ДЗЁННIК [Кузьма Чорны] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

жыць, хоць хату якую. Ён абяцаў. Назаўтра ён выклiкаў з Менска Лынькова.[16] Чакаю хуткага пераезду ў Менск, паспакайнець там душою, узмацнець целам i пiсаць, раман за раманам, а то ўжо тут не магу больш.

Нешта такi ў лесе здохла: час ад часу пачаў заходзiць Глебка. Яму трэба парваць усе сувязi з бялькевiчаўскiм мяшчанствам у Менску i вытруцiць з душы (не з душы, а з думак) памяць аб Нiне.[17] Звязаўшыся ў маладосцi з ёю, ён, гэты тады просты i шчыры сялянскi хлопец, ачарсцвеў i пачаў мяшчанiцца. Чутно ад людзей, што яна цяпер нават яшчэ выступае па радыё з Кенiгсбергу.

Ужо дзён чатыры, як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой. Смутак. Мiхала i Юрася,[18] мусiць, няма жывых. Пiсьмо з Цiмкавiч. Маша i Анюта жывы. Дом згарэў. Каб быць у Менску ў сваiм цiхiм кутку i пiсаць!

21 жнiвеня 1944 г.
Грып. Слабасць. Хiлiць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкi мучаць. I Рэня адчувае сябе дрэнна. I ёй вельмi нездаровiцца. Небарака, яна ператамiлася, гэтулькi ёй клопату i працы!

Толькi што зайходзiў на паўгадзiны У. Фiнкель.[19] Ён бядуе. У Беларускай акадэмii няма больш жыдоўскага аддзелу. У Менску няма i, мусiць, не скора будзе жыдоўская газета. У Беларусi вельмi мала асталося жыдоў. Уры Фiнкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго — гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыi свайго народа. Уры Фiнкель належыць свайму народу i разам з iм варт вялiкай пашаны. Гэта чалавек жыдоўскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы.

Сённяшнi момант беларускай гiсторыi важан не толькi выгнаннем з Беларусi немцаў. Беларусь — усходняя славяншчына. Немец тут нiколi не будзе панаваць. Вельмi важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў гэта ўжо малое зло. Наўрад цi ў блiжэйшыя дзесяцiгоддзi Польшча будзе сунуцца зноў рабiць у Беларусi сваю гранiцу, хоць спробы даводзiць, што Польшча «мае права» апалячваць Беларусь, могуць быць. Як бы там нi было, а раман аб Рыгору Сухменьчыку калi-небудзь павiнен быць напiсан. Пiсаць буду, ужо здаўшы ў друк «Вялiкi дзень», «Пошукi будучынi», «Скiп'ёўскi лес», «Смага», кнiгу аповесцей «Сумлiцкая хронiка», «Млечны шлях», «Лявончыкава Лiда i Якубаўскi карчмар Сымон Бiруля». Раман «Сыны Хведара Нявады» i драма.

Каб не выветрылася з памяцi, запiшу аб рамане пра Рыгора Сухменьчыка.

Асобы рамана:

1. Залеўскi (Эдвард Вайнiловiч?), зямельны магнат.

2. Рыгор Сухменьчык, аконам, праваслаўны мужык з Кудзiнавiч, салдат.

3. Сухменьчыха. Каталiчка.

4. Анця. Дачка.

5. Яраслаў, сын.

6. Фэлька, Сухменьчышын брат, Сцяпура.

7. Яго жонка.

8. Юрась, iх сын.

9. Бацька Фэльчыхi, сарвэтнiк у Сумлiчах-Цапры, Жупранах.

10. Другая жонка Залеўскага ў эмiграцыi (у Польшчы).

11. Сын Залеўскага ад другое жонкi.

12. Васiль-Лукаш Брандэцкi.

13. Сцяпан Хлябцэвiч.

14. Хлябцэвiчыха.

15. Зоя Хлябцэвiч.

16. Студэнт Адамчук, яго трагiчная смерць пасля.

17. Муж Зоi Хлябцэвiч.

18. Фэлькава дачка, Юрасёва сястра.

Дзе адбываюцца падзеi рамана

1. Рачкевiчы, Залеўскага ўладанне.

2. Мястэчка Сумлiчы, адкуль родам Фэлькава жонка.

3. Сцяпура Фэлька родам з Якубаўшчыны. Там на вузкiх палосах памiж двух лясоў паставiў сабе хату i жыў там. (Гэта калi пашыралася пасля рэвалюцыi мястэчка Сумлiчы.)

4. Мiроўшчына, прададзеная Залеўскiм, дзе Рыгор Сухменьчык купiў сабе рату зямлi.

5. Горад Нясвiж. Каля яго дробны маёнтачак Раткава, дзе знайшоў сабе другую жонку з грашыма Залеўскi, пасля лета 1920 году.

6. Менск.

7. Варшава.

1. У рамане павiнна быць добра i дакладна сказана аб мясцiнах i пунктах, дзе адбылiся падзеi ў розныя часы i дзе завязалiся i развязалiся справы.

2. Павiнен быць распрацаваны дакладна лёс кожнага персанажа.

3. Распрацаваць квадры-абсягi-малюнкi рамана.

4. Часткi рамана. Раздзелы. Змест iх усiх i нумарацыя.

5. Назва рамана.

Няшчасны i мiлы Фiнкель, жыве ў «Якары» на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пiсьменнiк i вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей.[20] На тым жа паверху ўсю зiму займала асобны нумар мадам Дадзiёмава, цяперашнi цэнзар над усiм друкам БССР. Да вайны яна з году ў год была ў такiм чыне: «намеснiк начальнiка ўпраўлення справаў мастацтваў пры Саўнаркоме БССР». Самай важнай адзнакай гэтай установы была тая, што ў ёй нiколi, за год дзесяць, не было сказана нiводнага беларускага слова. А беларускае мастацтва было тым пунктам, навокал якога збiралiся сотнi прайдзiсветаў ваяваць за медалi i ордэны. Такiм парадкам iшло спустошанне мастацтва i з яго выветрывалася душа народа. Дадзiёмава не з гэтага вядомая асоба. Яна вядомая з iншага. Гэта хiтрая i спекулянцiстая местачковая жыдоўка, якая дасягнула немалое пасады ў рэспублiцы. Яна сябра партыi. Але яна плюе на ўсё. У партыйнасцi яна бачыць не iдэю, а i кар'еру. У iншых умовах яна ўладала б мануфактурным магазiнам. Яна