Жураўліны крык [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 5

- Жураўліны крык [часопіс "Маладосць" (1960)] 952 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Быкаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ланцужку і, адрэзаўшы палову скрыдліка, пакроіў яго на дробныя цаглінкі. Астатняе ён загарнуў у газеціну і схаваў на спод напакаванага рознай драбязой мяшэчка.

Смачна і старанна жуючы не вельмі спраўнымі зубамі, Пшанічны думаў, што трэба было б яшчэ назбіраць быльнягу, каб закапацца ў яго і «прыкімарыць»,— як кажа Свіст,— якую гадзіну ўначы. Праўда, узводны трапіўся дужа прыдзірлівы і прыдумае яшчэ якую работу да ранку, але Пшанічны не такі прасцяк, як той Глечык ці падслепаваты Фішар, каб са шчырасцю рабіць усё, чаго ад яго дамагаюцца. Ва ўсякіх абставінах ён зробіць не болей, чым для адводу вачэй, і як-небудзь не дасць пакрыўдзіць сябе.

Гэтыя павольныя і разважлівыя ў цішы думкі чалавека раптам прыпыніліся ад далёкіх раскацістых стрэлаў. Пшанічны ад нечаканасці прыціх, перастаў жаваць, услухаўся, потым, хуценька згарнуўшы ў кішэню хлеб і сала, узняўся ў акопе. Над лесам шуганула ў неба рассыпістая гронка ракет, асвятліла на момант чорныя зубцы лясных верхавін і знікла.

— Гэй! — закрычаў баец да сваіх таварышаў.— Чулі? Акружаюць!

Навокал стала зусім цёмна. Беленымі сценамі трошкі шарэла каравулка, вырысоўвалася яшчэ ў небе зламанае дышла шлагбаума, чутна было, як капаўся побач у яміне рупны Глечык і ля чыгункі дзяўблі зямлю Свіст з Аўсеевым.

— Аглухлі, ці што? Немцы ў тыле!

Глечык пачуў, выпрастаўся ў сваёй неглыбокай яшчэ яміне. Выскачыў з акопа Аўсееў і, прыслухаўшыся, цераз бульбянішча накіраваўся да Пшанічнага. Недзе ў цемры вылаяўся Свіст.

— Ну, што? — падаў голас з акопа Пшанічны.— Дакапаліся! Каб не я, дык і праваронілі б. Чакалі падмогі з тылу, а там ужо немец.

Аўсееў неяк паныла маўчаў, стоячы побач і ўслухоўваючыся ў адзнакі далёкага бою. Неўзабаве ля яго з’явіўся Свіст, падышоў і спыніўся ззаду насцярожаны Глечык.

А там, удалечыні за лесам, зачыналася начная бойка. Да першых кулямётаў далучыліся іншыя, чэргі іх, напаўзаючы адна на другую, зліліся ў далёкае, прыглушанае ветрам грымоцце; бязладна і нетаропка загрукалі вінтовачныя стрэлы. У чорнае падлессе ўзляцела яшчэ ракета, потым другая і дзве разам. Дагараючы, яны знікалі за змрочнымі вершалінамі дрэў, а на нізкім захмараным небе яшчэ нейкі час мігалі няяркія палахлівыя водсветы.

— Ну? — не сціхаў усё Пшанічны, звяртаючыся да насцярожаных, прымоўклых людзей. — Што?

— Што ты нукаеш? — злосна азваўся Свіст. — Дзе старшына?

— Фішара ў сакрэт павёў, — сказаў Аўсееў.

— А тое нукаю, што трэба нешта рабіць. Акружылі ж, вось… — не збавіўшы тону, гарачыўея Пшанічны.

Яму ніхто не адказаў, усе стаялі і слухалі, апанаваныя паныласцю ад благіх прадчуванняў. А там, у далёкай цемрадзі ночы, усё раскатваліся чэргі, бухалі гранаты, ветрам разносілася ўдалячынь нягучнае здалёк рэха. Людзі змаркатнелі, самі сабой апусціліся долу іх натруджаныя лапатамі рукі…

У гэтай панылай маўклівасці і застаў іх старшына, які, цяжка дыхаючы ад доўгага бегу, спыніўся ля каравулкі. Ён, вядома, разумеў, што сагнала людзей да гэтай крайняй ячэйкі, ведаў, што ў такіх вьіпадках лепш вытрымаць сваю ўладарнаець і цвёрдасць. I яшчэ зводдаль, не тлумачачы нічога і не супакойваючы, ён са злосцю загаманіў:

— Ну, чаго пасталі, як слупы? Чаго спалохаліся? Га? Падумаеш, страляюць! Вы што — не чулі стрэлаў? Што, Глечык?

Глечык сумеўся ад такога грубаватага звароту, паварушыў у цемры плячыма.

— Ды вось акружаюць, таварыш старшына.

— Хто сказаў: акружаюць? — злаваў Карпенка. — Хто?

— Што акружаюць — факт, не булка з макам…— буркатліва зазначыў Пшанічны.

— А ты маўчы, таварыш баец! Падумаеш — акружаюць! Колькі ўжо акружалі? У Тодараўцы — раз, у Баровічах — два, пад Смаленскам тыдзень выкараскаваліся — тры. I што?

— Дык то ж усім палком, а тут што? Шасцёра, — азваўся з цемры Аўсееў.

— Шасцёра! — перадражніў Карпенка.— А гэтыя шасцёра што, дзеўкі? Ці байцы Чырвонай Арміі? Нас вунь у фінскую на востраве трое засталося, два дні адбіваліся, каля кулямётаў снег да моху растаяў і нічога — жывыя. А то — шасцёра!

— Дык то ў фінскую…

— А то ў нямецкую. Усё роўна, — ужо крыху спакайней сказаў Карпенка і змоўк, аддзіраючы ад газеціны на цыгарку. Пакуль ён ладзіў прыкурку, усе маўчалі, пабойваючыся выказваць невясёлыя здагадкі і пільна ўслухоўваючыся ў гукі бою. А там, здаецца, пакрысе рабілася цішэй, ракеты болей не ўзляталі, страляніна прыкметна радзела.

— Вось што, — сказаў старшына, слюнячы цыгарку, — нечага мітынгаваць. Давай капаць кругавую. Ячэйкі злучым траншэяй.

— Слухай, камандзір, а можа лепей адыдзем, пакуль не позна? Га? — памяркоўна спытаў Аўсееў, зашпільваючы шынель і бразгаючы спражкай рамяня. Старшына грэбліва гмыкнуў і з прыкрасцю спытаў:

— Загад ты чуў? Закрыць дарогу на суткі. Ну, і выконвай, нечага балбатнёй займацца.

Усе