Дзевяць [Яўген Ліпковіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Яўген Ліпковіч

Дзевяць


Бабуліны казкі


Сон яшчэ не сышоў да канца, і ён матляў галавой, спрабуючы разагнаць рэшткі кашмару.

Яркае сонца, шолах травы, слабы вецер, шумлівы бярозавы гай, а адразу за ім грукат чыгункі. Мэтал, аліва, электрыка, людзі на станцыі.

Шамаціць ігліца, лісьцё, хрусьцяць галінкі.

Я бягу, падскокваючы, азіраючыся, спрабуючы на хаду разгледзець перасьледніка. Гудуць драты паміж высознымі бэтоннымі слупамі, строкат конікаў, гудзеньне пчолаў, піск камароў.

Рэдкія малыя ялінкі. Вось ужо рыпіць пясок, блішчыць на сонцы мэталічная сетка плота. Пахі старой фарбы, прыбіральняў, чарназёму, вапны, яблыні, маліны, мурашоў, дзіцяці, неастылага аўтамабіля.

Зусім побач у норку шмыгае мыш. Цяпер не да яе, як-небудзь пасьля.

Краем вока пасьпяваю заўважыць цень, які робіць рэзкі рывок. Кустоўе, мох, гразь, сьлізка. Лячу ў яр. Калужына з тухлай вадою. Гніль, лісьцё, здохлыя жабы, пырскі чорнай жыжкі.

Яно не адстае. Вельмі вялікае і ўсё яшчэ ззаду. Яшчэ скачок. Уверх па схіле. Яшчэ. Яшчэ. Перасьледнік зусім блізка. Пахне чамусьці зусім не трывожна, нават цёпла. Я азіраюся. Вялізная пашча, здольная глынуць цалкам, вострыя іклы, цьвёрдыя жоўтыя вочы, чорная выцягнутая морда.

Гэта пастка!

Сон, зусім як сапраўдны. Ліпкі, страшны, ад яго баліць галава…

Ён падышоў да балеі. Вада падалася саладжавай, з моцным прысмакам жалеза. Доўга піў, адрываўся, ускідаючы галаву, прыслухоўваўся.

У хаце нікога. Самотная муха пакутліва білася аб шыбу.

— Дурная, — ён глядзеў, як муха заўзята спрабуе вырвацца, — чаму насякомыя такія дурныя? Бо ж побач расчыненыя дзьверы… Дурная.

На драўляным стале збан, прыкрыты вышытай сурвэткай. Пахне сьвежым малаком.

Ён азірнуўся навокал: коткі ў хаце не было. Напэўна, гойсае па суседніх стрэхах.

У правым куце мэталічнае вядро. Яго нядаўна мылі, але пах усё адно застаўся. Пахла нечым рэзкім і атрутным. Бэнзін і аліва, небясьпечна і нясмачна.

Побач стаялі чорныя гумовыя боты. Зямля на падэшве і з бакоў — сьветлая. Ён недзе бачыў гэтую гразь.

Дзе?

Ён нахіліўся як мага бліжэй і ўважліва абнюхаў бот з усіх бакоў.

Дзе?

Вядро з бразгатам адкацілася ўбок.

Гліна!

Яр, у які ён ляцеў у сьне. Сьветлае, ліпкае, сьлізкае, агіднае. Немагчыма стаяць…

Ён заматляў галавой. Чым яна пахне, гэтая гліна? Плесьня? Сырасьць? Жабы?

Адступаў задам, пакуль ня ўпёрся ў сьцяну. Сеў, пачаў чухацца і, не адрываючыся, глядзеў на боты.

Гліна…

Празь нейкі час супакоіўся і зазірнуў усярэдзіну халявы. Нічога. Чарната.

Няўжо я нешта не заўважаю? Што? Зноў будзе сон, зь якога няма выйсьця. Зноў будзе бясконцая пагоня. Зноў будзе пачвара зь вялізнай пашчай і чорнай жахлівай мордай.

Ён засмуціўся.

Зноў…

Яму зрабілася шкада сябе. Ён паклаў галаву на стол і пачаў глядзець у акно.

Па двары хадзілі куры. Яны корпаліся ў пыле, вышукваючы зярняткі. Певень узьляцеў на плот і ўжо быў сабраўся ашчасьлівіць навакольле сьпевамі, але ў апошні момант закашляўся. З горла вырвалася хрыплае, ні да чаго не падобнае карканьне. Куры зьдзіўлена ўскінулі галовы. Певень зьбянтэжыўся і зьляцеў з плота. Куры зноў паглыбіліся ў пыл.

Далей, за адрынай, пачынаўся сад. Яблыні, схіленыя пад цяжарам пладоў, чарэшня, кусты парэчкі і агрэсту. За імі цягнуліся парнікі зь вялікімі памідорамі і пухірыстымі агуркамі. Пасьля даўгія грады зь зяленівам.

Ён аднойчы на градах злавіў крата. Даўно хацеў гэта зрабіць: краты яго раздражнялі. Давялося доўга пільнаваць.

Крот нечакана зьявіўся з-пад зямлі проста перад носам і адразу ж, зразумеўшы памылку, паспрабаваў схавацца, але было позна.

А яшчэ туды панадзіліся трусы. Аднаго дагнаў і прыдушыў. Трус быў зусім маленькі, белы. Ён вырашыў ня несьці дахаты хваліцца, а на ўсялякі выпадак — невядома, якая будзе рэакцыя — схаваў за адрынай. Празь месяц тушку, зьедзеную чарвякамі, знайшлі. Ён, дэманстратыўна адвярнуўшыся, рабіў выгляд, што яго гэта не датычыць.

І пахла ад труса агідна.

Вады засталося мала, ён паглядзеў на балею, вырашыў, што можа і ня піць, падняў галаву і ўбачыў котку, якая асьцярожна ішла па плоце.

Дзьверы ў хату ціха рыпнулі, куры абыякава паглядзелі ў ягоны бок, перакінуліся адна з адной парай бяззначных фразаў і зноў узяліся за пошук чарвякоў.

Котка спынілася. Лапа, гатовая апусьціцца на наступную дошку, завісла ў паветры. Некалькі імгненьняў яны глядзелі адно на аднаго. Хвост вырас трубой, вочы зрабіліся вузкімі, Рыжая сьціснулася ў камячок.

Зараз саскочыць!

Ён падрыхтаваўся кінуцца напярэймы, але ў гэты момант пачуў Яе.

Голас быў патрабавальны. Ён павярнуўся, паспрабаваў разгледзець, што адбываецца за яблынямі, але нічога не пабачыў. Рыжая таксама ўважліва глядзела ў бок саду.

Ты будзеш скакаць ці не?

Котка перадумала. Ён ужо сабраўся падбегчы да плота, але яго зноў паклікалі.

Халера.

Ён павольна патрухаў да адрыны.

Спачатку нічога не было зразумела.

Здалося, што ідзе нейкая гульня. Людзі трымалі адно аднаго рукамі. Нашто гэта? Пасьля зразумеў, што спрабуюць выцягнуць нешта нейкае, што моцна захрасла ў зямлі.

— Давай, — сказала Яна, — давай, Жук. Будзь малайчынкай.

Дзяўчынка працягнула палку. Ён з гатовасьцю ўчапіўся зубамі. Дзяўчынка засьмяялася.

— Ого! — узрадаваўся мужчына. — Справа пойдзе.

Ён папляваў на рукі, паглядзеў на жанчыну, якая ўсьміхнулася ўсімі зморшчынамі, абхапіла мужчыну за талію, і ўзяўся за зялёныя лісты. Дзяўчынка адной рукой схапіла жанчыну за спадніцу, а ў другой надалей трымала палку. Палка была нясмачная. З рота закапала сьліна.

— Цягнем-пацягнем, — скамандаваў мужчына. Яны нейкі час напружана саплі, — выцягнуць ня можам.

— Цягнем-пацягнем…

Не, куры не памочніцы. Не.

— Куды ты, Жук? — пачуў ён Яе. — Куды?

— Кінь, Марылька, — сказаў мужчына наўздагон, — дарма.

Ён ужо ляцеў да плота. Рыжая скончыла сябе вылізваць. Нейкі час вагалася, але ўсё ж саскочыла і пабегла сьледам.

Мужчына пускаў з рота сівы дым і глядзеў на комін, што тырчаў з страхі. Тым часам бусел праляцеў над імі, трымаючы ў дзюбе жабу.

— Ну добра, — мужчына выкінуў цыгарэту, — перакур скончаны.

Жанчына зноў усьміхнулася, дзяўчынка ўчапілася ў спадніцу, другой рукой працягнула палку.

Котка недаверліва памацала дрэва лапай. Ён ціха гыркнуў:

Рабі, як я!

Котка рашуча ўпілася ў палку ікламі.

— Усе гатовы? — спытаўся мужчына.

— Так! — радасна крыкнула дзяўчынка.

— Цягнем-пацягнем…

Твар у мужчыны пасінеў ад напругі, жылы на лбе ўспухлі, рукі задрыжалі.

— Выцягнуць ня можам… — раздаўся дружны расчараваны выдых.

Не, я не пабягу. Не пабягу. Хай хто іншы бегае.

Рыжая адышлася ўбок і зноў пачала аблізвацца. Яму здалося, што яна ўсьміхаецца. Гэта яшчэ больш раззлавала.

Ён зрабіў кола вакол градкі, зьвярнуў у лес і пабег па сьцежцы. Пару разоў падскокваў, лавіў пах.

Урэшце зьявіліся бэтонныя слупы, і ён кінуўся проста праз кустоўе, напралом. Праз сэкунду выскачыў на шырокую прасеку, пятляючы сярод нізенькіх ялінак.

Недзе тут. Зусім побач. Вось.

Ён спыніўся перад норкай.

Яна мусіць быць там. Мусіць.

Праз імгненьне зьявілася вострая шэрая мордачка. Ён пяшчотна сьціснуў сківіцы, сабраўся бегчы назад, але прыпыніўся. Вада была зусім блізка. Павярнуў направа, убачыў край яру, чорную лужыну ўнізе, сьветлыя гліняныя схілы.

Не было ніякай вялізнай пашчы, ніякіх іклаў і падманлівага цёплага паху. Нічога. Глупства ўсё гэта, цьвёрда вырашыў ён. Бабуліны казкі.

Мышка ў ягоных зубах ледзь чутна папісквала.

Карціна 


Яны спыніліся перад высокім стэлажом. Гмурман зірнуў у паперку, якую трымаў у руках, паглядзеў угору і павярнуўся да лейтэнанта.

— Тут? — спытаўся Жыгалка. Гмурман кіўнуў.

Памяшканьне дыхала пылам. Старыя мікраскопы, партрэты рабінаў у цяжкіх рамах, храномэтры ў драўляных скрынках, вазы з драконамі, сталовыя наборы, музычныя інструмэнты…

Гмурман падкаціў драбіны на колцах.

— Людзі ўжо даўно забыліся, што яны паходзяць ад малпы, — ён устаў на прыступку, — але сякія-такія навыкі… — ён узьлез яшчэ вышэй, — сякія-такія навыкі захаваліся.

Стары ўзяўся сьцягваць cа стэлажа вялікі пляскаты прадмет, загорнуты ў радно.

— Трымайце, малады чалавек, — сказаў ён, — яно ня лётае, яно падае.

Жыгалка падхапіў прастакутнік і беражліва апусьціў на падлогу. Гмурман спусьціўся і схапіўся за печань. На лбе выступілі кроплі поту. Ён аддыхаўся, агледзеў прадмет з усіх бакоў.

— Нясіце, малады чалавек, — зьвярнуўся ён да лейтэнанта, — гэта самае тое.

Пстрыкнуў выключальнік, хлам на стэлажах зноў патануў у цемры.

Яны прайшлі ў другі пакой, частку якога займаў прылавак, а на паліцах ляжаў такі самы хлам, толькі ня пыльны. Старыя фотаапараты, пераносныя радыёпрыймачы ў драўляных карпусах, кубачкі з партрэтамі забытых правадыроў, на сьценах віселі падробкі пад малых галяндцаў…

Гмурман палез у кішэню, дастаў плястыкавую скрыначку, высыпаў у далонь дзьве маленечкія жоўтыя таблеткі і закінуў іх сабе ў рот.

— Ну што вы стаіцё, быццам чакаеце, што вам рубель падаруюць? — спытаўся ён у лейтэнанта.

Жыгалка схамянуўся і пачаў сьцягваць радно.

Карціна пад шклом, напісаная на люстэрку. Так, як у квітанцыі, выдадзенай лямбардам, Жыгалка й не сумняваўся. На падлозе сядзеў чалавек дагары нагамі, чорныя валасы спадалі на твар. Майка, джынсы, выкручаныя ногі ў красоўках. Чалавек асеў па сьцяне, пакінуўшы за сабою даўгі крывавы сьлед, побач ляжаў пісталет. Мазкі дакладныя, акуратныя. Колеры натуральныя.

— Арыгінальна, — сказаў Жыгалка. У люстраной сьцяне над нябожчыкам адбіваўся шырокі лейтэнантаў твар. Ён дастаў грабеньчык з задняй кішэні, прыгладзіў ускудлачаныя бялявыя валасы.

— Падобна да месца злачынства, — працягваў ён, — толькі ў банку сьцяна не люстраная. А падлога такая самая, карычневыя квадраты. І пісталет побач…

Гмурман кінуў кароткі позірк на лэйтэнанта.

— Вельмі падобна, — Жыгалка палез па тэлефон. — Любачка, — сказаў ён у слухаўку, — што ў нас за красоўкі на штымпулі, што спрабаваў пяцьсот чатырнаццатае аддзяленьне на гоп-стоп… А майка — чорная? — ён павярнуўся да Гмурмана, — Па-мойму, тут «Адзідас»?

Гмурман паціснуў плячыма.

— Што ты кажаш! Дзякуй! — Жыгалка схаваў слухаўку. — І праўда, «Адзідас», — сказаў ён і шумна ўздыхнуў.

Ён яшчэ нейкі час разглядаў карціну, седзячы на кукішках.

— Вы мне не аддасьцё гэты цудоўны твор пад слова гонару? — зьвярнуўся ён. — Я выдам расьпіску…

Стары адмоўна пакруціў галавой:

— Малады чалавек, я ўдавец, у мяне засталася толькі рэпутацыя. Законы напісаныя на тое, каб іх выконвалі ўсе.

