Трывожнае шчасце [Іван Пятровіч Шамякін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Іван Шамякін Трывожнае шчасце

Пенталогія

Каханне, маладосць i трывогі сэрца

Іван Шамякін вярнуўся з вайны на роднае Палессе, калi яму ішоў дваццаць пяты год. Ён абраў мірную, гуманістычную прафесію настаўніка, пачаў працаваць у школе, што ў вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. Па гэтай прычыне I. Шамякін потым паступіў вучыцца ў Гомельскі педагагічны інстытут на завочнае аддзяленне. Ужо ў той час ім завалодала стыхія літаратурнай творчасді, i ён жыў адным вялікім жаданнем — «пісаць, пісадь i яшчэ раз пісадь, не спынядца ні на хвіліну». Працаваў малады аўтар надзвычай шмат, натхнёна i анантана, хоць i ўмоў для гэтага адпаведных не было. Яго незвычайна акрыліў першы творчы поспех — у канцы 1945 года часопіс «Полымя» надрукаваў аповесць «Помста», якую ён напісаўу Германіі пасля заканчэння вайны. Яшчэ раней, у 1944 годзе, ён стварыў апавяданне «У снежнайпустыні» (з'явілася настаронках «Полымя» ў 1946 годзе).

Першыя творчыя спробы I. Шамякін зрабіў яшчэ ў даваенны час, калі вучыўся на першым курсе Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў. Пачынаў, як i нямала іншых пісьменнікаў, з вершаў, але пасля аддаў перавагу прозе. Пісаў творы па-беларуску. Набраўся адвагі, рызыкнуў i адно, а пасля яшчэ некалькі сваіх апавяданняў студэнт тэхнікума адаслаў у рэдакцыю часопіса «Полымя рэвалюцыі». I. Шамякін прыгадваў: «Вялікае маё было здзіўленне, калі я атрымаў пісьмо ажно на тры старонкі машынапісу, з дэталёвым разборам майго апавядання ад самога Міхася Лынькова, галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Саюза пісьменнікаў…Нягледзячы на тое, што апавяданне маё было раскрытыкавана i адхілена, я даражыў адказам Міхася Лынькова, па-асабліваму, як, напэўна, многія іншыя маладыя, ганарыўся, што на мяне звярнуў увагу славуты пісьменнік, творы якога вывучаліся ў школе». Гэты ліст I. Шамякін забраў з сабой, калі ўвосень 1940 года пайшоў служыць у войска, захоўваў яго праз усю вайну.

I вось у пасляваенныя гады малады літаратар, які тады настаўнічаў, узяўся за асваенне буйнога эпічнага жанру: I. Шамякін пачаў пісаць раман пра партызанскую барацьбу на акупаванай тэрыторыі. Поспех «Глыбокай плыні» (1946–1949) быў проста ашаламляльны. У 1951 годзе за гэты твор I. Шамякіну была прысуджана прэстыжная на той час Сталінская прэмія (пазней яе назвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР). Пісьменніку не было i трыццаці гадоў, калі да яго прыйшла літаратурная слава. З цягам часу ён зрабіўся адным з самых вядомых i папулярных пісьменнікаў як у Беларусі, так i за яе межамі, у іншамоўным свеце. Яго творы перакладзены болып чым на 30 моў, выдавался ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі i мільённымі тыражамі. У канцы 70-х гадоў па чытабельнасці ў СССР сярод літаратараў ён займаў пятае месца.

I. Шамякіным напісана шмат твораў, i ўсе яны разам узятыя поруч з раманамі i аповесцямі Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Міхася Зарэцкага, Івана Мележа i іншых пісьменнікаў складаюць шматтомны мастадкі летапіс мінулай эпохі, яскрава i ўсебакова раскрываюць лёс беларускага народа ў XX стагоддзі. Кожная яго кніга ўтрымлівае каштоўны духоўны i маральны змест, а гэта дае нам магчымасць адчуць i зразумець, як жылі людзі ў пэўны час, што ix хвалявала, у што яны верылі, аб чым марылі… «Іван Пятровіч Шамякін як мастак слова цікавы перш за ўсё выдатным умением увасабляць у мастацкіх творах менавіта гэты чалавечы змест усяго існага, уласна чалавечы бок вялікіх падзей…» (М. Тычына). Найбольш поўна жыццёвы вопыт i ўнутраны свет маладых людзей даваеннай пары I. Шамякін увасобіў у пенталогіі «Трывожнае шчасце». Пісьменнік стварыў мастацкую біяграфію свайго пакалення, якая ўвабрала агульнае, тыповае i асобнае, індывідуальнае. Прычым агульнае непасрэдна вынікае з канкрэтных чалавечых лёсаў, прыватнага жыцця маладых герояў.

Доўга складваўся сюжэт гэтай разгорнутай эпічнай карціны: над цыклам аповесцей аўтар з перапынкамі працаваў восем гадоў (1956–1963). Кніга ўвабрала значную частку жыццёвай біяграфіі пісьменніка, грунтуеццанарэальныхпрататыпах. I. Шамякінпісаў: «…У «Трывожным шчасці» найбольш поўна апісаў я гісторыю свайго юнацтва, сваіх дзіцяча-юнадкіх захапленняў i таго кахання, што засталося на ўсё жыццё, што дало мне найлепшага сябра — жонку, маю Машу, i з ёй поўнае чалавечае птчасце». Фельчарка Саша Траянава — гэта i ёсць правобраз Марыі Філатаўны, жонкі пісьменніка. Пятро Шапятовіч — alter ego (другое «я») самога Івана Пятровіча Шамякіна, які вучыўся ў даваенным Гомелі i ў хуткім часе, як i многія яго аднагодкі, трапіў у полымя вайны. Такім чынам, «Трывожнае шчасце» мае аўтабіяграфічную аснову, а гэта ў значнай ступені забяспечыла псіхалагічную дакладнасць i пераканальнасць характараў.

Пенталогія пачыналася з аўтарскай задумы распавесці пра жыццё, каханне, маладосдь i працу Пятра Шапятовіча i Сашы Траянавай у даваенны час. Духоўны свет герояў, ix узаемаадносіны знаходзяцца ў цэнтры аповесці «Непаўторная вясна» (1956). Твор атрымаўся вельмі паэтычны, пачуцдёвы, вызначаецца лірычнай афарбаванасцю стылю. Аўтар паказвае прыгажосць i непаўторнасць першага кахання, раскрывав непасрэднасць i наіўнасць сваіх маладых герояў, тонка перадае ix душэўныя перажыванні i згрызоты. Пятра i Сашу збліжае, родніць шчырае, адданае, узаемнае пачуццё, яны, здаецца, створаны адно для аднаго, не могуць існаваць паасобку, неяк аўтаномна. Адносіны герояў пазбаўлены халоднай рацыяналістычнасці i разліку, «ад гарачага сэрца» кожнага з ix залежадь лінія паводзін i выбар у той ці іншай сітуацыі.

Пятро Шапятовіч — летуценная натура, рамантык i ідэаліст — «як i шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу i лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне», i ў гэтым плане ён успрымаецца тыповым прадстаўніком даваеннага пакалення савецкай моладзі. Паступова герой I. Шамякіна сталее, на змену яго ружовым уяўленням i нявопытнасді прыходзідь больш сур'ёзны i ўдумлівы погляд на жыццё. У мінулым застаюцца гарачлівыя ўчынкі, дробязныя непаразуменні i крыўды. Саша i Пятро пачынаюць глыбей адчуваць адно аднаго. Каханне, якое прыносіла сустрэчы i расстанні, падводзіць маладых герояў да таго, каб прыняць важнае i адказнае рашэнне. «Каб выйсці замуж, трэба кахаць чалавека» — так Саша вызначыла для сябе вельмі важную ісціну. Выходзячы замуж, яна робіць свой выбар сэрцам, ёй хочацца быць каханай, шчаслівай, жадаецда падараваць шчасце блізкаму i дарагому чалавеку, якім Пятро стаў для яе. Пра чалавечую сутнасць i духоўны патэнцыял гэтай маладой жанчыны красамоўна сведчыць гісторыя, звязаная з хваробай Пятра. Саша безаглядна кідаецца ратавадь каханага, яе перапаўняе глыбокая трывога сэрца, у той момант ёй рухаюць самыя глыбокія i вялікія пачуцці: дабрыня, пяшчота, чуласць. У вобразах Пятра i Сашы пісьменнік апаэтызаваў лепшыя чалавечыя якасці сваіх равеснікаў, якія з вялікім запасам духоўнай трываласці выходзілі на прасцяг жыцця.

Прывіднай была надзея на агульнае i сямейнае шчасце, замест радасці, працы, цвіцення кахання i маладосці прыйшла пара суровых ваенных выпрабаванняў. Пра нягоды, «жыццё ў акупацыі» аўтар распавядае ў аповесці «Начныя зарніцы» (1957). 3 маленькім дзіцем на руках Саша дабіраецца ў родную вёску, каб тут перажыць ліхую навалу i дачакацца з вайны свайго Пятра. Драматычна складваецца лёс маладой маці, якой даводзіцца ісці праз небяспеку i пакуты. Янатрапляе ў складаную сітуацыю, калі партызаны даручаюць ёй выходжвадь параненага камісара, былога настаўніка Лялькевіча. Саша мусіць у мэтах канспірацыі выдаваць гэтага чалавека за мужа, i таму неверагодна ўскладняецца яе маральнае самаадчуванне, бо, маўляў, як яна ўсё пасля зможа растлумачыць Пятру. Ёсць яшчэ адна акалічнасць: настаўнік Лялькевіч сапраўды перад вайной рабіў Сашы Траянавай прапанову аб замустве. У «Начных зарніцах» пісьменнік стварыў досыць складаны псіхалагічны вобраз жанчыны — маці i партызанкі — мужнай i ахвярнай, сумленнай i глыбока чалавечнай.

У франтавыя падзеі чытача пагружае аповесць «Агонь i снег» (1958). Калі ў папярэднім творы пераважае аб'ектывізаваны паказ рэчаіснасці, то тут пісьменнік абраў суб'ектывізаваную форму аповеду — ад імя галоўнага героя Пятра Шапятовіча, які знаёмідь нас з дзённікавымі запісамі. Падзеі ў аповесці храналагічна ахопліваюць перыяд ад самага пачатку вайны да чэрвеня 1942 года, калі галоўны герой пасля ранения ачуньвае ў шпіталі. За гэты час Шалятовіч прайшоў суровую франтавую школу i навучыўся ваявадь, у экстрэмальных абставінах сустрэўся са смерцю, нават мог загінудь, перажыў страты i цяжкія, напружаныя моманты, у выніку — загартаваўся i пасталеў. Апрача гэтага, Пятро зведаў цану баявой дружбе, сапраўднаму сяброўству, чалавечнасці i сумленнасці, i найперш дзякуючы такім людзям, як Сеня Пясоцкі. У ваенных умовах агаляліся псіхалогія i ментальнасць антыгерояў — рознага роду «трутняў вайны». Шапятовіч на прыкладзе Сцяпана Кідалы пераканаўся, што такое кар'ерызм абмежаванага чалавека, подласць, нягодніцтва.

Сеня Пясоцкі, які ўдумліва аналізуе падзеі, абудзіў крытычную думку Пятра, дапамог яму глыбей, без ружовага глянцу ўбачыць i зразумець, што такое вайна. Вачыма галоўнага героя перададзена атмасфера ваенных будняў, наказана трагічнае аблічча часу. Ён не хавае асабіста перажытага, болю i пакут, прапускае праз сябе душэўны вопыт іншых людзей, успаміны, міжчалавечыя дачыненні, размовы, спрэчкі i інш. Аповесць «Агонь i снег» — праўдзівы i хвалюючы дакумент жыцця франтавіка, створаны з арыентацый на так званы жорсткі рэалізм у адлюстраванні вайны.

«Трывожным» было шчасце знаёмых нам ужо герояў i ў аповесці «Пошукі сустрэчы» (1959). «Сэрца маё! Каханве маё! Вядзі ж мяне правільна!» — такое жаданне поўніць Сашу, якая жыве надзеяй на сустрэчу з каханым. «I рантам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да ix, як у родны дом». Вяртанне да сям'і становіцца для Шапятовіча складаным унутраным выпрабаваннем. Яму балючадумаць, што «чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуюцца любоў i вернасць…» A ўсё гэта адбываецца праз недавер да Сашы, маўляў, тая «магла здрадзіць яму — Пятру». «I пра Лялькевіча думаў, раўнаваў, пакутаваў». Адносіны некалі так моцна закаханых людзей далі расколіну, аднак Пятро i Саша прайшлі цяжкую дарогу да прымірэння, сямейнай згоды i яднання, здолелі захаваць вернасць сабе, не далі абставінам зруйнаваць ix пачуцці.

У заключнай аповесці «Мост» (1963) героі ўступаюць у новую паласу жыцця. Пісьменнік паказвае, як пасля вайны людзі вярталіся да працы, уключаліся ў адбудову вёскі, наладжвалі побыт. I. Шамякін не прыхарошваў рэчаіснасць, імкнуўся праўдзіва паказаць жыццёвыя цяжкасці i праблемы, нават завастраў ix. Тагачасная крытыка аддавала пісьменніку належнае за творчую смеласць. «Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі i пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту…» — пісаў В. Быкаў у рэцэнзіі пад красамоўнай назвай «Улада праўды» (1965).

Рэальныя складанасці часу i жыцця, ix драматызм востра бачыць старшыня калгаса Панас Грамыка, які спрабуе зразумець прычыны такога стану рэчаў, калі «і ворага няма перад табою, хіба пагода адна ды вось запусценне ваеннае, a ідзем мы — не ідзем, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа дадь…» Шапятовіч хоць i не здольны гэтак жа крытычна ўспрымаць рэчаіснасць, але ён пагаджаецца з меркаваннямі Грамыкі. Не заўсёды, аднак, ён намагаецца праверыць словы жыццём, як бы ўнікае вострых «вуглоў», канфліктаў. Шапятовіч усё ж асоба іншага складу: у душы гэты герой застаецца летуценным i шчырым ідэалістам, чалавекам мэтаімкнёным, ён жыве верай «у заўтрашні дзень, у шчасце», у тое, што на зямлі перамагае дабро. Гэтае шчасце для Пятра сімвалізуе мост, пра пабудову якога ён марыць як пра штосьці найпрыгажэйшае ў свеце. Пісьменнік стварыў два адрозныя тыпы характараў: рэаліст, прагматык Грамыка i рамантычная натура Шапятовіч, якія то кантрастуюць між сабой, то дапаўняюць адзін аднаго.

У абставінах пасляваеннага жыцця яшчэ глыбей раскрываецца асоба Сашы. Яна пастаянна «на візітах», г. зн. наведвае хворых, з сардэчнай чуласцю ставіцца да людзей, i тыя таксама шануюць сваю фельчарку. A галоўнае — Саша поруч з мужам, клапоціцца пра сваю сям'ю як штосьці самае дарагое i незаменнае ў свеце.

А. Адамовіч адзначаў, што «аповесць у цэлым настройвае чытача на роздум куды больш глыбокі i сур'ёзны». Роздум гэты датычыць пакалення, якое мужна перанесла «агонь i снег» вайны i не страціла сваёй чалавечнасці, якое прасвятлілася радасцю перамогі i ўсклала на свае плечы цяжар пасляваеннага жыцця, якое не спасавала перад нягодамі, выстаяла, вытрымала ўсе выпрабаванні i засталося адданым высокім ідэалам свайго юнацтва i маладосці. Роздум выводзіць нас да важных філасофскіх з'яў i паняццяў — сям'я, народ, радзіма, шчасце, каханне, абавязак, вернасць… «Народ — такая сіла, што ўсё адужае», — адна з жыццёва значных думак, па-мастацку сцверджаных у творы.

Стыль пісьменніка ў «Трывожным шчасці» ўражвае шырынёй дыяпазону, ён спалучыў вытанчаны лірызм i рэалістычна-аналітычнае даследаванне жыцця, псіхалогіі чалавека. Асаблівую адметнасць кнізе аповесцей надаюць пейзажныя малюнкі — паэтычныя, вобразныя, жывапісныя. Краявіды i чалавек у Шамякіна — гэта адзінае арганічнае цэлае, таму прырода дапамагае выявіць настрой герояў, ix характар, думкі i адчуванні, глыбока духоўныя адносіны аўтара да свету.

«Трывожнае шчасце» — першая пенталогія ў нацыянальнай мастацкай прозе — стала адным з самых значных творчых дасягненняў I. Шамякіна i ўсяго беларускага слоўнага масгацтва XX стагоддзя. Аўтар называў яе сваім любімым творам. Гэтаё пяцікніжжа — своеасаблівае літаратурнае Евангелле ад беларускага пісьменніка-гуманіста пра духоўную годнасць i трываласць сапраўдных людзей, ix глыбокую адданасць вечным каштоўнасцям жыцця.

Алесь Бельскі,

доктар філалагічных навук, прафесар

Непаўторная вясна

Аповесць першая

І

Пятро прагаласаваў. Машына не спынілася. Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Але сам пасажыр думаў аб сабе інакш: у свае васемнаццаць год ён быў поўны высокіх мараў і надзей, без гонару і зазнайства лічыў, што ён чалавек цікавы і апрануты для студэнта прыстойна, а таму мае права на ўвагу людзей. Аднак ён не пакрыўдзіўся і не ўзлаваўся, хоць і не першы вадзіцель так няўважліва праехаў міма. Правёўшы позіркам машыну, ён зноў з прыемнасцю разлёгся на прыдарожнай лаўцы ў цені сосен, паклаўшы галаву на свой пацёрты цыратавы партфелік, напакаваны марамі, надзеямі і рознымі думкамі гэтак жа поўна, як і галава студэнта. Але ў партфелі яны ляжалі ў выглядзе дзённікаў, у якіх добрая палавіна розных здарэнняў і падзей была выдумана, і вершаў — простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй.

Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Ён думаў пра яе. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Але сёння Саша ўяўлялася так ясна, быццам увесь час стаяла перад ім, пакуль ён ляжаў тут, за горадам, чакаючы спадарожнай машыны. Можа, праз гэта хлопец і не надта спяшаўся хутчэй дабрацца да месца: хораша думаць так! Не, ён марудзіў і не пабег трыццаць кіламетраў пехатой адразу з цягніка, як часта рабіў гэта пазней. У душы было тое дзіўнае пачуццё, якое мы часта перажываем, асабліва ў юнацтве, калі разам з моцным жаданнем, з імкненнем хутчэй дасягнуць мэты пасяляюцца трывога, няўпэўненасць. Трывогу гэтую адчуваў і Пятро. Адна рэч — сустракацца вечарамі на адной з цёмных вуліц Гомеля, гаварыць аб самых высокіх матэрыях, цалавацца і зусім іншае — прыехаць да яе ў вёску, на кватэру, дзе яна сама гаспадыня. Да таго ж тры месяцы, якія яны не бачыліся, здаваліся яму вельмі доўгім тэрмінам. Колькі сплыло вады за гэты час! Ён ездзіў на практыку ажно ў Сібір і вярнуўся па-ранейшаму студэнтам, а яна скончыла школу і паехала на працу вось у гэтую далёкую вёску, куды яму трэба неяк дабрацца. Яна ўжо самастойны чалавек, фельчар, у яе новыя знаёмыя — колькі ў вёсцы настаўнікаў і іншых хлопцаў! Непрыемнае пачуццё запякло ў грудзях — наіўнае і страшнае пачуццё беспадстаўнай рэўнасці. Чаму яе два пісьмы былі такія кароткія? «Даруй, няма вольнай хвілінкі». Здавала экзамены — знаходзіла час пісаць па некалькі старонак. А тут, у вёсцы, раптам не хапае часу, быццам ва ўсім сельсавеце — адны хворыя. Праўда, яна сама яго запрасіла ў апошнім пісьме прыехаць у госці. Але якое гэта запрашэнне — адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць. Пятро ад такіх думак ажно ўсхапіўся і абышоў вакол лаўкі. Ён пачаў думаць аб той нечуванай у гісторыі чалавецтва страшэннай помсце, якую ён здзейсніць, калі — не дай Божа! — яна здрадзіць яму.

Крыху супакоіўшыся, ён лёг зноў. Перад ім лёгка гойдалася галлё сосен. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз — побач праляскаў таварны састаў. Пятро ўсміхнуўся: жахі зніклі, ён зноў бачыў яе вочы, блакітныя і ласкавыя, адчуваў на вуснах цеплыню яе пацалункаў. Не, яна добрая, шчырая, і яна кахае яго назаўсёды.

Пачуліся галасы і смех, ён схамянуўся. Вялікая група жанчын з кошыкамі, бітонамі і чаравікамі ў руках вярталася з горада і таксама размясцілася адпачыць пад соснамі.

— Цёткі! Да Холмеч далёка? — баючыся натрапіць на людзей з той вёскі, дзе працуе яна, яго Саша, бо такія людзі абавязкова пачалі б дазнавацца, да каго ён едзе, Пятро хітра пытаўся пра адлегласць да суседняга мястэчка. Пытаўся проста так — для забаўкі, бо ўжо дакладна ведаў ад гаваркога стрэлачніка, колькі кіламетраў не толькі да Холмеч, але да кожнае вёскі па гэтым шляху.

— Да вечара паляжы — бліжэй будзеш, — засмяялася адна з маладзіц.

— Відаць, дадому так спяшаецца, а маці недзе чакае не дачакаецца, — з дакорам сказала старая. Мабыць, яны бачылі яго тут, на гэтай лаўцы, калі яшчэ ехалі ў горад, бо самая маладая зноў пажартавала:

— Да нявесты нябось даўно пяшком дабег бы.

Словы яе ўкалолі хлопца, яму стала сорамна за тое, што ён ляжыць. Пятро ўзяў партфелік і адышоў убок, каб не чуць іх смеху і жартаў. Але неўзабаве пад'ехаў і спыніўся грузавік, і жанчыны, загрымеўшы бітонамі, пачалі шумна залазіць у кузаў. Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад'ехаць.

— Пяць рублёў, — буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра.

Гэта было дорага, а тым больш для беднага студэнта, у якога ў кішэні ляжала ўсяго нейкая дзесятка; за гэтыя грошы яму трэба было вярнуцца са свайго няблізкага падарожжа назад. Таму ён уедліва сказаў чырванатвараму вадзіцелю:

— Дзякую за ласку, — і рушыў назад, да пераезда.

Жанчынам, мабыць, стала шкада юнака. Яны нешта сказалі шафёру і паклікалі:

— Ідзі садзіся. Чаго там! Можа, пасватаешся да нашых дзяўчат!

Шафёр таксама лагодна крыкнуў:

— Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу.

Пятро не азірнуўся. Толькі калі машына рушыла і крыху асеў пыл, ён павярнуўся і шпарка закрочыў следам за ёй, туды, дзе канчаўся невялікі сасняк і адкрывалася шырокае поле.

Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў — да Холмеч — абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у цені вербаў ці вішняку. Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў жніўні яны заўсёды сухія. Але самае пакутлівае на той дарозе — гэта ўвесь час бачыць недалёка злева густую сцяну лесу, а з узгоркаў, бліжэй да лесу, паміж яркай зеляніны лугу, — паласу вады, што спакусліва паблісквае на сонцы. Але да Дняпра — два-тры кіламетры. І, вядома, не ў кожнага пешахода хапае волі падоўжыць свой шлях на некалькі кіламетраў, каб пакупацца. Раней дарога вяла паўз самы Дняпро, праз вёскі Жмураўка, Заспа, Левашы, але нейкі дарожны начальнік, які, мабыць, ніколі не хадзіў пехатой, вырашыў пракласці яе полем, каб зрабіць больш простай, кароткай і нібыта больш праезджай вясной і ўвосень. Ды ад гэтага яна не стала ні карацейшай, ні больш праезджай у непагоду. Добра, што ў наш шчаслівы час, калі ўсюды столькі машын, нават закаханыя паэты не ходзяць пехатой. А ці добра? Прайсці аднаму па добрай дарозе і ў добрым настроі — хіба не прыемна гэта? Колькі перадумаеш усяго, як хораша памарыш, паспрачаешся са сваімі праціўнікамі! А колькі варыянтаў новай рэчы — я маю на ўвазе нашага брата, пісьменніка, — можа з'явіцца ў выніку гэтага роздуму, колькі нечаканых і цікавых сюжэтных ходаў раптам знаходзіш. Ніхто табе не перашкаджае, ты можаш размаўляць са сваімі героямі, гаварыць за іх, прыслухоўвацца да іх галасоў, спяваць, не маючы слыху, складаць вершы, не маючы таленту, — адным словам, можаш рабіць, што хочаш. Амаль нідзе не адчувае чалавек сябе больш вольным, як у дарозе, і асабліва сярод шырокага поля, калі ўсё відаць далёка навокал і ты ўпэўнены, што ніхто не чуе тваіх думак.

Пятро, як і кожны ў яго гады, быў паэт у душы, і ў яго хапіла занятку на добрую палавіну дарогі. Ён не заўважаў ні спёкі, ні аднастайнасці пожняў, ні пылу, нават Дняпро не вабіў яго. Першая празаічная рэч, на якую ён мусіў звярнуць увагу, былі ўласныя парусінавыя чаравікі. Пра іх нельга было не падумаць, бо гэта была самая ненадзейная частка яго ўбрання. Пятро прысеў на запыленую ўзбочыну, разуўся і, загарнуўшы чаравікі ў газету, паклаў іх у партфель побач са сваім духоўным скарбам.

Але самы шчаслівы закаханы і самы натхнёны паэт урэшце стамляецца. Тады знікае жаданне марыць, чалавек пачынае чытаць лічбы на кіламетравых слупах і адразу заўважае, якая па сутнасці гэта аднастайная і цяжкая дарога і як гола і сумна на полі ў жніўні: убрана збажына, пажоўк бульбоўнік, пачарнела няскошаная грэчка.

У Пятра гэтая стомленасць прыйшла разам са смагай — вельмі захацелася піць. Ён дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць.

Але калі ён вызначыў па слупах, што патрэбная яму вёска ўжо недалёка, то адразу забыўся на стомленасць і смагу; іншыя турботы апанавалі яго: нельга паявіцца перад Сашай у такім выглядзе — запыленым, з бруднымі рукамі і нагамі, засмяглымі губамі. На шчасце, яму ўдалося знайсці пад адным мостам цераз роў лужыну дажджавой вады. Наўрад ці згадзіўся б ён у іншых абставінах мыцца ў такой вадзе, але тут іншага выйсця не было. Пятро старанна выбіў пыл са штаноў і някепска памыўся.

У поўнай форме — зашпілены на ўсе гузікі, абуты — набліжаўся ён да вёскі, ахутанай залатым пылам: заходзіла сонца, вяртаўся з поля статак. Боязь і радасць, трывога і лепшая надзея, няўпэўненасць і юнацкая задзірыстая рашучасць перамяшаліся ў дзіўнае і вельмі салодкае пачуццё. Нялёгка было яму спытаць у жанчыны, якая вельмі цікаўна аглядала яго, дзе кватаруе фельчарыца Траянава. Жанчына паказала на вялікую хату са старым клёнам пад акном.

У двары Пятра сустрэла дзяўчынка год васьмі, якая на ганку скрэбла бульбу.

— Скажыце, Саша дома? — нясмела спытаў Пятро, быццам перад ім была не малая, а нехта сталы і суровы з выгляду.

— Хто? — не зразумела дзяўчынка.

— Аляксандра Фёдараўна, Траянава, — яшчэ больш разгубіўся хлопец.

— А вунь — у садзе, — і гукнула: — Цёця Шура! Да вас прыйшлі!

Пятро ўподбег кінуўся ў сад, нібы спалохаўся, што Саша можа некуды знікнуць.

Саша ў знаёмай сукенцы ляжала пад яблыняй і чытала. Яна не ўзняла галавы, быццам нічога не чула. Пазней, значна пазней яна прызналася, што ўбачыла Пятра яшчэ за вёскай, на дарозе, і таксама спалохалася. Нават спачатку падумала схавацца, а дачку гаспадыні папрасіць, каб тая сказала, што яе няма дома. Але, зразумеўшы, што гэта і наіўна, і непрыгожа, і жорстка, яна, каб не выдаць свайго страху, свайго хвалявання, засталася ляжаць, глядзець у кнігу і слухаць спалоханыя ўдары ўласнага сэрца, размову Пятра з Нінкай, яго паспешлівыя крокі.

Пятро спыніўся за колькі крокаў ад яе. Недзе ў глыбіні душы ўспыхнулі крыўда і рэўнасць. «Пісала, што часу няма, а сама ў садзіку кніжачкі чытае». Але крыўду гэтую захліснула гарачая хваля пяшчоты. Ён шэптам паклікаў:

— Саша!

Яна ўзняла галаву і шырока расплюшчыла свае вялікія прыгожыя вочы; у водсвеце вячэрняй зары зусім пунсовым зрабіўся яе твар.

— Ты-ы?

Пятра ашаламіла такое яе здзіўленне, і ён стаяў разгублены, бездапаможны, варты жалю.

Саша зразумела, што ён адчувае, і хутка ўзнялася, села на коўдры, на якой ляжала, паправіла сукенку і працягнула руку:

— Ну, добры вечар. Будзь госцем.

Ён паціснуў яе руку і зморана апусціўся побач.

— Стаміўся? — І гэтае яе такое простае і ласкавае запытанне расчуліла да слёз сапраўды страшэнна зморанага хлопца. Ён з удзячнасцю паглядзеў на Сашу затуманенымі вачамі і, не маючы сіл вымавіць слова, прыпаў вуснамі да яе рукі. Але яна адняла руку і адсунулася ад яго.

— Не трэба. Нінка падглядае… І наогул — ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам…

— Братам?

— Але, я скажу, што ты мой брат.

— Навошта?

— Я не хачу, каб у вёсцы загаварылі, што да доктаркі прыязджаў жаніх.

Раней яна ніколі не гаварыла такіх слоў, як «жаніх», «нявеста»: юнацтву яны здаюцца занадта грубымі. Але цяпер слова гэтае не абразіла Пятра, а, наадварот, узрадавала, і ён ахвотна згадзіўся:

— Добра. Буду братам… кім хочаш, абы толькі быць з табой, Сашок.

— Я не думала, што ты прыедзеш. Хоць мне вельмі-вельмі хацелася, каб ты прыехаў… Ты галодны, праўда? — магчыма, ад разгубленасці ці адчування сваёй віны перад ім яна рабіла такія нечаканыя пераходы.

Некалі ён кляўся, што ніколі не скажа ёй няпраўды. Але тут чамусьці схлусіў:

— Не, я абедаў нядаўна ў Рэчыцы. Я на машыне ехаў.

Саша шпарка падхапілася і ўзяла ў адну руку яго партфель, у другую коўдру.

— Хадзем у хату, — і гарэзліва бліснула вачамі. — Ты прывёз дзённікі, праўда? — Яна любіла чытаць яго дзённікі, хоць верыла не ўсяму ў іх.

Па дарозе падскочыла і сарвала яблык. Дзіўна, але гэта неяк адразу супакоіла Пятра. У першыя хвіліны ў яго з'явілася адчуванне, што за тры месяцы, як яны рассталіся, Саша вельмі змянілася, пасталела і ад гэтага як бы стала больш далёкай і чужой. Адчуванне такое палохала яго. І раптам па тым, як яна сарвала яблык, ён пазнаў сваю Сашу. Некалі на спатканнях яна часта рабіла так: сярод сур'ёзнай размовы аб самых высокіх матэрыях раптам падскаквала, зрывала каштан, ці галінку ліпы, ці проста ліст, клала яго на руку і «страляла». Або, калі яны часам выходзілі ўвечары за горад, раптам прапаноўвала: «Давай навыперадкі!»

А як хораша адчуў сябе юнак, калі яны селі за стол, адно супроць аднаго, і пачалі есці пахучае халоднае малако з чорным хлебам, у якім трапляліся неразмолатыя зерні і хрумсцелі на зубах. Як шмат хто ў яго ўзросце, Пятро ў кожнай з'яве шукаў сімвалічнага. Дагэтуль ён ніколі не сядзеў з ёй за адным сталом. За два гады амаль штодзённых сустрэч у іх ні разу нават і думкі не ўзнікала, каб зайсці разам у сталоўку ці рэстаран. Не, яны нават у кіно не хадзілі: Саша ўпарта не згаджалася. Пасля яна прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям'і, расла без маці.

І вось яны сядзяць за адным сталом. Пятро не зводзіў позірку з твару дзяўчыны. У хаце гусцеў змрок, але ён бачыў яе любыя вочы, цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Яна падлівала малака і ціха прасіла:

— Пі. Не саромейся. Дзіўны ты які.

Ён не пытаў, чаму дзіўны, ды яна і не змагла б адказаць. Ёй было радасна, што ён прыехаў, што не толькі гучнымі словамі ў пісьмах, вершах і дзённіках, але справай даказваў сваё шчырае каханне. Але было і неспакойна на душы. Яна з трывогай чакала гаспадыні.

І гаспадыня нарэшце прыйшла. Гэта была жанчына год трыццаці пяці, худая, рухавая і не вельмі гаваркая. Муж яе трагічна загінуў на лесараспрацоўках. Яна засталася з двума дзецьмі, працавала даяркай у калгасе, і сям'я жыла не горш за тыя, дзе былі мужчыны. Дачка, безумоўна, паведаміла ёй яшчэ на вуліцы, што «да цёці Шуры прыехаў брат». Гаспадыня стрымана прывіталася кароткім расейскім «здрасте» і хуткім позіркам агледзела з галавы да ног невысокую шыракаплечую постаць хлопца.

Саша збянтэжылася і няўпэўнена сказала:

— Знаёмцеся, Аня, гэта мой брат.

Рук адно аднаму не падалі. Пятро разглядаў гаспадыню без асаблівай цікавасці. Яны сабраліся з Сашай пайсці пагуляць за вёску, далей ад людскога вока, і ён хацеў, каб хутчэй скончыліся ўсе гэтыя фармальнасці. «Гаспадыня як гаспадыня, і што ёй да ўсяго іншага?» — разважаў ён.

Вусны жанчыны скрывіліся ў іранічнай усмешцы:

— Брат?

Нават пры слабым святле лямпы было відаць, як успыхнуў Сашын твар: яна ўспомніла, што яшчэ напачатку расказала гаспадыні ўсё пра сваіх сястру і малога брата, нават паказала фотакарткі. І яна ўдакладніла ўпаўшым голасам:

— Стрыечны.

— А-а, — працягнула гаспадыня і, схапіўшы дайніцу, выбегла з хаты.

— Ты думаеш, яна паверыла? — спытаў Пятро, калі яны выйшлі на вуліцу.

— Няхай. Я пасля раскажу ёй. Яна добрая. Абы маўчала цяпер. І каб дзеці не разносілі па вёсцы… Гэта такое радыё!..

Яны мінулі крайнія хаты, прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя, і адразу апынуліся ў чыстым полі, залітым святлом поўнага месячыка.

Ноч была ціхая, душная, і паветра моцна пахла пылам, узнятым адвячоркам збажыной і яблыкамі. Вёска стаяла сярод поля, блізка не было ні лесу, ні рэчкі, ні нават балот, калі не лічыць невялікай сажалкі на выгане. Але хаты танулі ў зеляніне садоў, якіх, на жаль, цяпер так мала — пасля ваенных пажараў.

Калі адышлі далей ад вёскі, Пятро горача абняў Сашу і пацалаваў. Яна прымала яго пацалункі, як заўсёды: ніколі не цалавала сама, але ласкава абвівала рукамі шыю, прыціскалася, і ён чуў, як часта-часта пачынала біцца яе сэрца.

— Сашок, каб ты ведала, як я сумаваў гэтыя тры месяцы! Як многа і хораша думаў пра цябе! А ты яшчэ здзівілася, што я прыехаў. Ты прачытаеш у дзённіку, як я перажываў…

— О, пісаць ты ўмееш!

— Ты не верыш мне? — прытворна пакрыўдзіўся Пятро.

Яна ласкава дакранулася плячом да яго пляча:

— Раскажы лепш, як вы там жылі, у Сібіры…

Яны ішлі, узяўшыся за рукі, па палявой дарозе, і ён расказваў доўга і падрабязна.

Саша маўчала.

Пятро зноў з трывогай зазначыў, што ўсё-такі яна перамянілася — стала нейкая больш стрыманая, паважная. Ён разлічваў, што Саша пасмяецца з расказу аб тым, як у іх не хапіла грошай, каб прыехаць назад, і яны доўга вырашалі — што прадаць, і як прадавалі яго, Пятрову, аўтаручку, аднаго сябра чамадан, другога, самага багатага, пінжак. Але Саша не засмяялася. Яна сказала:

— Ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе грошай. У мяне ўпершыню сабралася столькі — і пад'ёмныя, і зарплата!.. Не ведала, што з імі рабіць…

Ніколі раней яны не гаварылі пра такія рэчы, як грошы, і, безумоўна, ён нізавошта не адважыўся б прасіць іх у Сашы, калі б нават апынуўся ў самым цяжкім становішчы. А яна вось гаворыць так проста. І ў гэтым таксама відаць, што яна змянілася, але да лепшага ці да горшага такая змена — Пятро не мог вырашыць.

Яму ўвесь час здавалася, што Саша не падобна да іншых дзяўчат, што яна асаблівая, і ён баяўся, што з гэтай «матэрыяльнасцю» яна страціць сваю незвычайнасць і стане, як усе. Але разам з тым ён адчуваў, што такая простая яе прапанова, як і тое, што перад тым яны сядзелі за адным сталом, неяк вельмі ўжо збліжала і радніла іх. Усё гэта было супярэчліва і неяк па-новаму хвалявала. Пятро забыўся на свой смешны расказ аб тым, як яны насілі на «таўкучцы» рэчы. Ды і Сашы, напэўна, было нецікава гэта, яна думала пра нешта сваё. Хвіліну яны маўчалі. Потым Саша сказала:

— Да мяне прыходзіў бацька, і я аддала ўсе грошы яму, — і пасля паўзы дадала: — А пасля пашкадавала. Я даведалася, што ён збіраецца жаніцца. Дзесяць год прайшло, як памерла маці, і раптам… надумаў стары… Я напісала яму злоснае пісьмо.

II

Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Гэтая прасторная святліца з мноствам фікусаў, аганькоў, руж, пальмаў, якімі былі застаўлены ўсе вокны і палавіна падлогі, і была кватэрай Сашы. Сама гаспадыня з дзецьмі жыла ў «задняй».

Яны на пальчыках прайшлі праз кухню. Не запальваючы лямпы — даволі светла было ад месячыка, — Саша падвяла Пятра да вялікага драўлянага ложка, што стаяў за грубкай, і сказала:

— Ты будзеш спаць тут.

Яе маленькі, белы, як у бальніцах, ложак стаяў з другога боку грубкі, каля акна, што выходзіла на вуліцу. Пятро хутка раздзеўся, нырнуў пад свежую, крыху вільготную прасціну, якая прыемна пахла мылам, балотнай вадой, нейкімі лекамі, і, стаіўшы дыханне, слухаў, як за грубкай раздзявалася Саша. Якое гэта непаўторнае і ні з чым не параўнанае адчуванне — упершыню чуць, як за тры крокі ад цябе, у адным пакоі, раздзяецца дзяўчына, якая здаецца для цябе, закаханага, прыгажэйшай за ўсіх на свеце, якая стала для цябе самай любай і дарагой! Ты ўяўляеш яе ў адной кашулі — і гэта чысцейшыя ўяўленні, уласцівыя юнацтву, у іх няма і кроплі непрыстойнасці. Гэта самае высокае чалавечае адчуванне, якое, на жаль, мы часта страчваем у сталыя гады, калі многае для нас робіцца звычайным, будзённым і мала што можа ўжо ўсхваляваць па-сапраўднаму.

Сэрца ў Пятра спачатку быццам спынілася на міг, а потым пачало біцца радасна-трывожна, як заўсёды, перад невядомай, таямнічай, але — адчуваем мы — вялікай падзеяй у жыцці.

Саша лягла.

Пятро зноў замёр у чаканні гэтага невядомага.

Яна спытала:

— Ты не спіш яшчэ? — і ўздыхнула, а праз хвіліну пажадала: — Добрай ночы.

Ён адказаў:

— Добрай ночы.

І, яшчэ больш усхваляваны, хлопец пачаў з юнацкай наіўнасцю думаць — шукаць захаваны сэнс і ў яе запытанні, і ва ўздыху, і ў пажаданні. Чаму яна спытала, ці не спіць ён? Хіба можна так хутка заснуць, нават і вельмі стомленаму чалавеку? Ці не з іроніяй яна спытала? Чаму так цяжка ўздыхнула? Ён прыгадаў гаворкі сваіх старэйшых сяброў-студэнтаў аб тым, што мужчына павінен быць смелым і рашучым у любых абставінах. Але іх рашучасць у адносінах да дзяўчат заўсёды абурала Пятра, бо гэта было не што іншае, як нахабства. Ён ніколі не быў нахабным. А Саша для яго была — святое. Сашы ён баяўся сказаць нявінны жарт, параіць пачытаць кніжку, у якой закраналіся такія вось пытанні. А калі аднойчы пачалі размову пра «Ціхі Дон», то далікатна абміналі ўсе «нявінныя» мясціны.

Але чаму яна ўздыхнула? Гэтае пытанне не давала спакою. Ён успамінаў кожнае яе слова за гэты вечар. Пачаў шукаць іншы сэнс у запрашэнні і нават у тым, як яна здзівілася і разгубілася, калі ён знянацку з'явіўся перад ёй у садзе. Зноў прыгадаліся «тэарэтычныя» разважанні сяброў аб дзяўчатах, іх непрыстойныя думкі, якія заўсёды абражалі Пятра — абражалі за Сашу. З адным сябрам ён з-за гэтага пасварыўся назаўсёды.

Але пры ўсёй сваёй узнёсласці і юнацкай сарамлівасці ён добра разумеў, што ўрэшце іх каханне павінна прыйсці да таго, што яны стануць мужам і жонкаю. Такі закон прыроды. Але ці хоча гэтага Саша? Каб яна думала стаць зараз яго жонкай, ёй не было б патрэбы выдаваць яго за брата. Сумленны ва ўсіх сваіх паводзінах і пачуццях, Пятро канчаткова адмовіўся ад думкі, што яму варта праявіць рашучасць, смеласць і пайсці да Сашы. Гэта можа абразіць яе, скампраметаваць: гаспадыня, відаць, не спіць. Аднак не зусім упэўнены, што Саша не жадае гэтага, ён наіўна чакаў, што яна прыйдзе сама, чакаў, як Палканаў[1], уяўляючы, як гэта можа здарыцца, толькі думкі яго былі куды больш чыстымі і прыгожымі.

Саша павярнулася на ложку, і ён стаіў дыханне; у сэрцы затрапяталіся радасць і страх. Не, зноў цішыня. А час ляціць. Карацейшыя сталі на падлозе цені ад кветак, што стаялі на вокнах. Ужо даўно праспявалі першыя пеўні. За сцяной спрасонку нешта выгукнуў сын гаспадыні — мабыць, і ў сне ганяў кароў.

Пятро ўрэшце не вытрымаў і шэптам паклікаў:

— Саша!

Яна не адказала.

— Сашок!

Ён, стаіўшы дыханне, падняўся і глянуў з-за грубкі.

Святло месячыка падала на яе твар, на рассыпаныя па падушцы залатыя валасы.

Саша спакойна спала.

Яму стала сорамна за свае думкі, і ён хуценька вярнуўся на свой ложак.

Саша разбудзіла яго раніцой даволі позна.

— Ох, і соня ж! Прачынайся! — смяялася яна, тузаючы, як малога, за нос.

Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення: ён упершыню бачыў Сашу ў белым халаце, у марлевай касынцы (амбулаторыя была побач з кватэрай), і гэтае ўбранне так пасавала да яе, што яна здавалася казачна прыгожай.

— Я ўжо колькі хворых прыняла, а ты ўсё яшчэ спіш! Уставай — снедаць будзем!

Ён не вытрымаў, прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў. Гэта ўбачыла праз адчыненыя дзверы гаспадыніна дачка. Выйшаўшы на двор, дзе маці рабіла нешта па гаспадарцы, малая адразу паведаміла ёй:

— А ведаеш, мамка, яны цалуюцца.

— Хто?

— Цёця Шура і яе брат.

Маці чамусьці ўзлавалася і накрычала на дачку: не падглядай, дзе не трэба.

На снеданне гаспадыня падала халодную бульбу, гуркі і міску сыраквашы. Пятро не звярнуў увагі — звычайнае сялянскае снеданне, дома ён харчаваўся не лепш, да таго ж ён быў у такім радасным настроі, што наўрад ці заўважыў бы, калі б яму нават зусім не давалі есці цэлы дзень. Але Саша раптам пачырванела і здзіўлена сказала да гаспадыні:

— Аня?! — і больш нічога не сказала, спадзеючыся, што гаспадыня зразумее і так. Але тая зрабіла выгляд, што нічога не разумее, і пачала мітусліва збірацца, каб некуды ісці.

— У нас, Шурачка, няшчасце: каровы пачынаюць яшчурам хварэць. Работы нам цяпер, даяркам!.. Хворыя асобна стаяць у загоне, а здаровых у поле выгналі. Вось і бегай туды-сюды… Можа, я на абед не прыйду, дык вы тут самі…

Пятро апетытна еў бульбу з гуркамі і, ні пра што не здагадваючыся, здзіўляўся, чаму Саша, такая вясёлая колькі хвілін назад, калі будзіла яго, палівала ваду на рукі, раптам нібы засмуцілася ці збянтэжылася. Яна амаль нічога не ела і не запрашала есці яго, як учора ўвечары. Сядзела моўчкі, хмурылася і ляпіла з хлеба шарыкі і зоркі.

— Што з табой, Саша?

— Нічога, — сярдзіта адказала яна і ўзнялася, але, відаць, схамянулася — ласкавая ўсмешка асвяціла яе твар. — Снедай і прыходзь да мяне ў амбулаторыю.

Амбулаторыя размяшчалася ў былой кулацкай хаце, вялікай і пустой. Адна палавіна хаты служыла пакоем для чакання. Тут стаяў паўз сцяну доўгі ўслон і на падаконніку ляжалі часопісы і медыцынскія брашуры, на сцяне віселі плакаты — як даглядаць грудное дзіця. У пярэдняй палавіне — самой амбулаторыі — стаяў нізкі стол з рэгістрацыйнымі кніжкамі на ім, два венскія крэслы, старыя і моцныя, цвёрдая канапка, засланая чыстай прасціной і ў нагах цыраткай. За шклом невялічкай шафы паблісквалі розныя інструменты, бутэлечкі і шклянкі. Адным словам, было ўсё, як належыць ва ўстанове, дзе лечаць людзей. У пакоі гэтым, хоць хата стаяла вокнамі на поўдзень, заўсёды чамусьці было халаднавата, крыху вільготна і пахла цвіллю і лекамі. Але пахі гэтыя не раздражнялі, а Пятру здаваліся нават прыемнымі. Увогуле ён адчуваў сябе тут надзвычай утульна. Усведамленне, што гэта Сашына амбулаторыя, што Саша тут поўнаўладная гаспадыня і што ён мае права сядзець тут побач з ёй, такой блізкай і любай, радасна цешыла яго.

Хворыя не прыходзілі — амаль усе перабылі раніцой. Яны сядзелі ўдваіх і хораша гутарылі: успаміналі агульных сяброў, розныя смешныя здарэнні, расказвалі адно аднаму аб прачытаных за апошні час кнігах.

— А я яшчэ раз перачытаў «Што рабіць?», і мне не спадабалася жыццё Веры Паўлаўны. Не разумею, чаму табе хочацца жыць так, як яна, — сказаў Пятро.

— Не, я і зараз мару жыць так, як яна. Працаваць вось так, кахаць — і больш нічога.

— І ніколі не мець дзяцей? — упершыню адважыўся ён на такое сталае пытанне.

Яна здзіўлена паглядзела на яго.

— Дзяцей? Я ніколі не думала пра гэта. — Яна памаўчала, задумліва кусаючы пазногаць. — Не, дзіця я хацела б калі-небудзь мець. Але, ведаеш, я вось гляджу на многія сем'і, дзе муж, жонка, дзеці, і мне страшна робіцца — як непрыгожа людзі жывуць!.. Я не хачу так жыць!

Пятро падышоў і абняў яе ззаду за плечы, дакрануўся вуснамі да яе мяккіх валасоў, удыхаючы іх своеасаблівы, ап'яняючы водар.

— Мы з табой будзем жыць прыгожа, Сашок.

Яна неяк сціснулася ад гэтых слоў, быццам баронячыся ад удару, ссутуліла плечы.

— А мне чамусь здаецца, што мы ніколі не будзем разам…

— Ну што ты! — спалохаўся ён.

— Я не магу ўявіць цябе… — Ёй, відаць, цяжка было вымавіць, і яна грэбліва зморшчылася і застукала трубкай фанендаскопа па стале, быццам жадаючы заглушыць яго, непрыемнае слова гэта, — мужам… Я не хачу, каб ты стаў, як усе… я мару, каб ты заўсёды быў вось такі… далёкі, жыў у маіх марах — і ўсё. Я баюся, што, калі здарыцца інакш, гэта знішчыць усё светлае, што ў нашых адносінах, што ў маёй душы… Усё-ўсё…

— Сашок, жыццё ёсць жыццё. І наўрад ці будзем мы выключэннем. Мы — людзі.

— О! Які ты стаў! — здзівілася яна і, энергічным рухам вызваліўшыся з яго абдымкаў, адышла да акна, села на падаконнік.

Пятро сам здзіўляўся сваёй нечаканай смеласці і жыццёвай «мудрасці»: ніколі раней ён на такую тэму не адважваўся гаварыць і наогул разважаў інакш, прыкладна гэтак жа, як цяпер яна. Калі ж у яго з'явіліся такія думкі? Учора ён спалохаўся, што Саша стала залішне практычная і разважлівая, а сёння атрымлівалася наадварот: Саша думае па-ранейшаму, а ён — як усе. Гэтага «як усе» яны заўсёды баяліся.

Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Не адразу да цябе прыходзіць разуменне, што «як усе» — гэта не дакор; мудрасць, разумнасць і чалавечая вартасць якраз у тым, каб раўняцца на ўсіх — на людзей, на калектыў, на чалавецтва. Не адразу ты пачынаеш разумець, што хараство не ў тваіх незямных марах, не ў тваім імкненні да выключнасці, а ў жыцці людзей і што людзі выпрацавалі самае прыгожае, высакароднае, карыснае, разумнае і ў навуцы, і ў мастацтве, і ў адносінах паміж сабой — у каханні, у сям'і. З разумення гэтых надзвычай простых ісцін і пачынаецца твая сапраўдная сталасць, юнак.

Магчыма, што і Пятро ў той дзень зрабіў крок да сталасці, хоць крок той быў нязначны. Але шмат значыла ўжо і тое, што яго ўпершыню не спалохала думка, што ён разважае, як усе.

— Ты чаму села там? — спытаў ён.

— Цябе баюся, — гарэзліва адказала Саша.

— А я цябе і там пацалую.

Яна адгарадзілася рукамі.

— Не падыходзь, людзі з вуліцы глядзяць. Цішэй, нехта сюды ідзе.

Яна саскочыла з падаконніка, паважнасела за стол. У амбулаторыю зайшла маладая жанчына, сарамліва прывіталася.

— Табе, Пятро, прыйдзецца ісці пагуляць, — сказала Саша.

Выходзячы, ён пачуў, як жанчына сказала:

— А я думала — гэта доктар з Рэчыцы.

Пятро выйшаў у сад. У былым кулацкім садзе, які займаў не менш за гектар, стаялі вуллі калгаснай пасекі.

Пасечнік, мужчына сярэдніх год, няветліва спытаўся ў Пятра:

— Ты кім даводзішся доктарцы?

— Я? Братам.

— Але, расказвай казкі. Ведаем мы такіх братоў, самі былі такія!..

Вярнуўшыся ў амбулаторыю, калі жанчына выйшла, Пятро расказаў пра размову з пасечнікам.

Саша засмяялася:

— А мне ўсё адно, няхай думаюць, што хочуць. Гэта я ўчора спалохалася. Мне цяпер толькі перад Аняй няёмка: яна, відаць, пакрыўдзілася…

Такое прызнанне вельмі спадабалася Пятру. Яны зноў гутарылі пра будучыню, спрачаліся, па-рознаму ўяўляючы яе ці, правільней кажучы, уяўляючы даволі туманна, кніжна. Але, нягледзячы на гэта, размова надзвычай акрыліла Пятра, напоўніла самымі лепшымі надзеямі. Ён, як кажуць, узнёсся на сёмае неба.

Ды такі настрой быў нядоўга.

Гаспадыня на абед не прыйшла. Саша сама прагрымела ў печы засланкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная.

— Пачакай хвіліначку.

Яна некуды выбегла і хвілін праз колькі вярнулася з клуначкам у руках.

— Боршч нясмачны, давай будзем піць сырыя яйкі і есці яблыкі.

І Пятро раптам усё зразумеў. Зразумеў, што гаспадыня не ад беднасці падала такі сняданак, што дагэтуль карміла яна сваю кватарантку добра, смачна. А халодная бульба з гуркамі і нейкі нішчымны боршч на абед — усё гэта пратэст супроць яго прыезду. Немаведама чаму жанчына неўзлюбіла яго з першай хвіліны і вось так выяўляе сваю непрыязнасць і, магчыма, такім чынам хоча хутчэй выправадзіць. Хлопцу стала вельмі крыўдна — крыўдна за Сашу, за сябе, няёмка перад дзяўчынай. Ён знарок пайшоў мыцца, хоць у гэтым не было патрэбы, — абы толькі адцягнуць час, калі трэба садзіцца за стол, і неяк супакоіцца. Ён ведаў чалавечую прагнасць, скупасць, бачыў розных людзей, яго бацька быў не надта шчодры чалавек, але такі ўчынак гаспадыні, якую, дарэчы, Саша ў пісьмах хваліла, проста ашаламіў яго. Ён сеў за стол не з радасным пачуццём жаданага госця, а з прыкрым, балючым пачуццём — а ў юнацтве яно асабліва вострае! — госця няпрошанага, дармаеда, які есць чужы хлеб. І хоць ён ведаў, што яйкі і яблыкі Саша купіла, лягчэй ад гэтага не рабілася. Ён стараўся не падаць выгляду, што ўсё разумее, нешта гаварыў, спрабаваў жартаваць і смяяцца, аднак баяўся глянуць Сашы ў вочы.

Дзяўчына таксама адчувала сябе няёмка. Знік той светлы настрой, які з'явіўся ў часе размовы ў амбулаторыі. Каб неяк развеяць няёмкасць і асудзіць гаспадыню, Саша сказала:

— Я думаю мяняць кватэру, — але, уздыхнуўшы, прызналася: — Хоць мне шкада: тут усё побач.

Пад «усім» яна разумела амбулаторыю: ніколі раней мяняць кватэры яна не думала, бо была вельмі задаволена і самой кватэрай і гаспадыняй.

Пятро не адказаў — зрабіў выгляд, што яго мала цікавяць яе кватэрныя справы.

Саша адразу ж пасля абеду пайшла на ферму, каб пагутарыць з гаспадыняй. Яна ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч — яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Але рашучасці ў Сашы хапіла толькі, пакуль не ўбачыла гаспадыню. Ані яна сказала далікатна і сарамліва:

— Вы не думайце, Аня… Я заплачу вам за ўсё, пакуль будзе… брат…

Хітрая жанчына прыкінулася здзіўленай і добрай.

— А хіба я, Шурачка, кажу што? Эх! Ды няхай будзе месяц. Колькі хоча… Чалавек добры, ціхі… Хіба ён мне замінае? Я заўсёды гасцям рада. Толькі вось што час такі — хвіліны вольнай не маю…

— Але каб было не так… — Яна хацела сказаць «не так, як сёння», ды зноў не адважылася. — Ён… госць, Аня… Каб мне сорамна не было…

— Эх, Шурачка! Хіба вы мяне не ведаеце? Мне ажно крыўдна слухаць.

Саша не сказала Пятру, куды пойдзе, а па дарозе з фермы яе дагнаў спалоханы малады чалавек на фурманцы, ён ехаў па яе — кепска жонцы. І Саша, не папярэдзіўшы Пятра, паехала ў суседнюю вёску. Яна думала, што доўга не затрымаецца там.

Пятро, у якога і без таго было пагана на душы, гадзіны дзве трываў: сядзеў у хаце і прымушаў сябе чытаць, хоць часцей, чым у часопіс, пазіраў у акно і прыслухоўваўся да крокаў у двары, да стуку весніц — ці не ідзе Саша? Але далей ён не мог сядзець і чакаць. Ён выскачыў, заглянуў у амбулаторыю — замок, у сад — пуста. Спытаў у дачкі гаспадыні, ці не ведае яна, куды пайшла цёця Саша.

— Цёця Шура? Відаць, да хворага паклікалі, — зусім па-даросламу заспакоіла малая.

Але яго чамусьці ўзлавала, што ўсе завуць яе Шурай. Ён не любіў гэтага яе імя і злосна сказаў дзяўчынцы:

— Не Шура, а Саша. Запомні гэта.

— А ўсе завуць — Шура.

— Усе — дурні.

Дагэтуль ён неяк саромеўся паказвацца на людзі, а тут смела пайшоў па вуліцах вёскі, заглядваючы ў вокны. Магчыма, яна дзе-небудзь у адной з гэтых хат? Можа, убачыць яго з акна, выйдзе і растлумачыць, чаму знікла? Дзе яна? Што робіць?..

Калі надышоў вечар, сцямнела, у хатах запаліліся агні, незразумелы неспакой перарос у вельмі зразумелую страшэнную рэўнасць. А няма пакут цяжэйшых за пакуты рэўнасці! Пятро бегаў каля кватэры і амбулаторыі, не ведаючы, што рабіць, куды яшчэ кінуцца ў гэтай чужой вёсцы, сярод чужых людзей, якія — здалося яму — усе, як гаспадыня, ставяцца да яго непрыязна, варожа. Ад думкі, што Саша цяпер, магчыма, на спатканні з другім, у яго цямнела ў вачах, ён стагнаў, як ад болю, і паўтараў самыя бязлітасныя словы, якія скажа ёй. Ён успамінаў размову, якая ўдзень так узрадавала яго, і пераасэнсоўваў цяпер кожнае Сашына слова. «Ага, дык вось чаму ты сказала: «Мне здаецца, што мы ніколі не будзем разам». Цяпер мне зразумела, чаму табе так здаецца! І ты яшчэ хаваешся за прыгожыя ідэалы! Недарма хлопцы казалі, што вы ўсе такія… Не, не! Саша, мілая… Я веру табе! Ты не такая… Ты шчырая, ты добрая… Але дзе ты? Куды ты падзелася? Навошта ты здзекуешся з мяне?»

Гаспадыня паклікала яго вячэраць. Ён адмовіўся. «Падавіся ты сваёй вячэрай, скнара гэтакая».

Раптам і паводзіны гаспадыні Пятро звязаў са знікненнем Сашы. «Мабыць, сваяк нейкі яе… Таму яна і хоча хутчэй выжыць мяне… Я пайду, пайду… Але вы яшчэ ўспомніце мяне! — невядома каму пагражаў ён і, зноў расчулены, апраўдваў Сашу: — Глупства гэта ўсё. Не можа Саша так крывіць душой. Не такая яна… Але чаму яна не сказала, куды пойдзе? Чаму?»

З такімі думкамі ён прасядзеў каля амбулаторыі да позняй ночы, пакуль у вёсцы не патухлі ўсе агні. Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Адчуўшы, што холадна, ён пайшоў у хату. Праз кухню прайшоў не цішком, каб не разбудзіць гаспадыню, а знарок шумна, грукнуўшы дзвярамі. Лёг пад коўдру, але не мог ні сагрэцца, ні заснуць. Яго калаціла, як у ліхаманцы, і ён наіўна думаў, што добра было б сапраўды захварэць — на злосць ёй…

Саша вярнулася амаль на світанні. Яна зайшла нячутна і на дыбачках кралася да свайго ложка.

Ён спыніў яе гучным запытаннем:

— Дзе ты была?

Яна ажно ўздрыгнула ад нечаканасці:

— Ты яшчэ не спіш? Цішэй.

— Дзе ты была? — Голас яго задрыжаў ад перажытых пакут, болю і крыўды.

— У хворай.

— Да раніцы — у хворай! — Ён хмыкнуў зняважліва, злосна.

— Дзівак ты! У здаровай. Прымала роды… Хлопчык!..

— Роды?! — І адразу куды дзеліся ўсе яго шматгадзінныя сумненні, расчараванні. Зноў вярнулася адчуванне шчасця, спакою. Ён лёгка ўздыхнуў і нават ціха засмяяўся. У сэрцы яго апрача кахання з'явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэнні чалавека, пры якім яму, дарожнаму тэхніку, напэўна, ніколі ў жыцці не прысутнічаць! Не, яна не толькі прысутнічала, яна памагала нарадзіцца чалавеку, без яе магло б здарыцца няшчасце. Вось якая яна, яго Саша! І яму зрабілася вельмі сорамна і брыдка за сваю рэўнасць. Які ён дурань! Так кепска думаць пра Сашу! Ён тут жа пакляўся сам сабе, што ніколі-ніколі ў жыцці больш не падумае пра яе нічога благога…

— Даруй, Сашок, — ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі.

— Завошта?

— Я лаяў цябе, што ты сышла немаведама куды.

— Ты прабач, што я не папярэдзіла. — Яна падышла і дакранулася далоняй да яго гарачай галавы. — Спі.

Ён схапіў яе руку і… прыпаў вуснамі да яе халодных ад эфіру, спірту і начной вільгаці пальцаў.

Здавалася, кончыліся ўсе непрыемнасці, надышоў час бязвоблачнага шчасця. Але адна рэч — юнацкі розум, які здольны быў разважліва ацаніць усе падзеі, зразумець і прымірыцца нават з прагнасцю гаспадыні, і зусім іншая рэч — юнацкія пачуцці, над якімі розум часам не мае ніякай улады. Пятро пакляўся ўначы, што ніколі ў яго сэрцы не будзе такога агіднага пачуцця, як рэўнасць, і што ён не будзе звяртаць увагі на гаспадыню і, на злосць ёй, будзе жыць паўмесяца, а то і больш (заняткі, у сувязі з практыкай, у іх пачыналіся на месяц пазней — у кастрычніку). Але ўсе гэтыя клятвы і перакананні мелі сілу нядоўга — да раніцы, пакуль ён спаў. А потым зноў пачаліся непрыемнасці, і зноў з-за гаспадыні.

Колькі яшчэ ў нас выпадкаў, калі шчырае каханне, самыя лепшыя пачуцці і жаданні разбіваюцца аб вострыя скалы матэрыяльнага разліку, скнарасці ці проста чалавечай дурноты. Калі такія людзі стануць на дарозе да твайго шчасця, юнак, смела падымайся над імі: у такім выпадку ты маеш поўнае маральнае права зрабіць гэта і, стаўшы над імі, спіхай іх прэч з дарогі, не зважаючы ні на што — ні на іх сівыя валасы, ні на словы любві да цябе… Праўда, абставіны звычайна складваюцца так, што гэта вельмі нялёгка зрабіць. Але знайдзі ў сябе сілы, бо гэта адзіная магчымасць ратаваць сваё шчасце, інакш яго растопчуць, забрудзяць.

…На снеданне гаспадыня падала яечню: на вялікай скавародцы гарэлі сонцамі паміж апетытных кавалкаў румянага сала штук шэсць жаўткоў. Саша ажно пасвятлела ад задавальнення — размова памагла. Але калі селі за стол, выявілі, што няма хлеба.

— А хлеб, Аня? — спытала Саша, думаючы, што гаспадыня забылася падаць хлеб.

— Хлеба няма, Шурачка. Ніяк змалоць не магу, тыдзень бегаю на млын. Гэта ж цэлае няшчасце… Раней у адной нашай вёсцы колькі млыноў было, а цяпер на паўраёна — адзін млын. Хто сядзіць там — той меле. А мне сядзець няма калі. Каровы яшчурам хварэюць. Свая карова сёння нічога не дала, баюся, каб не захварэла! Гэта ж такое няшчасце будзе…

Звычайна маўклівая, яна зрабілася надта мнагаслоўнай і ўсё гаварыла пра свае няшчасці і пра тое, як ёй цяжка жыць. Але Саша не слухала яе, яна не паверыла, што хлеба няма, і зноў адчувала сябе няёмка перад Пятром. А яшчэ горш адчуваў сябе Пятро — бульба перасядала ў горле, хоць ён учора не вячэраў і быў галодны. Настрой сапсаваўся зноў. Магчыма, калі б Саша заставалася з ім увесь дзень, ён хутка забыўся б на ўсё гэта. Але, як наліха, з раёна прыехаў інспектар санстанцыі, дарэчы, малады хлопец, і яны пайшлі ў суседнюю вёску рабіць нейкую прафілактыку. Пятро на ўвесь дзень застаўся адзін і не ведаў, чым заняцца. А вядома, калі чалавеку няма чаго рабіць, то якія толькі думкі ні прыходзяць у галаву. Праўда, прыступу беспадстаўнай і недарэчнай рэўнасці больш не было, але думкі ўсё ж прыходзілі сумныя.

На наступны дзень Сашу яшчэ да снедання павезлі ў суседнюю вёску. Прыехаў па яе сам старшыня калгаса, тоўсты вясёлы чалавек, які, убачыўшы Пятра, раптам пачаў віншаваць дзяўчыну і вельмі збянтэжыў гэтым іх абаіх. Саша паабяцала хутка вярнуцца, але не вярнулася і на абед. Тады, не маючы больш сіл сумаваць і думаць ліха ведае што, Пятро пайшоў у тую вёску, куды яна паехала. Яму «пашанцавала». Ён сустрэў Сашу ў канцы вуліцы. Яна стаяла з нейкім маладым чалавекам і весела размаўляла. У Пятра ёкнула сэрца, але ён рашуча наблізіўся. Саша здзівілася, убачыўшы яго.

— І ты тут? — спытала яна і пачырванела.

Гэта ўзмоцніла яго падазронасць, ён тут жа ўспомніў, што і роды пазаўчора яна прымала ў гэтай жа вёсцы. Кроў балюча стукнула ў скроні.

— Знаёмцеся, — сказала яна. — Гэта мой… брат.

Малады чалавек, які, аднак, быў гадоў на пяць старэйшы за Пятра, з усведамленнем уласнай годнасці працягнуў руку і назваў увесь свой «тытул»:

— Настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.

Пятро ў адказ буркнуў адно імя.

— Хадзем, Аляксандра Фёдараўна, пагуляем у валейбол, у школе якраз мае калегі і вучні старэйшых класаў сабраліся, — прапанаваў настаўнік.

Саша адразу згадзілася, і гэта яшчэ больш балюча разанула па сэрцы юнака. «Яна з радасцю згаджаецца, не думаючы, што я прыйшоў па яе, што я не абедаў…»

Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод людзей незнаёмых, асабліва ў прысутнасці дзяўчат і жанчын. Тым больш цяжка было яму знаёміцца з настаўнікамі і настаўніцамі ў такім душэўным стане: ён не мог вымавіць слова, не мог адказаць на жарт. Да таго ж ён не ўмеў гуляць у валейбол. Упершыню гэты недахоп здаўся яму страшэнна ганебным. Пятро згараў ад сораму. Ён сядзеў збоку і з рэўнасцю глядзеў, як весела гуляюць на пляцоўцы. Не адводзіў вачэй ад Сашы і Ўладзіміра, заўважаючы кожны іх рух, ловячы кожнае слова, якое яны гаварылі адно аднаму. Яны гулялі ў адной камандзе, былі ўвесь час побач і, як здавалася Пятру, знарок білі па мячы адначасова, каб дакрануцца адно да аднаго. І ўвесь час весела смяяліся. Між іншым, Пятро пачуў, як Уладзімір сказаў ёй:

— Што гэта ваш брат такі бука? А яшчэ студэнт!

Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй і гарэзліва пазірала на свайго каханага, разумеючы, чаму ён такі. А Пятро ішоў пануры, маўклівы, злосна збіваў дубцом прыдарожны быльнік, узнімаў пыл нагамі, не шкадуючы сваіх ненадзейных чаравікаў і адзіных штаноў.

— Чаго ты сапеш, як кавальскі мех? — са смехам спытала Саша.

Ён не адказаў.

— Ці не раўнуеш ты часам? — жартавала далей яна. — Вось гэта мне падабаецца! А ты ж увесь час даказваў, што гэта — перажытак… а ты — чалавек новы, перадавы… І раптам… заразіўся перажыткамі? Ха-ха-ха… — смяялася яна. — Чаму ты маўчыш?

Яму нечага было сказаць, бо сапраўды ён увесь час сцвярджаў, што рэўнасць — гэта ганебная пляма мінулага, якая непазбежна павінна знікнуць у людзей сацыялістычнага грамадства. Але гаварыць няпраўду Пятро не хацеў: «Няхай ведае, што ўсё з-за яе паводзін». Ён яшчэ доўга ішоў моўчкі, не адказваючы на Сашыны кпіны і жарты, потым сумна сказаў:

— Я пайду.

— Куды? — не зразумела Саша.

— Да бацькоў. Куды ж я магу яшчэ пайсці!

Саша адразу змоўкла — куды падзелася яе гарэзлівасць! Яна не ведала, што адказаць. Не магла сказаць: «Ідзі», бо гэта значыла б бадай што выгнаць яго, і не магла прасіць — не дазваляла гордасць. Яна ўздыхнула:

— Цябе чамусьці неўзлюбіла Аня.

— А чаго ёй любіць мяне, калі… — Ён не скончыў, але Саша здагадалася, што ён хацеў сказаць, і пакрыўдзілася да слёз:

— Як табе не сорамна!

Яго суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы яе поўныя слёз. У іншых абставінах ён, напэўна, страшна ўсхваляваўся б, калі б адчуў, што пакрыўдзіў яе. І цяпер у яго з'явілася моцнае жаданне прыгарнуць яе, пашкадаваць і памірыцца. Але рашэнне пайсці, якое ўзнікла нечакана, рабілася ўсё больш цвёрдым, і ён не даў волі сваім пачуццям.

Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель — укладаць дзённікі і вершы.

— Ты куды? — здзівілася Саша.

— Пайду, — упарта паўтарыў ён.

— Зараз? — Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. — Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?

— А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. — Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.

— Куды ж ты пойдзеш?

— Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей — на шашу.

— Ты звар'яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! — Яна рашуча загарадзіла дзверы.

Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:

— Ты камандуй кім іншым…

— Ты — дурань.

— Вядома, я — дурань, бо ёсць разумнейшыя…

— Божа мой! — прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. — А абед? Ты пойдзеш без абеду? — раптам успомніла яна.

Але роля ўяўнага пакутніка — страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.

— Не трэба мне твой абед! — Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, — глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:

— Што ж, калі ты такі — ідзі!

Яму вельмі хацелася спытаць — які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.

— Дай я пакладу яблык на дарогу…

— Не трэба мне яблыкі тваёй прагнай гаспадыні!

— Яблыкі не гаспадыні, яблыкі мае. — Яна падышла, сілком узяла з яго рук партфель і пайшла за занавеску, дзе стаяў яе ложак. Выйшла адтуль і, аддаючы партфель левай рукой, адначасова працягнула правую.

— Ідзі. Будзь здароў. — Яна баялася, каб не заплакаць, і хацела, каб хутчэй усё гэта скончылася.

Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў, абмінуўшы на кухні спалоханую і здзіўленую дачку гаспадыні, якая, мусіць, чула іх размову.

Пятро пайшоў праз сад і, калі ўжо выйшаў на дарогу, раптам пачуў ззаду Сашын голас:

— Пеця!

Ён спыніўся. Яна падышла, пільна паглядзела ў вочы яму, напэўна, чакаючы, што ён скажа. Пятро маўчаў. Тады яна абняла і моцна пацалавала — упершыню пацалавала сама. Потым павярнулася і ўподбег рушыла назад.

Ашаломлены, ён ледзь не кінуўся следам за ёй, але ўпартасць перамагла. Наіўная юнацкая ўпартасць!

III

Можна ўявіць, што ён адчуваў, калі ішоў па пыльнай дарозе, цераз пустое асенняе поле, да Дняпра. Але самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, з якога ён аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі. Чаму з'явілася такая думка? Магчыма, ад вострага адчування далечыні. Калі мы адчуваем даль — азіраемся з вышыні, едзем стэпам, — заўсёды прыходзяць самыя нечаканыя думкі. Яна прыйшла раптоўна, з нейкім вельмі балючым штуршком сэрца: а што, калі яе пацалунак — гэта развітанне назаўсёды, апошняе «бывай»? Чым больш ён думаў пра гэта, успамінаў падрабязнасці, тым больш пераконваўся, што гэта так. І адразу пацямнелі для яго і сонца, і яснае неба, і сіняя дняпроўская вада… Калі стары рыбак перавозіў яго цераз Дняпро, Пятру хацелася, каб вузкі човен, які ў народзе называюць душагубкай, перакуліўся. Не… загінуць зусім яму не хацелася, хоць і вялікая роспач была ў душы. Хацелася, каб рыбаку здалося, што ён утапіўся, а ён у сапраўднасці каб неяк непрыкметна выплыў. Гэта трэба было яму для таго, каб потым як-небудзь падглядзець употайкі, як сустрэне вестку пра ягоную смерць Саша. Ці засталася ў яе сэрцы хоць кропля былога кахання? Калі не — тады справа іншая, тады можна тапіцца і назаўсёды, бо жыццё яму здавалася немагчымым без яе, без яе кахання…

Мабыць, у яго быў вельмі засмучаны выгляд, бо рыбак клапатліва спытаў:

— Ты не хворы, хлопец?

Ён схамянуўся:

— Не. Я здалёк ішоў і стаміўся.

І зноў так задумаўся, што калі пераехалі, то забыўся разлічыцца з рыбаком, хоць той у самым пачатку запрасіў за перавоз два рублі. Рыбак таксама змаўчаў, відаць, адчуўшы, што з хлопцам робіцца нешта нядобрае.

Не распытваючы дарогі, Пятро рушыў па першай, што трапілася яму і вяла ад Дняпра на ўсход, у глыб лесу.

У адрозненне ад правага берага, высокага і бязлеснага, левабярэжжа, ды і наогул увесь гэты куток у міжрэччы Дняпра і Сожа, — край лясоў, балот і пяскоў. Глеба тут неўрадлівая, пустая, і калгасы слабыя з самага свайго заснавання. Раённыя кіраўнікі, калі размова ідзе пра гэтыя калгасы, махаюць рукамі: «У міжрэччы? Што вы! Нічога там не зробіш! Пустэча! Туды і прыемна толькі з'ездзіць рыбку палавіць…»

І, мабыць, сапраўды ездзілі ў гэтыя калгасы толькі «рыбку палавіць», раз назаўсёды пераканаўшы сябе, што ўзняць гаспадарку там немагчыма.

Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу, хаты былі адна ў адну — вялікія, новыя, і навокал — багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны, гэты край! Недарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры — старыкі. Трава і дрэва, рыба і звер — усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі… Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева… І гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы «жужалю» — шлаку ад плавак. Некалі даўно-даўно вольныя казакі Багдана Хмяльніцкага ці, магчыма, нават раней яшчэ завозілі па Дняпры і Сожы з Крывога Рога руду ці, можа, знаходзілі яе дзе-небудзь бліжэй, а лесу на вугаль тут заўсёды хапала. І вось у гэтым лясістым кутку беларускай зямлі выплаўлялі яны зброю, каб біць ёю ворагаў.

Няшчасны закаханы ішоў па гэтых мясцінах, безумоўна, не заўважаючы ні хараства іх, ні асаблівасцей, якія заўважыў аўтар і, захапіўшыся, адступіў ад тэмы. Сапраўды, скажаш ты, чытач, пры чым тут выгляд хат, рыбакі і бондары, казакі Багдана і руда, калі гаворка ідзе пра каханне? Дарэчы былі б яшчэ разважанні аб прыгажосці наддняпроўскіх дуброў і сасновых бароў, аб бярозах з першым золатам лісцяў, але ж аўтар сам сказаў, што герою было не да любавання прыродай. Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх — пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны, аб тых палях і сцежках, па якіх бег на першае спатканне…

…Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп'ём, старымі абгарэлымі пнямі і з вялікімі абгароджанымі стагамі сена. Дарога цераз балота была ледзь прыкметная — вузкая сцежка. Магчыма, што гэтая панурасць і бязлюддзе краявіду схамянулі хлопца і нібы апрытомілі: куды ён ідзе? Куды выводзіць гэтая сцежка? Дзе ён будзе начаваць?

«У стозе, — цвёрда вырашыў ён, усё яшчэ адчуваючы сябе ў ролі пакутніка. — Сярод балота… З ваўкамі, чарцямі і лесунамі… На злосць табе», — пагразіў ён Сашы. Але ўспамін аб ваўках прымусіў яго глянуць назад на сонца. Яно вісела нізка над лесам, чырвонае, зацягнутае смугой ці дымам, — магчыма, недзе гарэлі лясы ці тарфянікі. А такая смуга і такая цішыня і бязлюддзе выклікаюць трывогу, страх: здаецца, што недзе здарылася ці можа здарыцца вялікае няшчасце. Адчуўшы гэтую трывогу, Пятро падумаў, што яму варта вярнуцца і пераначаваць дзе-небудзь у прыдняпроўскай вёсцы. Ён сеў на пень, змораны фізічна і душэўна. Бура, якая бушавала ў душы ўсю дарогу, пакрыху сціхала. Ён адчуў, што хоча есці і піць, асабліва піць, і ўспомніў пра яблыкі, якія паклала ў яго партфель Саша. Праўда, ён яшчэ хвілін колькі з глыбокім філасофскім роздумам вырашаў: можа ён есці гэтыя яблыкі ці не? Нарэшце вырашыў, што мае права з'есці. Хлопец адкрыў партфель — і кроў ударыла яму ў твар… Спачатку ён разгубіўся горш, чым пры ўсіх іншых абставінах дагэтуль. Потым абурыўся. Як? Яна адважылася пакласці яму грошы пасля таго, як бадай што выгнала? Што гэта — здзек, насмешка? Не трэба яму яе грошай!

Ён злосна скамячыў пяцёркі і выкінуў іх пад куст. А сам, не дакрануўшыся да яблык, з ранейшай рашучасцю пайшоў далей па вузкай і няроўнай сцежцы.

Але хутка яго апанавала сумненне: ці правільна ён зрабіў, выкінуўшы грошы? І каму, нарэшце, патрэбны такі жэст сярод балота? Яму стала шкада грошай, але не таму, што гэта грошы, якіх у яго заўсёды не хапала, а таму, што гэта — Сашыны грошы, яе першы заробак за сумленную працу — за лячэнне людзей, за дапамогу пры родах (а гэта заўсёды здавалася яму асабліва ганаровым і пачэсным). Нарэшце, разважыўшы, ён пераканаў сябе, што, безумоўна, Саша паклала іх шчыра, каб памагчы яму. Як проста яна сказала, калі ён прызнаўся, што застаўся без грошай на практыцы: «А ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе…» Яшчэ невядома, ці значыць той пацалунак апошняе «бывай», можа, зусім наадварот.

Узбадзёраны гэтай думкай, ён вярнуўся назад, хоць і прайшоў ужо з кіламетр, знайшоў і забраў грошы. Любоўна разгладзіў скамечаныя паперкі і паклаў у кішэню, вырашыўшы, што траціць іх не будзе, пакіне на памяць, калі нават больш не ўбачыць Сашы. Але абставіны прымусілі яго пазней парушыць зарок і купіць за гэтыя грошы сабе чаравікі, бо старыя за час падарожжа зусім стапталіся.

Падсілкаваўшыся яблыкамі, узбадзёраны сваім разумным учынкам, ён рушыў далей і яшчэ дацямна мінуў балота, густы сасновы лес і прыйшоў у вялікую незнаёмую вёску. Спытаўшы назву вёскі, даведаўся, што знаходзіцца на беразе Сожа. Гэта ўзрадавала. Але варта было падумаць пра начлег, бо параход на Гомель, як сказалі яму, будзе толькі раніцой. Ён ішоў па вёсцы, выбіраючы хату, куды можна было б зайсці папрасіцца пераначаваць, і выдумляў прычыну, куды і адкуль ён ідзе, каб даць пераканальныя тлумачэнні гаспадарам. І раптам — неспадзяваная сустрэча. Гэта часта здараецца, што мы сустракаем знаёмых там, дзе зусім не думаем убачыць іх. Белакосая пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара, каля якога Пятро прыпыніўся, і яны адразу пазналі адно аднаго. Некалі ў маленстве разам вучыліся — у пятым і шостым класах, потым бацькі яе — работнікі саўгаса — некуды паехалі ў іншы саўгас, і яны не бачыліся колькі год. Сустрэліся зноў у горадзе, у медыцынскім тэхнікуме, дзе Люба вучылася на адным курсе з Сашай. Але яны не сябравалі, больш таго, Саша не любіла гэтай сваёй аднакурсніцы, і Пятро, каб дагадзіць Сашы, пазбягаў яе, а калі, здаралася, і сустракаліся, то віталіся, гаварылі адно аднаму два-тры словы і разыходзіліся. І вось сустрэліся ў іншых абставінах…

— Пеця? Ты?! — узрадавана, быццам убачыла вельмі блізкага чалавека, закрычала Люба. — Што ты тут робіш?

— Я? — Ён прыдумаў некалькі варыянтаў, каб растлумачыць, чаму ён ходзіць тут, але ўсе яны прызначаліся для незнаёмых, а таму на момант сумеўся. — Я… проста хаджу… падарожнічаю… Цікава, ведаеш…

— А-а, я забылася, ты ж — паэт. Табе трэба ўсюды хадзіць і ўсё бачыць…

— А ты?

— А я працую тут. У гэтай хаце кватарую. Заходзь. Я вельмі рада, Пеця, што сустрэла цябе. Ой, Пецечка! Тут такая сумота, такая сумота. Ніводнага культурнага чалавека. Няма з кім словам перакінуцца. Я так рада… Хадзем жа ў хату!

Яна гаварыла бясконца, не даючы яму ні запярэчыць, ні падзякаваць. У кватэру ўвяла яго пад руку і адразу закрычала маладой гаспадыні:

— Маруся! Глядзі, каго я прывяла! Мой школьны таварыш… Мы разам вучыліся некалі… А цяпер вось ходзіць, падарожнічае… Я выходжу на вуліцу, а ён стаіць — хатай нашай любуецца. Як адчуваў…

— Ды ўжо ж адчуваў! — засмяялася гаспадыня.

— Не, Маруся, не думай, што ён шукаў мяне. Ён і не ведаў, што я тут, а проста так ішоў. Але я так рада, што мы сустрэліся… Так рада…

— А хто госцю не радуецца! — сказала гаспадыня, спрытна выціраючы крэсла і ветліва запрашаючы сесці. Пятру яна здалася такой добрай, такой ласкавай, што ён адразу ўспомніў другую гаспадыню, з-за якой павінен быў пакінуць любую дзяўчыну, і сэрца яго зноў балюча сціснулася.

««А хто госцю не радуецца!» Сапраўды, хто госцю не радуецца? А вось жа там не ўзрадавалася, ведзьма прагная! Я ўсё жыццё буду праклінаць цябе!»

Зморанага пасля душэўных пакут, яго вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні.

— Пецечка! Ты будзь тут як дома, умывайся!.. А я на хвіліначку выскачу… — Люба бегала па хаце, уздымаючы падолам сукенкі вецер.

«Пецечка».

Пятро ўспомніў, што Саша ні разу не назвала яго так пяшчотна, нават «Пеця» яна казала яму вельмі рэдка, усё неяк абыходзілася безназоўна. Чаму? Чаму яна пазбягала яго імя? Зноў успыхнула падазронасць. У жыцці яго амаль ніхто так не называў — памяншальна-ласкава. Дома маці, сёстры, суседзі чамусьці з самага маленства, як ён і помніць, называлі Пятро ці Пятрок, што, ён лічыў, адно і тое ж, бо «к» гэтае большасць людзей неяк глытала. У тэхнікуме — усе сябры і настаўнікі — звярталіся толькі па прозвішчу — Шапятовіч. Неяк ужо так здараецца, што аднаго называюць толькі па імі і да гэтага ўсе прывыкаюць, нават у афіцыйных абставінах, другога ж — толькі па прозвішчу, нават у самай інтымнай сяброўскай кампаніі.

А таму Люба сваёй хітрай ласкавасцю закранула адну з тых тоненькіх струн душы, якую вельмі нялёгка знайсці, але, знайшоўшы, даволі лёгка зайграць на ёй. Свядома яна гэта рабіла ці несвядома — хто ведае. Магчыма, што яна ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Ва ўсякім разе, на рамантычнага, узнёслага ў сваіх марах юнака такі зварот яе зрабіў моцнае ўражанне, ён быў удзячны Любе, і яму захацелася адплаціць ёй такой жа ўвагай і ласкавасцю. Адчуванне цеплыні і сардэчнасці дапаўняла гаспадыня сваёй ветлівасцю. Люба пайшла, а гаспадыня памагла яму ўмыцца — узлівала на рукі, дастала з куфра чысты, вышываны пеўнікамі ручнік. А потым адразу ж распаліла на прыпечку і пачала смажыць яечню. Спрытна ўвіхаючыся, Маруся даверліва расказвала пра сябе. Маладая салдатка, муж служыць у арміі, яна жыве са свякрухай, але старой дома няма — пайшла да дачкі, і добра, што няма яе, бо старая хоць увогуле і добрая жанчына, але, як усе старыя, бурклівая: цяжка ёй зразумець маладых. А з Любай яны жывуць, як сёстры, — усё давяраюць адна адной.

Звычайна сарамлівы з незнаёмымі жанчынамі, Пятро праз пяць хвілін адчуваў сябе з гаспадыняй, як з сястрой.

Люба вярнулася з бутэлькай вішнёвага лікёру — лепшае, што знайшлося ў краме. Яны ўтраіх сядзелі за сталом, Пятро, як госць, на самым покуце, і пілі гэты лікёр невялічкімі чаркамі з тоўстага жоўтага шкла — такія чаркі рабілі яшчэ да рэвалюцыі.

Гаспадыня, весела падміргваючы Любе, гаварыла тосты:

— Давайце вып'ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем за гэтым сталом…

І Пятро піў, не надаючы асаблівага значэння яе словам…

Пасля вячэры яны гулялі па беразе Сожа. У вадзе трапяталі далёкія зоркі і агеньчыкі бакенаў, зялёныя і чырвоныя. Трывожна шапталіся лазнякі. На тым, лугавым, беразе гарэў вялікі касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Над затокай плыў халодны туман.

Люба тулілася да хлопца, уздрыгвала ад холаду і ўсё скардзілася, што ёй адной сумна жыць у гэтай глухамані. Пятро, крыху ап'янелы ад выпітага лікёру, абнімаў яе і цалаваў у вусны, у гарачыя шчокі, у прарэз плацця на грудзях. Яна млява шаптала: «Пеця… Пецечка…» Але рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Яны пасядзелі на лавачцы каля хаты, пагаварылі ўжо без пацалункаў. Спаць ён папрасіўся ў гаспадыні пайсці на сенавал. Сена было на вышках у хляве. Унізе рохкала патурбаваная свіння, сонна ўздыхала карова, і да прыемнага водару лугавога сена прымешваўся пах гною. Але Пятро не заўважаў гэтага. Ён думаў пра падзеі пражытага дня, пра Сашу. Задаволены сабой, ён дакараў яе: «А што, бачыла? Думала, калі табе не падабаюся, то ніводная дзяўчына не гляне на мяне?.. Не, памылілася…» Ён, як і ўсе мы ў юнацтве, вымяраў уласную вартасць тым, наколькі падабаўся дзяўчатам. Але такі ўзняты настрой цягнуўся нядоўга. Напалі блохі. Так, так, чытач, звычайныя блохі, якія часта псуюць нам самы добры настрой. Пятро варочаўся, чухаўся, стараўся глыбока аб чым-небудзь задумацца, успомніць што-небудзь прыемнае. Але прыемныя думкі зніклі. Зрабілася брыдка ад блох, ад пацалункаў Любы, успомнілася, якія тоўстыя і мокрыя яе губы і якая сама яна тоўстая і мяккая, як пампушка. Ён паставіў іх побач — яе і Сашу, убачыў Сашыны ясныя вочы, і яму стала сорамна, ён сам сабе зрабіўся брыдкім.

«Які я гадкі!.. Яшчэ не астыў Сашын пацалунак… Яе пацалунак… Не, не мог ён быць апошні… Яна проста сказала гэтым: «Да новай сустрэчы…» Яна ні ў чым не вінавата… Усё гэта праз гаспадыню. Яна шчыра хацела, каб я заставаўся надоўга… А настаўнік — глупства. Хіба мала людзей, з якімі яна сустракаецца? Хіба можна раўнаваць да кожнага? Ды і наогул, што такое рэўнасць?.. Трэба, каб была шчырасць, вера… А я… Пабег, як хлапчук… А потым раскіс перад першай сустрэчнай дзяўчынай… Сорам!»

Ён доўга лаяў сябе. Падумаў нават аб тым, што, можа, яму варта ўцячы зараз жа, пасярод ночы, каб насаліць Любе — няхай не прываблівае! — і пакараць сябе: блукай уначы па незнаёмых дарогах, калі такі дурань!.. Але ў хаце застаўся партфель з дзённікамі. Нікому, акрамя Сашы, ён не мог іх пакінуць. Добра, што ў самым пачатку зачыніў партфель на замок і ключык схаваў у кішэню. Пятро знайшоў у цемры свой пінжак і памацаў, ці там ключык. Аднак і пасля таго, як пераканаўся, што ключык на месцы, супакоіцца доўга не мог: прычапілася думка — а раптам яны, Люба і гаспадыня, па жаночай цікаўнасці ўсё-такі адкрыюць як-небудзь партфель і прачытаюць дзённік?

Непрыемная рэч гэтыя дзённікі! Пішаш шчыра, выстаўляеш сябе такім, які ты ёсць, — хаваешся з такім дзённікам, калоцішся, каб часам хто не прачытаў яго. Навошта ж пісаць? Пішаш няшчыра, прыхарошваеш сябе — даеш такі дзённік усім. Але зноў-такі навошта? Недарма людзі сталыя, з жыццёвым вопытам, вельмі рэдка вядуць дзённікі, а калі і робяць гэта, то пішуць не пра сябе, не пра свае пачуцці і перажыванні, а пра іншых людзей і пра розныя справы: мужчыны — пра дзелавыя размовы, жанчыны — пра сваіх дзяцей, пісьменнікі занатоўваюць трапныя словы, выразы, дэталі, нават цэлыя сюжэты.

Пятро, хоць заснуў толькі на світанні, прачнуўся рана — разбудзіў шум дзіцячых галасоў. На другім баку вуліцы была школа. Ён успомніў, што сёння першае верасня, пачаліся заняткі. І хоць у яго быў яшчэ цэлы месяц вольны, ён адчуў: летні адпачынак скончыўся і сорамна яму зараз блукаць без работы, час пайсці дадому — памагчы бацькам у гаспадарцы, перапісаць справаздачу аб практыцы ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае. Ён узрадаваўся такой думцы і прычыне, каб хутчэй пайсці адгэтуль. Але калі ён за снеданнем аб'явіў пра свой намер гасцінным гаспадыням, тыя страшэнна пакрыўдзіліся:

— Як табе не сорамна, Пеця! Пабыў адзін вечар, і ўцякаць. А яшчэ казаў… Не, я проста не пушчу цябе, Пецечка, што хочаш. — Люба глядзела на яго такім закаханым позіркам, што ён збянтэжыўся і не мог настойваць на сваім. — Ты ж сам казаў: часу ў цябе многа і ты не ведаеш, што будзеш рабіць гэты месяц… Скажы, што табе не падабаецца ў нас?

— Усё падабаецца, — адказаў ён, апусціўшы вочы ў талерку, дзе плавалі варэнікі ў масле.

— Вы, Пеця, не крыўдзіце Любу, — падхапіла Маруся. — Яна і так, гаротная, засумавала тут адна. Яна сёння ўсю ноч заснуць не магла ад радасці, што вы прыйшлі… Хіба можна ад такой дзяўчыны ўцякаць?

Люба чырванела ад задавальнення — любяць дзяўчаты, каб іх хвалілі! Пятро — ад прыкрасці за свае паводзіны і ад таго, што ён раптам, глянуўшы іншымі вачамі, убачыў, якая Люба непрыгожая: жоўтыя вочы, шырокія ноздры, вяснушкі на носе і пухлых шчоках, простыя і нейкія бясколерныя валасы.

— А сумаваць ты ў нас не будзеш. Хочаш, давай па грыбы сходзім. У нас тут вельмі многа баравікоў. Ты любіш збіраць грыбы? Я дык страх як люблю! Пойдзем?

— А табе ж на работу!

— Ат, кажуць, работа не воўк, у лес не ўцячэ. Напрацуюся яшчэ. А грыбоў не стане. Чорт не схопіць гэтых хворых.

Яна не разумела, што такімі разважаннямі аб рабоце ставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча перад гэтым рамантычна настроеным і сумленным хлопцам. Ён слухаў яе і думаў пра Сашу, пра яе працу. І тое, што Саша цэлымі днямі не бывала дома, праз што ён раўнаваў, пакутаваў і зрабіў глупства, уяўлялася цяпер як высакароднае служэнне справе.

Аднак Любе ўсё-такі ўдалося ўгаварыць яго пайсці па грыбы, і яны прахадзілі па лесе гадзін да трох дня. Грыбоў сапраўды было шмат. Але больш часу яны патрацілі на дзіўную гульню: Пятро стараўся як-небудзь адысці ад Любы, якая ўсё больш і больш рабілася яму абрыдлай, і паблукаць аднаму, памарыць, падумаць, а яна ні на крок не адставала, быццам баялася, што ён уцячэ. І напэўна б уцёк, каб зноў не партфель, які яму не ўдалося ўзяць з сабой.

Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Вярнулася крыху ўсхваляваная і паведаміла:

— Перадавалі па радыё, што Гітлер напаў на Польшчу. Там ваююць… Дзядзькі баяцца, каб на нас не пайшоў… Кажуць, што ён хоча забраць Польшчу, каб да нашай граніцы дайсці.

— Што ты?! Мы толькі дагавор заключылі! Такі дагавор! Аб ненападзе і дружбе!

Паведамленне пра вайну ў Польшчы ўсхвалявала Пятра, але зусім па-іншаму: ён, як і шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу і лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне. Гаспадыня спалохалася больш за ўсіх — за мужа-салдата. Ёй хацелася хутчэй даведацца, што гавораць людзі старэйшыя, паважаныя, і яна пабегла ў сельсавет. Выкарыстаўшы, што яны засталіся адзін на адзін, Люба без дзявочай сарамлівасці абняла Пятра.

— Ведаеш, Пеця, я баюся, каб мяне не ўзялі ў армію.

Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў. Ён, як і ўсе яго сябры, лічыў службу ў арміі за гонар і з нецярплівасцю чакаў, калі яго прызавуць. Як жа ён мог паважаць чалавека, які баіцца арміі? Люба стала яму з гэтага моманту проста ненавіснай, і Пятро сур'ёзна задумаўся, як хутчэй пайсці адгэтуль. Дзіўная рэч! Тады, калі ён адчуў сябе пакутнікам, абражаным і прыніжаным, у яго хапіла рашучасці пайсці ад любага чалавека, а цяпер гэтай рашучасці не было: не мог ён на ласкавасць і цеплыню адказваць няўдзячнасцю і грубасцю нават чалавеку абрыдламу. Але і заставацца больш ён не мог тут, а таму вырашыў уцячы тайком, без тлумачэнняў.

Гаспадыня вярнулася заспакоеная і зноў, прыветлівая, гаманкая, завіхалася па хаце, гатавала, мяркуючы па пахах, даволі смачны абед. Любу паклікалі да нейкай хворай дзяўчынкі. І Пятро выкарыстаў гэты момант. Выйсці з партфелем з хаты, не сказаўшы слова гаспадыні, было немагчыма. Тады ён зрабіў інакш: непрыкметна ўсунуў у партфель кепку, гэтак жа непрыкметна адчыніў акно на вуліцу і паклаў на падаконнік партфель. З хаты выйшаў як быццам прагуляцца. Пастаяў перад акном, пакуль не адвярнулася гаспадыня і не апусцела паблізу вуліца. Ціха ўзяў з падаконніка партфель і, азіраючыся, як злодзей, шмыгнуў у першы завулак. Вельмі баяўся сустрэцца з Любай, бо не ведаў, у які бок яна пайшла. Але яму пашанцавала: без прыгод ён дабраўся да лесу, абышоў па лесе вёску, выйшаў да Сожа і на рыбацкай лодцы пераправіўся на другі бок. Там, на лузе, ён адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена.

IV

Мінулі восень і зіма. Для Пятра час гэты праляцеў хутчэй і весялей, чым для Сашы. Ён зноў ездзіў на практыку, самую адказную, пераддыпломную, і ездзіў у цікавае месца — у толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь, амаль на самую мяжу, дзе будаваўся ладны ўчастак важнай дарогі. Паездка была ганаровая — не ўсіх туды паслалі, толькі траіх, самых надзейных і актыўных камсамольцаў. Там усё было незвычайнае: людзі, якія дваццаць год пражылі ў няволі, іх расказы аб барацьбе, звычаі, вечарынкі моладзі, якія сябры наведвалі ў вёсках, сама практыка амаль на ваенным аб'екце, блізкасць мяжы, за якой стаялі немцы… Усё гэта хвалявала маладую цікаўную натуру Пятра, рабіла жыццё разнастайным, багатым на ўражанні, многа было нечаканых сустрэч, новых захапленняў. У гэтым водавароце ён часам забываўся на Сашу і пісаў ёй рэдка: разы два ў месяц, па сутнасці, толькі адказваў на яе пісьмы, хоць раней пісаў амаль штодзень. Увогуле ён стаў больш стрыманы ў сваім каханні і, апраўдваючы сябе, лічыў гэта за адзнаку сталасці. Але хутчэй за ўсё гэта была юнацкая самаўпэўненасць.

Саша напісала першая пасля таго, як ён так нечакана і з крыўдай пайшоў ад яе. Ён прыйшоў у Гомель і атрымаў пісьмо — стрыманае, але ласкавае, добрае, у якім яна па-сяброўску шчыра і па-даросламу мудра раіла не звяртаць увагі на дробязі, калі толькі ў сэрцы ёсць сапраўднае каханне. Ён узрадаваўся і адразу забыўся на ўсе свае крыўды. Але разам з гэтай радасцю прыйшоў той самаўпэўнены спакой, які часта губіць нават гарачае пачуццё.

Раней ён ніколі не расказваў сябрам пра Сашу. Два гады тыя ведалі, што ён амаль кожны вечар бегае на спатканні да нейкай Сашы ажно некуды ў Залінейны раён, але ніхто з іх ні разу не бачыў яе. Цяпер ён расказваў пра яе ахвотна і многа, паказваў маленькую фотакартачку, якую яму ўдалося атрымаць ад яе, і называў «мая Саша». Ён у размовах быццам бы выхваляўся, што і ў яго ёсць дзяўчына, як і ў кожнага з яго сяброў. Аднак, кажучы «мая Саша», ён цяпер значна менш, чым раней, думаў пра тое, што калі-небудзь яна будзе яго жонкай. Ва ўсякім разе, у яго не было жадання ехаць у вёску другі раз, тым больш што Саша жыла ў той самай гаспадыні і зноў у пісьмах хваліла яе. Гэта яго крыўдзіла, бо гаспадыню ён ненавідзеў. Настаўніка, да якога прыраўнаваў, Пятро ўспамінаў рэдка і нават забыўся імя яго. Але каб ён ведаў, што гэта сапраўды такі сур'ёзны сапернік, то, безумоўна, адчуваў бы і думаў інакш і не быў бы такі заспакоены. Мы заўсёды кахаем мацней, калі адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае.

У Сашы гэтыя месяцы жыццё было больш аднастайнае. Але яна таксама не сумавала. Смутак — занятак гультаёў, а дзяўчына працавала ўдзень, вучылася ўвечары: марачы аб інстытуце, яна паступіла ў дзесяты клас вячэрняй школы і хадзіла штодзень за шэсць кіламетраў у суседняе мястэчка. Акрамя таго, у яе таксама былі сябры і лепшы сярод іх — Уладзімір Іванавіч. Ён запрашаў яе на школьныя вечары, на танцы ў клубе, на лыжныя кросы. У доўгія зімовыя вечары, калі не было заняткаў у школе, прыходзіў да яе на кватэру, але заўсёды зсябрам-настаўнікам. Саша ні аб чым не здагадвалася, а ён не гаварыў пра свае пачуцці. Толькі аднойчы спытаў:

— Аляксандра Фёдараўна! Праўда, што юнак, які прыязджаў да вас, ніякі не брат ваш?

Саша пачырванела: ёй цяжка было хлусіць.

— Не, няпраўда. Пятро — мой брат.

Уладзімір Іванавіч, відаць, паверыў, бо ніколі больш не вяртаўся да гэтай тэмы.

Першая раскрыла яго пачуцці і намеры гаспадыня.

— А што, Шурачка, Лялькевіч добры чалавек?

— Добры.

— Кахае ён цябе моцна.

— Што вы, Аня!..

— Ды хіба я не бачу? Хлопец ажно сохне. А што? Чалавек ён сур'ёзны, лепшага мужа не знойдзеш. Жыве з адной маці. Дом свой, сад вялікі… лепшая ў вёсцы гаспадарка…

Саша засмяялася: ніколі ў жыцці яна не думала пра свой дом і сад, і размовы такія здаліся ёй недарэчнымі і сапраўды смешнымі. Яна пажартавала наконт усяго гэтага, але пасля пачала пазбягаць Уладзіміра Іванавіча: у школу не хадзіла, а калі ён прыходзіў, то выдумляла, што ёй трэба бегчы да хворага ці парадзіхі. Неяк у амбулаторыю да яе прыйшла яго маці, маленькая, гаманкая і простая да наіўнасці старая. Паскардзілася, што баліць у грудзях, баляць ногі. Саша паслухала яе, дала лекаў са сваёй амбулаторнай аптэкі. А старая ўсё скардзілася, што цяжка ёй адной, гаспадарка вялікая — карова, свіння, куры, качкі, а здароўя няма. І раптам не то параіла, не то папрасіла:

— Выходзілі б вы, Шура, замуж за майго Валодзю. Жылі б мы з вамі душа ў душу.

Саша разгубілася. Яе абразіла гэтае сватанне старой. «Зноў каровы, свінні… Як гэта агідна!» — абурылася яна ў думках, не ведаючы, што адказаць.

— Каб выйсці замуж, трэба кахаць чалавека, — нарэшце сказала яна простую ісціну.

— Ах, Божачка! — завохкала старая. — А хіба ж Валодзя мой не кахае цябе? Ды я табе, Шура, скажу, што ён і дня не можа пражыць, каб не пабачыць… У любы мароз бяжыць сюды.

«Галоўнае, што Валодзя кахае, а да маіх пачуццяў — што ёй!.. Ці кахаю я яе сына — пра гэта не пытае», — падумала Саша ўсё з тым жа пачуццём абразы.

Размова гэтая прымусіла яе сур'ёзна задумацца. Упершыню з'явілася трывога за свой лёс, страх перад будучыняй. Як павернецца жыццё? Раней яна не думала пра замужжа і нават лічыла, што гэта нешта непатрэбнае ці, ва ўсякім разе, неабавязковае. Цяпер яна пачынала разумець, што гэта неабходна і непазбежна. Так нечакана дзяўчына перайшла ў сваіх думках і поглядах у сталую жанчыну.

Яна напісала пісьмо Пятру і папрасіла яго прыехаць. Ён сур'ёзна адказаў, што баіцца гаспадыні. Саша запэўніла, што гаспадыня будзе ласкавай, як добрая цешча, і жартаўліва пагразіла, што, калі ён не прыедзе, яна выйдзе замуж, бо да яе сватаюцца. Гэта не на жарт спалохала Пятра. Ён у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі: дамамі даглядчыкаў, гасцініцай, бензакалонкамі, рамонтнай майстэрняй — адным словам, такую дарогу, якая і да нашых дзён ёсць толькі ў праектах і аб якой і зараз мараць уласнікі машын і ўсе шафёры. Чарцілі і вылічалі выпускнікі з натхненнем, хоць ведалі, што па іх праектах нічога не будзе пабудавана, а праекты згрызуць мышы ў тэхнікумаўскай бібліятэцы. Але ўсё адно дыпломны праект, дыпломная работа — больш разумны і дзейсны метад праверкі ведаў, чым экзамены, калі зноў пачынаецца тое ж «зубрэнне», што і ў час навучання, і калі ўсё наспех вызубранае забываецца праз дзве гадзіны пасля экзамену. Пры дыпломным праекце студэнты ўпершыню самастойна, з усёй адказнасцю пачынаюць тварыць, а тварыць без натхнення нельга. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Пятро ж, калі вырашыў ехаць да Сашы, заставаўся там па дваццаць гадзін, каб падагнаць праект і выкраіць час на паездку. Ён шкадаваў патраціць лішнюю хвіліну на абед і не хадзіў у сталоўку — купляў булачку, кавалак каўбасы і абедаў у чарцёжнай, адначасова робячы разлікі. Ён заставаўся там да глыбокай ночы і часам тут жа за сталом засынаў. Аб такой вар'яцкай рабоце яго сказалі дырэктару, і той загадаў вартаўніку выганяць усіх і зачыняць чарцёжную ў дзевяць гадзін вечара. Тады Пятро пачаў прыходзіць у шэсць гадзін раніцы, калі чарцёжную адчынялі для ўборкі. Такім чынам ён за колькі дзён зрабіў тое, што планавалася зрабіць за месяц.

Напярэдадні Першага мая ён паехаў да Сашы. Ехаў спакойна, без хваляванняў і лішніх думак. Пехатою не пабег ад Рэчыцы — дарога гразкая, а цэлую ноч чакаў на прыстані, у халоднай і бруднай зале, парахода.

Потым цярпліва плыў паўдня, любуючыся разлівам Дняпра. А Дняпро цудоўны ў гэты час! Ён разліваецца на многа кіламетраў ушырыню, залівае лугі, лазнякі. Дубы на нізкім левым беразе стаяць па голле ў вадзе, а правы бераг ужо не выглядае такім абрывістым і высокім. Параход ідзе бліжэй да абрыву, і з верхняй палубы відаць вуліцы вёсак — гразкія, але ажыўленыя і па-вясноваму прыгожыя. І ўсюды дзеці гуляюць у «клёка» і ў мяча.

Саша шчыра ўзрадавалася яго прыезду. Яна, безумоўна, не кінулася цалавацца, а стрымана падала руку, але радасць адбілася ў яе на твары і ў вялікіх блакітных вачах. Яна прыжмурыла іх у вясёлай усмешцы і сказала да гаспадыні:

— Ну вось, Аня, зноў прыехаў «брат». — Яна так сказала слова «брат», што гаспадыня весела засмяялася.

— Ды брат жа, брат! Не дваюродны, а самы родны, — праспявала яна, прыветліва паціскаючы хлопцу руку.

