Пад сінім небам [Наталля Арсеннева] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

рэчкі, што ў лозах зялёных плюскочуць, —
           толькі яны уваччу.
Ці ж мне заменіць блакітнае мора,
ці ж мне заменяць няўсяжныя горы,
           зораў паўдня каласьсё —
нашае цьмянае сонца ціхое,
любае думкам і сэрцу ўвясною,
           любае мне над усё?
Не, бо ля сьветлага сіняга мора
вечна аб радасьці хвалі гавораць,
           там ад яе не ўцячы,
бо там бяз працы, а родзяць зярняты,
бо там чужое нам вечнае сьвята,
           тамака сэрца маўчыць.
Тут жа ж, у нас, па гайкох, пералесках
посьля зімы зацьвітаюць пралескі,
           сьцюжу зьмяняе вясна.
Тут пасьля гора жыцьця шлях сьвятлее,
тут пасьля сьлёз расьцьвітаюць надзеі
           тут і у сэрцы вясна!

Песьня


Па вузкіх палосках, па нівах
Ляціць яна ў сумную даль,
I чутны ў яе пералівах
Заўсёды — ці смутак, ці жаль.
Ня шэпчуць ў задуме бярозы,
Ня жаліцца рэчцы чарот —
Не, гэта адвечныя сьлёзы
Свае вылівае народ.
Ня хіліцца ў полі каліна,
Вітаючысь зь яснай зарой —
Не, гэта гаруе дзяўчына
Над доляй гаротнай сваёй.
Ня ветры у полі шырокім
Панура і глуха шумяць —
Не, жней гэта горам глыбокім
Цягучыя песьні зьвіняць.
Відаць, што гаротна іх доля,
Што шмат у іх жыцьці клапот,
Бо ў песьнях нячутна ніколі
Вясёлых ці радасных нот…

II. Абразкі

Вясна


З кажнай хмаркі ў небе празрыстым,
з кажнай лужынкі сьветлай і чыстай
           усьміхаецца ясна вясна!
Надзяць сіняй нябёсныя далі,
ручаі звон і грукат узьнялі,
           запраўды, надыходзіць вясна!
Сьнег ляжыць яшчэ коўдрай ваўнянай
пад узгоркам, а вецер вясьняны
           ўжо прымчаўся ні згэтуль, ні стуль,
абсыхаюць у садзе сьцяжыны,
і набраклыя яблын галіны
           прагна йрвуцца да сонца касуль.
Сэрца б’ецца трывожна, няроўна,
мне і сумна, й вясёла-чароўна,
           вусны ціха шапочуць: «Вясна…»
Недзе радасьці дзіўнай падзецца,
ўсё сягоньня зрабіла б, здаецца,
           бо папраўдзе на сьвеце вясна!

*** Сьветла спакойна лёгка бяз конца…

Пасьвячаецца маім таварышкам Оле, Лідцы і Галі.


Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе і лашчыць вясеньняе сонца.
Сінія далі ў імгле нягустой,
Лес прад вачмі вырастае сьцяной.
Сьнег між кустамі, між пнямі бялее,
Ветрык вясеньні, жартуючы, вее
З поля, дзе густа чарнее зямля,
З поля, дзе сёньня пануе вясна.
Там, дзе з блакітам зьліваюцца далі,
Горы палоскаю сіняю ўсталі,
Места там недзе, між гор залягло,
Ў дымцы хавае сваё хараство.
Звоняць у Вільні ледзь чутна і гукі
Сэрца чапаюць знаёмаю мукай.
Ціха… а тут, паміж соснаў старых,
Ўецца дарога да елак густых,
Ўецца, зьнікае, ізноў выбягае,
Поле і сьнег у кустох агібае,
Ўецца лагчынкай, дзе цені ляжаць,
Сосны дзе ў сіняе неба глядзяць.
Ціха, ўсё ціха… Заплюшчыўшы вочы,
Тут-бы, на сонцы, сядзела да ночы,
Твар прылажыла-б да цёплай зямліцы,
Слухала-б грукат вясеньні крыніцы,
Слухала-б тое, што ветрык пяе,
Ўсё, што гаворыць душы аб вясьне…
Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе й ласкае вясеньняе сонца!

Красавік

Максіму Гарэцкаму


Неба сіняе, сіняе, сіняе…
Ані межаў у ім, ані дна.
На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю
пазірае мне ў вочы вясна.
Лазьнякі срэбным пухам акрыліся,
вецер пыл па-над імі мяце,
тут — пралескі ў раўку затаіліся,
сірацінай фіялка цьвіце,
там — жаўцеюць вяночкі вясновыя
красак нейкіх нязнаных яшчэ,
там — ізноў — залатыя, ліловыя…
Зь іх вясна дываны свае тчэ.
Як тут ціха, ні гулу, ні гоману,
пачынае нат сум засынаць,
ды душою