Лісты [Мікалай Улашчык] (fb2) читать постранично, страница - 4

- Лісты 692 Кб, 213с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Мікалай Улашчык

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

магчымасць набыць такі цікавы архіў. Таму я перагледзеў яго настолькі, каб можна было напісаць заключэнне.

Я раю Вам так: перад тым як ехаць у Архіў, напішэце ім ліст або пазванеце па тэлефоне (Д-829-72), бо за гэты час, можа, што здарылася.

3 вялікаю цікавасцю чытаў Вашы кнігі. Канчаючы ўніверсітэт (гэта было ў 1928 г.), я меркаваў зрабіць часткова тое, што за­раз зрабілі Вы: абысці і сфатаграфаваць усе мясцовасці, дзе калі-небудзь жыў Купала. Купала і, асабліва, Уладзіслава Францаўна з вялікаю ахвотаю падтрымалі гэту думку, але здзейсніць яе не давялося. Калі будзеце ў Маскве, то проша зайсці.

Улашчык.


СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ

17 красавіка 1960г,

Станіслаў Пятровіч.

Месяц быў у Ленінградзе, а калі прыехаў дахаты, то знайшоў цэлую папку карэспандэнцыі, а таксама прысланы Вамі "ЛіМ".

Я такі быў ужо даўно ўпэўнены, што артыкул не пойдзе, але толькі не ведаў, якая таму прычына — аўтар ці персанаж.Я думаў, што трэба было б дзе-небудзь друкаваць перыядычна звесткі пра старую літаратуру, якая тычыцца Беларусі XVІII-XIX ст., бо з нашых усіх гісторый выходзіць, што ў гэты час Беларусь выглядала нібы нейкая пустыня, дзе былі зубры і каўтун. А між тым і ў гэты час друкаваліся кнігі, але амаль выключна на польскай мове.

Я думаю, што ў Вашай газеце належала б змясціць некалькі артыкулаў пра Сыракомлю, які не толькі ўсё жыццё пражыў на Беларусі, але выпусціў тры кніжкі пра свае вандраванні па Беларусі (у апошняй, праўда, больш пра Літву), а таксама даў, здаецца, першы нарыс пра новы Мінск ("Ateneum", Wilno, 1857).

Праз месяц у Мінску збіраецца нарада беларускіх гісторыкаў. Відаць, буду і я. Тады можна будзе пагаварыць пра ўсю гэту тэматыку.

У віленскім часопісе "Rubon" за 1845 г. бачыў артыкул, прысвечаны беларускай паэзіі ці, лепш кажучы, фальклору. Мне здаецца, я нідзе не бачыў спасылак нашых літаратуразнаўцаў на гэты артыкул. Паведаміў пра яго Баркоўскага.

Сярод іншых матэрыялаў, здабытых у Ленінградзе, знайшоў звесткі, як і колькі лавілі рыбы на Міншчыне ў 1804 г. Тады ў нас вадзіліся яшчэ асятры, а адных шчупакоў здабылі ажно 700 вазоў!

Прывітанне ўсёй Вашай Хаце.

Улашчык.


СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ

10 мая 1960 г.

Станіслаў Пятровіч.

Шлю Вам адзін артыкульчык. Пэўна, ён не падыдзе да вашай газеты, тады скарыстайце матэрыял — раскажэце сваім дзецям, як некалі ў нас лавілі рыбу. Наогул, нашы пісьменнікі надта мала скарыстоўваюць матэрыял пра мінулае. На сярэдзіну XVI ст. у нас ёсць надрукаванае "Описание пущ и переходов звериных" па ўсяму Вялікаму княству Літоўскаму. Мінскі ваявода Завіша, які пісаў дзённік яшчэ пад канец XVIII ст., запісваў, як ён ездзіў страляць мядзведзяў пад Мінскам. Чытаючы яго дзённік, здаецца, што ў той час мядзведзяў пад Miнскам было не менш, як сабак, i што ў ваяводы не было іншага клопату, як толькі біць гэтага звера.

У 1831 г. спрытны шляхціч, які ўзяў без грошай возера Світазь і злавіў там столькі рыбы, што прадаў на 500 руб., процьма рыбы было нават у Усе, што цячэ пад Красавам.

Нараду беларускіх гісторыкаў перанеслі на ліпень. Яны адкладаюць ужо другі раз, і можна думаць, што пры такой арганізацыі справы наогул не збяруцца. Хацеў гэтым летам з’ездзшь у Белавежскую пушчу, але, відаць, прыйдзецца сядзець на мес­цы і працаваць.

Улашчык.


СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ

28 кастрычніка 1961 г.

Станіслаў Пятровіч.

Вялікае дзякуй Вам за зборнік. Прачытаў яго, як кажуць, не сыходзячы з месца. Мне больш за ўсё спадабаліся вершы пра Сямашку і "Балаголы". Вы надта добра перадаеце ўражанні, якія ў нас засталіся ад нашых дзіцячых гадоў.

Стала з беларускае літаратуры чытаю толькі "ЛіМ". Кнігі ха­джу праглядаць у магазін, а часопісы бяру за некалькі месяцаў у бібліятэцы. Не маю нават у сябе твораў Купалы, бо ўсё хачу знайсці выданне 1925—1926 гг.Чытаў палеміку пра "Ростані". Я, як толькі ўбачыў афішу, што гэты фільм ідзе ў кіно, адразу пайшоў браць білеты. 3 самога юнацтва засталося нешта надта харошае ў памяці, калі чытаў гэту аповесць першы раз. Прыйшоў, але выседзець змог толькі хвілін 10-15. Мяне неяк пачало круціць, гледзячы на такое калецтва. На другую серыю не пайшоў і, пэўна, не пайду. Калі там філосаф падлічыла, што фільм праглядзелі 800 тыс. чалавек, то няхай мае на ўвазе, што вялікая колькасць глядачоў (як і я) уцяклі, не дачакаўшыся канца.

Улашчык.


СЦЯПАНУ АЛЕКСАНДРОВІЧУ

З лістапада 1961 г.

Сцяпан Хусаінавіч.

Дзякуй Вам за кнігу. Трэба сказаць, што, жывучы тут, даставаць беларускую літаратуру цяжка. У самой Маскве кнігі прадаюцца неяк выпадкам, а даставаць з Мінска таксама нялёгка, бо проста не ведаеш, што выйшла, а калі даведаешся, то ўжо позна. Добра, што засталося троха знаёмых, якія і перасылаюць сёе-тое, але іх турбаваць не заўсёды хочацца.