Удол, Альбо Актава пазнання [Барыс Пятровіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


БАРЫС ПЯТРОВІЧ

УДОЛ, АЛЬБО АКТАВА ПАЗНАННЯ

Апавяданне


“Я і душа пад ношаю цяжкою

Ступалі побач, як валы ў ярме...”

Дантэ. “Боская камедыя” – “Чысцец”.


У зграбненькім скверыку паблізу вакзала экскурсавод прыпыніўся:

— А цяпер вы самі можаце пагуляць па нашым горадзе... Збіраемся тут у сямнаццаць трыццаць...

Стах зірнуў на гадзіннік — да адыходу цягніка на Мінск заставалася амаль паўтары гадзіны. Значыць, паспею, падумаў ён, не толькі паблукаць па горадзе, але і падысці да таго будынку, на якім заўважыў шыльду з надпісам на мясцовай мове, дзе сярод незнаёмых слоў убачыў і пазнавальныя ў любых літарах “...Францішак Скарына...”.

Цалкам прачытаць, што там было напісана, Стах не здалеў, бо баяўся адстаць ад сваёй групы. З гісторыі ён ведаў, што і сапраўды менавіта ў гэтым горадзе Францішак Скарына некалі выдаваў свае кнігі. Экскурсавод пра гэта нічога не сказаў. Паўз дом ён вёў групу да знакамітага касцёлу і з захапленьнем распавядаў легенду пра ягоную прыгажосць, пра тое, як Напалеон хацеў забраць храм у Парыж.

У гэтым горадзе Стах быў упершыню. Але заблудзіцца ў ім не баяўся. Заблудзіцца ў незнаёмым горадзе можа хутчэй гараджанін, чымсьці вясковец. Стах вырас сярод лесу і таму арыентаваўся па сваіх, адметных толькі яму, прыкметах, добра. Ён запомніў, што той будынак з шыльдай стаяў ці не ў самай нізкай мясціне старога гораду, нібыта ў нейкай даліне, у логу. І таму адразу пайшоў уніз па вуліцы, забіраючы на паваротах усё ніжэй і ніжэй. Вось і дом. І шыльда, прымацаваная не высока, а якраз на ўзроўні вачэй. Сабраўшы ў жменю ўсе свае веды розных моваў, Стах прачытаў-зразумеў, што і на сам-справе напачатку ХVІ стагодзя ў гэтым доме працаваў і выдаваў асобныя кнігі Бібліі беларускі асветнік і першадрукар Францішак Скарына... Шыльда была прымацаваная да дзвярэй, зробленых пад старыя, аздобленых каванымі карункамі. Стах падумаў, што тут можа быць музей, і вырашыў зайсці.

Дзверы лёгка, без натугі і рыпення, адчыніліся. Але ўпусцілі Стаха яны не ў пакой — музейную вітальню, — а ў маленькі дворык. З усіх бакоў былі невысокія, з двухпавярховы дом, цагляныя сцены, крытыя блакітным небам. Дворык быў утульны, прыветны, як і ўсё ў гэтым горадзе. І — пусты. Толькі ля адной са сценаў, нібыта запрашаючы прысесці ды адпачыць, стаяла драўляная лаўка. Стамляе чалавека ўсё, нават прыгажосць. Прахадзіўшы дзень па пекнотах горада, Стах добра-такі прыстаў. Тут жа было ціха, чыста і свежа. І Стах падумаў: нікуды я адсюль не пайду – пасяджу ў гэтым мілым куточку да самага адыходу цягніка.

Дворык, здавалася, дыхаў даўнінаю. Жывою даўнінаю. Стаху падалося нават, што і паветра тут не такое, як у горадзе, на блізкай — праз сцяну — вуліцы, а свежае, нібыта ў вёсцы пасля дажджу. Разглядаць у дворыку не было чаго, акрамя сценаў. Былі яны дагледжанымі і выдавалі зусім новымі, учора складзенымі. Не адрэстаўраванымі, а нанова адбудаванымі. “Вось табе і “...у гэтым доме...”, — падумаў Стах, — будынку таго даўно ўжо няма, знесены вайною ці гора-будаўнікамі, але ж пішуць... І заўсёды знойдзецца разявака, які паверыць...”

Заўважаны наіўны падман не раззлаваў Стаха, а наадварот супакоіў. У дворыку прыемна было сядзець і думаць, крыху прымружыўшы вочы, як у паўсне. Разважаць пра імклівасць часу і безабароннасць чалавека перад ім, часам, — чацвёртым вымярэннем, што штурхае людзей наперад і наперад. Чалавек можа вярнуцца назад, у тое месца, што яму спадабалася, дзе ён быў некалькі хвілін таму, але вернецца ён ужо не той самы, а іншы, пасталелы, пастарэлы на тыя самыя некалькі хвілін... І сапраўды, нельга двойчы ўступіць у адную і тую ж раку... Жанчыну...

Салодкая млявасць апанавала Стахам, узяла яго ў свае цесныя абдымкі, яму прымроілася родная хата, маці, і мама паківала яму пальцам: не спі, ня сьпі, усё праспіш...

Стах прахапіўся... Час і праўда імкліва бег. Гадзіна праляцела, як адно імгненьне. Трэба было ісці на вакзал, да цягніка, які чакаць не будзе. Стах ускочыў і пайшоў у той бок, адкуль прыйшоў. Пайшоў па памяці, механічна, і... упёрся ў сцяну. Дзвярэй і знаку не было. Стах кінуўся да другой сцяны, да трэцяй... Усюды суцэльная кладка: цаглінка падагнаная да цаглінкі, роўненька, гожа... І толькі на чацвёртай сцяне, на вышыні другога паверху, ён убачыў маленькае вакенца, зашклёнае чымсьці мутна-зялёным. Стах падняў з зямлі каменьчык і кінуў у вакенца. Шкло дзынкнула, паклікала гаспадароў.

Не адразу, але вакно расчынілася і з яго вызірнула чарнявая дзяўчына.

