Сыны зямлі беларускай [Мікола Багадзяж] (fb2) читать постранично, страница - 1


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Мікола Багадзяж Сыны зямлі беларускай

Прысвячаецца маёй маці Анне Кірылаўне

Ад аўтара

Напэўна, для даследчыка гісторыі няма нічога больш радаснага, чым тыя маленькія адкрыцці, што робяцца ім час ад часу пад маўклівымі зводамі архіваў i бібліятэк, сярод густога папяровага пылу i пажоўклых лістоў старажытных рукапісаў.

I сапраўды, з чым можна параўнаць той урачысты момант, калі ў небыцця ўдаецца адваяваць яшчэ адно імя, яшчэ адзін факт, той момант, калі наладжваецца нябачны кантакт паміж мінулым i цяперашнім, паміж табою i тваім продкам, які жыў некалькі стагоддзяў назад! Тады незразумелае раптам становіцца простым i ясным, ты ведаеш, чаму канкрэтная гістарычная асоба ў той ці іншай сітуацыі пачынала паводзіць сябе менавіта так, а не інакш, што яна магла думаць, на што разлічваць…

Кніга, якую вы зараз трымаеце ў руках, напоўнена такімі маленькімі адкрыццямі. I датычаць яны славутых сыноў Беларусі, пра якіх, здаецца, ужо ўсё вядома. I тым не менш шэраг новых, цікавейшых фактаў дапаўняе, дамалёўвае знаёмыя многім рысы герояў беларускай гісторыі.

Спадзяюся, што i вам, мае чытачы, такое блізкае знаёмства з нашымі славутымі прашчурамі дасць вялікае задавальненне. Што яны праз факты сваіх біяграфій навучаць вас высакароднасці, пачуццю ўласнага. гонару, любві да Радзімы. Што дапамогуць знайсці выйсце з самых цяжкіх сітуацый сучаснасці, разабрацца ў пакутлівых думках, зразумець, што ў гэтым жыцці для чалавека самае важнае, дзеля чаго мы пушчаны ў свет.

Поспеху вам!

Князь-волат

985(?)-1056
Чым больш займаешся даследаваннем гісторыі, чым больш паглыбляешся ў крыніцы i гістарычную літаратуру, тым больш робіш нечаканых для сябе адкрыццяў. Прычым звязаны яны часцей за ўсё з падзеямі i асобамі, якіх, здаецца, ведаеш выдатна. Узяць хаця б гісторыю пра Рагнеду i яе дзяцей. Колькі ўжо напісана пра Ізяслава, у колькіх даследаваннях упамінаецца аб тым, што Яраслаў Мудры яе сын! А вось аб тым, што Мсціслаў Храбры таксама яе сын, не прыгадаў ніводнага разу ні адзін з беларускіх даследчыкаў. А гэты ж князь, якога апелі ў сваіх творах i легендарны Баян, i аўтар «Слова пра паход Ігаравы», заслугоўвае не меншай, а, магчыма, нават большай увагі, чым яго браты.

Сведчаннем таго, што гэты славуты князь быў сынам Рагнеды, з'яўляюцца словы Радзівілаўскага летапісу: «Рогнѣд (ь), юже посади на Лыбеди, есть н(ъ)нѣ селце Предславино, от неяж(е) роди 4 с(ы)ны: Изяслава, Мьстислава, Ярослава, Всеволода и 2 дщери». Ды факт гэты i не з'яўляецца адкрыццём, бо пра яго выдатна ведалi i расійскія гісторыкі мінулых стагоддзяў, напрыклад, М. Карамзін i A. Нечвалодаў. Пішуць пра гэта i сучасныя рускія i ўкраінскія даследчыкі. Мы ж чамусьці забыліся пра аднаго з найбольш цікавых «унукаў Рагваложых».

Мсціслаў быў апошнім дзіцем Рагнеды. Нарадзіўся ён не пазней 987 года. Аб дзяцінстве яго невядома нічога, але можна смела выказваць здагадку, што ён змалку вызначаўся адвагай i ваяўнічасцю. Сведчаннем гэтага з'яўляецца той факт, што менавіта яго накіраваў Уладзімір на княжанне ў Цьмутаракань.

Княства гэта знаходзілася на самым далёкім ускрайку старажытнарускай дзяржавы. Яно размяшчалася на поўдні Крымскага паўвострава i заходняй часткі сучаснага Краснадарскага краю. Стольны горад княства Цьмутаракань стаяў на беразе Таманскага заліва (на яго месцы зараз знаходзіцца станіца Таманская). Горад гэты ў той час з'яўляўся важным стратэгічным пунктам, буйным гандлёвым портам. Насельніцтва княства было вельмі рознаэтнічным — славяне, готы, хазары, булгары, прадстаўнікі горскіх плямёнаў. Жыхары княства вызначаліся сваёю адвагаю, авантурызмам, ваяўнічасцю, маладзецтвам. Ды i нядзіўна, бо толькі такія людзі маглі выжыць у акружэнні варожых народаў.

Зразумела, што кіраваць такім княствам мог толькі той князь, які i сам меў тыя ж якасці характару. Падыходзіў Мсціслаў i па знешнасці. Летапісец пісаў: «Был же Мстислав дороден, краснолиц, с большими очами, храбр в сражениях, милостив, любил дружину без меры, имени своего для нее не щадил, ни в питье, ни в пище не отказывал им».

Мсціслаў узмацніў свае ўладанні. Ён перамог хазараў, якія жылі ў тыя часіны ў паўночнакаўказскіх стэпах. A ў 1016 годзе ў саюзе з візантыйцамі ён канчаткова разграміў Хазарскі каганат (царства) i ўзяў у палон ix кагана. Праз чатыры гады пачаліся канфлікты з касогамі (продкамі сучасных чэркесаў ды адыгейцаў). Цьмутараканцы выступілі ў паход. Князь касогаў Рэдзедзя даведаўся аб гэтым i павёў сваё войска насустрач. Спатканне адбылося ў горнай даліне ў заходніх адгор'ях Каўказскіх гор. Вось-вось варожыя войскі сыдуцца ў смяротнай бітве. Але тут Рэдзедзя прапанаваў: «Навошта нам губіць у бітве свае дружыны? Лепш сыдземся з табой ды памераемся сіламі самі. Калі адолееш ты, то возьмеш усе мае багацці — i жонку маю, i дзяцей маіх, i маю зямлю. Калі ж адолею я, то вазьму ўсё тваё». «Хай будзе так», — згадзіўся Мсціслаў. Князь