Лісце каштанаў [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн

Книга 705883 устарела и заменена на исправленную


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]










І

Чалавек можа сказаць, што ён не любіць мора, сіняга, ласкавага, цёплага,— і яму не павераць. Чалавек можа сказаць, што ён не любіць светлай-светлай срэбнай поўні над цвітучым садам, у якім вішні купаюцца ў зеленаватым месячным святле, стаяць, як мары, як белыя прывіды — і з яго толькі пасмяюцца, падумаюць, што ён арыгінальнічае, асабліва калі ў кампаніі ёсць прыгожыя дзяўчаты. А я веру, калі такое здараецца, таму што...

...Нехта можа не паверыць мне, але я і сам не люблю адной з самых прыгожых з’яў на зямлі. Не люблю лістоты каштанаў. Жоўтай, асенняй, залацістай пад сонцам, лапчастай (а за ёй сіняе-сіняе неба залатой восені).

Прыгажэйшай за яе няма на зямлі. Вулкі ў залатых каштанах ныраюць то ўгору, то ўніз. Наводдаль цьмяна, як праз ваду, плавяцца ў няяркім сонцы залатыя купалы цэркваў. Лістота звініць, калі яе зграбаюць у купы, у якіх так добра куляцца дзецям і закаханым юнакам. Замілаванне такое, што глянь на ўсё гэта — і памры, бо сэрца разрываецца ад прыгажосці ўвядання.

I, адначасна, ад балеснай тугі, ад незваротнасці ўспамінаў, ад спозненых шкадаванняў, ад непапраўнасці, ад... нянавісці.

I няхай з гэтай прычыны ніхто не лічыць мяне дурнем. Не, не дурнем, а вар’ятам.

Пах, фарба, прадмет, пейзаж, успамін накладаюць часам на наша жыццё такі цень, такую пячаць, наносяць нашай душы такі ўдар, што, напэўна, успамінаюцца пасля нават у хвіліну смерці.

Я насцярожана стаўлюся да татарнікаў. Здаецца, што можа быць прыгажэй: гордая моцная расліна ў малінавай шапцы, уся натапыраная дзідамі, калісьці сімвал нашай зямлі. Але я памятаю, як раслі яны на чыгуначным насыпе і як пасля налёту на эшалон чырванелі на іх кроплі крыві.

I я ніколі ў жыцці не завяду ў хаце вавёрку. Я люблю сядзець у загарадным доме і сачыць праз акно, як яна бегае ў заснежаных дрэвах — зыркі, жывы язычок агню,— люблю, калі яна раніцай цакоча і стукае ў шыбу (просіць арэхаў або проста хлеба), але — не завяду.

Калі я быў у «ястрабках», атрадах садзеяння міліцыі, якія дапамагалі ёй пасля вайны змагацца з бандамі, то ў нашым напаўдзіцячым атрадзе быў хлопец і ў яго была ручная вавёрка. Вечна ездзіла ў яго на плячы, забіралася спаць у кішэнь гімнасцёркі. Харошая была. Мы ўсе яе дужа любілі, падгадоўвалі.

А потым даведаліся, што рэшткі банды Боўбута прарываюцца на паўдзённы захад, на Палессе, і нас паставілі ў самае бяспечнае месца, ледзь не ў тыл, на ахову хлебных складаў — і хто ведаў, што Боўбут пойдзе гэтым, самым нязручным шляхам? Самым, здавалася, складаным для яго...

Некалькі гадзін страляніны. 3 усяго майго «аддзялення» засталося два чалавекі.

Дык вось, той ляжаў дагары, і трава пад галавою намокла і пацямнела, і вавёрка цакатала ў яго на грудзях. Куля трапіла яму ў рот (відаць крычаў нешта) і разнесла патыліцу. Калі хлопцаў хавалі, яна, вавёрка, таксама ўсё яшчэ сакатала на краі ямы.

Не, я ніколі не завяду сабе вавёрку.

Але гэта было годам-двума пазней, на паўночнай мяжы Палесся.

А тады, калі было лісце,— тады мы былі проста хлопцы, якія часам яшчэ гулялі ў вайну. Нам было яшчэ мала! А мы ж сербанулі яе, вайны, вышэй глоткі,— напалову падлеткі, напалову юнакі, у характары якіх часам прарываліся нават дзіцячыя рысы. Нам было па чатырнаццаць-пятнаццаць-шаснаццаць гадоў. I мы проста недагулялі ў галодным нашым дзяцінстве.

Пра іншых з нашай групы я раскажу пазней. Што ж датычыцца мяне, то мой лёс склаўся — у двух словах — так.

Эвакуіравацца не здолелі. Пайшлі ў пушчу. Бацька — партызанскі разведчык, я — партызанскі сувязны. Пазней, калі прыляцеў з Вялікай зямлі першы самалёт, чатырох дзяцей з нашага атрада вырашылі адправіць з ім, далей ад небяспекі. Я хацеў пераседзець у лесе — выдала сучка нашага «баці». Адправілі сілком. Адзінае было суцяшэнне, што ніхто з гэтых дарослых, нават «баця», не бачыў, як прыгожа выглядае зверху лінія фронту, асабліва калі б’юць зеніткі.

Інтэрнат на Урале, некалькі беспаспяховых уцёкаў. Урэшце ўцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Краў, штопраўда, толькі ў чужых гародах. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў — хочаце верце, хочаце не. Дзівам адшукаў бацькоў (бацька быў дужа патрэбны спецыяліст, і яго перакінулі «на мацярык» адным з наступных рэйсаў).

Пасля былі вызвалены два невялікія лапікі Беларусі, і бацьку майго паслалі на вызваленую тэрыторыю, некуды пад Лёзна. Браць нас з сабою ён не хацеў і мы разумелі, чаму, па эзопаўскіх намёках у лістах: «Матылі лётаюць, ды толькі высока...»

Якраз у гэты момант праязджаў праз наш горад мой дзядзька, якога перавялі з Далёкага Усходу на фронт, і ўзяў нас з сабою ў вялікі паўдзённы горад, ад якога немцы адкаціліся куды далей, чым ад Лёзна.

Дык вось гэты вялікі паўдзённы горад быў Кіеў.

Там у вялізным прасторным двары знайшлася кінутая хата, флігель, што ўвесь патанаў у зарасцях бэзу. Было пэўна вядома, што гаспадары загінулі. I мы занялі флігель. I сталі жыць.

Горад быў не той, што зараз, багаты, людны, звонкі ад галасоў і смеху, ад шолахаў фантанаў і гулу машын, а ціхі, нібы прыглушаны, нібы ледзь ачухаўся ад страшнага сну, зразумеў, што ўсё мінула, і пацягнуўся насустрач сонцу, але яшчэ не смяецца, бо не можа да канца паверыць у радасць, і толькі нясмелай, харошай усмешкай сустракае неба і сінь Дняпра, і цвіценне белай акацыі.

Рэдка-рэдка сустракаліся на вуліцах людзі: можна было прайсці вулачку і не сустрэць ніводнага прахожага. Тры разы на дзень праходзіў былым Бібікаўскім, а цяпер Шаўчэнкаўскім бульварам трамвай. Дацвітаў язмін, і перад трамваем узляталі белыя матылі.

Разбурэнні віднеліся галоўным чынам на Храшчаціку і на тых частках іншых вуліц, што прыляглі да яго. Нібы вялікая рака ў страшэнным разліве панішчыла не толькі свае берагі, але і берагі ў вусцях тых рэк, што ўпадалі ў яе.

Гэта было лета поўнай, нічым не закаламучанай волі. Такога не здаралася ў мяне ні дагэтуль, ні пасля, і, відаць, ніколі не будзе. Гароду мы не мелі — позна прыехалі, і позна было заводзіць. Дзядзька паехаў на фронт. Хатнім было не да мяне. Нечага было нават рыхтавацца да вучобы: Беларусь вызвалялася, і восенню мы меліся ехаць туды.

Заставалася толькі біць лынды, што я і пачаў рабіць з пераменным поспехам, падлетак, якому быў аддадзены на гэта лета свабодны, амаль увесь пусты горад.

Вулка над вулкай — можна з тратуара ступіць на дах дома,— вузкія жалезныя сходы вядуць з верхняй на ніжнюю, а ў дворыках цвіце акацыя, надзімаецца на ветры латаная бялізна, варыцца на цаглінах убогі абед.

Паўсюль сляды нядаўняга страшнага сну. Вось на доме, адзін над адным, шэсць масіўных тоўстых квадратаў шакаладнага колеру. На кожным літара, таксама масіўная, белая.

К-а-f-f-е-е.

Пазней лацінскія літары збілі, тым болей, што і кавы ў горадзе днём з агнём было не знайсці. I цяпер шыльда гаварыла па-украінску «Х-л-і-б», а два шакаладныя квадраты віселі дарэмна, так сабе.

Дужа хацелася хлеба. Урэшце, і яго ў горадзе было не на шмат болей за каву.

За горад я не дужа хадзіў. Там было яшчэ шмат мін. Амаль кожны дзень можна было чуць: «У Галасіеўскім лесе, у Бучы, у Пушчы-Вадзіцы, на Цялічцы падарваліся адзін... два... пяць... сем чалавек».

Хапала і горада. Я адчуваў сябе шчаслівым. I толькі зрэдку — хаця я і не асабліва пакутаваў гэтым — рабілася сумна, што няма ў мяне таварыства. Але равеснікаў не было. Падлеткаў увогуле было мала ў толькі што вызваленым горадзе.

Наш двор быў вялізны — цяпер на яго месцы два шматпавярховыя будынкі з садкамі вакол іх,— досыць шчыльна абкружаны чатырох-пяці-двухпавярховымі дамамі, цаглянымі і драўлянымі флігелямі. Але гэта толькі здавалася, што вакол — муры. Садкамі, памыйкамі, сям-там цераз платы, можна было выйсці на кожную з навакольных вуліц.

Адна палова двара — уздоўж — была значна вышэйшая за другую. Узгорак, што яднаў адну з другой, то стромы, то спадзісты, зарос дзікімі вішнямі, рэдкімі абламанымі акацыямі, нейкімі іншымі хмызамі і травамі і паслёнам, які на Паволжы і ў Аранбургу, з якога я прыехаў, вельмі недасціпна называюць бзнікай.

I вось калі аднойчы я ішоў пад адхонам, аднекуль зверху, з-за стромы, вылецела страла і, слабая пры канцы лёту, упала ў пыл ля маіх ног. Я падняў яе. Страла была хоць куды: пярэстая, крыж-накрыж апераная, перацягнутая ў гэтым месцы жылкай... Амаль адразу наверсе зашапацеў бур’ян.

— Гэй, аддай стралу!

Я ўзняў галаву. Над урвішчам на кукішках сядзелі тры — аж тры! — хлопцы майго ўзросту. Гаварыў адзін, моцны, досыць высокі, з круглай галавой. Усмешка ў яго была белазубая і прыгожая, вочы — пераспелыя чорныя вішні. Калі яны мокрыя і ў іх іскрачкамі адбіваюцца то акно, то лямпа, то проста прамень.

— На,— кінуў я яму стралу.— Толькі ж вочы трэба мець, хлопцы. Куды пуляеце?

Другі, танклявы і цыбаты, дужа ладны тонкім інтэлігентным абліччам, з сінімі вачыма і тонкім, са згорбінкай, носам, сказаў круглагаловаму:

— Я ж казаў, Ролік, каб глядзелі. А раптам — даросламу ў галаву? Міліцыянеру?

Трэці, цельпукаваты і каржакаваты, з тых, каго нават у дзяцінстве завуць «мужыкамі», «дзядзькамі» і «старымі» — ён-та і трымаў у руках доўгі, з яго велічынёю, лук,— паглядзеў на мяне невялічкімі дрымучымі вочкамі. Сказаў басам:

— Міліцыянеру? — I паціснуў плячыма.— У галаву?

— Калі, скажам, дзіцёнку,— сказаў я,— дык, значыць, можна ў галаву, галовы яловыя?

— Ну, занадта разумны,— прабасіў мужычок.— Лезь сюды.

Я палез на строму, з карэннямі выдзіраючы бур’ян.

Калі нарэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх пясок, круглагаловы Ролік спытаўся:

— Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.

— Не з вуліцы Чкалава? Не з яўбаза? — спытаўся гожы.

— Што такое?

— Яўбаз. Яўрэйскі базар... Ясна, не адтуль,— сказаў «мужычок».

— Не з Падвальнай? — пытаўся Круглая Галава.— Не з Фундуклееўскай?

Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называюць вуліцы старымі назвамі, каб дазнацца, карэнны ты або так, збоку-прыпёку, з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.

А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут калі...

— Не з Банкаўскай? А што, на былой Адольфгітлерштрасе таблічкі паўсюль ужо збілі?

— Кіньце, хлопцы,— сказаў Ролік,— ясна, нетутэйшы. Адкуль?

— Я з гэтага двара.

Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім.

— А-а, новенькі,— сказаў «інтэлігент».— Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?

— Угм... Пляменнік.

— А ён куды адразу з’ехаў? Ён хто?

— На фронт. Ён начштаба пэўнага роду войск аднаго з франтоў.

У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі.

— Фф-ю-у. Якога? — спытаўся Ролік.

— Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.

— Ваенная тайна? Задавака,— сказаў прыгожы і ўстаў.

— Кінь яго, Жэнька,— сказаў «гожаму інтэлігенту» Ролік.— Кінь яго, Багдане. Не хоча — не трэба.

I тут раптоўна для мяне засакатаў з бур’яноў паўдзённай гаворкай галасок дзеўчаняці:

— А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. «Мышы, кажуць, заелі».

— Дык ты гэта і ведаеш? — з пагардай спытаўся «мужычок» Багдан.

— Не,— азваўся галасок з бур’яна,— я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі, татарын, ці бурат, ці алтаец... Патракоў прозвішча...

— Не тарахці,— сказаў Ролік.— Дзела кажы.

— Казаў... Першага Беларускага фронту.

Хлопцы зарагаталі.

— Ну вось,— адсмяяўшыся, сказаў Ролік,— ...ваенная тайна. Адкуль?

— Беларус.

— Браты ёсць?

— Былі. Многа. I родных, і стрыечных, і ўсялякіх. Па чутках, мала хто застаўся.

— Фашыстаў ненавідзіш?

— Пытаешся яшчэ.

— На фронт уцякаў?

— Два разы. Адзін раз — у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.

— Я таксама,— уздыхнуў Ролік,— тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім не патрэбныя. Як быццам мы горшыя. Ідуць — хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.

Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо брыднуць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў меў болей, чым ён лупцовак ад бацькоў.

— Цябе як клікаць? — спытаўся круглагаловы.

— Васілька Стасевіч,— адказаў я.

— Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-украінску хаця разумееш?

— А чаго тут не разумець?

— Гарна. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі.

— Багдан Цар,— назваўся «мужычок».

— А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзем. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.

— Яўген Кульба,— ляснуў босымі пяткамі прыгожы.

Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым — гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.

I тут я здзівіўся яшчэ больш. 3 зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгр, бо «джунглі» на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо гадоў пятнаццаці. Схілілася, пачухваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленам аб калена, ускінула галаву — чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад — і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, вясёлымі чорнымі зрэнкамі.

— Здароў, хлопцы, здароў, новенькі! А божа ж мой, белы які! Ну, белы які...

— Зноў ты тут,— з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан.— Зноў чэпішся.

— I не да цябе. I зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца ты тут не купіў, не купіў, кажу.

Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячыма, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя калені і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін бок, то на другі. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.

— Я Нонка Юніцкая.

Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька — на рускай мове, хоць і з прыкметным украінскім акцэнтам, то ў гэтай быў той паўднёвы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было жах як «па-малдаванску», жах як прыгожа.

Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская, і малдаўская, а, можа, і кропля цыганскай крыві. (Я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).

— Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі,— сказала яна. I з чыста дзявочай логікай адразу ж спыталася: — Біцца ўмееш?

— Нонка,— пагрозліва ўзвысіў голас Раланд.— Глядзі-і! Хто тут атаман?

— Хе! Тэж мне, Раланд — атаманд...

— Цыц! — Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр.— Тут я пытаюся. Страляць, бегаць умееш?

— Угм.

— Плаваць?

— Збольшага.

— То ходімо на Дніпро,— Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.


II

Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем, глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.

Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягнуцца за намі. Гонару зашмат — звяртаць увагу на дзяўчо. I вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта «старарэжымнае», накшталт: «Алёша, ша! Возьми полтоном ниже...»

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх «Агнёў вялікага горада»? Можа, ад нейкага п’янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?

Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:

— На фронт цяпер трапіць — і думаць няма чаго. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць...

— Так,— сказаў я,— абклалі, як мядзведзяў. Выйсця, бадай-што, і няма.

— Чаму няма? — загадкава ўсміхнуўся Ролік.— Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выйсце.

I раптам кінуў:

— Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт.— I толькі тут нібы заўважыў Нонку.— Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?

— А я не з вамі, сокіл ты мій,— Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў.— Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу — туды іду.

Багдан шумна ўздыхнуў:

— Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.

Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку:


Ох, яблучко,

Та з Гапоніï,—

Дівкі з нашого двора,

Як півоніï.


— Тожа мне півоня,— буркнуў Багдан.— Пустазелле ты. Піво-о-оня!

— А нягож!

— Ды кінь ты яе, хай хваліцца,— сказаў Жэнька.


Ох, яблучко,

Та з Гамерики,—

Хлопці з нашого двора,

Як вареники.


I растлумачыла:

— Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.

— Ой, вушы надзяру,— сказаў Ролік.

— А ты спачатку дагані.

Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.

Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы пусцілі: ляцела стралой, велізарнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. I хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы,— амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.

— Чорта яе дагоніш,— прысаромлена сказаў ён.— Ляціць, як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу спаймаць не ўдалося.

...У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку ўніверсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую, даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, якой Мікалай I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт «за мяцежны дух»: яскрава-чырвоная, нібы мокрая, сапраўды, як кроў.

Праз пустыя вачніцы вакон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.

Дзверы, правал дзвярэй, і вокны ніжняга паверху былі густа заплецены калючым дротам.

— Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы,— сказаў Ролік.— Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпені, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню... Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Вартавыя ўвесь дзень стаяць.

А тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрыгат, дробны звон, нейкае брынчанне.

— Трамвай! — крыкнуў Жэнька.— Во пашанцавала!

Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, падыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і прадавала нам зубы.

Мы беглі за трамваем, даганяючы яго, хапаліся за поручні, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося памагаць, падцягваючы яго за каўнер.

