Мадэль для забойства [Маргарыта Аляшкевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Маргарыта Аляшкевіч

Мадэль для забойства



Аэрапорт

Вам, напэўна, даводзілася бываць у вялікім аэрапорце. А калі і не, дык вы сабе такі лёгка ўявіце. Прасторныя залы, поўна народу, кавярні, крамы, чакальні, цялежкі, экраны, на вялізным чамадане сядзіць дзяўчо і горка плача. Яе абыходзяць — хто з цікавасцю, хто абыякава, адзін мужык, прыліпшы вачыма да табло, ледзь не наехаў цялежкай.

— Глядзі, куды прэш, боўдзіла вузкавокае! — гыркае дзяўчо на ўсю залу прылёту. — Каб табе вочы завярнула, каб цябе качкі стапталі, каб цябе на тым свеце паперлі, як ты тут сваю цялежку прэш…

Мужык ані слоўца не разумее, палохаецца, перапрашае. Але шанцаў знайсці агульную мову няма — дзяўчо выбачэнняў відавочна не разумее і ажно заходзіцца ад гневу. Усё больш людзей спыняецца і прыслухоўваецца, вось ужо і службе бяспекі зычаць скарпіёна ў пячонкі, як раптам:

— Халоў, Яначка! Што гэта вы тут робіце? Памятаеце мяне, я Агата, мы разам ляцелі…

— А-а, Агатка, любая! Скажы ім, скажы, каб мяне адпусцілі, а ну рукі прыбяры, казліна! Я буду жалавацца!

Дзяўчына, якая прадставілася Агатай, добра ўмее пераконваць — хутка Яначка перастае брыкацца, ахоўнікі яе адпускаюць і нават ветліва прапануюць дапамагчы, а натоўп расчаравана разыходзіцца.

— Дык што, раскажыце, здарылася — вас у сто першы раз паклікалі сёння замуж? Давайце дапамагу… — Агата папраўляе Яначцы валасы, даўгую і густую грыву каштанавых кудзераў. — І дзе тыя скаўты, вы казалі, яны за вас дома ледзь не біліся?

— Вой, кінь ты мне выкаць, я ж цябе прасіла… У тым і рэч, што няма, няма нікога! Ні-ко-га! А? Ніхто мяне не сустракае! Не ведаю нават, што рабіць…

— Ну, ну, не плачце, э-э-э, не плач, зараз што прыдумаем, ну, глядзі, вось, туш пацякла…

— А? Пацякла? — Яначка тут жа кідае румзаць, выцягвае люстэрка і робіцца страшна дзелавой. — У цябе ёсць сурвэтка і тонік? Тут недзе была прыбіральня...

— Чакайце, чакай, давай разбярэмся, а то ў мяне аўтобус праз паўгадзіны, увечары ўжо мушу быць на працы... Не, канечне, я цябе не кіну, хто гэта землякоў у бядзе кідае?.. Ты ў самалёце казала, што цябе запрасіла тутэйшая агенцыя, самая крутая ва ўсёй Азіі. І яны цябе не сустракаюць? А ў цябе запрашэнне іхняе ёсць? Давай паглядзім.

Яначка мусіць распакаваць палову чамадана — і недзе паміж сыравяленай кілбасой, нарачанскім хлебам і прасам адшукваюцца тры мятыя старонкі, мадэльны кантракт. Агата ўважліва яго праглядае:

— Ну вось, ага, ну вось, глядзі, тут жа ўсё напісана — прыбыўшы ў аэрапорт, Мадэль павінная набыць картку і пазваніць у Агенцыю, вось і нумар… ты гэта ўвогуле чытала?

Яначка засяроджана выцірае пад вачамі сляды тушы, пакуль Агата не адбірае ў яе люстэрка.

— Не чытала я, ну і што? Мне бацькі ўсё прачыталі і патлумачылі, што ты мне гэту паперку пад нос суеш, ды не ведаю я ангельскай, андэрстэнд?

Агата купіла тэлефонную картку, пазваніла ў Яначкіну агенцыю, потым купіла супермадэлі квіток на той самы аўтобус, якім ехала да горада сама.

— Лімузін! Лімузін! Гы-гы-гы! — не магла супакоіцца Яначка, калі яны сядалі. — Ты там на касе гаварыла пра лімузін, я зразумела! А гэта самы звычайны аўтобус, ну хіба двух’ярусны, дзе маё джакузі?.. Шампанскага хачу!

— Не мела баба клопату, купіла парася, — сказала Агата дрэвам, якія прывітальна квітнелі абапал шашы. Былі гэта сакуры ці не — а хто ж іх ведае, Яначка апынулася не той суседкай, у якой і пры якой можна такое распытваць. Затое ў яе можна навучыцца віртуознаму фарбаванню веек: на ўсім горным шляху рука ў яе ні разу не задрыжала. А я б сабе, пэўна, вока выняла, падумала Агата.

— Слухай, гэта, канечне, не мая справа, але як ты збіраешся тут без мовы працаваць? Будзе перакладчык ці як?

— О! Ведаеш, я нават неяк не думала пра гэта… Ну, ды абыдзецца, я кантактная, калі што, на пальцах патлумачу, ты не думай, што я з тым мужыком заелася, гэта я проста расклеілася, ведаеш, доўгі пералёт, ну, і не сустрэў ніхто, а далей паабвыкну, яно прасцей будзе. А ты збіраешся ў такім выглядзе заявіцца ў тваю самую знакамітую ў Азіі газету?.. Ого, глядзі, глядзі, колькі крамаў!! Гучы! Прада! Армані! Левісы тут! І Барбэрыз! Луівітоон!

— От ужо, збірайся лепей, хутка прыедзем.

Пакуль Яначка складвала ў торбу напаўзгрызены яблык, туш, тры часопісы, партфоліа, цацку-падушку і парфуму, якую прыдбала ў дз’юці-фры і выцягнула, каб пахваліцца Агаце, яны і праўда прыехалі. Яначку сустракаў букер, які паказаў Агаце цэлы стос дакументаў — кантрактаў, раскладаў на бліжэйшы тыдзень і ўсяго такога, запэўніў, што цяпер усё будзе добра, даў дзяўчатам па шакаладзіне і прапанаваў Агаце падвезці яе куды трэба.

— Не люблю чужыя машыны, — буркнула сабе пад нос Агата, а ўголас сказала. — Ды не, дзякуй, я хачу яшчэ горад паглядзець, дык мне метро сама тое будзе. Ну што, зямлячка, давай развітвацца.

Дзяўчаты абняліся, Яначка ледзьве зноў не расплакалася: “Ты пішы мне, ясна? Я буду мэйл штодня правяраць, абяцаеш?..” Але пачакайце, жыццё яшчэ звядзе іх разам. Звядзе, сутыкне, праверыць — хто мацнейшая…



Станікі

Агата і Яна прымяраюць станікі. Гэта іх улюбёны занятак. І хаця прычыны ў іх для гэтага розныя, дзеўкі разам рухаюцца паўз даўгія шэрагі вешалак, заўзята мацаюць, пагардліва адсоўваюць, абіраюць нарэшце два-тры варыянты і пад хіханькі гандлярак зашываюцца ў прымяральню.

Яначка пазіруе нават у прымяральні. Паварочваецца да люстэрка, напружвае жывот, выгінае спіну і на імгненне замірае, гледзячы сабе ў вочы. У такія моманты яна шчыра сабой уражаная і гэтак жа шчыра ўсёй сваёй фігурай запрашае Агату, дый каго заўгодна, падзівіцца, якое ў яе вабнае маладое цела, якая пругкая скура, як выпіраюць з навюткага станіка грудзі.

 — Ды не цягні так! — Раптам Яначка разбурае ідылію і пачынае вучыць Агату, што лінія ад грудзей да лапатак мусіць бегчы роўна, а не касіць уніз да спіны. — Вось глядзі, так, а то зараз зацягнеш, а тады спераду правісне. Ну, як?

 — Проста шыкоўна, — з Агатай не пагадзіўся б хіба Ёні Кук, але ўсе яны, мадэльеры, крыху таго.

 — Слухай, прынясі мне той блакітны, але “цэ”. І гэты, гэты таксама! — крычыць Яначка наўздагон і, разам з патрэбным станікам высоўваючыся з-за фіранкі, тыцкае сабе пальцам ў грудзі.

Яначкін лямант разрывае цішу гандлёвага цэнтра. Гандляркі, якія ў чужой мове не разумеюць ані слоўца, кідаюцца да прымяральні. Але неўзабаве зразумеўшы, што матузкі і не думаюць пакупніцу душыць, а косткі не ўпіваюцца ахвяры ў рэбры, пырскаюць смехам і адыходзяць, каб праз якую хвілю вярнуцца з неверагодна ідыёцкімі мадэлямі.

 — Ноў, ноў, — спрабуе адбіцца ад гандлярак паўголая Яначка і нават закручваецца ў фіранку, але тыя ўпарта прыкладваюць да яе захутанай фігуры амарантавы пеньюар у блякла-жоўтыя гарохі не менш як з тонай карунак.

 — Ес, ес, соў прыці! — Адна з гандлярак спрабуе прычапіць вешалку з гэтым панкаўскім саванам да верху прымяральні, каб той апынуўся як мага бліжэй да Яначкі, а другая падсоўвае люстэрка, каб пакупніца магла сябе як след разгледзець, і прыцмоквае. — Ўаў, соў прыці!

Нарэшце карнавал разганяе Агата, адну назолу адпіхнуўшы, другой усміхнуўшыся і прыхапіўшы пры гэтым вар’яцкі пеньюар — усё, маўляў, памераем, дайце толькі волю.

 — У іх няма “цэ”, вось узяла табе 75 замест 70, паспрабуй.

У Агаты свой інтарэс. Яначка ўводзіць яе ў свет моды: вучыць любіць крамы замест бібліятэк і вопратку замест кніг, любіць выбіраць, падбіраць, спалучаць, упрыгожваць пацеркамі і атрымліваць асалоду ад самога працэсу прымерак. У Яначкі дзве крэдыткі, татава і маміна, плюс працэнт з паказаў і здымак, які штотыдзень выдае на рукі агенцыя, таму дзяўчына купляе што ёй заманецца і калі ёй цюкне ў галаву: трэба ж неяк пазбаўляцца ад усіх гэтых грошай. У Агаты сціплыя ганарары са спазненнем у два месяцы, ніякіх картак і звычка нацягваць раніцай тое, што трапіцца пад руку.

 — Во напхалі паралону! Глядзі, тут кішэнькі, каб можна было яшчэ падкласці… — Яначка аглядае новы станік недаверліва, быццам прыкідвае, ці бяспечна на ім пераплыць акіян.

 — Ну, я іх добра разумею, у іх жа не грудзі, а прышчыкі. Паглядзі, мы ўжо ў чацвёртай краме запар не можам “цэ” знайсці, усё “а” ды “а”. І навошта на “а” яшчэ станік чапляць?

 — Ну, не ўсе ж маюць столькі нахабства, як некаторыя, — Яначка хітра глядзіць на Агату.

 — Пры чым тут нахабства, гэта ж элементарная зручнасць! Нашто чапляць на сябе гэтую збрую, калі і цягліц дастаткова? — Агата ніколі не носіць станікаў, але Яначка не губляе надзеі штосьці падабраць і ёй. Паводле яе ідэалу шчасця кожны выхад з дому ў краму мусіць завяршацца кучай пакупак, а сваёй сяброўцы яна, натуральна, зычыць шчасця. Як, безумоўна, і ўсяму свету.

Агата перавыхаванню не надта паддаецца. Вопратку мяняе, толькі каб выпраць і нацягнуць назад, кіношак купляе па адной і пераглядае потым сто разоў, ды і што гэта за кіношкі, там жа ніводнага пацалуначка, не тое каб сапраўднай сцэны ў ложку. Замест ласункаў грызе моркву, а замест начных клубаў завальваецца дрыхнуць ды яшчэ і Яначку з сабой цягне, пагражае ў іншым выпадку выдаць агенцыі, бо “трэба спаць, арганізм не падманеш”.

 — Гэта не збруя, — крыўдзіцца Яначка за свае прыўкрасныя станікі. — Я ведаю, для цябе гэта проста анучкі, але ты толькі памерай, ну, давай, ад гэтага ж плямамі не пакрыешся!

Яначка так глядзіць, так надзімае свае пульхныя вусны, што тут бы і Ёні Кук не стрываў, хоць ён адмарозак, вычварэнец і так далей па спісе.

 — Ладна, ладна, давай сюды, які мне надзець? — Як бы Агата ад гэтага пачуцця ні хавалася, ёй прыемны дотык халаднаватага шоўку, прыемная мяккасць цюлю, якім убраны верх станіка, ну, і гэтыя колеры... Так і граюць, так і ідуць рэфлексамі: блакіт на бледнай скуры, малако на блакіце, хоць ты бяры пэндзлікі і замалёўвай, што гэтая балаболка казала там пра плямы?..

 — Так, тут крыху падцягнем, — Яначка з веданнем справы папраўляе на Агаце станік. — Зараз ты ведаеш як зрабі, я на сабе пакажу, вось так іх рукой знізу падпраў, каб вышэй ляглі, так, ага, малайчына, ну, бачыш?

 — Нічога сабе! — Агата здзіўлена глядзіцца ў люстэрка — а там у шкілета і праўда з’явіліся грудзі!

 — А я табе кажу! Зараз давай майткі прынясу з гэтай жа калекцыі, зробім з цябе дзяўчыну, — Яначка знікае раней, чым Агата адкрывае рот, каб адмовіцца.

Не паспявае Агата высунуць з-за фіранкі галаву, як да яе з абодвух бакоў з новымі неверагоднымі камплектамі падбягаюць прадавачкі. Гэтым разам у іх гарсэты з браніраванымі чашачкамі, адзін атрутна-салатавы, другі летуценна-паласаты, як закаханая п’яная зебра, а да іх у камплект — дзіцячых памераў панталоны, пра якія прадавачкі ўвесь час нешта стракочуць ды ўсё тыкаюць у каталогі: там прыўкрасная Яначка выгінае спіну і гуляе доўгай нізкай брутальных кіслотнага колеру караляў.

 — Ноў, яны ж для мяне замалыя! — спрабуе адбіцца Агата, тлумачыць на пальцах, але жэсты атрымліваюцца збольшага непрыстойнымі. — Ту тайт, ту смол!

 — Ноў смол, ноў смол, — смяюцца і вуркочуць прадавачкі і тыцкаюць пальцамі ў каталог, а каталогам Агаце пад нос, але там толькі іерогліфы і вабная Яначка з чароўнай усмешкай, адначасова спалоханай і зазыўной. — Ноў смол, лук, лук, місі!

Тут адна з прадавачак пачынае напінаць атрутныя панталоны на сябе, паказваючы, як цудоўна яны расцягваюцца, і ўсе яе дванаццаць рознакаляровых і рознафактурных спаднічак задзіраюцца ўверх — але чаго добры гандляр не зробіць для свайго пакупніка?

 — Вой, нагавічкі з нашай рэкламы! — Яначка падплывае акурат у час і ратуе Агату ад неабходнасці прымераць скуру п’янай зебры. — У нас пад гэтую лінію было цэлае шоу, яна ад цэлюліту, дык надта цісне, спачатку нічога, але потым як паходзіш, дык усё пачынае нямець, і падумай толькі, калі мне цісне, як жа ўсім гэтым цэлюлітным цёткам будзе! На, вось гэтыя паспрабуй.

 — Не, гэта ж стрынгі! — пратэстуе Агата, ашчэрыўшыся калючкамі, як дзікабраз.