— Што табе трэба, хлопча? — спытала яна, змерыўшы позіркам Стаха.

— Выйсці адсюль.

— Х-ха! Усе гэтага хочуць. Я таксама хачу... Ха-ха-ха!.. — гучна, з выклікам, засмяялася дзяўчына і зачыніла вакно.

Яна падалася Стаху прыгожай, з даволі правільнымі рысамі твару і, галоўнае, з надзіва натуральным колерам яго: ні бледным, ні загарэлым, ні падфарбаваным касметыкай, а проста здаровым... Здзівіла Стаха і тое, што апранутая яна была ў нешта незразумелае — нейкія шэрыя, грубыя лахманы. Накшталт мяха з-пад бульбы. І гаварыла яна неяк не так, як чулася Стаху. Сэнс сказанага ён разумеў, нібыта па вуснах чытаў, але словы былі і тыя, і не тыя — чужыя, незнаёмыя, але... зразумелыя... Як у замежным дубляваным фільме: вусны кажуць адно, а голас за кадрам — зусім іншае...

Ды Стаху было цяпер не да гэтага. Яму трэба было як хутчэй выбрацца з дворыка. І ніхто, акрамя дзяўчыны, не мог яму дапамагчы. Стах набраўся нахабства і зноў шпурлянуў каменчык у вакенца. Дзяўчына глянула на яго звысоку ўніз і спытала пагардліва:

— Ты адкуль узяўся такі смелы?

— Я тут у вас на экскурсіі...

— На экскурсіі? На агледзінах... Не смяшы.

Стах пабаяўся, што дзяўчына зноў зачыніць вакенца, і хуценька загаварыў:

— Праўда! Я прыехаў у ваш горад на выхадныя. Каб адпачыць. І зайшоў у гэты дворык выпадкова...

— Выпадкова...

— Так.

— Дзіўна...

— Я беларус, і мне цікава было пабыць... — пачаў казаць Стах, але дзяўчына перабіла яго:

— Ты агледзься, куды трапіў, беларус, куды сам прыйшоў...

Стах паглядзеў вакол: той жа дворык, тыя ж сцены, лаўка, дзвярэй не відаць... Нічога новага. Адзін ратунак — гэтае вакенца. Але... Што гэта? Па кожнай з чатырох сценаў павольна, няспешна ходзяць воі з дзідамі ды тарчамі... І гэта робіць дворык падобным да турэмнага... “Кіно здымаюць...”, — прытушыў здзіўленьне Стах, прыгадаўшы і дзіўны ўбор дзяўчыны. Дарэчы, а дзе яна? Вакенца зноў было зачыненае. Каменьчык. Дзынь! Дзяўчына. Ужо не спакойная і смяшлівая, а нібыта раззлаваная:

— Ну ча-го ты хо-чаш, хлоп-ча? — спытала яна, падзяляючы кожнае слова на склады.

— Дапамажы мне выбрацца адсюль, — папрасіў Стах, — я на цягнік спазняюся...

— Добра. Дапамагу. Толькі пры адной умове: калі ты выберашся адгэтуль, раскажы там пра мяне, проста раскажы, што бачыў мяне... Згодны?

Стах згадзіўся б цяпер, у роспачы, і не на такое.

Дзяўчына апусціла з вакна брудна-чырвоную, саматканую – музейную? – посцілку. Стах ухапіўся за яе і зашкрабаў нагамі па сцяне. Гэтак узлазіў ён некалі ў госці да знаёмых дзяўчат у інтэрнат на другі паверх, калі вахцёрка не пускала. “Гэта кіно...” – супакоіў ён сябе яшчэ раз: -- “Кіно здымаюць...”

Пакойчык, у які ўцягнула Стаха дзяўчына, быў зусім маленькі. Акрамя голага драўлянага ложку (коўдра з яго — здагадаўся Стах), у ім нічога не было. Ні стала, ні зэдліка... Але затое былі дзверы — выхад!

Стах заспяшаў: часу да адпраўлення цягніка заставалася ўсё менш і менш. Начаваць жа ў гэтым горадзе, хай сабе і ў пекнай дзяўчыны, яму зусім не хацелася.

— Ну, дык пра што мне трэба расказаць, калі выйду? — спытаў Стах у дзяўчыны, прыгадаўшы ўмову, і нецярпліва зыркнуў на дзверы.

— Сядай, — запрасіла дзяўчына, — і слухай...

Мажліва, тое, што яна расказвала, і было цікавым. Але не Стаху і не цяпер. Пасля першых словаў: “Служыла я ў пана пакаёўкай...”, Стах падумаў, што дзяўчына проста рэпетуе сваю ролю і таму далей амаль не слухаў яе, а толькі зрэдку ківаў галавою. Грала, між тым, дзяўчына добра, шчыра. Натуральна. І сукенка надта пасавала да яе ролі — спакушанай і абылганай панам простай дзяўчыны, пасаджанай у цямніцу. Нават і не сукенка то была, а звычайны мяшок з дзіркамі для галавы і рук... Счакаўшы, покуль дзяўчына закончыць (а яна, у запале, напрыканцы нават заплакала), Стах, спачувальна, прамовіў, падыграў дзяўчыне:

— Добра, я ўсё раскажу... А цяпер пакажы мне, як адсюль выйсці.

Дзяўчына адчыніла дзверы і выпусціла Стаха ў напаўцёмны, вузкі калідор. Такі вузкі, што дваім у ім не размінуцца. Стах ішоў па калідоры, нібыта па лабірынце: доўга, паварочваў управа-ўлева ўслед за ім, і, урэшце, выйшаў пад адкрытае неба. Уздыхнуў на поўныя грудзі...

ДО

...і аслупянеў... Ён патрапіў у яшчэ адзін дворык, падобны да папярэдняга, толькі крыху большы.