Трамвай гайдала так, што брала дзіва, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.

— Хто пячору выкапаў? — спытаўся я.

Ролік хмыкнуў.

— А чаму мы пыталіся, з якой ты вуліцы? — насмешліва спытаўся Жэнька.— Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.

— Культурна,— сказаў я.— I часта яны вам у косці даюць?

— Чаму? — прабасіў Багдан.— Мы часцей.

— Іх жа шмат. Столькі вуліц.

У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:

— Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двух бацькі з Кіева звезлі. Адзін у бальніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх — малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Хоць пару. Ваенны тэрмін: «роўныя сілы».

Трамвай набліжаўся да Храшчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з’явіліся, што горад ажывае.

— Слухайце, хлопцы,— сказаў раптам Жэнька,— ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад, і як пачнуць выходзіць, у штурханіне ўзяць пад руку, скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем — тут ужо яна наша.

Мы з абыякавымі мінамі пачалі праціскацца наперад. Трамвай замаруджваў свой бег: закалаціліся, зазвінелі ацалелыя шыбы. Унутрана мы трыумфавалі. Ну і дамо мы зараз ёй дыхту. Не балюча, а так, каб ведала, як смяяцца з вышэйшай пароды.

Угу, так яна нам і далася!

Трамвай яшчэ ляцеў ваўсю, але яна, відаць, заўважыла наш дэмарш, спакойна адсунула дзверы, узялася за парэнчу і, спінаю назад, як хлопец, як сапраўдны ас гэтай справы, скочыла на брук. Прабегла метраў дзесяць і, па крывой, выскачыла на тратуар, адкуль і паказала нам ружовы язык.

Нас пранесла ўжо метраў на трыццаць, і скакаць цяпер не было сэнсу. Усё адно не дагоніш. А Нонка кінулася бегчы, каб не адстаць ад трамвая, не згубіць нас з вачэй.

— Во чорт! — бурчэў Багдан.— Во, халера! Змяюка гэткая!

— Так,— сказаў Ролік.— Што ні кажыце, хлопцы, а нешта ў гэтай заразіне ёсць. Хаця і дзяўчо.

Мы вылезлі — Нонка была па-ранейшаму метрах у трыццаці ад нас.

I тут здарылася тое, чаго я ні дагэтуль і ні пасля не дазваляў сабе. Стараўся, ва ўсякім разе, рабіць тое, што зрабіў тады, але не такімі метадамі.

На рагу бульвара і Храшчаціка — я яшчэ здалёк, носам учуў гэта — быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі,— і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай, буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. I з’есці.

Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. Гэта было мала, дужа мала. I ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую нянавісную брыду, давесці справу да сапраўднага канца.

Але тут здарылася тое, што абразіла нас, падлеткаў, да глыбіні душы. Дарослыя, праходзячы, усміхаліся або паціскалі плячыма, а мы стаялі, як саляныя слупы, уражаныя, пакрыўджаныя. 3 нас нібы насмяяліся, абняславілі, зганьбавалі. I галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся. Паабапал дзвярэй віселі дзве вялізныя рэкламы на шкле. На абедзвюх былі тоўстыя румяныя пекары ў белых халатах і каўпаках. Яны прытанцоўвалі, і раты іхнія былі расцягнуты ў ідыёцкай усмешцы, а на расстаўленых пальцах правай рукі яны неслі падносы з пляцёнкамі, рагалікамі, плюшкамі, франзолямі, батонамі і іншым. А пад пекарамі было напісана:

«Качество хал выше похвал».

I яшчэ:

«Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы».

— Т-так.

Я зірнуў на Роліка і ўбачыў, што ў таго дрыжаць ноздры.

— С-свалата!

У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. I тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.

— Ты ў левую,— праз зубы сказаў Дзмітрэнка.

...Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжэйшым пад’ездзе.

3 дзвярэй магазіна выбег дзядзька, падобны на пекараў. Кінуўся да сівога, нешта загаварыў, зажэстыкуляваў.

— Выдасць зараз,— сказаў Жэнька.— Цікаемо, хлопцы.

I тут чалавек... паказаў рукою на праспект і павёў ёю направа.

«Пекар» кінуўся туды, а дзядзька накіраваўся проста да нашага сховішча. Дыбаў, як жораў. Стаў, углядаючыся ў паўцемру:

— Гэй, шалапуты, вісусы, вылазь!

— А што мы? — забубнеў Багдан.

— Канчай,— сказаў Ролік,— мы, мы. Ясна, што мы.

I выйшаў на святло.

Сівы доўга разглядаў яго, нават узяў за патыліцу, закінуў галаву і паглядзеў у вочы. Потым пасварыўся пальцам і раптам... усміхнуўся:

— Ну што, наваявалі? Майно дзяржаўнае пабілі, бандзюкі.— Закурыў.— А ўвогуле нішто. Толькі, хлопцы, гэта ўсё ж не метад. Словам трэба, дзеяннем дурасць біць. Маладыя вы, нецярплівыя. Ну, бяжыце сабе.

Мы пабеглі. I толькі калі ўскочылі ў руіны, зразумелі, што магло з намі здарыцца.

— А ты... малайчына,— буркнуў Багдан.

— А я ж казаў, хлопцы, што рашучы,— загарэўся Жэнька.— Чаго б ён да нас на адхон лез? Маглі ж бы і карак натаўчы ўтрох. А камень як схапіў!..

— Камень я схапіў па дурасці. Гэта не работа. А ты чаго так азвярэў, Раланд?

I пашкадаваў, што спытаўся. Вочы новага сябра, чорныя, бліскучыя вочы, былі каламутна-шызыя ад ярасці. Нібы дымка засцілала іх. Такая, якая бывае на чорным вінаградзе.

— Хлусню ненавіджу! — выціснуў ён.— Калі брэшуць — ненавіджу.

— А яшчэ чаго ты ненавідзіш? — іранічна спытаўся Багдан.

— Несправядлівасць ненавіджу,— хлопца нібы крыху адпусціла, і нечакана ён усміхнуўся ранейшай, добрай, белазубай усмешкай.— Хопіць ужо. Занадта хлеб добра пахнуў. I людзі ідуць і глядзяць. Не, хлопцы, гэта мы добра зрабілі. А і сапраўды, пад’есці б чаго.

— Съешьте эти тартинки, мистер Дмитренко,— сказаў Кульба.— И выпейте стакан этого доброго старого кларета. Это подкрепит ваши силы.

Мы зарагаталі.

— Кларэт кларэтам, а падмацавацца б трэба,— сказаў Багдан.

— Стоп! — узняў руку Ролік.— У руіны, хлопцы.

Праз нейкую хвіліну мы сядзелі ў былым двары разнесенага ў друз дома. Двор увесь зарос вялізным, у паўтара чалавечых росту, лопухам, які даўно пайшоў у сцябло. На вяршынях сцяблін вожыкамі прымасціліся дзяды, якія так зручна ляпіць знаёмым у спіны, здаравенныя дзяды, з малінавымі шапачкамі.

Мы лупілі гэтыя ствалы з самага нізу, здзіралі з іх скуру і агалялі белую пругкую мякаць.

— Гэх, солі б,— уздыхнуў Жэнька.— Каб яшчэ соль, дык гэта ўвогуле было б поэзі. Наслаждзец суцэльны.

Ролік выцягнуў з-пад сто разоў мытай футболкі бруднаваты вузельчык.

— Знойдзем і соль.

Праз хвіліну мы мачалі лопухавыя сцябліны ў буйную соль і апляталі так, што за вушамі пішчэла.

— Эх, каб гэта яшчэ хлеба,— уздыхнуў Багдан.

— Распанеў! — пырснуў Жэнька.— А мо вашамосць з’ела б труфеляў з анчоўсамі?

— Ну вось,— сказаў урэшце Ролік.— А цяпер дэсерт. Той, што за гумном.

Вылезлі мы з руінаў толькі тады, калі напалову абдзерлі шаўковіцу, якая расла тут жа, у закутку між муроў, што зберагліся дзівам. Раты ў нас былі чорныя, але не так ужо смактала ў жываце.

— Набарабаніліся,— залупіўшы футболку і ляскаючы сябе па загарэлым пузе, сказаў Ролік.— Ну, цяпер і ў дарогу можна. I ведаеце, якую мы яшчэ даброту атрымалі? Га?

— Нонкі няма! — з захапленнем гікнуў Жэнька.

— То ж бо! Як да камянёў, так іхняга племя з сабакамі не знойдзеш.

Мы падышлі да трамвайных рэек. Пасярэдзіне Храшчаціка была ачышчана вузкая палоска дарогі, амаль сцежка. I на рэйках стаяў куртаты трамвайчык, «запрэжаны» ў платформу. Платформа была загружаная бітай цэглай, брыламі гэтай самай цэглы і крыгамі бетону, з якога змеямі тырчала іржавая пакручаная арматура.

— Хлопцы,— сказаў Дзмітрэнка,— як толькі зазвоніць — чапляйся. Чаго нам аж да плошчы Калініна пеша тупаць?

...Трамвай крануўся з месца. I паплылі, паплылі, паплылі перад намі віды, адзін жахлівей за другі.

Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, нямыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер — мёртвыя шкілеты былога дабрабыту, радасці, любові да дзяцей.

Мы маўчалі. Нам было кепска, як ніколі.

— А кандзіцерскую на тым рагу памятаеш? — спытаўся Жэнька.— Дзве трубачкі і вады з сіропам колькі хочаш: і апельсінавай, і яблычнай, і...

— Змоўч,— глухім голасам сказаў Ролік.— Тут жыць болей немагчыма. Не таму, што немагчыма, а... з сораму потым здохнеш, вось што. I калі сорам гэты ў нас яшчэ не зусім прапаў, то чым хутчэй мы задуманае зробім, тым лепей.

Памаўчаў.

— Наконт шаўковіцы. Трэба і яе набраць ды насушыць у запас. На лопухах не выедзеш. У лаўры, ля падземнага ходу, яе — гай! Дарослыя туды не лазяць. А мужыкоў нашага ўзросту там, відаць, чорт ма! На даху сушыць будзем.

— Нішто прыдумка,— буркнуў Багдан.

Платформа раптам спынілася, і не паспелі мы спахапіцца, як над яе краем з’явілася, нібы выплыла поўня, круглае чырвонае аблічча з рудымі запарожскімі вусамі.

— Т-та-ак,— сказала поўня.— А я вязу дый думаю — а хто гэта ў мяне, а што гэта за вераб’і на платформе цывікаюць? Аж гэта паны ракфелеры надбалі ўласны трамвай. Міла. Ну і куды паедзем? На звалку, куды я гэты друз адвожу? Або проста ў КПЗ?

Мы злезлі з платформы і пачалі пераступаць з нагі на нагу.

— Гм... Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надбалі трамвай, то куды везці?

Першы акрыяў Жэнька. Ступіў крок наперад і гжэчна пакланіўся:

— Прабачце, мілорд. Але не біць жа нам пяты па такім дрэнным бруку? Ну, мы і скарысталіся гэтай карэтай, якая дзяржаўная, а, значыць, і наша.

Важаты літаральна анямеў ад гэтага нахабства.

— Вы... Вы... Акыш!

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але тут з-за брылы скочыла даўганогая запыленая істота, крутнулася пад рукамі важатага, прабегла паўз нас і спынілася на бяспечнай адлегласці.

— Божа! — толькі і сказалі ў адзін голас важаты і Ролік.— Божа!

— Што ж вы думаеце, я не ведала, як вы дабірацімецеся? — хіхікнула Нонка.— Раз на Дніпро, то іншай дарогі вам няма.

Важаты махнуў рукой. Мы змрочна папляліся да Купецкага саду.

— Слухай,— сказаў Ролік.— Што ты цягнешся за намі? Хто цябе прасіў? Сумленне ты маеш?

— Маю,— нявінна сказала яна.

— Не,— сказаў Жэнька,— я ўжо ніколі ад яе не адвяжуся. Я пайду ў кіно — яна будзе зіркаць на мяне з экрана. Буду чытаць кнігу — гэта будзе кніга пра яе. Я буду паміраць — яна будзе абціраць мне лоб і чытаць нада мною малітвы. А калі я здохну і буду стаяць перад уваходам у пекла — першая, каго я там убачу, гэта зноў будзе яна. I яна возьме мяне пад руку, каб праскочыць са мною і не адвязацца ўжо ніколі-ніколі...

Мы мінулі кінатэатр «Паўлін» (гэта мы яго так называлі) з яго вясёлкавай мазаікай і паныла папляліся алеямі. Ролік убачыў, што войска ягонае павесіла нос і мае страшэнную патрэбу ў нечым такім, што ўзбадзёрыла б яго. Патрэбны быў жарт.

Наводдаль сядзеў на лаўцы нейкі афіцэр. Ролік пачухаў патыліцу.

— Вось што, хлопцы. Выпрабуем, якія нервы ў дарослых? А то ваяваць мы для іх — маленькія, помсціць — маленькія, подзвігі рабіць — маленькія. Вялікія мы толькі цэглу на суботніках цягаць. То што, зробім?

— Як? — спытаў Багдан.

— А вось так. Як толькі мы падыходзім да лаўкі — вы па маім сігнале строга ў адну секунду выкрыкваеце кожны адно слова. Ты, Багдане, «Ачы», ты, Жэнька, «Пічы»... Э-э, хлопцы, стоп! Аднаго чалавека не хапае.

— Ды, можа, і без аднаго? — спытаўся я.

— Не, брат, эфект не той будзе.— Ролік насуплена ўзважваў нешта і раптам крыкнуў Нонцы: — Гэй, хадзі сюды! Ну хадзі, каму я кажу?! Не бойся, лупцаваць не будзем. Ну, я табе кажу — не будзем. Слова! — I, нібы просячы прабачэння, ціха сказаў: — Усё адно ж не адчэпіцца, чума гэтая. Хай ужо ідзе побач, дідько лысы з ёю...

Нонка падышла.

— То вось. Тады зробім перастаноўку. Ты, Жэнька, кажы: «Ачы». Я кажу — «Пічы». Ты, Нонка,— «Спічкі», ты, Васілько,— «Яшчыкі». А Багдан, як самы басавіты, хай крычыць — «Хр-рашч!»

— А што будзе? — спыталася Нонка.

— Усё гэта сальецца ў адно. А ў што — самі пабачыце.

Мы параўняліся з лаўкай. Ваенны, лейтэнант, сядзеў і чытаў газету.

— Раз... Два... Тры!..

I тут здарылася дзіўнае. Як удар перуна, над паловай саду грымнула жудаснае, нібы гэта зрабіў Гарганцюа:

— Апы-чы-хі-хр-і-ашч!!!

Смачны чох, ад якога як не разрываюцца барабанныя перапонкі і ў таго, хто чхае, і ў тых, хто побач. Толькі чох пасілены ў тысячу разоў.

Ваенны здрыгануўся, і тады Ролік пакланіўся і высокім урачыстым голасам, з халаднаватай перабольшанай ветлівасцю сказаў:

— Будзьце здаровы.

Мы гатовыя былі задаць лататы, але нечакана для нас ваенны зарагатаў.

3 яго з вачэй цяклі слёзы, і ён толькі паўтараў:

— Ну, архараўцы! Ну, хуліганнё!

Нельга не зарагатаць самім у адказ на такі смех.

...Калі адсмяяліся, Жэнька, асмеліўшыся, сказаў:

— Таварыш лейтэнант, пакажыце наган.

Лейтэнант здалёк паказаў.

— Гэта і не наган зусім, а «вальтэр»,— сказаў Раланд.

— Правільна,— сказаў лейтэнант.— «Вальтэр». Трафейны.

Мы паселі вакол яго на траве.

— Слухайце, таварыш лейтэнант,— сказаў Ролік,— вось мы тут спрачаліся, ці патрэбныя на фронце рукі? Якія страляць умеюць?

— Яшчэ як.

— То чаму тады...

— Ясна. Чаму маці-Радзіма грэбуе такімі магутнымі рукамі, як вашы? А таму, што і без вас рук хопіць.

— Я ў партызанах быў у сорак першым,— сказаў я.— Тады, значыць, не хапала, а зараз...

— Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?

Руіны ляжалі пад намі. Як воку сягнуць, мёртвы лес руін.

— Мы шмат хто яшчэ памром,— раптам сказаў лейтэнант.— Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца — хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? I потым. Вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але... Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага раку метастазаў не было?..

Ролік махнуў рукой.

— А-а, зноў тая самая песня. А нам каб толькі да іх дарвацца.

— Ну і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?

— У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут... Ну, пра сябе не буду... Унь няхай скажа... ну хаця Васілька.

— У мяне гэтых прычын сотня,— буркнуў я.— Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а... А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова... Цётцы спатканне дазволілі. I даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна — адна рана. I ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя «дзеля дэзінфекцыі» ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла... На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: «Сваячкі вашай няма, вывезлі...» Ведаем мы, куды яны яе вывезлі.

Лейтэнант узяў мяне за падбародак, паглядзеў у вочы.

— Ну вось, хлопец, і адказ. Такія, як ты, страшэнна патрэбныя будуць. Як памяць. Сёй-той можа і забудзе, бо на свае вочы не бачыў. А ты не забудзеш. I ўжо ніколі спакойна не заснеш. Цень гэтага пабачыш — у званы біць пачнеш. А ты кажаш...

Устаў.

— Кіньце глупства. Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці.


ІІІ

Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, а ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.

Дняпро каціў ля нашых ног сваю плынь, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. I вунь з таго быка я толькі што скокнуў.

Мяне аж пацепвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнаець, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. I як стаяў наверсе, і калені дрыжэлі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак... ух ты, божа мой!

I як зразумеў, што яшчэ хвіліна — і я ніколі не скочу і не злезу... I скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.

Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пайшоў у заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. I ўзлез. I зразумеў, што не здолею скокнуць. I збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. I з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне і што з гэтага будзе, і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць. Вось так і тут.

— Малайчына,— сказаў Ролік.— Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.

— А я з другога разу,— выскачыла Нонка.

— Ну, ужо выхваляцца пайшла,— сказаў Багдан.— Вечна свае тры грошы...

— Чаму? Яна праўду кажа,— сказаў Ролік.

— Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.

Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулакамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан зніякавеў.

— Кінь яе,— сказаў Раланд.

— Ды ўжо... сам кінуў.

— Малайчына ты,— паўтарыў Дзмітрэнка.— I трэба нам — як вы думаеце, казакі-малойцы? — прыняць яго ў наш курінь.