 — Ну так, стрынгі, і я хачу, каб ты іх проста надзела, а не разводзіла мне тут анцімоніі! Глядзець не магу на гэтыя твае… сямейнікі! — Страшнейшай абразы ў яначкіным слоўніку проста няма. Непаразуменне ў прымяральні вось-вось перарасце ў ваенны канфлікт, дзеўкі адна на адну вырачыліся і таго глядзі паб’юцца. Агата ўжо бачыць, як на люстэрку за яначкінай спінай усплывае загаловак “Забойства ў прымяральні”, побач з наэлектрызаванага жарсцямі паветра матэрыялізуецца рэдактар, у якога гараць вочы і драпежна раздзьмухваюцца ноздры, са столі сыплюцца газетныя старонкі з каляровымі здымкамі ахвяры, задушанай стрынгамі… Зрэшты, прыкінуўшы мізэрнасць ганарару ў параўнанні з даўжынёй турэмнага тэрміну, Агата бярэ сябе ў рукі, праганяе відма і кліча на дапамогу занядбаных багоў мудрасці і цярплівасці:

 — Сто разоў табе казала: стрынгі шкодныя для дзявочага здароўя, — Агата намагаецца зрабіць нудную прамову аўтарытэтнай. — Яны ствараюць благі мікраклімат, ну, ты, памятаеш, мы з табой карцінкі ў інтэрнэце разглядалі, што там бывае? Можаш потым мець праблемы з хлопцамі…

Гэты аргумент для Яначкі вырашальны. Яе інтарэс да Агаты — апроч жадання зрабіць увесь свет разам з гэтай занудай шчаслівым, — яшчэ і ў тым, каб як мага болей дазнацца пра хлапцоў, і пра сэкс, і пра ўсё-ўсё, пра што Агата ў свае дваццаць тры ведае, а Яначка ў свае шаснаццаць — не. Таму яна хуценька капітулюе і мяняе гнеўны тон на ліслівы:

 — Я ж не кажу хадзіць так цалюткі дзень, ну проста прымерай, зрабі ласку, ну я хачу на цябе паглядзець, ну, калі ласка, ну няўжо табе так цяяаажка…

 — Акей, толькі не ный, давай сюды і схадзі прынясі мне штосьці нармальнае, а не з дзвюх нітак!

Пакуль Яначка, задаволеная сваёй малой перамогай, знікае за фіранкай, Агата лае ўсё на свеце, правярае, ці прыляпілася пракладка, саромеецца ўласнага адлюстравання, нарэшце паказвае яму язык, а там і свой хударлявы азадак з дзвюма блакітнымі пасачкамі.

 — Адпа-ад! — выдыхае Яначка з-за фіранкі, бо крыху пабойваецца ўвайсці, не зірнуўшы Агаце ў твар — ці не ўкусіць? Але Агата смяецца — надта ўжо нягеглы атрымліваецца адбітак: косткі, некалькі блакітных ліній, зноў косткі, над імі немаведама адкуль — грудзі, і далей зноў пляската і вуглавата...

 — Ну што, мо і мне на подыум? — Агата выскаляецца і прымае адну з манерных поз, якім вучыла надоечы Яначка, але тут жа хмурнее. — Гэй, і не думай нават, ты што, якая з мяне мадэля!

Але Яначка думае. І бачыць, што гэтая беласкурая шкілеціна будзе вой як даспадобы паскудзе Ёні. У Агаты, канечне, ані грацыі, ані каліўца какецтва, але ж тут свой шарм, анарэксічныя пруцікі акурат у модзе, ды і азіяты заўжды шукаюць светлую скуру…

 — Так, адшчапі там, будзь ласкавая, і кінь на залу, у мяне ўсё адно няма грошай, дык чаго тут маскарад разводзіць, — Агата наўмысна бярэ строгі тон, каб хутчэй вярнуць Яначку да станікаў з пазнакай “бэ”. — Дык на якім ты спынілася?

І гэта ў соты раз спрацоўвае. Каляровыя мае вы змоўшчыкі, анучкі вы мае выратавальныя, хай яна не думае нічога, гэтая прыгажуня з каровінымі вачыма.

— Ну, можа, гэты…

— Надзень яшчэ раз, не памятаю ўжо, як сядзеў. — Агата адзін за другім прыкладае да Яначкі станікі, і неўзабаве шаўковага блакітнага з цюлевым верхам ужо і не бачна. На ім ляжыць смарагдавы з залатымі вышыванымі лісточкамі, затым амарантавы з барвовымі бісернымі ружамі, затым паласаты чорна-белы з тонкім паскам карунак. Персікавы са званочкам — м-м-м, смаката, носіцца як абярэг ад непрыемных думак.

 — Ведаеш што, я, мабыць, вазьму ўсе, мне ўсе падабаюцца, — Яначка падхоплівае кучу бялізны і цягне яе да касы. Дзяўчына вельмі справядлівая і напраўду хоча зрабіць свет лепшым, а таму мужна не выкідае блакітны камплект з кучы і нават сама за яго плаціць, пакуль Агата адбіваецца ад крамных гаспадынь.

 — Місі, місі, лук! — шчаслівыя гандляркі не ведаюць, што б яшчэ прапанаваць экзатычным пакупніцам, цягнуць за рукі, і Агата пакрысе робіцца падобнай да папугая і дзяўбе “ноў”, “ноў”, забываючы ўжо на тое “сэнк’ю”, бо яшчэ палічаць, што яна згодная.

 — Бяры і не спрачайся, а не тое пакрыўджуся, — на ўсялякі выпадак Яначка глядзіць на Агату сярдзітымі вачыма, кусае вусны і моршчыць лобік. — У нас заўтра цэлы дзень кастынгі, паедзеш з намі і будзеш адпрацоўваць, казкі расказваць.

 — Але ў мяне ж праца! — дзень з мадэлькамі Агаце нават страшна ўявіць, а іх казкі — тым больш! Пра першыя сто пацалункаў, ды як яно бывае, ды якія ў каго былі хлопцы, ды што з тымі хлопцамі ўвогуле рабіць, а як…

 — Будзе табе праца, там прыязджае сам спадар Кук, возьмеш у яго інцярв’ю, табе ж трэба эксклюзіў? За эксклюзіў добра заплацяць.

Потым, уначы, Яначка ляжыць у адным з сваіх новых станікаў і горка плача, і робіць кандыцыянер на два градусы халаднейшым, каб пабачыць, як Агата, мярзлявая шкілеціна, скурчыцца пад коўдрай, няўдзячная Агата, для якой яна столькі зрабіла і столькі яшчэ заўтра зробіць… А Агата лічыць ад тысячы назад, лічыць дні, калі ў яе накопіцца дастаткова грошай, каб выплаціць штраф за пратэрмінаваную візу, сямсот семдзесят тры, каб вярнуцца дамоў, сямсот семдзесят два, каб купіць гэтай дурнічцы ляльку, сямсот семдзесят адзін, бабу з во такімі цыцкамі, сямсот семдзесят, бабу, якая не ведае, што такое станік, сямсот шэсцьдзесят дзевяць, бабу, сямсот, дамоў, сямсот пецьдзесят тры, грошы, сямсот пяцьдзесят тры, збілася, баба, сямсот семдзесят тры, станікі, сямсот, холадна як, сямсот семсят два, трэба вярнуць ёй сямсот.

Яначка пільна сочыць за Агаціным дыханнем, чакае, пакуль яно зробіцца роўным і запаволеным. У руках Яначка мне новы станік, шаўковы, блакітны. Усе на свеце павінны быць шчаслівыя, гэта праўда. Але праца ёсць праца, а наперадзе — яшчэ цэлы тыдзень, Тыдзень моды, а Агатка такая худзенькая і бледная (цюль халодзіць шыю — можа, крыху вышэй, вось так, трэба ўсё зрабіць хутка)... Шкада Агатку, але нашто яна такая худзенькая і бледная (не, лепей вось так, каб матузкі слізгалі праз спражку)? Так, так — шчоўкае кандыцыянер.

Агатка у блакітным шоўку дыхае каротка і хутка, потым усхліпвае і заціхае.

Тады Яначка ідзе ў ванну. От жа, пазногаць зламала! І станік расцягнуўся… Ну дык можа, я прымераю, во. Прыгажуня з люстэрка ашчэрваецца усмешкай — блакітны станік пасуе і ёй. Цяпер можна спакойна спаць.

Таўстуха

Яначка і Агата едуць на фотасесію. Дакладней, на фотасесію едзе Яначка, а Агатка карыстаецца нагодай хутчэй дабрацца да метро. Яначкін букер вельмі задаволены і пазвоньвае ў пробцы сваёй каханай — напэўна, хваліцца, што многа заробіць. Яму дастаюцца адсоткі ад кожнай работы, якую ўдаецца займець Яначцы. А гэтым разам так пашэнціла — дзеўку ўпадабала галоўная дызайнерка тэкстыльнай фабрыкі, ды не абы-якой, а самой… Але каханую гэта не цікавіць, цікавіць яе толькі, калі ён вернецца і якіх прысмакаў прывязе. Прынамсі, так дзеўкі расчытваюць тыя мімічныя эцюды, якія адбываюцца на пярэднім сядзенні іхнага вэна, бо мовы дасюль не ведаюць. Вучылі-вучылі з раніцы, пакуль Масу чакалі, нават дырэктара агенцыі да колікаў давялі. А цяпер усё забыліся, хітрая такая мова, яна то з табой, то з кімсьці здраджвае. “Трэба будзе заняцца сур’ёзна, калі ўжо тут загразла”, — чарговы раз дае сабе загад Агата, але думкі сплываюць ад вучобы да разважанняў, ці выпадзе ёй хоць калі вярнуцца дадому. Мо разбіць якую вітрыну, каб яе дэпартавалі разам з пратэрмінаванай візай?.. “Ці зробяць яны мне педыкюр?” — прыкідвае Яначка і разглядае свае ладныя пальчыкі, якія сціпла выглядаюць з-пад рамянёў сандаляў. А потым спрабуе згадаць кастынг для фабрыкі. Гэта важна — згадаць, якую халеру яны прыносілі мераць для снэп-шотаў. Калі класныя рэчы, дык мо і праца будзе вясёлая, і падораць чаго-небудзь, Яначцы заўжды дораць рэчы, вось, напрыклад, гэтыя акуляры “Шанэль”, ці гэтыя майкі, што цяпер на іх з Агаткай. Нават калі самі не прапануюць, заўжды можна ўхапіць аблюбаваную рэч і хваліць яе, пакуль гаспадароў не пройме. Дык што ж там былі за рэчы? Не, не згадваецца, так шмат кастынгаў было апошнім часам, што ўсё ў памяці блытаецца.

 — Спыні, калі ласка, тут, — далей шляхі Агаты і мінівэна разыходзяцца, фабрыка за горадам, рэдакцыя ў самым цэнтры, а метро адсюль усяго ў некалькіх прыпынках, можна дайсці. — Дзякуй, што дакінулі.

 — Місі, падумай, там дожджа будзе, — Маса, як заўжды, непакоіцца.

 — Застааанься, ну застааанься, яны без цябе абыдуцца, ты мне сама казала… — Яначка завяла катрынку з учорашняга вечара і паспела Агаце ўжо добра надакучыць. — Паглядзіш, як ды што, можа, пра фабрыку гэную напішаш, а не, ну ці знудзішся там, дык я табе таксі выклічу, умэнт завязуць, ну застааанься, ну лапуня, ну красуня…

Агатка рашуча вызваляецца з абдымкаў, адсоўвае дзверы вэна — яны, як заўжды, слізгаюць вельмі лёгка. Хапае торбу, прапускае машыну, выскоквае — і на яе абрынаецца сцяна дажджу. У гэтым клімаце так заўсёды: толькі што былі сонца і задуха, аж вось вам, трымайце, дарунак нябёсаў, каб тым субтропікам ікалася! І рубца сухога не засталося. А гэтыя сабе рагочуць, аж машына ходырам ходзіць.

 — Місі, сюдэю! — заліваецца Маса і махае рукамі.

Каб табе махала абламалася, сурочыў, гад! Што паробіш, трэба лезці назад, пакуль аб’ектыў не змок: торбачка доўга гэткай залевы не вытрымае.

 — Як добра, што я халат прыхапіла, зараз, — Яначка ўцягвае мокрую курыцу назад, загадвае Масе адвярнуцца і не падглядаць. — От зараз, ды не глядзіць ніхто, здымай (Маса, а ну адвярнуўся, каму сказала!), здымай, нельга ў мокрым сядзець, застудзішся, унь ужо зуб зуба кліча, Маса, кандыцыянер ноў! Давай, і майткі таксама, зараз, у мяне дзесьці тут купальнік быў…

Дождж, канечне ж, перастаў, як толькі дзяўчаты зацягнулі халаціку пасак.

 — Неее, — Яначка перахапіла Агацін позірк і хуценька прыбрала мокрыя рэчы ў сумку, дзе раней жыў халат. Мокрыя, брыдкія Агаціны шмоткі. Анучы дый годзе. Што яна за лахманы ўсялякія носіць, вечна ў яе якаясь філя-за-фíя. Трэба ёй яшчэ спадніцу падарыць. — Усё, паедзеш з намі, на, тэлефануй у рэдакцыю.

Потым яны гадзіны дзве ехалі чвэрць мілі да платнай шашы, паўгадзіны да самой фабрыкі, яшчэ паўгадзіны Маса перапрашаў, што спазніліся…

Супрацоўніцы фабрыкі вельмі хочуць паглядзець на гасцей — з работай у руках яны высыпалі на лесвічныя маршы, пальчыкам тыцкаюць ды смешачкі правяць. Хай сабе дызайнерка паперадзе ідзе ды пагырквае, а ім што, ім свята. Так бы і шыбавалі ў фотапавільёны ўсёй грамадой, уверх, уніз, на грузавым ліфце, налева, направа, яшчэ направа… Не, самі мы адсюль не выйдзем, вырашыла Агата і кінула лічыць павароты. Фотапавільёны займалі два сумежныя паверхі — там ужо ішла праца, Марціна Грос з канкурэнтнай агенцыі ляжала на падлозе ў рассыпаных яблыках. Збоку яна нагадвала прыстрэленую качку, да якой збегліся галодныя сабакі — фатограф, стылісты, асістэнты розныя. Не, хутчэй нябожчыца, вакол — паліцыянты, і вось галоўны следчы, дызайнерка, усіх адным зіркам паразганяла і схілілася да ахвяры.

 — О-го, — прысвіснуў Маса, агледзеўшыся. — Місі, глядзі!

Дзяўчат запрашаць не трэба — як скінуць вокам, павільён поўны ўсемажлівых і немажлівых прадметаў. Але Яначцы не даюць нават крануць цацачнага труса. Ганчакі атачылі свежую ахвяру, стылісты ўчапіліся за валасы, манікюрша за рукі, педзікюрша за ногі, візажыст ледзь прабіўся да твару, так што Яначкі і не бачна.

Агата з Масам выпраўляюцца на экскурсію. Яны мінаюць безліч столікаў, сталоў і сталішчаў, круглых, драўляных, металічных, этнічных, фарбаваных, двойчы рэпараваных, лакава-блішчастых і матава-падрапаных, цыбатых і бязногіх, зробленых з дыназаўравага шкілету і з матора вэ-восем. На сталах стаяць штучныя і жывыя букеты. Шкляныя слёзы на тканай лістоце — штучны букет змарыўся ад сваёй штучнасці і несмяротнасці і з зайздрасцю паглядае на жывога суседа. А той таксама паглядае ўбок — шкадуе свой кароткі ды марна загублены век, прагне вечнага жыцця, сумуе па далёкім лузе і тонях, на якія не вернецца аніводзін пялёстак…

“І вось так заўжды”, — уздыхне Агатка і згадае, як яны з Яначкай марылі абмяняцца валасамі, бо кучаравыя бландзінкі зазвычай хочуць быць прамавалосымі брунеткамі і наадварот. І толькі рыжыя-кароткастрыжыя заўжды самі пры сабе. Але падзівімся на вось той вялізны кантрабас — Маса ці то ростам з ім мераецца, ці то ўлезці ў сярэдзіну спрабуе, нібы кантрабас — гэта човен, а струны — так, павуцінне наліплае.