Гэтыя яе весялосць і прыветлівасць адразу, у адзін момант, прымірылі з ёй Пятра. Ён зразумеў, што яна, як добры друг Сашы, усё ведае і цяпер, напэўна, будзе ставіцца да яго гэтак жа прыхільна і шчыра, як і да сваёй кватаранткі.

Надвячоркам пайшоў дождж, па-майску цёплы, дробны, але спорны — той вясновы дождж, што змывае апошні снег у гушчарах і на схілах узгоркаў, бруд на дарогах і пасля якога трава пачынае расці так, што відаць, як варушыцца на зямлі зляжалае мінулагодняе лісце.

У такі дождж, ды яшчэ перад святам, усе сядзяць дома; дзеці, дарослыя, моладзь займаюцца дробнымі і прыемнымі хатнімі справамі ці вядуць лагодныя гутаркі — без плётак і непрыемнасцей, гэткія ж чыстыя і цёплыя, як дождж.

Да гаспадыні прыйшлі суседкі, не выходзілі з хаты дзеці. Таму Саша і Пятро, жадаючы, як усе закаханыя, быць далей ад людскога вока, схаваліся ў амбулаторыі, у той вялікай і пустой хаце, дзе прыемна пахла вільгаццю і лекамі. Дождж шумеў за акном, ласкава і аднатонна барабаніў па шыбах. Змрок, як заўсёды ў хмурны вясновы дзень, хутка запаўняў хату, шафа з белымі шклянкамі расплылася ў дзіўную здань. У хатах, на другім баку вуліцы, запальваліся лямпы, і праз сетку дажджу вокны расплываліся ў жоўтыя шырокія кругі.

Святла яны не запальвалі. Ім святла не патрэбна было. Сядзелі на канапцы, абняўшыся, і расказвалі пра сваё жыццё за восем месяцаў, што не бачыліся. Яны быццам баяліся, што нешта ці нехта можа перашкодзіць ім расказаць аб усім, што бачылі, што перадумалі, што адчувалі, і расказвалі таропка, перапыняючы адно аднаго, і зусім нечакана пераходзілі з тэмы на тэму.

— Аднойчы там, у Заходняй, я стаяў на граніцы, — расказваў Пятро, — глядзеў на той бок… Убачыў нямецкага вартавога… І, ведаеш, мне стала трохі страшна, што так блізка ад нас людзі, якія ваююць…

— Ах, як яны там ваююць! — перапыніла Саша. — Якая там вайна!

— Гэта, праўда, не тое, што ў нас на фінскай. Сядзяць у гэтых «лініях», дзе, кажуць, нават трамвай пад зямлёй ходзіць, п'юць каву ды віно і для забаўкі… страляюць… Увесь час паведамляюць — перастрэлка патрулёў, ды і ўсё…

— А ведаеш… Я табе не пісала пра гэта. Я таксама прасілася на фінскую. Падала заяву ў ваенкамат. Мяне выклікалі. Ваенком паглядзеў на мяне, паківаў галавой і кажа: «Ідзі, дзіця, працуй, дзе працуеш…» Так і сказаў: дзіця…

— Правільна ён зрабіў, ваенком твой… Ты ведаеш, як там цяжка было? З нашага тэхнікума ездзілі трое… снайперы. Цяпер вярнуліся… Яны расказвалі, якая там зіма была…

— У нас таксама сады павымярзалі. Калгасны малады сад напалавіну загінуў…

— Там людзі ў снезе ляжалі. Ды не адзін дзень і не два… — Пятро быццам баяўся, што яна можа паехаць туды, і адгаворваў. Потым схамянуўся — у самога было гэткае ж жаданне. Памаўчаў, тулячы яе да сябе, аднак шчыра прызнаўся: — А я рад, што цябе не ўзялі. Ты магла б згубіцца ў гэтым чалавечым моры, забыла б мяне, і я не знайшоў бы цябе…

— Дурненькі!.. Я ніколі не забуду цябе. Калі ты пайшоў у мінулым годзе, я плакала…

Яна засаромелася свайго прызнання, змоўкла, а ў яго гэтыя словы выклікалі такое замілаванне, такі прыліў пяшчоты, што ён да болю сціснуў яе худзенькія плечы.

— Ой, задушыш, — са смехам вызвалілася яна з яго абдымкаў і адышла. — Чакай, нехта гаворыць там. Можа, да мяне…

На вуліцы было ўжо зусім цёмна, дождж ішоў, як і раней, — дробны, густы. Ад хаты гаспадыні даносіліся галасы. Саша падышла да акна, прыслухалася. Калі галасы сціхлі, вярнулася назад на канапку.

— А я не жартавала ў пісьме. Да мяне сапраўды сваталіся… Ды не сам жаніх, а яго маці. — І яна расказала ўсё.

Гісторыя гэта была смешная, але Пятра яна ўстрывожыла. Ён раптам зразумеў, што маглі б скласціся так абставіны, што ён страціў бы сваю Сашу, асабліва пасля яго недарэчнага ўчынку. Ён моцна сціснуў Сашыны рукі і горача зашаптаў:

— Сашанька, я хачу, каб ты была мая, назаўсёды мая… Каб ніхто… нішто… ні разлукі, ні войны… ніякія выпадковасці… нішто не магло разлучыць…

Яна абняла яго і прыгарнула да сваіх грудзей, дзе моцна білася сэрца.

— Я буду твая, Пеця… Твая… Назаўсёды… І ты мой…

Блізкасць прынесла Пятру тое асаблівае адчуванне шчасця, якое, відаць, чалавек перажывае толькі аднойчы. Ён адчуваў сябе самым шчаслівым з усіх людзей, якіх ведаў і бачыў, і яму было шкада тых, хто не спазнаў яшчэ такога шчасця. Гэта быў час самага высокага ўзлёту ўсяго найлепшага, што было ў яго душы, і разам з тым — час, калі знікалі яго наіўныя юнацкія мары і ўяўленні. Упершыню па-сапраўднаму адчуў ён прыгажосць жыцця, жаночага цела, чалавечых адносін. Ён хадзіў у стане нейкага незвычайнага ап'янення: увесь свет здаваўся яму ў гэтыя майскія дні, дарэчы, халодныя і непрыветлівыя, казачна чароўным, а ў цэнтры гэтага свету — яго сонцам, зоркай — была Саша, асвятляла сваім ззяннем, грэла сваім цяплом… Ён ішоў за Сашай у амбулаторыю, праводзіў да хворых у самыя дальнія вёскі і доўга чакаў дзе-небудзь на ўскраі, калі яна вернецца. І чакаць яму таксама было радасна, бо больш ужо не з'яўлялася неразумная беспадстаўная рэўнасць, якая мучыла яго раней. Яна знікла разам з блізкасцю, разам з усведамленнем, што Саша — яго жонка. Словы «муж» і «жонка», якія раней ён не любіў і лічыў грубымі, цяпер здаваліся самымі прыгожымі. Ён ганарыўся тым, што ён муж, і калі пачуў, як гаспадыня гаварыла адной жанчыне: «А гэта — муж доктаркі», — яму было надзвычай прыемна.

Аднойчы ён сядзеў каля хаты гаспадыні, радаваўся першаму цёпламу дню і пераконваў сябе, што бачыць, як расце лісце на ліпах і трава пад нагамі… Пры незвычайнай узнёсласці адчуванняў хацелася, каб і навокал усё было незвычайным. Да яго падышоў малады чалавек, прывітаўся і нясмела сеў на гэтую ж лавачку з другога краю. Пятро не адразу пазнаў у ім Уладзіміра Іванавіча. Калі ж пазнаў, пачаў разглядаць з бесцырымоннай цікаўнасцю — так, што настаўнік, старэйшы за яго не менш як гадоў на пяць, збянтэжыўся. Убачыўшы гэтую яго збянтэжанасць, Пятро ўспомніў, які самаўпэўнены, спрытны і вясёлы быў настаўнік у мінулым годзе, на валейбольнай пляцоўцы, і адчуў сябе пераможцам, шчаслівейшым, а значыцца, больш дасціпным і спрытным. «Гэта табе не ў валейбол гуляць. Я пакажу, які я табе бука». І ён пачаў размову з настаўнікам такім тонам, якім дарослыя размаўляюць з дзецьмі.

— Як справы, таварыш педагог?

— Нічога, дзякую, — сур'ёзна і паважна адказаў Уладзімір Іванавіч.

— Вы што выкладаеце?

— Матэматыку.

— О, гэта вельмі сур'ёзны прадмет, тут трэба ўмець варушыць мазгамі.

— Вядома, — згадзіўся настаўнік.

— Ну, і як адчувае сябе ваша матэматыка?

Пытанне было неразумнае, здзек і насмешка яўныя, але ўсё адно Ўладзімір Іванавіч не знайшоў, што адказаць так, каб Пятру стала няёмка.

— Як адчувае?..

— Ну, як ведаюць яе вучні, напрыклад?

— Добра ведаюць.

— Горш ці лепш за настаўніка? — Пятро ва ўпор глядзеў на свайго былога саперніка, і ў вачах яго скакалі чорцікі.

Настаўнік зразумеў, што весці далей размову з гэтым звар'яцелым ад шчасця юнаком немагчыма. Ён не адказаў, апусціў галаву і хвіліну задумліва стукаў тонкім пруцікам па наску свайго чаравіка, счышчаючы вясновую гразь. Потым узняў галаву і рашуча сказаў:

— А цяпер вы адкажыце на адно маё пытанне. Але шчыра.

— Калі ласка.

— Кім вы даводзіцеся Аляксандры Фёдараўне?

— Я? Мужам. А кім жа яшчэ! — з гонарам адказаў Пятро.

— Дзякую вам. — Настаўнік падняўся. — Бывайце здаровы. Жадаю вам шчасця. — І, рассякаючы пруцікам паветра, ён пайшоў уздоўж вуліцы.

Пятру хацелася засмяяцца наўздагон, але ён стрымаўся, крануты зусім шчырым пажаданнем настаўніка.

Пасля, праз якую гадзіну, Пятро зноў убачыў з саду, што Ўладзімір Іванавіч выйшаў з двара амбулаторыі. «Вось жа блукае чалавек, як здань. Што яму трэба тут?» — падумаў ён.

Сашы ў амбулаторыі не было, яна паехала ў мястэчка на нейкую куставую нараду.

Пятру захацелася зайсці ў амбулаторыю аднаму. Ён знайшоў ключ, адчыніў дзверы і ўбачыў на падлозе паперку. Не ўтрымаўся — разгарнуў.

«Аляксандра Фёдараўна! Вы казалі мне, што нікому ніколі не хлусілі. А мне вы схлусілі. Навошта? Вы запэўнівалі, што той юнак — ваш брат. А цяпер я ведаю, што ён ваш муж. Мне крыўдна, што вы казалі няпраўду. Аднак жадаю вам шчасця.

Ул.».

Пятро прачытаў пісьмо, паціснуў плячамі. Яму здалося дзіўным і смешным, што сталы, сур'ёзны чалавек, настаўнік матэматыкі, дзве гадзіны хадзіў навокал амбулаторыі, каб падсунуць пад дзверы гэтую недарэчную запісачку. Ён раптам забыўся, што зусім нядаўна сам рабіў яшчэ большыя глупствы. Ён не задумваўся цяпер, чаму Саша сапраўды так доўга ўсім выдавала яго за свайго брата; цяпер гэта не магло хваляваць яго: Саша — яго жонка, і таму ён — найшчаслівейшы чалавек у свеце.

Пятро аддаў Сашы пісьмо, калі яна вярнулася. Тая прачытала, пачырванела:

— Дзівак. А што я магла яму сказаць? Ён так настойліва дапытваўся, хто ты.

Яны пагутарылі пра гэтага «дзівака», пажартавалі, і ніводная раўнівая струнка не адгукнулася ў душы хлопца. Але калі ў той жа вечар Саша сказала яму, што яго чакае дыпломная работа і таму трэба ехаць, струны гэтыя загудзелі ўсе адразу, гучна і балюча. Усе гэтыя дні Пятро не думаў пра дыпломную работу. Яшчэ перад ад'ездам ён пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. А цяпер наогул усё гэта здавалася малапатрэбным і сумным у параўнанні з тым, што ён перажываў. Што такое гэты дыпломны праект, гэтая тлумачальная запіска? Каму яны патрэбны? Усё роўна будуць валяцца ў тэхнікумаўскай бібліятэцы ў самых далёкіх кутках за паліцамі. Нарэшце, якая розніца — атрымае ён пры абароне выдатна ці пасрэдна: усё адно выпусцяць тэхнікам-дарожнікам і ўсё адно ўвосень прыйдзецца ісці ў армію. Аб усім гэтым ён падумаў, калі Саша сказала, што час ехаць.

Раней ён пра дыплом не думаў, проста забыў усё і жадаў толькі аднаго — як мага больш быць тут, у гэтай надзвычай утульнай хаце, побач з Сашай, сваёй жонкай. Яму здавалася, што толькі ён паедзе — і шчасце разбурыцца. А таму жахнуўся ад думкі, што трэба пакідаць яе.

— Ты хочаш, каб я хутчэй паехаў? — з дакорам і крыўдай сказаў ён.

— Я хачу, каб ты заўсёды быў са мной. Але нельга ж забываць пра справу.

— Я на паўмесяца абагнаў усіх.

— А нічога не скажуць, што цябе так доўга няма пасля свята?

— А хто можа сказаць!

— Ведаюць хоць, дзе ты?

— Ніхто не ведае.

— Трэба ехаць, Пеця. Так нельга.

— Я надакучыў табе?

— Божа мой, які ты дурны!.. Я хачу як лепш, каб не было непрыемнасцей, а ён… глупства вярзе…

Але на другі дзень прыйшла тэлеграма ад сябра: «Неадкладна вяртайся. Дырэктар, камітэт пагражаюць табе страшнай карай». Сябра гэты здагадаўся, куды знік Пятро, у чамадане ягоным знайшоў пісьмы і такім чынам даведаўся адрас Сашы.

З болем у сэрцы пакінуў Пятро жонку і пайшоў толькі з умовай, што яна штодзень будзе пісаць яму.

Бясконцай здалася яму ў той пераход знаёмая дарога па прыдняпроўскай раўніне, хоць ён і прымушаў сябе захапляцца хараством маладой зеляніны і няспынна думаў пра Сашу. Між іншым, марыў, што калі-небудзь ён збудуе тут, у гонар Сашы, дарогу па сваім праекце — дарогу цудоўную, па якой прыемна і радасна будзе хадзіць людзям, нават маладажонам, калі ім давядзецца пакідаць адно аднаго.

Раней жартаўлівы і шумны сярод блізкіх сяброў, Пятро зрабіўся сцішаны і замкнёны. Замыкаюцца і адасабляюцца людзі звычайна ад гора, але бывае, што замыкаюцца часам і ад шчасця. Пятро як бы баяўся, каб хто не абразіў, не запляміў яго светлых і чыстых пачуццяў. За прагул яго лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Ён адказваў:

— Так, ездзіў, — і ўсміхаўся, як, напэўна, усміхаўся б чалавек, якому раптам адкрыліся ўсе таямніцы свету. Сапраўды, ён адчуваў, нібы зрабіўся сталейшы за ўсіх сваіх сяброў, нават за тых, што старэйшыя за яго па гадах, — сталейшы, бо жанаты і шчаслівы, бо перажыў тое, чаго яны, відаць, яшчэ не перажылі. Сябры дзівіліся, гледзячы на яго. Потым заўсёды праніклівыя і здагадлівыя дзяўчаты нечакана абвясцілі, што Шапятовіч ажаніўся. Гэтая чутка ў адзін міг разнеслася па тэхнікуме. Дзяўчаты з малодшых курсаў прыходзілі ў чарцёжную і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва. Хлопцы-сябры дапытваліся, ці праўда гэта, жартаўліва віншавалі, а ён у адказ толькі ўсміхаўся ўсё той жа таямнічай і радаснай усмешкай. Зноў працаваў Пятро над праектам дзень і ноч, каб дагнаць і апярэдзіць сяброў і такім чынам выкраіць час яшчэ раз з'ездзіць да жонкі. Адрываўся ад працы толькі для таго, каб збегаць на пошту — спытаць, ці няма пісьма. Дзён колькі пісьмо не прыходзіла, і ён зноў пакутаваў, яму зноў успомніўся Ўладзімір Іванавіч, яго словы, запіска і іншыя недарэчнасці. Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён.

Праз тыдзень, забыўшыся на дырэктара і на камітэт, на ўсе іх папярэджанні, Пятро зноў ляцеў да Сашы. Больш ён не чакаў ні машыны, ні парахода, а з цягніка пабег па знаёмай дарозе, і здалася яна цяпер вельмі прыгожай.

V

У маладосці рэдка здараецца, каб не спалася, хіба толькі ў часы цяжкіх перажыванняў, гора. Пятру не спалася ад адчування шчасця, ад той душэўнай узнёсласці, якая ўсё яшчэ не пакідала яго, хоць ішоў другі месяц, як яны пажаніліся. Ён ляжаў на краі ложка і баяўся паварушыцца, адчуваючы на руцэ мяккія валасы Сашы. Яна спала спакойна, роўна дыхаючы. Ён асцярожна павярнуў галаву ў бок Сашы і любаваўся ёю; і ў сне на яе твары адбіваліся нейкія пачуцці: вусны то складваліся ва ўсмешку, то застывалі ад сур'ёзнай увагі, то іранічна крывіліся, зрэдку ўздрыгвала брыво. Гэта ігра рыс на любым твары здавалася Пятру такой прывабнай і пацешнай, што яму вельмі хацелася цалаваць і вусны, і вочы яе, але ён баяўся разбудзіць жонку.

«Няхай спіць, яна змарылася за дзень, набегалася, — з пяшчотай, як аб дзіцяці, думаў ён. — Трэба і мне спаць. Спаць, спаць!»

Але заснуць не ўдавалася. Ноч лезла ў пакой далёкім смехам дзяўчат, прыглушанымі пералівамі гармоніка недзе ў суседняй вёсцы, пахам кветак… І яшчэ адно дзіўнае адчуванне не давала заснуць — нейкая неасэнсаваная трывога, нібы перад навальніцай ці перад невядомай далёкай дарогай. Яна, гэтая трывога, была недзе ў самай глыбіні душы, пад шчасцем і захапленнем, але чым настойлівей ён змагаўся з бяссонніцай, тым часцей яна адгукалася ў сэрцы, нібы прабіваючыся на паверхню. Што гэта? Чаму гэта? Можа, зноў недарэчная рэўнасць, пра якую яму зараз сорамна ўспамінаць? Не. Гэта нешта зусім іншае. Ён успамінаў падзеі дня — што бачыў, з кім сустракаўся, пра што гаварыў… І раптам успомніў: нямецкая армія ўступіла ў Парыж. Пятро пачуў гэтую навіну па радыё ў сельсавеце. Прысутныя там старшыня, упаўнаважаны, настаўнікі выказвалі свае думкі наконт гэтай падзеі. Трывогі ніхто не выказаў, трывога, відаць, ва ўсіх засталася ў сэрцы і выявілася, як і ў яго, не адразу, а пазней, уначы, калі кожны застаўся сам з сабой. Там жа ўсё больш гаварылі пра немцаў, пра іх сілу і тэхніку:

— Вось пруць, гады!

— Сілішча! Што ты хочаш!

— За дзень Галандыю, за другі — Бельгію… Ангельцаў у мора кульнулі…

— Храновыя ваякі супраць іх… Каб стаялі насмерць — не ішоў бы так!

— Супраць нас не пайшоў бы так! Назад пакаціўся б!

— Тэхнікі, відаць, малавата ў французаў… У немцаў танкі вунь усюды…

— Не ў адной тэхніцы сіла… Камандзіры ні к чорту! А калі генералы ў кусты, дык што рабіць салдату? Салдату трэба каманда…

Пятро таксама выказваў нейкія меркаванні і нават вызначыўся сваімі ведамі аб нямецкай ваеннай тэхніцы, пра якую вычытаў у часопісах. Так яны пагутарылі і разышліся. А цяпер вось гэтая трывога, гэты неспакой у душы. Чаму? Францыя!.. Парыж!.. Як гэта далёка для хлопца, які нават у Маскве быў толькі праездам, нікуды асабліва не ездзіў і не надта глыбока разбіраўся ў міжнародных справах! Але разам з тым як гэта і блізка — блізка сэрцу юнака, які толькі са школьнай парты! Ніводную краіну мы не ведаем са школьных год так, як Францыю. Ужо з першых класаў, з першых чытанак мы дазнаваліся пра Парыжскую камуну, з кніг глядзелі на нас партрэты герояў-камунараў, на ўсё жыццё запаміналіся прозвішчы — Варлен, Дэлеклюз, Дамброўскі. Потым гісторыя, тая школьная гісторыя сярэдніх вякоў і новая, у якой Францыі адводзілася добрая палавіна, бо Францыя дала Рабесп'ера і Марата, дала рэвалюцыю 1848 года і, нарэшце, Парыжскую камуну.

Нават у самага кепскага вучня, які кідаў школу пасля сямі-васьмі класаў, на ўсё жыццё захоўваліся ў памяці ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. А ў тых, хто вучыўся далей, веды аб Францыі бясконца пашыраліся.

За гісторыяй — літаратура. Спачатку Жуль Верн і Гюго, потым — Бальзак, Ралан і Анры Барбюс. Мы любілі герояў іх кніжак і праз іх палюбілі Францыю.

Пятро ўявіў Парыж так, як можна ўявіць гэты горад па прачытаных кнігах і фільмах, уявіў, як ідуць па ім чужыя салдаты, грубыя і нахабныя, як усе заваёўнікі, і сэрцу стала балюча — балюча за далёкіх незнаёмых французаў, мусіць, такіх жа хлопцаў, як ён сам, і такіх жа жанчын і дзяўчат, як яго Саша. Саша! Мілая, слаўная Саша! Ён пяшчотна паглядзеў на жонку, прыслухаўся да яе роўнага дыхання. І раптам з'явілася думка, упершыню такая недарэчная: «А што, калі яны пачнуць вайну супраць нас? Прыйдуць сюды, на нашу зямлю, як прыйшлі ў Парыж?»

Што ж гэта будзе? Разбурыцца шчасце, вось гэтае яго шчасце, якое ён толькі што спазнаў? Адарвуць яго ад Сашы, вось ад гэтых яе мяккіх валасоў, якія нават пахнуць шчасцем, ад яе рук, такіх пяшчотных…

Яму зрабілася жудасна ад гэтай думкі. Вайна, яе ўяўная рамантыка можа вабіць толькі дзяцей і юнакоў; для чалавека, які зразумеў сэнс жыцця і ўведаў шчасце, вайна не можа не быць страшнай і агіднай.

Пятро стараўся адагнаць гэтую жудасную думку. «Ніколі яны сюды не прыйдуць! Мы будзем біць іх на іх зямлі, калі яны адважацца напасці, на сваю не пусцім», — ён быў перакананы ў гэтым непахісна. Мы ўсе верылі, што будзем біць ворага на яго зямлі.

Каля хаты спынілася фурманка. Конь, якога, відаць, вельмі гналі, з палёгкай фыркнуў. «Зноў па Сашу», — падумаў Пятро. Рэдка выпадала ноч, каб яе не выклікалі да парадзіхі.

Ціхі, але настойлівы стук у шыбу і нясмелы голас:

— Доктарка!

Саша адразу прачнулася, асцярожна ўзнялася і, адчыніўшы фортку, прашаптала невядомаму чалавеку за акном:

— Іду. Не стукайце.

Яна збіралася паціху, каб не разбудзіць Пятра, мяркуючы, што ён, як звычайна, спіць. Але Пятро паклікаў яе.

— Ты не спіш? Спі. Мяне зноў клічуць. — Яна пацалавала яго і, узяўшы ў рукі чаравікі, каб не стукаць абцасамі па падлозе, выйшла.

Пятро з нейкай дзіўнай радасцю падумаў, што недзе зноў народзіцца чалавек, зноў прыйдзе радасць у хату, і ад думкі гэтай адразу зніклі яго трывога, неспакой, быццам ён раптам упэўніўся ў непераможнасці жыцця. Ён хутка заснуў. Прачнуўся на світанні ад дотыку Сашыных рук: яна лажылася побач. Цела яе было халоднае, і ўся яна пахла свежым сенам, дарожным пылам і ёдам. А праз гадзіну яе выклікалі зноў.

За снеданнем Саша сказала:

— Сёння прыняла двух цудоўных хлопчыкаў.

— Зноў хлопчыкі! — без захаплення сказала Аня. — На вайну гэта, кажуць, калі родзяцца адны хлопчыкі…

— Ніякай вайны не будзе! Усё гэта бабскія выдумкі! — сказаў Пятро аўтарытэтна, як належыць сталаму мужчыну сярод жанчын.

Калі не лічыць начных думак і трывогі, ён сапраўды быў перакананы, што вайны не будзе, а калі вораг нападзе, то будзе разбіты адразу, за які тыдзень-два. Як і большасць яго равеснікаў, ён бязмежна верыў у магутнасць арміі, у якой будзе служыць.

Саша цяжка ўздыхнула. Пасля прызналася Пятру:

— Я ніколі нічога не баялася і ніколі не думала пра гэта… А цяпер баюся…

— Чаго?

— Вайны. Ведаеш, калі маеш шчасце, дык, мабыць, заўсёды баішся яго страціць… Праўда?

У хуткім часе ёй давялося перажыць за сваё шчасце сапраўдны страх, а не толькі ўяўны — ад думак.

Пасля выпускнога вечара будучыя тэхнікі-аўтамабілісты і дарожнікі паехалі за горад і там трапілі пад праліўны дождж. Пятро прастудзіўся і захварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх. Па тым, якое кароткае было яго пісьмо — два нейкія сказы без знакаў прыпынку: «Сашок я захварэў запаленнем Ляжу ў Першасавецкай Цалую цябе», — і па тым, якой слабой рукой гэта было напісана — крывыя, разрозненыя літары, — Саша зразумела, што муж вельмі цяжка хворы. Разгубленая, спалоханая, яна прыбегла з амбулаторыі да гаспадыні і ўпершыню заплакала пры ёй; дагэтуль калі часамі і плакала, дык употай, каб ніхто не бачыў.

— Чаго ты? — здзівілася гаспадыня.

— Я вельмі баюся, што ён памрэ, — як дзіця, усхліпнула Саша.

— Другога знойдзеш, — магчыма, хацела пажартаваць гаспадыня, але сама пасля была не рада: Саша адхіснулася, і вочы яе бліснулі іскрамі гневу і варожасці.

— Як вам не сорамна, Аня! Вы самі пахавалі мужа. Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце… даражэй жыцця…

Ані да болю стала сорамна, яна таксама заплакала.

— Даруй, Шурачка, хіба я хацела паганае сказаць, так… не ўтрымала языка… Божа мой, такі наш лёс жаночы!..

— Я зараз жа паеду да яго. Яму будзе лягчэй, калі я буду пры ім…

— Як ты паедзеш? А работа?

— А што работа? Хіба што здарыцца за дзень-два? Я ж хутка вярнуся… Я толькі пабачу яго, суцешу…

— Але ж закон гэты…

Сапраўды, незадоўга перад гэтым выйшаў закон, згодна з якім за прагул, за спазненне на работу аддавалі пад суд. Сашу, добрасумленную ва ўсім, крыштальна чыстую, заўсёды страшыла думка, што і яна можа неўзнарок трапіць на лаву падсудных. А як яна дакажа, што ёй трэба было абавязкова ехаць, яны ж нават не запісаны ў загсе?

— Не, я паеду. Што будзе — тое і будзе, а я не магу не ехаць.

— То папрасі ў старшыні каня, я падвязу хоць цябе…

— Дзе яго знойдзеш, старшыню! Ды і лепш, каб ніхто не ведаў. Я пайду да Рэчыцы… Паспею на рабочы поезд.

— Проці ночы ў такую дарогу? Божачка мой! — спалохалася гаспадыня.

— Аня, вы не адгаворвайце мяне. Я не маленькая. Што мне ноч!..

З сабой, акрамя грошай, завязаных у насавой хустачцы, яна ўзяла белы халат, бо ведала, што без яго цяжка будзе прайсці ў бальніцу.

Яна не ішла, яна бегла, адна сярод ночы і сярод поля. Над ёй было зорнае неба, бязмоўнае і бясконца далёкае, а да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Збажына жыла: у ёй нешта шапталася, звінела, уздыхала. Гэтая блізкасць нечага жывога бадзёрыла і адначасова страшыла. З-пад ног час ад часу ўзляталі начныя птушкі, ледзь не б'ючы крыламі па твары. Спачатку Саша палохалася, нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі.

«Чаго мне баяцца, калі хворы Пеця? Слаўны мой, любы, каб я была гэтай птушкай, я даўно прыляцела б да цябе… Я не магу ляцець — я буду бегчы. Бегчы!.. А чаго бегчы? Усё адно прыйдзецца чакаць поезда. А калі спазнюся? Лепш раней прыйсці…»

Дзе-нідзе пачалі жаць, і на полі стаялі бабкі, здалёк падобныя ў цемры на постаці людзей. Адна з такіх постацей раптам прыўзнялася і кінулася ўцякаць. Саша спалохалася і таксама пабегла. Бегла так, што здавалася, сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Але яна падумала пра Пятра — і страх знік. Праходзячы паўз вёску, яна зноў убачыла, як з прыдарожнай лаўкі ўсхапіліся і пабеглі дзве постаці. Яна падышла так блізка, што добра разгледзела дзяўчыну і хлопца — закаханых, і раптам здагадалася, чаму яны ўцякаюць. Каб не несці халат у руцэ, яна надзела яго і выглядала белай зданню. Яна скінула халат, пайшла павольней. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч…

Старому вартаўніку пры бальніцы Саша сказала, што яна практыкантка, і як пропуск паказала халат. Яна баялася спытацца ў каго-небудзь з сясцёр, дзе ён ляжыць, — а раптам скажуць, што яго ўжо няма! — і цішком абыходзіла ўсе палаты аддзялення па чарзе. Адчыніла дзверы адной палаты і ўбачыла ў куце схіленую перад ложкам постаць сястры, і адразу кальнула ў сэрца: ён там! Яна хутка пайшла да ложка. Хворыя ўзнімалі галовы і са здзіўленнем глядзелі на яе. На гук крокаў павярнулася сястра. Саша пазнала Любу і… спынілася, варожае пачуццё варухнулася ў яе грудзях: Пятро расказваў, як Люба хацела прывабіць яго.

— Ты? — крыху здзіўлена спытала Люба. — Гэта ён цябе клікаў увесь час — Саша, Саша? Цяпер я разумею. — Яна крытычна агледзела Сашу, іранічна ўсміхнулася.

Дзякуючы дапамозе бацькі, дырэктара саўгаса, Любе ўдалося пераехаць у горад, і цяпер яна працавала старшай сястрой аддзялення. А галоўнае — у горадзе яна мела жаніхоў і была ўпэўнена, што хутка выйдзе замуж. Жыццё ў горадзе, жаніхі, пасада — усё разам давала ёй падставы ганарыцца, весці сябе важна і глядзець на такіх, як Саша, «вясковых», з вышыні свайго ўяўнага становішча. Праўда, на Пятра яна хоць і была злосная, але да хворага ставілася ўважліва і нават пахвалілася сёстрам, што хлопец гэты некалі ад кахання траціў розум і пехатой за паўсотні кіламетраў бегаў да яе ў вёску. З'яўленне Сашы крыху ўзлавала яе. «Жонка!» — зняважліва падумала яна і спытала:

— Дык ты сапраўды выйшла за яго? Ён тут, калі яму рабілася лягчэй, расказваў, што жанаты. Дзяўчаты не верылі… Дзіця яшчэ… Я таксама не верыла…

Але Саша не слухала яе. Яна стаяла за два крокі ад ложка і не зводзіла позірку з твару Пятра. Ён ляжаў нерухома, з заплюшчанымі вачамі, быццам спаў, але яго засмяглыя, патрэсканыя ад гарачкі губы раз-пораз крывіліся ад болю, зрэдку пакутліва перасмыкаўся ўвесь твар і ўздрыгвала цела, нават пунсовыя плямы на запалых шчоках у гэты міг знікалі, і шчокі ўраз рабіліся бяскроўна-бледнымі.

Саша прысела на ложак і, узяўшы яго руку, прыціснулася да яе шчакой.

Нехта з хворых сказаў з захапленнем:

— Ого!

Другі цяжка ўздыхнуў, прагнучы гэткай жа простай і шчырай ласкі.

Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага.

— У яго сорак адзін тэмпература. Увесь час лёд трымаем, — сказала яна суха, мабыць, жадаючы падкрэсліць, што не пяшчота трэба хвораму, а клапатлівы догляд. — Рэдкі па цяжкасці выпадак двухбаковай пнеўманіі. Чакаем крызісу… Ты падзяжурыш каля яго, так?

— Я буду тут…

— Доўга быць тут Бася Ісакаўна не дазволіць. Мне і так мала не будзе, што пусціла цябе… Але бяру на сябе…

Саша ўспомніла, што калі яны хадзілі сюды на практыку, то ўсе вельмі баяліся гэтай суровай Басі Ісакаўны, галоўнага лекара. Але цяпер яна нікога не баялася.

«Ніхто мяне адгэтуль не выганіць. Не пайду, — вырашыла Саша з упартай рашучасцю. — Я адна маю права быць пры ім».

Яна ўпэўнена паправіла падушку, коўдру… Глядзела, як пакутліва адбіваецца боль на яго твары, і сама адчувала гэты боль дзесьці глыбока ў грудзях. Пятро стагнаў — яна пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Суседзі-хворыя з павагай размаўлялі з ёй, распытвалі, адкуль яна, расказвалі, як прывезлі Пятра, як ён трызніў усе гэтыя дні, скардзіліся на свае хваробы. Яна ім сумленна адказвала, давала парады, нават некага выслухала… Але пасля не магла ўспомніць, пра што яе пыталі, што яна адказвала, навошта кагосьці выслухвала: гэта смешна — ёй, фельчарыцы, выслухваць хворага пасля вопытных лекараў! Але тады Саша не думала пра гэта. Яна была ўдзячна гэтым людзям, што яны цёпла і клапатліва гавораць пра Пятра, і хацела зрабіць ім што-небудзь добрае, памагчы… Але што б яна ні рабіла, з кім бы ні размаўляла, яна ні на міг не адрывала вачэй ад мужа. Думка аб тым, што ён можа памерці, не вытрымаць таго, што называецца страшным словам «крызіс», больш не прыходзіла. Такая думка не магла з'явіцца, пакуль яна бачыла, як ён дыхае, стогне, крывіцца ад болю. Яго жыццё — гэта яе жыццё, а нават безнадзейна хворы чалавек думае толькі пра жыццё. Толькі пра жыццё! Саша думала, як Пятро зноў прыедзе да яе і яна ўжо больш нікуды не адпусціць яго. Ён хацеў ехаць некуды ажно ў Беласток, куды яго назначылі пасля тэхнікума. Не, не трэба яму ехаць… Яны будуць хадзіць разам па полі, сядзець у садзе… Цяпер паспелі яблыкі… Потым яна возьме адпачынак, і яны паедуць на параходзе. Саша ўспомніла, як перад хваробай ён ад'язджаў ад яе. Ехалі разам да Рэчыцы — Сашу выклікалі ў райздраў. Доўга чакалі парахода, Пятро сказаў, што холадна. Яна накінула яму на плечы сваю шарсцяную хустку. Ён, захутаны, заснуў, паклаўшы галаву ёй на калені. А потым прыйшлі нейкія дзяўчаты-сакатухі, засмяяліся і разбудзілі яго… «Магчыма, ён і прастудзіўся тады, у тую ноч?»

Пятро раптам застагнаў і паклікаў:

— Мама! — потым сказаў нешта незразумелае: — На Ягадным не праедзем, не! Пойдзем!..

«Мама»… У Сашы сціснула ў горле, яна і ўзрадавалася яго голасу, і раўніва жадала, каб ён паклікаў яе.

Праз хвіліну ён расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на яе, як бы пазнаючы, потым квола ўсміхнуўся і прашаптаў:

— Саша! — І тут жа паскардзіўся, як скардзіцца дзіця маці: — Мне вельмі балюча, Саша.

— Балюча, Пеця, балюча, я ведаю. — Яна нахілілася і пацалавала яго ў гарачыя засмяглыя губы.

Люба заглянула ў палату і сказала:

— Ты пакармі яго, ён нічога не есць. Можа, ад цябе возьме…

Ён сапраўды не адмовіўся, хоць яму было цяжка глытаць. Калі яна карміла, хворыя раптам хуценька леглі ў ложкі, зашапталіся:

— Ідзе. Ідзе.

Саша зразумела, хто ідзе, калі ўбачыла ў дзвярах Басю Ісакаўну. Галоўны лекар рабіла абход. Яна спынялася ля кожнага ложка, слухала тлумачэнні лекара-ардынатара, пытала ў хворага, як самаадчуванне, прыпісвала назначэнні. Дайшоўшы да ложка Пятра, яна сурова спытала ў Сашы:

— А вы хто?

Саша збянтэжылася і стаяла, як вінаватая вучаніца.

— Я?.. Я — фельчар…

— У маёй бальніцы я не ведаю такога фельчара! Хто вы хвораму?

— Я?.. Сястра. — Яна не разумела, чаму не прызналася, што жонка, напэўна, пабаялася, што не павераць ці могуць сказаць што-небудзь крыўднае, абразлівае.

— Хто пусціў? — павярнулася галоўны лекар да дзяжурнага доктара. Той паціснуў плячамі.

— Я пусціла. Мы разам вучыліся, — з дзіўнай усмешкай сказала Люба.

— Дазвольце мне застацца… — нясмела, са слязьмі ў голасе папрасіла Саша.

— Паўгадзіны, — літасціва дазволіла Бася Ісакаўна, звяртаючыся да Любы.

Сашу напалохала, як яны аглядалі Пятра, як, адышоўшы, шапталіся, паўтараючы страшнае слова «крызіс», і яна вырашыла не пакідаць мужа, як бы ні выганялі яе.

Праз паўгадзіны Люба папрасіла, каб Саша пакінула палату, але хворыя напалі на Любу: не бачыце хіба, у якім цяжкім становішчы блізкі чалавек! Няхай сядзіць, нікому яна не замінае. Люба знікла і больш не з'яўлялася. Хворыя суцяшалі Сашу, падбадзёрвалі, называючы з ласкавай іроніяй сястрой. Яна не разумела, навошта яе суцяшаюць; яна не плакала, не ламала рукі ў роспачы, а проста сядзела і не зводзіла позірку з Пецевага твару. Жанчына не ведала, што яго боль, яго пакуты адбіваюцца і на яе твары, а збоку гэта было ўсім відаць.

Пад вечар у палату зноў зазірнула Бася Ісакаўна.

— Вы яшчэ тут? — Галоўны лекар амаль прастагнала: — Божа мой, што робіцца ў маёй бальніцы! — і злосна закрычала: — Любоў Андрэеўну і Зою Пятроўну — да мяне! А вы, галубка, ідзіце за мной.

Саша паслухмяна пайшла, пакорлівая і маўклівая.

У сваім кабінеце галоўны лекар загадала:

— Скідайце халат!

Саша скінула. Бася Ісакаўна замкнула халат у шафу.

— Гэта мой халат, — паспрабавала пярэчыць Саша.

— Ідзіце, і каб я больш не бачыла вас тут! Я яшчэ ў райздраў напішу, галубка…

Саша выйшла на двор, села на лаўку і горка заплакала — ад крыўды, стомы і болю.

Ноч, доўгую і пакутлівую, бадай што без сну — засынала на колькі хвілін трывожным сном і зноў прачыналася, — яна правяла ў сваёй былой гаспадыні. А раніцой зноў падышла да бальніцы. Але, відаць, галоўны лекар моцна паганяла ўвесь персанал, бо Сашу цяпер не хацелі і слухаць. Сёстры, што ішлі на работу, адмаўляліся выканаць нават простую просьбу — паведаміць, як здароўе Пятра. А Люба прашмыгнула міма і не прывіталася.

Саша сумна сядзела на лаўцы каля бальнічных варот і бяздумна сачыла, як на даху дома, што насупраць, буркуюць галубы.

Да варот пад'ехаў рамізнік.

З брычкі асцярожна злезла маленькая старая жанчына ў простай шарсцяной кофце, суконнай спадніцы — гэтая Бася Ісакаўна зусім не была падобна да той, суровай і ўладнай, што ў беласнежным халаце хадзіла па палатах.

Саша глянула на яе з нянавісцю.

Лекар таксама затрымала на ёй свой позірк і, мабыць, адразу не пазнала. Яна прайшла праз прахадную, нешта сказала вартаўнікам і… раптам вярнулася назад, уважліва паглядзела на Сашу.

— Вы яшчэ тут? — спыталася яна ў Сашы так жа, як і ў палаце, але зусім іншым тонам.

— А дзе мне быць? — няветліва адказала Саша.

— Ах, якая моладзь! — уздыхнула Бася Ісакаўна, і нельга было зразумець — ці яна асуджае, ці адабрае гэтую моладзь. — Хадзем са мной.

У двары яна сказала:

— А гаварыць няпраўду старэйшым непрыгожа, дзіця маё. Мне ж сказалі, што гэта ваш муж. Так?

Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны.

Апрануўшы халат, які дала ёй галоўны лекар, Саша ўзбегла на другі паверх і толькі перад дзвярамі знаёмай палаты перавяла дыханне. Яна са страхам адчыніла дзверы і спынілася. І першае, што яна ўбачыла, — яго вочы, жывыя, ясныя. Яны глядзелі на яе. Ён устрапянуўся, намерыўся падняцца і амаль крыкнуў:

— Саша!

Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак.

VI

Рэчаў было мала — той жа студэнцкі партфель, напакаваны клапатлівымі рукамі Сашы самым неабходным, што можа спатрэбіцца ў далёкай дарозе і ў салдацкім жыцці.

Гаспадыня сказала:

— Давайце пасядзім перад дарогай.

Яны селі побач на доўгім услоне, толькі малая Нінка — на бярозавым чурбаку каля печы. І раптам гаспадыня заплакала, выціраючы слёзы рогам хусткі.

— Што гэта вы, Аня! А то вы і мяне разжалобіце, чаго добрага, — жартам сказала Саша, а ў самой дрыжалі губы і голас ненатуральна звінеў. — Хадзем, Пеця, а то мы ўсіх разжалобім, вунь і Нінка ўжо хліпае…

Пятро падняўся і працягнуў руку:

— Бывайце, Аня.

Яна абняла яго:

— Даруй, Пеця, калі што…

— Нічога, усё добра, Аня… Дзякую вам.

— За Сашу не хвалюйся, служы шчасліва…

Саша выйшла першая, як заўсёды імклівая, нецярплівая, — ёй цяжка было глядзець на развітанне.

Раніца была сонечная, ясная, але ўжо халодная.

Пятро дагнаў Сашу на вуліцы і сказаў:

— Добры чалавек Аня. — Ён зусім забыў, што год назад ненавідзеў яе.

— Яна мне — што маці, — прызналася Саша.

— Давай я панясу партфель.

— Не, не, я… Табе яшчэ хопіць несці, яшчэ рукі забаляць… Трэба было ўсё ж папрасіць каня… Дарэмна ты не захацеў.

— Я хачу прайсці па нашай дарозе… Калі я буду тут зноў! А на шляху, можа, сяду на машыну.

У двары, паўз які яны праходзілі, пачуўся жаночы голас наўздагон ім:

— Глядзі, як доктарка мужа праводзіць у армію.

— Бачыш, мяне асуджаюць…

— Глупства.

Яны выйшлі ў поле.

Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі.

Каляіны дарог былі засыпаны апалым лісцем. На агароджы, на бадай што голых ужо вішнях, на прыдарожным быльнягу вісела павуцінне бабінага лета.

Пятро хацеў радавацца. Ён жа многа чытаў у розных кнігах, у часопісах, бачыў у кіно, як радуецца моладзь, калі адыходзіць у армію. Чаму ж у яго няма гэтай радасці? Ён падумаў, што, відаць, гэты смутак, які сціскаў яму сэрца, навеяны восенню.

«Навошта прызываюць увосень, калі нават прырода смуткуе, так пуста навокал… павуцінне?.. Няхай бы гэта было вясной, калі ўсё зацвітае, ажывае… Весела было б…»

Ён проста шукаў апраўдання свайму смутку, бо яму было сорамна — хіба ён горшы за іншых? Хіба не імкнуўся ён яшчэ са школьных год у армію, не хацеў паступіць у ваенную школу? Не, ён таксама з гонарам і радасцю ідзе выконваць свой пачэсны грамадзянскі абавязак! А настрой гэты ад таго, што цяжка пакідаць Сашу… Яна застанецца адна сярод чужых… Хутка гэтая бязлесная раўніна пакрыецца снегам. Стане яшчэ больш сумна. Яна адна будзе сядзець доўгімі вечарамі, а ўдзень — хадзіць да хворых… Ён убачыў, як Саша ўзяла партфель у другую руку.

— Табе цяжка. Давай я панясу.

— Ні крышачкі не цяжка. Што ты выдумаў!

— Ведаеш, ты менш хадзі цяпер, няхай возяць… А то будзеш бегаць у дальнія вёскі, асабліва зімой…

— Чаму — менш?..

— «Чаму, чаму»! Ты ведаеш — чаму…

— Дурненькі ты… Ты нічога не разумееш. Хадзіць трэба больш. Гэта карысна і мне, і яму…

— Ёй!

Саша засмяялася:

— Які ты ўпарты. Усё адно…

Поле перад імі ляжала роўнае, голае, толькі з аднаго боку позірк цешыла маладая рунь азіміны, а з другога — як кінуць вокам — цягнуліся шэрая пожня і чорная ралля. Ніводнай жывой істоты, калі не лічыць адзінокага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка, чорным жуком. З-за таго ж узгорка выглядалі верхавіны таполяў у прыдняпроўскай вёсцы.

— Колькі разоў я цябе сустракала тут і праводзіла! За аднаго паўгода! Адны сустрэчы і расставанні… Хаця б месяц пажылі разам! — У голасе Сашы гучалі дакор і скарга.

— Дурань я, што паехаў пасля хваробы на працу. Я ж мог быць дагэтуль з табою. На паўтара месяца паляцеў у такую далеч.

— Я ж казала табе. Ты — упарты…

— Ды хіба я не хацеў застацца! Сашок! — Ён узяў яе за локаць, сціснуў і прытуліўся шчакой да яе пляча. — Але гэты закон… Баяўся, што будуць непрыемнасці…

— Мы ўсяго баімся. І калі мы ўжо не будзем баяцца?

— Саша, мілая, дамаўляліся не гаварыць пра сумнае.

Саша ўздыхнула:

— Я і дагэтуль не занесла ў сельсавет тры рублі.

Успамін пра тое, як яны колькі дзённазад пайшлі ў сельсавет запісацца і як у іх не аказалася трох рублёў заплаціць пошліну, заўсёды смяшыў іх. Але цяпер і гэты ўспамін здаўся Пятру вельмі сумным: у яго наогул не было грошай. Ён і дагэтуль быў па-студэнцку бедны, і Саша дала яму на дарогу. Каб змяніць тэму размовы, ён успомніў пра іншае:

— Смешна, як мой бацька крычаў, што толькі дурні жэняцца перад арміяй, калі я сказаў дома, што ажаніўся. Ім цяжка зразумець. Яны ніколі не зразумеюць, што інакш і быць не магло ў нас… Праўда, Сашок?

— А я сваім і дагэтуль не прызналася.

— Ты напішы ім.

— Каму? Бацьку і мачысе?

— Сястры. І маім напішы…

— А што напісаць?

— Маці толькі прасіла. Ты зразумей… — Яму здалося, што яна не хоча пісаць.

— Я разумею, я напішу, сёння ж напішу, — заспакоіла яго Саша.

Раптам яны змоўклі. Угары над імі пачулася сумнае курлыканне. Яны спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў, роўны клін іх аддаляўся на поўдзень. Жураўлі курлыкнулі толькі адзін раз, але так жаласна і працягла, быццам развітваліся з нечым вельмі родным. Далей ляцелі моўчкі. Саша доўга позіркам праводзіла іх. Пятро ўбачыў, як па шчоках у яе скаціліся слёзы. Ён асцярожна паклікаў яе. Саша закрыла твар далонямі, а калі адняла рукі — вочы былі сухія.

— А ўсё-такі гэта цяжка… Вельмі цяжка… Божа мой! Тры гады! Народзіцца і вырасце дзіця! А цябе не будзе!..

— Саша, любая мая, харошая… Я ж праз год прыеду ў водпуск… Мне ж дадуць водпуск. Я буду старацца, буду прасіць… Ты не хвалюйся. — Ён адчуваў, што суцяшае яе наіўна, але іншых слоў не знаходзіў.

— Ну, добра, пойдзем. У цябе яшчэ вялікая дарога. Добра, калі сядзеш на машыну.

Яны выйшлі на шлях, абсаджаны маладымі бярозкамі, клёнікамі і таполямі. Дрэўцы стаялі ўжо голыя — дзе-нідзе сіратліва трапяталі адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ больш маркотнай і пустой.

— Можа, вернешся, Сашок? — нясмела прапанаваў Пятро. — Табе цяжка будзе…

— Мне?.. А табе? Не, я пайду яшчэ. Я далёка пайду… Каб я магла вось так ісці з табой увесь час… усё жыццё…

— Я буду адчуваць цябе заўсёды побач… — Ён абняў яе за плечы, прытуліў да сябе, і так яны ішлі ўзбоч шырокага шляху, разбітага і пыльнага нават увосень.

— Мне здаецца, што я не дачакаюся таго часу, калі мы сапраўды будзем вось так… Заўсёды… Разам… І нікуды не трэба будзе цябе праводзіць. Мне нават не верыцца, што ёсць такія людзі, якія ўвесь час жывуць разам…

— Будзе і ў нас такое шчасце.

— А калі…

— Што? — насцеражыўся Пятро.

— Нічога… Я не хочу пра гэта гаварыць. Ты ведаеш, пра што я думаю. Пра вялікае няшчасце для ўсіх… Ты будзеш пісаць мне часта-часта, праўда?

— Кожны дзень, Сашок. Кожны дзень! — Ён не ведаў тады, як нялёгка будзе яму, салдату, выконваць гэтае абяцанне і сваё шчырае жаданне — штодзень пра ўсё расказваць ёй, сваёй Сашы.

Паднімалася сонца. У небе паплыло павуцінне.

— Чаму гэты час называецца бабіным летам? Гэта несправядліва! Я так люблю гэты час… У лесе зараз прыгожа. Я сумую без лесу. Мяне цягне за Дняпро. Заўтра пайду і буду цэлы дзень хадзіць там адна. Цэлы дзень…

— Навошта?

— Мне так хочацца… Я буду ўспамінаць цябе. Я буду клікаць цябе. Ты пачуеш?

— Саша, не трэба, — папрасіў ён, адчуваючы, як горка-салёны камяк сціскае горла.

— Не, трэба! Я перайду на другі бок дарогі, і мы будзем ісці моўчкі. Я проста пагляджу на цябе, які ты…

Яна перайшла і сапраўды доўга маўчала.

Яны ўзышлі на ўзгорак, з якога была добра відаць і вёска, у якой яна працавала, хоць адышлі ад яе кіламетраў восем, і далёкія дымы Рэчыцы, і блізкі Дняпро з шырокай лугавой поймай, застаўленай стагамі.

Саша спынілася:

— Калі ты будзеш ехаць у водпуск, ты напішы мне… Я сустрэну цябе вось тут. А цяпер я вярнуся.

Яна паставіла на зямлю партфель і ўзняла рукі, як бы намерваючыся паправіць валасы. Пятро імкліва абняў яе, прытуліў да сябе. Доўга яны стаялі так, адчуваючы частыя ўдары сэрцаў адно аднаго. Яны нічога не казалі — пра ўсё было сказана, дамоўлена. Цяпер ім хацелася проста лішнюю хвіліну пабыць разам так блізка і назаўсёды захаваць у памяці цяпло гэтай блізкасці.

Потым Саша вызвалілася з абдымкаў, сціснула абедзвюма рукамі яго галаву і пацалавала ў вусны, у лоб, у вочы. І, нічога не сказаўшы, лёгка адштурхнула яго, павярнулася і шпарка пайшла назад.

Пятро хвіліну стаяў ашаломлены, потым закрычаў:

— Са-аш-а! — і кінуўся за ёй. Яна пайшла хутчэй, каб ён не дагнаў, таму што тады развітанне зацягнулася б, а гэта — цяжка. — Са-аш-а! — закрычаў ён зноў і спыніўся. Яму стала вельмі балюча і крыўдна, што яна не азіраецца, што не хоча паслаць яму апошняга «бывай».

Тады яму не прыйшло ў галаву, што яна плача і не хоча, каб ён бачыў яе слёзы і хваляваўся. Але і яна не здагадвалася, які страшэнны боль і пакуты прычыняе яму, адыходзячы вось так…

«Няўжо табе не балюча, што ты так лёгка развіталася і не хочаш азірнуцца? Саша! Што ты робіш? Паглядзі!» — крычаў ён у думках.

Нарэшце яна павярнулася і памахала рукой. І на такой адлегласці — яна прайшла добрых крокаў сто — ён убачыў, што яна плача, і незвычайным замілаваннем і любасцю напоўнілася яго сэрца.

«Саша, любая, слаўная мая. Не плач. Не трэба. Я хутка прыеду. Праз год. Хіба мала людзей пакідаюць жонак? Не плач», — шаптаў ён, але самому яму хацелася плакаць.

Саша пайшла далей. Вось яна паднялася на ўзгорак. Зноў спынілася, зноў памахала рукой. Вось яна пачала спускацца на той бок узгорка — ніжэй, ніжэй, пакуль не схавалася зусім. Але Пятро з надзеяй глядзеў на другі ўзгорак, што віднеўся далёка за першым. Убачыць яе яшчэ раз, апошні. Сапраўды, вось зноў паказалася яе белая касынка. Вось яна ўся, Саша. Але гэта ўжо вельмі далёка — за нейкі кіламетр, ужо нельга разглядзець ні яе твару, ні нават колеру сукенкі. Саша доўга стаяла там, на вяршыні ўзгорка, на фоне яснага неба — адзінокая, сумная жаночая постаць сярод асенняга поля.

«Бывай, Сашок, бывай! Не плач. Я ніколі не забуду цябе — ты дала мне столькі шчасця! Я на крылах прылячу да цябе. Праз год. Гэта хутка, вельмі хутка…»

Постаць Сашы знікла. Больш Пятро не мог убачыць яе. Ён уздыхнуў і падняў з зямлі свой партфель…

1956

Начныя зарніцы

Аповесць другая

I

Саша расплюшчыла вочы, прыслухалася, i ўсмешка заіскрылася ў яе вялікіх, крыху стомленых вачах. Болю не было. Упершыню пасля родаў яна адчула сябе здаровай i бадзёрай. Як бы не верачы свайму адчуванню, яна пацягнулася, сціснуўшы кулакі, закінула рукі за галаву. Зноў са страхам прыслухалася. Ад гэтай маленькай зарадкі адчула сябе яшчэ лепш. Яна ажно засмяялася. Але ўспомніла пра суседак па палаце, што бестурботна спалі, схамянулася i ўжо прыслухалася не да сябе, а да навакольнага. За акном весела шчабяталі ластаўкі. Яны таксама толькі што прачнуліся i недзе на вышках, пад страхой, пакінулі свае цёплыя гнёзды i сваіх маленькіх. Чуваць, як яны пішчадь… A ці не плача за сцяной, у дзіцячай, яе дачка, яе маленькая Алёнка? Уявіла яе, малюсенькую, з ружовенькім тварыкам, у якім, аднак, угадваліся Пецевы рысы (Аня, прыйшоўшы ў бальніцу, сказала: «Уся ў тату»), i сэрца забілася часта-часта, дзіўнае, незнаёмае дагэтуль хваляванне ахапіла маладую маці. Вельмі хацелася ўстаць i пайсці паглядзець на Алёнку. Але людзі яшчэ спяць. Адны ластаўкі прачнуліся… He, i людзі не спяць. Недзе далека, на краі мястэчка, меладычна заспявала труба пастуха. Аднак у бальніцы яшчэ цішыня, нават не чуваць, каб хадзіла дзяжурная сястра.

Саша зноў закінула рукі за галаву, ухапілася за ложак, прыўзнялася, напружваючы мышцы жывата. Раз, другі… Прыслухалася. Не, болю няма. Яна зусім здаровая i сёння ж папросіць Марыю Сяргееўну выпісаць яе, каб не выпісвацца заўтра, бо кажуць, што панядзелак — нешчаслівы дзень. A сёння — нядзеля, сёння абавязкова прыйдзе Аня, i яны разам пойдуць дадому па знаёмай палявой дарозе, паўз высокае жыта, якое ўжо, напэўна, налілося.

Раптам яна ўбачыла на белай столі сонечны прамень — маленькую ружовенькую палоску ў самым куце. Узыходзіла сонца.

«А Пеця пісаў у апошнім пісьме, што ў ix там, у Мурманску, сонца ўжо не заходзіць. Дзень i дзень, — успомніла яна i ўсміхнулася. — А гэта нецікава. Сумна. Калі ўзыходзіць сонца — гэта так хораша».

Прамень на столі шырыўся, бляднеў, паласа святла спаўзла на сцяну. Саша заварожана глядзела на яе i ўспамінала мужа. «Пеця, любы мой… Слаўны ты мой. — Школ i ў вочы не называла яна яго так ласкава, так пяшчотна. — Калі ж ты прыедзеш? Калі ўбачыш сваю дачку? Прыязджай хутчэй, Пеця! Ты прыедзеш, праўда?»

Калі пасля родаў яна кепска сябе адчувала, добрая Марыя Сяргееўна хацела даць яму тэлеграму. Але Саша не захацела. Не, яна хоча сустрэць яго здаровай. З дачкой на руках яна выйдзе на тую ж дарогу, i на тым месцы, дзе развіталіся, яны сустрэнуцца.

На бледна-сіняй сцяне, на белых дзвярах палаты ўжо вялікі сонечны квадрат з адбіткамі рамы. Сонца ўзышло.

Саша не вытрывала, скінула лёгкую коўдру, устала i, гладзячы свае набрынялыя грудзі, падышла да акна. Якое сіняе, яснае неба! I Дняпро які спакойны, павольны! Бальніца стаіць на высокім беразе, над самай кручай, i Дняпро — вось ён, унізе, да сярэдзіны ў цені зарэчнага лесу, a бліжэй — у іскрах сонца.

Глянуўшы на лес, Саша зноў успомніла Пятра. Успомніла, як аднойчы, калі яны не былі яшчэ жанатыя, ён прыраўнаваў яе да настаўніка Лялькевіча i, узлаваны, пайшоў праз тэты лес проці ночы.

«Дурненькі мой… Ніхто мне не трэба, акрамя цябе. Цябе чакаю… Цікава, што ты робіш у тэты час? Спіш? Сёння я дам табе тэлеграму, што выпісалася з бальніцы… Парадуйся разам з намі».

Прачнулася адна з суседак па палаце, таксама маладая жанчына. Працерла кулакамі вочы.

— Вы не спіце? Баліць? — спытала яна ў Сашы.

Ад моцнага адчування шчасця Сашы захацелася каго-небудзь прыласкаць. Яна пагладзіла ўскудлачаныя за ноч валасы жанчыны.

— Не, не баліць, Клава. Мне хораша.

— A калі хораша, то спіце. Яшчэ рана. — I суседка, пазяхнуўшы, павярнулася на другі бок, тварам да сцяны.

Саша з усмешкай паправіла ёй коўдру. Яна дастала з тумбачкі грэбень i пачала прычэсвацца. Развязала стужку, якой валасы былі перавязаны на ноч, i яны рассыпаліся па плячах, упалі на грудзі. Саша, любуючыся, перабірала ix рукамі. Яшчэ год назад яна падстрыглася. Але калі выйшла замуж, Аня сказала, што цяпер хадзіць падстрыжанай непрыгожа, i Саша пачала адпускаць валасы. Цяпер яны ўжо доўгія i вельмі падабаюцца ёй.

Труба пастуха заспявала ўжо зусім блізка. Замукалі каровы. Вясёлае, гарэзлівае, з рознымі адценнямі — то ласкава-запрашальнае, то пагрозліва-загаднае — «выга-аня-яй!» палохала ластавак. Яны з крыкам кідаліся ад бальніцы ў бок Дняпра i лёталі нізка над вадой, адчуваючы, відаць, сябе там у большай бяспецы.

«Вось жа дзярэ горла, — з бяскрыўднай няўхвалай падумала Саша пра пастуха. — Дзяцей пабудзіць…»

А на самай справе ёй хацелася, каб Ленка прачнулася. Тады яна пайшла б у дзіцячую, узяла б яе на рукі, пачала карміць, а то ад малака ажно баляць грудзі.

На вуліцы галасы жанчын: суседкі, выгнаўшы жывёлу, перакідваюцца першымі словамі. Вось i голас Марыі Сяргееўны — яна таксама выгнала сваю карову. Дзіўная жанчына! Трымае карову, даглядае, турбуецца, a ўсё малако аддае ў бальніцу, для хворых. Саша ганарыцца сваёй дружбай з Марыяй Сяргееўнай. Дружба гэтая пачалася два гады назад, як толькі Саша прыехала сюды на працу. Галоўурачу куставой бальніцы з першых дзён спадабалася маладая фельчарыца, сціплая i працавітая. Але асабліва сардэчнай стала ix прыязнасць, калі Саша даведалася, што сын Марыі Сяргееўны служыць разам з Пятром, «у адным падраздзяленні», як яны пішуць, захоўваючы ваенную тайну. Калі яна спытала ў Пеці, той напісаў, што Сеня Пясоцкі — яго лепшы друг, яны нават аднойчы пасля адбою атрымалі па нараду за размову. У сардэчных пісьмах яна пачала часцей, чым раней, прасіць яго, «свайго малога хлапчука», каб ён вёў сябе разумна i не рабіў глупстваў. Ёй вельмі хацелася, каб сваёй стараннасцю ён заслужыў права прыехаць у адпачынак, няхай у самы кароткі — на дзень, на два. Толькі б пабачыць яго! I каб ён пабачыў сваю дачку! Сваю Алёнку… А вось i яна… Нешта сёння яна прачнулася раней, чым звычайна. А можа, гэта не яна? Не, Саша з першага ж дня беспамылкова пазнавала яе крык i цяпер, напэўна, пазнала б сярод тысячнага хору дзіцячых галасоў. Саша нейкі момант з усмешкай слухае. Малая дзіўна крычыць: крыкне раз, два, паслухае — ці не ідуць, потым зноў… Так здаецца маладой маці, i яна пяшчотна шэпча: «Хітруння ты мая! Але разбудзіш ты іншых дзяцей».

Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Спіць дзяжурная сястра. I на вуліцы стала ціха: прайшоў статак, узняўшы пыл, i зноў запанавала цішыня летняй раніцы, калі не настаў яшчэ гарачы час уборкі i людзі даюць сабе адпачынак, асабліва ў нядзелю. Толькі працавітыя i неўпынёныя ластаўкі не адпачываюць, яны першыя сустрэлі дзень i цяпер старанна працуюць — ім няма як адпачываць, бо прачнуліся ix малыя дзеці…

Саша нахілілася над калыскай, i дзяўчынка адразу змоўкла, пачала вуснамі i язычком прасіць есці.

«Ластаўка ты мая мілая!»

Яна ўзяла малую на рукі, расшпіліла халат, i тая адразу ж знайшла ружовы тугі сасок, смешна зацмокала. Саша хвіліну пастаяла нерухома, заварожаная дзіўным пачуццём: нейкай незвычайнай фізічнай асалодай i лёгкасцю ва ўсім целе, нейкай, таксама невядомай дагэтуль, крышачку трывожнай, але ўсёабдымнай радасцю ў душы. Потым з малой на руках вярнулася ў палату i легла на ложак. Доўга з незадаволенай яшчэ цікавасцю назірала, як дачка смокча грудзі, i з пяшчотай разглядала кожную рыску на яе тварыку, яе чарнявую галоўку.

«Чаму ты такая чарнявал? Тата твой белы, i мама таксама… Дзіўна… А так ва ўсім як ты падобна на тату! I носік i вочкі. I нават гэтая плямка…»

Яшчэ тады, калі пакутавала ад болю, Саша засмяялася, убачыўшы ў дачкі на мочцы левага вуха якраз такую ж радзімую плямку, як у Пеці.

Дзіця заснула… I ўсе навокал спяць, хоць сонца паднялося над Дняпром ужо даволі высока i заліло палату цёплым святлом.

Саша доўга ляжала моўчкі, услухоўвалася, як шчабечуць за акном ластаўкі, i думала пра мужа — уяўляла, што ён можа рабіць у гэты час. Ці думае ён гэтак жа пра яе, як яна пра яго?

«Не, цяпер ён павінен думаць не пра адну мяне, ён павінен думаць пра нас…»

На нейкі міг думкі абарваліся, i яна непрыкметна заснула. Прачнулася ад страшнага сну. Што сніла — Саша пасля ніяк не магла ўспомніць, але добра помніла, што гэта было нешта сапраўды жудаснае, бо яна ажно спацела ўся. Яна адразу ж памацала рукой, ці побач дачка, i, не знайшоўшы дзіцяці, ледзь не закрычала ад страху. Не закрычала таму, што ўбачыла Марыю Сяргееўну, якая схілілася над ложкам, але выраз яе твару яшчэ больш спалохаў Сашу. Яна схапіла ўрача за рукі.

— Дзе Ленка? Што з ёй?!

— Супакойся. Яе занеслі ў дзіцячую. Нічога з ёй не здарылася.

Марыя Сяргееўна села на табурэт побач з ложкам i пагладзіла Сашыны валасы. Але Саша не магла адвесці позірку ад яе твару: звычайна асветлены добрай усмешкай, ён быў нейкі ажно счарнелы, з запалымі вачамі, з непрыгожымі складкамі каля рота, быццам Марыя Сяргееўна пастарэла раптам на многа-многа год.

— А што здарылася, Марыя Сяргееўна? — нясмела спытала Саша.

Рука ўрача пакінула гладзіць яе валасы i мацней прыціснулася да галавы.

— Няшчасце, Саша. Вялікае няшчасце.

— Для каго?

— Для ўсіх…

— Няшчасце для ўсіх? — не разумела Саша.

— Вайна, Саша. — Марыя Сяргееўна азірнулася: у палаце нікога не было, відаць, парадзіхі выйшлі гуляць.

Саша адчула, як страшэнна закалацілася яе сэрца, як закалола ў скроні i зноў разануў боль у жываце. Словы ўрача пачалі далятаць як бы здалёк.

— Я выгнала карову… вярнулася да сябе, уключыла прыёмнік… Звычайна так рана станцыі маўчаць. А тут… што робіцца ў эфіры! Усе нямецкія станцыі… Уся Еўропа! Выступаў Гітлер… Яны бамбяць Кіеў… Кіеў! Гэта зусім блізка ад нас… Зусім… Вось тут… — Яна паказала рукой, i Саша паглядзела на акно, за якім шумеў ясны летні ранак, чуліся дзіцячыя галасы, сігналы машын, рыпелі фурманкі i людзі мірна ехалі на рынак, яшчэ нічога не ведаючы. I на міг Сашы здалося, нібы ўсё, што яна пачула толькі што, — гэта працяг страшнага сну. А цяпер яна прачнулася i чуе зусім іншае. Вось нехта весела смяецца… Крычыць жанчына: «Пятро! Спыні каня! Гуска развязалася». Іншыя галасы: «Яйкі сёння ў цане будуць… Дачнікаў наехала…» Ад гэтых мірных галасоў раўней пачало біцца сэрца.

Саша адарвалася ад акна, перавяла позірк на ўрача i зноў адчула моцны боль.

Не, гэта не сон…

Марыя Сяргееўна сядзіць побач з пакутлівым тварам i глядзіць некуды ў прастору, быццам хоча разглядзець некага ці нешта ўдалечыні.

Саша зноў-такі нясмела дакранулася да яе рукі.

— Што ж гэта будзе, Марыя Сяргееўна?

— Сеня… — прашаптала ў адказ жанчына. — Сеня… Ён такі слабы, хваравіты… Ён столькі перахварэў…

Тады да свядомасці Сашы дайшло з жудаснай яснасцю ўсё, што здарылася, i яна гэтак жа, як i ўрач, адразу ж падумала аб самым дарагім чалавеку, падумала, што Пеця — у найбольшай небяспецы і, магчыма, ужо цяпер, у гэтую хвіліну, ляжыць недзе на голых скалах Запаляр'я… I, можа, таму, што зноў быў прыступ фізічнага болю, Саша не прашаптала, як Марыя Сяргееўна, любае імя, а крыкнула:

— Пеця!

Урач сціснула яе рукі.

— Супакойся… Не трэба, Саша… Будзем мужнымі… Не палохай іншых. Нам трэба цяпер вялікая мужнасць, мой друг.

Яна нахілілася — Саша абняла яе, прыпала тварам да яе пляча i ціха заплакала.

У палату заглянулі іншыя парадзіхі, убачылі, што доктарка абнімаецца з ix маладой сяброўкай — фельчарыцай, зразумелі гэта ria-свойму, весела падміргнулі адна адной i ціха зачынілі дзверы.

* * *
Марыя Сяргееўна хацела затрымаць яе ў бальніцы. Але Сашы было пакутліва цяжка ляжаць у адзіноце, бо іншыя парадзіхі адразу ж выпісаліся, як толькі пачулі пра вайну. Хацелася хутчэй да людзей, да працы. Можа, там, сярод людзей, яна вызваліцца ад сваіх жудасных думак i ўяўленняў.

Саша перадала Ані, каб тая забрала яе. Але гаспадыня прыехала толькі на другі дзень пад вечар.

— Каня ніяк не магла ўзяць, Шурачка. На вайну праводзілі,— растлумачыла яна сваё спазненне.

— Страшна гэта, Аня, — праводзіць на вайну? — спытала Саша, калі яны выехалі з бальніцы на пыльную дарогу, што вяла паміж высокага жыта ў той бок, дзе за ўзгоркам віднеліся вяршаліны бяроз.

— Галосяць бабы, — коратка i проста адказала Аня i, падумаўшы, дадала: — Мужчынам што — ускінуў мяшок за плечы ды i пайшоў сабе… A жанкі!.. Ой, зазнаюць яны гора!

— Што гэта вы, Аня! — запярэчыла Саша. — Дзіўна вы разважаеце… Гэта ж не ў заробкі пайшоў. Гэта ж на вайну… Кожны дзень смерці ў вочы глядзець.

— Смерць — яна адна, Шурачка, i кароткая… Ад яе нідзе не схаваешся. А жыццё доўгае, ды i не адно яно ў жанчыны. Калі ў якой куча дзяцей, дык ёй трэба пяць жыццяў пражыць. За сябе i за ix… Я помню тую вайну, калі бацьку нашага забілі… Атрымала маці пахавальную, а нас пяцёра каля яе… A ў полі бульба замярзае, трэба капаць… Стане мама ў разоры на каленях, пагалосіць, i мы разам з ёй, ды зноў за працу. Жыць трэба… Я, Шурачка, свае слёзы выплакала па бацьку ды па мужу…

Саша мацней прытуліла да сябе дачку: зноў падумала пра яе бацьку. Думкі пра мужа не пакідалі ні на хвіліну. Але часам удавалася пазбавіцца страшных уяўленняў i ўбачыць яго жывым, вясёлым. Размова ж гэтая з гаспадыняй зноў нагадала карціну, якая вось ужо два дні ледзяніць яе сэрца: Пеця ляжыць на голых каменнях. Жывы ён ці мёртвы? Сашы чамусьці здавалася, што там, у Запаляр'і, усё голае — ні збажыны ніякай, ні дрэўцаў, ні кусцікаў. Ад гэтага ёй рабілася страшна. Яна думала, што, каб Пеця быў недзе тут недалёка, у родным краі, i ваяваў сярод гэтага высокага жыта, у якім так легка схавацца, ці вунь у тым лесе, што відзён за Дняпром, на душы ў яе было б куды спакайней.

А Аня прадаўжала выказваць думкі аб жаночым лесе:

— Жыта вунь якое вырасла! Кажуць, перад вайной заўсёды добры ўраджай. Хутка жніво… A ў кал raca ніводнага мужчыны, акрамя самых старых ды малых, не астанецца. Нашымі, бабскімі, рукамі трэба будзе ўсё падняць… Каб i арміі хлеба было, i дзеці з голаду не пухлі. Цяжка нам будзе, Шурачка.

Саша, захопленая сваімі ўласнымі думкамі, слухала няўважліва. Яны ўз'ехалі на ўзгорак, i позірку адкрылася ўся ix вёска ў зеляніне садоў. Наперадзе — зноў лагчына. Конь фыркнуў i пабег трушком. Сады i хаты пачалі апускацца i нарэшце зніклі зусім, а бярозы на могілках усё былі відаць. Саша глядзела на ix i думала: схаваюцца яны ці не? Ёй чамусьці захацелася, каб хоць з аднаго месца не было відаць могілак. Бярозы не схаваліся, i яна сказала:

— Нашы могілкі адусюль відаць. Як гэта нядобра. Нічога не відно, адны могілкі…

Аня здзіўлена паглядзела на яе.

Саша думала, што ў вёсцы ў гэты вечар будзе вельмі шумна, бо нават тады, калі ішоў звычайны мірны прызыў i ў арMiro ішлі бязвусыя юнакі, заўсёды напярэдадні было нямала п'яных, многа песень i крыкаў. А цяпер жа ідуць людзі ўсіх узростаў, ідуць на вайну, магчыма, многія на смерць. Але, на здзіўленне ёй, у вёсцы было ціха. Яна падумала, што, можа, гэта таму, што многія пайшлі ўжо, не чакаючы позваў ваенкамата. Аднак яе ўразіла гэтая цішыня i яшчэ тое, што знешне ўсё аставалася такім жа, як звычайна. Павольна згасаў летні дзень, толькі захад здаўся ёй занадта пунсова-крывавым, але гэта, мабыць, ад уяўлення, што недзе ў той старане сапраўды льецца кроў.

Ляніва прайшоў статак, як заўсёды, каровы неслі свае цяжкія, налітыя малаком вымі, рыкалі каля двароў. Гаспадыні заганялі ix у хлявы, бразгалі дайніцамі. Потым Саша адчула, што цішыня гэтая незвычайная, а таму страшная. Яна не адразу зразумела, што робіць цішыню такой напружанай, страшнай. Толькі калі выйшла на вуліцу, тады зразумела: няма вясёлага гоману дзяцей. Звычайна ў такі ясны летні вечар усюды — на кожнай вуліцы, на выгане, каля сажалкі, на калГасным стадыёне — гуляюць дзеці, усюды ix смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было, i ад гэтага рабілася жудасна; Саша адчула страшны подых вайны. Якое ж гэта вялікае гора, калі яго зразумелі, адчулі нават дзеці, самыя маленькія нават! Яна прайшла па вуліцы. Не, не ўсе яшчэ пайшлі на вайну. У многіх хатах свяціліся вокны (звычайна ж лямпы сярод лета ніхто не запальвае). Дзе-нідзе сядзелі за сталамі, пілі, але гаманілі не па-п'янаму крыкліва, a ціха i разважліва, спявалі таксама ціха i сумна. Дзе-нідзе гэтак жа ціха плакалі жанчыны…

Раніцой разам з усімі Саша праводзіла мужчын у ваенкамат. Машыны з Рэчыцы не вярнуліся, i другая партыя прызыўнікоў ехала на фурманках. Па пыльнай палявой дарозе, паміж жытоў, павольна рухаўся абоз. Але на вазах сядзелі толькі ездавыя-хлапчукі ды на адным — крыху п'янаваты гарманіст. Усе іншыя ішлі следам: самі заўтрашнія воіны, ix маці, жонкі, дзеці — даволі вялікі натоўп. Амаль усе трымаліся сем'ямі, i паміж імі ішла Саша з дзіцем на руках.

Старая жанчына, якая праводзіла адразу двух сыноў, клапатліва сказала:

— Вы не ішлі б, доктарка, так далека, цяжка вам яшчэ. — I, адхінуўшы марлечку, заглянула ў тварык малой. — Ды i ёй шкодна — вунь якую пылюку паднялі.

— Я трохі прайду, — вінавата сказала Саша.

Яе цягнула правесці гэтых людзей, з якімі яна за два гады працы вельмі зблізілася. Цягнула яшчэ таму, што яны ідуць на дапамогу яе ГІецю, што яны стануць побач з ім i будуць абараняць яе, Ленку, усіх дзяцей, жанчын ад страшнага ворага. А яшчэ яна ўспамінала, як па гэтай жа дарозе менш за год назад яны ішлі з Пятром. Ад усяго гэтага хацелася плакаць. Але яна стрымлівалася, бо навокал не плакала ніводная жанчына. Многія, праўда, выціралі рагамі хустак слёзы, але ўголас не плакалі. Размаўлялі ціха, кожны пра сваё:

— Наташа, парсюка ты закалі, каб дзеці на нішчымніцы не сядзелі…

— Добра, Ваня, ты не клапаціся пра нас, ты сябе глядзі, асцярожны будзь.

— Тата! А ты забі гэтага Гітлера ды i вяртайся хутчэй.

— Добра, сынок. Я заб'ю яго, гада. А ты маму слухай, Любку пільнуй.

Можа, i абышліся б гэтыя праводзіны без гучнага плачу i галашэнняў, хіба толькі ў самую апошнюю хвіліну жанчыны не стрымаліся б, ды падвёў гарманіст. Ён доўга жартаўліва размаўляў з дзяўчатамі, што ішлі побач з ім, а потым неяк нечакана для ўсіх расцягнуў мяхі свайго гармоніка, зайграў i заспяваў старую-старую песню, якую кожны спяваў i чуў тысячу разоў. Але калі яе спявалі на мірнай бяседзе, то нікога яна асабліва не кранала — ці мала спяваецца ўсялякіх песень! A ў такі час…

После-е-едний но-о-не-шний дене-о-очек
Гуля-ю с ва-ми я, друзья-я…
Як яна разанула па сэрцах, гэтая песня! Адразу загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці. А Саша адчула, як ёй стала вельмі цяжка дыхаць — так цяжка, што яна баялася, што ўпадзе, таму выйшла з натоўпу i села на абочыне дарогі на пыльную траву, якраз там, дзе канчалася жыта i пачынаўся лён, зялёнае мора льну, таксама надзіва высокага i густога. Каб неяк супакоіць сябе, яна дала малой грудзі…

«Ленка, дачушка ты мая родная! Як добра, што ты з'явілася на свет. Ты мая адзіная радасць у гэтыя чорныя дні».

Раптам Саша адчула, што нехта стаіць i глядзіць на яе. Яна інстынктыўна закрыла далоняй грудзі, узняла вочы. На дарозе стаяў Уладзімір Іванавіч з мяшком за плячамі.

— Карміце, Аляксандра Фёдараўна. Не саромейцеся… Гэта — святое, — ціха сказаў ён, адводзячы позірк.

Саша адняла дзіця ад грудзей, зашпіліла кофтачку i хутка ўстала з зямлі. Яна адразу зразумела, што ён даганяе іншых прызыўнікоў, але чамусьці спытала:

— I вы?

— Мне няма яшчэ павесткі. Але я не магу чакаць, вы разумееце… Такі час! А я афіцэр запасу, лейтэнант… Камуніст…

— Я разумею, — уздыхнула Саша. — Але гэта так цяжка — праводзіць на вайну…

— Нічога, Аляксандра Фёдараўна, — бадзёра суцешыў яе настаўнік. — Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю… дык мы гэтага Гітлера… Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо.

Учора, калі Саша ад'язджала з бальніцы, Марыя Сяргееўна, у якой аставаўся яшчэ прыёмнік i якая разумела панямецку, сказала ёй па сакрэту зусім іншае, i Саша чамусьці паверыла ёй, хоць ніколі раней не сумнявалася ў магутнасці сваёй Радзімы. Яна нікому пра гэта не гаварыла. Але цяпер у размове з настаўнікам, якога лічыла разумным i паважала i які ішоў на вайну, не ўтрымалася i сказала нават жорстка:

— Ведаеце, Уладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы… Навошта? Вайна — не гульня. Вайна — смерць i гора.

Ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся i спытаў пра іншае:

— Дачка, сын?

— Дачка.

— Цяжка вам будзе.

— Я не скарджуся на свой лес. Я радуюся, што яна з'явілася.

Уладзімір Іванавіч паглядзеў на гадзіннік.

— Трэба даганяць, а то прыйдзецца пехатой да Рэчыцы, — сказаў ён бадзёра, рухам плячэй папраўляючы мяшок. — У мяне маці занядужала… адна асталася… Паглядзіце яе, калі ласка, Аляксандра Фёдараўна. — Голас яго задрыжаў.

— Я пагляджу… Вы не турбуйцеся, — паабяцала Саша i раптам адчула нейкую амаль мацярынскую пяшчоту да гэтага чалавека.

Ён працягнуў правую руку, яна ж правай трымала дзіця. Тады яна зрабіла крок да яго, абняла левай рукой за шыю i пацалавала ў лоб. Ён адступіў, здзіўлены, i Саша ўбачыла, як бліснулі слёзы ў яго вачах. Ён ціха сказаў:

— Дзякую вам, — i хутка закрочыў па пыльнай дарозе, а Саша пайшла ў бок вёскі i не азірнулася. Яна падумала пра тое, што гэта нядобра — цалаваць чалавека, які ідзе на вайну, у лоб. Як нябожчыка.

Яна ў той жа дзень наведалася да яго маці. Увогуле, ёй хацелася працаваць як мага больш, каб ні хвіліны не сядзець склаўшы рукі. Але ў амбулаторыю ніхто не прыходзіў, быццам усе яе хворыя адразу ачунялі. Спачатку яна здзіўлялася, потым зразумела: калі прыйшла такая бяда, людзям не да сваіх маленькіх хвароб; з драбязой сорамна ісці ў такі час, а сэрцы i галовы баляць ва ўсіх. Праўда, прыйшлі два чалавекі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, i прасілі даведкі, што яны хворыя, не могуць з'явіцца на прызыўны пункт. Выгляд ix не гаварыў, што яны хворыя. Саша не стала ix слухаць i даведак не дала. Мужчыны прыгразілі. Гэта яе страшэнна ўразіла. Здаралася, што i раней яна не давала даведак, але ніхто ніколі не пагражаў ёй. Так прайшоў дзень, другі… Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі i шыла штонебудзь для дзіцяці, хоць усяго было нашыта яшчэ да родаў.

Вайна не далятала ў ix ціхі куток. Нават варожых самалётаў яны не бачылі ў першыя дні. Зрэдку праляталі на захад нашы самалёты, i гэта ўсіх радавала. Толькі на досвітку чацвёртага дня яны пачулі яе, вайну. Фашысцкія самалёты бамбілі рэчыцкія маеты цераз Дняпро. Вяртаючыся з бамбёжкі, яны ішлі над самай вёскай, вельмі нізка над садаMi i стрэхамі, ад ix гулу дрыжалі i тузаліся паветра i зямля. Пачуўшы выбухі, Саша схапіла Ленку, выскачыла на гарод i легла ў бульбянік. Ад ранішняй вільгаці i страху яе пачала біць ліхаманка. Вярнуўшыся ў хату, калі самалёты праляцелі, яна доўга не магла сагрэцца i супакоіцца.

У той жа дзень прыйшлі больш пэўныя весткі з фронту. Праз Рэчыцу прайшлі першыя эшалоны з раненымі, i многія жанчыны хадзілі туды, за трыццаць кіламетраў, з надзеяй, якая заўсёды жыве ў жаночым сэрцы: «А можа, i мой там?»

«Нашы адступаюць!» — словы гэтыя ўскалыхнулі людзей i зрабілі большую паніку, чым сама вестка аб вайне. Саша паверыла Марыі Сяргееўне, якая сказала ёй на другі дзень, што немцы прарвалі пагранічныя ўмацаванні, але не спалохалася тады. Цяпер жа, калі кожная жанчына, кожная старая перадавала суседцы з вялікай трывогай: «Нашы адступаюць», Сашу ахапіла жудасць. «Куды адступаюць? Чаму адступаюць?»

Яна падумала пра Пятра. Куды адступіць ён? Знайшоўшы ў сына гаспадыні падручнік па геаграфіі, яна раскрыла карту, паглядзела на Кольскі паўвостраў i жахнулася яшчэ больш. Яна ніколі не ўяўляла, што ўваход на паўвостраў такі вузкі: ад фінскай мяжы да Кандалакшскай губы ўсяго некалькі міліметраў. А што, калі немцы i фіны прарвуцца там i перарэжуць чыгунку? Куды будуць адступаць тыя, хто ў Мурманску? Куды адступіць Пеця? Паўвостраў далека цягнецца на ўсход, але які ён голы там — ніводнага кружочка! А за ім мора сіняе, суровае, сцюдзёнае нават на карце. У той жа дзень яна атрымала тры пісьмы ад Пятра, але ўсе яны былі напісаны за колькі дзён да вайны i былі поўныя радасці. А Сашы вельмі хацелася атрымаць пісьмо, якое было б напісана хаця б у першы дзень вайны, каб даведацца — а яна прачытала б гэта паміж радкоў,— як там пачалося ў ix, што ён думае i што ён робіць, што з ім? З нездаровай, пакутлівай нецярплівасцю пачала яна чакаць такога пісьма. У гэтым чаканні прайшоў тыдзень. Вайна падступала бліжэй: у вёсцы з'яўляліся раненыя аднавяскоўцы. Саша перавязвала ім раны i прагна распытвала: як там? Але расказвалі яны надзвычайна мала, лаялі немаведама каго i паводзілі сябе так, быццам былі вінаватыя ва ўсім, што здарылася. Аднак, нягледзячы на самыя панічныя чуткі, на самыя страшныя расказы, мала хто ў гэтым ціхім прыдняпроўскім раёне думаў, што немцы могуць дайсці i да ix. У Сашы ні разу не ўзнікала такой думкі. Наадварот, здавалася, што жыццё, парушанае ў першыя дні, цяпер перабудоўваецца па законах ваеннага часу. Ніякая вайна не можа спыніць жыцця!

Аднойчы Саша цэлы дзень працавала ў полі — памагала гаспадыні зграбаць i перавозіць канюшыну, якую Аня атрымала з калгаса. Змораная працай, Саша ўпершыню за дні вайны заснула рана i спала моцна. Яе разбудзіў настойлівы стук у акно. Прызвычаеная да такога стуку, яна адказала:

— Зараз іду, — i пачала адзявацца.

— Хто там? — спытала Аня.

— Відаць, на роды.

— Спытай хто, — параіла гаспадыня. — Не той час, каб так выходзіць.

Саша паглядзела ў вокны, але нікога не ўбачыла i палічыла, што яе чакаюць каля амбулаторыі. Яна выйшла на вуліцу i… спалохана адхіснулася: каля варот, у цені, стаяў чалавек са стрэльбай на плячы.

— Не бойцеся, Аляксандра Фёдараўна, — ціха сказаў ён, i здзіўленая Саша пазнала Уладзіміра Іванавіча.

— Вы? Вы тут?

Ён асцярожна ўзяў яе за локаць i адвёў ад хаты, трымаючыся, аднак, у цені ад клёнаў.

— Я тут. Райком стварыў групу самааховы. Час ваенны. Учора каля Дземяхоў мы парашутыстаў лавілі. Трох застрэлілі, двое здаліся. А сёння вось… маці адведаў… i вас захацеў пабачыць.

— А вось гэта неабавязкова, — непрыязна адказала Саша; прамільгнула думка: яна пацалавала гэтага чалавека, упэўненая, што ён ідзе на фронт, а ён тут туляецца, каля дому, у той час, калі ўсе іншыя i Пеця недзе пад кулямі.

Ён, мабыць, сумеўся, бо нейкі момант памаўчаў. Саша намагалася разгледзець яго твар — што на ім адбіта? Але было цёмна.

— Я лічыў сваім абавязкам папярэдзіць вас, Аляксандра Фёдараўна, — сказаў ён амаль шэптам. — Вы павінны ехаць адгэтуль, эвакуіравацца… Вам нельга тут аставацца… Вы камсамолка…

— Нікуды я не паеду! — узлавана адказала Саша i хмыкнула іранічна: — Добрая вы самаахова: ходзіце па начах, наганяеце страх, паніку. Karo вы ахоўваеце? Сябе?

Уладзімір Іванавіч зноў узяў яе за локаць, моцна сціснуў i горача зашаптаў:

— Шура, паверцемне, яквашамудругу, як… камуністу… Я не сябе ахоўваю. Але становішча вельмі складанае… Тры дні назад нашы пакінулі Мінск… Немцы пад Жлобінам…

— Здалі Мінск? — ледзь не крыкнула Саша.

— Цішэй. Не трэба панікі.

— А Мурманск?

— Пры чым тут Мурманск? — здзівіўся настаўнік.

— Там — мой муж.

— A-а…

— Няўжо праўда здалі Мінск? Не магу паверыць!

— Я ведаю напэўна… I таму прыйшоў да вас… З Рэчыцы эвакуіруюць сем'і…

Цяпер Саша паверыла яму, паверыла, што ён прыйшоў з самымі шчырымі намерамі, як добры друг, i адчула ўдзячнасць да гэтага чалавека. Не ведаючы, як выказаць яе, сваю ўдзячнасць, даверліва спытала:

— Што ж мне рабіць?

— Прыязджайце заўтра ў Рэчыцу. Я паклапачуся, каб вас пасадзілі ў эталон для эвакуіраваных.

— Дзякую, — шчыра i проста сказала яна i насцярожана прыслухалася. У хаце заплакала дзіця. А недзе ўдалечыні пачуўся гул самалётаў. Забыўшыся развітацца, яна кінулася ў хату — да дзіцяці.

II

У Рэчыцу Саша не паехала. Яна разважыла інакш: недалёка за Дняпром i Сожам яе родная веска, бацькоўская хата, а таму няма патрэбы ехаць некуды ў белы свет. Дома яна будзе ў поўнай бяспецы, бо калі нават ворагу ўдасца дайсці да Дняпра, то туды, за дзве вялікія ракі, яму ніколі не прарвацца. У гэтым яна ўпэўнена i таму яшчэ з тыдзень пасля размовы з Уладзімірам Іванавічам жыла i працавала тут. I толькі тады, калі ў наваколлі з'явіліся вайскоўцы i пачалі будаваць умацаванні, яна вырашыла ехаць. Ёй цяжка было развітвацца з мясцінай, дзе пачалося яе самастойнае жыццё i дзе кожная рэч напамінала пра Пецю i аб ix шчасці, кароткім, але яркім. Што чакае яе наперадзе?

Аня ўзяла ў калгасе каня i сама ехала за фурмана. Калі пагружаліся, Саша здзівілася, што ў яе набралася так многа рэчаў.

— Абжылася я тут у вас, — сказала яна Ані.

— Я мяшок жыта пакладу, Шура, — прапанавала Аня.

— Што вы, Аня! Навошта ён мне?

— Ой, усё спатрэбіцца. Не адна ты цяпер. Жыць трэба, дачку гадаваць. Бяры. А я твой шнур сажну.

Два дні назад, па указанию райкома, калгасныя пасевы раздалі калгаснікам, інтэлігенцыі — па колькасці едакоў. Сашы таксама далі сотак дваццаць. Гэта ўстрывожыла: дрэнная прыкмета. Уласна кажучы, не столькі вайскоўцы, колькі раздзел пасеваў прымусіў яе ўспомніць папярэджанне Уладзіміра Іванавіча i хутчэй ехаць за дзве вялікія ракі.

Нарэшце i мяшок з жытам пакладзены на воз. У хаце асталося самае дарагое — дачка. Саша пайшла па яе. Пярэдняя палавіна, дзе яна жыла, здалася цяпер залішне вялікай, пустой i ад гэтага няўтульнай.

Саша спавіла малую, пацалаваладзяцейгаспадыні. Узяла дачку на рукі i яшчэ раз агледзелася. Гаспадыня памалілася на абразы. Сашу неяк вельмі ўсхвалявала гэта. Захацелася плакаць.

— Аня, калі пісьмо ад Пеці прыйдзе, дык вы абавязкова перашліце мне. Як-небудзь, — яшчэ раз папрасіла яна, хоць аб гэтым прасіла неаднойчы.

— Перадам, Шурачка, сама прынясу. Тут жа недалёка. Дабягу.

«Аня таксама не верыць, што яны могуць дайсці сюды», — з палёгкай падумала Саша.

На вуліцы колькі суседак выйшлі правесці яе. Абкружылі фурманку.

— Вось i вы, Шура, нас пакідаеце, — сказала адна з жанчын, цяжка ўздыхнуўшы. — Учора настаўніцы, каторыя не з нашых мясцін, выехалі. Адны мы астаёмся… Пуста, як пасля чумы.

У Сашы балюча сціснулася сэрца. Яна не ведала, што адказаць, як суцешыць гэтых добрых i гаротных жанчын. Яна як бы адчувала нейкую сваю віну перад імі. Але ў чым яна вінавата? Хіба лягчэйшы яе ўласны лес? Хіба яна не такая ж салдатка? Але яна ўцякае ад вайны за дзве вялікія ракі, а яны астаюцца тут… Ці мае права яна рабіць гэта?..

— Дзіця захварэе — не будзе каму глянуць, — як бы дакорам ёй гучаць словы маладухі з дзіцем на руках.

Саша апускае вочы, мацней прыціскае да грудзей уласнае дзіця. Не, гэта не дакор, гэта — боль душы.

— Шчаслівай вам дарогі, Шурачка, — кажа тая ж жанчына з дзіцем ласкава i шчыра. — Абыдзецца ўсё добра — не забывайце нас, прыязджайце.

Саша радасна страпянулася, з удзячнасцю глянула на жанчын вачамі, поўнымі слёз.

— Я вярнуся… Я абавязкова вярнуся да вас… Родныя вы

мае… добрыя!..

— Ну, хопіць вам!.. Цалуйцеся ды паедзем. Дарога няблізкая, — грубавата сказала Аня, па-мужчынску ўскочыўшы на воз i ўзяўшы лейцы ў рукі.

У мястэчку яны заехалі ў бальніцу — развітацца з Марыяй Сяргееўнай. Саша глянула на ўрача i жахнулася: як тая пастарэла за колькі дзён, схуднела, пасівела.

— Што з вамі, Марыя Сяргееўна?

— Ca мной? Нічога, мой друг, — спакойна, але сумна адказала ўрач, правёўшы далоняй па скроні.— Што ў людзей — тое i ў мяне. Гора. Ад гора не маладзеюць… Вунь i ў цябе таксама цені пад вачамі. Не дае спаць? — Яна кіўнула на малую, што ляжала паміж імі на лаўцы ў цені маладых таполяў.

— Не, яна спакойная. Самой не спіцца. Вы ад Сені пісьма не палучалі? Каб пасля напісана было, калі пачалося…

— Я?

Гэтым кароткім запытаннем урач выдала сябе; Саша зразумела, што яна нешта мае, i ўся памкнулася да яе, схапіла, сціснула руку.

— Марыя Сяргееўна! Вы нічога не таіце ад мяне. Я ўсё хачу ведаць.

— Супакойся. Я нічога не таю. Сеня напісаў кароткую паштоўку на другі дзень… Ды вось яна пры мне.

Яна дастала пачак папер з нагруднай кішэні халата.

Саша амаль вырвала з яе рук пакамечаную паштоўку, прачытала ўголас:

— «Мая мілая, слаўная мама!

Я жывы i здаровы. У нас пакуль што ціха. Настрой у нас добры, вельмі добры. Будзем біць ворага. Мілая мама, я хачу, каб цябе нічога не страшыла, каб ты была мужнай. Але калі табе, магчыма, скажуць што-небудзь дрэннае пра твайго сына, я прашу цябе: нікому не давай веры, мамачка. Я быў i заўсёды буду такі ж сумленны i праўдзівы, якім мяне выхавалі ты i тата. Я люблю сваю Радзіму гэтак жа, як цябе, мая родная мама. А яшчэ я люблю ісціну i праўду i ненавіджу иевуцтва, ты ведаеш гэта. Я абдымаю цябе i цалую. Твой Сеня».

Саша не ўнікла ў сэнс паштоўкі, у дзіўныя словы сына Марыі Сяргееўны, не здагадалася, колькі болю i душэўных пакут прынеслі гэтыя словы жанчыне. Крыху заспакоеная, што там «пакуль што ціха», з крыўдай падумала: вось сын напісаў маці, а Пеця ёй, сваёй жонцы, не піша.

— Вы даўно гэта палучылі?

— Дні чатыры…

— Чаму ж не піша Пеця? Каб ён ведаў, як гэта цяжка — нічога не ведаць!

— Ім не лягчэй, друг мой, — уздыхнула Марыя Сяргееўна. — Яны таксама, напэўна, нічога не ведаюць. I пісаць яны, безумоўна, пішуць… I Пятро, i Сеня… Усе. Але ўсё парушана. Адны пісьмы прарваліся, a другія, можа, пад бомбы дзе трапілі.

— Калі я паеду, нічога не даведаюся больш… Як я там буду жыць? Мне не трэба ехаць… Трэба чакаць… ГІраўда?

Марыя Сяргееўна, не адказаўшы, узяла з лаўкі малую на рукі, адгарнула марлю, зазірнула ў тварык. Дзіця спала. На міг на твар урача быццам упаў нейкі асаблівы праменьчык сонца, бо ад сонечных блікаў, што прабіваліся праз лісце таполяў, твары жанчын не святлелі: цяжкія думкі ляжалі на ix чорным ценем.

Саша схілілася над дачкой i таксама ўсміхнулася:

— Яна ціхая… Спіць i спіць.

— Не, вам трэба ехаць, — рашуча сказала Марыя Сяргееўна, паднімаючыся i падаючы Сашы дзіця. — Вам нельга аставацца ніводнага дня больш. Сёння ўначы нехта спаліў паром…

— Як жа нам цяпер пераправіцца?

— Трэба ехаць на Лоеў. Можа, там цэлы.

— А вы, Марыя Сяргееўна?

— Я адна, мой друг. Адна, як у полі вярба. Я пайду з аношнім чырвонаармейцам.

Саша раптам адчула страх: калі i Марыя Сяргееўна думав, што ёй прыйдзецца некуды ісці, значыцца, сапраўды небяспека блізка. Хвілін колькі назад яна ціха i мірна сядзела на знаёмым бальнічным двары, любавалася з крутога берага Дняпра, i ёй зусім не хацелася ехаць далей. А цяпер заспяшалася, цяпер ёй хацелася як мага хутчэй апынуцца на тым беразе вялікай ракі, лугавым i лясістым, быццам немцы маглі прыйсці сюды праз якую гадзіну. Яна расхвалявалася, пакуль чакала Аню, якая хадзіла адведаць сваячку, i заплакала, калі Марыя Сяргееўна на развітанне абняла яе.

Калі выехалі за мястэчка, Саша раз-пораз прасіла:

— Хутчэй, Аня, хутчэй.

Аня, не шкадуючы, сцёбала пугай каня, але дарога была пясчаная, сонца стаяла высока i моцна пякло, конь стомлена матляў галавой i не хацеў бегчы. Хутка ix запынілі вайскоўцы i сказал i, што далей па беразе праезд закрыты. Можна аб'ехаць толькі па вёсках. Яны назвалі вёскі ўбаку ад Дняпра, паказалі на далёкія сады, што былі відаць за морам жыта. Але Сашы здалося страшным аддаляцца ад Дняпра на захад, i, не доўга думаючы, яна павярнула назад.

— Куды ж мы цяпер? — спытала Аня.

— Не ведаю, Аня, — бездапаможна адказала Саша. — Я нічога не ведаю. Можа, параімся з Марыяй Сяргееўнай…

— А чаго раіцца! Трэба ехаць на Рэчыцу. Там — мост.

— Маеты бамбяць, Аня. Ці ёсць ён там, мост? Можа, яго даўно няма.

Нібы ў пацвярджэнне яе слоў далека на поўначы пачуліся глухія выбухі. Саша скаланулася i зноў папрасіла:

— Хутчэй, Аня!

— А куды ж нам спяшацца? — адгукнулася жанчына.

— Я пераплыву на лодцы i пайду пехатой. Больш нікуды не паедзем. — Думка такая прыйшла неяк адразу i здалася такой простай i разумнай, што Саша здзівілася, як яна не здагадалася пра гэта раней. Навошта яна марнавала час на пошукі парома? Каб прыехаць дадому з набыткамі — з гэтымі трантамі i мяшком збожжа? А навошта яны, гэтыя набыткі? Каму яны патрэбны ў такі час? Як ёй не сорамна было думаць пра гэта, калі навокал такое робіцца!

— Адна пойдзеш? — спытала, памаўчаўшы, Аня.

— З Ленкай.

— З Ленкай! У тым i бяда, што з Ленкай. Каб адна — свет вялікі, ідзі, куды хочаш. А так… — Аня зноў памаўчала, падумала, потым ціха сказала: — Я пайду з табой. Правяду. Усё-такі не ад ной…

Пачуццё гарачай удзячнасці да гаспадыні захлынула Сашу;расчуленая, яна нават не магла выказаць словамі гэтай удзячнасці i, праглынуўшы слёзы, сказала:

— Вас свае дзеці чакаюць, Аня.

— Пачакаюць. Не маленькія, — адказала жанчына i моцна тузанула лейцамі, ляснула пугай — пагнала каня наўскач.

У Анінай сваячкі, куды яны заехалі, каб пакінуць каня, Саша з ліхаманкавай паспешлівасцю выбрала з рэчаў самае неабходнае — пялёнкі, кашулькі, пару сваіх плаццяў.

— Гэта ўсяго? — здзівілася Аня, убачыўшы ў яе руках зусім невялічкі клунак.

— А што мне трэба, акрамя Ленкі!

— Табе не трэба, ёй трэба, — з гаспадарскай разважлівасцю запярэчыла Аня. — Ты, Шурачка, быццам жыць не думаеш. A ў жыцці ўсё спатрэбіцца.

Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе за плечы.

Дарэмна Саша прасіла не браць так многа — яна i слухаць не стала, а яшчэ сама дакарала:

— Ідзеш у такую дарогу, а нават што есці не ўзяла. Святым духам ды малітвамі не пражывеш, Шурачка.

Яна дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак.

Па вузкай крутой сцежцы яны спусціліся да Дняпра. Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная i велічная. Прыемна пахла вадой i рыбай. I Саша на момант супакоілася, адагнала свой панічны страх. Але праз момант вайна i небяспека зноў напомнілі пра сябе. Напомнілі дзіўным чынам, нечакана i па-свойму жахліва. Стары пануры лодачнік з ускудлачанай барадой запрасіў у ix за перавоз цераз раку сто рублёў.

— Пабойся Бога, чалавеча! Ці пры сваім ты розуме? — накінулася на яго Аня. — За два рублі перавозілі…

— Я i па рублю перавозіў. А цяпер i за сто не хачу. Навошта яны мне, грошы? Што я за ix куплю? Пляшкі гарэлкі нідзе не дастанеш. Заўтра ім, можа, наогул ніякай цаны не будзе, грошам гэтым.

— Але ж май сумленне, стары чалавек! Жанчына з грудным дзіцем ад вайны ўцякае…

«Навошта яна так гаворыць — «уцякае»?» — спалохалася Саша. Слова гэтае непрыемна ўразіла яе, упершыню падумалася, што, магчыма, усе — жанчыны ў вёсцы, Марыя Сяргееўна i вось яна, Аня, — зразумелі яе ад'езд іменна так — уцякае.

— Я не ўцякаю. Я іду дадому, да сваіх. Кожнаму хочацца быць бліжэй да сваіх. — Саша выхапіла з кішэні хустачку з грашыма, развязала вузялок зубамі i працягнула старому грошы — усе, колькі там было. Але замест таго, каб узяць ix, стары груба вылаяўся:

— Што ты сунеш гэтулькі грошай? Што я табе, хапуга які? Не павязу!

Саша, пасаромленая, разгубленая, спалохалася яшчэ больш, са слязамі ў голасе папрасіла:

— Дзядуля, родненькі… Што ж нам рабіць цяпер? Назад ісці?

Ён адвярнуўся, чмыхнуў носам i сурова загадаў:

— Сядайце!

Калі адплылі, стары неяк адразу палагаднеў, спытаў, адкуль ідзе маладзіца i ці далека ёй ісці. Саша назвала сваю вёску.

— Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы.

Ix, відаць, ён не лічыў добрымі хадакамі, а на Аню паглядаў даволі коса, i жанчына, каб не злаваць гэтага наравістага старога, дыпламатычна маўчала, хітра пасміхаючыся.

— А чалавек дзе? — спытаў стары, кіўнуўшы на дзіця.

— На вайне, дзядуля.

— Правільна, такой маладой з дзіцёнкам лепш каля роднай маткі быць. Свякруха — не маці.— Відаць, Аню ён палічыў за свякруху i хацеў дапячы ёй.

Саша не сказала, што маці ў яе няма, але адчула, як балюча сціснулася сэрца ад такога напамінку. Што яе чакае дома, хто яе стрэне там?

Яны былі на сярэдзіне ракі, калі пачулі гул самалётаў. Ён хутка мацнеў, набліжаючыся аднекуль з поўдня.

— Яны, — сказаў лодачнік i пачаў вельмі шпарка грэбці, стукаючы вяслом аб лодку i пырскаючы. Човен, які дагэтуль ішоў роўна i проста, пачаў віляць. Саша бачыла, што ў старога трасуцца рукі.— Учора ў Чапліне паромшчыка забілі, душагубы.

Пачуўшы гэта, Саша адразу зразумела небяспеку, якая пагражае ім.

«Няўжо гэта канец? Дачушка мая родная!»

Яна заплюшчыла вочы. Каб заткнуць вушы! Каб не чуць гэтага страшнага гулу, што, здаецца, тузае i гойдае ўсё навокал: паветра, раку, човен, яе рукі, яе мозг. Гул пераходзіць у нейкі прарэзлівы звон i свіст. Не, трэба глядзець на гэта, трэба ўсё бачыць. Ад смерці не схаваешся. Саша расшпошчвае вочы. Над самай кручай, над белым будынкам бальніцы, над таполямі, пад якімі яны сядзелі раніцой, ляцяць доўгія самалёты.

«Трэба было сказаць Марыі Сяргееўне, каб яна чырвоны крыж вылажыла, каб відаць было, што гэта бальніца».

На сядзібе МТС узляцелі ў паветра слупы агню, дыму, пылу, дошак, бляхі. Адгэтуль, з ракі, усё відно на фоне яснага летняга неба, як на блакітным экране.

Калі самалёты адляцелі, стары падняў вясло i выцер рукавом пот з ілба.

— Усё лепшае бамбяць, паразіты, усё знішчаюць. Сілу паказваюць, каб запалохаць.

— Добра, што не ў бальніцу, там хворыя, — выказала Саша сваю трывогу.

— Дойдзе чарга i да бальніцы. Не пацэлілі,— сурова прабурчаў стары i чамусьці зноў узлаваўся: — Хворыя! А здаровыя жыць не хочуць? Маліся Богу, што нас не ўбачылі… Яны перапраўшчыкаў не любяць. А ты мне сотняй папракаеш! — накінуўся ён на Аню, хоць тая i маўчала. — Дура-баба! У мяне душа гарыць! Можа, я за гэтую сотню залью яе, душу сваю. А ты сотні шкадуеш! Багацець хочаш?

Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі i не згіналіся ў каленях. Але яна не спынілася, каб адпачыць.

Яна рвалася хутчэй наперад, нібы там, яшчэ за адной ракой, не лётаюць варожыя самалёты i няма ніякай небяспекі.

Па-рознаму ў тыя жудасныя дні людзі ўцякалі ад вайны. Ішлі групамі i па адным, па магістральных дарогах i па глухіх сцежках; адны ведалі, дзе ix прыпынак, другія ішлі «ў белы свет». Але, напэўна, ва ўсіх было такое ж адчуванне, як у Сашы, адно імкненне — хутчэй наперад, як мага далей ад таго, што асталося ззаду. Пакуль чалавек сядзеў на месцы ў звыклых абставінах, у сваім калектыве, працаваў, займаўся справамі — яго нішто не палохала: ні блізкасць кананады, ні бамбёжкі, але як толькі зрываўся з месца, рабіўся бежанцам — страх i паніка гналі яго наперад няспынна.

Саша, звычайна чулая i ўважлівая да людзей, не бачыла, што Аня абліваецца потам, бо клунак, які тая несла, быў даволі-такі цяжкі. У яе самой млелі рукі — нялёгка з самай раніцы трымаць дзіця, несці перад сабой, бегчы з ім. Басаножкі націралі ногі. Але ўся яе воля, усе сілы былі скіраваны на адно — ісці. Цяпер яна разумела, што ўцякае, але не саромелася гэтага слова, якое яшчэ там, каля Дняпра, здалося ёй ганебным. Не ўласная баязлівасць гоніць яе, а страх за дачку, за гэтую нявінную істоту, што пражыла на свеце ўсяго адзін месяц i нічога яшчэ не разумев, не ведав. I толькі тады, калі гэтае немаўлятка падало свой голас, нечага патрабуючы, Саша схамянулася:

— Яна есці хоча. Трэба пакарміць яе.

— Ды i нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі.— Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай.

Яна з палёгкаю скінула з плеч свой клунак i села на зямлю.

Сашы стала сорамна.

— Трэба нам гэта раздзяліць, каб я палавіну несла. Вам цяжка, Аня.

— Што гэта ты, Шура! Цяжка… Табе таксама нялёгка…

Яны спыніліся ў лесе, у тым месцы, дзе дарогу перасякала квартальная прасека — «лінія», як яе называюць людзі тых мясцін. Па адзін бок прасекі ўзвышаўся стары бор: стромкія прыгажуні сосны з лысінамі падсочкі, нібы смяротнымі знакамі, паміж сосен — дубкі i бярозы, a ўнізе — рэдкі арэшнік. З другога боку лес быў высечаны колькі год назад, i цяпер уся доўгая, на квартал, лесасека зарасла непралазным гушчаром — беразняком, асіннікам, арэшнікам.

Мясціна была ўтульная. Увогуле такія лясныя скрыжаванні заўсёды вабяць пешахода — хораша адпачыць каля ix!

Жанчыны селі ў цені пад соснамі. Было гадзіны тры — самы гарачы час ліпеньскага дня, i ў лесе стаяла духмяная спякота i такая цішыня, што нават на маладых асінках не дрыжала лісце. Толькі авадні звінелі навокал.

Саша расшпіліла кофтачку, i малая прагна прыпала да грудзей, смешна зацмокала. Маці з замілаваннем глядзела на яе тварык.

— Падарожніца ты мая гаротная!

Аня развязала клуначак з ежай, дастала хлеб, яйкі, соль, расклала ўсё гэта на белай хусцінцы.

— Bo i мы перакусім. Лягчэй нагам будзе.

— А мне дык i есці не хочацца. Я перадрыжала на рацэ… Вам страшна было, Аня?

— А каму не было б страшна, Шура! Стары вунь які буркала i той спалохаўся. А я i ў добры час вады баюся. А тут — такое страхоцце…

— Няўжо б яны кінулі на нас, каб убачылі?

— А што ім, душагубам! Вунь расказваюць, што яны робяць на шашы: у бежанцаў з кулямётаў страляюць, бомбы кідаюць…

— Ці так мы ідзём, Аня? Не заблудзімся?

— Так. Я сюды па дровы зімой ездзіла. Зараз веска будзе. Там распытаем дарогу далей. Цяпер няма чаго баяцца. Бачыш, цішыня якая! Не верыцца, што вайна…

Аня аблупіла яйка, памакнула ў соль i падала Сашы:

— На, з'еш, Шурачка.

У тэты момант насупраць ix зашамацелі кусты i з гушчару вылез чалавек у чырвонаармейскай форме, са знакаMi малодшага камандзіра на пятліцах. Ён быў зусім юны, бледнатвары, з вялікімі блакітнымі вачамі i зусім мірны на выгляд. Але Саша чамусьці скаланулася i хутка прыкрыла грудзі i тварык дачкі марляй.

— Хто вы ёсць? — неяк дзіўна, не па-руску, спытаў вайсковец.

— Людзі мы ёсць, — у тон яму адказала Аня, смела i проста. — Не бачыш хіба? Бежанцы. Ад вайны ўцякаем, ад немца… А ты чаму кусты выціраеш? На фронт ішоў бы.

Ён кісла ўсміхнуўся i, наблізіўшыся да Сашы, працягнуў руку да дзіцяці.

— Што гэта?

Саша адхіснулася.

— Маленькі шпіён, — пажартавала яна без усмешкі.

— Што? — Вайсковец нахмурыўся.

Аня засмяялася. A «маленькі шпіён», адарваны ад ежы, голасна закрычаў, парушыўшы лясную цішыню.

— Адкуль ідзяце?

— З-за ракі ідзём, — сур'ёзна пачала тлумачыць Аня. — Гэта наша фельчарыца, працавала ў нас два гады. А цяпер ідзе дадому да бацькі… Хто ведае, дзе спыняць супастата? Можа, ён i да нас дойдзе… Дык нам усё адно, мы тут век жылі, а ёй навошта аставацца? Маладая, з дзіцем… У яе дакументы ёсць…

Саша паднялася, гушкаючы дачку, каб супакоіць, i раптам убачыла, што збоку, крокаў за дзесяць ад ix, на прасецы стаяць яшчэ двое. Гэтыя былі ў форме радавых, з вінтоўкамі ў руках. Стаялі яны плячо ў плячо, як на парадзе, маўклівыя i суровыя. Позіркі ix был i страшныя: ні цікаўнасці ў вачах, ні цеплыні, ні ўсмешкі…

«Чаму гэта яны такія?» — ca страхам падумала Саша.

I раптам адзін з двух спытаў:

— Вэр зінд зі?

Саша аслупянела. Што гэта? Чаму ён гаворыць не па-рус ку? На якой мове ён гаворыць? Хто ён, гэты чалавек?

«Вэр зінд зі?» — «Хто такія?» — успамінала яна пераклад гэтай простай фразы. Божа мой! Гэта ж па-нямецку… Што гэта яны, жартуюць? Які недарэчны жарт! А можа, гэта не па-нямецку, можа, гэта байцы з нацыянальнай часці? У нас многа розных народаў… Не… той, што падышоў першы, таксама пачаў гаварыць па-нямецку. Саша са сваім ведакнем мовы ловіць асобныя словы… Флюс — рака, унтэрарц — фельчар. Бацька… Немцы…

A дзіця крычыць усё мацней. Саша гушкае яго, просіць, моліць, быццам малая можа зразумець:

— Дачушка мая, сціхні, родная, не шіач, зараз я пакармлю цябе, — а сама напружана прыслухоўваецца i — дзіўна — думае пра тое, што зусім не ведае нямецкай мовы i што каб прыйшлося паступаць у інстытут, то яна, напэўна, правалілася б на экзаменах.

«Гер лейтэнант…» Тэты звяртаецца да аднаго з тых двух, як да камандзіра:

«Пан лейтэнант… Пан!..»

«Гер лейтэнант» набліжаецца i гаворыць нешта злосным голасам, звяртаючыся да Сашы.

— Там, на той бок ракі, многа рускіх салдат? — хутка перакладае той, што падышоў першы. — Дзе на Дняпры робіцца пераправа?

Аня хутка збірае ежу, кладзе яйкі i соль у кішэню i адказвае за Сашу:

— Многа салдат… Усюдысалдаты, танкі, пушкі, ад Рэчыцы да Лоева, па ўсім беразе… А пераправы мы не бачылі, мы на лодцы пераплылі… сто рублёў заплацілі. Каб была пераправа, мы на кані ехалі б… Арускія салдаты ўсюды ёсць… I на тым беразе, i на гэтым беразе…

— Мальчаць! — злосна загадвае Ані «гер лейтэнант» i зноў звяртаецца да Сашы.

— Дзе наводзіцца пераправа? — дапытваецца перакладчык.

— Мы не бачылі пераправы, — паўтарае Саша Аніны словы. — Мы пераплылі на лодцы. Тут быў паром, але яго спалілі…

— Хто спаліў?

— Я не ведаю, хто спаліў. Нам сказалі, што яго спалілі ў мінулую ноч.

Голас у Сашы чужы. Гушкаючы дзіця, яна адступае на крок назад. A дзіця крычыць. Быццам чуе пагрозу. Саша не вытрымлівае — адварочваецца i дае яму грудзі. Усім целам яна адчувае на сабе ix бессаромныя, прагныя позіркі. Нейкі момант яны нават маўчаць… Сашу ахоплівае жудасць… Немцы! Цяпер няма сумнення, што гэта немцы. Але як яны трапілі сюды? Яна прыгадвае: дэсант, парашутысты. Пра ix гаварыў Уладзімір Іванавіч, ды i ў вёсцы ў апошнія дні было нямала размоў пра таямнічых i страшных парашутыстаў.

«Што ж яны зробяць з намі, дачушка мая любая?»

Саша ўзіраецца ў ix твары: што яны думаюць?

«У ix таксама ёсць маці, жонкі, дзеці».

Аня ўскідвае клунак на плечы — яны маўчаць. Яны не адбіраюць рэчаў, не робяць вобыску. Гэта крышачку супакоіла Сашу. Але яны зноў залапаталі нешта між сабой. Яна напружвае слых, памяць, каб зразумець хоць асобныя словы. Перакладчык нешта пытаё ў лейтэнанта."

«Вас махен?» — «Што рабіць?» — ловіць Саша асобныя зразу мел ыя словы.

«Мусіць, ён пытае, што рабіць з намі».

«Гер лейтэнант» на нейкі момант як бы задумваецца, потым панура, ні на кога не гледзячы, кідае незразумелае слова:

— Эршысен!

— Эршысен? — здзіўлена перапытвае светлавалосы юнак, i Саша бачыць, як ён бляднее, як дрыжаць яго губы. — Абер дорт іст дох айн зойглінг!

«Зойглінг? Што такое зойглінг?» Нарэшце ўспамінае: грудное дзіця. «Ах! — Яна адступае, сціскае дачку. — Што ён сказаў пра цябе, мая дачушка? Што яны хочуць зрабіць? Не дам! Я нікому не дам цябе! Не бойся!» А сама ўся задрыжала, азірнулася навокал, гатовая бегчы, уцякаць.

Аня, зразумеўшы яе душэўны стан, стала побач, сціснула ёй руку. А «гер лейтэнант» у гэты момант нешта злосна гаварыў маладому. Той стаяў смірна, ківаў у знак згоды галавой, але твар яго яшчэ больш бялеў. Каб Саша ці Аня разумелі па-нямецку, яны пачулі б страшныя словы:

— Ты многа вучыўся, Грабель, але карысці з тваёй навукі, бачу, мала. Ты кепска вывучыў галоўнае — навуку нашага дарагога фюрэра. Мы не для таго пачыналі вайну i прыйшлі сюды, каб разводзіць тут слюнявы інтэлігенцкі гуманізм. Кожны рускі, малы i стары, — наш вораг… Ты хочаш, каб я адпусціў ix, а яны прывялі сюды рускіх салдат i тыя зрабілі аблаву на нас? Гэтага ты хочаш?

Грабель маўчаў.

— Курт, я даручаю гэта табе, — павярнуўся лейтэнант да трэцяга, які за ўвесь час не вымавіў ніводнага слова. — Там, у яме, дзе ляжыць ляснік. I гэтак жа — ва ўпор з пісталета… Без лішняга шуму.

Салдат узняў вінтоўку i накіраваўся да ix.

Аня засланіла сабой Сашу.

— Пайшлі,— правільна па-руску сказаў маўклівы, прыветліва ўсміхаючыся. — Пайшлі… другой пуць… — Ён паказаў рукой на прасеку.

Блакітнавокі як бы страпянуўся і, не падымаючы галавы, растлумачыў:

— Вас завядуць на іншую дарогу, па гэтай няможна хадзіць…

«Ён хлусіць! Хлусіць! Не верце яму!» — ледзь не вырваўся з грудзей у Сашы крык, але Аня ўсё мацней i мацней сціскала яе руку i цягнула за сабой:

— Хадзем, Шурачка.

«Яны надумалі нешта страшнае», — хацела сказаць ёй Саша, але чамусьці зноў нічога не сказала, а паслухмяна павярнулася i пайшла за Аняй.

Ззаду пачуўся голас лейтэнанта:

— Курт! Дэн зойглінг канет ду ніхт эршысен!

«Эршысен?.. Эршысен?.. Ніхт эршысен? — паўтарала Саша апошняе слова, але ўспомніць пераклад яго ніяк не магла. — Ніхт — не… Што — не? Што яны не зробяць з табой, мая дачушка? Што яны надумалі зрабіць з намі? А як жа ты астанешся без мяне? Трэба спытаць у ix… Няхай скажуць. Яны ж людзі…»

Саша азірнулася. Салдат зноў усміхнуўся ёй, паківаў галавой. А тыя двое стаялі на прасецы i глядзелі ім услед.

Канваір легка штурхнуў Аню вінтоўкай у плячо i паказаў направа, куды ў гушчар вяла вузкая, з зарослымі травой каляінамі лясная дарога. Яны збочылі з прасекі. Тады Аня выпусціла Сашыну руку, дастала аблупленае яйка і… пачала есці.

Саша жахнулася: як яна можа есці ў такі момант?

— Аня! — прашаптала яна. Але ў адказ Аня дастала з другой кішэні цэлае яйка, павярнулася i працягнула яго салдату:

— Калі ласка… Смачнае… смачнае. — I яна апетытна прыцмокнула языком.

Ён узяў яйка, пастукаў ім аб прыклад вінтоўкі, засмяяўся дзіўна вельмі, страшна, паківаў галавой, як бы дакараючы, напэўна, падумаў: «Дурныя вы, як вароны. Нічога вы не разумееце…» Аднак сказаў іншае:

— Карош… русіш фрау… Спасіба. Пайшлі… Пайшлі…

Аня зноў выхапіла правую руку з кішэні i сыпанула ў твар яму… соль. I тут жа рванула з яго рукі вінтоўку, размахнулася i стукнула па галаве.

Саша не паспела апомніцца — так вокамгненна гэта здарылася, толькі пачула трэск, але пасля не магла зразумець, што гэта трэснула — прыклад ці чэрап фашыста.

Аня шпурнула клунак на зямлю, выхапіла ў яе дзіця, гукнула: «Уцякайма!» — і, нізка нахіліўшыся, кінулася ў кусты.

Саша бегла за ёю праз чэпкі гушчар, да крыві абдзіраючы аб сукі i калючкі твар, рукі, ногі. Потым гэтак жа без аглядкі яны беглі па рэдкім лесе, мінаючы прасекі i дарогі. Колькі часу беглі так — ніхто з ix не помніў. Спыніліся тады, калі апынуліся на полі i ўбачылі недалёка жанчын, што мірна жалі жыта. Аня села на краі нівы, у разору. Саша ў знямозе ўпала побач. Аня абняла яе за шыю i прашаптала:

— Ну, Шурачка, нехта Богу за нас моліцца. Гэта ж яны нас на смерць вялі… на расстрэл.

Сашу пачала біць нервовая ліхаманка.

III

Камандзір павітаўся — апошнія два дні ён не з'яўляўся нанач; спытаўся, як здароўе Сашы, зазірнуў у калыску, дзе ляжала Ленка, i разгублена спыніўся пасярод хаты. Ён не ведаў, што можна сказаць яшчэ, як развітацца, каб людзі не зразумелі, што ix пакідаюць. Ён стараўся зрабіць выгляд, што нікуды не спяшаецца, але трывожныя позіркі, якія кідаў на акно, выдавалі яго. Ды i не было ўжо сакрэтам адступленне. На вуліцы, у пяску, буксавалі машыны. Крычалі i злосна лаяліся чырвонаармейцы.

Даніла — шаснаццацігадовы брат Сашы, зразумеўшы ўсё, моўчкі паказаў вачамі на хворую сястру, i сцятыя вусны яго дрогнулі.

Камандзір паспрабаваў усміхнуцца:

— Такі салдацкі лёс, Данік. Сёння тут, заутра там…

Саша, якая запалёнымі вачамі напружана сачыла за кожным рухам камандзіра, устрапянулася, імкліва села на ложку.

— Вы адступаеце? Вы пакідаеце нас? Няўжо вы не маглі ўтрымаць ix на Дняпры i Сожы? На такіх вялікіх рэках?.. Божа мой!

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна, — не ўзнімаючы вачэй, сказаў камандзір. — Мы трымаемся, але мяне пераводзяць на другі ўчастак… Я зайшоў…

— Вы хлусіце! — закрычала Саша. — Навошта вы хлусіце? Каму вы хлусіце? Сваім людзям?.. Сестрам, маткам?.. Яны захапілі Гомель? Так? Не кажыце мне, я ведаю, чаму сёння не чуваць кананады… Вы адступаеце. Уцякаеце… Кідаеце нас… Дык i я іду з вамі!.. Я не астануся з гэтымі звярамі!.. Не! — Яна ўсхапілася з ложка. — Я не хачу, каб яны зноў павялі нас на расстрэл…

Старэйшая сястра Поля кінулася да яе, абняла, намагаючыся ўкласці на ложак.

— Саша, родная мая, куды ты пойдзеш? Ты ж на нагах не стаіш… Ты зусім хворая…

— Не чапайце мяне, — ірванулася Саша. — Вы хочаце, каб яны забілі маю дачку? Усе вы баязліўцы! Вы баіцёся кінуць гэтую трухлявую хату! «Бацькаў дом!..» А яны прыйдуць i спаляць ваш дом, заб'юць вас!.. Пабачыце тады!..

— Сястра! Не адны мы астаёмся… Народ астаецца! — дрыготкім гол асам, але па-мужчынску цвёрда i разважліва сказаў Данік.

Саша нікога не слухала, яна хутка збіралася ў дарогу: надзела лепшае плацце, чаравікі, хустку, прагледзела дакументы, якія ўзяць.

За акном паклікалі:

— Таварыш капітан!

Ён зняў пілотку, нахіліў галаву, уздыхнуўшы, прамовіў:

— Бывайце… — Потым ціха сказаў Сахпы: — З войскам вам няможна. Ды i наогул позна… — I так, з непакрытай галавой, ступаючы зусім нячутна, быццам крадучыся, выйшаў з хаты.

Поля, убачыўшы, што Сашу не ўтрымаць, схапіла з калыскі дзіця i рашуча сказала:

— Не дам Ленку! Забі — не дам! Ты хочаш загубіць яе? Чым ты яе карміць будзеш? У цябе ж няма малака! Ды i куды ты пойдзеш цяпер? Чула, што сказаў капітан?..

Саша каля стала паспешліва складала ў старую хустку дзіцячыя рэчы; пры словах сястры яна выпрасталася, застыла са старэнькай, засціранай пялёнкай у руках, са страхам i здзіўленнем паглядзела на сястру, якая трымала Ленку.

— Як людзі, Саша, так i мы, — зноў па-філасофску разважліва зазначыў брат. — Не будзем адрывацца ад людзей…

Саша перавяла позірк на пялёнку і… раптам, закрыўшы ёю твар, упала грудзьмі на стол, на дзіцячыя рэчы. Плечы яе затрэсліся ад плачу. Поля i Даніла кінуліся да яе.

— Саша, родная, супакойся.

Недзе зусім блізка разарваўся снарад. У ix хаце са звонам вылецела колькі шыб.

— Хутчэй у сад! — крыкнула Поля.

Данік абняў Сашу за плечы i сілком пацягнуў за сабой. Яна ішла як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць.

У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Праўда, Даніла добра ўдасканаліў сховішча: зверху ямы паклаў бярвенні, якія бацька нарыхтаваў, каб перарабіць хляўчук, накрыў саломай, засыпаў зямлёй, а сцены ўмацаваў лазовым плятнём; атрымаўся амаль бліндаж. Хаваліся ў ім не толькі ix сям'я, але i суседка з малымі дзецьмі.

Снарады рваліся рэдка, i выбухі аддаляліся ў напрамку шашы, трушчачы альховыя кусты паўз рэчку, што працякала за гародамі. Відаць, немцы вялі прыстрэлку моста, каб разбіць яго i затрымаць адступленне савецкіх часцей.

Траянавы сядзелі глыбока ў яме, на саломе, прыціснуўшыся адно да аднаго, i слухалі гэтыя выбухі. Поля i суседка ціха, амаль шэптам, з паўзамі, перамаўляліся.

— Я, Полечка, парсюка ў сенцах карміла i не помню, ці зачыніла хату… Калі не зачыніла — наробіць ён шкоды.

— Мы ўчора вярнуліся пасля налёту, a ў нас у хаце Сойкавых каза гаспадарыць. Усе кветкі папсавала…

— Гэтая падла нічога не баіцца. А куры — бачыла, як хаваюцца?

Саша крыху супакоілася, i цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных i дробязных падзеях i рэчах.

— Сціхніце вы! Людзі гінуць… А вы пра курэй…

Ад руху артылерыі i танкаў па шашы зямля стагнала.

— Я баюся, мамачка. Што гэта гудзіць? — прапішчала трохгадовая дзяўчынка.

— Гэта гром, дзетка. Не бойся.

Саша быццам захлынулася нечым.

— О Божа! — у роспачы прашаптала яна. — Як яны ўцякаюць! Як ім не сорамна! Столькі машын!

Данік не ўтрымаўся — вырашыў супакоіць сястру; ён у тым годзе скончыў сямігодку i не прамінаў выпадку прыгадаць які-небудзь гістарычны прыклад:

— Кутузаў да самай Масквы адступаў, а потым як даў французам, дык ляцелі яны…

— Змоўкні! — крыкнула ў роспачы Саша. — Змоўкніце вы! Як вы не разумееце!..

Усесціхлі, нават дзеці. Данік, пакрыўджаназабурчаўшы, пачаў выбірацца з ямы. Поля схапіла яго за кашулю:

— Куды ты, Данік? Куды ты лезеш пад кулі? Ох, гора мне з вамі!

— Ды адчапіся ты! — узлаваўся хлопец. — Я ж табе не дзіцёнак… Не маленькі! Сам ведаю, што раблю. — I ён рашуча вылез. Паляжаў на зямлі, прыслухоўваючыся, потым усхапіўся i ў адзін міг апынуўся на грушы.

Шаша праходзіла за якога паўкіламетра, паміж ёй i першымі хатамі вёскі была пустка з зараснікамі лазы i палосай алешніку. Там працякаў ручай, вада ў якім заўсёды мела колер густога чаю i пахла прэлым лісцем i травамі. Ручай гэты, як i рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Хаця, уласна кажучы, не там ён пачынаўся i не там канчаўся. Лес быў навокал, абступаў вёску з трох бакоў i толькі на захадзе крыху адыходзіў, кіламетры на два-тры, вызваліўшы месца пад пясчанае неўрадлівае поле, над якім у ветраныя дні ўзнімаліся хмары пылу.

З грушы Данік добра бачыў кавалак шашы i мост цераз рэчку. Хутка снарады перасталі рвацца, шаша апусцела.

У вёсцы таксама было пуста i ціха. Уздоўж ручая, маскіруючыся ў алешніку, адступалі пехацінцы; яны ішлі па адным, па два, уподбег, прыгнуўшыся, хоць ніхто не страляў. Наступіў нейкі момант, калі вайна сціхла. Але ад гэтага стала яшчэ больш жахліва i Даніку на грушы i жанчынам у сховішчы. Саша без слоў спявала калыханку. Малая адрывалася ад пустых грудзей i крычала, ёй хацелася есці. Яе крык палохаў жанчын, быццам яна магла наклікаць бяду. Таму ўсе, нават дзеці суседкі, кожны па-свойму, супакойвалі яе — гушкалі, спявалі «ката». Ніхто не думаў пра тое, што Ленцы ўсяго два месяцы i ніякая калыханка яе не супакоіць, малако — вось што ёй патрэбна было.

Цераз мост прайшоў грузавік і, збочыўшы ў кусты, спыніўся. З кузава выскачылі чырвонаармейцы, панеслі да моста скрыню, замітусіліся.

«Узарваць мост хочуць», — зразумеў Данік i пачаў з дзіцячай цікаўнасцю i нецярплівасцю чакаць выбуху, разважаючы, ці можа даляцець асколак да яго, аднак не думаючы пакідаць свой назіральны пункт на грушы. Раптам за мостам застракатала, i з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Данік зразумеў, што гэта немцы, толькі тады, калі двое першых, якія амаль дасягнулі ўжо моста, неяк дзіўна кульнуліся, a адзін матацыкл па насыпе скаціўся ў рэчку i там, на мелі, прадаўжалі круціцца яго колы, ганяючы кругамі ваду. Данік куляй зляцеў з грушы, крыкнуў у сховішча:

— Немцы! — i зноў на грушу.

Ён пачуў, як ускрыкнула Саша. З дзіцем на руках яна кінулася да выхаду.

Поля i суседка ўчапіліся за яе i не пускалі. Заплакалі дзеці.

— Куды ты цяпер уцячэш? Куды ты пабяжыш? Хочаш, каб застрэлілі?

Ці то само гэтае страшнае слова, ці частыя стрэлы, якія пачуліся цяпер даволі выразна, прымусілі Сашу змяніць свой намер: яна зноў забілася ў куток. Калоцячыся ўсім целам, прыціснулася да вільготнай зямлі. Яна бачыла перад сабой ix, немцаў. Перад яе вачамі зноў, як неаднойчы ўжо, стаў той, што вёў ix на расстрэл. У яе памяць урэзалася кожная рыса яго твару. Малады, нават прыгожы, з ветлівай усмешкай… Цяпер, калі яна ведае, штоён вёў ix на расстрэл, ад гэтай усмешкі ледзянее кроў… Як ён можа так усміхацца! А за ім стаіць той, другі, што сказаў: «Курт, айн зойглінг канет ду ніхт эршысен…» Цяпер Саша дакладна ведае переклад гэтых слоў: «Курт, дзіця можаш не страляць». I вось ён зноў стаіць, ён зноў вымаўляе гэтыя страшныя словы, паказвае пальцам на Ленку i хавае свой твар… Сашы страшна, але ёй вельмі хочацца ўбачыць яго твар… Яна напружана ўглядаецца перад сабой. Яе хвораму ўяўленню здаецца, што твар яго нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю… У часе кароткіх прыступаў гэтай незвычайнай хваробы, якяя цягнецца амаль месяц, перад ёй ніколі не з'яўляўся трэці немец — той, што выйшаў з лесу першы i што пабялеў, калі «гер лейтэнант» загадаў расстраляць ix… Гэтага яна ўспамінала тады, калі ў галаве было ясна ці калі расказвала камунебудзь аб жудасным здарэнні ў лесе. Тады ўспаміналася ўсё да драбніц. Толькі твару таго, што сказаў: «Дзіця можаш не страляць», Саша ніколі не магла ўспомніць, таму ў часе прыступаў ён стаяў перад ёй безаблічны i здаваўся вельмі страшным. Вось i цяпер ёй здалося, што яго нечалавечая, кашлатая рука цягнецца да Ленкі. Саша заплюшчыла вочы i закрычала:

— Во ён! Ратуйце Ленку! Поля!.. Данік!

Поля абняла яе.

— Саша, родная мая! — шаптала яна. — Нікога няма. Адны мы тут… Паглядзі… Маня, дзеці яе. Там — Данік… Данік! — гучна паклікала яна.

Але ў адказ пачула яшчэ больш частую i, здалося, больш блізкую страляніну. Старэйшая сястра, якая дзесяць год была ім, малодшым, за маці, адышла ад Сашы i высунула галаву са сховішча, шукаючы брата.

— Вось жа задам я гэтаму хлопцу! Лезе пад самыя кулі! Даніла! Зараз жа ідзі сюды!

Але хлопца нідзе не было, дарэмна яна клікала. Даніла ў гэты момант штосілы бег уздоўж ручая да моста, дзе грымеў бой. З вышыні ён убачыў, што другая група матацыклістаў выехала па лясной дарозе на заходні канец вёскі, да пясчанага броду. Ён убачыў, як яны пачалі перацягваць цераз рэчку свае матацыклы, i адразу зразумеў ix намер: зайсці ў тыл групе байцоў, што вядзе бой каля моста. Доўга не думаючы, ён памчаў, каб папярэдзіць ix.

Калі поўз ад ручая цераз пустку, яго, напэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Але ён не зважаў. Яго мэта — паўразбураны цагляны хлеў былой дарожнай станцыі, адкуль біў наш кулямёт.

Ён дабраўся да гэтага хлява i ўбачыў там трох байцоў. Адзін ляжаў за ручным кулямётам i кароткімі чэргамі страляў за раку, прыгаворваючы:

— Што, з'елі, гады?

Другі моўчкі набіваў дыскі i падаваў кулямётчыку. Трэці стаяў за цагляным слупам, пільна сачыў за мостам, зрэдку страляў з вінтоўкі i нешта камандаваў. Убачыўшы Даніка, які прапоўз у хлеў праз дзірку ў сцяне, ён здзіўлена спытаў:

— Ты што робіш тут?

— Дзядзечка, яны перапраўляюцца там, — хлопец паказаў рукой — дзе. — Яны хочуць акружыць вас.

— Нічога, хлопчык, нічога, — супакоіў яго баец. — Хутка мы ўсё скончым… — I, уздыхнуўшы, прамовіў прачула: — Эх, таварыш камандзір! На смерць пайшоў! Лажыся, хлопчык! Бі ix, ірадаў, Сцяпан!

Кулямёт ударыў доўгай чаргой. I ў гэтую ж хвіліну грымнуў выбух, такі, што Данілу здалося — абвалілася неба. Зыбанулася зямля, а зверху пачало нешта падаць i балюча выцяла хлопца па назе i па плячы. Ен нават не адразу зразумеў, што ўзарвалі мост. Чакаючы ўдараў яшчэ, не ўзнімаў галавы. Але чыесьці дужыя рукі паднялі яго з зямлі. У твар хлопца глядзелі сумныя вочы байца, які страляў з вінтоўкі.

— Помні, хлопчык! — ціха i ўрачыста сказаў баец. — Каб узарваць мост, пайшоў на смерць наш камандзір — Аляксей Кошалеў. Запомні гэта прозвішча — Кошалеў! А цяпер асцярожна прабірайся да маці… А мы, таварышы, пакуль дым ды пыл, сіганём на той бок, а там — у лес! За мной! — I ён кінуўся ў пралом сцяны, за ім следам — кулямётчыкі.

Даніла перапоўз у лазняк i адтуль убачыў, што асталося ад моста.

Палавіна яго была зруйнавана зусім; нават драўляныя палі, вельмі густа набітыя i пераплеценыя паміж сабой падпорамі так, што любімай гульнёй хлапчукоў было лазіць пад мостам, былі патрушчаны выбухам. Па каламутнай вадзе плавалі кавалкі дрэва i бліскала паглушаная рыба. Данік падумаў, што ў іншы час пры такой сітуацыі можна было б добра пажывіцца рыбай. Але цяпер яго ўвагу прыцягвалі немцы на тым баку ракі. Яны туляліся па сасонніку, але высоўвацца баяліся i стралялі рэдка, бо не бачылі, у каго страляць. Толькі калі з другога боку шашы ў хмызняку шуганула ўгору высокае полымя (Данік здагадаўся, што гэта чырвонаармейцы падпалілі свой грузавік), немцы пачалі шалёную страляніну.

З-за павароткі шашы вылез танк, спыніўся i ўдарыў у полымя з гарматы.

«Біце, дурні, у белы свет, як у капейку!» — зларадна падумаў хлопец i спрытна папоўз да вёскі: недарэмна вучылі ix поўзаць па-пластунску. Дабраўшыся да саду дзеда Андрэя — суседа насупраць, ён устаў на ўвесь рост i пайшоў. Яму не хацелася, каб вяскоўцы бачылі, што ён паўзе ці ідзе, схіліўшы галаву, тым больш што страляніна сціхла. У яго нават з'явілася гарэзлівая думка пажартаваць: падкрасціся да сховішча, дзе, ён ведаў, сядзяць дзед-дзівак i яго нявестка Аксана, i гукнуць па-нямецку якое-небудзь «хендэ хох!». Але ён разумеў, што людзям не да жартаў, i пайшоў далей дваром. Адчыніў брамку i… аслупянеў. Па вуліцы ішлі немцы ў касках. Яны ішлі моўчкі ланцугом пасярод вуліцы, накіраваўшы дулы аўтаматаў на двары: баяліся засады. Данік адразу скеміў, што ўцякаць нельга — пачнуць страляць, i астаўся стаяць. Убачыўшы яго, немцы жвава загаманілі, некаторыя нават апусцілі аўтаматы i парушылі свой роўны ланцуг. Адзін, малады, бадзёры, падбег да Даніка, спытаў, паказваючы на двары:

— Русіш зольдат?

Данік паківаў галавой: няма.

Немец засмяяўся.

— О, гут, — i тут жа дастаў губны гармонік, сыграў перад самым тварам ашаломленага Даніка знаёмы матыў «Из-за острова на стрежень». Зноў засмяяўся, паказваючы белыя здаровыя зубы. Потым дастаў з нагруднай кішэні плітку шакаладу i працягнуў хлопцу. Данік узяў шакаладку, i немец, задаволены сабой i становішчам навокал, паляпаў яго па плячы i рушыў даганяць сваіх. Данік глядзеў ім услед, i сэрца яго ўсё мацней i мацней сціскалася ад нейкай невядомай дагэтуль балючай крыўды. Было крыўдна за незнаёмага Аляксея Кошалева, які загінуў, узрываючы мост. Навошта была яго смерць, калі гэта ні на хвіліну не затрымала ворага? Было крыўдна за сваю рэчку, якую ён любіў з маленства, за тое, што. яна такая мелкая i ў ёй так шмат бродаў… За сваю зямлю… За Сашу, якая так напалохана i дрыжыць у сховішчы. I за сябе. Як маленькаму, як блазнюку, сунулі яму шакаладку… А магчыма, тэты немец самы злосны i хітры фашыст.

Ён зайшоў у свой двор i шпурнуў шакаладку ў лужыну, затаптаў босымі нагамі. Сеў на ганак i заплакаў, не ўголас, a па-мужчынску ціха i пакутліва. У сэрцы яго не было яшчэ той усвядомленай нянавісці да прышэльцаў, якая з'явілася пазней. Але пагарда да ix, агіда да ix гармоніка, недарэчнай ігры, шакаладкі ўжо з'явіліся. А самае галоўнае — знік страх перад імі. Напалоханы Сашыным расказам, яе хваробай, ён хоць i трымаўся i не паказваў выгляду, але ў душы вельмі баяўся ix прыходу. Цяпер жа, калі ўбачыў ix, сустрэўся тварам у твар, страх гэты знік.

Данік пайшоў на гарод. Заплаканая, збялелая Поля, убачыўшы яго жывога, узрадавалася i ў той жа час накінулася:

— О Божа! У мяне сэрца чуць не выскачыла… Дзе ты бадзяешся, валацуга ты няшчасны? Як табе не сорамна!..

— Немцаў сустракаў,— з панурай іроніяй адказаў Данік.

— Што ты плявузгаеш!

— Чаму гэта плявузгаю? Вунь яны па вуліцы ідуць, паўз нашу хату… Вунь, чуеш, каля фермы ix матацыклы траскацяць. А вы седзіце тут, як краты. — У яго голасе i словах было столькі сталага i мужнага, што старэйшая сястра разгубілася.

Спусціўшыся ў сховішча, ён гаварыў тым жа тонам:

— Саша! Ты жывая тут? — Гэта ён спытаў з іроніяй, а потым сказаў сур'ёзна, зусім па-сталаму: — Дарэмна ты так дрыжыш перад імі. Трэба гонар мець. Бачыў я ўжо ix… Адзін мне шакаладку даў. Сволач! — Данік злосна плюнуў на салому. — За цукерку хацеў купіць…

Словы яго нечакана зрабілі на Сашу дзіўнае ўражанне: быццам ёй адмлыілі смяротны прысуд, які душыў яе, скоўваў, выклікаў прыступы гэтага дзікага страху, жахлівых уяўленняў. Не, у яе страх не знік, як у Даніка, але стаў цяпер нейкі звычайны, як у іншых людзей; гэта была боязь за самае дарагое — за дзіця, за сябе, за ўсіх блізкіх, страх перад невядомым — жыццём у акупадыі. Ці думаў хто калі-небудзь, што ім, маладым, вольным, шчаслівым, прыйдзецца жыць у акупацыі? Слова якое нязвыклае! Раней, калі Саша, чытаючы кнігі аб мінулым, аб Грамадзянскай вайне, сустракала гэтае слова, то ніколі не ўдумвалася асабліва ў яго сэнс. Яна ўпершыню зразумела гэты сэнс, калі яшчэ там, за Дняпром, прачытала прамову Сталіна. Але ўсё адно, да самай гэтай хвіліны ніколі не думала, што ёй прыйдзецца жыць на акупіраванай тэрыторыі. Спачатку яна верыла ў дзве вялікія ракі, потым, хворая, дала сабе клятву, што адступіць, уцячэ, памрэ, але з гэтымі нелюдзямі не астанецца. I вось — не адступіла… Памерці таксама нялёгка… Трэба жыць! Жыць! Але як жыць? Як бы яшчэ не верачы, што гэтае жудаснае слова «акупацыя» стала рэчаіснасцю, Саша амаль шэптам спытала:

— Ты праўда бачыў ix, Данік?

— Вельмі мне хочацца жартаваць!

— Значыцца, мы… у акупацыі.— Саша прамовіла вельмі сумна, але Поля ўсцешылася, што сказала яна гэта цвяроза, без роспачы, без крыку, як мог бы сказаць кожны здаровы чалавек. Поля вельмі баялася, што ў сястры пасля здарэння ў лесе нядобра ў галаве.

— У акупацыі? — Данік хмыкнуў.— На сваёй зямлі? — Ён, відаць, разумеў гэтае слова неяк інакш, па-свойму, ён не жадаў лічыць сябе зняволеным на сваёй зямлі, у сваёй хаце.

Размаўляючы, яны насцярожана прыслухоўваліся, што робіцца ў вёсцы. Страляніны не чуваць было нават удалечыні. Быццам вайна нечакана аддалілася на многа-многа кіламетраў. Але за ракой гурчалі маторы. Шум матораў пачаў хутка набліжацца, перайшоў у магутны гул, ад якога дрыжала зямля i на галовы ім сыпаўся пясок.

— Зноў самалёты, — заўважыла суседка.

— Не, танкі! — адразу вызначыў Данік. — Нашы ўзарвалі мост на шашы, i яны ідуць цераз рэчку каля фермы. Адразу туды выйшлі, быццам паказаў хто…

— Хіба мала яны закінулі шпіёнаў! — зноў спакойна i разважліва адгукнулася Саша.

— Каб узарваць мост, пайшоў на смерць Алёша Кошалеў. Запомніце яго імя! — гэтак жа ўрачыста, як сказалі яму, вымавіў Данік i цяжка ўздыхнуў.— A ўсё адно гэта не затрымала ix… Што наша рэчка!

Жанчыны не спыталі, хто такі Алёша Кошалеў i адкуль Данік усё ведае. У вогуле з таго моманту сёстры непрыкметна для сябе перасталі лічыць яго малым, за якім трэба глядзець. Цяпер ён пасталеў у ix вачах, яны слухалі яго ўважліва і, напэўна, падпарадкаваліся б любому яго загаду.

— Можа, i нашы дзесь вось так, — усхліпнула суседка, пачуўшы пра смерць. — Адступаюць, адступаюць, а потым…

— Няхай не адступаюць! — злосна перапыніла яе Саша. — Мой не адступае! Майму няма куды адступаць… Таму яны i трымаюцца там.

— Адкуль ты ведаеш? — здзівіўся Данік.

— Ты ж сам чытаў зводкі!

Хворая, Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў i дастаць газету. Са страхам шукала яна паведамлення ці намёку сярод горкіх навін, што здалі Мурманск. Паведамлення такога не было. Наадварот, яна прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыў Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. I вельмі нават можа быць, што гэта ратавала яе. З дзіцячай наіўнасцю яна верыла, што там, дзе яе Пеця, не адступаюць, там змагаюцца па-сапраўднаму. А гэтая вера нараджала іншую: што ён жывы, што ён будзе жывы. Поля лепш, чым хто іншы, разумела сястру, а таму моцна тузанула брата за рукаў i сказала нечакана:

— Пайду я прынясу што-небудзь паесці. Не паміраць жа нам тут з голаду.

Пад вечар на паўднёвым усходзе, куды адступілі нашы, зноў загрымела артылерыйская кананада. Усе вызначылі: за лесам, дзе пачыналася ўкраінская зямля, разгараецца бой. Гэта недалёка — кіламетраў за пятнаццаць. I Саша з надзеяй, з душэўным трапятаннем услухоўвалася ў страляніну. А можа, гэта пералом? Можа, вернуцца нашы? Але не, дарэмна яна спадзяецца, вельмі ж ужо многа ідзе ix, гітлераўцаў. Яны запаланілі вёску, шнырылі па ўсіх кутках. На вуліцы, у пяску, буксавалі ix машыны. Салдаты заходзілі ў двары, у хаты. Мабыць, ведаючы аб сховішчах, прайшлі па гародах i загадалі вяскоўцам вярнуцца ў хаты i заняцца справамі. Акупантам хацелася паказаць, што ўлада ix трывалая, што ў першыя ж гадзіны яны ўмеюць навесці належны парадак.

Саша, выглянуўшы ca сховішча, убачыла немца, што стаяў пад грушай з аўтаматам на грудзях, i ў жудасці адскочыла назад: салдат здаўся ёй падобны да таго, які вёў ix на расстрэл. Саша, напэўна, асталася б там, у цёмнай яме, але плакала дзіця i выдавала ix. Немец цярпліва чакаў, пакуль вылезуць усе. Поля сілком выцягнула Сашу:

— Вылазь, дурная! А то, чаго добрага, яшчэ стрэляць сюды…

Немец, убачыўшы яе з дзіцем, прыветліва заківаў галавой, заўсміхаўся:

— О, мутэр!

Але Саша не верыла гэтай прыветлівасці, усмешкам i хавалася за Даніка. А хлопец глядзеў на ворага з нянавісцю.

Немец, мабыць, прачытаў гэтую нянавісць у яго вачах, бо раптам нахмурыўся, зусім іншым тонам выгукнуў: «О-о!», пагразіў Даніку кулаком, дулам аўтамата паказаў на хату:

— Лос!..

Ён давёў ix да хлява i пабег у суседні двор, дзе весела рагаталі яго сябры. Траянавы хутка зразумелі, чаму там такі рогат: з немцамі гутарыў «па-нямецку» дзед Андрэй, ix сусед. Гэты дзівакаваты i надзвычай балбатлівы дзед у Першую сусветную вайну, будучы ўжо немаладым чалавекам, абознікам, трапіў у палон i гады два прабыў у Нямеччыне. Цяпер дзед паказваў сваё веданне чужой мовы. Неўзабаве, калі немцы, добра нарагатаўшыся, разышліся, дзед з'явіўся ў хаце Траянавых, вясёлы, жвавы.

— А што, не казаў я вам? — выгукнуў ён з парогa. — Я заўсёды казаў, што немцы — народ культурны. Ты глядзі, якую запальнічку мне падарылі. Фіць! — Дзед пстрыкнуў запальнічкай i задаволена, як дзіця, засмяяўся. — Дзе Саша? Няхай не дрыжыць, дурная. Гэта на яе нейкія бандыты напалі. У сям'i, кажуць, не без вырадка. Бандыты ўсюды ёсць…

Саша, вярнуўшыся ў хату пасля таго, як немцы выгналі ix ca сховішча, адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Дзедавы словы вельмі балюча ўразілі яе. У той час, калі сэрца аблівалася крывёю ад вялікага гора i крыўды, ажно думкі блыталіся ў галаве, гэты стары блазен быццам радуецца ды яшчэ выхваляецца нейкай цацкай… Як яму не сорамна! З глузду ён з'ехаў, ці што? Саша не вытрывала, шэптам, але з болем, з душэўным крыкам папрасіла:

— Сціхніце, дзед! Гора прыйшло, а вы… Няўжо вы не разу мееце, што здарылася?

— А дзед за запальнічку гатовы ўсё прадаць, — злосна кінуў Данік, які дагэтуль лічыў дзеда Андрэя сваім лепшым другам.

Стары, відаць, зразумеў недарэчнасць свайго ўчынку i спалохана замахаў рукамі:

— Што гэта вы! Хіба я не рускі чалавек? Гэта я толькі дзеля таго, каб Саша вельмі ўжо так не баялася… Што не ўсе яны такія, ёсць культурныя…

— Пабачым ix культуру… — адгукнулася Поля, якая маўкліва i, як заўсёды, старанна прыбірала ў хаце — падмятала тырсу, крэйду, што насыпаліся ад выбухаў.

— Пабачым, пабачым, — згадзіўся дзед i з незвычайнай для яго паспешлівасцю, быццам баючыся нейкай крамолы, выскачыў з хаты.

— Стары дурань! — вылаяўся Данік i, узрушаны, таксама пайшоў на двор.

За лесам няспынна грымела кананада. Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа, нават такі, як бітва пад Барадзіно (хлопец прадаўжаў мысліць гістарычнымі катэгорыямі), інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі: эскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў i штурмавікоў праносіліся над шашой i лесам, i зямля ўздрыгвала ад моцных глухіх выбухаў. Думкi i сэрца хлопца былі там, дзе грымелі гэтыя выбухі. Ён нават у глыбіні душы пашкадаваў, што такі бой разгарэўся не каля ix вёскі; тады, магчыма, i яму ўдалося б прыняць нейкі ўдзел i веска праславілася б, як Барадзіно.

А немцы ўсё ішлі ды ішлі, i здавалася, не будзе канца плыні машын, танкаў, пяхоты. I ўсе яны спяшаліся туды, дзе грымеў бой, у вёсцы не затрымліваліся i нікога не чапалі. Аднак Данік, хоць i не адчуваў больш страху перад імі, лічыў, што лепш усё-такі не мазоліць ім вачэй. Ён залез на вышкі ў хляве i назіраў адтуль. Пад вечар неба праяснілася, вялікі, ярка-чырвоны, быццам абмыты, шар выкаціўся з хмар i каціўся над далёкімі лугамі, каб неўзабаве ўпасці ў Сож. Дым вайны не засланяў сонца, яно заходзіла, як звычайна ў жнівеньскі дзень.

Зноў загулі самалёты.

«Вяртаюцца, адбамбіліся, гады», — падумаў Данікінават не стаў ix шукаць у небе — абрыдла глядзець на ix! Але што гэта за свіст? Блізкі выбух скалануў хлеў. Каля калгаснай фермы, дзе немцы зрабілі пераправуцераз рэчку, адзін за адным шугалі ўгору слупы агню i дыму. Данік убачыў свае, савецкія, самалёты з такімі роднымі чырвонымі зоркамі на крылах. Яны бамбілі пераправу.

Саша i Поля выскачылі з хаты i пабеглі на гарод, у сховішча.

— Гэта нашы! Нашы! — радасна крычаў ім Данік: яму здавалася недарэчным хавацца ад сваіх бомб. Хіба могуць яны пацэліць у сваіх?

Саша спынілася каля сховішча i, з Ленкай на руках, упершыню без страху сачыла за бамбёжкай. I ўпершыню ў гэты цяжкі, трагічны дзень яна з удзячнасцю падумала пра сваіх — пра гэтых вось лётчыкаў. Надзея, якая з'явілася, калі яна пачула кананаду, загарэлася з новай сілай: а можа, i сапраўды гэта пералом? Можа, нашы наступаюць?

Самалёты хаваліся за лесам i з'яўляліся зноў, заходзячы на цэль па некалькі разоў. Бомбы трапілі ў кароўнікі, i яны гарэлі яркім полымем. А крыху воддаль ад пажару гарэў агромністы шар сонца. У небе натужліва вылі i звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі i дымам ішоў паветраны бой.

Поля клікала Даніка. Але таго i след прастыў.

— Гэты хлопец у магілу мяне звядзе, — скардзілася i плакала яна.

Саша маўчала: яна не адчувала асаблівага хвалявання за брата, i ёй было няёмка праз гэта. Дарэчы, яна не хвалявалася так, як Поля, i за бацьку, які пайшоў у армію. Няўжо яна стала такой эгаісткай, што, акрамя дачкі i мужа, больш ні аб кім з блізкіх не думае, не турбуецца за ix лес? Не, гэта нешта іншае. Бацька выконвае свой абавязак. A Данік… ён не маленькі, як думае Поля…

У хату яны не пайшлі больш — начавалі ў сховішчы. Данік вярнуўея позна ўвечары, калі нават кананада сціхла. Ён нічога не адказаў на папрокі старэйшай сястры. Але калі прымасціўся на саломе побач з Сашай, яна сэрцам адчула, як моцна ён узрушаны, i чамусьці асаблівая павага да брата агарнула яе. Яна моўчкі пагладзіла яму руку. Ён сціснуў яе пальцы i горача прашаптаў:

— Цяпер я ведаю, дзеля чаго пайшоў на смерць Алёша Кошалеў… Ты знаеш, колькі нашы накрышылі ix?.. Каб ты бачыла! Там стоўпілася столькі машын, танкаў… тэхнікі рознай… А нашы як далі! Адны трэскі ляцелі… I зброі навокал рознай!..

Раніцой, калі яны з Поляй адважыліся перайсці ў хату i палілі ў печы, каб згатаваць якое-небудзь снеданне, Данік прыбег з такім выглядам, што Саша ахнула ад радасці:

— Нашы?..

Хлопец панурыўся.

— Не. — Аднак вочы яго блішчалі.— Але каб ты бачыла, колькі ix вязуць адтуль, раненых i забітых! Машына за машынай! Як дровы — навалам… У школе шпіталь робяць…

На самым світанні кананада за лесам узнавілася i гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Сашы здавалася, што грыміць яна не мацней, a бліжэй, i надзея, што патухла за ноч, зноў зацяплілася ў яе сэрцы. Але раптам кананада сціхла. Вельмі раптоўна — быццам лопнула нейкая струна. Цішыня гэтая балюча ўдарыла Сашу. Яна кінула карміць дзіця, шэптам спыталася ў сястры:

— Што гэта, Поля? Чаму яны сціхлі?

— Сціхлі… Кажуць, калі пушкі сціхаюць, то пачынаецца наступленне…

— Хто? Хто наступав, Поля?

— А хто ж ix ведае, Саша, — уздыхнула сястра. — На вайне, што ў карцёжнай гульні.

У гэты момант i ўбег узрушаны Данік.

Калі Саша пачула пра шпіталь, згасла апошняя іскра гэтай надзеі. У грудзях зрабілася пуста i холадна. I ўсё стала абыякава для яе, нішто яе больш не цікавіла, не магло запаліць.

— Значыцца, нашы адступаюць, — ціха i сумна сказала яна. — Чуеш — сціхла?..

— Сціхла, — паўтарыў Данік; ён, мабыць, толькі цяпер звярнуў на гэта ўвагу.

Прыйшоў нейкі незнаёмы ў цывільным, малады, высокі, інтэлігентна апрануты, і, тыцкаючы пальцам, груба сказаў:

— Усім да школы… Ты, — на Даніка, — з лапатай. Ты, — на Полю, — з вядром i анучамі. Мыць… Ты, — ён сустрэў Сашын позірк, поўны нянавісці, i сумеўся.

— Яна хворая, — сказала Поля. — I дзіця хворае.

Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся i, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў:

— Не ўздумайце марудзіць! Гэта вам не калгас!

— Здраднік, — прашаптала Саша, калі ён выйшаў.

Яна ўпершыню ўбачыла здрадніка, i яе вельмі ўразіла, што ён такі малады, інтэлігентны; яна ўяўляла, што здраднікі — нейкія вырадкі, крэціны, пачвары ці старыя барадатыя кулакі.

— Халуй! Сволач! — вылаяўся Данік. — Калі з лапатай, каб капаць ім магілы, калі ласка… ахвотна пайду.

Поля, баючыся пакідаць Сашу адну, параіла, каб яна пайшла да дзеда Андрэя, у нявесткі якога таксама грудное дзіця.

Пра небяспеку i гора многа гавораць тады, калі яны далека i ёсць яшчэ надзея пазбегчы навалы. Кал i ж гора стаіць на парозе, калі небяспека побач i страх завалодаў людзьмі, у такія хвіліны стараюцца гаварыць пра самае звычайнае, простае, але пра тое, што вельмі дарагое. Саша i Аксана, астаўшыся адны, пачалі гаворку пра сваіх маленькіх. Быццам тое, што «ў Ленкі паносік», a «ў Мішкі прарэзаўся першы зубок», было для ix самым галоўным у жыцці ў гэты момант. Яны не ўсведамлялі, што размова аб дзецях узнікла ад тайнага жадання забыцца на ўсё, што адбываецца навокал. Жанчыны як бы хацелі перахітрыць саміх сябе. Але гэта не проста было зрабіць. Чым больш яны гаварылі пра дзяцей, тым больш выразным рабілася адчуванне той небяспекі, што пагражала ім, ix маленькім, усім людзям.

Аксана раптам сціхла, насцярожана прыслухалася. У хаце санліва гул i мухі. Каля школы чулася чужая гаворка як напамінак пра гэтую небяспеку. Яшчэ больш суровым напамінкам прагучаў стрэл.

Яны ўздрыгнулі.

— Я баюся, — прашаптала Аксана. — A помніш, я была самая смелая. Помніш, як мы за раку хадзілі, а хлопцы напалохаць нас хацелі…

Саша не помшла, бо не хадзіла ніколі разам з ёй, Аксана была старэйшая, але ківала галавой: усё помню.

Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што яны не пачулі, як прыйшоў Данік. Саша першая ўбачыла яго ў дзвярах. Ён стаяў, ухапіўшыся за вушак, з белым як палатно тварам, на якім скамянелі ўсе жывыя юнацкія рысы. Ахнуўшы, Саша памкнулася да яго. Першая яе думка была аб Пол i.

— Дзеда Андрэя забілі.— Голас хлопца быў ненатуральна гучны i зусім чужы. Саша не пазнала яго, ёй здалося, што гэта сказаў нехта другі, з-за дзвярэй.

Аксана заціснула далонямі рот, каб не закрычаць. Потым, без плачу, без слёз, схапілася за грудзі i як бы задыхнулася.

— Ім здалося, што ён вельмі старанна капае магілу… спрытней за ўсіх…

Саша ўсхліпнула, але сказала сурова i бязлітасна:

— Дзеду хацелася пабачыць ix культуру.

Данік паглядзеў на яе, быццам не пазнаючы, у роспачы стукнуў кулаком аб вушак, потым упёрся ў гэты вушак ілбом i ледзь чутна застагнаў:

— У-у-у…

IV

Жыццё ў акупацыі…

Па-рознаму яно пачыналася для людзей. I напачатку мела свае асаблівасці, свае адметныя рысы ў гарадах i сёлах. Часткова гэта залежала ад акупантаў. Мэта ў ix была адна, арганізацыя ўлады амаль аднолькавая, i большасць з кіраўнікоў «новага парадку» выконвалі загады «фюрэраў» з дакладнасцю аўтаматаў. Тупыя расісты, чалавеканенавіснікі пачыналі з тэрору, з масавых забойстваў. Аднак былі i такія, больш разумныя i хітрыя, якія спрабавалі праводзіць палітыку «перніка», заігрывання i дэмагагічных абяцанняў, асабліва ў адносінах сялянства.

Такім чынам, акупацыйныя ўлады мелі пэўны ўплыў на форму ўзаемаадносін паміж людзьмі. Змест жа жыцця, яго пульс вызначаўся іншым — настроем народа. А настрой быў усюды аднолькавы: нянавісць да прышэльцаў. Народ, які ведаў волю, шчасце, не мог ні на хвіліну схіліць галавы перад захопнікамі. Народ змагаўся.

Барацьба гэтая таксама пачыналася па-рознаму. У адных мясцінах сілы супраціўлення выяўлялі сябе ў першыя ж дні акупацыі, стыхійна i бурна. У другіх — яны раслі паступова, па распрацаванаму партыяй плану, і, дасягнуўшы патрэбнай магутнасці, наносілі ворагу цяжкія ўдары. Так было з партызанскімі злучэннямі, што выраслі з невялікіх атрадаў i груп камуністаў. Але ў многіх вёсках i гарадах у першыя месяцы акупацыі групы патрыётаў вял i ўпартае, глыбока падпольнае, самаахвярнае змаганне з фашыстамі, не ведаючы аб існаванні партыйных цэнтраў ці не знаходзячы з імі сувязі, пакуль цэнтры не знаходзілі ix. Пераважна гэта была моладзь, выхаванцы камсамола — «маладагвардзейцы» нашай зямлі. Юнакі i дзяўчаты выконвалі свой абавязак перад Радзімай гэтак жа, як ix бацькі i браты, як вучылі ix школа, камсамол, літаратура i кіно. Шмат было стыхійнага ў ix дзеяннях i ўчынках. Але колькі было непаўторнага гераізму! Многія з гэтых герояў загінулі. Другія асталіся невядомымі — сціплыя людзі, яны не гаварылі пра сябе. А потым прайшлі гады, многае забылася…

Саша жыла як у тумане ці ў цяжкім сне: дзе канец гэтай невядомасці, бераг, да якога трэба ісці? Дзе фронт, нашы? Дзе Пеця? Што робяць астатнія людзі тут, у акупацыі? Няўжо ўсюды такое жыццё, калі ніхто нічога не ведае, калі людзі дбаюць толькі аб тым, як пражыць далей?

Фронт аддаліўся. Нямецкія вайсковыя часці адышлі i нібы панеслі з сабой той страх, у якім жыла Саша да ix прыходу i потым некалькі дзён пасля забойства дзеда Андрэя. Стала ціха i пуста. Але ад цішыні гэтай не стала лягчэй.

Саша капае бульбу, не сваю — чужую. Час ад часу бульбіны пачынаюць варушыцца ў зямлі, як жывыя, падвойваецца дужка кошыка, цяжэе ў руках капаніца. Саша садзіцца ў разору. Гойдаецца зямля, плыве некуды ўбок сасняк, што пачынаецца ў канцы загона. Але не гэтая хвілінная слабасць палохае. Страшна ад таго, што бываюць моманты, калі здаецца неверагодным, нерэальным тое шчасце, якое было нядаўна. Хіба можна паверыць, што ў яе, вось такой — у даматканай світцы, з парэпанымі пальцамі,— магло быць столькі шчасця i радасці? Яна сама не верыць у тыя месячный ночы, калі яны хадзілі з Пятром па полі. Нерэальнымі здаюцца амбулаторыя, пакой у Анінай хаце, дзе стаяў яе маленькі ложак, на якім, аднак, ім з Пецем ніколі не было цесна… Усё гэта — як у сне… Пра што яны гаварылі з Пятром у тыя ночы? Пра ўсё… Пра Чарнышэўскага, напрыклад, пра Веру Паўлаўну… Божа мой! Няўжо сапраўды яны вялі такія размовы? Няўжо было жаданне гаварыць пра кнігі, пра кіно? Якое ж гэта было казачнае жыццё! Цяпер няма кніг, няма з кім пагутарыць пра ix, успомніць мінулае. Быў Данік, брат, з якім можна было б часам прыгадаць i кнігі i кіно… Але i брата цяпер няма ў яе, няма, хоць i жывуць яны ў адной хаце. Як нечакана ўсё рушылася, развалілася. Каб не дачка, не маленькая Ленка, не было б сэнсу i жыць… Клопат пра яе, пра дачку, каб накарміць малую i самой не памерці з голаду, прымушае Сашу капаць чужую бульбу. Як наймічка… Не ў багацці яна жыла, без маці вырасла, здаралася, што часам i раней, да тэхнікума, рабіла ў людзей, але каб адчуваць сябе наймічкай — такога i ў сне ніколі не было. Ды хіба такое магло з'явіцца тады, калі яна была гаспадыняй свайго лесу?

Пакуль яна жыла за Дняпром, а Поля ў горадзе (старэйшая сястра працавала на чыгунцы), раздзялілі i зжалі збажыну. На ix не выдзелілі, толькі на бацьку i на Данілу — хто рабіў у калгасе. Але ўсё забрала мачыха, прыхапіўшы i тое, што вырасла на сядзібе. Яна без шуму, «культурна i ветліва», перабралася да роднай дачкі, як толькі бацька пайшоў у армію, а Поля вярнулася з горада. Сестры ніколі ні перад кім не схілялі галоў, i ў ix нават думкі не было, каб прасіць ці патрабаваць ад мачыхі вярнуць ix дабро, хоць сваякі i суседзі раілі ім гэта зрабіць. А потым, як кажуць, «на каго людзі, на таго i Бог». Дзялілі на едакоў пасевы калгаснай бульбы. Цягнулі жэрабя — каму які загон. Бульба была ўвогуле кепская: ад пачатку вайны ніхто яе не даглядаў, не палоў, не акучваў. АПолі «пашанцавала» выцягнуць загон, па сутнасці, зусім пусты, дзе ў траве цяжка было знайсці каліва. Некаторыя жанчыны нават патрабавалі перадзяліць, але пачуўся голас: «Нічога, яны пры Саветах пажылі, вунь усе вывучыліся, як пані, хадзілі» — i Поля горда адмовілася ад перад зелу.

Але жыць трэба, наперадзе суровая, галодная зіма. I сестры капаюць у суседзяў, якім пашчаслівіла, за пяты кош.

Пяты кош…

Саша глядзіць на кошык, напоўнены бульбай, i не можа ўспомніць, які гэта па ліку. Чатыры яна высыпае ў гаспадарскія мяшкі, пяты — у свой. Ix ніхто не правярае: няма ў вёсцы сям'і больш сумленнай, чым сям'я Фёдара Траянава, гэта ведаюць усе. Саша часта забывае лік кашам, а таму часта i пяты i шосты высыпае гаспадарам. Калі побач Поля, яна лічыць. Цяпер Полі няма. Саша адчувае, што гэта больш, чым чацвёрты кош, але не зусім упэўнена, што гэта так. Ёй шкада сваёй працы, сваіх парэпаных рук, якія моцна баляць. Слёзы засцілаюць вочы, зноў двоіцца ручка кошыка, зноў плыве сасняк… Яна ў злосці высыпае бульбу сабе, упершыню, калі не ўпэўнена ў ліку. Гэта — надзел чалавека, які кінуў сваіх, уцёк з арміі, вярнуўся дадому i цяпер вельмі стараецца разбагацець. Саша ненавідзіць гэтага чалавека. Яна моцна пасварылася з Поляй, калі тая аднойчы пашкадавала, што ix бацька не вярнуўся. «Старому пяцьдзесят шосты год, які з яго салдат». А з братам яна пабілася самым сапраўдным чынам i ўжо, можа, месяц не гаворыць…

Наляцеў вецер, прагнаў хмару. Сыпануў дробны асенні дождж. Саша ўскінула на галаву пусты мяшок, ледзь разагнула стомленую спіну.

На полі яшчэ некалькі такіх жа маркотных схіленых постацей. Бліжэй за ўсіх — старая Крыўчыха, бабулі гэтай каля васьмідзесяці год. Яна адзінокая i ўжо многа дзён сама выбірае свой загончык, адзін-два кашы ў дзень.

Саша колькі разоў памагала бабулі. Раптам ёй здалося, што старая галосіць. Прыслухалася — не, не галосіць, спявае, але так журботна, што ў Сашы сціснулася сэрца. Услухалася лепш i разабрала асобныя словы:

Ой, сеяла, ды не валачыла.
Усё поле слёзкамі заліла…
Ніколі яна не чула гэтай песні, гэтага нуднага, гаротнага матыву. Але словы… словы недзе чула. Сашы вельмі хочацца ўспомніць, дзе, ад каго чула яна словы гэтай песні.

Дождж сціх. Ён цэлы дзень ідзе вось такімі перагонамі: наляціць, сыпане i нечакана сціхае. I нясмелы нейкі, як бы несапраўдны. Пайшоў бы надоўга — можна было б пайсці дадому, да Ленкі, пагрэцца i адпачыць.

Саша знаходзіць у пажоўклай i палеглай траве каліўе бульбы, выварочвае капаніцай мокрую зямлю, у якой блішчаць белыя бульбіны, выбірае ix i думае аб песні. I раптам успамінае: быў у ix школе настаўнік літаратуры, малады паэт, які ведаў многа розных песень, прымавак. Дык вось ён некалі дэкламаваў словы гэтай песні, прыводзячы яе як узор фальклору прыгоннага часу.

«Вось якія песні вярнуліся… Прыгонныя… А дзе цяпер той настаўнік? Ен жа да гэтага года быў у ix школе, вучыў Данілу. Яны на рыбу разам хадзілі.— Думкі яе зноў вярнуліся да брата. — Эх, Данік, Данік… Добрыя людзі цябе вучылі… Я цябе так любіла, няньчыла малога… А ты… Куды ты хілішся? За кім ты ідзеш? Няўжо яны запаланілі тваю душу? Няўжо ім удаецца паланіць i душы людзей?»

З болем, злосцю i крыўдай думала яна пра брата. Але разам з тым упершыню ўзнікае думка, што сама яна, магчыма, таксама няправільна паводзіць сябе ў адносінах да яго. Паступова думка гэтая робіцца перакананнем. Ён дзіця яшчэ, блазнюк, захапіўся вайной, зброяй. Трэба змагацца за яго, трэба адарваць ад Кузьмы.^

Кузьма — ix стрыечны брат — першы паліцэйскі ў вёсцы, цяпер начальнік паліцэйскага паста, «вярхоўная ўлада», як ён сам крычаў п'яны. «Галоўны здраднік» — назвала яго Саша. Здрада Кузьмы была вельмі балючым ударам, i яна дагэтуль не можа зразумець, што штурхнула маладога чалавека з працавітай сям'і на такі шлях. Саша разумела, калі ў паліцэйскія пайшоў сын кулака Гніды. Не здзівілася, калі ў паліцыю запісаўся былы яе аднакласнік Колька Трапаш. Гэты i ў школе быў мацюжнік, курэц, карцёжнік, ды i сям'я ў ix нейкая бесталковая, ix у вёсцы «цыганамі» завуць. А Кузьма з такой паважанай сям'i. Маці яго — родная сястра ix бацькі — надзіва сумленная, набожная i працавітая жанчына. Калі расказвалі, што ніхто не бачыў, калі яна спіць i есць, то Саша верыла гэтаму. Цётка Хадоска перакусвала непрыкметна каля прыпечка, «зводзіла вока» дзе-небудзь у разоры, за полівам, ды зноў за працу. Кузьмоў бацька, кажуць, не такі быў цягавіты, працавіты, часам заглядаў у чарку, але i яго ўспаміналі з иавагай. Саша яго помніла слаба, ён памёр у першы год калектывізацыі. На руках у цёткі асталося шасцёра дзяцей, i яна ганарылася, што выгадавала ix, «вывела ў людзі». У навуку яны не пайшлі, толькі адна з малодшых дачок скончыла педвучылішча. Набожная Хадоска i не імкнулася ix вучыць. «Няхай на зямлі працуюць, — казала яна. — Зямелька ўсіх пракорміць». Але дзеці чамусьці не затрымліваліся ў калгace. Самы старэйшы прыстаў у прымы ў горадзе, у сям'ю рабочага. Адна дачка выйшла за лесніка, другую звёз нейкі шафёр-украінец. I самы працавіты, па маці, быў Кузьма. У школе ён вучыўся не надта, але затое з малых год карміў сям'ю рыбай. Ён быў такі заўзяты i ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім i бралі з сабой. А яшчэ ён захапляўся коньмі. Скончыўшы гадоў за сем чатыры класы, Кузьма стаў калгасным пастухом. Потым наняўся на конезавод i працаваў там год пяць. Ажаніўся. Прывёз да маці жонку. I раптам гады за два перад вайной апынуўся ў рыбалавецкай арцелі недзе на Дняпры. Адтуль ён i з'явіўся ў родную вёску паліцэйскім, неўзабаве пасля ўступлення немцаў, да якіх ён трапіў, як высветлілася, яшчэ месяца паўтара назад, пад Жлобінам.

Пакуль ён быў проста паліцэйскі, i прытым адзін у вёсцы, то не надта мазоліў вочы людзям — больш сядзеў дома. Але як толькі стаў начальнікам паста i атрымаў над сваю ўладу яшчэ двух чалавек, адразу ж чамусьці зрабіў абход усіх сваякоў. Зайшоў да Траянавых. Ужо крыху падвыпіўшы недзе, павітаўся гучна, весела:

— Хайль, дарагія сестры!

Саша адвярнулася. Гэта яго ўкалола, i ён з іроніяй спытаўся:

— Не падабаецца табе, сястрычка? Вядома, дзе табе будзе падабацца! Ты ж камсамолка, цябе савецкая ўлада вывучыла…

— А цябе яна крыўдзіла? — злосна кінула Саша.

— Не крыўдзіла, але i ходу не давала. Я мазалямі кавалак хлеба зарабляў.

— Куды ж гэта табе ходу не давалі?

— Гаспадаром стаць.

— Кулаком?

— Вось-вось… Так ваша ўлада i разважала: чуць станавіўся чалавек на ногі, багацеў — кулак, на Салаўкі яго…

— Вось якое нутро ў цябе! Не ведала. Значыцца, ты спадзяешся, што немцы за тваю службу маёнтак табе дадуць? Панам зробяць? А мы будзем батрачыць у цябе… так?

Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай!

Кузьма заўважыў гэтыя знакі.

— Што ты там моргаеш, Поля? Баішся? Не бойся. Я ж не чужы — брат… Я сваіх не пакрыўджу. Толькі каб мне сваякі ножкі не падстаўлялі… Падтрымаеце мяне — будзеце жыць i гора не мець… А што думае Саша — гэта мне i так вядома. Нічога… Перамелецца — мука будзе. Людзі не адразу разумеюць…

— Адзін ты адразу разумны стаў,— зноў не вытрывала Саша.

Ён не адказаў на гэты закід — гаварыў далей:

— A батракамі ніхто вас рабіць не думае. Кожны будзе жыць, як ён хоча. Ніхто не будзе стукаць у вокны: выходзь на работу! Ты на доктара вучылася — ідзі працуй доктарам. Я ўжо гутарыў у воласці з бургамістрам, каб медпункт у нас зноў адкрыць. Для цябе, Саша, месца… Гарантую!

— Дзякуй за ласку! — з горкай іроніяй адказала Саша, з нейкай дзіўнай асалодай адчуваючы, як расце ў ёй непрыстойнае жаданне — плюнуць браціку ў чырвоную п'янаватую фізіяномію.

— Ты ж не немцаў будзеш лячыць — сваіх людзей…

— Не чапай яе, Кузьма, — рашуча запярэчыла Поля, звяртаючыся, аднак, да паліцэйскага ветліва. — Яна нездаровая. Не трэба ёй працаваць… Як-небудзь так пражывём.

— Пратэстуеце? — кісла ўсміхнуўся Кузьма. — Ну што ж, пратэстуйце. Толькі,— ён пагразіў пальцам, — глядзіце ў мяне, каб з гэтай хаты не выходзіла ні слова, ні яшчэ што. Ты, Поля, разумная дзяўчына. Я цябе ведаю i спакойны. А ты, Саша, глядзі, язык не распускай. Я за цябе адказваць не жадаю. Помні: непарадкаў ніводная ўлада не любіць.

— Не бойся, Кузьма, мы не падвядзём, — заспакоіла яго Поля.

Саша адчувала, што калі пойдзе гаворка далей, то сварKi ім не пазбегчы, можа i горшае што здарыцца. А таму, узяўшы з калыскі Ленку, дэманстрагыўна палезла на печ. Яна заўсёды там хавалася, калі, здаралася, у хату заходзілі немцы. Цяпер яна вырашыла, што будзе гэтак жа хавацца i ад паліцэйскіх, у тым ліку i ад Кузьмы. Няхай ведае, якая ў ix улада. А гутарыць з ім — прыніжаць сваю годнасць. Больш яна не скажа ні слова. Чаму ён сядзіць? Ішоў бы прэч хутчэй! Навошта Поля заводзіць з ім гаворку: пра здароўе цёткі, пра надзелы зямлі?

У хату ўвайшоў Данік.

— А-а, Даніла! Здароў, брат! — Кузьма падняўся насустрач, высока ўзняў руку, каб ляпнуць далоня ў далоню, пасяброўску, з размаху. Але Данік працягнуў руку не адразу, i шчырага прывітання, як чакаў Кузьма, не атрымалася. A Данікаў позірк, нахмураны, непрыветлівы, спадылба, урэшце вывеў паліцая з раўнавагі.

— Што ты на мяне ваўком глядзіш? — спытаў ён спачатку ціха, потым злосна крыкнуў на ўсіх: — Што вы на мяне ўсе так гледзіцё? Як на ворага… Што я вам зрабіў? — Акрамя злосці, у гэтым выкрыку былі роспач i страх.

— Гэта табе здаецца, Кузьма, — проста, па-сваяцку, але як старэйшая малодшаму сказала Поля. — Даніла на ўсіх так глядзіць. У яго характар такі.

Але Кузьма ператварыўся ўжо з брата ў суровага начальніка паліцэйскай варты, які адчуваў сваю ўладу над людзьмі. Ён караў за позірк, які яму не спадабаўся.

— Вось што… ты, брат, — злосна кінуў ён Данілу, — не думай, што мне невядома, чаго ты па лесе бадзяешся… Людзі бачылі. Зараз жа здай усё, што знайшоў… А то я буду з табой іначай гаварыць!

Юнак пільна паглядзеў на паліцэйскага, i раптам твар яго расплыўся ад шырокай задаволенай усмешкі.

Нічога не сказаўшы, Данік выйшаў з хаты. A хвілін праз пяць прынёс рускую вінтоўку без затвора, нямецкі аўтамат з раструшчаным прыкладам i цынкавую скрынку патронаў.

— Вось што я знайшоў… Бяры, — працягнуў ён зброю Кузьме ўсё з той жа задаволенай усмешкай, быццам радаваўся, што знайшлося каму перадаць.

Поля ажно ахнула:

— Божа! Ты хаваў такія цацкі? На шыбеніцу захацеў, дурань гэткі?

— Усё? Больш нічога няма? — сурова спытаў Кузьма, разглядаючы аўтамат i мяркуючы, ці можна яго адрамантаваць: было б чым выхваляцца перад іншымі начальнікамі пастоў, бо зброі ў ix не густа.

— Я на шыбеніцу не хачу, — адказаў Данік.

Кузьма зарагатаў i па-сяброўску ляпнуў яго па плячы:

— Правільна, братыш! Малайчына. Глядзі, які ты вырас! Я цябе гады два не бачыў! Мужчына! Будзеш правільна весці сябе — у паліцыю вазьму. Хочаш?

— Поля не пусціць, — пакорліва i наіўна схіліў галаву Данік, хітра іграючы на пачуццях старэйшай сястры.

А Поля пасля гэтых слоў як бы зноў адчула сваю ўладу над ім.

— Што ты плявузгаеш, Кузьма? Паліцая знайшоў! Вось вазьму папругу — усю скуру спушчу на тваім паліцаі. Я яму яшчэ гэтыя цацкі не дарую. Знайшоў, што цягнуць у хату!

— Ого, строгая яна ў цябе… маці,— жартаўліва штурхнуў Кузьма юнака.

— Каб i цябе маці з рук не выпусціла, можа, чалавекам астаўся б, — забылася Поля на асцярожнасць, якой прытрымлівалася ў размове з ім.

Кузьма нахмурыўся:

— Ну, ну… Што ж я цяпер — не чалавек, па-твойму?

«А ты яшчэ лічыш сябе за чалавека? Здраднік ты, а не чалавек!» — вельмі хацелася Сашы крыкнуць з печы ў твар яму гэтыя пякучыя словы. Але яна стрымалася: навошта нажываць ворага, ды яшчэ i раздражняць яго. Выконваючы зарок, які дала сабе, яна не сказала больш ніводнага слова, пакуль паліцай размаўляў з Данілам i Поляй. Калі ж ён нарэшце, забраўшы зброю, развітаўся, па ўсім відаць, задаволены сваім візітам, сваёй уладай над людзьмі, Саша ca знявагай кінула брату:

— Заечая твая душа!

Ён змаўчаў на гэтую абразу. А Поля ўхваліла яго ўчынак:

— Што ты, Саша! Дзякуй Богу, што ў яго хапіла розуму аддаць гэта Кузьме, усё-ткі свой чалавек. Немцы знайшлі б — страшна падумаць, што маглі б зрабіць.

Але калі праз колькі дзён Данік пачаў наведвацца ў школу, дзе размяшчаўся паліцэйскі пост, i весці сяброўства з Кузьмой i Колькам Трапашам, Поля катэгарычна запатрабавала:

— Каб нагі тваёй там не было!

Саша падтрымала старэйшую сястру:

— Як табе не сорамна! А яшчэ плакаў над Алёшам Кошалевым i над дзедам… А цяпер цябе да паліцаяў пацягнула. Эх, ты!.. Хутка сваіх людзей пачнеш забіваць…

— Не ваша справа, — агрызнуўся брат.

— Ах, не наша?.. Ну дык ідзі!.. Ідзі, ліжы немцам боты, кланяйся ім…

Юнак здрыгануўся, нейкі дзіўны цень упаў на яго твар. Ён утаропіў на Сашу вочы, у якіх таксама быў гэты цень. А яна, расчырванелая, узрушаная, з гнеўным бляскам у вачах, стаяла перад ім i сціскала кулакі.

— Адзін ужо робіць гэта… твой брат i дружок… Ідзі i ты! Струп няшчасны!

«Струп» — вулічная мянушка Данілы. Ніхто не помніў, з якой прычыны яе далі, але хлопец страшэнна крыўдзіўся. Ён адразу ўзгарэўся i, мабыць, не знайшоўшы больш нічога, чым можна ў адказ дапячы сястры, крыкнуў:

— Ты!.. Ты прыехала са сваёй байстручкай, дык маўчы!..

Саша задыхалася ад абразы. Яе Ленку, самае дарагое i светлае, што ёсць у яе пакутлівым жыцці, жывую часцінку Пеці, які ў гэты момант, магчыма, сцякае дзе-небудзь крывёю, — ix роднае дзіця назвалі такім зняважлівым словам!.. Хіба можа маці пачуць такое i вытрываць? Саша ўляпіла брату аплявуху. Ашаломлены, ён спачатку адскочыў, ухапіўся за шчаку, а потым тыграм кінуўся на Сашу, учапіўся ў яе валасы, тузаў i сам стагнаў i плакаў. А яна ашалела малаціла яго кулакамі куды папала. Добра, што Поля была ў хаце i хутка разбараніла ix.

I вось ужо каля месяца яны не гавораць, не глядзяць адно аднаму ў вочы. Сашы вельмі цяжка праз гэта. Толькі цяпер вось стала крыху лягчэй, калі вырашыла больш не маўчаць, а пачаць змаганне за брата.

Прыехаў сын гаспадара — хлапчук год трынаццаці — забраць бульбу. Ім прыйшлося добра папацець, пакуль ускінулі на воз не па сіле цяжкія мяшкі. Саша нават узлавалася ў думках: «Дзіця прысылаюць. Самі не могуць прыехаць… Мала што капаеш на ix, дык яшчэ i мяшкі цягай…»

Адчуўшы зноў горкую крыўду за свой найміцкі лес, яна хутка пайшла ад воза. Але хлапчук, які, магчыма, дзіцячым сэрцам, чыстым i чулым, зразумеў яе, дагнаў i даверліва прашаптаў:

— Саша, хочаш, навіну скажу?

— Якую навіну?

— Паліцаі партызана злавілі.

Саша, здзіўленая, павярнулася да яго:

— Партызана? Сапраўднага?

— Ну, так! Кузьма яго ў калодзеж пасадзіў. Кажуць, гэта нейкі сваяк Ганны з Рэпак. Яна хлеб для партызан пякла, а ен, відаць, прыйшоў, каб забраць гэты хлеб. А Марфа Вугняўка падгледзела, што ў Ганны ўсю ноч у печы паліцца, ды ўзяла Кузьму сказала… Паліцаі яго на вышках знайшлі. А цяпер у школьны калодзеж пасадзілі… Як ты думаеш, што яны зробяць з ім?

Да Сашы кепска даходзіў сэнс апошніх слоў хлопчыка, бо навіна гэтая была для яе вельмі нечаканай i моцна ўсхвалявала: побач партызан! Зусім іншыя думкі завалодалі ёю.

— Бацька кажа — расстраляюць. У немцаў такі загад ёсць: партызанаў страляць.

Хлапчук цмокнуў на каня i паехаў, а Саша асталася стаяць з капаніцай у руках. Яна глядзела ўдалячынь, дзе відны былі хаты, але нічога не бачыла, акрамя туманнага вобраза партызана. Ёй вельмі хацелася ўявіць гэтага чалавека ў яго рэальным чалавечым абліччы, але перад вачамі паўставалі па чарзе: Пеця, бацька, Уладзімір Іванавіч, сакратар райкома, стары рэчыцкі доктар, адным словам, усе самыя дарагія, блізкія людзі i ўсе тыя, каго яна паважала ў жыцці. Можа, як ніколі яны паўставалі вельмі яскрава, таму яна доўга не краталася з месца, адчуваючы ў душы нейкую радасць, узнёсласць i рашучасць. A думкі — як маланкі, светлыя i страшныя, радасныя i небяспечныя…

Значыцца, не хлуеілі людзі, калі казалі, што не толькі недзе за ракой, у Палессі, але i тут, блізка, у ix лесе, ходзяць партизаны. A ў вёсцы ёсць людзі, якія смела памагаюць ім. Гэтая Ганна з Рэпак, як яе называюць усе, маладая ўкраінка, непрыкметная жанчына, ціхая i добрая. У яе двое дзяцей, а муж у арміі. Аднак яна не пабаялася пячы хлеб партызанам…

А вось яна, Саша, жыве, як на нейкім туманным востраве, — нічога не бачыць, нічога не чуе i ўсяго баіцца. А брат горнецца да паліцаяў… Яна ўся халадзее ад думкі, што Даніла можа быць нейкім чынам замешаны, мець дачыненне да арышту партызана. Хто ён, гэты чалавек? Малады? Стары? Здрада загубіла яго. Чаму людзі такія жорсткія i бязлітасныя? Хаця няма чаму здзіўляцца. Усе ведаюць Вугняўку — дачку кулака, якая свайго ўласнага мужа, за якога выйшла, каб не трапіць на Салаўкі, зжыла са свету. Але Кузьма… Кузьма з беднай сям'і i такі падлюга! Садзіць жывога чалавека ў смярдзючы калодзеж! Ніхто б ніколі да гэтага не дадумаўся, ён вось, гад, дадумаўся. Спачатку пасадзіў туды двух вяскоўцаў, якія адмовіліся ісці на рамонт шашы, а цяпер — партызана.

Саша добра ведала гэты калодзеж — шырокія бетонныя трубы, слізкія i зялёныя. Школа — былы папоўскі дом. Пры жыцці папа ў калодзежы была празрыстая сцюдзёная вада. У Сашы захаваўся ў памяці ўспамін маленства: яна памагала маці паіць папоўскіх кароў i круціла калаўрот, гэта было надзвычай цікава. Праз год, пасля таго як папа выселілі i зрабілі ў доме школу, вады ў калодзежы не стала. Бабкі плявузгалі, што ад Бога гэта: выгналі «айца святога» — перасох калодзеж. Але кожны вучань ведаў, па якой прычыне знікла вада: дзеці кідалі туды пясок, цэглу, смецце, i крыніцы забіліся. За дзесяць год накідалі столькі, што калодзеж напалавіну памялеў. Аднак i цяпер ён яшчэ даволі глыбокі, i адтуль патыхае гнілой вільгаццю. I вось там, у гэтай гнілоце, сядзіць чалавек з чыстым сэрцам, які не шкадаваў свайго жыцця за народ. У Сашы гарэла душа ад думак пра невядомага партызана. Яна паспрабавала працаваць, але капаніца вывальвалася з рук. Тады яна кінула ўсё i пайшла дадому…

— Чаму так рана? — здзівілася Поля, якая ўбірала капусту з гарода.

— Абрыдла мне! — злосна адказала Саша. — Што я, наймічка? Няхай яна згніе, ix бульба!

Старэйшая сястра разумела яе, таму не сказала ні слова, толькі ўздыхнула: клопат аб сям'i ляжаў на яе плячах.

За адным заняткам Саша забывалася на ўсё іншае — калі карміла дачушку, гуляла з ёй. Ленка ачуняла i ў чатыры месяцы была тоўсценькая, рухавая i — кожнай маці так здаецца! — надзвычай разумная для свайго ўзросту. Яна ўжо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. I ўсё больш i больш рабілася падобнай на бацьку. У яе ўсмешцы Саша пазнавала ўсмешку Пятра, яго прыжмур вачэй, яго зморшчынку на лбе, a радзімая плямка на мочцы вушка была такой дакладнай копіяй, што маці заўсёды смяялася, гледзячы на яе.

Саша зайшла ў хату на пальчыках, бо Поля сказала, што Ленка спіць, але малая не спала: моўчкі ляжала ў калысцы i смешна лавіла сваімі пухлымі ручкамі чырвоны шарык, прывязаны над ёй. Саша радасна кінулася да яе, схапіла на рукі.

— Дачушка мая любая! Радасць мая адзіная! Ляжыш i маўчыш, слаўная мая, маленькая…

Дзяўчынка радасна загудзела i ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Саша карміла малую, гушкала, забаўляла — i сапраўды на нейкую хвіліну забылася на партызана. Але прыйшла Поля, папрасіла нешта зрабіць па гаспадарцы, Саша выскачыла на двор, як заўсёды імклівая, спрытная, i ўраз спынілася, уздрыгнула: перад вачамі была школа. Потым, за што б яна ні бралася, усё валілася з рук: з галавы не выходзіў партызан.

Па-асенняму рана вярнуўся з пашы статак. Каровы сваім муканнем абудзілі цішыню. Але разышлася жывёла па дварах, i зноў стала ціха i пуста. Цішыня i пустэча — змоўклі пеўні, бо ix парэзалі, зніклі сабакі, не гулялі на вуліцах дзеці, не хадзілі без пільнай патрэбы дарослыя — характэрныя рысы жыцця вёскі ў часы акупацыі.

Трэба прынесці вады — напаіць карову. Саша схапіла вёдры, выскачыла на вуліцу. Ix хата стаяла на аднолькавай адлегласці ад суседніх калодзежаў, i яны хадзілі то да аднаго, то да другога — каму куды падабалася. Цяпер Сашу пацягнула ў той, што бліжэй да школы. Але ў тым калодзежы нямецкія танкі зламалі журавель, i цяпер вяскоўцы хадзілі туды кожны са сваёй вяроўкай. Саша вярнулася ў двор i ўзяла пад паветкай лейцы. Яна набірала ваду i не зводзіла вачэй са школьнага двара, з таго калодзежа, што вытыркаўся з зямлі абглянцаванай бетоннай трубой. Там таксама было ціха i пуста, як i ўсюды навокал. Над комінам школы ўзнімаўся ў хмарнае асенняе неба празрысты дымок. «Рана запалілі паліцаі. Відаць, зноў самагонку гоняць».

Саша доўга чэрпала ваду. Падняла цяжкія вёдры на каромысел, намерваючыся ісці. Зноў паставіла на зямлю… Нарэшце, пасля доўгага вагання, нясмела рушыла да школы з лейцамі ў руках.

«Я толькі гляну — які ён, партызан? Толькі гляну», — стукала сэрца моцна i часта.

Брамка на школьны двор была зачынена. Але як толькі яна штурхнула яе, на ганку, як па сігналу, з'явіўся Кузьма.

— Э-э! Хто там? Ты, Саша? — здзівіўся ён, аднак хутка саскочыў з ганка, каб адчыніць.

— Кажуць, Кузьма, ты партызана злавіў? Праўда?

— Праўда. Вунь сядзіць у калодзежы як міленькі.

— Можна паглядзець, які ён?

— Для цябе, Саша, усё можна. Ты ж ведаеш, я цябе заўсёды паважаў,— намагаўся заваяваць яе прыхільнасць паліцай; мабыць, неспакойна было ў здрадніка на душы ад думкi, што нават сваякі асуджаюць яго. — А ён… вар'ят нейкі… Сядзіць — песні спявае, вершы на памяць чэша… Быццам не разумев, што яго чакае.

Саша схілілася над калодзежам i ўбачыла ў глыбіні, адкуль патыхала гніллю, схіленую постаць чалавека. Ён ціха спяваў па-ўкраінску прыглушаным голасам, аднак выразна вымаўляючы словы:

Як хороше, як весело
На білим свіці жить!..
Чого ж у мене серденько
I мліе, и болить?..
Быццам горкі яблык захрас у горле Сашы. Магчыма, сляза яе ўпала на таго, хто сядзеў i спяваў там, унізе. Ён падняў галаву. Саша ўбачыла, як па-кашачы заблішчалі яго вочы ў паўзмроку калодзежа.

— О! — выгукнуў ён маладым голасам. — Хто ты? Анёл з неба ці зорка вячэрняя?.. Зорка Марыя. — Ён засмяяўся i нечакана прачытаў незнаёмыя Сашы вершы па-руску:

Протекали столетья, как сны,
Долго ждал я тебя на земле…
— Хто ты? — у сваю чаргу, i таксама на ты, ціха спытала Саша.

— О, падучая дева-звезда хочет земных речей? Я? — Ён падхапіўся, падняў рукі i сказаў зусім іншым голасам, сур'ёзна, горда — Ча-ла-век я! Чала-авек! Ты ведаеш, зорка Марыя, што такое чалавек?..

— Бачыла дурнога? — засмяяўся Кузьма i адышоў ад калодзежа: яму абрыдлі ўжо дзівацтвы партызана. Ён двойчы дапытваў яго, біў — i нічога не выбіў. Паслаў Гніду ў воласць з рапартам начальніку паліцыі. Чакаючы, што з такой прычыны начальнік можа сам завітаць да ix, яны з Колькам Трапашам пераганялі самагонку, каб зрабіць чысты спірт.

— Як ты трапіў сюды? — яшчэ цішэй спытала Саша, нахіліўшыся ў самы калодзеж.

— А ты спытай у таго сабакі, што гырчыць недзе там.

Саша азірнулася — Кузьма падымаўся на ганак школы.

— Табе цяжка?

— Спусціся да мяне — мне будзе весялей.

— Ты сапраўдны партызан?

— Не, зроблены… татай i мамай…

— Ты ведаеш, што цябе чакае?

— Мяне? — Ён на міг як бы задумаўся i раптам зноў засмяяўся. — Анёлы на небе. У раі. Ляцім са мной!

— Ты мог бы вылезці адтуль?

Ён неяк ірвануўся, прыціснуўся да трубы, быццам на яго нешта падала.

Саша азірнулася зноў. Кузьмы не было. I тады на партызана сапраўды ўпаў канец лейцаў, другі канец ix Саша хутка накручвала на руку i шаптала:

— Яго няма… Ён пайшоў у школу…

I адразу востры край трубы разануў яе рукі, грудзі… Яна не паспела нават падумаць, што робіць, што ёй можа быць за гэта, а ён перамахнуў ужо цераз трубу i схаваўся на тым баку калодзежа. Перад яе вачамі мільгануў апухлы, з кровападцёкамі твар.

— А ты? Ты як? — гарачым шэптам спытаў ён, не паказваючыся з-за трубы.

— Я? — Яна ні да чаго не рыхтавалася, ні аб чым не думала, усё гэта здарылася вельмі нечакана для яе самой, але мозг працаваў з такой яснасцю, што яна адразу знайшла, што адказаць, каб супакоіць яго: — Я — нічога… Я — сястра паліцая.

— А-а, — працягнуў ён i кошкай, амаль на чацвярэньках, сігануў да хлява, з незвычайнай спрытнасцю пераскочыў цераз паркан і, пятляючы, пабег па полі да алешніку.

Саша стаяла з накручаным на руку канцом лейцаў, глядзела яму ўслед i зачаравана слухала дзівосную музыку, што нараджалася ў яе сэрцы, запаўняла ўсю яе істоту — нешта накшталт урачыстага гімна. Ад музыкі гэтай адначасова рабілася радасна, быццам вярнулася страчанае шчасце, i журботна, хацелася смяяцца i плакаць.

— Пагаварыла? — весела гукнуў з ганка Кузьма.

Саша схамянулася, кіўнула галавой: так, пагаварыла.

Кузьма падышоў да калодзежа, глянуў туды і… спалохана ахнуўшы, подскакам аббег навокал трубы.

— Што? Куды? Дзе? — разгублена забалбатаў ён, потым, спыніўшыся перад Сашай, закрычаў не сваім голасам: — Дзе ён?!

— На неба паляцеў! — нечакана засмяялася Саша. — Да анёлаў.

Ён убачыў лейцы ў яе руках i нарэшце ўсё зразумеў. Схапіў Сашу за штрыфель старой даматканай світкі, трасянуў:

— Ты… Ты… выпусціла? Шпіёнка! Бальшавіцкая… — Ён брыдка вылаяўся.

Гэта абразіла Сашу, i яна, размахнуўшыся, дала яму аплявуху. Ён адскочыў i, ажно пасінеўшы ўвесь, выхапіў з кабуры пісталет.

— А-а, ты так… Дык я цябе!..

— Страляй… Страляй, сволач! — Саша падставіла свае тугія грудзі i зрабіла крок да яго. — Страляй, юда! Здраднік!.. Вырадак! Страляй!

Ён, напэўна, стрэліў бы, каб яна спалохалася ці кінулася ўцякаць. Але ад такога нечаканага нападу яе ён, паліцай, які яшчэ не прывык да забойстваў, разгубіўся. Невядома, чым гэта ўсё скончылася б, каб не з'явіўся Колька Трапаш. Ён знянацку падскочыў да Кузьмы i выхапіў пісталет.

— Ты што робіш? Вар'ят! Яна — сястра твая.

— Сястра?! — не закрычаў, а, здавалася, загаласіў Кузьма. — А ты ведаеш, што зрабіла гэтая сястра? Яна выпусціла яго… Ды я не пагляджу, што яна сястра!.. Я сваю галаву не буду падстаўляць! — Голас яго паступова рабіўся натуральным, i ён пачаў злосна лаяцца.

— Каго выпусціла? Яго? — Колька Трапаш глянуў у пусты калодзеж, здзіўлена залыпаў вачамі, потым перавёў позірк на Сашу, убачыў лейцы i… зарагатаў.

— Ай ды Саша! Малайчына!

— Ты што? — ірвануўся да яго Кузьма. — Ты падумай, што будзе.

— Чакай, не крычы! Слуп дубовы. Начальнік ліпавы. Ты ведаеш, што я табе скажу… Калі ніхто не бачыў, нам лепей замяць гэтую справу.

— Не, не… Няхай не думае… Я ёй… Я не пагляджу, што сястра!.. Напляваць мне!..

— Дурань! Што ты зробіш? Пасадзіш Сашу — табе жыцця не будзе ад сваіх. Родная маці цябе пракляне. A ўвесь гарнізон рагатаць будзе: партызана з-пад носа дзеўка ўкрала… Начальнік!.. Ідзі, Саша! I нікому ні слова пра тое, што тут здарылася, — упэўнена загадаў Колька Трапаш.

Кузьма хацеў быў пярэчыць — Колька абняў яго за плечы i пацягнуў у школу.

— Ты слухай мяне… Я цябе не падвяду. Варона!

Саша, не ўсё як мае быць зразумеўшы, не спяшаючыся скруціла лейцы i пайшла да калодзежа, дзе стаялі яе поўныя вёдры. Толькі тады, калі прынесла цяжкія вёдры ў хату, яна адчула страшэнную слабасць у нагах; знясілена апусцілася на ўслон i, відаць, моцна пабялела. Поля кінулася да яе:

— Што з табой, Саша?

— Я партызана выпусціла.

— Karo?

— Партызана… што Кузьма злавіў i трымаў у калодзежы.

— Як? — падскочыў да яе Данік, якога яна нават не прыкмеціла, калі зайшла ў хату, бо як ішла па ваду, дык яго не было. У душы варухнулася старая крыўда на брата за яго дружбу з Кузьмой.

— Проста. Падала лейцы — i шукай, Кузьма, ветру ў полі.

Данік раптам абняў яе за плечы i ласкава прашаптаў:

— Саша!

Яна перасмыкнула плячамі.

— Не чапай! Твой прыяцель хацеў застрэліць мяне. Колька Трапаш перашкодзіў…

— Божа мой! Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. — Што ты нарабіла?! Ты захацела загубіць сябе, дзіця, нас? Ты не ведаеш гэтага гада, Кузьму. Не ведаеш, што ён можа зрабіць… Ён дакажа немцам… Я пабягу… Я зараз жа пабягу да цёткі Хадоскі, да Юлькі… папрашу…

— Не трэба, — зморшчылася, як ад нечага брыдкага, Саша.

— Ты маўчы! Ты даўно страціла галаву i сама не ведаеш, што робіш.

— Не трэба, Поля, — рашуча запярэчыў Данік. — Навошта ўмешваць лішніх людзей? Я сам усё ўладжу. — I, павярнуўшыся да Сашы, сказаў ціха i ласкава — Ты не бойся, Саша.

— А я нікога не баюся! Адчапіцеся вы ад мяне! — Яна падышла да калыскі, схілілася над дачкой, i буйныя гарачыя слёзы закапалі на тварык дзіцяці.

Данік пастаяў, з любоўю паглядзеў на сястру i нячутна выйшаў з хаты. Следам за ім, накінуўшы хустку, пайшла Поля.

«Выдасць ён мяне ці не выдасць?» Саша ўспамінала ўсё, што ведала пра Кузьму, прыгадвала ўсе сустрэчы з ім, з самага маленства, усе выпадкі, калі ён праяўляў высакароднасць ці, наадварот, нізасць. Думала пра яго блізкіх — маці, скупую, але шчырую i справядлівую цётку Хадоску, сясцёр, братоў, жонку i больш за ўсё пра дзіця — двухгадовага хлопчыка…

Яна ляжала на печы з шырока расплюшчанымі вачамі i ў цемры бачыла твары гэтых людзей, ад якіх цяпер нейкім чынам залежаў яе лес, жыццё, лёс яе дачкі. А цемра ў хаце — хоць вока выкалі, нават вокны слаба відаць: на дварэ глухая дажджлівая асенняя ноч. Дождж хліпае, i здаецца, што на вуліцы хтосьці ходзіць, плача, шэпчацца. Саша ўздрыгвае, прыслухоўваецца… Не, яна нічога не баіцца, ніякай кары. Аднаго баіцца — каб не вярнулася тое агіднае, пакутлівае, абразлівае пачуццё страху, якое яна перажыла пасля здарэння ў лесе. Як хораша было б, каб у душы назаўсёды астаўся той урачысты гімн, светлы, узнёслы, што загучаў, калі партызан схаваўся ў прырэчных кустах. Але яна пачынае слухаць роўнае, спакойнае дыханне дачкі, якая ляжыць побач, i музыка гэта пачынае сціхаць, бо зноў з'яўляецца страх — за яе, за гэтае маленькае нявіннае стварэнне.

Поля таксама не спіць. Яна ўздыхае на ложку i нешта шэпча, магчыма, моліцца. Раней Саша, безумоўна, пасмяялася б, каб пачула, што сястра моліцца. Цяпер не смешна: няхай моліцца, можа, ад гэтага робіцца лягчэй.

Поля вярнулася ад цёткі быццам заспакоеная, але вельмі ўжо нейкая панурая i маўклівая. Саша сказала, што, можа, ёй лепей пайсці начаваць да каго-небудзь з суседзяў ці сваякоў.

— Навошта? — здзівіласяПоляі, памаўчаўшы, дадала: — Ад лесу свайго не схаваешся. Дасць Бог, усё абыдзецца.

Саша зразумела, што гэта — словы цёткі Хадоскі.

— Божа мой! — прашаптала Поля. — Тэты хлопец загоніць мяне ў магілу. Дзе можна бадзяцца ў такі час i пад такім дажджом?

Саша здагадалася, што не Даніла непакоіць сястру — брат не ўпершыню бавіцца недзе так позна, — што ёй хочацца пагутарыць. Але Сашы не хацелася парушаць сваіх думак, i яна прыкінулася, што спіць.

Нарэшце Даніла вярнуўся.

Саша здзівілася, што Поля, адчыніўшы, ніводным словам не папракнула яго.

Хлопец моўчкі распрануўся i… палез на печ. Саша хацела прагнаць яго, ёй было агідна ад думкі, што брат, магчыма, зноў быў у паліцаяў. Але, мацаючы ў цемры, куды лезці, ён дакрануўся да Сашынай рукі, i яна ажно ўздрыгнула: рука яго дрыжала i была халодная як лёд. Таму яна толькі папярэдзіла:

— Каля сцяны — дзіця.

Ён лёг з другога боку, каля коміна, i Саша адчула, што не толькі рукі яго дрыжаць, але i сам ён увеськалоціцца, як у ліхаманцы, ляскае зубамі.

«Дзе гэта ён перамёрз так? Не вельмі ж яшчэ холадна», — ужо з цікаўнасцю падумала яна.

Ён падсунуўся да яе і, заікаючыся, зашаптаў у вуха:

— Т-т-ты… баішся?

«Адчапіся ты ад мяне, нікога я не баюся», — хацелася адказаць Сашы, але нешта стрымала яе ад гэтага грубага адказу.

— Не б-бойся… Ён н-не данясе…

«Гэта ён табе паабяцаў?.. Ты выпрасіў літасць гэтую? А мне не трэба яго літасці!» — зноў наважылася адказаць Саша, але не паспела: Данік горача шаптаў:

— Цяп-пер ён н-нікому н-не скажа… Яго н-няма…

— Няма? — здзівілася Саша.

— Ён п-п-памёр.

— Памёр?

Данік заціснуў халоднай далоняй ёй рот.

— Цішэй… Ён ехаў у воласць… На веласіпедзе. А масток, ведаеш, які каля лесніка… Без парэнчаў, без нічога… І-і ц-цямнела ўжо… I ён — у рэчку… Можа, у яго шынель у ланцуг закруціўся, што ён не мог вылезці i… зах-х-лынуўся. Можа, п'яны быў…

Саша ўсё зразумела. Дзіўныя пачуцці ахапілі яе: страх, што Данік, хлапчук, дзіця яшчэ, забіў чалавека, i не чужога, не немца, а стрыечнага брата, i ў той жа час бязмерная ўдзячнасць яму, бо зрабіў ён гэта, каб уратаваць яе, Ленку, каб пакараць здрадніка. I яшчэ сорам за тое, што пагана думала аб ім… Аён вось які… I ўсё шэпча, нібы хоча апраўдацца, астудзіць жар душы:

— Яму не трэба было ехаць у воласць. Навошта ён ехаў? Так паспешліва. Проці ночы. Помніш, цётка Хадоска расказвала: цыганка ў ix некалі варажыла i сказала Кузьму, што яго смерць будзе ад вады… Каб ён асцерагаўся… Вось бачыш… Ад вады…

Саша сціснула яго рукі i, дрыжучы сама амаль гэтак жа, як ён, прашаптала:

— Не трэба, Данік, родны. Не трэба… Я ўсё разумею… Супакойся.

Яны доўга маўчалі, цяжка дыхаючы адно аднаму ў твар. У цемры i цішыні было чуваць, як Данік дробна ляскае зубаMi, Саша абняла яго, каб сагрэць.

— Ты лазіў у рэчку? — прашаптала яна.

— Не… Я не лазіў…— адказаў ён так, што стала ясна: нехта ўсё ж лазіў.

— А хто? — хутка спытала Саша.

— Ты не павінна пра гэта пытацца! — сказаў ён сурова, патрабавальна, перастаўшы нават дрыжаць i заікацца.

— Я разумею. Даруй мне, Данік. За ўсё… што я ўдарыла цябе, што думала так…

— Нічога… Я не крыўдзіўся. Я радаваўся, што ты такая. Але мне цяжка было.

— I мне цяжка…

— Ты думала, я спалохаўся, калі аддаў Кузьму вінтоўку без затвора. A ў нас ix, можа, дваццаць схавана, i кулямёт, i гранаты… Новенькія… Трэба было заткнуць яму горла ламаччам, каб не думаў нічога, не дакопваўся. I хадзіў я да ix таму… А заадно вучыўся, як зброяй карыстацца… У нас ніхто добра не ўмеў.

«У нас… Значыцца, ix некалькі чалавек… Відаць, усе такія, як ён, Данік. Але якія смелыя i разумныя! Хто ж там яшчэ?» Саша прыгадала ўсіх Данілавых сяброў, i ўсе яны зусім не былі падобныя на герояў, ва ўсіх ix яшчэ дзіцячы вецер у галаве.

Аднак нехта ж ёсць… Яны змагаюцца. Яны пакаралі здрадніка Кузьму, які хацеў забіць партызана, выдаць немцам яе, Сашу.

— Мы самі рыхтаваліся вызваліць партызана. Ночы чакалі. Ты нам крыху напсавала. Нам гэты чалавек вельмі спатрэбіўся б…

Саша слухала, што казаў Данік, як цудоўную казку, ад якой робіцца святлей на душы i з'яўляецца моцнае жаданне самой стаць такой, як героі гэтай казкі…

Яна раптам ціха папрасіла, здзівіўшы брата:

— Данік… Вазьміце мяне ў сваю групу. Я вам таксама спатрэблюся… Я — фельчар.

Ён доўга думаў. Яна чакала, стаіўшы дыханне. Нарэшце ён паабяцаў: — Добра. Я параюся з хлопцамі.

Саша прыгарнула яго да сябе i прыціснулася губамі да яго ўжо гарачай шчакі.

V

I вось яна першы раз ідзе на збор падпольнай групы.

Позні вечар. У вёсцы дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі: гараць у хатах каганцы ці тлее на прыпечку лучына — такое святло прынесла «цывілізаваная Еўропа». Гэтыя агеньчыкі — адзіныя арыенціры, бо без ix легка можна было б заблудзіцца ў такой цемры.

Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Але зямлю скаваў мароз, i боты грукаюць на ўсё наваколле. Яна спыняецца, слухае. Сэрца стукае так, што робіцца горача ў грудзях i балюча ў скронях, у вушах. Магчыма, праз гэта шум бору далятае хвалямі, як у дзіцячай гульні, калі вушы заціскаеш далонямі: шум — цішыня, шум — цішыня. I чым больш яна стаіць, узіраецца i слухае, тым робіцца горш: пачынае здавацца, што наперадзе хістаюцца постаці, а ззаду чуюцца крокі i шэпт. Можа, за ёй сочаць, ідуць? Не, гэта толькі здаецца… Няўжо ёй так страшна? Яна не харобрыцца залішне. Так, страшна. Няма чаго таіцца. Вельмі. Але не за сябе, апраўдвае яна свой страх. За Даніка, за яго сяброў, якія паверылі ёй i цяпер чакаюць недзе там, за вёскай, каля старога млына. Данік доўга, нешта з месяц, раіўся з хлопцамі. Мабыць, ім нялёгка было вырашыць такое пытанне. Не адразу яны прыйшлі да згоды — Саша разумела гэта i не крыўдавала. Яна старэйшая за ix, у яе дзіця…

Успомніла Ленку — i думкі пайшлі ў іншым кірунку. Навошта яна ідзе туды? Што яна будзе рабіць? Невядома, хто там, у ix групе. Даніла i дагэтуль не сказаў. Калі там усе такія, як ён, то якая гэта арганізацыя? Што могуць зрабіць гэтыя дзеці? Забілі Кузьму? Гэта смелы ўчынак, безумоўна. Ён прымусіў задумацца многіх, хто служыў ці мае намер пайсці на службу да акупантаў. Але ці заклікаў ён каго да барацьбы? Яны ратавалі яе, Сашу. Але маглі вельмі проста загінуць самі. Яна ўспомніла, як пасля пахавання Кузьмы да ix у хату прыйшла цётка Хадоска. Высокая i ссутуленая заўсёды, яна за той дзень зусім згорбілася, а яе маршчыністы, загрубелы ад вятроў, спякоты i маразоў твар як бы абвугліўся. Саша ўбачыла яе i жахнулася. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), i рукі яе калаціліся. Яна не села, хоць Поля i запрасіла яе. Яна стала каля парогa i ўтаропіла на Сашу свае чырвоныя ад слёз, але сухія вочы, у якіх адбівалася нечалавечая пакута.

— Ну, Сашачка, пахавалі мы твайго брата, — сказала яна ціха i журботна. — А ты не прыйшла…

Сашы здалося, што кашчавая, чорная, з парэпанымі пальцамі рука, якая сціскала кій i з якой яна, Саша, не зводзіла позірку, раптам нябачна сціснула яе горла. Саша задыхнулася. Яна любіла цётку, i ёй было вельмі шкада яе. Але пасля яе слоў перажыла амаль такі ж прыступ страху, як пасля здарэння ў лесе. Калі яна ратавала партызана, то не думала пра небяспеку, усё выйшла неяк само сабой, па закліку сэрца. А тут яна адразу падумала пра Ленку i невядома чаму схапіла яе, сонную, з калыскі.

«Ваш сын пайшоў супраць сваіх людзей, i людзі пакаралі яго», — хацелася сказаць, каб прымусіць цётку змоўкнуць i не глядзець так страшна. Але Саша разумела, што словы такія яшчэ больш раняць матчына сэрца, і, шкадуючы старую, хавалася ад яе вачэй, як умела.

— Вось i ў цябе дачка расце, — паківала галавой старая, — i ніхто не ведае, што яе чакае!

Саша, уздрыгнуўшы, адвярнулася, каб загарадзіць ад Хадоскі дачку.

«Калi яна зачэпіць Ленку яшчэ, я скажу ёй… Няхай яна не лье слёз па сыну-здрадніку. Трэба было раней думаць i ўгаворваць Кузьму, каб кінуў паліцыю… Я ўсё скажу…» — вырашыла Саша.

Але цётка Хадоска больш не зачапіла малую. Пастаяўшы яшчэ крыху i адмахнуўшыся ад Полі, якая ca слязамі гаварыла нейкія недарэчныя словы ўцехі i запрашала сесці, яна сказала да Сашы сурова:

— Маўчыш? У вочы не глядзіш? На абаронцаў сваіх спадзяешся? Што ж… абарона ў цябе моцная, — i выйшла.

Саша i дагэтуль не разумев, чаму ўсё абышлося ціха. У вёсцы ніхто не сказаў ніводнага слова пра тое, што яна выратавала партызана. Напэўна, ніхто i не ведае. Значыцца, маўчаць i Колька Трапаш i цётка Хадоска. Але ці заўсёды яны будуць маўчаць?..

Дык ці мае яна права рызыкаваць зноў? Якая з яе падпольшчыца, партызанка! Не! Спыніцца яна не можа! Яе чакаюць там, каб даверыць вялікую тайну. Яна не можа вярнуцца, бо адчувае, што пасля гэтага ўзненавідзіць сябе i яе існаванне, без таго змрочнае, стане чарней, чым гэтая ноч. Там недзе змагаюцца, сцякаюць крывёй, гінуць тысячы людзей, каб выгнаць ворага, каб вярнуць тое шчасце, якое мела i яна, Саша. Там недзе Пятро. Яна верыць, што ён вернецца i з ім вернецца ўсё. Таму яна не можа, не мае права сядзець склаўшы рукі.

У алешніку над ракой нешта хруснула. Саша замірае на месцы. Што там — чалавек ці звер? Цішыня. Шуміць бор, журчыць рэчка, змагаючыся з ільдом, што наступав ад берагоў. Мароз мацнее. Але інею няма. Зямля чорная. На небе з'явілася прасветліна i выглянула адзіная зорачка. Ад гэтай маленькай, страшэнна далёкай зорачкі неяк адразу пасвятлела навокал. Каб не палохацца грукату ўласных ботаў, Саша нахіляецца, скідае i бяжыць далей па мёрзлай, калючай зямлі ў адных працёртых панчохах.

Каля млына яе сустрэў брат. Ён вынырнуў нечакана, як з-пад зямлі.

— Ты, Саша?

Падышоў, убачыў у яе руках боты, здзівіўся:

— Босая? Вось дурная. Абувайся хутчэй, ногі памарозіш.

Саша меркавала, што хлопцы збіраюцца ў старым млыне. Але Данік перавёў яе па разбуранай плаціне, па слізкіх, абмёрзлых кладках на другі бок рэчкі. Саша здзівілася, што ідзе ён даволі смела, не баючыся грукаць ботамі. Яны падышл! да самага лесу, i толькі тады Саша здагадалася, дзе яны збіраюцца.

Гады тры назад кал гас пачаў разводзіць трусоў. Тут была ферма: абгароджаны драцяной сеткай участак i невялікая будыніна — кухня, дзе варылі корм. Сетку i клеткі разам з трусамі парасцягалі, але будыніны пакуль што ніхто не чапаў: яна стаяла на былым, дакалгасным, надзеле, гаспадар якога цяпер служыў за старасту. Зямля тут была, магчыма, самая кепская, адзін пясок, але многія з вяскоўцаў заяўлялі, што з ix даволі той зямлі, якой яны карысталіся да калгаса, на што большае яны не прэтэндуюць. Людзі не верылі ў трываласць «новагапарадку».

Hi печы, ні катлоў у былой кухні ўжо не было, вокны забіты шалёўкай. Гэта, напэўна, зрабіў стараста. Але шчыліны паміж шалёўчынамі старанна пазатыкаў нехта, безумоўна, другі. Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка.

Саша абвяла позіркам хату i ўбачыла толькі аднаго чалавека.

Пачуццё расчаравання, нават крыўды спыніла яе каля парогa. Каля свечкі ляжаў жыватом на падлозе суседскі сын, Данікаў равеснік, яны разам кончылі сёмы клас, — Цішка Матыль. Але калі Данік выглядаў як сталы хлопец, то Ціхан гэты здаваўся яшчэ зусім дзіцянём: нізкарослы, рудзенькі, з прышчаватым тварам, ціхі i сарамлівы — нейкі зусім непрыкметны. Праўда, Цішка быў лепшы вучань, выдатнік. Але Саша не помніла, каб Данік асабліва сябраваў з ім.

Ён глянуў на Сашу i сарамліва апусціў вочы.

«Дык гэта ўся ix арганізацыя? Дзеці», — падумала яна.

Але раптам з-за кучы саломы пачуўся голас невядомага; голас належаў больш сталаму чалавеку.

— Сядайце! — уладна загадаў ён.

Саша паслухмяна апусцілася на калені побач з Ціханам.

— Ці ведаеце вы, куды ўступаеце? — спытаў голас.

— Ведаю, — адказала Саша; гэтая таямнічасць не спадабалася ёй. «Як у секце якой». Голас невядомага здаваўся крыху знаёмым, але ўспомніць, хто гэта, яна не магла.

— Падумайце, ці адчуваеце вы ў сабе сілы мужна сустрэць любую небяспеку на тым шляху, на які ўступаеце?

— Каб не адчувала, то не прыйшла б сюды. Мяне ніхто не цягнуў.— У голасе яе пачулася крыўда, i чалавек за саломай збянтэжана кашлянуў i памаўчаў больш, чым трэба.

— Дайце руку вашым сябрам i паўтарайце за мной словы прысягі.

Даніла i Ціхан працягнулі свае рукі i сціснулі моцна яе маленькую, але загрубелую ўжо ад цяжкай працы руку.

— Я, грамадзянін Савецкага Саюза…

— Я, грамадзянка Савецкага Саюза… — удакладніла Саша.

Невядомы зноў кашлянуў.

— Член Ленінскага камсамола…

— Член Ленінскага камсамола…

— Уступаючы ў падпольную арганізацыю для барацьбы з фашысцкімі акупантамі i ix паслугачамі, клянуся…

I раптам ад Сашы адышло, знікла ўсё знешняе: таямнічасць, якая не спадабалася, рукі хлопцаў, што сціскаюць яе руку, голас невядомага. Словы прысягі ўліваліся ў яе магічнай сілай. Ад гэтага пачынала хутчэй струменіць кроў, часцей білася сэрца, глыбокім i перарывістым стала дыхание. Голас яе мацнеў з кожным словам i дзе-нідзе зрываўся i дрыжаў.

— За смерць нашых матак i дзяцей, за ix кроў i слёзы… — Словы гэтыя салёна-горкім камяком сціснулі горла; Саша на момант змоўкла.

Хлопцы адчулі, як дрыжыць яе рука. Але раптам голас яе як бы прарваўся праз нейкую цяжкую перашкоду i зазвінеў з новай сілай:

— …я клянуся помсціць праклятым фашыстам бязлітасна, усімі сродкамі падпольнай барацьбы…

Яна сказала гэта гучней, чым трэба, i чалавек за саломай панізіў голас. Але Саша не звярнула ўвагі на гэтую акалічнасць, бо падказчыка больш не існавала для яе. Ёй здавалася, што гарачыя i суровыя словы ідуць з глыбіні яе ўлаенага сэрца. На Даніка i Цішку яна таксама забылася. Яна глядзела ў цёмны кут, а бачыла вялікія прасторы роднай зямлі, натоўпы людзей, калоны чырвонаармейцаў… Усяму народу давала яна клятву!

— Калі ж я парушу гэтую клятву — здраджу, збаюся, выдам тайну арганізацыі, няхай рука маіх сяброў бязлітасна пакарае мяне…

Саша была яшчэ там, у невядомай далечы, дзе ішла барацьба, калі над самым вухам пачула ціхія звычайныя словы:

— Добры вечар, Саша.

Яна страпянулася. З цемры схіліўся да яе знаёмы твар. Толя Кустар прыветліва ўсміхаўся i працягваў руку. Саша нават не адразу зразу мела, адкуль ён з'явіўся. З Толем яна разам вучылася ў сямігодцы. Але гэта быў «чужак», ён жыў на пасёлку Кустары, які належаў да іншага сельсавета. Пасёлак быў кіламетры за тры ад ix вёскі, за лесам, а таму сустракаліся яны толькі ў школе, i нельга сказаць, каб былі сябрамі.

Саша пасля ніколі не цікавілася лесам Толі i іншых аднакласнікаў з пасёлка. Чула неяк краем вуха, што Толя скончыў ФЗУ i працуе недзе ў Мінску электраманцёрам.

Зразумеўшы, што гэта ён падказваў ёй словы прысягі, Саша ўзрадавалася: ёсць, значыцца, у арганізацыі больш сталыя людзі! Толя — яе аднагодак, самастойны чалавек, рабочы!

Толя моцна сціснуў яе руку i сказаў:

— Вось як мы сустрэліся з табой!

Hi ён, ні брат, ні Цішка не сказалі ёй больш ні слова пра тое, куды яна ўступіла, што павінна рабіць, як паводзіць сябе. Яна зразумела: усё сказана ў словах клятвы. Яна свяшчэнная, гэтая клятва, i нельга разбаўляць яе звычайнымі словамі. Ды i ўвогуле лішняга тут ніхто не гаварыў.

Толя Кустар падсунуў бліжэй свечку, зняў пальцамі, як абцугамі, нагар i ціха сказаў:

— Пачнём, таварышы.

Данік падсунуўся бліжэй да яго, абхапіў рукамі калені i схіліў галаву, нарыхтаваўшыся слухаць. Цішка не варухнуўся, ён, як i раней, ляжаў на жываце, падпёршы рукамі галаву; далоні закрывалі шчокі, а рудаватыя валасы — лоб, i Саша бачыла адны яго вочы, вялікія, зацянёныя вейкамі, стомленыя, як у дзіцяці, якому хочацца спаць, i сумныя. У Толі, наадварот, вочы былі ясныя, вясёлыя, полымя свечкі, што гарэла каля яго ног, адбівалася ў зрэнках дзіўным, як бы жывым святлом.

— Перш за ўсё — пра галоўнае ў нашай дзейнасці…— пачаў Толя крыху афіцыйна i ўрачыста, але тут жа акінуў усіх задаволеным позіркам і, панізіўшы голас, проста паведаміў: — Радасная навіна, хлопцы: Стары ўстанавіў сувязь з партызанамі.

— Hy-y? — падхапіўся Цішка, сеў, i вочы яго заблішчалі.— Як? Дзе?

А Саша падумала: «Значыцца, ёсць яшчэ нехта больш сталы, каго яны называюць Старым. Хто ж гэта?»

— Не мае значэння, Ціхан, як i дзе… Галоўнае, што сувязь ёсць… Будзе! Мы павінны паслаць у атрад свайго чалавека i дамовіцца аб пастаяннай сувязі. Стары скажа, куды ісці…

— Я! — выгукнуў Цішка. — Мяне…

— Чакай! — спыніў яго Толя. — Я думаю, што лепш пайсці Данілу. Нам з табой ёсць іншае задание. Першае задание ад партызанскага камандавання… Яно вынесла прысуд чалавеку, які выдаў фашыстам раненых партызан. Нам даручылі выканаць гэты прысуд…

Саша зразумела, што трэба некага забіць, пакараць смерцю, i жахнулася: раптам калі-небудзь такое задание дадуць ёй, а яна… яна не здолее забіць чалавека!

— Хто? — спытаў Цішка, вочы яго зноў патухлі, i ён зморшчыўся, як ад нечага вельмі брыдкага.

— Ляснічы.

— Наш? У яго чацвёра дзяцей! — вырвалася ў Сашы.

Ляснічы быў чужы i незнаемы ёй чалавек. Але тыдні два назад яна з ім пазнаёмілася. Ён прыехаў увечары i вельмі прасіў, каб яна прыняла роды ў яго жонкі. Саша не хацела, нават баялася ехаць у лес. Але ў чалавека быў надта разгублены выгляд, ды i Поля, звычайна баязлівая, шапнула, што варта паехаць: ляснічы заўсёды спатрэбіцца.

Спакутаваная родамі жанчына, ціхая i ласкавая пасля таго, калі ўсё шчасліва скончылася, прасіла павесялелага ад чаркі самагонкі мужа: «Ляксей, ты ж добра аддзякуй дохтарцы… Не скупіся». Ён на развітанне сунуў ёй тры вялікія кавалкі старога сала. I Саша, якая там, на рабоце, заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям'і, якая сядзела на адной бульбе. Усё гэта ў адзін міг паўстала перад яе вачамі, а найбольш выразна — дзеці, адно пад адно, не разабрацца, дзе старэйшае, дзе малодшае; тры пары вачанят увечары, калі ix выгналі ў другі пакой, спалоханых, a раніцой, калі ім сказалі, што ў ix ёсць брацік, здзіўленых. Дзеці, якія заўтра стануць сіротамі. Яна лепш, чым хто другі, ведае, як гэта цяжка i страшна: сама расла сіратой i сама цяпер маці.

Саша глядзела на хлопцаў з надзеяй пачуць, што ляснічы асуджаны не на смерць.

Яны пераглянуліся паміж сабой i змоўклі — больш ніводнага слова пра гэта. Сашы здалося, што хлопцы зразумелі словы пра дзяцей як яе слабасць, жаночую жаласлівасць, i спалохалася, што цяпер яны перастануць давяраць ёй тайны падполля. Яна хацела растлумачыць, што літасці да гэтага чалавека ў яе сэрцы няма. Сапраўды, хіба можа быць літасць да таго, хто выдаў ворагам сваіх людзей, партызан, ды яшчэ раненых, бездапаможных? Такому гаду яна сама прыдумала б самую страшную кару! Але дзеці. Яна, маці, не магла не падумаць пра ix… Няхай таварышы правільна яе зразумеюць…

— Я прымала роды ў яго жонкі,— сказала Саша. — Я думаю, дзеці не вінаваты, што бацька ў ix такі…

— Дзяцей ніхто не вінаваціць, — сурова адказаў Цішка. — Мы не фашысты.

Саша ўзрадавалася, што размова аднавілася. Але Толя Кустар у гэты момант пачаў гаварыць зусім пра іншае:

— Таварышы, набліжаецца свята Кастрычніка. Мы павінны адзначыць яго. Людзі павінны ведаць, што ёсць сілы, якія змагаюцца з ворагам… што фашысцкая прапаганда — брахня… ІТрапаную… Першае — расклеіць лістоўкі… Будзем спадзявацца, што атрымаем ix з партызанскага атрада, калі ж не — напішам самі… Другое… Прапаную на ўсіх грамадскіх будынках — на школе, сельсавеце, клубе — вывесіць чырвоныя сцягі. Пашыць сцягі даручым Сашы. Згодна? — звярнуўся ён да яе.

Саша кіўнула галавой. Але першае баявое задание не ўзрадавала яе, бо здалося дробязным: вялікая справа пашыць чатыры сцягі!

Хлопцы сур'ёзна абмяркоўвалі, дзе ўзяць тканіну на сцягі, як лепш ix вывесіць, каму пісаць лістоўкі. А Сашы здавалася, што робяць яны гэта знарок, каб не гаварыць пры ёй пра больш важныя справы. Данік прапанаваў у дзень свята спаліць мост на шашы — той самы, які ўзарваў Алёша Кошалеў i які акупанты нядаўна аднавілі. Прапановы яго чамусьці не прынялі. I Саша зноў падумала, што не прынялі таму, што прысутнічае яна, слабая жанчына, якая быццам пашкадавала здрадніка.

* * *
Толькі сёмага лістапада Саша зразумела значэнне сцягоў, якія яна ўпотайкі пашыла i перадала Даніку.

Раніцой, калі яны з Поляй пачалі паліць у печы, да ix прыбегла суседка Аксана, узрушаная, трохі спалоханая, але ўзрадаваная.

Яна нават забылася павітацца, а з парогa таямніча зашептала:

— Бачылі? Сцягі! Нашы! — Вочы яе гарэлі.

Яны выйшлі на вуліцу. Напярэдадні выпаў снег. Першая ваенная зіма ўсюды лягла вельмі рана. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар i было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Снег зусім па-зімоваму рыпеў пад нагамі. З комінаў у празрысты блакіт падымаліся белыя слупы дыму. Але не гэтае хараство прыцягвала ўвагу людзей. Вялікі чырвоны сцяг над школай — вось што выводзіла з хат старых i малых. Сцяг ледзь трапятаўся, палымнеў i на фоне блакіту, над цёмнай сцяной лесу здаваўся агромністым, як зара, — на паўнеба. Сэрца ў Сашы адразу напоўнілася ўрачыстасцю: прыйшло свята, суровае, падпольнае, але такое, якога нікому i ніколі не знішчыць, не згасіць, якое заўсёды, у любых умовах, будзе палымнець вось такімі сцягамі. Гэта не проста сцягі, гэта — кроў тых, хто аддаў жыццё за гэтае свята, гэта сэрцы — яе, Данікава, Толева, Цішкава, невядомага ёй Старога — палымнеюць там, над дахамі школы, сельсавета, клуба. Ад такога адчування стала радасна.

Саша прайшлася па вуліцы. Усе глядзелі на сцягі, як на нейкую знамянальную з'яву. Смялейшыя стаялі на вуліцы, нават збіраліся групамі, больш асцярожныя — у сваіх дварах. Але нават у рухах i словах людзей адчуваўся святочны настрой.

Цішка Матыль павітаўся i ціха павіншаваў:

— Ca святам, Саша!

А праз колькі двароў яе гэтак жа ціха павіншаваў аднаногі дзядзька Раман:

— Ca святам, хросніца!

— Вас таксама, хросны!

Саша прыпынілася каля яго.

— Малайцы хлопцы! — кіўнуў ён на будынак сельсавета.

— Якія хлопцы? — здзівілася яна, устрывожаная.

— Што сцягі павесілі. Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я пацалаваў бы ix, галубкоў шызых…

Сцягі доўга ніхто не здымаў — ні паліцаі, ні стараста. Потым Саша даведалася, што каля кожнага з ix хлопцы прымацавалі дошчачку з надпісам: «Замініравана». Толькі ў другой палавіне дня прыехаў ваенны камендант з атрадам жандараў i паліцаяў. Камендант загадаў пасадзіць пад арышт мясцовых паліцэйскіх, выцяў бізуном старасту i скінуў яго з пасады. Потым сабраў самых старых мужчын i пачаў расказваць ім, якая моцная нямецкая армія i якая слабая савецкая, радасным крыкам паведаміў, што нямецкія часці ўступілі ў Маскву, a ў заключэнне пагразіў:

— Калі ў вашай вёсцы будзе яшчэ хаця б адзін бандыцкі выпад супраць новага парадку, я павешу вас. — Ён абвёў позіркам групу панурых барадатых людзей, падумаў i дадаў: — Не, я павешу не вас. Я павешу кожнага другога ва ўзросце ад пятнаццаці да трыццаці год. Майце на ўвазе гэта i перадайце ўсім!

Камендант i эсэсаўцы паехалі, a паліцаі асталіся: вёска была занесена ў лік небяспечных крамольных пунктаў, i замест невялікай варты ў школе размясціўся цэлы гарнізон. Новыя паліцаі вялі сябе нахабна: кралі курэй, парасят, разганялі зборы, вечарынкі, каго сустракалі позна ўвечары, збівалі, хто б гэта ні быў — малы, стары, жанчына; як валацугі, цэлую ноч шлындалі па вёсцы, падслухоўвалі, падглядвалі ў вокны. Адным словам, «новы парадак» праявіў сябе на поўную сілу.

Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі.

У хаце не было газы. Зараблялі кавалак хлеба пры лучыне _ пралі кудзелю для тых увішных гаспадароў ці гаспадынь, якія, нягледзячы на вайну, выбралі для сябе калгасны лён. Саша ніколі раней не прала i з першых жа дзён зненавідзела гэтую дапатопную работу. Манатоннае гудзенне самапрадкі, няроўнае святло лучыны — то ўспыхне, то згасне, свіст ветру i крокі паліцэйскіх — усё гэта наганяла такую нуду i роспач, што хацелася зрабіць немаведама што, абы не сядзець вось так. Саша з нецярплівасцю чакала, калі падпольшчыкі дадуць ёй задание. Але падполле маўчала, нават на сход ці збор больш яе не запрашалі.

Астаўшыся ў хаце сам-насам з братам, яна наступала на яго:

— Чаму мы маўчым, нічога не робім? Чаму не збіраемся?

— Чакай, Саша. Не гарачыся. Больш вытрымкі, сястра! — па-сталаму разважліва адказваў ён.

— Я ведаю… Вы збіраецеся, вы дзейнічаеце, — сказала яна другі раз. — Але вы не хочаце даваць мне задания. Вам не спадабалася, што я пашкадавала дзяцей ляснічага…

— Калі ты будзеш думаць i гаварыць глупства, — узлаваўся Данік, — мы сапраўды цябе выключым. Я першы прагаласую.

— Ну i выключайце! — не стрывала Саша, пакрыўджаная да слёз.

Данік бліснуў страшным позіркам. Яна спалохана адступіла ў закутак паміж грубкай i печчу і, магчыма, у гэты момант упершыню заўважыла, як змяніўся брат: узмужнеў, выцягнуўся, стаў вышэйшы за яе ростам, але як схуднеў — на твары адны скулы тырчаць ды блішчаць вочы, запалёныя, чырвоныя, як у чалавека, які не спаў многа дзён.

Ён працягнуў руку, i Сашы здалося, што ён намерваецца ўдарыць. Але брат абняў яе, нязграбна, сціснуўшы ўчэпістымі кашчавымі пальцамі плячо, i глуха зашаптаў:

— Слухай, дурніца, навошта гэта табе?

— Што? — не зразумела яна.

— Хадзіць цяпер на нашы сходы? Навокал снег — босая гародамі не пабяжыш… I бобікаў, як сабак… Ты замужняя жанчына, маці… Твая адсутнасць ці сустрэча з намі, хлопцам! адразу выкліча падазронасць. Усё, што трэба, я табе перадам… Зразумей!

— Разумею, — прашаптала Саша, пасаромленая; яе кранула разумная асцярожнасць сяброў. Яны не забываюць, што яна маці i таму менш, чым хто іншы, мае права рызыкаваць.

— А заданне i ты атрымаеш, — гаварыў далей Данік. — Не хвалюйся. Работы ўсім хопіць, дай толькі разгарнуцца. Не ўсё адразу!

Сапраўды, неўзабаве брат прынёс ёй задание падпольнай групы. Ён вярнуўся пад вечар з лесу, дзе разам з Цішкам i іншымі хлопцамі траляваў з лесасек на шашу дровы, якія потым немцы на машынах перавозілі ў горад. Саша адразу ж, па вачах, убачыла, што ён мае сказаць ёй нешта важнае. Абое яны з нецярплівасцю чакалі моманту, калі Поля выйдзе з хаты. Калі тая нарэшце пайшла даглядаць карову, Данік забраўся ў той жа закутак паміж печчу i грубкай i паклікаў Сашу. Яна падышла з дзіцем на руках.

— Слухай, ёсць табе задание, — зашаптаў брат. — Нялёгкае, адразу табе скажу. Незвычайнае… Але ў падпольнай барацьбе ўсё бывае… У партызанскім атрадзе ранены камісар… Яму адрэзалі ступню нагі, i бок прастрэлены, не гоіцца. A ў лесе зараз цяжка — зіма. Стары лагер яны пакінулі: немцы напалі… У родную вёску чалавек не можа пайсці, сама разумееш, там кожны яго ведае… Трэба яму прытулак… Мы параіліся з хлопцамі i вырашылі: самае лепшае — у нас…

— У нашай вёсцы? — спытала зацікаўленая Саша.

— Не, у нашай хаце… У нас.

У куце было ўжо цёмна, i яны дрэнна бачылі адно аднаго. Але па руху, які зрабіла Саша — неяк шчыльней прыціснула малую, — Данік зразумеў, што гэта яе моцна здзівіла i ўразіла. Баючыся, каб яна не запярэчыла, хлопец сціснуў яе локаць, зашаптаў горача i хутка:

— Твайго Пятра ніхто не бачыў, не ведае тут… Нават i Поля… Камісару зробяць дакументы на Пятра, быццам немцы адпусцілі яго, раненага, з лагера палонных. Ёсць жа такія выпадкі…

Саша аслупянела. Перш за ўсё сэрца апякла страшная думка, якая ніколі раней не з'яўлялася: што i яе Пеця можа быць у палоне, у адным з гэтых жудасных лагерау, пра якія яна чула. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях яна часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай Поўначы. Але ні разу не бачыла яго ў палоне. Пеця, ласкавы, любы, жыццярадасны, i фашысцкі палон — не пагаджалася з гэтым яе свядомасць. Не, не, лепш смерць, чым гэта, крычала яе сэрца. Яна не чула далейшых пераконванняў Даніка, які даводзіў:

— Ты павінна зразумець, якога чалавека мы ратуем… У нас яму з усіх бакоў добра. Ты — медык, можаш палячыць яго раны. Чалавек хутчэй стане на ногі, чым дзе ў іншым месцы.

Адагнаўшы нарэшце думкі аб Пецевым палоне, Саша ўявіла, як чужы, незнаемы чалавек прыедзе ў ix хату i яна мусіць называць яго мужам, Пецем, магчыма, прыйдзецца нават на людзях абняць, пацалаваць, каб не выдаць яго, сябе… I ў гэты ж момант думаць пра Пецю: дзе ён, што з ім? Чужы чалавек Ленку будзе называць сваёй дачкой.

Не, гэта немагчыма! Яна можа выканаць любое задание, пайсці на смерць… Але толькі не гэта! Данік — дзіця, не разумев, якая гэта пакута будзе для яе.

— Данік, я не магу… — прашаптала яна. — Ты зразумей… Я не ведаю, што з Пецем, a ў гэты час чужы чалавек будзе жыць пад яго імем. Я не здолею так прыкідвацца.

Заварушылася, заплакала Ленка.

— Cпi, мая маленькая, зорачка мая ясная, — загушкала Саша малую, прымаўляючы па-вясковаму пяшчотна i мнагаслоўна: — Cni, мая ягадка. Нікога не бойся… ты з мамай. Hiкому я не дам цябе пакрыўдзіць, сінічку маю ненаглядную.

— Значыцца, не можаш? — тузануў яе за локаць Данік, перапыняючы размову з дачкой.

— Данік, ты не падумаў, як цяжка будзе ўсім нам… мне… Пашкадуй мяне, Данік, я жывы чалавек, — маліла яна.

Ён выпусціў яе локаць:

— Я думаў… Мы ўсе думалі. А вось ты… На словах — гераіня. A калі справу трэба рабіць, то перш за ўсё пра сябе думаеш. Лішні раз пахвалявацца баішся… А яшчэ пішчала: чаму маўчым, чаму нічога не робім? Дайце задание… Вось табе задание!..

Ён кідаў з кутка гэтыя бязлітасныя словы, як каменні.

— Данік, ты зразумей мяне правільна. Я не баюся, Данік!..

Але словы яе яшчэ больш узлавалі напорыстага хлопца. Ён сам прапанаваў такі варыянт — прытуліць камісара ў сваёй хаце, цвёрда ўпэўнены, што Саша не толькі не адхіліць яго план, а, наадварот, узрадуецца такому надзвычайнаму заданню. I раптам Саша адмаўляецца. Як жа ён цяпер гляне хлопцам у вочы, што скажа, каб апраўдаць сябе i Сашу? Што падпольшчыкі i партызаны падумаюць пра ix? Яму стала балюча, сорамна i крыўдна за сястру, за яе баязлівасць; ён не прызнаваў ніякіх іншых прычын, акрамя адной: баіцца. I каб яна проста сказала пра гэта, ён мог бы зразумець i дараваць, бо Саша не адна, у яе — дзіця, сам ён, уцягваючы яе ў падпольную барацьбу, ніколі не забываўся на гэта. Але калі яна, як ён лічыў, пачынае выкручвацца, хітраваць, спасылацца на «высокія пачуцці» i прыцягваць да зусім рэальнай справы невядомага яму, Даніку, а таму i нерэальнага «свайго Пецю», гэта яго абурыла.

— Што Данік? Данік які быў, такі i астанецца. А вось ты… як ты пасля глянеш на сябе? Чалавек жыцця свайго не шкадаваў… А мы баімся прытулак яму даць. Няхай ранены замярзае ў лесе. Калі твой Пеця сапраўды чырвонаармеец, я думаю, не пахваліць ён цябе за гэта, калі даведаецца…

Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ўмомант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Сапраўды, што сказаў бы Пеця, каб яна параілася з ім? Яна не ўпершыню правярала гэтак свае ўчынкі. Няўжо ён кіне ёй дакор, што яна дала прытулак раненаму партызану? Не, ніколі! Безумоўна, самой ёй будзе вельмі цяжка. Але каму цяпер легка! Хіба мае яна права засцерагаць сябе ад цяжкасцей, перажыванняў? Хіба яна не баец, як усе, не падпольшчыца-партызанка? Як жа яна адмаўляецца ад такога ганаровага задания? Ёй жа давяраюць жыццё партызанскага камісара!

Данік скрыгатнуў з роспачы зубамі i, ссутулены, падобны на старога, пасунуўся да дзвярэй.

— Данік! — спыніла яго Саша. — Чакай… Я згодна…

Ён зноў апынуўся каля яе, забыўшыся на сваю злосць, крыўду, i схапіў рукамі за плечы, нібы баючыся, што яна зноў перадумае i адмовіцца.

— Згодна?

— Ты не падумай, што я таму, што баюся… Але… Як Поля?

— А што Поля? Поля нічога не ведае i не павінна ведаць… Яна ж таксама ніколі ў вочы не бачыла твайго Пеці… Фотакартачка ў цябе адна, малюсенькая… Мы яе заменім.

Саша ўздыхнула i ціха, незласліва сказала:

— Дурань ты малы, Данік. Хіба гэта ад яе можна схаваць? У адной хаце жыць будзем… Яна ў першы ж дзень убачыць, што мы ніякія не жонка i не муж. Паспрабуй тады тлумачыць.

Юнак разгубіўся. Вось ліха, пра ўсё ён падумаў, усё ўлічыў, нават на фотакартку не забыўся, а вось гэта i ў галаву не цюкнула.

— Што ж ты прапануеш? — ужо нясмела, няўпэўнена спытаў Данік; ініцыятыва ў вырашэнні гэтай нялёгкай задачы цалкам перайшла да Сашы.

— Трэба сказаць Полі.

— Што ты! Спалохаецца. Загалосіць. Праваліць усю справу.

— Магчыма, спалохаецца, паплача, але… зразумее, Данік. Яна ж наша сястра. Усё адно без яе дапамогі нам не абысціся.

Позна ўвечары яны пачалі размову з Поляй. На прыпечку дагарэла лучына, i старэйшая сястра загадала:

— Спаць, дзеці! Заўтра Даніку рана ў лес, а ты, Саша, пойдзеш да цёткі Марыны, паможаш кроены паставіць. Яна прасіла. Ды i сама павучышея ніты закідаць.

Сашу кальнула ў сэрца: «Зноў ісці за наймічку».

Не было больш цяжкай пакуты, як ісці на заробак у чужую хату, працаваць пад наглядам людзей, у якіх тая перавага, што яны маюць чым заплаціць за працу. Яна ведала, што не ўсе гэтыя людзі кулакі ў душы, пераважная большасць з ix зусім не радуецца такому становішчу, аднак усё адно яе глыбока абражала плата натурай i асабліва словы спачування, якія часта прыходзіцца выслухоўваць. Цяжка бывае зразумець, хто з ix кажа шчыра, а хто зларадна: так табе i трэба, інтэлігентачка, доктарка.

Даволі часта Саша працавала не за хлеб i не за соль (соль была даражэй за ўсё), а за дзвесце грамаў газы ці за карабок запалак. Ёй так цяжка было ўставаць па некалькі разоў на начы да дзіцяці без святла: не будзеш жа раздзьмухваць вугалькі i паліць лучыну, калі Ленка, мокрая ці, яшчэ горш, нездаровая, крычыць на ўсю хату. Здабытую газу ашчаджалі надзвычай.

Таму Поля вельмі здзівілася, калі Данік, у адказ на яе загад спаць, запаліў газнічку.

— Ты навошта гэта паліш без патрэбы? — накінулася яна на брата.

Ён моўчкі занёс газнічку ў запаветны закутак, куды яшчэ раней схавалася Саша, i паклікаў старэйшую сястру:

— Ідзі сюды, Поля.

Калі яна прыйшла, паказаў на ўслончык:

— Садзіся. Пагаварыць трэба.

Здзіўленая i крыху спалоханая, Поля паслухмяна села.

— Давай, — кіўнуў Данік Сашы: яны так дамовіліся, што гаварыць будзе яна, яе Поля спакайней выслухае, а на яго можа адразу накінуцца.

Саша села побач, плячо ў плячо, паклала руку на калена сястры.

— Слухай, Поля, што мы табе скажам. Не палохайся. Не злуйся. Ты ў нас была за маці, ты нас выгадавала, i мы цябе любім, як маці. Але тут справа такая… Зразумей нас… Мы з Данікам камсамольцы, i мы не маглі інакш… — Яна панізіла голас да шэпту. — Мы звязаны з партызанамі…

— I ты?! — здзівілася Поля, але не закрычала, не заплакала, a толькі сумна паківала галавой. — Што вы сабе думаеце! Ну няхай гэты сарвігалава… A ў цябе ж малое дзіця…

Такія спакойныя Поліны словы падбадзёрылі Сашу i Даніка, бо чакалі яны горшага.

— Поля, — зноў таямніча зашаптала Саша, — партызанскае камандаванне дало нам задание… прытуліць у сябе… у нас у хаце раненага камісара… Яму зробяць дакументы на Пецю… Быццам яго з лагера адпусцілі…— Тлумачыць далей у яе не хапіла сілы. Яна змоўкла, i ў напружанай цішыні, у якой было чуваць, як легка патрэсквае кнот газнічкі, яны чакалі, што адкажа старэйшая сястра. Поля маўчала. Данік сачыў за яе вялікім ценем на белай сцяне грубкі. Там адбілася ўсё: як яна ўздрыгнула, як адхіснулася ад Сашы, потым прытулілася зноў, як пачала павольна i панура нахіляцца яе галава.

Нарэшце Поля цяжка ўздыхнула. I яны зразумелі, што яна — ix саўдзельніца, ix верны таварыш па барацьбе.

Саша, адчуваючы, што вось-вось не стрымаецца i заплача, прытулілася тварам да яе пляча.

Данік па-мужчынску проста пахваліў:

— Малайчына ты ў нас, Поля!

VI

Ён прыехаў адвячоркам.

Фурман у аблезлым кажушку спыніў худога каня каля крайняга калодзежа, недалёка ад школы, дзе размяшчаліся паліцэйскія. Ён памог вылезці з саней чалавеку ў шынялі, у летняй фуражцы, з абмоткай на шыі замест шаліка, падаў яму мыліцу i амаль пусты рэчавы мяшок. Інвалід сунуў яму нейкія грошы, i фурман павярнуў каня назад.

Чалавек астаўся стаяць пасярод вуліцы, абапіраючыся на мыліцу. Левая нага яго была абута ў стаптаны кірзавы бот, на правай тоўста накручаны брудныя анучы.

Убачыўшы каля калодзежа старую, што з жаночай цікаўнасцю намагалася пазнаць салдата, ён пакульгаў да яе.

— Скажыце, дзе хата Фёдара Траянава? — спытаў ён.

— А вунь пятая адгэтуль… Вунь, дзе вялікая таполя…

— А Саша… Саша ix тут… дома?

— Саша? А Божачка ты мой! — адразу здагадалася i загаласіла жанчына. — Даражэнькі ты мой! Тут яна, дома твая Сашачка!.. З дочачкай роднай! А гаротны ты мой!..

«Ён ажно пахіснуўся», — раеказвала пасля жанчына, яна хацела падтрымаць, правесці, але ён падзякаваў i «не пайшоў, не пакульгаў, а трушком пабег, хоць i на адной назе».

Праз пяць мінут паўвёскі ведала, што прыйшоў без нагі муж Сашы Траянавай.

Данік назіраў з вышак сваёй хаты, праз шчыліну ў страсе. Калі чалавек стаў набліжацца, ён саскочыў адтуль i паведаміў сестрам:

— Прыехаў! Ідзе…

Сашу, якая лічыла, што падрыхтавала сябе належным чынам да сустрэчы з гэтым чалавекам, ахапіў нейкі незразумелы страх. Яна замітусілася па хаце, не ведаючы, што рабіць, куды дзець сябе, схапіла Ленку, але адчула, што рукі трасуцца, i передала малую Полі, якая сядзела за калаўротам. Паспрабавала наводзіць парадак, перастаўляць рэчы, папраўляць падушкі.

Поля сказала:

— Не трэба, Саша.

А што трэба? Што трэба ёй рабіць? У скронях балюча стукала кроў, ажно зялёныя кругі паплылі перад вачамі. Як яна скажа яму, чужому, незнаёмаму: «Ты, Пеця», як сустрэне яго?

Калі рыпнулі вароты, яна застыла пасярод хаты як каменная, баючыся паварухнуцца, баючыся хоць на міг адвесці вочы ад дзвярэй. Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў яе гарачай галаве: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем?

Вось адчыняцца зараз дзверы, i зойдзе ён… Не, не, гэтага не можа быць, не павінна быць! Яна не жадае, каб ён быў у палоне, каб ён вярнуўся цяпер, калі ідзе бой за Маскву, за жыццё. Розумам яна не жадала яго звароту, а сэрца, дурное бабскае сэрца, замерла ў чаканні…

Дзверы адчыніліся, i… Саша ўскрыкнула, спалохаўшы Полю i Даніка.

На парозе стаяў Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.

Саша адразу пазнала яго.

Ён акінуў хуткім позіркам прысутных — добра, што ў хаце не было нікога чужога! — зачыніў дзверы i пакульгаў да Сашы, якая стаяла нерухома, ашаломленая, разгубленая: як прыняць чалавека, які некалі дамагаўся яе кахання? Поля насцярожана ступіла насустрач яму, як бы жадаючы загарадзіць малодшую сястру.

Ён спыніўся перад імі i, не вітаючыся, аднак не зводзячы яснага i смелага позірку з Сашы, ціха сказаў:

— Паверце, Аляксандра Фёдараўна, што толькі сёння, калі мне расказалі падрабязна, назвалі ваша дзявочае прозвішча, я здагадаўся… зразумеў, што гэта — вы. Калі вам вельмі непрыемна, я заўтра ж пайду, дазвольце толькі пераначаваць. — Ён апусціў вочы i схіліў галаву: ісці яму не было куды. — Вы скажаце, што я пайшоў праведаць сваіх бацькоў…

Поля зразумела, што гэта ўсяго толькі знаёмы, i, з палёгкай уздыхнуўшы, зірнула на Сашу.

«Чаму ж ты маўчыш? Скажы чалавеку слова!» — гаварыў яе позірк.

Саша схамянулася i працягнула руку:

— Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.

Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, i пахіснуўся. Поля падтрымала яго:

— Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся.

Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму.

Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але i паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:

— Здароў, Пеця!

Лялькевіч павярнуўся i адразу ж радасна абняў Даніка.

— Здароў, Данік, здароў, дарагі!..

Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь i Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца i расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася — заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла на лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю i таксама праслязілася. Слёзы ix аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана — прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад i ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парогa, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік i тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў:

— Ксана! Сашын муж прыйшоў… Пеця! З лагера!..

Маладая жанчына, якая, пачуўшы гэту навіну на вуліцы, прыбегла, каб пераканацца самой, ад нечаканасці выпусціла з рук сіта, яно пакацілася цераз усю хату пад ногі Сашы.

Аксана нясмела, сарамліва падышла, працягнула чырвоную, загрубелую руку:

— Добры дзень, Пеця. Ca зваротам вас… Шчаслівым…

Няхай будзе шчаслівы…

Потым кінулася да Сашы, абняла i залілася слязьмі. Убачыла чужыя радасць i гора — успомніла сваё: забітага немцам! свёкра, мужа, які невядома дзе цяпер, можа, даўно снег укрыў яго белыя косці.

Саша разумела, што ёй трэба адказаць слязьмі i нейкімі словамі. Але не было ні слёз, ні слоў. У гэты момант заплакала ў калысцы Ленка. Поля ўзяла яе i пад несла «бацьку». Ён пацалаваў i ціха сказаў:

— Дачка мая.

Саша ўздрыгнула, пачуўшы гэта. Яна забылася на Аксану, на яе слёзы, уся неяк сціснулася, напружылася i раўніва сачыла за кожным рухам Лялькевіча, гатовая ў любую хвіліну кінуцца i адабраць у яго дзіця. Якая яна яму дачка! Але Уладзімір Іванавіч як бы адчуў гэта i хутка перадаў малую Полі. Саша ўздыхнула, успомніла сваю ролю i пацалавала суседку ў мокрую шчаку.

— Супакойся, Аксана. Такі наш лес жаночы.

— Ксана, — звярнулася да яе Поля, — ты пазычыш мне?.. — Яна не сказала — чаго. — Госця сустрэць. Можа, калі-небудзь разжывёмся…

— Полечка, родная, про што ты кажаш! Усё, што ёсць у маёй хаце! Усё! Разам жыць — разам гора перажыць…

Поля i Аксана хутка выйшлі.

Данік хітра ўсміхнуўся камісару:

— «Полечка, родная, пра што ты кажаш!» Усё, чым мы сустракаем госця.

Яны асталіся адны, калі не лічыць Ленку. Хвіліну маўчалі.

«Чаму ён маўчыць?» — нервавалася Саша. Але каб яна не баялася глянуць, то здагадалася б, чаму ён маўчыць. Пасля непасільнага для раненага напружання i душэўнага хвалявання камісару стала блага. Збялелы, ён прытуліўся галавой да сцяны, баючыся страціць прытомнасць. Не, i на гэты раз ён перамог сваю слабасць, выцер рукавом халодны пот на лбе, ціха папрасіў:

— Аляксандра Фёдараўна, дайце, калі ласка, вады.

Яна глянула i ахнула:

— Вам нядобра?..

Ён піў, i зубы яго стукалі аб конаўку. Цяпер яна стаяла побач, уважлівая, чулая, забыўшыся на свае пачуцці.

— Можа, ляжаце?

— Не, нічога. Прайшло. — Ён вінавата ўсміхнуўся. — Аляксандра Фёдараўна, я хачу, каб вы паверылі, што я нічога не ведаў… Для мяне гэта вельмі важна.

— Уладзімір Іванавіч, навошта вы так? Чаму вы думаеце, што я не веру вам? Вы як бы засцерагаеце мяне ад нечага, i выходзіць, што вы самі не верыце мне. Зразумейце, для мяне гэта задание арганізацыі, ваша…

— Толькі не мае…

— Партызан! А вы ix камандзір. Глядзіце на мяне як на партызанку, якая выконвае ваша задание. Так мне лягчэй будзе. Вы — камандзір, я — ваш баец. Аб усім іншым я сама буду думаць. Аб сваёй дачцэ, аб сваім мужу…

Ён схіліу галаву:

— Я разумею вас. Дзякую вам.

Саша нахмурылася.

— Завошта дзякаваць? Я нічога яшчэ не зрабіла. — I, жадаючы перавесці размову на іншую тэму, яна спытала: — Даўно вас ранілі?

— На свята. Мы вырашылі паднесці ім «святочны сюрпрыз». Наляцелі на Зубраўку, там у ix складбоепрыпасаў. Склад мы запалілі… Але на станцыі чамусьці апынуліся танкі. Гітлераўцы кінулі ix наўздагон нам. Танкі білі з гармат. I мяне — асколкамі…

— Скажыце, многа ў вас там людзей, у лесе?

— Многа. — У ягокарых вачах успыхнула ледзьпрыкметная ўсмешка. — Вы маеце на ўвазе наш атрад? Але хіба наш атрад адзін? Атрады ўсюды, у кожным раёне, у кожным лесе. Яны растуць, як грыбы.

Саша даверліва наблізілася:

— Вось добра! Трэба, каб пра гэта ведал i людзі. А то мы сядзелі тут, што ў цемры. Нічога не ведалі, нічога не бачылі. Пакуль хлопцы не звязаліся з вамі. Вы не ўяўляеце, як гэта страшна. Якія цяжкія думкі з'яўляюцца.

Вочы камісара раптам загарэліся дзіўным агнём, ён азірнуўся на вокны i схапіў Сашу за руку. Яна хацела адняць руку, але ён цягнуў яе да сябе.

— Слухайце, Аляксандра Фёдараўна! Вам… вам першай… я скажу навіну… Шчаслівую навіну. Пазаўчора па радыё прынялі…

Пачуўшы гэта, Саша паслухмяна села на лаву, побач з ім, не аднімаючы больш рукі, якую ён сціскаў усё мацней i мацней.

— Нашы разграмілі немцаў пад Масквой. Чуеце, Саша? Разбілі! I гоняць прэч гадаў. Тысячы трафеяў! Тысячы палонных!.. Вось пра гэта трэба, каб народ як мага хутчэй даведаўся! У маім шынялі зашыта некалькі лістовак. Мы ix размножым…

Нехта застукаў у сенцах. Яны спынілі размову, i Саша хутка адышла да калыскі. Радасна ўсхваляваная навіной, яна падумала, што чалавек гэты прыйшоў сюды не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны, але i каб працягваць барацьбу, кіраваць імі, маладымі падпольшчыкамі.

Праз гадзіну-паўтары, калі добра ўжо сцямнела, у хаце сабраліся Аксана, дзядзька Раман з жонкай, сусед Хвядос, які месяцы два таму назад прыйшоў, ранены, з акружэння, дзве суседкі-бабулі. Жанчынам хацелася пабачыць Сашынага мужа, мужчынам — чалавека, які вярнуўся з лагера палонных. На стале, засланым святочным абрусам, тым, што ткала яшчэ нябожчыца маці ў пасаг дочкам, стаялі талеркі ca скрылькамі сала, міскі з гуркамі, капустай, бульбай, ад якой да самай столі падымалася пахучая пара, дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха.

Спачатку ўсе паводзілі сябе стрымана, паважна, як належыць у такіх выпадках. Мужчыны, увайшоўшы ў хату, віталіся з «Пецем» за руку, цёткі цалаваліся з Сашай i пла», калі. У тыя чорныя дні ў жанчын хапала прычын, каб паплакаць.

За стол селі не ўсе: суседкі ад запрашэння ветліва адмовіліся i прымасціліся на лаве. Дзядзька Раман, чалавек дасціпны, бывалы, узяў сабе ролю гаспадара, па вясковых законах у яго на гэта было маральнае права: Саша — яго хросніца. Шклянак было ўсяго дзве, i дзядзька Раман наліў у першую чаргу сабе i «Пецю».

— Ну, сынок, за тое, каб нам жыць i жыць, на злосць супастатам. Не гаруй, што без нагі… Кажуць, чаму бываць, таго не мінаваць. Судзьба. Я вось з пятнаццатага года на дзеравяшцы… Таксама ад ix снарада. — Ён кіўнуў галавой у акно.

Саша, якая насцярожана сачыла за ўсім, убачыла, як уздрыгнулі ў Лялькевіча бровы i задрыжала рука. «Навошта дзядзька суцяшае? Каму легка ў дваццаць пяць год аставацца калекам? Навошта пра гэта напамінаць?»

А дзядзька не сунімаўся:

— Але нічога, брат, як бачыш, жыву. Была б галава на плячах. A ў цябе яна ёсць. Чалавек ты вучоны. Тэхнік. Мы з табой яшчэ не адну дарогу пабудуем, на злосць супастатам. Дык будзьма ж!..

Саша не садзілася. Поля ўступіла ёй абавязкі гаспадыні, i яна завіхалася па хаце, шукаючы сабе работы i стараючыся менш быць на святле — над сталом гарэла Аксаніна лямпа. Саша калыхала дачку, падавала капусту, падкідвала дровы ў печ, дзе варыўся другі чыгун бульбы. Калі выпілі ўсе, хто сядзеў за сталом, Саша паднесла пачастунак суседкам. Бабулі хрысціліся i казалі аднолькавае пажаданне:

— Няхай табе Бог шчасця дае. Каб шчасліва жылося вам…

Прыгублівалі для прыліку, выціралі рагамі хустак вусны i адмаўляліся ад закускі.

У Сашы ад ix простых i шчырых слоў балюча сціскалася сэрца. «Каб нам шчасліва жылося? Бабулькі, родныя, каб вы ведалі, хто мы! Але так трэба… Так трэба!»

Мужчыны не саромеліся закусваць, але больш налягалі на гуркі i бульбу, бо ведалі, што сала ў гэтай сірочай хаце не сваё — пазычанае.

Лялькевіч выпіў, з'еў гарачай бульбы, i бледны твар яго пакрыўся нездаровымі чырвонымі плямамі.

— Што, братка, кажуць, страх што робіцца ў гэтых лагерах? — спытаў Хвядос, з жахам думаючы, што ён таксама мог трапіць туды.

— Ды ўжо ж вядома, у палоне — не ў цешчы ў гасцях, — стрымана адказаў Лялькевіч, зірнуўшы на Даніка, які адзін за ўсіх апетытна ўплятаў сала.

— Кажуць, раненых ды хворых яны канчаюць там, душагубы праклятыя, — азвалася цётка Ганна, Раманава жонка.

Лялькевіч кінуў позірк на Сашу. Яна стаяла ля калыскі i ў сваю чаргу глядзела на яго, разумеючы, як нялёгка адказваць яму на такія словы: трэба захаваць асцярожнасць i ў той жа час не здацца гэтым добрым людзям чужаком, не страціць ix давер.

Ён уздыхнуў:

— Розныя i сярод ix ёсць. Некаторыя на вайне звярэюць.

— Ох, звярэюць. Горш за звяроў робяцца, — не стрымалася зноў Ганна.

— A ўвогуле, ёсць міжнароднае правіла, як адносіцца да палонных, — змякчыў Лялькевіч свае i цётчыны словы.

— Эх, братка ты мой! — махнуў рукой Раман. — Правіла ты хацеў ад гэтых супастатаў! Бачыў ты ў ix правіла?

— Дачка мая Прося, што ў Баршчоўцы замужам, расказвала… — умяшалася ў размову адна з бабуль, што дагэтуль маўкліва сядзела на лаве. — У тую нядзельку прыходзіла адведаць мяне. Дык яна расказвала. Вялі гэтыя ірады паўз ix сяло, можа, тысячу нашых салдацікаў… Вывелі на луг i ўсіх палажылі, саколікаў. Завошта? Божачка ты мой! КольKi крыві людской льецца!

Мабыць, адчуўшы, што размова набывае не зусім пажаданы ў такіх умовах характар, Хвядос спытаў:

— I многіх яны адпускаюць?

Лялькевіч вырашыў: лепш няхай падумаюць блага аб ім, чым адразу наклікаць падазронасць паліцыі. Хто-небудзь з жанчын па наіўнасці сваёй раскажа, якія размовы вяліся ў дзень яго прыезду, — i ён можа аказацца пад наглядам, а гэта вельмі i вельмі непажадана.

— Многіх, — адказаў ён. — А што ім цяпер баяцца? Кажуць, Маскву ўзялі…

Але атрымалася горш.

— Маскву? — ажно страпянулася Аксана. — I вы паверылі? Брэшуць яны, як сабакі! Яны яшчэ перад святам крычалі пра гэта… А я сама чытала…

Данік азірнуўся на вокны.

Поля тузанула суседку за рукаў:

— Ксана!

Дзядзька Раман хуценька схапіўся за пляшку:

— Вып'ем, браткі, яшчэ па адной. Вып'ем, на злосць…

Забулькала самагонка.

Заскрыпеў кручок на столі, за які была падвешана калыска — Саша гайданула яе мацней, чым звычайна.

Аксана таксама зразумела, што сказала залішне, i схапіла налітую дзядзькам шклянку:

— Вып'ем, мужчынкі! Вып'ем, бабы! Саша! Чаму ты ад нас хаваешся за печ ды за люльку? Хадзі да стала! Сядай побач з мужам, мы паглядзім, якая вы пара. Ці падыходзіце вы адно аднаму?

Астатнія жанчыны, сваячкі i суседкі, падтрымалі яе:

— Праўда, Саша. Што ты яе ўсё калышаш? Спіць дзіця i няхай спіць. A ў печы Поля паглядзіць. Сядай.

I нават Данік таксама сказаў паважна, сур'ёзна:

— Сядай, сястра.

Аксана падхапілася, абняла яе, прывяла да стала. Ёй далі месца побач з «мужам». Яна села, сцішаная, нясмелая, нязграбная. A ўсе ў вёсцы ведалі яе як самую вяртлявую, дасціпную, вясёлую дзяўчыну. I яе палохала ўласная скаванасць: убачаць ix побач i адразу зразумеюць, што ніякія яны не муж i жонка. Саша, панурыўшыся, глядзела ў шклянку з мутнай вадкасцю, якую ёй нехта падсунуў.

— Саша, падруга ты мая дарагая! Гляджу я на цябе i дзіўлюся: быццам не рада ты, што вярнуўся твой Пеця. Божачка мой! Ды няхай бы мой Іван вярнуўся без нагі, без рукі, я на руках яго насіла б, як дзіця. Але хто ведае, ці вернуцца нашы. Можа, мы даўно ўжо ўдовы i дзеці нашы сіраты. — I Аксана залілася слязамі, а следам за ёй i іншыя жанчыны.

Саша падняла галаву i глянула на Лялькевіча, позіркі ix сустрэліся. У яго запалых вачах бліснулі расінкі слёз. Ён выцер ix пальцамі. Саша кіўнула яму, як блізкаму чалавеку, i працягнула сваю насавую хустачку. Ён узяў яе i выцер вочы. Удзячна ўсміхнуўся ў адказ i падняў шклянку, моўчкі запрашаючы выпіць. Саша паказала позіркам на калыску: нельга, мне карміць дачку.

— Нічога, Сашачка, спаць лепей будзе ваша Ленка, — падтрымала яго запрашэнне цётка Ганна.

Яны выпілі. За гэтай ix нямой размовай пільна сачылі ўсе прысутныя, i яна расчуліла i ўзрадавала гасцей. Значыцца, паміж Сашай i «Пецем» усё як мае быць, i абодва яны вунь як рады, ажно слоў не знаходзяць, каб выказаць сваю радасць. I ўсім стала хораша ад гэтага. Усе весела загаманілі, пачалі выпіваць. Цётка Ганна, відаць, трохі ап'янела. Ёй захацелася пацалаваць «Пецю». Яна цераз стол пацалавала яго худую калючую шчаку. I новая думка асяніла яе.

— Сашачка! Мы ж на тваім вяселлі не былі. Дык няхай жа сустрэча гэтая i будзе вяселлем для нас, бо што ў вас там раней было, мы не ведаем…

У Сашы заняло дух i самлелі рукі ад гэтай новай выдумкі i прапановы. Праўда, дзядзьку Раману не спадабалася.

— Што ты мелеш, жонка! Якое табе яшчэ вяселле!

— А якога ты хацеў цяпер? Сабраліся людзі, радуюцца, што сустрэліся маладыя, можа, ix шчасце вярнулася — вось табе i вяселле!

Аксана, як толькі пачула пра вяселле, выцерла рогам хусткі вочы i разам са слязамі як бы сцерла з твару ўвесь смутак i гора: кінула гарэзлівы позірк на «жаніха» i «нявесту», пляснула ад задавальнення рукамі.

— Праўду кажа цётка Ганна! — Узяла шклянку, прыгубіла i зморшчылася, закруціла галавой. — Ой, горка!

Ганна i суседкі-бабулі адразу падтрымалі яе:

— Горка! Горка!

Саша адчула, як да шчок, да вушэй хлынула кроў, запульсавала ў шыі, у скронях, a ў грудзях стала пуста i холадна. Яна адчувала, што Лялькевіч глядзіць на яе, чакае, i баялася ўзняць вочы. З-за яго спіны Данік моцна штурхануў яе ў бок; брат загадаў: рабі што трэба!

— Божачка мой! — засмяялася Аксана. — Дзіця нарадзіла, а саромеецца, як малая!

Лялькевіч устаў, абапіраючыся на стол. Данік штурхануў сястру другі раз. Тады Саша таксама паднялася, рашуча паклала рукі на яго плечы, але глянуць у вочы не адважвалася. Убачыла, што на гімнасцёрцы ў яго армейскія гузікі з зоркамі, i падумала, што гузікі трэба замяніць на звычайныя, каб часам які-небудзь п'яны паліцай ці немец не прычапіўся. За гэтай старонняй думкай яна амаль не пачула, як ён пацалаваў — ледзь дакрануўся да яе вуснаў. Але жанчыны весела зашумелі, i Саша, схамянуўшыся, глянула на ix дзёрзка, смела i таксама засмяялася. З гэтага моманту яна пачала іграць ролю жонкі зусім натуральна.

Цётка Ганна заспявала вясельную:

Ой, ляцелі гусачкі цераз сад,
Крыкнулі, гукнулі на ўвесь сад…
Падхапілі жанчыны. Заспяваў Лялькевіч, за ім — Саша.

Не скончылі адну песню, як часта гэта бывае ў бяседзе, — адна з суседак зацягнула другую, працяжную i сумную:

Ляцяць, ляцяць шэрыя ryci цераз сад,
Вядуць, вядуць сіротачку на пасад…
Саша не ведала слоў гэтай старой песні. Лялькевіч успомніў, што песня занадта жаласлівая, што Сашу, якая расла без маці, яна можа засмуціць, а таму, перапыніўшы жанчын, заспяваў іншую:

Як сарву я ружу-кветку
Ды пушчу на воду…
Магчыма, на нейкі момант людзі забыліся, што недзе лютуюць вайна i смерць. Ім захацелася хоць хвілінку нейкую пабыць там, дзе заўсёды славяць жыццё i маладосць, — на сапраўдным вяселлі. Колькі цудоўных, душэўных песень склаў народ аб гэтай падзеі — сумных, вясёлых, сур'ёзных, смешных! Колькі чароўнай прыгажосці ў вяселлі! Дык як жа не забыцца пра ўсе навалы, убачыўшы перад сабой маладых?

Толькі самы стары i самы юны не паддаліся гэтым чарам — дзядзька Раман i Данік. Яны сядзелі i маўчалі.

I сапраўды, забывацца не варта было: вайна вельмі хутка напомніла пра сябе — не паспелі нават праспяваць да канца песню. Яна з'явілася ў вобразе начальніка паліцэйскага атрада — Якіма Гусева.

Ён вырас на парозе нечакана, без стуку, без шоргату, як прывід, i засланіў сваёй дужай плячыстай постаццю ўвесь дзвярны праём.

Саша ўбачыла яго першая i… анямела. Яна нямала ўжо наслухалася, які гэта хітры, бязлітасны i страшны чалавек. У вёсцы хадзілі чуткі, што ён абрабаваў i забіў не то маці, не то родную сястру i за гэта меў дзесяць год. Немцы вызвалілі яго з турмы i зрабілі забойцу i рабаўніка «панам начальнікам».

Забыўшыся на ўсё іншае, Саша сціснула пад сталом калена Лялькевіча, папярэджваючы аб небяспецы. Ён зразу меў, што яна спалохалася, i пагладзіў яе руку, заклікаючы супакоіцца. Але Сашы не верылася, што з'яўленне гэтага чалавека не прынясе няшчасця. А раптам яму ўсё вядома? Што ім рабіць тады?

— О, ды тут вяселле! — выгукнуў ён сваім глухім, але моцным голасам. — Хлеб-соль!

— Дзякуй, просім да стала, — адразу, па-народнаму проста, натуральна адказала Поля.

— Просім! — падтрымалі яе жанчыны.

— Калі ласка, пан начальнік! — сказаў Данік i першы вылез з-за стала, даючы месца.

Данік адышоў да печы i стаў там. Саша глянула на брата i раптам зразумела, што ён узброены i гатовы да любых нечаканасцей. Гэта неяк адразу супакоіла яе.

Начальнік атрада падышоў да стала:

— Госць?

— Але, пан начальнік, адваяваў,— спакойна кіўнуў Лялькевіч пад стол, на свае ногі.— Вярнуўся да яе. — Ён паклаў на Сашына плячо руку. — Што калеку больш трэба? Дзякуй Богу, што жонка прыняла…

— Ведаю, — перапыніў яго Гусеў.— Чуў. Аднак, брат, служба. Мушу праверыць дакументы.

Камісар спакойна расшпіліў кішэню гімнасцёркі. Саша зноў убачыла гузік з зоркай i зноў адчула халадок пад сэрцам.

Гусеў разглядаў дакументы вельмі ўважліва, нават адну нейкую паперку паглядзеў на святло лямпы. Чытаючы, варушыў губамі i жмурыў адно вока. Вяртаючы дакументы, кінуў Сашы:

— Пашанцавала табе. Калі з галавой — будзеце жыць прыпяваючы.

Лялькевіч хутка наліў шклянку самагонкі:

— Чарку, пан начальнік. За знаёмства.

Гусеў паглядзеў на шклянку, як галодны воўк, ажно іскры ў вачах бліснулі (усе ведалі, што п'е ён страшэнна), ад спакусы лізнуў языком тоўстыя сінія губы, але перадужаў сябе i адмовіўся:

— Служба, брат.

— Не грэбуйце, пан начальнік, — загаманілі адразу бабулі, якія дагэтуль маўчалі, нібы вады ў рот набраўшы, моцна спалоханыя яго прыходам.

Ён адрэзаў катэгарычна, нават злосна:

— Не магу! — I, павярнуўшыся да дзвярэй, літасціва дазволіў:— Газуйце! Можаце гуляць пазней.

Хадзіць па вёсцы дазвалялася да дзевяці вечара.

Але хто мог гуляць пасля яго наведвання? Бяседа адразу разладзілася. Першыя са словамі: «Ой, Божачка, засядзеліся мы, не маючы сораму!» — разбегліся суседкі. За імі Хвядос. Асталіся Раман з Ганнай i Аксана.

— Вып'ем, Пеця, па апошняй, — уздыхнуў стары. — На злосць супастату. — Ён ледзь прыкметна кіўнуў на акно.

— Гад, — з нянавісцю прашаптала Аксана, маючы на ўвазе таго ж, на злосць каму прапаноўваў выпіць Раман.

Калi i гэтыя госці развіталіся, Лялькевіч з дапамогай Даніка перабраўся на ложак i ціха паклікаў Сашу:

— Аляксандра Фёдараўна! А цяпер успомніце сваю прафесію. Цяжкія ў вас абавязкі. Прабачце.

Саша пачала перавязваць яго i жахнулася: натруджаныя за дзень раны адкрыліся, кроватачылі. I адразу ў яе чулым сэрцы з'явіліся жаль i пяшчота да гэтага чалавека. Яна горача прашаптала:

— Родны вы мой! Як жа гэта вы? Яшчэ песні спявалі! Што ж вы раней не сказалі мне?..

Адрываючы бінты, яна ўбачыла, як ён збялеў, якія буйныя кроплі поту выступілі на лбе i скронях, але ён ні разу не заетагнаў, не войкнуў, толькі да крыві прыкусіў губу. З дапамогай Полі i Даніка яна прамыла, апрацавала раны, умела i хутка зрабіла перавязку. Калі змазвала ёдам губу, ён схапіў яе руку i прыціснуў да сваёй гарачай калючай шчакі i гэтак ляжаў, заплюшчыўшы вочы, без слоў, без рухаў, у парыве ўдзячнасці. Саша з мацярынскай ласкай пагладзіла яго стрыжаную галаву.

VII

На людзях Саша казала Лялькевічу «Пеця» i «ты». А самнасам яна звярталася гэтак жа, як тады, калі яны працавалі ў Заполлі, яна — фельчарам, ён — настаўнікам. Толькі без ранейшых жартаў, без весялосці, ca значна болыиай павагай: яна забывалася, што ён настаўнік, але заўсёды помніла, што ён — камісар атрада.

Аднойчы Лялькевіч сказаў ёй:

— Аляксандра Фёдараўна, ці не лепш нам увесь час казаць адно аднаму ты? А то не памыліцца б часам пры старонніх, не выдаць бы сябе!

Яна нічога не адказала на яго прапанову: адносіны ix аставаліся такімі ж, як у першы дзень, i ён, разумны, далікатны чалавек, больш ніколі не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён добра разумеў яе душэўны стан.

Сашы было цяжка. Да таго як прыехаў Лялькевіч, яна ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай, па-простаму, па-жаночаму пытаючыся: «Дзе наш тата, дачушка мая? Ці жывы ён? — i тут жа суцяшала сябе: — Жывы, жывы, Леначка! Сэрца мае чуе».

Было гора. Але яна штодзень бачыла Аксану i тых жанчын, у каго асталося па двое, па трое i больш дзяцей, i яе гора танула ў акіяне ўсенароднага гора, яе слёзы здаваліся кроплямі ў моры жаночых слёз. У цяжкай працы, у клопатах аб кавалку хлеба для сябе i блізкіх ёй удавалася гадзінамі не думаць пра Пецю. Збіраючыся разам, жанчыны часам жартавалі i смяяліся, расказвалі пра розныя вясёлыя здарэнні — не ўсё ж гаварыць пра вайну i ліць слёзы! — i ў такія хвіліны яны забываліся на тое, што кожная з ix перажыла i передумала бяссоннымі начамі, i гэтыя паўзы, гэтыя перадышкі аднаўлялі ix сілы, ix мужнасць i цвёрдасць.

Цяпер у Сашы не стала гэтых разрывай. Жанчыны смяяліся, а яна ні на момант не пераставала думаць, што недзе ў хаце ляжыць чалавек, якога усе яны лічаць яе мужам. Яна думала пра яго, бачыла Пецю. Заўсёды, уначы i ўдзень, на рабоце i ў часе адпачынку, кожную секунду яны абодва стаялі перад яе вачамі, i за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Часам жанчыны пыталіся ў яе з жартаўлівым намёкам:

— Як ён у цябе, Саша, акрыяў хоць трохі? Кармі яго лепей, не скупіся.

Яна любіла i разумела жарты, але гэты жарт вельмі балюча кранаў сэрца.

Неяк Уладзімір Іванавіч у ціхай размове, якую яны часам цяпер вялі ўвечары, сказаў Даніку:

— Слухай, Данік, ці нельга табе наладзіць «дружбу» з паліцаямі, так, як ты ладзіў з Кузьмою? Нам гэта можа спатрэбіцца.

Хлопец пашкроб патыліцу:

— Я, вядома, магу. Але ведаеце, Уладзімір Іванавіч, чаго я баюся? Што я раблю для нашай перамогі — таго вяскоўцы не ведаюць, не бачаць, а «дружбу» з паліцаямі адразу ўсе ўбачаць. Вернуцца нашы, а вас, можа здарыцца, не будзе блізка, атрада таксама, i возьмуць тады мяне за штаны свае ж людзі. Крыўдна гэта будзе вельмі.

Сашу надзвычай уразіў такі погляд брата ў будучыню, у тыя дні, калі, напэўна, кожны павінен будзе даць адказ калі не перад людзьмі, то перад уласным сумленнем, што ён зрабіў для перамогі.

У тую ж ноч, калі пагасілі каганец i кожны лёг на сваё месца, у яе бліснула гэтая страшная думка: вернуцца нашы, прыйдзе Пеця і… раптам ён не зразумее, не захоча зразумець, чаму яна прытуліла Лялькевіча, назвала мужам. Кажуць, рэўнасць асляпляе чалавека, робіць неразумным. Яна зноў прыгадала, як Пеця прыраўнаваў да гэтага ж Уладзіміра Іванавіча, калі ўбачыў ix разам на валейбольнай пляцоўцы, як ён сапраўды страціў тады розум i проці ночы пабег немаведама куды i ледзь не трапіў у абдымкі Любы. Што, калі ён зноў не зразумее, не паверыць, што толькі выпадак, выключны выпадак звёў ix разам? Як гэта будзе страшэнна крыўдна i абразліва!

«Не, — пераконвала яна сябе, — тады ён быў малады, неразумны, i нас нішто не звязвала. А цяпер ён сталы, ён сам пройдзе праз вялікія выпрабаванні i пакуты, i цяпер у нас дачка. Як жа ён зможа хоць на хвіліну ўсумніцца ў маёй сумленнасці i адданасці! Нарэшце, яму скажуць Поля, Данік, Уладзімір Іванавіч…»

Потым ёй стала цяжка не ад таго, што гэта можа здарыцца, што Пеця прыраўнуе, а ад таго, што ў яе з'явілася такая думка аб ім, якая нібы кідала цень на светлы вобраз мужа. Выходзіла так, быццам бы яна, Саша, кепска ведае бацьку сваёй дачкі i сумняваецца ў яго розуме, шчырасці, высакародстве. Праз гэта яна доўга пакутавала.

Партызаны перадавалі цераз хлопцаў медыкаменты, рыбін тлушч, i Лялькевіч пры добрым Сашыным i Поліным доглядзе хутка ачуняў, раны яго «гаіліся, як ад жывой вады», — жартаваў ён сам. Праўда, тлушч ён рэдка піў — аддаваў Ленцы: малой спадабалася прысмака, i шчокі яе за які-небудзь тыдзень прыкметна паружавелі. У вогуле яго адносіны да Ленкі таксама выклікалі ў Сашы незразумелую трывогу i рэўнасць. Вельмі ж ужо ласкавы i чулы быў гэты чужы чалавек да яе дачкі. Саша доўга пазбягала пакідаць Ленку з ім. Але гэта рабілі Поля i Данік, i камісар атрада цудоўна спраўляўся з нялёгкімі абавязкамі нянькі. Вярталася Саша, хапала дачку на рукі, а яна плакала i цягнулася назад, да ложка, на якім сядзеў ці ляжаў Лялькевіч. У Сашы балюча шчымела сэрца. I ў той жа час самую яе нейкая невядомая сіла цягнула да гэтага чалавека. Яна не памылілася, калі падумала, што ён прыйшоў не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны. Ён адразу ўзяў у свае рукі кіраўніцтва ix групай, цяпер уся дзейнасць маладых падпольшчыкаў накіроўвалася ім.

Але, відаць, не толькі ix групай ён кіраваў. Трымаючы шчыльную су вязь з атрадам, ён рабіў нешта значна большае… Недарма ўжо праз некалькі дзён паслаў ён Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданием. Праз яго Саша даведалася нарэшце, хто такі Стары, імя якога хлопцы ўтойвалі нават ад яе, члена арганізацыі.

Увечары перад Калядамі за акном ix хаты пачуўся моцны i прыгожы мужчынскі бас:

Шчадрую, шчадрую,
Каўбасу чую.
Дайце каўбасу —
Дамоў панясу,
Дайце другую —
Яшчэ пашчадрую…
Потым той жа голас выгукнуў на ўсю вуліцу:

— Хлопцы! Вы давайце далей, а я забягу ў гэтую хату. На каўбасу тут надзея малая, але хачу паглядзець, што за чалавек прыйшоў да Хведаравай дачкі. Кажуць, песні ведае. Можа, мы спеліся б з ім!

— Каваль наш. Дзівакаваты чалавек. Сам каваль, i прозвішча Кавалёў,— растлумачыла Саша Лялькевічу, які моўчкі ляжаў на ложку i прыслухоўваўся да шчадровак за акном. Яны толькі двое былі ў хаце. Саша гатавала вячэру. Занятая сваёй справай, яна не бачыла, як усміхнуўся камісар. Ды i цяжка было ўбачыць: хату толькі напалавіну асвятляў чырванаваты дрыготкі водбліск агню, што гарэў на прыпечку; кут за грубкай, дзе стаяў ложак, тануў у змроку.

…Сапраўды, калгасны каваль Аляксей Сафронавіч Кавалёў меў славу дзівака. Некалі ён служыў дыяканам. Але ў годзе трыццатым адмовіўся ад гэтай непрацоўнай прафесіі i пайшоў на завод кавалём. Тлумачыў свой пераход ён заўсёды жартам: «За голас мой i імя — «Аляксей — чалавек Божы» — бацька, паслухаўшыся папа, паслаў мяне вучыцца на «святога айца», спадзяваўся, што я мітрапалітам стану. Але ўратавала мяне ад духоўнага сану мае прозвішча, яно падказвала, што месца мае не ў царкве, a ў кузні».

Голас ён меў сапраўды моцны i прыгожы, акрамя таго, каваль быў добры музыка — граў на гармоніку i скрыпцы. А таму ўсё наваколле ведала яго не горш, як таго папа, бо ён быў госцем амаль на кожным вяселлі, на кожных радзінах i нават на многіх гулянках моладзі. Бывала, выйдзе ўвечары з хаты, пачуе, што недзе на другім канцы вёскі, а то i ў суседнім пасёлку моладзь спявае, паслухае — i да жонкі: «Эх, маці, хораша спяваюць! Збегаю падтрымаю».

Жонка, з якой ён жыў, як казалі, «душа ў душу», ніколі не пярэчыла, i гэты грузны мужчына, якому падбіралася пад пяцьдзесят, са спрытам юнака бег на спеў, каб «адвесці душу». За гэтае дзівацтва некаторыя лічылі, што ў каваля «не ўсе дома». Збівала яго з «нармальнага тропу» яшчэ адна «хвароба», якая, як ён сам тлумачыў, i прывяла яго з горада ў прырэчную вёску, — быў ён надзіва заядлы рыбалоў. За гэта i за вясёлы характар асабліва любілі каваля дзеці, яны заўсёды былі яго лепшымі сябрамі. Здаралася, што ў прыпар ламалася жняярка ці малатарня, прылятаў коннік у кузню, а каваля няма. Але кожны з вяскоўцаў ведаў, дзе i як яго шукаць — каля рэчкі, па галасах дзяцей.

…Каваль адчыніў дзверы ў хату і, замест звычайнага прывітання, грымнуў так, што ажно калыхнулася полымя на прыпечку:

— Раждзя-яство-о тва-аё-о, Хрысце-е, Бо-о-жа на-аш!..

Саша са смехам заціснула вушы; яна любіла гэтага

вясёлага чалавека, ведала, які ён жартаўнік.

— Дзядзька Аляксей, дачку разбудзіце.

Ён заціснуў далоняй рот.

— Прабачай, атракавіца. Забыўся. Мір дому сяму. — Зняў шапку, угледзеўся ў паўзмрок. — Кажуць людзі, добрага чалавека ты сабе прыдбала?

— Чалавек як чалавек, — усміхнулася Саша.

— Кажуць, песні ведае?

— Спявае часам. Пеця! — паклікала яна.

Зарыпеў ложак, стукнула мыліца — Лялькевіч выйшаў з-за грубкі на святло.

Каваль варухнуў рудымі кашлатымі брывамі, якія ранен у яго заўсёды был i падпаленыя, а цяпер адраслі, бо працы ў кузні не было, i неяк выпрастаўся, ад чаго здаўся яшчэ больш высокім.

— Вось ён які, твой чалавек! — Пачціва схіліўшы галаву, павітаўся выразна, па-руску: — Здравствуйте. Я тутэйшы каваль. Зайшоў пазнаёміцца.

Лялькевіч з цёплай усмешкай на твары працягнуў руку, як добраму знаёмаму:

— Добры вечар, Аляксей Сафронавіч.

Каваль кінуў на Сашу вясёлы позірк, імкліва схапіў руку камісара, моцна сціснуў, накрыў шырокай, як лапата, далоняй левай рукі i радасна пачаў трэсці.

— Рады, дарагі Уладзімір Іванавіч, што бачу вас паздаравелым. Дзякуй табе, Хведараўна, што выхадзіла чалавека.

Саша ад здзіўлення разявіла рот.

Павітаўшыся, яны адразу схаваліся за грубку, каб не было відаць з вокнаў, хоць заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластом намаразі. Аднак лішняя асцярожнасць не шкодзіла. Саша ўсё яшчэ нічога не разумела.

Лялькевіч, злавіўшы яе неўразуменны позірк, растлумачыў:

— Гэта той, Аляксандра Фёдараўна, каго хлопцы завуць Старым.

— Мне варта было б пакрыўдзіцца! Які я стары! — пажартаваў Аляксей Сафронавіч i, панізіўшы голас амаль да шэпту, пачаў дакладваць аб справе: — Значыцца, так, Уладзімір Іванавіч, каб не траціць часу… У Гомелі я быў, праўда, на завод не трапіў — немец арганізаваў там рамонт танкаў, паставіў варту… Але з людзей сяго-таго знайшоў… Мала сапраўдных людзей асталося — заводы эвакуіраваны, рабочы клас выехаў у тыл. Але чалавек трох знайшоў. Надзейныя людзі — дружбакі мае колішнія, з якімі я працаваў некалі. Арганізацыі ў ix пакуль што няма, але цяпер будзе, калі я ўсё ім расказаў… Людзі рвуцца помсціць. Галоўнае — зрабіць пачатак, каб было ядро. За гэтых людзей ручаюся.

— Добра. Няхай арганізуюцца вашы сябры. Будзеце трымаць з імі сувязь… Пасля звяжам ix непасрэдна з атрадам. З такіх груп мы павінны стварыць у горадзе моцную баявую арганізацыю. Такое ўказанне партыі. Добра, Аляксей Сафронавіч. Дзякую за ўсё.

— Няма завошта, Уладзімір Іванавіч. Усе служым трудавому народу.

Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену i слухала ix ціхую размову. У душы яе расло нейкае ўрачыстае захапленне: відаць, ад таго, што разам з імі такі чалавек, як каваль, i, напэўна, яшчэ ад таго, што камісар даверыў ёй тое, што хлопцы чамусьці хавалі, даверыў нават больш — надзвычай сакрэтныя планы. У вогуле з яго прыходам Саша адразу зразумела, сэрцам адчула, які велізарны размах набывае барацьба супраць ворага, як шырока яна разгортваецца. I гэта, нягледзячы на ўсе яе асабістыя перажыванні, радасна акрыляла, быццам яна паднялася высока-высока i ўбачыла шырокія прасторы, на якіх разгараўся агонь змагання. Мацнела яе вера ў блізкую перамогу. Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Цяпер кожны факт, які сведчыў пра разгортванне барацьбы, прыносіў ёй радасць. «Вы хацелі скарыць нас, паставіць на калені, дык вось вам — атрымлівайце!» — з нянавісцю думала яна пра акупантаў. Каваль-падпольшчык чамусьці ўзрадаваў яе.

Ён сядзеў на ляжанцы і, нахіліўшыся да Лялькевіча, які прымасціўся ніжэй, на ўслончыку, глуха бубніў (гаварыць шэптам ён не ўмеў):

— Думалі мы з хлопцамі, як вы раілі, каго яшчэ можна ўцягнуць у арганізацыю. Безумоўна, людзей добрых многа. Але я за асцярогу. Покуль што прапаную двух хлопцаў: Паўліка Катуха i Лёню Давыдзенку. Аляксандра ведае ix, — кіўнуў ён на Сашу. — За гэтых хлопцаў я ручаюся. Рыбаловы!

Лялькевіч прыглушана засмяяўся:

— Рыбалоў — найвышэйшая атэстацыя?

— Рыбаловы — мае лепшыя сябры. A сяброў сваіх я ведаю, Уладзімір Іванавіч.

— Добра. Прымайце. Але дамовімся так: пра тое, што ў арганізацыі Аляксандра Фёдараўна i Даніла, няхай новыя не ведаюць… Пакуль што.

— Данілу схаваць нельга.

— Трэба, пакуль не праверым людзей у баі. А што да Аляксандры Фёдараўны, то пра яе наогул, думаю, не трэба гаварыць усім членам арганізацыі.

— Значыцца, мне наканавана ўвесь час ад сваіх хавацца? — спытала Саша як бы ў жарт, але з прыкметнай ноткаи крыўды ў голасе.

— Ад немцаў, Аляксандра, — прагудзеў у адказ каваль. — Ад паліцаяў. А свае будуць ведаць. Не цяпер — пасля даведаюцца. Берагчы цябе мыбудзем, як вока… Не забывай, што ў тваіх руках — не адно тваё жыццё… I без таго ты робіш вялікую справу.

— Што я там раблю!

— Не кажы! Выратаваць, вылечыць, схаваць аднаго радавога савецкага байца — гэта ўжо, брат ты мой, подзвіг. А Уладзімір Іванавіч…

Саша ўбачыла, як Лялькевіч сціснуў калена каваля, i той змоўк.

Яны прыслухаліся да крокаў на вуліцы, да шчадровак.

— Не асуджаеш, Уладзімір Іванавіч, маю выдумку з шчадраваннем? — спытаў каваль пасля хвіліны маўчання i, не чакаючы адказу, растлумачыў: — Хацелася мне хлопцаў разам сабраць так, каб гэтыя ганчакі не западозрылі ні ў чым. Яшчэ тыдзень назад пайшоў я да Гуся, спытаў дазволу, ці можна аднавіць старыя народныя традыцыі. Ты думаеш, пень гэты сам вырашыў? Трасца! Паехаў да гаспадароў сваіх — немцаў… А там, відаць, хітры гад сядзіць: даў загад — аднаўляць i падтрымліваць усё, што звязана з рэлігіяй, з верай. Паліцаі гэта разнеслі па сяле. I ведаеш, які вынік? Вырашылі нашы бабулі адкрыць сваю царкву. А папа няма. Вось i з'явілася ўчора дэлегацыя да мяне — запрашаюць заняць гэтую высокую пасаду. Хо-о-о! — Каваль забыўся i рагатаў — быццам сыпануў бульбу аб падлогу.

Лялькевіч ляпнуў яго па плячы:

— Цішэй вы, гром пятроўскі! Што ж вы адказалі?

— Прыняў дэлегацыю з павагай і… дыпламатычна адмовіўся. Не маю права, кажу, я — расстрыга.

— I цяпер нельга паправіць?

— Што?

— Каб стаць вам папом?

Каваль вытрашчыў на Лялькевіча вочы:

— Чакай! Вы лічыце, што гэта нам патрэбна?

— Думаю, што не зашкодзіла б. Нашым людзям было б лягчэй прыходзіць да папа, а яму — ездзіць у горад, у суседнія вёскі. I наогул сустракацца з рознымі людзьмі, «паладзіць» з уладай. Не карысна хіба?

Каваль ляпнуў сябе далоняй па лбе:

— Ах ты, ліха мае! Як жа гэта я, такі мудрэц i хітрэц, не дадумаўся! Вось праўду кажуць, век жыві — век вучыся. Пабаяўся, што рыза мая не спадабаецца хлопцам. Яны любяць каваля i рыбалова… Добра, Уладзімір Іванавіч, паспрабую пачаць перагаворы…

Калі абмеркавалі падпольныя справы, каваль раптам прапанаваў:

— Давай спяём, Уладзімір Іванавіч, што-небудзь.

— Што вы! — Камісар нават разгубіўся ад такой нечаканай прапановы. — Пачуюць. Што падумаюць? У такіх умовах. Ды яшчэ перад святам.

— А мы так, каб ніхто не пачуў.— Каваль пасунуўся на ляжанцы да глухой сцяны i, не чакаючы згоды, ціха заспяваў:

За Сибіром сонце сходить…
Хлопці, не зівайте…
Лялькевіч не вытрымаў, падцягнуў:

Ви на мене, Кармелюка,
Всю надію майте!..
Так, напаўголаса, праспявалі куплеты два.

Аляксей Сафронавіч уздыхнуў, пахваліў, як той казак:

— Добра, сынку! Эх, ірвануць бы нам з табой на поўны голас! — I, нахіліўшыся да Лялькевіча, заспяваў яшчэ цішэй, без слоў, «Свяшчэнную вайну».

Сашу быццам удары л а токам — скалануўся, уздрыгнуў кожны нерв.

Гэтую песню яна ўпершыню пачула некалькі дзён назад: тут жа, у гэтым закутку, у такі ж вячэрні час, гэтак жа амаль шэптам Лялькевіч навучаў Даніка спяваць яе. I вось ужо спявае каваль. Не, не адзін ён! Спявае камісар — Саша чуе яго голас. I сама яна таксама спявае, суровая мелодыя гучыць у душы, у галаве, запаўняе ўсю яе істоту. Яна падышла да спевакоў, засланіла ix ад акна. Але песня змоўкла.

Аляксей Сафронавіч гнеўна прашаптаў:

Гнилой фашистской нечисти

Загоним пулю в лоб,—

i саскочыў з ляжанкі.

— Пара мне ісці. Хлопцы чакаюць. Каб яны часам не выбрыкнулі чаго-небудзь без мяне.

— Хлопцаў беражыце, Аляксей Сафронавіч, — з бацькоўскім клопатам папрасіў Лялькевіч.

* * *
Аднойчы Данік i Цішка ўскочылі ў хату вельмі ўзрушаныя. Данік цягнуў сябра амаль сілком. Той асабліва не ўпіраўся, але нагадваў раз'юшанага звярка: маленькі, у расшпіленым кажушку, у вялікіх стаптаных валёнках, ён выглядаў нейкім дзікаватым, натапыраным.

Лялькевіч i Саша насцеражыліся. Хлопцы ніколі гэтак не ўрываліся, яны наогул рэдка хадзілі разам, каб асабліва не выяўляць сваю дружбу, i ставіліся адзін да аднаго гэтак жа, як кожны з ix ставіўся да любога іншага свайго равесніка-аднавяскоўца.

Яныспынілісяўпарозе. Данік, задыханы, расчырванелы, кінуў позіркам, ці няма старонняга ў хаце, i адразу да Лялькевіча:

— Таварыш камісар! Скажыце вы яму… Вось жа дурань!

Цішка стаяў збялелы, пасінелыя губы яго перасмыкаліся як ад болю, а вочы гарэлі такім гневам, што Сашы стала страшна.

— Усё адно я застрэлю гэтага гада! Усё адно я заб'ю яго… Усё адно, — прашаптаў ён, выставіўшы сціснутыя кулакі.

— Не так трэба забіваць! — прыкрыкнуў Даніла. — Падпольшчык!

Лялькевіч зразумеў, што здарылася нешта вельмі сур'ёзнае, i па-камандзірску паказаў рукой у закутак паміж печчу i грубкай, які стаў месцам, дзе вяліся ўсе падпольныя размовы.

Хлопцы зайшлі туды, прытуліліся плячамі да сцяны.

Лялькевіч стаў насупраць ix, тварам у твар, шэптам загадаў:

— Дакладвай, Данік.

— Паліцаі арыштавалі Ганну з Рэпак. Нехта зноў данёс, што ў яе партызан начаваў… Вялі яе, а мы за крамай стаялі, сачылі. А тут дачка яе, Манька, гадкоў шэсць ёй, бяжыць следам, хапаеццаза кажух, крычыць: «Мама! Мамачка…»

Данік змоўк i як бы праглынуў нешта. A ў Цішкі вочы напоўніліся слязамі. Ён сарваў з галавы сваю аўчынную вушанку i закрыў ёю твар.

— Фашыст ён пракляты! Усё ад но я яго…

Данік з жарам перабіў Цішку:

— Ты яго! Ты нас праваліў бы, як эсэр які!

— Спакойна! — патрабаваў Лялькевіч. — Па парадку! Што было далей?

— Далей… гад гэты, бандыт Гусеў,— цяпер ужо i Данік ажно скрыгатаў зубамі,— як схопіць малую ды як шыбне ў снег… Быццам гэта не дзіця, не чалавек. Сволач ён! Ну, Цішка i не вытрымаў — за пісталет… Добра, што я ўбачыў… Я не ведаў, што ў яго пісталет… У нас была пастанова: удзень зброі не насіць. Навошта ён носіць, як анархіст які? Добра, што я ўправіўся схапіць яго за руку i вырваць гэтую рэч. — Данік дастаў з кішэні пісталет i працягнуў Лялькевічу. — Добра, што нас ніхто не бачыў, мы адны за крамай стаялі… Самі сябе выдал i б… Разумеет ты?

— Усё адно я заб'ю яго! — з дзіцячай упартасцю цвярдзіў сваё Цішка.

Лялькевіч прысеў на ўслончык.

— Саша, паглядзіце, калі ласка, каб нас ніхто не захапіў знянацку, — папрасіў ён.

Але Саша ўжо стаяла на варце: слухаючы ix размову, не спускала вачэй з акна, праз якое відаць была брамка.

Лялькевіч спытаў Ціхана стрымана, але сурова:

— Што ж гэта ты, герой, загубіць нас усіх захацеў?

— Не мог я, таварыш… — страпянуўся юнак. — Вы стаялі б спакойна, каб пры вас такое?..

— Нервы слабыя? А партызану, падпольшчыку трэба мець моцныя нервы. Вельмі моцныя! Ты ўяўляеш, што мог бы нарабіць твой стрэл? Ты — аднаго Гусева…

— Я ўсіх бы ix, чатырох…

— Дапусцім. А потым?

Ціхан змоўк.

— Ну, а потым? Потым што вы рабілі б?

— Уцяклі б, — няўпэўнена прашаптаў Цішка.

— «Уцяклі»! — перадражніў яго Данік. — Куды б ты уцёк?

— Сапраўды, куды можна ўцячы па такім снезе? Але дапусцім, што ўцяклі б. Вы маладыя, спрытныя… А мы? Фашысты адразу схапілі б тваю маці, сясцёр, мяне, Сашу. Ты падумаў пра гэта?

Ціхан ніжэй нахіліў галаву.

— Нічога ён не думаў! — дакараў сябра Данік.

— У нашай суровай барацьбе з такім страшным i бязлітасным ворагам самае галоўнае — дысцыпліна. А ты парушыў яе, парушыў пастанову арганізацыі — не насіць зброі. Па сутнасці ты парушыў клятву. Мала таго — у цябе няма вытрымкі. Значыцца, слабая сіла волі. A калі ты трапіш у яшчэ горшыя абставіны? Можам мы, твае сябры, быць упэўненымі, што ты не падвядзеш нас?

— Таварыш камісар!.. Ды я памру, калі трэба!..

— Памерці — самае лёгкае на вайне. Каб мы думалі аб смерці, чаго была б варта наша барацьба! Мы думаем аб жыцці, аб шчаслівай будучыні для сваіх блізкіх, для народа. Зразумейце, гарачыя галовы. Мы не адмаўляемся ад такіх стрэлаў, але цяпер наша асноўная задача — збіраць, згуртоўваць сілы для залпаў, для вялікіх залпаў, якія мы зробім неўзабаве па ворагу. Замест таго каб страляць, калі позна ўжо, трэба было падумаць пра Ганну раней. Чаму мы не ўпільнавалі гэтага дарагога нам чалавека, маці? Чаму мы не папярэдзілі?.. Якія партызаны да яе прыходзілі? З якога атрада? Нам павінна быць сорамна, што мы не ведаем. Сорамна i балюча…

— Яна не ішла на сувязь, — пачаў апраўдвацца Данік, зразумеўшы, што дакор гэты не аднаму Цішку, але ўсёй арганізацыі.— Мы спрабавалі наладзіць з ёй сувязь яшчэ ўвосень. Сам Стары займаўся. Але яна i яму не паверыла. Яна нікому не верыла. Мы вырашылі, што тады яна выпадкова пякла хлеб партызанам, а потым спалохалася, i больш да яе не падступіцца…

— Слаба, значыцца, мы ведаем, што робіцца ў вёсцы. А мы павінны ведаць усё: чым жыве, што думае кожны чалавек. A ці адна толькі Ганна такая? Перадай, Данік, Старому, каб ён памог схаваць яе дзяцей…

Саша ўздрыгнула, пачуўшы пра дзяцей. Няўжо немцы могуць крануць дзяцей? Так, яны ўсё могуць. Дагэтуль, слухаючы хлопцаў, яна без страху, разважліва думала пра тое, што з арыштам Ганны могуць выплыць на паверхню асеннія здарэнні — уцёкі партызана з калодзежа, смерць Кузьмы. Яна вырашыла сказаць пра сваю асцярогу Уладзіміру Іванавічу, каб ён на ўсякі выпадак меў на ўвазе. Калі ж успомнілі пра дзяцей, яе апанавала тое цяжкае пачуццё, ад якога яна страшэнна пакутавала, бо цяпер ёй здавалася, што толькi адна яна такая баязлівая, a ўсе іншыя страху не ведаюць. Наіўная жанчына! Яна не разумела, што сіла не ў тым, каб зусім не мець гэтага пачуцця (смерці баяцца ўсе), a ў тым, каб умець перамагаць страх і, перамагаючы яго, сумленна выконваць свой абавязак. Яна не хавала свайго пачуцця ад Даніка, Полі, нават ад чырвонаармейцаў i суседзяў, але цяпер — перад Уладзімірам Іванавічам — яна ніколі не выдасць свайго страху. Ніводным словам, ніводным рухам! Таму i пра апаску сваю вырашыла маўчаць. Але сам камісар усё помніў, усё ўлічваў!

— Да здарэння з Кузьмой не дакапаюцца? — спытаўся ён у Даніка.

— Не! — упэўнена адказаў хлопец. — Ніхто ж нічога не ведае. Абы маўчала цётка Хадоска. А яна будзе маўчаць! Яна набожная стала, дзень i ноч моліцца… Хіба толькі Старому можа паспавядацца.

— Асцярожнасць, таварышы, у падпольнай справе — аснова поспеху. Мы павінны ўсё бачыць i ўсё ўлічваць наперад. I берагчы сваіх людзей. A здраднікі… Гусеў гэты i іншыя… нікуды яны ад нас не дзенуцца, не схаваюцца ад народнага суда. Мы пакараем ix…

Ціхан, крыху ўтаймаваны суровасцю i бацькоўскай лагоднасцю Лялькевіча, зноў загарэўся помстай.

— Даручыце мне! Таварыш камісар!

— Ох, рызыкант! Хочаш, каб змянілі п'яных паліцаяў зондэркамандай? Каму ад гэтага стане лягчэй?

— Ніякай рызыкі не будзе! Я падпільную яго дзе-небудзь пад горадам, як ляснічага. Каб i не падумалі на нашу вёску.

— Праўда! — раптам падтрымаў Данік. — Дазвольце нам стукнуць гэтага гада. Няхай ведае, як кідаць дзяцей… піць кроў людскую.

— Як ляснічага, кажаце? A ці шмат гэта дасць цяпер нашай барацьбе? Я хачу, каб вы заўсёды ставілі сабе такое пытанне. I заўсёды помнілі: мы — не забойцы, мы — суддзі. Мы караем ад імя народа. I народ павінен ведаць, хто i завошта пакараны, a галоўнае — ведаць, кім пакараны. Кожны наш стрэл па ворагу павінен узнімаць новых барацьбітоў, папаўняць нашы рады. Я сказаў вам: Гусеву нашай кары не мінуць. Але я катэгарычна забараняю самавольныя анархічныя дзеянні! Я папярэджваю, што надалей буду сурова караць тых, хто парушае дысцыпліну, законы падполля. Майце на ўвазе гэта! Ясна?

— Ясна, Уладзімір Іванавіч, — ціха адказаў Данік.

— Пісталет у цябе, Ціхан, я забіраю, каб ты не нарабіў глупства. I на першы раз папярэджваю.

Юнак цяжка ўздыхнуў: шкада было расставацца з пісталетам, які ён знайшоў яшчэ тады, калі яны з Данікам збіралі зброю на месцы бітвы. Пісталет ужо неаднойчы паслужыў яму як зброя пометы за вялікія крыўды народа.

VIII

Можа, на адну хвіліну заснула Саша ў тую ноч i адразу ўбачыла сон. Бяскрайняе i роўнае-роўнае, без узгорачка, без куста, заснежанае поле. Яна ўзіраецца да болю ў вачах у гэтую белую роўнядзь i… раптам бачыць: па пол i ва ўсім белым паўзе чалавек. Яна пазнае Пецю. Ён працягвае да яе рукі, просіць дапамогі, нешта крычыць. Яна хоча закрычаць у адказ i… не можа — няма голасу. Яна бяжыць насустрач, але ўзнімаецца страшэнная віхура. Саша змагаецца з ветрам, выбіваецца з апошніх сіл, але з жудасцю заўважае, што віхура адносіць яе назад, яна не набліжаецца да Пеці, а аддаляецца ад яго. I ён астаецца адзін еярод гэтага страшнага поля.

Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай.

За акном шуміць вецер. Таполі ажно звіняць абледзянелым голлем, шоргаюць ім аб страху хаты. На шыбах шархаціць сухі снег.

«Гэта добра, што такая ноч», — успомніла яна словы Лялькевіча i адразу пачула яго самога: ён піў ваду каля дзвярэй, дзе стаяла вядро. Напіўся i асцярожна, без мыліцы, каб не стукаць, трымаючыся за лаву i за сцяну, пачаў прабірацца да ложка.

«Трэба ставіць яму ваду. Як гэта мы не здагадаліся?» — падумала Саша i шэптам паклікала:

— Уладзімір Іванавіч!

Ён не адказаў, стаіўся недзе на паўдарозе — хацеў схітраваць.

— Уладзімір Іванавіч! Можа, вам нездаровіцца, што вы ўжо двойчы п'яце ваду?

— Не, Саша, я здаровы. Мне проста не спіцца, i я тупаю па хаце.

— А я заснула.

— Вы крычалі ў сне.

— Я сасніла страшны сон. Бачыла Пецю. Ён поўз па полі.

— Вы думалі пра хлопцаў, як будуць яны паўзці да склада, таму вам прыснілася гэта.

Каля стала заскрыпеў услончык — Лялькевіч недзе там сеў.

— А мне, зразумейце, цяжка. Цяжка адчуваць сваю бездапаможнасць. Мне хочацца… мне трэба быць разам з хлопцамі. Яны такія маладыя i нявопытныя!

На ляжанцы ўздыхнула Поля — таксама не спала. Але яна нічога не сказала, таму i яны змоўклі.

…Дні трыназад каваль, які стаў-такі папом, заглянуў да Лялькевіча i сказаў:

— Іванавіч, хлопцы даўно замахваліся на хлебныя склады на станцыі. Немцы да ліха нарабаванага збожжа туды навезлі. Я доўга прыглядаўся i ўсё стрымліваў хлопцаў — небяспечна, не вельмі склады загарацца зімой. А цяпер ёсць магчымасць… Я сёння быў там, на пахаванні стрэлачніка. Магчыма, каб не выстаўляць дадатковы пост, немцы, дурні, падсунулі пад самы склад, на запасную каляю, бензацыстэрну. Адну «хлапушку» пад гэтую цыстэрну — i ўсё да Бога: i бензін i склад! Дарэчы, падае барометр, гудзяць ногі. Трэба чакаць мяцеліцы. Нам — на руку.

— Вось гэта ўжо будзе залп! Ён будзе далека чуваць i відаць, — сказаў Лялькевіч.

Дачакаліся дня, калі пайшоў снег, i позна ўвечары хлопцы рушылі на заданне. Пайшло пяць чалавек: Анатоль, Данік, Ціхан, Павел i Лёнік. Але план аперацыі абмяркоўвалі з камісарам толькі Данік i Цішка. Анатоль не прыйшоў з меркаванняў канспірацыі, а новыя члены арганізацыі, як было дамоўлена, нічога не ведалі пра Лялькевіча i Сашу.

Саша ведала ўсе дэталі гэтага плана. I станцыю, якая знаходзілася кіламетраў за дзевяць ад ix вёскі, за лесам, яна добра ведала. Таму яе ўяўленні былі такія яскравыя, быццам раскрыліся сцены хаты, расступіўся лес i яна ўсё бачыць наяве. Вось хлопцы выйшлі з лесу i па глыбокім снезе абходзяць пасёлак. Добра, што ідзе снег i замятае адразу сляды. Вось яны ляглі ў кустах на беразе ручая. Адгэтуль да склада нейкіх метраў трыста. Правяраюць зброю. Далей паўзуць толькі трое — Анатоль, Цішка i Данік, захутаўшыся з галавы да ног у белыя балахоны, пашытыя ёю, Сашай, з тых накрухмаленых, прапахлых нафталінам прасцін, якія набывала яшчэ ix нябожчыца маці ў пасаг дочкам. Каля штабялёў бярвення, што навалены па гэты бок чыгункі, якраз насупраць склада, астаецца Анатоль, узброены нямецкім аўтаматам: у выпадку чаго ён павінен прыкрыць адыход хлопцаў. Далей паўзуць двое — Данік i Цішка. Самае цяжкае — перабрацца цераз пуці. Але яны перабіраюцца. I вось ужо стаіліся за вуглом склада, чакаюць, калі вартавы-немец, які ходзіць вакол склада, наблізіцца да ix. Саша не хоча бачыць, як Данік ударыць яму ў спіну нямецкім кінжальным штыком, a Цішка адразу заткне рот, каб ён не закрычаў. Яна заплюшчвае вочы… i сапраўды прапускае гэты момант. Вось немец ужо ляжыць. Хлопцы падкладваюць пад бензацыстэрну міну i ўжо не паўзуць, а бягуць назад… Тонуць у гурбах снегу, падаюць, зноў падымаюцца… Хутчэй, хлопчыкі! Хутчэй! Каб снег замёў вашы сляды…

Саша разумев, што дарэмна яна ўяўляе ўсё гэта ўжо каторы раз за ноч. Калі ўсё добра, склады даўно гараць, а хлопцы вяртаюцца назад, падыходзяць дадому. Лепш заснуць, каб так не перажываць, каб хутчэй дачакацца брата.

I раптам — ціхі стук у шыбу з двара. Гэта — ён, Данік. Але стук такі трывожны, такі нецярплівы, што ў Сашы страшэнна закалацілася сэрца: гора. Яна ўміг саскочыла з печы. Гэтак жа хутка падхапіліся Поля i Лялькевіч.

Данік уваліўся белым прывідам, страшэнна задыханы, быццам ад самай станцыі бег не спыняючыся.

— Што здарылася? — спытаў камісар на парозе, схапіўшы хлопца за рукі.

— Ц-ці-шку р-ран-і-лі,— ледзь прамовіў ён і, задыхаючыся, глытаючы словы, пачаў расказваць: — Мы… як п-па плану… п-пад-п-паўзлі… А вартавога няма… Ляжым — няма… Стаім — нічога не чуваць… Мы падклалі міну — i б-бягом… А ён, відаць, спаў, зараза, у зацішку. Нам н-не трэба было бегчы. Мы — дурні. Ён пачуў, як мы пабеглі… прачнуўся. Убачыў, відаць, сляды — i ракету ўгору… Тут i пачалося: i ад моста, i ад станцыі. З кулямётаў як ударылі… Мы да штабялёў ужо дабеглі, дзе Толя чакаў, i тут Цішка войкнуў i ўпаў… Мы яго ў лес прынеслі. А што нам далей рабіць, Уладзімір Іванавіч? Памрэ Цішка, — зусім па-дзіцячы ўсхліпнуў знясілены юнак.

Лялькевіч ласкава абняў яго за плечы:

— Без'панікі, друг мой. Будзем ратаваць Цішку. Зробім усё, каб выратаваць яго.

— А склад гарыць, Уладзімір Іванавіч! — ужо больш бадзёра прамовіў Данік. — Мы толькі за пасёлак зайшлі, а яно як бухне! I як шугане! I цяпер яшчэ гарыць! З прасекі відно было зарава, калі завіруха трохі спала. А потым зноў закруціла…

— Куды яго раніла? — спытала Саша, адразу зразумеўшы, што нікому іншаму, а ёй трэба як мага хутчэй бегчы туды. Гэтак жа, як тады, кал i яна працавала фельчарам i калі яе вось так уначы выклікалі да хворага, яна вобмацкам пачала шукаць вопратку, на хаду ўспамінаючы, дзе што ляжыць.

Лялькевіч засвяціў газнічку.

— Але. Захапіце ўсё, што ў нас ёсць, — сказаў ён, убачыўшы, як імкліва яна збіраецца.

Саша камандавала, немнагаслоўна, ціха, але рашуча, патрабавальна, як добры хірург у часе аперацыі:

— Поля! Малако — у бутэльку! I вады! Дастаньце вату, у вас пад матрацам, — гэта Лялькевічу. — Данік! На грубцы шпрыц! Ды варушыцеся вы хутчэй! Божа мой! Якія маруды!