Высокія сцены з чырвонага каменю абступілі двор з усіх бакоў. Стах, ужо сёе-тое ўцяміўшы, азірнуўся назад: праходу за ім не было — там, адкуль ён толькі што прыйшоў, была такая ж гладкая, роўная, акуратная сцяна, як і справа, злева, спераду...

Але двор гэты быў не пусты. Ля далёкай сцяны, пад невысокім дрэвам, падобным да ясеня ці явара, Стах убачыў купку людзей. Адтуль даносіўся размераны свіст пугі і цёк ціхі гул галасоў — быццам адзін працяжны стогн...

Стах падышоў бліжэй. На лаўцы... не, на пласе... ляжаў хлопец са спушчанымі штанамі і падабранай кашуляй. Двое мужчынаў, аж хакаючы ад натугі, лупцавалі яго. Білі не як у кіно — не дзеля выгляду, а сур’ёзна, бы на адказнай працы. Са спаласаванай чырвонымі пісягамі спіны сцякала кроў. Хлопец ляжаў без прытомнасці і на твары ягоным напісаны быў не боль, а жах, якім палалі шырока расплюшчаныя — у здзіўленні — вочы... Крыху далей, за плахай, пад дрэвам, у цяньку ляжалі збітыя раней людзі. Стах памкнуўся падыйсці бліжэй, але раптам на яго засыкалі з натоўпу перад плахай:

— Куды без чаргі?!.. Куды без чаргі!..

І праўда, гэта быў не натоўп, не купка людзей, а чарга да плахі. Стах паслухмяна стаў у канец яе і пачаў назіраць, што тут адбываецца. Яму шкада было хлопца, якога лупцавалі, але, калі прыгледзеўся, дык яшчэ больш шкада стала тых мужчынаў, што збівалі яго. Стома ішла ад іх, здаецца, фізічна-адчувальная, стома хранічная, даўняя і страшная ў сваёй бясконцасці, нязменнасці і неадменнасці.

Стах пачаў сачыць за тымі людзьмі, што пабылі ўжо на пласе і ляжалі цяпер пад дрэвам. Ачомаўшыся, яны ўставалі, падыходзілі да чырвонай сцяны за дрэвам і знікалі ў ёй, нібыта праходзілі праз сцяну. Да таго мейсца вяла добра ўтаптаная сцяжына, якая ўпіралася ў сцяну. Іншага “выхаду” з гэтага двара не было... Не, быў! Трохі збоку ад гэтай сцежкі Стах убачыў металічную лесвіцу, што вяла ўверх, да краю сцяны. І хоць на чатырох кутах двара ўзвышаліся вежы, на якіх стаялі ахоўнікі з лукамі ды арбалетамі напагатове, Стах не стрываў, кінуўся да лесвіцы. Падскочыў, ухапіўся за яе, і палез. Ніхто з чаргі не пабег услед за ім. Ніхто з ахоўнікаў ніяк не адрэагаваў на ягоны рывок. Ужо гэта павінна было, калі не спыніць Стаха, дык хоць здзівіць. Аднак яму было не да таго: ён хапаўся за прыступкі-папярочкі і лез, лез вышэй і вышэй, да неба... Узлез, перакінуў нагу праз сцяну, зірнуў уніз і ледзь не самлеў: увесь дворык пад ім быў запоўнены гадаўём — змеямі розных колераў і памераў. Яны спляталіся ў клубкі, каталіся па двары, а некаторыя, падняўшы галовы, сычэлі ці на яго, ці проста ў неба... Па ўсім двары валяліся белыя чалавечыя косці, чарапы...

Стах павольна, расчаравана спусціўся ўніз, у ранейшы двор, і стаў у канец чаргі. Ён не ведаў, дзеля чаго, навошта, яму, як і іншым, трэба прайсці праз гэткае выпрабаванне, праз гэткія пакуты. Але змірыўся з лёсам і жадаў цяпер толькі аднаго: хутчэй патрапіць на плаху, адляжацца і знікнуць у сцяне...

У двор увайшоў мужчына, але не з таго боку, з якога патрапіў сюды Стах. Агледзеўся і, пачуўшы: “Куды без чаргі!..”, стаў услед за Стахам. Паназіраў-паназіраў моўчкі за пакараннем і пабег да сцяны з лесвіцай. Узлез... і вярнуўся ў чаргу...

Надыйшоў Стахаў чарод класціся на плаху. І Стах пайшоў – без роспытаў. Жыло ў ім спадзяванне, што атрымае ён сваю порцыю бізуноў, хай і невядома за што, падыдзе да сцяны... выйдзе ў горад і паедзе дамоў... Раз патрапіў ужо нейкім чынам у гэтакі пераплёт, і іншага выйсця няма, дык варта пацярпець... Абы хутчэй усё скончылася.

Адзін з мужчынаў-катаў, калі Стах праходзіў паўз яго, шапнуў: “На, патрымай пугу, я пот вытру...” Жалобна гэтак папрасіў, умольна, ажно варухнулася нешта шчымлівае ў Стаху. Але ён стрымаў сябе, не пашкадаваў ката, не ўзяў пугу, хоць рука было і пацягнулася. Перастрахаваўся на ўсялякі выпадак, бо прыгадаў раптам дзіцячыя казкі і старыя паданні пра гэткую хітрасць: возьмеш пугу і сам зробішся катам...

Стах спусціў штаны, задраў кашулю і лёг на плаху. Кат размахнуўся і ўдарыў. Стах заплюшчыў вочы, чакаючы болю, але... болю не было... Фізічнага... Затое рэзануў памяць успамін. Балючы ўспамін. З далёкага дзяцінства. Пра здарэнне, за якое яму ці не ўпершыню ў жыцці было сорамна і пра якое ён даўно забыўся. Гэта быў першы ягоны “грэх”; першы, бо зрабіў ён гэта свядома. Яму было два гады ці трохі болей. Бацька папрасіў знаёмага шафёра, які вазіў торф на поле, каб пакатаў Стасіка. Стасік быў шчаслівы... Дзядзька зрабіў адзін рэйс, другі, а потым спыніў машыну ля канторы і пайшоў у яе. Надоўга. І трэба ж было такому здарыцца, што Стасіку якраз прыспічыла пісяць. З кабіны ён вылезці не мог, і цярпець болей не мог. Пад нагамі ў сябе ён убачыў маленькую лужынку — снег з валёнак растаў — і вырашыў папісяць у яе. Думаў, дзядзька прыйдзе і нічога не заўважыць — была ж лужынка раней, была... Але дзядзька заўважыў... І моцна накрычаў на яго. Асабліва за тое, што Стасік не адразу прызнаўся яму...