— Прыняць, прыняць!

— А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі... Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хоць і не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля,— ён зрабіў эфектную паўзу,— уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ паліцаі блукаюць... Гадоў прыбавім, дый...

— Не возьмуць.

— Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.

— А зброю што, з калена выламіш?

— Ёсць зброя. Ведаю, дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо там сёе-тое знайшоў... Пакуль што мы туды хадзіць не будзем — гэтыя гады з Падвальнай валакуцца за намі, як хвост. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам.

Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было спаўненне той мары, якою я жыў тры гады.

— Я з вамі, хлопцы,— сказаў я.

— Дабрача,— сказаў Раланд.— Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.

— У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю,— паважна сказаў Жэнька.

— Прахвесар,— сказаў Ролік.— Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа... рашаючы фактар.


IV

Мы прабіраліся «ў разведку». Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся асцярожна, бо гэта ўжо была «дзяржава» хлопцаў з Падвальнай.

Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між штабялямі нейкіх зваленых дроваў.

— То нашто ўсё ж іх біць? — спытаўся я.— Можа лепей з сабою ўзяць?

Хлопцы пераглянуліея. Багдан нават гыгыкнуў.

— Фашысты,— неахвотна сказаў Ролік.

— Ды вы што, хлопцы,— падурнелі?

— А вось хадзем, паглядзіш.


Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, што горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.

...Пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.

...Вось барак дарожных рабочых — яўрэяў. Гэткі невялічкі філіял гарадскога гета. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць,урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б’е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць...

А вось цяпер — шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары «П». У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй — пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара — узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур’яном.

Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно не існуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А некалькі крокаў ад яе чацвёра невысокіх чалавечкаў са стрэльбамі ў руках.

— Імем закона,— далятаюць да мяне словы,— прысуджаецца... за злачынныя...

У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае, без права дапамагчы.

Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.

— Хопіць табе жэрці, швайн! — крычыць бялявы начальнік канвою.

— Я хлеб з маргарынам,— адказвае з-пад мура галасок.

Дзяўчо пакорліва паварочваецца тварам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўновае штыхі. Усё, як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.

— Аддзяленне-е!..

Кулакі мае сціскаюцца... Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта...

...I тут на маё плячо кладзецца рука.

— Бачыў? — пытаецца Ролік.— Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы такога не бачылі. Акупацыі не нюхалі, адседзелі недзе... Шыбеніц не бачылі, Бабінага Яру не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў... М-мам-чыны сынкі!

«Начальнік канвою» не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур’ян з крыкам «ур-ра-а!» пасыпаліся на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег невысокі хлопец з шалёнымі вачыма і рудаватым чубам.

— Гнат,— з нянавісцю сказаў Жэнька,— дрэнь паскудная! — Гніляк!

— Каб жа яшчэ толькі дрэнь,— сказаў Ролік.— Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.

На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя і другія някепска, але неяк занадта ўжо... ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б’юцца.

Не біўся толькі адзін высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху можа занадта суровьімі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары,— так і адышоўся, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.

Урэшце супраціўленне «карнікаў» было зломана, і яны кінуліся ўцякаць. Два «інсургенты» кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.

Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчэлі, твар быў узнёсла-радасны, шалёны.

— Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі, ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу.

Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго ў вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.

— Смерць!

I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам «карабіна» між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю.

I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на ўвесь рост.

— Не чапай,— шапнуў Жэнька.— Пасля. Іх замнога.

— Нічога не замнога,— кінуў Ролік.— Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?

Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур’ян. Мы бачылі, што ў іх «карабіны», якія хаця і не страляюць, але б’юць някепска... па галаве, але мы не зважалі на гэта.

Вярталася пагоня — нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы,— уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых... што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.

Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё — аж да зубоў,— мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!

Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху зраўнялі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў збоку).

Мы ўдзерліся ў іхні «строй», зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу ж я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую «зброю» з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля — другога, пасля — зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б’ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыну, якая малоціць.

I ўсё ж нам давялося б дрэнна. Я ўбачыў, што Жэнька ўжо ляжыць, трымаючыся за нос, што Ролік, на якога зноў населі трое, знемагае, што Гнат ірвецца да яго, махаючы доўбняй-карабінам.

Нам давялося б дрэнна, каб не раптоўная дапамога. Бялявы раптам устаў, крэкнуў і, плюнуўшы ў далонь, кінуўся ў самую гушчу бойкі.

Прарваўся да Гната, захапіў у лакцявы згіб ягоную шыю, ірвануў назад, выдзер з рук карабін. У наступны момант — мы ахнуць не паспелі — бялявы ўпаў на спіну, а Гнат узляцеў, перакуліўся ў паветры і цяжка, як мех, гэкнуўся аб зямлю. Але яшчэ раней, чым ён упаў, нечаканы саюзнік быў на нагах і рассыпаў удары так, што за ім цяжка было сачыць. Не ведаю, як хто, але я ажыў душой. Думаю, што і астатнія таксама. Таму што праз пару хвілін мы ўжо, цюгакаючы, гналі ворага праз бур’ян і хмызы, душачы ў зародку ўсе спробы супраціўлення.

Бялявы бег за Гнатам і часам паддаваў яму хуткасці спрытным, усёй падэшвай, выспяткам у мяккае месца.

— Цю-га! Цю-га!

Поле бою засталося за намі. Вораг спыніўся здалёк, на ўзгорку, і адтуль сыпаў бяссільныя пагрозы, нібы дзяўкаў. Мы вярнуліся на пляцоўку двара. Стаялі і разглядалі бялявага. Вельмі насцярожана. Дый ён, па ўсім відаць, нічога добрага не чакаў.

Агрэсіўны Багдан нават узняў руку, намерваючыся «прыварыць», але бялявы перахапіў яе і сціснуў запясце:

— Н-ну!

— Кінь яго,— сказаў Ролік.— Ты з Падвальнай?

— Угу.

Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова, і...

Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.

— То чаго тады за іх біцца не стаў? — спытаўся я.

— Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну, і гульні іхнія. Крыві не бачылі... I Лізку пакрыўдзілі... Не плач, дурнічка.

— А яшчэ?

— А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.

— Цябе зваць як? — спытаўся Ролік.

— Карл Канецкі.

— Карло? — на ўкраінскі манер спытаўся Раланд.

— Караль? — спытаўся я.

— Не, Карл. Маці звала Карлхен.

— Ты што?..

— Ну, — сцвярджальна сказаў Карл.— Немец.

Мяне — і, думаю, не толькі мяне — аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:

— Ф’ю!.. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое — Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?

— Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча... Ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.

Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.

— Ну што ж, лапу!

I гэтым звычайным жэстам ён не толькі замацаваў сваё права быць галоўным, але і канчаткова прымусіў нас усіх паважаць сябе.


V

Ішлі дні. На каштанах і ліпах рэдка-рэдка ўспыхвалі першыя жоўтыя агеньчыкі. Хлопцы з Падвальнай і Чкалава прыціхлі, і па іхніх вуліцах можна было хадзіць нават удвух, а Карл, якога мы ўзялі у наш хаўрус і якому, ясна ж, адкрылі сакрэт уцёкаў, хадзіў і адзін.

Уцякаць пакуль што не было як. Трэба было страціць апошняе сумленяе, каб напаследак не памагчы бацькам на «прыгарадных індывідуальна-ўстаноўскіх гародах» (гэтае слова-пачвара азначала, што коясная ўстанова атрымлівала кавалак зямлі і дзяліла яе на ўчасткі між сваімі работнікамі, а таму ўчастак нельга было назваць «індывідуальным» — крый божа! — а толькі «індывідуальна-ўстаноўскім»).

У нас свайго ўчастка не было, і таму я па чарзе хадзіў памагаць усім нашым хлопцам. Мае на гэта згаджаліся ахвотна, бо гэта «дужа карысна — фізічная праца на свежым паветры». А я радаваўся.

Працавалі, у вольныя хвіліны лавілі ў пратоках смугастых зеленаватых джгіроў, елі дымны, страшэнна смачны кулеш з рэдкімі кубікамі сала, а вечарам цягнулі ў горад вазок, нагружаны ліловымі бліскучымі баклажанамі і цьмяна-зялёнымі кабачкамі.

У гэтыя дні «інтэрнацыянал» наш ледзь не разваліўся. Таму што Жэнька пазнаёміўся недзе з Навумам Фінеесам.

Высокі, худы ад шматгадовага недаядання — калі галадаеш некалькі гадоў, пасля вельмі цяжка, нават пры добрай ежы, увайсці ў норму,— жылаваты. Нічога асаблівага ў ягоным твары не было: нос просты, вусны — тонкія і прыгожыя, валасамі — цёмны шатэн, вочы — светла-карыя. Можа гэта і дапамагло яму выжыць у вайну.

I вось Жэнька прывёў яго ў наш атрад, і ён усім адразу спадабаўся, і выявілася, што дурань Кульба ўжо загадзя адкрыў яму нашу таямніцу, і той даў згоду. Жэньку за доўгі язык на цэлы тыдзень пазбавілі права хадзіць з намі ў руіны па тол, прымусілі не выходзіць за межы двара, а Навума — прынялі.

I вось гэтая «пятая нацыя» ледзь не разваліла, ледзь не загубіла наш магутны саюз і ўсю святую нашу справу. Даведаўшыся, што Карл — немец.

— Немец? Я з ім на адным полі... не сяду...

— Ну і мне невялікая ахвота з табой на адным полі сядзець. Таксама мне яшчэ — шчасце, на адным полі ён са мной не сядзе. Пакараў!

— I праўда,— сказаў Ролік.— Што ж яму, немцу гэтаму беднаму, зараз рабіць?

I загадаў не сварыцца. Але сэрцу і забабонам чалавечым не загадаеш. Фінеес, харошы хлопец, смелы чалавек, які ведаў цану жыцця і смерці, шчодры, кампанейскі, здатны пайсці за любога з нас у агонь і ваду, ненавідзеў Карла глухой, цьмянай нянавісцю, якая не разважала, якая проста — жыла.

Сёй-той з нас стаў на адзін бок, сёй-той — на другі. 3 такой цяжкасцю скляпаны хаўрус развальваўся на кавалкі, трашчаў па швах.

I, дзіўна, нам дапамагла малая, слабенькая Лізка, якую ніхто з нас не браў усур’ёз.

Справа пачалася з таго, што запалы нашы, як выявілася, былі нікуды не вартыя. Тол быў, але толам, як вядома, можна хоць печ паліць. Адзін тол — глупства.

Мы не асабліва засмуціліся. Па нядзелях на яўбазе можна было купіць усё — ад рыбалоўнага кручка і ледзь не да буйнакалібернай гарматы. Мы ведалі там аднаго дзядзьку, у якога можна было дастаць і запалы, ён прадаваў іх тым, хто глушыў рыбу. Але грошы ў нас павінны былі з’явіцца толькі праз два тыдні (мы, нягледзячы на ўсю нашу пагарду да такіх людзей, памаглі аднаму «фраеру» перавезці ягонае багацюшчае абсталяванне — мэблю, карціны, бронзу — на новую кватэру: старая яму, бачыце, не зусім спадабалася, а кватэр у горадзе было — хоць носам жары). А чакаць два тыдні было нельга: «пад-

вальныя» скаапераваліся з Пірагоўскай вуліцай і пачалі падымаць хвост. Было вырашана іхнюю штаб-пячору проста разбурыць. А для гэтага трэба было ўзяць у Карла, праўдзівей, у кульгавага дзядзькі Тараса, у якога Карл быў на выхаванні, лом і дзве рыдлёўкі.

I вось калі мы праходзілі паўз Карлаў флігялёк, Лізка раптам сказала мне і Навуму:

— То зойдзем? Зойдзем-зойдзем. Ты што, Навуме, баішся?

Навум успыхнуў і рашуча пайшоў за намі.

...Два пакойчыкі былі абстаўлены вельмі сціпла, каб не сказаць — бедна. Самаробныя тапчаны, табурэткі і стол (дзядзька Тарас быў і сталяр, і цясляр, і шавец, і жнец, і ў дуду ігрэц). У кутку ля дзвярэй нізенькі столік, і на ім — шавецкія нажы, капылы, лапа, тэксікі ў бляшанках і ўсё такое. А на сценах два ўпрыгожанні: алеем пісаная аблупленая карціна — відаць, вельмі старая, бо на ёй амаль нічога нельга было распазнаць, так нейкія рукі і ногі — і павялічаная картка ў светлай рамцы. А на ёй светлавалосы хлопчык у ватоўцы са «шмайсэрам» на шыі. А на ватоўцы два медалі. Нахмураны, значна больш дарослы, чым цяпер, Карл.

Мы стаялі крыху ашаломленыя. Лізка, штопраўды, і раней спрабавала была заводзіць гаворку пра «партызанку», але Карл заўсёды яе перабіваў: «гэта не да справы», «змоўч, Ліза», або «гэта іх не датычыцца». Урэшце, што было дзівіцца? I я быў сувязным у атрадзе, і Ролік выконваў у горадзе сякія-такія даручэнні. Але тут...

— Што за мядалі? — хаваючы вочы, спытаўся Фінеес.

— «За адвагу»,— нядбала сказаў Карл, выносячы нам начынне. I ён не прыкідваўся. Ён сапраўды сказаў гэта нядбала, як аб нечым не вартым асаблівай увагі.

Мы выйшлі і, адышоўшыся крыху, селі ў бур’яне, як пабітыя сабакі.

— Расказвай,— сказаў я Лізцы.

— Я не дужа ведаю,— тоненька і вінавата сказала яна.— Ён аднекуль уцёк, прабраўся праз фронт. Прыстаў да партызанаў... А пасля рэйд быў. I ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што мядалі — ён не расказвае...

— Пэўна ж было за што, калі далі,— сказаў я.

— А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям’ю немцы пабілі.

У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і — яшчэ больш — на самога сябе.

— Т-так, Навуме,— сказаў я.

Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. I таму я, не ў змозе стрымацца, сказаў:

— Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску «Фінеес»? Гэта азначае «медны рот». Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы ні з поля, дурань маляваны.


VI

Мы сядзелі ў сакрэце, Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. I вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд назнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, мяне ж у якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкады, а над намі нябачна для вока каціліся сузор’і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана.

Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. I вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку.

«Падвальныя» знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць.

— Расказалі б пра што-небудзь,— сказаў я.— Ну хаця б ты, Навуме.

— А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр...

Гэта была сапраўды звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе — паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго пазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю.

— Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. I акцыі, і як зямля варушылася. 3 таго часу ў мяне як вочы настроеньія на тое, калі каму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я — з першага позірку.

Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання.

— Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе... Ну, і купілі,— і цалкам нелагічна дадаў: — А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.

Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжвольна. Ён проста забыўся. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.

— Хальт маўль,— сказаў Карл.— А па-нашаму — «заторкніся».

— Ціха, хлопцы, ціха.

— Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі на Брэст-Літоўскай шашы, а пасля па бульвары? Дзесяткі тысяч.

Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.

— Хто тады на іх каштанамі і іншым кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі — не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А, думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець?

Навісла цяжкая паўза.

— Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? I нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць — не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі — не хачу. «Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец». А я — немец.

Мы маўчалі. Цыкады і конікі нібы раздзіралі, пілавалі ноч.

— Вы, вядома, ведаеце, што з намі было,— глуха сказаў Карл.— Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе — і тут мы да яго перакінемся. У нас радзіма была. Наша... Вязуць нас параходам...

— Чакай,— перабіў я.— Які параход? Не «Пугачоў»?

— Ён самы. А-а ты чаго?

— Так, нічога, кажы далей.

— А ўва мне злосць кіпіць. I вырашыў я: уцяку. Ну, зарэзалі быка, людзей карміць. То я сцягнуў бычыны пузыр, метрыку туды і яшчэ сёе-тое. I, выбраўшы час, калі мы толькі што нейкі мыс мінулі і сонца ў вочы свяціла, скочыў з борта проста ў Волгу.

Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на жываце перапоўз, партызанаў знайшоў. I тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў — нельга было.

Ён змоўк. I тады я знайшоў у цемры ягоны плячук і сціснуў:

— Дык вось, канец гэтай гісторыі я табе магу расказаць. Калі ты хочаш...

— Як расказаць? Адкуль...

— А я на гэтым самым «Пугачове» ехаў, плыў, калі з інтэрната на фронт уцёк і беспрытульнічаў. I ўсю гэтую сцэну не толькі чуў, але нават бачыў. Ляжаў на спардэку пад лаўкай, за брызентам. Ты хадзіў у кароткіх сініх портках? I сарочка зялёная?

— Точна, халера на цябе!

— Ну вось. То я і «трывогу» чуў. I як цябе «шукалі», бачыў. Не дужа стараліся.

— Агонь згас,— сказаў Фінеес.— Даўно ўжо.

...Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася іржавае крактанне рыны.

— Ну як? — Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў у яго на шыі.

— Знялі пост. Дзве гадзіны таму.

— Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.

Узяўшы з-за памыйніцы рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца «дыверсіі», ломячы сухі бур’ян, шастаючы бур’яном жывым.

...Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды, далей, можа, працавалі начамі.

Штопраўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі — хітрыя чэрці — так што ў трох метрах прайдзі — і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што «падвальныя» перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль тырчэў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.

Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёным шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае. Неацэнная рэч для сігналізацыі.

Пячора была досыць вялікая: метры тры на чатыры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол — скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з «макаронамі», нямецкім порахам.

— Угм,— сказаў Раланд.— Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж несумленная бойка — не кулакамі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.

На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз сметнікі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.

— План складалі, гады,— сказаў Карл.

На плакаце былі намаляваны мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.

«Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка — акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад’емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай».

Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне «суд народаў» прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.

— Бачылі? — спытаўся Ролік.

Бледны, як палатно, Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.

— Ну, гадаўё! Бач ты, што яны нам рыхтавалі.— Сутаргава зглынуў нешта.— Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю,— дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то... Але думаў: несур’ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур’ёз. Таму што... Гэта ж капо растуць...

— То што? — спытаўся Жэнька.— Развалім проста? Разбурым?

— Э, не,— падумаўшы, сказаў Ролік.— Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен. Або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл — за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілька, лезь наверх і прабі пару дзірак.

— Дзеля чаго?

— Дзеля цягі.

Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і блёкат бярвенні ад старога, чорт ведае колькі гадоў назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.

Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым, вішнёва-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).