Лялькевіч таксама пачаў апранацца.

— А вы куды? — спытала Саша.

— Я — да Старога. Трэба, каб раніцой ён паехаў на кані… У папа знойдзецца прычына паехаць… Ён забярэ Ціхана i завязе за раку, у Рудню… Туды прыйдзе з атрада ўрач. Зробіць аперацыю.

— Не трэба вам хадзіць! — ціха, але цвёрда сказала Саша. — Няможна!

Лялькевіча i здзівіла i ўзрадавала гэтая ўладнасць яе. Маўклівая ў апошні час i як бы трохі інертная i абыякавая, яна ў напружаную, адказную хвіліну выяўляла ўсю сваю душэўную сілу, мудрасць i асцярожнасць. Ён гэта зразумеў i не стаў пярэчыць. Але хто скажа кавалю? Ён падумаў — яна адказала:

— Мы самі скажам! Усё адно трэба ісці ў абход, па Аднабочцы. Не пойдзем жа мы паўз школу, дзе паліцаі. Данік забяжыць i скажа.

— Добра, — згадзіўся Лялькевіч, скідаючы кажух i звяртаючыся да Даніка: — Скажаш Аляксею Сафронавічу: завезці ў Рудню, да старасты Мірона. Гэта наш чалавек…

Саша была ўжо каля дзвярэй, яна выходзіла імкліва, гэтак жа, як i збіралася, каб не траціць дарэмна ніводнай хвіліны.

Лялькевіч пажадаў:

— Шчасліва вам.

Яна спынілася, быццам штось забыла. Потым гэтак жа імкліва вярнулася назад, ускочыла на ляжанку i пацалавала на печы дачку. Саскочыўшы на падлогу, пагасіла газніцу. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата i сястру.

На дварэ гуляла завіруха. Толькі адчынілі дзверы — у вочы сыпанула сухім снегам. Вецер звінеў галінамі абмёрзлага клёна, скуголіў i свістаў у шчылінах паркана, у дзіравай страсе хлява. Недзе ў суседа назойліва i непрыемна рыпелі вароты. За шашой глуха стагнаў бор.

З маленства Саша слухала i любіла шум блізкага лесу, у бязлесным Заполлі яна сумавала па ім, але цяпер, у глухую ваенную ноч, шум гэты здаўся ёй цяжкім стогнам. Недзе там, сярод лесу, ляжыць ранены баец, таварыш па барацьбе. Хутчэй жа да яго!..

Данік схапіў яе за плечы каля брамкі:

— Куды ты?

Яна не разумела.

— Ісці па вуліцы? Што ты! Ты ведаеш, як неспакойна цяпер спяць людзі? Хто-небудзь убачыць. Хадзем гародамі. На, — i ён працягнуў ёй белы настольнік, які невядома калі захапіў з дому, — накрыйся!

Вецер біў у твар, зрываў настольнік, напінаючы яго, як ветразь. Ногі глыбока правальваліся ў снезе, i Саша спатыкалася, падала, перапаўзала гурбы каля агароджаў на карачках, не адчуваючы, як снег набіваецца ў рукавы. Яна задыхалася: сэрца распірала грудзі, i ўдары яго, ліхаманкава частыя, балючыя, адчуваліся ва ўсім целе: у скронях, у шыі, у руках.

Данік спыняўся, чакаў яе i ўмольна прасіў:

— Хутчэй, Саша, хутчэй!

Яна не мела сілы вымавіць слова ў адказ. Яе апаноўваў страх, што не здолее дайсці i памагчы Цішку. Чаму яна такая слабая, знясіленая? Вунь Данік ходзіць усю ноч: ішоў да станцыі, поўз да складоў, нёс па снезе раненага таварыша, бег дадому i цяпер ідзе без натугі, снег i вецер яму не перашкода… Няўжо ён намнога дужэйшы за яе? Не, яна таксама дойдзе! Дапаўзе! Яна павінна ратаваць Цішку. Не трэба думаць пра сваю слабасць! Трэба думаць пра яго, пра Цішку.

«Ці добра зачынены чамаданчык? Каб не адчыніўся, не рассыпаліся медыкаменты! Сказаць Даніку, каб асцярожна нёс. — Яна памацала пад ватоўкай бутэльку з малаком. — Што гэта? Няма ветру?»

Яна падняла галаву i ўбачыла чорную сцяну будыніны.

— Пачакай тут, — сказаў Данік, аддаючы ёй чамаданчык, аб якім яна толькі што турбавалася. — Я сам забягу да Старога.

Саша схавалася ў зацішку, перавяла дыханне. Сэрца пачало біцца раўней, i яна, супакойваючыся, падумала: вельмі дарэчы ім, падпольшчыкам, што немцы i паліцаі знішчылі ў вёсцы ўсіх сабак; да вайны наўрад ці прайшоў бы гародамі гэтак непрыкметна. I яшчэ падумала, што дарэмна Данік захутваў яе ў настольнік: снег падае зверху, узнімаецца ветрам знізу i ў снежнай каламуці не відно суседняй хаты, не толькі чалавека. Веска спіць. Ніводнага гуку, акрамя свісту ветру i шуму лесу. Цяпер да лесу — рукой падаць; каваль жыве крайні на вуліцы, якая называецца Аднабочкай, хоць даўно ўжо забудавана ў два рады.

Данік хутка вярнуўся. Забіраючы ў Сашы чамаданчык, ён уздыхнуў:

— Эх, Цішка, Цішка! — i папрасіў:— Бяжым, Саша! Не адставай!..

Цяпер яны сапраўды беглі, i гэта было не так цяжка, як ісці па гародах, бо адразу ж ад хаты каваля яны выйшлі на дарогу, па якой вяскоўцы выязджалі на шашу, абмінаючы школу. Перайшоўшы шашу, яны апынуліся ў вялікай пушчы i па ўезджанай дарозе, па якой немцы вывозілі лес, рушылі ўглыб.

Тут, пад стогадовымі соснамі, пад волатамі-дубамі, было зусім зацішна. Толькі вяршаліны дрэў бушавалі: кідаліся адна на адну, біліся, драпаліся голлем, натужліва рыпелі, цяжка стагналі, страсалі на дол шапкі снегу.

Данік час ад часу спыняўся, прыслухоўваўся. Саша не разумела, што ён слухае i што ўвогуле можна. пачуць у гэтым бясконцым шуме, ды калі яшчэ да таго ж ад бегу гудзе i стукае ў галаве. Але ні пра што пытацца ёй не хацелася. Яны ішлі моўчкі. Толькі адзін раз брат сказаў:

— Хаця б снег не перастаў… Каб слядоў не было. Раніцой яны могуць пачаць шукаць…

Ускрай вялікай лесасекі, дзе амаль гэтак жа, як у полі, гулял i снежныя смерчы, ix сустрэў вартавы — Павел (самы малады з падпольшчыкаў, Саша нават мала ведала яго).

— Ціха? — спытаў вартавога Данік, а таму, відаць, здалося — «Ціхан», i ён адказаў:

— Дрэнна яму.

Гэта як бы падагнала ix: яны пабеглі цераз заваленую ламаччам лесасеку, спатыкаючыся. Саша не прыкмеціла, калі побач з ёй апынуўся Анатоль. Ён схапіў яе за руку, дрыжачым голасам сказаў:

— Хутчэй, Саша. Сюды, — i павёў за сабой.

У канцы лесасекі, за вялікай кучай ламачча, хлопцы з сасновага галля змайстравалі нешта накшталт маленькага будана. Саша пралезла туды следам за Анатолем. Ён пстрыкнуў запальнічкай, падпаліў сухую трэску, i яна ўбачыла твар раненага: бледны, здрабнелы i ад гэтага зусім дзіцячы, з засмяглымі вуснамі i па-дзявочы доўгімі i белымі ад інею вейкамі. Дыхаў Цішка цяжка, перарывіста, з хрыпам i бульканием. Мабыць, рэагуючы на святло, на нейкі міг ён расплюшчыў вочы i гучна сказаў:

— Хлопцы… гарыць!..

Анатоль перадаў лучыну Даніку i пачаў памагаць Сашы. Асцярожна расхінуў ватоўкі, якімі Цішка быў накрыты, развязаў бінты — стужкі падранай прасціны, лёгка, як малога, прыпадняў яго на руках.

Куля трапіла ў спіну, прабіла лёгкае. Праз маленькую чорную шчылінку з бульканием вырывалася паветра, пырскаючы кроплямі крыві. A ўвогуле крыві было мала…

Саша за сваю практыку бачыла нямнога цяжкіх раненняў, аднак адразу зразумела, што гэтая рана — смяртэльная, што толькі неадкладная аперацыя ў добрых клінічных умовах, магчыма, магла б выратаваць жыццё Цішку. Балюча, да млоснасці балюча i крыўдна стала ёй, што яна нічым не здолее памагчы гэтаму хлопчыку i мужнаму герою. Няўпэўненымі рухамі апрацавала яна чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала.

Свецячы ім лучынай, Данік спытаў:

— Ну што, Саша?

Яна не адказала — не магла, бо душылі слёзы. Яна зрабіла ўкол, каб падтрымаць яго сэрца, i ўліла ў рот глыток малака, бутэльку з якім грэла каля сваіх грудзей.

Цішка праглынуў малако i ціха папрасіў яшчэ:

— Піць.

Гэтае свядомае кароткае слова ўсцешыла хлопцаў, асабліва Даніка i перапалоханага, маўклівага i непрыкметнага навічка — Лёню. Ім здалося, што Цішка пачуў сябе лепш. Але Саша ведала, што гэта не так. Яна сядзела побач i трымала пад кажушком яго гарачую руку. Што яна магла зрабіць яшчэ? Як памагчы? Асталося толькі адно — сачыць за пульсам. Сэрца яго, маленькае хлапечае сэрца, яшчэ жыло, змагалася. Але якія няроўныя яго ўдары! То яно робіць некалькі моцных штуршкоў, то Саша раптам зусім губляе пульс. Але аб тым, што арганізм змагаецца, сведчыць дыхание, гэткае ж няроўнае, з шумным хрыпам. Колькі ён можа гэтак пратрымацца? Каторая цяпер гадзіна? Калі ж нарэшце прыедзе дзядзька Аляксей? Чаму ён не едзе? Трэба спытаць у Даніка. Але гаварыць чамусьці страшна, здаецца, што калі яна загаворыць, то згубіць яго пульс, страціць адчуванне яго жыцця. Побач з ёй нехта сядзеў у будане i моцна дрыжаў; яна не заўважыла, што хлопцы, увогуле апранутыя на задание легка, знялі сваю верхнюю апратку, каб накрыць раненага таварыша. Толькі вартавы быў у ватоўцы. Хлопцы грэліся тут, у будане. Саша чула, як яны вылазілі, шапталіся за буданом.

Нехта зноў спытаў знадворку:

— Як ён, Саша?

Яна зноў не адказала. Што можна адказаць? Як страшна шуміць лес! Здаецца, ніколі ў жыцці яна не чула такога шуму. Як сціскаецца сэрца! Але хіба мае права яна звяртаць увагу на боль свайго сэрца? Боль там — у яго сэрцы, у яго грудзях. Вось ён ірвануўся, застагнаў, пачаў трызніць:

— Хлопцы!.. Хлопцы! Мы ім пакажам… Гісторыю я паўтарыў, Іван Паўлавіч… Нічога яны не ведаюць… Анютка! Згані курэй! Ух, як душна… Хлопцы, пакупаемся… Не, не… — Ён зноў застагнаў, скрыгатнуў зубамі i сказаў злосна: — Усё адно я заб'ю гэтага гада… заб'ю… Фашыст пракляты!..

Саша пяшчотна гладзіла яго руку. Непрыкметна для самой сябе яна пачала супакойваць яго ўголас:

— Супакойся, Цішка, родны мой. Патрывай хвілінку. Зараз прыедзе дзядзька Аляксей. Ён павязе цябе за раку. Партызанскі ўрач зробіць аперацыю, i ты будзеш здаровы. I гэтаму гаду мы адпомсцім. За слёзы Ганніных дзяцей. За нашы слёзы. Ляжы спакойна, любы мой, табе няможна кідацца… Ляжы!..

Яна не думала пра тое, што ў праўду гэтых слоў сама не верыць i што да Цішкі яны не даходзяць. Яна казала ix гэтак жа, як сваёй малой дачцэ, калі насіла яе, хворую, на руках па хаце. Змаўкаў ранены — i яна змаўкала таксама, уважліва, як належыць медыку, слухала пульс, дыхание, давала піць. Пачынаў ён трызніць — i яна зноў гаварыла ласкавыя, наіўныя словы, ператвараючыся ў жанчыну, у маці, якой вельмі балюча за пакуты дзіцяці (a Цішка ў гэты момант быў у яе ўяўленні дзіцем), несвядома жадаючы словамі прыглушыць свой уласны боль.

Яна не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа, хоць у сапраўднасці — не больш за гадзіну.

Пасля працяглага супакою Цішка ціха паклікаў:

— Данік!

Саша нахілілася да яго твару:

— Што, Цішка, што, родны? Што ты хочаш сказаць?

Ён як бы прыслухаўся, стаіў дыханне, а потым, быццам

вельмі спалохаўшыся, ірвануўся i голасам, які, відаць, ніхто з ix, жывых, ніколі не забудзе, паклікаў на дапамогу:

— Ма-ма! Мама!

I сцішыўся. Саша адчула, як мёртва павісла i адразу пахаладзела яго рука, i зразумела з нейкім дзіўным прафесійным спакоем у гэты момант, што наступіў канец яго пакутам. Яна застыла ў жалобным маўчанні, ні словам, ні рухам не парушаючы святой хвіліны развітання. Потым адкінула апратку, якой ён быў накрыты, павярнула цела на спіну (ён ляжаў на правым баку) i склала яго рукі на грудзях.

Пачуўшы ў цемры, што яна нешта робіць, Данік ледзь чутным шэптам спытаў:

— Што, Саша?

У адказ яна голасна заплакала, слёзы, што падкаціліся да горла пасля таго, як ён паклікаў: «Мама!», вырваліся цяпер, аблягчаючы душу.

Анатоль, зразумеўшы, што здарылася, па-мужчынску ўсхліпнуў i адкінуў сценку будана.

Саша здзівілася, што так светла. Праз слёзы яна ўбачыла твар нябожчыка i нават тое, як на яго чорныя, чамусьці нахмураныя бровы садзяцца сняжынкі.

Яна выцерла хусткай твар, паднялася i стала побач з Анатолем. З другога боку сталі Данік i Лёня. Так яны стаялі хвілін колькі, як у ганаровай варце, маўкліва, пазнаўшыя цяжкае гора страты баявога друга, яшчэ ясней усвядоміушы, на які суровы шлях яны сталі, але не пакораныя, не разгубленыя. Наадварот, у сэрцах ix з новай сілай разгараўся агонь нянавісці да ворага.

Анатоль першы зрушыў з месца і, нахіліўшыся, накрыў цела прасціной, што была за маскхалат.

— Што будзем рабіць, таварышы? — спытаў ён.

Парыў ветру закруціў вакол ix смерч снегу, прадоўжыў

паўзу ў гэтай кароткай нарадзе.

— Трэба матцы сказаць, — нясмела прапанаваў Лёня.

— Што ты! — адразу запярэчыў Данік.

— Маці? — Анатоль як бы задумаўся. — Маці не вытрывае такога гора. У вёсцы даведаюцца, што Цішка загінуў… Загінуў у тую ноч, калі на станцыі згарэлі склады. Не, маці нельга казаць! — цвёрда скончыў ён сваё разважанне i дадаў сумна: — Няхай яна даруе нам. Мы пакажам ёй магілу пасля перамогі. A колькі матак ніколі не ўзнаюць, дзе магілы ix сыноў! Будзем хаваць Ціхана тут!

— Дзе? — Мабыць, Лёня па сваёй прастаце хацеў спытаць: «Як будзем хаваць?»

— Тут! У нашым лесе, — адказаў за Анатоля Данік, крыху ўзлаваны наіўнасцю навічка.

— А чым выкапаць магілу? — спытала Саша.

Данік не падумаў пра гэта i цяпер сумеўся.

— Я пайду да лесніка. Скажу, што ад партызан. I папярэджу… Будзе маўчаць. Пасля смерці ляснічага яны навучыліся маўчаць. Не пікне. Глядзіце тут пільна, я мігам злётаю. — I Анатоль, не трацячы часу, пабег.

— Пайду змяню Паўліка, — сказаў Данік, перадаючы Лёню пісталет. — Глядзі з гэтага боку. На світанні яны могуць пусціць па нашых слядах сабак. Майце на ўвазе, — папярэдзіў ён так, быццам перад ім быў вялікі атрад, якім ён камандаваў,— калі што — будзем біцца да апошняга патрона. Да апошняга!

A патронаў гэтых было ў ix не густа, ды i зброі — адзін нямецкі аўтамат i два пісталеты.

— I не здавацца жывымі!

Саша ўздрыгнула ад братавых слоў i мімаволі глянула ў неба: ці падае снег? Няхай бы засыпаў усе сляды! Снег ішоў па-ранейшаму, але вецер сціхаў, i лес шумеў неяк па-новаму, больш спакойна i мірна. Данік, пэўна, злавіў гэты яе pyx, бо падышоў i ціха спытаў:

— Можа, табе пайсці?

— Куды?

— Дадому. Пакуль ноч.

— Не. Я астануся з вамі! — рашуча адказала Саша.

Данік пастаяў, падумаў i нічога больш не сказаў. Ідучы

на варту, прыпыніўся каля нябожчыка, цяжка ўздыхнуў:

— Эх, Цішка, Цішка!

Саша ў адзіноце села на пень. Прыслухалася — што ў яе душы? Не было ні страху, ні таго вострага болю i жалю, якія яна адчула, убачыўшы маленькую чорную ранку на спіне таго, каго ўжо няма. Цяпер душу запаўняў жалобны смутак. Але гэта быў смутак не па адным Ціхану. Яна падумала: колькі вось такіх маладых, як ён, што толькі пачалі жыццё i яшчэ не ўведалі сапраўднага чалавечага шчасця, ляжаць цяпер на полі вайны, i снег засыпае ix целы. Каля многіх няма нават сяброў. Можа, i Пеця… Не, не, Пеця жывы, сэрца яе чуе, што ён жывы, што ён думае пра яе i сваю маленькую дачушку. «Родны мой, любы мой! Калі мы атрымаем ад цябе вестачку? Калі пачуем твой голас?»

Прыйшоў Павел. Спыніўся перад целам друга, i Саша бачыла, як уздрыгваюць яго плечы ад нямога плачу. Пасля ён сеў побач з ёй i пачаў гаварыць — маўчаць было цяжка:

— На станцыю ішлі — ён такі вясёлы быў. Усё жартаваў. Расказваў, як ён у Бабурыхі яблыкі краў. «Сяджу, кажа, на яблыні, зрываю лепшыя яблыкі, кладу за пазуху, а яна, старая ведзьма, як з-пад зямлі i ўжо з крапівой. «Злазь, кажа, чортаў сын, буду пякучкай хвастаць». А ён, Цішка, у адказ: «Чакай, бабуля, абтрушу ўсю яблыню — тады злезу, каб было за што кару прымаць». I пачынае трусіць. «Не трусі!» — крычыць яна. «Хвастаць не будзеш?» — «Не буду, толькі не трусі». — «Маці не скажаш?» — «Скажу!» — «Ах, скажаш! Дык вось табе!» I на старую — град яблык. «Не скажу, не скажу, толькі злазь хутчэй!» Дамовіліся, што яна адыдзе да хлява, тады ён злезе… Маці ўсё-такі яна сказала, парушыла ўмову. «I маці, кажа, гарачых мне ўсыпала!.. Яна i цяпер яшчэ не саромеецца часам ручніком ці чым іншым нада мной памахаць». Хлопцы смяюцца: «Каб яна, мат твая, ведала, каго б'е. Перад табой усе здраднікі дрыжаць, спаць спакойна не могуць…» — Павел схамянуўся, што расказвае недарэчы, што ўжо няма паміж ix вясёлага Цішкі, i прыціх. — Які чалавек быў!

— Што мы скажам маці? — уголас падумала Саша. Цяпер гэтая думка выклікала не менш пакутлівы боль. Павел не адказаў. Саша шэптам паўтарыла яго словы: — Які чалавек быў!

Далей сядзелі моўчкі, кожны са сваімі думкамі.

Падышоў Лёня, які з пісталетам абыходзіў лесасеку, сказаў:

— З таго краю дзялянкі i цяпер яшчэ відно зарыва. Здорава гарыць!

— Каб не сціхла завіруха, — устрывожана сказаў Павел i пайшоў на лесасеку.

Вярнуўся Анатоль, прынёс рыдлёўку, лом i сякеру. Пачалі капаць магілу. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Саша памагала рукамі — выграбала камякі зямлі, ірвала дробныя карэнні, да крыві абдзіраючы пальцы. Але тады яна не адчувала гэтага. Месца трапіла пясчанае, пад снегам i пластом ігліцы грунт прамёрз неглыбока, i да світання магіла была гатова. На дно накідалі сасновых галінак, мяккіх i духмяных. Потым, па прыкладу Анатоля, усе апранулі кажушкі i ватоўкі, завязалі рамяні — у каго быў, прывялі сябе ў належны выгляд і, зняўшы шапкі, сталі ў апошнюю ганаровую варту. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам.

— Світае, — сказаў Анатоль, i ўсе заспяшаліся.

Палажылі Ціхана на прасціну, паднеслі да магілы. Анатоль ускочыў у яму, прыняў лёгкае цела друга на рукі, асцярожна паклаў на вечную пасцелю. Данік падаў Анатолю руку, ён вылез i дрыжачым голасам сказаў:

— Бывай, наш Цішка, наш дарагі таварыш… Ты загінуў як герой, як камсамолец! За тваю смерць мы адпомсцім праклятым фашыстам! Паклянёмся, таварышы, што адпомсцім!

Глытаючы слёзы, яны вымаўлялі адзін за адным:

— Клянуся!

— Клянуся!

— Клянуся табе, Цішка!

— Мы адпомсцім за цябе!

— Адпомсцім!..

Анатоль узяў рыдлёўку i ўпершыню разгубіўся: цяжка, ой як цяжка было сыпануць халодны жвір на адкрыты твар Цішкі, на вочы, што былі такія ясныя, на вусны, якія колькі гадзін назад весела смяяліся. Саша зразумела гэта, падняла лёгкія галінкі i кінула ў магілу, галінкі закрылі нябожчыку твар. Тады хлопцы пачалі засыпаць магілу. Недзе фыркнуў конь. Яны адразу прыселі, Анатоль i Данік выхапілі пісталеты… Але пачуўся ўмоўны свіст вартавога — Лёні.

— Дзядзька Аляксей, — здагадаўся Данік.

Каваль пад'ехаў на кані, саскочыў з саней і, блытаючыся ў доўгай папоўскай расе, рушыў да ix; Лёня не ўправіўся яму нічога сказаць, i ён не ведаў, што Цішкі ўжо няма, ён ехаў з намерам забраць яго, завезці за раку.

Абмінуў кучу галля, убачыў магілу i — застыў на месцы. Нейкую хвіліну няўцямна глядзеў на свежую зямлю, потым сарваў з галавы шапку, упусціў яе на прытаптаны снег, абышоў вакол магілы i, чамусьці моцна тручы далонямі зарослыя шчокі, вымавіў са стогнам:

— Хлопчык мой… Хлопчык мой!..

* * *
Яны чакалі яе i баяліся яе прыходу. I ўсё-такі яна траха не захапіла ix знянацку. Поля ўбачыла жанчыну праз акно тады, калі яна ўжо зайшла ў ix двор. Спалохана папярэдзіла:

— Матыліха!

Данік спаў на печы, ён моцна прастудзіўся, у яго пачалася гарачка. Аднак i ён адразу прахапіўся.

Уладзімір Іванавіч падскочыў да яго, зашаптаў:

— Данік, трымайся! Цішкава маці! Кажы так, як мы дамовіліся.

Саша таксама ледзь трымалася на нагах. Яна нават дрэнна помніла, як дзядзька Аляксей прывёз яе дадому: яны доўга кружылі па лесе, па полі i прыехалі пазней, чым прыйшоу Данік. Цяпер Саша спалохалася больш, чым хто.

Лялькевіч, убачыўшы, як яна збялела, падаў ёй Ленку:

— Схавайцеся за грубку i карміце дзіця. Не паказвайцеся!

Жанчына паважна павіталася i, каб пачаць неяк размову, сказала як бы жартам:

— Мужчыны ў хаце, а сцежку не пачысцяць. Прайсці нельга — так намяло.

— Такія мужчыны! — адказала Поля, бразгаючы ў куце посудам; яна таксама старалася не глядзець на маці, якая нічога не ведала i не павінна была ведаць.

— А мой мужчына некуды знік. Учора ўвечары сказаў, што да Ніны на пасёлак пойдзе, яна прасіла памагчы дроў напілаваць. Сёння Ніна сама прыйшла — не было яго. Ты, Данічак, не ведаеш, дзе ён можа быць?

— В-ведаю.

Лялькевіч, тупнуўшы драўляным пратэзам, які сам зрабіў, хутка падаў жанчыне табурэт:

— Сядайце, калі ласка. — Не спадабалася яму, як заікаецца Данік, i ён імкнуўся крыху адцягнуць увагу жанчыны. — Сядайце, цётка. Гэтыя падшыванцы ўсё знаюць.

— Куды ж ён сышоў, што i матцы не сказаў?

— B-ведаю… Т-толькі, цётка Марына, гэта с-сакрэт… Вы н-нікому не кажыце… С-скажыце, што п-пайшоў Цішка некуды… да с-сваякоў…— Жанчына насцярожана ўстала з табурэта. — А ён… ён пайшоў з партызанамі…

— Ах, Божачка мой! Дзіцё горкае! — У голасе маці былі спалох, здзіўленне i адначасова гонар за сына. — Вось бачыш, Сашачка, росціш, росціш ix, а яны слова маці не скажуць. Надумаў — усё кінуў, пайшоў. Ну, няхай толькі вернецца, я яму пакажу, не пагляджу, што партызан…

Саша заціснула пялёнкай рот, каб не застагнаць. Яна зноў чула голас Цішкі, яго апошнія словы: «Ма-ма! Мама!»

Мама! Так вайна забірала тваіх сыноў.

IX

Лялькевіч i Саша ехалі ў горад — везлі бочкі, цэбры, вёдры.

Ачуняўшы, камісар знайшоў сабе занятак, карысны ва ўсіх адносінах: успомніў прафесію бацькі i дзядзькоў сваіх, якія былі бондарамі i сяму-таму некалі навучылі яго. Тут, у гэтай вёсцы, таксама было нямала бондараў — жылі сярод лесу, — ды амаль усе пайшлі на фронт. Аднак у дварах засталася нарыхтаваная клёпка, i салдаткі ахвотна аддавалі яе Сашынаму Пецю, як усе яны называлі яго, у душы зайздросцячы Сашы: яе чалавек хоць без ступні нагі, але вярнуўся жывы, ды вунь яшчэ майстра які — на ўсе рукі. A ці вернуцца бацькі ix дзяцей?

З дапамогай Даніка Уладзімір Іванавіч узяўся бандарыць. Першыя цэбры выходзілі не надта зграбныя, але хутка справа наладзілася. Партыю бочак Данік завёз на Украіну i выменяў на муку i сала. Гэта адразу палепшыла становішча сям'і, бо ад прапановы атрада «падкідваць» яму прадукты Лялькевіч адмовіўся, баючыся, што гэта можа выкрыць ix. З атрада хлопцы прыносілі толькі самае неабходнае — лістоўкі, міны.

Было прадвесне — сакавік, але дзень выдаўся па-зімоваму халодны, хмурны; лес з раніцы адзеўся ў казачную квецень інею. Як бы зачараванае гэтай прыгажосцю, усё застыла навокал — паветра, дрэвы. Спіна каня таксама пасерабрылася. Ехалі ўзбоч шашы, па высечанай немцамі паласе, бо асфальт ужо амаль ачысціўся ад снегу, ды i ехаць па шашы было рызыкоўна: нямецкія грузавікі часта наляталі на фурманкі i забівалі, калечылі людзей.

Сядзелі, як належыць мужу i жонцы, поплеч, у перадку саней. Ззаду былі нагружаны бочкі i цэбры, ад якіх прыемна пахла дубам i асінай. Заўтра, у нядзелю, ix трэба прадаць, едуць нанач. Але Саша добра ведае, што зусім не продаж галоўная мэта ix паездкі.

Ехал i амаль моўчкі. Зрэдку перакідваліся словамі аб надвор'і, аб нямецкіх грузавіках, што праходзілі па шашы, ці яшчэ аб чым-небудзь, што не мела дачынення да ix барацьбы i да ix узаемаадносін.

Саша прыкмеціла, што ў апошні час, калі яны астаюцца сам-насам, Лялькевіч як бы губляецца i не ведае, пра што гаварыць, хоць у прысутнасці другіх ён звычайна гаманкі i вясёлы. Гэта яе забаўляла i абуджала тую дзявочую гарэзлівасць, з якой яна часам размаўляла з ім у той далёкі час, калі яны разам працавалі ў Заполлі. Іскра такой гарэзлівасці ўспыхнула i тут, у дарозе. Яна як бы незнарок разоў колькі дакранулася сваім плячом да яго пляча. Ён кожны раз далікатна адсоўваўся. Саша са смехам падумала, што, калі яна дакранецца яшчэ, ён можа вываліцца з саней. A ўвогуле яе крыху прыгнятала гэтая маўклівасць. Ёй хацелася пагаварыць шчыра i сур'ёзна. За тры месяцы яна прывыкла да гэтага чалавека, як да члена сям'і, як да брата, i цяпер ёй здавалася, што магла б даверыць яму, як добраму другу, усе свае думкі, трывогі, сумненні, перажыванні — выказаць усё, што на душы, напэўна, тады ёй стала б лягчэй. Праўда, часам яе палохала, што яна так прывыкае да яго. Неяк Поля пачала вельмі хваліць Уладзіміра Іванавіча, калі ён габляваў пад паветкай клёпкі.

Саша ўзлавалася:

— Ты быццам сватаеш яго мне.

Старэйшая сястра разгубілася. Мабыць, па сваёй сялянскай прастаце Поля сапраўды думала нешта такое. Бо дзе той Пятро, якога ніхто з ix не бачыў у вочы? Што гэта за жаніцьба ў ix была такая, што яны нават бацькам не сказалі, ні яна, ні ён?

Аб чым толькі не перадумае жывы чалавек! Розныя думKi з'яўляліся ў Сашы, нават самыя страшныя. Аднойчы яна падумала, што, калі, не дай божа, з Пецем што здарыцца, Уладзімір Іванавіч, безумоўна, пасватаецца да яе, а Поля i Данік памогуць пераканаць, што толькі з ім яна знойдзе сваё другое шчасце. I ў той міг яна ўзненавідзела яго, ёй здалося, што ён жадае Пецевай смерці. Некалькі дзён Саша глядзела на яго, як на ворага. Потым зразумела, што гэта недарэчна, што брыдка гэтак думаць пра такога чалавека, як Лялькевіч. Яна ўспомніла, як ён разам з імі гараваў па Цішку, як потым хадзіў за хворым Данікам, колькі сутак хвіліны не заснуў, бо Данік хварэў цяжка i ў гарачцы ўсё рваўся забіць начальніка паліцэйскага атрада. Цяпер Данік ачуняў, сунімаўся боль — жыццё, як заўсёды няспыннае i дужае, брала сваё. Саша ахвотна згадзілася ехаць у горад, хоць ведала, што паездка небяспечная. I ўпершыню тут, у дарозе, ёй стала прыемна ад думкі, што чалавек, які сядзіць побач, кахае яе. Яна зноў легка штурхнула яго плячом. Ён не адсунуўся, a здзіўлена паглядзеў на яе.

Саша ўсміхнулася:

— Пра што вы думаеце, Уладзімір Іванавіч?

— Я? — Ён на хвіліну сумеўся. — Пра вас.

— Пра мяне?

— Я думаю, што, можа, вам варта пераначаваць дзе-небудзь у іншым месцы.

— Чаму?

— Невядома, што там за канспірацыя. Чаму яны самі змянілі месца нашага начлегу? Сафронавічу гэта не спадабалася.

— Сяліцкі з нашай вёскі, таму яны палічылі, што будзе больш натуральна, калі мы заедзем да яго.

— Усё гэта так, безумоўна. Але навошта рызыкаваць дваім?

— У нас жа пропуск адзін. А раптам правераць у мяне: як прыехала, з кім? З мужам. Дзе ён? Чаму ў розных дамах начуем? — I, не чакаючы ні яго пярэчанняў, ні яго згоды, катэгарычна сказала: — Не, будзем начаваць разам!

Ён паглядзеў на яе з удзячнасцю. Яму хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя, надзвычай цёплыя i сардэчныя словы, але ён не мог дазволіць сабе гэтага. Толькі ў знак удзячнасці пачаў даверліва расказваць аб планах стварэння ў горадзе шырокага партызанскага падполля, ад дзейнасці якога пад нагамі акупантаў гарэла б зямля. Саша адчула гэты вялікі давер: такія планы не кожнаму члену арганізацыі можна расказаць!

Пры ўездзе ў горад ix затрымаў паліцэйскі пост, а праз нейкія пяцьдзесят крокаў, навідавоку ў паліцэйскіх, праверылі немцы. Адзін з ix, пажылы, з дабрадушным тварам, вялікай рукой працоўнага чалавека, на якой, аднак, даўно сышлі мазалі, паляпаў па бочках i цэбрах, відаць, разумеючы ў ix толк:

— Гут, гут. Гаймарбайт. Гандэль.

— Не вераць улады адна адной, — сказаў Лялькевіч, калі ад'ехалі.

Нова-Беліца не зрабіла на Сашу асаблівага ўражання, тут не было прыкметных змен: усё тая ж сумная i доўгая вуліца — ні горад, ні вёска, — якую яна не любіла, калі ёй, студэнтцы, прыходзілася пехатою хадзіць дадому (да вайны трапіць на машыну было не так лёгка).

Але калі яна ўбачыла ўзарваны, бязлітасна знявечаны мост цераз раку — той мост, на які яны колькі разоў прыходзілі з Пецем, — сэрца яе сціснулася. Яна неяк адразу прыгадала (можа, таму ёй так хацелася ехаць), што гэта — горад, дзе прайшло яе юнацтва, тры самыя цікавыя i шчаслівыя гады, дзе нарадзілася ix з Пецем каханне. Тут ёй усё знаёма да драбніц, на многіх вуліцах — кожная выбоіна на тратуары. I ўсё напамінае яго, Пецю.

Цераз бетонны мост ix не пусцілі. Паехалі па Інтэрнацыянальнай. Саша жахнулася: як не падобны гэты горад на той, які яна ведала. Гэты быў бязлюдны, брудна заснежаны, насцярожаны i знявечаны. Першыя руіны, першыя спаленыя дамы — i кожны з ix раніў яе. Павярнулі на Ветраную вуліцу — i сэрца яе заныла. Гэта была адна з вуліц, з якімі асабліва многа звязана ўспамінаў аб тых шчаслівых днях. Тут жыў на кватэры Пеця, адгэтуль ён бегаў да яе на спатканні, тут пісаў свае доўгія пісьмы, дзённікі. Але як змянілася i яна, знаёмая, родная вуліца! I тут многа будынкаў спалена, разбурана бомбамі.

«Ці цэлы дом, у якім ён жыў? Ці цэлы?» — з прымхлівым страхам думала Саша. Вельмі хацелася, каб гэты дом стаяў цэлы, не пашкоджаны, быццам ад гэтага залежаў лес Пеці. Дом быў спалены. Яна застагнала.

— Што з вамі, Саша? — шэптам спытаў Лялькевіч, убачыўшы, як яна змянілася з твару. Ёй раптам стала сорамна за тое, што там, за горадам, у яе быў такі ўзнёслы настрой, што яна паводзіла сябе як дзяўчынка, штурхала камісара, быццам заляцалася. Ёй здалося, што гэтым яна абразіла… памяць Пеці.

«Памяць? Чаму памяць?» — схамянулася яна i прашаптала:

— Не, ён жывы! Жывы!

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна! — не папрасіў, a загадаў Лялькевіч.

— Тут жыў Пеця… I дом згарэў…

— Многа дамоў згарэла. A людзі жывуць. Не будзьце прымхлівая! Я разумею — успаміны, але не забывайцеся…

Яны выехалі к пераезду цераз чыгунку, i ix зноў затрымалі. Тут Саша ўбачыла, як многа навокал немцаў — салдат, афіцэраў. Усе яны даўжэй, чым гэта звычайна робіцца ў горадзе, спынялі свае позіркі на ix. Адны глядзелі на фурманку з бочкамі i цэбрамі i на маладую пару, як на нейкае этнаграфічнае дзіва, другія — насмешліва, трэція — варожа i падазрона. Афіцэр загадаў патрулю праверыць пільна, ці няма чаго ў бочках i пад імі? (Лялькевіч за час хваробы добра «праштудзіраваў» падручнік нямецкай мовы i цяпер многае разумеў.) Саша ніколі не бачыла так многа ворагаў вакол сябе: у вёсцы яны былі наездамі i неяк адразу разбрыдаліся, a ў хату заходзіла самае большае трое. А тут вунь ix колькі, у ix сіла, улада, а яна i Лялькевіч без зброі, бездапаможныя. На момант ёй зрабілася страшна. Але немец прачытаў пасведчанне, пропуск, які ім выдалі ў воласці, i зноў-такі з ухвалай сказаў:

— Гандэль? Гут!

Відаць, тым з ix, якія не ведалі ўсіх таямніц гітлераўскай палітыкі, хацелася, каб жыццё на захопленай зямлі ўвайшло ў нейкую нармальную каляіну, тады, магчыма, i яны адчувалі б сябе спакайней.

У Залінейным раёне разбурэнняў не было відаць i часцей сустракаліся нашы людзі, бледныя з твару, бедна апранутыя, таропкія ў позірках i рухах.

Сашы не спадабаўся дом, дзе ім трэба было заначаваць i сустракацца з людзьмі. Яна, як i большасць даваенных студэнтаў, што выхоўваліся непрымірымымі да ўсялякай прыватнай уласнасці, не любіла гэтых дамоў з садамі i сабакамі, гаспадары якіх вельмі неахвотна пускалі ix, студэнтаў, на кватэру. Такі быў гэты дом: вялікі — тры акны на вуліцу, стары, але па-гаспадарску дагледжаны, з высокім парканам i мноствам садовых дрэў, апранутых у густы іней. Але Саша крыху ведала гаспадара, Рамана Сяліцкага, чалавека з іхняй вёскі, які пераехаў у горад гадоў пятнаццаць назад i ўвесь час працаваў на заводзе металістам. Лепш яна ведала яго дачку, якая на год раней кончыла фельчарскае вучылішча.

Iм доўга не адчынялі, i Саша ўбачыла, як гэта ўстрывожыла камісара. Нарэшце завала грукнула, i ў брамцы з'явілася сама гаспадыня. Яна быццам не пазнала адразу Сашы: доўга прыглядалася, потым пляснула далонямі:

— А Божачка! A ці не дачка Хведара Траянава? Пазнала! Колькі год не бачыла, а пазнала. Вылітая маці… А мы з тваёй маткай у дзеўках разам гулялі, у адзін год замуж выходзілі…

— Цётка Буля, паначаваць у вас можна?

— А як жа гэта сваім людзям ды нельга пераначаваць? Заязджайце, заязджайце. Калі ласка. Толькі — вой! — у нас цэлую зіму вароты не адчыняліся. Пайду паклічу старога. Раман! — Гаспадыня гаварыла гучна, на ўсю вуліцу, i Лялькевіч адразу павесялеў: іграла яна сваю ролю ўмела, правільна.

— А гэта чалавек твой?

— Чалавек, цётка Буля.

— Паўчалавека, — пажартаваў Уладзімір Іванавіч, паказваючы на сваю нагу.

— Дзякуй Богу, што жывы… Жывы — заўсёды чалавек.

Выйшаў гаспадар, невысокі, хударлявы, з рудымі вусамі, якія тырчалі пікамі i надавалі яго твару нейкі злосны, натапыраны выгляд. Ён павітаўся без лішніх слоў i пачаў адчыняць вароты.

У хаце, застаўшыся з Сашай, пакуль мужчыны даглядалі каня, гаспадыня цяжка ўздыхнула i, употайкі выціраючы слёзы, сумна сказала:

— A маіх няма, Сашачка. Ваня машыністам ездзіў недзе на Поўначы, там i астаўся. I сям'я там. Дзе цяпер ездзіць — хто ведае. Ліду ў армію забралі ў першыя ж дні… А Коля — дзіця горкае, шаснаццаць гадкоў — у апалчэнне запісаўся i адступіў з нашымі. Усе — на вайне. I мы, бачыш, са старым ваюем, як умеем…

Яна як бы спалохалася, што сказала лішняе, хутка ўзяла ад Сашы сала, бутэльку самагонкі, якую яны захайілі «для гасцінца», i пачала адразу ж збіраць на стол.

Гаспадар i Лялькевіч чамусьці бавіліся на двары. Змяркалася. У дамах насупраць шчыльна зачынялі аканіцы. Саша сядзела каля акна i разглядала сямейны фотаальбом — шчаслівую гісторыю рабочай сям'і: маладыя гаспадары, вясёлыя дзеці, хрэсьбіны, вяселле старэйшага сына, першы ўнук… Ніводнай фотакарткі, якая б сведчыла аб горы ці смутку. Альбом нагадваў яе ўласнае нядаўняе шчасце, i яна, задумаўшыся, не пачула, як у дом прыйшлі людзі. Пачула чужы бас:

— А мы ідзём, бачым — след саней. Хадзем, кажу, браток, можа, самагоначкі з вёскі прывезлі. Пачастуюць.

Саша ўстрывожылася: выпадкова зайшлі чужыя людзі i могуць перашкодзіць сустрэчы. Але ўбачыла чалавека, што першы ўвайшоў у пакой, i супакоілася, бо адразу пазнала яго, хоць ні разу ў жыцці не бачыла; пазнала па яго словах каваля: шырокі закураны твар з дзіўна белымі брывамі, ca шрамам на носе (некалі адскочыў кавалак гарачай падковы), доўгія рукі з вузлаватымі чорнымі пальцамі. Кіраўнік падпольнай групы завода, дзе немцы рамантавалі танкі, Дрозд (Саша не ведала, ці гэта клічка, ці сапраўднае прозвішча) — таксама каваль, стары друг Аляксея Сафронавіча. Ён моўчкі i асцярожна, быццам вельмі кволую рэч, паціснуў Сашыну руку. З-за яго спіны выглянуў хлопец з круглым тварам, задзірыста-кірпаносы, з вожыкам бялявых валасоў. Ён, наадварот, паціснуў руку Сашы моцна, весела падміргнуў i так, як, відаць, заўсёды, калі знаёміўся з дзяўчатамі, назваў сябе:

— Цімафей.

Саша адразу вызначыла, што гэта адзін з тых вясёлых хлопцаў, якія маюць зайздросную прывабную здольнасць вельмі лёгка знаёміцца з людзьмі, асабліва з дзяўчатамі, i хутка заваёўваць агульную павагу i любоў. Ён, відаць, не ведаў ці не надта верыў, што Саша — жонка «адказнага сувязнога», бо пазней, за сталом, сеўшы з ёй побач, спытаў шэптам: «Вы з атрада?» — «Не, з вёскі. У мяне — грудное дзіця», — адказала яна, як бы апраўдваючыся, чаму не ў атрадзе. Гэта яго расчаравала крыху.

Дрозд убачыў сала на стале, асцярожна двума пальцамі ўзяў скрылёк, пачціва паглядзеў, удыхнуў пах, не падносячы блізка да твару, i гэтак жа асцярожна паклаў назад на талерку.

— Эх, даўно я сала не еў. Забыўся, як i пахне, — i звярнуўся да Лялькевіча: — Галадае народ, таварыш Пятро. Абрабавалі людзей, паразіты. Эталон за эталонам гоняць у Нямеччыну.

— Вы пагутарце, а я аканіцы зачыню, — сказаў гаспадар i выйшаў.

Дрозд i Лялькевіч селі на канапцы, каля грубкі. Цімафей падсеў бліжэй да Сашы. Мабыць, стары падпольшчык кіўнуў на яе (Саша не прыкмеціла гэтага, аддаючы больш увагі вясёламу хлопцу), бо Лялькевіч сказаў:

— Саша — наш таварыш, наша сувязная.

Стары адкашляўся, як перад доўгім выступлением, i пачаў дакладваць прыглушаным голасам, амаль шэптам:

— Значыцца, так, таварыш Пятро, такія справы… Аб нашай рабоце. Група патроху расце. Дзевяць чалавек маем ужо… На танках, якія праходзяць праз нашы рукі, немец не наваюе доўга — да першага бою. Устанавілі сувязь з другімі групамі. З мясакамбінатам. З друкарняй. Цімох вось адтуль. Хлопцы ў яго там хоць куды. Малайцы. Баявыя. Восьбланачкі якія штампуюць! — Ён дастаў з запазухі пачак папер i перадаў Лялькевічу. — I вось той падаруначак таксама ад ix. Намацалі чалавека ў картачным бюро. Стары настаўнік нямецкай мовы, але чалавек савецкі. Наш. Правяраем. Вельмі ж нам трэба хлебныя картачкі. Уладзілі пару дзяўчат у шпіталь. Дэпо на сувязь не ідзе, хоць людзі там нашы ёсць, адчуваем, нават ведаем некаторых. Вельмі ж лютая чыгуначная ахова, вока не спускае, на кожным рагу — гітлераўскі пёс. На кожнай стрэлцы — па сабаку. Кажуць, у Оршы нашы моцна падкузьмілі ix. Ды i на другіх вузлах, чуваць, не спяць хлопцы. Адным словам, сувязь з чыгуначнікамі мы наладзім. Так i перадайце. Ужо маем за каго зачапіцца. Цяпер такая справа, таварыш Пятро. У горадзе з'явіўся партызанскі прадстаўнік. Вядома вам пра гэта?

— Не, невядома. Але сувязныя заўсёды могуць быць. Атрадаў вакол горада многа, i кожны можа мець сувязь са сваімі людзьмі, з той ці іншай групай.

— Правільна. Атрадаў многа. I сувязныя бываюць. Гэта мы ведаем. Але я так разумею, што кіраваць усёй работай у горадзе павінны з нейкага аднаго месца.

— Kipye i будзе кіраваць гарком партыі. Мы, наш атрад, маем задание гаркома па сувязі з горадам.

— Вось таму i паведамляем вам. Чалавек гэты наладжвае сувязі з многімі групамі. Імкнецца кіраваць усімі. Хацеў сабраць нас разам. Я не пайшоў на гэтую сустрэчу i Цімоха адгаварыў. Чалавек, канешне, правільны — мы праверылі. Наш. Але малады i залішне гарачы. Дзейнічае ў горадзе, як у лесе. Праваліць ён людзей. Прашу вас: перадайце там, каб даведаліся, хто яго пасылаў, i каб замянілі больш вопытным, асцярожным. Бачыш, клічка ў яго Баявы! Сябе выдае!

— Добра, Сцяпанавіч. Хто такі гэты прадстаўнік, хто яго прыслаў, даведаемся. На сувязь з ім не ідзіце! Заўсёды помніце, што гестапа — вопытныя майстры ў галіне правакацый. За падарункі — дзякуй. Перадайце, таварыш Цімох, — звярнуўся Лялькевіч да маладога падпольшчыка, — партызанскую падзяку групе. Усё гэта нам вельмі дарэчы.

Хлопец пачырванеў ад задавальнення, кінуў позірк на Сашу, кіўнуў галавой:

— Перадам.

— Цяпер аб галоўным… Набліжаецца вясна. Трэба думаць, што гітлераўскі штаб захоча ўзяць рэванш за сваё зімовае паражэнне пад Масквой. Мы ўжо маем даныя, што колькасць эшалонаў, якія ідуць да фронту, расце з кожным днём. Вось чаму чыгунка павінна стаць галоўным аб'ектам нашым. Удары па чыгунцы — найлепшая дапамога фронту! Першае, што нам трэба, — гэта агентурный даныя аб праходжанні цераз вузел эшалонаў. Колькі? З чым? Калі часці, то якія? Даныя такія вельмі патрэбны савецкаму камандаванню. Думаю, вы разумееце…

— Зразумець проста, зрабіць цяжэй, — уздыхнуў Дрозд. — Каб мы служылі на чыгунцы!

— Партызанскі штаб устанавіў сувязь з адным служачым. Дыспетчар. Баляслаў Шлім.

— Немец?

— Паляк. Камуніст. Ён будзе перадаваць патрэбныя нам звесткі. Але ix трэба забіраць у яго. Даручаем гэта вам, таварыш Цімох.

— Мне? — У хлопца загарэліся вочы.

— Падумаем, як лепш вам сустрэцца з ім. Даныя будзеце перадаваць Сцяпанавічу. Ну, а далей — вядома… Часцеи за ўсё, як i раней, будзе на сувязі поп.

Цімох засмяяўся i зноў падміргнуў Сашы:

— Люблю такіх папоў!

На каго іншага Саша ўзлавалася б за гэтае недарэчнае падміргванне. Але на гэтага хлопца злавацца было немагчыма: кожны жэст яго быў надзіва натуральны i вясёлы. Лялькевіч таксама назіраў за ім з цікавасцю.

— Другая задача — усё тая ж… Абавязкова патрэбна модная група ў дэпо i ўвогуле на чыгунцы.

— Будзем мець такую групу, таварыш Пятро! — запэўніў Дрозд. — Я ж кажу: ужо маем за каго зачапіцца.

— Нарэшце, трэцяя, таксама звязана з чыгункай. Найболыиую колькасць дыверсій партызаны будуць рабіць на чыгунках у напрамку на Бранск i Бахмач. Натуральна, што пасля гэтага на вузле будуць «пробкі». Кожную такую «пробку» будзе выбіваць наша авіяцыя.

— Здорава! — з захапленнем выгукнуў Цімох.

— Але сокалам нашым трэба памагаць. Паказваць цэль. I каб менш бомб падала туды, дзе жывуць савецкія людзі. Патрэбна група энергічных, смелых хлопцаў.

— О, гэта легка! — зноў не ўтрымаўся Цімох. — Такую работу хлопцы любяць!

— Гэта нялёгка, таварыш… Гэта вельмі небяспечна. Больш, чым што іншае. Але трэба!

— Я арганізую такую групу! Дазвольце мне…

Лялькевіч паглядзеў на Дразда, позіркам спытаўшы: ці

не замнога бярэ на сябе гэты юнак? Стары кіўнуў галавой: можна даручыць!

— Добра. Арганізацыя групы за вамі. Але майце на ўвазе, пакуль вы на сувязі з Шлімам, ісці з ракетніцай не павінны!

Цімох глянуў на Сашу i красамоўна зморшчыўся: вось табе на, ад самага цікавага яго адхіляюць.

Гэта ўбачыў Лялькевіч, i голас яго адразу стаў суровы, загадны:

— Пасля кожнай ракеты будзе аблава. Мы не можам рызыкаваць. Арыштуюць вас — праваліце Шліма. Кіраваць падачай сігналаў павінен нехта іншы!

Хлопец адчуў гэты загадны тон i падняўся з табурэта, сур'ёзна, амаль па-вайсковаму сказаў:

— Слухаюся, таварыш… Пятро! Кіраваць будзе іншы!

Гаспадар прасунуў у дзверы галаву:

— Бульбачка зварылася. Можа, з'ямо гарачанькую?

— Ого! Яшчэ як з'ямо! — весела адгукнуўся Дрозд.

Пакуль гаспадыня падавала на стол гарачую бульбу i гуркі,

Лялькевіч i Цімох на колькі хвілін выйшлі ў суседні пакой…

За сталом — ніводнага слова аб справе. Гутарылі так, як маглі б гутарыць людзі, якія сапраўды сустрэліся выпад кова: адны прыехалі з вёскі i заначавалі ў знаёмага, другія зайшлі, убачыўшы след, каб выпіць «вясковай самагоначкі». Выпілі. Нават Саша ўпершыню паспытала. Цімох, відаць, таксама піў першы раз, бо, выпіўшы, скрывіўся так, што Саша ледзь не зарагатала, i «пахваліў» пачастунак:

— Ну i дрэнь.

— Братка ты мой, гэта ты не разабраўся, — адказаў Дрозд, які выпіў сваю порцыю павольна, са смакам i ў заключэнне задаволена крэкнуў.

Праўда, да канца канспірацыі не вытрымалі. Парушыла гаспадыня: папрасіла расказачь, што робіцца на фронце i «там», «у нашых». I Лялькевіч мусіў пераказваць апошнія зводкі Саўінфармбюро, якія тыдзень назад Анатоль прынёс з атрада.

Калі вячэра скончылася i госці пайшлі, гаспадыня павяла Сашу i Лялькевіча ў спальню i паказала на адзіны, засланы чыстымі прасцінамі ложак.

— Вы лажыцеся тут, а мы са старым на печы ляжам. — I, ведаючы, што госці заўсёды пярэчаць, адмаўляюцца, хутка выйшла, пакінуўшы ix адных.

Сашы зноў зрабілася весела. Яна ўбачыла, як разгубіўся гэты чалавек, які звычайна знаходзіў выйсце з самых цяжкіх абставін, i ледзь стрымлівалася, каб не засмяяцца.

Лялькевіч, унікаючы яе позірку, вымушана кашляў i глядзеў на дзверы, як на ратунак.

— Лажыцеся, — сказала яму Саша.

— А вы?

— А я… Я лягу на падлозе.

— Ну што вы! Як можна! Я ніколі не дазволю сабе… Я ўсё-такі мужчына.

— Калі вы ўсё-такі мужчына, — засмяялася прыглушана Саша, — то лажыцеся на падлозе.

Яна скінула буркі i ў плацці i Данікавых ватных штанах залезла пад коўдру.

Лялькевіч выйшаў са спальні.

Саша, упэўненая, што ён ляжа ў суседнім пакоі на канапцы, змораная за дзень, хутка заснула. Але калі прачнулася раніцой, то ўбачыла, што ён сапраўды ляжыць у куце за шафай, на падлозе, накрыўшыся сваім кажушком. Ёй стала сорамна за свой эгаізм i наогул за ўчарашнія паводзіны. Чаму яна весялілася, як ніколі за месяцы акупацыі? Чаму потым так спалохалася, убачыўшы, што дом, дзе жыў Пеця, згарэў? Хіба мала цяпер гарыць дамоў?

Адначасова з'явілася злосць на Лялькевіча. «Што ён іграе перада мной пакутніка! Лепшага месца не знайшоў, дзе легчы. Камісар! Спалохаўся, што гаспадары не павераць, што я — жонка. А якое гэта мае значэнне для ix? Усё адно, раз яны сталі на гэты шлях, ім наканавана маўчаць. Маўчаць перад катаваннямі, перад тварам смерці. Так, як маўчаў Цішка, як маўчаць Поля, Данік, Анатоль… Усе мы павінны маўчаць. I я таксама… Чаму гэта мне захацелася раскрыць душу перад ім? З якой рады?» I яна зноў замкнулася. Але на гэты раз ненадоўга.

Рынак зрабіў на Сашу дзіўнае ўражанне. Нельга сказаць, што ён быў малалюдны. Не, людзей было нямала. I — на першы погляд — шмат што прадавалася, асабліва з апраткі. Але купляць… купляць гэтым людзям не было чаго, бо не было ні кароў, ні свіней, як у даваенны час, ні мукі, ні сала, ні мяса, ні бульбы, ні цыбулі. Нічога не было з таго, што патрэбна чалавеку ў першую чаргу. Саша з болем падумала: як жа жывуць гарадскія людзі? «Галадае народ», — успомніліся словы Дразда. У вёсцы хоць бульбіна якая-небудзь ды капуста ёсць.

I яшчэ адно ўразіла яе: вялікая колькасць людзей, неяк па-старамоднаму апранутых. Адкуль яны ўзяліся? Да вайны рэдка калі сустракаўся чалавек у такім адзенні. А тут быццам усе яны выйшлі з фільмаў аб дарэвалюцыйным жыцці: у чорных шалях, доўгіх спадніцах, у паліто з аксамітавымі каўнерыкамі i вузкіх штоніках. I ўсе гэтыя людзі нешта прадавалі, шпарка бегаючы з канца ў канец, прытанцоўваючы на марозе. Сашы здалося, што ад ix саміх i ад рэчаў, якія яны прадаюць, вельмі пахне нафталінам. Пакупнікоў на бочкі, як i на ўсё гэтае рыззё, было нямнога. Але бочкі, прынамсі, выклікалі цікавасць. Каля ix тоўпіліся, мацалі клёпкі, ляпалі па звонкім дрэве, нюхалі яго прыемны пах. Ды i саміх прадаўцоў — Лялькевіча i Сашу — разглядалі з цікавасцю: што за людзі, што прывезлі такі нязвыклы для гэтага часу тавар? Уладзіміру Іванавічу не падабалася такая цікавасць да яго асобы: ён баяўся, што раптам знойдзецца хто-небудзь знаёмы i пазнае яго. Не так далека ад горада да раёна, дзе ён настаўнічаў. Таму ён вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам.

— Даю пуд солi.

Соль! Каб гэта было што іншае, любое, самае каштоўнае, Лялькевіч, напэўна, аддаў бы за тое, што прапанавалі,— абы хутчэй з плеч. Але соль… Значыцца, у гэтага прайдзісвета ёсць даволі солі, без якой яны ядуць страву ўжо каторы месяц, якой так просяць да бульбы дзеці тых салдатак, якія аддалі яму, Лялькевічу, клёпку. Таму ён пачаў таргавацца — запрасіў тры пуды. Гандляр махнуў рукой i адышоў, але хутка вярнуўся i самаўпэўнена сказаў:

— Падумаў? — Ён добра ведаў цану сваёй солі.

— Двапуды.

— Не будзь дурнем. На тваё калецтва надбаўляю. — I перайшоў з пудоў на кілаграмы. — Дваццаць кілё.

Дваццаць кілаграмаў солі. Сашы здавалася гэта цэлым багаццем, яна ледзь стрымлівала сябе, каб не сказаць на правах жонкі: «Аддавай, Пеця». Але Лялькевіч зразумеў, што тыпу гэтаму бочкі вельмі патрэбны, i ўпарта змагаўся за кожны кілаграм.

— Дваццаць пяць, — узлавана абвясціў гандляр, чырванеючы ад гневу.

— Дваццаць восем.

— Я скажу паліцыі, каб канфіскавала твае бочкі. Не забывай, што лес цяпер належыць нямецкай дзяржаве. А ты накраў…

Сярод цікаўных, якія акружылі ix, пачуліся нясмелыя галасы абурэння: таргуйся сумленна, не палохай! Але Лялькевіча цяжка было запалохаць. Ён пачціва адказаў:

— Ваша справа, пан. Але няхай шаноўны пан зразумее, колькі мне, калеку, прыйшлося пастаяць на адной назе, каб вось так выгабляваць кожную клёпачку. — Ён стукаў кулаком па самай большай, дубовай, бочцы, i яна гудзела на ўвесь рынак.

Нарэшце сышліся на дваццаці шасці кілаграмах…

— Нам яўна пашанцавала, — сказаў Лялькевіч, калі яны, пасля шматлікіх праверак, выехалі з горада i дабраліся да лесу, дзе адчулі сябе бяспечна i ўтульна. Уладзімір Іванавіч быў задаволены, вясёлы. Яму хацелася гаварыць, магчыма, гэтак жа, як учора ёй. — Чаму вы такая панурая, Саша? Вас усхваляваў гэты дом? Далібог жа, забабоны! Выкіньце з галавы! Больш таго, я хачу, каб вы зразумелі… Мы вядзём бязлітасную барацьбу са страшным ворагам… У такіх умовах нельга даваць волю сваім пачуццям. Трэба ўмець імі валодаць. Трэба, кажучы груба, заціснуць ix вось так. — Ён паказаў кулак. — Інакш мы пачнём забываць пра галоўнае.

Саша маўчала. Яна думала, як, аднак, змяніўся гэты чалавек, некалі малады, вясёлы настаўнік, вялікі аматар валейбола i лыжных прагулак. Цяпер толькі адно яго радуе — поспех у барацьбе, бо толькі змаганнем ён жыве, гарыць. Ён прылёг на бок, паклаўшы галаву на клунак з соллю, i нешта ціха насвістваў. Ён адпачываў пасля двух нялёгкіх дзён. Але ў той час бяда магла напаткаць там, дзе яе зусім не чакаеш. Саша першая ўбачыла, як з лесу выйшлі двое ў цывільным адзенні i спыніліся на дарозе; не магло быць сумнення, што яны чакалі ix. Яе здзівіла, чаму так збялеў Лялькевіч, убачыўшы гэтых людзей. Праехаў горад, дзе, можа, дзесяць патрулёў i пастоў праверыла, i ён паводзіў сябе зусім спакойна. А тут як бы спалохаўся.

— Слухайце, Саша… Калі што якое, я буду біцца з імі… Кулакамі… А вы ганіце каня… Ганіце што ёсць сілы. Я не дам ім стрэліць, калі ix толькі двое.

Саша не разумела: чаму, навошта?

— Пад намі, у дошцы, друкарскі шрыфт i ў хамуце сёетое… Ганіце! — Ён перадаў ёй лейцы i пугу.

У тых дваіх зброі не было відаць. Але адзін з ix, мал од шы, даволі энергічна спыніў каня.

— Зноў праверка? — спытаў Лялькевіч.

— Конь нам твой патрэбен, — лагодна адказаў другі, з маладымі вачамі, але густой чорнай барадой.

Лялькевіч спрытна скочыў з саней, закульгаў.

— Браток, родненькі, пашкадуй. Ад каго забіраеш? Паглядзі, якая ў мяне нага. Дзеці галадаюць. Конік гэты на сем двароў, i збруя чужая. Што мне людзі скажуць? Скажуць: каня прадаў.

— Не скажуць.

— Не дам. Мёртвы лягу, а не дам! Жонка, прасі! Галасі, Саша! Як дзецям крупы панясём? — Пра соль ён пабаяўся сказаць.

Але Сашы было цяжка галасіць.

Барадаты стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Зразумей! Вось як, — ён правёў далоняй па шыі,— нам конь патрэбен. Не для забаўкі забіраем.

У гэты час малады пачаў энергічна распрагаць. Убачыўшы, што яны маюць намер забраць аднаго каня, без саней, Лялькевіч супакоіўся, але прытворна залямантаваў. (Пасля Саша напамінала яму гэтае галашэнне, i яны разам смяяліся.)

— Ой, людцы, ратуйце! Рабуюць! Саша, родная, гінем! На чым бочкі вазіць будзем? Дзеці з голаду памруць! Не дам! Мёртвым лягу. — Схапіўся ён за аброць.

— Мёртвым не ляжаш, а па спіне атрымаеш, — спакойна адказаў той, што распрагаў.— Адыдзі!

— Хамут! Хамут хоць аддайце! Чужы!

— Аддай ты яму хамут, гэтай бабе! Жанчына маўчыць, а ён скуголіць, як сабака. Брыдка слухаць. Можа, сам сабе нагу скалечыў, каб на фронт не ісці.

Малодшы зняў i шыбануў яму пад ногі хамут.

— На! Не хамут, а чорт ведае што! Пуд важыць. Каня мог скалечыць. Гаспадар!

Без лішніх слоў яны хутка пайшлі па няўезджанай лясной дарозе, у бок ракі, i зніклі за дрэвамі. Камісар доўга глядзеў ім услед. Ціха засмяяўшыся, з захапленнем сказаў:

— Нашы, чэрці. А сказаць нельга. Вось жа недарэчная гісторыя. Навошта ім так пільна конь спатрэбіўся?

— Можа, таварыш дзе ранены ляжыць.

— Але… Магчыма. Магло здарыцца, што свайго каня загналі. У партызанскай справе ўсё бывае. Вось якія парадоксы здараюцца. Свае ў свайго забралі — i маўчы. Ах, чэрці! «Мёртвы, кажа, не ляжаш, а па спіне атрымаеш…» Гуманісты! Што ж, Аляксандра Фёдараўна. Прыйдзецца нам i за каня паслужыць. Дацягнем да пасёлка, а там, можа, добрая душа злітуецца — дасць каня.

Саша ўзялася за адну аглоблю, ён — за другую. Сані зрушыліся легка, але ўжо метраў праз сто Саша зразумела, што гэта пакутліва цяжка, асабліва для камісара з яго самаробным пратэзам. Дарога была няроўная, слізкая, з ухабамі, сані кідала з боку на бок. Яна ўбачыла, як на лбе ў Лялькевіча выступілі буйныя кроплі поту, i ведала, што гэта не ад натугі, а ад болю.

— Вам цяжка, Уладзімір Іванавіч? — спытала яна.

— Не, нічога.

— Давайце пачакаем. Можа, ехаць хто будзе.

— Не, не будзем чакаць. К чорту! А то i сані могуць забраць. A ў санях у нас скарб.

Міма прайшла машына з немцамі. Салдаты паказалі пальцамі на ix i весела зарагаталі.

Лялькевіч спыніўся, цяжка дыхаючы.

— Гэта страшна. З каго яны смяюцца? З інваліда…

Лялькевіч знясілена сеў на сані. У гэты момант Саша

адчула нейкую асаблівую душэўную блізкасць да гэтага чалавека. Знікла ўсё асабістае — злосць, раздражненне, здаліся дробнымі, нікчэмнымі ўсе ўласныя сумненні i ўчарашнія жарты, з'явіліся нейкія зусім новыя пачуцці, бо ў аснове ix было тое вялікае, галоўнае, што радніла, збліжала ix у барацьбе.

— Змарыўся? — ласкава i ўпершыню на ты сказала яна i сама хусткай выцерла пот з яго лба. Ён апусціў вочы, бо ў ix бліснулі слёзы.

Потым ім зноў пашанцавала: ix дагнаў начальнік атрада паліцыі — Гусеў. Ён ехаў у распісаным паводле рускага ўзору вазку на пары добрых стаеннікаў у суправаджэнні двух паліцаяў.

— Што здарылася, салдат?

— Ды вось выйшлі нейкія з лесу i каня забралі.

— Партызаны? — спалохана азірнуўся начальнік.

— А чорт ix ведае, хто яны такія!

— Партызаны, вядома. Бачыш, якія яны бандыты. Ты павінен усім расказаць пра гэты факт.

— Ды ўжо ж! Я ім ніколі не дарую!

— Правільна! Ну, чапляйся хутчэй. Давязу.

Калі стаеннікі ўскач ірванулі з месца, Лялькевіч тузануў Сашу за руку i прашаптаў:

— Вось бачыце. Не бывае ліха без дабра.

X

Шумела бурная вясна. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты, а школа апынулася на выспе. У другі канец вёскі i ў лес ездзілі на лодках.

Данік прывёз першы гладышык бярозавага соку. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. У двары яе асляпіла сонца — мора сонца. I зачараваў гоман шпакоў. Уладзімір Іванавіч i Данік нарабілі шпакоўняў, i цяпер здавалася, што шпакі з усяго наваколля пасяліліся на ix сядзібе. Па-вясноваму вясёлыя, клапатлівыя, закаханыя адно ў аднаго пары птушак завіхаліся кожная каля сваёй хаткі, ладзячы гнёзды i пільнуючы (адзін адлятае — другі застаецца), каб які-небудзь агрэсар не захапіў шпакоўні.

Саша доўга назірала за імі. Шчаслівыя шпакі! Ім невядома, што ў свеце лютуе вайна, што кожную гадзіну гінуць тысячы людзей i разбураецца шчасце. А навакол усё ажывае ў прыродзе, цягнецца да святла, радуецца цеплыні. Сашы здаецца, што яна чуе, як малады клён, што расце пад акном, п'е сок зямлі. Струменіць сок i ў яблынях i ў кусце бэзу. Вось такі, жывы, празрысты, пахучы, што іскрыцца ў гладышку… I ў яе самой пачынае хутчэй струменіць кроў, мацнеи біцца сэрца… Што яна хацела зрабіць? Нешта добрае. Ага, напаіць гэтага працавітага чалавека, які, здаецца, ніколі не адпачывае. Яна пайшла пад паветку.

— Бярозавік. Хочаце?

Лялькевіч кінуў гэблю i ўзяў гладышык.

— Дзякую, Саша.

Ён выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць, павольна, смакуючы кожны глыток. З ласкавай, амаль мацярынскай усмешкай Саша сачыла, як ён п'е. Струменьчыкі пацяклі па барадзе, закапалі на гімнасцёрку, якую яна многа разоў мыла i кожны раз намервалася адрэзаць гузікі з зорачкамі, каб не прыдраўся які-небудзь фашыст, але так i не адрэзала — пашкадавала. Кропля ад соку трапіла на адзін з такіх гузікаў, i зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы яе позірк.

Ён адняў гладышык ад рота, прычмокнуу.

— Змарыўся? — ласкава спытала Саша, гэтак жа, як паўмесяца назад, калі яны цягнулі сані.

Ён паглядзеў на яе неяк дзіўна, паставіў гладышык на вярстак i раптам… абняў яе. Пачаў цалаваць.

— Саша… слаўная… Я люблю… люблю… люблю…

Інстынктыўна, у нейкім парыве яна на момант сашчапіла свае рукі ў яго на шыі, але тут жа схамянулася i моцна адштурхнула яго; ён ледзь утрымаўся на нагах. У яе гнеўна раздзьмуліся ноздры, на шчоках з'явіліся пунсовыя плямы.

— Уладзімір Іванавіч! — сказала яна так гучна, што ён спалохана азірнуўся — не пачулі б суседзі — i замахаў рукой. Але яна забылася на асцярожнасць. — У мяне дачка… i муж. Я кахаю свайго мужа… Я чакаю яго. I вы выкіньце з галавы! Hi на што не спадзявайцеся… Чуеце? Уладзімір Іванавіч!..

— Чую, Аляксандра Фёдараўна. Даруйце…

А навакол шумела вясна. Радавалася ўсё жывое. Толькі людзі не маглі радавацца. Людзі ваявалі.

1957

Агонь і снег

Аповесць трэцяя

1941

24 чэрвеня

Вайна… Трэція суткі, як яна пачалася. Ударыла, як гром з яснага неба, аглушыла, i я ніяк не магу апомніцца. Не толькі цяпер, пасля бою, пасля першых выбухаў бомбаў i нашых няўмелых стрэлаў, гудзіць у вушах. Не, гэты звон i гул у галаве з'явіліся адразу ж, як толькі я, першым на батарэі, пачуў аб вайне. I страх (мне сорамна прызнацца ў гэтым), страх таксама запаланіў душу з першых хвілін. Увесь час думаю пра смерць. Няўжо гэта канец? У дваццаць адзін год? Няўжо я ніколі не вярнуся дадому, не ўбачу маці, Сашу i маю маленькую дачушку?..

Здаецца, страшная не сама смерць, не ўсведамленне, што я, маленькі чалавечак, кропля ў людскім акіяне, перастану існаваць. Найбольшы страх ад думкі, што ніколі… ніколі ўжо (вось ад чаго ледзянее кроў) я не ўбачу Сашу. Саша! Каханне мае! Каб ты пачула крык майго сэрца! Я не хачу паміраць! Я хачу жыць! Жыць! Я хачу прыйсці да цябе, упасці да тваіх ног i цалаваць ix, цалаваць сляды на той дарозе, па якой ты хадзіла.

Не магу спаць, сон не прыходзіць трэцюю ноч. Як толькі заплюшчу вочы — адразу ж паўстаюць яна, мая Саша, з дачушкай на руках, Аніна хата, такая любая цяпер майму сэрцу, дарога, наша дарога ўздоўж Дняпра, па якой прыйшоў я i па якой Саша правила мяне сюды, у гэты далёкі, суровы паўночны край, не ведаючы, што праводзіць на вайну. Як ніколі раней, прыгадваюцца кожнае яе слова, кожны жэст, пацалунак — усё-ўсё. I страх смерці расце, душыць, скоўвае. Дзіўная рэч! Ці даўно быў той час, калі я любіў чытаць пра вайну i, як, напэўна, многія мае равеснікі, употай марыў аб ваенным подзвігу? Мне здавалася, што адразу ж я здолею зрабіць нешта такое, што праславіць мае імя i выратуе чалавецтва… Цяпер я сумна ўсміхаюся, успамінаючы гэтыя думкі. Наіўны хлопчык! Ты можаш памерці, не зрабіўшы аніякага подзвігу, нават самага маленькага. Ужо сёння я мог памерці. Зусім інакшай паўстала ў маім уяўленні вайна — нічога прыгожага, адно жудаснае. Я думаю: якое гэта шчасце — мір, цішыня на зямлі! О, каб дажыць да такога дня!

Усяго некалькі дзён назад мы, курсанты, амаль усе крыху фразёры, многа гаварылі пра немцаў, аб ix ваеннай тэхніцы i перамогах, якія ім так лёгка даваліся ў Еўропе. Мы нават крыху захапляліся ix аперацыямі. Я асабіста ды, напэўна, i мае сябры таксама не адчувалі асаблівай нянавісці. Больш было слоў, гучных фраз, чым пачуццяў. А цяпер… Як я ненавіджу ix цяпер! Ажно кіпіць у грудзях, калі я думаю пра ix, пра ix тэхніку, пра ix перамогі… Ад гэтых «перамог» паміралі вось такія ж, як я, як Сеня, як Віктар, хлопцы — чэхі, французы, югаславы… Цяпер яны прыйшлі, каб забіць нас.

Я ўспамінаю сённяшні бой, i мне робіцца яшчэ больш страшна, горка i крыўдна.

Яны прыляцелі адвячоркам. Разлікі займаліся каля гармат, вялі ўмоўную стральбу па сваіх самалётах. Цяпер мы трэніруемся дзень i ноч, толькі i чуваць: «Па самалёту над другім!» Між іншым, мне адразу не спадабалася, што мы «страляем» у свае самалёты. Іншая рэч, кал i гэта было да вайны: вучыліся лётчыкі — вучыліся мы. А цяпер яны лётаюць на задание, у бой, па ix вядуць агонь немцы, часта яны вяртаюцца (мы бачым гэта) з прабітымі крыламі i фюзеляжамі, магчыма, раненыя. I раптам каля роднага аэрадрома ix сустракаюць нацэленымі зеніткамі. Я на ix месцы запратэставаў бы супраць такой сустрэчы. Учора я сказаў пра гэта лейтэнанту Купанаву, камандзіру батарэі. Ён паглядзеў на мяне, падумаў i лагодна сказаў:

— Вы многа разважаеце, Шапятовіч.

…Аднак

Яны прыляцелі тады, калі недзе там, у нас, у Беларусі, заходзіла сонца. А тут яно павісла над лясістай градой невысокіх гор, каб болыи не зніжацца да самай «раніцы». Спачатку вельмі нечакана, быццам вынырнулі з гары, з'явіліся над Туломай два «месершміты». Даўгія, чорныя, як вужы, яны прайшлі нізка над гідрастанцыяй, схаваліся за ўсходнімі сопкамі i зноў вынырнулі над аэрадромам.

— Трывога! — страшным гол асам закрычаў разведчык.

Крык гэты ўсіх скалануў. У мяне задрыжалі рукі, заляскалі зубы. Я да болю сціскаў ручку паваротнага механізма, не зводзячы вачэй са стрэлкі азімута. Але стрэлка была мёртвая: ПУАЗО[2] не мог злавіць самалёты, якія шныралі паміж сопак. Там, на КП, каля прыбора, нешта крычалі, нешта камандавалі, але каманды гэтыя не мелі дачынення да нас, гарматных разлікаў. Разгублена стаяў наш камандзір, сяржант Тарных. Стукаў снарадам аб затвор, зараджаючы, — у яго таксама дрыжалі рукі.

Раптам бухнуў гарматны стрэл. Ударыла чацвёртая пушка; самы адсталы ў мірным вучэнні разлік, з якога мы заўсёды кпілі, першы адкрыў агонь, напомніўшы астатнім, што можна страляць i без прыбора.

— Па самалёту, прамой! — закрычаў сяржант.

Я хутка аб'ехаў вакол тумбы… Але самалётаў — чорт меў, «месершміты» зніклі, як прывіды. Я выцер рукавом сухі лоб, з палёгкай адчуўшы, як саграваецца спіна, па якой бегалі вельмі непрыемныя халодныя мурашкі. Дзякуй Богу, міма! Ды ў той жа міг загучаў надзіва спакойны голас Сені Пясоцкага:

— Цэль злоўлена! Азімут…

Я не пачуў ні азімута, ні вышыні, якую ён перадаваў, бо ў гэты момант засакаталі стрэлкі сінхроннай перадачы. Але няроўны, цяжкі — ажно тузалася паветра — гул я пачуў. Гэта ішлі яны. Ішлі на нас, несучы смерць. Колькі ix? Зноў тыя ж агідныя раўчакі холаду пацяклі па спіне, i яшчэ мацней затрэсліся калені, невядомая сіла падкідала ўсё цела, i сядзенне пада мной непрыемна брынчала.

Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы.

«Гэта таму, што не раскрыў рота, — падумаў я. — Трэба раскрыць рот. Раскрыць рот!»

I, чакаючы наступнага стрэлу, я шырока разявіў рот. Але стрэлкі… Я не зусім дакладна сумяшчаю ix. Ад гэтага залежыць пападанне: будуць праклятыя фашысты збіты ці, непакараныя, паляцяць назад. Аднак што там робяць прыборшчыкі? Чаму так ліхаманкава скача стрэлка? Хіба так можна страляць?

— Баязліўцы! Арыстакраты! Пацукі! Мандражэ вас узяло! — лаяў я сваіх сяброў на прыборы, гэтак жа ліхаманкава кідаючы гармату то ў адзін, то ў другі бок.

А гул, пагрозлівы, незнаемы, ад якога дрыжыць усё навокал, — вось ён, над маёй галавой. Зараз паляцяць бомбы. Я ўтуляю галаву ў плечы, рыхтуюся «прыняць» на сябе першую бомбу…

Але чаму маўчыць наша пушка? Няўжо я больш не чую стрэлаў? Не, я не аглух. Я чую нават чалавечыя галасы. Нехта схапіў мяне за плечы.

— Не круціся ты, маць тваю… Круціцца, як… Снарад заклініла!

У мірны час сяржант ні разу не вылаяўся на каго-небудзь з курсантаў (паказваў прыклад культурнасці), а тут крыў самымі адборнымі мацюкамі. Я не адразу зразумеў, што здарылася, што значыць «заклініла», бо пры вучэбных трэніроўках ніколі не было такой затрымкі.

— Ключ! Дзе ключ? Ты адказваеш за інструмент!

— Які ключ? Ключоў многа.

— Ды гэты…

Я саскочыў з сядзення i ўбачыў, што здарылася, які ключ патрэбны. Тырчала пятка патрона, заціснутага клінам затвора. Зараджаючы Фама Паўлюк, былы стрэшынскі трактарыст, хлопец на шэсць пудоў вагою, які заўсёды ў сталоўцы прасіў «перайграць», але лічыўся лепшым зараджаючым у дывізіёне, стаяў разгублены, белы як палатно, бездапаможна апусціўшы свае пудовыя кулакі. Астатнія нумары шукалі ключ-экстрактар, каб выцягнуць патрон, i нідзе не маглі знайсці, хоць усе ведалі, у якой скрынцы ён павінен ляжаць.

Мне здалося, што гул самалётаў рассеяўся, як бы аддаляецца. Я глянуў у неба i мімаволі прыгнуўся: проста нада мной, у самым зеніце, віселі два чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Больш я нічога не ўбачыў — толькі гэтыя агідныя крыжы. Потым позірк мой упаў на агнявую пазіцыю батарэі, уразіла дзіўная рэч: насуперак правілам стральбы ўсе чатыры гарматы павернуты ў розныя бакі, i толькі адна, чацвёртая, вядзе агонь. Я падумаў: значыцца, варожыя самалёты з усіх бакоў, яны не ходзяць баявым курсам i ўсе нашы дакладныя разумныя прыборы, у якія мы так верылі,— непатрэбная рэч, дарэмна там да хрыпаты крычаць прыборшчыкі.

Мае думкі перапыніў моцны выбух, ад якога калыхнулася пад нагамі зямля. За ім другі, трэці… Над аэрадромам, над пасёлкам шуганулі ўгору слупы полымя i дыму.

Цяпер я бачыў ix, фашысцкія самалёты, нават бачыў, як падаюць бомбы. Фашысты з розных бакоў заходзілі на аэрадром, з якога ўзнімаліся, захопленыя знянацку, нашы знішчальнікі. Адзін з ix вынырнуў проста з выбуху і… загарэўся ў паветры. Другі, не набраўшы вышыні, урэзаўся ў будынак клуба лётчыкаў. На маіх вачах гінулі людзі… Нашы людзі!.. Ашаломлены, аглушаны, я не мог адарваць вачэй ад жудаснай карціны вайны, забыўшыся на нейкі момант на свой уласны страх. Там, у тых самалётах, сядзелі такія ж хлопцы, як я; напэўна, i ў ix ёсць жонкі i нарадзіліся дзеці, якіх яны ўжо ніколі не ўбачаць… Яны не проста забіты, яны, магчыма, гараць жывыя…

Знішчальнікі, якім удалося ўзляцець, атакавалі варожых бамбардзіроўшчыкаў. Застракаталі кулямёты. Пачаўся паветраны бой. Зноў з'явіліся «месершміты».

Полымя шуганула побач з агнявой пазіцыяй, там, дзе на беразе ручая стаяла наша дашчаная сталоўка. Ca свістам праляцелі каменні, кавалкі дрэва. У вышыні, у дыме i гары, натужліва зараўлі маторы.

«Падае», — мільганула думка.

Не, самалёт не падаў, ён пікіраваў на батарэю. Забумкалі яго пушкі, ударылі буйнакаліберныя кулямёты. Грымнулі выбухі ўжо з другога боку пазіцыі.

Я зірнуў угору i зноў убачыў усё тыя ж чорныя крыжы ў жоўтых кругах, нібы яны павіслі тут назаўсёды. Праз гул, выбухі i страляніну мы, аднак, пачулі каманду лейтэнанта

Купанава:

— Ва ўкрыццё!

Першы нырнуў у земляную нішу Паўлюк. Мне нішы не хапіла: пакуль я агледзеўся, усе шчыліны занялі, з кожнай тырчалі ногі ў абмотках. Я ўпаў на зямлю каля гарматы i засунуў галаву пад лафет. Відаць, я не доўга ляжаў гэтак, бо не ўправіўся падумаць што-небудзь істотнае, ці, можа, гэта былі хвіліны такога здранцвення, калі нават думкі не прыходзілі.

Нехта даволі груба пацягнуў мяне за гімнасцёрку i злосна загадаў:

— Вылазьце, чорт вазьмі!

Я высунуў з-пад лафета галаву i ўбачыў перад сабой камандзіра дывізіёна маёра Ярмілава. Дух дысцыпліны адразу ўзняў мяне на ногі. Я падхапіўся, выпрастаўся, папраўляючы гімнасцёрку.

— Чаму не страляеце?

— З-з-за-заклініла, т-таварыш маёр… — Я ніколі ў жыцці не заікаўся, а тут пачуў, што заікаюся, бо зубы ўсё яшчэ ляскалі, быццам выцягнулі мяне не з-пад лафета, а з ледзяной вады.

— Што заклініла? — глянуў ён на затвор i закрычаў: — Выбіць! Не ведаеце, што рабіць! Баннік у рукі! Хутчэй! — Маёр тупнуў нагой, убачыўшы маю нерашучасць.

Баннік — гэта пяціметровы шомпал — ляжаў на брустверы, на рагульках. Я выскачыў з катлавана. Камандзір дывізіёна сам апусціў ствол пушкі, адначасова загадваючы нумарам заняць свае месцы.

Я асцярожна ўсадзіў баннік у ствол. Восем месяцаў нас вучылі, што выбіваць патрон баннікам небяспечна — снарад можа разарвацца. I раптам я павінен выбіць яго… Загінуць ад свайго снарада пры першай сустрэчы з ворагам… Хіба можа быць больш недарэчная, больш крыўдная смерць?

— Выбівайце ж! — закрычаў маёр.

Угары зноў зараўлі маторы. Я задраў галаву і… зноў убачыў усё тыя ж крыжы… Злавесныя крыжы! I нейкая неразумная, адчайная рашучасць апанавала мяне ў гэты міг: усё адно ад чаго паміраць! Адступіўшы, праўда, крыху ўбок, з усёй сілай штурхнуў баннікам у снарад. I застыў, чакаючы, што здарыцца: разнясе мяне ўсяго ці толькі адарве рукі? Нічога не здарылася. Цяжкі унітарны патрон вылецеў з магазіна. Маёр злавіў яго i перадаў сяржанту. Потым, глянуўшы ўгору, закрычаў мне, але ўжо не ўладарна, не злосным, а ўстрывожаным голасам:

— Назад! У катлаван!

Я выхапіў баннік, i ён… пераламаўся недалёка ад маіх рук, а з-пад ног у мяне, ад камення, пырскнулі іскры. Я ў жаху адкінуў абломак і, паваліўшыся на зямлю, скаціўся ў катлаван.

Маёр падхапіў мяне на рукі.

— Ранены, таварыш курсант?

Ён спытаў так па-чалавечы хораша, ласкава, што я нічога не мог адказаць — праглынуў салены камяк. Як маленькаму, захацелася прытуліцца да грудзей гэтага дужага i смелага чалавека.

— Цэлы? Доўга жыць будзеш! Па табе фашыст біў… Бачыш, баннік, сукін сын, перасек чаргой. — Маёр трасануў мяне за плечы, прыветліва ўсміхнуўся i, агледзеўшы неба, сказаў: — Ну, здаецца, адбой. Доўга яны віселі над намі.

Калі неба, бясхмарнае паўночнае неба, стала чыстае i ціхае, маёр пастроіў батарэю. Панурыя, з пазелянелымі тварамі стаял! курсанты: відаць, ва ўсіх быў такі ж прыгнечаны i цяжкі настрой, як i ў мяне. Маёр спакойна прайшоў паўз строй, аднаму паправіў рэмень, другому змахнуў з грудзей пясок; хітрая i добрая ўсмешка хавалася ў зморшчынках каля вачэй.

— Што, атрымалі баявое хрышчэнне? Страшна? — Строй маўчаў.— Страшна, безумоўна, — адказаў ён сам за ўсіх. — Першы бой самы страшны, я помню. Але зарывацца ў зямлю насамі нам, зенітчыкам, не дазволена…

Лейтэнант Купанаў, які стаяў побач з камандзірам дывізіёна, пачырванеў, як дзяўчына, выцягнуўся.

— Вінаваты, таварыш маёр.

Наш камбат — тыповы вайсковец, узорны ва ўсіх адносінах афіцэр: падцягнуты, акуратны, лаканічны ў словах, у меру суровы i мяккі, заўсёды справядлівы, a галоўнае — усе ўмее: не было, здавалася, такой справы, якой ён не зрабіў бы. Нізкі ростам, шчуплы, ён, аднак, хутчэй за ўсіх зараджаў гармату, дакладнеи за ўсіх працавау на дальнамеры i прыооры, лепш за ўсіх страляў з вінтоўкі i пісталета; ён вучыў нас абіраць бульбу хутка i эканомна; ён у тры разы хутчэй наматваў абмоткі i выбягаў па трывозе, чым самы спрытны i ўвішны з нас — масквіч, спартсмен Раман Войтаў. Мы любілі лейтэнанта i паміж сабой называл i Напалеонам. Асабліва мы, вальналюбцы, паважалі яго за тое, што ён ніколі не губляўся ні перад якім начальствам, ні перад якой інспекцыйнай праверкай, няхай бы яе рабіў хоць сам маршал. Заўсёды Купанаў паводзіў сябе спакойна i ўпэўнена.

А тут так разгубіўся, што ажно неяк па-дзіцячы зашморгаў носам. Я зразумеў, што яму сорамна за сваю слабасць — за каманду: «Ва ўкрыццё!», за батарэю, за нашу ганебную стральбу, i мне стала шкада яго, бо i самому мне было сорамна i прыкра. Добра, што маёр разумны чалавек.

— Я пакуль што нікога не вінавачу, — сказаў ён. — Але майце на ўвазе. Зарубіце, як кажуць, на носе. Любы род наземных войск мае права, нават павінен укрывацца ад авіяцыі. Мы, зенітчыкі, не маем гэтага права. Мы можам схавацца ад агнявога налёту артылерыі, але ад самалётаў — ніколі! Добранькая справа, калі б мы, замест таго каб прыкрываць аэрадром, станцыю, свае войскі, залезлі ў шчыліны. Чаго б мы былі варты?! Гэта ўсё адно, каб пяхота схавалася ад штыкавой атакі праціўніка. Запэўняю вас, калі б усе гарматы вялі агонь хаця б так, як чацвёртая, фашысты не адважыліся б лезці на батарэю так нахабна…

Мяне ўразіла, што ён гаворыць пра ўсё гэта так проста i разважліва. Уразіла, але не заспакоіла, а яшчэ больш напалохала: ён гаворыць так, быццам нам наканавана праз многія месяцы i гады штодзень бываць пад бомбамі i кулямётным агнём. Няўжо штодзень будзе паўтарацца такое? Колькі ж часу бомбы i кулі будуць пралятаць міма? Сёння яны разбілі сталоўку i ранілі кухара i шафёра. A заўтра? Заняты сваімі думкамі, я дрэнна чуў, што яшчэ гаварыў маёр Ярмілаў.

Ды раптам у другой шарэнзе, там, дзе стаяў чацвёрты разлік, нехта пырснуў смехам.

Маёр сурова нахмурыўся:

— Што за смех? Хто смяяўся?

Строй застыў.

— Хто смяяўся?

— Я! — адгукнуўся зараджаючы чацвёртай гарматы Павел Кныш, здзівіўшы ўсіх: бадай што самы сур'ёзны i стрыманы курсант, старэйшы па гадах за іншых, нават за камандзіра батарэі. Ён, як настаўнік, карыстаўся колькі год адтэрміноўкай ад прызыву ў армію. Што здарылася з ім?

— Два крокі ўперад, марш!

Кныш выйшаў ca строю.

— З чаго смяяліся?

— Вінаваты, таварыш маёр… Я ўспомніў, што наш сяржант даў каманду: «Газы»… пасля таго, калі вунь там, за пазіцыяй, упала бомба. А цяпер я ўбачыў, што бомба гэтая разнесла, прабачце… прыбіральню.

Усе павярнулі галовы туды, дзе стаяла батарэйная прыбіральня, i нечакана… строй грымнуў рогатам. Маёр таксама засмяяўся. Ажно слёзы заблішчалі ў вачах. Выціраючы ix, праз смех сказаў:

— Газы? Ах, чортавы дзеці! Але i газы могуць быць!

Толькі лейтэнант Купанаў гідліва зморшчыўся. Ды яшчэ адзін чалавек не ўсміхнуўся нават — я. Было не да смеху. Я не разумеў, як можна рагатаць з такога глупства, калі ў твар табе глядзіць смерць.

Калі чысцілі гарматы i рыхтавалі новы камплект боепрыпасаў, у мяне нечакана з'явілася думка — пачаць зноў весці дзённік. Некалі да арміі, у тэхнікуме, я акуратна запісваў усе падзеі свайго студэнцкага жыцця. Тут, на батарэі, кінуў — замяніў пісьмамі да Сашы, якія пісаў кожную вольную хвіліну (хоць хвілін такіх было нямнога), кожны святочны дзень, i нават прасіў дазволу ў камандзіра рабіць гэта ў «мёртвую гадзіну», пасля абеду, калі ўся батарэя адпачывала. А цяпер… ці будуць цяпер даходзіць мае пісьмы ў родную далячынь? Ды i не ўсё можна напісаць, цяпер вайна. А мне хочацца, каб Саша, мая Саша, i мая дачка калі-небудзь даведаліся, як я пачаў вайну, з якімі думкамі жыў гэтыя дні… Я веру, што, калі загіну, знойдзецца добрая душа i перашле дзённік Сашы. Дарагі таварыш, калі трапіць у твае рукі мой дзённік, вельмі прашу выканаць мае жаданне, адрас запісаны на многіх старонках гэтага сшытка.

I вось я пішу… Можа, залішне падрабязна апісаў наш першы бой з нямецкімі самалётамі, бой, пра які хочацца забыцца, не ўспамінаць, ды, напэўна, ніколі, да смерці, не забудзеш. Пішу, прымасціўшыся ў гарматным катлаване, за снараднымі скрынкамі, ад якіх пахне дрэвам i маслам. Батарэя адпачывае. Цішыня. Неверагодная цішыня навокал. Нават чамусьці не чуваць шуму гідрастанцыі. Толькі Паўлюк парушае цішыню сваім моцным храпам. Ды зрэдку перакідваюцца паміж сабой словамі разведчыкі. Цяпер ix двое — сочаць за небам, аглядаюць яго празрысты блакіт у вялікія біноклі. Сіратліва, як бы яно не натуральнае, а зробленае, дэкаратыўнае, вісіць над сопкамі халоднае сонца. Дзве гадзіны ночы. Я зайздрошчу сябрам, якія здолелі заснуць пасля ўсяго, што адбылося. Не, не ўсе заснулі…

25 чэрвеня

Уночы, калі я пісаў, да мяне падышоў Сеня Пясоцкі, мой лепшы друг. Мы пасябравалі яшчэ ў дарозе, у цяплушцы, калі нас везлі з Гомеля сюды, на Поўнач. Разгаварыліся, i высветлілася, што ён добра ведае Сашу, што маці яго — тая ўрач Марыя Сяргееўна, пра якую расказвала мне Саша з павагай, з гордасцю за сваю дружбу з гэтай жанчынай. Праўда, я трохі быў насцеражыўся, калі Сеня пачаў хваліць Сашу, нават варухнулася раўнівае пачуццё: ці не закаханы гэты хлапчук у маю жонку? Але потым я зразумеў, што захапляцца людзьмі, хваліць ix больш, чым трэба, — рыса яго характару. У армію яго ўзялі са школьнай парты, ён толькі скончыў дзесяць класаў. I на выгляд Сеня быў яшчэ дзіця, вучань: маленькі, худзенькі, з тонкім, як у дзяўчыны, голасам, з вялікімі вачамі, у якіх вельмі выразна адбіваўся яго настрой, з маленькімі, смешна адтапыранымі вушамі. Помню, у вагоне яму казалі: «Хлопчык, пасунься, дай месца. Хлопчык, збегай па ваду». Ён вінавата ўсміхаўся i паслухмяна ўсё выконваў. Але на батарэі даволі хутка Сеня заваяваў агульную павагу за сваю сардэчнасць i надзвычай шырокія веды. Яго так i называлі — «эрудыт». Эрудыцыя гэтая спалучаецца ў яго з рамантычнай, крыху наіўнай юнацкай узнёсласцю. Я палюбіў яго, мы сталі, як кажуць, неразлучнымі сябрамі.

Сеня падышоў непрыкметна. Я ўбачыў яго, калі ён сеў на бруствер, амаль над галавой у мяне, правільней — не ўбачыў, a адчуў i адразу пазнаў — хто. Не вельмі сумеўся ад таго, што мяне захапілі ў такі незвычайны час за такім дзіўным заняткам (бадай, нікому не прыйшло ў галаву пісаць адразу ж пасля бою). Я напісаў яшчэ некалькі слоў, потым загарнуў сшытак, глянуў на друга. Як завастрыўся яго твар, як запалі яго вялікія вочы за тры дні.

— Што ты пішаш? — спытаў ён шэптам.

Я падняўся, абапёрся на бруствер каля яго ног i даверліва прызнаўся:

— Дзённік.

— Дзённік? — Ён здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік.

— Ты думаеш, могуць забараніць? — устрывожыўся я, верачы, што Сеня ўсё ведае.

Ён падумаў.

— Не, забараняць бадай што не будуць. Але навошта табе? Я не люблю дзённікаў. У ix хлусяць…

Я сціснуў яго калена i горача зашаптаў:

— Не, я напішу праўду. Напішу ўсё, што перажыў, што перадумаў… Я пішу для Сашы, а ёй я ніколі не хлусіў. Я хачу, каб тады, калі мяне не стане…

— Пеця! Выкінь з галавы дурныя думкі.

— Ты думаеш, мы выйдзем жывыя з гэтага пекла?

— Ніхто не ведае, хто загіне, хто будзе жыць. Але ўсе мы павінны думаць пра жыццё. Інакш які сэнс у змаганні? Каб перамагчы…

— Усё гэта правільныя словы, Сеня. Але ў мяне прадчуванне…

— Глупства. У цябе проста страх. Думаеш, у мяне, у другіх хлопцаў няма яго? Але мне здаецца, што я пачынаю перамагаць гэтае агіднае пачуццё. Пасля сённяшняга бою…

— Бой! Які гэта бой! Пасля яго я адчуваю сябе яшчэ горш! Як мы стралялі! Ганьба!

Ён усміхнуўся:

— Праўда, стралялі пагана. Але, кажуць, першы блінец заўсёды комам…

— Блінец! — пачаў злаваць я. — У каго ты набраўся такой разважлівасці? Такія «блінцы» нам вылезуць бокам… Заутра, можа, праз гадзіну… Наляцяць зноў… i расстраляюць такіх зенітчыкаў з кулямётаў.

Мы адначасова паглядзелі на неба. Колькі часу яно будзе чыстае?

Сеня ўздыхнуў i задумліва сказаў:

— Але… За восем месяцаў мы добра навучыліся хадзіць на лыжах, класічна казыраць… I толькі страляць з асноўнай сваёй зброі не навучыліся. Усе гэтыя трэніроўкі без баявой стральбы… чаго яны варты? A Кідала нават сілуэтаў не ведае. Даказвае, што гэта былі «Ю-88».

— Пясоцкі! Вы зноў за сваё. Не навучылі вас? — нечакана прагучаў з нішы голас сяржанта Тарных. — Шапятовіч, спаць! Развінціліся!

Не ўсе, значыцца, спяць! Сеня ўздрыгнуў, пабялеў i, падняўшыся, панура пасунуўся да свайго дальнамера. У мяне балюча сціснулася сэрца. Стала вельмі шкада гэтага добрага, разумнага хлопца. «Зноў за сваё». За што — сваё? Што кепскае ён сказаў? Чаму часам невукі, выскачкі, салдафоны ў большай пашане, чым такія, як Сеня? Колькі ён перажыў за гэтыя тры дні, мой друг! Больш, чым усе мы. I не скардзіцца, не ные, не кідаецца ў паніку, а мужна трывае. Мне хочацца напісаць пра ўсё, што здарылася з ім. Магчыма, запісы мае праз Сашу дойдуць да яго маці.

Пачну спачатку.

Мы так стамляліся ад заняткаў, работы, вучэбных трывог, што нядзелі, калі можна трохі адпачыць, лішнюю гадзіну паспаць, чакалі, як найвялікшага свята. Але для мяне тая нядзеля не была радасная: за чытанне Горкага на палітвучобе я атрымаў тры нечарговыя нарады i мусіў дняваліць.

Ішоў дождж. Другія суткі нізкія хмары ахутвалі вяршыні навакольных сопак i бесперапынна сеялі густы дождж. Накінуўшы плашч-палатку, я хадзіў па лінейцы, якую сам толькі што старанна падмёў. Лінейка цягнецца ўздоўж зямлянак, выкапаных на схіле пясчанага ўзгорка, на якім віднеюцца накрытыя чахламі гарматы. З другога боку, унізе, скача па каменнях вясёлы гаманлівы ручай. Навокал пуста i ціха. Пасля снедання мае сябры «дабіраюць» тое, што недаспалі за тыдзень, ці пішуць пісьмы. Мне было крыху зайздросна: хацелася i паспаць i напісаць пісьмо. Але разам з тым было прыемна хадзіць у адзіноце i думаць пад шум дажджу i ручая — ніхто не перашкаджаў. Я думаў пра Сашу, «пісаў» чарговае пісьмо, шукаючы самыя пяшчотныя словы.

У дванаццаць гадзін у пасёлку, кіламетры за два ад нас, загаварыла радыё. Слоў нельга было разабраць, але мне здалося па тону, што перадаюць нешта важнае. Захацелася паслухаць. Рэпрадуктары былі ў ленінскім кутку i ў афіцэрскай зямлянцы. У кутку, я ведаў, палітрук i рэдкалегія выпускаюць насценную газету, дзе, напэўна, распісваюць i мяне — мае нарады. Я не любіў малодшага палітрука Сідарэнку. Нічога кепскага ён мне не зрабіў i ўвогуле, здаецца, чалавек неблагі, мяккі па характеру, гаманкі, просты. Але не падабаліся яго жарты. Мяне, напрыклад, ён даволі часта насмешліва называў «жанацік» i колькі разоў з непрыемнай цікавасцю распытваў, як я жаніўся, якая ў мяне жонка. Таму я не пайшоў у ленінскі куток, a зазірнуў у камандзірскую зямлянку, каб сказаць лейтэнанту Купанаву, што перадаюць нешта важнае, i паслухаць самому. Але камандзір батарэі смачна i бестурботна спаў, па-дзіцячы раскінуўшы рукі.

Я ціха ўключыў радыё і… аслупянеў. Вайна! Я адразу зразумеў гэта i страшэнна разгубіўся, не ведаючы, што павінен рабіць як днявальны, як баец, як чалавек, нарэшце, грамадзянін сваёй Радзімы. Помню, я падумаў пра Сашу, i мне зрабілася так балюча, быццам у той міг я назаўсёды страціў яе, самага дарагога чалавека.

Лейтэнант расплюшчыў вочы, глянуў на мяне i… павярнуўся на другі бок, напэўна, яму здалося, што ён нешта сніць.

Тады я крыкнуў:

— Таварыш лейтэнант! Вайна!

Ён падхапіўся, як па трывозе, пачаў імкліва адзявацца. Вокамгненна нацягнуў штаны, абуў боты i раптам застыў, усунуўшы руку не ў той рукаў гімнасцёркі. Дзіўна збялела яго ніжняя губа, калі ён пачуў заключныя словы Старшыні Саўнаркома. Упершыню ўбачыў я таго, каго мы з павагаи называлі Напалеонам, разгубленым i спалоханым.

— Што рабіць, таварыш лейтэнант?

— Што рабіць? — Ён апусціў гімнасцёрку i знясілена сеў на ложак. — Што рабіць? — Ён, як i я, не ведаў, што рабіць у гэтую страшную хвіліну, i, можа, цэлую мінуту сядзеў нерухома са скамянелым тварам. Потым схамянуўся, успомніу свае абавязкі i крыкнуў:

— Трывога!

— Трывога! Тры-ы-во-ога! — не сваім голасам падхапіў я,

выскачыўшы з зямлянкі.

Віктар Вальноў, які не спаў i выбег першы, незадаволена кінуў мне:

— Звар'яцелі вы з Напалеонам. Якая трывога ў такі дождж? Тры дні матчастку будзеш чысціць.

Я не паспеў яму адказаць — трэба было хутчэй скідаць з гарматы чахол.

— Другое гатова! Першае гатова! Прыбор гатоў! — дакладвалі адзін за адным камандзіры, як заўсёды, весела, задаволеныя спрытнасцю сваіх разлікаў, якія навучыліся выбягаць па трывозе за адну мінуту.

Камбат стаяў пасярод пазіцыі ў адной гімнасцёрцы i ўглядаўся на захад, узаслону дажджу, чакаючы ворага. Крыкнуў сувязістам:

— Запытайце гукаўлоўнікі!

Не, шуму матораў не было. Шумеў дождж. Потым Купанава паклікалі да тэлефона.

Я сказаў сваім сябрам па разліку:

— Вайна, хлопцы.

Паверылі не адразу.

На мітынгу, на які нас склікалі пасля таго, як камандзір i палітрук пагутарылі з камандным пунктам дывізіёна, Сідарэнка, заікаючыся больш, чым звычайна, паведаміў, што ў чатыры гадзіны раніцы фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Мяне ўразіла гэтае паведамленне: восем гадзін ідзе вайна, а мы нічога не ведалі, баявая батарэя спакойна, па-мірнаму адпачывала. Чаму? Мы ж ведаем, што недалёка ад нас, у Нарвегіі, таксама немцы i яны не могуць не выступіць. Думка такая, відаць, шмат каго з курсантаў устрывожыла. A выказаў яе шчыры, непасрэдны Сеня Пясоцкі. Кал i палітрук скончыў сваю прамову, ён спытаў:

— Таварыш малодшы палітрук, чым растлумачыць, што мы так позна падняліся па ваеннай трывозе? У век радыё…

Сідарэнка сумеўся, не ведаючы, што адказаць, глянуў на камандзіра батарэі i загадаў:

— Та-т-та-аварыш П-пясоцкі, т-трымайце я-язык з-за-за зубамі.

Першым выступіў зампаліт Сцяпан Кідала, таксама мой друг, але не па душэўнай блізкасці, як Сеня, а па абставінах. Чатыры гады мы вучыліся ў адным тэхнікуме, у адной трупе, нават нейкі час жылі на адной кватэры. Сцяпан гады на два старэйшы за мяне. Асаблівымі здольнасцямі ён не вызначаўся, але быў надзвычай настойлівы ў дасягненні мэты, а таму заўсёды актыўны. У тэхнікуме ён узначальваў прафком. Тут, у арміі, таксама хутка пайшоў угору: праз паўгода начапіў трохкутнікі зампаліта. Ен гаварыў так, быццам перад ім была не батарэя, а сама меней — дывізія. Ажно недзе за Туломай, у гарах, адбівалася рэха яго басавітага голасу.

— …Фашысты дрэнна ведаюць магутнасць нашай Чырвонай Арміі. Хутка яны пазнаюць яе! Не пройдзе i тыдня, як мы будзем маршыраваць па вуліцах Берліна! Вораг будзе разбіты на яго ж зямлі!..

Потым ён гаварыў яшчэ, што няхай толькі з'явяцца фашысцкія самалёты тут, над «паўночнай крэпасцю», усе адразу будуць збіты трапным агнём нашых батарэй. (Я ўспамінаю цяпер, пасля налёту, яго словы, i мая непрыязнасць да гэтага пустаслова расце.)

Усе мы цвёрда ўпэўнены, што няма ў свеце больш магутнай арміі, чым наша, i дагэтуль верым, што вайна будзе перанесена на чужую зямлю — у Польшчу i далей — у Германію, што нашы часці не адступяць ні на крок ад мяжы. Але залішне крыклівая, занадта ўжо самаўпэўненая прамова Кідалы была мне непрыемная. Навошта гэтак крычаць у такі момант? Хіба такія словы патрэбны людзям, каб узняць баявы дух? Нялёгка знайсці ix, патрэбныя словы!

Відаць, гэта адчувалі многія, а таму выступалі неахвотна i ў сваіх прамовах паўтараліся.

Палітрук звярнуўся да Сені — ён быў выдатнік вучобы:

— Вы, Пясоцкі, скажаце?

Сеня адмовіўся. Можа, таму, што яму толькі што загадалі «трымаць язык за зубамі».