Успамін гэты, горкі і прыкры, пранёсся імгненна: разам з ударам. За ім — другі, трэці... Удар — успамін, удар — успамін... Балючы. І чым далей, тым страшней. Ад разумення, што зробленага — не паправіць, што перажытае — не паўторыцца. І самыя балючыя ўспаміны, не тыя, якія ён і без таго памятаў і ад якіх меў перажываньні, а забытыя. Пра тыя падзеі, якім ён некалі не надаў увагі, але ад іх, аказваецца, пакутавалі іншыя людзі... Усё жыццё Стаха да сёння, да гэтага моманту, прайшло перад ім, б’ючы яго, выварочваючы сумленне... Апошнім быў успамін пра тое, як няшчыра абыйшоўся ён з дзяўчынаю, што дапамагла выбрацца з першага дворыка... Але Стах страціў прытомнасць задоўга да яго. Між болем паспеўшы падумаць, што ўспамінае ён сваё мінулае жыццё, пэўна, каб назаўсёды забыцца пра яго, каб разьвітацца з ім, поўным памылак і пралікаў, каб ачысціцца, каб засталася ад яго толькі віна, чыстая віна, невядома за што і перад кім...

... Стах апрытомнеў пад дрэвам. Ляжаў на спіне і глядзеў уверх праз голле і лісцё. Па дрэве бегала, пераскоквала з галіны на галіну шустрая вавёрка; у небе, хоць і быў гэта дзень, стаяла поўня... Дзіўна, але ўспаміны ягоныя не сцерліся. Нічога не забылася. Наадварот, памяць стала больш вострай. Ён застаўся Стахам і памятаў усе свае крыўды і ўсіх пакрыўджаных ім...

Побач бухнула на зямлю яшчэ адное збітае цела. Стах падняўся і паплёўся па сцяжыне. Галава ўвайшла ў сцяну і адразу выйшла з другога боку, быццам яе і не было. Стах патрапіў у яшчэ адзін двор...

РЭ

...які поўніўся шумам — шоргатам ног, гаманою соцень людзей.

У двары стаялі, сядзелі, хадзілі мужчыны ў незвычайнай аранжавай вопратцы, падобнай да камбінезонаў. Аднолькавай ва ўсіх, як форма ў войску... ці, як у... турме... Стах глянуў — такі ж самы камбінезон быў і на ім. Пэўна, пераапранулі, пакуль ляжаў непрытомны...

Людзі на пляцы былі занятыя кожны сваім і ніхто на Стаха не звяртаў увагі. “Дзе я? — падумаў Стах. — Куды патрапіў? Чаму мне ніхто не патлумачыць? Навошта заманілі мяне сюды? Дзеля чаго? Няўжо гэта турма?.. Тады за што?..” Здаецца, пакуль ляжаў Стах на пласе, перадумаў-прыгадаў усё, што было ў ягоным жыцьці. Аж да дробных крыўдаў, да падрабязнасцяў, усю праўду — як на дэтэктары маны. Але нічога крымінальнага ў ягоным жыцці не было...

Крымінальнага нічога... Значыць, пасадзілі за “палітыку”?.. Гэта прасцей за ўсё. Любога можна лёгка зрабіць шпіёнам, даносчыкам ці “ворагам народа”...

Не, гэта не турма. Гэта гульня нейкая. Кшталту камп'ютэрных. Віртуальная рэчаіснасць... Толькі ў гульні ён мог націснуць “Ctrl+Alt+Delete”, альбо на іншую пэўную клавішу і “выйсці” ў любы момант... А тут... Хто ім гуляе? Хто гуляе ў яго? І навошта...

І вырашыў Стах — нягледзячы ні на што — вырвацца адсюль, з гэтага кола дворыкаў. Не чакаць “game over”, не чакаць “вызвалення”, а ўсяляк набліжаць яго самому... Прайсці праз усе выпрабаванні з адною мэтай: вярнуцца назад, у тое жыццё, з якога ён патрапіў сюды... Бо ведаў: вытрываць любое выпрабаванне можа толькі той, у каго ёсць вялікая мэта, дзеля якой ён жыве...

— Ага, новенькі... — да Стаха падыйшло некалькі мужчынаў, падобных між сабою, як браты. Толькі ў аднаго з іх была адметнасць — акуратна-падстрыжаная барада кліночкам. Гаварыў ён, бо, мусіць, быў старэйшым. “Хто яны? — падумаў Стах. — Зэкі? Арыштанты? Такія ж як я... Ці з тых, хто ведае, дзе я цяпер знаходжуся і што мне трэба рабіць?..”

Стаха абступілі пяць ці шэсць мужчын.

— Грошы ёсць? — спытаў барадаты.

Грошы ў Стаха былі, калі ён увайшоў у дворык, а цяпер... у гэтай вопратцы… у яго нават кішэняў не было.

— Былі, але... — адказаў Стах, спадзеючыся, што мужчыны далей самі зразумеюць.

— Што -- “але”? Няма? А гэта што?.. — барадаты паказаў на мяшэчак, які вісеў, аказваецца, у Стаха на поясе. Стах не пасьпеў і вокам міргнуць, як барадаты адарваў мяшэчак і ўзважыў яго на руцэ. Там нешта звінела, быццам манеты.

— Падманваць надумаў? — са злосцю сказаў барадаты і плюнуў на зямлю: — А ну падымі!..

