, прарэзалi вулiцы, нутро дамоў i вокны цi нiбыта - але, так будзе нават слушней, - нiбыта яны выразалi сваё белае пякучае пекла струменем