Пасля мітынгу мне захацелася пагутарыць з Сенем, з іншымі хлопцамі, пачуць, што думаюць, што адчуваюць яны. Магчыма, гэта было хітрае жаданне: праверыць свае ўласныя думкі, адчуванні. Разлікі стаялі нагатове каля гармат і прыбораў, хоць наўрад ці была такая патрэба: дождж i хмары засцілалі ўсё наваколле i самалёты ў такое надвор'е не маглі ўзляцець. Я папрасіўся ў камандзіра схадзіць да дальнамера. Хлопцы сядзелі пад чахлом, маўклівыя, панурыя. Я сеў побач, абдумваючы, з чаго пачаць гаворку, каб прымусіць ix выказацца шчыра пра ўсё. Спытаў у Сені, чаму ён не выступіў.

— А што гаварыць? — неяк ажно ўстрапянуўся ён. — Крычаць, як Кідала? Абяцаць праз тыдзень Берлін узяць? Нельга забываць, што ў немцаў двухгадовы вопыт вайны, лепшая авіяцыя… танкі… Вайна з такім ворагам будзе нялёгкая! Страшная вайна будзе, Пеця, вельмі страшная. Пра гэта трэба было сказаць…

— Значыцца, вы не верыце ў перамогу, курсант Пясоцкі? — раптам прагучаў над нашымі галовамі гол ас Кідалы. Ён стаяў на брустверы неглыбокага дальнамернага катлавана ў накідцы, з-пад капюшона блішчалі яго злосныя вочы.

Сеня не разгубіўся ад такой нечаканасці i смела адказаў:

— Я веру ў перамогу! Але крычаць, не ведаючы ворага, што мы закідаем яго шапкамі, каму гэта патрэбна? Каб заспакоіць нас? А я не хачу быць спакойным у такі час! Не жадаю!..

— Ах, не жадаеш?

— Не! Я хачу быць гатовым да ўсяго, самага страшнага!

— Да чаго — страшнага?

— Да ўсяго, што можа быць на вайне.

— Ты выдаеш сябе за вялікага разумніка. Пабачым, адкуль у цябе такі розум!

— Пакінь, Сцяпан! Не рабі з сябе начальніка! Не такі сёння дзень, каб сварыцца, — не стрываў i ўмяшаўся я, карыстаючыся правам друга.

— А ты чаму тут, падпявала? Тваё месца каля гарматы! Бягом, марш!

Я аслупянеў. Усяго я чакаў ад Кідалы, але такога… Не, я кепска ведаў гэтага чалавека.

Праз нейкую гадзіну на закрытым камсамольскім сходзе абмяркоўвалі пытанне: «Аб паражэнчым настроі ў курсанта Пясоцкага».

— У той час, калі ўся наша вялікая Радзіма, увесь савецкі народ узнімаецца, каб даць адпор нахабнаму ворагу, у нашых радах, таварышы, знайшоўся чалавек, які сумняваецца ў магутнасці Чырвонай Арміі…

— Няпраўда! Я не сумняваюся! — запярэчыў збялелы Сеня.

Усе паглядзелі на яго ca здзіўленнем: перапыняць палітрука — парушэнне дысцыпліны, за гэта можна атрымаць яшчэ большую кару.

— К-курсант П-пясоцкі! — Сідарэнка губляў думку, калі яму перашкаджалі, а таму доўга маўчаў — нервова хадзіў перад камсамольцамі, якія зноў панурылі свае галовы, цёр далоні. Нарэшце сказаў, але ўжо не спакойна-інфармацыйна, a з гнеўным абурэннем: — Б-бачыце, гэты чалавек хоча падарваць баяздольнасць батарэі. Распускае панічныя чуткі… Усхваляе фашысцкую тэхніку… авіяцыю…

Я сядзеў крыху збоку i бачыў твары многіх курсантаў, нашых з Сенем сяброў, з якімі мы восем месяцаў разам спалі i елі, займаліся i адпачывалі, чыталі адны кнігі, абмяркоўвалі адны падзеі. Усе яны раней паважалі Сеню за яго веды i сціпласць. Але цяпер — я чытаў гэта на ix тварах — амаль усе верылі ў словы палітрука.

У такі час, праз нейкія дзве гадзіны пасля паведамлення аб вайне, калі гарэла сэрца i апаноўваў страх, магчыма, што i я паверыў бы, каб абвінавацілі каго іншага. Але Сеню я ведаў, як ніхто, я чуў, што ён сказаў, як сказаў. Якія ж гэта панічныя чуткі? Ён сказаў простыя разважлівыя словы, ад якіх мне зусім не страшна, а можа, нават стала спакайней. Але іншыя, відаць, паверылі, што іменна ён, юнак з інтэлігентнай сям'і, «мамчын сынок», «кніжнік», як яго называў той жа Кідала, мог стаць паражэнцам. Я не асуджаю сваіх таварышаў. Але мне зрабілася холадна, калі я прачытаў у ix вачах знявагу, нават гнеў да Сені.

Кідала, калі выступіў, спачатку даволі дакладна, амаль слова ў слова, перадаў нашу размову, якую падслухаў, а потым зноў-такі крыкліва пачаў рабіць свае вывады:

— …Цяпер, таварышы, нам зразумела, чаму Пясоцкі не пажадаў выступіць на мітынгу… Што мог сказаць чалавек, які не верыць у перамогу? Я больш скажу… Нам варта спытаць: чаму ў ГІясоцкага такая цікавасць да ўсяго нямецкага? Мы ўсе вучыліся, але хто з нас ведае нямецкую мову так, як ён? Ніхто. A ўдумайцеся ў такі факт… Яшчэ да таго, як мы пачалі вывучаць сілуэты, ён адзін з усіх курсантаў ведаў маркі нямецкіх самалётаў, назвы лінкораў. Адкуль? A ў каго была патрэба, скажыце мне, запамінаць, хто ўваходзіць у гітлераўскі ўрад? Мне агідна запамінаць ix прозвішчы. А Пясоцкі ведае кожнага з гэтых бандытаў…

Я жахнуўся: страшэннае абвінавачанне вынікала з яго даволі празрыстых намёкаў. I я не вытрымаў — злосна перапыніў Кідалу:

— Як табе не брыдка, Сцяпан! Ты абвінавачваеш Пясоцкага за тое, што ён чытаў газеты. Ды ты ж услаўляеш невуцтва! А нам усім сорамна было, калі ты, зампаліт, не ведаў, хто прэм'ер-міністр Англіі. I ты ставіш гэта сабе ў заслугу? Ганьба!

Кідала глядзеў на мяне з нянавісцю, каб мог, здавалася, з'еў бы. Твар яго, звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Ён паглядзеў на палітрука так, быццам загадваў, каб той суняў мяне. I Сідарэнка закрычаў:

— Курсант Шапятовіч! Маўчаць! З кім вы так размаўляеце? Як паводзіце сябе? Для вас зампаліт Кідала — «таварыш зампаліт», а не «Сцяпан». I каб я не чуў такога тыкання!

О, каб гэта было не ў армейскіх умовах, а дзе-небудзь у нашым тэхнікуме, я сказаў бы, хто для мяне гэты балбатун! Але тут я мусіў маўчаць. Сідарэнка «перанёс агонь» на мяне: успомніў мае нарады, мае спрэчкі з малодшымі камандзірамі.

Ды раптам выступіў Купанаў. Я ўвесь час сачыў за ім i чакаў, што ён, разумны i стрыманы, сваім аўтарытэтам камандзіра спыніць гэтую ганебную камедыю. I сапраўды ён сказаў:

— Думаю, што курсант Кідала перабольшвае. — Я радасна ўстрапянуўся, бо словам «курсант» камбат шмат што ставіў на сваё месца, a ў першую чаргу — гэтага выскачку: ён такі ж курсант, як усе, i мы маем поўнае права звяртацца да яго, як да роўнага. — Нельга вінаваціць чалавека, што ў школе ён лепш вучыў нямецкую мову, чым мы з вамі, Кідала. Недарэчна абвінавачваць байца Чырвонай Арміі за тое, што ён акуратна чытае газеты… больш уважліва, чым многія іншыя.

I ўсё, больш ні слова. Мяне, безумоўна, расчаравала выступленне камандзіра. Але большасць камсамольцаў уздыхнулі з палёгкай, бо на ўсіх цяжкае ўражанне зрабіла выступленне Кідалы, які сваімі дурнымі закідамі па сутнасці рабіў з Сені фашысцкага агента. Купанаў адмёў гэтую лухту. Але чаму ён нічога не сказаў пра паражэнчы настрой? Няўжо ён верыць, што такі настрой мог з'явіцца?

Па прапанове Сідарэнкі большасцю галасоў (мяне ўсцешыла, што прагаласавалі не ўсе) Сямёна Пясоцкага выключылі з камсамола. Мне ўляпілі вымову. Завошта? Я заўсёды быў сумленны i актыўны камсамолец. Праўда, я не надта перажываў з-за вымовы. Што яна значыць у параўнанні з тым, што чакае нас наперадзе? Але Сеню шкада, хацелася суцешыць яго, падбадзёрыць. Я зноў пайшоў да дальнамера. Убачыў, як адзінока сядзіць ён у катлаване, унурыўшы галаву, i ўсе словы, якія я падрыхтаваў, здаліся мне нікчэмнымі, непатрэбнымі, нават абразлівымі. Я моўчкі сеў побач.

Ён глянуў на мяне i прашаптаў:

— Гэта страшней за смерць, Пеця…

Зноў-такі я не знайшоў, што адказаць.

… Дзіўна раскрываюцца душы людзей! Пасля таго як сяржант разагнаў нас з Сенем, я, падпарадкаваўшыся загаду, заснуў. Прачнуўся i здзівіўся: была позняя раніца, я праспаў добрых гадзін пяць. Але яшчэ больш здзівіў мяне сяржант. Ён лагодна ўсміхнуўся i проста, па-сяброўску спытаў:

— Выспаўся? Суп твой вунь у кацялку… у нішы.

Сяржант Тарных быў бязлітасны камандзір, у час вучобы

ён не даваў нам хвіліны адпачынку, i мы не любілі яго. Ён ніколі не дазваляў сабе фамільярнасці ў адносінах з курсантам!. I раптам такі клопат — даў выспацца, не разбудзіў нават на снеданне, загадаў прынесці суп… I сяброўскае ты… Дзіва!

Зноў нахмарыла. Імжыць дождж. Слава табе, неба Поўначы, што ты так часта пакрываешся хмарамі! Здаецца, з учарашняга дня я моцна палюбіў такое надвор'е. Ды ці я адзін? Праўда, ніхто не можа даць гарантыі, што яны не прыляцяць i ў дождж. Але пакуль што ix няма, пакуль што мы маем перадышку.

Камандзір батарэі сабраў каля першай гарматы ўсіх зараджаючых i трэніруе да сёмага поту, не можа дараваць заклінення. Мне шкада хлопцаў: ім i ў час вучобы даставалася больш, чым іншым нумарам, i цяпер таксама. A ці так ужо вінаваты яны? У ix дрыжалі рукі, як i ва ўсіх нас, як, напэўна, i ў самога Купанава… Я думаю, што наш разумны камбат робіць не вельмі разумна: a калі налёт — ці здолеюць стомленыя людзі зараджаць лепш?

Хлопцы сабралі грошы, усе, у каго якія былі, упрасілі сяржанта, i — дзіва! — той дазволіў, каб самы спрытны i ўвішны, устаноўшчык трубкі масквіч Раман Войтаў падскочыў на пасёлак у краму. Ён прынёс адтуль цэлы рэчавы мяшок папярос, самых дарагіх, якіх ніхто, бадай, акрамя Рамана, з нашага разліку яшчэ ніколі не курыў, нават сяржант. Цяпер хлопцы ляжаць за каменем, з асалодай пускаюць дым i бяскрыўдна лаюць мяне дурнем за тое, што адмовіўся ад прапановы пачаць курыць.

— Не хоча — не трэба, хай беражэ свае дарагое здароўе.

— Дурань! Не п'е, не курыць… Памрэ — пашкадуе.

Памрэ… Навошта лішні раз гаварыць пра смерць?

Я стараюся не слухаць ix размовы, залажу глыбей у нішу i пішу. Пішу з ліхаманкавай хуткасцю. Але адчуваю, што не ўпраўлюся запісаць усё, што мінулая ноч i гэтая хмарная раніца — шчаслівая для мяне выпадковасць, якая, магчыма, ніколі не паўторыцца. Трэба выкарыстаць цалкам гэтыя вольныя хвіліны. Якія падзеі, якія думкі i перажыванні я забыўся занесці ў гэты сшытак? Чатыры дні здаюцца вечнасцю. Божа мой, калі гэта на зямлі быў апошні мірны дзень, той суботні вечар, кал i мы ў сваім чырвонаармейскім кутку праводзілі сход, прысвечаны пяцігоддзю з дня смерці Максіма Горкага! Я чытаў на памяць урывак з «Чалавека».

«Человек! Точно солнце рождается в груди моей, и в ярком свете его медленно шествует — вперед! и — выше! — трагически прекрасный Человек!»

Хораша я прачытаў гэтыя i яшчэ многія цудоўныя словы, сам заварожаны ix музыкай, ix глыбокім сэнсам. Хлопцы апладзіравалі так, што мне зрабілася няёмка. Купанаў сядзеў, з ухвалай ківаў галавой i неяк дзіўна ўсміхаўся. А Сідарэнка сказаў пасля:

— Вы, Шапятовіч, дрэнна разумееце Горкага.

Мяне гэта здзівіла i пакрыўдзіла. Я не разумею Горкага?

— А як вы разумееце? — спытаў я.

Ён не адказаў, i я дагэтуль не ведаю, што не спадабалася палітруку ў маім чытанні. I вось цяпер зноў загучалі ў маёй галаве горкаўскія словы. Я не толькі чую ix, але адчуваю, нібы яны матэрыяльныя, бачу перад сабой i бясстрашную велічную Мысль, i Любоў, i Нянавісць… i Надзею!.. Чаму «палахлівае бяссілле Надзеі»? А я хачу мець Надзею! I мая Надзея не можа мне спяваць аб радасцях спакою, не можа быць у саюзе з Хлуснёй i штурхаць у ціну салодкай Ляноты. Не! Мая Надзея іншая! А што сказана пра страх? Якое месца ў Чалавеку адводзіць яму вялікі пісьменнік? Я натужліва ўспамінаю… Няўжо пра страх нічога няма? Не, вось — «страх смерці ўладна гоніць Чалавека ў цямніцу Веры…». Не, немагчыма, нельга запісаць палёт думак. Яны — як маланкі, ахапілі адразу ўсё. A пішу я марудна, страшэнна марудна, хоць, магчыма, ніводзін чалавек у звычайных умовах не мог бы пісаць хутчэй… З усяго хаосу думак я зразумеў толькі адно: інакш, больш глыбока i цвёрда, сэрцам прымаю я тыя словы, якія чатыры дні назад з тэатральнай узнёсласцю чытаў, з патаемным самалюбным жаданнем бліснуць перад сябрамі, якія ведаюць Горкага, i здзівіць тых, хто не чуў, не чытаў, не помніў «Чалавека». Шмат за якія пачуцці мне зрабілася сорамна i больш за ўсё за страх. Я напісаў гэтае слова з вялікай літары, але тут жа закрэсліў яе: не, не мае права агіднае пачуццё на такую пашану! Але мне ніколі не будзе сорамна за маю Любоў! Ніколі!

Здаецца, я хачу спрачацца з Горкім, папраўляць яго. Наіўна!

У катлаван зайшоў камандзір гарматы, убачыў мяне, крыва ўсміхнуўся:

— Раман пішаш?

Я сумеўся:

— Не. Пісьмо. Жонцы.

— Такое доўгае пісьмо? — здзівіўся ён. — Глядзі, каб лішняга не напісаў. Цяпер ваенная цэнзура будзе правяраць.

— Я ведаю.

— Канчай сваё пісьмо, ды будзем трэніраваць устаноўшчыкаў трубкі.

Ну вось, перадышка скончана. А я сапраўды хацеў напісаць пісьмо Сашы. Я ведаю, з якой нецярплівасцю яна, гаротная, чакае маіх пісем.

Вечар 26 чэрвеня

Пасля бамбёжкі не працуе радыё, i мы ўсю раніцу не давалі спакою сувязістам, каб яны папрасілі ў сваіх калег на камандным пункце дывізіёна ўчарашнюю зводку. Выказвалі здагадкі. Яны бы л i розныя: занадта аптымістычныя i памяркоўныя, ура-крыклівыя i стрыманыя, але i ў першым i ў другім выпадку крыніцай ix было пазаўчарашняе паведамленне аб тым, што «на Шаўляйскім i Рава-Рускім напрамках праціўнік, які ўклініўся з раніцы ў нашу тэрыторыю, у другой палавіне дня контратакамі нашых войск быў разбіты i адкінуты за дзяржаўную граніцу». Помнілі толькі гэта i забывалі на другую частку зводкі, дзе гаварылася, што ворагу ўдалося заняць Ломжу, Брэст. Вельмі хацелася пачуць, што нашы войскі развіваюць наступление за мяжой, няхай сабе хоць на адным напрамку.

У абедзенны час, калі разлікі па чарзе хадзілі ў сталоўку, мы з Сенем зноў сустрэліся каля прыбора. Мяне цягнула да яго шчыра пагутарыць, пачуць разумныя, аргументаваныя меркаванні. Але пасля таго, што здарылася, прыходзілася азірацца — ці няма паблізу Кідалы. Размова не ладзілася. Мы стаялі i моўчкі сачылі, як разрываюцца хмары аб сосны на сопках.

— Праясняецца, — сказаў я.

— Ara. К вечару будзе лётная пагода, — зазначыў Сеня.

Людзі, напэўна, ніколі не праяўлялі такой увагі да неба,

якую цяпер праяўляем мы. Ды ці толькі мы адны? Не, усе цяпер глядзяць на неба. Не для таго, каб палюбавацца яго прыгажосцю. Знікла хараство блакіту. Больш даспадобы нізкія свінцовыя хмары. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, над Дняпром. Няўжо i Саша з такім жа страхам узіраецца ў неба? Безумоўна. Балюча думаць пра гэта.

З зямлянкі вылез сувязіст Мельнікаў. Убачыў нас, азірнуўся, нясмела наблізіўся, шэптам спытаў:

— Слухай, Пясоцкі, ты ўсё ведаеш… Скажы, Кобрын i Вільня далека ад граніцы?

— А што? — насцеражыўся Сеня; ён стаў падазрона-недаверлівы.

— Ідуць баі за гэтыя гарады.

— Хлусіш! — вырвалася ў мяне. Я добра ведаў Кобрын, бо жыў там, калі ездзіў на пераддыпломную практыку. I ў Вільню ездзіў. Я праехаў па многіх дарогах, што вядуць да дзяржаўнай граніцы.

— Я зводку прыняў. Толькі палітрук загадаў нікому не паказваць пакуль што.

— Дай, — сказаў Сеня такім настойлівым голасам, што асцярожны Мельнікаў дастаў з кішэні невялічкую пакамечаную паперку, разгарнуў, але не выпускаў з рук. Сеня заглянуў у яе, i я ўбачыў, як перасмыкнуліся яго вусны, змяніўся ён з твару. Моўчкі адышоў ад Мельнікава. Я рушыў за ім.

— Што там, Сеня?

Ён епыніўся, паглядзеў на мяне i сказаў ціха, але з вялікім болем i роспаччу:

— Пеця! Мы з табой маленькія стратэгі. I ты ведаеш, я не панікёр, не баязлівец, дарэмна на мяне… Але мне балюча… Там — адступаюць… Здаюць гарады… Нашы гарады!

Калі зводка была перапісана i прачытана ва ўсіх разліках, хлопцы больш не складалі стратэгічных планаў. Чаму нашы адступаюць? Чаму на трэці дзень вайны ідуць баі за Гродна, Кобрын, Вільню, Каўнас?

Нехта з хлопцаў выказаў думку, што гэта стратэгічны манеўр камандавання, што нашы адступяць не далей, як да старой граніцы, дзе зроблены ўмацаванні куды больш трывалыя, чым лініі Мажыно i Зігфрыда.

Хачу верыць у гэта!

Неба праяснілася, i мы стралялі па разведчыку. Ён ішоў на вышыні трох кіламетраў, па курсу з поўдня на поунач, відаць, аглядаў чыгунку. Ён як бы знарок даваў самыя выгодный даныя для нашых прыбораў.

Страх, агідны, ганебны страх, які я перажыў у першым баі, знік, калі я ўбачыў, што гэта ўсяго-наўсяго разведчык.

Але ў чаканні залпа ўсё адно дрыжаў, напружана звінеў. У целе кожны мускул, кожны нерв. Дрыжаў ад злосці, ад нецярплівасці, ад моцнага жадання збіць сцярвятніка, што нясе смерць. О, як мне хацелася збіць яго! Быццам ад гэтага залежаў вынік усёй вайны. Я зноў верыў у нашы складаныя i дакладныя прыборы, якія мы дасканала вывучылі. Нельга не збіць, калі ён так зручна ідзе!

I вось ужо знаёмае:

— Ёсць сумяшчэнне!

Застракаталі стрэлкі сінхроннай перадачы. Я забываюся на ўсё, увесь напружваюся, каб дакладней сумясціць зялёную i чырвоную стрэлачкі на прыёмніку азімута. Залп. Сапраўдны залп, чуць-чуць адстала адна гармата. Другі залп, трэці… Добра страляюць хлопцы! Малайцы! Няма ні заклінення, ні адставання, ні лішняга шуму. Адзін трэці нумар крычыць што мае сілы — чытае трубку.

Адрываю вочы ад стрэлак, кідаю позірк у неба. Прыгожыя чорныя букеты разрываў вісяць у ясным блакіце. Дзе ж самалёт? Няўжо ён не падае яшчэ? Не, грымяць залпы… Стукаюць аб лапы гільзы.

Нарэшце — стоп! Усё адразу сціхла. «Збілі! Збілі!» — хацелася закрычаць мне ад радасці. Я саскочыў з сядзення, глянуў у неба… Што гэта? Фашыст аддаляўся ад нас роўна, спакойна, на той жа вышыні, па тым жа курсе. Ён быццам смяяўся з нас, не звяртаючы ўвагі на разрывы, што цягнуліся па яго следу.

Хацелася плакаць ад роспачы. Хто ж вінаваты? Гарматы, прыборы ці мы, людзі, наша няўменне? Няўжо гэта будзе паўтарацца кожны раз?

Сяржант наш злосна закрычаў на кагосьці. Ён злаваў. Я, ён, Паўлюк — усе мы саромеліся глядзець адзін аднаму ў вочы, саромеліся больш, чым пасля таго першага бою, калі, як суслікі, схаваліся ў норы. Тады нас бамбілі, абстрэльвалі… А цяпер нішто не перашкаджала збіць яго…

Нехта з гарматнікаў абвінаваціў прыборшчыкаў: трапнасць агню залежыць ад ix, а яны баяцца, у ix дрыжаць рукі i яны робяць памылкі ў вылічэннях, якія паступаюць на гарматы.

Абураны, я першы крыкнуў ім:

— Халтуршчыкі! Партачы! Саломай вас трэба карміць за такую работу!

А на дальнамеры i прыборы — мае лепшыя сябры.

Напалеон чамусьці ўзлаваўся за мой папрок прыборшчыкам, выклікаў да сябе i моцна «намыліў» галаву. Сідарэнка пры гэтым падаграваў камбата, напамінаў усе мае старыя грахі. Я чакаў, што ён скажа пра маю падтрымку Пясоцкага. О, як бы я адказаў яму, нагадаўшы ўчарашнюю зводку! Але гэты «грэх» ён не ўспомніў.

27 чэрвеня

З'явіўся Мінскі напрамак. Мінскі! Нічога не разумею. Што ж там адбываецца? Хлопцы надаюць нейкае значэнне паведамленню аб пераходзе да нас нямецкага салдата, заяве палоннага лётчыка аб тым, што ваяваць з рускімі яны не жадаюць i робяць з гэтага аптымістычныя вывады, спадзяюцца на рэвалюцыю ў Германіі. А я чамусьці не маю гэтай надзеі. Я не веру перабежчыкам i палонным! Усе яны хлусяць, ратуючы сваю шкуру. Мяне больш трывожыць паведамленне аб тым, што вораг скідае ў Беларусі парашутыстаў. Ледзянее кроў, калі я думаю, што гэтыя адборныя фашысцкія галаварэзы могуць апынуцца там, дзе жыве Саша. Што яна будзе рабіць адна, бездапаможная, магчыма, яшчэ хворая, з дзіцем на руках? I наогул, дзе яна цяпер? Што з ёй? Адгукніся, мой друг, мае каханне, i мне будзе лягчэй, я ўсё перамагу тады!

Зноў двойчы стралялі, i зноў паляцелі яны непакараныя, паказаўшы нам хвасты ca свастыкай. Я пачынаю страчваць веру ў зброю, пра якую нам восем месяцаў расказвалі цуды.

29 чэрвеня

Па батарэі пранеслася чутка, што нас будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны, нават некуды на поўдзень ці ўсход, дзе фарміруюцца новыя зенітныя часці. Зусім натуральна — нас вучылі, каб мы сталі камандзірамі, мы даўно ўжо рыхтаваліся да таго, што хутка раз'едземся ў розныя бакі. Хоць з гэтага краю зямлі можна паехаць толькі ў адзін бок — на поўдзень, калі мець на увазе дальнюю паездку. I дзіўныя пачуцці апанавалі мяне: да болю ў сэрцы захацелася паехаць туды, на поўдзень, дзе ідзе, шырыцца страшная бітва, якую нават цяжка асэнсаваць. Я ведаю, што мае жаданне недарэчнае, што я не маю права нават выказваць яго, бо кожны скажа: усюды савецкая зямля i ўсюды аднолькава важна абараняць яе ад ворагаў; ад поспехаў на адным напрамку залежыць поспех на іншых франтах i ўчастках. Усё гэта добра разумею. Але каб хто ведаў, як мне хочацца туды, на зямлю бацькоў, дзе кожная прыдарожная бярозка здавалася б маці, сястрой, жонкай i засланяла б ад куль, дзе не трэба зямлю дзяўбці ламамі, як тэты граніт, там яна такая мяккая, што любы гарматны катлаван можна выкапаць за гадзіну. Не, хіба ў гэтым справа — у зямлі i бярозах! Неадольнае жаданне апынуцца там вынікае з нечага больш глыбокага i моцнага. Можа, хочацца хутчэй прыйсці да свайго шчасця, да цябе, Саша, каб не траціць потым нават дня на дарогу? Жаданне гэтае мацней за страх смерці, які крыху заглух у апошнія дні, але ўсё яшчэ жыве ў сэрцы маім, у мозгу! Дзіўна! Выходзіць, што яно перамагло гэты страх. Яно мацней за яго, значна мацней, бо гэта — жаданне змагацца, жыць… А смерць? Хто ведае, дзе каго яна напаткае. Калі мне наканавана памерці як герою, а не як баязліўцу, я хацеў бы сустрэць яе, смерць, блізка ад цябе, Саша, засланяючы цябе сваімі грудзьмі. Можа, таму мне хочацца быць там, што дзесьці ў глыбіні душы цепліцца надзея, што я магу апынуцца блізка ад родных мясцін… Хоць колькі шансаў на такім фронце, у такім жудасным віры вайны?

На вайне ўсё робіцца імкліва. Ужо некаторых маіх сяброў выклікаюць да камандзіра батарэі. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца i калоцяцца рукі. Ці паклічуць мяне?

Паклікалі.

Я старанна агледзеў сябе, паправіў рэмень, па ўсіх правілах зайшоў у зямлянку, казырнуў i адрапартаваў выразна i гучна:

— Таварыш лейтэнант! Курсант Шапятовіч па вашаму загаду з'явіўся!

Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну з найлепшага боку, быццам ад гэтага мог залежаць мой лёс, маё назначэнне. Купанаў, маленькі, перацягнуты рамянямі, стоячы каля стала, адказыраў, як заўсёды, прыгожа; ён ніколі не адказваў на прывітанне малодшых няўважліва, абыякавым узмахам рукі, як часам робяць іншыя афіцэры.

— Таварыш старшы лейтэнант, — пачуўся збоку голас Сідарэнкі.

Не адразу я зразумеў, што да чаго. Ды раптам позірк мой упаў на пятліцы Купанава, i я ўбачыў на ix трэці квадрацік. Не разгубіўся:

— Віншую вас…

— Дзякую, Шапятовіч, — проста адказаў камандзір батарэі і, наблізіўшыся, дакрануўся пальцам да незашпіленага гузіка на маёй гімнасцёрцы. Вось ліха, заўсёды гэтак здараецца: стараешся-стараешся, a ўсё адно што-небудзь ды не так. Зашпільваючы злашчасны гузік, я ажно спацеў. Камандзір тым часам сеў за стол, зазірнуў у нейкія паперы. Палітрук сядзеў за шахматным столікам збоку (усё гэта адбывалася ў нашым ленкутку) i расчэрчваў аркуш паперы — для нейкага спіса.

Я чакаў…

Пакутліва доўгая была паўмінута маўчання. Хутчэй бы пачуць прысуд, ад якога, здавалася, павінен залежаць мой лёс!

Купанаў узняў галаву, у вачах яго не было ні цеплыні, ні ўсмешкі. Я пахаладзеў, магчыма, ажно змяніўся з твару, бо паглядзеў на мяне камандзір надзвычай уважліва, пранікліва. Я даўно прыкмеціў, што, у процілегласць палітруку, Купанаў не любіць выпрабоўваць людзей псіхалагічна — глядзець у вочы, гаварыць паўнамёкамі, ставіць загадкавыя пытанні. Ён доўга часам думае, што сказаць, але потым гаворыць, быццам камандуе, — рашуча, коратка:

— Пойдзеце камандзірам гарматы на другую батарэю. Збірайцеся.

— Можаш камандаваць? — спытаў Сідарэнка, не адрываючыся ад паперы. — Дэмакрат ты вялікі, Шапятовіч.

Я не адказаў палітруку, не сказаў нават патрэбнага ♦слухаюся» камандзіру. Рушылася мая надзея, i я бяссільна схіліўся пад гэтым цяжарам. Невядома чаму спытаў:

— Адзін я?

— На гармату адзін.

Палітрук запытаў:

— Другі — на прыбор?

— I на дальнамер.

Я страпянуўся i папрасіў горача i шчыра:

— Пашліце Пясоцкага, таварыш старшы лейтэнант.

Камбат падняўся. Я чакаў, што ён закамандуе: «Кругом!»

Але гэтага не здарылася.

Палітрук сказаў:

— Што гэта ў вас такая гарачая любоў да Пясоцкага?

— Ён разумны хлопец.

— Разумны хлопец не заўсёды можа быць разумным камандзірам. Сталасці ў яго не хапае. Мамчын сынок!

«Няпраўда», — ледзь не вырвалася ў мяне, але я спахапіўся. Чакаў, што скажа камандзір. Ён прайшоў па зямлянцы, спыніўся каля сцяны, на якой вісела вялікая карта Савецкага Саюза. Хацелася б мне ведаць, што ён падумаў, калі затрымаў свой позірк на карце. Безумоўна, падумаў аб тым, што адбываецца там, на поўдні. Але якім чынам ён звязаў гэтую думку з Пясоцкім? Можа, меў намер паслаць яго туды? Наўрад. Туды будзе накіроўваць не ён. Яму, трэба думаць, далі загад адабраць для свайго дывізіёна лепшых курсантаў, недарма адбор ідзе ў першую чаргу.

Купанаў вярнуўся да стала i сказаў разважліва i як бы крыху няўпэўнена:

— Што ж, няхай будзе Пясоцкі. Паклічце яго.

Паварочваючыся па форме, я ўбачыў, што палітрук глядзіць на камбата здзіўлена i незадаволена. Ён супраць. Я ўяўляю, якая ў ix адбылася размова. Але гэты маленькі чалавек з жалезнай воляй — наш Напалеон — ніколі не адступае ад сваіх рашэнняў.

Мы з Сенем едзем разам. Уласна кажучы, нікуды не едзем. Ехаць — гэта тое, пра што я марыў, на што спадзяваўся. Але што мае мары? Не заўсёды ад мяне залежыць ix здзяйсненне, я — салдат. Ды, нарэшце, ці не ўсё роўна, дзе ваяваць, біць фашыстаў! Я ўдзячны камбату. Упершыню з пачатку вайны адчуваю нейкую радасць. Радуюся не тольKi таму, што побач са мной будзе мой лепшы друг. Рады за Сеню: яму вераць. Аб прыкрым выпадку першага дня вайны ўсе маўчаць, нават Сідарэнка не ўспомніў пра яго, сказаў пра іншае — што Пясоцкаму не хапае сталасці.

Сеня вярнуўся ад камбата ўвесь прасветлены, усхваляваны. Піша пісьмо маці. Трэба i мне напісаць Сашы. Пад такі настрой пісьмо будзе больш жыццярадаснае. Ці гіалучае яна мае пісьмы? Ад яе ўсё яшчэ прыходзяць даваенныя.

30 чэрвеня

Вось я i камандзір! I мне раптам чамусьці стала неяк па-інакшаму неспакойна i страшна. Прыгадаліся словы Сідарэнкі: «Можаш камандаваць?» Ніколі пра гэта я не думаў раней. А цяпер задумаўся: ці магу я камандаваць? Ці будуць слухацца мяне гэтыя незнаёмыя яшчэ мне людзі? Ix шэсць, i ўсе яны такія розныя, ёсць старэйшыя за мяне па гадах. Сустрэлі яны мяне не вельмі ветліва. Ці, можа, мне так здалося? Можа, таму яны былі хмурыя, незадаволеныя, што ix паднялі сярод ночы?

Мы прыехалі пасля дванаццаці, калі ўсе адпачывалі. Камандзір батарэі, старшы лейтэнант Сеўчанка, вясёлы i просты чалавек, з добрым сялянскім тварам, крыху пабітым воспай, спачатку прадставіў Віктара Вальнова разліку прыбора. Потым падвёў Сеню да дальнамера, але падначаленых яго не разбудзіў. Гэтых «арыстакратаў» усюды шкадуюць — у ix павінны быць зоркія, стэрэаскапічныя вочы.

Нарэшце звярнуўся да мяне:

— Пайшлі да тваіх арлоў. Лепшы разлік табе даю. ТольKi трымаць у руках трэба, а то на галаву сядуць. Разгільдзяі вялікія…

Атэстацыя не вельмі каб высокая. Але мне спадабаўся камбат, яго прастата, жартаўлівасць. Гаворыць ён з прыкметным украінскім акцэнтам, i калі хоча вылаяцца, то гаворыць дзіўныя словы — «японскі бог». Наогул тут усё неяк прасцей, чым там, на нашай батарэі. Цяпер я пачынаю разумець, што, рыхтуючы нас на камандзіраў, там даволі моцна «закручвалі гайкі». Маленькі, чорны, як цыган, баец-дзяжурны далажыў, што разлік адпачывае.

— Разбудзі!

Падымаліся марудна, перапытвалі — навошта? Адзін нават брыкнуў дзяжурнага нагой.

Камбат узлаваўся i закрычаў сам:

— Пад'ём!

Вылецелі куляй, адкуль узяўся той спрыт.

— Разгільдзяі, японскі бог! Гэта вы мне i па трывозе будзеце так падымацца?

— Ну-у, таварыш старшы лейтэнант!.. Вы ж добра ведаеце, як мы падымаемся па трывозе, — пакрыўджана запярэчыў першы нумар, высокі, з тонкім, як у дзяўчыны, станам, цёмна-руды хмуры яфрэйтар.

Камбат не асёк яго, наадварот, усміхнуўся, але сказаў, як, напэўна, кажа часта:

— Разгаворчыкі, Муха! — i прадставіў мяне: — Вось вам новы камандзір — яфрэйтар Шапятовіч. А гэта ваш баявы намеснік — яфрэйтар Муха. Хоць падобны ён больш на асу, чым на муху.

Муха нешта забурчаў. Дзяжурны — шосты нумар — выскаліў надзвычай прыгожыя, белыя-белыя зубы. Тэты юнак валодае дзіўнай уласцівасцю — смяяцца бязгучна.

Іншыя разышліся гэтак жа панура i маўкліва, як i пастроіліся. Залезлі ў нішы. Я не ведаў, што сказаць ім, як, з чаго пачаць знаёмства. Ды, уласна кажучы, я i не меў права на доўгія размовы — камандзір батарэі загадаў спаць. Я адчуў сябе даволі няёмка — на мяне не звярталі ўвагі, як бы не прызнаючы за камандзіра. Толькі гэты Муха спытаў, не высоўваючыся з нішы:

— Камандзір, ты што скончыў?

— Як — што? Я з вучэбнай батарэі…

— Не. Да арміі.

— Аўтадарожны тэхнікум.

— А-а, — зняважліва працягнуў ён i, памаўчаўшы, паведаміў: — А наш камандзір ва універсітэце вучыўся…

«Чаму ж недавучыўся?» — хацелася спытаць з іроніяй, але я ўспомніў, што былы камандзір гэтай гарматы старшы сяржант Малашкін цяпер камандзір агнявога ўзвода, да таго ж я не бачыў яшчэ гэтага чалавека, i было б мне проста непрыстойна гаварыць так. Ды i не гэта закранула мяне ў словах Мухі, а яго зварот на ты. Ці не будзе гэта падрывам майго камандзірскага аўтарытэту? Колькі месяцаў нам упарта паўтаралі, што найбольшы дысдыплінарны грэх — быць з падначаленымі запанібрата. Але я адчуваю i цяпер, калі сяджу ў адзіноце i пішу, што ў мяне не хопіць рашучасці напачатку патрабаваць, каб да мяне звярталіся інакш. Мяне непакоіць гэта i ў той жа час здаецца недарэчным. Няўжо трэба вырашаць такія праблемы, калі ідзе змаганне не на жыццё, а на смерць, калі яна, смерць гэтая, глядзіць табе ў вочы кожную хвіліну? Добра ў такі час адказваць толькі за самога сябе i больш ні за кога. Напісаў я гэта i падумаў: а як жа тым, хто адказвае за лес цэлага палка, арміі, усёй краіны? Нікчэмнымі здаліся мне праблемкі, страхі, перажыванні. Я проста спалохаўся новых цяжкасцей. А я не маю права палохацца — трэба ўсё перамагчы, трэба быць гатовым да большых цяжкасцей i большай адказнасці!

Калі ўсе паснулі, а мне, узрушанаму, не спалася, я пагутарыў з дзяжурным, гэтым чорным прыгожым юнаком, i, на дзіва сабе, даведаўся, што ніякі ён не цыган, не малдаванін, а наш, магілёўскі, хлопец. Ён бліснуў сваімі прыгожымі зубам!.

— Таму нас у вёсцы Чарнякамі празвалі.

Потым, між іншым, сказаў:

— Муха заняў месца, дзе спаў камандзір. Ваша месца. Дужа хоча камандзірам стаць.

Я ўбачыў, што Сеня таксама не спіць — блукае па пазіцыі, i мы сустрэліся. Селі недалёка ад маёй гарматы, за вялікім каменем, каб ніхто не бачыў нас.

Унізе раскінуўся горад — увесь як на далоні: скрыжаванне пяці вуліц у цэнтры, драўляныя, ca стандартных дамоў пасёлкі на паўночнай i паўднёвай ускраінах, гмахі рыбакамбіната каля заліва, партовыя склады, да якіх падыходзяць чыгуначныя лініі, доўгія стрэлкі прычалаў, каля ix сіратліва туляцца адзінокія караблі. Горад спіць. У дамах спяць жанчыны i дзеці. Тут, як i ўсюды на зямлі, многа дзяцей, мы бачылі ix, калі часам прыязджалі ў горад у выхадны дзень, атрымаўшы «ўвальніцельныя». Не, неспакойны сон людзей у такі час. Магчыма, толькі дзеці, маленькія, такія, як мая Ленка, спяць спакойна…

Мы доўга сядзелі моўчкі i глядзелі на горад. Два вялікія чырвоныя сонцы сляпілі нам вочы: ад но — з белага паўночнага неба, зацягнутага празрыстай смугой, другое — з чорнага заліва, нерухомага, люстрана-гладкага. Чаму сёння сонца такое чырвонае?

— Ведаеш, Сеня, мне неяк па-новаму неспакойна. Магчыма, я баюся, што не змагу камандаваць гэтымі людзьмі.— Я кіўнуў назад, на ствол гарматы, накіраваны ў неба на захад. — Яны непрыветліва сустрэлі мяне. Адзін, першы нумар, Муха — прозвішча якое! — адразу на ты. «Ты, камандзір…» Абразліва неяк.

Прыжмурыўшы блакітныя вочы пад густымі брывамі, Сеня паглядзеў на мяне з прыкметнай іроніяй, як дарослыя глядзяць часам на дзяцей.

— Глупства. Не думай пра форму, — сказаў ён. Я не адразу зразумеў, што ён мае на ўвазе. — Калі нас вучылі, то залішне надавалі ўвагі форме, нібы ўсё вызначае яна. Ад нас нават патрабавалі — помніш? — каб мы, я да цябе, ты да мяне, звярталіся на вы. A хіба ў гэтым галоўнае? Галоўнае ў змесце, у сутнасці людзей — у ix шчырасці, адданасці ідэі, у калектывізме i прыязнасці аднаго да аднаго… Ты ўстрывожыўся, што сустрэлі не так, як ты хацеў. Дзівак, людзі проста хацелі спаць. Пройдзе час, разам пабудзеце ў баі, ты праявіш сваю волю, яны…

— Ты думает, яна ёсць у мяне, воля?

— Ого, яшчэ якая! Я, магчыма, менш за цябе здатны да ўсялякага камандавання. Але я веру ў людзей. Людзі добрыя. Пераважная большасць. Яны заўсёды памогуць — i самі падначаленыя i камандзіры. Толькі твайму другу Кідалу хацелася «ўтапіць» мяне…

— Які ён, да д'ябла, мне друг!

— Я табе прызнаюся… Ты вось не спіш, бо нечага спалохаўся, чаго — сам не ведаеш. А я хаджу i радуюся. Ведаеш чаму? Што я адарваўся ад гэтага чалавека — ад Кідалы. Сорамна прызнацца, але я баяўся яго. I ненавідзеў. I гэта, разумееш, як было цяжка?.. Гэта блытала мае пачуцці. А я хачу, каб у ix была поўная яснасць… Вораг ёсць вораг, i ўся мая нянавісць павінна скіравацца туды. — Ён махнуў на той бок заліва. — А чалавек, які ca мной разам страляе па ворагу, наш чалавек, яго я павінен… абавязаны любіць… ну, паважаць хаця б, верыць яму… А я баяўся яго i ненавідзеў, хадзіў i азіраўся… Чорт ведае, якая неразбярыха была тут. — Ён пакруціў кулакамі каля сваіх грудзей. — А цяпер супакоілася, проста i ясна стала. Я дагэтуль ні да кога не адчуваў нянавісці. Я любіў людзей. Мой бацька быў i маці вялікія гуманісты. Тата сам паехаў на ліквідацыю эпідэміі тыфусу i заразіўся там…

З пачатку вайны Сеня ніколі не гаварыў так многа i шчыра. Цяпер жа ён гаварыў з нейкай дзіўнай асалодай, разважліва, паклаўшы на камень галаву i часам нават заплюшчваючы вочы. Толькі кал i ўспомніў маці i бацьку, прыўзняўся. Спачатку на кароткі момант як бы нейкі прамень асвятліў яго твар, а потым наплыў цень смутку. Ён уздыхнуў:

— Мая гаротная мама!

У мяне балюча сціснулася сэрца. У яго — адна мама, у мяне — i маці, i бацька, i Саша, i дачка… Але хіба мне лягчэй? Мой неспакой, трывога — за многіх дарагіх людзей.

На аэрадроме, што схаваны за сопкамі на поўнач ад горада, загулі маторы. Пачуўся голас камандзіра батарэі, значыцца, яму не спіцца таксама:

— Разведчык! Што за шум?

— Свае, таварыш старшы лейтэнант!

У паветра ўзнялося шэсць тупаносых знішчальнікаў i, развярнуўшыся, чамусьці пайшлі не на захад, а на поўнач, па заліву, нізка над вадой. Мы правялі ix позіркамі.

— Відаць, дзесьці нашы караблі атакуюць. Паляцелі на дапамогу, — сказаў Сеня.

— Ты чуў вячэрнюю зводку? — спытаўся я. — Яны перайшлі ў наступление i тут…

Я сам здзівіўся, што сказаў пра гэта зусім спакойна, як, дарэчы, спакойна i выслухаў гэтае паведамленне ад знаёмага радыста на КП дывізіёна, дзе мы спыняліся па дарозе сюды, на батарэю.

Сеня кіўнуў галавой i задумліва памаўчаў.

— Калі i тут здарыцца тое, што там, на Заходнім фронце, горача нам прыйдзецца… Тут няма куды адступаць.

Мяне перасмыкнула ўсяго, i я мімаволі азірнуўся на высокі камень за нашымі спінамі, які сапраўды як бы перагароджваў дарогу назад.

— Ты думаеш, яны перамагаюць там?

— Яны наступаюць, — адказаў ён са спакоем, які на гэты раз абурыў мяне.

— Як гэта ты можаш вось так… спакойна? Не разумею!

А чаму ты не думаеш, што гэта манеўр, стратэгічны манеур» такі, як у Кутузава?

— Ты ж сам не верыш у гэта, а таму хвалюешся. Навошта нам ашукваць сябе? Трэба глядзець праўдзе ў вочы. I без панікі. Без страху. Так мы хутчэй мабілізуем свае сілы.

— Будзь спакойны, мабілізацыя гэтая разгортваецца па ўсёй краіне, я ўпэўнены, з такім размахам…

— Я кажу не толькі пра мабілізацыю людзей, арміі, але i пра мабілізацыю душэўных сіл… Маіх… тваіх… Нашых, Пеця. Нашых сіл! Каб усе мы перамаглі страх, паніку!..

Я паглядзеў на яго з павагай i неяк адразу супакоіўся, мне нават зрабілася сорамна, што я сапраўды панікую, у той час калі ён, Сеня, якога мы называл i «мамчыным сынком», вось такі спакойны i разважлівы. Мне захацелася сказаць яму нейкія добрыя, сардэчныя словы, але я не знаходзіў ix i толькі ўглядаўся ў адзінокую постаць на адной з гарадскіх вуліц. Калі ж павярнуўся да Сені, то ўбачыў, што ён… спіць, няёмка адкінуўшы галаву на выступ каменя.

Тады я дастаў з кішэні свой сшытак i пачаў пісаць. Захацелася хутчэй, пакуль не забылася, запісаць нашу размову. А заадно падзяжурыць пры Сеню, каб разбудзіць яго на выпадак трывогі. I вось канчаю свой запіс. Сонца, як добры вартавы, нізка абышло Баранцава мора i цяпер ужо глядзіць з усходу, з прастораў Кольскай тундры. Неба зноў стала блакітнае, без смугі. Зноў лётны дзень!

3 ліпеня

Тры дні не было ні сну, ні адпачынку. Канчаўся адзін бой — цягалі цяжкія скрынкі з боепрыпасамі. Не ўпраўляліся сцерці змазкі са снарадаў — новы налёт. Ад выбухаў бомбаў, грукату стрэлаў, ад стомы i бясконцага напружання гудзе ў галаве i баліць усё цела.

Фашысты наступаюць недзе там, за Заходняй Ліцай, на Мурманскім напрамку, як афіцыйна паведамляецца ў зводках, i хочуць паралізаваць тыл, разбурыць горад, які забяспечвае фронт усім неабходным.

Горад гарыць. Другі дзень гараць бензасклады, i ўсё навокал засцелена чорным едкім дымам. Ад яго слязяцца вочы i кашаль раздзірае грудзі.

Усе батарэі нашага дывізіёна сцягнуты да горада. На дапамогу нам прыйшлі ваенныя караблі. Такое ўражанне, што маракі прымаюць на сябе ўдары пікіроўшчыкаў, каб адцягнуць ix ад горада, — болыйасць бомбаў падае ў заліў. Сёння з раніцы хмарна i ўдалося крыху паспаць. Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю — перадышка ненадоўга. Памяць асабліва яскрава ўтрымлівае першы дзень, першы мой бой, калі я стаў камандзірам.

Заснуць у тую раніцу мне так i не ўдалося. Камбат яшчэ да снедання пачаў вучэбную трэніроўку, падняўшы батарэю пасігналу «трывога». Даведаўшыся, штостральбанебаявая, нумары майго разліку бурчалі, асабліва Муха:

— Мала баявых трывог, дык на табе яшчэ вучэбную. Трэба было да вайны вучыць… Сеўчанка жонку ў тыл адаслаў, дык не спіцца яму… блукае ўсю ноч, злуе…

Я здзівіўся: там, на вучэбнай батарэі, мы ніколі ў прысутнасці камандзіраў аддзяленняў не адважваліся асуджаць учынкі i дзеянні афіцэраў. «Ці не таму яны так паводзяць сябе, што не прызнаюць, не жадаюць прызнаць мяне за камандзіра?» — думаў я.

«Стралялі» вяла i няўважліва. Адзін маленькі Чарняк вельмі спрытна ставіў трубку i перадаваў снарад зараджаючаму. Павел Астахаў, высокі, з доўгімі рукамі, былы каваль падольскага завода, ляніва браў патрон, узважваў на руках i не зараджаў, a перадаваў яго другому трубачнаму — Фрыду. А мы, калі вучыліся, зараджалі абавязкова. Чаму ж Астахаў не зараджае? Знарок, на злосць мне? Увесь час карцела патрабаваць, каб ён зараджаў i «страляў» — паварочваў ручку спуску. Але я не адважваўся: раптам тут рабілася так i да мяне? Але калі я ўбачыў, што першы нумар — Муха — сумяшчае стрэлкі азімута вельмі прыблізна, без патрэбнай дакладнасці, не вытрываў:

— Яфрэйтар Муха! Хіба так трэба сумяшчаць?

— А як трэба? — агрызнуўся ён.

— Ды пры такім сумяшчэнні снарад будзе чорт ведае дзе… У неба пацэлім.

— А ты хочаш кожны снарад у самалёт? Ого!

— Мы i так у неба цаляем, — засмяяўся на другім баку гарматы чацвёрты нумар — маўклівы Конкін.

I тут жа пачуўся крык камандзіра батарэі:

— Чацвёртае! Куды ў вас ствол глядзіць, японскі бог? Камандзіра да мяне!

Я з'явіўся перад разгневаным Сеўчанкам i здзівіўся — дзе той добры жартаўлівы чалавек, які ўначы прадстаўляў мяне разліку!

— Што ў вас там робіцца?

Я не стаў выдаваць Муху, ведаў, як можна апраўдацца ў такім выпадку:

— Закруціўся кабель сінхроннай перадачы, таварыш старшы лейтэнант! — схлусіў без запінкі.

Калі вярнуўся да гарматы, Чарняк i Астахаў глянулі на мяне вінавата i спачувальна, Муха сустрэў нахабнай, злараднай усмешкай: ага,больш не будзеш прыдзірацца!

Я не пазнаў свайго разліку, калі неўзабаве аб'явілі баявую трывогу. Куды дзеліся вяласць i няўважлівасць. Усе ўраз падцягнуліся, застылі на сваіх месцах у напружаным чаканні. Самыя непрыемныя хвіліны, якія праходзяць з моманту, калі вораг выяўлены, i да пачатку агню. Па арыенцірах НП i каардынатах, якія далі разведчыкі, мы хутка знайшлі самалёты ў ранішнім блакіце. Няўзброеным вокам яны сталі відаць кіламетраў за трыццаць. Ix было не два i не тры. На горад ішла цэлая паветраная армада — машын дваццадь. Куды яны абрушаць свой смяртэльны груз? На каго?

У горадзе натужна раўлі сірэны паветранай трывогі.

Маленькія чалавечкі мітусліва бегал i па вуліцах. Куды яны схаваюцца? Ці даволі там надзейных месц?

Сірэны, якія пачуў упершыню, i цывільныя людзі — а там жа жанчыны i дзеці! — нарадзілі новыя пачуцці — боязь за тых, што мітусяцца там, на вуліцах, шукаючы ратунку ад ненавіснага ворага.

Нейкія тры мінуты здаліся пакутліва доўгімі. Хутчэй бы яны зайшлі ў зону агню!

Я ўбачыў, як у Мухі збялелі вушы. Няўжо i я такі ж? Якая ганьба! Хіба будуць паважаць такога камандзіра? Дзякуй Богу, што ніхто не глядзіць на мяне.

Маленькі Чарняк i доўгі Фрыд заціснулі каленямі патроны, надзелі на дыстанцыйныя трубкі ключы. Яны так шчыльна надзяюцца, гэтыя ключы, але ўсё ад но дзынкаюць — дробненька-дробненька стукае метал аб метал.

Тоўсты, не надта паваротлівы комі Габаў шэптам чытае застыглую трубку:

— Сто шэсцьдзесят два… сто шэсцьдзесят два… сто шэсцьдзесят два…

Збоку здаецца, што ён шэпча малітву.

Чацвёртага ну мара я не бачу — ён за гарматай… Але Астахаў… Толькі на яго твары, у яго рухах, жэстах не відаць таго, што так прыкметна ва ўсіх іншых. Ён тупае каля свайго затвора, павольны, паважны, як добры дзед, i маленькай фланелевай анучкай старанна выцірае клін i патроннік. Няўжо такім чынам яму ўдаецца схаваць свой страх? Не, цяпер, пасля трох дзён баёў, я ведаю, што паводзіны яго зусім натуральный, гэты каваль хутчэй за ўсіх пазбыўся страху.

Сеня Пясоцкі праз оптыку дальнамера ўжо вызначыў маркі машын.

— Група злева — «Ю-88», справа — «87». Зверху — знішчальнікі! — паведаміў ён у напружанай цішыні так гучна, што пачула ўся батарэя. Пад Мухам забрынчала сядзенне. Агідна гэта, непрыемна. Варта яму сказаць. Але ці маю я права? Колькі дзён назад яно гэтак жа брынчала пада мной. Ды i голас… невядома, які будзе ў мяне голас. Каб я не выдаў сам сябе…

Не спускаю вачэй з чорных сілуэтаў, што, здаецца, засланілі ўсё неба. Няўжо нельга яшчэ страляць? Чаму не пастаўлены батарэі на тым баку заліва, каб сустракаць ix агнём на падлёце да горада? Але ж яны могуць зайсці з любога боку… Магчыма, у той момант i не было гэтых думак, шмат якія з ix з'явіліся, безумоўна, толькі цяпер, калі я пачаў запісваць… Тады было адно жаданне — хутчэй адкрыць агонь. Вось ужо «месершміты» рвануліся ўбок. Ara, у паветры нашы знішчальнікі! Сышлі з баявога курсу «Ю-87», зрабіўшы разварот на поўнач.

«На аэрадром», — адзначыў я.

Пачалі агонь караблі.

Нарэшце i ў нас доўгачаканае: «Ёсць сумяшчэнне».

— А-а-онь!

У першым залпе «рассыпалі гарох». Камандзір батарэі злосна закрычаў, але тут жа сам сябе асек чарговай камандай — лаяцца няма калі!

Быццам тым снопам агню, што вылятаў з гарматы, апякала думка: я, камандзір, зусім непатрэбны, лішні i толькі замінаю трубачным! Сапраўды, мне няма чаго рабіць. Ці, можа, я забыўся на свае абавязкі? Назіраць за работай нумароў… За цэлямі… Я назіраю… Добра назіраю… Перад фашистам! ўзнікла заслона разрываў. Няўжо разбілі ix строй? Не, відаць, яны проста перастройваюцца перад заходам на аб'ект. Не, усё-такі яны рассыпаліся. Відно, як ад фюзеляжаў адна за адной аддзяляюцца бомбы i ляцяць… д'ябальскі павольна ляцяць… Свіст… Выбухі… Бомбы рвуцца ў розных канцах горада. Усё-такі гэта не прыцэльная бамбёжка! Ад усведамлення гэтага прыйшла ўпэўненасць.

Я закрычаў:

— Так ix, хлопцы! Так гадаў! Муха! Сумяшчай!

Я знайшоў сабе занятак — выкідаў за бруствер пустыя скрынкі, адчыняў новыя. Мяне захапіла работа Астахава. Гэты чалавек не ваяваў, a сапраўды працаваў — так спакойна ён зараджаў i страляў. Спачатку здавалася, што ён робіць гэта залішне павольна. Але ніводнага разу ён не спазніўся ca стрэлам, a заўсёды, зарадзіўшы, яшчэ нейкі міг чакаў каманды, трымаючыся за ручку спуску.

Залпы настроіліся, i я падумаў, што тут страляюць лепш, чым стралялі мы на вучэбнай батарэі. Мне нават стала трошкі крыўдна. Праўда, у ix было больш баёў. Аднак гэтыя людзі неяк спакайней сябе паводзяць…

I раптам усё паляцела да д'ябла. Пачалося з крыку разведчыка:

— Самалёты над чацвёртым!

Некалькі «Ю-87» зайшлі з усходу i знянацку атакавалі батарэю. Яны спікіравалі з дзікім свістам; пасля мы даведаліся, што разам з бомбамі фашысты кідалі рэйкі i пустыя бочкі, каб нагнаць больш панікі. Адна бомба разарвалася зусім блізка, нас абдало гарачым паветрам i абсыпала зямлёй. Стральба з прыборам разладзілася. Праз выбухі, стракатанне кулямётаў, крыкі я пачуў каманду Сеўчанкі:

— Прамой наводкай!

Я паўтарыў яе для свайго разліку:

— Па самалёту — прамой!..

Але Муха, аглушаны, спалоханы, падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў i куль, згорбіўся i не рэагаваў на каманду.

Я схапіў яго за плечы:

— Прамой! Муха! — I вылаяўся, злосна, груба, як, бадай, не лаяўся ніколі ў жыцці.

Але Муха ў адказ яшчэ больш згорбіўся i ўтуліў галаву ў плечы, бо ў гэты момант зноў над намі завыў пікіроўшчык. Я глянуў угору i, як у першым баі, убачыў чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Быццам хваляй ад выбуху, ударыла ў сэрца, у галаву нянавісць, лютая злосць на гэтыя крыжы, а потым — на Муху. Я рвануў яго з сядзення i шыбнуў на снарадныя скрынкі, а сам уміг апынуўся на месцы наводчыка, адразу злавіў самалёт, падвёў пад скрыжаванне нітак у оптыцы.

— Цэль злоўлена! Агонь!

Малайчына Астахаў! Стрэл грымнуў без затрымкі. Другі — так хутка за першым, што я, аслеплены ўспышкай, не ўправіўся зноў злавіць цэль.

— Зараджаючы! Каманду!..

I Астахаў, гэты спакойны i разважлівы каваль, пачуў мае словы i зразумеў ix сэнс, хоць у гэты момант зноў недзе блізка рваліся бомбы i над нашымі галовамі ляцелі снарады сусед няй гарматы.

— Цэль… А-а-онь! — не зусім па правілах камандаваў я.

Але Астахаў добра разумеў: «цэль» — зараджай, «онь» —

страляй. I раптам бачу, што пад самалётам, які я вёў у аптычным прыцэле, шуганула полымя, мусіць, выбухнуў бензабак, i ахутаная дымам машына, нязграбна i цяжка куляючыся ў паветры, грымнулася на суседнюю сопку.

Праз павелічальнае шкло я глядзеў, як ірваўся i гарэў той, хто нёс нам смерць. Вось табе! Мы жывыя, мы будзем жыць! А ты згарыш, сатлееш, i нават маці твая, нават дзет не будуць ведаць, дзе ты пахаваны, бо не будзе ў цябе магілы на чужой зямлі. Безумоўна, так я не думаў тады, так думаю цяпер, калі запісваю падзеі таго дня. Але помню, добра помню, што грудзі мае распірала, ажно цяжка было дыхаць, нейкае новае, нязвыклае i вельмі магутнае пачуццё.

Нехта крыкнуў «ура!». Мне не хацелася крычаць. Не было слоў, каб выказаць тое пачуццё, бо яно было мацней за любыя словы. Кал i казаць проста, то гэта была радасць — радасць першай перамогі, радасць адчування сваёй сілы. Але разам з тым было i яшчэ нешта: магчыма, канчатковая перамога над сваім страхам, магчыма, упэўненасць у сваіх камандзірскіх здольнасцях ці тое i другое адначасова, а можа, нешта зусім іншае.

Я не адразу ўспомніў настаўленне: збіў адну цэль — лаві другую. Хоць, відаць, мае любаванне збітым самалётам працягвалася нейкую секунду-дзве, не больш. Аднак калі я схамянуўся i пачаў шукаць новыя цэлі, то ўбачыў, што яны далека за залівам. Там ішоў паветраны бой. Угары, як у каруселі, кружыліся знішчальнікі.

A ўнізе, над самай зямлёй, ужо не баявым строем, як ішлі сюды, а па адным, уроссып, як зладзеі, уцякалі бамбардзіроўшчыкі. Так, было такое ўражанне, што яны ўцякаюць, i ад гэтага таксама стала радасна.

Я ўсё яшчэ шукаў цэль, калі нехта схапіў мяне за плячо.

— Адбой, камандзір, — пачуў я голас Астахава.

Я азірнуўся i ўбачыў Муху. Ён сядзеў на зямлі, паміж скрынкамі, трымаўся за шчаку; твар яго, рукі былі выпачканы крывёй. Я кінуўся да свайго намесніка:

— Вы ранены?

У адказ ён загаласіў, зашыпеў, запырскаў слінай:

— Ранены? Вы… вы… забілі! Фельдфебель!.. Дзяржыморда!.. Гэта табе не фашысцкая армія! Вось пайду пакажу камбату!..

Я нічога не мог зразумець i стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць. Муха падхапіўся, яшчэ больш размазаў на твары кроў i хацеў быў выйсці з катлавана. Ды раптам, надзіва мне, Астахаў схапіў яго загрудкі i добра трасянуў.

— Ты, панчоха бабская! Ты на каго скардзіцца ідзеш? Ды я цябе распішу горш, як Бог чарапаху! Хоць ідзі! Ідзі! — Ён папіхнуў яго. — Скардзіся, сволач! Трус няшчасны! Ты ж трус. Ты ж не лавіў цэль, a хаваў пад оптыку галаву, як той заяц… Цябе ж па законах ваеннага часу пад расстрэл трэба… I я першы скажу… Ідзі!

Астахаў штурхнуў Муху яшчэ раз. Але ў таго знікла жаданне ісці скардзіцца, ён адступіў назад у катлаван, баязліва агрызаючыся:

— Не брашы! Я сумяшчаў… Можа, я не пачуў каманды, мяне аглушыла… Аён… ён паказаць сябе захацеў… Геро-ой!

Падскочыў маленькі Чарняк, бліснуўшы сваімі дзявочымі зубамі.

— Маніш, Муха! Камандзір тройчы паўтараў каманду! Усе чулі!

— Вытры яму соплі, Ваня, — насмешліва параіў Астахаў.— Няхай не размазвае па твары.

Нарэшце я здагадаўся, што здарылася: кал i я шыбануў наводчыка з сядзення, ён ударыўся аб снарадную скрынку i разбіў шчаку. Я не меў на яго ні злосці, ні крыўды, бо добра помніў свой уласны страх. Але я ўбачыў, што разлік прызнаў мяне: байцам спадабаліся мая рашучасць i смеласдь. Аказваецца, я магу быць смелым. Няхай жа жыве мая смеласць! Я зразумеў, тая акалічнасць, што ў «баі» паміж Мухам i Астахавым я стаю ўбаку, не на карысць мне. Трэба i тут праявіць рашучасць.

— Эй, на КП! Санінструктар там? Сюды яго!

— Не трэба, — спалохана запярэчыў Муха. Вось у гэты момант ён стаў мне брыдкі.

Перш чым адгукнуўся непаваротлівы «медык», з'явіўся сам камандзір батарэі.

— Што здарылася? Раненыя? — заклапочана спытаў ён.

— Дык вось… яфрэйтару Муху шчаку… — адказаў я, гатовы тлумачыць усё праўдзіва, калі спатрэбіцца.

— Чым? Асколкам? Каменем?

— Каменем, — схлусіў Муха.

Пераглянуліся паміж сабой байцы, хаваючы хітрыя ўсмешкі.

Сеўчанка дакрануўся да шчакі «параненага».

— О, па гэтым будзеш жыць, Муха. I дзіты будэш маты.

Камбат, задаволены, вясёлы, агледзеў усіх нас i не стры-

маўся, каб не пахваліць:

— Добра стралялі. Малайцы!

— А гэта мы яго, таварыш старшы лейтэнант, — кіунуу Астахаў у той бок, дзе дагараў збіты самалёт.

— Мы. Але не зазнавайцеся. Увогуле стралялі шчэ пагана.

— Наша гармата збіла, — стаяў на сваім каваль.

Мяне здзівіла i нават непрыемна ўразіла самаўпэуненасць i настойлівасць зараджаючага. Я дагэтуль i не падумаў, што магла збіць іменна наша гармата, бо вялі агонь усе, можа, нават караблі. Разбярыся — чый снарад пацэліў. Але Астахаў трымаўся іншай думкі.

— Па гэтым біла толькі наша i трэцяя. Другая i першая туды, — даказваў ён.

Камандзір батарэі нахмурыўся.

— Добра, разбяромся. Але бачылі? Нялёгка ім атакаваць батарэю, калі яна вядзе агонь. Вунь дзе бомбы паскідалі. Галоўнае — не баяцца.

Калі ён пайшоў, Астахаў сказаў мне:

— Дурань ты, камандзір, але чалавек добры. А за самалёт трэба змагацца. А то Шарун, камандзір трэцяга, ён з зубоў вырве… Пачнуць даказваць: ён — старшы сяржант, а ты — яфрэйтар, ён — стары камандзір, а ты — адзін дзень… Я гэтых майстроў ведаю. Больш горлам бяруць, чым работай.

Мне не спадабаліся такія разважанні. Непрыемна было думаць, што трэба змагацца, даказваць, хто збіў самалёт. Хібагэтагульня, спаборніцтва, спорт? Вайна, смерць, гора… Хіба можна ў такі час думаць пра нейкую славу, узнагароду? Трэба біць, біць ix больш, ворагаў, што хочуць украсці мае… тваё… наша шчасце. Біць i не лічыць, не дзяліць, хто больш.

4 ліпеня

Учора выступаў па радыё Сталін. Камандзір i зампаліт чулі голас Сталіна. Мы чулі яго прамову, калі яе паўтаралі дыктары. Лазебны — радыёаматар, i ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі. Надвор'е ў першай палавіне дня было хмурнае, амаль нялётнае, i нас па чарзе, па аднаму разліку, запрашалі да прыёмніка, калі перадавалася прамова. Стаіўшы дыханне, выслухалі мы словы суровай праўды. Цяпер мне стала зразумела, чаму з'явіліся Барысаўскі i Бабруйскі напрамкі. Але не магу, не магу пагадзіцца з думкай, што Мінск ужо ў ix руках. I Бабруйск… Я плыў… Я ішоў ад Бабруйска да Рэчыцы. Гэта ж рукой падаць: па правым беразе Бярэзіны, потым — Дняпра… А там — Саша, там — мая Саша…

Цішыня. Горад ахутаны едкім дымам. Кажуць, гараць склады рыбы.

Дзіўна я змяніўся за гэтыя дні: мне страшна ад цішыні i хочацца бою. Учора яшчэ адзін сцярвятнік знайшоў сваю магілу ў заліве. Другога збілі знішчальнікі над Колай.

Фрыд сядзіць у нішы, латае свае працёртыя снарадамі штаны i спявае да болю сумную песню — па-яўрэйску. I ўсе сур'ёзна слухаюць, спыніўшы работу.

— Пра што гэта, Ханон? — пытае Астахаў.

— Пра маці. Пра старую маці, яна адна…

— Сціхні,— просіць Муха нервова, роспачліва.

У Чарняка па яго смуглай шчацэ (ён сядзіць збоку ад мяне) коціцца буйная i цяжкая, як шарык ртуці, сляза.

20 ліпеня

Такой гарачыні тут не было семдзесят год. Паўмесяца на небе ніводнай хмурынкі, ніводнага воблачка, сонца пякло, як у нас, у Беларусі, падчас сенакосу. Нават уначы, калі сонца хавалася за паўночную гapy, што закрывае ад нас аэрадром, у паветры не адчувалася прахалоды. A ўдзень можна было купацца. Унізе, пад сопкай, працякае ручай, i мы з зайздрасцю глядзелі на тых шчасліўцаў, якія мелі магчымасць акунуцца ў халоднай вадзе. Часам там, за валунаMi, раздзяваліся жанчыны. Там, у горадзе, ішло сваё жыццё, мы разумелі, нялёгкае, ваеннае i не менш небяспечнае, чым у нас. Але жыццё. A ў нас яго не было, у нас — толькі вайна. Нам было не да купання, не да адпачынку i нават не да размоў аб чым-небудзь іншым, акрамя вайны. Мы стралялі па некалькі разоў на дзень. Яны лётаюць амаль бесперапынку. Высока ў блакіце праходзяць разведчыкі. Шныраюць, як сабакі, чорныя “месершміты”, выклікаюць на бой нашы слабенькія «1-153» i збіваюць ix. О, як гэта балюча бачыць, як яны збіваюць нашы самалёты.

Дні два-тры бамбавозы ідуць невялікімі групамі, нават зрэдку па адным. Потым — масіраваны налёт. Бадай, нельга сказаць, у які дзень былі найбольшыя налёты, калі i як мы стралялі. Нас яны больш не атакавалі, i дні i баі падобны, як блізняты. Назаўсёды запомнілася толькі адно — жаданне спаць. Яны не давалі нам заснуць больш як гадзіну-дзве у суткі. Дзіву даюся, як людзі трымаліся на нагах. Ёсць вялікі рэзерв сілы ў чалавека. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці, калі не дазвалялася прылегчы, па чарзе падрамаць, абапёршыся на бруствер, на скрынкі, а Муха рабіў гэта проста на сядзенні, упёршыся лбом у гумавы казырок оптыкі. Многа клопатаў было з Габавым. Ён засынаў смяртэльным сном i не прачынаўся ні ад крыку “Трывога!”, ні нават ад стрэлаў. Некалькі разоў мне прыйшлося самому чытаць трубку. Яго лаялі калектыўна, сарамацілі, пагражалі судом, але мала што памагала. Тады Астахаў вынайшаў спосаб: заўсёды трымаць побач вядро вады. Габаву на галаву вылівалі ваду, i тады ён даволі шпарка займаў сваё баявое месца. Я быў запярэчыў супроць такой жорсткасці, але сам «сын Поўначы» не крыўдзіўся.

— Вадзічка цёплая… Ах, карашо, — жартаваў ён.

— А як зімой будзе? Зробішся на ледзяша.

— Да зімы мой будзе канчаць спаць.

I ўсё-такі мне за гэта моцна папала ад камандзіра ўзвода — старшыны Малашкіна. Былы камандзір гэтай гарматы, ён любіў Габава, якога, між іншым, сам навучыў пісаць i чытаць. A ўвогуле гэта дзіўны i пакуль што незразу мел ы мне чалавек, Малашкін. Ён i цяпер ходзіць з падручнікам вышэйшай матэматыкі i кожную вольную хвіліну чытае яго з такой цікавасцю, як чытаюць прыгодніцкі раман. I ўсё робіць нейкія разлікі. Кажуць, удасканальвае ПУАЗО. Часам дакладваеш яму што-небудзь важнае, а ён як бы не чуе, не звяртае ўвагі, можа ісці міма i не ўбачыць беспарадку, парушэння дысцыпліны. А то раптам можа страшэнна расшумецца з-за дробязі. Тады пачынае крычаць тонкім пісклявым голасам, пакуль не сарвецца, не закашляецца. Пасля гэтага дзень ходзіць пануры, незадаволены, злуючыся, як відаць, на сябе больш, чым на таго, хто яго ўзлаваў. За ваду гэтую ён пагразіў мне трибуналам. A Сеўчанка стаяў збоку, не ўмешваўся ў «праборку» ўзводнага i, я прыкмеціў, употай смяяўся. Сеўчанка — разумны i хітры хахол.

Другі раз Малашкін накрычаў на мяне ўвогуле з-за глупства. Я дзіўлюся, як разумны чалавек мог надаваць столькі ўвагі такой недарэчнасці.

Муха, пасля таго як я скінуў яго з сядзення, зрабіўся проста шаўковы, прыкладнываўсіхадносінах: ніякіх «ты», калі звяртаўся да мяне, ніякага панібрацтва, заўсёды — «ёсць», «слухаюся!». Ды i ўсе іншыя ставіліся з павагай. Адзін Астахаў i далей звяртаўся на ты. Я ўсё намерваўся зрабіць яму заўвагу, але так i не адважыўся. I добра зрабіў: афіцыйнасць з разумным чалавекам непатрэбна. Мы сталі сябрамі, i наша дружба хораша ўплывае на іншых. Разлік жыве, як дружная сям'я. У часе кароткіх перадышак паміж баямі, калi «прымаем харч» — снедаем ці абедаем, — сардэчна гутарым, жартуем. I вось у часе адной такой гутаркі я жартам спытаў свайго намесніка:

— Слухай, Муха, адкуль гэта ў цябе такое куслівае прозвішча?

Сказаў — i забыўся. А Муха абразіўся ці, можа, проста знайшоў прычыну паскардзіцца камандзіру ўзвода. Той як раскрычаўся, адвёўшы мяне ад дальнамера, далей ад маіх хлопцаў! Калі ўзважыць, дык ён мяне абражаў у дзесяць разоў горш, чым я гэтага дурня Муху. Ён чамусьці абвінавачваў мяне ў бескультурнасці, у несавецкіх адносінах да чалавека, нават у хуліганстве i тут жа — у «інтэлігенцкай мяккацеласці», у панібрацтве з падначаленымі, у няўменні падтрымліваць дысцыпліну. Я адказаў, што разлік страляе не горш за іншых.

Малашкін ажно падскочыў:

— Не ваша заслуга ў гэтым!

Значыцца, ён лічыць, што яго заслуга. «Няхай сабе лічыць», — падумаў я i абяззброіў яго пакорлівым вінаватым маўчаннем. Праз хвіліну яму, відаць, стала сорамна i непрыемна за свой крык, i ён пачаў лагодна тлумачыць мне, якім павінен быць камандзір Чырвонай Арміі. Мне чамусьці зрабілася шкада яго: сам ён зусім не такі ідэальны камандзір, але чалавек шчыры, нягледзячы на ўсе свае слабасці, i я паважаю яго. А Муха прымусіў мяне насцеражыцца. Я расказаў пра ўсё Астахаву.

Той абурыўся:

— Вось падлюга! Жартаў не разумев. Ну, мы яго правучым!

Няўжо гэта было для мяне самым важным, што, дарваўшыся ўрэшце да магчымасці нешта запісаць, я прыгадваю ў першую чаргу такія звычайныя дробныя размовы, сутычкі? А мае думкі, перажыванні з-за таго, што адбываецца там, на франтах?

Пасля прамовы Сталіна зрабілася неяк спакайней. Але боль… боль не сціхае, ён з новай сілай коле сэрца кожны раз, калі ў паведамленні Саўінфармбюро называецца новы напрамак. Часам узнікае надзея… Так яна ўзнікла, калі нашы зноў адбілі Жлобін i Рагачоў. Можа, гэта пералом, можа, далей на ўсход i ўніз па Дняпры яны не пасунуцца? Але з'явіўся Смаленскі напрамак — i зноў боль…

Узрадавала нас пагадненне паміж СССР i Англіяй. Зноў надзея. Каторы дзень толькі i гаворкі пра гэта пагадненне.

На кароткай нарадзе малодшых камандзіраў у камбата, нарады такія ён склікае пасля кожнага бою, Сеня Пясоцкі сказаў:

— Цяпер можна ўявіць, якое значэнне набывае наш Мурманск. Адзіны незамярзаючы порт з выхадам у адкрытае мора. Найкарацейшы шлях да Англіі.

Мабыць, камісар не паспеў яшчэ падумаць пра гэта, бо адразу падхапіў Сеневы словы, пачаў развіваць i нават загадаў у такім сэнсе растлумачыць байцам.

З Сенем мы сустракаемся па сутнасці толькі на гэтых кароткіх нарадах, хоць знаходзімся адзін ад аднаго за нейкія трыццаць крокаў. Можам перакрыквацца з катлаванаў, але сысціся i пагутарыць няма калі, ды i не дазваЛяецца — увесь час трывога. А мне так хочацца пагутарыць з ім, адвесці душу, успомніць наша Прыдняпроўе, дзе яго маці i мая Саша… Цяпер я часцей, чым да вайны, з большым смуткам, з большай любоўю i замілаваннем успамінаю гэтыя мясціны. Аднойчы мне нават прыснілася, што я стаю на высокім беразе Дняпра, там, у мястэчку, дзе ўсё знаёма: бальніца, школа, сцежка ў рове, па якім сцякае вясновая вада. Толькі Дняпро быў не той — разы ў тры шырэйшы, i вада бурліла i пенілася. I на тым беразе я ўбачыў не лес, як у сапраўднасці, а бяскрайні роўны-роўны луг. Удалечыні відаць былі белыя постаці, я да болю ў вачах узіраўся i ніяк не мог зразумець — ці то хусткі дзяўчат, ці буслы. Дзіўны сон! Хочацца хоць раз убачыць у сне Сашу. Але дарэмна — сню нейкія страхі, недарэчнасці. Хоць гэта натуральна, бо амаль забылася ўжо, што такое нармальны чалавечы сон, тое, што мы называем сном, — нейкая хваравітая дрымота, трызненне: спіш i ў сне страляеш.

З баёў асабліва запомніліся два — тыя, у якіх мы перамагалі, калі можна назваць перамогай збітыя самалёты. Хочацца так называць. Хочацца перамогі!

Ix было пяць. Яны ішлі баявым курсам на горад, не з захаду, a чамусьці з поўдня. Таму першай ix сустрэла былая вучэбная батарэя, на якой я пачынаў службу. Яна дала залп. I гэта быў залп класічны. Снарад, напэўна, пацэліў у бомбавы люк аднаго з самалётаў, бо ён узарваўся высока ў небе са страшэнным грукатам. Выбух пашкодзіў два іншыя «юнкерсы». Адзін упаў тут жа каменем, разам з рэшткамі таго, што ўзарваўся, другі, перакуліўшыся ў паветры, страціў вышыню, але выраўняўся i паспрабаваў ляцець, ды працягнуў недалёка — на тым баку заліва лётчыкі выскачылі з парашутамі. Два з тых, што ўцалелі, скінулі бомбы недзе паміж Колай i горадам i кінуліся наўцёкі. Але ix дагналі нашы знішчальнікі.

Вось гэта можна назваць перамогай!

Другі бой — паветраны. Нашага маленькага «1-16», які толькі што ўзняўся па трывозе з аэрадрома, прыціснулі чатыры «месершміты». Мы трымалі ix у прыцэлах, але не маглі страляць, яны круціліся, як вужы, на прыборы не было сумяшчэння, a весці агонь прамой наводкай — далёка. Сціснулася сэрца: яшчэ адзін наш чалавек, наш друг праз хвіліну будзе мёртвы. Чаму ён узняўся адзін? Чаму сябры не ляцяць на дапамогу? Але знішчальнік так спрытна, так умела выкручваўся ад атак фашыстаў, што на батарэі пачуліся воклічы захаплення. Не, ён не проста выкручваўся, ратаваўся, ён атакаваў, хітра, па-майстэрску. I праз нейкую хвіліну адзін «месершміт», пакідаючы за сабой пал осу чорнага дыму, урэзаўся ў скалы. Хлопцы закрычалі «ўра!», «1-16», як бы адчуўшы сілу, пачаў атакаваць яшчэ больш настойліва. «Месеры» прыкрывалі адзін аднаго, стараліся зайсці смельчаку з хваста. Але ён неяк так лоўка манеўраваў, што ўвесь час навязваў ім лабавую атаку зверху. Ix перавагу у хуткасці ён умела выкарыстоўваў. Калі i другі сцярвятнік грымнуўся аб зямлю, хлопцы раўлі ад захаплення. Спакойны Астахаў кінуў высока ўгору каску. Але раптам аднекуль з'явіліся яшчэ чатыры чорныя гады. Адзін супроць шасці! Сокал наш, відаць, улічыўшы сілы, зразумеў, што яму трэба ратавацца. Кінуўся да нас. Мы нават не адразу зразумелі яго намер, калі ён на брыючым палёце пачаў кружыць вакол батарэі. Але калі фашысты наблізіліся да яго, Сеўчанка закамандаваў агонь прамой наводкай. Убачыўшы букеты разрываў, «месеры» адвалілі. Паспрабавалі хадзіць па шырокім крузе, падпільноўваючы смельчака, але ix абстралялі другія батарэі. Тады, раз'юшаныя, яны кінуліся на горад так нізка, што страляць было нельга, i пачалі страчыць з кулямётаў у вокны дамоў. Але гэта злачынства ix не прайшло беспакарана. Яны парушылі свой баявы парадак, i наш герой выкарыстаў гэта: калі яны рабілі разварот, ён кінуўся на апошняга і… збіў яго.

Маленькі Чарняк перакуліўся цераз галаву. Даўгі Фрыд пачаў скакаць цераз упоры, як заяц. Муха, не адрываючыся ад оптыкі, малаціў сябе кулаком у грудзі.

Якое гэта шчасце — перамога! Як яна ўздымае настрой людзей!

Фашысты мусілі ўцякаць, бо ў дадатак да ўсяго з порта па ix ударылі зенітныя кулямёты.

«І-16» пакружыўнад батарэяй, прывітальна памахаўнам крылом i спакойна паляцеў на аэрадром.

Разлікі прасілі камандзіра батарэі:

— Таварыш старшы лейтэнант! Пазваніце — хто ён? Як яго прозвішча? I павіншуйце! Абавязкова павіншуйце! Гэта ж — герой!

Праз паўгадзіны Сеўчанка выйшаў з будкі сувязі i крыкнуў:

— Батарэя, слухай! Званіў пілот капітан Сафонаў i дзякаваў за падтрымку.

Паўмесяца ад свайго імя i ад жыхароў гэтага спакутаванага, скалечанага горада мы прасілі неба, каб яно паслала непагадзь, дождж, дало перадышку. Сёння яно злітавалася над намі. Уласна кажучы, не неба, а мора — адтуль прыплыў густы, як вата, туман. Адразу зрабілася холадна.

21 ліпеня

Пісьмо ад Сашы! Я нецярпліва i бестактоўна, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, выхапіў канверт з рук у камузвода, які прынёс яго, маё пісьмо. У мяне дрыжалі рукі, відаць, я змяніўся з твару, бо Малашкін, зірнуўшы спачатку сурова, раптам апусціў вочы i моўчкі адышоў.

Страшна было чытаць у прысутнасці байцоў. Я выйшаў за катлаван, схаваўся за камень, разгледзеў штампы. «Рэчыца, 3. 7». Закалацілася сэрца: напісана амаль праз паўмесяца пасля пачатку вайны. Што там? Радасць, гора?

Нарэшце я набраўся мужнасці i асцярожна, як разраджаюць міну, разарваў канверт. Знаёмы аркуш з вучнёўскага сшытка. Жывая! Здаровая! Але дзіўна, дзіўна ты пішаш, Саша. Быццам i няма яе, вайны, быццам i не падступае яна да вас, хоць пісала ты З ліпеня, калі ўжо з'явіўся Бабруйскі напрамак. Няўжо, думаеш, мяне больш цікавіць, што ты памагала Ані ўбіраць канюшыну, паўдня працавала i вельмі змарылася, а Ленка ўвесь гэты час спала тут жа на полі? Што дачушка наша ўся ў мяне, нават радзімая плямка такая ж на мочцы вуха? Так, гэта цікавіць, гэта дорага мне. Але ж я ведаю, што не адным гэтым ты жывеш цяпер! Не! Я прачытаў крык тваёй душы ў канцы пісьма, дзе ты просіш, каб я быў асцярожны. Ты верыш, што я жывы? Ты не можаш не верыць — я разумею. Так, я жывы! Я буду жыць, бо я перамог свой страх i навучыўся забіваць ворага. Я вярнуся да цябе! Вярнуся, Саша!

Колькі разоў за дзень я перачытваў дарагое пісьмо! КольKi вычытаў таго, чаго там не напісана! Але канюшына… Навошта ёй убіраць канюшыну? Можа, гэта намёк? Вось гэтага я не магу зразумець, хоць галава мая ад думак хутка разарвецца, як снарад, — на дробныя асколкі.

«Сёння паўдня я памагала Ані ўбіраць канюшыну. I Ленка была са мной на полі, гэта недалёка, за копанкай. Помніш, дзе мы сядзелі з табой аднойчы, каля старых вербаў? Ленка ўвесь час спала…»

Канюшына… копанка… вербы… I ніводнага слова пра вайну. Любая Саша! Упершыню я не разумею цябе. Праўда, ты кажаш, што пішаш мне амаль штодзень. Ты думаеш, што я палучаю ix, твае пісьмы? Не, ix дзесьці па дарозе глытае вайна гэтак жа, як i мае да цябе. Значыцца, яна сапрауды блізка ад цябе, вайна, бо Астахаву з Падольска i хлопцам з Масквы пісьмы прыходзяць акуратна.

22 ліпеня

Трэці дзень плыве туман. «Як у Лондане», — кажуць хлопцы, хоць многія, мусіць, нічога раней не чулі пра туманы ў англійскай сталіцы. Цяпер нават малапісьменны Габаў можа прачытаць цэлую лекцыю пра Брытанскія астравы. Хочацца ведаць пра тых, хто ваюе разам з намі супроць фашызму.

Пасля спякоты — асенні холад. Ходзім у шынялях. Вось яна — Поўнач!

Сеўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе ў сырых нішах не надта спіцца. Па чарзе ходзім у зямлянкі, за агнявую пазіцыю. Цудоўныя мірныя зямлянкі! Яны здаюцца харомамі, хоць цяпер i там не вельмі ўтульна: ад стрэлаў i бомбаў пал опал іся газеты, якімі былі абклеены сцены, патрэскаліся дошкі, сыплецца пясок. Усюды сляды разбурэння.

Пасля абеду да мяне прыйшоў Сеня:

— Хочаш, пойдзем да камбата?

— «Хочаш»! Так я i захацеў! Пакліча — пабягу. А без патрэбы… — Я з іроніяй паглядзеў на Сеню: друг камбатаў знайшоўся!.. — А навошта мне ісці?

Сеня ўсміхнуўся:

— Сеўчанка вершы любіць, каб ix на памяць чыталі.

— Вершы? — здзівіўся я.

— Ён пачуў, як я сваім байцам Шаўчэнку чытаў. Ажно праслязіўся. Учора яму ўсё перачытаў, што ведаў…

— I свае?

Сеня зачырванеўся, схапіў мяне за руку:

— Слухай, пра мае — ні слова. Як друга прашу. Інакш нажывеш ворага.

— Добра. Буду маўчаць. Але скажы па сакрэту — пішаш?

— Пішу. Пішу, — прызнаўся ён таямнічым голасам. — Ну, пайшлі.

Я ішоў з нейкім незразумелым страхам. Мы пастукалі, атрымалі дазвол. Камбат быў у сваёй зямлянцы. Я пачаў быў дакладваць:

— Таварыш старшы лейтэнант…

Сеўчанка махнуў рукой: не трэба. I надзвычай проста i гасцінна запрасіў:

— Сядайце, хлопцы.

Ён, без рэменя, з расшпіленым каўняром, сядзеў на табурэце перад печкай i падкідваў дровы. У зямлянцы цёпла i прыемна пахла чалавечым жыллём. Увогуле тут было усё неяк па-хатняму ўтульна, не так, як у зямлянцы Купанава, хоць будаваліся яны ў адзін час. Але там было ўсё па-салдацку проста, а тут — як у добрай кватэры: панікеляваны ложак, мяккая канапка, на сцяне — украінскі дыван, карціны i партрэты. Мой позірк адразу спыніўся на вялікай фатаграфіі маладой жанчыны з дзіцем на руках. Якое гэта хараство — маці з дзіцем! Я падумаў пра Сашу. Колькі было б у яе цяпер шчасця, каб не гэтая праклятая вайна!

Сеўчанка, убачыўшы, як я гляджу на партрэт, растлумачыў:

— Жонка з сынам. Адаслаў ix у Іжэўск, сястра там у мяне замужам.

— У мяне таксама жонка i… дачка.

— Я ведаю. Мне казаў Пясоцкі.

О, як я ўдзячны за гэтыя простыя чалавечыя словы! Бо не было ў ix ні недарэчнай сідарэнкаўскай цікаўнасці i насмешлівасці, ні той спачувальнасці, якую часам выказваюць старэйшыя да малодшых — не трэба, маўляў, так рана жаніцца! — ні яшчэ чаго-небудзь такога, што магло б абразіць мае пачуцці. Гэта была шчырая i немнагаслоўная размова двух мужчын, двух бацькоў, якія добра разумелі адзін аднаго. Размаўлялі напаўголаса. Калі мы з Пясоцкім зайшлі, у зямлянцы апрача камбата былі палітрук Лазебны i камандзір прыбора Віктар Вальноў. Яны стаялі каля стала над картай i горача, як два вялікія стратэгі, абмяркоўвалі становішча на франтах. Я заўсёды зайздросціў гэтаму дасціпнаму масквічу — нашаму другу Віктару, яго ўменню ў любых абставінах, з любымі людзьмі трымацца проста, незалежна — з камандзірамі, з жанчынамі, са старэйшымі i малодшымі — i хутка ўключацца ў агульную размову, заваёўваць агульную ўвагу.

Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў i разведчыкаў i праводзіць гутаркі — расказвае эпізоды з гісторыі рускай ваеннай славы, пра гераізм Чырвонай Арміі, пра становішча на франтах. Цікава расказвае. Ён амаль ніколі не маўчыць. I, нягледзячы на гэта, складаецца такое ўражанне, што Лазебны самы ціхі, маўклівы i непрыкметны чалавек на батарэі. Чаму так — не магу зразумець. Можа, таму, што ён ніколі не крычыць, не павышае голасу? Да размовы палітрука з Віктарам адразу далучыўся Сеня. Яны разбіралі Жлобінска-Рагачоўскую аперацыю; складалі планы, як будзе развівацца контрнаступление нашых войск далей.

— Вашы далека адгэтуль? — спытаў мяне Сеўчанка, прыслухоўваючыся да ix размовы.

— Не, недалёка… Хоць усё-такі… На поўдзень ад Рэчыцы. Амаль на мяжы з Украінай…

— Палескія балоты не дазволілі ім развіваць наступление ў гэтым напрамку, — сказаў Лазебны, пачуўшы мае словы.

Я радасна скалануўся. I праўда ж, там Палессе, балоты, там яны не змогуць прайсці. Як я забыўся на такую важную акалічнасць? Можа, таму i Саша піша так спакойна.

— Вось Жлобін, вось Рагачоў… Значыцца, наступленне развіваецца на Оршу. А на поўначы нашы ў раёне Полацка. А пасярод уклініліся яны, на Смаленск… Агалілі свае флангі. Вось тут ix можна i разануць! I ў мяшок! — горача выкладваў Віктар свой стратэгічны план.

— Тваё месца, Віця, у генштабе, а не на прыборы, — сказаў Сеня жартам, але з прыкметнай іроніяй — ён не любіў пустых размоў на такія тэмы.

Палітрук уздыхнуў:

— Але, на карце ўсё легка. А яны ўсю Еўропу кінулі на нас… I так нечакана…

— Учора пісьмо атрымаў,— даверліва прызнаўся я Сеўчанку. — Пісала трэцяга ліпеня — i ні слова пра тое, што ў ix там…

Ён усміхнуўся, паправіў палкай паленне ў печцы.

— Умеюць берагчы ваенную тайну i наш спакой… Мая вунь таксама піша… — Але што піша, так i не сказаў. Раптам прапанаваў мне папяросу. Я збянтэжыўся, быццам у тым, што не куру, ёсць нешта заганнае, што прыніжае маю сталасць i годнасць. Упершыню я пашкадаваў, што не куру.

Сеня пачаў курыць у першыя дні вайны — навучылі сябры ўсё пад тым жа лозунгам: «Куры, усё адно вайна».

Я павесялеў, калі ўбачыў, што палітрук таксама не курыць: за тры тыдні я нічога не ўведаў пра гэтага чалавека, хоць ён штодзень па некалькі разоў прыходзіў да гарматы.

Сеўчанка перасеў ад печкі на канапу, закінуў свае дужыя, мускулістыя рукі за галаву i сашчапіў пальцы на патыліцы.

— Давайце, браткі, хвіліну… адну хвіліну адпачнём ад вайны, — папрасіў ён «стратэгаў», якія ўсё яшчэ лазілі па карце.

У дзіўнай усмешцы скрывіліся вусны палітрука.

— Ты думаеш, Васіль Паўлавіч, гэта можна — адпачыць ад вайны?

— Паспрабуем, — незадаволена, нібы адчуваючы няёмкасць за сваё жаданне, адказаў Сеўчанка i звярнуўся да Сені: — Прачытайце, Пясоцкі, што-небудзь.

Сеня стаў пасярод зямлянкі, падумаў хвіліну i пачаў чытаць, без сарамлівасці, без позы — проста, як па кнізе, крыху нават манатонна:

По діброві вітер віе,
Гуляе по полі,
Край дороги гне тополю
До самого долу…
Я глядзеў на Сеўчанку. Ён заплюшчыў вочы, i вусны яго ледзь прыкметна варушыліся, мабыць, ён паўтараў словы ўслед за Сенем. Але калі той прачытаў аб тым, што «палюбила чернобрива козака дівчйна», а казак пайшоў на вайну i загінуў, Сеўчанка, відаць, успомніў верш, бо расплюшчыў вочы, вусны яго перасмыкнуліся, як ад болю, ён сказаў вінавата:

— Не трэба, Пясоцкі.

— А ты хацеў адпачыць ад вайны, — зноў крыва ўсміхнуўся палітрук.

Мне не спадабалася гэтая яго ўсмешка.

— Што-небудзь, не такое сумнае, — не адказваючы Лазебнаму, папрасіў камандзір.

Сеня задумаўся.

— З Шаўчэнкі? — не ведаў ён нічога вясёлага ў таго, хто быў песняром гора i смутку народнага.

Нехаця я ішоў сюды, на гэты нязвыклы збор, з хваляваннем, напружана чакаў сваёй чаргі, доўга i пакутліва думаючы, што прачытаць. Вырашыў прачытаць «Курган» Купалы; некалі ў тэхнікуме атрымаў за яго першы прыз. Але ж гэта таксама сумна. Што ж прачытаць не такое сумнае? Я ведаў многа лірычных вершаў — Труса, Уткіна, Галоднага. Але ў той час быццам скразняком выдзьмула ix з маёй галавы — ніводнага радка не мог успомніць.

— Вы ўкраінец, Пясоцкі? — спытаў Лазебны.

— Не, я жыў на Украіне. З мамай.

— Не перашкаджай яму, Мыкола, — папрасіў Сеўчанка. — Хай прыгадае.

— Давайце я вам прачытаю Блока і… Ясеніна. Хочаце? — сказаў Віктар, проста, па-свойску, быццам ён не ў афіцэрскай зямлянцы, а сярод сяброў-курсантаў, там, на вучэбнай батарэі.

Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі, паглядзеў на закапцелую бэльку.

Ён пачаў чытаць вершы, якія я чуў упершыню. Наша пакаленне, асабліва людзі тэхнікі, розныя механікі i дарожнікі, як я, грэшны, слаба ведаюць Блока, крыху больш Ясеніна, да якога, мне здаецца, мы праяўлялі не зусім здаровую цікавасць, бо ў бібліятэцы яго ўзяць было нельга. Некалі я заплаціў аднаму спекулянту амаль сваю тыднёвую стыпендыю, каб ён даў на адну толькі ноч зашмальцаваны томік Ясеніна; усю ноч, да раніцы, я ўпотай перапісваў вершы ў сшытак, парушаючы ўмову.

Віктар чытаў Блока.

Гэта нешта незвычайнае!

Я не запамінаў слоў, бо яны здаваліся незямнымі, асаблівымі, хоць, калі ўдумацца, усе — вельмі простыя рускія словы, ніводнага незразумелага. Але я тады не думаў пра гэта. Вершы зачароўвалі. Яны то ўзнімалі некуды высока ў блакіт, дзе былі цішыня i спакой, то спускалі ў сутарэнне, у холад, сціскаючы сэрца смуткам. Яны прыносілі радасць, святло i адначасова трывогу i страх. Але ніхто не пярэчыў, ніхто не прасіў прачытаць што-небудзь вясёлае.

Я не бачыў, як слухалі іншыя, я забыўся на ix. Слухаў і, «окруженный сказками пчел», быў недзе там, дзе «море клевера»… чуў голас: «Я памагала Ані ўбіраць канюшыну». Памагала i слухала казкі пчол? А мяне клікаў вецер з Поўначы… Вецер з Поўначы!

«Лениво и тяжело плывут облака…» Цяжкая дарога ў мяне. Але недзе далека чуецца песня… I, каб не гэты голас — не твой голас! — я, напэўна, не здолеў бы дайсці. А так дайду! Я прыйду да цябе, я абавязкова прыйду да цябе, Саша! Потым нешта страшнае: плача дзіця, па полі ідзе гарбаты, над яго гарбом рагоча нехта, кашлаты, крывы i рагаты. Гэта — як дзіўны сон. Незразумелае, але i ў незразумелым ёсць цудадзейная сіла i хараство.

— О Божа, як гарна! — прастагнаў нехта.

Гэта — Сеўчанка. Ён сядзеў усё ў той жа паставе, закінуўшы рукі за галаву, заплюшчыўшы вочы. Шэптам паўтараў:

И приняла, и обласкала,
И обняла,
И в вешних далях им качала
Колокола.
Гэтыя радкі мне запомніліся.

Потым Віктар чытаў Ясеніна.

I раптам Лазебны, перапыніўшы яго, пачаў чытаць Маякоўскага — «Сяргею Ясеніну». Камісар, напэўна, успомніў свой абавязак палітработніка; хацеў засцерагчы нас ад шкоднага ўплыву ясенінскага песімізму. Я разумею: нельга спяваць паніхідную па «головушке», калі ідзе такое змаганне. Але як хвалююць іншыя вершы! Нараджаюць столькі думак, успамінаў! I мар, добрых, светлых мар, ад якіх праходзіць усякі сум i хочацца жыць, вельмі хочацца жыць!

Сеўчанка глянуў на палітрука з іранічнай усмешкай. Сеня паківаў галавой, ухваляючы, — ён любіць Маякоўскага, у яго ранцы ляжаць два томікі паэта, якія мы чыталі разам, калі былі курсантамі. Потым i Сеўчанка пачаў слухаць уважліва, сур'ёзна. Палітрук чытаў, бадай што, лепш за усіх, па-мастацку, выразна i прачула — адліваў кожнае слова.

Сеўчанка сказаў радасна, са шчырым дакорам:

— Мыкола, японскі бог! Жывём у адной зямлянцы, i ты хаваў такі талент! Ай-я-яй! Як табе не сорамна, дарагі. Ай-я-яй!..

— Які талент? Глупства! — засаромеўся i пачырванеў Лазебны.

— Слухайце, хлопцы! Камісар! А чаму нам не арганізаваць сваю самадзейнасць? — нечакана прапанаваў Сеўчанка.

Я сяджу пад замшэлым каменем, ахутаны густым туманам, такім густым, што працягні руку — i не відаць пальцаў, i думаю: дзіўная рэч жыццё! I людзі дзіўныя. Учора падалі бомбы, смерць вісела, летала над галовамі. Заўтра будзе тое ж самае, кал i не горш. I ўсё ад но ў кароткую перад ышку людзі чытаюць вершы i думаюць пра самадзейнасць.

Вяртаючыся ад камбата i не дайшоўшы колькі крокаў да гарматы, я пачуў галасы. Палова разліку адпачывала ў зямлянцы, тры чалавекі, на ўсякі выпадак, павінны былі дзяжурыць, i таму не было нічога дзіўнага ў тым, што байцы размаўлялі. Але мяне спыніў абураны голас Астахава:

— Калі ты, свіння гэткая, яшчэ раз палезеш у чужы ранец, я распішу твой пашпарт так, што родная маці не пазнае.

— А што я, красці палез? — агрызнуўся Муха.

— А хто ведае! Калі палез, то мог i ўкрасці,— гарачыўся Чарняк.

— Ды ну вас! Што там красці! — хіхікнуў Муха. — Самі цікавіліся, што ён увесь час піша. Вось я i хацеў зірнуць…

— Ах ты, сукін сын! — зноў загудзеў Астахаў.— Выходзіць, мы вінаваты? Мы на словах цікавіліся, але не палезлі ў ранец…

— Ды чытаць чужыя пісьмы — гэта горш, чым красni! — горача даводзіў Чарняк.

— А гэта не пісьмы.

— Не разумею я, Муха, ці ты дурань, ці хам…

— А ён сумяшчае i тое, i тое…

— Ну, ну…

— Не «нукай», я табе не конь… Складзі ранец i пакладзі на месца, пакуль камандзір не вярнуўся. А то будзеш чырванець перад строем…

На хвіліну стала ціха. Муха, відаць, выконваў загад Астахава. Потым пачуўся яго нязлосны, бурклівы голас:

— Падхалімы вы.

— Што ты сказаў? — зашыпеў Астахаў.— Паўтары!

— Пусці,— спалохана папрасіўся Муха.

— Кал i ты не ведаеш, колькі важыць мой кавальскі кулак, то магу паказадь.

— Не чапай ты, Павел, яго — смярдзець будзе, — прымірэнча сказаў Чарняк.

Прызнацца, дагэтуль я крыху баяўся, што хто-небудзь прачытае мой дзённік. Праўда, ад гэтага засцерагалі неразборлівы почырк i беларуская мова, якую ведаў адзін Чарняк. Але засцярога гэта не такая ўжо надзейная. Цяпер я супакоіўся: на варце маёй тайны стаяць добрыя, шчырыя хлопцы. A намеснік мой — Муха — сапраўды нікчэмны чалавек. Ніякага аўтарытэту не мае. Трэба папрасіць, каб намеснікам зрабілі Астахава. Але Малашкін моцна падтрымлівае Муху. Зноў будзе крычаць, што я не ўмею выхоўваць людзей. Ды i не люблю я нагаворваць на сваіх. Няхай будзе Муха!

Нехта нячутна падышоў i горача дыхнуў мне ў вуха. Я спалохана адхіснуўся, але зірнуў i засмяяўся. Гэта — Лёша, наш батарэйны алень. Я ласкава абняў яго за шыю. Ён палізаў мае рукі, панюхаў сшытак i таксама хацеў лізнуць, пачухаў бок аб камень.

Цікавае стварэнне!

Ён прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой i, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Ішло нават своеасаблівае спаборніцтва паміж разлікамі — хто заваюе яго любоў. Мае хлопцы клянуцца, што яны трымалі першынство, што да ix у Лёшы была самая гарачая любоў, што ён нават начаваў у катлаване нашай гарматы. Гэтак жа, прыкладна, гаварылі i другія разлікі. Толькі прыборшчыкі не маглі пахваліцца — ix алень чамусьці не любіў. Але вайна ўсё змяніла. Першыя стрэлы моцна напалохалі няшчасную жывёліну: Лёша пачаў абыходзіць гарматы i пазбягаць сваіх старых сяброу.

Дзіўна ён паводзіць сябе цяпер. Цішыня — мірна пасецца дзе-небудзь за агнявой пазіцыяй, у нізінцы, паміж каменнямі; яго ўжо двойчы гараджане намерваліся ўкрасць і ён, як бы ведаючы гэта, ніколі не адыходзіць далека ад батарэі. Трывога — што ёсць сілы ляціць у цэнтр пазіцыі, да каманднага пункта, становіцца побач з камандзірам, магчыма, яму здаецца, што гэта — самае бяспечнае месца, стаіць, насцярожана ўзняўшы свае цудоўныя рогі, i дрыжыць усім целам. Сеўчанка расказваў, што ў першыя дні гэтыя дрыготкі жывёлы выводзілі яго з раўнавагі, перашкаджалі камандаваць. Але потым усе звыкліся з такімі паводзінамі Лёшы. Цяпер алень памагае разведчыкам. Калi ён падымае галаву i пачынае насцярожана прыслухоўвацца, так i ведай, што недзе далека-далека ідуць самалёты.

Разведчыкі i прыборшчыкі выкарысталі яго страх перад гарматамі i пераманілі Лёшу да сябе.

«Несумленна, — злуюць хлопцы, — Лёша ж не разумее, што ў гэтых грымотах вінаваты фашысты, а не мы, ён — што дзіця, i пераманьваць яго подла».

Мне былосмешна, калі я чуў такую крыўду, якую выказвалі зусім сур'ёзна i нават такія цвярозыя, сталыя людзі, як Астахаў i Фрыд.

Сёння алень парадаваў ix. Мабыць, супакоіўшыся за гэтыя ціхія туманныя дні, ён нясмела падышоў да нашай гарматы, стаў крокі за тры, вінавата апусціў галаву, як бы просячы прабачэння за свае паводзіны. Хлопцы аддалі яму рэшту свайго хлебнага пайка, a самі вячэралі без хлеба.

Цяпер ён падышоў да мяне. Стаіць, глядзіць, як я пішу, ківае галавой, зрэдку ўздыхае. Мне смешна ад яго ўздыхаў i наогул весела i ўтульна, цёпла побач з ім. А туман усё гусцее. Стынуць рукі.

2 жніўня

Раніцой прыйшоў да мяне Сеня з кіслым выглядам — не то засмучаны, не то нечым занепакоены. Сеў на лапу, закурыў.

— Не куры ў катлаване. Снарады. Гэта табе не дальнамер.

— Нічога тваім снарадам не зробіцца. Ix, каб хацеў, не падпаліш. — Але папяросу скамячыў, сунуў у карабок з-пад запалак.

Я працаваў. Каторы дзень, у перапынках паміж баямі, батарэя будуе новыя зямлянкі — кожны разлік каля сваёй гарматы ці прыбора, каб можна было па трывозе выбягаць за якія секунды. Пакуль дзяўблі камень, працавалі нехаця, асабліва лайдачылі Муха i Фрыд. Але калі пачалі самую зямлянку — будаваць сцены, класці падлогу, столь, усіх ахапіў будаўнічы азарт. Людзі засумавалі па працы, якая не разбурав, а стварае. Выявілася, што Габаў — цясляр, Фрыд — абіўшчык, a Астахаў наогул майстар на ўсе рукі. У нас будзе найлепшая зямлянка — самая прасторная i прыгожая. Камандзіры іншых аддзяленняў прыходзілі да нас павучыцца. Мне здалося, што Сеня прыйшоў з такой жа мэтай. Мабыць, у яго не ладзіцца з будаўніцтвам. «Інтэлігентны разлік», усе там такія, як камандзір, — прыйшлі ў армію ca школьнай парты. Трэба схадзіць памагчы ім.

— Бачыш, які палац будуем, — сказаў я, паказаўшы на зямлянку.

— А навошта? — зморшчыўся ён. — Усю вайну на адным месцы ваяваць хочаце, ці што?

— Ты чаму сёння такі?..

Ён дастаў папяросу.

— За нейкі месяц ты стаў заядлым курцом.

— Кідала прыязджае. — I Сеня зламаў папяросу.