Жыгалка яшчэ раз шумна ўцягнуў паветра носам.

— Заўтра будзе ордэр на канфіскацыю.

— Прыходзьце заўтра, — адказаў Гмурман.

— Ня любіце вы нас, — прабурчаў лейтэнант, — я ж магу ў экстранных выпадках…

Ні дзякуй табе, ні калі ласка, падумаў Гмурман. Гэтае пакаленьне зачалі ў інтэрнэце, яны там нарадзіліся і жывуць. Ім, бач ты, няма часу на прыстойнасьць. У іх так прынята.

А гэты сунуў пад нос нечыя крамзолі зь пячаткамі і думае, што мае пропуск у райскія сады.

— …разгульваюць на свабодзе. Яны могуць нарабіць справаў. А вы мне не даяце рэчавы доказ… — працягваў Жыгалка.

Гмурман дастаў беласьнежную насоўку і выцер ёю шкельцы акуляраў.

Лейтэнант аказаўся ўпартым.

— Ён увайшоў у банк, — Жыгалка паказаў, як рабаўнік увайшоў, — дастаў пісталет, — лейтэнант дастаў свой пісталет, — наставіў яго на супрацоўніцу, — ён наставіў пісталет на Гмурмана, — і запатрабаваў не гатоўку, а ключы ад ячэек.

Ён убачыў, як у Гмурмана паехалі бровы ўгару ад зьдзіўленьня.

— У банку ёсьць дублікаты ад усіх сэйфаў, — падміргнуў лейтэнант.

Бровы Гмурмана вярнуліся на былое месца.

— Дзяўчынка зь перапуду схавалася пад стол, хоць іх і інструктуюць у выпадку абрабаваньня аддаць усё. Ён раззлаваўся, выстраліў. Але, дзякуй Богу, прамазаў. Другі стрэл зрабіў ахоўнік, які выйшаў з прыбіральні. Машына, што чакала на вуліцы, як пачалася страляніна, зараз жа знікла. Ён вось так споўз па сьцяне, — Жыгалка падышоў да сьцяны і паказаў, як спаўзаў забіты.

Квітанцыя вашага лямбарду была ў яго ў кішэні, — працягваў ён, хаваючы пісталет. — Сьцяпанава Марта Яўгенаўна, чый пашпарт быў пададзены, калі вы пісалі заклад, учыніла самагубства два месяцы таму. Марта Яўгенаўна на гэтым сьвеце была вядомай варажбіткай, з сур'ёзнай кліентурай. Да яе прыяжджалі з усёй краіны. Кажуць, яна кансультавала Адміністрацыю Прэзыдэнта і нават асабіста Самога… — Жыгалка скасіў вочы ўгору. — Адзіны сын Ягор. Цяперашняе месца знаходжаньня — наш аддзел крыміналістычнай экспэртызы. Ён цяпер у лядоўні зь дзіркай у грудзях, якую зрабіў ахоўнік пяцьсот чатырнаццатага аддзяленьня Беларусбанку з свайго «дзюка». Калі ня знойдуцца іншыя сваякі, будзе пахаваны на Паўночных могілках за наш з вамі кошт.

Гмурман працягваў непарушна глядзець на лейтэнанта. Сьпіч не зрабіў на яго ні найменшага ўражаньня.


Яна хавала твар у хустку і моцна перажывала. У яе былі рудыя валасы і прыгожыя спалоханыя вочы, дакладна такія самыя вочы былі ў хлопца, які зь ёй прыехаў. Ён паставіў карціну (яна была ў тым самым радне, што ляжала цяпер на крэсьле) і астатні час напружана маўчаў.

Яна вельмі не хацела разгортваць тканіну. Згадзілася паказаць толькі ражок, але Гмурман усё ж настаяў. Ён не знайшоў у карціне нічога дзіўнага… Павешаная жанчына выглядала вельмі натуралістычна. Тоўстая вяроўка, галава павернута набок, зблытаныя даўгія валасы, босыя ступакі, белая начная кашуля. Жанчына вісела сьпінай, здавалася, што трагедыя здарылася толькі што і яна працягвае гайдацца па інэрцыі… Арыгінальнасьць палягала ў тым, што карціна была напісаная на люстэрку, а не на палатне, і любы, хто на яе глядзеў, ствараў фон, на якім разгортвалася дзея. Крыху нязвыкла, вядома. На аматара.

Гаспадыня нэрвавалася, кусала вусны і крыху супакоілася, калі карціну зноў прыкрылі.

— На колькі гадоў вы хочаце здаць яе ў заклад? — Гмурман адарваўся ад запісу і паглядзеў на Марту Яўгенаўну.

Прыгожая, яна ведала сабе цану і, напэўна, дагэтуль круціла галовы, але цяпер ёй было не да таго. Чорныя кругі пад вачыма, заўважная дрыготка ў руках. Яна пацікавілася, які максымальны тэрмін магчымы і, пачуўшы, што пяць гадоў, згодна заківала.

Гмурман падаў квітанцыю, выпісаў дакумэнт для банку, яна расьпісалася, на квіток нават не зірнула, працягнула свайму спадарожніку. У яго стварылася ўражаньне, што грошы ёй былі непатрэбныя. Хлопца, які яе суправаджаў, Гмурман зусім ня памятаў, але быў упэўнены, што гэта быў сын.

Ягор, значыць, яго звалі, падумаў ён.


— Мы патаемна праверылі ўсе ячэйкі ў банку, — пад сакрэтам паведаміў лейтэнант, —  там было шмат цікавага. Усяго разам гадоў на сто пяцьдзясят — дзвесьце.

— Мяне ў нечым падазраюць? — спытаўся Гмурман на ўсялякі выпадак.

— Я не магу выключыць таго факту, — Жыгалка ўважліва глядзеў на старога, — што частка злачынцаў на свабодзе, і вам можа пагражаць…

— Малады чалавек, — перапыніў Гмурман, — прыходзьце заўтра. З ордэрам.

Стары падняў анучку, якая валялася на падлозе, і паклаў на крэсла, да якога была прыхіленая карціна. Ён аглядаў яе каля месяца таму, калі страхавая кампанія патрабавала правесьці інвэнтарызацыю ў лямбардзе. Гмурман адгарнуў тканіну, пабачыў пад шклом краявід з магільнай плітой, вянкамі, чыгуннай агароджай і адразу прыкрыў выяву, нават не прачытаўшы выгравіраваныя даты.

Лейтэнант выцягнуў цыгарэты і азірнуўся, шукаючы попельніцу. Гмурман тыцнуў у таблічку «Не курыць» і кіўнуў на дзьверы. Жыгалка ўстаў у дзьвярным праёме. На дарозе гулялі дзеці. Яны вішчалі, ганялі на ролікавых каньках, у руках у іх былі клюшкі. Лейтэнант адварочваўся, выпускаў дым на двор і працягваў глядзець на карціну.

— Дакладна месца злачынства. Адзін да аднаго. Адсюль зусім відавочна…

Жыгалка выкінуў недапалак і вярнуўся ў пакой. Гмурман падсунуў фатэль і паглыбіўся ў свае ўліковыя кнігі.

Лейтэнант памацаў пальцам шкло, агледзеў раму, перавярнуў карціну. З тыльнага боку нічога не было. Ніякіх надпісаў, штампаў, датаў.

Звычайнае люстэрка.

— У лябараторыі разьбяруцца, — Жыгалка выпрастаўся, калені хруснулі, і пайшоў да выхаду.

Гмурман на імгненьне адарваўся ад запісаў.

— Да пабачэньня, малады чалавек.

Яму не адказалі, дзьверы зачыніліся.

Гмурман паглядзеў у акно. Лейтэнант дагаварыў па тэлефоне, сеў у шэрую таёту і на шалёнай хуткасьці рвануў. Дзеці расступіліся, пачакалі, пакуль машына праедзе, і працягнулі высьвятляць адносіны сьценка на сьценку. У шлемах, налакотніках, накаленьніках, з клюшкамі наперавес.

Лета, падумаў Гмурман. Ён усьміхаўся. Ягоны ўнук гэтаксама ганяў па праезнай частцы, у такім самым шлеме, толькі на другім баку Зямлі, сярод кенгуру.

Стары раптам скеміў, што крэсла з прыхіленай карцінай усё яшчэ стаіць пасярэдзіне памяшканьня. Ён зашаркаў наводзіць парадак. Узяў радно і зірнуў на карціну, зьбіраючыся яе прыкрыць. Шэрая таёта коламі дагары, языкі полымя з капота, чорны дым. Насілкі, перавязаная галава, нерухома зьвешаная рука… У вольнай прасторы люстэрка адбіваліся Гмурманавы ногі ў мяккіх разношаных чаравіках і лёгкіх летніх нагавіцах шэрага колеру.

Стары пайшоў у другі пакой і вярнуўся з маленькім вазочкам. Крэкчучы, ён засунуў карціну ў радно і завёз туды, дзе яна пылілася раней. Ён не ўсьцягнуў яе на верхнюю паліцу, хоць і быў упэўнены, што заўтра па яе ніхто ня прыйдзе...

Гэта


— Ёсьць хто жывы?

Яна празь нейкі час паказалася з-за стэлажа і пахмурна адказала:

— Няма.

— Гэта што? — спытаўся я.

Яна дастала з кішэні халата нататнік і пагартала.

— Гэта нямецкае. Тэрмін захаваньня канчаецца.

— Можна бліжэй паглядзець?

Яна зьняла з паліцы гэта, што сядзела на кукішках, пакруціла і падала мне.

— Нічога, — я таксама пакруціў гэта, — а вось.

Паміж лапаў была ўшытая маленечкая, ледзь заўважная бірка. Там было напісана на некалькіх невядомых мовах, у тым ліку радок вязьзю, падобнай да арабскай, і радок герогліфамі. Краіны вытворчасьці не было.

— А што гэта ўмее рабіць, тое самае, што і ўсе? Я падарунак шукаю арыгінальны.

— Мне не дакладвалі.

— Што ж ты прадаеш? — абурыўся я.

— Прадаю тое, што даюць, — нечакана пакрыўдзілася прадавачка, — і наагул — я тут на падменцы. Я абуткам гандлюю.

— Нібыта прыгожае, глядзіцца нічога так, — працягнуў я, не зьвяртаючы ўвагі на няветлівы тон, — і колер пасуе. У Гендоса сьцены салатавыя.

Прадавачка падкрэсьліла пазногцем радок у нататніку.

— Діе Кротэ, — прачытаў я лацінскія літары. — Крот, ці што? Ня ведаю, на якой гэта мове.

Яна забрала нататнік, перагарнула пару старонак, пасьля ўзяла гэта і націснула на патыліцы. Нешта пстрыкнула, і адкрылася панэль кіраваньня. Я прыўзьняўся на дыбачкі, яна пабачыла, павярнула так, каб мне было відаць.

— А пашпарт ёсьць?

— Можа, ва ўпакоўцы ляжыць…

— О, упакоўка ёсьць? Хачу.

Яна пайшла за стэлаж і вярнулася з кардоннай скрынкай.

— Не, — я паглядзеў на ўпакоўку. Там было намалявана, што больш за тры скрынкі адна на адну ставіць нельга, — гэта не інструкцыя. Але мне падабаецца. Прыгожая. І салідна глядзецца будзе.

— Гаспадару патэлефаную, вы зь ім пагаварыце.

Яна дастала тэлефон і набрала нумар. Пару разоў лінія зьлятала, яна крывілася, нэрвова ціснула на кнопкі, урэшце, злучылася.

— Добры дзень яшчэ раз. Гэта зноў я. Тут, — яна паглядзела на мяне, — чалавек цікавіцца гэтым, як яго… Хай ён сам скажа, — і працягнула слухаўку.

— Мяне Жэня завуць, — сказаў я тэлефону.

— Вельмі прыемна, — пачулася скрозь трэск. — Будзеце браць — дам вялікую зьніжку.

— А як гэта працуе?

— Папярэднія гаспадары, на жаль, таго… Кантрольная закупка, сустрэчная праверка… самі разумееце. Няма зь імі сувязі. Але вы не хвалюйцеся, там дзьве кнопкі ёсьць: ружовая і блакітная.

— Ваша чалавек кажа, што ў гэтага канчаецца тэрмін захаваньня.

— Прадавачка новенькая. А гэта вечнае. Пажыцьцёвая гарантыя. Але тэрмін захаваньня на складзе канчаецца. Будзеце браць?

— А ад сеткі ці на батарэйках?

— Там пераключальнік мусіць быць.

— Хай уключыць. Хачу паглядзець у рабоце.

— Дайце ёй слухаўку.

Прадавачка ўзяла тэлефон.

— Ага, — сказала яна, — тока хай ён сам.

Яна засунула тэлефон у кішэню і пахмурна ўтаропілася ў мяне.

— Што? — спытаўся я.

— Дык я ўключаю?

Яна адышла на крок, пстрыкнула тумблерам і зараз жа адхапіла руку. Нічога не адбылося. Гэта засталося нерухомым. Мы пару хвілінаў глядзелі на гэта і адно на аднаго.

— Можа, яшчэ не нагрэлася, — няўпэўнена сказала прадавачка. Зашамацелі старонкі нататніка. — Паперку дома пакінула. Назву лекаў запісвала і вырвала.

Яна закаціла вочы да неба, заварушыла вуснамі, успамінаючы.

— Трэба рабіць тое, што і звычайна, — яна зьлёгку падштурхнула гэта ў мой бок, — вы ж хацелі паглядзець у рабоце?

Я кіўнуў, глыбока ўздыхнуў, пацалаваў гэта ў вусны і адступіў на крок. Зноў нічога не адбылося.

— Не працуе, — засмуціўся я, — напэўна, я пайду.

— Павінна працаваць, — сказала прадавачка. Яна хутка падскочыла, націснула на кнопку на панэлі і заняла ранейшую пазыцыю.

— Усё ж не працуе. Шкада.

— Павінна працаваць. Вы яе яшчэ раз… Я тады кнопку не націснула, — яна зноў зьлёгку падсунула гэта да мяне.

— Мне, у прынцыпе, не шкада, — я нахіліўся і зноў пацалаваў гэта ў вусны.