Падняць скурчаны ў пяску камячок ягонай сліны? Не, нізавошта!.. Стах адвёў рукі за спіну, паказваючы тым, што нічога падымаць не будзе.

— Не хочаш? — Стах бакавым зрокам убачыў, як сціскаецца вакол яго кола мужчынаў са сцятымі кулакамі. “Заб’юць, — падумаў ён, — ну, і няхай. Але падымаць ня буду!”

— Стойце, хлопцы, — сказаў барадаты, — нам няма патрэбы спяшацца. Нікуды ён не падзенецца. Хай падумае. Хай добра падумае. А потым мы зноў у яго спытаем...

Мужчыны зніклі, расталі ў натоўпе гэтакіх самых, як і яны, аранжавых людзей. Стах застаўся адзін. Сярод соцень чалавек. Цень сярод ценяў. Чужы ўсім і нікому непатрэбны. Кожны быў заняты тут сваімі думкамі і ні на што не рэагаваў.

Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як Стаха зноў абступілі тыя ж самыя мужчыны. Барадаты плюнуў і сказаў: “Падымі!” Стах у адказ не варухнуўся.

— Не хочаш падымаць? Тады выкупі.

— За што?

— А дзе твае грошы?

— Ты ж сам...

— Тады падымі...

Стах маўчаў, не варушыўся. А мужчыны, вытрымаўшы напружаную паўзу, разыйшліся.

Праз дзесяць хвілін усё паўтарылася. Яшчэ праз дзесяць зноў, потым зноў... Напружанне расло. Стах разумеў, што гэта не гульня, што адбываецца гэта ўсё на поўным сур’ёзе, і хутка павінна нечым скончыцца. Чым? Здзекамі?.. Доўгімі і бязлітаснымі. Бясконцымі пакутамі, а не кароткай смерцю. Але здзек ужо быў у самой паўтаральнасці гэтай сітуацыі з пляўком. Па-сутнасці, драбязы... Здавалася б, ну што тут такога: скарыся, падымі той камячок мокрага пылу, і ўсё скончыцца. Ты станеш такім, як і ўсе... Станеш такім — і застанешся тут назаўсёды?.. Не... Вось гэтага Стах не хацеў. Сьмерці ён не баяўся. Але і не шукаў яе. Хоць думка пра самазабойства было варухнулася, страпянулася, ды ён яе прагнаў. Ён ведаў і з папярэдняга жыцця, што гэта часовая слабасць, якая не дае выратавання... Не, трэба змагацца да канца. Не зважаючы ні на што. Калі ідзеш да пэўнае мэты і звяртаеш увагу на кожнага сабаку, што гаўкае на цябе, дык ніколі да свае мэты не дойдзеш... Ён жа занадта шмат значэння надаў гэтым мужчынам і зусім забыўся, што мэта ў яго адзіная — вырвацца адсюль... Але, калі яны ёсць, калі лёс звёў з імі, дык, можа, яны чым-небудзь дапамогуць?

Праз колькі хвілінаў, калі мужчыны зноў абступілі Стаха, ён сказаў:

— Над намі адно неба, пад намі адная зямля. Мы ўсе тут не па сваёй волі. Усе роўныя. Апроч вас я нікога ня ведаю. Дык давайце ж трымацца разам!

Аднак гэтыя, пафасныя, словы ніякога ўражання на барадатага не зрабілі. Той нібыта не пачуў іх, плюнуў і сказаў:

— Падымі!

— Не хачу! — закрычаў Стах, — Не магу! Не буду! — і, адштурхнуўшы барадатага, ірвануўся з кола мужчын і пабег.

Бег доўга, ажно здзівіўся, што такі маленькі дворык ніяк не скончыцца... Ляцеў між людзей, збіваў іх з ног, падаў сам, падымаўся і зноўку ляцеў. Пакуль не заўважыў наперадзе расчыненыя дзверы і ня ўскочыў у...

МІ

...жоўты ад голых людскіх целаў дворык.

Стах спыніўся, задыханы ад шпаркага бегу. Людзі павярнуліся да яго і Стах убачыў, што патрапіў ён у дворык, поўны жанчын...

Жах!.. Згвалтуюць!.. Стах кінуўся назад — сцяна паўстала перад ім. Зноў пастка... Стах замёр, прыціснуўся плячыма да шурпатай сцяны. Шурпатай?.. Стах спачатку адчуў, а потым і ўбачыў, што ён таксама голы. Пэўна, тыя крымінальнікі паспелі садраць з яго адзенне, калі ён вырываўся... Зрэшты — што за д’ябальшчына! — Стах зірнуў уніз і... Гэта быў не ён. Гэта была жанчына... Ён стаў жанчынай? Не можа быць!.. Не хачу-у!..

Але факт быў навідавоку — Стах зрабіўся жанчынаю. Толькі памяць ды розум — начынне — засталіся ў яго мужчынскімі.

Некалькі жанчын узялі Стаха пад рукі. Ён не супраціўляўся. Жанчыны завялі Стаха ў вялізны пакой, у якім уздоўж сцяны стаяў суцэльны ложак — метраў на сто даўжынёй. На ім ляжалі такія ж голыя, як і Стах, жанчыны. Паклалі на ложак і Стаха.

Усё рабілася моўчкі, без тлумачэнняў. Нібыта пакідалася выключна на розум Стаха. Як ён зразумее, як ацэніць тое, што дзеецца, так і будзе... А адбылося тое, чаго ён і чакаў, убачыўшы ложак: у пакой увайшлі адразу можа сто голых мужчынаў... Стах здагадаўся потым, што гэта былі такія ж мужчыны, як ён — жанчына... Бо ім увесь час хацелася памяняцца месцамі. І яны мяняліся... Аж да стомы, што перайшла ў сон-забыццё. Пры гэтым несупынна гучала прыгожая музыка. Знаёмая Стаху мелодыя, накшталт: “Зорка Венера ўзышла над зямлёю...”, і вочы засцілаў салодкі туман...

