Подых навальніцы [Іван Мележ] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

чырвоны, ён звязваў яе нанова. «Цяпер не парвецца, — прайшла ў Ганнінай галаве думка. — Цяпер у яго не такія супоні. Гаспадар!» Чамусьці згадалася, што чула пра яго i жонку: «Кажуць, не вельмі ён давольны Маняю сваёй…» Згадалася без спачування, як бы трохі з нейкай радасцю…

Узрушаная намяць напомніла ўміг амаль, здавалася, забытае: як раскладвалі вогнішча, анямелыя ад першай згоды, ад блізкасці; не толькі ў памяці, a i ў сэрцы ажыло, як легка, радасна было глядзець, што ён марудзіць, не наважваецца легчы поблізу. Аж дзіва было, як добра помнілася ўсё, да самых дробных драбніц. Помнілася ўсё; але, загарэўшыся на момант, сэрца зразу ж i патухла: толькі на момант успамін засмуціў душу скрухаю. Праз момант бачыла ўсё нібы не сваё, нібы выдуманае.

«Тры гады… Чацвёрты ўжэ…» — адно адзначыла сама сабе.

За далёкай даллю бачылася Ганне вольная, гарэзная маладосць. Усё радзей i радзей прыгадвала памяць малюнкі-праявы мілай даўнасці. І не было калі асабліва перабіраць згадкі, i не было ахвоты: нашто было вярэдзіць, трывожыць душу попусту. Чаго было чапляцца за тое, што навек адышло, сплыло ў нябыт, — калі трэба было, сваёй воляй гнала прывіды добрай, вольнай пары. Спачатку нялёгка адганяла, а потым — яны i самі не назалялі вельмі, нібы ўжо баяліся падступацца.

«Тры гады… Чацвёрты ўжэ…» Калi Глушаковы калёсы выкаціліся з цёмнай, залітай вадою дарогі на зялёнае разлеглае балота, Ганна раптам няцямна павяла вачыма: вунь тое месца, дзе яны начавалі ў тую ноч. Глянула — i адразу ж адвярнулася, не глядзела больш туды, адно сачыла за дачушкай…

3

Калі Васіль абганяў Глушакоў, у ім з’явілася нешта нецярплівае, дужае i як бы помслівае. Няхай бачаць, няхай усе бачаць, няхай яна глядзіць! — жыло, падганяла яго дужае i помслівае гэта пачуццё. Абагнаўшы, не згінаючыся ўжо беражліва перад галлём, роўна, уздымна седзячы, ён, здавалася, чуў на спіне позіркі ўсіх, хто сядзеў там на возе, i сярод ix асабліва — помсліва i па-юначы радасна — яе позірк. І ўвесь час, калі ўжо Глушакі прапалі за адным, за многімі паваротамі звілістай дарогі, чуў ён ix позіркі i асабліва — яе.

Так, увесь час падганяючы каня, порстка выехаў ён на сонечную шыр лугу, давольна адзначыў, што народу яшчэ не багата, луг яшчэ амаль пусты. «Не апазніўся!» — нібы пахваліў ён сваю гаспадарлівую ўпраўнасць. Калёсы ішлі паўз самы лес, паўз надзелы; за некалькімі абыякавымі наблізіўся, паплыў перад вачыма дзіўна неабыякавы, як бы свой, Чарнушкаў. «І етых няма!» — звыкла падумаў ён, не цешачыся i не шкадуючы; тады, як увайшла гэта думка, вочы яго нецярпліва беглі па Чарнушкавым надзеле, неспакойна шукалі штосьці. Калі спыніліся наводдаль, блізка ад падрослага куста, у Васіля ўсярэдзіне зацеплілася салодкае, добрае i нібы зайздрослівае: «Там!.. Там було!..» Адразу, нібы зусім нядаўняе, не перажытае яшчэ, ажыў, захваляваў незвычайны настрой той незабыўнай ночы, з якой пачалося тады самае лепшае ў яго жыцці.

Амаль адразу ж у радасць успаміну ўлез, зашчымеў нядобры жаль, i Васіль спахмурнеў: не так згадаў, як адчуў — між той ноччу i гэтым днём мяжа, якую ўжо не пераступіш. Як бы злавіўшы сябе на ўчынку неразумным, не вартым чалавека сталага, схамянуўся, папракнуў сябе строга: знайшоў глядзець куды, спакушаць сябе чым! Як жарабя, катораму шчэ рана ў аглоблі! Стала, ураўнаважана заявіў сам сабе: «Було — сплыло! Дак значыць: як i не було!..»

З гэтым настроем ён даехаў да свайго надзелу, спыніў каня, саскочыў з воза, цвёрдым гаспадарскім тонам загадаў усім — матцы, Мані, Валодзьку, здымаць з воза прывезенае; сам выняў касу, мянташку, торбу з салам, прасачыў, як маці ставіць на траву калыску для малога. Спадылба паглядзеў на Маню, што стаяла побач з малым на руках, чакала, калі матка падрыхтуе пасцельку. Строга, нават жорстка сказаў сабе: не вольны казак, вунь «аглоблі» — жонка. Не хапаючыся, без адзінага лішняга руху, як чалавек, які звык рабіць сваю справу, распрог каня, уладна пазваў меншага брата, шастаючы босымі нагамі ў высокай мокрай траве, з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца.

— Штоб глядзеў добра! — вялеў сурова Валодзьку.

Малы, пастрыжаны па-авечы радкамі, у зрэбнай сарочцы i зрэбных, да пояса мокрых штанах, шчыра паабяцаў:

— Буду глядзець!

Васіль той жа мернай хадою вярнуўся назад, дастаў з-пад сена лапці i рудыя анучы, сеў на росную траву каля воза, абуўся. Тут жа ля воза ўткнуў кассе ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Памянташыўшы, надзеў мянташку на кісць рукі, выпрастаўся, як бы ацэньваючы абстаноўку, агледзеўся: на луг выязджалі i выязджалі калёсы з мужчынамі, з жанкамі, з дзецьмі. Луг на вачах усё поўніўся людзьмі, рухам, клопатам. Наводдаль Васіль вылучыў Карчоў: там варушыліся каля воза. На сук дубка прыладжвалі калыску…

«Няма чаго!» — зноў недавольна стрымаў сябе.

Хмурны, сутулаваты, з нерухомым i ўпартым позіркам вачэй пад размочаным дажджамі казырком, важка