На ўсякім свеце [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пахавалі яго чарнявым, сам увесь у белым і з белай торбай на плячы, перавязанай чырвонай стужкай.

“Пашукаў ён у торбе, - распавядаў дзед, - і дастаў арэхавы свісток. На, кажа, сынок, гэты свісток, ён чароўны. Адзін раз у яго свіснеш - і памрэ той, каму смерці пажадаеш. Два разы свіснеш - і ажыве той, каго ўваскрасіць захочаш. Тры разы свіснеш... - працягнуў мне свісток бацька, які стаяў за тры крокі ад мяне і бліжэй не падыходзіў, а я са страху нібы ў гару ўрос, ступіць не мог, каб свісток узяць, толькі нахіляўся, з усіх сіл цягнуўся насустрач, вось ужо пальцы мае ягоных пальцаў крануліся, мяне як маланкай прабіла, рука торгнулася - і свісток з бацькавай далоні не ў руку мне, а на зямлю ўпаў і пакаціўся з гары, якая раптам расступілася і ўдыхнула ў сябе бацьку, як туман, і выдыхнула, як воблака, якое ў неба паплыло, нібы душа бацькі. Так і не паспеў ён сказаць мне, што будзе, калі тры разы свіснеш, а я кінуўся ў спудзе дахаты. Назаўтра пайшоў свісток шукаць, ды дзе ты яго на той гары знойдзеш, калі нават не помніш, з якога боку стаяў, у якім месцы гара расступілася...

Усё дзяцінства Стасева было прабеганае па Крывой гары ў пошуках чароўнага свістка. І пазней, ужо дарослы, колькі ні шукаў - не знайшоў. А калі б і знайшоў, дык што?..

А вось што: адзін раз свіснуў бы! Каб усе разам з ім сканалі. Не толькі ў Каранях ці Багушах - ва ўсім свеце. Не аднаму ж яму паміраць! Няма яго, дык няма нікога. Тады справядліва.

Калі ж двойчы свіснуць, каб некага ўваскрасіць, дык каго? Хто гэтага варты?.. Хіба маці з таго свету вярнуць?.. Бацьку? А навошта?.. Каб зноў мучыліся? Гарбелі ад ранку да ночы толькі дзеля таго, каб пракарміцца? Спіны не разгіналі на зямлі, дзе, пасеяўшы мех, добра, калі збярэш два. Не, хай яны ўжо лепш у гэтай зямлі адпачываюць...

А тыя, каму яшчэ жыць, няхай на зямлі гэтай мучацца. Не заслужылі яны, каб так лёгка: раз - і на неба. За што?.. І шукаў Стась свісток толькі дзеля таго, каб паглядзець, што ж будзе, калі свіснеш тройчы? Можа, Страшны суд?.. Ці проста сам памрэш. Свіснуў тры разы - і даволі.

Увогуле жыццё - тры разы свіснуць.

- Я ўсё ведаю, - прыпадняўся і шапнуў Стасю на вуха Мацей. - І пра свісток, і што будзе.

Пра свісток ён, канешне, можа ведаць, пра гэта ўсе ведаюць і ў Каранях, і ў Багушах... Але пра тое, што будзе, калі тройчы свіснуць, скуль ведае? А калі ведае, дык як? Як жывы, ці як мёртвы?

- Скуль ты ведаеш?

- Скуль, скуль... Сказаў Стапуль! - з каранёўскай прымаўкай лёг роўненька ў труне Мацей. - Стуль і ведаю. А скажаш так, каб па мне заплакалі, як па апошнім беларусе, дык і ты будзеш ведаць.

З чаго яму так закарцела апошнім беларусам стаць?.. Яшчэ дзесяць мільёнаў беларусаў жыве на белым свеце, дзякуй Богу. А ён: я апошні.

- Ты не апошні беларус, Мацей. Яшчэ дзесяць мільёнаў беларусаў на свеце жывуць. І я не магу пра цябе казаць, як пра апошняга.

Знізу ўверх, ад падбароддзя да лобу праплыла ўсмешка па твары Ма­цея - неяк дзіўна ўсміхаюцца гэтыя нябожчыкі.

- Думаеш, жывуць?..

- Што тут думаць? Недаўна перапіс быў: дзесяць мільёнаў. Ну, трохі меней... Але колькі яшчэ ў Расеі, колькі ў Еўропе, Амерыцы...

Мацей зноў падскочыў:

- І там ніхто не памёр, апроч старых эмігрантаў! Разумеет? Ні тут, ні там - ніхто! А я знайшоў свісток! Свіснуў адзін раз, каб усе са мной разам!.. І што? А нічога! Ніхто!.. Ну, думаю, дай свісну двойчы. Каб ажылі. Ды ў апошні момант цюкнула: гэта ж і стары Страх ажыве, а я тры рублі яму вінен. Дзе я тыя тры рублі, яшчэ савецкія, вазьму? І не свіснуў другі раз, а як бы заікнуўся свістам. Выйшла так: не два, не паўтара... І папёрлі гэтыя... З боку Каранёў, з Крывой гары... Не жывыя, не мёртвыя... Ды яшчэ ты! Нібы жывы, а сказаць пра мяне нічога не можаш!..

З усяго, што хутка-хутка, як заведзены, прагаварыў Мацей, Стась не зразумеў амаль нічога. Апроч таго, што Мацей знайшоў свісток.

- Ты чароўны свісток знайшоў на Крывой гары?

- Знайшоў! Толькі не на гары.

- А дзе?

- Пад гарой.

- Дзе пад гарой?

- Там, куды ён скаціўся. Гару трэсла - і ён скаціўся. Я знайшоў і свіснуў. Адзін раз. Каб справядліва, каб разам са мной памерлі ўсе беларусы. Апроч дзяцей, якія яшчэ не ведаюць, хто яны. Каб і ў Багушах памерлі, і ў Каранях, і ва ўсім свеце. А ніхто не памёр! Толькі старыя эмігранты ў Амэрыцы. Што не зразумелага?

Зразумелага было па-ранейшаму мала, таму Стась спытаў не наўпрост, каб час пацягнуць:

- Калі гэта Крывую гару трэсла?

- А калі ў Румыніі землятрус быў, які ўсіх пісьменнікаў румынскіх у адным доме накрыў! Забыўся?

Ну, дапусцім, пра землятрус у Румыніі Стась помніў. Але пры чым тут Румынія? І пісьменнікі румынскія?

- Пры чым тут Румынія з румынскімі пісьменнікамі?

- Як пры чым? - хацеў вылезці з труны, але перадумаў вылазіць, бо паглядзеў на падворак і нідзе лепшага месца не знайшоў,