Адразу стала ясна, што атрымалася. Гэта ледзь заўважна завібравала, загуло, заміргалі лямпы асьвятленьня ў пакоі, аднекуль паваліў дым. Я замахаў даланёю перад носам. Пачулася шыпеньне, нешта гучна ляснула.

— Das ist fantastisch, — сказаў мужык. Ён быў апрануты ў скураны чорны камбінэзон на голае мускулістае цела, боты і фуражку. У правай руцэ трымаў бізун.

— О! — узрадавалася прадавачка.

Я паглядзеў на кукарду, і мне стала ніякавата.

— Wir werden der Phantasie auslassen! — мужык ляснуў бізуном па халяве бота і накіраваўся ў мой бок.

— Я ж казала, што працуе, — усклікнула прадавачка і шмыгнула за стэлаж.

Я абазваў сябе ідыётам і пачаў адступаць задам. Мужык скочыў і ў адно імгненьне апынуўся паміж мною і дзьвярыма.

— А як гэта выключаецца?

— Шчоўкаецца, — адказала прадавачка з-за стэлажа, — там на патыліцы рычажок ёсьць…

Я схапіў крэсла і паставіў перад сабой. Мужык, ня зводзячы зь мяне позірку, падчапіў яго ботам, узяў адной рукой за ножку, крыху патрымаў на вісу і адкінуў убок.

— Па-іншаму ніяк? — спытаўся я. — Тэлефануй гаспадару.

Я схапіў першае, што трапілася, — тэрмас — і шпурнуў мужыку ў галаву. Тэрмас зачапіў фуражку, яна ўпала на падлогу і пакацілася да дзьвярэй. Мы абодва правялі яе позіркам.

— Die heissen Spiele, — сказаў мужык. Ён паправіў бялявыя валасы, адкінуў бізун, расставіў шырока рукі і пайшоў на мяне. Я працягваў адступаць.

— Ну? — закрычаў я прадавачцы.

— Я здаецца… здаецца…

— Што?

— Не на тую кнопку націснула. Вам трэба было ружовую, а я блакітную…

Я адчуў сьпінай сьцяну. Мужык спыніўся і падміргнуў. Ён прысеў і калыхаўся з боку ў бок, робячы падманныя рухі. Выйсьця не было — трэба было ісьці на прарыў. Я дачакаўся, пакуль мужык калыхнецца ўправа, а сам нырнуў пад левую руку. Мне здалося, што прарваўся. У адно імгненьне апынуўся перад уваходнымі дзьвярыма і ўчапіўся за ўратавальную ручку. Але дзе там. Гэта была адмысловая хітрасьць. Мужык лёгка дагнаў мяне і схапіў за клубы.

— Ай, — завішчаў я, — зрабі што-небудзь!

Мне заламалі рукі за сьпінай, нечым іх заматалі, перанесьлі да стала і пачалі сьцягваць джынсы.

— Зараз, — пачулася з-за стэлажа, — зараз.

— Das ist fantastisch, — мужык напружана соп, спрабуючы расшпіліць мой рэмень.

Нарэшце яму гэта ўдалося, джынсы мае паляцелі долу.

— Mein Gott, — пачуў я і зажмурыўся.

Я так і стаяў, паклаўшы галаву на стол. Нічога не адбывалася. Я асьцярожна расплюшчыў вочы, спачатку адно, пасьля другое.

— Знайшла ўсё ж такі, — сказала прадавачка, выходзячы з-за стэлажа. У руках у яе была маленькая чорная скрыначка.

— Дыстанцыйка.

Яна пераступіла праз гэта, падсунула мне пульт пад нос. Я ўстаў, выпрастаўся і паспрабаваў вызваліць зьвязаныя рукі.

— Цяпер поўны камплект, — дзелавіта сказала яна. — Ну, запакоўваем?

Пабочны эфэкт


Яны сядзелі на капоце джыпа, пілі піва і гучна пляскалі далонямі па розных частках цела. Камары не спынялі сваіх атак ні на хвіліну.

— Паеду, — сказаў Дзімка, — куплю сабе дом каля акіяну і займуся рыбалкай. Усё жыцьцё марыў злавіць акулу.

Віктар выцер пенныя вусы, што ўтварыліся пад носам.

— А ты ня думаў пакінуць яе сабе?

Дзімка, які ўжо зьбіраўся зрабіць чарговы глыток, замер і паставіў слоік побач. Гэтая простая ідэя чамусьці раней не прыходзіла яму ў галаву.

— Любая ювэлірная крама, — Віктар глядзеў удалечыню, — любое банкаўскае сховішча… Увесь сьвет цяпер будзе ў Гасана!

Яны трэці тыдзень абівалі колы па глушы, ім не падабалася. Мужчыны з шызымі прапітымі тварамі, заклапочаныя жанчыны, смаркатыя дзеці, пыльныя дарогі, сьмярдзючыя рэчкі, шумныя насякомыя. Дзімка праклінаў сябе за тое, што ўблытаўся ў гэтую авантуру, хацеў назад, у шум мэгаполісу, у гул матораў, да плазмаў, кампоў, бараў, мадэляў, вар'яцкай музыкі ды іншых прынадаў начнога жыцьця. Настрой псаваўся, нэрвы, і так не асабліва моцныя, зусім расхісталіся. Ён быў гатовы ў любы момант выбухнуць, кінуцца на партнэра.

Гісторыя пачалася пару гадоў таму. Віктар купіў на eBay некалькі арыгінальных лістоў архэоляга Герхарда Ляндбэрга. Гер Ляндбэрг быў членам асобнай групы СС, спэцыялістам па таемнай рэлігійнай сэкце, пасьлядоўнікаў якой мэтадычна адлоўліваў і ссылаў у лягеры сьмерці. Пісаў сваёй жонцы Леоніі з Турцыі («Што б ні казалі — яны не арыйцы. Але гэта вялікая палітыка»), з Паўночнага Каўказу («Тут жахліва»), з Вугоршчыны і Румыніі («Яны ідыёты, хоць і нашы саюзьнікі»). У лістах ён сьцьвярджаў, што займаецца пошукамі, як ён казаў, «біблейскай зброі». Апошні ліст быў зь Беларусі.

«Мы ўжо зусім блізка. Я адчуваю гэта, як ніхто іншы. Заўтра Райх займее тое, што рашуча зьменіць хаду вайны на нашу карысьць».

Заўтра не настала. Згодна зь нямецкімі архівамі, Герхард Ляндбэрг загінуў геройскай сьмерцю пад Менскам, падарваўшыся на партызанскай міне летам 1943 году.

Дзімка паставіўся да гэтай гісторыі скептычна.

— Якая біблейская зброя? Што ты вярзеш! Калі б у габрэяў яна была, іх бы не палілі ў Асьвенцыме.

Але Віктар не супакоіўся. Пісаў запыты ў архівы, сустракаўся з дасьледнікамі і тлумачальнікамі рэлігійных кніг, задаваў пытаньні на сеткавых форумах.

— Апошні выпадак ужываньня — трынаццатае стагодзьдзе, Ніжняя Саксонія. Але там нешта ня так зрабілі, і здарыўся пабочны эфэкт. Яны спалохаліся і пакляліся не чапаць да прыходу мэсіі. Дакладна вядома, што яшчэ раз спрабавалі ўжыць у Майнцы супраць пагромшчыкаў. Шаснаццатае стагодзьдзе. Кагал ня даў, устаў на дыбкі.

Дзімка нечакана пачаў выяўляць зьедлівую цікаўнасьць. З павагі не круціў пальцам ля скроні.

— І яна дагэтуль пад Менскам?

Віктар палез у стол і выцягнуў кучу папераў.

— У 39-тым гэтая частка Польшчы адышла Беларусі, — пачаў Віктар, — габрэі з Майнцу пасьля тых пагромаў уцяклі сюды.

Дзімка ўбачыў копіі пратаколаў допытаў.

— НКУС? Глядзець ня буду. У іх такія мэтады былі — любы б прызнаўся, што завэрбаваны марсіянамі.

Але Дзімка ўсё ж паддаўся на Віктаравы ўгаворы і пайшоў да Гасана.

Мяркуючы па чарзе перад уваходам у клюб, справы ў Гасана ішлі добра. Ён адкінуўся на сьпінку канапы, разагнаў сваіх прычэплівых бляндынак, закурыў цыгару і, прыплюшчыўшы чорныя вочы, што нагадвалі дзьве аўтаматныя рулі, сказаў:

— Інвэстыцыю нэ дам. Кагда прынэсёш — купылю.

На большае Дзімка і не разьлічваў.

Віктар узрадаваўся і абвясьціў, што аб'ектаў будзе больш за трыццаць, але пабачыўшы перакошаную Дзімкаву фізіяномію, запрапанаваў абсьледаваць хоць бы палову. Дзімка згадзіўся на пяць. Папярэднія чатыры аказаліся пустымі, застаўся апошні. Забіты дошкамі дом зь ледзь заўважнай зоркай Давіда на франтоне на ўскрайку амаль бязьлюднай вёскі, якая складалася з пахіленых драўляных хатак. Аблупленыя, некалі ружовыя сьцены ў расколінах, зь якіх прабіваўся сівы мох, пустыя прахоны вокнаў, закрытыя мэталічным лістом, застаялы пах сырасьці.

Яны сарвалі дзьверы з завесаў, узялі шуфлі і пачалі разграбаць горы сьмецьця, якімі была завалена падлога. Празь дзьве гадзіны натыкнуліся на каменную пліту з надпісам па-габрэйску. Віктар прынёс кампутар і наладзіў перакладчык. «Не ўсклікайце і не давайце чуць голасу вашага».

Пасьля гэтага праца пайшла весялей. Пліту расчысьцілі і падчапілі тросам. Дзімка сеў у джып, матор зароў, колы шалёна круціліся, выкідаючы з-пад сябе гразь, пліта завібравала і ўстала старчма. У чорнай дзіры паказаліся каменныя прыступкі, што вялі ўніз.

Дзімка спусьціўся і праз хвіліну вярнуўся, асьцярожна трымаючы пад пахай цяжкі футарал.

Яны выйшлі з будынку, дасталі апошнія бляшанкі зь півам, селі на капот, закурылі. Тады Віктар і спытаўся, што ён зьбіраецца рабіць са сваёй доляй.

Дзімка азірнуўся на задняе сядзеньне. Гасан адваліць столькі, колькі яны запатрабуюць. Усю кроў зь яго вып'юць, да апошняга лейкацыта.

Ён усьміхнуўся.

Але ідэя працаваць самому вельмі нават добрая. Ён яшчэ раз зірнуў на цёмны футарал. Якое да д'ябла банкаўскае сховішча. Нават Форт Нокс не павінен утрымацца…

— Давай паспрабуем, — ён павярнуўся да партнэра, — на чым-небудзь.

Віктар задумаўся.

— Дзьмуць трэба адмыслова, — адказаў ён.

— Вядома, — згадзіўся Дзімка. — Адмыслова дык адмыслова.

Зьлез з капота, расчыніў футарал. Рог быў пацямнелы ад часу. Ніякіх надпісаў, знакаў.

— Звычайны, — ён пакруціў трубу ў руцэ, прымерваючыся, — нічога асаблівага.

Віктар зь непрыхаванай цікаўнасьцю сачыў за ягонымі дзеяньнямі. Дзімка стаў перад векавым дубам, накіраваў на яго раструб і дзьмухнуў у тонкі канец. Цішыня. Ён зазірнуў у трубу, спрабуючы ўбачыць нешта на сьвятло.

— Можа, не працуе?

— Табе ж казалі, што трэба адмысловым спосабам. Габрэі на звычайным шафары шэсьць гадоў вучыліся граць, а тут «…калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ хай усклікне гучным голасам, і гарадзкія муры абрынуцца да сваіх падмуркаў», — працытаваў Віктар з патасам, — гэта ж зброя!

Нечакана наляцеў пошуг ветру, трава палегла, дуб закалыхаўся, але гэта толькі падалося.

Дзімка над нечым раздумваў:

— Добра. Ты крычы.

Віктар паціснуў плячмі. Усё ж як-ніяк забава.

Дзімка надзьмуў шчокі, пачырванеў, вылупіў вочы і дзьмухнуў. Віктар адразу зразумеў, што гуку ня будзе, але на ўсялякі выпадак, каб не пакрыўдзіць партнэра, крыкнуў.

— ААААА!

Недзе ўгары пачуўся хруст, абодва прыгнуліся і пачалі азірацца. З дуба ўпала галінка.

— О! — узрадаваўся Дзімка. — Атрымалася.

Яны нахіліліся. Галінка была дарэшты згнілая.

— Так нават банкаўскую ячэйку не раскрыеш, — засьмяяўся Віктар, — зараз я паспрабую.

Дзімка перадаў рог. Віктар уцягнуў як мага больш паветра ў лёгкія.

— УРА!!! — пачуўся над самым вухам Дзімкаў рык.

Зноў закалыхалася, затрэслася трава.

— Добра, — сказаў Віктар, — пазабаўляліся й годзе.

Ён пайшоў да машыны, каб пакласьці трубу назад у футарал. Раптам проста з-пад ног нешта выскачыла. Ад нечаканасьці ён ледзь не ўпусьціў ношу. Гэтае нешта пабегла ў бок будынку.

— Бачыў? — Віктар павярнуўся да Дзімкі.

— Пацук, — абыякава сказаў Дзімка, падняў камень зь зямлі і кінуў яму ўсьлед. Віктар адчыніў заднія дзьверы, з машыны на яго выскачыў яшчэ адзін пацук. Ён ледзь ухіліўся.

— Што гэта было?

Дзімка напружана глядзеў у бок дому з ружовымі сьценамі. Травы не было. Замест яе стаяла суцэльная шэрая маса, якая калыхалася. А яна ж жывая, падумаў Віктар. Ён пакруціў галавой па баках. Пацукі ня рухаліся, нечага чакалі. У Віктара перасохла ў роце. Колькі іх там? Тысячы? Мільёны?

Дзімка ўжо ўзьлез на капот і глядзеў у бінокль.

— У нас джып, — прамовіў ён, як Віктару падалося, неяк ня надта ўпэўнена і сеў на сядзеньне кіроўцы.

Зароў рухавік, машына накіравалася проста ў шэрую сьцяну. Пачулася чвяканьне, піск, шыбы пачалі пакрывацца вадкай гразьзю з чырванаватым адценьнем. Хуткасьць упала, аўтамабіль павяло ўбок, ён пачаў завальвацца.