Скрозь сон Стах пачуў, як яго ўзялі за рукі і за ногі і панеслі. Калі б Стах хацеў застацца тут і зноў, і зноў атрымліваць насалоду, яму варта было толькі падаць знакі яго б пакінулі... Але ён не жадаў...

Ачуўся Стах ужо ў іншым дворыку. Ачуўся...

ФА

...ад казытання травінак па шчацэ, вуху...

Ён ляжаў у высокай, густой траве. Павяваў лёгкі ветрык, варушыў сцяблінкі і яны гладзілі ягоны твар.

Гэта быў першы дворык напоўнены зелянінай, а не пяском, стаптаным у ток. Так, дворык, а не звычайны зямны луг, як падумалася Стаху адразу. Ён палічыў ужо, што вырваўся назад, на волю, аж не — зноў убачыў сцены, вежы над імі і вояў са стрэльбамі...

Трава была мяккая і ласкавая. Ліслівая. Можна было б ляжаць гэтак хоць усё астатняе жыццё. Калі б не голад, калі б не вострае жаданьне есці, якое адчуў раптам Стах.

Ён адарваў колькі травінак і пажаваў. Нясмачна. Жавалася трава, нібыта пластмасавая — нават сок з яе не выціскаўся.

— Што, есьці хочаш, хлопча? — да Стаха падсеў чалавек. Стах зірнуў на яго, ацаніў: з “нашых”, ці з “абслугі”. Здаецца, з такіх, як і ён, прышлых.

— Не памятаю, калі еў апошні раз, — сказаў Стах, без асаблівай ахвоты падняўся і сеў, — не памятаю...

— Бачыш, вунь чалавек у зялёным капелюшы? Падыдзі да яго і скажы, што ты з пятага кута. І ён цябе накорміць.

— Але ж я не з пятага кута. Я не ведаю, адкуль я, але, мусіць, не з пятага...

— А якая розніца. Табе хочацца есці — дык змані. Тут так: не падманеш — не паясі.

— А хто-небудзь іншы накарміць можа? Каб проста так, без хлусні...

— Не, толькі ён.

Стах паляжаў яшчэ трохі. Ад думак пра ежу голад зрабіўся зусім невыносным, пякуча-балючым. Лепш бы ён не жаваў той травы. Пад лыжачкай смактала так, бы нехта кішкі намотваў на руку і цягнуў... І тады Стах падняўся і пайшоў да чалавека ў зялёным капелюшы.

— Ты з пятага? — спытаў той адразу. Стаху заставалася нават не прамовіць нічога, а толькі моўчкі кіўнуць галавою: “Так”, і ежа стала б ягонай. Але дагэтуль дапамагалі яму выжыць, вытрываць ягоныя наіўнасць ды шчырасць, імкненне да праўды і справядлівасці, і ён вырашыў і цяпер не здраджваць самому сабе:

— Не.

— Не з пятага? — здзівіўся чалавек, — ты што, я ж бачу, з пятага...

Яшчэ адзін шанц назвацца і пад’есці... Але Стах быў ужо цвёрдакаменны ў сваім перакананні:

— Я не ведаю адкуль я, але не з пятага...

— Першы раз чую, каб чалавек не зманіў? Дзіва... Есці хочаш? Ну, прысядзь... Я ведаю, хто ты і адкуль. Хочаш, раскажу? — і чалавек у зялёным капелюшы пачаў расказваць Стаху пра Стаха.

Пачаў здалёк, з бацькоў, з данараджэння. Распавядаў такія рэчы, што Стах адразу пераканаўся: гэты чалавек і сапраўды ўсё пра яго ведае. А потым дайшоў да такіх прыкрых, брудных падрабязнасцяў пра бацьку і маці, што Стаху зрабілася сорамна за іх... Сёе-тое ён ведаў, можа, не так дакладна, але ведаў. Калі б чалавек расказваў пра чужых людзей, і тое Стаху было б няёмка, брыдка. А тут — бацька і маці... Чалавек раптам спытаў: “Можа, я памыляюся... Можа, я не пра тваіх бацькоў кажу?” Прасцей простага было пацвердзіць: не пра маіх і адмежавацца... Але Стах стрымаўся, ледзь не крыкнуў на самога сябе: будзь шчырым. І прызнаўся чалавеку: пра маіх, пра маіх бацькоў...

Чалавек здзівіўся, але выгляду не падаў. І пачаў распавядаць Стаху пра ягоны народ, пра краіну, у якой ён жыве. Зноў жа — праўду. Непрыемную, горкую, ганебную, але — праўду. Стаху карцела адракціся ад сваёй, такой нягеглай, краіны, з якой смяецца ўвесь свет. Сказаць, што прыйшоў ён з той, у якую прыехаў на экскурсію. І гэта было б амаль ісцінай. Аднак ён зноў стрымаўся, хоць разумеў, што калі б адрокся, шлях да ежы адразу ж скараціўся б. Да ежы, але не да волі...

Чалавек зноў выгляду не падаў, што здзівіўся. Між тым Стах згледзеў за ім стол, поўны найсмачнейшых закусак ды выпівак. За сталом Стах, ці не ўпершыню за час вандровак па дворыках, убачыў некалькі знаёмых людзей. Проста насупраць яго сядзеў паэт, які праславіўся адным вершам, а побач з ім — той, супраць каго гэты верш быў напісаны. Яны разламалі на дваіх смажанае парасё і ўгрызліся ў ляшкі... Стах убачыў яшчэ некалькі пазнавальных твараў. Аднак не было сярод іх ягоных сяброў ці хоць бы тых, каго ён паважаў і мог бы падыйсці цяпер і падаць руку.

Галава кругам пайшла ў Стаха ад смачных пахаў, што паўзлі ад стала, глыток сліны перакрыў дыханне... А мужчына сказаў:

— Ідзі і еш...

Стах засумняваўся: ці варта яму сядаць за адзін стол з тымі людзьмі, якіх ён не паважае... Тым самым — ці не стане ён падобным да іх, адным з іх? Спыніўся на паўкроку і вярнуўся да чалавека ў зялёным капелюшы.

