Прынцэса з тусоўкі [Яўген Хвалей] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

якой гэтая «ідылія» будзе ў будучым, праз гадоў дзесяць — дванаццаць? Пэўна, ёй яшчэ давядзецца вучыць іх, гэтых пакуль бяскрыўдных, наіўных птушанят...

Не, і садок, была ўпэўнена, павінен рыхтаваць будучых грамадзян. Чалавек пачынаецца менавіта з гэтага садковага ўзросту. Не паспеў, пасля не нагоніш. I часта школа бывае бяссільнай. Як ні б'ецца настаўнік, як ні стараецца, а час ужо страчаны.

Гледзячы на гэтую садковую «ідылію», Антаніна Фёдараўна падумала і пра свайго Алега. Яго яна таксама вось так вадзіла ў садок, кожную раніцу. Спачатку заходзіла ў садок, пакідала Алега, а потым ішла ў школу. I так кожны дзень, пакуль Алег не пайшоў у першы клас. I ў садку, і ў школе, здаецца, на Алега нараканняў не было. Як магла, выхоўвала яго, каб стаў чалавекам. Хоць ох як нялёгка сёння ў горадзе выхоўваць дзяцей! Часцей за ўсё —і на гэта шмат прычын — дзеці самі сабе, бацькі самі сабе. Так і жывуць...

Зараз яе Алег — студэнт юрфака. Як бягуць гады! Страшна падумаць: ёй ужо сорак два...

А здаецца, зусім нядаўна яна прыехала паступаць у педінстытут з простай вілейскай вёскі Цынцэвічы. На матфак паступіла з першага разу — школу яна скончыла з залатым медалём: здала адзін экзамен, тую ж матэматыку, «на выдатна» і была вызвалена ад далейшых іспытаў. Чаму выбрала матэматыку? А вельмі проста: тады, у шасцідзесятых, былі вельмі модныя дакладныя навукі. Аднакласнікі проста трызнілі аўта-электра — радыёфакульгэтамі, адпаведнымі інстытутамі, тэхнікумамі. I проста смеху былі вартыя тыя, хто збіраўся звязаць свой лёс з гуманітарнымі навукамі, напрыклад, філалогіяй. Хлопцы наогул не ішлі на гуманітарныя факульгэты. Расказвалі, адна выпускніца іх школы паступіла на філфак педінстытута, дык толькі адзін бедны хлапчына — здаецца, з Палесся — быў у яе групе. А на ўсім курсе — сем-восем хлопцаў, астатнія — дзяўчаты. Дзіва! Можна было ўявіць тагачасныя школы, у якія, кажучы мовай іхтыёлагаў, плылі касякамі выкладчыкі жаночага полу. Школа фемінізавалася — і гэта, як пазней выявілася, стала яе бядой...

Не, яна не баялася паступаць на гуманітарны факультет. Любіла ўсё жыццё мову, літаратуру, гісторыю. Добра малявала, нават пісала вершы. Але ўжо тады пачала задумвацца: а ці не прыбудзе на яшчэ адну ахвяру часу, ці не стане ў школе больш на яшчэ адну настаўніцу мовы і літаратуры, прафесію якой амаль усе лічылі непрэстыжнай? Ах, парадоксы часу! Ісціна: час нараджае нас і час выбірае нас...

Стаць педагогам яна цвёрда вырашыла ў дзесятым класе. Ёй падабалася гэтая высакародная прафесія — сеяць разумнае, добрае, вечнае. Ніколі не забудзе яна фільм «Настаўніца», які паглядзела, калі вучылася ці то ў дзевятым, ці то ў дзесятым класе. Варвара Сямёнаўна, якую выдатна сыграла вялікая актрыса Вера Марэцкая, запалоньвала, прыцягвала з такой сілай, з-пад улады якой цяжка было выйсці. Хацелася быць падобнай на Варвару Сямёнаўну. I ў душы яшчэ юнай Тоні выспела канчатковае рашэнне: будзе толькі настаўніцай.

Так яна стала студэнткай. Бацька і маці —радавыя калгаснікі, якія атрымлівалі за сваю працу капейкі. А дома, з бацькамі, — трое вучняў. Два браты і сястра. Бацькі біліся як рыба аб лёд. Стараліся дапамагчы ёй апошняй капейкай. Павышаная стыпендыя, якую яна атрымлівала, была пяцьдзесят рублёў. А хацелася ж не толькі паесці, але і апрануцца, схадзіць у тэатр і кіно. Так прабеглі чатыры студэнцкія гады, якія, здавалася, ніколі не скончацца... На размеркаванні яна ішла як выдатніца вучобы, з чырвоным дыпломам, адна з першых. Выбрала вось гэтую самую школу вялікага горада. Выпускнікоў, амаль усіх, накіроўвалі ў вясковыя школы, а яна засталася ў гарадской.

Тады крыху страшыла: гарадскіх дзяцей яна амаль не ведала. Што тыя некалькі месяцаў педагагічнай практыкі на пятым курсе! Хадзілі, адбывалі дні... Бо нешта ўнесці адметнае, сваё — і гаворкі не было. Ты быў пад непасрэдным наглядам кіраўніка, выкладчыка матэматыкі, які ні на крок не адступаў ад зададзенай схемы, праграмы. Ну і адпаведнае было рэагаванне вучняў на практыканта. Ты быў для іх ледзь не роўня. I нічога не складала для якога-небудзь закаранелага троечніка-васьмікласніка ўстаць на ўроку і задаць табе пытанне: «Скажыце, а вы замужам?»

Студэнткай яна не паспела, як тады казалі, выскачыць замуж. Дзяўчаты-аднакурсніцы выскоквалі адна за адной. А яна не спяшалася. Хоць хлопцы і былі. Сама, можна сказаць, прыгажуня была: чорныя бліскучыя валасы, якія насіла, дый цяпер любіць насіць, акуратна расчасаўшы, ажно па плечы. Ззаду, калі паглядзець, — ручай пераліваецца пад промнямі сонца. На авальным твары таксама, здаецца, усё прывабнае: бела-ружовыя шчокі з ямачкай на левай шчацэ, вочы — карыя, адкрытыя, жывыя, заўсёды з таямнічай іскрынкай. Сярэдняга росту, з прывабнай таліяй. I вядома ж, выйсці замуж яна магла б і тады, студэнткай. Але не раз успамінала словы мамы, вясковай працаўніцы: «Дачушка, не спяшайся сябе аблытаць, яшчэ нажывешся і замужам, як і я. I дзетак дачакаешся... Перш-наперш скончы інстытут, а потым ужо і замуж можна. Не хвалюйся, не --">