 — Куды ж ты, бака! — дзеўка ледзь за вушы адцягвае яго ад інструмента, от жа, нават слоўца якоесь усплыло, ну ды лаянка заўжды лепей запамінаецца. Унь як гэты дылда выгаворвае “ёлуп”, куды лепей, чымся іхныя з Яначкай імёны. Выходзіць “йіорупп”, але пазнаць можна. — Хадзем лепш, я табе сыграю.

На другім паверсе разлеглася вялізная чорная раяля, сытая пантэра, што ва ўсе зубы ашчэрылася на Агату. Але варта было сунуць ёй у пашчу руку, як адразу пачаліся скаргі на здароўе дый адсутнасць партнёра. Некалькі клавішаў западала, струна на сі першай актавы парвалася і чапляла суседнія, так што пераход з першай актавы на другую быў падобны да сутаргавага ўсхліпу ўсёй квінты. Некалі аксамітны, нават пародны і, пэўна ж, спакушальны голас гэтай пані цяпер гучаў так, быццам яна ўсе трыццаць гадоў за нялюбым мужам. Так што Агата крыху пабахала Баха, успеніла Шапэна ды кінула. Яшчэ Яначка заплачацца, што ёй галава ад такой музыкі баліць. Яна вунь і сапраўды нешта надзьмулася, вой жа і смешная ў гэтых трох спаднічках. Ну, мо глядзець сычом ёй загадаў фатограф, які так і скача вакол яе з экспанометрам, так і бліскае ўспышкай, не, праўда, і без музыкі хапае, адпачні, старэнькая.

Далейшае бадзянне ды бяздзеянне прывяло нашых турыстаў да стосу парыкоў — Маса ў залатых кудзерах глядзеўся так, што Агата расчахліла аб’ектыў. Праўда, літаральна праз хвіліну давялося яго скручваць назад і ставіць кітавы — тыя самыя кудзеры ператварылі Агату ў французскую каралеўскую балонку, і дзеля гэтага варта было спярша пакурчыцца ад смеху перад люстэркам, а потым патлумачыць Масу, на што ціснуць, бо трэба ж захаваць для вечнасці такую страшную прыгажосць. Ну а там абое разыграліся, пачалі перакідвацца ролямі мадэлі і фатографа ды так захапіліся, што не заўважылі, як да іх падышла дызайнерка. Яна і так ужо пэўны час бадзялася па павільёне, быццам штосьці шукаючы, але што менавіта — забылася. За ёю падцягнулася паглядзець, як тыя двое дурэюць, і ўся студыя. Ачомалася Агата тады, калі да звыклага “цмока” роднага затвора далучыўся яшчэ адзін — студыйны фатограф, аказваецца, таксама прыладзіўся побач з Масам! Дызайнерка ў нейкім парыве падляцела да Агаты, ускудлачыла на ёй парык, накінула на шыю гірлянду кветак і адышла ў задуменні, быццам мастак, які паклаў на палатно ўдалы мазок, змяніўшы ім усю карціну.

Не паспела дзеўка распытаць Масу, чаго гэта яны, як аказалася на крэслах, і вось яе ўжо чэшуць, мажуць, педыкюраць ды манікюраць, прычым усё адначасова, якія ўжо тут роспыты.

 — Маса, скажы ім, што я не мадэль! — Агата адбіваецца ад дзеўкі з пудрай і адчайна чапляецца за халат, з якога яе спрабуюць выцягнуць. — Яначка! Памажы!

Неўзабаве букер з’яўляецца побач і просіць прыкінуцца мадэллю, бо дызайнерка ў гэтым вобразе хоча менавіта яе, Агату, дык каб яначкінай агенцыі грошы не губляць, хай місі паспрабуе, ну вось гэтак жа, як яны толькі што рабілі з парыкамі, а там разбярэмся, калі добра пойдзе — дык і заробак неблагі, сто даляраў за гадзіну здымак... О, за сто даляраў місі, канечне, паспрабуе! За сто даляраў місі нават дазволіць завіць сабе валасы на дробную плойку, потым завязаць у два хвасты і схаваць пад нечым хусткападобным а-ля майткі на галаве, і нават дасць нацягнуць на сябе тры спадніцы і чатыры кофтачкі адна паверх іншай, і нават стане туды, дзе наклеены зялёны крыжык, і нават зробіць ім, як просяць, смайл.

Праз тры гадзіны Агата пра працу мадэлі думала ўжо без пагарды. Ёй аж да млосці надакучыў фен, якім ёй дзьмулі ў твар, — валасы ўсё адно не хацелі лётаць, затое вочы тут жа пухлі, чырванелі і слязіліся, так што ўсё цяжэй было рэагаваць на дызайнерку, якая стаяла побач з фатографам і ўвесь час трымала палец ля вуснаў ды перад кожным кадрам прыгаворвала — смайл, смайл. Усміхнуся, каб табе чэрці ў пекле ўсміхаліся! Паскачу, каб табе на патэльні паскакаць! Але ж трэба, трэба, і хай Яначка паглядзіць, як яна спраўляецца, не ўсё ж ёй адной прыгажуняй быць. Можа і яна, Агата, зусім нават нічога, хай гэтая багацейка не думае, што яна нейкі недачалавек ці як, от зараз зараблю і сама ёй майку куплю ды падарую…

А Яначка плача за кантрабасам ля дальняга кута павільёна. Маса доўга не мог дабіцца ад яе чагось большага, чым пара кухталёў і пажаданняў трасцы. Ён нават прыцягнуў ёй з другога паверха цацачнага труса і разыграў з ім адцінанне галавы. На жаль, нават жорсткае абыходжанне з цацкай Яначку не суцешыла, таму хлопец вырашыў скарыстаць сакрэтную зброю: у валізе між кампазітак на ўсялякі выпадак хавалася шакаладка. Вялікая, чорная, з разынкамі ды міндалем, твая ўлюбёная, ну, бяры! Але дзеўка адпіхнула яго руку ды яшчэ горай завяла:

 — Ы-ы-ы, ыдыёт! Мне нельга — я то-о-оўстая! Так яны мне сказалі, унь тыя твае, ы-ы-ы, кляенты!

Для мадэлі няма страшнейшай ганьбы, тут нават дасведчаны Маса разгубіцца.

Дарога дадому быццам тая ж, што і раніцай, але зусім не тая. Дзеўкі сядзяць па сваіх кутах, маўчаць. Адна змораная і ўжо не шчаслівая — пабачыла, якая ў Яначкі бяда, дык нават сорамна за сваю колішнюю радасць зрабілася. Другая пакрыўджаная да самага нутра, быццам сяброўка наўмысна яе з-пад камераў адпіхнула, у-у-у, змяюка, у давер уцерлася, а гэта ж я сама яе ўгаварыла ехаць, забавіць хацела, парадаваць…

 — Нічога ты не тоўстая, — Агата нарэшце кідаецца прабіваць сцяну непрыязнага маўчання. — Яны проста самі не ведаюць, чаго хочуць. Ты ж бачыла ў іх на кампутары — яны ўжо чалавек дзесяць перабралі.

 — Ай, маўчы ўжо лепей! — У Яначкі няма ахвоты не толькі гаварыць, але і слухаць гэтую здыхлю. — Хіба не бачна?

Яначка кладзе руку побач з Агацінай. Смуглая рука вылепленая гожа, ладна, і побач з ёй Агацін дроцік глядзіцца страх як негарманічна — локаць выпірае, праз бледную скуру ўсе жылкі відаць, не рука, а дапаможнік па анатоміі. І каму такое можа падабацца?

 — Яначка, я табе сто разоў казала і вось сто першы кажу — ты вельмі прыгожая! А гэтая дызайнерка проста ненармальная. Яна мне прапаноўвала іхныя гэтыя спадніцы і ўсё майно, калі я буду з ёй гёрлфрэнд, — далібог, яна ненармальная! Так, так, прапаноўвала, і не глядзі на мяне, ну канечне, я не згаджуся… Ну, хочаш, угаворым Масу, зараз жа пазвонім ім ды скажам, што я не буду здымацца далей? Глядзі, я папрасіла ў іх для цябе таго труса, у яго, праўда, галава адвальваецца, але я падшыю…

Вось так пакрысе настае мір і спакой. Агата яшчэ не ведае, што яе чакае замест чыпсаў і чарговага кіна ў ложку.

А Яначка ў акно глядзіць, маршрут прыкідвае і абдумвае. Дзверы ў бусіку адкрываюцца лёгка, нават вельмі лёгка. Маса неяк казаў, што трэба ўпор паставіць, на ўсялякі выпадак, а то яшчэ адкрыюцца самі на якім павароце. А там жа трафік, жах проста, гэты вялікі горад — самая сапраўдная мясарубка. Агатка, не абапірайся так на дзверы! Вой, мушу цябе папярэдзіць, там паварот наперадзе, рэзкі!

Шчоўк. Ускрык. Візгат тармазоў. Удаём жах. Супакойваем Масу.

Ах, місі, які страшны выпадак! Ах, місі, так шкада тваю сяброўку! Доўбня ты доўбня, Маса, трэба было ўпор паставіць. Але мы нікому не скажам, што ты вінаваты, праўда? Ну, хто яе будзе шукаць, яе ж, нелегалку, ніхто не ведае. Кладзі яе хутчэй і едзем, пакуль паліцыю не прынесла. Скажы таму чмыру, што ў бальніцу, — і едзем хутчэй, пакуль яна мне тут усе апраткі сваімі мазгамі не запэцкала. Я ведаю добрую гару, там глыбокую нару. Не-не, там ніхто не ходзіць, толькі я на прабежкі выбіраюся. Ну, канечне, ведаю. Не бывае, кажу табе, нікога, ужо месяц бегаю, прыглядаюся, нікога не сустракаю. І пазвані каханай, яна, напэўна, злуецца. Давай купім ёй тофу, тут на рагу вуліцы. М-м, смачна.

Але больш нельга, я цяпер на дыеце.



Непадзельны

Агата і Яначка дзеляць хлопца. Падсвядома, натуральна ж. Але ўжо лепш бы яны яго адлавілі, звязалі ды пасеклі. Агаце, скажам, лыткі, а Яначцы кумпячок, і кожнай па сінюткаму воку ды паску чарнюшчых валасоў. Табе біцэпс і мне біцэпс, ну а што не дзеліцца, тое можна карыстаць па чарзе. Дык не. Будуць глядзець адна на адну ваўком, праз кожную дробязь гвалт усчыняць, а чаму такая пакута — самі не ведаюць. Учора Яначка на Агацін ложак села, а потым цэлую лекцыю выслухоўвала пра прыватную ўласнасць як базіс духоўнай раўнавагі. З раніцы Агата Яначкін лэптоп скарыстала, музыку паслухаць, дык такога піску было, нібыта Яначка сама на ім музыкі ніколі не слухала, і ўвогуле, атрымай назад сваю лекцыю. Потым Яначка скінула з расчоскі валасы, як звычайна, проста на падлогу. З чаго гэта Агата выбухнула, як скараварка, і ўсяляк нішчыла тыя няшчасныя валасы, быццам спадзявалася, што іхняй гаспадыні ад гэтага таксама нешта перападзе?

Вось яны і сядзяць у гасцёўні, надзьмуліся абедзве. Адна артыкул нібыта піша, другая салату крышыць. Словам не перакінуцца, не тое што раней, калі, бывала, у карты рэзаліся, ці там, ледзь не абняўшыся, кіношкі на кампутары глядзелі, ці гімнастыку рабілі — Агата паказвае, а Яначка старанна пераймае. Цяпер Яначцы калі што і хочацца пераняць, дык гэта Агаціну манеру распраўляцца з чужымі валасамі — і веды гэтыя прымяніць да самой настаўніцы. А пакуль тое, можна душу адвесці на крэветках.

І вось у гэтае напружанае маўчанне з лазенкі выходзіць Дэйв — свежы, мокры і задаволены. Ён даволі прыстойна загорнуты ў белы накрухмалены ручнік. “Ага, такі дайшло нешта”, — крыху зларадна адзначае пра сябе Агата: пасля апошняга разу, як Дэйв выйшаў з душа без ручніка і без чаго-небудзь яшчэ, яны мелі непрацяглую гутарку. Збольшага, канечне, пра тое, хто ў доме галоўны, але крыху і пра ўражлівую дзіцячую псіхіку, і пра сістэму ідыёцкіх табу, прынятых у грамадстве ханжаў, і пра тое, як можна беспакарана хаваць прыгажосць... Яначкіна крэветка так на паўдарозе з панцыра і застыла. Якая салата, калі такое дзіва перад вачыма стаіць: цела бы вытачанае з ясеню, усе цягліцы пры ім, і акурат такія, як трэба — не выпіраюць, як у культурыстаў, але ж відавочна прысутнічаюць, скура самага моднага адцення і з кропелькамі вады, хоць ты пераводзь фоцік у рэжым макра. А сама пастава? Ну, проста армані наступнага сезону. Не, лепей ёнікук, ён цяпер самы круты.

Дэйв трымае позу роўна столькі, каб прысутныя паспелі яе зафіксаваць, потым прастуе да люстэрка. Люстэрка ў лазенцы пацее, бо там зламаўся кандыцыянер (ну яшчэ б, столькі працы, падумала Агата, калі бедны апарат памёр якраз на дэйваўскім душы, трэцім у дзень). А хлопцу ж трэба фрызуру навесці. Дзеўкі і крэветка зачаравана глядзяць, як ён падладжваецца да калідорнага люстэрка, якое для ягонага росту вісіць занізка, — прысядае і горбіцца, спрабуючы пры гэтым захаваць на твары выраз “Супермэн года” і прыгладзіць чупрыну. Агата ўрэшце пырскае і хаваецца за маніторам, каб адтуль крадком цікаваць далей, Яначка ж кідае шалупінне ў місу, а крэветку ў сметніцу і бяжыць дапамагаць.

 — Не-не, не трэба, я сам, — Дэйв паспешліва ўхіляецца ад дапамогі. — У цябе рукі брудныя.

 — О! — Яначка ўся чырванее, кідаецца мыць рукі, але замест рукамыйніка чамусьці адкрывае кулер.

 — Хіба спадар не ведае, што крэветачны сок надзвычай карысны для мужчынскіх валасоў? — гэта Агата смешачкі строіць. — Калі тым лоем галаву на ноч мазаць, дык да самае смерці не будзеш лысы.

 — Ніколі пра гэта не чуў. — Хлопец намагаецца адкінуць кудзеры назад, але тыя распадаюцца на прабор.

 — Пра гэта нават у “Косма” пісалі. А яшчэ пра тое, што калі, маўляў, пакінуць на тры дні, дык крэветачны сок уступіць у рэакцыю з натуральнымі мужчынскімі тлушчамі, і тады пах на дзяўчат будзе ўздзейнічаць як афрадызіяк.

 — Ды не можа быць. Гэта ў якім “Косма”?

“Пойдзе шукаць”, — задаволена вырашае Агата і прыкідвае, як бы гэта, чытаўшы тое косма ўсяго двойчы, назваць што-небудзь праўдападобнае.

 — Ой, ну не памятаю дакладна, але напэўна штосьці ўлетку. Ты мо пагуглі, бо я праўда не памятаю (“а ў сеціве якой толькі трасцы не знойдзеш”)…

Але Яначка вырашае, што гугліць, а значыцца, падыходзіць да ўключанага кампа, а значыцца, да Агаты — благая ідэя:

 — Дэйв? Дапамажы мне, калі ласачка! Тут трэба ананаса, вууунь адтуль, ты мне не дастанеш?

 — Акей! Трымай. Мо чаго яшчэ дапамагчы?

“Ага!” — Агата зноў радуецца, але ўжо і здзіўляецца эфектыўнасці сваіх прафілактычна-выхаваўчых гутарак. Гаворку пра тое, што пры сумесным жыцці і супольным харчаванні варта кожнаму выконваць пэўныя абавязкі, яны з хлопцам вялі на другі дзень, як ён да іх падсяліўся. Тады дзеўкі сабралі сабе вячэру загадзя, ведаючы, што са здымкаў вернуцца позна і галодныя. Вярнуліся — ані капусты тушанай, ані кавалачка кавуна, па ўсёй кухні раскіданыя семкі ды коркі. І Дэйв, нібы сыты кот, у сваім пакоі дрыхне, дзверы разнасцежаныя, коўдра сапхнутая, адзення, як заўжды, — ніякага. (“Яшчэ раз пабачу — адарву табе яго і выкіну”, — сказала яму Агата, калі ён, увесь такі прыгожы, выпаў на яе з лазенкі). З чаго гэта раптам мы ветлівыя, няўжо да Яначкі стральцоў прыстаўляе?

