Эрыніі [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично, страница - 25


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

супляменнікі Ларыёна. Ён прымасціўся ў тамбуры ля акна і ўвесь час стаяў, раз-пораз прыціскаючыся, калі яго піхалі, часам знарок, да сценкі.

К вечару стала больш свабодна. Цягнік грукатаў, Слядак асцярожна паспрабаваў прыадчыніць бруднае акно — тое якраз аказалася незаблакіраванае, — і ў твар яму пругка пацёк струменьчык свежага паветра.

За вакном мільгаў, калі-нікалі мяняючыся, адзін і той жа сумны пейзаж: рэдкія баракі прымітыўных сельскагаспадарчых кластэраў, паляны ад даўно высечанага лесу, на месцы якога перад вачыма часам праплывалі бязладныя кампактныя паселішчы; гісторыя павярнулася назад і спынілася на прыкладзе былых амерыканскіх амішаў, якія закансервавалі свой побыт на ўзроўні семнаццатага–васемнаццатага стагоддзяў — наступіла другое сярэднявечча, хіба што з элементамі трафейнага індустрыялізму.

Потым ён убачыў, як з-за далягляду раптоўна выплыў барвовы дыск Месяца. Казалі, што навігатары з першай стацыянарнай касмічнай базы, пабудаванай там напярэдадні і кінутай на волю лёсу, а па сутнасці, на марудную смерць ад недахопу кіслароду і прадуктаў спажывання, у момант Катастрофы і пасля яе, калі ўсюды панаваў хаос, — у тыя апошнія свае гадзіны даслалі на Зямлю праклён.

«У рэшце рэшт, — думаў ён, — хіба так важна, хто тут будзе весці рэй? На падыходзе новыя орды, яны яшчэ больш шматлікія і яшчэ больш агрэсіўныя, бо эпоха асветы скончылася, народы дэмаралізаваныя, а іх лідэры — нікчэмныя. Калектыўнае самазабойства якраз і пачынаецца з адмаўлення традыцыйных каштоўнасцей, пры якім асобныя вяртлявыя і хітрыя, як чарвякі, індывіды могуць і выжыць, а народ немінуча загіне».

Што гаварылі адзін аднаму і думалі ў тыя дні дзесяць гадоў назад няшчасныя астранаўты, для якіх Месяц стаў агульным магільнікам? Нічога, акрамя праклёну, на Зямлю яны не даслалі, а ўсе размовы знішчылі. Дый сама станцыя, пэўна, ужо развалілася і спарахнела, зацягнутая рэгалітам. Космас — вось куды было варта глядзець чалавеку. І Тэорыя Усяго, якую абяцалі агучыць нам у гэтыя трыццатыя гады навукоўцы, так і не была адкрыта, а самі яны былі зацкаваныя.

Слядак з цяжкасцю стаяў на нагах, але, як ён бачыў, ехаць яму засталося няшмат. Ён думаў пра тое, як вернецца на працу, пра Гектара, што ён яму скажа і ці дасць той яму веры. Але, напрыклад, наўрад ці раскажа каму пра тое, што ў забруджаных гноем, ахутаных адчаем і паразай, загразлых у заганах гарадах ці паблізу іх, ля паселішчаў, дзесьці на далёкіх выспах насуперак усялякаму цвярозаму розуму раптам могуць з’явіцца багіні помсты.

* * *
Наступіла восень з зацяжнымі залевамі, а потым нечакана пахаладала, выпаў снег і надышла зіма. Слядак іншым разам адсочваў пошту з абаненцкай скрыні, але таго, што яго непакоіла і цікавіла, не было. Часам незразумелая туга авалодвала ім, асабліва калі ўспамінаў лета ў Паселішчы, старога Крэза, Шэрыфа, востраў на возеры і дзяўчыну з «тату» ў выглядзе чайкі.

Але раптам прыйшоў ліст ад Крэза. Стары напісаў, што ён яшчэ жывы, што ў Паселішчы стала горш, што быў чарговы напад — так званая «канкіста», загінулі і прапалі без вестак людзі, што паранены ў перастрэлцы Шэрыф ляжыць у бальніцы і што яго самога зноў абакралі. Ды, каб не запамятаць, дадаў стары, у канцы лета на беразе возера знайшлі знявечаную Зару.

І яшчэ, паведамляў ён, з вострава зніклі чайкі.

…Больш лістоў не было.


Жнівень — верасень 2006 года

Заўвагі

1

КрымПа — Крымінальная паліцыя.

(обратно)

2

Стрытфайтэр — вулічны баец (з англ.).

(обратно)

3

Дэман — непаўнацэнны, імпатэнт (блатн.).

(обратно)