— Тармазі, — закрычаў Віктар, — тармазі!

Дзімка ўчапіўся ў руль, пальцы зьбялелі. Ён зрабіўся мокрым, лоб разьдзяліла папярэчная складка, вочы шалёна засьвяціліся, крылы носа расшырыліся. Рухавік чмыхнуў і заглух.

— Вось які пабочны эфэкт, — прамовіў Віктар, але словы ня выйшлі. У горле булькатала, сэрца выскоквала.

Дзімка выгнуўся і спрабаваў дацягнуцца да футарала з трубой.

«Калі будуць падыходзіць да мяне ліхадзеі, супраціўнікі і ворагі мае, каб зжэрці плоць маю, то самі яны спатыкнуцца і ўпадуць, — заплюшчыў вочы і зашаптаў сам сабе Віктар. — Калі ўзброіцца супраць мяне полк, сэрца маё не збаіцца; калі здарыцца супраць мяне вайна, на гэта я спадзяюся».

Аўтамабіль мякка пагойдваўся сярод жывога шэрага мора, паступова патанаючы ў яго бяздоньні. Пацукі ўзлазілі адзін на аднаго, вынюхвалі, выглядвалі. У машыне зрабілася зусім цёмна. Было чуваць, як торкаюцца морды ў шыбіны, як сотні кіпцюркоў скрабуць па дне, як ззаду напіраюць новыя, нецярпліва пішчаць і пакусваюць хвасты і вушы пярэднім, як ужо пакаштавалі на смак гуму колаў і незадаволена адплёўваюцца. На Віктара накочваліся хвалі насякомых, якія беглі па скуры ад самых кончыкаў пальцаў на нагах да макушкі.

— Крычы, — пачуў ён, — крычы…

Натужліва соп Дзімка, круціўся, крактаў, лаяўся. Скрыгат па дне ўзмоцніўся, зрабіўся гучным, нясьцерпным.

— Крычы, бля!

Да Віктара дайшло, што гэта яму. Ён раскрыў рот.

Крыку не атрымалася — з горла выйшла сіпеньне. Віктар зажмурыўся. Яшчэ адна спроба.

— ААА!

Джып рэзка тарганула ўбок. Зьявіўся цяжкі гук, быццам нізка ляцеў самалёт, да якога прымяшаўся тонкі піск. Шалёна засьвістаў вецер. Пацукоў пачало зьдзімаць. Зрабілася сьвятлей, і дробныя расколіны пабеглі па шыбінах. Дзімку званітавала, ён закрыў вушы далонямі. Джып няспынна трэсла, стойкі прагнуліся. Пасыпаліся асколкі шкла. Успышка асьвятліла перакрыўленыя фізіяноміі. У Віктара йшла кроў з носа. Ён адчуў, што абмачыўся.

Джып узьняло ў паветра, машына праляцела некалькі мэтраў і ўпала на колы. Вецер сьціх, гукі зьніклі, ледзь варушылася трава. Дзімка зусім белы, увесь у ванітах усьміхаўся сьсінелымі вуснамі.

Віктар паглядзеў, куды партнэр паказваў пальцам. Справа ляжаў з коранем вырваны дуб. Магутная каранёвая сыстэма нагадвала грэцкую скульптурную кампазыцыю. Канцы каранёў уздрыгвалі, быццам засьпетая зьнянацку гіганцкая гідра.

Дзімка заціснуў рог паміж каленяў і пяшчотна лашчыў яго, не перастаючы ўсьміхацца.

Постмадэрнісцкая прыпавесьць


Слова хвалявалася, вілося, закручвалася ў сьпіраль, спрабавала саскочыць, уцячы, схавацца, сесьці на ізьмену. Пасьля Яно супакоілася і пачало дзяліцца. Зьявіліся словы, словы, словы. Іх зрабілася вельмі шмат, і яны пачалі мільгацець. Яму гэта надакучыла, ён расплюшчыў вочы і ўбачыў чаравікі. Звычайныя карычневыя чаравікі. Яны яму не спадабаліся. Нейкі час ён іх разглядаў, пасьля падняў галаву. Далоні ўпіраліся ў дошкі, а паміж імі ў шчыліне тырчала скручаная ў трубачку паперка. Ён дастаў яе.

«Хачу быць жанчынай. Філіп».

Плот быў даўгі. Пацямнелае ад часу дрэва, іржавыя плешкі цьвікоў. Скрозь шчыліны была відаць пустка, зялёная трава, удалечыні калыхаліся таполі. Нічога цікавага.

За сьпінай, па шашы з шалёнай хуткасьцю лёталі машыны. Кабрыялет прытармазіў, зь яго паказалася палкая брунэтка і нешта спытала. Ён не зразумеў, але на ўсялякі выпадак махнуў рукой. Кабрыялет памчаўся далей.

Яшчэ адзін шматок паперы, на якім нязграбным почыркам выведзена:

«Нафта 100. Пятро».

Нарэшце нешта прыгадалася. Нехта падае, і ён хапае бутэльку са стойкі. Стоп. Значыць, быў бар. Ён заплюшчыў вочы і паспрабаваў больш выразна пракруціць у памяці той момант. Але, апрача зялёнай бутэлькі, нічога не зьявілася. Нават твар чэла, якому ўрэзаў, некуды сплыў.

— Іваныч, — сказаў ён уголас, быццам спрабуючы голас на смак. Гук аказаўся зусім хрыплым і таксама не спадабаўся. Ён набраў у лёгкія больш паветра і тут жа закашляўся. Зрабіў яшчэ адну спробу.

— Іваныч!

Ён спалохаўся, уцягнуў галаву ў плечы, азірнуўся, але нікога навокал не было, калі не лічыць машын на шашы. Чортаў плот не зьбіраўся канчацца. Ён зь цяжкасьцю ўзьняўся на насып, стаў на ўзбочыне і пачаў галасаваць. Ну хоць бы адна сука… Праз паўгадзіны адчуў патрэбу адліць і зноў спусьціўся. Захацелся піць, курыць, пачало круціцца ў галаве, і зрабілася млосна. Больш паднімацца да шашы ён ня стаў і пайшоў па сьцежцы.

А Іваныч, можа быць, зусім не імя, а прозьвішча. Або наагул імя па бацьку. Тады што?

— Сонька мяне не кахае. Тэл. 3964745193, — ён выцягнуў чарговую запіску і нечакана адчуў, што ў кішэні нешта ёсьць. Пашпарт, ёлы-палы! Са старонкі глядзеў пахмурны, засяроджаны твар. Тыповы даўн. Сарабан Віктар Іванавіч, прапісаны ў Менску. І дзеці ёсьць. Дачка і сын. Некалькі візаў. Літва, Турцыя, Польшча. Ён яшчэ раз зірнуў на фатаграфію. Значыць, Віктар Іванавіч. Прыемна пазнаёміцца. Бэ-э-э… А каторая гадзіна.

У паветры адчуваўся агідны прысмак вельмі хімічнага. Ён прыгадаў дачку.


— Нясмачна пахне, тата, — сказала яна і адвярнулася. Яны ішлі па парку. — Чаму ад дзядзі нясмачна пахне?

— Дзядзя — бомж.

— Гэта такая праца?


Плынь машын на шашы не спынялася ні на хвіліну. З рыкам праляталі вялізныя фуры, гружаныя легкавымі аўтамабілямі.


— А як дачку завуць? — сказаў ён уголас.

Памяць зноў прачынілася:

— Так, Леначка. Бомж — гэта такая праца.

— А ён ня можа працаваць дыстрыбутарам, каб ад яго ня пахла?


Ён зрабіў некалькі крокаў да наступнай запіскі.

«Патэлефануй. Тэл 975-414».

Неба было зацягнута шэрай смугою, скрозь якую ледзь прасьвечвала сонца. Хімічны прысмак у паветры ўзмацняўся. У роце гарчыла. Сэрца забілася, лоб пакрыўся потам, ён ішоў даволі хутка, часам спатыкаючыся і лаючыся ў адказ на няроўнасьці сьцежкі. Зь цяжкасьцю пераваліўшы праз пагорак, спыніўся, схапіўся за левы бок і пачаў лавіць ротам паветра.

Плот выгнуўся, і наперадзе паказалася Слова. Яно пачыналася праз мэтраў пяцьдзясят. Ён адразу прыгадаў пойла са зьмяёй і тлустымі герогліфамі на этыкетцы, такімі самымі чорнымі, як і Слова. Жаўтлявую цягучую вадкасьць залівалі ў талерку, поўную яркіх фруктаў, падпальвалі і празь нейкі час разьлівалі па піялах. Яшчэ ён выразна прыгадаў твар таго хлопца, які прыйшоў на стрэлку.


— Віктар, — назваўся ён. А перамоўнік замест прывітаньня адразу заявіў, што праблему можна вырашыць двума спосабамі — сумленна або напалам.

— Што такое «сумленна»?

— Калі рызыкі ўсе твае.

— Значыць, кідок?

У хлопца крыху прыўзьняліся бровы:

— А напалам?

У бары былі яшчэ дзьве гарылы, якія ў далёкім канцы рабілі выгляд, штозахоплена размаўляюць. Віктар урэзаў перамоўніку ў лоб. Двое ўскочылі. Хлопец яшчэ не пасьпеў асесьці, як зялёная бутэлька разьбілася аб ягоную галаву. Віктару заламалі рукі. Ён зарыпеў зубамі ад болю, брыкнуў нагой і трапіў. Хватка аслабла, кінуўся на падлогу і выхапіў гранату.

— Ну, сукі, — ён часта дыхаў, пераводзячы позірк з адной гарылы на другую. Яны спыніліся. На іх тварах зьявіліся прыкметы чалавечых эмоцыяў. З-за стойкі вызірнула бармэнка і адразу зьнікла.

— Граната не сапраўдная, — сказаў адзін.

Яны зрабілі маленькі крок насустрач.

— У пекле овэрдрафтаў ня будзе, — Віктар зрабіў выгляд, што вырывае кольца. Гарылы адступілі.

— Ня будзе, — паўтарыў ён дзеля большай пераканаўчасьці і ўстаў, не выпускаючы лімонку з рук. Гарылы ўважліва сачылі за ягонымі рухамі. Ён тыцнуў нагой перамоўніка. Той застагнаў. Ён павольна адступаў, трымаючы гранату за кольца.

— Добра, — сказала адна з гарылаў, выцягнуўшы наперад далоні. — Супакойся.

Яны ўзяліся паднімаць перамоўніка. Той мыкаў. Віктар паказаў на крэсла, яны пасадзілі яго, плюхнулі ў твар вадою і ўсталі па баках. Ён зрабіў знак, каб адышлі.

— Вунь туды. Да сьценачкі.


Віктар яшчэ раз азірнуўся. Канца й краю няма гэтаму плоту. «А Бога няма!» было напісана на чарговым шматку, прылепленым да дошкі празрыстым скотчам. Ён паспрабаваў запомніць нумар, запісаны буйнымі лічбамі, некалькі разоў паўтарыў яго ўголас, зразумеў, што няма сэнсу, і сунуў запіску ў кішэню. Зрабіў некалькі крокаў і апынуўся проста перад Словам. Яно зараз жа адбілася ўнутры сьценак чэрапа, націснула на ледзь заўважны рычажок, і нешта ўстала на свае месцы.


Яны патэлефанавалі і сказалі, што гатовыя сустрэцца. Віктар папярэдзіў жонку, што можа быць усякае. Яна села і бязгучна заплакала. Ён надзеў прынесеную некалі вельмі-вельмі даўно са службы бронекамізэльку, жонка выцерла вочы і спыталася, ці трэба нечым дапамагчы.

— Буду ваяваць.

Стрэлку забілі ў «Бoлце». Ён пад'ехаў на паўгадзіны раней, зайшоў у суседні будынак бібліятэкі, падняўся на апошні паверх, дастаў бінокль і агледзеўся. Aдна машына зь дзьвюма гарыламі ўжо на стаянцы. Віктар зірнуў на торбу, там ляжалі докі. Пад'ехала срэбная «паджэра», зь яе выскачыў перамоўнік, увайшоў у бар, адразу ж выбег і пачаў азірацца. Зараз жа зазваніў тэлефон.

— У заторы стаю, — адказаў Віктар. — Яшчэ хвілін трыццаць.

Перамоўнік вярнуўся да машыны і пачаў пра нешта гаварыць з кіроўцам, зрэдку нецярпліва паглядаючы на гадзіньнік. Віктар дастаў з унутранай кішэні пінжака востра заточаную адвёртку з масіўным тронкам і спрытна пакруціў яе пальцамі. Яшчэ раз зірнуў у бінокль, некалькі разоў гучна ўздыхнуў, сунуў адвёртку ў кішэню пінжака і пайшоў уніз.


Побач каля плота валялася бляшанка з рэшткамі засохлай чорнай фарбы. Віктар падчапіў бляшанку. Яна прыліпла да наска чаравіка. Блін! Ён пару разоў трасянуў нагой.


— Значыць, вырашаем так, — сказаў ён, калі ўбачыў, што перамоўнік расплюшчыў вочы. — Твае прыносяць бабло, я аддаю докі, і мы адзін на аднаго ня крыўдзімся.

— Ой, бля… — перамоўнік трымаўся за макушку.

— Ясна? — яшчэ раз спытаўся Віктар. Ён сунуў перамоўніку ў руку тэлефон. Хлопец, усё яшчэ стогнучы, набраў нумар.

— Нясіце валізку, — запатрабаваў ён.


Нарэшце бляшанка адляпілася ад абутку і адкацілася ў траву.


— Зрабі мне выпіць, — Віктар перагнуўся праз стойку.

Бармэнка сядзела на падлозе. Даўгія каштанавыя валасы былі перахопленыя стужкай з выявай вінтоў.

— Я… у мяне… — у яе дрыжалі вусны. — Перапынак. На абед. Казёл.

Віктар паклаў гранату побач з кейсам на стойку:

— Што?

Бармэнка ўстала, схапіла ручнік і пачала нэрвова праціраць келіх.

— Можа, чаго іншага жадаеце? Нажы пакідаць кухонныя? Пастраляць з гарматы?

