Вайна каля Цітавай копанкі [Іван Навуменка] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

весела шчабяталі і ўсе адразу раскрывалі свае жоўтыя дзюбы. Як толькі да гнязда падляталі дарослыя ластаўкі.

Можна ж было пачакаць і не разбіраць гумна да таго часу, пакуль не падрастуць у гнёздах птушаняты. Але Тарабан нават не паглядзеў на ластавак, якія, трывожачыся за сваіх дзяцей, насіліся над самай яго галавой. Ён са злосцю раскідаў старое гумно. Маленькія ластавачкі загінулі ўсе, а Яша цэлы той дзень праплакаў.

Вечарам ён пайшоў да Тарабанаў. На свае ўласныя вочы Яша бачыў, як прыцемкам стары Тарабан завярнуў у свой двор воз з самымі лепшымі бярвеннямі і дошкамі з іхняга гумна. Гэтыя дошкі і бярвенні ён схаваў у сваім хляве пад саломай.

Тарабаны ледзь не штодня крыўдзілі Яшу. Але ён дзень пры дні хадзіў да іх і нават не ўяўляў сабе, што калі-небудзь парвецца гэтая яго няроўная дружба з рудым Алёшам. Без дазволу Тарабана з ім не сталі б гуляць ні Змітрок Калашкан, ні Алесь Бахілка, якія жылі зусім блізка ад Яшы. Яны заўсёды хадзілі ўслед за Алёшам, ва ўсім яму падтаквалі і гатовы былі дзеля яго есці зямлю. Без дружбы з рудым Алёшам нельга было купацца ў Цітавай копанцы, дастаць смачнай вішнёвай смалы з Салвэсевага саду, пагуляцьу «ялавога» або «крутавога».

Алёша дзякуючы сваёй сіле і спрыту быў завадатарам на вуліцы, усімі камандаваў, і ніхто, вядома, не мог адабраць ад яго гэтай улады. Сіла рудога Алёшы яшчэ болей узрасла з таго часу, як яго бацька пакінуў калгас і стаў загадваць самай вялікай крамай на сяле.

II

Пачаліся першыя ў Яшавым жыцці канікулы. Вучняў адпусцілі да самай восені. Яша перайшоў у другі клас і цяпер трошкі звысоку паглядаў на тых, хто толькі збіраўся ў школу. За добрую вучобу хлопца ўзнагародзілі кнігай «Містэр Цвісцер». Гэта была цудоўная кніга, і Яша ёю вельмі ганарыўся. Такія кнігі ў іхнім класе далі толькі дваім: яму і Лізе.

Яшу вельмі хацелася паказаць каму-небудзь школьны падарунак. Хваліцца кнігай рудому Алёшу ён не асмельваўся. Сам Алёша вучыўся не дужа добра і, вядома, не мог ухваліць Яшавай прэміі. Ён яшчэ мог і парваць кнігу.

Яша пайшоў з кнігай да дзеда Атрахіма. Дзед жыў цераз вуліцу, насупраць іхняга двара. У калгас ён не ўступіў і лічыўся аднаасобнікам.

Паедзем, унучак, сеяць грэчку, — сказаў дзед. — Я забараную, а ты пасля папасвіш каня на поплаве.

Яша ахвотна згадзіўся. Наконт дзедавага каня ў яго былі свае планы. Яшу хацелася праскакаць верхам на кані па вуліцы, каб яго ўбачыла настаўніца Марыя Рыгораўна ці Ліза. Пра гэта хлопец марыў усю зіму. Ён уяўляў сабе, як здзівяцца Ліза і настаўніца, калі ўбачаць, што Яша, ані не баючыся, імчыцца як вецер на кані.

Яшавай прэміі дзед Атрахім ніколькі не ўзрадаваўся. Ён узяў кнігу, пакруціў яе ў руках і, аддаючы Яшу, падазрона спытаў:

— Ты, можа, у гэтыя канцамолы запісаўся? Можа, начэпіш на шыю чырвоную хустку і будзеш гарланіць, што Бога няма? А то завошта табе далі б гэтую кнігу?..

Дзед сам чытаць не ўмеў, і Яша яго лёгка супакоіў, што кніга не бязбожная.

— Я добра вучыўся, і мне далі кнігу як падарунак, — сказаў ён.

— Якое цяпер вучэнне, — сумна ківаючы галавой, прамовіў дзед Атрахім. — Чаму вас цяпер вучаць? Бацькоў не слухацца, Бога не паважаць. Свет цяпер такі пайшоў...

Дзед Атрахім не прызнаваў новых парадкаў. Асабліва крыўдаваў дзед за Бога. Ён не мог пагадзідца з тым, што Яшу вучаць не хадзіць у царкву і не верыць папу.

— Не слухай, унучак, гэтых супастатаў, — гаварыў дзед, — без Бога ў душы чалавек, як быдла. Ён тады нічога не баіцца і не шануе.

Перад Вялікаднем дзед вадзіў Яшу на споведзь. У царкве было многа людзей, яны спявалі, плакалі, станавіліся на калені. Дзед падвёў Яшу да папа. Поп накрыў Яшаву галаву бліскучай хусткай.

— Грэшан, — адказаў Яша, як навучыў яго дзед, і пацалаваў крыж.

Пасля гэтага поп даў яму лыжачку салодкага прычасця.

— Дай яшчэ, — папрасіў Яша, але дзед спалохана пацягнуў яго за крысо.

Яшава споведзь не абышлася без вынікаў. У царкве ў тую ноч была дзяўчынка, якая вучылася разам з Яшам. Яна таксама спавядалася, але гэта не перашкодзіла ёй расказаць пра ўсе настаўніцы Марыі Рыгораўне. Назаўтра на школьнай лінейцы назвалі Яшава прозвішча. Ён выйшаў на тры крокі наперад з шарэнгі, што выстраілася ў доўгім школьным калідоры.

— Ён цалаваўся з папом, — паказваючы пальцам на Яшу, грымеў на ўвесь калідор дзяжурны, вучань сёмага класа. — Ён забыў, што рэлігія — опіум народа...

Уся школа глядзела на Яшу, і яму было вельмі сорамна. Ён тады ледзь не заплакаў.

Яша пасля гэтага, можа б, і не хадзіў да дзеда Атрахіма, але дзед умеў прыгожа расказваць казкі і іграў на скрыпцы. Ён заўсёды частаваў Яшу чым-небудзь смачным. I яшчэ ў дзеда было шмат мікалаеўскіх і керанскіх грошай.

— За гэта можна было, унучак, купіць цэлую хату, — скардзіўся дзед, даючы Яшу прыгожую паперку, якая некалі значыла цэлых сто рублёў.

— Дык чаму ж вы, дзеду, не купілі?

— А хто ж яго, унучак, ведаў, што настане гэтакі час.

Яша дзівіўся. Дзедава хата была старая, складзеная з паточаных