Паляшук [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Уладзімір Караткевіч Паляшук
Виновники мятежа и вообще лица, содействующие ниспровержению правительственной власти в крае, должны быть, для примера другим, судимы и наказаны немедленно по всей строгости полевого уложения; собирание излишних фактов... лишь усложняет и замедляет делопроизводство.З загаду графа Мураўёва
I
— Ты ведаеш, што ты падлягаеш расстрэлу? — спытаў стаяўшага перад ім чалавека капітан Румянцаў. Той змаўчаў. Стаяў прама, неяк дзіўна выцягнуўшыся, і толькі вочы яго з затоеным сумам сачылі за пушчай, куды яму ўжо не было шляхоў. Увосень 186З года частка коннага загона Чэнгірэя, моцна патрапаная ў безупынных сутычках з інсургентамі, была па спецыяльнаму загаду штаб-канцылярыі размешчана на адпачынак у глухім палескім сяле. Толькі-толькі адгрымелі раскаты паўстання, і хоць сам «дыктатар» яшчэ не быў схоплены і нават ніхто не ведаў, ці ў Вільні ён, але ўсё ўжо суціхала, дабіваліся апошнія чырвоныя загоны, няшчасныя, зацкаваныя людзі хаваліся па лясах. Край дагараў, і разам з тым выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлог і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню ля гожага нават зараз трупа Паўстання. Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя. Спуджаныя бюргеры выкладвалі з кішэняў столькі грошай, сколькі жадаў агаворшчык, абы толькі потым, пры вобшуку, не знайшлі дзесьці ў доме альбо ў адрыне падкінутай зброі. Усю мярзоту, што звычайна хаваецца на самым дне людское душы, саромячыся падняць галаву, выцягнулі зараз стуль і выставілі для агульнага агляду і прыпадабнення, і капітан Румянцаў, які заўсёды быў сумленным ваякам, пачаў казаць за гарэлкаю: — Дзярмо. І палячочкі, і гэтыя вашы, паручык Ратч, палескія вылюдкі. Ды, калі праўду казаць, дык і мы такія ж, калі яшчэ не горшыя. «Душыцелі». Няма чаго казаць, гожая для вялікай Расіі справа. У адзін з апошніх дзён «баб'яй восені», калі лясы пачалі, пасля працяглага бязветрыя, страсаць на зямлю залаты дождж лісця, а ночы былі асабліва цёмнымі — нехта падпаліў стайню і склад з амуніцыяй і зброяю. Надвор'е стаяла ветранае і сухое, і таму ўсё пагарэла датла. Пасілілі каравул, але праз дзве ночы нехта падкінуў у пакой Румянцаву і паручыку Барзіловічу па змяі. Румянцаў «выкруціўся толькі цудам», а паручык памёр, хоць лекар, якога прывезлі з горада, прыпальваў яму ўкус нейкім белым камянём. І вось тагды салдаты, абшукваючы ваколіцы сяла, выпаралі з нейкай нары пад карэннямі старога дрэва палешука. Ён быў данельга брудны, з амаль бязвусым тварам, і таму цяжка было станоўча сказаць, стары ён ці малады. Нізенькі, у нязменных поршнях і кажуху, з голаю галавою, ён стаяў перад афіцэрамі, шчыльна сціснуўшы сківіцы. Выцягнутая з-за паяса сякера і старая стрэльба, а таксама вагніва і крамень у скуранай торбачцы былі ўлікамі. — Ты хто такі? — спытаў яго Румянцаў. — Паляўнічы. — А хто цябе ведае ў акрузе? — Ведаюць звяры маю кулю. Румянцаў пасміхнуўся нервова. Гэты дзікун раздражняў яго. — Ну,а можа, ты ведаеш, хто падпаліў на сяле будынкі і кідаў да нас, у вокны, змей? — Не, не ведаю. — А хто ж ведае? — Ведае цёмная пушча, неба, хмары, а той, што зрабіў, — усё адно не скажа. — Чаму? Паляшук змаўчаў. Ён па-ранейшаму глядзеў на неба, і губы яго слаба рухаліся. Румянцаў паглядзеў на яго і сказаў паручыку Ратчу: — Вось вам, прыхільнікам гісторыі: добры абразчык. Першабытны жыхар лясоў. Ух, фанатычная морда, каб была ахвота паскудзіцца... Ратч з сваімі жаноцкі прыгожымі вачыма адказаў: — Гэта не фанатызм, гэта — звычайная абмежаванасць і жывёльная тупасць. У гэтых маіх імшарах патрыятызм і нянавісць да нас пакуль што з'явіцца не могуць. Можа, гэта й не ён падпаліў наогул. Румянцаў раззлаваўся: — Ну, ён ці не ён, патрыятызм гэта ці звычайны бандытызм, а я яго расстраляю. У наступны раз не будзе павадна іншым бадзяцца са зброяю ў недазволеных месцах. Шабаш! І ён разануў