— Каб гарэла зырчэй,— растлумачыў ён.

Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенняў.

— Патроны возьмем? — спытаўся Навум.

— Патроны самі знойдзем,— адказаў Ролік.

— Правільна,— сказаў праз зубы Карл,— яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзі гэткай, пэцкаць.

Мы клалі бярвенцы і на кожны новы пласт рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.

— Слухайце,— сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожнены,— тут яшчэ... дзесяць, пятнаццаць... двацаць чатыры ракеты!

— Валачы іх сюды,— сказаў Ролік.

Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і пален і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.

Пасля апусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламаўшы цыліндрыкі, буры тэрміт.

— Падпальваць, ці што? — спытаўся Навум.

— Э, не,— сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнуру,— без бікфорда — гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур’ёзных людзей.

— Ну а калі яны тут пасля ачысцяць? — спытаўся я.

— Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I, потым, невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.

Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і падпаліў. Некаторы час здавалася, што агонь згас, але потым з другога канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.

— Парадак. Прыдатны.

Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец на двор, і Ролік запаліў запалку.

— Ну, памагай бог.

Мы адышліся ў цёмны кут паміж трыма «шанхаямі», узлезлі на дах пуні і сталі чакаць.

Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў, белы нават у цемры, дым.

— Пайшло,— з задавальненнем сказаў Ролік,— зараз як пачне пластаць...

«Пластаць» сапраўды пачало. 3 бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.

— Нічога, хлопчыкі, нічога,— кідаў Ролік,— вось ім, вось!

Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. 3 аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з’явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек асмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і недаўменна глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей ўздымаліся над узгоркам.

Непадалёк ад нас адчынілася акно, другое.

— Што такое? — спытаўся старэчы голас.

— А чорт яго ведае,— адказаў бас.— Бандзюкі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?

— А ракеты?

— Ну, можа хуліганнё... Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі...

— Не кажыце. Развялося — хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з’явіліся нейкія «малаточкі», цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка... Ведаеце, пажылая?.. То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзявае на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці.

Яны засмяяліся.

— Чорт ведае, што гэта! — сказаў бас.— Падазроная нейкая гісторыя... А ўсё ж прыгожа, га?

— Прыгожа... У міліцыю заявіць трэба, а то і вышэй.

Цяпер страляніна была такая, нібы на ўзгорку віраваў заўзяты бой. Узляталі ўгору рознакаляровыя ракеты. Адна паляцела над зямлёю між двума кастрамі дроваў і, зігзагамі, адбіваючыся па чарзе то ад аднаго кастра, то ад другога, памчала ў бок дамоў. Людзі кінуліся ў бакі. Пасля ў зеніт пайшла адна ніць, другая: сярод патронаў былі трасірныя.

Мы ў захапленні заскакалі на нашым даху.

I тут нешта глуха вухнула — абвалілася столь пячоры. Відаць, падгарэлі слупы. А, можа, і сціснутыя парахавыя газы дапамаглі. 3 ямы, як з жарала вулкана, вырваўся слуп агню, узляцела ў розныя бакі яшчэ некалькі ракет, а страляніна стала ўтрапёнай.

Мы саскочылі і пайшлі да людзей. Цяпер можна было зрабіць выгляд, што мы таксама выйшлі пацікавіцца. А людзі стаялі і ўсё яшчэ нічога не разумелі.

— Ролік, хлопчыкі, вы? — пачулі мы шэпт.

— Нонка, Ліза?..

Прыемна ўсё ж несці цяжар гераізму і славы. Ва ўсякім разе, мы стрымана і мужна ўсміхаліся, калі Нонка трэсла нам рукі, а Ліза ўстала на дыбачкі і выцерла насоўкаю пляму сажы на Ролікавай шчацэ.

Кроках у дваццаці ад нас стаяў Гнат, і зарыва скакала ў яго па твары. Ён заўважыў нас — аблічча ягонае тарганулася: зразумеў. Узняў з зямлі кавалак цэглы і шпурнуў яго проста ў жарало, у агонь. Вочы ў яго былі белыя ад ярасці.

— Ну, трымайцеся!..

I плюнуў у наш бок.


VII

«I прыйшоў дзень бітвы. I сеча бысць зла...»

I яны і мы добра разумелі, што пасля знішчэння штаб-пячоры ніякай размовы аб міры ці нават аб узброеным нейтралітэце не можа быць. Вайна цяпер была толькі пытаннем часу. Узаемная нянавісць была такая, што ніхто, ніводны з бакоў не адмовіўся б ад помсты. Акрамя таго, справа ішла аб сферах уплыву, і мы, вядома, лічылі, што праўда і справядлівасць на нашым баку. Нам трэба было мець свабодны праход на яўбаз, на бульвар, на вуліцу Варашылава і плошчу Хмяльніцкага. Патрэбны быў «выхад да мора».

А ворагі былі гадамі. Яны гулялі ў расстрэл, штурхалі прыкладамі між лапатак безабаронных і слабых. I гэта яны рыхтавалі напад і ўжо загадзя пускалі слінку, думаючы аб бочцы і крапіве.

Акрамя таго, гэта была проба агнём, рэпетыцыя, манеўры, якія павінны былі паказаць, ці вартыя мы чагосьці, ці здатныя мы ўтварыць сапраўдны атрад, які здолее дзейнічаць.

Але, шчыра кажучы, мы такі чухалі сабе патыліцы, думаючы аб гэтым дні. Сілы былі катастрафічна няроўныя.

Нас, калі ўлічваць Нонку, было сем чалавек. Тых — дванаццаць. Хто гады, а хто і проста залежныя ад Гната ці «па-зямляцку», па-вулічнаму салідарныя з ім. I гэта толькі з адной Падвальнай. Мы і чакалі і пабойваліся гэтага дня.

...I вось гэты дзень настаў. Мы зразумелі гэта таму, што яшчэ з раніцы на вал узлезлі два хлопцы і пачалі адтуль гарлаць нам:

— Гэй вы, нізавое балота! Пачым жабяняты?

— Чакайце, дагаўкаецеся! — адказвалі мы.

— Як бы вам гаўкаць не давялося!

— Вы брэшаце — вы і гаўкаць будзеце!

— Паб’ём Раланда з ягонай бандай!

— А ў вас з вашым Гнатам нешта нечым напхата!

— Выходзьце вечарам у сем, калі смеласці хопіць! Мы вас біць будзем!

— Выйдзем, а нягож. Толькі глядзіце, як бы мы вас рылам не натыркалі!

Нагаварылі, словам, процьму, проста такі кучу «разумных» рэчаў. А нагаварыўшы, сталі думаць, як не абняславіцца.

Дом, на які абапіраліся нашы «тылы», той дом, у якім жыў Кульба, у плане быў падобны на літару П. Справа ад яго, калі стаць спіною да ніжняй часткі гэтага П, быў глухі мур шматпавярховага дома. Злева — брукаваны з’езд з вуліцы непасрэдна ў двор, а за ім — фасад яшчэ аднаго, пяціпавярховага дома. Злева і справа, такім чынам, нам не было чаго баяцца нападу. Нажаль, і тут былі свае слабыя месцы. Адно — брама, што вяла на з’езд. Другое — пад’езд у П-падобным доме. Ён вёў на другі, мікраскапічны дворык, з якога, зноў жа праз пад’езд, суседні з першым, таксама можна было выйсці на вуліцу. 3 першым пад’ездам было прасцей. Мы зачынілі чыгунную вітую браму, ведаючы, што ўсе ўспрымуць гэта як належнае: цюкнула ў галаву ўпраўдому, і ўсё.

Справу з другім пад’ездам уладкаваў Навум Фінеес. I ўладкаваў выпадкова: убачыў ля «Перукарні» грузавік і шафёра, які, відаць, рыхтаваўся крыху спачыць, скручваў ватоўку ў валік.

— I што вы, дзядзька, так і збіраецеся спаць тут?

— Ну. Далёка завідна не ад’едзеш. I ўначы ездзіць небяспечна. Прыкімару тут.

— Угм... I на цёмнай вуліцы нейкі іншы грузавік дасць пад хвост вашаму. Прыемнае вы сабе рыхтуеце абуджэнне...

— Ну, а ты куды параіў бы, шалапут?

— Заганіце унь у той пад’езд. Хадзем, я пакажу.

I паказаў. Шафёру ідэя нечакана спадабалася.

— Гэта ж вузкі пад’езд,— пераконваў Фінеес.— Ён на рамізнікаў разлічаны. Дом жа ж стары. То, калі вы ведаеце, ніхто нават дзверцы да вас не здолее адчыніць, каб вас украсці. I машына не наедзе.

I нічога.

Вадзіцель згадзіўся. Загнаў машыну ў пад’езд, нібы коркам бутэльку заторкнуў, і заваліўся дрыхнуць. Тады мы прыцягнулі некалькі скрынак і запхнулі іх пад грузавік. Тыл быў забяспечаны.

Мы не ведалі, чаму гэта Ролік знікаў гадзіны на дзве сярод белага дня, але мы бачылі: ён хвалюецца. I за сябе, і за нас.

Сонца ўжо схілілася нізка, і вокны дамоў гарэлі вадкім аранжавым ззяннем, калі на вяршыні грады з’явіўся вораг. Цэлы ланцуг лэйбусаў з галоўным прыдуркам на чале.

Наша кампанія грэбавала біцца іначай, чым «на кулачкі». I, акрамя ўсяго іншага, мы пагарджалі падвальнымі за тое, што яны заўсёды, нават зараз, ішлі ў бойку «ўзброенымі». Вось «карабіны» зручныя ў якасці доўбні, кіі, унь у аднаго лук, а ў другога прашча. Гэтак жа і галовы папрабіваць можна, вельмі проста.

I тут нас зноў здзівіў Ролік. Пайшоў перад нашым строем, раздаючы кожнаму па пяць скрутачкаў, з якіх тырчэлі канцы шнуркоў.

— Калі ўдасца тое, што надумалі, і іхні строй рассыплецца, па маім сігнале торгайце за шнурок і кідайце ім проста пад ногі.

— Гэта што? — спытаўся я.

— Гэта пад час тактычных заняткаў ужываюць. Называецца «выбухпакет».

— Дзе ўзяў?

— На яўбазе ў таго гандляра выменяў сёння. Гадзіну таргаваўся, гад.

— Што аддаў?

Раланд маўчаў.

— Няўжо «Цэйса» свайго?

— Не, хлопцы, бінокль нам спатрэбіцца. Ён у гарах — першы сябар,— і ўздыхнуў.— Шаблю аддаў.

Мы аслупянелі. Гэта быў скарб, якім ганарыліся ўсе мы, хаця належаў ён Раланду. Нямецкая парадная шабля. Танюткая, у чорных лакіраваных ножнах, тупая, лёгенькая, з «залатым» эфесам.

— Адолець трэба,— сказаў Ролік і ўспыхнуў.— Ды што вы нейкія, як на хаўтурах? Парадная яна. Цацка. У паходзе яна нам — ну ні да чаго. Тупая, адных жаб рэзаць. I, потым, вы ж бачылі — на эфесе круг, а ў крузе арол на свастыцы. На якога д’ябла нам іхні арол? Ды яшчэ на фашысцкім знаку?

Гэта сапраўды крыху мяняла справу. Ва ўсякім разе, мы зрабілі выгляд, што нам не шкада.

А ланцуг стаяў на ўзгорку і чакаў.

— Значыць так,— сказаў Ролік.— Б’ёмся амаль усур’ёз, бо іначай не павераць, не завабім. А пасля падамося назад. А пасля ўцякаць.

Мы глядзелі на тых, на градзе. Чатырнаццаць чалавек. Два на аднаго. Але горш было тое, што некаторых хлопцаў з Падвальнай не было. Замест іх былі ландскнехты і прадажныя ваякі з Пірагоўскай. Значыць, мы мелі рацыю: частка іхняга атрада была заслана нам у тыл.

А тыя, на градзе, пачалі нас лаяць.

— Гэй, вы! Калі здрэйфілі — бяжыце па хатах! А то здавайцеся! Тады адхвошчам крыху крапівой, дый канцы...

Мы маўчалі. Мы проста ішлі па схіле ўгору. Зрэдку даводзілася адскокваць ад каменя, пушчанага з прашчы. I гэта яшчэ больш распаляла нашу ярасць.

— Ідзіце-ідзіце! Мы вас адлупцуем! Узгрэем! Адвозім! Накладзем! Аддубасім! Гарачых усыплем!

Маўчанне ў адказ. Мы проста няспешна падымаліся на касагор. Тыя таксама чакалі, і праз хвіліну мы зразумелі, чаго. Загрукаталі за нашымі спінамі, у пад’ездзе, скрынкі, і тут жа мы пачулі ільвіны рык разбуджанага шафёра:

— А?! Гэта вы чаго тут, мазурыкі? Вось я вам! Ах, злодзеі! Ну, чакайце! Вушы зараз вам абарву! — I адразу за лаянкай,— гул матора, шафёр даваў задні ход, каб мець змогу вылезці і надзерці ім вушы.

Я ўсміхнуўся, уявіўшы, як яны драпанулі. Нічога, болей не палезуць. Не захочуць звязвацца з дарослым. Шафёр прыкрыў наш тыл. А пакуль яны аббягуць вялізны, на ўсю вулачку, квартал, каб далучыцца да гэтых,— шмат што можа адбыцца.

Гэта, відаць, зразумелі і тыя. Зразумелі, што чакаць цяпер няма чаго. I з дзікім гвалтам і лямантам павалілі на нас.

Праз пару імгненняў два ланцугі перайшлі ў рукапашную. Шчыра кажучы, у некалькі гэтых хвілін нам давялося кепска. Яны, праўда, ужо не кідалі каменняў, баючыся трапіць у сваіх, але кулакамі і кіямі дзейнічалі, як маглі. I шмат іх было, вельмі шмат, як на нас. Занадта.

Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганцкай каруселі мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчэла, кусалася і брыкала нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў з месца бойкі. Раланд схапіўся з Гнатам і двума ягонымі «целаахоўнікамі». Тыя саплі, хрыпелі і лаяліся, імкнучыся дарвацца. А гэты маўчаў, бярог дыханне і толькі з’едліва ўсміхаўся распухлымі вуснамі.

Мы пачалі задкаваць, а пасля пабеглі з узгорка. 3 дзікім крыкам, цюгаканнем, лямантам і згэлкам яны павалілі за намі наўздагон. 3 першабытным рыкам ляцела за намі лава, ламалася праз густы бур’ян. А мы беглі і там, дзе трэба, скакалі. I я ўбачыў, як Жэнька ўпаў, а Гнат, прабягаючы, пхнуў яго наском чаравіка ў рэбры, і Кульба адкаціўся.

I мы таксама адкаціліся. Да самай падэшвы ўзгорка. А пасля павярнуліся. Дзіўнае рабілася вышэй па схіле. Хто ляжаў, хто торгаўся, хто спрабаваў паўзці ўгору, а нешта трымала яго.

Дурні! Кінуліся гнаць, ляцелі, як на злом галавы, дарваліся, лічылі, што авалодалі становішчам, бязмозглыя. I ніхто нават не падумаў, што мы завабілі іх, як неразумных шчанюкоў, што мы яшчэ папярэдняй ноччу прыцягнулі з Батанічнага саду (там такой раскошы была куча, сапраўды куча, якую сабралі адусюль і не паспелі вывезці) некалькі доўгіх кавалкаў супрацьпяхотнай спіралі з калючага дроту.

— Назад, хлопцы! — крыкнуў Дзмітрэнка.

Я таргануў за шнурок і кінуў выбухпакет проста пад ногі аднаму «заблытанаму». Успышка агню і досыць гучны ўдар. Вораг таргануўся, упаў і закрыў галаву рукамі. А пасля па ўсім схіле забухала і зараўло, і пачалі ўсплёсквацца ўспышкі агню.

Тыя, хто не заблытаўся, пабеглі, канчаткова дэмаралізаваныя тым, што адбывалася вакол. Але тут пагналіся ўжо за імі мы. Досыць з нас было смешак, досыць іхняй подлай жорсткасці. Віно, як кажуць, стукнула нам у галовы. Мы даганялі, валілі і таўклі; звераняты, выгадаваныя суслам вайны.

Зараз мне сорамна ўспомніць пра гэта. I адначасова нічым я так не ганаруся. Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл.

Я ўбачыў, як Жэнька, дагэтуль непрыкметны ў пустазеллі, устаў насустрач тым, хто уцякаў, і кінуў успышку агню і пярун пад ногі таму, хто бег першы. Гнат кульнуўся і ўпаў. Іншыя замітусіліся. Я кінуўся на ляжачага, насеў на яго і, грэшны, у першы і апошні раз сунуў некалькі разоў яму ў грудзі.

Расправа была толькі над адным. Тут жа, на полі пабоішча. Гнату грунтоўна ўсыпалі крапівой, і «палонныя» павінны былі глядзець на гэта.

Дзмітрэнка лічыў:

— Гэта табе, бандзюга, за вашы злачынствы. Гэта за планы з бочкай і крапівой — пакаштуй сам... Гэта за забарону хадзіць вуліцамі... Гэта за тое, што ляжачага ў рэбры біў...

— Ды я назнарок упаў. Каб ім пасля шлях адрэзаць. I адкаціўся, так што ён мяне не дужа і зачапіў.

— Ну а каб ты не такі спрытны быў? То зачапіў бы і дужа! Ты змоўч, Яўген. Дайце яму яшчэ і за Жэнькаў спрыт.

Падначаленыя глядзелі на ганьбу атамана з нейкім нават зларадным задавальненнем, з іранічнымі ўсмешкамі. Відаць, і ім ён абрыдзеў, як гнілая рыба, ды толькі да гэтай хвіліны яны яго пабойваліся. Ёсць такія гадаўцы, што (хай сабе і на маленькім лапічку, на вуліцы, на дварэ, у квартале) кулаком, нацкоўваннем хлопцаў адзін на аднаго, плёткамі, подласцю ўстанаўліваюць самы невыносны і тупы тэрор, ператвараюць жыццё равеснікаў у пекла.

— А гэта табе за гульню ў расстрэл. А вось гэта — за тое, што слабенькіх, што дзяўчат між лапатак доўбняй б’еш. Ну, мабыць, пакуль што досыць,— і звярнуўся да разгромленай арміі.— То што, мала вам гэтага? Дабавіць яшчэ ці будзеце разумныя? Вось, на атамана зірніце. I калі хочаце, каб вамі і далей камандаваў і ў паняверцы трымаў чалавек з лупцаваным азадкам,— давайце. Толькі тады пра гэта ўсе навакольныя вуліцы даведаюцца. Аж да Храшчаціка.— I, памаўчаўшы, сказаў: — Ідзіце. Бай-бай. I каб ведалі: гэта проста рэпетыцыя. Каб помнілі. А забудзеце — тут ужо куды горай будзе.