— Чаму ты не пайшоў? Там што, ёсць табе знаёмыя? Хто? Калі гэта кепскія людзі, здраднікі ці даносчыкі, злачынцы ці забойцы дык мы іх прыбярэм. У расход пусцім адразу ж... Каб табе есці не заміналі... А можа тут ёсць людзі, якіх ты проста не паважаеш, саромеешся, ці яны брыдкія, агідныя табе, дык ты толькі скажы...

Стах хмыкнуў. Усё ён ведае, гэты чалавек. Аднак жа хоча, каб Стах сам назваў людзей, якіх тут жа “у расход” пусцяць... Не, нікога ён не назаве. Подласць подласцю не лечаць, а зароблены такім чынам кавалак хлеба — папярок горла стане... Данос ёсьць данос, якою б прыгожаю, высакароднаю мэтаю ён ні прыкрываўся... Данос, як і здрада, у любой “вопратцы”, у любы час — зло, а не дабро...

Толькі Стах падумаў гэтак, як стол знік, і чалавек у зялёным капелюшы прапаў, нібы і не было яго побач. Вакол адно — трава. Зялёная трава на прамавугольных магілках, зялёны мох на старых крыжах. Гэта былі могілкі. Стах пайшоў між магілаў і крыжоў, пайшоў да расчыненых дзвярэй... у новы дворык. Спыніўся. Павагаўся трохі і ступіў...

СОЛЬ

...у ланцуг людзей, якія павольна рухаліся наперад.

Настолькі павольна, знясілена, зморана, што Стах, яшчэ не стомлены, яшчэ свежы, ледзь стрымліваў сябе, каб не выйсьці з гэтага шэрагу і не пакрочыць, абганяючы іншых, да той мэты, да якой паўзлі яны гэтак марудна. Наперадзе чуўся грукат, нібыта трушчылі там кіркамі ды кувалдамі каменне. Так і было: ланцуг людзей цягнуўся да каменяломняў. Там кожны браў сабе глыбу па сілах, узвальваў на плячо і нёс. Стах таксама ўзяў сярэдніх памераў кавалак блакітнага граніту і панёс. Назад, з грузам, людзі ішлі крыху хутчэй. Падыходзілі да края вялізнай яміны, кідалі туды камяні і зноў павольна сунуліся да каменяломняў.

І гэтак цэлы дзень. Доўгі дзень — гадзінаў пятнаццаць, ад цямна да цямна. Потым кароткая ноч. А з ранку — зноў праца. Гэтым разам з кіркай і кувалдай. Праз дзень змены — то камяні насіць, то разбіваць блакітную скалу. Вось і ўся разнастайнасць.

Стах пазнаёміўся з суседзямі па ланцугу. Гэта былі першыя за ўвесь час людзі, з якімі ён сам загаварыў тут і паразумеўся. Таго, хто быў перад Стахам, звалі Кнут, а таго, хто быў за Стахам — Джой. Яны жылі тут даўно — ужо нават збіліся з ліку, колькі дзён, ці, можа, нават гадоў.

Дзень заканчваўся. Усе сядалі, не разбураючы жывога ланцуга, там жа, дзе заспяваў іх вечар, на адпачынак-сон. І, дзіўная рэч, радаваліся, што яшчэ адзін дзень пражыты. Некаторыя так і казалі: “Дзень прайшоў — і слава Богу!” Чалавек такая жывёліна, што да ўсяго прывыкае. Усё з’ядае ў рэшце рэшт абыякавасць і апатыя. Ніхто, здаецца, не задумваўся, дзе ён, навошта носіць гэтае каменне. Не думаў нават, што тут — горш як у турме. Бо ў турме ведаеш за што сядзіш і колькі табе яшчэ засталося. Ведаеш, што некалі твой “тэрмін” скончыцца. А тут... тут ніхто нічога не ведаў.

Не задумваліся ні пра што і суседзі Стаха. І калі Стах падзяліўся з імі жаданнем збегчы адсюль, ні Кнут, ні Джой яго не падтрымалі.

— Навошта, — абыякава сказаў Кнут, — ад свайго — куды ты ўцячэш... А па-за сваім — чужое... Раз дадзена нам гэткае жыццё, гэткі лёс — трэба жыць.

— Няпраўда. Гэта зусім не так... Чалавек можа змяніць свой лёс, сваю будучыню. Трэба толькі вельмі хацець гэта зрабіць і нешта рабіць дзеля гэтага. Пад ляжачы камень... Калі б я не імкнуўся нешта змяніць, я застаўся б у тым самым першым дворыку. Ці другім...

— Змяніць... Жадаць... Навошта? — казаў Кнут, мусіць, па-нарвежску, але Стах разумеў яго. — Дзеля чаго? Каб з адной турмы трапіць у другую, можа, яшчэ горшую? Жыць можна і тут.

— Жыць? Ты называеш гэта жыццём?

— Жыццё ёсць вучоба, вучэнне цярплівасці і цярпенню. І тут мы ў ідэальным становішчы.

— Так, жыццё вучыць чалавека цярплівасці. Але не цярплівасці ў чаканні, а цярплівасці ў дзеянні. Калі нешта не ўдалося з першае спробы, не атрымалася, зрабі ў другі раз, трэці... І ты — пераможаш, даб’ешся свайго... Ведаеш прытчу пра жабу ў смятане: боўталася яна, боўталася там, зьбіла масла і вылезла... Трэба дзейнічаць.

— Дзейнічаць? Каб загінуць?.. Не, я ведаю, што я — непаўторны, я адзіны такі на свеце. І я павінен сябе зберагчы, захаваць як мага большы час. Вось мая задача на гэтай зямлі, ці ў гэтым двары. Мая задача ня толькі дабіцца мэты, але і не страціць сябе пры гэтым. Неабходна выкарыстоўваць любую мажлівасць жыць і выжываць. У любых умовах. І не рызыкаваць па-дурному.

