Гісторыя пра адсечаную руку [Вільгельм Гауф] (fb2) читать постранично, страница - 6


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

набыў на маё імя дом у грэцкім квартале і сказаў суседзям, што і сам я прыеду неўзабаве. Не марудзячы, я пайшоў туды разам з сябрам і быў радасна сустрэты ўсімі маімі знаёмымі. Адзін стары купец перадаў мне ліст, які пакінуў тут той, хто купіў для мяне дом.

Я прачытаў: “Цалёўкас! Дзве рукі будуць нястомна клапаціцца, каб ты не заўважаў страты адной. Дом, у якім ты знаходзішся, а таксама ўсё, што ёсць у доме, належыць табе. Акрамя таго, штогод ты будзеш атрымліваць суму, дастатковую, каб належаць да самых багатых людзей твайго народа. Павер, я больш няшчасны, чым ты”. Я мог здагадацца, хто напісаў гэты ліст, ды і стары купец на маё пытанне адказаў: “Гэта быў мужчына, здаецца, франк, ён насіў чырвоны плашч”.

Усё сведчыла пра тое, што незнаёмец не зусім быў пазбаўлены высакароднага ладу думак. У маім новым доме ўсё было ўладкавана найлепшым чынам, а тавары ў лаўцы былі нават лепшымі за страчаныя.

З таго часу мінула ўжо дзесяць гадоў. Больш па старой звычцы, чым з неабходнасці, выпраўляюся я ў гандлёвыя падарожжы, аднак ніколі больш не наведваў краіну, дзе стаў такім няшчасным. Штогод я атрымліваю тысячу залатых, і хоць гэта, прызнаюся, цешыць мяне, няшчасны незнаёмец павінен ведаць, што ягоныя грошы не могуць выкупіць смутак маёй душы, бо назаўжды будзе жыць у ёй жудасны вобраз забітай Б’янкі.

Цалёўкас, грэцкі купец, скончыў сваё апавяданне. Усе слухалі яго з вялікім спачуваннем, асабліва ж узрушаным выглядаў іншаземец, і Мулею нават здалося, што ён выціраў слёзы. Доўга разважалі яны пра гэтую гісторыю.

“Вы, напэўна, ненавідзіце гэтага незнаёмца, праз якога страцілі найвысакароднейшую частку цела ды яшчэ ледзь не развіталіся з жыццём?” – спытаўся іншаземец.

“Раней і праўда былі часы, калі маё сэрца вінаваціла яго перад Госпадам за тое, што ён распаліў ува мне гэты смутак і атруціў усё маё жыццё, ды я знайшоў суцяшэнне ў веры маіх дзядоў, а яна вучыць нас любіць ворагаў нашых. Да таго ж гэты чалавек сапраўды больш няшчасны, чым я”.