 — Дапамагчы? Ага, смецця набралася ўжо тры мяхі, ідзі вось на рог, вынесі.

 — От бы сама і вынесла, раскамандавалася тут! — Яначцы зусім не хочацца пазбаўляцца прыемнай кампаніі, куды лепей скарыстаць нагоду і застацца з прысухай сам-насам. — Між іншым, табе не зашкодзіць прагуляцца, сядзіць тут цалюткі дзень, а потым скардзіцца, што, маўляў, ногі баляць, варыкоз пачынаецца. Рухацца трэба болей!

Ужо трапіла дык трапіла — і апраўдвацца Агата перад хлопцам не будзе, ёсць ці няма ў яе варыкозу, і Яначку лупцаваць не стане, бо паводзіцца трэба ж годна, і заставацца з такою злосцю на месцы не зможа. Яначка сваю сяброўку вывучыла добра.

Агата раззлавана шыбуе да рога вуліцы, адкуль зранку машына забірае смецце. Нешта ён надта далёка, а учора здавалася — зусім блізкі шлях. Чартоўка, завяла, як малую! Сядзяць цяпер, пэўна, салату крышаць і з дурной Агаты пакепліваюць…

 — Чакай! — Дэйв, пэўна, пабег за ёй адразу, але паспрабуй дагані, злосць акрыляе. — Дай сюды, яно мусіць цяжка. Ты чаго? Што ў вас тут за войны ідуць дзень пры дні?

 — Якія яшчэ войны, нармальны беларускі шлюб, хіба што аднаполы. А, ну ты ж не ведаеш, што такое “беларускі”… Ну, карацей, у нас так заведзена, хто каго чубіць, той таго і любіць. І ўвогуле, не твая справа. Чаго прыпёрся, хіба салата нясмачная?

 — Слухай, дай ты мне гэты мех, я ж бачу, ён табе ў пальцы ўпіўся, абяцаю не думаць пра цябе горай, калі дазволіш дапамагчы…

“Ды пляваць мне, што ты там будзеш думаць!” — але аформіцца гэтай думцы ў словы хлопец не даў:

 — …ты вельмі прыгожая, калі не злуеш.

 — Як гэта? — Агата ад кампліментаў усё яшчэ бянтэжыцца. — Вой, лепей вазьмі мех ды сціхні.

 — Вось так, малайца, ого, напраўду цяжка! А цяпер кажы, куды.

Агата дзівілася і моўчкі крочыла побач, а Дэйв расказваў. Штосьці пра тое, як не проста хлопцу ўладкавацца ў вялікім горадзе, пра тое, як абрыдла ўвесь час клапаціцца пра цела, але ж яно пакуль корміць, як мала плацяць за трэнерства, асабліва ў параўнанні з мадэльным заробкам. Неўзабаве яны ўжо шпацыравалі без пэўнага кірунку і без мяхоў, ноч прынесла прыемную прахалоду і водар магноліяў. Яшчэ цягнула вострым перцам, тутэйшыя гаспадыні яго ўвесь дзень сушылі на сонцы, і камяні запомнілі водар, а цяпер аддавалі. Дэйв усё гаварыў і гаварыў, усё пра сябе ды свае нягоды, Агата слухала, але не яго, даўся ёй гэты балбатун, яна слухала сябе. Што за дзіва, хлопец відавочна пусты, дарма што такі ладны, але ж у ёй замест звыклае пагарды — цікаўнасць, нібыта няўцям ёй, што будзе далей. Не прыкмеціла, як пакрысе кірунак гутаркі змяніўся.

 —… і вось я гляджу, што вы ўсё цапаецеся, думаю — гэта ж Яначка да цябе раўнуе, што ты таксама зрабілася мадэллю і ў яе цяпер хлеб адбіраеш. Не, гэта не яна, гэта мне Маса расказаў, як ты ў нашу агенцыю трапіла. Ну, думаю, не проста дзеўцы, табе, то бок, нічога не ўмееш, а сяброўка вунь якая цяпер, яшчэ на кастынгу пад каленку пхне… Хочаш, я цябе позам навучу, ну, для фотасесій?.. Гэта проста. Спярша трэба расслабіцца, ты ўся такая заціснутая, так не пойдзе.

Дэйв просіць Агату заплюшчыць вочы, расслабіцца і даверыцца яму. Агата слухае сваю начную млосць, адчувае ягоныя рукі ў сябе на плячах — ён злёгку гайдае яе, каб праверыць, ці напраўду яна расслабілася. Але ці быў у дэйваўскім сцэнары нейкі працяг, мы не ўведаем. Бо акурат у той момант, калі Агата ўжо падумала, ці не варта прачнуцца і даць драпака, на нашых галубкоў коршакам наляцела Яначка.

Пакрыўджаная, яна крыху пасядзела над салатай, але ўтрывала нядоўга, пайшла следам і хутка іх знайшла:

 — Ты, ... ты мне што на даху казаў, а?

Бог над намі, конь пад намі, ты са мною, я з табою — нешта такое ён ёй на даху і казаў, калі на бетон укладваў. Не казаў — вуркатаў, не вуркатаў, а душна так у шчаку дыхаў. Разок у шчаку, а потым у патыліцу. Добра дыхаў, ажно ў Яначкі голаў кружыўся, ногі падгіналіся, цела само па бетоне расцякалася. Але ж — ну хто не ведае — колькі ў рэшаце вады ёсць, столькі ў хлопцаў праўды ёсць. Мілаваў, а цяпер на вострую Агатку прамяняў.

У Агаты ногі хуткія, у Дэйва рукі моцныя, а ў Яначкі калун. Востры калун, Дэйв сам жа і натачыў, бо дзеўкі прасілі. Хацелі ў садзе парадак навесці, там сакура засохла, акурат проці акна, тырчыць, вока коле. Агата збегла, а хлопец пачаў Яначку ўгаворваць, халяўкі смаліць, у залётыхадзіць. Але ж няма веры кату блудліваму. Яначка з цесных абдоймаў выкруцілася, стаіць, слухае, выгляд робіць, нібыта вушы развесіла. Вось ён пацалаваць яе хоча, давесці сваю палкую любоў — дык яна ж яго калуном пацалуе! Але не тут, не тут, бо ён вялікі, цяжкі, трэба бліжэй да дому. Ах, якая ў цябе, бычок мой ахвярны, шыя. Накачаная, гожая, дзе ж яе прапароць. Не цяпер, не цяпер, бо траўка мяккая, дыханне ў цябе такое гарачае, ажно шчаку паліць. Ах, як цягліцы хораша пад скурай перакочваюцца, пацеркі поту блішчаць — усё жыццё глядзела б.

Пакуль Агата з паліцыяй па вулках бегалі, каханкаў шукалі, Яначка даўно ў апартаменты вярнулася, салату дарабіла і вось сядзіць, мульцікі глядзіць. Спакойная, як слон, духмяная, што твая ружа. Толькі што з душа. Ну, што вы тут навыдумлялі, ну пасварыліся, ён сабраў рэчы ды сышоў, вось бачыш, нават торбы яго няма. Ён жа табе так не падабаўся. Сказаў, з’еду ў сваю Зеландыю. Напэўна, у аэрапорт адправіўся, сказаў — ані хвілі тут не застануся, дура гістэрычная. Так, спадар афіцэр, менавіта так і сказаў. А я што? А я нічога. Калі мужык сыходзіць — што мне, на шыю яму павесіцца? Мо, хочаце салаты? Канечне, дам усе паказанні, але і вы мне зрабіце ласку, уважце, цалюткі вечар гатавала, вось сяброўка не дасць зманіць. І табе, Агатка, пасля такіх хваляванняў падсілкавацца трэба. Я ўжо пад’ела, пакуль вас чакала. Дужа смачна. Давайце прысядзем, ноч даўгая, поўня высокая, бачыце, яшчэ ўсё абгаварыць паспеем. І ўвогуле, у мяне стрэс, вы абое павінны мне дапамагчы.

А ў салаты вочы сінія-сінія. А крэветкі ў салаце ясеневыя, моднага колеру. І бутэлечкі з прусачай атрутай пусценькія-пусценькія. Ляжыце, бутэлечкі, пачакайце, зараз яшчэ смецце будзе, шмат смецця, усё ў вялікіх чорных мяхах. Дык вы пачакайце крыху, каб мне сто разоў не хадзіць. Поўня ніжэй, калун бліжэй. Ешце, даражэнькія. Табе лытку, табе шчаку паголеную. Я не скнара, з усімі хлопцам падзялюся.



Дыета

Агата і Яначка худзеюць. Агату з рэдакцыі звольнілі, бо крызіс, няма як сваім плаціць, не кажучы ўжо пра ўсялякіх нелегалаў з немаведама якой краіны. Няма такой краіны, на захад ад Расіі, гэта табе прыснілася. На захад ад Расіі толькі Еўропа. На гэтай глебе і пацапаліся, Яначка потым сяброўку ва ўчастку знайшла, сяржанта вакол пальца абвяла, Агату выкупіла. Яна такая, Яначка, яна сяброў у бядзе не кідае. Асабліва калі сябры ёй дзеля чагосьці патрэбныя. А цяпер яна ўдумала худзець, дык з кампаніяй — весялей.

Есці Агаце няма на што — рэдакцыйныя грошы скончыліся, нават тыя, што на дарогу дамоў збірала, кастынгаў пакуль няма, не сезон, святы тут. Трохтыднёвыя. А Яначка больш ежы не купляе, у яе дыета. Купляе ваду, а раз на два дні — кавун. Ды які з кавуна наедак, асабліва калі ўлічыць нагрузкі, якія Яначка прыдумала. Хочаш, кажа, жыць са мной і кавун есці — дык штовечар са мной бегай.

Бег у субтропіках нават увечары больш нагадвае мыццё ў лазні, чым спартыўныя практыкаванні. Наш бы лазнік у такой задусе хутка скапыціўся, а дзеўкі нішто сабе, пацеюць і знай сабе бегаюць. Іх маршрут пралягае ўздоўж шашы, потым праз парк эксгібіцыяністаў — Агаце падабаецца іх дражніць, бедакоў, хай паглядзяць, як мокрыя майкі цела абліпаюць, — потым на гару, міма возера і назад па шашы. Цалкам маршрут атрымліваецца недзе шэсць кіламетраў, хвілін каля сарака. Яны першым разам ледзь не забіліся — кожная перад іншай хацела спартыўнейшай выставіцца, дык амаль гадзіну бегалі, а потым, на шчасце, Агата падвярнула нагу. А мо выгляд зрабіла, што падвярнула, няма дурных. Колькі дадому клыпалі, столькі аддыхацца не маглі, пульс у два разы секундную стрэлку абганяў, вочы на лоб лезлі. Нармальныя гараджане зранку цыгунам сваім займаюцца, і старыя, і маладыя, стануць усе разам на якім вольным лапіку ў зацені, усялякіх жураўлёў рукамі ды нагамі робяць, сінхронна, зладжана, прыгожа. Дык не ж, трэба дзеўкам бегаць увечары, калі смогу ў паветры болей, чым кіслароду, калі ўсё за дзень разагрэлася, што твой саган пякельны. Яначка лічыць, што так эфекту будзе болей— пацееш, выплаўляеш з сябе дзённыя калорыі. А хто плаціць, той і музыку замаўляе. Адзінае, што Агатка сабе вытаргавала, — гэта нядзельны “Старбакс”. Тут Яначку доўга спакушаць не трэба, Яначка сама за моку з карамеллю душу выме і з сябе, і з каго заўгодна.

Таму ў нядзелю дзяўчаты ядуць кавун і выпраўляюцца ў кавярню. І гэтае месца апраўдвае сваё імя — тут падаюць, хай сабе ўтрая даражэй, чым дзе, найлепшую каву ў свеце. Яначка іншай і не піла — маўляў, праз хлеб хлеба шукаць не трэба. Агаце ж даводзілася піць з туркамі такую каву, ад якой сэрца скача вонкі, была ў яе і салёная кава, быў і кіпень, хлебам фарбаваны. Але гэты цуд пад пластыкавай накрыўкай з саломкай — зусім не кава, а напраўду цуд. Хто не верыць, хай кавуновай дыеты паспытае.

Да мокі або латэ дзяўчаты бяруць па мафіну. Агата ўпарта абзывае іх кексамі, Яначка рагоча і замаўляе ёй яшчэ адзін — спецыяльна каб паглядзець, як Агатчын твар перакрывіцца, калі касірка прамовіць: ё маффінз пліз. У гэты дзень яны не бегаюць, затое пад кіношку катаюцца па чарзе на велатрэнажоры. Яначка скрупулёзна пралічвае колькасць старбаксавых калорый, выстаўляе на трэнажоры праграму і бязлітасна сочыць, каб сяброўка яе таксама выканала. Агата і раней шкілецінай была, а цяпер на яе рэбрах можа граць, як на арфе.

А Яначка ўсё нешта не худнее. Яна ўжо не “дэ”, гэта праўда, але да памеру “а” ёй яшчэ далёка, як Агаце да радзімы.

 — Ты сабе ўвесь абмен рэчываў сапсуеш, — кажа ёй Агата і паказвае каляровыя малюнкі з сайта анарэксічак. — Глядзі, спачатку ў цябе сапсуецца скура, потым вылезуць валасы, а там і зубы хістацца пачнуць…

 — Усё ты маніш, усё прыдумляеш! — Яначка і чуць не хоча, і глядзець не збіраецца, адно круціць і круціць педалі. — Гэта ты хочаш, каб я засталася тоўстай і табе ўсе мае працы адышлі. Дык жа не дачакаешся!

Як дзеўцы ўдаецца зрабіць рукой такі выкрунтас і пры гэтым не збіцца з рытму, застаецца загадкай.

 — Нельга нічога не есці і даваць сэрцу такія нагрузкі, — працягвае мудрая, а насамрэч галодная Агата і тыцкае табліцай разлікаў сяброўцы пад нос. Гэта нарэшце прыйшоў адказ на яе запыт, яна звярталася да аднаго знаёмага лекара. Ён доўга думаў, а мо доўга пошту не правяраў, але нарэшце вось адказаў, на яе просьбу выклаў пра абмен рэчываў мовай пачатковай школы. — Зірні, у арганізме вунь колькі працэсаў ідзе, тут трэба рэчывы. А ты з потам усе мінералы павыганяеш. Хто табе без калію і натрыю будзе ў клетках электрычнасць выпрацоўваць?

 — Ну дык. Мы купім, — Яначка ўжо змарылася і задыхаецца, але ўпарта круціць: да канца праграмы яшчэ тры хвіліны. — Заўтра, мінералаў, будзем есці.

 — Мінералы і вітаміны ў таблетках вельмі блага засвойваюцца, сто разоў табе ўжо казала. Мы так сканструяваныя, што мусім есці, каб не памерці.

 — Еш. Не еш, — Яначка круціць на апошнім дыханні, завяршыць думку не паспявае.

 — Еш, пакуль жывеш, бо як памрэш — дык калом не ўвапрэш, — перайначвае яе Агата. — Вось жа і народная мудрасць за мяне. Усё, ты як хочаш, а я замаўляю піцу.