— Жыць... Выжыць... Працягласць жыцьця не вымяраецца колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю назапашаных уражанняў. Чалавек, які пражыў сто гадоў у вёсцы і не быў далей за рэчку за хатай, пражыў кароткае жыццё... Памрэш і ты, колькі ні будзеш берагчы сябе. Памрэш рана ці позна. У нас кажуць: усё, што свеціць — згарае. Ці не так?

— Так.

— Згарыш і ты. Згніеш тут, так нічога больш і не ўбачыўшы, акрамя блакітнага камення і сагнутых спінаў перад сабою. Не пакінуўшы нікога і нічога пасля сябе. Дык няўжо так і будзеш ты цягаць гэтае каменьне, не пойдзеш са мною?..

— Кожны памірае сваёй смерцю. Так кажуць у нас... Значыць, мне наканавана гэта: ні да чаго не імнуцца, жыць, як жыву... І таму, нават калі б я ведаў, што заўтра надыдзе канец свету, я сёння ўсё роўна насіў бы каменне...

Ягоную філасофію нельга, немагчыма было “прабіць”. І пагаварыўшы гэтак яшчэ колькі разоў, Стах вырашыў не шукаць супольніка, а выбірацца аднаму.

Пад раніцу, калі ўсе спалі, ён устаў і пайшоў. Было яшчэ цёмна, ён не бачыў куды ідзе, куды караскаецца па каменні. Урэшце, дапоўз да схілу, які заканчваўся недзе глыбока ў цемры. Стах заплюшчыў вочы і пакаціўся ўніз.

Калі развіднела, Стах убачыў, што знаходзіцца зноў у дворыку, які патанае...

ЛЯ

...ў перадранішнім сінім паўзмроку.

Колькі бачылі вочы, двор быў запоўнены невялікімі дачнымі, дамкамі. Падыйсці да іх адразу Стах не адважыўся. А дарэмна. Мог бы ў любым з іх адпачыць з дарогі. Яго прынялі б з радасцю.

Даведаўся пра гэта Стах толькі тады, калі двор прачнуўся і напоўніўся людзьмі. Яго ўбачылі, кінуліся абдымаць. І Стах зразумеў, што сюды рэдка хто прыходзіць.

Жыццё тут цякло размерана і спакойна. Нешматлікія жыхары лічылі, што патрапілі — ні больш, ні менш — у рай. Кожны тубылец меў свой асобны сіні дамок, выдатную ежу, якая невядома адкуль бралася кожную раніцу, — і ўсё свежае, смачнае, рознае... Дні людзі праводзілі ў цікавых гутарках, у чытанні кніг, у гульнях. Некаторыя малявалі, іншыя нешта пісалі... На адно тут было “табу”, забарона — на ўспаміны пра сваё мінулае...

Варта на сценах стаяла, але ўцякаць адсюль ніхто не збіраўся, — гэта Стах зразумеў адразу ж. І пераканаўся пасля адной-двух размоў.

— Ад дабра — дабра не шукаюць, — загаворвалі ягоны неспакой тубыльцы, — мы шмат дзе былі, у кожнага быў свой шлях сюды, але лепшага жыцьця мы нідзе не бачылі. Адсюль можна выйсці, але яшчэ ніхто сюды не вяртаўся... Не рвіся дарэмна і ты, жыві тут...

— Калі ніхто сюды не вяртаўся, дык гэта зусім не азначае, што недзе горш, чым тут. Можа, якраз наадварот... — казаў Стах, але ніхто яго не слухаў. Людзі, знявераныя і стомленыя жыццём, радаваліся свайму ціхаму шчасцю і нічога лепшага не жадалі. Больш за тое, некаторыя, пачуўшы ягоныя словы, пачыналі азірацца ці не чуе хто іх: яны баяліся страціць, што мелі... Хоць, па-сутнасці, існаванне іхняе тут нічым не адрознівалася ад турэмнага.

Стах жа супакоіцца не мог. У яго ёсьць права выбару: спакусіцца адносна сытым і лёгкім жыццём, асабліва, у параўнанні з тым, што бачыў, перажыў раней, у іншых дворыках, і застацца тут, альбо... Што чакае яго наперадзе, там, за сцяной, ён не ведаў. Але спыніцца, як яму здавалася, на паўдарозе, ён не хацеў...

У той дзень, калі Стах канчаткова вырашыў ісці далей, да канца, ён, зусім неспадзявана, знайшоў аднадумца. А пераканаў ён даўняга жыхара гэтага дворыка простым пытаннем:

— Што такое па-твойму шчасьце?

— Не ведаю... Тут, канкрэтна, не ведаю... Раней, там — ведаў... Хіба мо — шчасце ў тым, каб вярнуцца дамоў, на радзіму, да родных...

— Вось-вось... Дык мо паспрабуем, мо рызыкнём?

— Давай...

Ноччу, калі ўсе спалі, яны зрабілі падкоп пад адною са сценаў і пралезлі...

СІ

...ну вядома ж, у яшчэ адзін дворык.

Ён быў пусты.

Толькі — дзверы, дзверы, дзверы... у сценах.

І на кожных дзвярах надпіс: “Шчасце”, “Гора”, “Багацце”, “Страх”, “Радасць”, “Боль”, “Каханне”... — усе мажлівыя пачуцці і станы чалавека.

Стах не бачыў, што выбраў той, хто патрапіў у гэты дворык разам з ім.

Яму ж хацелася выбраць дзьверы з надпісам, які ўключаў бы ў сябе ўсе гэтыя паняцці, каб раз і назаўсёды пакончыць з гэтымі пакутамі, з гэтымі выпрабаваннямі, з гэтымі вандроўкамі па дворыках...

Ён выбраў дзверы з надпісам: “Смерць”.

Адчыніў іх і...

ДО

...выйшаў на тую ж самую вуліцу, з якой увайшоў некалі ў Скарынаў дворык.

1997