Келіх лопнуў. Яна кінула яго ў сьметніцу, скоса зірнула на гранату, узяла чарку і наліла дрыготкімі рукамі гарэлкі. Каля чаркі ўтварылася невялічкая лужынка.

Віктар не адказаў, выпіў залпам і жэстам папрасіў яшчэ.

Ён трымаў другую чарку ў руцэ. Бармэнка дастала глыбокую талерку і пачала азартна крышыць туды яркія фрукты. Зьняла з паліцы бутэльку, запячатаную сургучом, са зьмейкай усярэдзіне і чорнымі герогліфамі на этыкетцы, страсянула, перш чым адкаркаваць, выліла зьмесьціва ў талерку і падпаліла.

— Супчык, — яна зачарпнула вадкасьць вялікай лыжкай, наліла ў піялу і паставіла перад ім.

Смак быў прыемны, нядаўкі. Ён выцер вусны сурвэткай, пасьля ўсё закруцілася, бармэнка паплыла, зьявілася пустка і Слова.


Віктар паглядзеў на плот. Слова было зусім побач. Да яго можна было дакрануцца. Яно клікала, вабіла і разам з тым адштурхоўвала і палохала. Ён вагаўся, некалькі разоў азіраўся па баках. Урэшце наважыўся і вымавіў яго ўголас. Гучна і выразна.

— ХУЙ!

Машыны на шашы замерлі, паветра зрабілася шчыльным, шкляным, час заторгаўся і пайшоў зігзагамі. Ён апынуўся ў «Болце», зірнуў на бармэнку, якая церла шклянку, адсунуў піялу ўбок, так і не дакрануўшыся да яе, узяў кейс са стойкі і выйшаў з бару.

Сэйф 


Самотны камар тонка і агідна зьвінеў. Ён заходзіў з тылу, сьпераду, пасьля нечакана зьнік. Гмурман супакоіўся, але раптам адчуў, што яго кусаюць, і ўдарыў па правай скроні. Адзін-нуль, усьміхнуўся стары. Калі ў вуху перастала зьвінець, ён расплюшчыў вочы і паглядзеў у вітрыну.

Ноч, кваканьне жабаў у сажалцы, міліцыянты з аўтаматамі, узламаныя дзьверы ў лямбард…

Колькі іх было? Двое? Трое?


Міця дыхаў брату ў самае вуха. Ігар некалькі разоў адсоўваўся, на нейкі час гэта дапамагала.

— Нічога, — Ігар дастаў з вушэй трубкі фанэндаскопа.

Сэйф аказаўся простым: ручка зь дзяленьнямі, проразь для ключа, бірка з інвэнтарным нумарам на бакавой сьценцы. Вельмі нагадваў канструкцыі зь фільмаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Мужчына з трыбушком у мехаватым гарнітуры з выразам вечнага страху перад рэвізіяй дрыготкімі рукамі дастае ключ з кішэні сьветлага пінжака. Вочы бегаюць, ён ніяк ня можа трапіць у замок, выцірае мокры лоб клятчастай насоўкай. Масіўныя дзьверцы адчыняюцца зь лёгкім рыпам. На паліцах — пячаткі на падушачках, блянкі камандзіровачных пасьведчаньняў, тонкая кардонная тэчка, у якой ляжыць падпісаная заява па ўласным. Часам бутэлька алькаголю. Мужчына пакорліва чакае сваёй долі, вінавата ўцягнуўшы невялікую лысую галаву ў плечы.

Міця ўзяў фанэндаскоп, зьлёгку пстрыкнуў пальцам па мэмбране. Увушшу пачуўся грукат — усё працавала. Брат прыціснуў мэмбрану да дзьверцаў і пакруціў ручку. Міця адмоўна заматляў галавой, забраў мэмбрану і ўзяўся сам прыкладаць яе да розных месцаў сэйфа. Ігар нейкі час сядзеў зь безуважным выглядам, залез у торбу з інструмэнтамі, дастаў ломік і ўдарыў па рабры незгаральнай шафы. Аксамітная цішыня. Па лбе ў Міці паехаў зьдзіўлены гармонік зморшчынаў.

— Хто ж ведаў… — засмучана сказаў ён.

У пакоі пахла пылам. Апрача сэйфа, што стаяў у куце, быў яшчэ пісьмовы стол з тумбай, разнымі ножкамі, масіўнай чарнільнай прыладай і звычайнае, нічым не адметнае крэсла. Праз адчыненыя дзьверы была відаць гандлёвая заля. На сьценах віселі партрэты бравых мужчынаў у расшытых камзолах са шпагамі. Блякла блішчала золата цяжкіх рамаў. Пад імі стаялі паліцы, дзе пад шклом або проста так ляжала ўсялякая дзіўная ўсячына. Вялікія шкляныя шары для аматараў магіі, састараныя намаганьнямі суседняга вайсковага заводу падзорныя трубы, парцалянавыя кітайскія правадыры, музычныя скрыначкі, зь якіх, калі зьлёгку націснуць на сакрэтную кнопку, выскоквалі памежнікі, абардажныя пірацкія шпагі, дуэльныя пісталеты і іншая лухта.

— Курыць хочацца, — Ігар павадзіў галавой з боку ў бок, гучна захрусьцела ў шыйных пазванках.

Залезьці ў лямбард была Міцева ідэя. Яны сядзелі на мелі ўжо чатыры месяцы. Усе заказчыкі маўчалі. Дый каму патрэбны прамысловы шпіянаж, калі навокал крызіс. Акцыі падаюць, банкі лопаюцца, абвесткі аб продажы нерухомасьці клеяць нават у прыбіральнях. Працы не было, і, калі яна зьявіцца, было няясна.

Апошнія грошы Міця патраціў на вузкавокую даўганогую манэкеншчыцу, якую падчапіў у «Новым Бронксе». Рыта аказалася аматаркай «Удавы Кліко» і пасьля дзьвюх бутэлек зацягнула ў лямбард, дзе ён купіў ёй пэрлямутравую пудраніцу майстэрскай работы. Яна цмокнула ў шчаку і шчасьлівая паляцела ў Гамбург на здымкі, абяцаўшы патэлефанаваць.

На другі дзень Міцю адключылі мабілку. Ён прыйшоў да брата, бегаў па кватэры, размахваў рукамі.

— Мы можам гэта зрабіць!

— Каму зьбіраесься здаваць барахло? — паспрабаваў астудзіць запал Ігар. — У іншы лямбард?

Засьвістаў чайнік на кухні.

— Стары трымае ў сэйфе сапраўдныя каштоўнасьці. Ігар уздыхнуў, пакапаўся ў кішэнях і працягнуў некалькі купюраў.

— Уключы тэлефон.

Міця ня гледзячы сунуў грошы ў кішэню.

— Ты ж ведаеш, кім Рыта працуе…

Брат скрывіўся.

— Для здымак быў патрэбны пярсьцёнак са смарагдам, — Міця вырашыў не зьвяртаць увагі на незадаволеныя грымасы, — яго прынесьлі. Рыта пацікавілася, колькі каштуе.

Ігар працягваў стаяць з адсутным выглядам твару.

— Страхавая цана сорак тысячаў, — казаў далей Міця. — Рыта сама езьдзіла вяртаць каштоўнасьць.

Ігар чмыхнуў.

— Што ж тут незразумелага? Прычапілася да фатографа, каб пазнаёміў з уладальнікам…

Ігар зразумела заўсьміхаўся.

— Кавы не прапаную: ты й так па столі бегаеш. Можа, проста бром кіпнем разьвесьці?

Міця пакрыўджана замаўчаў, узяўся дыхаць брату ў патыліцу, назіраючы, як той кідае ў кубачак палачку карыцы, залівае карычневую вадкасьць і нясьпешна дастае цыгарэту.

— Чым ты зьбіраесься запраўляць машыну празь месяц? — урэшце ня вытрымаў ён.

Пстрыкнула запальнічка, брат глыбока зацягнуўся.

— «Удавой Кліко». Хопіць на тысячу кілямэтраў.

Ігар думаў тыдзень. Курыў, глядзеў футбол, гартаў часопісы. Пагадзіўся. Міця яшчэ раз схадзіў у лямбард, папрасіў гаспадара дапамагчы падабраць падарунак для сяброўкі. Стары бліскаў акулярамі, трымаўся за бок, крактаў. Заваліў прылавак таннай мішурой. Давялося сказаць, што ў сродках ён не абмежаваны, абы рэч была вартая. «Хвіліначку, — кажа, — малады чалавек». Праглынуў таблетку і пайшоў у другі пакой.

Ён паказаў, як стары шаркае.

— Вяртаецца са скрыначкай і кладзе на прылавак. «Тыфані». Пярсьцёнак са смарагдам у срэбры. Той самы. Я сказаў, што гэта верх маіх магчымасьцяў.

Ігар дробна кіўнуў. Міця працягваў думаць пра сваё.


Яны хутка знайшлі плян лямбарду. Замовілі па звычайных каналах у свайго чалавека ў бюро інвэнтарызацыі. Уваходны замок здаўся праз хвіліну, адключыць сыгналізацыю было сэкунднай справай. Другі пакой быў наагул незамкнуты. Міця ўбачыў сэйф і ня мог схаваць сваёй радасьці.


— Курыць хочацца, — паўтарыў Ігар.

— Можа, гэта матэрыял такі спэцыяльны?

Ігар паглядзеў на брата, быццам убачыў яго ўпершыню.

— Гукапаглынальны… — ня надта ўпэўнена дадаў Міця.

Гадзіньнік паказваў чвэрць на першую.

— Што будзем рабіць? — спытаўся Ігар і паглядзеў па баках.

Міця ўсьлед за братам паводзіў галавой.

— Няма сэнсу, — сказаў ён, — карціны падробныя, падзорныя трубы — таксама.

Ігар падышоў да вешака, на якім вісеў сьветлы пінжак. Міця сабраўся ўжо пажартаваць, што гэты фасон увойдзе ў моду ў наступным сэзоне, але Ігар пачаў абмацваць кішэні. Нешта выцягнуў з адной і пачаў круціць перад вачмі.

— Які, кажаш, ювэлірны брэнд быў?

Міця не зразумеў.

— Смарагд…

— «Тыфані», здаецца, — Міця выцягнуў шыю, спрабуючы разгледзець, што ў брата ў руках.

Ігар працягнуў ключык. На ім было напісана «Тыфані». Міця адкрыў маленькі комп і залез у сетку.

— Палома Пікаса, — прачытаў ён, — распрацавала для «Тыфані» лінейку ўпрыгожаньняў, у тым ліку і ключы. Срэбра.

Ігар уставіў ключ у замок. Пачулася гудзеньне, нізкі гук, быццам недзе запрацаваў генэратар. Яны ўздрыгнулі і пераглянуліся. Выцягнулі ключ, і гук прапаў. У іх загарэліся вочы. Ігар паказаў галавой на фанэндаскоп і зноў уставіў ключ у замок. Сэйф загуў, як разварушаны вулей. Ігар пакруціў ручку зь дзяленьнямі.

— Ну? — Міця зноў пачаў дыхаць у патыліцу. — Ёсьць кантакт?

Ігар крыху падаўся наперад.

— Слухай, — пачаў ён незадаволена. Міця адсунуўся. Ігар пачаў павольна паварочваць ключ. Гуд узмацніўся. Міця ўбачыў буйныя кроплі поту на братавым ілбе.

— Што з табой?

— Ня ведаю… — адказаў Ігар. — Не магу.

Міця не зразумеў.

— Што «не магу»?

— Не магу і ўсё.

Ігар пакруціў рукой, быццам адчыняў уяўны замок.

— Не разумею, — ён устаў. — Ніколі такога не было…

З братам рабілася нешта ня тое. Рухі сталіся няўпэўненымі, рукі заўважна дрыжалі. Ігар падышоў да сьцяны, абаперся сьпінай і павольна споўз уніз.

— Зараз…

Міця працягваў сядзець у той самай позе і з трывогай глядзеў на брата.

— Алергія нейкая, — Ігар сядзеў з апушчанымі павекамі, — прыступ, напэўна…

Міця павярнуўся да сэйфа, які ўсё яшчэ нізка гуў, і ўзяўся за ключ. Скрозь пальчатку адчуваўся дзіўны холад. Пачало паколваць у кончыках пальцаў, на лбе выступіў пот. Яго ахапіла гарачка, у галаве запульсавала. Застукалі зубы, мачавы пухір аказаўся перапоўнены, а ў вушы пачалі запіхваць вату. Яе рабілася ўсё болей і болей, яна забіла ўсю галаву, але яе працягвалі пхаць. Скрозь вату стала чуваць, як дробна завібравалі паліцы ў гандлёвай залі, а зусім побач жаласьліва замяўкала котка. Няма тут ніякай коткі. Няма, і ніколі не было. Міця сьціснуў зубы. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў бацьку зь перакошаным тварам, які замахваўся на яго папругай. Пасьля ўбачыў брата, які павіс у бацькі на руцэ. Бацька стрэс Ігара, і той ляжаў бяз руху на падлозе. З вуха выцек тонкі струменьчык крыві. Міця ўскочыў з канапы і кінуўся на бацьку. Павеяла тытунём і перагарам. Узьнятая папруга апусьцілася проста на галаву…

Сэрца працягвала шалёна біцца.

— Гэта не алергія… — зь цяжкасьцю выціснуў Міця.

Унутры сэйфа пстрыкнула.


Гмурману падалося, што ён ведае гэтага мужчыну. Тонкія вусікі, нос, падобны да дзьвярной ручкі, востры кадык, калючы позірк міндальных вачэй. Наведнік уважліва агледзеў памяшканьне, павольна прайшоў уздоўж паліц, затрымаўся каля партрэта рабіна, прыдзірліва ўглядваючыся ў подпіс. Урэшце падышоў да прылаўка, Гмурман адарваўся ад уліковых кніг.

— Слухаю вас.

Тонкія вусікі выклалі на прылавак скрыначку. «Тыфані энд Ко». Гмурман убачыў пярсьцёнак са смарагдам. Ён дастаў са стала вялікую лупу.

— Цудоўная праца, — сказаў ён праз пару хвілінаў.

— Гэтая рэч дасталася мне ад маці.

Гмурман прыгадаў. Маўрыцыё Леанарда. Або Леанарда Маўрыцыё. На афішы было напісана, што гіпнатызэр і ілюзіяніст. У гэтых артыстаў абсалютна немагчыма зразумець, дзе імя, дзе прозьвішча.