Пакуль Яначка падае на падлогу і аддыхваецца, яна не можа ўхапіць Агатку за пятку. Толькі слухае бездапаможна, як дзеўка просіць пакласці паболей цыбулі і таматаў, кетчупу ды маянэзу. Яначка сцякае потам, Агата нервова ходзіць па пакоі і грызе пазногці — трэба ж прынамсі нешта пагрызці, так у страўніку вуркоча. Ходзіць і Яначкіны рэчы трасе — збірае грашовую драбязу, каб з дастаўшчыкам разлічыцца. Нарэшце прывозяць піцу, і пах ад яе такі, што можна забыцца на ўласнае імя. Яначка хоча ўстаць і выкінуць скрынку ў акно, але яе цягліцы зведзены сутаргай, таму яна можа толькі стагнаць і хапаць ротам смачнае паветра. Агата з’ядае кавалачак, прымушаючы сябе старанна жаваць, хоць і хочацца праглынуць усё разам — кольцы цыбулькі, тры грыбкі, луску вяндліны. Потым падносіць спакутаванай Яначцы вады — поіць яе і палівае, каб астыла крышачку. Пакуль яна ідзе набраць з кулера яшчэ вады, Яначка дапаўзае да скрынкі з піцай і кавалак за кавалкам глытае. Пасля тыдня кавуноў смаку не адчуваецца. Затое імгненна пачынае страшна балець страўнік. Калі Агата вяртаецца з шклянкай вады, піцы ўжо няма, а Яначка, скурчыўшыся, ледзь сядзіць.

 — Ідыётка! Нельга ж так адразу! З голаду акуратна выходзіць трэба! — Агаце і самой нядобра. Страўніку на самоце ўжо быццам падабаецца, і ён з усіх сіл супраціўляецца таварыству, спрабуючы выпхнуць няпрошаную піцу. — Пі, давай!

Але позна: Яначку ванітуе. Усёй непражаванай піцай акурат у скрыню, якую Агата паспела ёй падсунуць.

І пакуль Агата прыбірае, Яначка цалкам шчаслівая. Не, ёй усё яшчэ блага і яе ўсё яшчэ ванітуе. Але ёй вельмі даспадобы такі шлях — можна есці колькі хочаш, а потым казлы драць, і ніякіх табе лішніх калорыяў! Так што паміж сутаргамі Яначка шчасліва пасміхаецца. Убачыўшы гэта, Агата пачынае лаяцца яшчэ больш.

* * *

Рысавая дыета заключаецца ў тым, што вы варыце цэлы рондаль рысу і ўвесь тыдзень ясце толькі гэты несалёны рыс. Два-тры разы на дзень, дзень пры дні. Ступень эфектыўнасці? Высокая. Спытайце ў Агаткі, яна вунь на рысавай дыеце месяц сядзела. Праўда, не па сваёй ахвоце — проста грошы скончыліся, і ежа скончылася, тады яна зрабіла вылазку на старую мадэльную кватэру, якую дзяўчаты ласкава саступілі прусакам і пацукам, і адваявала ў новых гаспадароў цэлы мех рысу.

* * *

Арганізм у Яначкі малады і моцны, некалі добра ўкормлены — ён не збіраецца здавацца без бою. Булімія развівацца не жадае, таму пасля ежы трэба сунуць пальцы ў рот. Прытым сунуць глыбока, каб крануць корань языка ці заднюю сценку горла, і тое атрымліваецца далёка не заўсёды. А тут яшчэ часам налятае Агата і спрабуе трымаць за руку. Яначка злуецца, крычыць, але вырвацца сіл не мае. Праз колькі дзён прымусовага кармлення, калі ў галаве ў дзеўкі крыху пасвятлела, яна здагадалася, што можна проста не глытаць. Прымусіць кагосьці нешта праглынуць вельмі цяжка.

Агата больш ні на хвілю не пакідае сяброўку адну, чым вельмі злуе яе і даводзіць сябе да знямогі. Нават у прыбіральню разам цягаюцца. Ёгурты і мёд ім прывёз Маса, але больш нікога з агенцыі вызваніць не ўдалося — а Масе Яначка не верыць. Вось каб дырэктар аўтарытэтна заявіў, што яна не тоўстая… Яначка пакрысе тае, нарэшце вычарпаўся нейкі запас трываласці. Агата пільна сочыць за яе вагой. О, гэта цэлая гісторыя — зацягнуць Яначку на шалі! Маса бярэ яе на рукі, і калі яна зморыцца і кіне брыкацца, яны разам ўзважваюцца. Калі дзеўка пад метр восемдзесят важыць сорак кіло, выглядае гэта страшна. І тады Агата выбіраецца да Ёні Кука.

Гэтых важных людзей вельмі цяжка вызваніць. У іх заўжды поўна асістэнтаў і сакратарак, якія будуць абяцаць, што запісалі і перададуць, а насамрэч пакруцяць каля скроні, слухаўку паклаўшы, — і тае гаворкі. Да важных людзей не дабрацца, бо нават ведаючы адрас ты не пройдзеш праз усіх гэтых швейцараў, вартавых, целаахоўнікаў ды іншых цэрбераў. Колішняе інтэрв’ю? Ну дык калі гэта было, даўно вадой сплыло, ён цяпер і не згадае, што за газета, што за журналістка. З-за фіранкі высоўваецца галодны промень, абшарвае падушкі, абмацвае Яначкін твар. Ды які твар — адны скулы засталіся. Трэба паспрабаваць, вырашае Агата. Ну пашлюць, тае бяды. Ва ўчастку мы ўжо былі, а што яны могуць страшнейшае прыдумаць?

Вось так разважыўшы, Агата апранаецца ў сваё найлепшае. Убачыўшы гэтае пудзіла, Яначка хмыкае: як не ўмела сяброўка апранацца, так хіба труна гарбатага і выпрастае. Маса напалоханы, яму не да вопраткі: як жа гэта — сядзець тут, пры вар’ятцы, а ў мяне ж каханая, мне дадому трэба! Але Агата цвёрда стаіць на сваім: сядзі тут, пакуль не вярнуся, ванітаваць не давай, на трэнажор не пушчай, раз на дзве гадзіны залівай ёгурт.

Яна сыходзіць браць у аблогу імперыю містэра Кука. Ад Марціны Грос дазнаўшыся, што згаданы містэр мае звычку абедаць у адным фешэнебельным месцы, Агата прыязджае туды апоўдні — хто іх ведае, калі гэты абед пачнецца. Выручае добрая журналісцкая звычка забалбатаць каго заўгодна — з адной афіцыянткай словам перакінулася, з іншай. Неўзабаве ўся рэстарацыя ў курсе, усе прасякнуліся да беднай Яначкі сімпатыяй — які ж талент закапала ты, Агатка, у зямлю! Магла б калі не зрабіцца журналістам, дык хоць прамовы пераканаўчыя пісаць. Не было ў бабы клопату, купіла парася. Вунь ужо едзе той Кук, а на двары — амаль ноч.

Містэр Кук гожую дзеўку заўважыць нават у строях пудзіла і нават за спінамі ахоўнікаў. На тое ён і дызайнерскі геній, каб умець заўважаць прыгожае.

 — О, міс Ага-та! Сюды! — шаноўны спадар не толькі ўспомніў дзеўку і яе імя, ён нават успомніў, як перакручваў гэтае імя на свой капыл, ставячы націск на першы склад. — Ваша краіна дасюль застаецца без вашай прыгажосці? О так, памятаю — Эра-усь, так?

Напалеон, кажуць, кожнага салдата ў сваім войску ведаў па імені. І гэты, бач, дробязі ўсялякія памятае, а яна ж столькі вучыла сваю прамову “Вы-мяне-напэўна-не-памятаеце-гэта-я-…”

 — Ці міс зноў хоча ў мяне інтэрв’ю? Гэтага нельга, пра новую калекцыю, пакуль яна не гатовая. Але прапанову сваю я паўтару, міс дарэмна не хоча ўдзельнічаць у маім паказе. Вы можаце яго ўпрыгожыць.

Агата чырванее і бляднее, да таго ж у кішэні шалёна вібруе мабільнік — напэўна, Маса зусім здурэў ад страху. А мо здарылася што — назвоньвае тройчы на хвілю.

 — Я мушу прасіць у містэра яшчэ большай ласкі.

 — Як? — мабыць, для таго, каб гэты чалавек сцяміў, што ў свеце ёсць рэчы, важнейшыя за ягоны паказ, зямны шар павінен пачаць круціцца ў іншы бок.

Доўга, доўга будзе Агата тлумачыць яму, хто такая Яначка, пакуль дызайнеру гэта не надакучыць: “Калі гэта адзіная ўмова ўдзелу міс у паказе, то я проста паеду туды, куды міс просіць”. І вось яны едуць на шыкоўным аўто — Агата не ведае, што гэта за марка, а адчувае толькі прыемны пах светлай скуры, якой зацягнуты салон, і не заўважае ямінаў, на якіх зазвычай падскоквае Масаў мінівэн. Не, іхная машына ідзе, як субмарына, як нож па цёплым масле, у кішэні нарэшце перастае вібраваць Маса, і можна проста гаварыць пра сваю радзіму. Містэр Кук, можа, і лічыць яе балбатню забаўным фон, але ўдае цікаўнасць, і Агата можа выгаварыць душу камусьці, у каго не манітор, а твар.

Дарога марудная, на мосце даводзіцца і зусім стаць — праз шэрагі ім насустрач прабіваецца хуткая, усе ліхтары мігцяць, сірэна ажно захліпваецца, але машыны ўсё адно не саступаюць дарогу, а толькі крышачку адсоўваюцца, каб хуткая магла, драпаючы суседзяў, праціснуцца.

Уявім, што ў той хуткай — Яначка разам з Масам, які выпадкова забіў яе ёгуртам: так хацеў, каб дзеўка каўтнула, што і не заўважыў, як яна падавілася, не пабачыў, што не можа адкашляцца, бо балбатаў з каханай, і не змог сам адкачаць, калі пасінела, бо ў школе прагульваў заняткі па грамадскай абароне і медыцынскай падрыхтоўцы, каб цалавацца на задворках з дзеўкамі. А мо ў іх і не выкладаюць медпадрыхтоўку, хто іх, гэтых азіятаў, ведае.

Ляжыць сабе Яначка і глядзіць адсутным позіркам у столь. Але не бойцеся, усё скончыцца добра — зараз у белым макінтошы з’явіцца Ёні Кук, скажа, што Яначка, на яго погляд, зусім не тоўстая, а калі яна ад радасці ачуняе, паабяцае ўзяць яе на свой паказ, нават разам з Агаткай, канечне, але Яначка будзе яго адкрываць-закрываць і з ім пад ручку па подыуме шпацыраваць.

Але ўсё гэта, натуральна, адбудзецца ў нейкім іншым свеце, бо шыкоўная субмарына звалілася з моста. Хуткая драпала суседзяў, ну, і нейкі дэбіл газ з тормазам пераблытаў, а побач шчыльна стаялі машыны, атрымаўся добры цягнічок, які лексус Ёны і цюкнуў. Агароджу на мосце за даўнім часам нейкія гастарбайтары рабілі, вось яна і не вытрымала. Уявіце, колькі ёгуртаў і шмотак дастанецца каханцы Масы!

Ці яшчэ прасцей. Усё ў Масы добра, гэта ён са страху назвоньваў, проста так. І ў Агаты ўсё добра, яна сяброўцы паратунак вязе. А тут раз — і землятрус! Маса выратаваўся, а на Яначку кандыцыянер упаў. Ёні Кука целаахоўнікі з-пад абломкаў моста выцягнулі, а пра Агатку забыліся. Таксама здараецца. А ўсё таму, што не трэба бавіцца дыетамі! Елі б Яначка з Агаткай на сняданак кашу “Геркулес”, дык ані кандыцыянер, ані сталёвая арматура ім бы не зашкодзілі.



Буцеры

Агата і Яначка крадуць з аўтамата бутэрброды.

Усе грошы яны спусцілі на новую Яначкіну куртачку: “Ты паглядзі, колькі гузікаў! Не, ты паслухай, яна звініць!..”

А есці хочацца. Да заробку яшчэ тры дні, таму дзяўчаты цягаюцца па горадзе, зазіраюць у крамы, дзе ёсць вазы з бясплатнымі цукеркамі. І раптам гэты аўтамат, відаць, закінуты — вунь сырны сандвіч ужо плесняй пайшоў. Высакароднай, калі глядзець на пусты страўнік.

Але ж як ты яго здабудзеш? Агата тройчы абыходзіць бутэрбродны стод з загадкавым мармытаннем: “А калі выцягнуць шнур, то… Можа, ззаду блок кіравання?” Ды аўтаматны дух не заклінаецца. Яначка суне яму сваю крэдытку, спустошаную шопінгам, але нахабная машына той карткай проста плюе дзеўцы ў твар. Пакуль Агата ломіць пазногці, спрабуючы адкалупнуць шыльду з намаляванай маланкай, Яначка выцягвае з торбы кастынгавыя абцасы і разбівае шпількай вітрыну.

...Калі яны нарэшце аддыхваюцца, сірэна ўсё яшчэ вые ўвушшу. Дзяўчатам пляскае зверху чыясьці бялізна, развешаная між вокнаў, котка корпаецца ў смецці і шыпіць, бо Яначка праганяе яе, каб усесціся на вечка сметніцы.

 — Е-сці, е-сці! — радасна скандуе Яначка, старанна аддзяляючы памяты буцер ад цэлафану. Пахне кіслым селядцом.

 — Фу-у! Я гэтага не буду! — абураецца Яначка. — Яны ж з маслам!

 — І шы-то?.. — набіўны рот, цікавіцца Агата.

 — Як шы-то? Эта ж цы-лю-літ будзе!

Агата, падавіўшыся бутэрбродам, сутаргава смяецца. Яначка ж сядзіць на сметніцы і песціць котку, якая наелася бутэрбродам з маслам і палагаднела. Разам яны глядзяць на зоры: “Амаль столькі ж, колькі гузікаў на маёй куртачцы … Не, ты паслухай, як звініць…”



Вежа

Агата і Яначка ўцякаюць ад паліцыі. Малады таўсматы японец у форме з самым радасным выглядам твару бяжыць за дзяўчатамі — “стоп, стоп, рашан просціт’юц!” Вось-вось адна з іх падверне нагу — як яны ўвогуле ўмудраюцца так хутка бегчы на сваіх высачэзных абцасах? — вось-вось ён іх дагоніць, ды пад белы ручанькі, ды ва ўчастак, а там, а там… Але радасць хутка знікае: пабегай па спёцы пры поўным парадзе, не трэба было запіваць у абед макс-чыкен колай, казала старая — адна шкода ад гэтых заходніх цацак, ну ды я з вамі разлічуся, і гамбургераў вам, і дайце мне толькі вас да ўчастка… Аднак куды гэта ж вы, не, не туды, у мяне інструкцыі, сюды толькі патруль ходзіць, вярніцеся, чуеце, вярніі-і-і-цеся-а, ну па-добраму прашу, там жа небяспечна, чуеце!..

Дзяўчаты чуюць, ды не тое: чуюць расчараванне пераследніка, чуюць, што ён застаецца ззаду, што ён толькі крычыць, а не бяжыць услед, але самі спыніцца не могуць. І толькі калі Яначка сапраўды падварочвае нагу — абцас па самую пятку вязне ў зямлі, — уцёкі нарэшце завяршаюцца. Вакол намёты, хаткі са смецця, і адусюль на ўцякачак зіркаюць нейкія валасатыя людзі. Хто б паверыў, што толькі хвіліны кульгавага бегу аддзяляюць іх ці не ад самай люднай і ажыўленай часткі горада. “Янка, — ледзь выдыхае Агата (ад такой прабежкі нават у алімпійскіх спартсменаў дыхалку сапрэ), — Янка, кідай туфлю, трэба цікаць!” Прапанова відавочна слушная і своечасовая, аднак — “Не магу!.. Ну, гэта ж… кензо!” Пакуль валасаты, барадаты і яўна даўно нямыты натоўп збіраецца вакол няпрошаных госцяў, Агата ліхаманкава пракручвае ў галаве падзеі гэтага ідыёцкага дня: ці ведае хоць нехта, дзе іх шукаць…

А дзень пачынаўся, як звычайна, у смогу і душнай гарачыні, ад якой на твары Яначкі плавілася касметыка, а валасы ліплі да голых лапатак. “Хораша табе, стрыжанай!..” — ныла Яначка. “А я табе казала, апрані тую, у гарохі, з закрытай спінай”, — адказвала Агата, якая дзякуючы сваёй хударлявасці і правільнаму адзенню спёку пераносіла няблага. — “Ды я ў ёй як бегемот!” — “І хто цябе прасіў яе купляць?” — “Ну дык жа на зніжцы была, уяві, макартні — і ўсяго за такую дробязь!..”

