Цыганскі кароль [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 22


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

нават прозвішча сваё змяніў, узяўшы "прыдомкам" да яго прозвішча прыгоннай жонкі. Так прайшлі на зямлі беларускай Свеціловічы-Яноўскія.

Праўда, дзеці яго зноў прыдбалі невялікі маёнтак, адзін з маёнткаў дзядоў, але прыгонных у іх ніколі не было. Рошчына бацькі-вальтэр'янца дала свае плады.

Што ж датычыцца слаўнага медыкуса караля Якуба, то звесткі аб ім, няпэўныя і нешматлікія, кажуць вось што.

У славутым Канвенце адным з дэпутатаў, выбраных за заслугі перад рэвалюцыяй, быў чужак, грамадзянін з невядомай краіны, што звалася па-латыні Alba Russia. Некаторыя сцвярджалі, што па прафесіі ён лекар, як Марат. Ён гэта быў ці не ён - невядома. Але ён адным з першых падаў голас за смерць караля, быў некаторы час урадавым камісарам адной з армій на Рэйне і ў Вандэі.

У страшны дзень, калі Рабесп'ер раздрабіў сабе сківіцу стрэлам з пулгака, гэты чалавек - адзін з нямногіх - да канца абараняў яго і склаў галаву на славутай машыне доктара Гільятэна, якая, як прадажная дзеўка, служыла спачатку рэвалюцыі, а пасля яе ворагам.

Калі гэта быў наш добры знаёмы - шкада. Ён так і не мог вярнуцца на сваю радзіму з воляй на сцягах. Але суцешымся тым, што ён зрабіў усё, што магчыма, што жыццё ягонае было адзіным акордам, у якім не было фальшывых нот. 

1958 г.

Примечания

1

Сенецкае.

(обратно)

2

Чарвяк.

(обратно)

3

Дакуль будзеш ты, Знамяроўскі, злоўжываць цярпеннем нашым. 

(обратно)

4

 Жорсткі закон!.. Заўсёды... рэдка... беднасць...

(обратно)