— Сцяпан? Да нас?

— Камандзірам узвода кіравання.

— Фу, чорт! Але чаму ты спалохаўся?

— Я не спалохаўся. Але ведаеш… не люблю гэтага чалавека, i ў мяне стала неспакойна на душы. А я казаў табе… хачу, каб у душы ўсё было ясна: вораг ёсць вораг, свой — друг.

— A наліха табе дружба яго? Ты — агнявік, ён — разведчык. Няхай займаецца сваёй справай. У цябе — свой камандзір…

Гадзіны праз дзве з'явіўся Кідала. Я адразу ўбачыў яго на камандным пункце: высокі, плячысты, у новенькай гімнасцёрцы, у камандзірскай шапцы ён здаваўся генералам, асілкам побач з маленькім хударлявым Малашкіным.

Відаць, званне ім прысвоілі адначасова: Малашкін тольKi ўчора ўвечары начапіў пятліцы малодшага лейтэнанта. Мы віншавалі яго. Ён бянтэжыўся, як дзяўчына, i чамусьці злаваўся: накрычаў на Муху за брудны каўнерык, на камандзіра трэцяй гарматы — за рыззё для чысткі, якога ў нас заўсёды не хапае цяпер.

Кідала яўна любаваўся сваім новым становішчам камандзіра ўзвода, выстаўляў сябе напаказ: казыраў адменна, на ўсю батарэю стукаў абцасамі i дакладваў камбату такім грамавым голасам, што, мусіць, было чуваць у горадзе.

— Што гэта за дыякан з'явіўся? — спытаў Астахаў.

Мне зрабілася смешна — дужа трапнае вызначэнне.

— Мой зямляк. Мы разам у тэхнікуме вучыліся.

— O-o! — шматзначна працягнуў Астахаў.

Гэты каваль хітры, як чорт, ён усё разумее i бачыць наперад.

Кідала не падышоў да гарматы, i я не пайшоў да яго, каб павітацца.

Але калі батарэя абедала, дзяжурны разведчык закрычаў:

— Камандзір чацвёртага — да камандзіра ўзвода кіравання!

— Зямляк у госці кліча, — пажартаваў Муха, як заўсёды, хмурна буркнуўшы, быццам сам сабе.

Кідала быў адзін у зямлянцы камандзіраў узводаў. Яшчэ за дзвярамі я набраў поўныя грудзі паветра i, пераступіўшы парог, выпаліў без запінкі, з'ядаючы яго вачамі:

— Таварыш малодшы лейтэнант! Па вашаму загаду сяржант Шапятовіч з'явіўся.

Ён выслухаў даклад да канца, стаўшы «смірна», сур'ёзна сцяўшы вусны. Але твар… які твар у яго быў у той момант! Не, твар яго не ззяў, ён пасінеў ад натугі стрымаць усмешку задавальнення, радасці, самалюбавання. Аднак стрымацца яму было цяжка — усмешка пырснула са сцятых вуснаў i распаўзлася па ўсім шырокім здаровым твары, ажно заблішчалі адтапыраныя вушы.

— Давай без фармальнасці,— працягнуў ён руку. — Мы з табой старыя сябры. Не адзін пуд солі з'елі разам. I, бачыш, зноў нам быць разам. Лёс! Сядай.

Ён сеў, i я прымасціўся насупраць, на табурэце.

Ён уздыхнуу:

— Застаўся я, Пеця, без дамоўкі. Занялі, відаць, фашысты мае Парычы. Ніводнага пісьма не палучыў, як вайна пачалася.

У мяне балюча ёкнула сэрца. Але ні спачуваць яму, ні выказваць свой боль не мог. I толькі апусціў галаву. Мы памаўчалі. Мне стала шкада яго, i ў душы зацяплілася прыязнасць: у нас аднолькавы лес.

— Ну, як ты жывеш тут? — спытаў ён.

— Нічога. Ваюем.

— Батарэя добрая. На КП хвалілі. Як камандзір?

— Сеўчанка? Залаты чалавек.

— У цябе ўсе залатыя. Я цябе ведаю. Помніш, ты ў тэхнікуме ўсё фізіка Бруя хваліў? А яго пасадзілі… Я заступіўся за цябе на камсамольскім сходзе, а то паказалі б табе кузькіну маць. Помніш?

Ад маёй прыязнасці да яго нічога не асталося.

— Дзіўныя ў цябе пераскокі — ад камбата да Бруя.

— Якія пераскокі? — спалохаўся ён. — Што ты! Я проста ўспомніў. A Сеўчанку я сам добра ведаю, не раз сустракаліся раней…

Ён паглядзеў на мяне недаверліва. Мы зноў памаўчалі.

— А нацьдземчык наш як тут ваюе?

— Хто? — не зразумеў я.

— Дружок твой.

Адразу ўспомнілася ўся гісторыя ў першы дзень вайны. Сенеў страх перад гэтым чалавекам, які ён выказаў сёння раніцой.

Я абурана падняўся:

— Які ён табе нацдэмчык?

— Ён усё вершыкі чытае. Нямецкім цікавіцца… I ўвогуле — чыстаплюйчык.

Я адпіхнуў нагой табурэт, на якім сядзеў, i наблізіўся да Кідалы.

— Слухай, Сцяпан, ніяк не разумею — хто ты?

Ён пагрозліва варухнуўся:

— Ну, ну…

— У тэхнікуме я лічыў цябе чалавекам… Што табе трэба ад Пясоцкага?

— Нічога мне не трэба. Да слова прыйшлося.

— Май на ўвазе… Калі ты зноў будзеш чапіцца да яго… Што ён зрабіў табе? Больш ведаў мае? «Нямецкую мову вывучае… вершыкі чытае… назвы лінкораў ведае…» Сорам! Ты ж культурны чалавек. Адным словам, я не буду маўчадь, калі ты… I Сеўчанка падтрымае мяне, гэта табе не Сідарэнка, перад якім ты падхалімнічаў…

Ён стаяў ужо, афіцыйна выцягнуўшыся, з надзьмутачырвоным тварам. Я чакаў, што вось-вось закамандуе: «Смірна!», «Кругом!» — ці што-небудзь накшталт гэтага; я не здзівіўся б, каб ён гэта зрабіў. Але ён сказаў яшчэ даволі мірна:

— Камандзіраў асуджаеш? Не забывай…

— Каго я асуджаю? Цябе? Ды калі ты мяне паклікаў як друга, як земляка, то давай так i гутарыць… Шчыра… Акалі як старшы, камандзір, дык я вас слухаю, таварыш малодшы лейтэнант! — Я выцягнуўся таксама, стукнуў абцасамі.— I размова скончана!

Ён засмяяўся:

— Чаго ты кіпіш? Нічога да твайго Пясоцкага я не маю. У мяне цяпер без яго хопіць спраў… Сувязь, разведка, НП… Я жартам сказаў, а ты ўсхадзіўся, як… халодны самавар, — не надта дасціпна пажартаваў ён. — Сядай, пагутарым…

Але прыйшоў Малашкін з лагарыфмічнай лінейкай у руках, па-вучонаму ўглыблены ў нейкія падлікі. Перашкодзіў размове. I я не пашкадаваў, нават узрадаваўся. Не хочацца мне гутарыць з Кідалам па-сяброўску, хоць мы некалі два гады пражылі ў адным пакоі i сябравалі.

7 жніўня

Час ад часу я правальваюся ў чорную бездань, у якой, аднак, не сціхае кананада, але перастае існаваць навакольнае. Толькі страшнае крывавае месіва ўвесь час перад вачамі… Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца. Сёння яны пакуль што не прылятаюць, але цішыні няма — у галаве гудзе i грукоча. Пазаўчора яны таксама прыляцелі ў другой палавіне дня, учора — крыху раней.

Кажуць, пазаўчора ix было шэсцьдзесят. Не веру. Ix было сотні. Магчыма, шэсцьдзесят прыляцелі адразу. Але хто падлічыў, колькі падыходзіла потым? Пасля першага масіраванага ўдару ўсёй армады з дыму, сажы i пылу, які падняўся над горадам, яны доўга яшчэ выныралі па тры, па два, па адным, кідалі бомбы на Колу, на аэрадром, на голыя скалы.

Ствол гарматы зрабіўся чорны, i яна пад канец не страляла, а «плявалася»: снарады рваліся над нашымі галовамі, хоць трубкі ўстанаўлівалі на значныя дыстанцыі. Фашисты не атакавалі батарэі, яны проста кідалі бомбы, куды пацэляць, каб знішчыць усё жывое ў горадзе i навокал яго. Адна фугаска разарвалася каля трэцяй гарматы. У нас абвалілася зямлянка, у катлаван паляцелі пустыя скрынкі з-пад снарадаў, якія я выкідаў на бруствер. Скрынкамі збіла з ног Фрыда. Мяне аглушыла. Я не помню, ці было сумяшчэнне, ці лавіў цэль Муха, бо страціў не толькі слых, але i іншыя пачуцці. Але адно запомнілася — Астахаў. Шырока разявіўшы рот, ён нецярпліва хапаў снарады i… страляў, страляў бясконца. Твар у каваля быў страшны. Здавалася, яго немагчыма спыніць. I сапраўды, толькі тады, калі бледны Малашкін моцна штурхнуў яго ў плечы, паказваючы на ствол, дзе пухіркамі ўзнялася фарба, Астахаў знясілена апусціў рукі. Камузвода нешта закрычаў. Я паказаў на свае вушы. Ён паказаў рукой на трэцюю гармату. Я глянуў i ўбачыў, што яна перакулена набок.

— A людзі? Што з людзьмі? — Не помню, спытаў я гэта ці толькі падумаў.

Астахаў пайшоў за Малашкіным. Я механічна рушыў за імі.

Людзі, нашы сябры… трое ляжалі на вытаптанай сцежцы, там, дзе разлік звычайна строіўся па камандзе «За гармату!». Ляжалі ў рад, быццам перад гэтым пастроіліся, потым упалі на спіны, тварамі ў дымнае неба, дзе ўсё яшчэ гулі самалёты. Я пазнаў дваіх: Панкоў, Хамідаў. У трэцяга не было твару — крывавае страшнае месіва. Потым я даведауся, што гэта быў чацвёрты нумар — Лісіцын, вясёлы i наіўны хлопец, які званчэй за ўсіх смяяўся. Мне зрабілася млосна, крывавая пляма паплыла перад вачамі. Нехта клікаў мяне, нехта стагнаў — санінструктар перавязваў раненых. Я не бачыў ix. Як у тумане, вярнуўся да сваёй гарматы i сеў на зямлю. Схамянуўся толькі тады, калі нехта закрычаў: «Вады!» Каму вады? Абапёршыся на бруствер, задыхаўся Астахау, ірваў на сабе гімнасцёрку. Праўда, прыступ яго цягнууся нядоўга — нейкую хвіліну. Ён злосна адкінуў карэц з вадой, што працягнуў яму Чарняк, выпрастаўся, паправіў рэмень i пачаў па-гаспадарску выціраць затвор. Але як счарнеў, змяніўся яго твар! I вось ужо двое сутак ён маўчыць. Мы ўсе маўчым. Я чую галасы, як праз шум блізкага вадаспаду. У вушах горача, a ў вачах — быццам пяску насыпана. Заплюшчу вочы — бачу вясёлы твар Лісіцына, а потым — гэтая жудасная крывавая калатуша. Пакутліва.

Учора Сеня Пясоцкі сказаў на нарадзе камандзіраў:

— Чаму нам не далі пахаваць нашых сяброў? Куды ix павезлі? Існуе вайсковая традыцыя: падраздзяленне само хавае загінуўшых…

Сеўчанка ўзлаваўся i накрычаў на Сеню, чаго ён умешваецца куды не трэба — камандаванне ведае, што робіць…

А пасля нарады падышоў да дальнамера, сеў на бруствер, сказаў ціха, з болем:

— Пясоцкі, не развярэджвай ран у душы. Думай, што не ў аднаго цябе яны баляць. У мяне яны таксама баляць. Не чапай… Што адбылося, тое адбылося. Вайна. Раны трэба гаіць як мага хутчэй.

Сеня зразумеў яго душэўны стан i папрасіў прабачэння.

Сеўчанка махнуў рукой:

— Пры чым тут прабачэнне!

I доўга сядзеў моўчкі, углядаючыся перад сабой у прастору.

Здавалася, што пасля двухдзённай бамбардзіроўкі ў горадзе не асталося нічога жывога. Але ўначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл i дым… I вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы. На станцыі манеўруе паравоз, перацягвае вагоны. У порце паварочвае свой доўгі хобат, быццам нешта вынюхвае, пад'ёмны кран. Па заліве шныраць катэры. На вуліцах, як мурашкі, бегаюць людзі. Многа людзей. Убачыў усё гэта — i лягчэй стала на душы. Адчулася стома. Упершыню за двое сутак захацелася легчы i паспаць, каб толькі яны сёння не прыляцелі!

14 жніўня

Жанчына на батарэі!

Голас яе, пявучы, зусім не вайсковы, нейкі хатні, мірны, даляцеў, быццам з іншага свету, быццам у сне. Байцы пакінулі чысціць пушку i, як буслы, выцягнулі шыі, выглядаючы з катлавана — хто, адкуль?

— Ваенфельчар з санчасці,— растлумачыў Фрыд, які заўжды пра ўсё даведваўся першы.

— Голас прыемны, — адзначыў Астахаў.

— Вунь яна ідзе з камбатам.

— А косы, хлопцы, якія! — захапіўся Чарняк. — Глядзіце! Пілотка i косы!.. Прыгожа!

— I ў спадніцы! Не ў штанах, — заўважыў Муха.

Мне не спадабаліся такая ix цікаўнасць i рэплікі, асабліва Мухавы.

— Разгаворчыкі! Рыхтуйце снарады! I не вельмі распускайце языкі!

Хлопцы пераглянуліся здзіўлена, перасмыкнулі плячамі.

«Што мне да гэтай незнаёмай жанчыны! I ўвогуле ніводная жанчына ў свеце не можа цікавіць мяне!» Так я думаў у тую хвіліну. Але, здаецца, я хітрую сам з сабой, бо калі прызнацца шчыра, дык усё-такі дзяўчына зацікавіла мяне. Калі ўбачыў, што яна абходзіць з санінструктарам разлікі — пабылі на прыборы, на дальнамеры, — то адчуў, што чакаю яе, хвалююся, нават баюся, каб не мінула нашай гарматы. Думаў: «Што мне з таго, што яна наведаецца? Спытае пра здароўе, чаго добрага, пачне праверку на вашывасць, прычэпіцца да чаго-небудзь…» — i ўсё адно чакаў. Сачыў за ёй — куды яна пойдзе?

Здарылася так, што ад прыбора яна накіравалася да нас.

Я закамандаваў: «Загармату!»

Хлопцы выскачылі, як грэшнікі з пекла, пастроіліся, як ніколі, падцягнутыя, пукатагрудыя, з надзьмутымі ад затоеных усмешак тварамі.

— Кру-гом! Смірна! Таварыш…

Яна збянтэжылася, пачырванела, замахала рукамі:

— Не трэба! Што вы…

— Сам радавы, — пажартаваў санінструктар Алёша Спірын, якога мы перахрысцілі ў «Аспірын» i любім за грубаваты гумар i своеасаблівае лекарскае мастацтва — усіх лячыць аднымі лекамі, не зважаючы ні на якія назначэнні i ўказанні ваенурача.

— Добрай раніцы вам, — прывіталася яна зусім не па-вайсковаму.

Хлопцы не ведалі, як адказаць на такое прывітанне, i адказалі хто як мог. Я ўспомніў пра разлік, што людзі стаяць на «зважай», i, не даючы больш ніякіх каманд, бо перад гэтым мірным стварэннем знікла ўсё вайсковае, энергічна махнуў рукой: разыдзіся!

У катлаване яна ветліва запрасіла байцоў сесці. На шчоках у яе, i без таго ружовенькіх, загарэліся пятакі. Гэта зрабіла яе твар вельмі прывабным. Хоць увогуле яна не прыгажуня: востры носік, шэрыя маленькія вочкі, жывыя, як у звярка, ненатуральна белыя, як пятроўскі парык, валасы, заплеценыя ў дзве кароткія касы. Але чырвань на шчоках, бянтэжлівасць, сарамлівая ўсмешка — колькі ў гэтым жаночага!

З наіўнай, амаль дзіцячай цікаўнасцю яна агледзела нашу «гаспадарку», але ні пра што не спытала, што датычылася гарматы. Спытала пра здароўе — якія скаргі? Габаў сказаў, што ў яго баляць зубы. Сапраўды, у яго балелі зубы. Муха сказаў, што ў яго баліць жывот. Ніколі раней ён на свой жывот не скардзіўся, a даволі часта прасіўся збегаць на кухню, каб «перайграць» — выпрасіць у кухара дадаткова кацялок супу ці порцыю смажанага марскога акуня, якім нас кормяць штодзённа.

Мне зрабілася сорамна перад дзяўчынай, такой няўмелай i далікатнай, за Мухаву хлусню. Я бліснуў на яго вачамі, але той i брывом не павёў.

— Хлусіць, сукін сын, — прашаптаў я Спірыну.

— Няхай. Каму не хочацца, каб жаночая рука памацала твой жывоцік, — адказаў Аспірын такім шэптам, што пачулі ўсе, i ваенфельчар таксама, бо на шчоках яе зноў загарэліся пятакі.

Я адвярнуўся, каб не бачыць, як Муха раздзяваецца i як яна будзе мацаць яго худы жывот.

— Брудная бялізна, санінструктар, — заўважыла яна.

Мне i за бялізну стала сорамна, быццам я вінаваты ў тым, што яе не часта мяняюць.

— Многа копаці, таварыш ваенфельчар, — адказаў Аспірын.

«Якой копаці? Вось д'ябал, ён здзекуецца з не нявопытнасці!» — узлаваўся я на санінструктара.

— Пакажы сваю ножку, — сказаў ён мне.

Дзён колькі назад у часе бою я абдзёр аб снарадную скрынку нагу. Ранка, на якую спачатку не звярнуў увагі, забрудзілася, пачала гнаіцца. Нага бал ела. Але скардзіцца на такі боль гэтаму незвычайнаму лекару ў мяне не было ніякага намеру, я нават не падумаў пра гэта. Пачаў аднеквацца.

— Не, пакажыце, — нечакана настойліва патрэбавала яна.

Я сеў на лапу, зняў бот. Ваенфельчар стала перада мной каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Асцярожна пачала націскаць пальцам на калена. У яе была прыгожая рука, маленькая, пухлая, з ямачкамі над костачкамі пальцаў. Мне нясцерпна захацелася пагладзіць гэтую руку. Я не стрымаўся i асцярожна дакрануўся да яе.

— Баліць? — спытала дзяўчына.

— Не, — адказаў я i нечакана для сябе даверліва паведаміў: — У мяне жонка фельчар.

— Вы жанаты? — здзіўлена глянула яна на мяне. — Такі малады?

— I дачку маю, — адказаў я з гонарам.

Але гэта не зрабіла на яе большага ўражання, чым тое, што я жанаты. Яна сказала з тонкай іроніяй — дзяўчаты часта так гавораць:

— Шчасліўчык, — i пачала корпацца ў сваёй новенькай сумцы з чырвоным крыжам. — Трэба будзе яму кампрэс спіртавы на ноч пакласці. Чуеце, Спірын?

— Кароткія ночы, таварыш ваенфельчар, — зноў-такі здзекліва хмыкнуў той.

Чарняк, які стаяў побач i не зводзіў вачэй з дзяўчыны, бліснуў сваімі негрыцянскімі зубамі.

Шчокі ў яе зноў загарэліся. Як бы адчуваючы маю прыязнасць i падтрымку, яна даверліва ўзняла вочы.

— I дзе яна… ваша сям'я?

— Там… Відаць, ужо там… Пісьмы больш не прыходзяць…

— Там? — Вочы яе спалохана расшырыліся, з жалем і здзіўленнем глядзела яна на мяне. Упершыню ўбачыла чалавека, у якога родныя, блізкія асталіся там, за лініяй фронту, у фашысцкай няволі. I я зноў адчуў усю глыбіню сваёй трагедыі. Каб яна пачала спачуваць, я, мабыць, расплакаўся б, бо слёзы былі блізка, комам стаялі ў горле, горкія, салёныя. Але яна моўчкі пачала бінтаваць нагу.

Аб'явілі трывогу. Ішоў разведчык. Бусоль i дальнамер давалі каардынаты. Паўз гармату, пачуўшы звон гільзы, прамчаўся наўскач Лёша.

— Глядзіце, алень! — па-дзіцячы закрычала ваенфельчар.

— Наш алень, — раўніва адказаў Габаў.

Другі Лёша — санінструктар — непрыкметна знік, забыўшыся на сваё начальства. Гэты мядзведзь баяўся гарматных стрэлаў, у яго «баліць ад ix галоўка».

— Будзеце страляць? — спытала. — Можна мне пабыць з вамі?

Больш не было ваенфельчара, асталася дзяўчына, якой хацелася пабыць у самым небяспечным месцы, дзе сапраўдная вайна, i якой, аднак, не ўдавалася перамагчы свой страх: абяскровіліся вусны i шчокі, нервова таргануліся вейкі.

Усе мы зведалі гэты страх. I ўжо некаторыя забыліся на яго. Муха, баязлівец Муха, якога я некалі шыбануў з сядзення, глядзеў цяпер на дзяўчыну з насмешкай. Мне хацелася даць яму па мордзе.

Весці агонь па разведчыку для нас цяпер — што «семкі лускаць», як сказаў Чарняк. Хлопцы выконвалі свае абавязкі спакойна, нават весела.

Але дзяўчыну першы стрэл аглушыў. Паветраная хваля сарвала пілотку, ускудлаціла белыя валасы. Яна выпусціла сумку, заціснула рукамі вушы, твар скрывіўся ад жаху i зрабіўся непрыгожы, як у старой бабулі. Я ўзяў яе за руку i адвёў да Астахава, дзе хваля ад стрэлу не так біла. Але там яе спалохала гільза, якая вылецела пад ногі i дымілася.

— Ой! — ускрыкнула яна.

Я мацней сціснуў яе маленькую руку, адпіхнуў гільзу нагой. На яе шчасце, зрабілі ўсяго пяць залпаў. Разведчык развярнуўся i пайшоў назад, набіраючы вышыню.

Ваенфельчар глядзела на нас, як на герояў.

Забыўшыся на субардынацыю, я ціха спытаў:

— Як ваша імя?

— Антаніна Васільеўна… Тоня… Тоня!

Потым схамянулася — успомніла сваё становішча, свой страх, на які яна не мела права па статуту, і, невядома за што падзякаваўшы, хуценька пайшла.

Муха чамусьці хіхікнуў.

Чарняк сказаў:

— Прыгожая.

Астахаў, збіраючы гільзы, уздыхнуў i… нечакана прачытаў вядомы радок з Някрасава:

— Доля ты, русская долюшка женская!

22 жніўня

Боль. Боль у сэрцы. Я думаў, што людзі гавораць так, каб вобразна перадаць пачуццё гора, смутку… Баліць сэрца? Не, яно не баліць. Яно проста сціскаецца i робіцца ў два-тры, можа, у пяць разоў меншае, i яму цяжка — яно не прыносіць бадзёрасці, упэўненасці, радасці. Яно сціскаецца — i ў чалавеку ўсё замірае, насцярожваецца. Гэта страшней за любы фізічны боль…

Раніцой, як заўсёды, першы абышоў разлікі камісар.

— Якія навіны, таварыш палітрук?

Мы прывыклі да благіх навін i ўжо не баімся ix: верым, што будзе пералом. Я спытаў бадзёра, бо ноч была ціхая i доўгая. А што трэба, як жартуюць хлопцы, салдату: добры харч ды доўгі сон!

Лазебны неяк асабліва паглядзеў на мяне i адказаў не адразу:

— Пасля жорсткіх баёў нашы войскі пакінулі Гомель. — Ён сказаў так, быццам i для яго гэта быў самы дарагі горад.

Чаму яно сціснулася, дурное сэрца? Хіба я не чакаў гэтага? Не, гэтага нельга чакаць, як нельга чакаць смерці i ДУ* маць пра яе, бо тады не было б як жыць. Увесь час жыла надзея: а можа, пералом наступіць да таго, як гэта здарыцца? Можа, ix затрымаюць там, на Дняпры? Нават калі некалькі дзён назад паведамілі аб здачы Смаленска — дзе Смаленск! — яна ўсё яшчэ цяплілася, мая надзея. А цяпер?

Камісар гаварыў нешта пра стратэгію, пра неабходнасць выраўніваць лінію фронту — я не чуў. Я слухаў уласнае сэрца — як яно сціскалася.

Пайшоў да Сені. Ён сядзеў на скрынках з-пад дальнамера i курыў. Па выразу твару, па смутку ў вачах я ўбачыў, што ён ведае, таму я нічога не сказаў. Доўга сядзелі моўчкі. Hiкол! мы так падоўгу не маўчалі, гэта не ўласціва нам. Ад маўчання зрабілася яшчэ цяжэй, i я паспрабаваў суцешыць яго i сябе:

— Будзем спадзявацца, што яны эвакуіраваліся.

— Будзем спадзявацца, — коратка адказаў ён i запаліў другую папяросу.

26 жніўня

Два «Месершміты-110» доўга лазілі паміж навакольных сопак. Мы спрабавалі абстраляць, але яны хадзілі так нізка, што снарад пацэліў у вяршыню гары. А там маглі быць людзі. Невядома была мэта гэтых шакалаў. Што яны вынюхваюць?

— Яны дачакаюцца, пакуль падымецца Сафонаў,— гаварылі байцы. — Ён пакажа ім, чым пахнуць сопкі.

Кумір наш — Сафонаў — лётаў цяпер на новенькім вастраносым «мігу» і, хоць мы яго ні разу не бачылі, не забываў пра нас: час ад часу пралятаў над батарэяй, прывітальна махаў крыламі. Але цяпер знішчальнікі не падымаліся, i «месеры» паводзілі сябе ўсё больш нахабна.

Батарэя напружана сачыла за кожным ix манеўрам. На КП сабраліся ўсе афіцэры. Там жа стаяла i Рамашова, ваенфельчар. Яна трэці раз ужо на батарэі i ніколі не прамінае маёй гарматы. Сустракаемся мы цяпер, як добрыя знаёмыя, i гутарым проста, па-сяброўску. Адзін раз нават, «памыліўшыся», я назваў яе Тоняй. Яна зрабіла выгляд, што не заўважыла. Цяпер асмялела i ўвесь час пра нешта пыталася — чуўся яе пявучы галасок. Ёй адказваў Сцяпан Кідала, яго ёмкі бас гудзеў у цішыні, як звон, хоць гаварыў ён напаўголаса.

Побач з Сеўчанкам, які не спускаў вачэй з ворага, насцярожана стрыг вушамі Лёша, высока ўзняўшы свае маладыя прыгожыя рогі.

Гарматы ўвесь час паварочваліся па азімуту — наводчыкі не выпускалі цэляў. I вось самалёты, як акулы, разышліся, сышліся, слізганулі ўніз, бліснуўшы крыламі, развярнуліся…

— Па самалёту!..

Mir, адзін усяго стрэл, «месеры» са звонам i свістам, так нізка, што тузанулася паветра, пранесліся над батарэяй. Муха што ёсць сілы пачаў круціць паваротны механізм, каб развярнуць гармату.

I раптам:

— Лажы-ся-а! — нязвыклая, незразумелая каманда, якой мы ніколі не чулі.

— Лажыся-а! — другі раз Сеўчанка закрычаў аднекуль з глыбіні, быццам з-пад зямлі.

Я высунуўся з катлавана. На КП, на прыборы, дальнамеры нікога не было відаць — усе ляжалі. Адзін Лёша стаяў па-ранейшаму i спалохана нюхаў паветра. Што здарылася? Чаму ўсе ляжаць? Ах! Я паваліўся ніц як падкошаны i таксама закрычаў дзікім гол асам:

— Лажыся!

Паміж гарматай i КП, бліжэй да прыбора, ляжала бомба. Мне здалося, што яна варушыцца, сунецца.

Секунда… другая… Ціха.

— Што такое, камандзір? — спытаў Астахаў.

— За нашым брустверам — бомба.

— Бомба? — Фрыд падхапіўся, відаць, хацеў бегчы, уцякаць.

Астахаў стукнуў яго кулаком па шыі i прыціснуў да зямлі.

— Куды, вар'ят? Жыць абрыдла?

Праходзіць хвіліна. Калі ж яна, падла, узарвецца? Агіднае адчуванне.

Чарняк не вытрымаў (ён ляжаў з другога боку гарматы), выглянуў i паведаміў:

— Ляжыць.

Я вылаяўся:

— Я табе павыглядваю, цыганская твая душа!

I раптам — блізкі звонкі голас:

— Ды дапамажыце ж хто-небудзь, ліха на вас!

Я падхапіўся i пахаладзеў: каля бомбы, падняўшы яе на «папа», стаяў Сеня Пясоцкі. Ён думаў, што гэта «пяцідзесятка», i хацеў, відаць, узваліць яе на плечы. Але чурка аказалася стокілаграмовай, такі цяжар яму быў не па сіле, i ён клікаў на дапамогу.

Пайсці? Страшэнна брыдкі холад кальнуў у пяты i аддаўся ў мозгу. Уявілася: цела, мае цела, жывое, маладое, разлятаецца крывавымі шматкамі. Брр… Ляснулі зубы.

«Баязлівец! — вылаяў я сябе. — Ідзі!»

Пакуль я гэтак змагаўся сам з сабою, побач з Сенем апынуўся… Кідала. Яны скрыжавалі рукі, паднялі смертаносны груз i панеслі за пазіцыю.

Уся батарэя адразу ўзнялася на ногі. Забыўшыся на небяспеку, байцы вылезлі на брустверы i не зводзілі заварожаных позіркаў з двух смельчакоў. Але ніхто — ні гуку. Людзі нясуць смерць, ідуць, быццам па танюсенькай вяровачцы над безданню. Hi словам, ні ўздыхам, ні кашлем нельга перашкодзіць ім у такі момант!

Яны занеслі бомбу ў балоцістую нізіну, асцярожна паклалі на пажоўклы мох i гэтак жа павольна, не спяшаючыся, рушылі назад. Ішлі ў нагу, плячо ў плячо; адзін высокі, дзябёлы, другі — Сеня — на галаву ніжэйшы, можа, таму ён больш энергічна махаў рукамі.

Першы не вытрымаў Сеўчанка — закрычаў дзіўным голасам, хрыпла, зрываючыся:

— Бя-гом! Бісавы дзіты!

Пясоцкі i Кідала адскочылі адзін ад аднаго i, нахіліўшыся, пабеглі.

— Бягом! Японскі бог! Ходзіце, як па бульвары. Я вас навучу бегаць! — грымеў камбат, хоць, безумоўна, яму хацелася абняць i пацалаваць гэтых «бісавых дзітэй».

Бомба не ўзарвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада.

Калі агульная ўзрушанасць i захапленне нарэшце ўтаймаваліся, я пайшоў да Сені i сказаў, што таксама хачу паціснуць яму руку.

— Без лішніх слоў. Як друг…

Ён схаваў свае рукі за спіну i злосна адказаў:

— Пайшоў ты!.. Абрыдла мне. — Але ўбачыў, што ашаламіў мяне, загаварыў больш лагодна: — Навошта з мяне рабіць героя? Гераізм — гэта свядомае i разумнае. А я не свядома, ды i не вельмі разумна… Ты думает, я смелы такі? Глупства! Я баюся смерці, як ты, як усе. У мяне i цяпер дрыжаць калені. Чаму я падхапіўся? Проста парыў… Стала непрыемна, крыўдна, абразліва, што мы нюхаем зямлю з-за нейкай адной паршывай бомбы… Я глянуў — ляжыць, маленькая такая… Не помню… Можа, захацелася паказаць сябе, вось які я, палюбуйцеся! — Ён крыва ўсміхнуўся. — Дзяўчына побач стаяла… Які ж тут гераізм?..

— Дарэмна ты, — запярэчыў я. — Гэта ўсё твой самааналіз… Ты абавязкова хочаш усё ўсвядоміць, знайсці вытокі i прычыны — чаму, навошта?.. Добра, гэта парыў. Але высакародны парыў. I я здымаю шапку… «Безумству храбрых поем мы славу! Безумство храбрых — вот мудрость жизни!» Так, здаецца, сказаў чалавек, якога мы з табой аднолькава любім?

— Так-то так, але ўсё адно на душы пагана чамусьці.

— Пагана! Вось у мяне сапраўды пагана, — прызнаўся я, адказваючы на шчырасць шчырасцю. — Я падхапіўся, калі ты клікаў на дапамогу. Я прымушаў сябе пайсці… I не здолеў — збаяўся… Дык ведай, што лепш адчуваць сябе героем, чым баязліўцам…

Ён паглядзеў на мяне крыху здзіўлена, задумаўся:

— Я не адчуваю сябе героем. I ты не лічы сябе баязліўцам. Смешна, каб усе кінуліся да гэтай праклятай бомбы.

— Але Сцяпан малайчына!

— Так, калі хочаш ведаць, дык у яго гэта бадай што гераізм, ён пайшоў свядома. А я, дурань, нават не падумаў, што не здолею падняць яе…

Мы доўга гутарылі на гэтую тэму, спрачаліся. Мае развярэджанае сумленне ён, здаецца, супакоіў.

Заўтра нас павінны прымаць кандыдатамі ў члены партыі. Я сказаў, што вось ён напярэдадні гэтай падзеі даказаў сваё права быць у радах партыі, а я, наадварот, пераканаўся, што не здольны на самаахвярны подзвіг, што я па сутнасці яшчэ баязлівец. Дык, можа, каб быць шчырым, варта сказаць пра свае сумненні таварышам? Сеня сказаў, што я дурань, што гэта мая выдумка, якая выходзіць з таго ж корпання ў душы, у якім я абвінаваціў яго, што мяне могуць нават узняць на смех. Падумаўшы, я згадзіўся з ім i крыху супакоіўся. Але я яго не разумею, магчыма, упершыню не магу зразумець: чаму ён як бы незадаволены сваім учынкам? Я, безумоўна, ганарыўся б, каб аднёс з пазіцыі бомбу, i адчуваў бы сябе героем…

6 верасня

Нас перакінулі на той бок заліва, на заходні. Шкада было абжытых зямлянак, у якія нашы знаходлівыя сувязісты нават правялі з горада электрычнасць. Утульна нам жылося, цёпла. Муха бурчаў: якая розніца, дзе будзе стаяць батарэя, з якога боку страляць. З ім моўчкі згаджаліся. Але калі адразу ж пасля таго, як занял i баявы парадак, Сеўчанка пачаў трэніроўку — у гэты раз не па самалёту, а па… танках i пяхоце, змоўк нават Муха, i ўсе непазнавальна змяніліся: зрабіліся маўклівыя, засяроджаныя, пільныя.

У мінулую ноч, ясную, марозную (так, ужо мароз!), мы бачылі з нашай высокай сопкі далёкія зарніцы на паўночным захадзе. Гэта фронт. Дзе ён? Ніхто нічога пэўнага не кажа, ні камісар, ні камандзір. Па вузкай камяністай дарозе, што пятляе сярод сопак, сёння ішла пяхота. З цяжкімі ранцамі за плячамі, з вінтоўкамі. Яны глядзелі на батарэю i крычалі нешта насмешлівае, магчыма, абразлівае. Хлопцы балюча ўспрымаюць гэта. Лаюцца. Не на тых, безумоўна, што пайшлі туды, дзе бліскаюць зарніцы i адкуль многія з ix не вернуцца. Лаюцца наогул — у бога, у Гітлера. Цяжкімі ламамі мы трэці дзень дзяўбём скалу, граніт, капаем катлаваны i зямлянкі. На руках крывавыя мазалі. Кароткі адпачынак — трэніроўка па наземных цэлях. Батарэя трымае пад прыцэлам лагчыну, па якой адыходзіць удаль дарога. Пяхота можа абысці па лясістых сопках, але танкі могуць рухацца толькі па гэтай дарозе, іншых шляхоў тут няма. Няўжо яны прарвуцца i сюды? Тады мы павінны будзем стаяць насмерць. Кожны дзень, кожную гадзіну i хвіліну я рыхтую сябе да гэтага — памерці, але не збаяцца, не адступіць. Пры сваім росце я дрэнна зараджаю, калі нізкі вугал узвышэння — не дастаю. Упарта трэніруюся. Вучу ініпыя нумары. Многае будзе залежаць ад трапнай наводкі i тэмпу агню. Я прапанаваў, каб прыборшчыкі таксама вучыліся наводзіць i страляць.

Страху няма. Таго страху, які быў у пачатку вайны. Але адчуваецца нейкі як бы цяжкі смутак расставання з нечым дарагім.

Сёння пайшоў снег. I ўсё навокал пакрылася ўрачыстай, некранута сарамлівай беллю. Усё, акрамя заліва, які стаў яшчэ чарнейшы, ажно блішчыць, як дзёгаць. Не люблю глядзець на гэтую чарнату. Дыхае магілай. Няўжо зіма? У пачатку верасня? Не было ж восені, не паспелі нават брусніцы, якіх тут, на сонцы, хоць граблямі зграбай. Чырвоназялёныя ягады засыпае снег. Ад гэтага таксама робіцца сумна. I думаецца, у нас, дома, яшчэ, па сутнасці, лета; восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз i асін. Дома! Што робіцца сёння там, дзе наша дамоўка?

11 верасня

Сёння Сеўчанка i камісар раптам вырашылі арганізаваць канцэрт батарэйнай самадзейнасці, які мы рыхтавалі. Гэта было неспадзявана i незразумела. Людзі смяртэльна змораны: тыдзень дзяўблі скалу, будавалі зямлянкі, трэніраваліся, вялі баі, бо налёты ў апошнія дні даволі частыя.

Муха бурчаў:

— Паспаць далі б, а не песнямі частаваць… Галоднаму не да песень.

У глыбіні душы нават я падтрымліваў яго, хоць канцэрт мяне цікавіў — у ім удзельнічала Тоня Рамашова. Можа, камбат знарок выбраў такі выпадак, каб упрыгожыць канцэрт адзінай жанчынай. Яна прыехала раніцой паклапаціцца аб нашым здароўі. Пасля налёту не прыйшоў катэр, i яна вымушана была астацца начаваць.

Было даволі холадна, хоць апошнія дні пацяплела i снег растаў. Байцы збіраліся марудна, незадаволеныя; Сеўчанка мусіў выклікаць усіх па камандзе: «Батарэя, строіцца!»

Размясціліся ў цэнтры пазіцыі. «Акцёры» выступалі з узвышэння, на якім звычайна стаяў i сачыў за небам разведчык. Рана змерклася, бо пад вечар з мора прыплылі цяжкія хмары, надвор'е тут мяняецца ўвосень кожную гадзіну. Было дазволена курыць, i слухачы, якія сядзелі паўкругам хто на чым, большасць — на пустых снарадных скрынках, курылі, i успышкі цыгарак асвятлялі ix твары.

Першых выканаўцаў сустрэлі стрымана. Я цешыў сябе думкай, што здзіўлю батарэйцаў «Песняй аб Сокале» i — асабліва — «Дарогамі Смаленшчыны»; верш гэты моцна крануў мяне, я запомніў яго, прачытаўшы два-тры разы, i схаваў у ранец адзіны экзэмпляр газеты, каб ніхто больш не чытаў да майго выступлення.

«Песні…» вяла папляскалі, i зноў пры зямлі, пад нахіленымі постацямі, успыхнулі запалкі.

— Мне прыкурыць, Сухараў!

— Муха, не тушы!

— Дакурыць, Павел!..

Адна за адной загараліся цыгаркі. Я стаяў i ў думках лаяў сваіх сяброў, якіх дагэтуль любіў: чэрствыя людзі! Ім бы толькі курыць ды мацюкацца, ніякага адчування прыгожага. Паважалі б хоць Горкага!

«Дарогі…» чытаў, i самому хацелася плакаць, голас дрыжаў, перарываўся. «Дарогам… не апладзіравалі зусім, толькі чамусьці згаслі цыгаркі i зрабілася ціха-ціха. Ці не ляцяць самалёты? Не, Лёша фыркнуў у цемры бестурботна, спакойна, a ў яго самы тонкі слых, ён чуе шум матораў першы.

Я сеў за «сцэнай», на зямлянцы разведчыкаў, i, ашаломлены няўдачай, пакрыўджаны i ўсхваляваны, задумаўся i не вельмі слухаў іншых. I раптам выбух апладысментаў. Каму? Завошта? Віктар Вальноў спяваў пад акампанемент гітары.

Яму крычалі:

— Біс!

— Паўтарыць!

— Давай яшчэ!

Мне зрабілася сорамна: няшчасны эгаіст, я не чуў нават, што спяваў сябра, а сам патрабую нейкай асаблівай увагі i прызнання!

Ён паўтарыў «Воротился ночью мельник».

«Хітры масквіч ведае, чым можна зацікавіць людзей у такі момант — жартам, гумарам. Смутку, цяжкага роздуму хапае i так», — падумаў я. I зноў памыліўся.

Выйшлі Сеня Пясоцкі i сувязіст Лабада. Заспявалі:

Ой, там, за лісом, за дубиною,
Сидів голубко з голубиною…
Голуба забілі, а галубку завезлі за Дунай, у палон. Сыплюць ёй пшанічку, прапануюць любога з дваццаці галубоў, але ніхто ёй не любы, бо няма такога, як яе быў мілы. Гэта пра нашых каханак, жонак, што засталіся там, у фашысцкім палоне. Пра Сашу. Я адчуваў слёзы на вачах, слухаючы песню.

Заапладзіравалі не адразу, быццам чакалі працягу — што ж далей? А потым пляскалі доўга, дружна, горача, без крыкаў, без просьбы паўтарыць, але з удзячнасцю, якая адчувалася ў саміх воплесках.

Узрушаны, я зноў апынуўся там, у родным краі, i зноў не слухаў нашых выканаўцаў. Вярнула мяне назад, на батарэю, у фантастычны паўкруг агеньчыкаў, Антаніна. Яна заспявала песню, якую кожны з нас тысячу разоў чуў i спяваў сам:

Дан приказ: ему на запад…

Нічога асаблівага не было ў яе спеве — танклявы, слабы, «бясколерны», як сказаў адзін музыка, голас. Але батарэя раўла ад захаплення. Біс крычалі так гучна, што чуваць, напэўна, было далека. Бо раптам, бліснуўшы ў хмарах, на нас, як шабля, упаў прамень пражэктара. Дзіўна выглядала ўся гэтая карціна — слухачы i спявачка — у белым, яркім святле. Асабліва спявачка. Я апынуўся ў цені, па-за праменем, i лепш, чым іншыя, бачыў яе — у ботах, кароткім шынялі, без шапкі, шапку яна трымала ў руцэ… Дзівосныя былі яе валасы: ненатуральна белыя ўдзень, яны ў святле пражэктара сталі блакітныя i, здавалася, ззялі.

Свяціў ваенны карабель. Свяціў доўга — секунд сорак, відаць, i там пражэктарысты любаваліся ёй. I ўвесь тэты час не сціхалі апладысменты. Яна бянтэжылася, жмурылася, закрывала твар рукой, хацела збегчы з пляцоўкі, але камісар утрымаў яе за руку.

Калі пражэктар згас, яна спявала валагодскія прыпеўкі.

Колькі гарачых размоў было пасля канцэрта! Хлопцы мае ап'янелі: забыліся на стомленасць, вочы блішчалі, гаварылі голасна, перапынялі адзін аднаго, смяяліся.

— Адна жанчына, a колькі шуму! — сказаў Астахаў з усмешкай дарослага, які апынуўся сярод дзяцей, i пажартаваў: — Недарма Сталін гаворыць: жанчына — вялікая сіла.

— О жанчыны! — як бы ў роспачы прастагнаў Фрыд. У добрым настроі ён заўсёды крыху тэатральны.

— У мяне, хлопцы, пяць сясцёр, а я адзін, — раптам паведаміў Муха, пра гэта ён раней маўчаў. У любы іншы час Чарняк, востры на слова, не прамінуў бы, каб не пакпіць з Мухі, якога недалюбліваў. Але тут папаўся сам: раптам, без дай прычыны, прызнаўся:

— Скончыцца вайна, вярнуся дадому — адразу ж ажанюся.

З яго пасмяяліся.

Я маўчаў.

Байцы радаваліся, а мне рабілася чамусьці сумна.

Астахаў сказаў:

— Чаму, камандзір, нахмурыўся? Калі i ў такія хвіліны хмурыцца, цяжка будзе ваяваць…

Ужо многія гавораць так: замест жыць — ваяваць. Быццам нам наканавана ваяваць усё жыццё.

Вячэралі з большым, чым звычайна, апетытам, хоць меню тое ж — аўсяная каша i салёная траска, якая страшэнна абрыдла. А пасля вячэры ў зямлянку нечакана зайшла яна, ваенфельчар. Хто з хлопцаў прылёг — адразу ўсхапіліся; спім мы, не раздзеючыся, i нават разувацца мае права толькі палавіна разліку.

Яна крыху збянтэжылася i як бы пачала апраўдвацца:

— Ішла з кухні, вырашыла паглядзець, як у вас тут, на новым месцы. — Агледзелася навакол. — Што ж, прасторна, чыста. Можна жыць…

Фрыд прыбавіў агню ў «маланцы», зробленай са снарада МЗА[3].

Астахаў ветліва запрасіў, падставіўшы табурэцік, які сам змайстраваў:

— Сядайце, таварыш ваенфельчар!

Яна села i спытала, як спадабаўся канцэрт.

— О, о! Цуд!

— Вы нам падаравалі столькі прыемных хвілін… — надзіва красамоўна пачаў хваліць яе Муха — гэткі галантны кавалер.

— А вам, Шапятовіч, не спадабалася? — звярнулася яна да мяне.

— Мне? Я сам удзельнічаў у канцэрце i, як няўдалы акцёр, цяпер перажываю…

— Што вы, камандзір! Вы добра чыталі! — пачалі суцяшаць мяне хлопцы.

Яна засмяялася i раптам прапанавала:

— Давайце разам праспяваем што-небудзь. Я люблю спяваць.

Заспявалі «Там, вдали за рекой». Але большасці з нас, як кажуць, «мядзведзь наступіў на вуха». Выходзіла не надта складна, хоць словы ўсе ведалі. Я прапанаваў паклікаць Сеню Пясоцкага i Віктара Вальнова з гітарай. Яны прыйшлі, i ўсё пайшло на лад. Што-што, а весялосць гэтыя хлопцы ўмеюць арганізаваць. Сабралася дружная кампанія добрых сяброў, звязаных цяпер нечым большым, чым звычайная дружба, вясёлая дзяўчына прынесла з сабой тое, чаго не хапала нам многія месяцы, — паэзію ў спевах, высакародства ў жартах. Мы спявалі ўсе разам i па чарзе, хто што ўмеў. Разам — рускія песні; я, Сеня i Чарняк — беларускія, Фрыд праспяваў яўрэйскую — у яго тонкі слых i добры голас. Віктар зноў чытаў Ясеніна. Антаніне спадабалася; яна прызналася, што раней не любіла вершаў.

У зямлянцы зрабілася душна. Мы адчынілі дзверы.

I раптам у праёме ix, унізе, куды падала святло, з'явіліся наглянцаваныя хромавыя боты. Злосны бас з вышыні кінуў словы-загад:

— Што тут за вечарынка? Дэмаскіравалі ўсю пазіцыю! Спаць! Сяржант Шапятовіч!

— Слухаюся, таварыш малодшы лейтэнант!

Гэта Сцяпан Кідала, дзяжурны камандзір. Ён знік, не заглянуўшы, не паказаўшы твару.

Груба абарвалі нашу весялосць. Мне зрабілася да слёз крыўдна. Ды i ўсім іншым было няёмка перад дзяўчынай. Усе маўчалі.

Яна сказала, апранаючы шынель:

— Жыццё ваеннае…

Я ўзяў ліхтарык для начной устаноўкі трубак i выишау, каб правесці яе да камандзірскай зямлянкі, дзе камісар уступіў ёй свой ложак.

Чорная зямля, чорнае неба, ыіводнай прасветліны. Толькі на тым баку заліва, у порце, гойдаецца маленькі агеньчык, магчыма, нехта гэтак жа, як мы, асвятляе сцежку. Аклікаюць адзін за адным вартавыя: «Хто ідзе?», хоць пасля першага нашага адказу ўсе чулі, хто ідзе.

— Не люблю я гэтага чалавека, — сказала Антаніна, калі Сеня i Віктар развіталіся каля сваёй зямлянкі.

Я зразумеў — каго. Не адказаў. Спаткнуўшыся аб камень, яна ўзяла мяне за рукаў.

— Ён мне любоўнае пісьмо напісаў.

— Кідала? — здзівіўся я, i мне стала надзвычай весела,

хацелася зарагатаць.

— О, каб вы ведалі, колькі мне пішуць пісем! Усе маладыя камандзіры прызнаюцца ў каханні.

Весялосць мая адразу знікла. Я адчуў, як адразу сцьмеў, стаў зямным, нецікавым яе незвычайны вобраз, створаны маёй фантазіяй. З'явілася такое адчуванне, што як бы падманулі мяне ў нечым, злосна пажартавалі з маёй даверлівасці i юнацкай узнёсласці.

«А ты i рада гэтаму, дурная авечка? Табе хочацца, каб усе прызнаваліся табе ў каханні. Ну i вешайся на шыі сваім камандзірам!»

Мне не хацелася, каб яна расказвала пра гэта далей, адкрывала свае сардэчныя тайны. Навошта мне слухаць ix?

Спыніліся каля камандзірскай зямлянкі.

На паўночным захадзе палыхнула далёкая зарніца.

Антаніна неяк баязліва прытулілася да майго пляча.

— Страляюць? Страшна.

— Страшна, што страляюць за дзесяткі кіламетраў? — з іроніяй спытаў я.

— Я не за сябе баюся. За вас.

— За мяне?

— За цябе… I за ўсіх… Калі яны прарвуцца, вам не будзе куды адступаць. Заліў не пераплывеш.

Да гэтага мы был i гатовы, не адзін раз гутарылі паміж сабой. Іншае паласнула мяне па сэрцы, балюча i адначасова прыемна, — гэтае яе першае «ты», «за цябе», якое яна сказала шчыра, як мог бы сказаць блізкі чалавек, добры друг. Заўсёды робіцца цяплей на душы, калі ведаеш, што нехта побач трывожыцца за цябе. Гэта зноў зблізіла нас. Я дараваў ёй пісьмы. «Хіба яна вінавата, што пішуць! Яна адна, прыгожая… Ды ўрэшце, што мне да яе асабістых сардэчных спраў?»

Каб больш нішто не парушала таго пачуцця, што было адноўлена, набыло ранейшую раўнавагу, я паспяшаўся развітацца. Моцна паціснуў яе маленькую гарачую руку.

— Добрай ночы вам, Антаніна Васільеўна.

— Добрай ночы… Пятро…

У цэнтры пазіцыі мяне спыніў Кідала — кінуў у твар святло ліхтарчыка.

— Выключы батарэйку! Разрадзіш, — загадаў ён.

Я моўчкі выканаў яго загад. У густой цемры мы не бачылі адзін аднаго, але я чуў яго дыханне, ён стаяў крокі за два. Успомніўшы пісьмо да Антаніны, я з цікавасцю чакаў, да чаго ён можа прычапіцца янгчэ. А што прычэпіцца — не сумняваўся.

— Што ж гэта ты?.. Так перажываў па жонцы, пакутаваў i ўжо заводзіш шуры-муры…

— Якія шуры-муры?

— Хэ! — непрыемна рагатнуў ён. — Усябатарэя гаворыць.

Я чакаў усяго, але толькі не гэтага. Дзікае абвінавачанне!

Дзікія словы! У любых іншых умовах, абражаны за Сашу, за сябе, я, відаць, кінуўся б на гэтага тупагаловага цыніка з кулакамі. Але субардынацыя… I пісьмо… Я ўяўляў, як прызнаваўся ў каханні Сцяпан Кідала, «высокаправільны» чалавек, i мне рабілася чамусьці весела. Не трэба кулакоў. Але да д'ябла i пачцівую субардынацыю! Як ён, так i яму…

— Табе што — зайздросна? — са здзекам спытаў я.

Ён разгубіўся, бо замармытаў нешта незразумелае, ікнуў. Потым пагразіў:

— Я жонцы тваёй напішу.

Ён напіша маёй жонцы? Куды? Калі? Балюча мне стала ад думкі, што напісаць няма куды. Каб я ведаў, куды напісаць, дзе яна цяпер!.. Не трэба было б пісаць табе, Сцяпан Кідала! Я напісаў бы сам. Усё-ўсё, што запісваю ў гэты дзённік, i, можа, нават яшчэ больш падрабязна. Табе не зразумець, што я ніколі не таіў i нічога не стаю ад Сашы. Яна усе будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце.

Але словы яго не выходзяць у мяне з галавы, хоць я ужо трэці дзень запісваю падзеі таго вечара. «Шуры-муры…» Агіднае, абразлівае слова. «Уся батарэя гаворыць». Уся — хлусня; мае хлопцы нічога не гавораць, a адносіны ў нас простыя, сяброўскія, i яны, пэўна ж, не пасаромеліся б пакпіць з гэтай прычыны. Але, магчыма, некаму кінулася ў вочы, што Антаніна не прамінае маёй гарматы, калі бывае на батарэі. А я даўно, яшчэ ў тэхнікуме, заўважыў, што людзі не прызнаюць простай дружбы паміж жанчынай i мужчынам, заўсёды схільныя думаць чорт ведае што i пусціць плётку. Мне напляваць, што думае Кідала. Але яго недарэчныя падазрэнні абражаюць Сашу. А гэта мне балюча, я не хачу, каб ён нават успамінаў яе імя.

«Шуры-муры…» Дурань! Нічога ў мяне няма ні ў сэрцы, ні ў галаве, акрамя той цеплыні, якую заўсёды прыносіць жанчына, i ўдзячнасці за яе ўвагу. Яна адзіная прасветліна ў нашым аднастайным i небяспечным жыцці. Але калі людзі не разумеюць звычайнай чалавечай дружбы, няхай не будзе яе…

12 кастрычніка

Снег i агонь… Агонь i снег… Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат. Калі яны на нейкі час сціхаюць, снег усё адно гарыць — свеціцца блакітным водбліскам ад пажараў, што шугаюць у горадзе. A калі i пажараў няма, агонь астаецца ў стомленых запалёных вачах. Неба, дай адпачынак! Але i там агонь. У нязмернай вышыні гулліва калышуцца, плывуць, то ўзнімаюцца, то апускаюцца, пераліваюцца д'ябальскі прыгожыя рознакаляровыя сцягі паўночнага ззяння. У мінулую зіму я любіў гэтае дзівоснае відовішча прыроды, якому няма роўных па прыгажосці. Цяпер не люблю. Мне здаецца, калі я гляджу на гэтыя пералівы святла, то неба смяецца з таго, што робіцца на зямлі. А хутчэй за ўсё не люблю таму, што ззянне — лепшае надвор'е для налётаў. У немцаў новая тактыка. Яны рэдка прылятаюць удзень, але затое лётаюць усю доўгую ноч. Лётаюць па адным, так, што ў небе, недзе там, у яснай бездані, дзе калышацца ззянне, — бясконцы шум матораў, то з аднаго, то з другога боку. Страляем не па самалётах, страляем па шуму. Зрэдку драпежнік трапляе ў праменні пражэктараў, што паласу юць неба; тады пачынаецца агонь прыцэльны. Калі яны вешаюць над залівам i горадам «лампады» — б'ём па ix, каб пагасіць. А так увесь час вядзём загараджальны агонь. Я не веру, што можна «загарадзіць» неба. «Б'ём у белы свет, як у капеечку». Ад гэтага цяжка на душы.

Я думаю, што фашысты знарок выбралі такую тактыку, каб выматаць нашы сілы. Мы валімся з ног.

Фрыд учора крыкнуў:

— О неба, дай адпачынак! — I гэта не ў жарт.

За ноч выпальваем увесь боезапас. Узвод забеспячэння не ўпраўляецца падвозіць снарады. Трактар не ўзбіраецца на абледзянелую rapy, i ў час кароткіх перадышак, калі не чуваць шуму матораў, цягаем чатырохпудовыя скрынкі, а прыборшчыкі робяць гэта амаль усю ноч. Ад скрынак распаўзаюцца кажухі, a спіны быццам абвугліліся — чорныя-чорныя сталі.

Учора, калі расход дасягнуў рэкорднай лічбы — каля шасцісот снарадаў за ноч, Астахаў пачаў разважаць:

— Кажуць, кожны наш стрэл каштуе каля трохсот рублёў. Праўда, камандзір? Дык гэта ж адна наша батарэя «выплюнула» за ноч добрых паўтараста тысяч рублікаў!

Мяне здзівіў такі падлік.

— На вайне рублі не лічаць, Астахаў. Мільярды гінуць.

— А дарэмна. Грошы народныя. Усё трэба лічыць.

Муха абурыўся:

— Ды што ты! Людзі гінуць, а ты рублі лічыш!

— Каб я быў упэўнены, што мы сваёй «загародай» ратавалі хаця б аднаго чалавека, то не шкадаваў бы… А так шкадую… Колькі людзі ўклалі ў гэтыя штукі працы, — паказаў Астахаў на снарады, — а мы ix у неба.

Між іншым, у спрэчках, якія ўзнікаюць у хвіліны зацішша, адзін Муха горача абараняе загараджальны агонь. Я хачу зразумець — чаму?

На нарадзе камандзіраў я расказаў пра падлікі Астахава — вось прыклад руплівай гаспадарлівасці байца! Гэтага чамусьці не зразумелі. Хворы Сеўчанка (камбат каторы дзень тэмпературыць, але не пакідае пазіцыі) стомлена сказаў:

— Менш лічыце, а лепш страляйце. «Не сыпце гарох». Залпы!

A Малашкін нечакана зрабіў вывад:

— Вы, Шапятовіч, развялі гнілую дэмакратыю ў аддзяленні. У вас кожны разважае за камандуючага. Палітыкі! Каб я не чуў гэтых размоў!

Крыўдна. За хлопцаў крыўдна. Без сну, на марозе яны не выказалі ніводнай скаргі. I размовы ix шчырыя, патрыятычныя. Як кажуць, баявы дух высокі. Асабліва ён узняўся пасля таго, калі камісар паведаміў, што фашысты добра атрымалі па зубах на подступах да Мурманска i адкінуты за Заходнюю Ліцу. Праз гэта яны шалеюць i так люта бамбяць горад i порт. А тут яшчэ, на злосць ім, у заліў увайшоў караван англійскіх суднаў — першая дапамога саюзнікаў.

Мацнее мароз. Сярэдзіна кастрычніка — i такі мароз. А там, у нас, гараць золатам лясы і, безумоўна, яшчэ цёпла. Роўна год назад я ішоў у армію. Саша праводзіла мяне далека ў поле, па дарозе на Рэчыцу. Ранак быў ясны, сонечны, плыла павуціна бабінага лета, i ляцелі жураўлі. Усяго адзін год! А здаецца, мінула вечнасць. Колькі месяцаў яшчэ можа працягнуцца вайна? Астахаў неяк сказаў — два гады. Вар'ят!

19 кастрычніка

З падбітага намі «Ю-87» выкінуўся з парашутам лётчык. Прызямліўся кіламетры за два ад батарэі, на схіле голай гары.

Сеўчанка загадаў:

— Малодшы лейтэнант Кідала! Вазьміце разведчыка Бурава… — камбат на момант задумаўся, мяркуючы, даволі двух чалавек для такой аперацыі ці замала, — сяржанта Шапятовіча… Затрымаць немца!

Але калі мы ўжо сталі на лыжы, даў новую каманду:

— Адставіць Бурава! Сяржант Пясоцкі! Пойдзеце вы!

Відаць, камбату падказаў камісар (я бачыў, як яны ціха перакінуліся словамі), што трэба чалавек, які ведае нямецкую мову. А ведае яе адзін Сеня.

Мы шпарка пайшлі па свежым снезе, усе аднолькава задаволеныя такім заданием — узяць жывога фашыста, які толькі што скінуў бомбы на горад. На лыжах нас у мінулую зіму навучылі хадзіць добра, мы рабілі пераходы па сто кіламетраў. Але наспець за Кідалам нам з Сенем было нялёгка. Высокі, дужы, ён адразу вырваўся наперад.

Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на тару, каб пераваліць цераз грэбень i схавацца ў лесе; ён, безумоўна, бачыў яшчэ раней, з самалёта, што заходні схіл гары лясісты. Над ім пакружыў наш знішчальнік, даючы зразумець, што калі фашыст будзе ўцякаць, то яго легка могуць прышыць да скалы кулямётнай чаргой. I ўсё роўна ён упарта лез на гару.

— Вось гад! Куды ён лезе? На што спадзяецца?..

— Горы, тундра, снег… Уцячэ ад нас — па яго слядах пойдзе штурмавік-самалёт. Яму хочуць захаваць жыццё, а ён лезе на смерць, — абураўся я, ідучы побач з Пясоцкім.

— Ты не ведаеш, якія яны фанатыкі. Фашызм — гэта страшэнны фанатызм… Я не магу зразумець, як з такой працавітай цвярозай нацыі, як немцы, маглі выхаваць гэтулькі фанатыкаў-забойцаў,— разважаў Сеня. Яму хацелася пагутарыць, але было цяжка: беглі мы надзвычай шпарка, а вецер біў у твар, i Сеня задыхаўся.

Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Немец ужо быў амаль на самай вяршыні.

— Дай папераджальны стрэл, — сказаў мне Кідала.

Я ўзлёг грудзьмі на камень, нацэліўся, але вышэй галавы, каб часам не забіць. Стрэліў. Немец азірнуўся i… раптам знік, відаць, скочыў у нейкую яму.

— Вось жа падлюга! — вылаяўся Кідала i выхапіў з кабуры пісталет, нібы намерыўся весці ў атаку цэлы полк. — За мной!

I зноў мы не паспявалі за ім. Ён быў лягчэй апрануты — у шынялі, мы — у кажухах. Ногі то слізгалі па голым абледзянелым каменні, то, у горных упадзінах, угрузалі па калена ў снезе. Непамерна цяжкія зрабіліся вінтоўкі i лыжы. Пот заліваў твар, перад вачамі зіхацелі вясёлкі, сэрца стукала, здавалася, не ў грудзях, a ў горле. Я хапаў на хаду снег.

— Не еш, прастудзішся, — папярэдзіў Сеня.

— Калі ён ідзе гэтак жа, як мы, нам не дагнаць яго да ночы, — прахрыпеў я.

— Дагонім раніцой, — спакойна адказаў Сеня.

— Хіба Сеўчанка даў такую каманду?

— Была каманда ўзяць яго жывым.

Сказаўшы гэта, Сеня раптам ціха войкнуў, схапіўся за жывот.

— Што?

— Кальнула ў жывот. Боль… Вось тут.

Твар яго, дагэтуль расчырванелы, збялеў.

Я разгублена схіліўся над ім:

— Што ж рабіць? Можа, астанешся, пасядзіш, адпачнеш?..

Ён падняўся, абапіраючыся на маё плячо, усміхнуўся праз боль:

— Ну што ты! Кідала скажа, што я збаяўся.

— Скажа на цябе, пасля бомбы?

Дні тры назад генерал уручыў ім узнагароды за подзвіг з бомбай: медалі «За адвагу»; яны першыя ўзнагароджаныя на батарэі.

— Вунь, чуеш! — паказаў Сеня наперад.

Кідала, які апярэдзіў нас метраў на трыста, махаў пісталетам i крычаў, каб мы ішлі хутчэй.

— Пайшлі.— I Сеня першы рушыў далей. Я ішоў побач i бачыў, якія пакуты прыносіць яму хада.

— Заставайся, — настойліва раіў я. — Адгэтуль цябе ўбачаць з батарэі, зразумеюць, што нешта здарылася, прышлюць дапамогу.

Ён узлавауся:

— Адчапіся, Пятро!

А праз хвіліну з палёгкай уздыхнуў, прыслухаўся i радасна, як дзіця, засмяяўся:

— Ну, вось i ўсё!

Мы пайшлі шпарчэй.

Кідала правільна разлічыў: мы дасягнулі перавала больш лёгкім шляхам — цераз седлавіну. А там у нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Лес пачынаўся ніжэй, i мы, павольна зніжаючыся, беглі па адкрытым месцы ўздоўж грэбеня, пакуль не выйшлі на след. Але ў лесе лыжы прыйшлося скінуць зноў: спуск быў залішне круты, камяністы. Немец, быццам знарок, лез праз самы гушчар, падлазіў пад кашлатыя заснежаныя елкі, скакаў з абрываў.

Не, ён проста бег, не выбіраючы дарогі, імкнучыся адысці як мага далей на захад. На што ён разлічваў, зразумець немагчыма.

Камандзір наш зноў паспрабаваў вырвацца наперад, але я астудзіў яго:

— Сцяпан, ён можа адстрэльвацца. Асцярожна.

Мае папярэджанне спадабалася яму, ён пайшоў побач з намі i гаварыў па-сяброўску проста. Мы ў адзін голас клялі фашыста, які прымушае нас траціць гэтулькі сіл на яго аднаго, паганца. I раптам… ціўкнула куля. Я першы нырнуў галавой у снег, крыкнуў:

— Лажыся!

Прыслухаўся да самога сябе, ці не паранены. На мае шчасце, куля трапіла ў лыжы! Вось жа фашысцкая брыдота! Траха не адаслаў на той свет. Моцна закалацілася сэрца. Наперадзе ляснуў яшчэ адзін пісталетны стрэл. Трэба падняць галаву, адпляваць снег, што набіўся ў рот, нос, працерці вочы, агледзецца, дзе ляжу i дзе вораг. Але падняць галаву было нялёгка: вельмі ж ужо моцна ў такіх выпадках зямелька прытуляе да сябе, нават i такая непрыветлівая, камяністая.

Збоку грымнуў вінтовачны стрэл. Гэта Сеня. Падбадзёраны, я нарэшце падняў галаву i адразу вызначыў месцазнаходжанне ворага: ён быў метраў за сорак наперадзе, за вялікім валуном, паабапал якога стаялі дзве каржакаватыя сасны. У яго была зручная пазіцыя, але ён рана пачаў страляць — не вытрымалі нервы. Угледзеўшы, што ляжу на ад крытым месцы, я адпоўз за бліжэйшы камень i адтуль паслаў кулю ў нябачнага ворага. Куля высекла іскру на валуне i ca свістам зрыкашэціла.

— Пясоцкі! Не давай яму высунуцца! А мы з Пятром — у абход! Ты справа, я злева! — закамандаваў Кідала.

Я перапоўз да другога каменя, потым зрабіў перабежку, схаваўся за дрэвамі. У гэты момант Сеня крыкнуў па-нямецку.

Такая фраза ёсць у вайсковым «разгаворніку», i я зразумеў яе сэнс: здавайся — гарантуем жыццё i ўсё іншае.

Я чакаў, што немец адкажа. Стрэліць — няхай не спадзяецца на нашу літасць. Не, над валуном узняліся дзве рукі, у адной — рэвальвер, у другой — белая насавая хустачка.

— Комэн зі гip![4]

Ён выйшаў.

— Ласен зі дзі пістоле! Унд хэндэ хох![5]

Ён кінуў пісталет у снег i стаяў з узнятымі рукамі.

Першы падбег малодшы лейтэнант i даў яму па вуху. Немец упаў. Кідала пхнуў яго нагой. Я не асудзіў Сцяпана. За маю зямлю, якую яны захапілі, за шчасце, якое растапталі, за толькі што перажытыя напружанне i страх я, напэўна, зрабіў бы тое самае, каб апынуўся каля яго першы: злосці ў мяне было даволі. Але ляжачага я не мог бы ўдарыць. Акрамя таго, я адразу ўбачыў яго вочы: прыгожыя, блакітныя, яны былі напоўнены такім смяртэльным страхам, што мне зрабілася шкада яго. Гэта быў малады хлопец, бадай што наш равеснік, высокі, дужы, з даўгаватым тварам, вялікім ілбом — «тыповы арыец». Але без якіх-небудзь прыкмет ці рыс садыста, забойцы, якім стаў за апошні час у нашым уяўленні вобраз кожнага фашыста. Ад гэтага нават патыхала нечым мірным: не крывёй, не гарам пажараў i нават не бензінам, a… тонкімі прыемнымі духамі. Праўда, калі мы загадалі яму падняцца i павялі назад, страх у яго вачах знік, бліснулі такія іскры, што прымусілі мяне насцеражыцца. Пачалі раздражняць яго шырокая спіна, лёгкая хада, элегантная футравая куртка, прыгожыя унты — уся яго постаць чужынца, ворага.

Сеня спытаў, каторы раз ён налятае на Мурманск.

— Цум эрстэнмаль[6].

— Хлусіць, падлюга. Баіцца адказнасці,— не паверыў я.

— А можа, з новай часці,— выказаў меркаванне Кідала. — Спытай, дзе ён быў дагэтуль. Адкуль прыляцеў?

— Аўс Берлін, — адказаў ён з хітрасцю i нават, як мне здалося, ca здзекам.

— Як яго прозвішча?

— Фрыц Кронкер.

— Усё-такі Фрыц, — засмяяўся Кідала.

— Спытай, Сеня, на што ён спадзяваўся, калі так упарта ўцякаў. Да Фінляндыі сто кіламетраў. Вар'ятам трэба быць, каб мець надзею дайсці.

Фрыц выслухаў пытанне, спыніўся, павярнуўся да нас тварам i пачаў адказваць горача, пераканана, нават злосна.

Сеня збялеў. Кінуўся да яго, схапіў за каўнер курткі, трасануў i закрычаў яму ў твар, глытаючы ад хвалявання i абурэння словы. Некалькі разоў паўтарыў — Масква i Берлін. Потым з агідай штурхнуў немца ад сябе:

— Фашысцкі вырадак!

— Што ён сказаў?

Сеня не адразу здолеў перадаць нам.

— Нахабная морда! Ён яшчэ пагражае! Гаворыць, каб мы не радаваліся, што збілі яго i ўзялі ў пал он. Бачыш, выходзіць, палонны не ён, палонныя — мы. Кажа, што тры дні назад вялікая армія фюрэра пачала сваё рашаючае наступленне i ўжо штурмуе Маскву. Што нам тут усім хутка капут. Мы вымушаны будзем скласці зброю… Вось жа гад! Я адказаў, што яго смярдзючаму фюрэру не бачыць Масквы, як сваіх вушэй… Не на тых напалі! А вось мы… Мы прыйдзем у яго Берлін… Вір комен нах Берлін! — крыкнуў Сеня па-нямецку. — Чуеш, сволач гітлераўская?

Фрыц панурыў галаву, згорбіўся, як бы чакаючы ўдару. Пад'ём быў круты, цяжкі, мы адчувалі стомленасць, i было не да размоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця i вечарэла ўжо; сонца даўно схавалася за гарамі (яно выглядвае яшчэ ўдзень гадзіны на дзве), неба на паўднёвым захадзе гарэла барвова-фіялетавым агнём, а на паўночным усходзе было цёмна-сіняе: адтуль, з мора, наступала ноч.

Мы бачылі сваю батарэю, адчувалі, што нашы сябры глядзяць на нас, бачаць чатыры постаці на фоне неба i радуюцца, што мы затрымалі фашыста.

За светлым ад водбліску снегу залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў.

Палонны доўга не зводзіў з яго вачэй. Напэўна, яго ўразіла, што горад жыве; можа, яму здавалася, што ix бомбамі ён знішчаны ўшчэнт. Ba ўсякім разе, нешта прымусіла яго сур'ёзна задумацца, бо ён раптам цяжка ўздыхнуў i як бы падумаў услых.

Сеня зняважліва хмыкнуў:

— Дайшло. Гаворыць, што гэта будзе сусветная трагедыя, калі, не дай Божа, мы прыйдзем калі-небудзь у Берлін.

He, хлусіш! Будзе сусветная радасць!.. Ді ганцэ вэльт вірд фро зайн…[7] Калі мы збавім людзей ад карычневай чумы.

Немец глянуў на Сеню з нянавісцю: у задуменні ён, мабыць, забыўся, што адзін з нас ведае яго мову.

Калі мы пачалі спускацца, то збоку, прыкладна за юламетр, убачылі трох чалавек. Яны ішлі напярэймы нам i махалі рукамі.

— З войск НКВД, па палоннага, — здагадаўся Кідала. Ён дастаў з кішэні новенькі бліскучы пісталет лётчыка, з жалем агледзеў яго. — Забяруць мой трафей. Гэтыя дружкі сваю справу ведаюць. Ha rapy нябось не кінуліся. У першую чаргу да парашута пайшлі.

У тэты момант, як на тое, немец расшпіліў спражку на рукаве сваёй курткі i зірнуў на гадзіннік. Гадзіннік быў цудоўны: вялікі, з чорным цыферблатам, белымі стрэлкамі. Я ўбачыў, як у Сцяпана прагна бліснулі вочы, сквапная думка вылезла на шырокі самазадаволены твар.

— Пясоцкі, скажы гэтаму тыпу, каб аддаў мне гадзіннік.

— Навошта? — здзівіўся наіўны Сеня.

— На памяць. Дарэмна хіба мы яму жыццё ратавалі? — цынічна ўсміхнуўся Кідала.

Сеня зразумеў, сумеўся, ажно пацямнеў з твару, але сказаў з верай, што можна пераканаць гэтага несвядомага чалавека:

— Т-таварыш малодшы лейтэнант! Але ж гэта… м-марадзёрства…

— Ну…тымяне не вучы. Яны паўсвету абрабавалі, можа, маці тваю забілі, а ты мне — марадзё-ёрства!.. Рабі, што загадваю! Твая справа цялячая.

— Я… я не магу гэта перакласці… Хочаце — забярыце самі. Ён зразумее без слоў…

Кідала натапырыўся, прыпыніўся, апусціў доўгія рукі, перайшоў на той афіцыйны тон, які любяць не вельмі разумныя камандзіры, ветлівы i ў той жа час пагрозлівы i здзеклівы:

— Вы што, Пясоцкі? Не выконваць загаду? У баявых абставінах? Так-так-так… Фашыста пашкадавалі? Сваячка знайшлі? Так…

Чатыры гады вучобы ў тэхнікуме, жыццё ў адным пакоі давалі мне права сказаць яму з абурэннем:

— Пасаромейся, Сцяпан! Ты камандзір Чырвонай Арміі! Паважай самога сябе!..

Але гэта ўзарвала яго зусім. Ён закрычаў на ўвесь Кольскі паўвостраў:

— Які я вам Сцяпан, сяржант Шапятовіч! Я быў для вас Сцяпанам калісь, але ніколі больш не буду! Ніколі! Зарубіце сабе на носе! Зразумелі?

Я ведаў, як яго ўлагодзіць: шчоўкнуў абцасамі, выцягнуўся, казырнуў:

— Так точна, таварыш малодшы лейтэнант! Усё разумею!

Ды раптам позірк мой упаў на палоннага. Ён стаяў, глядзеў на нас i, здалося мне, усміхаўся, зняважліва i зларадна. Я пахаладзеў ад думкі: «А што, калі ён разумев па-руску?» Зрабілася так сорамна за Кідалу, так страшэнна сорамна, што хацелася праваліцца скрозь гару. Гэтак паказаць сябе перад ворагам!

— Глядзіце, ён разумее… — паказаў я на немца.

Дайшло нават да Кідалы. Ён схамянуўся, штурхнуў палоннага ў плячо.

— Пайшоў, сволач! Хутчэй! — I шырока закрочыў побач з ім…

— Ён мне зноў быццам у душу напляваў,— сказаў Сеня, сумны, разгублены, схудзелы ад стомленасці, калі мы сустрэліся з чэкістамі, здалі ім абавязкі канвою i, крыху адстаўшы, маглі пагутарыць паміж сабой.

— А ты на яго плюй! Не прымай да сэрца. Ён будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.

— Хіба мне ад гэтага лягчэй? Я зноў страціў да яго павагу, якая была з'явілася пасля бомбы. А гэта цяжка, Пеця… Я казаў табе… Няўжо ён не разумее? Абрабаваць палоннага — што абрабаваць забітага. Агідна!..

Ніколі ў жыцці я не даносіў ні на кога i люта ненавіджу людзей, якія гэта робяць, ходзяць скардзіцца начальству, пускаюць плёткі, нагаворваюць адзін на аднаго. Але я доўга думаў пра сённяшні выпадак. I ўвесь час мне ўспаміналіся словы Кідалы: «Фашыста пашкадавалі?.. Сваячка знайшлі?..» Словы гэтыя вельмі абуралі мяне, бо нагадвалі тыя недарэчныя абвінавачанні, якія ён кінуў Сеню ў першы дзень вайны. Я не вытрымаў. Пайшоў да камандзіра i камісара. Расказаў ім.

Камісар слухаў з затоенай, але добрай усмешкай на твары. Я думаю, ён радаваўся за нас з Сенем, што камсамол, школа, лад наш выхавалі нас такімі. Камісар — найвялікшы гуманіст i, безумоўна, разумев нас.

Сеўчанка хмурыўся i, выслухаўшы, вылаяўся:

— Гора мне з вамі.

Я спалохаўся: няўжо ён асуджае нас? Не.

— Дурань ён, ваш Кідала. Але я зраблю з яго чалавека! — I папрасіў, каб мы нікому больш пра гэта не расказвалі.

14 лістапада

Каторы дзень раскрываю свой сшытак і… нічога не магу запісаць. Мне сорамна перад самім сабой, перад тымі, каму трапіць мой дзённік… Перад Сашай… О, лепш не ўсгіамінаць, не запісваць! Можа, спаліць, знішчыць, каб нішто не вымушала мяне на прызнанне? Каб ніякіх дзённікаў i ніякіх слядоў. Але хіба лягчэй будзе ад усведамлення таго, што ніводзін чалавек ніколі ні аб чым не даведаецца? Я даваў слова, што буду да канца сумленны; нічога не буду таіць — ні падзей, ні думак; не схлушу, каб зрабіць сябе лепшым, прыгажэйшым. Не, я мушу ўсё запісаць шчыра!

Мяне легка раніла асколкам у плячо. Завезлі ў санчасць, якая размешчана ў бараку цагельнага завода; там, у гліняных карьерах, схаваны ўсе тылы дывізіёна — цагельню ні разу не бамбілі. Мяне паклалі ў вялікім светлым пакоі. Хоць гэта спачатку так здалося, пасля зямлянкі. На самай справе пакойчык невялічкі — шчыльна стаялі чатыры бальнічныя ложкі. З ix толькі адзін быў заняты, ляжаў абмарожаны сувязіст з НП.

Упершыню за многа месяцаў я адпачываў у поўным сэнсе слова: i целам i душой. Мне ўсё было прыемна, прыносіла асалоду — чыстая бялізна, знаёмы пах лекаў, адчуванне ўласнага цела, нават лёгкі боль раны, дотык мяккіх Антанініных рук, калі яна перавязвала, размовы, якія мы вялі з ёй. А потым кнігі, якія яна пачала прыносіць. Я накінуўся на ix з прагнасцю галоднага i глытаў адну за адной, па дзве-тры ў дзень. Я нічога не чытаў з пачатку вайны, акрамя газет, бо кароткія перадышкі ў нялётныя дні аддаваў дзённіку. Я так захапіўся чытаннем, што нават Антаніна мяне раздражняла, калі заходзіла i пачынала гаворку, a гаманлівага суседа проста ўзненавідзеў за тое, што пустой балбатнёй ён перашкаджаў мне ўглыбіцца ў кнігу.

— Пачытай ты што-небудзь лепш, — прасіў я, каб ён змоўк.

— Я ў добры час не чытаў, а ты хочаш, каб я цяпер затуманьваў галаву. Наліха мне гэта! — адказваў ён.

Вось жа ёсць людзі!

У той дзень сувязіст выпісаўся, i я застаўся адзін, вельмі задаволены гэтым. Нарэшце ніхто не будзе перашкаджаць мне. Раніцой заглянула Антаніна, зрабіла перавязку, сказала, што едзе на нашу батарэю. Я i гэтай акалічнасці ўзрадаваўся, бо толькі што пачаў «Запіскі з мёртвага дома». А ваенурач i другі фельчар заходзілі рэдка.

Антаніна вярнулася пад вечар, заглянула ў палату, пасяброўску спытала:

— Не сумуеш? — i паведаміла: — Я сёння буду дзяжурыць.

«Узрадавала! Прыйдзеш i будзеш ад няма чаго рабіць балбатаць. Не дасі пачытаць», — падумаў я. Але яна не прыходзіла. А я, праглынуўшы за дзень «Запіскі…», пачаў “Угрум-раку”. Маленькая лямпачка пад столлю свяціла цьмяна, але я не зважаў на гэта — вочы мае могуць чытаць i пры месячыку.

Рыпнулі дзверы.

— Усё чытаеш? — з дакорам спытала Антаніна. — Папсуеш вочы — самалёта не ўбачыш, камандзір, — i выключыла святло.

Я прыціх, не адказваў, чакаючы, калі яна выйдзе, каб падняцца, уключыць святло зноў i чытаць далей. I раптам я адчуў яе гарачае дыханне. Яна схілілася нада мной, рука яе дакранулася маёй галавы, валасы ўпалі на твар, ад ix асаблівага, непаўторнага паху закружылася ў галаве. Нейкая дзіўная непераможная сіла прымусіла мяне абхапіць рукамі яе шыю, прыцягнуць да сябе. I вось ужо зліліся нашы вусны… I яе грудзі, тугія, гарачыя, пад якімі часта i моцна грукала сэрца, прыціснуліся да маіх грудзей… Тады ўсё паплыло, завіравала, зазвінела дзівоснай музыкай, знікла ўсё зямное, рэальнае, быццам узляцеў некуды туды, дзе калыхаўся, пераліваўся вясёлкамі, вабіў хараством сваім гэты падманлівы цуд — паўночнае ззянне…

А потым я ляжаў, душэўна i фізічна спустошаны… Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі i ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Потым яна пачала запаўняцца нечым брыдкім, здалося, штосьці жывое i слізкае паўзло ў душу, забруджвала цела. Я доўга не разумеў, што гэта такое, толькі адчуваў, што няма сілы супраціўляцца, i бязвольна чакаў, калі яно выявіць сябе, гэтае слізкае i агіднае. Што ж яно такое? I раптам яно прыйшло, гэтае вызначэнне, вырысавалася найагіднейшым у свеце словам — здрада.

Але, здрада! Я здрадзіў самаму дарагому i светламу, што было ў маім жыцці. Калі гэта дайшло да свядомасці, я, відаць, застагнаў. Яна, Антаніна, хацела абняць мяне.

— Не трэба! — у роспачы крыкнуў я.

— Фу, дурань які! А яшчэ жанаты! — пакрыўджана фыркнула яна, саскочыла з ложка i выбегла з палаты.

Раніцой я так настойліва патрабаваў, каб мяне выпісалі, што ваенурач не стаў затрымліваць. Я не хацеў бачыць яе, гэтую кошку, хітрую прытворшчыцу, якая выдавала сябе за ўвасабленне чысціні, шчырай дружбы, а на самай справе… Безумоўна, я не першы ў яе… Успомніліся пісьмы, пра якія яна казала… Ад гэтай думкі рабілася яшчэ горш.

Але што з таго!.. Я… я сам — бязвольны, нікчэмны чалавек, ануча… Я здрадзіў Сашы! У такі час!

А няма большай душэўнай пакуты, як адчуваць сябе здраднікам. Я ўзненавідзеў сам сябе. Не знаходзіў месца, занятку. Мяне раздражнялі байцы, асабліва ix размовы пра дзяўчат, пра жанчын. A калі яны аднойчы прыгадалі Антаніну, я накрычаў на ix. А потым мне здалося, што яны пра ўсё здагадваюцца, i я пачаў баяцца ix, сваіх падначаленых. Мне хацелася, каб бясконца наляталі немцы, каб смерць увесь час вісела над галавой — можа, тады я знайшоў бы хоць які-небудзь спакой. Але, як на злосць, дні былі хмарныя, падаў снег, i мы больш сядзелі ў зямлянках, займаліся тэорыяй, палітвучобай. Свайго настрою я не мог схаваць ад пільных вачэй камісара i камбата.

Сеўчанка неяк сказаў:

— Па-мойму, цябе не далячылі, Шапятовіч. Можа, табе варта вярнуцца назад у санчасць?

Я спалохаўся. Вярнуцца туды? Бачыць гэтую жанчыну, гутарыць з ёю?

— Што вы, таварыш старшы лейтэнант! Я зусім здаровы. Плячо загаілася… А настрой — гэта так… Сям'ю ўспамінаю.

— Ну, глядзі… Не вешай носа…

Сям'ю ўспамінаю… Ох, успамінаю! Але як?

Здрада… Яна варушыцца ў сэрцы, як нейкая ліпучая, агідная істота. Але гэтая пакута здаецца нязначнай у параўнанні з тым, што яна нарадзіла. Раптам я пачаў прыкмячаць, што думаю пра Сашу не так, як думаў дагэтуль.

Яна, гэтая праклятая Тоня, пахіснула маю веру ў шчырасць, у чысціню адносін, у каханне, якое мацней за смерць. У галаву назойліва лезуць розныя недарэчныя гісторыі аб жаночай нявернасці, здрадлівасці. Я чуў ix сотні ад сваіх сяброў у тэхнікуме i тут, у арміі. Тады я пярэчыў, лаяўся, ледзь не кулакамі даказваў, што гэта выдумкі цынікаў, паэтызаваў жанчыну. А цяпер сам апынуўся ў палоне гэтага бруду. Думаючы пра Сашу, я адчуваю рэўнасць, горшую за тую, якую некалі адчуў, пайшоўшы ад яе, калі яна не была яшчэ маёй жонкай. Я разумею, як гэта нізка, пошла, пачварна! Я сам нягоднік, здраднік i… раўную яе. Да каго? Чаму? У такі час! Яна ў няшчасці, у няволі, у палоне… А я… О Божа! Здаецца, я трачу рэшткі цвярозага розуму. Але што рабіць? Як вярнуць ранейшую душэўную раўнавагу? Тады я думаў толькі пра адно, адчуваў толькі адзін боль. Цяпер — чорт ведае што робіцца ў маёй дурной галаве! Hi разу за год не ўспомніў я таго маладога настаўніка, здаецца, Лялькевіч яго прозвішча. А цяпер ён увесь час стаіць у маіх вачах, я бачу яго пераможную зняважлівую ўсмешку, такую, як тады, на валейбольнай пляцоўцы. A мінулую ноч сасніў, што ён абнімае, цалуе Сашу, а я стаю як здранцвелы, не магу зрушыцца з месца і… толькі плачу. Чарняк раніцой казаў, што я плакаў у сне.

Я пачынаю ненавідзець яго, Лялькевіча, малазнаёмага мне чалавека, разумеючы ўсю дзікасць i недарэчнасць свайго пачуцця. Можа, ён недзе на фронце, ранены, можа, забіты ўжо даўно, а я… Не, са мной робіцца нешта нядобрае! I пакуты мае мацнеюць ад таго, што я не магу расказаць пра ўсё гэта нікому, нават Сеню. Ледзь набраўся сілы i смеласці, каб запісаць у дзённік. Запісаў — i спалохаўся. Баюся пакінуць сшытак у зямлянцы, хоць раней пакідаў смела, упэўнены, што пасля таго выпадку з Мухам ніхто з байцоў не палезе ў мой ранец.

Можа, лепш вырваць гэтыя аркушы?

23 лістапада

— Скажы мне, Пеця, чаму ў цябе такі настрой? Чаму ты такі невясёлы?

— А чаго радавацца? Немцы пад Масквой. У сё можа здарыцца. Тады мы апынёмся ў пастцы… У ледзяной пастцы.

— Ну, ведаеш, не падабаюцца мне твае думкі. Ты кандыдат партыі, камандзір. Такі настрой у нашых умовах перастае быць прыватнай справай, май на ўвазе.

— Ідзі, скажы камісару.

— А што ты думаеш, i скажу.

Я здзіўлена паглядзеў на Сеню: сур'ёзна ці жартуе? Не, ён глядзеў на мяне сваімі разумнымі чорнымі вачамі пранікліва, быццам хацеў зазірнуць у самую душу ці, як варажбітчарадзей, прачытаць усё на твары.

«А можа, адкрыць табе душу? Навошта, каб ты, мой лепшы друг, думаў, нібы я спалохаўся становішча на фронце? Не, я не баязлівец i ў перамогу веру гэтак жа, як i ты. Ад іншага няма спакою маёй душы. Але ці зразумееш ты? Нічога падобнага ты яшчэ не перажываў. Думаеш усё аб сусветных праблемах, высокіх матэрыях. Мае перажыванні, пакуты могуць здацца табе нікчэмнымі, вартымі смеху. I тады мне будзе яшчэ цяжэй!» — думаў я.

— Праўда, я не веру, што ты стаў такі панікёр i песіміст. Занадта многа ў дябе любві, каб ты мог страціць веру ў будучыню.

— Любві? — здзівіўся я. — Да чаго?

— Да ўсяго. Да жыцця. Радзімы… Да блізкіх… Да жон-

Я ледзь не застагнаў: знянацку ён дакрануўся да самага балючага месца.

— Таму i цяжка, што люблю. Хто не любіць, таму што… таму ўсё роўна…

— Мне ўвесь час здаецца, што зусім іншае прыгнятае цябе. Так паводзіць сябе чалавек, які зрабіў нешта благое, у каго нячыстае сумленне.

«О, гэты хлопчык можа ўсё зразумець, але прызнацца яму я ўсё роўна не магу!»

Мы сядзелі ў зямлянцы. Сеневы падначаленыя — разлік дальнамера — працавалі на кухні. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах i падала на твар гаспадара. У яго дзіўны твар у апошнія дні — залішне шчаслівы для такога часу. Можа, таму я i не мог расказачь яму свае таямніцы, як расказваў раней, — мяне раздражняў яго твар, незразумелая адзнака шчасця на ім. Чаго радавацца? Калі нават быць самым вялікім аптымістам, то ўсё роўна радавацца няма чаго.

— Слухай, Сеня, чаму ты такі?.. — Які?

— Чорт цябе ведае — які… Быццам адзін ты ведаеш, што заўтра канец вайне. Твар блішчыць, як намаслены блінец.

Ён засмяяўся i перасеў да мяне на нары, абняў за плечы.

— Ты добры друг, Пеця. Я радуюся, што ў мяне ёсць такі друг. Аднаму табе я магу сказаць, чаму я такі… Але дай слова, што ты — нікому…

— Я быў калі-небудзь балбатуном?

— I ў дзённік свой дурацкі не пішы. Я хачу, каб гэта было толькі маёй тайнай.

Мне цяжка было даць слова, што я не запішу нашай размовы. Акрамя таго, мяне крыху пакрыўдзіла, што ен назваў мой дзённік дурацкім, i я змоўчаў.

Ён таксама доўга маўчаў: ці то чакаў майго клятвеннага слова, ці думаў — можна мне даверыць тайну ці не?

Потым трасануў мяне за плечы.

— Я скажу табе дзіўную рэч, у якую ты, напэўна, не паверыш… Я закахаўся.

— Закахаўся?

«Паўгода ён не бачыў у вочы ніводнай дзяўчыны, — бліснула думка. — Ніводнай, акрамя… Няўжо? Што ж гэта такое робіцца! З кожным днём мне не лягчэй!»

Сапраўды, я адчуў сябе гэтак жа кепска, як адразу пасля той недарэчнай гісторыі, якая прынесла мне такія пакуты… Прайшло паўмесяца, i перажыванні мае нібы пачалі прытупляцца. I вось табе на!

— Ты здагадваешся, у каго?

— Няцяжка здагадацца. Антаніна?

— Але…

Я рэзка падняўся, скінуўшы яго руку з пляча.

— Яна не варта твайго кахання!

Ён схапіў мяне за каўнер кажуха, быццам спалохаўся, што я выйду i пакіну яго аднаго, нічога не растлумачыўшы.

— Не варта? Чаму не варта? Хоць не! Не трэба! Нічога не кажы! — Ён адштурхнуў мяне. — Я не жадаю нічога слухаць! Я кахаю, i мне хораша, i я нічога не хачу ведаць. Ты, магчыма, пачуў там нейкія плёткі. Калі адна жанчына i гэтулькі мужчын навокал, заўсёды будуць плёткі. Але я не хачу ix чуць… Я, магчыма, ніколі не скажу ёй пра сваё каханне, не прызнаюся… Яна, відаць, кахае каго іншага, выйдзе замуж… Што ж, я пажадаю ёй шчасця i калі-небудзь вызвалюся ад свайго пачуцця… А можа здарыцца… усё здараецца ў жыцці… што мы прыйдзем адно да аднаго, што раптам абое адчуем… Але цяпер я не думаю пра гэта… Мне хораша ад майго кахання, яно напаўняе, упрыгожвае мае жыццё, i я не жадаю, каб яго разбурылі раней чым трэба. Я прашу цябе як друга…

Ён гаварыў горача, доўга, i ўсё, што сказаў, немагчыма было запомніць. Я, уражаны, утрапёна стаяў з другога боку халоднай чыгуннай печкі i думаў пра сваё… Не, цяпер гэта не толькі мае. Мая тайна, але яна закранае іншых людзей, дарагіх мне людзей. Гэтая жанчына, як прывід, стала не толькі паміж мной i Сашай, але таксама вось паміж мной i лепшым другам маім. Па сутнасці, яна разбурыла нашу дружбу, бо цяпер мы ўжо ніколі не будзем такія шчырыя адзін перад адным, якія былі дагэтуль. Я са страхам думаю, што магло б здарыцца, каб я ўсё расказаў яму. Як бы ён паставіўся да гэтага? А мяне так цягнула расказаць. Але кожны раз мяне стрымліваў яго вясёлы, узнёслы настрой, яго шчаслівы твар. Што ж, няхай астаецца са сваім уяўным шчасцем! Праўда, я крыху затуманіў гэтае шчасце. Ён нічога не хацеў чуць пра Антаніну, але на сэрцы, безумоўна, стала трывожна, i пасля гарачых слоў ён не стрымаўся, каб не спытаць:

— А што ты чуў? Чаму яна не варта майго кахання?

— Кажуць, яе кахае начальнік боезабеспячэння.

Я знарок назваў самага прыгожага i цікавага афіцэра.

Сеня засмяяўся:

— Кахае! Ды яе, можа, дзесяткі чалавек кахаюць. I што з таго? Хіба праз тое, што яе кахае нехта іншы, не магу кахаць я? Я ж нічога не патрабую за сваё каханне. Мяне здзіўляе твая логіка, Пятро. Не варта… Не, я разумею, ты чуў нешта бруднае. Цынікі ёсць, сам ты некалі казаў. I зайздроснікі! Але для мяне яна самая прыгожая, добрая, чыстая, i я нічога не хачу ведаць, а кал i пачую што — усё ад но не паверу!

Наіўны хлопчык! Некалі i я быў такі. I мне зрабілася крыўдна i горка ад таго, што цяпер я адчуваю сябе горшым, чым быў яшчэ зусім нядаўна.

1 снежня

Майстры рамантавалі гармату, i Сеўчанка паслаў мяне з пакетам на КП дывізіёна. Здаўшы пакет, я ішоў назад не спяшаючыся. З цікаўнасцю аглядаў горад. Ён даўно вабіў мяне, хацелася зазірнуць ва ўсе яго куткі, каб даведацца, як жывуць людзі ў вайну, пры амаль штодзённых бамбёжках. Усюды сляды разбурэнняў, руіны дамоў, папялішчы, засыпаныя снегам. Але горад жыве поўным жыццём. Прыкметы гэтага жыцця я бачыў на кожным кроку, i яны прыемна ўражваюць, нараджаюць упэўненасць i спакой.

Ca здзіўленнем спыніўся я перад трохпавярховым домам, адна палавіна якога была разбурана, a ў другой жылі людзі. Гардзіны на вокнах, вазоны. У аконным праёме лесвічнай клеткі, дзе тырчалі рэшткі паламанай рамы, паказалася жанчына, павесіла на падаконнік дывановую дарожку, пачала выбіваць пыл. Мне здалося гэта дзівам. Паўдома знесена вайной, сёння, заўтра сюды можа пацэліць другая бомба, a людзі выбіваюць пыл ca сваіх рэчаў, наводзяць чысціню.

Тры дзяўчыны, расчырванелыя ад марозу, прайшлі міма. Адна штурхнула мяне плячом:

— Варону зловіш, сяржант!

Зарагаталі.

А потым школа. Я не адразу нават зразумеў, што за гоман, пакуль у будыніне на другім баку вуліцы не адчыніліся дзверы i вялікая чарада дзяцей, пераважна хлапчукоў, не высыпала на двор. Звычайныя вучні, такія ж, якім колькі год назад быў я сам. Адзін выехаў з дзвярэй на плячах у свайго сябра. Другі піхнуў дзяўчынку ў снег. Трэці падбег да мяне, смела спытаў:

— Сяржант, гільза аўтаматная ёсць?

Не, гільзы ў мяне не было.

— A вінтовачныя? — дапытваўся хлапчук. — Няма? А з чаго ты страляеш?

— З пушкі.

— З якой?

— З зенітнай.

— А-а, — расчаравана працягнуў ён, махнуў рукой i пабег даганяць сяброў.

Я пашкадаваў, што не мог даць яму якой-небудзь гільзы. Можна было б завесці гаворку i распытаць, як ён жыве тут.

На другой вуліцы я сустрэў групу англійскіх маракоў. Паважныя, амаль усе высокія, у берэтах, з люлькамі, яны нагадвалі герояў з кніжак пра марскія падарожжы, якія я любіў чытаць у маленстве. Я ўпершыню ўбачыў жывых англічан i не ўтрымаўся, каб не прайсці крыху следам за імі, услухоўваючыся ў чужую мову. Яны звярнулі на мяне ўвагу, i адзін з прыязнай усмешкай працягнуў вялікую сігару.

Чырвонаармеец з тэрмасам у руках шпарка прабег міма, абыякава прывітаўся, потым спыніўся, паклікаў мяне, даверліва паведаміў:

— Піва хочаш? У сталоўцы камбіната піва даюць.

Я пайшоў за ім. У вялікай i халоднай зале, дзе большасць вокнаў забіта дошкамі (ад бамбёжак павыляталі шыбы), за півам стаяла чалавек трыццаць мужчын i жанчын. Набраць піва ў тэрмас «другу» майму не далі, але дазволілі нам, вайскоўцам, без чаргі атрымаць па кубку гэтай гаркаватай вадкасці, якую я выпіў з вялікай асалодай, хоць раней не любіў.

Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі цывільныя — рабочыя, жанчыны, які ў ix настрой. Але нейкі стары нядобразычліва спытаў:

— Што, яшчэ хочаш? Не дамо! Нябось сто грамаў кожны дзень маеш? А я забыўся ўжо, як яна пахне, дарагая. Хоць піўка панюхаю.

Мне стала сорамна, i я хуценька выкаціўся на вуліцу. Сапраўды, дзён пяць назад нам пачалі выдаваць па сто грамаў гарэлкі — ад цынгі, як тлумачыць Спірын.

Аставалася больш за гадзіну да адыходу катэра на той бераг, i я зноў пайшоў у горад. I тут, у самым цэнтры, каля Пяці Вуглоў, мяне захапіў налёт. Раптоўна i непрыемна зараўлі з усіх бакоў сірэны паветранай трывогі. Я падумаў, што яны больш наганяюць жудасці, чым бомбы. Спачатку на пустых вуліцах зрабілася мнагалюдна. Людзі беглі, клікалі адзін аднаго. Старая жанчына крыкнула мне:

— Бяжы за мной! Сховішча там, у двары.

Але я не думаў хавацца. Мне здавалася, што зенітчыку сорамна лезці ў нейкую шчыліну. Страху перад самалётамі я даўно ўжо не адчуваў. I таму па прывычцы пачаў шукаць ix у небе, каб адначасова паглядзець збоку, як страляюць нашы. Выбухі снарадаў убачыў адразу, a самалётаў угледзець не мог.

«Няўжо разрывы так далека ад цэляў? Вось жа партачы!» — лаяў я ў думках сваіх сяброў.

Першая бомба ўпала недзе ў канцы вуліцы Сталіна, у раёне таго дома, дзе жанчына выбівала дарожку, і, напэўна, трапіла ў будынак, бо высока ўгору шугануў слуп чорнага i белага дыму. Калі бомбы падаюць на голае месца, на скалы, такога дыму не бывае. Потым выбухі пачалі грымець з усіх бакоў. Я стаяў каля газетнага кіёска, пад карнізам яго фанернага даху, i назіраў. Раптам дом насупроць мяне цераз плошчу дзіўна падскочыў, нібы хацеў узляцець, але не здолеў i цяжка грымнуўся на зямлю, так, што яна аж уздрыгнула пад маімі нагамі, i сцены павольна пачалі асядаць, распадацца ў розныя бакі. Мяне загіпнатызавала гэтая магутная сіла разбурэння, асабліва калі я ўбачыў, як разам са сцяной пачалі падаць рэчы чалавечага ўжытку — шафа, стол, ложкі…

«А можа, i людзі там?» — падумаў я, i мне зрабілася страшна, успомніліся тыя дзеці, якіх я бачыў гадзіну назад, хлапчук, якому вельмі ж спатрэбілася аўтаматная гільза. У гэты момант я ўбачыў маленькага чалавечка, які бег цераз плошчу. Не, гэта не хлапчук, гэта стары, ён нахіліўся i смешна махае рукамі, у адной з ix вялікі партфель, ён быццам заграбае ім паветра, каб хутчэй бегчы. I раптам за яго спіной бліснула кароткая ўспышка агню. Узвіхрыўся снежны пыл, побач са мной пасыпалася каменне, забарабаніла па даху кіёска. Калі пыл i дым аселі, чалавека на плошчы не было.

Нехта схапіў мяне за плечы, моцна трасануў.

— Пеця! Вар'ят! Чаму ты стаіш тут? Бяжым! Хутчэй бяжым!

Я аглянуўся, убачыў Антаніну, вельмі здзівіўся, ніяк не мог уцяміць, адкуль яна ўзялася, і, аглушаны выбухам, ашаломлены толькі што ўбачаным, паелухмяна пабег за ёй; яна цягнула мяне за руку. Не помню, як мы апынуліся за руінамі дома, на заснежаным колішнім двары, i ўскочылі ў глыбокую яму.

— О Божа! — прастагнала Антаніна. — Ледзь сэрца не выскачыла. Што ты, як слуп, застыў там, пасярод плошчы? Я ўбачыла цябе яшчэ да трывогі. Ішла за табой, хацела спыніць, ды раптам трывога. Я забегла вунь там, на тым баку, у сховішча… Склеп нейкі. Там яшчэ чалавек пяць сядзела. Адна жанчына загаласіла, што ix дом разбамбілі. Я выглянула i, верыш, ледзь не самлела: стаіш ты адзін пасярод пустой плошчы. I перад табой бомба разарвалася… Здалося, зусім блізка ад цябе…

Я не адказваў.

— I цяпер, глядзі, як сэрца калоціцца. — Яна расшпіліла верхнія гузікі свайго элегантнага, беленькага, як снег, кажушка.

Я адвярнуўся, паглядзеў у неба. Там, высока ў блакіце, прайшоў «Ю-88», акружаны чорнымі букетамі разрываў.

«Кучна хлопцы б'юць! Малайцы!» — пахваліў я на гэты раз сяброў.

Бомбы глуха бухалі недзе ў заліве. Радзелі залпы батарэй. Але я ўсё яшчэ глядзеў у неба, хоць з ямы яго было відаць нямнога, — абы не сустрэцца з яе позіркам. Яна дакранулася да маёй рукі i спытала зусім іншым голасам, чым гаварыла дагэтуль, — нясмелым, дрыготкім:

— Ты пагарджаеш мной?

«Я ненавіджу цябе», — хацеў быў адказаць я, але чамусьці не мог вымавіць гэтыя бязлітасныя словы. Змоўчаў зноў.

I яна раптам заплакала. Я разгубіўся.

— Вядома, вы ўсе такія… Калі дзяўчына прыходзіць сама, вы пачынаеце пагарджаць ёю, — праз слёзы гаварыла яна. — Вы думаеце чорт ведае што… А я таму, што люблю… цябе люблю… Аднаго цябе, дурань ты гэтакі… Мне многія пішуць пісьмы, клянуцца ў каханні… Дамагаюцца маёй узаемнасці… А я не магу… Не магу! Я хачу шчасця з табой. Што я — подлая з-за гэтага, разбэшчаная?..

— Ты зрабіла нягоднікам мяне. Ты ж ведала: у мяне жонка… Мы звязаны да смерці…

— Ах, гаротненькі! — раптам ад плачу перайшла яна на здзеклівы тон. — Яго спакусілі!.. Чысцюлька. Каб цябе сёння разнесла бомбай, твая жонка…

— Сціхні, Тоня! — закрычаў я такім голасам, што яна на паўслове прыкусіла язык, спалохана адхіснулася ад мяне.

— Мы доўга будзем сядзець тут? — спытаў я пасля хвіліны маўчання.

— Падсадзі мяне, я вылезу.

Я нахіліўся. Яна спрытна ўскочыла мне на плечы i вылезла з ямы. Потым падала руку, памагла выбрацца мне.

Навокал было ціха. Па вуліцы ішлі людзі, хоць адбою яшчэ не давалі.

Мы таксама выйшлі на вуліцу. Я раптам адчуў, што ў душы маёй няма той злосці на яе, якая была дагэтуль. Я сказаў прыязна:

— Цябе кахае цудоўны чалавек. Сеня Пясоцкі… Ты не ўяўляеш…

У адказ яна прашыпела з лютай злосцю, ажноперакасіўся ўвесь яе твар:

— Пайшоў ты к чорту са сваім Пясоцкім! Я вас ненавіджу! Усіх ненавіджу! — i шпарка пайшла ў другі бок, пакінуўшы мяне, аслупянелага, пасярод вуліцы.

Цяпер я думаю: што яна за чалавек? Адзін Сеня, магчыма, мог бы растлумачыць яе дзіўныя ўчынкі i словы. Але нельга пра гэта расказаць яму.

13 снежня

— Камандзір! Да камісара! — крыкнуў дзяжурны, адчыніўшы дзверы зямлянкі. Быў позні вечар, i я ўжо спаў. Падхапіўся. Апранаў кажушок, зашпільваўся i падпяразваўся на хаду. На сцежцы да афіцэрскай зямлянкі дагнаў амаль усіх сваіх калег — камандзіраў аддзяленняў.

— Што здарылася, хлопцы?

— Можа, зноў перадыслакацыя?

— Хопім гора ў такую сцюжу, калі так. Да металу дакрануцца нельга.

Мароз трашчаў. Але з заліва ўзнімаўся густы туман i ахутваў усё наваколле. Гэты туманны мароз — самы зябкі i непрыемны. Вартавы ў двух кажухах, ватніках i валёнках не можа пастаяць больш за паўгадзіны.

— Выклікае камісар, значыцца, нейкая палітыка.

На здзіўленне ўсім нам, дзверы зямлянкі адчыніў сам Сеўчанка i весела закамандаваў:

— Залятайце куляй! А то холаду напусціце.

