Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ланцугамі да стала (каб пазбегнуць спакусы). Сава. Спіць чорны кот. Картатэка. На шырокім, як поле, пісьмовым стале тэлефон, па якому зараз размаўляе гаспадар кабінета:

— Падстанцыя. Алё… Бяда з гэтымі тэлефонамі… Так, Люцыпар… Так, дэлегацыю майго марсіянскага калегі стрэну сам… Што новага?.. Так… Што-о??? Рагач з двухсотай секцыі? Чэрці б вас узялі! Што здарылася?

…У двухсотай секцыі ідзе здача дзяжурства. Скрогат Зубоўны, дзябёлы немалады д'ябал з несімпатычным абліччам, вядзе ўздоўж рада катлоў Рагача. Рагач яшчэ малады і для радавога чорта даволі самавіты і гожы.

— Бяры ключы, — кажа Скрогат. — Гэтая секцыя — твая. Тут сто грэшнікаў, усё больш драбяза. Самы буйны абрабаваў сіроцкі прыют.

Падводзіць Рагача да стала.

— Тут можаш сядзець, чытаць апавяданні Чапека і выбраныя папскія булы… Тут манометр. Сачы, каб не падаў ціск у катлах… Можаш па гэтаму шчыту прыбаўляць яго…

— А нашто?

— Пытанні будзеш задаваць у вячэрняй школе. І асабліва сачы за двума першымі катламі. Вось у гэтым сядзіць хлопец, які забіў гаспадара. Пад канец дзяжурства давядзі ціск пад ягоным катлом да трохсот атмасфер.

Скрогат пазяхнуў:

— А вось у гэтым сядзіць вялікі інквізітар Іспаніі, спаліў дзесяць тысяч чалавек. Гэтаму можаш зрабіць палёгку. Слаўны, адукаваны чалавек. Вельмі любіць катоў і дзяцей. І манахінь. За гэта і трапіў сюды.

Скрогат пайшоў. Рагач сеў з кнігай пад манометрам. Цішыня. Чуваць толькі бульканне вады ў катлах.

— Ну і што ж? — чуе ён голас з першага катла. — Што мне агонь?

Зацікаўлены Рагач падыходзіць да катла.

— Гэта ты забіў пана?

— Я. За нявесту.

— Балюча табе?

— Ёй было больш балюча, маёй дзяўчынцы… І радзіме маёй таксама… Ты думаеш, я шкадую аб гэтым кінжальным удары? Я ўдарыў, і абаім троху лягчэй. Я іх люблю.

— Што значыць любіць?

— Шкадаваць больш, чым сябе.

У катле гожае маладое аблічча з перакрыўленымі вуснамі.

— Дрэнна табе?

— Вельмі. Усё гарыць. Але з-за гэтага клекатання я не чую, што ў мяне на радзіме. Ці меней там слёз і стогнаў? Ці часцей гучыць смех?

— А табе што да гэтага?

— Я люблю іх.

Паўза.

— Паслухай, збаў на хвіліну агонь. Можа, я пачую. Я ніколі нікога не прасіў, але ў цябе мільгае часам дабро ў глыбіні вачэй.

— Што такое дабро?

— Гэта калі пакутуеш за ўсіх. Калі ласка. Толькі хвіліну. А потым няхай яшчэ мацней.

Рагач ідзе да шчыта і, падумаўшы, збаўляе ціск.

Прагна слухае чалавек.

— Плачуць, — кажа ён. — Але ў маёй весі трохі менш. А Надзея не плача. Бог злітаваўся, узяў у яе розум. Дзякуй Богу.

Ён апусціў веі.

— А цяпер прыбаў акню, добры д'ябал. Усё скончана. Мне лёгка.

Зараўло полымя ў топцы. Папаўзла ўгору стрэлка манометра.

Але ўжо з ляскам адчыніліся дзверцы. На парозе Скрогат і два вартаўнікі.

— Добранькія чыняцца справы, — кажа Скрогат. — Пекла такі дакоціца да ручкі, калі ўсе зоймуцца дабрачыннасцю. Нашы бедныя мамы перавароцяцца ў труне… Нашто ты збаўляў ціск?

— Мне было цікава, — наіўна кажа Рагач, — я думаў, ён не пачуе.

— Ты што ж, не ведаў, што ў мяне ёсць кантрольны манометр? Ты думаў за тое, куды падзенецца выхаваўчы эфект нашай установы, калі ўсе будуць сеяць цвёрдасць у душах, якія мы павінны выхоўваць.

І грэбліва паглядзеўшы на Рагача, кінуў вартаўнікам:

— Узяць яго.

__________

— Так, — крычыць у тэлефон Сатана, — так… судзіць. Гэтага патрабуе грамадскае сумленне. Езус-Марыя, даскакаліся… Алё, падстанцыя… Што, дэлегацыя прыбыла?.. Зараз сустрэну іх.

__________

Падзямеллямі пекла рушыць марсіянская дэлегацыя. Узначальвае яе д'ябал з наіўна-сентыментальнымі вачыма. У мове выразна адчуваецца швабскі акцэнт. Вядзе дэлегацыю Сатана. Зараз у яго бессаромныя манеры прафесіянальнага гіда.

— У вас на Марсе ёсць жанчыны? — пытае ён.

— Не, мы, марсіяне, размнажаемся пачкаваннем.

— Шкада, — са скрухай уздыхае Сатана. — Вы пазбаўленыя самай моцнай зброі. Гэта вы, на маю думку, прыдумалі дрэнна.

__________

…З клубоў пары выступаюць контуры волатаў-машын. Сатана паказвае на іх:

— Сістэмы катлоў у нас розныя. У гэтай частцы нашай сістэмы размешчаны толькі атамныя катлы. Як бачыце, мы перагналі зямное пекла на 400 год… У секцыях другога плана ў нас стаяць катлы высокага ціску сістэмы Рамзіна. Вельмі рацыянальныя і эфектыўныя… І, аднак, калі б мы цалкам аўтаматызавалі паток апрацоўкі грэшнікаў, - у нас узнікла б пагроза беспрацоўя, а з ёю і небяспека шкодных сацыяльных поглядаў. Таму, поруч з аўтаматыкай у нас існуюць і старыя добрыя катлы з дрывяным ацяпленнем…

…Яны ідуць далей, і вой грэшных длуш праваджае іх.

— А тут цікавы экземпляр. Дыктатар ХХІ стагоддзя. З меркаванняў дзяржнеабходнасці знішчыў тры мільёны суграмадзян.

У катле стаіць па калены чалавек гнюснага аблічча.

— Чаму вар толькі да каленяў? — здзівіўся марсіянін.

— Што вы. Таго вы не ўбачыце. Гэты тып стаіць у яго на плячах. Ён