Кар'ера [Андре Моруа] (fb2) читать постранично, страница - 7


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

цудоўна! Мiсiс Пэкс прапануе слушна. У цябе сапраўды вялiкi талент, ты кожны дзень у звычайных гутарках пускаеш на вецер цэлыя раздзелы блiскучай кнiгi. Калi просьба жанчыны, атмасфера захаплення i давер'я будуць спрыяць таму, што ты нарэшце запiшаш тое, чым так шчодра дзелiшся з намi, мы ўсе будзем вельмi рады... Згаджайся, стары, я падтрымлiваю... Мы ўсе цябе падтрымлiваем.

Ён падзякаваў i праз некалькi дзён наведаў мяне, каб сказаць, што выязджае. За цэлую зiму ён прыслаў нам пару паштовак. У лютым я адправiўся ў Напуль, каб яго пабачыць.

Асабняк мiстэра i мiсiс Пэкс вельмi прыгожы. Яны рэстаўрыравалi i прыстасавалi да сваiх патрэб невялiчкi правансальскi замак-крэпасць, якi ўзвышаўся над залiвам. Суровасць будынка i подступаў да яго ў кантрасце з раскошай i адмысловым унутраным камфортам здзiўлялi, як чароўная казка. Кветнiкi i дрэўцы былi размешчаны на тэрасах, выштукаваных з вынаходнiцкай хiтрасцю, бо каб iх прыляпiць да скалы, спатрэбiлiся дзесяткi кубаметраў бетону. За шалёныя грошы гаспадары навезлi з Iталii кiпарысаў, i яны, як вартавыя, абрамлялi дзёрзка перайначаную людзьмi прыроду. Калi я з'явiўся, дварэцкi далажыў, што пан працуе i папрасiў пачакаць. Чакаў я даволi доўга.

- А! Дарагi мой! - сказаў Шалон, прыняўшы мяне нарэшце. - Дагэтуль я не ўяўляў, што такое работа. Пiшу многа, спорна, з натхненнем. Думкi атакуюць, аглушаюць, бяруць у палон. Пяро проста не паспявае занатоўваць вобразы i мыслi. Яны б'юць фантанам з крынiцы ўзрушанай памяцi. Скажы, ты калi-небудзь адчуваў такое?

Я сарамлiва прызнаўся, што падобныя крызiсы ад перапоўненасцi бывалi са мной рэдка, i выказаў меркаванне, што яго натуры больш, чым мне, адпавядае бурны ўзлёт. Ад доўгага маўчання назапашаныя iм матэрыялы спрасавалiся i цяпер выбухнулi, як порах. Я правёў у яго ўвесь вечар. (Мiсiс Пэкс знаходзiлася яшчэ ў Парыжы.) Цiкавыя перамены заўважыў я. Раней адной з самых абаяльных яго асаблiвасцей была выключная разнастайнасць размовы. Я не меў часу многа чытаць i даражыў тым, што ў асобе Шалона знаходзiў чалавека, якi чытаў усё. Ён першы знаёмiў мяне з дасягненнямi маладых. Куды б нi iшоў ён увечары - у тэатр цi з вiзiтам - нiхто ў Парыжы не ведаў столькi гiсторый, iнтымных драм i пацешных анекдотаў. I самае важнае, што Шалон быў адным з тых рэдкiх сяброў, з якiмi заўсёды можна было пагаварыць пра сваё, пра сваю работу, адчуваючы, што ён гэтым сапраўды цiкавiцца i, слухаючы вас, не думае пра сябе. Пабыць з iм было вельмi прыемна.

Але ў Напулi Шалон стаў зусiм iншы. За два месяцы ён не разгарнуў нiводнай кнiгi, нi з кiм не сустракаўся. Ён гаварыў толькi аб сваiм рамане. Калi я пачаў расказваць пра нашых сяброў, ён трошкi паслухаў, потым выняў з кiшэнi блакнот i нешта запiсаў.

- Ты што запiсваеш? - пытаю.

- Ды так! Прыйшла ў галаву iдэя для маёй кнiгi. Не хочацца, каб яна прапала.

Праз хвiлiну, калi я працытаваў яму словы адной з клiентак Бельтара, ён iзноў выцягнуў блакнот.

- Ты што? У вар'яты падаўся?

- Дарагi мой, у мяне ёсць цудоўны персанаж, якi шмат чым нагадвае Бельтара. Тое, што я пачуў, можна з поспехам выкарыстаць.

У яго з'явiлася ўпэўненасць прафесiянала, заўзятасць чалавека, ахрышчанага ў новую веру. Пры мне было некалькi раздзелаў маёй апошняй кнiгi. Я збiраўся прачытаць iх Шалону i, як заўсёды, паслухаць яго заўвагi. Але нiчога з гэтага не выйшла - ён i вухам не павёў. Мне стала прыкра, нудна. А скончылася тым, што ён раззлаваў мяне сваiмi легкадумна пагардлiвымi адносiнамi да нашых класiкаў.

- Ты лiчыш? - скрывiўся ён. - Рэалiзм Стэндаля? Так... Знайшоў сабе дзiва! Па сутнасцi, i "Пармскi манастыр" i "Чырвонае i чорнае" ўсяго толькi раманы-фельетоны. Па-мойму, зрабiць можна куды лепш.

Я развiтаўся з iм i хутчэй выехаў.

* * *

Вярнуўшыся ў Парыж, я адразу ж адчуў, што Глэдзiс Пэкс не марнавала часу. Яе арганiзатарскiя здольнасцi далi плён. Пра кнiгу Шалона гаварылi многа, гаварылi з павагай i надзеяй. Нiякiх слядоў грубай, крыклiвай рэкламы, якая адпрэчвае людзей далiкатных. Здавалася, што гэта жанчына знайшла спосаб папулярызаваць употай, падсвятляючы iмя свайго абраннiка як бы знутры. Поль Маран сказаў, што яна, як нiхто, "адмыкае замкнутае".

Адусюль у мяне пыталiся: "Вы былi на поўднi? Вы бачылi Шалона? Кажуць, ён напiсаў нешта выдатнае?"

Мiсiс Пэкс правяла ў Напулi ўвесь сакавiк i паведамiла нам, што кнiга амаль закончана, але Шалон не хоча ёй паказваць. Ён сцвярджае, што яго твор адно цэлае i вырываць з яго кавалкi нельга, бо страцiцца свежасць, парушыцца стройнасць кампазiцыi.

Нарэшце, у пачатку красавiка, яна абвясцiла, што Шалон прыехаў, згадзiўся прачытаць раман i яна запрашае ўсiх нас у адну з субот на лiтаратурны вечар.

Ах, гэты вечар! Мы яго век не забудзем! Салон на вулiцы Францыска Першага быў належным чынам падрыхтаваны. Люстры ўсюды патушаны, за выключэннем адной вялiзнай венецыянскай лямпы, малочна-белае святло ад якой мякка клалася на аўтара, рукапiс i эфектна пастаўленую за спiной Шалона галiнку квiтнеючай слiвы ў кiтайскай вазе. Тэлефон быў выключаны. Слугi атрымалi строгi наказ нiкога з прысутных не трывожыць. Шалон нерваваўся, фанабэрыўся, быў ненатуральна