Пугачоўскі цырульнік [Віктар Шніп] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

старадаўні парк, на ўскрайку якога мы і знайшлі двухпавярховы з чырвонай цэглы палац, у якім замест падлогі крапіва. Па ўсім бачна, што яшчэ гадоў дваццаць таму на ім была страха. І, калі б у Навасёлках было талковае начальства, то не былі б побач збудаваны два шэрыя будынкі, у якіх размясціліся пошта і крама, а ўсё гэта магло быць у палацы. У глыбіні парку захаваўся стары панскі маёнтак, у якім пасля вайны быў дзіцячы дом, а цяпер — бальніца. Выязджаючы з вёскі, каля дарогі сярод дрэў і кустоў заўважылі чорны крыж. На жаль, не спыніліся і не паглядзелі, хто там пахаваны. Ужо ў Мінску нам патэлефанаваў сябра і сказаў, што ў Вялікіх Навасёлках мы бачылі спадчынную сядзібу старадаўняга шляхецкага роду Кастравіцкіх, які даў Беларусі пісьменніка Каруся Каганца, а Францыі — Гіёма Апалінэра…


Ад нас застануцца не нашы пасады

8.06.2009. «Ты харошы паэт. Але ў цябе няма патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі...» — кажа мне знаёмы літаратар, які, мяркуючы па тоне размовы, лічыць, што ў яго патрэбная біяграфія ёсць. «І якой жа біяграфіі ў мяне няма?» — цікаўлюся, хоць і ведаю, што суразмоўца мае на ўвазе. «У цябе ўсё добра ў сям’і. Ты не п’янствуеш. Ты спакойны. Ты займаеш пасады. Ты часта друкуешся. Табе ўзнагароды даюць...» — пералічвае літаратар. Я пагаджаюся з ім і маўчу пра тое, што пасля заканчэння архітэктурна­будаўнічага тэхнікума не забраў дакументы, каб не пайсці працаваць. І не пайшоў, а сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі, час ад часу па ўжо несапраўдным студэнцкім білеце ўладкоўваючыся грузчыкам на лікёра­гарэлачны завод «Крышталь». Ніколі не быў у камсамоле. Не служыў у войску, бо тры гады не маглі мяне адшукаць, а калі знайшлі, то знайшоўся ў абласным ваенкамаце чалавек, які, запытаўшыся, ці хачу я служыць, і пачуўшы маё «не», сказаў: «Добра. Ідзі пішы вершы...» І я пайшоў далей біць лынды па Мінску і пісаць вершы... І сёння, азіраючыся ў сваё мінулае, я нікому не зычу таго, што мне давялося перажыць з 1978 па 1985 год... І не трэба мне «патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі», а тым больш што «ад нас застануцца не нашы пасады...»


Крызіс і перабудова

8.06.2009. Сустрэў пісьменніцу Ніну Загорскую. На яе пытанне пра жыццё адказаў: «Усё было б добра, калі б не сусветны фінансавы крызіс». Ніна Сямёнаўна тут жа сказала: «Гэты крызіс прыдумалі тыя ж людзі, якія ў свой час прыдумалі перабудову...»


У дзяцінстве і цяпер

8.06.2009. З паэтам Глебам Артханавым успамінаем пра дзяцінства. «Яшчэ зусім нядаўна ў Свіслачы можна было купацца...» — кажа мой суразмоўца. А я дадаю: «А цяпер там толькі тонуць...»


Агуркі і яблыкі па пяць капеек

9.06.2009. У выдавецтва тэлефануюць не толькі пішучыя людзі, каб запытацца, калі можна прынесці рукапіс ці «чаму мяне не выдаеце, а друкуеце ўсякіх графаманаў», а часам і чытачы, каб проста пагаварыць. Вось і сёння патэлефанаваў чытач: «Можна з вамі пагаварыць?» — «Можна»,— адказваю я. І чалавек пачынае свой маналог: «Я палкоўнік у адстаўцы. У Мінску жыву дваццаць два гады. Выбар быў, дзе пасля службы застацца: Адэса ці Мінск. Жонка настаяла, каб паехаць жыць у Беларусь, бо ў вас жывуць спакойныя людзі. І я цяпер не шкадую. Пенсія ў мяне 900 тысяч. Суседзі пытаюцца: «За што табе такая пенсія?» За тое, што на месцы не сядзеў, а да пенсіі жыў, куды пашлюць. У маім пяціпавярховым доме ў пад’ездзе працуе толькі адзін мужчына, а ўсе астатнія п’юць. Бяда! Калі я служыў у Адэсе, у мяне быў «Жыгуль». Я на ім па пляжы ездзіў. Следам дзеўкі бегалі. Красата! Жыць тады можна было. Яблыкі і агуркі былі па пяць капеек! Вы памятаеце?» — «Не памятаю...» — адказваю я і кладу трубку…


Фотаздымак Яўгена Крупенькі

9.06.2009. Мне з «ЛіМа» вярнулі пазычаны фотаздымак Яўгена Крупенькі. Імя для творчай моладзі зусім не вядомае. А прайшло ж пасля смерці паэта толькі гадоў пятнаццаць! І дзе сёння тыя ўдзячныя вучні, якія хадзілі да Яўгена Мікалаевіча як да літкансультанта «Чырвонай змены», пры якой працавала літаб’яднанне «Крыніцы»? Няўжо таксама памерлі? Не! Жывуць! Працуюць! Друкуюцца! Кожны думае пра сябе! А быў жа пры жыцці Крупенька не самым апошнім у літаратуры! Ды не адзін Яўген Крупенька амаль забыты! Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі, Пятрусь Макаль... І ці не такі чакае лёс многіх сённяшніх творцаў, што адзін аднаго запісалі ў класікі?.. «Такі…» — кожны, хто паўторыць гэтае слова, падумае пра іншых і ні ў якім разе пра сябе…


Літво і пітво

10.06.2009. Коэльё, Муракамі, Кундэра... Літаратура для масавага чытача. Віно, шампанскае, гарэлка... Пітво для шумнага застолля. І першае, і другое прыносіць задавальненне. Але хто адважыцца паставіць знак роўнасці паміж літаратурнай творчасцю і пітвом? Відаць, толькі масавы чытач і п’яніцы, якія даўно нічога не чыталі...

Чэрвеньская завея

10.06.2009. Нарэшце цёпла. Навокал — тапалёвы пух, нібыта пачалася чэрвеньская завея. І ў нас на працы на дзявятым паверсе калідор, як дарога, замеценая снегам...


* * *


10.6.2009. Жанчына, якая спазнілася на аэробус, што пацярпеў катастрофу над