Паляванне ў райскай даліне [Алесь Разанаў] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

снежнай грувасткай дарозе з малою сваёю дачкою паволі іду ў мястэчка.

Калі падыходжу — бачу: тут адбываецца мітынг — ля самай дарогі, побач, на голым палетку, і чую ўзварушаную гаману.

На ім верхаводзіць ксёндз — колішні мой хаўруснік з часоў вальнадумнасці і маладосці з вострым і ясным абліччам ці ветаха, ці маладзіка.

І словы, што ён цяпер прамаўляе, вострыя, нібы лёзы; крэсляць яны на целе прасторы зацятыя рэзкія рысы і падзяляюць усіх, хто іх слухае, напалам.

У цэнтры мястэчка, ля крамы, таксама сабраліся людзі. «Трэба яго павесіць! Ён — шкоднік», — гучаць адны галасы. Другія пярэчаць: «За што? Не ён вінаваты ва ўсім, што так сталася, а вунь тыя...» — і пальцы паказваюць угару.

Доўга стаім тут, але дарэмна: машыны з хлебам няма і няма. І толькі калі пачынае брацца на вечар і на ліловым небе ўзыходзіць зіхоткі месяц, разыходзімся па дамах.

З малою дачкой і парожняю кайстраю за плячыма падаюся той самай, занесенай снегам, дарогай назад.

Нічога ўжо не чуваць, не відаць, ужо скончыўся мітынг, але там, дзе ён быў, на сялянскім голым палетку, адтала зямля.


Рэчы-іі

У крамных вітрынах павыстаўляны рэчы — мо для сустрэчы, а можа, для развітання.

Нібы ля сваіх дарагіх нябожчыкаў, мы спыняемся каля іх, аглядаем іх, убіраем іх у душу і ў памяць.

І адчуваем, хвалюючыся, што з імі нас звязвае тайнае падабенства, бы некалі, напачатку, калі Бог тварыў свет, мы былі гэтаксама рэчамі і будзем некалі зноў.

Усё, чым багаты мы, — гэта рэчы, і ўсё, перад чым мы аказваемся багамі, — яны.

Мы адыходзім далей.

Але застаюцца ў вітрынах рэчы, а ў рэчах — мы.


Нож з драўлянымі тронкамі

І вось, бутэлькі з віном і гарэлкай, якія я здолеў здабыць на вакзале ў краме, кудысьці зніклі.

Толькі ў самым кутку каморы сярод папяровых падраных абгортак знаходжу адну з вузлаватага белага шкла бутэльку і доўгі, з драўлянымі тронкамі, нож.

Мяне апаноўвае злосць і роспач: «Ну, я ж яму пакажу! Ён і сюды дабраўся, стары мой п'яніца-бацька...» І па гарачых слядах я кідаюся яго шукаць.

Ён ляжыць у пакоі, на сваім ложку, на якім потым памрэ, і калі я замахваюся на яго нажом, заўважаю яго спакойны і ўсмешлівы позірк, у якім тлее нейкі інакшы, чым я разумею, сэнс.

Ён не баіцца нажа, яго нават, здаецца, цешыць, што я спрабую яму перашкодзіць памерці сваёю смерцю і як бы бяру яе на сябе...

Я спахапляюся: Божа, што я раблю, з кім змагаюся, каго караю?!. Мы апаілі жыццё віном і гарэлкай сваіх пачуццяў і самі сп'янелі і, п'яныя, гаспадарым, адстойваем сваю праўду, выносім прысуды...

Я апускаю паволі руку, узнесеную над бацькам, і пакідаю бацьку ўсё, што маю з сабой: з драўлянымі чорнымі тронкамі нож і не ўзятую ім з вузлаватага белага шкла бутэльку,

і пакідаю бацьку ягоную смерць.


Дарожныя знакі

Мы на шляхах: з рэчаіснасці, дзе ўсё змяняецца то паступова, то раптам, у рэчаіснасць, якая прыцягвае нашу бязмоўную і невідушчую ўвагу, нібы магнітную стрэлку полюс, і ў абсязе якой мы робімся тымі, кім ёсць.

Мы паміраем на ноч, але не належым ночы,

уваскрасаем на дзень, але не належым дню.

Нашы малыя жыцці і нашы малым смерці выводзяць нас у наступнасць, дзе мы адчуваем-распазнаёмся, што мы тут ужо былі.

Як рухаецца па складах і па словах увага, каб прачытаць урэшце завершаны сказ, гэтак чытаем бесперастанку мы самі сябе, і як важна пры гэтым не схібіць, не зблытацца, не запнуцца, а ўсё прачытаць па парадку і цалкам засвоіць нам скіраваны змест.

З глыбіняў вякоў узнікаюць і зноўку знікаюць дарожныя знакі — людзі, што сустракаюцца нам на нашых шляхах.


ПАЭМЫ


Паэма пагашаных люстэрак
Мы гуляем у хованкі:
сховы.
Небяспечныя хлеб, вада.
Праз парушаныя асновы
прабіваецца лебяда.
Як зіхцела жыццю звышмэта!..
Лета,
чорнае ад пакут.
Кожны кут абшукаю:
дзе ты?!.
Адгукаецца водгук:
тут.
Ношка цяжкая
ураджаю.
Нерухома стаяць сады.
Хто каго з нас апераджае?
Быццам веды —
вядуць сляды.
Асляпляльны дарунак боскі:
не ўмясцілі календары.
Сустракаюць
пустыя вёскі,
абязлюднелыя двары.
Што вам згадваецца,
раздарожжы?
Што вы памятаеце,
платы?
Зазіраю ў люстэркі:
можа,
у якім засталася ты?!.
Успаміны
тлумачаць нешта,
прагнуць будучыняю ўзысці.
Каб успомніць цябе дарэшты,
мушу зноўку цябе знайсці.
То зацягваючыся імглою,
то квітнеючы ззяннем,
бярог
свет свае таямніцы:
малое —
дарагое:
ў найменшым — Бог.
Расшчапіліся раптам
хвілі —
i адкрылася бездань сама.
Мы з табою жыццё хвалілі.
Без цябе мне
жыцця