Як заўжды, Маса забіраў дзяўчат на паркінгу а палове дзявятай — каб даехаць на першы кастынг, трэба не трапіць хаця б у некаторыя з затораў. Па дарозе Яначка ўгаворвала Масу зрабіць кандыцыянер яшчэ халаднейшым, Агата — наадварот, цяплейшым (“Вось схопіш запаленне — а мне насі перадачы і за цябе кэтвокі адрабляй?!”), кіроўца смяяўся, дзяўчаты астывалі, прыводзілі сябе ў парадак, Яначка нават пазногцікі ўмудрылася падфарбаваць: “Ну, усё адно ж не едзем?.. Пахне? Каму пахне? А ты зацісні нос!” Потым, як заўжды, ішлі кастынгі — дзень пры дні, з ранку да вечара: рыхтаваўся вялікі фэшн-івент, дызайнеры рабіліся ўсё больш узвінчанымі, капрызнічалі, па сто разоў пераглядалі ўжо абраных дзяўчат, ганялі на прымеркі, фоткалі, здымалі на відэа, зноў і зноў кастынгавалі... Масаў мінівэн матаўся па Токіа, ды горада дзяўчаты так і не бачылі — толькі машыны ў заторах, а яшчэ матацыклістаў, старажытных бабулек на навюткіх роварах і зрэдку токіа-таўэр на даляглядзе. “Аднойчы я на яе падымуся”, — у чарговы раз уздыхала Агата. “Ага, як жа ж”, — пад’южвала Яначка, але і сама прагным вокам вежу мерала: з яе, напэўна, бачныя ўсе буцікі, вунь якая высозная…

“Наступны кастынг місі спадабаецца”, — Маса падміргнуў Агаце ў люстэрка і завярнуў на чарговы вузенькі правулак, запаркаваны так шчыльна, што даводзілася крыху пашморгаць па чужым транспарце, каб прасунуцца наперад. — “Ды я ж наступны прапускаю, там толькі Марціну чакаюць і тых, рудых, з яе агенцыі? Мы іх зараз падбіраем, так?” “Така-так”, — Маса ўсміхнуўся яшчэ шырэй і махнуў рукой наперад: “Лук, місі, куды едзем!”

А наперадзе красавалася тая самая вежа — як Эйфелева, толькі яшчэ больш недарэчная, у бела-чырвоных колерах. Кастынг быў у двух кварталах ад правай нагі вежы, Яначка з Агатай засталіся ў машыне чакаць…

 — Давай мо збегаем? — не ўцярпела Агата. — Зірнем зблізку? А машына... Ды што машына, ты ж ведаеш, як тут транспарт кідаюць: з ключамі ў замку… Каму наш вэн трэба, такі старэнькі, пашорганы…

І дзяўчаты пабеглі глядзець вежу. А як дабеглі ды пабачылі, што на ўваход чаргі няма, то не ўтрымаліся і зайшлі ў сярэдзіну. А як зайшлі ды пабачылі, што і на ліфты асаблівай чаргі няма, і кошты цалкам прыстойныя… Залезлі дзеўкі на тую вежу, ды на самую макаўку. Паглядзіце налева, паглядзіце направа, вой, а вунь Фудзі, вой, а гэта, напэўна, наш парк, шкада, праз смог кепска бачна, але ж і далёка, ну аграменны горад! Пакуль на ўсе бакі агледзеліся — вой, мы тут ужо з паўгадзіны, трэба бегчы назад.

Прыбеглі — няма ані вэна, ані Масы, ані іншых дзяўчат. І знаку няма. Ну, усё, скралі, значыцца, мінівэн, а з ім і ўсе рэчы... Добра, што Агата ўважлівая — запомніла, у якія дзверы сяброўкі на кастынг уваходзілі, пацягнула разгубленую сяброўку туды. Але ж і там Масы няма, і нікога знаёмага, і ўвогуле хоць нейкая англамоўная цётка знайшлася з цяжкасцю. Цётухна, родная, любая, дай тэлефона пазваніць! Ну, вось вам тэлефон, а нумар які? Ды хто ж яго ўпомніць, усе нумары ў мабліцы, а мабілка ў мінівэне, а вэн недзе ў горадзе, а горад — на ўласныя вочы бачылі — аграменны. На шчасце, добрая жанчына сама распытала дзяўчат, з якой яны агенцыі, вызваніла кагосьці з тых, хто праводзіў кастынг, і здабыла нумар, які адразу падаўся Агаце знаёмым. Агата чакала чаго заўгодна (а яна, як больш англамоўная і больш вінаватая — спакусіла малую дурнічку на вежу залезці, — сама ўзялася з іхняй агенцыяй гутарыць) — што давядзецца доўга тлумачыць сітуацыю, што крычаць на яе будуць, што заробку пазбавяць на месяц наперад… Але спадарыня дырэктар была надзіва стрыманая: букер ёй ужо званіў, яго з іншымі мадэлькамі адправілі на наступны кастынг, і радуйцеся, што вы ў ім не ўдзельнічаеце, але калі не перахопіце Масу каля выхаду Е са станцыі метро, то прапусціце свой кастынг, і гэта падарве імідж нашай агенцыі ў вачах кліентаў, гэта будзе такая ганьба…

 — Нам тэрмінова трэба ў метро, а то з краіны дэпартуюць, — рэзюмавала Агата для Яначкі непрыемную гутарку. — Ну, не плач, таварны выгляд сапсуеш, метро паблізу, памятаеш, мы там Марціных сябровак падбіралі, час яшчэ ёсць, дзякуй місіс за тэлефон…

Дзяўчаты пабеглі. І толькі калі ўбеглі на станцыю, выявілася, што грошай, якія яны маюць пры сабе, ледзь хапае на паўдарогі. Ім бы адразу турнікет пераскочыць, з натоўпам змяшацца, да цягніка дабегчы і потым паўтарыць гэтыя аперацыі на дзвюх зменах ліній, ды вось толькі натоўпу няма. А здавалася б, станцыя недалёка ад такой бачнай турыстычнай забаўкі, ад вежы той няшчаснай… Можа, у іх якое свята нацыянальнае, і ўсе японцы разам з турыстамі дома святкуюць?

Агата ў соты раз вывучала маршрут і шукала па кішэнях драбязу, калі Яначка пацягнула яе са станцыі назад у пераход, бо з будкі каля турнікетаў на іх усё больш строга глядзела дзяжурная ў белай фуражцы і пальчатках, вось ужо і рацыю дастала, і нешта там такое кажа, ну дакладна пра іх і дакладна штосьці нядобрае…

 — Ты спяваць умееш? — пытае Яначка, раскладваючы Агаціну насоўку на бруднай падлозе пераходу. — Каб яшчэ нештачка круглае, форму задаць… Ага, вось, завязка, як добра, што ты мне ў машыне хвост была зрабіла… Ну, што глядзіш як баран на баранý, умееш ці не?

 — Ці табе, дзеўка, у галаву напякло? Не да спеваў цяпер, і ўвогуле, што ты робіш?

 — Як гэта не да спеваў? Самы час! Давай манеткі!

 — На халеру табе тыя манеткі, хадзем хутчэй, мо спынам дабярэмся…

 — Ага, спынам, па ўсіх гэтых заторах яна праз паўгорада немаведама з кім хоча даехаць, у самы розрух… Манеткі, кажу, давай! — зараўла Яначка: рэдкі выпадак, калі яе сяброўка разгубілася, як тут не скарыстацца момантам і крыху не пакамандаваць. — Бачыш — гэта гняздзечка, а ў ім павінны быць залатыя яечкі, я спяваць буду, а ты, як не ўмееш, во тут пры мне сядзь і глядзі як-небудзь пажаласлівей, каб мінакі шкадавалі…

І вось Агата і Яначка жабруюць у метро: Яначка крыху прытанцоўвае і выводзіць рулады, Агата сядзіць на пятках, як ёг, і выбівае на каленках рытм, а на рэдкіх мінакоў глядзіць так жаласліва, што яны спачатку спяшаюцца хутчэй прабегчы міма, потым на бяспечнай адлегласці спыняюцца, абарочваюцца, адзін нават на фоцік паспрабаваў зняць, ды дзяўчаты хутка навучылі хітруна, колькі каштуе фотасесія.

 — Не, нешта не ідзе.

Яначка раптам перастала гукаць жавароначкаў і патрабаваць ад іх, каб прынеслі вясну-лецейка, і пералічыла грошы ў насоўцы: усяго на некалькі прыпынкаў па жоўтай лініі.

 — Гэй, толькі не раскісаць! Зрэшты, раскісай, раскісні як след, яшчэ жаласлівей будзеш глядзецца. Ну, падумаеш, этна-фольк ім не смакуе… А калі я зараз вось гэтае, га, вы такога не чулі…

Тут Яначка зараўла калядны харал: “Не-ба ізЯм-ля, не-ба-ізЯмля ра-даа-сна-спя ваааа-юць!” — падміргваючы ў паўзах Агаце (якая ад здзіўлення перастала румзаць) і напаўжартам патрабуючы чытаць уголас усе вядомыя малітвы: а раптам нейкі анёлак залётны іх пачуе дый пашкадуе, прышле падмогу.

Ці то змена жанру падзейнічала, ці то сапраўды хтосьці наверсе, недзе там, далёка над гарачым асфальтам, смогам і туманнай Фудзі, злітасцівіўся з бядачак, але не паспела Яначка даспяваць “Дзіва-дзіваабвя-шча-юць!”, як насупраць дзяўчат спыніўся сярэдні японец: не высокі і не нізкі, у цёмным гарнітуры і пры гальштуку, чаравікі начышчаныя, чорныя валасы бобрыкам, з-пад бобрыка пот па невыразным твары так і цячэ. Уласна праз пот ён і спыніўся — абціраўся насоўкай ды выраніў, а пакуль падняў, пачуў тое Яначкіна “дзіва”. Пастаяў, даслухаў — а мо проста ад спёкі адпачываў, усё ж у пераходзе якая-ніякая прахалода. Калі Агата пачала сяброўцы пляскаць, ужо асабліва не зважаючы на слухача, — ну, сапраўды ж добра праспявала, вунь пераход даў цудоўнае рэха, не горш чым у якім саборы, — дзядзька падышоў і давай дзяўчат на добрай ангельскай распытваць, што, ды як, ды чаму. І тут ужо Агата салаўём запела…

Турнікеты яны прайшлі разам з дзядзькам-дабрадзеем, які набыў ім квіткі да патрэбнай станцыі, але сам ехаў у процілеглы бок. Строгая дзяжурная больш не здавалася такой строгай. Агаце нават здалося, што белая пальчатка памахала ім здалёк на развітанне.

 — Ты, напэўна, спявала у нейкім хоры! — выпытвала Агата, пакуль цягнік скакаў з цемры ў святло і зноў у цемру. А Яначка трыумфальна адмоўчвалася, маўляў, ды так, усяго патроху, — нарэшце і ёй удалося здзівіць сяброўку, хай памучыцца… Але вытрымала нядоўга:

 — …і не ў нейкім хоры, а ў самым што ні ёсць царкоўным!

Агата толькі пырснула: уявіць гэту заўзятую шоперку, модніцу і тусоўшчыцу на клірасе ды яшчэ з хустачкай на галаве не атрымлівалася нават пасля сённяшняга выступу ў пераходзе. — Дык ты, хіба, звечара на дыскатэку, а зранку на службу, грахі замольваць?..

 — От ужо нічога табе не скажы, — Яначка перастала смяяцца і пакрыўдзілася. — Што ты разумееш? Дыскатэкі, тусоўкі ўсялякія — гэта ж вельмі карысна для мадэлінгу, для прафесійнага росту. Дзе, ты думаеш, дызайнеры з дзяўчатамі сяброўства завесці могуць, ну не на паказах жа, калі ўсё дагары нагамі, суцэльны вэрхал, і абы гэта цаца маляваная паспела ў калекцыі выйсці ды не звалілася, ды апратку не сапсула… Вось на афтапацях — тут табе і шампанскага, кактэйльчыкаў усялякіх, расслабіцца і пагаварыць троху можна, а ты думаеш, як я на паказ “Кензо” трапіла, як мне гэтыя туфлікі дасталіся? Ага, ага, вось і не крывіся на дыскатэку, яшчэ зморшчыны раннія накрывіш… Між іншага, мяняем лінію ці не?

Калі дзяўчаты выбіраліся з натоўпу, які нарэшце сабраўся і панёс іх — дзве каляровыя трэсачкі сярод чорна-белай, цёмна-карычневай, шэра-офіснай плыні, — у непатрэбным кірунку, Агата была надта занятая падземным арыентаваннем, а Яначка тым, каб не згубіцца. Калі ж новы цягнік загаварыў з імі салодкім дзявочым голасам і вандроўніцы разабралі ў ім назвы наступнай і канцавой станцый, Яначка пачала расказваць, карыстаючыся зацішшам прыпынкаў і моўчкі прыгадваючы нешта прыемнае, пакуль цягнік ляцеў праз тунель. Яна расказвала, што спявае столькі, колькі сябе памятае: “…баба кажа, што я нават у пялюшках не хныкала, а напявала. У школе ў нас хору не было, вядома, якія на раёне школы, не тое што ў іх, сталічных… Затое ў царкве быў, мяне туды часта цягалі, як малая была, дык я ўсе малітвы павывучвала і пачала хору падпяваць… І нешта так добра атрымлівалася, ажно самой падабалася, калі яшчэ сонца праз вокны б’ецца, струменіцца, а ў сонечным святле пыл лётае, міра і ладан курацца… Прыго-о-ожа… І ты сабе спяваеш, і здаецца, голас разам з водарамі наверх ляціць, і Госпад з іконкі ласкава так глядзіць, як па галаве цябе позіркам гладзіць… Мяне спярша бабулькі слухалі ды хвалілі, ну, тыя, што свечкі абгарэлыя падбіраюць і кветачкі на святах папраўляюць… а тады ці то яны сказалі, ці то што, ды неяк матушка-рэгентша да мяне пасля службы падышла, запрасіла, вось я і пачала з тамтэйшым хорам спяваць, у іх заўжды людзей не хапала… Але ж блазнюкі гэтыя маладыя царкоўнікі, я табе скажу… Ты, між іншага, не першая, каго мае спевы ўразілі, я неяк была з адным дызайнерам сустракалася… Ну як сустракалася, быў паказ, смелая такая калекцыя, не так апранае, як распранае… Потым ён мяне запрасіў у кавярню, я прапанавала пагуляць па горадзе, гуляем, ён мне ўсё нешта пра нейкіх філосафаў гаворыць, я ўголас “ага, ага”, а сама думаю, хто гэта, і ўсё баюся, чым усё скончыцца, ну, бо ж малая была, гадоў чатырнаццаць, хлопцаў у мяне да таго не было ніколі, што з імі рабіць, не ведала… Бацькі настрашылі, што ўсім хлопцам быццам бы аднаго толькі трэба… А тут якраз бачу — у кірунку царквы ідзем, і вечар, і пачынаюць званіць званы… Дык я яму і кажу, што мне, маўляў, на службу трэба, адспяваю і праз паўтары гадзінкі зноў з ім магу гуляць… Бедны хлопец з твару перамяніўся, вочы так неяк пагаслі, ён хуценька развітаўся і знік, і не званіў больш, так што калі ты выпадковых кавалераў не цярпіш, рэкамендую…”

Дзяўчаты ўсё яшчэ смяяліся і з Яначкі, і з беднага дызайнера, калі салодкі голас абвясціў іх станцыю. Хвалявацца наконт шляху да дзвярэй не прыйшлося — на гэтай станцыі выходзіў увесь бітком набіты вагон, трэба толькі знайсці патрэбны выхад Е, да сустрэчы з Масам час яшчэ ёсць, так што можна скарыстацца прыбіральняй, каб прывесці сябе ў парадак. На шчасце для дзяўчат, усе прыбіральні ў метро бясплатныя і поўныя ўсялякіх зручнасцяў накшталт люстэркаў, гарачай вады, мыла, папяровых ручнікоў, гігіенічных пракладак і калгот.