— Я б хацеў яго… — гіпнатызэр сумеўся.

— Ня бачу ніякіх праблем, — Гмурман узяў ініцыятыву ў свае рукі, — назавіце вашу суму.

Лічбы былі прамоўленыя. Нейкі час Гмурман сядзеў моўчкі, абдумваючы. Пасьля выбачыўся і выйшаў у другі пакой. Вярнуўся, трымаючы пад пахай ноўтбук, і пачаў нешта шукаць у інтэрнэце.

— Улічваючы абставіны, хацелася б, каб была захаваная канфідэнцыйнасьць, — парушыў маўчаньне артыст.

— Гэты лямбард, — Гмурман не адрываўся ад экрана, — зачыняўся толькі адзін раз. У тую вайну былі патрэбныя партызаны, а не лямбарды.

Ён скончыў пошукі і зачыніў ноўтбук.

— А дванаццатай вы будзеце канчаткова шчасьлівы. — Гіпнатызёр кіўнуў, і тонкія вусікі зьніклі за ўваходнымі дзьвярмі.

Апоўдні дзьверы лямбарду расчыніліся, Леанарда ўвайшоў, агледзеўся і зрабіў за сьпінай запрашальны жэст. Гмурман спакойна назіраў, як чатыры чалавекі ўнесьлі ў гандлёвую залю нешта цяжкае, прыкрытае ярка-сіняй тканінай з прышытымі па беражку залатымі кутасамі. Артыст эфэктным рухам сарваў покрыва.

— Дык я б запрасіў дзетак, — прабурчаў Гмурман, гледзячы на сэйф, — вам бы спадабаліся іхныя воплескі.

Леанарда Маўрыцыё наморшчыў кручкаваты нос, крыху зьбянтэжыўшыся.

— Не былі б вы так ласкавыя прыняць пярсьцёнак разам з гэтай скрыняй? — спытаўся артыст.

Аднекуль з паветра ён дастаў ключ і паклаў на прылавак. Тонкія вусікі разьехаліся ва ўсьмешцы.

Яны аформілі ўсе паперы, сапраўднае імя гіпнатызэра аказалася значна больш празаічным, чым тое, што друкавалі на афішах. Асыстэнты занесьлі сэйф у суседні пакой і выйшлі. Гіпнатызэр мімаходзь глянуў на распараджэньне для банку аб выдачы наяўных грошай.

— Гастролі ў Амэрыцы, — чамусьці пахваліўся ён перад адыходам.

Гмурману падалося, што ён зьбіраецца яшчэ нешта сказаць, але артыст выйшаў.

У другой палове дня нечакана прыйшлі правяральнікі з страхавой кампаніі, якія пратырчалі ў лямбардзе да канца тыдня. Пасьля зьявіліся пажарныя, а пасьля іх — фінансавая інспэкцыя. У Гмурмана пайшла галава кругам, ён забыўся пра сэйф, пярсьцёнак ляжаў у шуфлядзе пісьмовага стала. Але як толькі праверкі закончыліся, ён адразу ўставіў ключ у замок. Сэйф загуў, у Гмурмана ўсё зрабілася як у тумане. Разбомблены склад, вялізныя салдаты ў касках, якія гаварылі на незразумелай гартаннай мове. Гмурман спалохаўся, што яны зараз забяруць вядзерца, поўнае толькі што назьбіраных суніцаў, перамяшаных з цукрам, і прыціснуў яго мацней. Адзін салдат падняў вінтоўку і накіраваў яе на яго. Побач пырснулі аскепкі камення. Ён, прыціскаючы вядзерца з каштоўнай сумесьсю, пабег туды, дзе дымілася варонка ад авіябомбы. Нешта прасьвістала каля вуха, ён скаціўся ў яму, кароткія штонікі трэснулі на азадку, пачуўся нізкі гул самалётаў і завыла сырэна… Гмурман вырваў ключ і больш да сэйфа не датыкаўся.

Ён адагнаў успаміны і пайшоў усярэдзіну лямбарду. Міліцыянты расступіліся. Стары прашаркаў па гандлёвай залі, уважліва паглядзеў на паліцы і выйшаў у другі пакой.


Дзьверцы сэйфа адчыніліся, нават падалося, што рыпнулі. Гудзеньне зрабілася амаль нячутнае, Міця зазірнуў усярэдзіну. Задняй сьценкі не было, сьвяціў ліхтарык, і нечая рука шнарыла па паліцах. Было чуваць, як перамаўляюцца па-ангельску. Зьявіўся твар. Вялікі кручкаваты нос, тонкія вусікі. Калючыя вочы пільна аглядалі кожны мілімэтар мэталічнай шафы і нечакана ўперліся ў Міцю. Зь міндальных вочы імгненна зрабіліся круглымі, а вакол тонкіх вусікаў зьявіліся кропелькі поту. Ураз узьнік пісталет вялікага калібру. Міця зараз жа выхапіў свой дванаццацізарадны «дзюк».

Яны хвіліну моўчкі ўглядаліся адзін ў аднаго. У чалавека рухаўся востры кадык. Уверх-уніз. Апусьціліся павекі. Міргае, падумаў Міця. У яго самога пашырыліся ноздры, ён часта і дробна дыхаў. Цела трошкі, на мілімэтар, адсунулася назад. Яму здалося, што тонкія вусікі на сваім баку былі цяпер таксама трошкі далей. Свабодная рука асьцярожна намацала дзьверцы. Мэтал апёк холадам пальцы. Міця рабіў выгляд, што рухі яго не датычаць, гэта адбываецца незалежна, быццам нейкая самадзейнасьць органаў. Ён прымружыў павекі, глядзеў скрозь вейкі, расслаблена. У галаве панесьліся ўрыўкі малітваў, і, ня зводзячы позірку з калючых вачэй, ён з усяе сілы бразнуў дзьверцамі сэйфа. Гудзеньне спынілася, ён павярнуўся да брата, які ўсё яшчэ сядзеў бледны, як пэргамэнт.

— Адыходзім, — сказаў Міця, — сам ісьці здолееш? — Ігар кіўнуў у адказ.


Гмурман убачыў ключ, які валяўся на падлозе.

— Ну што? — пачуўся нецярплівы голас з гандлёвай залі, — нешта прапала?

— Усё цэлае, — адказаў ён міліцыянтам. Пакруціў ключ у руцэ і засунуў у кішэню свайго сьветлага пінжака.

Яму прынесьлі паперы, ён уважліва прачытаў, узяў асадку з чарнільнай прылады, паставіў подпіс і зашаркаў да выхаду.

Трэба абавязкова выкінуць гэты сэйф, падумаў стары. Толькі месца займае.

Ля дзьвярэй лямбарду застаўся вартаўнік з аўтаматам. Ён пазяхаў, вакол цвыркалі насякомыя, недзе ў сажалцы сонна квакалі жабы, было душна...


Вясёлка


Ён прачнуўся і адразу паспрабаваў сесьці. Унутры хруснула, ён пакруціў галавой, прыгадаў, што сёньня чацьвер.

— Мама!

Ніхто не адгукнуўся. Ён падкурчыў калені, суставы скрыпнулі, і паклаў на іх галаву.

Было дзесяць гадзін сорак шэсьць хвілін. Міша пасядзеў бяз руху і роўна ў адзінаццаць зьлез са стала.

— Мама!

Дзьверы ў пакой бясшумна ад'ехалі, і ў праёме зьявілася мама.

— Ты як? — ласкава ўсьміхнулася яна. — Есьці ня хочаш?

Міша падумаў і кіўнуў галавой.

— Хадзем, — паклікала мама.

У кухні было, як заўсёды, стэрыльна. Вялізная ультрафіялетавая лямпа пад стольлю, мноства інструмэнтаў: адвёрткі, гаечныя ключы, разакі, гарэлкі, балёны з аргонам і кіслародам, чорныя разэткі, шпулькі, датчыкі тэмпэратуры і старадаўні гігромэтар, які мама знайшла на сьметніку, аднавіла і вельмі ім ганарылася.

— Чым будзеш сьнедаць?

Міша думаў.

— Можа, марозіва? — нерашуча пачаў ён.

— Сунічнае? — удакладніла мама. Міша энэргічна заківаў.

Яна ўключыла кампутар і пачала варажыць над графікамі. Крывыя не жадалі падпарадкоўвацца, танчылі, выгіналіся васьмёркамі, імкнуліся выскачыць за межы экрана. Міша асьцярожна пазіраў з-за мамінага пляча, як графікі паступова здаюцца, супакойваюцца і ўваходзяць у патрэбную канфігурацыю. Урэшце мама адарвалася ад клявіятуры і падала штэкер, ад якога ішоў тонкі белы дрот.

— Смачна есьці.

Міша ўставіў штэкер у гняздо ў левым баку.

Спачатку трошкі паколвала, але пасьля ўсё запоўніў смачны пяшчотны холад. Ён быў салодкі, сакавіты, хрусткі, ярка-чырвоны, пах сьвежасьцю і вясною. Міша заплюшчыў вочы ад задавальненьня. Ён трымаўся абедзьвюма рукамі за стол і зьлёгку гайдаўся.

Хлопчык зь бялявымі валасамі лез угару па вяровачнай лесьвіцы. На ім была белая кашуля зь сінімі палоскамі. Міша аднекуль ведаў, што гэта матроская форма. Хлопчык сьпяваў:

А ну-тка песьню засьпявай, вясёлы вецер,

Вясёлы вецер, вясёлы вецер!

Моры і горы ты аблазіў усе на сьвеце

І ўсе на сьвеце песенькі пачуў…

Міша бачыў мора, хвалі, хлопчык лез усё вышэй і вышэй, да самага сонца.

— Смачна? — пачуў Міша мамін голас. — Добрага памаленьку.

Міша расплюшчыў вочы.

— Можна яшчэ, — папрасіў ён, — кропельку?

Мама адарвалася ад экрана.

— Шмат салодкага — шкодна. Ты ж ведаеш — не шкада. Але што рабіць, калі ў цябе зноў пачнецца…

Яны былі ў гасьцях, і Каця ўпотайкі зацягнула яго на кухню, сунула штэкер і накарміла сочывам. Увечары Мішу зрабілася дрэнна. Мама ніяк не магла зразумець, чаму ён лётае як шалёны, не жадае адпачываць, хоць было ўжо позна. Яна ледзь злавіла, калі ён амаль што выскачыў у акно. Мішу хацелася лётаць. Мама выклікала лекараў, яны прыехалі праз шаснаццаць хвілін, выявілі парушэньне ў групе рухальных функцый, якое выклікала замыканьне цыклу. Доўга чысьцілі працэсарны блёк, спрачаліся, ці трэба пераўсталёўваць сыстэму, мама пасьля сказала, што гэта называецца «ладзіць кансыліюм», так і не прыйшлі да адзінага меркаваньня, віруснае гэта ці ўзроставае, вырашылі пакінуць усё як ёсьць і паназіраць.

А раніцай зьявілася Каця, яе прывялі бацькі, яна раўла на ўсё горла і расказала пра сочыва.

Міша выцягнуў штэкер.

— Можна, я пайду па вясёлку? — засмучана спытаўся ён.

Мама прыцягнула яго да сябе і пацалавала ў лоб.

— Дык я пайду? — удакладніў Міша.

— Толькі ня доўга, — сказала мама, але Міша ня чуў, ён бег уніз па лесьвіцы.

На вуліцы было ня горача, каля трыццаці. Сонца не было, неба было зацягнута шэрай смугою, з боку мора пахла нечым незнаёмым, кіслым.

Пад нагамі было сьлізка. У чорнай застылай шклістай масе, якая пакрывала ўсё да пачатку бэтоннай паласы, адлюстроўваліся дамы, сілавыя лініі на мэталічных апорах і рэдка-рэдка аўтаматычны дрон, што пралятаў у бок рэактару.

Самога будынку разбуранай АЭС відаць не было, ён хаваўся ў нізіне, за гладкім, таксама пакрытым чорным шклом пагоркам. З таго боку вецер заўсёды прыносіў цяпло, а ўначы — Міша ня бачыў, але Каця клялася і бажылася, што бачыла, — з-за пагорка сьвяцілася зялёным.

Ён спыніўся каля Кацінага дому і пастукаў у дзьверы.

— А, гэта вы, Міша? Добры дзень.

Кацін тата заўсёды называў яго на «вы».

— Добры дзень, — Міша засаромеўся і ў нерашучасьці замаўчаў.

— Каця, — тата адвярнуўся і закрычаў кудысьці ў дом, — да цябе Міша.

— Зараз, — пачулася ў адказ з глыбіні будынку, — зараз…

— Можа, зойдзеш? — тата зрабіў запрашальны жэст, але Міша адмоўна пакруціў галавой, унутры зноў хруснула.

Каця паказалася з-за татавай сьпіны.

— Здароў, Міша, — тата адсунуўся, прапускаючы яе наперад.

— Бывай, тата, — яна памахала бацьку рукой.

Міша ўзяў яе за руку, і яны засьлізгалі па шклістай масе ў бок мора.

— Далёка не гуляйце, — сказаў тата на ўсялякі выпадак.

— Добра, — хорам адказалі яны.

Бэтонная агароджа пачыналася праз кілямэтар. Пліты былі разьбітыя, і з расколінаў, быццам прарослыя расьліны, тырчалі кавалкі ржавай арматуры. Некалі даўно з гэтых плітаў узьляталі цяжкія шатлы.

Міша з Кацяй пераскоквалі праз разломы, караскаліся ўгару па плітах, спускаліся ўніз, паўзьлі па невялікіх тунэлях, што ўтварыліся невядома як. Каця не любіла цемры, пару разоў ёй было ніякавата, але Міша нічога не баяўся. Ён усюды ішоў першы і цягнуў за сабой.

Урэшце яны прыйшлі. Наперадзе непакоілася чорная вада. Ад яе ішоў кіслы пах. Хвалі накочваліся на бэтонныя пліты і разьбіваліся на мільёны пырскаў. Калі сьвяціла сонца, тут зьяўлялася вясёлка. Міша з надзеяй паглядзеў угару. Да канца гарызонту неба было шэрае. Высока ў небе вісеў дрон, за ім цягнулася тонкая белая паласа. Каця прыклала руку да вачэй, быццам яе сьляпіла. Міша сеў на пліту, бэтон быў цёплы. Мора крыху супакоілася, пах зрабіўся не такім рэзкім. Каця прыладзілася побач. Яны праводзілі дрон позіркамі, пакуль ён не схаваўся за шкляным пагоркам, і зноў павярнуліся да вады.

