Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 89


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

в’етнамскай вайне. Вярнуўшыся ў Мінск, прафесійна заняўся журналістыкай. Валодзя паступіў у Літаратурны інстытут у Маскве — і нечакана, як і ў пачатку 60-х, зноў аб’явіўся ў пачатку 70-х. Яму было ўжо не пятнаццаць, а дваццаць пяць — і ён патэлефанаваў мне, шукаючы працу. Я працаваў тады ў рэдакцыі газеты “Знамя юности» разам з Валерыем Холадам, у якога былі добрыя адносіны з галоўным рэдактарам, і па нашых рэкамендацыях Някляеў быў прыняты ў штат рэдакцыі. Праз шмат гадоў ужо па рэкамендацыі Уладзіміра Някляева, знакамітага паэта, я буду прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, ён напіша прадмову да маёй кнігі… Але гэтая мая, якую вы чытаеце, прадмова (ці пасляслоўе, не ведаю, як яно выйдзе) — не аддзяка за колішнюю прадмову Някляева, зусім не. Гэта ўдзячнасць за наша юначае, якое паклалася праз лёс, сяброўства — і ўдзячнасць не ад аднаго мяне. Ад усіх нас, бо колькі разоў не толькі я, але і Біг, і Гарык збіраліся напісаць такую кнігу! А напісаў, не дачакаўшыся, калі яе напішам мы, Някляеў. За мяне напісаў, за Біга, за Гарыка — за ўсіх. Нават за Асю і за яе бацьку Саламона Майсеевіча, якіх да гэтай кнігі не было, а цяпер яны ёсць — і ўжо назаўсёды, як рэальныя людзі, застануцца разам з намі. Такі гэта цуд — сапраўдная літаратура.

І нарэшце вось пра што — дзе і калі яшчэ давядзецца пра гэта сказаць…

Шмат хто — і асабіста, і публічна — папракае Уладзіміра Някляева ў тым, што ён пайшоў у палітыку. Маўляў, гэта не для паэта. Прызнаюся, я таксама думаў: колькі ён страціць часу, колькі не напіша вершаў, паэм, якіх за яго не напіша ніхто! Я ні ў чым не знаходзіў прычыны, па якой дзеля палітыкі можна было б ахвяраваць паэзіяй. Грошы? Ён заўсёды глядзеў на іх абы як. Амбіцыі? Ён цалкам задавальняў іх у творчасці. Улада? Ён ніколі яе не прагнуў. Тады што?.. Паўстагоддзя ведаючы Някляева, я разумеў, што прычына павінна быць — і ўрэшце знайшоў яе ў ягоным Мінскім рамане і ў тым, што за ім.

Мяркуючы па даце напісання, пачаты раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” да турмы, у якую аўтара, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі кінулі ў снежні 2010-га, а скончаны пасля турмы. Пасля таго, як яго ледзь не забілі… І дзе яго ледзь не забілі? На ягонай любімай Нямізе! І калі па тэлеканале “Еўраньюс” я ўбачыў Някляева, скрываўленага, на снезе, дык першае, што ўспомніў: на гэтым самым месцы, тут, дзе ў Нямігу ўпадае вуліца Калектарная, калісьці нас, стылягаў, білі брыгадмілы! Брыгада садзейнічання міліцыі. За што? Ды ні за што! За тое, што мы не так, як яны, апраналіся, не пра тое і не так, як яны, размаўлялі, не так думалі. Нас білі за тое, што мы не такія, як усе…

“Наш (XX) век и политически, и социально, и культурно (даже в вопросах науки) был наглядным и почти непрерывным историческим доказательством безусловной вредности всяких претензий на всеобщность и всеобязательность каких бы то ни было убеждений, идей, верований и мнений”, — пісаў Кім Хадзееў у сваім філасофскім трактаце “Мы цяжарныя цывілізацыяй будучыні…” Пазбаўляе нас ад прэтэнзій на ўсеагульнасць і ўсеабавязковасць толькі грамадства, якое арганізаванае як “договорное содружество с вольным выбором каждой личности и каждой группы. Личность и Человечество — две равнозначные и равноправные силы, а вся социальная организация общества — лишь инструмент их взаимодействия и гармонизации”.

Вось з чаго выйшаў Някляеў.

Прамінула амаль паўвека, брыгадмілаў змянілі амапаўцы, спецназаўцы. За што яны напалі на кандыдата ў прэзідэнты Някляева і ягоных паплечнікаў? Ды па сутнасці за тое самае, за што некалі на нас напалі брыгадмілы!

Змянілася Няміга — не змянілася нічога наўкол яе. Такое не можа доўжыцца бясконца… Гэта і ёсць тая, бадай, адзіная прычына, па якой дзеля палітыкі можна ахвяраваць паэзіяй. Някляеў пайшоў на гэта — і тут жа, прабачаючыся, стаў перад паэзіяй на калені, напісаўшы ў турме, дзе займеў волю ад волі, ад выбару, такую паэму, якая нават для яго, паэта неверагоднай энергетыкі, неверагодная.

Ён неверагодны чалавек — мой даўні сябар Уладзімір Някляеў. Як у жыцці, гэтак і ў літаратуры, у рэальных дзеях і ў фантазіях. А яны, рэальнасць і фантазіі, амаль адно і тое, што я магу засведчыць, пражыўшы не малое жыццё, у якім іншым разам перападала шклянка газіроўкі з сіропам, але часцей — без.