Яны пайшлі. Гнат ішоў паперадзе ўсіх. Амаль бег.


VIII

Цяпер мы маглі хадзіць паўсюль нават паасобку. Хлопцы з тых вуліц — хай сабе ты ішоў бы і адзін, а іх было трое — пры сустрэчы рабілі выгляд, што не пазнаюць цябе, і праходзілі, ненатуральна жвава абмяркоўваючы нешта. I гэта было цудоўна: ісці куды хочаш і нічога не асцерагацца і ведаць, што ні за рогам, ні ў пад’ездзе, нідзе не чакае цябе ніякая засада. Лета свабоды ўрэшце сапраўды стала летам свабоды. Поўнай.

Ясна, што і мы не чапалі іх, нават калі яны ішлі нашымі завулкамі, нашым дваром. На наш гонар, трэба сказаць, што ніхто з нас і не падумаў скарыстацца з гэтага новага становішча.

Гнат тыдні праз два з’ехаў. Казалі, некуды ў Васількоў, да ўдовай цёткі. Ясна, няма чаго яму тут болей рабіць. Штопраўда, на яго месцы я так лёгка не здаўся б, пайшоў бы чорт ведае на што, нават на недазволенае, абы вярнуць сабе хаця крыху павагі.

Мы толькі плячыма паціcнулі. Што ж, хай цяпер, калі здолее дабіцца, мучыць іншых і панявярае чужымі — тут мы нічога не маглі зрабіць. Толькі спадзяваліся ад усяго сэрца, што свет паўсюль не без добрых людзей, што і там знойдуцца вартыя, добрыя хлопцы.

I тут перад самымі нашымі ўцёкамі, калі мы, урэшце, расслабіліся і зірнулі вакол і ўбачылі, якая прыгажосць у сумных ціхіх дворыках і ва ўвяданні каштанаў і ў зорных, ужо амаль па-асенняму зорных начах над Дняпром, звалілася на нашу кампанію новая бяда, новае злачынства, новая напасць.

Напасцю той была «дружба». Не тая, вядома, «дружба», якая вязала, скажам, мяне з Ролікам ці з Карлам, а «дружба» зусім у іншым сэнсе.

Не ведаю, ці так гэта зараз, але тады ва ўсіх падлеткаў існаваў на такі выпадак бязглузды моўны зварот. Замест таго, каб сказаць дзяўчыне: «Я кахаю цябе», «Я цябе люблю», «Я жыць без цябе не магу», мы бубнелі тупую, бязладную, пачварную фразу: «Давай з табою дружыць». Урэшце, гэта вяло да таго ж самага, але маё цяперашняе эстэтычнае пачуццё бунтуе пры адным успаміне аб гэтым сказе, які абражаў здаровы сэнс і самое пачуццё.

Дык вось, мы як быццам адурэлі, страцілі галовы, ачумелі з гэтай «дружбай». Быццам толькі зараз заўважылі, што дзяўчаткі — ну, хаця б тая ж Нонка,— гэта зусім не тое, што мы, і што даць ёй дыхту зусім не так лёгка, як, скажам, Карлу ці мне.

Гэта было не тое, што потым. Пасля мы, хто дажыў, шмат што зразумелі, а тады гэта было так, як быццам перад чалавекам, які дагэтуль бачыў толькі ноч, заднела, засвяцілася зусім яшчэ не вядомая яму, не зразумелая, але ад гэтага яшчэбольш прывабная заранка.

Божа мой, якія мы былі яшчэ дзеці, якія да святасці дурныя і якія бязглузда чыстыя!

Годам-двума пазней, напярэдадні той злашчаснай сутычкі з бандай Боўбута (памятаеце, я расказваў вам пра хлопца і яго вавёрку), лежачы без сну ў палатцы, выпадкова падслухаў ціхую начную размову двух хлопцаў з майго аддзялення. Мужных хлопцаў, добрых ваякаў, на рахунку якіх ужо было па некалькі заўзятых бандзюгаў:

— Дык ты што, так Агнешку кахаеш?

— Ага. Дужа. Толькі ўсё гэта дзіўна неяк.

— А як дзіўна? Ну вось што ты, напрыклад, адчуваеш, калі бачыш яе і на мосце з ёй сядзіш?

У нас у атрадзе тады існаваў у хлопцаў дзіўны звычай. Калі нам хацелася пагаварыць з дзяўчынай з вока на вока, мы ішлі гуляць па маршруце, канчатковай кропкай якога быў мост. Там дзяўчына сядала на парэнчы, а хлопец, абхапіўшы і нібы трымаючы яе, вёў размову пра што хочаш, абы не пра тое, дзеля чаго яны выбраліся на гэтую прагулянку. Гаварылі, злёгку пагойдваючыся, а ўнізе шумела, бегла вада, і ўрэшце пачынала здавацца, што пагойдваецца ўвесь мост, увесь сусвет разам з зорамі, што ты сам плывеш некуды, бязмежна заспакоены і бессаромна шчаслівы.

— Разумееш, мне яе заўсёды шкада. Хаця б як ёй добра ні было, а мне ўсё здаецца, што нехта яе крыўдзіць. I мне хочацца яе абараніць, супакоіць, суцешыць. Ты толькі не смейся, мне часам нават легчы з ёй хочацца, прыціснуць да сябе, шчыльна-шчыльна. I па галаве гладзіць. Каб ніколі не плакала. Толькі...

— Што?

— Толькі разумееш, адно мяне бянтэжыць і нібы хвалюе, і сорамна мне і няёмка. Перашкаджае мне, калі яе грудзі між ёй і мною. Няёмка, разумееш. Лепей бы не трэба гэтага. Ну як, на самай справе?

— Так, браце, гэта і сапраўды ўжо неяк без патрэбы.

Назаўтра абодва загінулі. I я, між іншым, дагэтуль больш за ўсё не магу дараваць усяму, усёй хлусні і подласці свету, што свядома сее варожасць, той ціхай начной размовы.

Але пра гэта я, магчыма, раскажу яшчэ неяк пасля.

Прыблізна такое ж адбывалася з намі і тады. I калі дагэтуль мы былі занятыя «вайной», то цяпер, з такой самай нястрымнасцю, як на скрут галавы, заняліся «каханнем».

Грэх і сорам прызнацца, але паклаў пачатак гэтаму вельмі пахвальнаму занятку я.

Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне «Арсенала». Яна ішла ад сваякоў, я проста брыў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак, закінуў яго за плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адно аднаго за рукі.

Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. I я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны,. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.

Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Даўно ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія, вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленькі. I — хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў — кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай паркалёвай сукенкай.

Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.

I кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. I калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. I калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды.

На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду — нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных, кашэчых зрэнак. 3 паркаў, якія цягнуліся справа, пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.

— Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў!..

Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых згібаў натапырыліся ад холаду. I страшэннае шкадаванне ахапіла мяне. (Як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!) Я зняў з сябе футболку.

— Чакай...

Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі крануўся да яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне — пачуццё найглыбокага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжэлі, горла перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: «Памры за яе!» — я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.

I, адначасова, баяўся. Страшэнна, несамавіта баяўся. Баяўся гэтай дзяўчынкі, баяўся поўнай сваёй нявопытнасці перад воблікам чагосьці амаль мне не вядомага, таго, што я толькі прадчуваў нейкімі глыбінямі душы, аб чым толькі цьмяна здагадваўся нечым такім, што ляжала нават глыбей падсвядомасці. Баяўся гэтага раптоўнага пачуцця, ад якога я паміраў на кожным кроку, і свайго няведання, што з ім рабіць, і неабходнасці рашыцца, скочыць у невядомае, як з разбуранага моста ў дняпровую плынь.

Я ведаў, што я не здолею сказаць пра гэта, і ведаў, што мне абавязкова, дазарэзу, трэба гэта сказаць. Іначай хоць і памерці.

I я баяўся.

I з таго часу я ніколі не ўсміхаюся, калі ўбачу каханне шаснаццацігадовых. Можа, нехта і не перажыў такога, але я перажыў, я ведаю, якое яно...

Верце мне, яно бывае стакрат больш моцнае і заўсёды куды больш безнадзейнае і горкае, чым у нас. Верце мне, дарослыя людзі.

Я баяўся і я адчуваў неабходнасць і наканаванасць так моцна, што ведаў: я скажу і памру. Абавязкова. Толькі яшчэ не цяпер. Толькі пачакаю крыху. Скажу вось ля гэтага слупа. Не, ля гэтага. Не, як толькі дойдзем вунь да таго...

Сцямнела. Запаліліся ліхтары. Светамаскіроўка ў Кіеве была даўно адменена, немцам было не да налётаў. Але ўсё адно рэдкія, вельмі рэдкія і слабыя лямпачкі над праезджай часткай вуліцы былі схаваныя ў самай глыбіні дужа вузкіх і доўгіх бляшаных леек і кідалі на брук толькі цьмяныя жаўтаватыя кругі.

Зняволенае святло.

— Зоры якія! — сказала Нонка.— Нібы ў вёсцы. У Кіеве да вайны столькі святла было, што зораў не відаць.

— Будзе яшчэ тое святло. Столькі святла, што зорак не ўбачыш. А паглядзець зоры будзем на вёску ездзіць. Станем там ля пералазу і глядзець будем. I ціха-ціха, анідзе ні страляніны, ні выбухаў. Толькі сабакі брэшуць.

— Ты добры парубак, Васілька,— нечакана глыбокім, грудным, не сваім нейкім голасам сказала яна.

I я заўважыў, як блішчаць у цемры яе вочы, яе любыя смяшлівыя вочы. I гэта быў першы ў маім жыцці выпадак, калі мне захацелася гэтыя вочы пацалаваць. Першы раз, калі мне ўвогуле захацелася пацалаваць дзявочыя вочы.

«Ля таго слупа... Не, вунь ля таго».

— Што ж ты маўчыш, Васілька, даражэнькі? — голас быў такі мяккі і глыбокі, што ў мяне нібы соладка абарвалася ўсё ўнутры.

I я рашыўся.

Цяпер я ўпэўнены: яна ўсё ведала, прадчувала, знала так цвёрда, нібы я ўсё гэта так, здавалася, надзейна схаванае ў душы, сказаў уголас. I з міжвольным, ужо зусім жаночым какецтвам нібы правакавала мяне, прымушала выказацца, адкрыцца, сказаць урэшце аб усім. Падштурхоўвала і маўчаннем, і гэтай загадкавай у змроку усмешкай, і гэтымі скоса-чаканымі і крыху спалоханымі позіркамі, вільготна-бліскучымі ў цемры. Дзяўчаты-равесніцы ў гэтым узросце куды больш разумныя, абазнаныя, сталыя і дарослыя, чым хлопцы. I калі я быў дурны шчанюк, то яна была ўжо дзяўчына, амаль падрыхтаваная да вялікай сваёй місіі на зямлі. I няхай нават я і не падабаўся ёй — усё адно ёй было прыемна лішні раз пачуць гэтыя словы, гэтае пацвярджэнне сваёй прыгажосці, сталасці, якая абудзілася, прывабнасці, годнага месца сярод дачок Евы на гэтым улонні зямным.

Мне здавалася, што зараз я скажу ёй самыя прыгожыя словы на свеце, словы, ад якіх плачуць, пасля якіх цалуюць і, пачуўшы якія, ніколі-ніколі не ідуць да іншага. Словы, якіх ніколі не чуў ні гэты цьмяны начны Дняпро, ні гэты старажытны, зачараваны ноччу горад, ні вечныя зоры над ім. Замест гэтага я, як гэта і належала сыну свайго чаеу, ляпнуў:

— Нонка, давай дружыць.

На большае ў мяне не хапіла ні таленту, ні розуму, ні красамоўства.

Відаць, і яна была расчараваная. Сярод нас лічылася, што я «адукаваны, начытаны і гаварыць умею». I — на табе. Яна паціснула плячыма. Ясна, каму ахвота бавіць час з гэткім ёлупам хвашчоўскім?

— А мы хіба што — не дружым? — з наіўнымі вачыма спыталася яна.— Мы дружым. Усе.

Я зразумеў, што ўсё скончана, што яна чакала ад мяне зусім іншых, незвычайных слоў. Але ўсё ж я безнадзейна паспрабаваў вярнуць незваротна страчанае. Толькі тут, ад адчаю, прарэзалася ў мяне слова:

— Я не пра тое, Нонка. Я пра тую дружбу, калі для мяне ёсць толькі ты. Пра тую, калі абараняць цябе хаця й да смерці, дзяліцца апошнім, заўсёды быці з табою. I на Дняпры, і на гэтых вуліцах ноччу, і ў доме, і ў дождж, і ў агні. Таму што я цябе кахаю, Нонка. I калі б’ешся, і калі ўбраная, і калі ў латанай сукенцы акно мыеш, і калі здзеклівае спяваеш. Усякую, паўсюль цябе люблю. Я дзеля цябе ўсё зраблю. Хочаш — чэмпіёнам стану ці адны пяцёркі хапаць буду? Або па поручнях мост перакідны ля «Дынама» прайду? Або навучуся і напішу такія вершы, што ўсе здзівяцца. Я табе слова гонару даю, што зраблю ўсё гэта! Таму што ты мне і сонца, і старарэчышчы на Труханавым, і таполі, і ўся Украіна, і ўся мая Беларусь. Таму што без цябе мне ні Дняпро, ні гэты найпрыгажэйшы горад, ні зоры — нічога гэтага не трэба.

Я гаварыў гэта глуха, бо нехта моцна і балюча сціскаў мне глотку — аж шчымела — і душыў. Я гаварыў гэта амаль шэптам і разумеў толькі адно. Спазніўся. Позна.

— Я не магу, Васілька. Так не магу. Толькі ты не пабівайся, толькі ты не мучайся, любенькі.

I гэта была задзірыстая, калючая Нонка? Не, гэта была дзяўчына ва ўсёй мяккасці і бязмернай ласкавасці першай сапраўднай сваёй вясны, чыстая, цёплая, добрая, з голасам, поўным музыкі, пакоры і шкадавання. Уся нібы са святла.

— Нехта яшчэ? — спытаўся я.— Што, Раланд? Карл?

Яна была добрая дзяўчына, ёй было відавочна шкада мяне, яна належала да таго самага гатунку людзей, што і я. Людзей, якім не так моцна баліць, калі іх адштурхнуць, і якім куды больш нясцерпна пакутна — адштурхнуць руку, працягнутую да цябе ў маленні аб тваёй любові.

Мне гэта заўсёды кроіла сэрца. Лепей ужо няхай заб’юць маё каханне, чым самому забіць чужое. Відаць, вось гэтак пакутавала і яна, але нічога, зусім нічога не магла з сабою зрабіць.

— Ах, божа мой! — праз падслуханыя, дарослыя інтанацыі прабіваўся сапраўдны боль.— Ды хіба я ведаю? Хіба я нешта ведаю?

Мы падышлі да дома. Ля свайго пад’езда яна здзівіла мяне. Стала на дыбачкі, абхапіла далонямі маю галаву, нахіліла яе і тройчы пацалавала мяне ў вусны. Няўмела, горача, з раскаяннем.

— Васілька, любы! Ты толькі не пакутуй. Не варта. Я знаю, я дрэнная, нядобрая. Але я шкадую цябе, у мяне сэрца разрываецца... Даруй мне... Даруй мне, калі ласка.

I кінулася ў пад’езд. А я стаяў, як разбіты. Сэрца маё скавытала, як забыты ў зімнім начным пад’ездзе шчанюк. Сэрца маё плакала.

Я адчуваў, што ёй, мабыць, падабаюцца абодва. Я ведаў, што яна адмовіла мне, але што ёй зараз вельмі-вельмі кепска, што яна мучыцца праз гэта. Але ад таго мне не было лягчэй.

Так гэта ўсё і пачалося. I ледзь не скончылася развалам нашага сяброўства, развалам кампаніі і крахам нашага плана.

А можа, і лепей было б, каб гэты план пацярпеў крах?

Хілілася на восень. Ужо моцна хілілася. Жаўцелі каштаны. Холадна сінела вада ў Дняпры. Першае лісце злятала ў густа-сінія лужыны на асфальце, і галубы з вераб’ямі пілі з гэтых лужын блакіт. Начамі — ужо разы два — кветнікі, у якіх дагаралі настурцыі, бывалі нібы прысыпаныя бязважкай саляной пудрай, але ўзыходзіла сонца, пудра раставала, клумбы былі ўжо проста мокрыя, потым высыхалі. I цэлы дзень песціліся ў гарачым дзённым святле бэзавыя з жоўтай плешынкай астры і шыкоўныя вяргіні.

У адзін з такіх дзён я палез на гару флігеля, адвязаў ад бэлек дзве торбы, вылез з імі на дах і высыпаў на гарачае жалеза сухары і сушаную шаўковіцу. Іх трэба было праветрыць і падсушыць. I раптам пачуў унізе галасы.

— Вы яшчэ пабіцеся,— сказала Нонка.— Ну, што за глупства? Дарослыя бэйбусы, а, скажы ты, як ашалелі. Ну што я вам скажу? Каго з вас мне пакрыўдзіць, з іншымі пасварыць? Каго?

— А ты не ўнікай адказу, то ўсё будзе ў парадку,— сказаў Ролік.— Табе што, прыемна нас абодвух за нос вадзіць? Абодвух пры сабе трымаць?

— Ну-ну... Ну-у. Не думала я.

— А што ты ўвогуле думала? — спытаўся Карл.

— Я думала, што кіяўляне ўсе чыста — разумныя.

— Канчай,— сказаў Раланд.— Не даводзь ты нас, не выводзь з сябе. Зберажы сяброўства, не сей сваркі. Скажы, хто з нас табе лепшы друг — і справа з канцом. Не круці! Не гуляй намі! Скажы!

— Ані мне сніцца. I не падумаю. Я дурных размоў падтрымліваць не буду. I ты, Карл, харошы, добры хлопец. I ты мілы і смелы. I няма тут чаго...

Я падпоўз на край даху. Яны аддаляліся, і спрэчка, відаць, набірала сілы, бо галасы падымаліся ў тоне, а жэсты рабіліся ўсё больш рэзкія і размашыстыя.

