Восень пасярод вясны [Адам Мальдзіс] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

набожная. Крыж свенціць будуць, што на ростанях паставілі. Ну там, дзе пярун калісьці забіў пад дубам паню-матку.

— А, відзеў! Відзеў, калі ішоў. Ыш, калі пан успомніў пра матку. Даўно тое здарылася — яшчэ мая Хрысцінка жывая хадзіла.

— Не было раней яму часу. Усё па свеце валэнсаўся. Да і другі маёнтак у яго ёсць, большы. На Украіне недзе. Бацькаў спадак. Там, кажуць, і жыць збіраецца,

— А гэты, каму ж гэты?

— Хто іх, паноў, разбярэ. Можа, аканом будзе далей камандаваць, грошы пану адсылаць. А то прадасць каму. Маёнтачак наш незавідны. Усяго тры валокі зямлі ды тры мужыцкія хаты. Дзве душы Гармашоў, сем душ Мальдзёў, ды яшчэ Касінскі і чэлядзь.

— Не кажы! А Руднік! А Козы! А сенакосы па Лошы!

— Што там той Руднік. Пакуль не было панскага вока, аканом прадаў немцам старадрэвіны і, казалі мне добрыя людцы, Сяржанты сабе патаемна купіў. І ад Козаў ужо толькі пні засталіся. Пан як глянуў — аж за сэрца схапіўся. Хоча выгнаць Талочку.

— Добра было б, гэту гадзіну падкалодную! Бізун толькі ведае! Па дзеўках на старасці лётае!

— Цяпер-то ён трохі абціх. Усё ж вольныя мы сталі, маніхвест быў.

— «Маніхвест, маніхвест»! — перадражніў Гармаша Грыва. — Быстрыноўскі ўчора вярнуўся з Ашмяны, то казаў, што праўдзівы маніхвест паны затаілі. Цар-бацюхна ў маніхвесце напісаў, каб нам далі вольную разам з зямлёй. А паны і слухаць не хочуць. Зямелькі шкадуюць, проціў цара бунтуюць. Праўдзівы маніхвест спалілі, а фальшывы чытаюць. Падпісваць во прымушаюць. Кажуць, у Іўі за Гальшанамі народ проціў паноў пайшоў. Каб маніхвест не хавалі, каб на паншчыну болей не гналі. Тысячы цэлыя на рынку сабраліся! Кажуць: ідзіце з намі, іншыя вёскі, бо інакш помсціць вам, паліць будзем! Дак, ведаеш, сват, з Гальшан салдат прыгналі. Коньмі народ дратавалі. Аднаго старога насмерць затапталі…

— Як яно так: царавы салдаты — і проціў царскай волі…

— Бо паны іхнае начальства перакупілі. Грошы, сват, усё могуць!

— А я дак, сват, цару не веру. Не можа быць, каб ён з панамі не заадно ішоў. Адна ж кроў.

— Ыш, як свату кепскае ў галаву ўлезла! — зазлаваў Грыва. — Ад сівухі ўсё гэта, ад карчмы…

— А хто мяне п’яніцай зрабіў, хто? — горача перабіў Гармаш. — Паспрабуй не выпіць, то дзесятаму закажаш. Талочка за нявыпітае грашыма зышча. Яму ж на руку, калі яго сівуху ў Сімы смокчуць.

— Ну, смакчы, сват, смакчы, усё прасмокчаш! За дзяружкай нечакана пачулася частае ўсхліпванне. І глухі стук: нібы хто наўмысна біў галавой аб сценку.

— Для такіх людзей, як сват, — цягнуў Грыва, — і зямелька непатрэбная. Чым болей багацтва, тым горай для іх, тым болей піць будуць, у распусту кідацца… — Пабачыўшы на зарослым твары Гармаша варожую зацятасць, Грыва раптоўна замоўк. Потым пачаў больш памяркоўна: — Ну, не злуй, сват, за праўду-матку. Не можа цар-бацюшка быць проціў нас. Ён жа паноў прымусіў вольную нам даць. А яны, Быстрыноўскі казаў, праўдзівы маніхвест схавалі…

— То, можа, сват, нам той маніхвест і не падпісваць?! Учора Талочка казаў, што хоць крыжыкамі, але прыйдзецца.

— Калі Талочка кажа так, то не падпісвай. Ад яго ўсяго можна чакаць. Зямлю дарма цар дае, а ён выкуп здзярэ.

— А за што ж нам, сват, тую зямельку выкупіць? — залямантавала з-за дзяружкі Гармашыха. — Гэта ж во, сват, наш збожжа прапівае, усё Сіме цягне! Адзенне анагдайчы праніў, дак укруціўшыся ў салому да хаты прыпоўз! Ні людзей, ні дзяцей не стыдаецца. Ці хаця б брацятка свайго старэйшага і цвярдзейшага. А чаму ж мне бог такое горачка да-а-аў! А чаму ж ён калі цябе смалой не напоі-і-іць! А чаму ж ён карчму перуном не спалі-і-іць! А каб жа вам усім дэнца ў пекле не бы-ы-ыло!

— Сціхні ты! — агрызнуўся Гармаш. — Кажу табе, што ячменю я не браў. І анучаў такіх у нашай хаце не было…

— То хто ж тады, скажаш? Можа, дух святы?! Можа, я сама той ячмень выграбла?!

— А хто цябе ведае, можа, і ты, — ленавата адбіваўся Гармаш. — Цяпер бабы не меней мужыкоў п’юць. У карчме пад лавамі валяюцца.

— Тады так ты мяне болей і ўвідзіш! — нахабства мужа прыдало Гармашысе рашучасці. Выскачыўшы з-за дзяружкі са звязаным загадзя ванзэлкам, яна схапіла з жэрдкі доўгую шарачковую капоту, зрэбную хустку і, не апранаючыся, шуснула за дзверы.

Праз імгненне куляй каля мужчын праскочыў хлапчук і, панурыўшыся, схаваўся за дзяружкай.

Усё гэта не засмуціла, а хутчэй развесяліла Гармаша:

— Баба з калёсаў — каню лягчэй… І нікуды гэта звяга не дзенецца. Зноў у Дайноўку да сястры пабяжыць. Зноў мае костачкі перамываць будуць!

— То што цяпер, сват, думаеш рабіць?

— Што, што… Былі б грошы, да Сімы пайшлі б. Галовы паправілі б. А то мая з раніцы — як цабэрак рассохлы. Усе клёпкі развальваюцца.

— Ыш, да чаго чалавек дайшоў… Можна яно і да Сімы. Пару медзякоў у мяне ёсць… Але ж табе трэба ў двор. Грубкі паліць.

— Трэба! — паныла астыў Гармаш. — Трэба, ліха яго матары. Панам, відзіш, холаднаі У кашульках тонкіх ім спаць! У ядвабных!

— У ядвабных! — падтакваў Грыва. Цяпер ён ужо ведаў, чаго хоча і што будзе