У снягах драмае вясна [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 44


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

рушыў, набіраючы ход. Алёнка засмяялася ад шчасця і прыпала вуснамі да халоднага шкла, пасля пацерлася аб яго шчакою. Бачыла, як махаў ён рукою, як ішоў пасля з перона, хістаючыся ад шчасця, як п'яны. Зноў падумала з тым шчасцем, якое бывае толькі ў дзяцінстве, калі кладзешся спаць:

- Мой! Мой! Цёплы! Жывы! Назаўсёды мой, родны чалавек!

Вось цягнік набірае ход, знік асветлены вакзал. Цемра з рэдкімі агнямі вакол. Якое шчасце!

А Берасневіч між тым ішоў сапраўды як п'яны. Твар яго гарэў, дзіўныя здані ўставалі перад вачыма.

Стаў ля вакзальнага скверыка на плошчы, падумаў, засмяяўся і раптам зняў з рук пальчаткі і з усвядомленым, разумным выглядам зашпурнуў іх у гурбу, спачатку адну, а пасля другую, як быццам рабіў невядома якую важлівую і разумнаю справу. Вось і коні. Любыя коні, як ім цёпла пад кажухамі! Плылі ў яго галаве ўрыўкі Алёнчыных слоў:

"Прыязджай... Бацька будзе рады". Любая-любая Алёнка... любы бацька.. любая маці!

I ён пацалаваў каня ў мяккі шэры нос, такі цёплы, з рэдкімі чорнымі валосікамі.

Нейкі хлопец спыніўся непадалёку, паглядзеў на яго непаразумела, усміхнуўся і заўважыў:

- Хільнуў дзядзя. Бач ты, што гарэлка з нашым братам робіць.

Але Берасневічу было ўсё аднолькава. Ён ускочыў у сані, закруціў канцамі лейцаў і, калі коні ўзялі наўскач, крыкнуў:

- Хільнуў! Хільнуў!

Імчаліся насустрач хаты, пасля заскакалі яліны ў бары, а ён усё яшчэ крычаў:

- Гэ-эй! Людзі! Людзі! Чуеце, людзі!

Пасля раптам супакоіўся, зручна сеў і закруціў кажухом ногі.

Коні адпачылі, беглі вясёлым трушком, праз шэрань на вейках дзіўным, вясёлкавым здаваўся лес, ныраў у хвоях вясёлы, п'яны месяц.

Усё-ўсё будзе добра. Ён верыць, ён ведае. I парукай таму гэтая шэрань, што ляціць з галін, казачны месяц, што заблытаўся ў дрэвах, далёкі, шчаслівы шлях.

Не затопіць, не знішчыць нішто сапраўднага кахання. Якая цёплая зіма, якая бадзёрасць у грудзях! Сколькі светлага абяцаюць снягі! Мо таму, што сэрца пасля доўгай, чатырохгадовай зімы адтайвае, пускае парасткі новага кахання, знішчае апошні на зямлі след старога?

I калі прынюхацца, як адчуваецца будучая вясна, хоць бы ў тым як пахне свежасцю, як мякаць сланечнікавага сцябла, снег!

Коні беглі шпарка!

Рукі былі моцнымі, грудзі вольна дыхалі.

I ўсё-ўсё жыццё яшчэ было ў будучым.

У снягах драмала вясна.

Орша, май 1957 г

Примечания

1

СХИ – гэта сельскагаспадарчы інстытут.

(обратно)