Яны пачалі здымаць курткі. Пасля паглядзелі адзін на аднаго, амаль аднолькавым жэстам махнулі рукой і пайшлі ў розныя бакі.

— Ролік! Карл! — пачуў я адчайны голас.

У адказ маўчанне.

Я паціснуў плячыма і плюнуў. Ідыёты паршывыя! 3-за дзяўча так перасабачыцца. «Верная, скупая мужчынская дружба». Таксама мне яшчэ, Рамэа з Хацапетаўкі, Ленскія з Канатопа. Цьфу!

Пад нечымі крокамі заракатала бляха. Я ўзняў галаву. Ролік ішоў да мяне, і выраз ягонага аблічча быў збянтэжаны і прысаромлены. Не хацеў глядзець мне ў вочы.

— Так я і думаў, што ты тут,— хрыпата сказаў ён.— Бачыў? Чуў?

— Бачыў. Чуў. Дурынды.

— А чаго яна намі гуляе? I аднаго трымае і другога. Чаму не скажа?

— Абалдуі. Якога д’ябла ёй казаць? Ёй з абодвума весялей. I ілбамі вас сутыкнуць можна, пенцюхоў, і ў дурні пашыць, і ў фофаны паставіць...

— I Васямі зрабіць,— з’едліва сказаў Ролік.

— А чаго Васямі? Я сам — Вася. Але хаця я і Вася, а ўсё не такі дурны, як вашых бацькоў дзеці.

Ролік збянтэжана ўсміхнуўся:

— Я і сам не ведаю, чаго мяне тузанула. Глупства ўсё. I дзеўкі — лухта. I размовы з імі — крэцінства. I сяброўства гэта — дурасць... Вось... Абазваў яго фрыцам.

— Што ж, вельмі дасціпна. А ён цябе?

— А ён мяне тумаком, мякіннай галавою і чумацкай дурындай.

— М-так-к, пагаварылі. Абодва вы фофаны і фалалеі, медныя ілбы і петыя дурні, вось што. Як жа вы так уцякаць сабраліся? Пры гэткай моцнай дружбе?

— Цяпер аб уцёках і гутаркі быць не можа.

— То, можа, і лепей.

I тут Ролік ускочыў на калені. Ноздры ў яго дрыжэлі.

— Ты што? — схапіў мяне за грудкі і патрос.— Нашто ж тады мы?.. Нашто ж тады мы жылі?! Карл гэты хаця страляў, а мы? Што ж мы, горшыя за яго?

Ён на хвіліну змоўк, але потым зноў завёўся. 3 паўабароту.

— А помсціць? Помсціць хто будзе? За сябе яны расплоцяцца! А за нас расплоціцца хто? За тваіх братоў? За майго? За соль на ранах? За тое, што Кіеў недаядае і ўвесь вунь такі? За твае мясціны? За тое, што яны нам лепшыя гады знявечылі, нас знявечылі?!

Ролік цяжка соп. Потым неяк каламутна абвёў вачыма двор, як быццам бачыў праз муры і брандмаўэры мёртвае царства недалёкіх руінаў:

— Раз ужо так здарылася... Тады давай уцякаць удвух.

— Давай,— сказаў я.

— I, каб такога не паўтарылася ніколі — давай клятву адзін аднаму дамо.

Клятву, якую мы далі на знак таго, што ніхто ніколі нас не разлучыць, Раланд відавочна прыдумаў сам. Я зараз не памятаю яе слова ў слова, але ў ёй ішлося аб тым, што нас не развядзе нішто: ні бой, ні турма, ні чума, ні смерць, ні дзяўчаты. А калі нехта з нас забудзе, што мы больш чым браты,— той няхай стане як здраднік аж да таго часу, пакуль людзі ёсць на зямлі.

Смешныя напаўдзіцячыя словы з тых старых, з яцем, кніжак, дзе пад малюнкамі стаяць подпісы накшталт: «I ён убачыў, што разбойнікі ўвайшлі ў алтар закінутай царквы». Нам аднак яны не здаваліся смешнымі. Проста таму, што мы гаварылі іх са шчыраю верай.

...Мы ляглі на спіны. Плылі над намі ў сінім сляпучым небе снежныя аблокі, тоўстыя, поўныя, як налітыя малаком. Вось-вось лопнуць.

I праз некалькі хвілін нам здалося, што мы плывем недзе пад імі, паміж небам і зямлёй, якраз там, дзе лунаў на нерухомых крылах шуляк.

— Вось мы іх дапаможам узгрэць, аддубасім, каб яны і праўнукам заказалі, а пасля вернемся. Сумленне ў нас тады ўжо да самага канца будзе спакойнае. I мы гэты спакой страшэнна будзем берагчы. Ані разу ў жыцці не збрэшам.

— I другім не дамо,— сказаў я.

— А ўжо ж. Несправядлівасці ніводнай не пацерпім. Каб гэта каму было цяжка, каб нехта заплакаў ці, крый божа, з моста галавой кінуўся,— гэта ані. Толькі, як мы, па сваёй ахвоце. Друз гэты расцягнем. Гарадоў такіх набудуем — усе дзівіцца будуць.

— I ў кожнага чалавека тысячы кніг.

— Ага. А каб у каго ў жываце бурчэла — не. Усе будуць чыстыя, добра апранутыя. У кожнага свой пакой, каб іншыя да яго не лезлі, як не захоча. Хочаш — чытай, хочаш — сталярнічай ці караблі выразай. I ніякі задавака, ніякі нудзяр да цябе не палезе, каб табе з вышыні загадваць: «рабі тое, не рабі гэта». I на кожным кроку: хочаш — сасіскі з хлебам, хочаш — каўбаса. А мы ідзём і толькі: «сёння мне гэтага не хочацца, давай лепей вады возьмем з сіропам і піражкоў з павідлам».

— Ну. I людзі ўсе прыгожыя, моцныя. Бо няма чаго ім баяцца. Ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін, ні свалаты. Ніводнай сволачы на свеце — гэта ж здорава, Ролік, га?!

— Так, здорава, што аж не верыцца,— Ролік часам злоўжываў іроніяй, як многія ўкраінцы.— Але ж будзе. Нашто ж тады столькі крывішчы пралілося?.. I як цудоўна мы зажывем! Дзяўчаты якія з намі дружыць будуць!

Схаваў сплеценыя пальцы рук між каленяў.

— Як добра мы будзем жыць! I жыццё будзе якое цудоўнае! Якое жыццё!


ІХ

3 часу той размовы на даху мы нават не глядзелі на Нонку. Помсцілі пагардай. Ведаю, што гэта было непрыгожа, было нават проста жорстка, але што нам заставалася рабіць? Сама вінаватая. Не вадзі людзей за нос.

Затое высунулася на першы план наша «бедная Ліза». Наша ранейшая папялушка. Невялікага расточку — відаць, ад сістэматычнага трохгадовага недаядання,— страшэнна худзенькая. Але кожнаму, хто глядзеў на яе мяккія, крыху павольныя рухі, на зусім не ўласцівую падлеткам грацыю хады, на залацістыя валасы і глыбокія, сінія вочы — кожнаму рабілася неяк лягчэй на сэрцы, што вось ёсць жа на свеце гэткія рахманасць і добрасардэчнасць.

Спагадлівая яна была да святасці, наіўная і легкаверная да таго, што не карысталіся гэтым толькі дурні ды сумленныя. I яна нібы зусім не звяртала ўвагі, калі даводзілася кепска ёй, але не магла без глыбокай крыўды, агіды, часам нават гневу глядзець на тое, як мучаць несправядлівасцю і жорсткасцю іншых. Усё адно, хто б гэты іншы ні быў: чалавек або верабей.

— Падзвіжніца расце,— сказала аднойчы пра яе мая цётка,— на ўсё жыццё выйгрыш для нейкага шчаслівага чалавека. Ды толькі няшчасны лёс у яе будзе. Ужо зараз яго рыхтуе. Вам жа зусім іншыя патрэбны. Каб пасадзіць на прыпечак і ў спіну цалаваць.

Аднойчы мы ўбачылі, як вялікі падлетак трымае на вяровачцы звязанага за заднія лапы крата. Ён нібы «адпускаў» звярка — і той за лічаныя імгненні зарываўся ў зямлю,— а пасля выцягваў яго за вяровачку.

I зноў адпускаў і выцягваў. I зноў.

Я глянуў на Лізку і ўбачыў, што ў яе гаротна дрыжаць бровы. Дагэтуль я, хаця мне і было брыдка, не збіраўся ўмешвацца. Падумаеш, крот! Тут людзей колькі пабілі, павесілі. Але ў такія хвіліны нельга было глядзець на малое дзяўчо без пачуцця самага вострага жалю.

— Кінь крата.

— А табе якая сабачая справа? — хлопец быў вялікі і дужы, але ён нічога не ведаў пра мой вопыт, здабыты ў партызанцы і беспрытульніцтве.— Ты валі адсюль, рыжы...

Я быў «бялявы з залацінкай», а зусім не рыжы, і таму развярнуўся і жахнуў яму так, што ён знік, толькі пяты тырчэлі з-за бервяна.

Лізка паспела перахапіць шпагат і ўзяла звярка ў руку, пачала вызваляць яму заднія лапкі. А я ж ведаў, як яна панічна баіцца ўсіх цёмных, незразумелых істот: прусакоў, кажаноў, мядзведак, тых жа кратоў.

Яна дрыжэла ад агіды і ўсё ж разблытвала.

— Бо ён жа не здолее развязаць і здохне там... пад зямлёй...

Урэшце яна пусціла чорны камячок, і той, паляжаўшы хвіліну і, урэшце, паверыўшы, бліскавічна закапаўся ў зямлю.

— Ну што? — сказаў я хлопцу,— Досыць ці яшчэ хочаш?

— Кінь яго,— раптам сказала Лізка.— Дурань ён проста. Ну, вось бачыш, не пусціў ты яго, калі па-чалавечы прасілі — ну і схапіў па пысе. Няхораша ты рабіў таму што. Як фашыст. Яны ў Палессі ўсю сям’ю маёй цёткі дротам тоўстым прывязалі да прызбы, а хату падпалілі. За партызанаў. А дроту дзесяць метраў. I хата ўсё мацней гарыць...

Хлопец нічога не сказаў, нават не варухнуўся, калі мы пайшлі прэч. Глядзеў у зямлю.

...I вось цяпер мы ўсе хадзілі з Лізкай, нібы наперабой выкупляючы нашу ранейшую няўважлівасць. I весялілі яе, і жартавалі, і здатныя былі каму хочаш выбіць за яе зубы. Аб іншых метадах заляцання да дзяўчат мы мелі паняцце самае павярхоўнае.

Я, шчыра кажучы, здзіўляўся, чаму ніхто не закахаецца ў яе. Я асабіста абавязкова закахаўся б, калі б не Нонка.

I малая наша цвіла. Нібы з шэрай кукалкі вылез і пачаў пакрысе распраўляць сцятыя яшчэ крыльцы вясёлы вясёлкавы матыль. Яна пачала нават смяяцца, неяк яшчэ няўпэўнена, і шчокі яе пры гэтым злёгку ружавелі, і мы ўбачылі, якія ў яе прыгожыя белыя зубкі. Толькі ўсмешка яе збольшага ўсё яшчэ была вінаватая. Ёй было дужа мала трэба. У адказ на такую звычайную штодзённую рэч, як добрыя адносіны, яна плаціла такой шчырай адданасцю ўсім, што нам было няёмка. I асабліва не сыходзіла з яе языка імя Раланда.

— Ролік сказаў... Ролік зрабіў... А Ролік думае пра гэта так...

Нам добра было хадзіць з ёю, сядзець на камянях і боўтаць нагамі ў дняпровай вадзе, лавіць рыбу і, загарнуўшы яе ў некалькі столак газеты, пячы, закапаўшы ў жар. Верхнія лісткі газеты згаралі, а да ніжніх не даходзіла ні паветра, ні агонь. I мы раскручвалі празрыстую ад тлушчу паперу і елі рыбу гарачай, густа яе пасаліўшы. Падпечаную, чырвоную, храбусткую. I, вядома, лепшыя кавалкі аддавалі Лізе. Мы ўсе былі худыя і жылаватыя, як харты, хоць ты хрыбетнік праз жывот абмацвай, але яна была худзейшая за ўсіх ды яшчэ і слабенькая. Ей трэба было куды болей есці.

Малады голад вечна пакусваў нас вострымі зубамі, часам грыз. Ежы патрабавалі, каб будаваць саміх сябе, мускулы, нервы, мозг, тое, што мы — будучыя мужчыны. I таму мы часта елі ўсялякую дрэнь: лопух, гарчычкі, сцябліны травы — маркоўніку. I нічога з намі па гэтай прычыне не здарылася.

Божа мой, каб мне зараз такі ваўчыны голад! Гэта было б шчасце.

...У адзін з дужа празрыстых, крыштальных дзён позняга лета — ці можа ранняй восені? — мы і займаліся тым, што смажылі прынесеную рыбу ў заглухлым садзе ля закінутага велатрэку. Збуцвелыя лавы і сухія галіны былі добрым палівам; галіны дрэў заглядалі ў доўгае блюда з асфальтавымі краямі і дном, што парасло пустазеллем і хмызамі, заглядалі і зрэдку ранялі ў яго першыя жоўтыя лісты. Асфальт увесь пайшоў расколінамі, праз якія выбіваліся таполевыя віцы, і шышкамі, пад якімі да часу хаваліся шампіньёны; там-сям шышка ішла трэшчынамі, развальвалася, і грыб вылазіў на святло. Паўсюль было звяданне і запусценне, і паўсюль, аднак, буяла і лезла на свабоду прыгнечанае, але бязмерна моцнае, упартае жыццё.

— Калі ўцякаць, то зараз,— раптам сказаў Ролік.— Пасля будзе позна. Восень, не сёння-заўтра халады.

— Рацыя,— падхапіў Навум.— А то мы гэтых гадаў так і не дагонім.

— Чаго чакаць? — сказаў разважлівы Багдан.— Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. I, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні газда ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.

— Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць? — гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы.— Заўтра Ролік вось у «слупы» па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра — ф’юць...

— Мы яе за адзін раз, можа, і не знойдзем многа. Ну ясна, мой патаемнік. Але там мала. Давядзецца шукаць яшчэ.— Ролік задумаўся на хвіліну і рашуча ляснуў сябе па каленях.— А, чорты б з імі! Вырашана. Паслязаўтра ці, крайні тэрмін, праз два дні.

I тут мы здзівіліся. Таму што на купе бітай цэглы з’явілася, як чорт з табакеркі, Нонка, якая цягнула за руку Карла:

— Прывітаннечка, змоўнічкі! Бач, сядзяць, нібы кашы аб’еліся. Пышныя гэткія! А пра сяброў, значыцца, забыліся? Кінуць вырашылі?

Я ўбачыў, як у Роліка на імгненне з’явіўся ў вачах бляск. Пасля ён адвярнуў галаву:

— Вы чаго тут?

— Кінь,— умольна сказала Ліза.— Яны ж таксама шмат зрабілі. Не крыўдзі іх.

— «Рыбка залатая над падводным гаем»,— пацягнула паветра носам Нонка.— Сядзяць, як нейкія ідалы турэцкія. Нума, Карло, лізь та даставай.

I сама выхапіла ў яго з запазухі бутэльку.

— Гэта чаго? — варожа і непаразумёна спытаўся Раланд.

— Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам... Думала, перад дарогай, на шчасце... Вы ўсё ж хаця і шкодныя і злосныя і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся... будучымі. Што ж, давайце так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і... вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я — сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.

Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спіною да камля дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.

— Гэта яшчэ чаго? — Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.

— Мір,— проста сказаў Карл.— Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні... Бо яна...

— Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы. Проста... як варэныкі. Глядзець люба, асабліва на Карла з Раландам. Усё дабіваліся: скажы ды скажы. I прыгожа так гаварылі: «3 кім дружыць хочаш?..» А я, калі хочаце ведаць, ні з кім з вас дружыць не хачу. Я з іншым дружыць хачу.

Усе сядзелі ашаломленыя.

— Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падавайце рукі адзін другому.

У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер — ад радасці.

— Раландзік, даражэнькі, ты ж добры! Кінь злавацца... Карлуша, ты ж такі — ну самы найлепшы! Ну, няма ж прычыны... Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі...— вочы яе ўмольвалі.

— Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы,— буркнуў Багдан.

Лізка кінулася Роліку на шыю. I тут я ўбачыў, што Фінеес частачаста заміргаў.

— Мірыцеся, басякі,— сказаў ён дзіўным — такога я не чуў ад яго,— глухім голасам.— Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? — I бухнуў: — Падайце рукі. Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.

Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.

— Ну, рукі. Усе — рукі,— сказаў я.

Рукі нашы сустрэліся.

— Ну вось,— сказала Нонка.— I каб ніколі не сварыцца.

Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скрутачкі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.

Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.

— Ешце,— сказаў Дзмітрэнка.— Карл. Нонка.

— Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.

— А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды.— I вызверыўся.— Еш, басурманская ты морда!

Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па коле. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрымі да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. I ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.

Будзь благаславёны, добры хмель!

— Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце... з кім я дружыць хачу? — здаўленым нейкім голасам спыталася Нонка. I раптам развесялілася: — Ну, хто ён, той?.. Які?..

— Хто?— з поўным ротам спытаў Багдан.

— Ды вы яго добра ведаеце! Ён мяне кахае...

— Дык хто? — толькі з ветлівасці, з холадам у душы спытаўся я.

— Хто?! — мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй... I калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач? — Ды ты. Ты, дурнік мой гаротны, небарака мой. Ты.

Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова. Першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца... Калі я падняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачыма. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і нечакана вельмі сур’ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.

— Гэх ты, баба! — сказаў Багдан.

За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі — я паверыў бы. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды:

— Ён мне сказаў пра гэта,— рука яе лягла на маю.— I, дурнік такі, не зразумеў, што я ж яму адказала, што я радуюся. Не магла ж я так проста адказаць: «Добра...» Ну, я і маўчала, думала, і вось... Таму і вам не хацела нічога казаць. Усё думала, ён абдумаецца, яшчэ раз скажа. А ён, дурны, маўчыць, паверыў. Такі дурны. Сам разумны, а галава дурна-ая.

Карл і Раланд пераглянуліся. Пасля Карл зарагатаў. Ролік глядзеў на яго збянтэжана, нібы не верачы, і раптам далучыўся да сябра:

— Ну, гер Канецкі! — ён рагатаў да слёз.— Ну й доўбні.