— Якая яна, вясёлка, зьверху? — спытаўся Міша. Галава ў яго ляжала на каленях.

Хвалі ляніва набягалі адна за адной і адкочваліся назад.

— Напэўна… — пачала Каця і замаўчала.

Вада ўнізе шумела, быццам побач у яме рыхтаваўся да выступу аркестар.

Музыкі ладзілі інструмэнты. Дзьмулі ў муштукі флейтаў, спрабавалі валторны, асьцярожна білі ў барабаны, арфа правярала напятасьць струнаў, скрыпічная група тузала смычкі.

Міша ўстаў.

— А ну-тка песьню засьпявай, вясёлы вецер, — пачаў ён, — вясёлы вецер, вясёлы вецер.

— Моры і горы ты аблазіў усе на сьвеце, — падхапіла Каця.


Герасім & Муму


Яна яму надакучыла. Герасім яе некалькі разоў тапіў — і ўсё няўдала. Калі вяртаўся да сябе, а жыў ён на ўскрайку двара, каля куратніка, яна ўжо сядзела перад уваходам у ягоны катушок, прыязна махала ржавым хвастом, а з разяўленай пашчы ліліся гукі фартэпіяннага джазу. Герасім пасьля гэтага звычайна нейкі час быў як ня свой. Ён або тармазіў, застываючы на пару хвілін кожныя паўгадзіны, або разьюшана мёў, уздымаючы вялізную хмару пылу, у якой яго самога немагчыма было разгледзець.

Ён дастаўся мне ў спадчыну разам з усёй астатняй гаспадаркай майго дзядзькі — невялікай сядзібай на ўзьбярэжжы. Стары, нават, можна сказаць, старажытны андроід. Мэталічная бліскучая галава, пакрытая зашмальцаванай кепкай, даўгі фартух, рыпучыя суставы, дапатопныя інфрачырвоныя камэры ў вачніцах…

Герасім займаўся звычайнай працай дворніка: сартаваў сьмецьце, грузіў яго ў кантэйнэры, зьбіраў па навакольлі пустыя бутэлькі і бляшанкі, што заставаліся пасьля шматлікіх сьвяточных пікнікоў.

Некалі даўно праграму мадэрнізавалі, і ён пачаў даглядаць курэй. Сыпаў ім ячмень, мяняў ваду, зьбіраў яйкі.

Жыў самотна, іншых робатаў цураўся, калі выпадала вольная хвіліна, глядзеў па тэлевізары футбол.

Прыбіраў ён якасна і сумленна. Я заўсёды любаваўся дакладным мерным рухам яго мятлы. Адчувалася старая праграмісцкая школа.

Здаралася, што ён напяваў пад нос старадаўнюю песеньку «Не качагары мы, ня плотнікі». Раз я заўважыў, як ён нешта дастаў з кішэні фартуха, азірнуўся па баках і ўставіў сабе ў рот. Я не паверыў сваім вачам. Бліснуў агеньчык запальнічкі, і Герасім закурыў. Цыгарэта ў роце дымілася. Ён стаяў нерухома хвілін дзесяць, пасьля пстрычкай паслаў недапалак далёка за плот, зноў азірнуўся па баках і ўзяўся як нідзе нічога месьці.

З Утылізатарам адносіны ў Герасіма былі працоўныя.

— Ты, значыцца, эта… ты бліжа падганяй! — крычаў ён, трымаючы кепку ў адной руцэ, а другой пагладжваючы сваю бліскучую галаву. — Ты эта, значыцца… ты коўш акуратней сувай.

Утылізатар быў сучаснай мадэльлю і лічыў, што мае пачуцьцё гумару. Герасім на жарты не рэагаваў, але было заўважна, што ён нэрвуецца. Рукі дрыжалі больш, чым звычайна, вывераныя рухі рабіліся занадта рэзкімі.

— Ты эта, значыцца, хохмы будзеш дома расказываць. Ты зачэм прыехаў? Ты сюда, значыцца, работаць прыехаў. Вот і дзелай сваё дзела.

Муму наагул невядома адкуль узялася. У найпадрабязьнейшым вопісе маёмасьці, які прыкладаўся да тастамэнту, яе не было.

Я абыходзіў будовы разам з аканомам — верным робатам майго нябожчыка дзядзькі, які меў дзіўны дэфэкт, што рабіў яго мову падобнай да мовы задыханага чалавека, — калі ўбачыў праржавелую наскрозь пральную машыну, якая ляжала на баку.

— Будка, — сказаў аканом, злавіўшы мой зьдзіўлены позірк, — дворніка нашага Герасіма кібэрдог.

Муму высунула зь дзьверцаў сваю вострую мордачку, асьцярожна павяла камэрамі, убачыла нас і схавалася. Аканом сумеўся, я махнуў рукой, падбадзёрваючы:

— Хай будзе.

Аканом расслабіўся, і мы пайшлі далей.

Наогул да Муму ўсе ставіліся зусім абыякава. Нават куры не зьвярталі на яе асаблівай увагі. Толькі певень раўнаваў. Ён абавязкова спрабаваў наскочыць і дзюбнуць у вока. На мордзе ў Муму адразу зьяўляўся выраз непадробнага зьдзіўленьня. Яна сядала на азадак, неўразумела глядзела на атакі. Галава зь дзіўным гудам паварочвалася ўсьлед за рухамі пеўня, рот міжвольна разяўляўся. Аднойчы я пачуў, як з пашчы, замест павіскваньня, прагучала:

— Я гэта чаму вам кажу? Не дзеля таго, каб пахваліцца, што мы гэта зрабілі. Хоць мне і прыемна сёньня пра гэта казаць. Я вам хачу прадэманстраваць, што як толькі мы заняліся праблемай сяла, гэта пацягнула, як лякаматыў, астатняе. Пацягнула грамадзкае, сацыяльнае жыцьцё людзей — клюбы, палацы, садок, ясьлі, школу. Мы ў кожным гарадку аб'ядналі ясьлі, садок і школу. Ніякіх траўмаў, чалавек як пачаў з трох гадоў туды хадзіць, ён ужо звыклы. Уяўляеце, зь дзіцячага садка ў школу завесьці дзіця? Самі ж хадзілі. Якая трагедыя…

Некалькі разоў я бачыў, як на другі дзень пасьля начнога дажджу Герасім, буркаючы нешта пад нос, адпілоўвае нажоўкай яе прыржавелае тулава ад пральнай машыны.

— Іш ты, значыцца, муха! — лаяўся ён.

Пасьля праведзенай апэрацыі Герасім абавязкова выхоўваў Муму. Ён садзіў яе насупраць і доўга глядзеў ёй у морду. Яна не вытрымлівала позірку і панура апускала галаву. Хвост, які звычайна весела круціўся вакол сваёй восі, тужліва ляжаў на зямлі. Яна ўсім сваім выглядам паказвала, як шкадуе, што так выйшла, разумее недарэчнасьць свайго становішча і поўнасьцю раскайваецца. Аднак пасьля чарговага дажджу гэта паўтаралася зноў.

Муму была вельмі старая. Іржа аб'ела яе ў розных месцах так, што прасьвечваў рухальны мэханізм, хвост круціўся са скрыпам, часам яна без прычыны спынялася. А калі вочы западалі ў вачніцы, Герасім прыносіў патэльню і біў яе па патыліцы. Яна торгалася, выраз твару рабіўся асэнсаваны, камэры вярталіся на месца. Муму падыходзіла да гаспадара і пачынала ўдзячна терціся аб яго ногі.

Да Герасіма ў катушок яна не заходзіла. Прыладжвалася на парозе і цярпліва чакала. Заўсёды можна было вызначыць, дома Герасім ці не. Калі Муму на варце перад дзьвярыма, значыць ён глядзіць футбол. Калі Герасім выпраўляўся зьбіраць бутэлькі, ён заўсёды браў яе з сабой. Клікаў Муму сьвістам, і яны нясьпешна выходзілі з двара. Герасім ішоў, перакінуўшы праз плячо пару льняных мяхоў, Муму трухала побач, зрэдку забягаючы наперад, спынялася і чакала, пакуль гаспадар зь ёй параўняецца. Празь некалькі гадзін яны дакладна ў такім самым парадку і вярталіся. Толькі на плячах у Герасіма спачывалі два вялізныя, набітыя здабычаю мяхі.

Бутэлькі Герасім здаваў Утылізатару, а на ўтаргаваныя грошы аплачваў спадарожнікавыя каналы. Сума была дробная, але яму хапала, і ён вельмі ганарыўся сваёй незалежнасьцю.

Аднойчы я ўбачыў, што яны ідуць кудысьці разам. Традыцыйных мяхоў для збору бутэлек, што звычайна боўталіся на плячы ў Герасіма, я не заўважыў, але й не надаў гэтаму вялікай увагі. Аднак праз гадзіну са мной зьвязалася берагавая варта. Паводле ідэнтыфікацыйнага нумару яны знайшлі ўладальніка і цікавіліся, што робіць мой катар так далёка ў моры. Я вельмі зьдзівіўся.

— А каго вы бачыце на борце?

Яны адказалі, што там толькі робат у кепцы. Неўзабаве мокрая Муму прыбегла ў двор. Яе хвост прапэлерам круціўся з рыпеньнем вакол сваёй восі, а з пашчы ліліся раскацістыя акорды штутгарцкага канцэрту Мішэля Пэтручыяні. Сьледам за ёй паказаўся Герасім. Ён адразу накіраваўся ў катушок глядзець футбол, але, убачыўшы Муму, зьбянтэжана ссунуў кепку на бліскучую патыліцу і, не саромеючыся нікога, дастаў з кішэні фартуха пачак цыгарэтаў. Ён доўга ня мог прыкурыць, рукі ў яго дрыжалі. Нарэшце ўдалося, ён выпусьціў дым і прысеў на кукішкі.

— Іш ты, значыцца, муха! — толькі й сказаў ён, углядаючыся ёй у вочы.

Я вырашыў яго не чапаць і запатрабаваць тлумачэньняў назаўтра. Але раніцай выявілася, што яны ўжо некуды пайшлі. Аканом расказаў, што Муму чарговы раз прыржавела, Герасім гучна лаяўся, нэрваваўся, зламаў некалькі нажовачных палотнаў, але ўсё ж адпілаваў.

Я, навучаны досьведам, адразу зьвязаўся зь берагавой вартай, яны пацьвердзілі, што Герасім зноў выйшаў у мора.

— Вы яго бачыце? — пацікавіўся я.

Яны пачалі трансьляваць карцінку на мой пляншэт. Герасім стаяў на карме і задуменна глядзеў на небакрай. Ён узяў сабаку за заднія лапы і кінуў за борт. Пасьля ўставіў у рот цыгарэту і закурыў.

Хвілін праз дваццаць Муму ўбегла ў двор і адразу накіравалася на сваё звычайнае месца. Яна прысела там, некалькі разоў паводзіла галавой з боку ў бок і замерла. Вочы згасьлі.

Герасім вяртаўся задаволены. Ён ішоў, выставіўшы наперад бліскучыя грудзі, і на ўвесь голас расьпяваў «Не качагары мы, ня плотнікі». Яго крыху пахіствала, ён нават захрас у браме, абярнуўся і прыгразіў кулаком некаму нябачнаму. Ён ужо дабраўся да другога куплету, калі ўбачыў Муму. Вакол яе ўтварылася невялікая лужына. Дворнік спыніўся, пачаў пільна ўглядацца, але, пабачыўшы, што камэры запалі, пайшоў да сябе і вярнуўся з патэльняй. Ён ляснуў так моцна, што Муму паляцела пад плот.

— Іш, значыцца, муха! — сказаў Герасім, ацэньваючы траекторыю.

Камэры ў вачах у Муму вярнуліся на месца, яна бразнулася аб зямлю, ажыла, радасна завіляла хвастом, спараджаючы пры гэтым жахлівыя гукі дрэнна змазанага жалезьзя, і затрухала да гаспадара, зьбіраючыся, як звычайна, пацерціся Герасіму аб ногі, але той пайшоў у катушок і бразнуў дзьвярмі перад самым яе носам.

А ўначы была залева. Гром грымеў, быццам вялізны асілак тупаў па нашым даху. Маланкі бліскалі штохвілінна, асьвятляючы навакольле яркімі сполахамі. Усё было ненатуральна выразнае, трывожнае, пляскатае. Патокі вады йшлі сьцяною.

— Так… — прашаптаў аканом майго нябожчыка дзядзькі, — такога дажджу даўно ўжо не было. Вельмі даўно.

Стыхія сунялася каля чацьвертай гадзіны. Зь першымі промнямі сонца Герасім выйшаў на двор. Было мокра. Вакол стаялі суцэльныя лужыны, у якіх адбівалася блакітнае неба.

Муму наглуха прыліпла да сваёй будкі. Герасім пахадзіў навокал, пассоўваў кепку, промень сонца адбіўся ад яго бліскучай патыліцы і трапіў у мой пакой. Я думаў, што Герасім пойдзе, як звычайна, па нажоўку, але ён не сьпяшаўся. Дворнік прысеў каля Муму, дакрануўся пальцам, пасьля ўстаў і шпаркім крокам накіраваўся не да сябе, а за куратнік. Праз хвіліну вярнуўся з тачкай, на якую бязь цяжкасьці пагрузіў пральную машыну з наглуха прыржавелай жывёлінай. Галава Муму зь цікаўнасьцю сачыла за дзеяньнямі Герасіма.


Дворнік, ні слова ня кажучы, штурхаў тачку паперадзе сябе. За брамай сядзібы спыніўся, дастаў з кішэні фартуха цыгарэту, крыху патрымаў у руках, нечакана схаваў і пакаціў тачку ў бок мора. Я зьвязаўся зь берагавой вартай і папярэдзіў, каб нічога не рабілі, а толькі трансьлявалі карцінку з свайго дрона мне на экран.

