Кніга ўзнаўленняў [Алесь Разанаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Алесь Разанаў Кніга ўзнаўленняў


Падрыхтаванае на падставе: Кніга ўзнаўленняў / Алесь Разанаў. — Мн.: Логвінаў, 2005. —134 с.


ISBN 985-6701-84-8.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

Кірыла Тураўскі (каля 1113 - пасля 1190)

Слова ў нядзелю святога Фамы


Вялікі вучыцель
i красамоўца мудры
патрэбен царкве
на ўпрыгожанне свята.
А мы
убогія словам,
марудныя розумам
i агню
Духа Святога ў сабе не маем,
каб гэтак скласці
душакарысныя словы,
што ix пачуюць i прымуць
людскія душы.
Аднак дзеля вас,
браты,
што сёння сабраліся тут,
са мною,
i дзеля любові,
якая нас лучыць,
мы нешта,
хоць i не шмат што,
скажам
аб узнаўленні Хрыстова
ўваскрэсення,
ну а вы
паслухайце дбайна.
Было на святы Вялікдзень,
у тую нядзелю,
здзіўленне нябёсам
i перастрашанне апраметнай,
было абнаўленне стварэння
i выбаўленне свету,
было зруйнаванне пекла,
было спраможанне смерці;
у тую нядзелю было
уваскрэсенне з мёртвых
i выгубленне
спакуснай улады д'ябла,
было чалавечага роду
выратаванне,
збядненне i паніжэнне
суботы,
узбагачэнне царквы
i ўзвышэнне самой нядзелі;
было
у тую нядзелю
ўсяму змяненне.
Нанова стварылася небам,
а Богам
ачысцілася зямля.
ад погані д'ябальскай —
i анёлы
з жанчынамі шчырадайна
слугуюць
Хрыстову ўваскрэсенню.
Абнавіўся
знябожаны род чалавечы:
ужо багамі
не наймяноўваюцца стыхіі —
ні сонца i ні агонь,
ні дрэвы i ні крыніцы.
З гэтага часу пекла
ужо не прыймае ахвяраў —
бацькамі загубленых немаўлят,
а смерць — пашаноты.
З гэтага часу
скончылася слугаванне
стодам
i д'ябальскае змуштаванне
расцялася хросным таемствам.
З гэтага часу
род чалавечы не толькі
займеў збавенне,
але асвяціўся
Хрыстоваю верай.
Ранейшы закон
з гэтага часу страціў
ранейшую сілу:
не жывяць яго ўжо
ні кроў цялят,
ні козаў ахвяраванне,
бо сам Хрыстос
з гэтага часу
самога сябе ў ахвяру
за ўсіх Айцу-Богу
узнёс.
Скончылася праз гэта
свята суботняе,
a нядзелі
была лагода
дзеля Хрыстова ўваскрасення
дадзена,
і, Хрыстовай
стаўшы, яна красуе
цяпер спаміж іншых дзён.
Вянчайма ж, браты, нядзелю
царыцаю дзён —
i з верай
у новае звеставанне
прыносьма свае дарункі!
Дамо хто што можа
па здольнасці i па моцы:
хто — міласціну
i незласлівасць,
хто — чыстую цноту,
а хто — любоў;
хто — веру праўдзівую
i змірэнне,
хто — псалмаспеў,
хто — прыклад
апостальскага вучэння,
а хто — малітву,
прачулую сэрцам.
Бо кажа Гасподзь
словамі, што Майсею
уклаў у вусны:
«Не аб'яўляйся перада мною
парожні
у дзень святочны».
Дык прынясем
Госпаду нашы дарункі,
што называліся тут,
i ўспрымем
Божую міласць,
бо не пазбавіць Гасподзь
добрае долi таго,
хто прыходзіць
ca шчыраю вераю да яго.
«Хто славіць мяне —
праслаўлю»,—
ён абвяшчае гэтак.
Усхвалім жа сёння
нядзелю гэту —
мы ў ёй святкуем
нанова
Хрыстова ўваскрэсенне.
Не паўтараецца ў ёй,
зазначым,
Вялікдзень Гасподні,
a дзейсніцца Процівялікдзень.
Вялікдзень ратуе свет
ад д'ябальскага змуштавання
i вызваляе мёртвых
з вязніцы пекла.
A Процівялікдзень — ён
узнаўляе ўваскрэсенне:
сустракаем
вобраз яго
мы ў Старым Законе,
калі Гасподзь Бог
кажа Майсею ў Егіпце:
«Вось выбаўляю маіх людзей
ад фараонавай працы
i вызваляю
ix з-пад уціску яго паслугатых;
дык узнаўляй жа дзень
свайго выбаўлення, Ізраіль,
бо перамог
ён тваіх ворагаў».
Вось i ўзнаўляем,