— Ну, давай лапу, ці што... Ухажор... Аўтух з Чокалаўкі.

— Дый ты...

Але я не думаю, каб у гэтым нястрымным смеху не было ноткі горычы і прыкрасці і лёгкай пагарды да сябе.

А яе рука бязвольна ляжала ў маёй, як нежывая, і позірк быў па-ранейшаму не тое што халаднаваты, а адсутны, і толькі калі яна пераводзіла яго на Карла ці на Раланда — ледзь бачна ўздрыгвалі веі. Але гэтага ніхто не мог бачыць, акрамя мяне. Яны не мелі майго зроку, абвостранага несамавітай любоўю і нясцерпным болем.

Я нібы адразу пасталеў, нібы ў адну хвіліну стаў дарослы. I я зразумеў усё, да самага дна, у гэтай дзяўчыне. Я зразумеў: адным ударам яна памірыла ворагаў, аднавіла кампанію і сваё месца ў ёй, месца нашай атаманшы і каралевы, уваскрэсіла план, якім мы жылі, ды яшчэ адначасна, за адным разам, ашчаслівіла мяне, здаровага боўдзілу, даўгалыгага дылду. Яно ўмела разлічваць, гэтае дзяўчо, і яно выбрала аптымальны варыянт, пакінуўшы дрэннае толькі адной сабе.

I хаця я ўсё гэта зразумеў і пагарджаў сабою і ёй — я ў глыбіні душы сапраўды быў шчаслівы і нават заспакоены.

...Абмеркавалі план заўтрашняга паходу. I таму, што ўрэшце рашыліся, неяк пуставата і трывожна было на душы. Нібы смактала нешта. Збіраліся ўжо і разыходзіцца, але тут здарылася прыкрая, брыдкая гісторыя, якая канчаткова сапсавала гэтую нашу апошнюю «мірную» бяседу.

Вогнішча дагарала ў сутонні. Цягнуўся над закінутым, нікому не патрэбным велатрэкам шызы дым. Вечарніца загарэлася, пачала пералівацца над епаленым кутнім домам.

— Старажытныя лічылі, што гэта не адна зорка, а дзве,— сказаў, як заўсёды, не да месца, інтэлігентны Жэнька.— Тая, што раніцой — гэта Венера, ранішняя зорка, а гэта, вось там,— гэта Веспер.

— Ой,— сказаў Раланд,— адкасніся ты, Яўген, са сваім Весперам. Тут іншае мучыць.

Цёмныя вочы ягоныя ад шырокіх зрэнак яшчэ больш пацямнелі. Хмурыя, нейкія пакутліва-нядобрыя і... вінаватыя.

— Вельмі я вам непрыемную рэч сказаць хачу. Прабачце хлопцы, але сказаць лепей зараз. I ты прабач, Ліза, даражэнькая.

— Што такое? — з яе аблічча збегла чырвань.

Ролік, хаваючы вочы, сказаў. Не ёй, а нам:

— Лізу не трэба браць, хлопцы. Нельга.

— Гэ-та ча-му? — спыталася яна, яшчэ не верачы.

— Думаеш, мне прыемна? Дорага я даў бы, каб не казаць гэтага.

Ён падсеў да яе і абняў за плечы.

— Ты сама падумай, сама зразумей, і тады ты сама скажаш, што я маю рацыю. Ты слабенькая, ты не вытрымаеш. Згаладнела за ўсе гэтыя гады. Вунь да Пячэрска з намі дайсці — і то табе цяжка даецца. А там жа горы, пераходы часам і не па сцежцы, са зброяй. Ну добра, мы тваю панясём. А раптам нехта пакоціцца і табе трэба будзе руку падаць? Ты ж не ўтрымаеш? Пасля замучыш сябе да смерці.

— У-утрымаю,— раптам зноў, па-ранейшаму, ціха, заплакала яна.

— Ну-ну, не плач,— грубавата сказаў Багдан.

— Не, не, скажыце, што вы пажартавалі...

Яна нібыта яшчэ не да канца разумела ўсю глыбіню свайго чорнага няшчасця, сваёй адрынутасці. Сядзела ля Раланда і заглядала ў вочы:

— Я з вамі хачу. 3 табой. Чаму? Ролік, чаму-у?!

— Дурнічка,— сказаў ён.— Мы ж цябе шкадуем.

— Я не хачу, каб шка-да..,— хліпала яна.— Я з табой. Цябе там забіць могуць, а я... Хлопцы, чым жа я вінаватая?

— Раланд,— сказаў раптам Жэнька, і я ўпершыню ўбачыў, што ягоны прыгожы, проста хоць у кіно, твар можа быць цвёрдым і злым.— Гэта жорстка. Што ты робіш? Ды мы, у выпадку чаго, можам яе і пакідаць у лагеры, які там сабе зробім. Хай гаспадыняй будзе, га?.. Раланд, га, Раланд?

— Яна пасля сама зразумее,— сказаў Дзмітрэнка.

I тут Лізка мяне здзівіла. Я глянуў на яе і ўбачыў, што яна не плача, што вочы адчужаныя і суровыя, а ля краёчка гожага маленькага рота — цвёрдая горкая складка, як у дарослай. I загаварыла яна пасля, як дарослая:

— Ясна. Жыццё пад германамі не шкадавала. Вайна — не шкадавала. Можа, горш за ўсіх вас мне давялося. I я ж яшчэ ў гэтым вінаватая, што мяне адпіхаеце,— пальцы яе камячылі ражкі хусткі.— Справядлівасць ваша... А я з вамі, з табой, Ролік, ішла б... Ты не думай, я слабая, а двухжыльная. Ну што ж, дзякуй і на тым, што жартавалі, гулялі, як з малым сабачкам. Тады ўжо, відаць, рыхтаваліся кінуць. Іначай чаго б так добра... да мяне...

Устала. I тут нечакана ўстаў і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.

— Ну, бывай, Ліз... Я... я асабіста цябе ўзяў бы. I аб тым, што можа быць, не думаў. Ды тут пачынаецца тое, што ён... камандзір.

— Ненавіджу яго,— з сухімі вачыма сказала малая.

— Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліза. Дальбог бы ўзяў. Бывай.

Узяў у далоні яе галаву. I пацалаваў. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты — дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзіць па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш,— а можа, таму, што зразумела ў ім нешта?

I так, плачучы, яна пайшла. I такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося чуць больш у маім жыцці.

...Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася полымя. Барва і чорныя цені заскакалі па ім, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.

— Ты з заўтрашняга дня наш камандзір? — спытаўся Навум.

— Ну,— Раланд глядзеў убок.

— Тады — свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?

— Не,— суха сказаў Дзмітрэнка.

— А я занадта добра бачу. I даўно. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. I яшчэ таму бачу...

— Ну, і яшчэ чаму?

— I яшчэ таму, што... Таму што... А-а,— Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся.— Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе. Яе! А я...

— Мае рацыю,— сказаў Карл.— Каб мы з гэтага дня не камрады — я б вам морду набіў.

Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.

Нончыны пальцы ляглі яа маё плячо. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага я даў бы, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.

— Быдла ты,— сказала Нонка.— Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілька. Хадзем адсюль, мілы.

«Як пашалелі яны ўсе,— падумаў я.— Проста масавае вар’яцтва нейкае».

Мы пайшлі ад агню ў ноч.


Х

— Як пашалелі яны ўсе,— уголас паўтарыў я.

— А мы не пашалелі? — сумна сказала Нонка.— Усе пашалелі, а я болей за ўсіх.

Мы ішлі па Уладзімірскай горцы. Падол спаў, увесь у рэдкіх, дужа рэдкіх агнях. Ноч дыхала цеплынёй. У ртутна-цьмяным люстры Дняпра адбіваліся буйныя зоры.

— Было аднойчы на Урале. Ішоў я да сваёй вёскі, дзе наш інтэрнат, з раскольніцкай вёскі Падавіха. Восем кіламетраў тайгою. Мароз — не ведаю, які мароз. Тэрмометр на сельсавеце ляснуў. Жалеза крохкім рабілася: грукнеш сякераю, то палену нічога, а лязо — напалам. Зор — у тысячу разоў болей, чым заўсёды. Ды рэзкія, ледзяныя, без літасці. Іду — шолах, нібы нехта гоніцца. Стану — і той стане. Пабягу — і той за мною бяжыць. I ўвесь час шоргат, шоргат, шастанне. А вакол — ну нічога не варухнецца. Тайга ў снягах замерла, нічога жывога, што магло б шаргатаць, толькі зоры рухаюцца, міргаюць. Ясна, што болей няма каму. Яны! Славутае паўночнае «голас зор», або «размова» ці «песня» зор. Гэта я пасля даведаўся, што той шум — дыханне, якое на ляту замярзае, і крышталікі лёду адны аб адны шоргаюць і звіняць. А тады страшна стала. Колькі іх! Якія калючыя! Які я маленькі, абшары якія страшныя там, дзе яны, зоры, ззяюць і гавораць! Вось памру, і такое ж ледзяное будзе давеку. I хто зведае, каму да гэтага справа будзе? Гэта я вось так упершыню зразумеў — менавіта зразумеў, што канец будзе. I развее, разнясе ў гэтым ледзяным пыле.

— А цяпер баішся іх?

— Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тым, аб чым тады думаў. I не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.

— Удваіх? — спыталася яна.

— Ну, так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань... Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было... можна мне цябе пацалаваць?

— Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюцца. Ты таксама можаш пра гэта не пытацца цяпер. Я ж сама ўсім сказала...

Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы.

...Гэты халаднаваты пацалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. I ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага наталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае «мая».

Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе — нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з болем, які смактаў мяне, жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажываць.

Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.

— Ты што?

— Нічога,— сказаў я.— Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступіць. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. I ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не муч сябе. Мяне — калі хочаш, а сябе — не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.

— Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мне валасы... вось... вось так. I калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.

Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. I я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон на яве.

А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым. Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою, і ад гэтага свету, ад гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.

I раптам заплакала. I гэта было немагчыма: Нонка — і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.

— Ды што? Што з табой? Мілая мая!.. Нонка мая...

Яна ўся абвісла ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.

— Суцеш мяне, Васілька! Кепска мне... Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне... Ты добры, харошы, лепшы за ўсіх, але што я магу, што я магу зрабіць з сабой?!

Я і сам адчуваў, што плачу. Рэдкімі, цяжкімі слязьмі. Як ніколі дагэтуль. I не за сябе, а за яе:

— А ты нічога і не рабі. Пасядзі вось так, са мной, і ідзі, куды хочаш, дзе табе добра будзе, мая ты неласкавая. Ідзі туды, дзе захочаш быць ласкавай,— а сам, ведаючы, што гэта апошні раз, усё гладзіў яе плечы і цалаваў мокры тварык.

— Не... Не... Позна ўжо... Ты што, не бачыў? Я слабых не дабіваю... Не...

Закалацілася яшчэ няўцешней.

— Ой, Васілька! Пра ўсіх я падумала, толькі пра цябе не падумала. Як гэта табе! Удар мяне, чуеш? Не падумала я, як гэта кепска будзе табе. А ты самлеў. Проста ўзяў, дый... Ой, даруй мне, даруй. Калі толькі можаш.

— Кінь, кінь ты.Што, каму, за што дараваць, дурненькая?

— Даруй!

Яна абхапіла мяне за шыю, пачала блытацца пальцамі ў чупрыне і сама, таксама зусім няўмела, стала цалаваць мяне ў вочы, нос, урэшце ў вусны.

— Ты не думай. Я цябе кахаць буду, я цябе не пакрыўджу, я ўсё гэта запомню. Дай мне толькі крышачку ачуняць. Дужа цябе буду любіць. Ужо нават і цяпер люблю. Даруй мне.

Рукі мае дрыжэлі ад болю, падзякі і пяшчоты. Уся яна калацілася ў гэтых маіх руках, нібы з кожным выбухам плачу з грудзей вырывалася не толькі дыханне, але і самое жыццё. А я гладзіў яе, і плач паступова заміраў, і я шаптаў і шаптаў, нібы ў дурмане:

— Дарагая мая... Любая мая... Мая добрая.


Ачнуўся я на плошчы Хмяльніцкага. Конны Багдан паказваў булавою на бязважкі сілуэт Сафіі, што ўзносіўся ў зоры. Было поўнае бязлюддзе начнога спустошанага горада.

Я памятаў, што адвёў Нонку дамоў і доўга яшчэ стаяў з ёю ў зарасцях бэзу перад пад’ездам. Але што было пасля — не памятаю. Нейкія завулкі, дрэвы паркаў, руіны і зноў паркі, начны, паміраючы ў вуліцах крок, і туман у вачах, і нейкія дзіўныя, лепшыя ў свеце вершы, якія я мармытаў і чытаў уголас, а цяпер начыста забыўся.

Усплывала толькі нешта недарэчнае, нешта зусім не тое.


Зоры, высокія зоры,

Сёння я быў з каханай!

Шчасце якое, зоры!


Акрамя гэтай нязграбніцы,— і далей! — не ўспаміналася нічога. Але ж гэта не было тым, што я чытаў, стоячы, як п’яны, на каленях, недзе пасярод нейкай зусім не вядомай, дзіўна іншай, нібы яе зачаравалі, плошчы.

Багдан узвышаўся нада мною. I я падумаў, што вось пакінуў жа ў Кіеве свой след на гэтай плошчы адзін беларус, скульптар, што зрабіў яго. А можа, пакінуў і я? Хаця б тымі вершамі, што я мармытаў і забыўся. Шмат год яны будуць лунаць завулкамі, нябачныя для вачэй іншых, будуць ціха гучаць у вушах закаханых нават у той нязмерна далёкі час, калі мяне, магчыма, не будзе. I яны, юнакі, будуць прыслухоўвацца да гэтых водгукаў, да водгулля далёкага шчасця, і думаць, што гэта ў іхніх душах. А гэта буду я і вершы, забытыя мной дзеля гэтых вуліц і завулкаў. Вечныя вандроўнікі кахання, што блукаюць уначы па гэтай зямлі.


XI

Ранішняе сонца ўстала ў халаднаватым малочным тумане і, нібыта ў расе, прарочачы ясны і цёплы, вечны дзень. Жоўта-вясёлкавае — ці можа гэта туман адліваў вясёлкай? — яно пералівалася, падымаючыся аднолькава над мёртвымі кварталамі і над кварталамі жывых.

Мы ўсе падышлі пад Жэнькаў балкон, гукнулі. Праз хвіліну над парэнчамі з’явіўся гожы торс у белай майцы і гожая ўскудлачаная галава.

— Ты што гэта, забыўся? — вызверыўся Багдан.— Стаіць сабе яшчэ голы... Запрацаваўся, пад носам мух лавіўшы.

— Ага,— сказаў кісла Жэнька,— маці порткі замкнула.

Выгляд у яго быў сарамлівы і злосны. I крыўдна яму было, відаць, што паставіліся, як да маленькага, і ярасць брала на сваю турму, і зайздрасць да нас, перад якімі такі цікавы дзень.

— У трусах,— сказаў Карл.

— Ага, а яна замкнула дзверы.

— То злазь па рыне,— нецярпліва кінуў Ролік.— Месяц жа назад спускаўся.

— Ага, бач, тры звяны выпалі. Апошні раз. Ледзь мне не па цемечку. Усю ж вайну не рапаравалі.

— А вяроўкі няма? — спыталася Нонка.

— Ага, матка бялізну на гары павесіла.

— Так, брат, становішча безвыходнае,— сказаў я.

— 3 чацвёртага без вяроўкі, сапраўды, не скочыш. Ну добра, сядзі. Калі скамандуюць «на выхад з рэчамі» — бяжы да нас. Ведаеш, дзе шукаць?

— Ведаю,— безнадзейна сказаў Жэнька.

Мы пайшлі.

...Шмат каму з тых, хто пачуе гэтую гісторыю цяпер, можа здацца дзіўным і наш план, і тое, што нікому з нас ніколі не прыйшла ў галаву адна акалічнасць. А менавіта тая, што задума наша дзіцячая, што мы не дабярэмся, можа, і да Жытоміра, а не тое, што да Львова ці да фронту, асабліва са зброяй, што нас пераловяць міліцыянеры куды раней, што, урэшце, хутчэй бандыты, якія ведаюць свае мясціны, зловяць і пераб’юць нас, чым мы іх.

Але на тое нам і было ў сярэднім па шаснаццаць гадоў. Мы не думалі ні аб чым гэтым. А наконт таго, каб дабрацца і не злапалі, то справа, як ні дзіўна, не здавалася нам безнадзейнай. Мы ведалі тысячы спосабаў праезду, якія ідэальна адпавядалі таму часу і той чыгунцы. Я, прыкладна, цэлы год калясіў па Урале, частцы Сібіры, Поўначы і Казахстану без білетаў і пропуску, і ні разу мяне не спаймалі. Праўда, яшчэ да гэтага быў вопыт двух уцёкаў, у якіх мяне злавілі. Ну і яшчэ тое, што я заўсёды трымаўся наводдаль ад усіх непаўналетніх вакзальных злодзеяў і іншага цёмнага элементу, ездзіў заўсёды толькі адзін. На іх бывалі аблавы, і яны пападаліся. Я — ніколі.

Так што даехаць можна было. Няма такога месца, куды не пралезе падлетак.

...Каштаны пачалі раняць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава — продкі называлі такую на ўсходні лад «буздыган»,— расколецца, і выгляне адтуль вільготны, карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.

Мы выйшлі з двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў. I яшчэ ўбачылі... Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда:

— Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі.

Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:

— Добра, ідзі.

Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя, толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і ўпрыгожвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносіць і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Адчуванне жыцця.

Мы ішлі на сонца.

Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада...

— Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым,— са шкадаваннем сказаў Ролік.— Аж кідаць горка.

...Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падаюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збіраць. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руінаў Успенскага сабора ўсё яшчэ цягне горкім — нібы астылым дымам і тленнем.

Аднавокі бандурыст у пінжаку і белай сарочцы з яркай жычкай сядзіць ля цагельнай жоўтай дарожкі, вышарпанай тысячамі ног. Сядзіць там, дзе яна збягае ўніз, хаваецца за арэхамі, і перабірае струны бандуры. Сіпаты мяккі голас:

Ой у стэпу на могилі,

На шнрокій Украïні

Лежить козак там убитий,

Китайкою він покритий.


Мы моўчкі стаялі вакол.


