Жменя сонечных промняў [Янка Брыль] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

яна трошкі інакш, чым мы, амурскія ніўхі...

Слухаю, любуюся ім, такім разумным i чыстым.

Успамінаю ўчарашнюю тутарку з пажылым прафесарам-медыкам, што паспяхова змагаецца з касцявым тубэркулёзам у ніўхскіх дзяцей. і заўважаю радасна, як натуральна ўспрымаецца тут яна — наша роўнасць людзей і народаў.


Жнівень. Ялцінскі пляж..

Тоўсты, лысы таварыш, са шрамам колішняй раны на спіне. Качаецца, нібы цюлень, у марской пене, спакойна, нават абыякава адпырхваецца ад салёнай вады... I здаецца, хоць я i не бачыў яго апранутым, што на гэтых магутных плячах можа быць толькі гімнасцёрка раённага рабацягі, а на пузе — рэмень з камандзірскага спражкай. Партфель пакуль што недзе далёка, у адным з куткоў неабсяжнай радзімы, дзе ён адклаў яго толькі на месяц...

Побач — хлопец, таксама нядаўні франтавік, без нагі да калена. Увайшоўшы ў ваду, а яшчэ лепш — плывучы, напэўна ж здаволены, што i ён — зноў, як усе!..

Каб я быў мастаком, намаляваў бы сённяшні чатырохбальны шторм, a ў пене, у пяску, у мокрым грукаце хваль — па-дзіцячы радасныя твары людзей працоўных розных нацыянальнасцей — шахцёраў, настаўнікаў, ткачых... I дзяцей.


На хутары, дзе садок i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.

Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду са студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіу летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскну — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хустку.

Увечары «дурань» зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў — як карону.

— Куды ты, Iване?—пытаецца цярплівая і ціхая жанчына — маці.

— У кіно.

— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.

— А пад канец яшчэ цікавей.

Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..

— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.

I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, і сястра-школьніца, i дзед.

Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. I вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту

— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: «Дзеду, лявей! Дзеду, правей!..»

Дзед есць зацірку толькі з хлебам і злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:

— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..

Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — і пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі «ўзяў» трошкі не літар i нават яшчэ «барыню паскакаў». Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі паверх па два шасціпудовыя мяхі за раз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве і памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.

— Шапкі высокія, чырвоныя. Снапоў накладуць у параконныя кары — толькі ў драбіны, не болей, палягуць туды шасцёх i паехалі!.. Яшчэ, кажуць, пазвальваемся! Ха-ха-ха!..— рагоча, аж хіхікае, як малы.

Уранні папрасіў мяне зняць яго на картачку,— пад яблыняй, з маленькім праўнукам на каленях. Табурэтку паставілі ў бульбе, якая цвіце.


Над Відзамі страляе ў неба готыка касцёла. Чырвоная цэгла, шэры бляшаны дах. I легенда,— калісьці туды вунь, аж на саменькі вільчык, пад крыж, залез у кірмашны дзень нейкі вісус, пачаў там вырабляць, як у цырку, людзі раты паразяўлялі i глядзяць, а тут яго сябры тым часам шныраць, ліха ix зладзейскай матары, па вазах!..

На скверыку — помнік вызваліцелям, вялікi i стандартны абеліск. На дошцы прозвішчы салдат i афіцэраў, якіх ваенны лёс зрабіў героямі ў гэтых мясцінах. Наводшыбе, у зялёным, зацішным куточку сквера — магіла з чорнай пірамідкай. Надпіс: «Андрэю ад А. Кудрынскага». У каго ні пытаўся, хто яны, гэтыя людзі, адказ адзін: «Не ведаю. Кажуць, што нейкі палкоўнік...» Сумна.

Пахнуць па-хатняму грады, сакочуць конікі, стаіць вялікі жнівеньскі месяц, яшчэ не яркі, бо ранні вечар. Бабуля, калі я пацікавіўся, што за кветкі ў яе гародчыку:

— Не ведаю, ірву, палю, сынок, а яны ўсё растуць. А гэта мак.

I дала мне чырвоную кветку з белаю аблямоўкай на кожным пялёстку.

У чайной літоўскае піва i смачная каўбаса, і нудны, ветлівы сусед,. няголены здаравіла, які паволі, шчодра расказвае, як у маленстве маці апаіла яго макам, i вось ён цяпер не можа працаваць на адным месцы больш за тыдзень...

Ноччу сядзеў на ганку гасцініцы, слухаў i думаў, што да ўсёй гэтай