Белы Бім Чорнае вуха [Гаўрыіл Траяпольскі] (fb2) читать постранично, страница - 67


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамі раскрыўшыхся пупышак. Інакш чаму ж варухнуліся галінкі і ўслед за гэтым засвісталі сініцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клічучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзін з першых, як і слонка, падае сігнал да ўрачыстае вясновае сімфоніі, але толькі слонка кліча ціха, у прыцемках, асцярожна, кліча зверху: «Хор-хор! Хор-хор!» — гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным інструменце радасці: «Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!»

Таму і ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся і прыйшоў час здзяйснення надзеі. І птушкі адгукнуліся яму, магутнаму велікану і выратавальніку. Іван Іванавіч чуў гэта выразна. Ён жа і прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.

І ён быў бы шчаслівы, як і кожны год, у такія часіны, калі б на краю палянкі не адрозніваўся пятняк, абазначаны толькі свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мінулагоднім лісцем. Сумна глядзець на такі пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасці ў прыродзе.

Але затое знізу ўгору добрымі, наіўнымі, ласкавымі і невіноўнымі вачаняткамі глядзеў на Івана Іванавіча новы маленькі Бім. Ён паспеў пакарыць ужо Толіка, ён так і пачаў жыць з дабраты, маленькі Бімка.

«Які ж будзе ў яго лёс? — падумаў Іван Іванавіч. — Не трэба, не, не трэба, каб у новага Біма, які пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба».

Іван Іванавіч устаў, выпрастаўся і амаль што ўскрыкнуў:

— Не трэба!

Лес кароткім рэхам паўтарыў некалькі разоў: «Не трэба… не трэба… не трэба…» І заціх.

А была вясна. І кропелькі неба на зямлі. І было ціха-ціха.

Так ціха, быццам і няма нідзе ніякае бяды.

Але ўсё-такі ў лесе нехта… стрэліў! Тройчы стрэліў!

Хто? Нашто? У каго?

Магчыма, нядобры чалавек параніў таго прыгажуна дзятла і двума набоямі дабіваў яго… А магчыма, нехта з паляўнічых закапаў сабаку, і было яму тры гады…

«Не, не спакойна ў гэтым блакітным палацы з калонамі з жывых дубоў», — так падумаў Іван Іванавіч, стоячы з непакрытаю белаю галавою і гледзячы ў неба. І гэта было падобна да вясновае малітвы.

Лес маўчаў.