Вужык. Голуб на плячы. Дак [Анатоль Бароўскі] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пяшчотны і добразычлівы – саграваў душу ўспамінам-бліскаўкай пра дзяцінства, а другі – маўклівы і насуплены – маўчаў, але ад яго сыходзіла нейкая незразумелая трывога. Яна шылася пад сэрца, тачыла, як шашаль дрэва…

Не пакідала яго трывога і тады, калі праводзіў у вагончыку пяцімінутку, і апасля, калі гаварыў з брыгадзірам Зыкавым пра дзённы план работы. Узмацнілася, сам не ведаў ад чаго, і тады, калі пачаў збірацца, каб адлучыцца на рыштаванні будаўніцтва кацельні для бальніцы – на другім канцы горада, у Беліцы… Нешта не пускала яго туды, як усё роўна калючы дрот чапляўся то за штаны, то за куртку, і нехта ўвесь час крычаў на вуха, каб не ехаў, каб застаўся…


3.

– Ну, дык як, Андрэевіч, – не адступаў ад яго брыгадзір Ступакоў з таго ж аб’екта – не ладзілася ў яго работа на кацельні і ён прыехаў да прараба за падтрымкай і дапамогай, – едзем ці не?

– Едзем, Алесь, едзем, – махнуў рукою на свае трывогі і першы падаўся да легкавіка, на якім прыімчаў брыгадзір.

Праз колькі хвілін заехалі на будаўнічую пляцоўку бальніцы. Васіль Зубрыцкі з першага позірку вызначыў, чаму не ідуць справы ў брыгадзіра, пачаў тлумачыць, паказваць, адначасова і папракаючы яго ў няўмецтве арганізаваць работу.

І як толькі яны падышлі да кацельні – падняліся на штабель складзеных адна на адну панеляў перакрыццяў, – да Зубрыцкага падкаціўся калабком намеснік галоўнага ўрача па гаспадарцы Лявонаў, акругліў вочы, нейкім спалоханым голасам абвясціў:

– Васіль Андрэевіч, цябе тэрмінова выклікаюць да тэлефона, проста неадкладна…

“Ну, во, нездарма ўсё… Пра што і папярэджваў вужык?..”

– Хто?

– Не ведаю. Прасілі, каб паклікаў адразу, як прыедзеш.

Зялёная слухаўка ляжала на паліраваным стале, чорны шнур, скруціўшыся, нагадваў таго вужыка, што прысніўся ноччу. “Эх, вужык, вужык, і праз шмат гадоў ты бароніш мяне ад бяды… Папярэджваеш, хвалюешся за мяне, і дзякуй табе за тое – лягчэй, падрыхтаванаму ўжо, пераносіць удары лёсу…”

– Зубрыцкі слухае!

– Васіль Андрэевіч, гэта Зыкаў. У нас, братка, бяда…

– Якая бяда – не цямні!? – адразу немаведама чаго ўзарваўся прараб – не вытрымалі нервы ад доўгага прадчування той бяды. – Ну?!

– Архіпаў загінуў… бетоншчык…

– Як загінуў?! Чаго? Дзе?!

Зыкаў памаўчаў крыху, мусіць, збіраўся з сіламі ці падбіраў патрэбныя словы, даказаў:

– На яго ўпала пліта. Яе бульдозер ссунуў. А Віцька не ведаў, што ён у кар’еры. Бяда адным словам, Андрэевіч. Прыязджайце, на месцы пабачыце…

“Эх, вужык, вужык!.. І адкуль ты, дружа, ведаў, што так будзе? Так стараўся мне пра гэта сказаць, і… Каб жа ўмеў ты гаварыць, а не толькі папярэджваць. У дзяцінстве я цябе, здаецца, разумеў, кожнае жаданне разумеў. А дарослым стаў, то і разарваліся духоўныя нітачкі, што звязвалі неадрыўна нас… Эх, вужык, вужык…”

Здарылася тая бяда на будоўлі у перадапошні дзень снежня.

Ён гуляў з ім, як з малым шчанюком ці кацянём, – хаця такое параўнанне можа было і недарэчным: ні гаўкаць, ні мяўкаць вужык не ўмеў. Маўчаў, як рыба, хаця і да рыб ён не меў дачынення, хіба толькі мог выдатна плаваць…

Васілёк з ім дружбу завёў можна сказаць нечакана, выпадкова, бо хіба можа дружыць чалавек і паўзучая істота?

Гады былі галодныя, і, каб пракарміцца, рашылі з маці, што ён будзе пасвіць людскую гавяду.

На самым пачатку вайны на бацьку прыйшла пахавальная…

Бацька яму помніўся вясёлым і гаваркім, з гармонікам і высокім светлым чубам…

І запомнілася, як ён насіў Васілька на плячы, – тады здавалася, што падымаў ён яго пад самае неба, вышэй, чым ляталі птушкі і самалёты… І як гушкаў на арэлях… Прывязваў бацька на ланцугах дошку да перакладзіны, якую паклаў на дзве грушы-дзічкі, што раслі ўпобачкі, – і разгойдваў яго, здавалася, вышэй за тых дзічак… Страшна было, але стараўся не паказваць той страх бацьку…

І на кані катаў… Усё засталося ў дзіцячай памяці светлым і прыемным напамінкам…

Маці пасля здзіўлялася – няўжо ён у чатарырохгадовым узросце мог памятаць такія падрабязнасці? А ён усё памятаў, да самых драбніц і дробязяў… Аднаго хіба не запомніў – як бацька пайшоў на вайну. Ну не помніць, і ўсё тут. Загуляўся з хлапчукамі на задворку, і вельмі ж не хацеў ў азарце гульні ісці развітвацца з бацькам. Думалася тады: сходзіць бацька на тую вайну і вернецца хутка. Верылася, што бацька адлучыцца ненадоўга, – раніцай ці заўтрашнім вечарам адчыніць дзверы ў хату. Бо і раней такое было – развітваўся, і неўзабаве вяртаўся дадому – Васілёк і замаркоціцца па ім не паспяваў…

Старэйшы брат, Сяргей, быў яшчэ ў войску – доўга пасля перамогі не адпускалі дадому. Васілёк дужа засумаваў па ім, і таму не мог дачакацца, калі прыедзе – ото было б лягчэй: што ж ён можа сваімі дзіцячымі рукамі? І ў хаце пуста – нішчымніца і голад, штодня ў жываце жабы крумкаюць… А так бы зажылі вясёла са старэйшым братам і матуляй.

– Пайду я, мамка, у пастушкі,