Вершнікі на дарозе [Маргарыта Латышкевіч] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

партрэты, адзін па адным. Чалавечыя сыны, як я чуў, пакутліва прагнуць жыць веч­на і таму намагаюцца ўвекавечыць хоць бы сваё падабенства. Я запаволіў крок і звузіў вочы, спрабуючы знайсці ў выявах на сцяне штосьці агульнае з тым упартым Падвеем, якога памятаў.

— Косткасей. — пранёсся ледзь чутны, але настойлівы шэпт, так што я сумеўся і не стаў затрымлівацца.

Яна зараней падрыхтавалася: у замку ўсе спалі. Я прамінаў вартавых, што пасопвалі стоячы, абапёршыся на алебарды. Пакаёвак і служак, што паснулі за працаю — хто на стосе бялізны, хто ў абдымку з недачышчаным кацялком. Шэпт вёў мяне далей, да вузкай каменнай лесвіцы, што, закручваючыся, ішла ўверх.

На самым версе быў пакой, асветлены зыркім агнём у каміне. Мой цень на сцяне выкруціўся і пачварна разросся, а агонь сярдзіта патрэскваў, і сіпеў, і сыпаў непрыемнымі, калючымі іскрамі. Бадай, адзіны з усіх вартавых у гэтым замку, які не спаў.

— Ну, ну, — сярдзіта шапнуў я агню. — Мяне сюды паклікалі, ясна?

Побач з камінам на мядзведжай шкуры стаяла калыска, і ў ёй спала, падклаўшы дробны кула­чок пад шчаку, дзіця. Побач з дзіцем у фатэлі спаў і Падвей — гэты значна пасталеў, узмужнеў і, здаецца, пазмрачнеў. Спаў трывожна, хмурыўся ў сне і абяссілена варушыў пальцамі на ручцы фатэля, быццам марна спрабаваў злавіць чыюсьці руку.

Марэна стаяла далей ад каміна, каля акна ў алавянай аплётцы, глядзела на дождж і нават не азірнулася, калі я ўвайшоў. Сукня на ёй была цяжкая і пышная, з зялёнага аксаміту, і валасы падабраныя наверх, узбітыя ў дзіўную высокую прычоску.

— Едзем, князёўна, — сказаў я, працягваючы ёй руку. Не пытаўся, а сцвярджаў, бо яна сама менавіта дзеля гэтага паклікала мяне сюды.

— Едзем. — глуха адказала Марэна. Павярнулася на абцасах, закручваючыся вінтом, і на імгненне стала языком белага агню, і выслізнула з нязручнай сукні, так што валасы ўкрылі яе, быц­цам вогненна-залаты плашч. Князёўна, зноў ззяйкая і серабрыста-белая, безуважна пераступіла цераз скамечаны аксаміт на падлозе і абаперлася на мой локаць.

— Едзем! — паўтарыла весела, усміхаючыся так, што на белых шчоках паўмесяцамі прарэзаліся ямінкі.

У калысцы тоненька і жаласна заплакала дзіця. Падвей варухнуўся ў сне, прашаптаў нешта, але не прачнуўся.

— Хутчэй, — папрасіла Марэна, калоцячыся, як ад холаду. — Прэч адсюль.

Я падхапіў яе, і мы пранесліся праз увесь замак, быццам парыў ветру. Вараны конь ужо чакаў нас, біў капытом, высякаючы іскры. Над самым замкам зноўку ўспыхнула блакітнае зарава, і пакаціўся, кульгаючы, гром. Мы пакаціліся прэч разам з ім, аглушаныя грымотамі, і князеўна, якую я пасадзіў перад сабой, аніводнага разу не азірнулася. Раз-пораз яе плечы скаланаліся, але твару яе я не бачыў, таму не магу сказаць — плакала яна ці смяялася.

Князь асабіста сустракаў яе на мяжы. Стаяў разам са світаю каля белага каменя, апаясанага пляценнем чароўных знакаў, і сярэбраная выкшталцоная вышыўка на доўгіх рукавах ягонага ўбору ззяла, быццам іней на сухой траве. І вочы ў яго ззялі таксама — халодныя, быццам іней.

Я прытрымаў гарачага каня, дапамог князёўне спешыцца. Яна адразу ж амаль бегма рушыла да бацькі. Той абняў яе, укрыў уласным плашчом з галавою.

— Мы так сумавалі без цябе, любае наша дзіця, — спакойна сказаў ёй Сотвар. — Добра, што ты нарэшце з намі.

Ён павольна правёў тонкай рукой з унізанымі пярсцёнкамі пальцамі па галаве Марэны, схаванай пад сіняй тканінай, — і абрысы фігуры пад плашчом вокамгненна зніклі. Я здранцвеў, я заскрыгатаў зубамі, сціснуўшы ў кулаку аброць. Мне падавалася, што дзяўчынка і так атрымала належную навуку, пакарала сама сябе.

А князь падхапіў нешта пад плашчом і пасля рэзка сцягнуў яго долу. Трымаў на пальчатцы маленькага натапыранага белага сокала, які ўспуджана біў крыламі і крычаў.

Крычаў так пранізліва і жаласна, што разрывалася сэрца.

— Косткасей, — князь падняў яркія шэрыя вочы на мяне. — Калі той чалавек з'явіцца, ты ведаеш, што рабіць.

Я нахіліў галаву. Здагадацца, чаго ён хацеў, было нескладана. Гэта чалавечыя сыны, на сваё шчасце, схільныя забываць, а мы, як і сама зямля, памятаем доўга, бясконца. Таму не ўмеем выбачаць.

Па шчырасці, я неяк падсвядома чакаў, што гэты ўпарты хлопчык хутка з'явіцца. Чакаў не дзеля княжага загаду — проста гэта падавалася мне прадвызначаным зараней, яшчэ ў той дзень, калі Падвей упершыню прыехаў сюды, на мяжу.

І ён з'явіўся. Зноў прыскакаў на белым кані — узмыленым, загнаным.

Па першым інеі пайшоў да стаячых камянёў — змрочны і ціхі, з хваравіта завостранымі рысамі твару, з ценямі пад вачыма. Памежныя чары, мусіць, пазналі яго, таму што прапусцілі далей, і ён сам змог падняцца на курган. Стаўры пільна сачыў за ім, але не гыркнуў і не забрахаў. Таксама пазнаў.

— Я. я прыехаў па яе, чуеце? — хрыпла