Ой за темними лісами

Лежить козак застреляний,

Лежить козак застреляний,

Ще й крівльою обілляний.

Нема кому потужити,

По козаку подзвонити.

Дзвонять кони підковками,

А козаки шабельками,

Чорный ворон крилоньками,

А матінка — слізоньками.


Над песняю кацілася ласкавае добрае сонца.


Встань, козаче, ти проснися:

На Вкраіну подивися,

Вже сідельця твоі згнили,

I стремени вже потліли,

Орли очі повиймали,

А татари шаблю взяли.


Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.


Візьми, мати, піску жменю,

Посій його на каменю:

Коли ж отой пісок зійде,

Тоді твій сын з війська прийде.


Мы і далей ішлі моўчкі. I толькі пасля Багдан раптам уздыхнуў:

— А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так.

— Кінь вярзці,— сказаў Ролік.— Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае. Яго й куля не бярэ.

I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі... ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так.


Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова,

Зостається кінь вороний, золотая зброя;

Зостається кінь вороний, зброя золотая,

Зостаютсься дітки малі, жінка молодая.


Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка,— голас Багданаў мякка ўладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.

Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба — я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае — усё пад скляпеннем блакітнага неба, але гэта не рабіла яго менш ласкавым. Пяшчота гэтага голасу запаўняла і абдымала ўсё.


Зостаються дітки малі з жіной молодою.

Беруть коня осавули, товариство — зброю;

Коня ведуть, зброю несуть, кінь голівку клонить,

Молодая полковниха білі руки ломить.


Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі, як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.

— Н-так,— сказаў Ролік.— Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?

— Та-а! — засаромеўся Багдан.— Я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін! I чаго гэта мяне сёння так разабрала — сам не ведаю.

Урэшце мы мінулі і Спас на Берастове, і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:

— Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у міліцыю заяўляй.

Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зелянінай і блакітам, досыць далёка і ад ракі і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі, падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіцы. I ўсё гэта, перасечанае глыбокімі вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь «горад» быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок, размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або «слупы», як зваў гэта месца Раланд.

— Людзей няма,— сказаў Дзмітрэнка.— Гэта добра. Толькі унь там нешта, у палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.

Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў «абелісках», што тырчэлі пасярод яго, там і сям былі відаць пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.

Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць-дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі, і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які — невядома як, на чым і нашто — вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі каранямі, ён хто яго ведае з чаго смактаў сокі, каб выгнаць такі камель, сукі, галіны і залатое лісце, што свіцелася праз сябе невыказнай пяшчотнасці блакітам. За ім былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.

— А што, як пясок папаўзе? — спыталася Лізка.

— Дурнічка,— сказаў Ролік,— ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусціць. Гэтым купам травець і травець... Вось глядзіце, што я тут заначыў.

Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.

— Хлопцы,— сказаў я.— Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб падтрымаць скляпенне над ім. Хоць на чвэрць хвіліны, і тое...

— Глупства,— як з бочкі сказаў голас з пячоры.

Дзмітрэнка выпаўз адтуль і з цяжкасцю вывалак нешта вялікае, загорнутае ў нямецкі брызент. Потым выцягнуў яшчэ нешта. Разгарнуў скруткі.

— Н-да,— сказаў Багдан.— Як мовіў бы Жэнька: «вуаля».

На брызенце ляжаў нямецкі буйнакаліберны кулямёт і два «вінтары».

— Так бы сказаць, дзевяноста першага дроб трыццатага,— сказаў Ролік і палез зноў.

На гэты раз з’явілася скрынка з вінтовачнымі патронамі, пляскатая нямецкая бляшанка для кулямётных стужак, каля двух дзесяткаў нямецкіх гранат з блакітнымі галоўкамі і штук дзесяць нашых, рабрыстых, як ананас, «фенек».

— Н-нішто сабе,— сказаў я.

— Ну вось,— Ролік устаў з кукішак.— Цяпер трэба шукаць яшчэ. Спачатку тут, пасля там, на плато. Яны адтуль уцякалі... Ты, Нонка, ідзі вунь туды і сачы, каб дарожнікі не ўбачылі. Вунь на той узгорак. Ты, Багдан, шукай пакуль у канцы яра ды ўздымайся пасля на плато. Ты, Ліза, сюды не лезь, а там, над ярам, над плато, шукай ці нават проста пасядзі. Стамілася ж, бедная. Ты, Васілька, самы зіркаты, то ідзі аж за вусце яра, на той горб, і сачы там за дарогай, што ад горада ідзе. Глядзі, каб ніхто не палез цікаваць і асабліва каб тыя не падсачылі. Ім верыць нельга, у іх памяць каціная. У выпадку, калі прыйдуць, падкрадуцца — свішчы і з імі біся да апошняга, пакуль мы не прыхаваем ды да цябе не падбяжым.

— Чаго гэта я на шухары стаяць буду?

— Кажу ж табе, вочы найлепшыя. I партызанская прывычка ёсць, каб заўважаць усё. А тут, у самым яры, застануся я з Карлам ды Навумам.

Ён усё яшчэ стараўся, каб яны былі разам і пры ім. Усё баяўся выбуху старой варожасці, хаця хлопцы ўчора і паціснулі з такой шчырай сардэчнасцю адзін аднаму рукі.


XII

Я сядзеў на высокім узгорку. Часам суха шапацелі мёртвыя сцябліны палыну і мякка варушыўся малады, шыза-зялёны. А я ўспамінаў арэнбургскія стэпы і тое, што гэты малады палын крыху падобны на лапкі кавуноў. Былі тут таксама ружова-бялявыя кашэчыя лапкі, сінія зоркі цыкорыя. Была цішыня, прасякнутая пахам траў.

Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?) Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:

— А гэта, хлопцы, не пясчанік. Гэта звычайны пясок. Ледзь-ледзь сцэментаваны.

— Чым? — спыталася Лізка.

— А чорт яго ведае чым. Вапнай, што ў вадзе бывае?

— Ну і хрэн з ім,— сказаў Багдан.

3 вышыні я, як на далоні, бачыў яр з усімі яго адгалінаваннямі, «абеліскамі» і «пірамідамі». Увесь гэты дзіўны, нібы з чужое планеты, свет.

Глядзеў, як рухаюцца, поўзаюць па дне маленькія фігуркі, капаюцца, часам нешта знаходзяць. Адзін раз Ролік паказаў мне нейкую цёмную рысачку. Мабыць, яшчэ аднаго «вінтара» знайшлі.

Было ціха, пахлі травы. Ні на дарозе, ні на беразе нікога не было. Ніхто не збіраўся сачыць за намі. Мабыць, мы так правучылі верхнядворскіх, што яны назаўсёды адмовіліся цягацца за намі.

Бяжыць па ветры лаза, бягуць воды. Шуляк кружыць у сляпучай вышыні. Узняўся з зарасцяў вялізны, сыты, вугальна-чорны крумкач.


Ворон помнив Остряницю й Хмеля,

Над полтавським боєм кружеляв.


Горка пахне палын, і самі сабою склейваюцца павекі.

Вось Багдан, трымаючыся за карані каштана, вылез і пабрыў па плато. Мабыць, у вяршыні яра нічога не знайшоў і цяпер выконваў другую частку загаду.

Бяжыць пад ветрыкам шызае мора сіўцу і палыну, хістаюцца рэдкія татарнікі.


Твой названы брат

У Царградзе дальнім сеў на палю...

Кліча брат Мушкета у Царград...


Цішыня. Сонца. Мора бягучага сівога палыну. Хіліць на сон.

Выбух!!!

Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чорны спадыспаду — такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя,— вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.

Багдана відавочна не зачапіла. Кінуўся бегчы да яру, у якім замерлі, насцярожыліся маленькія постаці людзей.

Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей.

...Я так і не ведаю — і ніколі ўжо не ўведаю,— што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных «сюрпрызаў». Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берагу (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з’яднаныя «ў сець», і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля «забытых» рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была «падключана» да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга растлумачыць тое, што адбылося потым.

Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? Такіх смертаносных месцаў тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным — на палову цагліны — мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо не было дзе жыць. Гэта было ў Віцебску.

На ўсё не хапала рук. I кожны дзень недзе ў лесе, полі, урочышчы гінулі дарослыя і дзеці. Але часцей за ўсё — дзеці.

Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады і дамы.

Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.

А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён «слупоў» быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.

А нашы сталі фарсіраваць і наступаць не там, а зусім у іншым месцы... Вось і ўся гісторыя.

Ногі мае нібы прыкіпелі да месца. Я не здолеў зрэагаваць адразу і дагэтуль кляну сябе за гэта. Хаця... што я мог зрабіць?

Навум выбраўся з яра там жа, ля старога каштана. Пэўна, каб паглядзець, што робіцца наверсе. Чарговы агніста-чорны слуп адкінуў яго назад, у яр, кінуў Багдана на зямлю. Я здалёк бачыў, як рукі ягоныя чапляліся за сухі палын. I яшчэ выбух, і Багдана пакаціла, перакінула ў яр, туды ж, уніз.

Яны караскаліся на схіл. I тут ірванула яшчэ і яшчэ, амаль пад каранямі каштана. I той пахіліўся, і я ўбачыў, як з-пад каранёў і звонку, з-за стаўбура дрэва, паплыў на хлопцаў тоўсты — тром чалавекам не абхапіць рукамі — струмень пяску, і перакуліў, і накрыў Роліка.

Толькі тут я здолеў адарваць ногі ад зямлі і кінуцца бегчы туды, да іх. Бег з усіх ног і бачыў, што здалёк, па краі поля, на якім вырастаюць і вырастаюць чорна-дымныя дрэвы, імчыць да яру яшчэ адна постаць. Імчала на дапамогу Нонка.

Бег і бачыў, як падаюць са схілаў яра кавалкі пясчаніку, як яны рассыпаюцца ў пыл (міны былі закладзены па ўсім беражку пасткі).

— Багдане, Нонка! — даляцеў да мяне голас Карла.— Трымайцеся!

Ссоўваючы нагамі пясок, ён каціўся да іх. Працягнуў руку. Чарговы выбух, чарговая жоўтая, абрыдліва-жывая лавіна. I яшчэ адзін агнявы слуп, з левага боку расколіны, і яшчэ.

На дно цясніны пачалі падаць вялікія брылы. Некаторыя даляталі на дно цэлыя, некаторыя яшчэ ў паветры рассыпаліся ў пясок. Востра смярдзела чымсьці. А на хлопцаў сплывалі і сплывалі ўсё новыя сыпучыя лавіны. Гэта было страшна.

Мільганула на паверхні белая галава Карла... Пасля Навума... Зноў Карла... Дзмітрэнка падпаўзаў, сплываў разам з пяском да іх.

— Руку! Руку! Хлопцы, руку!

Яго накрыла з галавою. I тут я пачуў роспачны віск, страшны крык, у якім ужо не было амаль нічога чалавечага. Крычала Лізка.

— Ролік! Ро-о-лік!

Ёй асабіста нічога не пагражала. Яна стаяла наводдаль, на выступе. Але яна кінулася з яго ў пясчаную варонку, туды, дзе борсаліся хлопцы. Трымаючыся рукою за нейкі корань, яна працягнула другую туды, дзе плыў, падаў, ляцеў пясок, дзе зноў з’явілася галава нашага атамана.

Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне назад хацела падаць дапамогу.

Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы.

Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. I адразу настала цемра.

...Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума. Я паспрабаваў быў устаць. Але цела калацілася так, ногі і рукі былі такія ватныя, што я не ўтрымаўся, упаў тварам, рассек шчаку каля рота аб востры камень. I зноў упаў. I зноў. Пасля мяне знудзіла, і стала лягчэй. Я ўсё ж устаў і, хістаючыся, пабег да пасткі.

Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як вадаварот.

— Ліза! Лізхен! — хмара пяску ляснулася яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем ці рыданнем.— Ах-ха!

Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з’явілася адтуль тоненькая рука з блакітнымі — я з жахлівай яснасцю бачыў гэта — жылачкамі.

— Лі-іза!!!

I тут якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі. Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны, з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў велізарнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.

Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць. I тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна, наканавана падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах вышынёю ў пяціпавярховы дом.

— Хло-оп-цы! Хлопцы!!!

Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і каменнямі, парыў.

Нехта поўз міма мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. I я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:

— Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!

...Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў падалі лавіны пяску. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага ільва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.

Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.

...Я ляжаў на краі яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела па меры таго, як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі.

I слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.

Непадалёк стаяў вайсковы студабекер і санітарная машына. А каля мяне гаварылі два чалавекі ў форме.

— Я такога яшчэ не бачыў,— сказаў адзін, сівы здаравіла з пагонамі маёра.— Сець і некалькі такіх сабе невя-лі-ічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі. Гэта, значыць, лічылі, што сканцэнтруюцца тут нашы салдаты, і тады...

— Гэх, мала чаго мы яшчэ не бачылі. Калі да шкуры даходзіць, то падлюга здатная нават свет узарваць. Усіх на той свет узяць з сабою.

— Якое няшчасце! Божа мой, якое няшчасце!

Я паступова прыходзіў да свядомасці. Бачыў, як прыкацілі яшчэ два студабекеры, як ляскаюць унізе рыдлёўкі, як падбягаюць яшчэ і яшчэ людзі, як калоціцца ў руках двух сапёраў Нонка.

— Ролік! Ролік! Пусціце! Пусці-іце!

Мне было ўсё адно, каго яна там кліча. Няхай ніколі не паўторыцца мінулы вечар, няхай ніколі не будзе зорак і вершаў — толькі б іх адкапалі... толькі б іх... толькі б іх...

Праз гадзіну аднаго сапраўды адкапалі. Багдана. Праўдзівей, тое, што калісь было Багданам. I ён ляжаў на плашч-палатцы, і на яго з кожным парывам дняпровага ветру ападалі жоўтыя, змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з коранем старога каштана.

Пасля, калі кроў перастала ісці, а ногі ўжо не так дрыжэлі, я спусціўся да сапёраў. Галава мая то ўспухала, то сціскалася да памераў макавага зерня, але я капаў, капаў, капаў.

Яшчэ праз паўгадзіны адкапалі яшчэ аднаго. Гэта быў Карл. Скурчаны, нібы сплюснуты. Тое, што было Карлам, сінявокім, бялявым, худым і доўгім хлопцам, які мог — я толькі цяпер зразумеў гэта — стаць маім лепшым сябрам, калі б толькі я не быў такі дурны, калі б не жыў мінулым болем і былой нянавісцю.

Мы капалі да вечара. Рабілася цёмна. Дагарала на захадзе шафранна-залатая стужка зары. Прарочыла ясны сонечны дзень, якога мае хлопцы ніколі ўжо не пабачаць.

Машыны пад’ехалі на край цясніны і запалілі фары. У іхнім мёртвым святле па-ранейшаму завіхаліся на дне людзі з рыдлёўкамі.

Нас з Нонкай адправілі дамоў. У кузаве студабекера было цёмна. Нас калаціла, адплывалі назад рэдкія агні ўскраін.

Бязвольнае цела Нонкі хісталася ў маіх руках. Яна не плакала, нічога не казала. Яна, па-мойму, проста не жыла.

Навума, Лізку і Раланда не знайшлі ні тады, ні ў наступныя дні. Магчыма, іх зацягнула ў адну з тых пячор — хто ведае, колькі іх там было?

А праз чатыры дні я ад’язджаў на Беларусь. Можаце мне паверыць, я нічога не ведаў, але не было і там дня, у які б я не думаў, што, магчыма, яны і зараз ляжаць там, трох, якіх магла звесці ў іхняй хлапечай непрыміручасці і любові толькі смерць.

Я глядзеў праз акно вагона на перон, бачыў там цётку і побач з ёю — маленькую, прыбітую горам і жыццём фігурку Нонкі, і слёзы нястрымна ліліся з маіх вачэй. I я не саромеўся іх.

I тут грымнуў салют: нашы ўзялі яшчэ адзін горад. Праз слёзы бачыў я ракеты, дамы і руіны ва ўспышках рознакаляровага святла і цемры.

Грымеў салют. А мне здавалася, што гэта грыміць, ракоча, жалобна стогне і рыдае ў іхні гонар увесь сусвет, па якім ім болей не хадзіць.

...Потым, праз тры гады, зноўку быў Кіеў і таполевая алея, дзе мы сустрэліся з Нонкай, і пачуццё маё, якое зноў ажыло.

I ўсё ж...

...I ўсё ж потым, калі яна стала маёй жонкай, мы ўсё роўна інстынктыўна пазбягалі і пазбягаем вуліц горада ў такую вось залатую восень. Пайсці, уцячы, з’ехаць кудысьці ў лес, туды, дзе жаўцеюць бярозы і ліпы, дзе чырванеюць асіны. Дзе няма каштанаў. Прыгожых, залацістых на блакітным, на сляпуча-блакітным, каштанаў. Дзе не падаюць іхнія лісты, жоўтыя, усе ў чыстых дробных зморшчынках.

Як ветравая рабізна на пяску.

Пачынаюць аблятаць каштаны. Залацісты дождж.

I кожны раз у гэтыя дні я думаю, што вось такія, як Гнат, мажліва, ходзяць па зямлі і зараз.

А мае хлопцы, мае сябры спяць у дняпровым пяску і ніколі ўжо не ўбачаць ні сонца, ні сіняй ракі, ні залатой лістоты каштанаў.

Не будуць лаяцца, спяваць, ныраць з быкоў, смяяцца. Не будуць ваяваць з несправядлівасцю, якой на зямлі куды больш, чым мы думалі. А яны ж і загінулі толькі таму, што — хай сабе па-дзіцячы — збіраліся на вайну з ёю, каб яна хаця на хвіліну хутчэй знікла з зямлі.

Што зробіш? Змагары за справядлівасць — гінуць.

I вось яны ляжаць недзе там, «за краем чорнай вясёлкі», як кажуць нашы казкі. Пры жыцці лёс не даў ім прывязанасці тых, каго яны хацелі. Але цяпер яны разам. Цяпер яны ляжаць разам, звязаныя самай моцнай повяззю, якая ёсць на зямлі.

Я не так бы пакутаваў, каб не былі яны такімі чыстымі, такімі вернымі сябрамі, такімі надзвычайнымі і добрымі, такімі выдатнымі хлопцамі.

Пачынаюць аблятаць каштаны.

I ў гэты журботны час наша апаленае, спаленае, наша забітае вайной, наша знявечанае юнацтва заўсёды, заўсёды ўспамінаецца мне.