Ваенны лётчык [Антуан де Сент-Экзюпери] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

перадыслакацыю, і размяшчэнне на новай базе, — мы бясконца мяняем аэрадромы, як тыя няшчасныя гаротнікі, якіх праследуюць няўмольныя судовыя выканаўцы. Дасюль Аліясу кожны раз удавалася ўратаваць самалёты, грузавікі і дзесяць тон ваеннай маёмасці. Але нам зразумела, што сілы яго на зыходзе, нервы ўжо не вытрым-ліваюць.

— Ну, дык вось…

Ён усё стукае і стукае па стале і не глядзіць на нас.

— Справы дрэнь…

Ён паціскае плячыма.

— Паскуднае заданне. Але ў штабе настойваюць… Упарта настойваюць… Я пярэчыў, але яны настойваюць… Тут ужо нічога не зробіш.

Мы з Дзютэртрам глядзім у акно — неба яснае. Я чую, як сакочуць куры: камандны пункт размяшчаецца на ферме, а аддзел разведкі — у школе. Лета, выспяванне садавіны і гародніны, выгульванне куранят, каласаванне збажыны — усё гэта ўжываецца ўва мне з думкай пра блізкую смерць. Па-мойму, спакой гэтага лета цалкам сумяшчальны са смерцю, і ў лагодзе ўсяго наваколля няма ніякай падсмешкі. Але ўмяне ўзнікае цьмяная подумка: «Лета нейкае шалае…

Яно трапіла ў аварыю…» Я бачыў кінутыя малатарні. Кінутыя камбайны. У прыдарожных равах — разбітыя, кінутыя аўтамабілі. Кінутыя вёскі. У адной апусцелай вёсцы з калонкі ўсё яшчэ лілася вада. Чыстая вада, якая каштавала чалавеку столькіх турбот, расцякалася бруднай лужынай. У маёй свядомасці раптам узнікае недарэчны вобраз: сапсаваныя гадзіннікі. Нібыта сапсаваліся ўсе гадзіннікі. Гадзіннікі вясковых цэркавак. Вакзальныя гадзіннікі. Камінныя гадзіннікі ў кінутых дамах. I ў вітрыне збеглага гадзіншчыка — цэлае кладзішча мёртвых гадзіннікаў. Вайна… Ніхто болей не заводзіць гадзіннікаў. Ніхто не звозіць буракоў. Ніхто не рамантуе вагонаў. I вада, святое прызначэнне якой — наталяць смагу ці быць скарыстанай для мыцця святочнага карункавага ўбрання сялянак, лужынай расцякаецца па царкоўнай плошчы. I ўлетку даводзіцца паміраць…

У мяне такое адчуванне, быццам я захварэў. I лекар толькі што сказаў мне: «Справы дрэнь…» Значыць, трэба падумаць пра запавет, пра тых, хто заетаецца. Адным словам, мы з Дзютэртрам зразумелі, што заданне гэтае — безнадзейнае.

— Калі ўлічыць цяперашнія абставіны, — заключае маёр, — рызыку не выпадае браць у разлік…

Ну вядома. «Не выпадае». I ніхто тут невінаваты. Ні мы — у тым, што пасумнелі. Ні маёр — у тым, што яму ніякавата. Ні штаб — у тым, што аддае загады. Маёр хмурнее, таму што гэтыя загады бязглуздыя. Мы таксама гэта ведаем, як ведае гэта і сам штаб. Ён аддае загады, бо трэба аддаваць загады. I іх дастаўляюць рахманыя вершнікі або, што больш сучасна, матацыклісты. Там, дзе пануе хаос і адчай, адзін з такіх рахманых вершнікаў саскоквае з узмыленага каня. Быццам мудры вяшчун, ён паказвае будучыню. Ён прыносіць ісціну. I загады зноў ставяць усё на сваё месца.

Гэткая схема вайны. Так яе малююць на лубачных карцінках. I кожны, хто як можа стараецца, каб вайна нагадвала вайну. Дбайна, клапатліва. Кожны штосілы стараецца выконваць усе правілы гульні. Тады, можа, гэтая вайна злітуецца і стане падобная на вайну.

I толькі дзеля таго, каб яна была падобная на вайну, бязмэтна выракаюцца на гібель экіпажы самалётаў. Ніхто не хоча прызнаць, што гэтая вайна ні на што не падобная, што ўсё ў ёй — бяссэнсіца, што яна не ўкладваецца ані ў якія схемы, што людзі з сур'ёзным выглядам усё яшчэ тузаюць за ніткі, якія ўжо адарваліся ад лялек. Штабы з поўнай самасвядомасцю рассылаюць загады, якія нікуды не дойдуць. Ад нас патрабуюць звестак, якія немагчыма сабраць. Авіяцыя не можа ўзяць на сябе задачу растлумачваць штабам, што творыцца на вайне. Па дадзеных авіяцыйнай разведкі можна толькі праверыць гіпотэзы штабоў. Але не існуе болей ніякіх гіпотэз. Ад нейкай паўсотні лётных экіпажаў фактычна патрабуюць, каб яны прыдалі гэтай вайне нейкі лад ці сістэму, якіх і заваду няма. Да нас звяртаюцца, як да нейкага племені варажуноў. Я гляджу на Дзютэртра, на майго штурмана-варажуна. Учора ён спрачаўся з палкоўнікам дывізіі: «Ды як жа я засяку вам пазіцыі, калі буду ляцець у дзесяці метрах ад зямлі з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну?» — «Прашу прабачэння, але ж вы ўбачыце, адкуль у вас пачнуць біць! А раз б'юць — значыць, пазіцыі нямецкія».

— Ну і рагатаў жа я пасля гэтага, — закончыў Дзютэртр.

Справа ў тым, што французскія салдаты ніколі і ў вочы не бачылі французскіх самалётаў. Іх усяго тысяча, і яны распылены ад Дзюнкерка да Эльзаса. Дакладней кажучы, раствораны ў бязмежжы. Пагэтаму калі над фронтам праносіцца самалёт, можна не сумнявацца, што ён — нямецкі. I яго стараюцца збіць раней, чым ён паспее кінуць бомбы. На адзін толькі рокат у небе зеніткі адразу ж адкрываюць агонь.

— Нічога не скажаш, каштоўныя звесткі атрымліваюць яны пры такой методзе!.. — дадаў Дзютэртр.

А гэтыя звесткі павінны ж прымацца ў разлік, бо на вайне ж належыць прымаць у разлік дадзеныя разведкі!..

Так, але ж і ўся гэтая вайна нейкая шалая.

На шчасце — і мы гэта выдатна ведаем, — ніхто не будзе апірацца на нашы разведдадзеныя. Мы проста не