Па слядах Купалы і Коласа [Сяргей Чыгрын] (fb2) читать постранично, страница - 29


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Казанскага універсітэта памятаюць пра свайго выкладчыка. У музеі і архіве універсітэта захоўваюцца яго дакументы, запісы, публікацыі, фотаздымкі, дзённікі, творы. Сярод іх – афішы аб правядзенні розных навуковых сесій гісторыка-філалагічнага факультэта, дзе сярод дакладчыкаў ёсць і прозвішча прафесара Вазнясенскага, даведка № 58 КК РСФСР ад 1945 года аб зняцці судзімасці, атрыманая з Масквы, рабочы дзённік прафесара Вазнясенскага за 1954 год, даведка аб рэабілітацыі, атрыманая з Маскоўскага гарадскога суда ў 1964 годзе за подпісам старшыні суда Асятрова. У ёй, дарэчы, сказана, што “дело по обвинению Вознесенского Александра Николаевича, до ареста профессор Московского областного педагогического института, пересмотрено Президиумам Московского городского суда 26 октября 1964 года. Постановление коллегии ОГПУ от 29 марта 1964 года отменено, а дело в отношении Вознесенского Александра Николаевича, 1888 года рождения, производством прекращено за отсутствием в его действиях преступления. Вознесенского Александра Николаевича по настоящему делу реабилитировать”.

Пры жыцці пытаўся пра Аляксандра Вазнясенскага і ў доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойкі (1931-2008), калі ён яшчэ жыў у Слоніме ў сваім доме на Віленскай вуліцы. Алег Антонавіч тады сказаў: “Аляксандр Вазнясенскі, Уладзімір Пічэта і Іван Замоцін – выдатныя навукоўцы, якія ўнеслі вялікі ўклад у беларускую гісторыю і філалогію ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя. Гэта быў нялёгкі, супярэчлівы і жорсткі час для Беларусі. Але вучоныя ў сваіх творчых ацэнках кіраваліся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Аляксандр Мікалаевіч Вазнясенскі быў настаўнікам майго настаўніка Юльяна Пшыркова. Калі я чытаў артыкулы Вазнясенскага, мне здавалася, нібыта гэта былі артыкулы Пшыркова. Таму што разуменне было аднолькавае. Якуба Коласа ў той час шальмавалі, але крытык Аляксандр Вазнясенскі на гэта не паддаўся. І пісалі Вазнясенскі, Замоцін і Пічэта па-беларуску. Дарэчы, Замоцін быў прафесарам Варшаўскага універсітэта, Пічэта — рэктарам і прафесарам Белдзяржуніверсітэта, пасля — Маскоўскага універсітэта, Вазнясенскі – прафесарам Казанскага універсітэта. Гэта былі найвялікшыя навукоўцы Беларусі ХХ стагоддзя”.


***
Будзьце светлымі, як нашы рэкі,
Будзьце чыстымі, як нашы лясы,
Калі ласка, вельмі прашу,
Будзьце…

Незабыўны Алег Лойка і яго згадкі пра песняроў

Мне здаецца, што мой зямляк доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка меў вялікае шчасце, што нарадзіўся ён у Слоніме на беразе ракі Шчара. Пра свой родны горад і пра Шчару ён напісаў тысячы радкоў:

І я рады, што зразумеў:
З гэтай радасцю — не таіцца,
Што я шчасце вялікае меў
Па-над Шчараю нарадзіцца!..

Упершыню са сваім знакамітым земляком я сустрэўся ў Мінску на філфаку ў 1980 годзе. Я, як і многія мае аднакурснікі, запісаліся да яго ў літаратурнае аб’яднанне “Узлёт”. Не часта адбываліся пасяджанні літаб’яднання, але калі яны былі, то праходзілі даволі цікава, весела, актыўна. І Алег Антонавіч нас адразу запамінаў, ведаў і шанаваў.

Да мяне старастай літаб’яднання была паэтка-студэнтка Ала Канапелька. А потым, калі Ала скончыла філфак, Алег Лойка прызначыў мяне. Хлопцы нават жартавалі: “Слонімцы літаратуру хочуць узяць пад свой кантроль”. Іншыя называлі мяне вядомым лойкіным радком “Юнак быў з-пад Слоніма родам…”. Тым не менш, ніхто за гэта ў крыўдзе не быў. Літаб’яднанне актыўна працавала, а ў 1985 годзе “узлётаўцы” выдалі свой чарговы паэтычны зборнік “Вусны”.

Быў 1984 год. На філфаку сустрэў мяне Алег Антонавіч і кажа: “На наступным тыдні будзе пасяджэнне “Узлёту” напішы аб’яўку і вывесі на другім паверсе (мы тады вучыліся на Чырвонаармейскай вуліцы, 6). І я “выканаў” просьбу прафесара. Напісаў: “У такі дзень і час адбудзецца пасяджэння літаратурнага аб’яднання ”Узлёт”. Запрашаюцца паэты і празаікі, якія пішуць і думаюць па-беларуску”.

Вечарам да мяне ў пакой інтэрната прыбягае вахцёр і кажа, што прафесар Лойка тэлефануе і хоча тэрмінова са мной пагутарыць. Я бягу на першы паверх, падымаю трубку і чую голас Алега Антонавіча: “Сяргей, калі ты пісаў гэтую аб’яву, чым ты думаў — галавой ці іншым месцам?”. “Галавой!”, — адказваю. “Не думаю, што галавой, — сказаў прафесар і паклаў трубку. Нічога не зразумеўшы, я пайшоў у свой пакой. Толькі потым я даведаўся, што Алега Антонавіча па змесце аб’явы выклікалі ў дэканат ці ў рэктарат і зрабілі заўвагу. А ён папярэдзіў мяне. Бо ў тыя 1980-я гады радок “запрашаюцца паэты і празаікі, якія пішуць і думаюць па-беларуску” “пах” нацыяналізмам. У апошнія гады жыцця, калі Алег Лойка жыў у Слоніме, я яму прыгадаў гэты студэнцкі факт. Алег Антонавіч сказаў: “Ей Богу, Сяргей, не памятаю…”.

У 1982 годзе