Даўняе, незабыўнае... [Вячаслаў Адамчык] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

адгаварвалася. У валёнках на босую нагу i, здаецца, не датыкаючыся імі да падлогі, лёгка выбегла з хаты.

— Мо' ляжаш?—Сіўтук прытупаў да мяне.— Зранку малаціць-жа...

Я не ведаў, што сказаць яму: ці адмаўляцца, ці згадзіцца. «Тут не адпачнеш, успора яшчэ да свету»,—падумаў сабе, але сказаў інакш.

— Ды буду спаць.

Ён засмяяўся, задаволены і, мусіць, рады сваім смехам, заварушыў шчуплымі плячмі.

— Г этак-жам.

Памаўчаў трохі і запытаў потым:

— Куды-ж ад мяне падавацца думаеш? Яно каб была свая зямля, дык, пэўна, калупаўся-б пры доме.

Што я, не ведаючы пра свой лёс, мог адказаць Сіўтуку?

— А хто яго ведае...—і толькі.

— То я скажу,—забубніў ён,—як сабе хочаш, справа твая, ад самога залежыць. Я чалавек такі, калі што якое, то з платаю не пакрыўджу. Ды што гаварыць, некалі спамянеш. Вось, пакуль што да чаго, папрацаваў-бы ў мяне з годзік, а там яно відаць будзе. Ведаеш, занядужаў я, не тыя рукі да работы, цяжка, а зямлі яно належны выраб дай. А ўдвох, нябось, управіліся-б...

Выйсця другога для мяне не было, i я мусіў падацца на не вельмі салодкі батрацкі хлеб.

Зоня прынесла куль свежае жытняе саломы, дастала са свайго куфра здатную дзяругу-пе~ рабіранку ў трыццаць два пруты з прыгожым узорам, можа яшчэ памятку рупнага дзявоцтва свае маці, i мякка выслала мне на падлозе.

Мы клаліся спаць. Патушыўшы лямпу, гаспадар пасунуўся на гарачую печ. Там ён шчыра адгаварваў нанач штодзённую малітву: «Крыжам пасцялюся, крыжам апрануся, з па­нам Язусам спаць кладуся». Дробным гарохам сыпаліся на хату яго набожныя словы.

У вокнах сінела зімовая ноч, патрэскваў на двары частакол ад марозу, а тут, у хаце, усё так-жа мерна i зычна цікаў гадзіннік. Даўно ўжо выказаў горкі жаль і вымаліў збавенне і апеку ў літасцівага бога і пасвістваў носам стары Сіўтук. Уклалася на ложку Зо­ня. А я ўсё варочаўся з боку на бок і ніяк не мог заснуць. Можа гэта ад таго, што трапіў на новае месца, у чужую хату, і з непрывычкі адчуваў сарамлівасць i няёмкасць, а можа ад таго, што на падлозе было не так цёпла i я не адагрэўся: праз дзяругу мяне даймаў холад. Але не, тут было нешта другое, нешта такое зусім іншае. Калі я паварушыўся, нацягваючы да самага падбародка дзяругу, відаць, вельмі зашамацела салома, бо мяне аклікнула Зоня.

— Уладак, ты не спіш?

— Ага, не спіцца.

Ды гутаркі не было. Мы змоўклі. Мы, відаць, не ведалі, аб чым гаварыць, мы больш думалі, думалі, напэўна, адно аб адным, аб першай такой стрэчы, аб першай такой блізкасці...

Гэта было на пачатку нашага знаёмства.

Зімою я з Сідарам малаціў, вясною мы аралі і сеялі. Незаўважна для мяне пабег час. Надыйшло лета, і набліжалася касьба. А за работаю не ўбачыш, як прабяжыць дзень. Касілі мы з Сіўтуком удваіх: ён—цягавіты i ўвішны ў рабоце—не наймаў нікога, спадзяваўся на сябе, на мой спрыт і на маю сілу. Уставаў прыцемкам, яшчэ да ўсходу сонца, і мы кляпалі, даганялі косы. А калі на бадзёрыя ад ранішняга халадку альховыя кусты, на самотныя вербы, на крушыну пырскалі і рассыпаліся па чыстых слязах шчодрай расы першыя ласкавыя промні,—мы ўжо ішлі па другому або трэцяму доўгаму пракосу,

Я зачынаў першым, а за мною, беручы вужэй і падразаючы мне пяты, у адной сподняй бялізне, злёгку чэпаў стары. Я браў на поўную сілу і на добры размах касы. Сіўтук потым асядаў, ён усё выменьчваў касу і, наровячы мне, кожны раз гукаў далёка ззаду:

— Ого, у цябе аж брые. Чуеш, мусіць ты дабраў вострую касу.

— Залежыць і ад касы, дзядзька, але і ру­кам! пацягнуць трэба.

— Яно так. Бывала, ого... Ды што раўняць. Некалі я гэта з Петруком нашым хадзілі ў двор, пану касіць. Аб нішчымніцы, але да по­лудня звалім люба глянуць! А сёння яно не тое.

Ды ён толькі гаварыў, а каб прымеў, здаец­ца зубамі траву грыз-бы. I мы касілі, калі не было расы, калі ў сухой траве было цяж­ка i нават немагчыма пацягнуць касу.

Управіўшыся дома, крыху пазней, разбіваць i сушыць сена прыходзіла Зоня. У полудзень яна прыносіла нам есці і, абцягнуўшы падол на поўныя загарэлыя ногі, садзілася воддаль на порыстым пракосе. Перабірала рукамі мятліцу i падсмейвалася з мяне.

Аднаго разу ў невялікім збаночку яна пры­несла шчаўе з леташнімі буракамі. У гэты дзень я, напрацаваўшыся ўволю, еў вельмі спешна і ўсё неяк недалікатна: мая ёмкая лыжка брынчэла ў збанку і ў руках крышылася луста хлеба. Да збанка падсеў Сідар. Мне вельмі хацелася есці, але я прыгледзеўся да яго. Не вельмі пераборлівы да яды, Сіўтук, седзячы на кукішках, бурчэў ля збан­ка, неяк нудна сёрбаючы і цмокаючы губамі.

— Эге, што смачна, то смачна. Еж, чаго ты,—стары аблізнуўся.—Гэтакі смак. Тут ясі i аж язык...

— Ды вы ўжо, дзядзька, адзін... Мне досыць.

— От табе i маеш...

Ля сажалкі, абапёршыся на стаўпец грабель, як-бы нечым устрывожаная, стаяла Зоня. Я не хацеў