 — Слухай, а ў цябе, калі ты сабралася сваю справу рабіць, таксама гук вады ўключыўся? — Яначка не магла схаваць здзіўленне нават тады, калі дзяўчаты ўжо выбраліся на паверхню і ўладкаваліся чакаць на лавачцы. — Ага, ну, я так і думала, гэта, напэўна, каб ніхто цябе не чуў, класна прыдумана… Я вось чула, што ў іх ва ўнітазах такі прыборчык усталяваны: ты на яго сходзіш, потым націскаеш патрэбную кнопку, а ён табе раздрукоўку з тваім, значыцца, аналізам… Дык была раз у Марціны ў гасцях, ну ты ведаеш, яны непадалёк ад нас на кватэры жывуць, і ў іх такііі ўнітаз — што твой касмічны карабель, столькі ўсялякіх кнопачак, і ўсе з рознымі іерогліфамі. Я націскаць пабаялася, а сяброўка Марціны, яна мне расказала, панаціскала, дык ёй проста ў твар струмень заляпіў — бідэ, аказваецца…

Гэткімі байкамі красуні бавіліся яшчэ з паўгадзіны, але цудоўны настрой — ну як жа ж, праз паўгорада без грошай і карты даехалі! — пакрысе зноў пачаў псавацца: ані Маса, ані знаёмы мінівэн на даляглядзе не з’яўляліся. Агата раз-пораз адыходзіла агледзець машыны, якія ехалі ва ўсіх кірунках, вярталася ўся мокрая — “Асфальт гарачы, ажно абцасы прыліпаюць!” — па сто разоў правярала, ці сапраўды яны чакаюць каля правільнага выхаду… Вялізны гадзіннік на будынку насупраць высвечваў 15 хвілін дарэмнага чакання, 20, 25…

 — Напэўна, я нешта наблытала, — не вытрымала Агата. — Можа, час недачула ці літару выхаду? Трэба яшчэ раз пазваніць.

То быў час, калі ад мабільнікаў яшчэ і не думалі адмаўляцца — імі хваліліся, іх прагнулі, за іх хваляваліся. Таму дзяўчаты, якія даймалі мінакоў просьбамі даць пазваніць, адразу выклікалі падазрэнне. Прыгожыя і высокія — на галаву вышэйшыя ад іншых, ярка апранутыя і дзіўна нафарбаваныя (цяжка апісаць, як пачынае выглядаць самы мінімальны макіяж, калі пабегаць па спёцы, паплакаць, яшчэ пабегаць, а потым паспрабаваць нешта падправіць з дапамогай мыла, вады і сурвэтак), з блытанай мовай (а хто ж на мяжы істэрыкі не пачне мяшаць базавую ангельскую, японскія фразы ветлівасці і родныя праклёны?), — небаракі выклікалі ў дзяжурнага палісмена асацыяцыю вельмі канкрэтную, але, на жаль, для іх не надта спрыяльную. Агата спярша памкнулася да яго — ахоўнік грамадскага парадку ну дакладна ж павінен валодаць прыстойнай ангельскай і жаданым мабільнікам, — аднак пасля першых жа фраз падхапіла Яначку і прасвідравала натоўп, які валіў і валіў з выхаду Е… І вось куды іх завялі ўцёкі!

Недзе паблізу прагрымеў цягнік — напэўна, тут метро зноў выходзіць на паверхню, машынальна адзначыла Агата, ухапіла Яначку за пятку і нарэшце вызваліла яе абцас, а тады звярнулася да людзей са звераватымі поглядамі: “Хай, гайз, мы тут заблукалі крыху, вы толькі пакажыце, кудой выхад, і мы адразу пойдзем…”

“Гайзы”, аднак, нічога не адказвалі, а толькі падышлі бліжэй, асабліва шчыльна ззаду, таму Агата інстынктыўна рушыла наперад, падцягваючы зляканую Яначку і працягваючы гаварыць: журналісцкая практыка прывучыла яе верыць у словы, у магчымасць дамовіцца з кім заўгодна, трэба толькі знайсці хоць нейкія кропкі судакранання. “Ого, ды ў вас тут клёва, столькі шынаў аўтамабільных, вы з іх, напэўна, вогнішчы робіце, а мы таксама рабілі, ага, ды вы не турбуйцеся, не трэба ўставаць, мы толькі міма пройдзем і ўсё, не зважайце, нас дзядзька палісмэн сюды загнаў, усё бег і бег за намі…”

 — Паліцыя? Нехта тут згадвае паліцыю? — нарэшце азваўся хтосьці наперадзе. Натоўп ашчэрыўся ўсмешкамі, не сказаць каб дужа добрымі і прыемнымі. — Ну, хто ад паліцыі ўцякае, той нам найпершы сябар! Сюды, сюды, дайце на вас паглядзець!

Лахманы расступіліся, і дзяўчаты ўбачылі спярша жоўты намёт, увесь у выцвілых стужках, а затым дзядзьку, які паўляжаў перад ім на сцёртым кіліме і корпаўся ў зямлі. Вязаная жоўтая шапачка сядзела на смалістых кудзерах рыхтык карона, на руках у дзіравых пальчатках паблісквалі пярсцёнкі, побач валяўся металёвы скіпетр з мудрагелістай разьбой — ні даць ні ўзяць кароль сметніцы, вырашыла Агата і павіншавала сябе: з адным і галоўным дамовіцца лягчэй. А вадзяністыя вочы “караля” вывучалі дзяўчат і смяяліся:

 — Глянь, такія прыгожыя, такія маладзенькія, і ўжо ад паліцыі бегаем? Як кажаш, Фіч, да самых кучаў іх гнаў, што, таўсматы той? — дзядзька рассмяяўся, уявіўшы, відаць, уцёкі, і спытаў у згаданага Фіча нешта яшчэ на такім амерыкана-невамедама-якім дыялекце, што Агаце засталося толькі здагадвацца, якія “кучы” меліся на ўвазе і ці не абмяркоўваюць гаспадары, як лепей засмажыць сваіх хударлявых госцяў. Гэты самы Фіч паглядаў на дзяўчат галодным позіркам, аблізваў вусны і відавочна прапаноўваў нешта, што вельмі падабалася астатняму натоўпу і вельмі не падабалася Яначцы (яна часова страціла дар маўлення, затое ўсе яе пачуцці абвастрыліся). “Кароль”, аднак, прапанове рэзка запярэчыў і, відаць, аблаяў Фіча і астатніх. На чым бы ні трымаўся ягоны аўтарытэт сярод тутэйшых валацугаў, ён, на радасць дзяўчатам, трымаўся добра: натоўп нешта незадаволена прабурчаў і пачаў пакрысе распаўзацца па намётах і кардонках. Дзядзька таксама забраўся ў свой жоўты дамок, выцягнуў адтуль два кілімы, такія ж выцертыя, як той, на якім сядзеў сам, і нейкія старыя апраткі: “Вось, сядайце, а ты спіну голую прыкрый, не дражні гусакоў” — з гэтымі словамі ён накінуў Яначцы на плечы драны кажух (дакладней, драным кажухом ён быў гадоў дваццаць таму, а цяпер выглядаў хутчэй як мэтлахі нявызначанага колеру і з неперадавальным пахам). Яначка ўспомніла раніцу, калі спрачалася з Агатай наконт кофтачак, і расплакалася.

 — Ну-ну, няма чаго такой красуні румзаць, ужо горай, чым было, не будзе, гэта я вам абяцаю… — тут дзядзька падняў тое, што Агата палічыла скіпетрам, раскруціў, узяў “ножку” і пачысціў яе нейкай адмысловай шчоткай (што з улікам навакольнага бруду здавалася калі не абсурдным, дык прынамсі збыткоўным), у круглую частку пляснуў з біклагі, скруціў усё назад, паставіў, зверху прымацаваў нешта падобнае да сподка з чаркай… Толькі калі да “скіпетра” дадаўся шланг з муштуком, Агата нарэшце прызнала ў ім кальян.

 — Гэй, Фані! Фані! Ну, дзе гэтую бабу заўжды носіць? Фані!

 — Спадару… — пачала Агата, але дзядзька яе не слухаў, а калі з-за бліжэйшай кучы смецця выбралася кабета дзікага выгляду, Агата забылася, чаго хацела спытаць. Гаспадар запатрабаваў у Фані чыгункоў і вады, і калі дзікунка пайшла, сеў раскладаць вогнішча. Калі яно добра ўзялося, калі на чыгунку пачалі абгараць наліплыя лісточкі і іншае смецце, дзядзька выдаў Агаце вялікую лыжку (“вось, можаш павылоўліваць плывунцоў, калі зварацца. А можаш пакінуць, ежа гусцейшая будзе”) і пачаў уважліва слухаць дзяўчат, зрэдчас рэагуючы на аповед рогатам, спачувальнымі “глянь!” і задумлівымі “гм-гм”. Сонца даўно пераваліла за поўдзень, гарачыня спадала, каля іншых намётаў таксама пачалі з’яўляцца вогнішчы.

 — Гм, гэх, ммм… Ну, мабільніка ў мяне, канечне, няма, а калі б і быў, дык даўно б разрадзіўся… — дзядзька адліў кіпню ў меншы чыгунок, а ў большы закінуў локшыны, насыпаў солі і пачаў задумліва мяць у руках пакунак са спецыямі. — Хіба толькі падшыванца якога выправіць… На ноч вам тут заставацца нельга, гэта ясна… Фані! Гэй, Фані, хадзі сюды! Хадзі, кажу! Ну, што думаеш, куркумы ці размарыну? Не? А мо перцу з імберцам? А дзе бэйбус твой, га? Хай падыдзе, макароны вось возьме…

Неўзабаве з большага чыгунка пайшоў такі водар, што дзяўчаты б не здзівіліся, калі б на яго сабраліся ўсе навакольныя жыхары, а не толькі купка нямытых малых. “Глянь, во дзе хітрая баба! — засмяяўся дзядзька, палічыўшы бэйбусаў. — Ну, ды так нават лепей…” Ён наклаў кожнаму па поўнай місе, бляшанцы ці што там у каго было, а пакуль малыя хапатліва елі, абпальваючы пальцы і вусны, паабяцаў сто енаў таму, хто першы прынясе яму з горада працоўную мабілку. Калі ж падшыванцы разбегліся, прыйшла чарга дзяўчат пазнаёміцца з кулінарным майстэрствам гаспадара. Ці то ён сапраўды быў добры кухарам, ці то голад зрабіў страву смачнейшай, але дзяўчаты ўміналі тую макарону з тушонкай так, што насы гайдука скакалі. Яначка нават адразу падумала прасіць дабаўкі, але потым вылавіла ў сваёй місе вялізны кавалак тлушчу, праглынула яго (не на зямлю ж пляваць!), успомніла пры калорыі і перадумала. Тады ўзяліся за гарбату — яна якраз настаялася ў меншым чыгунку і таксама падалася ім смачнейшай за ўсе гарбаты, якія прадаюцца тут у спецыяльных крамах за вялікія грошы (гэта, відаць, плывунцы водару дадаюць, міжволі падумалася Агаце). Ужо і кальян як след раскурыўся, калі да жоўтага намёта шумным гуртам падбеглі малыя. Яны сварыліся, хто з іх першы, адбіралі адзін у аднаго і выкідвалі мабілкі канкурэнтаў, так што пераможцу давялося выбраць старэйшым, а іншым аддаць суцяшальны прыз — чыгун з рэштай вячэры. Агата без асаблівай надзеі пазваніла ў агенцыю: здавалася, што нічога не магло прымусіць іхных агентаў хоць на хвілінку застацца на працы пасля заканчэння працоўнага дня. Аднак раптам слухаўку зняў Маса, які трапіў у аварыю (быў землятрус, самы вялікі ў свеце затор, нейкі ідыёт саштурхнуў сваю машыну з моста і трапіў Масе на капот), не змог прыехаць у дамоўлены час, вельмі перажываў за сваіх дурненькіх місі і збіраўся дзяжурыць ля тэлефона ўсю ноч, а дзе ж яны, а як яны, а што… Дзяўчаты не маглі нічога патлумачыць. Пачуўшы голас Масы, яны абедзве расплакаліся, і тады дзядзька пераняў у іх слухаўку і пачаў нешта сыпаць па-японску.

Сонца вісела нізка-нізка — Яначцы здавалася, што хтосьці нябачны расхіствае яго туды-сюды на празрыстай нітцы, а зямля крыху пагойдваецца ў такт. Агата лічыла, што ім пасля ўсіх гэтых прыгодаў, хваляванняў і занадта сытнай вячэры неварта было курыць кальян, у яе разбалеўся страўнік і закружылася галава, але Яначка толькі глядзела на сонца-ківач і адчувала сябе бязважкай. Калі ж ад сонца застаўся толькі вузкі пас і гаспадар загадаў ім падымацца і ісці за ім, абедзве задачы падаліся дзяўчатам бадай што невыканальнымі. Яны як у сне цягнуліся за сваім правадніком па вялізным сметніку, які нагадваў адначасова выставу сучаснай скульптуры і сад камянёў, а потым па садзе камянёў, які нагадваў вялізны сметнік, затым аднекуль вынырнуў горад, і шаша, і Маса, і ў Яначкі перад вачыма ўсё шалёна завярцелася. Ужо ў машыне — яе лёгка пазнаць па кандыцыянаваным паветры — Яначка чула, як Агата апавядала Масу пра нейкія неверагодныя неверагоднасці, якія ніколі, ніколі не маглі з імі здарыцца, а Маса ўсё дзівіўся, што іх выратаванне з такога — ён рабіў вялікія вочы, — та-ко-га раёна каштавала яму ўсяго толькі сто енаў.

Ужо зусім сцямнела, а яны ўсё ехалі і ехалі. Праз вялікую колькасць аварыяў ім давялося перасячы ўвесь цэнтр, мінаючы хмарачосы Хібіі, знакамітую Гіндзу, з аднаго боку — імператарскі палац, з іншага — тэатр кабукі і крамы, крамы, крамы... Агата летуценна ўздыхнула: “Аднойчы я сюды траплю”. Пачуўшы гэта, Яначка ўмомант скінула сон, выхапіла з рукава дранага кажуха вялізную лыжку — тую самую, якой вылоўлівалі плывунцоў, — і пачала лічыць сяброўцы рэбры! Як яе толькі не забіла…



Цім-там-паці

(Рэцэпт)

Вам спатрэбяцца:

 — два пакункі пакрытага шакаладам печыва “Цім-там” (альбо любога іншага з шакаладнай праслойкай паміж дзвюма вафлямі);

 — дзве сталовыя лыжкі шакаладнага “Нэстле” альбо звычайнай какавы ў парашку, а таксама малако на чатыры добрыя порцыі какавы;

 — чатыры мадэлькі, знуджаныя беспрацоўем (альбо запрацаваныя да чорцікаў і мадэльераў уваччу);

 — чатыры вялікія кубкі;

 — вельмі шмат сурвэтак.

Як робім:

 — збіраемся у адным пакоі, раздаем усім печыва і кубкі з какавай;

 — абкусваем печыва з абодвух канцоў так, каб праз яго шакаладную праслойку можна было, як праз саломінку, цягнуць какаву;

 — апускаем адзін канец печыва ў гарачую какаву, а да другога прысмоктваемся і цягнем напой;

(заўвага: печыва трэба з’есці ў апошні момант перад тым, як яно плюхнецца ў кубак)

 — паўтараем працэдуру да таго часу, пакуль усе мадэлькі, а таксама стол, сцены і падлога не перапэцкаюцца шакаладам.



Дадому

Агата і Яначка збіраюцца дадому.

