Пра тое, як я... [13 несур'ёзных апавяданняў] [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

недзе на гарышчы, і г. д.

Пачуўшы роднае і зразумелае «вы, пралетарыяты-дэмакраты», я звыкла палез па кашалёк. Грузчык імгненна ацаніў маю высакароднасць і паважна падаў мне «Огонёк». Мой — уласны, выкінуты ноччу. «Огонёк» быў у плямах і ў нейкіх лушпайках. I не дзіва! За ноч магло і не тое прысохнуць у кантэйнеры.

Так я і купіў свой «Огонёк», які не паспелі на сметнік вывезці, і быў рады, што грузчык не дапаў да літаратуры забароненае. Мусіць, калі калупаўся ў кантэйнеры, ён успомніў сваю маладосць бліскучую і сваіх настаўнікаў малінавых, што вучылі яго лагодна толькі аднаму — пільнасці да ўсяго варожага і забароненага. Дык вось, патрымаў грузчык маё чытанне, магчыма, гартануў трохі і кінуў назад у кантэйнер.

Маліўся б я на грузчыка да ікаўкі, каб так было. Але ж ён не кінуў, а за рубель усё да апошняй старонкі жонцы маёй аддаў. Ішла яна па двары, раней за мяне з работы вярталася... Ну, а далей можна й не расказваць. Адно дадаць трэба — грузчык ведаў, што толькі мы з жонкай у гэтым доме па-беларуску размаўляем, ну, відаць, і вырашыў пусціць сваю знаходку па самым дакладным адрасе.

Нічога, цяпер ужо я суцяшаў жонку, бяда пакуль малая. За дзень не прыйшлі, на рабоце не зачапілі, мусіць, прыглядваюцца. Ну дык і няхай! А сёння вечарам, дзе-небудзь пасля адзінаццаці, я прайдуся да Свіслачы, як збоку глянуць — на такі праменад лёгкі, і выкіну ўсю яе ў ваду. (Тут я дзеўбануў скручаным «Огоньком» у літаратуру забароненую.) Са Свіслачы зялёнае ніякі грузчык не дастане.

Не, сказала мая жонка, лепей я прайдуся пасля адзінаццаці і ўсё зраблю за цябе, мой дарагі, а ты сядзеш на тое месца, дзе і ўчора сядзеў, і гэтак жа ўголас пачнеш якую-небудзь газету савецкую чытаць. Я табе падрыхтавала тут усяго...

Зірнуў я на падваконнік, на пак газет, і ў сэрцы маім каханне забухала. Ну як тут жоначку разумную не прыгорнеш да пацалунка свайго. Што прыдумала інтэлігентка — ап'янець можна! Толькі гэта Шынялі наструняць свае антэны на маё вакно пераспелае, памідорнае, а я тут і ўлуплю на іхнюю хвалю прыёмную дэзінфармацыю дазволеную. Пра перабудову што-небудзь, пра вайну з бюракратамі...

Мы так і зрабілі.

Як толькі баўкнула адзінаццаць і пад вакном запаліўся ліхтар, жонка з прывязаным да літаратуры забароненае малатком (шкада, праўда, малатка, ды іншай жалязякі ў хаце не знайшлося) пайшла ў бок Свіслачы. А я заняў свой акоп каля вакна — адчыніў шырэй фортачку, зірнуў адным вокам на вуліцу, а другім, як тычкай, упёрся ў «Звязду» — у артыкул рэдакцыйны. Як толькі пад'едуць, я ім і ачухацца не дам — адразу ўрэжу. Пакуль жа для сябе стаў абкатваць пачатак першай фразы: «Сёння ў святле апошніх рашэнняў набываюць вялікую вагу...» Напачатку ўзяў высока, потым трохі ніжэй, але не спадабалася ні тое, ні гэтае. Лепей узяць недзе пасярэдзіне, пачаць словабрэхам звычайным, дыктарскім. Але ж... могуць падумаць, што гэта радыё... Не, трэба хвастаць сваім голасам і з прысвістам.

Усё ж даволі хутка я настроіўся на чытку, таму сядзеў сабе спакойна, можна сказаць — адпачываў, здзекліва ўяўляючы той спрыт, з якім неўзабаве прымуцца Шынялі намотваць на магнітафон артыкул звяздоўскі. У тым, што яны прыедуць, не сумняваўся. Працуюць жа не ў пажарнай.

Напрыканцы трэба сказаць, што галава ў мяне была свая, у сцяну ёю ніколі не тоўкся. Пакідаў думаць. Вось і на гэты раз таксама. Шкрабянула нешта ў падчарэп'і маім, рыпнула, шары і паўшаркі ўзбунтаваліся, як усё роўна пацук на жываце маім голым прабегся — лапамі, падла, па грудзіне зацопаў. Ажно шкарпэткі да пят папрысыхалі.

А што, калі не ўслухаюцца Шынялі, не ўшалопаюць, што «Звязду» чытаю, І падумаюць — учарашняе ім на антэну вешаю. Газета ж беларуская! А ўчора таксама ж па-беларуску языком лёпаў. Не, трэба мяняць мову, бо пасля не дакажаш ім, што Ілья — прарок, калі на лаўку халодную пасадзяць.

Я выцягнуў з гурбы газетнае «Советскую Белоруссию» і, як пішуць літаратары-пачаткоўцы, уздыхнуў з палёгкаю. От, было б — калі б і сёння папёр па-беларуску!

Пад вакном прагула машына і спынілася. Я нават не зірнуў на яе, упэўнены, што гэта ўчарашні жоўты начнічок з антэнаю на дашку і той самай лямпай сіняю, якой грэюць застуджаныявушы.

Часу ў мяне не было, каб выбраць з «Советской Белоруссии» паласу найбольш артадаксальную, і я пачаў з самага пачатку: «Пролетарии всех стран, соединяйтесь!»

21 верасня 1988

Пра тое, як я ў заходнеберлінскую оперу хадзіў


Трэба прызнацца — у Заходнім Берліне для чалавека нашага ўсё цікава, нават опера. Ну, што такое опера — ці расказваць? Чыталі ж!


I я не без гэтага — таксама чытаў. Не буду хлусіць, што мне вельмі спевы падабаюцца, але іншы раз люблю падцягнуць, пачуўшы песню ў двары, а ўслед за ёй — свісток міліцэйскі.

Кажуць, на оперу трэба настроіцца папярэдне. Ну дык я настроіўся яшчэ дома, калі пашпарт замежны атрымаў. Дый тут хвіліну кожную настройка эмацыянальная адбываецца. Куды ні зірнеш — перад вачыма ўсё Заходні Берлін, і вечар ужо на лоб насоўваецца, падыхваючы