Начальнiкава дзяцiнства [Жан-Поль Сартр] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гэтым ёсць. Калi яны збiраюцца разам, яны ядуць усякае рознае, i нават смех у iх такi важны; i ўсё так прыгожа, як на iмшы. Яны ставiлiся да Люсьена, як да сапраўднай асобы. Панi Куфэн садзiла яго сабе на каленi i, мацаючы за лыткi, абвяшчала: "Гэта найчароўнейшы красунчык, якога я калi-небудзь бачыла". Потым яна пачынала распытваць, што яму падабаецца, цалавала яго i пыталася, што ён хоча рабiць, калi вырасце. А ён то адказваў, што будзе вялiкiм генералам, як Жана д'Арк, i забярэ ў немцаў Эльзас-Латарынгiю, то хацеў быць мiсiянерам. I кожны раз ён шчыра верыў у тое, што кажа. Панi Бэс была высокая i дужая кабета з маленькiмi вусiкамi. Яна куляла Люсье на на спiну i, лашчачы, прымаўляла: "Вось мая маленькая лялечка". Люсьен быў зачараваны, ён дадушы смяяўся i курчыўся пад казытлiвымi ласкамi i ўяўляў сябе чароўнай маленькаю лялечкай, зробленай для дарослых; яму хацелася, каб панi Бэс распранула яго, памыла i паклала спаткi ў маленькай калысцы, як гумовага галышыка. I часам панi Бэс казала: "А лялечка ў нас размаўляе?" - i раптам нацiскала яму на жывот. Тады Люсьен прыкiдваўся завадной лялькай i сцiснутым голасам прамаўляў: "Пiп", - i яны абое смяялiся.

Аднойчы кюрэ, якi кожную суботу прыходзiў да iх на сняданак, спытаў, цi любiць ён сваю маму. Люсьен абажаў сваю прыгожую мамачку i свайго татулю, якi быў такi дужы i добры. Ён зiрнуў свяшчэннiку ў вочы i адказаў: "Люблю!" - з такiм надзьмутым i ўпартым выглядам, што ўсе разам засмяялiся. Галава ў свяшчэннiка была падобная да малiны - уся чырвоная i бародаўчатая, i на кожнай бародаўцы расло па адной валасiне. Ён сказаў Люсьену, што гэта добра i што заўсёды трэба любiць сваю маму, а потым спытаў, каго Люсьен любiць болей маму цi Пана Бога. Люсьен не змог здагадацца адразу, якi трэба даць адказ, ён затрос бялявымi кудзеркамi, забрыкаў нагамi i закрычаў: "Бом-тарарара-бом!" А дарослыя адразу пачалi гаманiць пра сваё, нiбыта яго не было. Тады ён схапiў свой трысняговы кiёк, кiнуўся ў сад i праз заднюю фортку выбег за агароджу.

Натуральна, Люсьен нiколi не павiнен быў выходзiць з саду, гэта было забаронена, i звычайна ён быў паслухмяны хлопчык, але ў той дзень яму хацелася пасваволiць. Ён задзiрлiва зiрнуў на вялiкi куст крапiвы; адразу было вiдаць, што тут - забароннае месца: мур быў крыху чарнаваты, крапiва - злая i шкодная, i пад самым кустом крапiвы нагадзiў сабака; вакол пахла раслiнамi, сабачым калам i цёплым вiном. Люсьен пачаў сцябаць крапiву кiёчкам i закрычаў:

- Я люблю маю маму, я люблю маю маму!

Ён бачыў, як у крапiвы ламаюцца i мiзэрна панiкаюць сцяблiны i як iх белаватыя, пакрытыя пушыстымi валосiкамi шыйкi раскудзельваюцца на дробныя валаконцы, выпускаючы белы сок. Ён чуў, як нейкi тонкi i самотны галасок крычыць: "Я люблю маю маму, я люблю маю маму". Побач лётала i гудзела тоўстая сiняя муха: муха была гнаявая, i Люсьен вельмi яе баяўся; ноздры яму распiраў моцны, забаронны, гнiлосны i спакойны пах. Ён паўтарыў яшчэ раз:

- Я люблю сваю маму!

Але голас здаўся яму чужы, ён жудасна напалохаўся i без аглядкi кiнуўся назад у гасцiную. Пачынаючы з гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што не любiць мамы. Ён адчуваў сябе вiнаватым i таму зрабiўся яшчэ больш ласкавы, ён лiчыў, што трэба ўсё жыццё рабiць выгляд, быццам любiш сваiх бацькоў, iначай усе будуць цябе лiчыць злосным вiсусам. Панi Флёр'е заўважала, што з кожным днём сын з ёю ўсё больш пяшчотны; тым летам якраз пачалася вайна, тата пайшоў бiцца на фронце, i мама ў сваёй журбе была шчаслiвая ўжо тым, што Люсьен зрабiўся такi ўважлiвы. Надвячоркам, калi яна з цяжкай душою сядзела ў садзе на раскладным шэзлонгу, ён бегаў у пакой па падушку, якую падсоўваў ёй пад галаву, цi пакрываў капаю ногi, а яна, адбiваючыся, смяялася: "Ды мне будзе горача, мой ты чалавечак, якi ж ты клапатлiвы!" Тады ён, ледзь пераводзячы дых, iмпэтна цалаваў яе i казаў: "Мая мамачка! Мая!" - i потым бег пад каштан. Аднойчы, седзячы пад каштанам, Люсьен сказаў: "Каштан!" - i счакаў. Але нiчога не адбылося. Мама ляжала на верандзе, яна здавалася зусiм маленькаю ў цяжкай, задушлiвай цiшынi. Пахла цёплай травой, можна было б пагуляць у падарожнiка, якi апынуўся ў дрымучым лесе, але ў Люсьена ўжо знiкла ахвота гуляць. Паветра дрыжала па-над чырвоным грэбенем мура, сонца ляжала пякучымi плямамi на зямлi i на руках у Люсьена.

- Каштан!

Было вельмi дзiўна: калi Люсьен казаў маме: "Мая прыгожая мамачка! Мая!" мама ўсмiхалася; калi ён аднойчы назваў Жэрмену "дурында", Жэрмена заплакала i паскардзiлася яго маме. А калi ён казаў: "Каштан", - абсалютна нiчога не адбывалася. Ён прамармытаў цераз зубы:

- Гадкае дрэва! - i не трацячы надзеi, счакаў зноў.

Але ўбачыўшы, што дрэва не варухнулася, паўтарыў гучней:

- Гадкае дрэва, гадкi каштан, чакай, я табе пакажу!

I ён ударыў яго некалькi разоў нагамi. Але дрэва стаяла спакойна - так, нiбыта было драўлянае. За абедам Люсьен сказаў маме:

- А ведаеш, мама, дрэвы, аказваецца, драўляныя.

У той дзень панi Флёр'е не атрымала лiста з паўдзённаю поштай i суха адказала сыну:

- Не строй з сябе дурня.

Люсьен абярнуўся ў бядовага шкоднiка. Ён ламаў усе цацкi, каб паглядзець, як яны зроблены, скрэмзаў на