Праз паўгадзіны на пляншэце зьявілася выява катара і Герасіма за штурвалам. За ім ляжала пральная машына з Муму, якая бездапаможна матляла лапамі. Герасім выплыў далёка за буйкі і спыніўся. Ён падняў машыну на выцягнутыя рукі і выкінуў за борт. Зьняў кепку, выцер марскія пырскі з бліскучага мэталічнага твару і разьвярнуў катар. Праз гадзіну ён ужо мёў двор сядзібы і бурчаў пад нос звыклае «Не качагары мы, ня плотнікі, да…»

Я ўжо зьбіраўся выклікаць яго для сур'ёзнай размовы, але маю ўвагу адцягнуў экстранны сыгнал ахоўнай сыстэмы.

— Код чырвоны, — сказаў ахоўнік рыпучым голасам і паўтарыў, — код чырвоны. Гэта не вучэньні.

Код чырвоны — найвышэйшая ступень небясьпекі. Ахова перадавала выявы з камэраў сачэньня. Павольна, вельмі павольна, з-за пагорка, з боку мора, набліжалася вялізная гара хламу з наліплымі ракавінкамі і караламі. Я разгледзеў іржавы якар, лопасьці ад вінта невялічкага катара, некалькі балёнаў ад акваланга, вёдры, талеркі, кулямёт «максім» са стужкай патронаў. Зьверху над усім узвышаліся шыпы падобнай на рыбу-вожыка марской магнітнай міны. У самым нізе быў відаць знаёмы кавалак іржавай пральнай машыны. Увесь гэты хлуд пакідаў за сабой на зямлі глыбокую баразну. Музыкі чуваць не было. Але я быў упэўнены, што па меры набліжэньня да сядзібы Мішэль Пэтручыяні будзе гучаць усё больш выразна…


Адкладзенае жаданьне


Дзяўчынка трымала палец у носе. Гмурман адарваўся ад газэты. Ён не цярпеў чытаць з экрана кампутара і аддаваў перавагу сапраўднаму прадукту з пахам друкарскай фарбы.

— Што? — ён паправіў акуляры.

Хлопчык устаў на дыбачкі і паставіў на прылавак чорны пакет. Усярэдзіне было нешта цяжкае. Пакет крыху зьехаў наніз, і зь яго паказалася шырокае рыльца слоіка. Ён зрабіў крок назад.

— Дзеці, — сказаў Гмурман, — аналізы прымаюць насупраць Батанічнага саду. Там ёсьць эўрапейская мэдыцына.

«Не на ноч сказаўшы», — дадаў ён сабе пад нос: печань нагадала пра сябе.

Дзяўчынка паглядзела на старога. «За такія вочы некалі будуць ехаць у зачынены шлягбаўм!» — падумаў Гмурман. Ён паляпаў па кішэнях камізэлькі, залез у шуфляду стала і дастаў бляшаную скрынку зь ледзянцамі, якія засталіся з тых часоў, калі ён яшчэ спрабаваў кінуць курыць.

— Дзякуй, — дзяўчынка сунула цукерку за брудную шчаку і зрабіла кніксэн. Стары ўсьміхнуўся, зморшчыны разгладзіліся, печань крыху адпусьціла.

— І кавалер хай не саромеецца.

— Я не кавалер, — пакрыўдзіўся хлопчык.

— Ён не кавалер, — пацьвердзіла дзяўчынка.

Гмурман падняў рукі ўгору. Хай будзе не кавалер.

— Ён Сеня, — сказала дзяўчынка. Палец перабраўся з правай наздры ў левую.

— Ах, Сеня… Вельмі прыемнае імя. А вас як завуць? — ён паглядзеў на дзяўчынку.

Ён іх раней бачыў, яны жылі на суседняй вуліцы. Дзеці як дзеці — ганялі на роліках па асфальце, поркаліся ў прыдарожным пыле, гулялі ў мяч проста пасярэдзіне дарогі…

— Каця. Мне хутка будзе пяць гадоў. А вас?

Гмурман не чакаў пытаньня і крыху разгубіўся.

— Мяне можна называць Барыс Львовіч. Хай Сеня возьме ледзянец.

Хлопчык нерашуча муляўся.

— Малады чалавек, — падбадзёрыў яго Гмурман, — глядзіце, пасьля пашкадуеце.

Сеня зрабіў маленькі крок да бляшанай скрынкі, якая ляжала на прылаўку каля чорнага пакета. Каця дакорліва пакруціла галавой. Хлопчык адступіў.

— Яму нельга салодкае, — строга сказала Каця, — ён у шпіталі ляжаў.

Гмурман спачувальна ўздыхнуў.

— Ох, як нядобра.

Ён узяў скрынку, зьбіраючыся схаваць яе назад у стол, але спыніўся і запрапанаваў Каці яшчэ адну цукерку.

— Ну дык вось, — ёнпавярнуўся і паказаў на паліцы, даючы зразумець, што гатовы распачаць дзелавую частку: — Людзі сюды здаюць рэчы.

На паліцах уперамежку ляжалі парцалянавыя сабакі, кітайскія вазы, антыкварныя відэакамэры. Невялікая мініятура малавядомага мастака галяндзкай школы суседнічала з парусьнікам, які быў зь любасьцю ўціснуты ў бутэльку з вузкім рыльцам. Рэчаў было шмат, яны былі розныя. Наборы сталовага срэбра чаргаваліся з падзорнымі трубамі ручной работы, цяжкі што не падняць камінны гадзіньнік суседнічаў з альбомамі, напханымі паштовымі маркамі.

Хлопчык падышоў да прылаўка, зьняў пакет. У слоіку плавала невялікая рыбка. Гмурман узьняў акуляры на лоб, падсьлепавата прыжмурыўся, пасьля апусьціў іх і павярнуўся да хлопчыка.

— Гэта табе дзе? — спытаўся ён. — Гэта табе заапарк?

Хлопчык зьлёгку пляснуў сястру далоньню па сьцягну. «Я ж казаў», — зашыпеў ён.

— Адчапіся, — Каця павярнулася да Гмурмана. — Яна ўмее гаварыць.

Гмурман паглядзеў на Кацю, пасьля на слоік. Звычайная залатая рыбка.

— Вядома, — ён дазволіў сабе крыху ўсьміхнуцца. Сапраўдны талент расьце на суседняй вуліцы. Шыкоўная зьмена. Сеня глядзеў у падлогу.

— Яна сказала… — працягнула Каця, але Сеня зноў паспрабаваў яе абарваць. — Адчапіся!

Каця павярнулася і ўдарыла брата па плячы. Гмурман цярпліва чакаў.

— Яна сказала, што толькі адно засталося.

Каця для большай пераканаўчасьці ўзьняла ўгару ўказальны палец. Сеня моцна таргануў сястру за сукенку. Каця ўдарыла брата па патыліцы.

— Дзеці, — Гмурман сабраў бровы да пераносься, паспрабаваў прыбраць з голасу рыпучы старэчы гук, — тут вам не спартовы бокс. Тут вам лямбард.

Хлопчык апусьціў галаву яшчэ ніжэй і гучна засоп.

— Так ня пойдзе, — Гмурман, трымаючыся за печань, выйшаў з-за прылаўка. Ён дастаў з кішэні камізэлькі чыстую насоўку і прыклаў яе да Сеневага носа.

— Налягайце, малады чалавек, — ён глядзеў на паліцы, — не саромцеся.

Каця засьмяялася, брат бліснуў вачыма.

— Мы будзем чысьціць каналізацыю, ці што? — спытаўся Гмурман, ён ужо бачыў тое, што шукаў. — Выганяйце соплі!

Сеня пачаў з усяе сілы трубіць.

— Выдатны вынік, — канстатаваў Гмурман, калі ў носе нічога не засталося. Ён зьняў з паліцы падробныя дуэльныя пісталеты.

— Ведаеш, хто такі Пушкін?

У хлопчыка бліснулі вочы, калі ён убачыў зброю.

— Гэта Джэк Верабей? — хлопчык падняў галаву.

Гмурман працягнуў футарал. Пісталеты былі ўдвая лягчэйшыя за сапраўдныя.

— Вывучай.

А сам тым часам прыклаў насоўку чыстым канцом да Кацінага носа.

— Праверым, што ў вас робіцца ў дзірачках, мілая паненка.

Каця з гатовасьцю пачала смаркацца.

— Выдатны вынік, — паўтарыў Гмурман. Шаркаючы і трымаючыся за печань, ён вярнуўся за стойку. — Працягнем.

— А яна, — хлопчык паказаў пісталетам на сястру, — яна захацела ляльку. Як Барбі, толькі каб яшчэ лепшая.

Сеня прыцэліўся ў парцалянавую кампазыцыю «Баваўнаробы абмяркоўваюць праект сталінскай канстытуцыі».

— А ён ёй адразу галаву адламаў, — паскардзілася Каця. — У яе вочкі і згасьлі. Яна ніпаякому больш не размаўляе. Ні добры дзень, ні сэнк'ю.

— Бах-бах, — Сеня стрэліў, баваўнаробы, відаць, яму адказалі, і ён прыгнуўся. Кулі прасьвісталі каля галавы.

— А ён папрасіў у рыбкі марозіва — і зьеў. А яму нельга.

— Ты таксама ела, — Сеня працягваў адстрэльвацца.

— Я трошкі, — дзяўчынка зьвярнулася да Гмурмана, — зусім трошкі, — яна разьвяла далонькі. — А ён — цэлае вядзерца.

Барыс Львовіч зразумела ўсьміхнуўся: «Я з табой, Каця». Сеня працягваў ухіляцца ад уяўных куляў.

— Нічога ня трошкі.

Яго, здаецца, паранілі, але ён мужна выглядаў цэль.

— Ты дрэнны!

Гмурман убачыў, што Каця сабралася плакаць, і пасьпяшаўся ўмяшацца.

— Ты зробіш мне дзірку ў пячонцы, тэрарыст, — Гмурман жэстам запатрабаваў, каб ён спыніў страляніну.

Хлопчык насупіўся, пакруціў пісталет і неахвотна паклаў яго на прылавак.

— А яна сказала, — Каця паказала на слоік, — што яшчэ можна толькі адно ў яе прасіць. А ён, — Каця тыцнула ў брата пальцам, — хоча пажарную машыну.

— Вялікую? — на ўсялякі выпадак перапытаў Гмурман.

— Так, — Каця асуджальна паглядзела на брата.

— Я ў цырк не хачу, — хлопчык надзьмуўся.

— У цырку прыгожа, — Каця летуценна паглядзела на столь, — там прынцэсы.

Яна ўдарыла брата па плячы. Ён скрывіўся ад болю і пачаў яго расьціраць.

— Нічога там не прыгожа, — Сеня паспрабаваў ударыць у адказ, але Каця ўхілілася і пачала бегаць вакол яго:

— Прыгожа! Прыгожа!

Яна лётала як шалёная. Гмурман узьняў акуляры на лоб. «Бедныя мужчыны, — падумаў ён, гледзячы, як разьвіваюцца яе кудзеркі, — у вас засталося ўсяго дванаццаць, у скрайнім выпадку, трынаццаць спакойных гадоў».

— Дзеці! — ён пляснуў у далоні. Каця не зьвярнула ўвагі. — Што ты лётаеш, як Абэбэ Бікіла ад свайго начальніка. Перастань, а то мне зробіцца дрэнна ў вочным дне.

Каця спынілася.

— Дык што вы хочаце, каб я ня мог адмовіцца? — спытаўся Барыс Львовіч.

Дзеці паглядзелі адно на аднаго.

— Хочам, каб яна была ў вас, — пачала Каця.

Гмурман глянуў на рыбку. Тое, што адбывалася за межамі слоіка, яе відавочна не датычыла.

— Гэта вы самі прыдумалі? — спытаўся ён.

— Так, — сказаў Сеня.

— Не, — тупнула ножкай Каця, — гэта рыбка сказала.

— А што яшчэ сказала рыбка? — пацікавіўся Гмурман.

— Што, калі мы вырасьцем, вы нам яе аддасьцё, — сказалі дзеці адначасна.

— Яна тады зробіць яшчэ раз усё, што мы захочам, — дадаў Сеня. — Толькі адзін раз.

— Дапусьцім, — згадзіўся Гмурман. — А што яна любіць абедаць?

— Ня ведаю, — сказала Каця. — Я ўчора ўпусьціла вядзерца ў сажалку, Сеня дастаў, і яна была там.

— А марозіва яна ня есьць, — дадаў Сеня аўтарытэтна, — я ёй прапаноўваў.

«Марозіва ня есьць», — чамусьці запісаў Гмурман на паперцы, што трапіла пад руку.

— Добра, дзеці.

Ён прыгадаў, што акварыюм пакінулі ў заклад амаль пяць гадоў таму. Яго трэба толькі адмыць.

— Хай гэтую ноч яна ў слоіку дыхае, а заўтра разам будзем рабіць ёй катэдж. Дамовіліся?

Дзеці кіўнулі.

— Усё? — на ўсялякі выпадак спытаўся Барыс Львовіч.

— Усё, — адказаў Сеня.

Каця зрабіла кніксэн. Гмурман глядзеў ім усьлед і ўсьміхаўся. У дзьвярах сястра яшчэ раз бухнула брата ў сьпіну.

Барыс Львовіч прыбраў слоік з прылаўка, паглядзеў паперку, дзе было напісана «Марозіва ня есьць», і палез у сетку шукаць, дзе найбліжэйшая крама, што гандлюе кормам для жывёлаў. Ён перапісаў адрас і тэлефон акуратным почыркам. Гмурман патэлефанаваў, яго доўга пераключалі на прадаўца. Ён цярпліва чакаў, урэшце злучылі.

— Чым кормяць залатых рыбак? — пацікавіўся ён.

І чамусьці спытаўся, ці можна рыбкам марозіва. На другім канцы дрота засьмяяліся, нібы ўдаламу жарту. Прадавец паведаміў, калі з крамы змогуць прывезьці корм. Гмурман паклаў слухаўку і ўзяўся зноў чытаць газэту.

Пад вечар печань адпусьціла, а ўначы прысьніўся цырк. Граў аркестар, бегалі клоўны, на кані гарцавала даўганогая прыгажуня ў доўгай белай сукенцы са шлейфам. А пасьля на арэну выехала пажарная машына. Яна была вялікая і сапраўдная.

Барыс Львовіч усьміхаўся ў сьне.