далонню па паветры, быццам паказваючы, што няма чаго далей валаводзіцца. Палешука адвялі ў пуню, пакуль паны-афіцэры пераапрануцца і нап'юцца чаю з ромам. Гэта цягнулася амаль што цэлую гадзіну, і ўвесь гэты час паляшук спяваў нейкія, зусім не жаласныя спевы хрыплым голасам, падобным да лаю сабакі. Першым прыйшоў за ім Ратч і пабачыў: паляшук сядзеў, забіўшыся ў кут, і з цемры блішчэлі яго вочы. Ратч спытаў: — Чаму гэта ў цябе песні такія гнеўныя? — Мужчынскія, — адказаў паляшук і зноў заціх. Ратчу падабаўся гэты дзікун, нягледзячы на тое, што гэта была жывёла, тупая і выраджаючаяся з кожным пакаленнем. Бачная была ў гэтай жывёле нязломнасць. Калі паляшук глядзеў на пушчу — Ратчу здавалася, што гэта арол, пасаджаны ў клетку, пазірае на высокія, залітыя сонцам горы. Там шмат часу трымаецца святло, а тут, па лагчынах, ужо ляжыць цемра і імгла, і ніколі ўжо не прашумець яму на верхавінах магутнымі сваімі скрыдламі. Ратч любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага. Вось зараз ён, вядома, сумуе, што загіне без сабаравання. — Ты ў якога бога верыш? У вуніяцкага альбо праваслаўнага? — Чаго? — Ну дзе твой бог: у касцёле ці ў царкве? Паляшук зітхнуў і адказаў упэўнена: — А нашто бога саджаць у каменную будку? Бог у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне — паўсюль. «Нейкі палітэізм», — падумаў паручык. Ззаду Ратча затрашчаў барабан: падыходзілі салдаты. Справа ўжо йшла к вечару. Стаяў шэры кастрычніцкі дзянёк, і хоць раннія маразы ўжо скончыліся — яны падтачылі лісце, і яно валілася зверху чырвонымі варахамі, і лес безупынна шалахцеў, прыгавароны да страты. Чорныя галіны дрэў асабліва ярка вымалёўваліся на гэтай чырвонай казцы, а ліст ляцеў наўскасок, ляцеў, ляцеў. Паляшук ішоў, аточаны чатырма салдатамі, і нешта мармытаў сабе пад нос. Твар яго часам уздрыгваў, і на ім з'яўляўся нейкі дзіўны прызрысты выраз, амаль дзіцячы па яснасці. Калі ўжо амаль падышлі да месца расстрэлу — ён ненарокам пакінуў у калюжы адзін поршань, але не заўважыў гэтага і пайшоў далей. Нага хутка пачырванела ад холаду, і Ратчу было непрыемна глядзець на гэта. Зусім скалелы ад холаду Румянцаў сказаў палешуку, калі яго паставілі да дуба: — Ты б памаліўся хоць. Паляшук паслухмяна пачаў казаць наступнае: — Матка боска заступніца... І свенты Осіп і свенты Мікола, станьце маім ворагам у глотцы колам. Заступіцеся за мяне і зямлю маю... Усіх сумуючых... Відаць, ён нават не ведаў малітваў і паўтараў тое, што чуў калісь без усялякага сэнсу. Ратч зарагатаў: — Што гэта ён такое вярзе? — Не бачыш — дурань, — адказаў Румянцаў. А маленькі брудны чалавек усё казаў: — Зассі іх у багну, не дай ім сонейка пабачыць... Дай хлеба астаўленым. Свенты Осіп і свенты Мікола... Калі не будзеце, як дзеці... На гэтым месцы ён запнуўся, паўтарыў «як дзеці», і як быццам толькі тут дайшло да яго тое, жудаснае, што з ім збіраюцца рабіць, бо ён раптам паў на калені і заплакаў: — Не забівайце!.. Паночкі, не забівайце! Я вам грошай дам, шмат грошай!.. Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў: — Падыміся! Трус! Нічтожаства! Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва: — Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу? — Мажліва, — ажывіўся Румянцаў. — Што ж, паспрабуем. І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю: — Тут. Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі. — Не, жондаўскім гэта быці не можа. Мала. Відаць, яго асабістае, — сказаў Ратч. А Румянцаў прыбавіў: — Вось падлы. А кажуць: галеча. Галеча галечаю, а грошы хаваюць. Скрынку расчынілі, і адтуль пасыпалася на жоўтую кастрычніцкую траву палешукоўскае «багацце». Асноўную частку скарбу складалі нейкія чатырохкутныя чорныя раменьчыкі. — Пятроўскія раменныя грошы, — сказаў Ратч і плюнуў. Былі тут шчарбатыя, ззелянелыя грошы, а найболей таго палушкі, збітыя капейкі з лішаямі, адна «Янава галоўка». — Дык што ж ты мне кажаш, трасца тваёй