Нарач [Максім Танк] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гармонь
Моладзь, помню, прыйшла на забаву.
Мы — мужчыны, ў кутку
Гаварылі пра тонь,
Гаварылі пра розныя справы.
Потым з гміны прыйшоў,
Уваліўся наш солтыс Цяцера
I паперы прынёс.
З дзесятак галоў
Схілілася ўміг над паперай.
Бачым: на рыбакоў
Брэшуць. Солтыса думалі ўдарыць.
Толькі ў час, гад, уцёк.
Следам шум галасоў
Нашых разбушаваўся, як Нарач.
Аж хісталася столь, —
Гул узняўся у хаце батрацкай:
— Хай спрабуюць узяць!
— Знойдзем пешню ці кол
На паноў сярод снасцяў рыбацкіх!..
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Ды пара мне ўжо спаць.
Старасць, бачыш, і сілу падважыць.
Ахочаш паслухаць далей, —
Табе расказаць —
Тацяна не горай раскажа…
Тацяна

А сам адкуль?
Незнаёмы

Іду здалёку…
Дзе зараблю сабе начлег,
А дзе і так, зайшоўшы ў вёску,
Перачакаю слоту, снег.
Нямала так прайшоў дарог я
I ўдзень, і ўноч пад шэпат зор.
Часамі скутымі рукамі
Абняць хацеў палёў прастор…
Тацяна

Ты вязнем быў?
Ідзеш з астрога?
Дамоў спяшаешся спачыць?
Незнаёмы

Іду знаёмаю дарогай
Дамоў, ды толькі не спачыць:
Іду будзіць мястэчкі, вёскі.
Пара ўжо косы адвастрыць,
Каб да касьбы ўжо недалёкай
Змаглі мы выйсці да зары,
Змаглі на чорных скібах грунту
Нядолі межы зараўняць
I з новай песняй, з песняй бунту
Сваёй свабоды дзень спаткаць.

Частка другая

І


Нямала зор
Апала ў Нарач
Шэрай восенню,
Шмат згасла іх
Начамі цёмнымі, глыбокімі,
Нат вецер іх
Усіх не можа вылавіць
Ні невадам густым,
Ні падвалокамі.
Нямала песняў
Адцвітае шэрай восенню,
Заносяць зімы іх
Завеямі марознымі,
Нямала песняў,
Што рассеялі па свеце мы,
Ўдаль ідучы
Шляхамі чорнымі, астрожнымі.
Але час прыйдзе, —
Яны узыдуць, яны збудзяцца,
Зазвоняць нашымі барознамі,
Разорамі,
I зашумяць яны
Прасторамі бязмежнымі,
I засінеюць яны хвалямі
Азёрнымі.

2


Думы шэрыя Тацяніны нявесела
На бярозах прыдарожных ноч развесіла.
«У людзей палосы роўныя, шырокія,
I ляны растуць густыя і высокія.
Ткуць дзяўчаты з іх палотны і настольнікі,
Вышываючы у краскі, ў ясны зоранькі.
А ў мяне ж, батрачкі, зрэб'е ды анучанькі
I ад працы ад мазольнай баляць ручанькі.
Толькі, кажуць людзі, бровы маю чорныя,
Бровы чорныя і сэрца непакорнае,
Сэрца, што ніяк забыць не можа многага:
Ноч і провады ў дарогу незнаёмага.
Дзе ён з думамі сваімі неспакойнымі,
Дзе завеянымі ходзіць ён дарогамі?..»
А за вокнамі кудлатая мяцеліца
Белай пенай, белай хмарай звонка сцелецца.

З


Сымон

Тацяна!
Тацяна

Што?
Сымон

Іванаў бацька
Пытаўся ўчора, як жывецца.
Дні неспакойныя насталі —
Ўсё больш трывог на белым свеце.
Казаў, жаніць задумаў сына.
Казаў, без гаспадыні блага.
Каб добрую знайшоў дзяўчыну,
Узяў бы ў хату без пасагу.
Тацяна

Дзяўчат нямала, свет вялікі…
Сымон

Яно-то праўда.
Толькі хата
У нас згніла і пастарэла,
Ды мы нядужы, небагаты.
Адно што ёсць, вясло ды сетка,
Рызман стары, вузкі палетак.
Нясоладка жыць вечна гэтак…
Пайшла…
I слухаць нат не хоча.
На вёсцы сёння вечарына.
I вецер затрубіў з паўночы
Над возерам бурлівым, сінім…

4


Заіграла скрыпка
Гулкім пералівам,
Як вясна іграе, як пяе жняя,
Як у чыстым полі, каласістай грывай
Да зямлі прыпаўшы, плача сіратліва
Паласа стаптаная