Бацькава падарожжа [Бернар Клавель] (fb2) читать постранично, страница - 46


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

няўпэўненым голасам, - праўда, наша Марыя-Луiза прыедзе сёлетнiм летам?..

- А як жа, прыедзе, на вакацыi, як i мiнулым летам.

- А мы пакiнем яселькi, каб яна змагла ўбачыць iх?

Кантэн кiвае галавою ў знак згоды. Пагляд у малой загараецца, але адразу хмурнее ад нейкай новай думкi. Пасля доўгiх ваганняў яна цiха пытаецца ў бацькi:

- А праўда, што настаўнiк больш да нас не прыйдзе?

Кантэн добра ведае, што хлопец больш не прыйдзе сюды нiколi. Ад гэтай думкi яму становiцца адначасова i цяжка, i лёгка. У вачах у Дэнiзы ён бачыць вялiкую надзею i не можа адным словам разбiць яе. Ён ведае, што час загоiць любую рану, таму весела адказвае:

- Вядома, ён да нас прыйдзе! Толькi гэта будзе праз некалькi дзён, а можа, i тыдняў.

Вочы ў дзяўчынкi заблiшчалi. На твары з'явiлася шчырая ўсмешка, ад якой Кантэну спачатку зрабiлася цёпла, а праз хвiлiну - кепска. Але ён падышоў да дачкi, стаў гладзiць яе прамыя валасы, потым лёгенька папхнуў да стала:

- Дэнiза, дачушка, ты яшчэ не прыбрала свайго кубка. Спяшайся, i выцеры стол, пакуль мацi не вярнулася з хлява.

Дэнiза ўзяла кубак i аднесла яго да каменнай мыйкi. Вярнулася з анучай i спыталася:

- Тата, раскажы мне яшчэ, што вы рабiлi ўчора з Марыяй-Луiзай?

Кантэн павярнуўся да акна. Шыба, якую ён нядаўна працiраў, зноў запацела. Ён працёр яе яшчэ раз.

Дзень перастаў наступаць. Ён спынiўся, быццам скаваны марозам. Толькi паўночны вецер не супыняўся. Час ад часу ён прыносiў адзiнокiя сняжынкi, якiя ашалела кружылiся ў паветры. Адкуль яны сарвалiся, з зямлi цi з неба? Яны праляталi за акном, нерашуча пырхаючы, быццам аслепленыя матылькi, а потым адляталi некуды далей, у бок вёскi.

Кантэн сеў на сваё крэсла ля плiты. Паварушыў вуголле, агонь успыхнуў. На каленi скокнула котка. Дэнiза выцерла палову стала i замерла з крошкамi ў левай руцэ, якую прыцiскала да грудзей з настаўленай далоняй, быццам збiралася жабраваць.

- Тата, - прашаптала яна яшчэ раз, - раскажы мне пра Марыю-Луiзу.

Кантэн неадрыўна глядзiць на полымя. Ён вагаецца, бо думае, з чаго пачаць. Яму цяжка гэта зрабiць, але ён ведае, што пасля будзе лягчэй.

Кантэн робiць дачцэ знак, каб яна хутчэй канчала свой занятак, i адразу пачынае расказваць.

Ён расказвае, а сам сочыць, як павольна i старанна ссоўвае дзяўчынка крошкi па цыраце i абводзiць анучай кожны намаляваны на ёй букет кветак.

Урэшце яна канчае выцiраць, кладзе анучу на месца, ссыпае крошкi ў гаршчок i iдзе да буфета. Кантэн ведае, што яна спынiцца перад партрэтам Марыi-Луiзы, якога ён пазбягаў увесь гэты ранак, аднак заўсёды яго погляд натыкаўся на ўсмешку i крыху сумныя вочы старэйшай дачкi.

Шэль, 17 чэрвеня 1965 года