матары, — падступаў да палешука Румянцаў. — Грошы, шмат грошай... Можна купіць... Не трэба. — Э, ды чаго з ім размаўляць, — твар Румянцава зморшчыўся. — Стаў яго да дрэва і канчай размову. Тагды паляшук зразумеў, што ўсё адно яго не адпусцяць і кончаць тут, ля гэтай сваёй скарбніцы, і выцягнуўся, нават здаўся вышэйшым па росту. — Гэта я падпаліў, — сказаў ён. — Вы мяне заб'еце, але я свае імя перадаў іншаму, і ён вас таксама падпаліць і заб'е, бо кроў бедных людзей... І вы прыйшлі ў гэты лес, не паклаўшы хлеба на пень, і ён вас не выпусціць адсюль. Вы тут памрэце, бо вы кепскія людзі, і я вас сапсаваў. І чым больш ён гаварыў, тым больш Ратч ставаў упэўненым чамусьці, што паляшук ні ў чым не павінны. А Румянцаву прыйшло ў галаву, што асуджаны саскнарнічаў у апошнюю хвіліну і не паказаў ім сапраўднай скарбніцы. Ён падумаў трохі (паляшук стаяў ля дрэва і маўчаў, толькі вочы яго з-пад брудных, навіслых на вочы касмылёў глядзелі з нянавісцю) і сказаў палешуку: — Купі сабе жыццё. — Мне не трэба жыцця, — адказаў жорстка і холадна паляшук. Грымнуў залп.
II
Калі паны-афіцэры пакрочылі ўперад, а знявечанае пякельнай пакутай цела палешука зарылі — адзін з салдат сказаў каротка: — Эх, паны, на такога бедака грошы паквапіліся. А другі прадоўжыў: — А я ўпэўнены, што, калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было — яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты... Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дак нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх. Абярнуўся да ямкі і нагою асцярожна ссыпаў туды грошы: — Можа, хто падбярэ. Ратч і Румянцаў ледзь адышлі ад месца страты, як у гушчары нехта варухнуўся. Абодва прыгледзеліся: ля самай дарогі стаяла нейкая жанчына ў лахманах, з змрочным тварам, падобным на твар зморанай разумнай жывёліны. Двое дробных дзяцей трымаліся за яе падол, трэці вісеў у нейкім лянтуху за плячыма. У яе былі сурова нахмураныя бровы і глыбока запалыя вочы, якія глядзелі некуды ў бок паляны. Пачуўшы трэск галіны пад нагою капітана, яна знікла, як быццам праваліўшыся праз зямлю. — Гэтай што яшчэ патрэбна? — спытаў Ратч. — Не ведаю. Адышлі далей, ззаду паказаліся салдаты, і раптам Ратч, які напружана думаў аб гэтым, стаў. — Стойце! — закрычаў ён. — Бож-жа ж мой! Здаецца, я пачынаю разумець... Вось чаму ён так прасіўся. Быццам у падмацаванне яго слоў ззаду, з паляны, пачуўся прарэзлівы крык. Ён быў падобны адначасова і на вой, і на лямант смяротна пакутуючага чалавека. — Што гэта? — спытаў Румянцаў, усё яшчэ не разумеючы. — А то, — адказаў Ратч з крывою пасмешачкай. — Жанчына, ваўчыха ці, можа, яшчэ што. Румянцаў зразумеў, уцягнуў галаву ў плечы і амаль пабег да сяла. На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток. І толькі тут Ратч зразумеў усю непавяртальнасць зробленага. А на паляне лямантавала жанчына, і ў голасе яе адчуваўся такі адчай, такая безнадзейнасць, што здавалася, уся зямля напоўнена ім і болей нічога не засталося на яе абдзёртых, жарбацкіх абшарах. Вечарам яны смяротна перапіліся. Ратч узняўся і кінуў Румянцаву ў твар абвінавачванне: — Вы гэта зрабілі ад злосці. Ганарыцеся сваёй сумленнасцю, а самі жадалі абакрасці гэтага бедака. — А чым вы за мяне лепшы? — адпарыраваў Румянцаў. Ратч зваліўся на лаву і зарыдаў п'янымі слязьмі. Румянцаў ірвануў каўнер мундзіра: — І гэтак паўсюль. У мяне пад Калугаю тое ж бачу ў вачах хамскіх. Хутка яны схопяцца за сякеру, і тагды... Мы тут апошнія госці, няпрошаныя на ўсёй зямлі, ненавісныя, прадрачоныя. А Ратч рыдаў, і праз рыданні чулася: — О, як яны нас ненавідзяць!.. О, як яны нас ненавідзяць!.. Як жахліва, як холадна нам жыць на зямлі! Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навакол, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты.
Последние комментарии
1 день 17 часов назад
1 день 17 часов назад
1 день 17 часов назад
1 день 17 часов назад
1 день 20 часов назад
1 день 20 часов назад