Вячэрнія ветразі [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Караткевіч Вячэрнія ветразі

Дзень першы


Крычалі, білі кулакамі ў грудзі,
Палілі пачкі гербавых папер,
Кагосьці сцягвалі з трыбуны людзі:
"Прадажнік! Контра! Рэакцыянер!"
Над Мінскам, па-над плошчаю Саборнай,
Ляцеў трывожны варанячы грай.
Натоўп вакол. Раз'юшанае мора:
"Рэспубліка! Жыві! Перамагай!"
І вецер тыя крыкі рваў нядбайна
І нёс, як іскры, ў цёмныя палі,
Туды, дзе ў гурбах па шляхах бяскрайніх
Спяць хутары азёрнае зямлі.
І цішыня. Яна патрэбна многім,
Каб ад гарачых спрэчак ачуняць,
Узважыць дзень, і цвёрда стаць на ногі,
І песню новаму світанню даць.
Ў пакойчыку глухім, дзе пальцы стынуць,
Дзе ад буржуйкі сіняваты дым,
Смяртэльна стомлены, худы мужчына
Перакладае пралетарскі гімн:
"Паўстань, пракляццем катаваны,
Паўстань, хто з голаду век пух,
Бурліць наш розум збунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг".
Ён кідае пяро. Ў чырвоных хмарах,
Што праплываюць над зямлёй кудысь,
Як здані, нараджаюцца ў пажарах
І чэзнуць зноў вякі і гарады.
У гэтых прывідах і ў роўным дыме,
Што цягнецца слупамі да нябёс,
Ён бачыць будучае ўсёй Радзімы,
Яе няпросты і вялікі лёс.
Скуголяць інтэрвентаў параходы,
У полымі вайны Дзвіна і Сож,
І гвардыя краіны - ўзвод за ўзводам -
На сто франтоў выходзіць басанож.
Вось за акном няпэўны бразгат зброі,
Падмацаваны дальняю трубой,
І песня ў цемрадзі: "На бой, героі..."
Яны ідуць! Рэспубліка, на бой!
Спяваюць цягнікі на двух вакзалах,
Не астывае ярасці напал.
Перакладае малады Купала
Для новых дзён
"Інтэрнацыянал".

Балада пра смяротнiкаў


Нас было там некалькі тысяч.
Аплялі нас калючым дротам.
Баракі. Вежы. Пражэктары. Сотні пільных вачэй.
Справа - руіны горада. Злева - мох і балота.
Ў будучым - голад, праца, дым смяротных пячэй.
І хоць нельга было нас пабачыць нават вялікаму магу,
На вярсту вакол нашага лагера,
пад шэрай коўдраю хмар,
Таблічкі стаялі ў балоце. Чорны надпіс:
"Увага!
Тут небяспека заразы! - Achtung! Seuchengefahr".
Напэўна, таму,
што аднолькава чалавек памірае на свеце,
Тут разам чакалі смерці беларусы і латышы,
Татары і украінцы, салдаты, жанчыны, дзеці.
Ўсе згаладнелыя, з ранамі на целе і на душы.
Блок першы - жанчыны з дзецьмі,
блок трэці і пяты - салдаты,
Блок сёмы - таксама салдаты,
блок восьмы - усе для пячэй.
Пабудка, "апель" і праца. Пабоі. Бурда праклятая.
"Працуйце! Працуйце! Працуйце!
Хутчэй! Хутчэй! Хутчэй!"
Не мы, а яны заразныя, але ў блоках нас замыкаюць.
Для нас за восьмым баракам заўсёды шугае пажар.
На месцы, дзе мы змагаемся,
на месцы, дзе сонца чакаем,
На месцы, дзе мы паміраем, -
таблічка "Seuchengefahr!"
Нашы душы і нашы рукі імі былі скалечаны...
Неяк з "бюро інфармацыі" вестку падаў дружок:
Пачулі размову турэмшчыкаў,
што заўтра дакладна пад вечар
Яны на апошнюю "акцыю" першы пацягнуць блок.
Дзеці, надзея наша! Маткі, святыня наша!..
Ёсць загад...
І руку да скроні пустая нясе галава.
Для іх чалавек - машына, што пустую засвойвае
кашу
І працу дае за гэта або... не можа даваць.
Але мы не маглі б пасля гэтага
ў вочы зірнуць свабодзе,
Хоць зрабіліся быдлам галодным,
хоць гонар амаль што згас.
Таму -
найлепшага хлопчыка па крывавай матчынай
згодзе
Мы выкралі з першага блока і цішком схавалі у нас.
Схавалі ля нашай кухні, што на самым пляцы стаяла,
Асцярожна заклалі дзірку ў пустым дравяным
кастры...
Хлопчык быў разумны-разумны.
Размаўляў і рухаўся мала.
Цэлы дзень разглядаў уважна кавалкі сасновай кары.
"Апель" нястачу выявіў.
На пляцы у чынным парадку
Рылы пяці кулямётаў глядзелі ў спіны людзей.
Як ты сцярпела, сэрца, ўбачыўшы постаць маткі,
Што паўз касцёр, паўз сына ціха на згубу ідзе?
Яна казала спакойна, і маўчалі вязняў калоны:
"Не было ў мяне сына ніколі. Гэта памылка, паны".
Помніце, людзі, пра гэта, помніце аж да скону,
Помніце, як пра асколак,
што ў лёгкіх сядзіць з вайны.
Разумееце, гэта проста, і забітым не