Яначка ўжо трэці раз пакуе рэчы, але прыціснуты зверху чамадан усё ніяк не можа зашчоўкнуць пашчу. Дзяўчаты і так, і гэтак, і нават дабівалі яго локцем, як дабіваюць у кіношках ворага. Агата ўжо займела добры гузак — нейкі абцас трапіўся ці мо прас. І ўжо здавалася, вось зараз замочкі сустрэнуцца, ну яшчэ крышачку… А яны ўжжжык — і разбегліся, і чаравічак з шампуняй выплюнулі, злыдні. Пасля хвіліны роспачнага роздуму Яначка рашуча выцягвае з чамадана пас, прас і кантрабас — “куплю татку банджа”, — і пад апладысменты Агаты зашчоўквае замочкі. Потым з пераможным выглядам узбіраецца на шалі. Шалі думаюць, вагаюцца, яны ўжо адвыклі ад чагосьці цяжэйшага за 46 кіло, а потым абвяшчаюць вырак.

 — О не, — стогне Яначка, — у мяне перабор на трыццаць пяць кіло!

 — Няўжо? Казала я табе, што не трэба купляць падарункі кожнаму, каго ты бачыла хоць раз ў жыцці?

Яначка і слухаць не хоча. Пакінуць былых аднакласніц без ружовых парасонаў, а былога бойфрэнда без калекцыі кальсонаў? Яна пачынае ў соты раз перабіраць чамаданныя вантробы. “Так, гэтыя чаравічкі… Яны ўжо старыя, можаш забраць сабе, калі хочаш, не? Ну, тады выкідаю… Што ж яшчэ… Не, піжамку не магу, гэта ўлюбёная…” Калі праз гадзіну Яначкіны рэчы зноў распаўзліся па пакоі, Агата ў чарговы раз запарыла гарбату і села на падлогу побач з пачварнай чамаданнай гарой.

 — Мо яшчэ што вышлі поштай? Усё ж танней будзе, чым у аэрапорце за лішнюю вагу плаціць.

 — А давай нікуды не паедзем!

Кубачак дзінькае аб сподак — гэта затрэсліся Агаціны рукі. Тут Яначка мусіла б прыціхнуць, а нават і з галавой схавацца ў якую торбу ад такога жахлівага позірку. Бо Агата не проста глядзіць — яна спапяляе. Не кажа, а апускае на галовы ворагаў гільяціну:

 — Ты. Зараз жа. Збярэш. Гэтыя. Чортавы. Рэчы. Бо. Мы. Едзем. Дадому.

Дадому, дадому!

Пачуццё абсалютна ірацыянальнае. Нібыта хтосьці завязаў твае кішкі шаўковай ніткай, і доўгі час ты яе быццам не адчуваеш, але раптам хтосьці пачынае змотваць клубок і паволі выцягваць твае вантробы. Розум падказвае Агаце, што вяртацца няма куды, што вяртацца ўвогуле немагчыма, што кінутая радзіма — гэта як кватэра, з якой ты з’ехаў, забраўшы карцінку са сцяны. Туды даўно ўсяліўся новы жыхар, прыпёр смярдзючую лядоўню і тэлевізійнага бажка, і ўсё, што насамрэч цябе там чакае і помніць, — гэта кавалак шпалеры, які пакуль не выгарэў пад карцінай. Але памяць маніць, хлусіць, падсвечвае шпалеры залатымі промнямі, каб бачнае было адно ззянне. І ты круцішся, як вугор, шукаеш, як саскочыць з чужынскай патэльні і паплыць туды супраць плыні. Што там, у гэтым туды, няважна, важна толькі тое, што трэба плыць.

***

А Яначцы дамоў не хочацца, нават на святы. Так, яна засумавала па матулі, і па Баксіку — гэта іхны стары сабака, — і нават крыху па школе. Чаму б не выпісаць іх сюды? Мама, сабака, тры-чатыры сябры, ну, ці з тузін, — яна б пацягала іх па горадзе, па крамах-кавярнях. Маме мусяць спадабацца тутэйшыя кошты на жэмчуг, яна так любіць жэмчуг, Яначка ёй цэлую торбу перлаў накупляла. Але ехаць туды? Слухаць, як яны з айчымам лаюцца? Чыё дзіцё, чый дом… Глядзець на гэтыя шэрыя вуліцы, на гэтых нудных людзей, на гэтых прышчавых здыхляў… “Там жа нават “Старбакса” няма!” — думка гэтая так палохае дзяўчыну, што яна тут жа ўголас жахаецца. Але сяброўка глядзіць змрочна і ўрачыста, як ерэтык перад спаленнем, і Яначка спяшаецца схавацца за сукенкай. Сукенку падарыў на развітанне сам дырэктар агенцыі, ну нельга ж яе тут пакінуць.

 — Слу-ухай! — голас шчаслівы, яўна нейкая ідэя. — У цябе ж нічога няма! Адзін заплечнік. Вазьмі мае торбы, а? Толькі да самалёта? Чым мне аэрапорту плаціць, дык я лепей табе заплачу, а то яны, баюся, грошай не возьмуць, скажуць, лішняе выкідай, а ў мяне няма лішняга…

Агата не супраць і клункі цягаць, і саму паганятую ўсадзіць на плечы і бегма бегчы да самалёта — абы паехаць.

 — Дзякуй, дзякуй, дзяяякуй! Я цябе люблю! — Яначка скача, як вясёлы шчанюк, што хлопае вушамі і мерыцца лізнуць гаспадара ў нос. — Вось, бяры тады торбу з гарбатай, і гэтую, дзе боты, і… О, а можаш узяць майго Сэма? Я ведаю, ты яго добра дагледзіш, вунь як галаву прышыла — дасюль трымаецца! А мытнікі ўбачаць у цябе цацачнага трусіка, адразу ўсміхнуцца і не будуць доўга трымаць, вось!

Калі прыехаў Маса, каб падкінуць іх да маршруткі, абедзве былі цалкам сабраныя. Яны нагадвалі дзве стромкія ёлкі, здзеклівай рукой увешаныя завялікімі цацкамі, але Маса святкуе не тыя святы, таму ён проста шкадуе, што “місям” столькі ўсяго несці.

Маршрутка забярэ дзяўчат з цэнтра горада, і па дарозе яны апошні раз азіраюцца — бывайце, пульхныя мафіны “Старбакса”, самотныя горныя пячоры, бывай, букберы, бывай, эспрыт! І ты, Маса, дзіцё ты малое, хопіць ужо хныкаць, бяжы да каханай, от шчаслівая будзе — мадэлькі з’ехалі. Нічога, яна ўсё адно знойдзе, да каго раўнаваць.

Загрузіўшыся ў маршрутку, Агата і Яначка абмяркоўваюць новыя правілы перавозу рэчаў, пра якія толькі што пачулі. Прыкідваюць, ці адбяруць у іх усе шампуні, слухаюць байкі спадарожнікаў пра тое, як самалёты гадзінамі не могуць узляцець, бо пасажыраў усё правяраюць і правяраюць.

 — Яны цябе і разуюць, і распрануць, а потым… — але канец гэтай жахлівай гісторыі Агаце давядзецца дадумваць самой, бо яны акурат пад’ехалі да ганконгскай мяжы, і цяпер у іх правяраюць пашпарты. І канечне ж, Агаціна віза не ў парадку, нягледзячы на ўсе запэўніванні спадара Кука і ўсе шчыраванні добрага Масы.

 — Пусціце яе, яна дамоў вяртаецца, яна са мной! — ды гэтым разам усе Яначкіны хітрыкі нічым не дапамогуць. Памежнікі затрымліваюць Агату. Маршрутчык чакаць не згодзен, хай сабе і ўзяў з пасажыркі плату — хто ж цябе прасіў плаціць адразу, калі можна было і пасля? А цяпер у такой сумятні ніхто табе тыя грошы вяртаць не будзе.

Яначка ў слязах ад’язджае да аэрапорта, пакуль Агату, абвешаную Яначкінымі рэчамі, цягнуць у аддзяленне паліцыі. Справа торба, злева торба, у зубах яшчэ адна, а з заплечніка доўгія вушы тырчаць — у такім выглядзе нелегалка і з’яўляецца на вочы супрацоўніка эміграцыйнай службы.

Ветлівы, як псіхіятр з серыйным забойцам, дзядок пачынае допыт і догляд: перабірае рэчы, згодна ківае галавой і відавочна не верыць, што ў гэтай бутэлечцы ўсяго толькі кроплі для вачэй. Няшчаснаму Сэму зноў адчыкваюць галаву: а чаго гэта ў вашай цацкі галава прышытая? А мо вы схавалі там какаін? Трусік трапляе на белы стол, там яму без наркозу рэжуць бруха, потым ахвяру чвартуюць і калесуюць. Не, няма какаіну. Шкада. Ну, то трымайце назад, бярыце рэчы ды ідзіце за афіцэрам, вось за ёй. Ёй патлумачыце, каму пазваніць, і раскажаце, чым вы тут не займаліся.

Шматнацыянальная пачакальня гаворыць адной гістэрычна-слязлівай мовай. Адзіны спакойны чалавек — вялікая афрыканка, яна выглядае так, нібыта даўно пусціла тут карані і хутка дасць ураджай. Спявае сабе штосьці пад нос, вяжа кручком аранжавы шалік. Тут Агата нарэшце даведваецца, што за злоўжыванне мясцовай гасціннасцю трэба ўсяго толькі заплаціць штраф. А тады шырокае поле — ідзі, куды воля.

Пазмагаўшыся з рознымі валютамі і курсамі, дзеўка разумее, што аддаць трэба ўсё да капейкі. Але тады не хопіць на новую маршрутку і потым — на цягнік ад сталіцы імперыі да роднай калюгі. Вось каб яна не заплаціла за тую маршрутку наперад… Але ўсё гэта дробязі, нястрашна, галоўнае — вырвацца адсюль, яшчэ паспею, яшчэ толькі рэгістрацыю пачалі, а там можна і спынам… Хто не ведае, што такое падлікі ў шокавым стане, хай залезе ў душ, урубіць халодную ваду і паспрабуе вылічваць інтэгралы. Канечне, яна памылілася, грошай усё адно не хапіла.

 — Не бядуй, — голас азваўся аднекуль з-пад аранжавых хваляў. — Пасядзіш тут, языкі пачэшам, а потым яны пабачаць, што ўзяць з цябе няма чаго, і самі дэпартуюць. Ну, мо зіму якую тут пабудзеш, усё мне весялей… Вось акурат шалік давяжу, накрыешся, тут зімы сцюдзёныя.

Спагадлівая цётка нешта яшчэ балбатала, ды так жыццярадасна зацягвала атупелую Агату ў свае каляровыя цянёты, што тая ледзь дзякаваць за параду не пачала. Але не паспела дзеўка скляваць прапанаванае зярнятка і зацягнуць сумны паланез на развітанне з радзімай, як пакой раздаўся ўшыркі. Спярша забліскала знаёмая ўсмешка, а за ёй з-пад рук афіцэркі вынырнуў такі родны, такі неймаверна свой Дэйв.

 — Што, старая, трапіла, як мыш у пастку? Ведаю, усё ведаю, мне Яначка пазваніла адразу, як вы рассталіся. Давай, збірайся, нам трэба яшчэ паспець… Грошы? Акей, колькі і куды плаціць? Сюды?..

***

І вось яны імчаць па сустрэчнай, шчаслівыя птушкі. Дарога да самага аэрапорта вольная — усе сёння глядзяць фінал чэмпіянату свету па футболе, і на шашы, апроч іхняга мінівэну, няма ніводнай машыны.

Маса руліць, а Дэйв назвоньвае Яначцы — рэгістрацыя вось-вось завершыцца, трэба нешта рабіць. Агатка, бедная, толькі нервова ўсхліпвае на заднім сядзенні, абдымае падранага трусіка і спрабуе пальцам запхаць яму назад вантробы. Будзе пальцам пханы трус, новая міжнацыянальная страва.

 — Ты лепей торбы назад пазбірай, — раіць Дэйв, на хвілю адарваўшыся ад мабілкі. — Мы хутка пад’едзем, і часу пакавацца не будзе.

Торбы і праўда ў жалю вартым стане — пасля догляду Агата закідвала рэчы назад абы-як, замок зашчоўквала дрыготкімі рукамі, адзін такой недалікатнасці не вытрываў, разышоўся. Так што рэчы тырчаць на ўсе бакі. Агатка ніяк не можа сабрацца, рукі трасуцца, рэчы разбягаюцца, урэшце яна вырашае пакінуць тут тры шампуні і цудоўны алей для валасоў, сервіз для гарбаты, пяць кіло салодкага рамбутану і восем цацак рознага калібру. Яначка, пэўна, не пакрыўдзіцца, улічваючы абставіны. Цікава, каго яна ратуе — мяне ці свае рэчы?

Агатка, ты не справядлівая да сяброўкі! Паглядзі, як яна стаіць на ўзлётнай паласе, раскінуўшы перад носам самалёта рукі. Гэта табе не каня спыніць, тут і загрэбці як тэрарыстку могуць. Аж яна цябе вырашыла дачакацца, і ўсе! Хай іншыя рэйсы затрымаюцца, хай зямля хоць у іншы бок завернецца, а яна ўгаварыла пілотаў ды ўсё кіраўніцтва аэрапорта з імі разам. Вунь табе нават строгі палісмен не кайданы нясе, а ручку працягвае, хоча дапамагчы з тваімі валізамі.

 — Дзякуй, я сама! — Агатка больш ніколі ў жыцці не зможа спакойна ставіцца да людзей у форме, таму пыхціць і цягне клункі, валізы і торбы сама.

Але ж іх павінны дагледзець. Што, калі гэта спланаваная тэрарыстычная акцыя? Што, калі ў кожным меху — па тры кілаграмы трацілу?

Торбы зноў выварочваюцца, валізы раскідваюцца проста па ўзлётным асфальце. І пакуль дзядзечкі ў чорным прасвечваюць дзявочыя рэчы ды саму дзеўку нейкімі загадкавымі прыборамі, увесь салон борта нумар 925 прыпадае да ілюмінатараў. Глядзіце, якая піжамка! Вось дык банджа! А навошта ёй гумовы алігатар у натуральную велічыню?

Нарэшце чарговы догляд завершаны, палісмены дапамагаюць Агаце пакавацца — Яначку і блізка не падпускаюць, а раптам яна ўсё ж тэрарыстка, эх, шкада, што палова аэрапорта гэты спектакль здымае на мабілкі, і таму нельга гэтых прыгажунь адсюль умыкнуць і як след дапытаць. Паліцыянты ў спешцы псуюць яшчэ некалькі замкоў. А калі валіза, бесталкова напханая, не жадае закрывацца, адзін з бугаёў падае на яе локцем, нібы ворага дабівае, і вось у яго ўжо таксама вялізарны гузак. А Яначка дзесьці ўдалечыні лямантуе, шкадуе свой прас …

Подбегам, похапкам загружаюць Агату і ўсе рэчы на спецтрап, коцяць да носа боінга, а там і Яначка, аблапаная і прасвечаная, караскаецца наверх. Дзяўчаты нарэшце са слязьмі абдымаюцца, махаюць на развітанне праважатым, забіраюцца ў чэрава самалёта і падаюць у крэслы.

Пакінем іх тут, на ўзлёце. Ім так шмат трэба адна адной сказаць, а потым, пасля ўсіх хваляванняў, яшчэ і падрамаць. Усё ў іх цяпер будзе добра, і ўвесь іхны багаж шчасліва дабярэцца да месца прызначэння, і сустрэць іх не забудуць. А нават калі і багаж згубіцца, і сустрэць не сустрэнуць, тае бяды. Паедуць аўтаспынам, а мо які добры чалавек саступіць цэлае купэ, Яначцы заўжды саступаюць. Ці Агатка чаго прыдумае.

Разам не прападуць, гэта я вам зуб даю. Самы сапраўдны зуб мудрасці, забірайце, ён мне ўжо ўсю шчаку ад’еў.