Апалон-18 [Сяргей Белаяр] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Сяргей БЕЛАЯР

АПАЛОН-18

Сцэнарый навукова-фантастычнага фільма

«There is no dark side of the moon really.

Matter of fact it’s all dark».

«Eclipse». Pink Floyd

Месяц. Акіян Бур. Кратар Каперніка.

20 ліпеня 1973 года

Падымаючы пыл, чатырохколавы транспартны планетаход праехаў яшчэ чатыры дзясяткі футаў і спыніўся.

Астранаўты — камандзір «Апалона-18» Рычард Гордан і пілот месяцовага модуля Джо Генры Энгл — быццам па камандзе павярнулі галовы ў бок кратара. Сваім памерам (амаль шэсцьдзесят міль у дыяметры і глыбінёй у дзве з паловай) Капернік выклікаў павагу. Вал кратара меў тэрасападобную структуру. Тэрасы былі падзелены глыбокімі расколінамі. У цэнтры знаходзіўся комплекс пік, якія здалёк нагадвалі гарадскія разваліны, што падвергліся інтэнсіўнай бамбардзіроўцы.

На працягу некалькіх хвілін астранаўты разглядалі кратар, а затым Энгл перавёў рычаг, які размяшчаўся паміж сядзеннямі, мужчыны выбраліся з машыны.

Работы было шмат: даследаванні па выкідах часціц месяцовай паверхні і па метэарытах, эксперыменты па вызначэнні электрычных уласцівасцей грунту і цеплавога струменя, геалагічных даследаваннях, вывучэнне гравітацыі і касмічнага выпраменьвання, вымярэнні ўзроўняў энергій нейтронаў і гравітацыйнага поля, пабудова сейсмічнага профіля, агляд рэгаліту... На правядзенне эксперыментаў адводзілася ўсяго тры дні.

Пасля паўгадзіннай трасяніны было прыемна зноў адчуць пад нагамі цвёрдую глебу. Гордан адышоў, дакладней, адскочыў ад планетахода на дзясятак футаў і агледзеўся, пакінуўшы ровар і кратар за спінай. Перад вачыма — несамавітая шэрая паверхня. Калі б не сляды ад падзення метэарытаў, яе лёгка можна было прыняць за пустыню Махавэ або Даліну смерці. Слізгануўшы позіркам па запыленай скарынцы, камандзір «Апалона-18» перавёў яго на Зямлю.

Выпуклы сіне-белы шар здаваўся неверагодна вялікім і вельмі яркім.Гордан загадаў:

— Разгружаемся!

Напарнік кіўнуў, і мужчыны пачалі выцягваць інструменты і абсталяванне з планетахода. Рычард абраў прыдатную для даследванняў пляцоўку. Астранаўты перанеслі туды абсталяванне і падрыхтавалі яго да мантажу. Калі ўсё было гатова да работы, камандзір заняўся прыборамі, а пілот прыступіў да збору ўзораў парод і свідравання грунту для адбору проб. Работа ішла лёгка, і амерыканцы маглі разлічваць на тое, каб укласціся ў даволі жорсткі графік. Час ад часу Джо Генры фіксаваў панараму Месяца на стужку кінакамеры.

Праз паўгадзіны свідравання Энгл нечакана наткнуўся на нешта цвёрдае, і быў вымушаны спыніцца, выцягнуць інструмент з лункі і апусціцца на калені, каб разгледзець перашкоду. Джо Генры пачаў разграбаць рэгаліт рукамі. Рабіць гэта ў тоўстых пальчатках з нейлону з неапрэнавым пакрыццём было няпроста, таму пілот месяцовага модуля выцягнуў з сумкі айсбаль. Некалькі ўдараў — і дыяметр дзіркі пашырыўся. Джо Генры разгроб кавалкі рэгаліту і здзіўлена ўтаропіўся на прычыну затрымкі: чорнае кроплепадобнае ўтварэнне памерам з далонь дарослага чалавека.

— Сэр?

— Што, Джо? — адгукнуўся камандзір.

— Вы не маглі б падысці, сэр? — пацікавіўся Энгл, спрабуючы зразумець, што ж такое яму трапілася.

— Што ў цябе? — пацікавіўся капітан, наблізіўшыся да таварыша.

— Зірніце на гэта, сэр!

— Хм! І што гэта па-твойму?

— Не ведаю, сэр! — адказаў пілот, здымаючы артэфакт на кінакамеру.

На працягу хвіліны астранаўты глядзелі на кроплю, а затым Энгл сказаў:

— Калі вы не супраць, сэр, я хацеў бы ўзяць гэтую рэч з сабой!

— Лічыш, што яна незямнога паходжання? — з іроніяй спытаў капітан, для якога мара падначаленага — наладзіць кантакт з насельнікамі іншых планет — сакрэтам не была. За спінай Энгла называлі Летуценнікам.

— А чаму б і не? Адкуль нам ведаць, як выглядаюць іншапланецяне? — парыраваў таварыш, для якога факт наяўнасці братоў па розуме не выклікаў ніякіх сумненняў.

— Ты ж вучоны! — нагадаў камандзір «Апалона-18».

— І што?

— Як ты можаш верыць у «зялёных чалавечкаў»? — запытаў капітан. — Гэта ж лухта!

— Гэта не лухта! — з выклікам кінуў Энгл. — Ці ведаеце вы, сэр, што людзі са старажытных часоў фіксуюць факты наведвання Зямлі іншапланецянамі? У хроніках, легендах і старажытных творах захавалася нямала паведамленняў пра невядомыя прадметы правільнай формы, якія перыядычна з’яўляюцца ў нябёсах. Пра гэта пішацца ў старажытных тыбецкіх тэкстах «Кандшур» і «Тандшур», у старажытнаіндыйскім манускрыпце «Вайманіка шастра», у «Пытанні натуралізму» Сенэкі, у «Натуральнай гісторыі» Арыстоцеля, запісах Ціта Лівія, Анаксагора, Плутарха, Цыцэрона, Плінія Старэйшага, шэрагу старажытных хрысціянскіх крыніц і сярэднявечных аналах! Пачынаючы з Новага часу, з’яўленне на Зямлі