Голас крыві брата твайго [Вячаслаў Адамчык] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Вячаслаў Адамчык Голас крыві брата твайго

I

Па вечным і таемным крузе ходзіць сонца. I на змену яму выясняюцца зоры, каб бясконца плысці ў сіняй і халоднай прасторы неба. Час адмервае і лічыць вечнасць. А ў ёй — і жыццё наша. Ён гоіць і насякае новыя раны.

Цяпер з іх сачылася кроў: ішоў трэці год вайны. Спрадвечнае гора абдымала чалавека. Але тое, што было наўкруг яго,— не яго. Яго было ў ім самім.

Трэці год Верасава чакала немінучай бяды. Аблажыўшы свет цяжкай градавай хмарай, яна хадзіла зводдаль: трэці год з усіх бакоў гарэлі блізкія і далёкія вёскі. Не было канца вайне, не было канца і чалавечаму гору.

Першых не стала Ведравічаў — немцы іх спалілі адразу, як толькі зайшлі. Здарылася гэта на сёмы дзень вайны. На пясчаны прымрэлы ад спёкі гасцінец выскачыў трохкалёсны нямецкі матацыкл: на ім сядзела двое разведчыкаў — адзін у калысцы за кулямётам, другі на сядзенні за кіраўніцай. Першым іх згледзеў вузкавокі з натапыраным ёжыкам цёмна-сініх валасоў сяржант, што, разуўшыся, студзіў распараныя ногі, лежачы ў цяньку пад шапаткою грушаю ў канцы вясковых двароў. Ён і паставіў на гарбаты ўтравелы замежак ручны кулямёт і даў глуха-тупаватую чаргу, са спеху ды гарачкі, нават не ўзяўшы варожы матацыкл на дакладны прыцэл. Злыя кулі, падымаючы пылок, радком узрылі сцішны гасцінец. Нямецкі матацыкл раптоўна прытармазіў і, не чакаючы болей сустрэчнай стральбы, крута, ажно паднялася калыска, развярнуўся і памчаў назад, хаваючыся ў сінім палахлівым дымку і шызых клубках узнятага пылу.

Неўзабаве на гэтыя дзве тупавата-кароткія чэргі моцным і раз’юшана-расцяжным стрэлам адклікнулася гармата. Дарэчы, стрэліла яна метка: першы запальны снарад прашыў тры саламяныя страхі, адну з іх новую, накрытую жоўценькім і пахучым, як воск, акалотам. Над прыгорбленымі цеснымі будынкамі ляніва заварушылася чорная грыва дыму, а потым залатым дрыготкім мроівам выцягнулася і заскакала іскрыстае полымя.

Над вузкай, заглушанай купамі бэзу і язміну вуліцай тугімі невідушчымі струнамі зазвінелі кулі. Стралялі ўжо няўлад з вінтовак і кулямётаў.

Немцы акапаліся на блізкім грудку, з якога добра была відаць шара-саламяная вёска, што прыдрамала ў цяньку старых прысад і схавала змучаных, знясіленых ужо адступленнем салдат — яны збіліся болей ля калодзесяў, каб спатоліць шчымліва-халоднай вадою нязносную смагу.

Другі снарад, прабіўшы трухлявую сцяну самай крайняй хаты і засыпаўшы жоўтаю парахнёю гліняны ток, трапіў у дзежку з рошчынай, што стаяла пры печы на лаўцы, але балазе не ўзарваўся. З разбітай, рассыпанай на клёпкі, дзежкі рошчына плюхнула на сцены і на ложак, дзе якраз прыдрамаў хлопчык. Ад удару, што страсянуў хату, у вокнах са звінючым лускам пасыпалася шкло. Абамлелая гаспадыня, схапіўшы на рукі паўсоннага хлопчыка, вопрамеццю шмыганула на двор, двое здарожаных, згаладалых байцоў, што сядзелі за сталом, сёрбаючы з глінянай міскі забелены крупнік, схапіўшы з лавы пілоткі і прыгнуўшыся, таксама выскачылі з хаты.

На надворку іх падкінуў, запыніўшы на міг, яшчэ адзін нечаканы ўзрыў. Сарваўшы з петляў дзверы, тупаватым перуном ужо ў сенях гахнуў яшчэ адзін снарад. Над хатай заклубіўся і паплыў на надворак смярдзючы жоўта-цёмны дым. Гаспадыня — рослая, з паўнаватымі грудзьмі маладзіца, пасадзіла на прывялай дзяцелінцы хлопчыка і вобмельгам вярнулася ў хату, над якой ужо шугала і патрэсквала полымя, і вынесла белы, прыцярушаны мукою мех.

Адбегчыся далёка ад парога яна не паспела: нібы незнарок спатыкнуўшыся, упала ўжо на гэты мех сама і блізка ад галаватага трохгадовага хлопчыка ў даўгаватай кужэльнай кашульцы. Ён, нічога не ведаючы, ціхенька падпоўз да яе, абыякава-маўклівай і нерухомай, з невялікаю зусім, здаецца, несмяртэльнаю ранкаю пад вухам.

Гэта была стрыечная Алесіна сястра — Ірэна, на хрэсьбінах у якой Алеся, не стрываўшы рэўнасці, ды бабскіх зайздросных абгавораў, ды падазроных зіркаў, рашылася на страшны грэх — пабегла пад поезд. Але смерць прыйшла не да таго, хто яе шукае...

Хавалі Ірэну, не наказваючы сваякам ды радні, каля крыжа пры вёсцы, бо хто ж павязе нябожчыцу ў такую калатэчу на далёкія могілкі? Хавалі разам з суседам, старым чалавекам, што ўздумаў схавацца ад куль ды снарадаў, прыхінуўшыся да печы, але тут ужо, як знарок, як на тое ішло, снарад якраз ударыў у комін. Смяртэльна параненага асколкам у голаў, старога паспелі выцягнуць толькі за парог на пляскаты камень, дзе яго труп абгарэў, скурчыўся і зрабіўся падобны да корча. Распазнаць у ім чалавека было немагчыма. Хавалі яго ўжо не ў труне, а ў вялікай, збітай з дошак скрыні.

Нечакана страшная весць пра спаленыя Ведравічы да Алесі дайшла на другі дзень, а пра тое, што забіла Ірэну — праз тыдзень, калі ў Верасава прыехаў пажаліцца ды папрасіць якое помачы ўжо зусім раскіслы і заплаканы па-бабску Ірэнін мужык. Алесі і шкада яго было калеку (няма ж аднае рукі), а цяпер у дадатак яшчэ ўдаўца ў дваццаць сем год. Але плакаў ён усяго месяцы