Ускочыўшы разам з клубамі марознай пары ў зямлянку,

нехта пачаў дакладваць:

— Таварыш палітрук! Па вашаму загаду…

— Ша, — адказаў аднекуль з цёмнага кутка камісар. — Слухайце!

Ціха гаварыла радыё. Але голас дыктара, незвычайны, урачысты, прымусіў усіх нас адразу застыць на месцы, стаіць дыханне.

«…у папярэдніх баях, перайшлі ў наступление супроць яго ўдарных флангавых групіровак. У выніку пачатку наступления абедзве гэтыя групіроўкі разбіты i хутка адыходзяць, кідаючы тэхніку, узбраенне i несучы вялізныя страты…»

«Перамога! Перамога!» — застукала маё сэрца так моцна, што ажно балюча аддало ў скроні. Хацелася крыкнуць гэтае найлепшае слова ў свеце.

Дыктар скончыў.

Камісар дрыжачым ад хвалявання голасам спытаў:

— Зразумелі ўсё, таварышы камандзіры?

Я выгукнуў у адказ:

— Перамога! Таварышы! Сябры мае дарагія! Перамога!

I абняў Сеню, які стаяў побач, пацалаваў у шчаку. Ніхто не засмяяўся з такога выяўлення пачуццяў.

Камісар абышоў нас i кожнаму паціснуў руку:

— Віншую вас! З поўным разгромам гітлераўскіх армій пад Масквой!

A Сеўчанка сядзеў на ложку, расчырванелы, у расшпіленай гімнасцёрцы, i выказваў сваё захапленне з большым, чым звычайна, украінскім акцэнтам:

— О цэ показалы Гітлеру Маскву! А шчо, з'іў, гад паўзучы? Маскву захацеў? Не на тых напаў, смярдзючы пёс! Мы табе не таку шчэ кузькіну маты пакажэмо! Нэба табе здасца ў аўчынку. А нашы якія малайцы! А? Ей жа богу, шкадую, шчо я не там сьогодні!..

— Кожны на сваім месцы памог гэтай перамозе!..

Потым па радыё заспявалі «Свяшчэнную вайну». Віктар

Вальноў падхапіў песню, i мы ўсе разам праспявалі яе, як гімн.

— А цяпер ідзіце i раскажыце байцам!..

Ужо з парогa сваёй зямлянкі я весела закрычаў:

— Пад'ём!

Ад каманды такой адвыклі, бо паўгода нас падымае слова «Трывога!».

Муха, самы нервовы i чулы ў сне, узняў галаву i незадаволена прабурчаў:

— Што там такое?

— Перамога, хлопцы!

Адразу ўзляцелі пад столь зямлянкі кажухі, падхапіліся ўсе, нават Габаў, якога часта па трывозе мы выносілі i кідалі ў снег, каб прачнуўся.

— Якая? Дзе?..

Да позняй ночы не маглі ўціхамірыцца байцы. Выслухаўшы гэтую радасную навіну ад мяне, расказвалі яе адзін аднаму. Прыйшоў з паста Астахаў — усе разам расказвалі яму. Змяніўся Чарняк — зноў пачалі спачатку, уважліва разглядалі карту, хоць на ёй, акрамя Кліна, не было ніводнага з вызваленых гарадоў.

Пачаўся новы дзень. I хоць ён палярны, вельмі кароткі, сонца, ведаем, не пакажацца да студзеня, усё роўна здаваўся святлей за ўсе папярэднія: яго асвятляла перамога пад Масквой. Мы віталі яго…

I ў такі дзень было горка i балюча бачыць, як прыляцелі «месеры» i ў паветраным баі збілі два нашыя самалёты. Праўда, самалёты не нашы — англійскія «харыкейны», але лётчыкі на ix нашы. Адзін выскачыў з парашутам, але — перадалі нам з НП — прызямліўся мёртвы: фашысцкі звяруга застрэліў яго ў паветры. Ух, каты! Мы радаваліся, калі паўмесяца назад над горадам пачалі баражыраваць «харыкейны» — падмога! Але радасць наша тухне. Часта ix збіваюць. Хто-ніхто спрабуе гэта вытлумачыць тым, што нашы лётчыкі не ўправіліся асвоіць чужую тэхніку. А па-мойму, глупства! Не падабаюцца ўсім нам гэтыя машыны з доўгімі i чорнымі, як дамавіны, фюзеляжамі. Вельмі ж яны нейкія нязграбныя, непаваротлівыя i цяжкія, асабліва калі бачыш ix побач з нашымі срэбракрылымі «мігамі», з якімі фашысты нават баяцца ўступаць у бой.

Сёння ўзнялася тройка ix на дапамогу «харыкейнам», i адразу нашы сувязісты пачулі па радыё:

— Ахтунг! Ахтунг! Сафоноф ін дэр люфт!..[8]

I «месеры» зніклі. Вось нагнаў ім страху Сафонаў!

1942

12 студзеня

Снежная пустыня… Цішыня. Такая цішыня, што робіцца жудасна; мімаволі часам пачынаеш гаварыць шэптам, а то раптам хочацца закрычаць так, каб пачулі за сотні, за тысячы кіламетраў — там, дзе людзі, дзе вайна i жыццё.

Я ўглядаюся ў гэтую снежную роўнядзь, белую-белую, ажно балюча вачам. Не, не заўсёды яна белая, часта здаецца мне крывава-барвовай, быццам на ёй застылі ўспышкі тых агнёў, якіх так многа было там, у Мурманску. Можа, гэта ад неба: тут ужо на якую гадзіну паказваецца сонца, i калі яно ўсходзіць ці заходзіць, неба гарыць рознакаляровымі агнямі. Мне належыць глядзець у неба, ці не ляцяць варожыя самалёты. А я не магу адарваць вачэй ад снежнай гладзі возера, напружана ўзіраюся ў далёкі-далёкі, зацягнуты блакітнай смугой супрацьлеглы бераг…

Мае новыя падначаленыя глядзяць на мяне як на хворага, псіхічна ненармальнага. Не дакучаюць лішнімі размовамі i стараюцца, каб я як мага радзей станавіўся на варту. А мне хочацца стаяць аднаму, каб ніхто не перашкаджаў думаць, перажываць, уяўляць… Часта я забываю, дзе я, што са мной, i бачу Сеню… Ён лажыцца сярод снежнага поля адзін, курчыцца ад болю, ад холаду, кліча на дапамогу… А навокал пуста. Не, ён сядзіць, заплюшчыўшы вочы, засынае… А снег пачынае варушыцца, узнімацца хвалямі, як мора ў буру, i залівае, засыпае яго, набіваецца ў вушы, у рот, за каўнер, у рукавы… Я кідаюся яму на дапамогу… I адзін раз кінуўся так, што ледзь не зваліўся з абрывістай скалы ў возера. А тут метраў дзесяць вышыні. Гэта, відаць, бачыў нехта з маіх байцоў.

А то часам са снежнай пены выплывае нахабная морда Кідалы. Ён усміхаецца. Ён можа спакойна мыліцца i ўсміхацца пасля таго, як забіў… забіў (у мяне няма іншага елова) Сеню! Я таўку яго морду кулакамі, прыкладам вінтоукі, таўку ў думках… А можа, i не толькі ў думках. Здаецца, аднойчы я сапраўды замахнуўся прыкладам на прывід яго.

Магчыма, i гэта бачыў нехта з маіх падначаленых ці чуў, як я кагосьці страшэнна лаю…

Цяжка мяне ўразіла смерць Сені Пясоцкага. Вельмі цяжка. Каб ён загінуў у баі, ад бомбы, ад кулі, а то такая недарэчная, пакутлівая смерць!

Толькі ўчора я здолеў расказаць болыи-менш падрабязна гэтую сумную гісторыю сваім гіаважным дзядзькам. Тады яны зразумелі дзівоты свайго камандзіра i пачалі глядзець на мяне іншымі вачамі. Можа, ад таго, што я выліў усё з сябе, а можа, ад спагады гэтых сталых людзей зрабілася неяк лягчэй на душы. Я нават спаў мінулую ноч без кашмарных сноў. I, здаецца, магу нарэшце паслядоўна i параўнаўча спакойна запісаць усе падзеі ў свой дзённік.

Камандзір узвода кіравання Сцяпан Кідала сабраўся праверыць НП. Метэаслужба прадказвала нялётнае надвор'е, i камісар вырашыў паслаць з узводным Сеню Пясоцкага. Яго нядаўна выбралі камсоргам, i Лазебнаму хацелася, каб ён, новы камсорг, асабіста наведаў камсамольцаў на назіральных пунктах, расказаў ім пра разгром немцаў пад Масквой, сабраў членскія ўзносы, з лепшымі пагутарыў аб прыёме ў партыю, — такую важную справу ён мог даверыць толькі Сеню.

Раніцой, яшчэ прыцемкам, яны выйшлі: да бліжэйшага НП было кіламетраў пятнаццаць нялёгкага горнага пераходу. А пасля абеду вярнууся са свайго звычайнага абходу па другіх зямлянках Ханон Фрыд i сумна паведаміў:

— Камандзір, замёрз сяржант Пясоцкі.

— Што значыцца — замёрз? — спытаў, здаецца, Муха, не я.

— Зусім. Насмерць.

Я ўскочыў з нараў, схапіў пранырлівага яўрэя загрудкі.

— Ты што вярзеш? Калі? Дзе?

— Толькі што пазванілі з НП.

Я кінуўся ў зямлянку камісара i камбата, але там ix не было. Я знайшоў ix у будцы сувязі, каля тэлефонаў. Забыўся на ўсялякую субардынацыю, з дзвярэй крыкнуў:

— Што з Пясоцкім?

Сеўчанка выплюнуў пад ногі недакурак, цяжка ўздыхнуў:

— Эх, Пясоцкі, Пясоцкі!..

Тады я зразумеў — тое, што сказаў Фрыд, праўда. Хвіліну стаяў, аглушаны горам, потым упёрся лбом у драўляную сцяну i… заплакаў.

Сеня! Дарагі Сеня! Мой друг! Разумная, светлая галава!.. Як жэ я буду жыць i ваяваць без цябе?

Як з глыбіні нейкай дайшлі да мяне словы камбата. Не ведаю, расказваў ён мне ці каму іншаму, можа, камісару:

— Яны мала што не дайшлі да НП. Кідала кажа, кіламетры тры-чатыры. Але Пясоцкі зусім выбіўся з сіл i не мог далей ісці. Кідала прапанаваў яму пасядзець, адпачыць… а сам пабег на НП, каб вярнуцца ўдвух ці ўтрох i забраць яго. Кажа, вярнуўся праз гадзіну, не больш… I знайшоў яго мёртвым…

— Хлусіць ён! Хлусіць, сволач, Кідала гэты! — раптам вырвалася ў мяне. — Ён знарок… знарок пакінуў Сеню!.. Ён не любіў яго… Помсціў… Не веру я, што ён вярнуўся праз гадзіну! Не можа чалавек за гадзіну замерзнуць. Не такі мароз.

— Супакойся, Шапятовіч! — сказаў камісар. — Усё высветлім, i калі хто вінаваты…

Лёгка сказаць — супакойся, калі так недарэчна i страшна загінуў твой лепшы друг, дарагі чалавек. Я хадзіў сам не свой. Плакаў, не саромеючыся перад байцамі сваіх слёз. Не мог заснуць уначы — заплюшчваў вочы i бачыў адну i тую ж карціну: Сеня адзін на схіле голай заснежанай сопкі, вецер узнімае пазёмку, снег засыпае вочы, мацнее мароз, забіраецца пад кажух, я бачу яго, мароз, як жывую істоту, пачварную i бязлітасную. Не, вінаваты не мароз! Я ведаю, хто вінаваты! Я перакананы… Фрыд расказаў: сувязісты шэпчуцца паміж сабой, што камандзір узвода спачатку паабедаў на НП, потым пайшоў з разведчыкамі па Пясоцкага.

«Усё высветлім, i калі хто вінаваты…» Як яго пакараюць? Разжалуюць, пашлюць у штрафны батальён? А Сені няма. Залатога чалавека. Няўжо няма? Няўжо ніколі не загучыць больш яго ціхі, заўсёды далікатны смех, не заіскрацца розумам яго ясныя вочы? I маці, яго гаротная маці, ніколі не дачакаецца свайго адзінага сына?.. Ён не паспеў нават сказаць ніводнага ласкавага слова той, якую пакахаў сваім шчырым юначым сэрцам, хоць яна i не варта яго кахання…

Часам мне здавалася, што ўсё гэта толькі сон, жудасны сон. Я ўсхопліваўся бегчы ў зямлянку дальнамершчыкаў, разбудзіць яго, Сеню, i расказаць пра ўвесь гэты кашмар. Свіст ветру за дзвярамі, хлопание чахла на гармаце вярталі мяне да рэчаіснасці.

На другі дзень вярнуўся Кідала. Як толькі я даведаўся пра гэта, адразу пайшоў да яго без стуку адчыніў дзверы зямлянкі, у якой жылі камандзіры ўзводаў i старшына батарэі, i застыў на парозе, уражаны да неймавернасці. Чалавек, на сумленні якога смерць Сені, сядзеў у адной сподняй кашулі за сталом i намыльваў сваю фізіяномію; рабіў гэта ён спакойна i старанна, быццам у цэлым свеце не было нічога важней за яго бараду.

— Дзвярэй чаму не зачыняеш? — кінуў ён мне, не адрываючы вачэй ад люстэрка.

Я прычыніў дзверы, але ўсё яшчэ стаяў анямелы, не ведаючы, што яму сказаць.

Кладучы памазок i беручы брытву, ён глянуў на мяне, уздыхнуў:

— Але, брат, слабец аказаўся твой друг. Мамчын сынок. Не мог дайсці да НП, астаўся гадзіну на марозе i гатовы… Вайна, брат…

Такі цынізм — гэта занадта. Я рвануўся да стала.

— Ты… ты яшчэ абражаеш?.. Гад! Забойца! Гэта ты… ты забіў яго!

Ён павольна падняўся, распрастаў плечы, у прарэзе кашулі былі відаць магутныя валасатыя грудзі, па якіх сплываў шматок мыльнай пены.

— Ты чаму крычыш! На каго крычыш! Кру-гом! Шагам…

— Шагам!.. Ты яшчэ хочаш камандаваць! Хіба ты камандзір?! Ты — забойца! Ты запляміў гонар камандзіра Чырвонай Арміі! Ты знарок кінуў Сеню!.. Ты помсціў!.. За гадзіннік, за ўсё… I я ўсё гэта дакажу… На любым трыбунале!

— Сяржант Шапятовіч, я загадваю вам выйсці прэч адгэтуль, — прашаптаў ён, i лоб яго стаў белы, як пена на шчоках.

— Загадваеш? А якое права ты маеш загадваць? Хто ты? Забойца ты! На тваіх руках кроў чалавека. Сапраўднага чалавека. А ты!..

— Выйдзі прэч! — закрычаў ён не сваім голасам, кінуўся ўбок, да ложка, і… раптам у руцэ яго бліснуў пісталет. Ён накіраваў яго на мяне.

— Кру-гом!

— Страляй! Страляй, калі табе мала адной смерці! Страляй жа! — закрычаў я, наступаючы на яго. I раптам пад ногі мне трапіла табурэтка, што стаяла каля стала. Miг — i з усяго размаху стукнуў я табурэткай па руцэ, якая трымала зброю. Пісталет адляцеў, ляпнуўся аб падлогу. Другі ўдар — па ненавісным намыленым твары… Ён перакуліў на мяне столік, балюча ўдарыў па каленях, але сам, калі нахіліўся, атрымаў трэці ўдар табурэткай па галаве.

Немаведама чым бы ўсё гэта скончылася, каб раптам нехта ззаду не схапіў мяне за рукі. Малашкін — ён пачуў крык — ускочыў i кагосьці з нас ратаваў ад смерці, відаць, мяне, бо, калі камандзір узвода выпіхваў мяне за дзверы, я ўбачыў, што той гад, які ўпаў быў на падлогу, але, напэўна, не ад удару, a наўмысна, зноў трымаў пісталет. З рота i носа яго ляцела шмаццё крывавай пены, як у шалёнага параненага быка, падала на разбітае люстэрка. Але стрэліць ён не паспеў. Паміж намі стаў Малашкін i даволі спрытна выкінуў мяне з зямлянкі.

Гадзіну ці больш я бяздумна сядзеў каля сваёй гарматы, i ніхто мяне не чапаў. Я не адчуваў ні марозу, ні страху, ні нават тых болю i гора, якія павялі мяне да Кідалы, кіравалі маімі ўчынкамі. Я не раскайваўся ў тым, што зрабіў. Але неасэнсаванае ўсведамленне, што зрабіў нешта не так ці, магчыма, не адпомсціў да канца за смерць Сені i цяпер як бы адрэзаў сабе шлях, прычыніла іншы боль. Хацелася плакаць ад бяссільнай злосці i крыўды. Байцы праходзілі пауз мяне, спачувальна ўздыхалі, даведаўшыся, што адбылося. Адзін Астахаў сказаў:

— Дарэмна ты, камандзір, чапаў гэтае г… Цяпер яны ЧП зробяць. Сяржант падняў руку на малодшага лейтэнанта!

Ведает, як могуць раздзьмуць?

— Чорт з ім, няхай робяць што хочуць. Мне ўсё роўна, — адмахнуўся я. Не хацелася ні з кім гаварыць, нават з гэтым добрым i разумным Астахавым.

Падышоў Малашкін, а я ўсё сядзеў. Ён пастаяў каля мяне, можа, хвіліну, як бы не адважваючыся выказаць тое, што яму загадалі. Сказаў ціха:

— Устаньце!

Я падняўся. Ён сам, пазбягаючы глядзець мне ў твар, у вочы, расперазаў мой рэмень. Я зразумеў — бяруць пад арышт. Кал я катлавана стаяў разведчык з вінтоўкай.

— Завядзіце на КП дывізіёна i здайце начальніку каравула, — сказаў яму малодшы лейтэнант.

Выйшлі з зямлянкі мае байцы.

— Бывайце, хлопцы, — паспрабаваў я бадзёра ўсміхнуцца, але ўсмешка, відаць, не ўдалася.

У Чарняка ў вачах бліснулі слёзы. Ад гэтых слёз i ў мяне ў горле стала горка-салёна.

— Пайшлі,— сказаў я канвойнаму i хутка закрочыў па пазіцыі. I тут убачыў, што не толькі мой разлік, але i ўсе іншыя, уся батарэя праводзіць мяне спачувальнымі позіркамі. I мне захацелася таксама неяк развітацца з батарэйцамі, сказаць нешта, каб яны зразумелі, што я не адчуваю сябе вінаватым.

Каля бусоля на сваім звыклым месцы стаяў Лёша, панурыўшы галаву, перажоўваючы ягель. Я падышоў, абняў яго за цёплую шыю, пацалаваў у халодныя ноздры. Сказаў голасна:

— Будзь здароў, друг Лёша! Не гаруй! Нічога, не прападзём! А буду жывы, няхай гэты падлюга не трапляе на маім шляху. Так i перадайце яму!

Алень кіўнуў галавой i фыркнуў.

— Шапятовіч! Што гэта за камедыя? — пачуўся голас камандзіра батарэі. Я павярнуўся. Ён ішоў ад дальнамера. Я апусціў рук i i адказаў сур'ёзна:

— Гэта не камедыя, таварыш старшы лейтэнант, а трагедия. Калі свой забівае свайго…

Ён надышоў на два крокі, пільна заглянуў мне ў вочы, уздыхнуў:

— Эх, Шапятовіч, Шапятовіч, — i махнуў рукой, кінуўшы зласліва: — Анархіст ты i… дурань!

Я зразумеў, што ён таксама перажывае, i, можа, таму мне стала крышку лягчэй. Алененадоўга. Натраўлерыперапраўлялася многа народу — ваенныя i цывільныя. I я прыкмеціў, што многія глядзяць на мяне, як на злачынца — дэзерціра якога-небудзь ці здрадніка… Нават абыходзяць бокам, быццам я заразны. О, як гэта было крыўдна i балюча! Я ледзь трымаўся, каб не крыкнуць, што я не злачынца i няхай яны не глядзяць на мяне гэтак. Выручыў нейкі матрос — дзякуй яму! — спытаў:

— Завошта, братуха, уліп?

Я не мог адказаць, бо адчуваў — скажу адно слова — i пырснуць слёзы.

Адказаў мой канваір:

— Малодшага лейтэнанта ўдарыў.

— А-а!.. Відаць, было за што. Сярод ix розныя ёсць… — пачаў разважаць гаманкі матрос, але ўгледзеў непадалёк капітан-лейтэнанта i адразу знік.

Аднак пасля гэтай кароткай размовы на мяне перасталі глядзець як на злачынца. A ў позірку адной немаладой жанчыны я злавіў нават спачуванне. Але яна, гэтая жанчына, раптам чамусьці напомніла мне… пра дзённік. Я забыўся свой дзённік! I цяпер, безумоўна, яго возьмуць, будуць чытаць, ён пойдзе па руках… Мяне ажно кінула ў гарачку ад гэтай думкі. Асабліва здалося ганебным, што ўсе могуць даведацца пра мае адносіны з Антанінай, пра яе ўчынак. Было адчуванне, што ў такі час, калі хацелася захаваць душэўную чысціню, я раблю подласць. А можа, Тоня сапраўды пакахала? A калі i не, усё роўна я не маю права — не маю! — крычаць пра гэта на ўвесь дывізіён, бо гэта подла, нізка, не па-мужчынску. А даць дзённік у чужыя рукі — значыцца, закрычаць менавіта так, на ўвесь голас, бессаромна, цынічна, даць падставу для самых брудных плётак… Навошта я пісаў гэты дурацкі дзённік? «Дурацкі»? Хто сказаў так? Сеня, друг… Разумны, слаўны, прадбачлівы чалавек. Няўжо прауда, што цябе няма жывога, што я ніколі не ўбачу цябе?

Гора, прыступ шалёнай злосці пры ўспаміне аб тым, хто вінаваты ў яго смерці, i зноў трывога за дзённік. Яна расла з кожным крокам да штаба. Сто разоў я намерваўся папрасіць канваіра: няхай перадасць Астахаву, каб той схаваў мой сшытак (ён ведае, які сшытак) i нікому ні ў якім разе не аддаваў яго. Астахаву я верыў. Але канваір — чалавек з узвода Кідалы, — перш чым сказаць Астахаву, можа расказаць каму не трэба, i тады ўжо напэўна дзённік трапіць у чужыя рукі, чаго добрага, яшчэ самому гаду таму.

Усе гэтыя перажыванні давялі мяне да ліхаманкавага стану. I калі я апынуўся на гаўптвахце — у камеры-сушылцы, дзе пахла цэглай, вугалем i дымам, які ўеўся ў кожную пору закурадымленых сцен, — мае «сябры па няшчасці» хутка заўважылі, што мяне калоціць.

— Ды ты, сяржант, хворы. Трэба ўрача паклікаць.

Я схапіўся за гэтую думку: можа здарыцца, што прыйдзе Антаніна, i я скажу ёй пра дзённік, няхай уратуе яго, бо там яе жаночы гонар.

Сапраўды прыйшла яна. Убачыла мяне — здзівілася i засмуцілася нават.

— Як ты трапіў сюды?

— О, ваенфельчар не ведае, як трапляюць сюды! — выскаліў зубы адзін з арыштаваных.

— Божа мой, i ўвесь гарыш! Табе ў санчасці трэба быць, а не тут! Што здарылася?

Паставіла градуснік. Я нахіліўся да яе, даверліва прашаптаў:

— Тоня, я набіў морду Кідалу. За смерць Пясоцкага. Мяне могуць судзіць. А там астаўся мой дзённік. У ім шмат што запісана. Ты разумееш? Перадай як-небудзь Астахаву, каб ён схаваў i нікому не аддаваў… Астахаву можна даверыць.

Тэрмометр паказваў трыццаць дзевяць градусаў, i Тоня дамаглася, каб мяне перавялі ў санчасць, у тую ж палату, дзе я ляжаў раней. Мне здалося, што яна зрабіла гэта знарок. Непрыемна было ў такі час, побач з думкамі пра Сеню, прыгадваць тое, што здарылася тады. Але ранейшай непрымірымасці не было, бо само сабой атрымлівалася неяк так, што цяпер, калі не стала Сені, яна, па сутнасці, адзіны чалавек, якому можна даверыць шмат што з таго, чаго нельга даверыць іншым.

На другі дзень Антаніна прынесла мой дзённік.

— Вось. Астахаў перадаў яго мне. Сказаў, што яму цяжка хаваць — вельмі цікуе Муха, раззваніў на ўсю батарэю…

Яна села побач на табурэце, закрыўшы мяне ад суседзяў па палаце, правярала пульс, мерала тэмпературу i гаварыла шэптам. Выгляд у яе быў стомлены i засмучаны.

— Начальнік штаба патрабуе аддаць цябе пад суд. Кажа, нельга дараваць, калі малодшы чын падымае руку на старэйшага…

— A калі праз гэтага старэйшага чына гіне чалавек, гэта можна дараваць? Так? — абурыўся я.

— А чаму ты крычыш на мяне? Людзі кажуць, што ты дурань. Знайшоў спосаб. I я згодна… Сеўчанка i Лазебны лаюць цябе, але — я адчула — будуць абараняць. 1 м шкада цябе.

Я змоўк, расчулены яе словамі. Мне таксама зрабілася шкада сябе. Я папрасіў, каб яна пакуль што схавала дзённік і, калі што здарыцца, паслала па адрасе, які напісаны на многіх старонках сшытка.

— Толькі не чапай нічога.

Яна паглядзела на мяне са здзіўленнем, відаць, не зразумеўшы, што там можна чапаць. Я растлумачыў:

— Там дрэнна напісана пра цябе.

Яна ўспыхнула ўся, сарамліва апусціла вочы:

— Я ведаю.

— Ты чытала?

— Не. Я ведаю, што ты не мог напісаць пра мяне добра. Ты ўсё яшчэ ненавідзіш мяне?

Я не адказаў. Нянавісці ў сваім сэрцы я не адчуваў больш, але не мог прызнацца ў гэтым ёй i нават баяўся прызнацца сам сабе. Мне здавалася, што прыязнае стаўленне да яе — абраза для Сашы. I ў той жа час абставіны, бязлітасныя абставіны вымушалі мне даверыць ёй самае запаветнае, што давяраюць толькі добраму другу.

Дні праз два, калі я адчуў сябе лепш, мяне выклікаў камандзір дывізіёна — капітан Купанаў, былы камандзір нашай вучэбнай батарэі. Мяне ўсцешыла, што далі рэмень. I я ішоў на КП адзін, без канваіра, вольны i пры поўнай форме. Але ўсё роўна недалёкая дарога гэтая была для мяне нялёгкай. Чым бліжэй падыходзіў да КГІ, тым больш цяжэлі ногі, i, урэшце, мая хада стала нагадваць той кашмарны сон, калі хочаш ісці, энергічна падымаеш ногі, робіш крокі i заўважаеш, што не можаш скрануцца з месца. Апанаваў страх. Што скажа мне гэты маленькі чалавек, якога мы празвалі Напалеонам? Што я адкажу яму? У галаве ніводнай думкі. Здавалася, лягчэй было б стаць перад дзесяццю самымі суровым! суддзямі, чым перад адным капітанам. Я паважаў яго i баяўся. Просты, гаваркі Сеўчанка ніколі не выклікаў у мяне такіх пачуццяў: я паважаў яго не менш, але не баяўся нават тады, калі ён злаваўся i моцна «прапясочваў» за што-небудзь. Да яго я пайшоў бы з радасцю, гатовы выслухаць самы суровы прысуд.

Купанаў, усё такі ж стройны, перацягнуты партупеяй, хутка падняўся, калі я, атрымаўшы дазвол, зайшоў i пачаў дакладваць. Ён выслухаў, што з'явіўся па яго загаду, і… маўчаў. Стаяў насупраць за планшэтным сталом, пільна ўглядаўся ў мой твар, быццам хацеў пазнаць ці, наадварот, убачыў упершыню i хацеў назаўсёды запомніць. Натуральна, што я не вытрымаў яго позірку, апусціў вочы i адчуў, што мне душна, на лбе, на шыі, на спіне выступае пот, ды такі едкі, што засвярбела ўсё цела. Але я не мог паварушыцца. Скоўвала думка — адзіная, якая свідравала мозг: калі ён паглядзіць гэтак моўчкі яшчэ хвіліну, я не вытрымаю, мне стане млосна.

Але ўрэшце капітан сказаў:

— Я вас слухаю, сяржант Шапятовіч.

I тады я ўстрапянуўся, «прарваўся», як кажуць: ступіў крок бліжэй, загаварыў так шпарка, быццам баяўся, што не здолею выказаць усяго за той час, які мне адпушчаны лесам i камандзірам:

— Таварыш капітан! Я быў упэўнены i цяпер упэўнены, што ён… ён, Кідала… знарок кінуў Сеню… Пясоцкага. Я ведаю гэтага чалавека, я вучыўся з ім… У тэхнікуме i тут, у арміі. Ён ненавідзеў Пясоцкага. Завошта — я не ведаю… Помніце, у пачатку вайны?.. Кідала выдумаў тады, што Пясоцкі паражэнец. А потым гэтая гісторыя з гадзіннікам… Калі мы затрымалі нямецкага лётчыка, ён хацеў забраць у яго гадзіннік. А Сеня сказаў, што гэта марадзёрства! I вось ён адпомсціў яму. Як адпомсціў! Забойца!

— Гаварыце спакойна! — кінуў Купанаў.

Але мне сапраўды ўжо было ўсё роўна, што зробяць са мной.

— А я не магу гаварыць спакойна! Вы можаце паслаць мяне ў штрафную, куды хочаце. Але калі я зноў сустрэну гэтага тыпа, няхай ён хоць генералам стане, я не толькі расквашу яму морду, я…

— Даволі! — перапыніў капітан, ляпнуўшы далоняй па стале.

Я змоўк — яму нельга было не падпарадкавацца. Зноў з'явілася трывога: што ён вырашыць, чаму так доўга думае? I раптам ён сказаў, як заўсёды, коратка, афіцыйна, па-вайсковаму:

— Пойдзеце ў батальён ВНОС[9]! Сёння ж адбыць! Дакументы вазьміце ў памначштаба лейтэнанта Мураўёва. Можаце ісці!

Замест таго каб адказаць, што патрэбна па статуту, я зноў «сарваўся»:

— А ён… ён не панясе ніякай кары? Кідала?..

Я ўбачыў, як уздрыгнулі, узляцелі на лоб белыя бровы камандзіра дывізіёна. Здзівіўся ён, расчараваўся ці ўгневаўся? Я асекся.

— Можаце ісці! — паўтарыў ён ціха, але з такім націскам, з такой сілай, што мне адразу ўспомнілася ўсё, чаму ён некалі вучыў нас. Я выскачыў з душнай зямлянкі, прагна глытнуў марознае паветра. I тут асэнсаваў яго словы: «Пойдзеце ў батальён ВНОС». Чаму ў гэты батальён, не разумею i цяпер. Але тады я зразумеў, што ўратаваны ад нечага страшнага i ганебнага, што знайшліся людзі, якія зразумелі мой душэўны стан, калі я схапіў табурэтку. Упершыню за тыя чорныя дні я ўбачыў дзень, палярны, хмурны, але ён здаўся мне цудоўным. Я ўбачыў белы снег, без водбліскаў агню, сіні заліў, няскораны горад — i ўзрадаваўся жыццю. Толькі вылаяў сябе, што не падзякаваў Купанаву i нават не развітаўся па-людску. Свінтус!

Атрымаўшы належныя дакументы i свой ранец з небагатым салдацкім набыткам, я пайшоў у санчасць, каб забраць у Антаніны дзённік. Помню, ідучы, я пашкадаваў, што аддаў яго. Панікёр! Але няхай яна зразумее, што я ратаваў яе гонар.

Яна не выявіла асаблівых пачуццяў, даведаўшыся, што я ад'язджаю, — ні смутку, нічога іншага. I нічога асаблівага мы не сказалі адно аднаму, словы былі нязначныя. Па дзённік яна некуды хадзіла, прынесла яго, акуратна загорнуты ў марлю i цыратку. Выйшла з барака ў адным халаце, каб правесці мяне. I на двары сказала:

— Мне перадалі яго пісьмы. Тры пісьмы. Ён пісаў мне i насіў з сабой у кішэні…

— Сеня? Дай мне.

Яна пакруціла галавой.

— Не. Я нікому не дам ix. Я прачытала, i нешта быццам парвалася ў мяне тут, — яна паказала на грудзі.— Я хаджу сама не свая…

— Дай мне гэтыя пісьмы, — зноў папрасіў я. — Навошта яны табе? Ты не кахала яго…

— Не кахала, — сумна паўтарыла яна. — Але пісем я табе не дам… А можа… можа, я стану лепшай, калі яны будуць пры мне?..

Яна сказала гэта такім гол асам, што я пашкадаваў яе i адчуў: хвіліна развітання для мяне робіцца сумнай. Больш не было слоў, якія я мог сказаць. Папрасіў, каб яна перадала прывітанне «маім хлопцам».

— Асабліва Астахаву i Чарняку. A Сеўчанку i Лазебнаму скажы дзякуй. Ніколі не забуду ix.

Яна спытала:

— Ты напішаш мне?

— Не ведаю, — адказаў я шчыра, бо сапраўды не ведаў, ці будзе ў мяне жаданне пісаць ёй.

Развіталіся кароткім поціскам рук.

Люты

Я не стаўлю нават даты. Дні так падобныя адзін на адзін, што адрозніваюцца хіба толькі тым, што бываюць ясный, калі з-за далёкай грады лясістых сопак вылазіць ненатуральна жоўтае халоднае сонца — гадзіны на дзве-тры, a ўначы калышуцца ў небе дзіўныя палотнішчы палярнага ззяння, i бываюць дні завірушныя. Аношніх у гэтым месяцы больш. Снег пачынае падаць зверху, узнімаецца знізу, i ўвесь свет засцілае снежная каламуць. Сціраецца мяжа паміж днём i ноччу, паміж сапраўдным i ўяўным. Снег i снег. Павярнуўшыся, не ведаеш, куды ісці, дзе ўсход, дзе захад, дзе зямлянка, дзе абрыў у возера. Становячыся на варту, абвязваем сябе доўгай вяроўкай, другі канец якой моцна прывязаны за жалезную скабу, забітую ў сцяну нашай бярвенчатай будыніны. I вартавому ў такія ночы прыходзіцца час ад часу падымаць усіх, каб прачысціць тунелепадобны праход ад дзвярэй на пляцоўку i скінуць снег з даху, з коміна, бо прапусці гадзіну-другую — i мы будзем пахаваны жывымі, не здолеем ні адчыніць дзвярэй, ні выбрацца праз акно.

Хаціна, у якой мы жывём, пабудавана ў дзіўным месцы — у цясніне паміж скаламі. Цясніна, расшыраючыся, паката спускаецца да берага азёрнай бухты. Гэта адзіны выхад на шырокі прастор, «вароты ў свет». Праўда, цяпер, калі намяло гурбы снегу, з даху можна ўзабрацца па левай круцізне ўверх i адтуль лёгка спусціцца ў лясную даліну, што ляжыць на ўсходзе ад нас. На правы выступ скалы ўзысці лягчэй — прырода як бы збудавала штучныя ўсходцы, якія мы таксама акуратна чысцім, бо там, на вяршыні гэтай скалы, наш назіральны пункт. Там стаіць вартавы i сочыць за небам. З іншых трох бакоў скала строма абрываецца ў возера. Вузкае i даўгое, як амаль усе азёры Поўначы, яно цягнецца на паўночны захад так далека, што супрацьлеглы бераг яго вырысоўваецца толькі ў ясныя раніцы. Калі ўсходзіць сонца, возера слепіць сваёй белізной. Не, не белізной — блакітнай іскрыстасцю. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Цяпер ён заўсёды то ружовы, то блакітны, то сіні, то нават жоўты.

Пост наш — самы далёкі. Ад Кандалакшы, дзе знаходзіцца штаб батальёна, трэба ехаць цягніком на захад, да маленькага ляснога паўстанка, каля якога размешчаны нейкія прыфрантавыя тылы. Ад гэтага паўстанка, з якім мы маем тэлефонную сувязь, трэба ісці на лыжах кіламетраў пятнаццаць на поўнач.

Успамінаю размову з камандзірам батальёна. Я прыехаў не адзін, нас было пяцёра з дывізіёна, але астатнія разведчыкі. Яны ведалі, што едуць на пасаду камандзіраў пастоў, бо батальён толькі фарміраваўся. Я не разумеў, калі даведаўся пра ўсё гэта (ды i дагэтуль не разумею!), чаму Купанаў паслаў сюды мяне, агневіка. Хацеў схаваць ад трыбунала? Ці баяўся, што, калі астануся ў дывізіёне, няхай i на іншай батарэі, непазбежна сустрэнуся з Кідалам, i тады можа быць яшчэ большае ЧП. А магло здарыцца! Нам лепш не сустракацца, бо я ніколі не дарую яму смерці Сені.

Маёр Жураўлёў, худы i стомлены (потым я даведаўся, што ён прыехаў з блакаднага Ленінграда), няўважліва разглядаў нашы дакументы. Але калі чарга дайшла да мяне, зацікаўлена ўзняў вочы.

— А-а, гэта ты? Купанаў расказваў мне… Што ж ты сваіх б'еш?

— Сярод сваіх таксама трапляюць… — Я не мог знайсці ёмкага i трапнага вызначэння i запнуўся.

— Якіх варта біць? — усміхнуўся маёр i тут жа цяжка ўздыхнуў: — Бывае.

Я адразу адчуў сімпатыю да гэтага чалавека — люблю людзей разумных i простых, не фармалістаў.

— Пойдзеш камандзірам дзевятага, — сказаў мне тады маёр Жураўлёў.— Але май на ўвазе — самы адказны пост. Самы далёкі i самы блізкі ад фронту. Там трэба вуха трымаць востра. Глядзець не толькі за небам, але i за зямлёй. Часам праз лінію фронту прарываюцца лыжнікі. A фіны, ведаеш, якія лыжнікі? A лінія фронту тут — чорт яе суцэльную ўтрымае на гэтай забытай Богам зямлі. Тут улетку ні прайсці ні праехаць… Людзей у вас будзе мала, пакуль што ўсяго тры чалавекі там, вы чацвёрты. Несці дзяжурства прыйдзецца ўсім. Людзі своеасаблівыя. Да кожнага трэба падабраць ключык.

I вось, калі я пражыў паўтара месяца з гэтымі «своеасаблівымі людзьмі», ключыкі знайшліся самі сабой. Ці больш правільна сказаць, ніякія ключыкі не спатрэбіліся. Можа, я дрэнны камандзір, «ліберал», як лаяў мяне Малашкін, але i з новымі сваімі падначаленымі, калі крыху апомніўся i праўсё расказаў ім, хутка здружыўся. I служба ў нас ідзе без усялякіх непаразуменняў: кожны ведае сваё месца, свае абавязкі i ўсе дакладна, безспрэчак, выконваюць маеняхітрыязагады.

A людзі сапраўды своеасаблівыя. Двое з ix старэйшыя за майго бацьку — Фядос Яфрэмавіч Сушылаў i Алампі Маркавіч Самародаў. Апошні мне здаўся зусім старым чалавекам (пасля я даведаўся, што ён гады на тры маладзей за Сушылава), i неяк мімаволі з першых дзён я пачаў называць яго «дзядзька Алампі». Так гэта i замацавалася за ім. I стары Сушылаў i малады насмешнік Платон Чуб звяртаюцца да яго цяпер толькі гэтак. Дзядзька Алампі — калгаснік з нейкага глухога раёна Кіраўскай вобласці, чалавек малапісьменны, ціхі, i дзіўна: селянін, бацька вялікай сям'і, a нейкі няўмелы, як дзіця, не прыстасаваны да розных жыццёвых умоў. У яго сямёра дзяцей, два старэйшыя сыны на фронце. I, здаецца, няма ў яго ніякіх іншых думак, акрамя думкі пра сваіх дзяцей.

Садзімся абедаць — ён употай хрысціцца, уздыхае:

— Дзе там мае сыночкі-галубочкі?..

Есць ён ашчадна, заўсёды так, быццам яму сорамна, што можа з'есці многа i смачна. Аднойчы ён выказаў гэта:

— А што там мае дзеткі ядуць? Не густа ў ix…

А то я прыкмеціў, што ён не спажывае свае порцыі цукру, а складае драбкі ў рэчавы мяшок.

— Навошта гэта вы, дзядзька Алампі?

Збянтэжыўся, замаргаў вачамі, укінуў адзін драбочак у

рот, пачаў тлумачыць наіўна, як малы:

— Дачушка мая, Танечка, вельмі любіць цукар. Бывала, іду ў краму — заўсёды просіць…

— Але калі гэта вы прыедзеце да яе!

Напамінак пра тое, што не скора ён пабачыць сваіх дзяцей, вельмі ўсхваляваў старога, доўга ён не мог супакоіцца. Дарэчы, пра цукар, які ён адкладваў. Дні чатыры гуляла завіруха, i мы не маглі выбрацца па прадукты. Скончыуся хлеб, цукар, елі адно мяса. Абрыдла. Платон Чуб не прасіу — запатрабаваў:

— Дзядзька Алампі, выкладай свой цукар! На які чорны дзень ты збіраеш яго? Адсырэе.

Самародаў не пярэчыў. Але я бачыў, як цяжка яму апустошваць свой мяшок.

Чуб рагатаў:

— Вось кулак! Бачыў ты, камандзір, кулака? Мы ж табе аддамо, калі атрымаем. Не жылься.

Думаю, што шкада цукру яму было не ад прагнасці, ён не мог сумнявацца, што цукар яму вернем. Магчыма, кладучы кожны дзень драбкі ў мяшок, ён уяўляў, што аддае ix дзецям, таму i цяжка было забіраць назад.

Часта, калі я стаю на варце, асабліва ўначы, ён ідзе з хаты, узыходзіць на скалу, вінавата неяк просіць:

— Не спіцца мне, таварыш камандзір. Давай я пастаю. Пра дзетак сваіх падумаю.

Дзяжурыць ён любіць, але я заўсёды баюся, што ён будзе думаць пра дзяцей сваіх i нічога не пачуе i не ўбачыць.

Чуб недалюблівае Алампія. Здзекліва кпіць. У самым пачатку майго з'яўлення на пост расказаў адзін на адзін:

— Гэты «хоца», — у Самародава вяткаўскі дыялект, у многіх словах замест «ч» вымаўляе «ц», — да прыходу ў батальён доўга ляжаў у шпіталі. Экзема ў яго на нагах ніяк не гаілася. А сюды прыйшоў — без лекаў гоіцца. А я ведаю, што ён там рабіў: соллю пасыпаў сваю экзему, каб на фронт не паслалі.

Непрыемна мне было слухаць гэта. Не спадабаўся Чуб за тое, што адразу нагаворвае на таварыша, што выдумаў на старога чалавека такую абразлівую мянушку — «хоца»; я заўсёды не любіў людзей, якія смяюцца з мовы іншага народа ці з дэфектаў вымаўлення асобных людзей. Я сказаў пра гэта Чубу, ён, відаць, не зразумеў i колькі дзён трымаўся афіцыйна.

Але мяне ўразіла іншае: соль гэтая, якой пасыпаюць раны, каб надаўжэй затрымацца ў шпіталі. Няўжо сапраўды ёсць такія людзі? Я ведаў, што ёсць дэзерціры, самастрэлы (нам чыталі загады), усе мы на батарэі з нянавісцю гаварылі пра гэтых здраднікаў, можа, з большай нянавісцю, чым нават пра фашыстаў. Але пасыпаць соллю ўласныя раны — проста не змяшчаецца ў маёй свядомасці, здаецца неверагодным.

Некаторы час пасля гэтага я адносіўся насцярожана i да Самародава i да Чуба.

Толькі да Сушылава я адчуў павагу з першых дзён. Ён з архангельскіх памораў, але не рыбак, a паляўнічы, рабочы зверасаўгаса, хоць лавіць рыбу ўмее гэтак жа ўдала, як i паляваць. Ён ва ўсім процілегласць дзядзьку Алампію. Той худы, ссутулены, гэты каржакаваты, як камёл добрага дуба, толькі крыху касалапы. Той амаль сівы ўжо, гэты ж старэйшы па гадах, a ў яго ледзь-ледзь пасерабрыліся скроні: валасы цёмныя, густыя, з рудаватым адлівам, крыху святлей калматыя бровы — амаль зусім рудыя, а вусы чорныя. Па жэсту, які Сушылаў рабіў часам, забыўшыся, я адразу здагадаўся, што ён насіў бараду. Потым стары прызнаўся: так, насіў, але ў будаўнічым батальёне, дзе ён служыў дагэтуль, камандзір прымусіў яго пагаліцца — для гігіенічнасці. Сушылаў папрасіў, каб я дазволіў яму адгадаваць бараду, i я дазволіў на сваю адказнасць. Праз тыдзень твар яго непазнавальна змяніўся.

Чуб смяецца:

— Хітры ты, Фядос Яфрэмавіч: лянуешся галіцца, бараду выдумаў. А я вось скрабу праз дзень тупой брытвай, хоць завязвай нешта…

Сушылаў не маўклівы, але вельмі немнагаслоўны, гаворыць — быццам ласку робіць. Дзяцей у яго двое, дарослыя, сын, ваенны марак, i дачка, студэнтка, асталася ў блакадным Ленінградзе. Ад сына прыходзяць пісьмы, пра дачку нічога невядома.

Але ён не ўздыхае, як Самародаў, i не ўспамінае пра дзяцей пры нас. Толькі, прыкмеціў я, у газетах надзвычай уважліва чытае ўсё пра Ленінград.

Чуб празваў Сушылава «наш кармілец». I гэта не жарт, гэта сапраўды так.

У першыя дні, уражаны Сеневай смерцю i ўсім, што адбылося пасля, я нічога не бачыў, не заўважаў, што ем, адкуль бярэцца рыба, мяса. А потым раптам звяртаецца да мяне Сушылаў:

— Мяса няма, таварыш камандзір. Дазвольце раздабыць.

— Раздабыць? Дзе? Паехаць у батальён?

Ён усміхнуўся з маёй наіўнасці.

— Схадзіць на паляванне. Можа, удасца хоць курапатку падстрэліць.

Ён пайшоў раніцой на лыжах, з вінтоўкай, з сякерай за рэменем. A вярнуўся позна ўвечары i прынёс на сваіх дужых плячах маладога аленя. Я ўбачыў, i ў мяне сціснулася сэрца, успомніўся наш батарэйны любімец Лёша.

— Навошта вы? — спытаў я Сушылава.

— Як — навошта? На мяса, — проста i нават, здалося мне, сярдзіта адказаў ён; вядома, стаміўся чалавек.

Чуб i Самародаў паглядзелі на мяне, як на вар'ята (у першыя дні яны сур'ёзна лічылі, што ў мяне «не ўсе дома”), i пачалі з сялянскай разважлівасцю i сур'ёзнасцю свежаваць аленя. А дзён праз колькі Сушылаў адпрасіўся на возера — рыбкі захацелася — i прынёс паўмяшка акунёў. Ён не тольKi ўмеў паляваць i рыбачыць, але i гатаваць быў мастак. Спрабавалі кулінарыць па чарзе. Ды абеды дзядзькі Алампія — хоць на сабаку вылі, «бабскіх спраў», як ён кажа, гэты сялянскі патрыярх не разумев. Крыху хіба лепш у Чуба. A ў Сушылава нешта незвычайнае. З аленіны ён нагатаваў такіх смачных рэчаў, якіх я ніколі ў жыцці не еў.

I ў батальён па прадукты часцей за ўсё ездзіць ён, «наш кармілец», сам просіцца. Яму давай любую работу, самую цяжкую, абы толькі не стаяць на голай скале i не ўглядацца ў пустое неба. Не можа трываць памор нерухомасці i бяздзейнасці.

Платон Чуб усяго толькі гадоў на дзесяць старэйшы за мяне. Ён кубанскі казак, ганарыцца сваім казацкім званнем i дужа перажывае, што з-за нейкай хваробы не мог трапіць у кавалерыю, па гэтай прычыне яго ў свой час i ў армію не ўзялі, але што за хвароба — сам не ведае ці, можа, хітруе, не прызнаецца. Чалавек ён не без хітрыкаў i дзівацтваў, але ўвогуле шчыры, па-сялянску прастадушны, чуллівы, паэт у душы. Крыху гультаяваты, наровіць, каб хто іншы за яго зрабіў. На дзяжурства збіраецца паўгадзіны i за паўгадзіны будзіць свайго зменшчыка — усяляк выгадвае, каб менш стаяць на марозе, асабліва ўначы. Сушылаў усё яму даруе, любую іншую работу можа выканаць за яго, а за гэта лаецца — мацюкаецца немнагаслоўна, але з такім гневам, што робіцца боязна. Я перамяніў змену, каб Чуб будзіў мяне, ён хітры i крыху падхалім, камандзіра не будзіць на паўгадзіны раней, хоць ніколі не перастаіць i лішняе, як дзядзька Алампі.

Чуб любіць спяваць. Сядзіць ці стаіць недзе, раптам заплюшчыць вочы, кіўнецца з боку ў бок, быццам задрамаў, i заводзіць па-жаночы працяглую песню:

Ты взойди, ты взойди, красное солнышко,
Над горою взойди, над высокою,
Над ущельями взойди, над глубокими,
Над лесами взойди, над дремучими…
Песня ніякага дачынення да Кубані не мае. Але, глядзіш, па шчацэ казака коціцца сляза. Трасане галавой, i пайшло лірычнае адступленне:

— Эх, камандзір, браточкі мае, не бачылі вы Кубані! А не бачылі — дык маўчыце. Не ведаеце вы сапраўднага хараства. Эх, Кубань, Кубань, родная старонка! Як у песні пяецца. Якія прасторы, каб вы ведалі! Бывала, устанеш раніцой, выйдзеш з курэня… Дзесьці на краі свету сонца ўсходзіць. Божачка мой! Якое сонца! Хіба тут такое сонца? Ніколі вы такога сонца не бачылі. Глядзіш на яго, адарвацца не можаш, пакуль вочы не аслепіш. А потым нап'ешся цёплага сырадою, проста з гладыша, ускочыш на каня — i ў стэп (Чуб хваліўся, што ён адзін час быў брыгадзірам у калгасе). Едзеш па стэпе, па вузкай дарожцы. Раса блішчыць… А з усіх бакоў пшаніца. Во якая пшаніца! Мора цэлае, i няма яму ні канца ні краю. А Божачка мой! Хіба вы бачылі такую пшаніцу! Што ў вас можа расці? A ў нас жа на Кубань'.. На баштан заедзеш — кавуны во якія ляжаць, як тое сонца, калі ўсходзіць. Паласнеш па ім нажом — сок пад самае неба пырскае… Ясі, i есці хочацца.

Старыя слухаюць яго ўважліва; ніхто з ix на поўдні небыу, a Самародаў ніколі ў вочы не бачыў такога дзіва, як кавун.

— Вось бы дзецям гэтага кавуна, — уздыхае ён, мабыць, незадаволены такой несправядлівасцю. Яго дзеці ў жыцці не каштавалі гэтага дзівоснага кавуна, a такі «здаровы кабан», як Чуб, могесці колькі хацеў. Яблыкамі ў дзяўчат шпурляу, як ён расказваў аднойчы. Не мае чалавек павагі да дабра, якое патрэбна дзецям.

— А то наробішся ў жніво, — раптам ад кавуноў ці яблык пераходзіць зусім на іншае Чуб, увесь аддаючыся дарагім успамінам, — так, браткі, наробішся, костачкі трашчаць…

— Не вельмі ты кідкі да работы, — сумняваецца Сушылаў.

Чуб абураецца:

— Я? Ды што ты разумеет, хоць i стары ты чалавек? Халодная твая душа! Я, можа, першы ўдарнік у кал race быў. А ты… Ты ж пшаніцы ніколі не бачыў, не ведаеш, як яна расце… Табе б толькі звяроў страляць! А каб ты ведаў, што такое касьба ды малацьба, то не гаварыў бы так… Там, брат, у любога душа заспявае… Ты ўяві сабе…

I зноў пачынае распісваць кубанскія стэпы, уборку пшаніцы, ночы на палявым стане, ды так, што сапраўды заслухаешся. Але гэта не ўпершыню ўжо, i я кажу яму:

— Платон, ты хацеў нешта пра костачкі расказачь, якія трашчаць…

— А-а. — I такая цёплая ўсмешка расплываецца па яго твары, быццам у нашу пракураную хаціну заблудзіў прамень кубанскага сонца. — Не пра костачкі, а пра радасць жыцця… Наробішся, усё баліць i ные: здаецца, упаў бы i заснуў бы, дзе стаіш… А прыйдзеш дадому — дзеці на калені лезуць… — У Чуба таксама двое дзяцей.

— Эх, дзеткі, дзеткі,— цяжка ўздыхае дзядзька Алампі.

— …паскардзяцца, хто каго за чуб колькі разоў цягаў. У нашым родзе ўсе чубатыя, таму i мянушку нам такую далі. Мой дзед яшчэ пісаўся Канаваленка, а бацька, калі на тую вайну пайшоў…

— Платон, пра гэта чулі ўжо.

— А-а, — не крыўдзіцца ён, — дык вось я i кажу: жыццё, яно такую сілу мае, браткі… Напячэ жонка пшанічных блінцоў, сала скавародку насмажыць… А потым ляжаш з ёю ў свірне на падлозе, дзехаладок… Дыхае яна табе ў вуха, расказвае свае жаночыя справы, i пахне ад яе, галубкі маёй, хлебам, малаком, зямлёй, дзецьмі, стэпам палыновым — усім, што сэрцу твайму люба. Так хораша пахне, ажио ў галаве пачынае кружыцца… А пакладзеш руку на яе гарачыя грудзі, дыхаюць яны, як тыя пшанічныя паляніцы, якія толькі з печы выцягнулі. Божачка мой, адкуль тая сіла возьмецца! Hi стомленасці няма, нічога…

Самародаў дакорліва ківае галавой, дзіўна неяк усміхаецца, але слухае. Сушылаў чамусьці не любіць такіх успамінаў — хмурыцца i выходзіць з хаты ці адыходзіць, калі размова ідзе на двары.

— Старавер. Сектант нейкі,— шэпча мне Чуб, ківаючы яму ўслед. Але ніякіх рэлігійных праяў у старога паляўнічага я не заўважаю. Самародаў хоць часам употай хрысціцца, Сушылаў — ніколі.

Я асабіста нічога непрыстойнага ў расказах Чуба не бачу. Я заўсёды насцярожваўся, калі ў мужчынскай кампаніі пачыналася гаворка пра жанчын, бо часта чуў брудныя анекдоты, цынічную пахвальбу. Гэта заўсёды абражала мяне — за Сашу. Але ў Чуба няма i кроплі цынізму.

Пра жонку ён успамінае з вялікім замілаваннем, шчыра i паэтычна, гэтак жа, як пра свае кубанскія стэпы. Мяне здзіўляе i ўражвае іншае. Хораша расказаўшы пра сваё каханне да жонкі, ён раптам праз хвіліну пачынае амаль з такой жа любасцю ўспамінаць другую жанчыну.

— А то, браткі мае, на палявым стане, калі ўначы малоціш, ды i ўдзень, дзе-небудзь за сціртай у пахучай саломе прытуліш да сэрца добрую маладзіцу — а Божачка! — быццам у рай пападзеш. У нас удава ёсць, Даша Канцавая… Мая Галя аднойчы як заспела нас… Чортава баба, як дала граблям! па спіне, тры зубы да рэбраў дасталі, i цяпер шраміны відаць, як ад куль нямецкіх…

Аднойчы, калі мы ўдвух пайшлі шукаць разрыў тэлефоннага проваду, я спытаў у яго:

— Скажы, Платон, ты кахаеш сваю жонку?

— А Божачка! Ды, здаецца, кабкрылымеў, паляцеўбы… Восем гадоў душа ў душу пражылі…

— Ты верыш ёй?

— Ды яна ў мяне як святая.

— А ты?.. Сам ты? Заляцаўся да другіх, здраджваў… Як ты мог?

— А братка мой! Дык жыццё ж такое! Думаеш, ты манахам пражывеш? Не пражывеш!

Гэтым наіўна-вясёлым i ўпэўненым «Не пражывеш!» ён ударыў мяне ў самае балючае месца. Я змоўк. Што я мог адказаць яму? Запярэчыць? Даказаць, што я лепшы?

Увогуле яго расказы, простыя, жыццярадасныя, надзвычай вярэдзяць мне сэрца. Як, магчыма, ніколі раней, думаю я пра Сашу, думаю бясконца, удзень i ўночы. Пачуцці мае, здаецца, разгарэліся з новай сілай — каханне, смутак, трывога, страх за яе, за Ленку. I сорам, пакута ад здрады зрабіліся такімі ж вострымі, як у першыя дні. Але разам з гэтым зноў рэўнасць, недарэчнасць, абсурднасць, ганебнасць якой я ўсведамляю, аднак нічога не магу зрабіць з сабой. Зноў, заплюшчыўшы вочы, я бачу побач з Сашай гэтага настаўніка — Лялькевіча. Ад такога відовішча кусаюрукі… Хочацца закрычаць на ўсю гэтую снежную пустыню… А можа, гэта прадчуванне? Тфу! Я раблюся забабонным i дурным! Я лаю сябе, як толькі можна, але ад гэтага мне не робіцца лягчэй.

Не сціхае i боль за Сеню. I злосць на Кідалу. Праўда, тыдзень назад я атрымаў пісьмо ад Астахава. Ён піша, што Сцяпан Кідала за смерць Пясоцкага разжалаваны да старшага сяржанта i накіраваны на трэцюю батарэю камандзірам аддзялення разведкі. Малайчына Купанаў! Ёсць, значыцца, на свеце справядлівасць! Невялікая кара, але ўсё-такі няхай адчуе, што не адзін я лічу яго вінаватым у смерці чалавека. Разам з крупінай задавальнення пісьмо прынесла смутак. Тры словы: «Дзянькі ў нас гарачыя» — разанулі па сэрцы, якое сцякае крывёю i так. Я разумеў, што значыць «дзянькі гарачыя»: лятаюць фашысты, ідуць баі. Яшчэ больш горача там, дзе нашы, мае таварышы па зброі, мае равеснікі, землякі, гоняць ворага ад Масквы i, можа, неўзабаве ступяць на беларускую зямлю — не так ужо далека. Усюды горача. Адзін я тут прахалоджваюся са старымі дзядзькамі. Жару аленіну, смачна прыгатаваную Сушылавым, i ўглядаюся ў пустое неба: нават самалёты тут пралятаюць рэдка. Асабліва чамусьці цяжка ў ціхія бязветраныя дні. Снежная цішыня глушыць, цісне; хочацца завыць па-воўчы.

Відаць, Купанаў ведаў, як пакараць мяне. Але я павінен вырвацца адгэтуль!

Дзён колькі назад пазванілі з «Елкі», што да нас гірыедзе «дваццаць першы» — маёр Жураўлёў.

Пачалі раіцца, як сустрэць камандзіра. Сушылаў адразу прапанаваў сустрэць як належыць — не скупіцца. Дзядзька Алампі выказаў апаску (стары ўсяго баіцца), каб залішняя гасціннасць часам не пашкодзіла нам: пабачыць маёр, як мы жывём — i мяса, i рыба! — ды возьме i абрэжа нам паёк, які атрымліваем у батальёне.

— Вось жа кулак! — засмяяўся Чуб. — Бачыў ты, камандзір, кулака? Дзядзька Аламгіі! Ды ты гасцей прымаў калінебудзь? Ці ў вас, вяткаўскіх, гэта не заведзена?

— Я сына жаніў,— пакрыўдзіўся стары. — Усё сяло на вяселлі гуляла. Але ж цяпер табе не вяселле. Вайна.

Сушылаў задумаўся.

— Аленіну, я думаю, таварыш камандзір, не трэба выстаўляць. Невядома, як маёр паставіцца да браканьерства нашага. Але прыняць трэба па-людску. Не раскашуюць нашы афіцэры — бываю, бачыў. Я курапатку падстрэлю i рыбы налаўлю.

Рэшткі аленняй тушы мы схавалі ў снезе, далей ад паста, каб яна не трапіла на вочы начальству.

Я пайшоў на паўстанак сустрэць камбата. Калі ішлі назад, то ўбачыў, што Жураўлёў слабы i хворы чалавек. Пятнаццаць кіламетраў дарогі на лыжах па лесе i сопках забралі ў яго апошнія сілы. Ён бадзёрыўся, жартаваў, стараўся не адстаць ад нас (ішоў таксама баец, які прыехаў з ім), але я бачыў, як цяжка яму, i часцей, чым мне трэба было, спыняўся адпачываць.

Да нашага прыходу Сушылаў прыгатаваў царскі абед. Між іншым, каб не есці з кацялкоў, ён яшчэ раней выразаў цудоўныя драўляныя талеркі з бярозы. Калі мы зайшлі ў нашу будыніну, увесь гэты посуд, напоўнены халоднай закуссю, стаяў на стале. Ад смажаніны, што падагравалася на печцы, ішоў такі апетытны пах, што вельмі проста ў галоднага чалавека магла закружыцца галава. Маёр спыніўся каля дзвярэй, заплюшчыў вочы і, здалося мне, пахіснуўся.

— Што гэта? — няўпэўненым голасам спытаў ён.

— Чым багаты, тым рады, таварыш маёр! — бадзёра прывітаўся «наш кармілец».

— Радавы Сушылаў — паляўнічы i рыбалоў. Ну, вось курапатка, рыба… — тлумачыў я, крыху баючыся, што маеру можа не спадабацца такая раскоша.

Жураўлёў стомлена апусціўся на нары.

— Спалохалі вы мяне. Думаў: зноў галюцынацыя. У мяне ў блакадзе часта было: чую пах найлепшых страў, якія еў да вайны, бачу ix…

Вельмі нас усіх кранула такое шчырае яго прызнанне i тое, як ён потым доўга хадзіў навокал стала, углядаўся ў падсмажаную рыбу, нюхаў наварыстую юшку i жоўтую апетытную курапатку.

— A гатаваў хто?

— Я! — адгукнуўся Сушылаў, спадзеючыся, мабыць, на падзяку.

— Кухарам у батальён не жадаеце пайсці?

Чуб пасля прызнаўся, што ён ледзь не самлеў, пачуўшы такую прапанову камандзіра. Кубанец больш за ўсіх любіў смачна паесці. A страціць Сушылава — значыцца, сесці на траску i гарохавы суп.

— Ніяк не, таварыш маёр! Ніколі не быў кухарам i не жадаю быць. А гэта, — кіўнуў «кармілец» на стол, — пастараліся ўсе разам для дарагога госця.

Чуб з палёгкай уздыхнуў — пранесла.

— Калі такі абед, даставай, Лунін, нашы запасы, будзем баляваць. Даўно я не сядзеў за такім сталом, — сказаў маёр.

«Самым істотным» у мяшку ардынарца была біклажка. Жураўлёў наліў у кубкі па глытку гарэлкі.

— Ну, таварышы, за тое, каб вы варту добра неслі, каб фашысты не прыляталі знянацку… каб адчулі, што цяпер — гэта ім не чэрвень сорак першага… што мы навучыліся арганізоўваць абарону аб'ектаў… За перамогу нашу!

Хораша мы паабедалі — проста, шчыра, па-сямейнаму. А потым Чуб спяваў свае працяжныя песні.

Раніцой, калі я сам стаяў на пасту, камбат падняўся на скалу. Павітаўся, уважліва агледзеў наваколле i зацягнутае хмарамі неба.

— Што ж, пост зручны ва ўсіх адносінах, — адзначыў ён, углядаючыся ў прастор возера, потым закурыў i пажартаваў: — Жывеш ты, Шапятовіч, тут, як Бог.

Я адчуў, што гэта самы зручны выпадак, каб папрасіць аб тым, пра што даўно думаў.

— Таварыш маёр! Накіруйце мяне на фронт… Не магу я… Сорамна. Зразумейце, сорамна… з дзядамі лысымі ацірацца тут…

Маёр кінуў недакурак уніз, у возера. Лоб пад шапкай стаў як гармонік — увесь у зморшчынах. Адказаў не адразу:

— Па-вашаму, значыцца, тут можна абысціся аднымі дзядамі, як вы кажаце? Сабраць сляпых, глухіх, без ведаў, без падрыхтоўкі? Дрэнна вы разумееце значэнне нашай службы, Шапятовіч. — I сказаў жорстка, як загадаў: — Служыце сумленна там, дзе вас паставілі!

Я ўнутрана сцяўся, чакаючы, што ён папракне мяне гісторыяй з Кідалам. Не. Жураўлёў не з тых людзей. Ён памаўчаў, скруціў другую цыгарку i сказаў лагодна, пасяброўску:

— А на фронт трапіш, не гаруй. Не заўтра вайна канчаецца. Людзі спатрэбяцца. Я вось… дацэнт, палітэканомію выкладаў. Вайна пачалася, апалчэннем камандаваў, умацаванні будаваў пад Ленінградам. Потым вывезлі мяне з блакады, апухлага ад голаду, падлячылі i сказалі…

22 мая

Які радасны дзень! Радасны ўдвая. Учора Тамара Раманаўна дазволіла мне выходзіць гуляць. Але ўчора ішоў дождж. А сёння ўсё заліта сонцам, дыхае напоеная жыццятворнай вясновай вільгаццю зямля. I такая цеплыня! Для мяне — казачная, неверагодная, бо здаецца, што я адразу, у адзін дзень, перакінуўся са снежнай пустыні, дзе гуляла марозная пазёмка, у квітнеючую падмаскоўную вясну. Падмаскоўную! Ад таго, што я пад Масквой, таксама радасна.

Усю раніцу я гуляў па лесе навокал шпіталя. Стромкія, гаманлівыя меднастволыя сосны — такія ж i ў нас, над Сожам i Дняпром. Часам у забыцці мне здавалася, што гэта той лес, каля якога я вырас, нават асобныя дрэвы знаёмыя, мае дзіцячыя сябры! I мне хацелася размаўляць з імі гэтак жа, як у маленстве.

А перад прыгожым белым фасадам галоўнага корпуса (да вайны тут быў санаторый) цвіце бэз, быццам шызым дымам апавіла зялёныя кусты. Найлепшы ў свеце водар напауняе наваколле — водар бэзу i сасны. Дыхаеш i адчуваеш, як прыбываюць сілы. За адзін дзень я намнога паздаравеў. Цудоўная рэч — жыццё!

Гуляючы, я ўбачыў, што аднаму з байцоў, якога выпісалі са шпіталя, аддалі яго франтавы рэчавы мяшок. Значыцца, у асобных выпадках рэчы раненых вязуць разам з імі ў тыл.

Я кінуўся да сваёй сястры.

— Жэня, мілая, там сяму-таму аддаюць ix рэчы. Можа, i маё што ёсць? Ці нельга даведацца?

Яна ўсміхнулася цёпла, ласкава, у яе заўсёды кожнаму раненаму такая ўсмешка — як сённяшні майскі дзень.

— А што ў вас, скарб там, што вы так хвалюецеся?

Я на момант сумеўся, але тут жа вырашыў прызнацца шчыра, яна разумная i чулая дзяўчына, масквічка, дачка прафесара.

— Дзённік у мяне.

— Дзённік?

— З пачатку вайны я вёў дзённік.

Я не памыліўся, яна зразумела.

I вось — якое шчасце! — ён зноў у маіх руках, знаёмы, родны, зашмальцаваны агульны сшытак, дробненька спісаны ў кожкую клетачку — трэба было эканоміць паперу.

Я сяджу адзінока ў дальняй альтанцы пад соснамі i размаўляю з ім, як з самым верным другам. Перагартаў, перачытаў, успомніў… Апошні запіс, які абрываецца словам «сказалі». Я не мог дапісаць, што сказалі маёру Жураўлёву…

Пісаў я позна ўначы пры святле газнічкі, зробленай з гільзы буйнакалібернага кулямёта. Побач бестурботна спалі Чуб i Самародаў. Чуб смешна хроп, з подсвістам. А за дзвярамі тонка свістаў вецер, той своеасаблівы вецер, які здзірае самы верхні пласт снегу, узнімае тонкія снежныя пылінкі i нясе ix бясконца ў адным напрамку. Такая пазёмка засыпае след за пяць мінут.

Раптам адчыніліся дзверы, вецер калыхнуў полымя газнічкі. Сушылаў, які стаяў на варце, прашаптаў трывожна i таямніча:

— Камандзір! Сюды!

Я накінуў кажух, выскачыў. Вартавы хутка падымаўся на скалу, я за ім. Ён не стаў там у поўны рост, як звычайна, а лёг за камень, прашаптаўшы мне:

— Лажыся!

Я ўпаў побач з ім.

— Бачыш? — паказаў ён на возера.

Я пільна ўгледзеўся, але нічога не ўбачыў.

— Лыжнікі. Многа лыжнікаў. Ідуць ланцугом. У маскхалатах. Ты ix так не ўбачыш. Цені. Звярні ўвагу на цені. Ах, чортава свяціла!

Была поўня. Але па небе вецер гнаў пашматаныя хмары, i месячык то хаваўся за ix, то зноў выныраў; па азёрнай раўніне плылі цені ад хмар. Такі цень закрыў бліжэйшую да нас частку возера. Але патроху ён адступаў да левага лясістага берага, i на залітай месячыкавым святлом гладзі вырысаваліся іншыя цені — ад нябачных людзей, што кіраваліся ў наш бок.

— Чалавек сорак, калі не больш, — прашаптаў Сушылаў.— Я бачу не толькі цені, але тое, што не закрыта маскхалатамі… Да ix прыкладна кіламетр. Як думаеш, свае, чужыя?

— Фіны, Фядос Яфрэмавіч.

Я не сумняваўся — так маглі ісці толькі ворагі. Яны ведаюць, што тут пакаты бераг i лёгка выбрацца з возера. Пост наш новы, пра яго яны маглі не ведаць ці, можа, маюць намер захапіць знянацку i знішчыць.

— Будзем біцца? — спакойна спытаў Сушылаў.

— Будзем! Яны не павінны прайсці!

Я спусціўся ўніз, ускочыў у хаціну.

— Трывога, таварышы! — тузануў за нагу Чуба, больш моцнага на сон. — На возеры фіны. Ідуць сюды, прарываюцца ў тыл. Але не павінны прарвацца! Будзем біцца, таварышы, да апошняга патрона, да апошняй кроплі крыві. Як нашы браты там, на фронце…

— Дзеткі мае, — прашаптаў Самародаў.

Мне не спадабаўся гэты стогн старэчай душы, i я злосна кінуў:

— Хто збаіцца — застрэлю!

Сам я таксама дрыжаў увесь, але не ад страху, а ад напружання, ад прагі бою, пометы.

— Мы не баязліўцы, — бадзёра сказаў Чуб, хапаючы вінтоўку. — Паміраць, дык з музыкай! — I моцна вылаяўся.

— Кожны на сваё месца! Як вучыў маёр. Узяць усе патроны, усе гранаты! Кулямёт вазьму я. Мы ўдарым па ix са скалы.

Камбат, калі наведаў пост, правёў з намі вучэнне па абароне ад нападзення з зямлі i з паветра. Тады я глядзеў на вучэнне крыху скептычна, а цяпер зразумеў, як яно было дарэчц: кожны ведаў, дзе яму залегчы, што рабіць.

Умомант даўшы патрэбныя ўказанні, я кінуўся да тэлефона. Мы былі звязаны з паўстанкам, дзе на камутатары дзяжурылі дзяўчаты. Па першаму слову «паветра» яны давал! нам «Елку» — штаб батальёна, i мы перадавалі даныя аб палёце варожых самалётаў. У непагадзь Чуб любіў «пакалякаць» з тэлефаністкамі, «адвесці душу», як ён казаў. У апошнія дні i я часам «адводзіў душу» — прыемна сярод сонечнай пустэчы i цішыні пачуць жаночы голас, пажартаваць. Але была сярод тэлефаністак адна вельмі злосная, «баба-яга», як ахрысціў яе Чуб; яна не любіла гэтых пустых размоў, часам пагражала, што даложыць нашаму начальству, чым мы займаемся.

— Дзяўчына! Дарагая, — паклікаў я, пачуўшы ў трубцы адказ на званок.

— Якая я вам дзяўчына? Пустабрэхі. Спакою ад вас няма…

— Маці! Таварыш дарагі!.. Перадайце на «Елку», на «Калугу» (штаб тылавой часці, якая размяшчалася каля паўстанка)… На возеры вораг, лыжнікі. Уступаем у бой. Просім дапамогі! Дапамогі!..

Голас тэлефаністкі адразу змяніўся:

— Перадам! У сё перадам… Трымайцеся, родныя мае!..

На размовы не было часу. Кінуўшы трубку, я схапіў ручны кулямёт, банку з дыскамі i палез на скалу.

Сушылаў ляжаў на самым краі абрыву. Я прымасціўся побач, падсунуўшы кулямёт яму — ён лепшы стралок. Ад яго ўзяў вінтоўку.

— Вось яны ўжо дзе… Бачыш? — прашаптаў ён.

Так, цяпер на фоне снегу вырысоўваліся рухомыя цёмныя плямы — твары, рукі, часткі непрыкрытай зброі. Вецер данёс нават голас, але пакуль што невыразны, нельга было зразумець, на якой мове. Размаўляюць, значыцца, не ведаюць пра нас. А можа?..

Сумненне, якое ўзнікла ў мяне, выказаў Сушылаў:

— Камандзір, а раптам — свае?

Падумалася аб тым, што ў батальёне засмяюць, калі трывога, якую я ўзняў, акажацца дарэмнай. A галоўнае — сапраўды не ўдарыць бы па сваіх.

— Пачакаем. Яны ідуць да нас, — прашаптаў я. — Будзем трымаць на мушках.

Я лічыў плямы, налічыў больш за пяцьдзесят. Вось яны зусім блізка, метраў за сто ўнізе, ужо i постаці добра відаць, нягледзячы на маскхалаты.

— Можа, аклікнуць? — прашаптаў Сушылаў. I ў бясстрашнага паляўнічага пачыналі здаваць нервы.

— Пачакаем.

I раптам выразная каманда на чужой мове.

Не, не маглі пасярод ночы, у такое надвор'е ісці з захаду на ўсход свае!

— Агонь!

Кулямёт паласнуў доўгай чаргой. Крык, стогн, гучная чужая каманда — i ўсё сціхла. Я прытрымаў Сушылава за локаць. Прыслухаліся, угледзеліся. Постаці як пад лёд праваліліся — нідзе ніводнай плямы. Пракляты месячык! Як на злосць, нырнуў за самую цёмную хмару! Мацней засвістаў каля вушэй вецер. На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас? Хаця б зрабілі адзін стрэл. Яны не маглі не засекчы ўспышак кулямёта. Якая чартоўская вытрымка! Мне здалося, што нехта застагнаў пад самай скалой. Я дастаў з кішэні гранату, шпурнуў уніз. Глуха грымнуў выбух. I зноў ніякага адказу.

— Страшны звер залёг, — сказаў Сушылаў.— Майстры!

— Калі яны надумалі атакаваць нас, то зробяць гэта адтуль, з сушы. Пільнуйце тут, Яфрэмавіч, а я з кулямётам да Чуба.

Я падняўся — i адразу над галавой у мяне ціўкнула куля. Стрэл прагучаў не з возера, а з берага бухты, куды спускалася наша цясніна. Вунь яны дзе! Значыцца, блакіруюць, абкружаюць.

Я скаціўся са скалы на дах хаціны. У думках вылаяў сваіх забеспячэнцаў, якія выдалі на чатыры чалавекі толькі адзін маскхалат; нашы зашмальцаваныя кажухі i цёмныя шапкі дэмаскіравалі нас. Яшчэ падумаў, калі ворагі зразумеюць, што нас нямнога, то могуць атакаваць па найкарацейшай адлегласці — па цясніне, якую абараняе адзін Самародаў, стары i баязлівы чалавек. Тады я паклікаў Сушылава i загадаў яму падняцца да Чуба з кулямётам.

— Займіце такую пазіцыю, каб маглі, калі трэба, страляць i сюды, у цясніну.

Я скочыў з даху, зазірнуў у хаціну, каб яшчэ раз пазваніць, паведаміць абстаноўку. Тэлефон быў мёртвы: яны паспелі перарэзаць провад. Трэба чакаць самага горшага.

Я здзівіўся свайму спакою: па-ранейшаму не было ні страху, ні панікі, толькі нецярплівасць: хутчэй бы яны пачыналі.

Калі выходзіў з хаціны, у твар ударыла яркае святло. Я ўпаў за шурку дроў, якая была складзена каля самых дзвярэй. Святло спалохала, бо не адразу я зразумеў, адкуль яно. Потым убачыў — ракета. Ворагі аглядалі нашы пазіцыі. Ракета зашыпела ў снезе недзе за хатай. Аслеплены, я кінуўся да Самародава. Ён ляжаў за адным з каменняў, якія мы, па загаду маёра (эканаміст Жураўлёў усё бачыў наперад), скінулі з гары, каб было за што схавацца тут, у цясніне, калі прыйдзецца адбіваць атаку. Я лёг за другі камень. Шэптам падбадзёрыў старога:

— Трымайцеся, дзядзька Алампі!

Ён цяжка ўздыхнуў (ён увесь час уздыхаў i вохкаў — «ох-вох!»):

— Будзем паміраць, значыцца, таварыш камандзір?

Я ўспомніў, што Сушылаў спытаўся зусім іначай, i адказаў яго словамі:

— Будзем біцца! Біцца да апошняга… Да нас ідзе дапа…

Слова я не скончыў, бо ў гэты момант убачыў ix; мабыць, яны не ўлічылі, што за ix спінамі чорны фон, сасняк, унізе, на беразе бухты, ці проста хацелі хутчэй кончыць з нечаканай перашкодай… Схіленыя белыя постаці беглі да нас.

— Страляй, — крыкнуў я Самародаву i стрэліў сам з вінтоўкі — раз, другі…

У адказ затрашчалі аўтаматы. Многа аўтаматаў. Кулі заспявалі над галавой, са свістам рыкашэцілі ад скалы, ад каменняў, за якімі мы хаваліся, шлёпаліся ў снег. Успышкі стрэлаў набліжаліся.

Я ўзняўся на калена i кінуў гранату. Следам за мной шыбануў гранату Самародаў. А зверху ўдарыў з кулямёта Сушылаў.

Фашысты заляглі i пакінулі страляць, каб не дэмаскаваць сябе.

Я быў упэўнены, што цяпер яны паспрабуюць атакаваць з другога боку — з таго, які прыкрывалі Сушылаў i Чуб: там былі самыя зручныя подступы, i дыверсанты, безумоўна, разведалі ix. Я крыкнуў Сушылаву, каб яны з Чубам глядзелі больш пільна.

Сапраўды, праз некалькі хвілін угары загаварыў наш кулямёт i затрашчалі аўтаматы. Атака там з'явілася сігналам для тых, што заляглі недалёка ад нас. Яны таксама пачалі страчыць з аўтаматаў i зноў кінуліся наперад. Якая ўстарэлая зброя вінтоўка! Прыйшлося зноў выкарыстаць гранату. Яна, мабыць, добра пацэліла, бо пачуліся стогны i крыкі. Але я з жудасцю ўспомніў, што кінуў апошнюю гранату, ix нямнога ў нас было — усяго дзесятак. У каго астатнія?

— Самародаў! Гранаты ёсць?

У адказ пачуўся стогн.

Я кінуўся да старога. Ён ляжаў, уткнуўшыся тварам у снег. Я павярнуў яго. Зноў выглянуў месячык, i я ўбачыў замест твару чорную пляму. Цяпер я разумею: куля трапіла яму ў галаву, магчыма, у лоб, i твар быў заліты крывёю.

— Паміраю, камандзір, — прашаптаў ён. — Дзеці… Сыночкі мае… Дзе-еці!.. Перадай…

Што перадаць, я не даслухаў, бо зноў заціўкалі кулі. Я ўбачыў побач з вінтоўкай Самародава гранату i з радасцю схапіў яе. Але не кінуў. Месяц засвяціў так ярка, што я выразна ўбачыў постаці на снезе — відаць, забітыя. Адзін варушыўся i стагнаў. Крыху ніжэй чыркнула кароткая чарга.

«Трэба біць з вінтоўкі па ўспышках, — вырашыў я. — Гранату трэба прыберагчы». Я прыцэліўся i раптам адчуў, што нешта гарачае i ліпучае залівае вочы. Правёў рукой па твары, па валасах (шапкі не было, я не пачуў, калі яе сарвала) — усюды мокра i горача. Кроў! Ранены. Трэба перавязаць. Не, трэба перавязаць таварыша.

— Дзядзька Алампі!

— Камандзір? Жывы? — пачуўся збоку голас Чуба, дзіўны голас, здалося мне, вясёлы.

— Платон? — здзівіўся я. — Чаго ты тут?

— Сушылаў сказаў, справіцца адзін. Там ix нямнога. Паслаў падтрымаць вас. Дзядзька Алампі жывы?

Помню, я падумаў: сказаць яму ці не сказаць, што я ранены, a Самародаў забіты? Не сказаў. Спытаў:

— Гранаты ёсць?

— Тры.

— Страляй… Не давай ім падняцца.

Ён стрэліў i злосна вылаяўся пакручастым мацюком, успомніўшы ўсіх святых і грэшных, Бога і чорта, Гітлера і фінаў.

Кроў залівала мне твар. Кал i я адчуў на губах яе салены смак, закружылася галава. Рабілася млосна. У вачах дваілася; постаці, цені, месяц — усё перасеклі чырвона-фіялетавыя лініі, якія трымцелі i калыхаліся.

«Не, трэба сказаць, што я ранены, бо калі страчу прытомнасць…»

Але мяне стрымала… песня. Спяваў Чуб. Ці, можа, мне здалося? Не, ён сапраўды спяваў сваю любімую:

Посею лебеду на берегу,
Посею лебеду на берегу…
Мою крупную рассадушку…
I я заварожана слухаў, забыўшыся, што кроў залівае твар.

Мабыць, песня давяла ворагаў да шаленства. Дагэтуль яны атакавалі моўчкі, наганяючы страх аднымі аўтаматамі. А то раптам закрычалі дзіка, шалёнымі галасамі. Я зноў убачыў ix постаці. На момант ix закрыў выбух гранаты, якую кінуў Чуб. Я ўзняўся, каб таксама кінуць гранату…

Ярка-чырвонае полымя шуганула перад самым маім тварам. Апякло грудзі… Падпаліла снег. Загарэўся снег, заняўся полымем з усіх бакоў. Я пачаў адступаць ад гэтай нясцерпнай гарачыні i сарваўся ў бездань, паляцеў… I месяц чамусьці апынуўся ўнізе, пада мной, i закруціўся хуткахутка, распырскваючы вакол сябе рознакаляровыя іскры… як тое тачыла, што стаяла каля кузні майго дзядзькі, дзе мы, малыя, вастрылі свае «шаблі»…

На апошнім чыстым лісце майго сшытка напісана няцвёрдай рукой хімічным алоўкам:

«Дарагі таварыш камандзір, Пятро Андрэевіч. Ляжаў я тыдзень з вамі побач у шпіталі ў Кандалакшы, ды ты не прыйшоў да прытомнасці, так моцна цябе пасекла праклятая граната. Таварышы нашы Алампі Маркавіч Самародаў i Платон Іванавіч Чуб палеглі смерцю храбрых на полі бітвы, як верныя сыны Айчыны. Вечная памяць ім.

Я адбіваўся адзін. Потым прыляцелі нашы самалёты. Асвяцілі ўсё навокал. Высадзілі дэсант. Кажуць, пералавілі ўсіх, хто ўцалеў ад нашых куль ды гранатаў.

Пятро Андрэевіч, вязуць вас у тыл. Кажа ўрач, будзеш жыць, бо малады арганізм. А я сваё адваяваў, мне дактары адпілілі левую руку. Вылечуся тут i паеду ў свой саўгас. Ачуняеце — напішыце. Перадаю дактарыцы, якая вас суправаджаць будзе, усе дакуменцікі вашы i сшытак, які так i ляжаў на стале раскрыты, нешта вы пісалі, ды не дапісалі.

Абнімаю цябе на развітанне, сынок. Сустрэцца наўрад ці давядзецца.

Фядос Яфрэмавіч Сушылаў”.

Я не адразу знайшоў гэты запіс. Цяпер перачытваю скупыя словы незвычайнага пісьма i праз слёзы, як праз туман, бачу вясёлага кубанскага калгасніка Платона Чуба, які памёр з песняй. Яна гучыць у мяне ў вушах, гэта вясёлая песня:

Посею лебеду на берегу,
Посею лебеду на берегу…
У мелодыю песні ўрываецца роспачлівы стогн:

— Дзеткі мае… Сыночкі…

27 мая

Ён прыйшоў у нашу палату ў той дзень, калі да мяне наведаўся маёр са штаба ПВО, каб павіншаваць з узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Маёр прынёс два экзэмпляры газеты, дзе вельмі недакладна i залішне ўзнёсла апісваўся наш бой. Адна газета пайшла па шпіталі. I вось ён зазірнуў таксама, каб павіншаваць. Дагэтуль я не бачыў яго. Ён прыйшоў на мыліцах, ледзь кранаючыся падлогі забінтаванымі ступнямі. Сеў на ложак, горача, па-сяброўску загаварыў, працягваючы мне руку:

— Давай, зямляк, пацісну тваю мужную руку. Малайчына! Так i трэба нішчыць ix, погань фашысцкую.

Тут, у шпіталі, часам «земляком» называв разанец — астраханца, адэсіт — растаўчаніна, чэлябінец — хабараўца. Але па гаворцы я зразумеў, што перада мной сапраўдны зямляк, беларус, i ўзрадаваўся. Для пэўнасці спытаў:

— Вы беларус?

— Калі там, — паказаў ён на газету, — правільна пішуць, што ты гамяльчанін, дык я з Хойнік. Ведаеш? З Палесся.

— Дык гэта ж побач! У мяне жонка ў Рэчыцкім раёне. Я пехатою хадзіў да Хойнік, — яшчэ больш узрадаваўся я. — А з якога вы фронту? Дзе вас параніла?

— Я? — Ён неяк дзіўна ўсміхнуўся. — Я адтуль.

— Адкуль?

— З Палесся.

— Ды не, дзівак, я пытаюся, дзе ваяваў?

— Там i ваяваў.

— Там? Як гэта зразумець?

— Так i разумей…

Мабыць, у мяне ў тую хвіліну быў такі выраз твару, што ён не мог стрымаць вясёлага смеху.

— Але, браце, там, у партызанах. А потым накіравалі мяне для сувязі ў Маскву. Ішоў цераз лінію фронту, праваліўся ў нейкім гнілым балоце. Ногі абмарозіў. I вось качаюся два месяцы. Проста злосць бярэ. Плакаць хочацца. Там у нас, я ведаю, з вясной хлопцы так разгарнуліся… што горача гітлераўцам… А я вось тут…

Я глядзеў на яго… Немагчыма выказаць словамі, як я глядзеў на яго. Як на прышэльца з іншага свету. Не, глядзеў з радасцю, гонарам, захапленнем, бо ён прыйшоў адтуль, дзе асталося мае шчасце, з той зямлі, за якую я паміраў i гатовы паміраць зноў… Ён жывы сведка ўсяго, што робіцца ў родным краі, захопленым ворагам. Быццам баючыся, што ён пойдзе, знікне, нічога не расказаўшы, я схапіў яго за руку, хоць тады, туга перавязанаму бінтамі, мне нялёгка было зрабіць гэта — кожны рух прычыняў боль.

— Што там? Як там у нас? — дрыжучы ад нецярплівасці хутчэй пачуць пра ўсё, шэптам спытаў я.

— У нас? Ваюем. Б'ём паразітаў. Збіраем сілы. Спачатку цяжка было… — Ён расказваў надзіва спакойна, як пра самае звычайнае.

— А яны? Яны што?

— Хто?

— Гітлераўцы.

— Вядома — што… Адбіваюцца. Прабуюць нішчыць нас. Ды нас не знішчыш — з намі ўвесь народ. Каб зброі хапала ды даў кліч — усе ў лес пайшлі б. Ёсць, праўда, асобныя здраднікі, паліцаі розныя. Ды з такімі размова кароткая. Партызанскі прысуд — i гатова! Асабіста я чатыры такія прысуды выканаў…

— А народ… людзей, якія ў вёсках, яны не чапаюць?

— Ого, не чапаюць!.. Лютуюць, як шалёныя звяры… Паляць вёскі… Расстрэльваюць. Не глядзяць, ці старыя, ці дзеці… У мяне дзеда павесілі. Семдзесят восем гадоў. Мы ўсёй сям'ёй у партызаны пайшлі, а ён астаўся. Думаў, старога не зачэпяць.

— У мяне бацькі асталіся… I жонка.

Ён зразумеў маю трывогу, далікатна памаўчаў хвіліну, потым суцешыў:

— Не хвалюйся. Можа, i твае ў партызанах.

— У Сашы дзіця… маленькае… у пачатку вайны нарадзілася.

Ён, відаць, успомніў пра нешта сваё, такое ж дарагое, як для мяне ўспамін пра Сашу, i цень глыбокага смутку затуманіў яго блакітныя вочы, у якіх адбівалася рама шпітальнага акна. У вачах гэтых як бы згаслі радасныя светлячкі, якія бліскалі там праз усю размову. I раптам мой боль за Сашу i дзіця перадаўся яму. Ён скамячыў пальцамі прасціну i сказаў не мне, а некуды ў прастору, туды, дзе быў вораг:

— Усіх не знішчыш. Не! Самі раней лягуць!..

Так пачалася наша дружба. Праўда, у партызана сяброўскія пачуцці да мяне з'явіліся не адразу. Але я прывязауся да яго з той першай размовы. Я палюбіў Кастуся. Тады, калі я не мог яшчэ ўставаць, для мяне быў пакутлівым, нешчаслівым той дзень, калі ён не прыходзіў у нашу палату. Я выдумляў розныя прычыны, каб яго паклікалі. Ён, мабыць, адчуваў гэта i нейкі час ставіўся да мяне, як дарослы да малога. Але я не крыўдзіўся. A калі пачаў падымацца i хадзіць, то не адступаў ад яго ні на крок.

Увесь час — удзень, увечары — мы был i разам, i ён пачаў ставіцца да мяне таксама па-сяброўску. Мы бясконца гаварылі. Пра што мы толькі не размаўлялі! Успаміналі родныя мясціны i дарагіх людзей, марылі, спрачаліся на палітычныя i ваенныя тэмы.

Нарэшце ў нейкі дзень я выказаў яму сваю мару, якая з'явілася, бадай што, адразу ж пасля першай нашай сустрэчы, але я доўга таіў яе не толькі ад яго i ад каго іншага, але нават ад самога сябе. Я гарэў жаданнем, думаў пра гэта бесперапынна, але, разважыўшы, заўсёды са смуткам прыходзіў да вываду, што ажыццявіць гэта дужа цяжка. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару:

— Кастусь, зрабі так, каб i я паляцеў з табой у тыл.

— Ты? — Ён сур'ёзна задумаўся, а потым, відаць, вырашыў крыху падражніць мяне, памучыць: — А што ты ўмееш рабіць?

— Як што? Страляць…

— Страляць цяпер усе ўмеюць.

— Я артылерыст.

— Артылерыі ў нас пакуль што няма.

Тое, што ён гулліва-спакойна адмаўляў усе мае якасці, давяло мяне да шаленства. Я крыкнуў:

— Дарогі ўмею будаваць, маеты! Мала з цябе?

— Нам будаваць не трэба. Нам ix узрываць трэба…

— A калі я ўмеў збудаваць, то змагу i ўзарваць, будзь спакойны!

Мой «мучыцель» зноў сур'ёзна задумаўся.

— А вось гэта правільна. Будаўнік павінен ведаць, дзе слабое месца… Каб меншым зарадам — больш шкоды. Не, ты сур'ёзна хочаш у партызаны?

— Сур'ёзна! Ды я не ведаю, што зрабіў бы, каб апынуцца там.

— Шкада, што ты не радыст. Нам радысты патрэбны. Але нічога. Калі выпішуся, я пагутару ў партызанскім штабе. Я дакажу, што ты патрэбны чалавек.

Я ледзь не пацалаваў яго за такое абяцанне. А потым усе наступныя дні ў нас была адна гаворка: сотні варыянтаў яго размовы ў штабе, дзесяткі варыянтаў маёй заявы з просьбай накіраваць у тыл, да беларускіх партызан.

I вось сёння камандзіра разведкі партызанскага атрада «За Радзіму» Кастуся Гаманка выпісалі са шпіталя.

Я праводзіў яго да варот. Ён ішоў бадзёры, вясёлы, любаваўся сваім вайсковым абмундзіраваннем, якое яму выдал! — ён фарсісты хлопец. Акрамя мяне яго праводзілі іншыя раненыя, санітаркі, сястра Жэня. Мне — сорамна прызнацца — не падабалася гэта, я як бы раўнаваў яго да ўсіх. Я хацеў бы астацца з ім адзін i яшчэ раз пагутарыць вельмі сур'ёзна. Людзі, якія ішлі, сваёй пустой балбатнёй, жартамі перашкаджалі. Толькі на самым развітанні, калі ён, пацалаваўшыся з санітаркамі, абняў мяне, я здолеў сказаць:

— Косця, ты ж глядзі не забудзь. Прашу цябе.

— Што ты, Пеця! Хіба я магу забыць? Для мяне цяпер гэта таксама галоўнае. Роўна праз тры дні ты атрымаеш адказ. Я прыеду сам.

Ён пайшоў. Я стаяў убаку ад іншых, глядзеў яму ўслед, i незразумелы смутак сціскаў мне сэрца. I цяпер я не знаходжу сабе месца, хоць мінула ўжо шмат гадзін, як ён пайшоў. Ці прыедзе ён? Ці выйдзе што з нашай задумы? Зрабіў запіс у дзённіку. Многа пісаць няма жадання. Перачытваў штонішто з ранейшага. Задумаўся, куды дзець дзённік, калі мара мая збудзецца i я палячу ў тыл. Аддам сястры Жэні, яна сур'ёзная i разумная, папрашу, каб схавала ў сваёй маекоўскай кватэры. Калі пасля вайны я не адгукнуся, няхаи перашле па адрасе, які тут запісаны.

Надзея… I зноў правал у безнадзейнасць: ці не дарэмныя ўсе мае мары?

3 чэрвеня

«Роўна праз тры дні ты атрымаеш адказ. Я сам прыеду». Эх, Кастусь, Кастусь! Мінуў ужо тыдзень, а ад цябе i почуту няма. Забыўся. Няўжо забыўся, аказаўся балбатуном? Хаця б паведаміў, што нічога не выходзіць, i я не чакаў бы, не хваляваўся б. А можа, ты невінаваты? Не вялікі начальнік. Можа, самога загналі куды-небудзь далека? Маглі нават вельмі проста забраць у армію. Дарэмна я так песціў сваю мару. Няшчасны фантазёр! Учора ўрач хацела мяне выпісаць i накіраваць у батальён выздараўляючых. Я прыкінуўся, што адчуваюсябе кепска, нават тэмпературу «настукаў», папрасіў Жэню, каб яна пераканала ўрачоў у неабходнасці патрымаць мяне хаця б дзянькі два.

— Я павінен атрымаць вельмі важную для мяне вестку ад Гаманка.

Агеньчык недзе ўсё яшчэ гарыць. Гарыць. I цяжка яго патушыць. Эх, Косця, Косця, навошта ты запаліў яго? Навошта?..

4 чэрвеня

Ура! Я лячу ў Беларусь!

1958

Пошукі сустрэчы

Аповесць чацвёртая

I

Пятро ляжаў на ўзлеску. Малады сасоннік падступаў амаль пад самыя гароды. Ад лазовага плятня, за якім узвышаўся пажоўклы кіяшнік, яго аддзяляла нешырокая лагчына, парослая альховымі кустамі. Тут усё лета пасуцца цяляты, гусі, свінні, гуляюць дзеці — малыя пастухі. Некалі i сам ён выціраў пузам траву на такім вось выгане. Толькі там, у ix вёсцы, лес не падступаў так блізка, ён сінеў высокай зубчастай сцяной за рэчкай, загадкавы, прываблівы i крыху страшны ў дзіцячым уяўленні. Успаміналася яшчэ, што звычайна ў жніўні ix выган рабіўся чорны i цвёрды, як ток, i кусты каля раўчука радзелі. А тут усё некранутае — i кусты, i трава. Ці, можа, так здаецца таму, што ўсё абліта густой халоднай расой? За дарогай, каля вялікага лесу, пры самай зямлі, адплываюць у гушчар апошнія пасмы туману. Яшчэ не ўзыходзіла сонца. Толькі развіднела. У такі час усё здаецца як бы абноўленым.

Не, трава тут сапраўды не вельмі вытаптана. Вядома — чаму: няма свіней, гусей, наўрад ці ёсць цяляты. Усё з'еў ненажэрны фашыст. Праўда, у дварах дзе-нідзе рыкаюць каровы — клічуць гаспадынь. Больш раннія з ix i руплівыя ўжо запальваюць у печах: сям-там над комінамі ў ясны блакіт неба падымаюцца дымы, з адных комінаў густыя, чорныя, з другіх празрыстыя, як марыва над раллёй у гарачы дзень.

Жыццё не спыняецца. Пятра заўсёды радасна здзіўляла гэтая непераможнасць жыцця. Радавала там, у Мурманску, калі ён назіраў з гары, на якой стаяла батарэя, як хутка пасля бамбардзіровак ажываў горад. Здзіўляла ў шпіталі, дзе ён бачыў i чуў, як людзі, што страцілі ногі, рукі, чапляліся за жыццё i марылі пра шчасце, пра любоў. Радуе непераможнасць жыцця i тут, на захопленай ворагам зямлі. Ён праходзіў з атрадам па слядах карнікаў там, дзе аставаліся адны вогнішчы. Колькі смерцяў i гора сеюць гэтыя прыблуды. Здаецца, усё-ўсё — навуку, тэхніку, палітыку, мараль — накіравалі яны на знішчэнне, разбурэнне, на паслугу смерці. Але не ўдаецца ім спыніць жыццё!

Пятро ўпэўнены, што ляжыць якраз насупраць Сашынай хаты. Гарод з кіяшнікам каля плота — гэта ix гарод, Траянавых. Яму добра запомнілася, як Саша некалі казала, што ix хата ад школы дзевятая. Ён пералічвае каторы раз. Новых будынкаў няма, пажарышчаў таксама не відно, значыцца, дзевятая — гэта, была i ёсць. Сюды ён ішоў двое сутак. Не, не ішоў. Бег. Ляцеў. Без сну, без адпачынку. Шкада, што крыху спазніўся. Думаў прыйсці зацемна, перад світаннем — самы зручны час для партызана, каб наведацца ў незнаемую вёску, — a прыйшоў, калі ўжо развіднела, бо крыху блудзіў уначы па незнаемым лузе i лесе. Цяпер трэба быць пільным i асцярожным! Не падабаецца школа. Нікога Пятро там не ўбачыў. Ціха, спакойна, як i ўсюды навокал. Але за хлявом, на жардзінах, вісяць сеткі. I не адна — штукі тры. Двух месяцаў партызанства яму было даволі, каб ведаць, якія «рыбаловы» звычайна размяшчаюцца ў школах — паліцэйскія гарнізоны, нямецкія пасты, камендатуры. Калі ў ix дзе-небудзь на вышках сядзіць вартавы, то ад разу ўбачыць чалавека, які выйшаў з сасонніку i накіраваўся ў вёску.

Пятро дастаў з кішэні пісталет, праверыў яго. Гэтак жа ўважліва агледзеў загорнутую ў брудную насавую хусцінку лімонку. Зброя надзейная. Але яму зусім не хочацца сустракацца з ворагам. Не для такой сустрэчы ён месяц прасіў камандзіра, каб той адпусціў яго сюды, за сотню кіламетраў. Добра, што камандзір атрада — бацька Кастуся Гаманка. Дапамог Косця. Разам прасілі.

Гараць падэшвы ног. Дзіўна млее шыя — цяжка трымаць галаву. Ён упаў тварам на мяккую ігліцу. Вільготная жнівеньская зямля пахне грыбамі, з маленства знаёмым пахам.

Пятро ўспомніў, як два месяцы назад, спусціўшыся на парашу це ў Васілевіцкія балоты, ён вылез на сухі груд i цалаваў яе, родную зямлю. Цалаваў i плакаў ад шчасця. I цяпер яму захацелася пацалаваць зямлю: тут, пад гэтымі сасонкамі, неаднойчы праходзіла Саша.

«Саша! Родная мая, любая! Прачнулася? Спіш? I нават не сніш, што я тут, за сто метраў ад цябе? Мне страшна знянацку з'явіцца перад табой. Ты, напэўна, не паверыш сваім вачам. Падумаеш, я — прывід… зваліўся з неба. Слаўная мая! Нязведаныя крутыя дарогі вайны. Куды яны толькі не могуць завесці! Але мяне вяло мае каханне. Праз усе смерці, усе перашкоды i выпрабаванні, вялікія i малыя. Праз усё… Даруй мне. Я схіляю галаву… Я стану на калені i пацалую твае ногі… Вось так, як гэтую зямлю…»

Пятро быў упэўнены, што Саша тут, у гэтай хаце, з якой ён ужо колькі хвілін не зводзіць вачэй. У мінулую ноч па дарозе сюды ён заскочыў у знаёмае Заполле, да Ані. Гаспадыня расказала: у пачатку вайны Саша паехала да бацькі, яна, Аня, сама правяла яе туды. Нядаўна, вясной, Саша перадала ёй з адной жанчынай, якую сустрэла ў Гомелі, прывітанне, сказала, што жыве ў роднай вёсцы.

Моцна акрыліла Пятра гэтае паведамленне. Адтуль, з Заполля, ён сапраўды ляцеў як на крыллях. Не знайшоў на Сожы лодкі — пераплыў, схаваўшы патроны i гранату ў гумавы мяшэчак — вынаходства Кастуся.

«А можа, i няма ў школе гарнізона? A калі i ёсць, не вартуюць жа яны ўвесь час. Хутчэй уначы будуць дзяжурыць, a ў такі час, бадай што, спяць, як совы. Адзін скачок — i я на гародзе, у кіяхах. А там — па разоры… Сапраўды, не сядзець жа мне тут да наступнай ночы. Бліжэй да дня — больш прачнецца людзей. Пойдуць да калодзежаў, на гароды. Пагоняць жывёлу. Не, чакаць нельга…»

Але сэрца… Чаму яно так дзіўна паводзіць сябе? То сціскаецца i як бы замірае, то пачынае грукацець так, што ажно балюча ў скронях. Здаецца, ніколі так не білася. Hi тады, калі ў лютаўскую ноч на возеры з'явіліся фінскія лыжнікі, ні нават тады, калі рыхтаваўся скакаць з самалёта ў чорную бездань, не ведаючы, што ўнізе — лес, поле, балота — i хто сустрэне, свае ці ворагі. А тут жа вядома, хто сустрэне, самыя блізкія, родныя людзі — жонка, дачка, сваякі… Супакойся ж, сэрца дурное!

Пятро яшчэ раз пільна агледзеў гароды, з найбольшай увагай — школу. Стаў на адно калена, як на старце бегавой дарожкі, пераклаў пісталет з кішэні штаноў у кішэню пацёртага, мокрага ад расы пінжачка, — каб быў пад рукой, калі спатрэбіцца. Крокаў колькі прайшоў. Потым крыху выпрастаўся і, разразаючы галавой паветра, вокамгненна праскочыў выган. Прысеў за плотам, азірнуўся назад. На срэбнай некранутай гладзі расы ярка-зялёныя сляды здаваліся ненатуральнымі, нечалавечымі — занадта шырока сігаў. Не спадабаліся сляды. Лепш было цягнуць ногі, каб атрымалася суцэльная сцежка. Дарэмна бег так. Нельга бегчы. Трэба ісці так, каб здалёк здавалася, што ідзе свой чалавек i нікога не баіцца. Разважыўшы так, Пятро пералез цераз пляцень, у кіяшніку, праўда, крыху пастаяў, паглядзеў і, не спяшаючыся, пайшоў па разоры. Нават паспрабаваў, каб супакоіцца, нешта насвістваць.

Вось i вароты. Яны прыадчынены. Пятро прытуліўся плячом да шулы, стаіў дыханне, прыслухаўся. Ціха. Добра, што вароты адчынены — не будуць рыпець. Ён праціснуўся ў шчыліну. Выглянуў з-за хлява.

Каля ганка ўмываўся мужчына. Схілены, стаяў спіной да Пятра. Перад ім на ўслончыку вядро, ён зачэрпнуў з яго конаўкай, сам сабе ўзліў на рукі, пляснуў прыгаршчамі ў твар, фыркнуў. Але постаць, рукі нестарога чалавека. Гэта не Сашын бацька. Брат?..

Чалавек, мабыць, адчуў чужы позірк i хутка павярнуўся, неяк нязграбна пераступіўшы нагамі. Позіркі ix сустрэліся. I… Пятро адразу, у адзін міг, пазнаў яго. Можа, ён i не пазнаў бы так хутка, каб не думаў пра гэтага чалавека. А то вось ужо колькі месяцаў Лялькевіч даволі часта з'яўляўся перад яго вачамі, у яго ўяўленні, Пятро думаў пра яго i ў зямлянцы пад Мурманскам, i на пасту пад Кандалакшей, i ў шпіталі… ТольKi апошнія суткі не ўспомніў ні разу, калі даведаўся ад Ані, што Саша — дома, чамусьці адразу ўпэўніўся, што Лялькевіч ніяк не можа быць разам з ёю, нават блізка ад яе. Не можа… Не, ён вельмі блізка! Вось ён! Значыцца, недарэмныя былі душэўныя пакуты. Не падманвала прадчуванне. Страшэнная здрада чакала яго тут, куды ён так імкнуўся! Злосць, лютая злосць асляпіла, затуманіла розум.

У адзін скачок апынуўся ён каля Лялькевіча. Левай рукой схапіў загрудкі, скамячыўшы майку так, што ў таго агаліўся падцягнуты жывот.

— Прысмактаўся, сукін сын?! Вайну выкарыстаў? — I, не даўшы Лялькевічу раскрыць рот, па-баксёрску (так вучыў Кастусь, які дамагаўся, каб разведчыкі ўсё ўмелі) ударыў па мокрай пераносіцы, адначасова моцна піхнуўшы ў грудзі.

Лялькевіч паляцеў цераз ганак, загрымеўшы дзеравяшкай, якой Пятро не ўбачыў.

Упэўнены, што зрабіў усё, што належыць у такім выпадку i што больш яму тут няма чаго рабіць, Пятро кінуўся назад на гарод i далей у лес, які мог захаваць ад любой навалы i якому можна выплакаць сваю вялікую крыўду.

Саша пачула грукат, выйшла з хаты паглядзець, што здарылася, убачыла Уладзіміра Іванавіча на зямлі i… пырснула смехам: напярэдадні прайшоў дождж, каля ганка стаяла брудная калюжа, i камісар сядзеў пасярод яе. Але калі ўбачыла, што з-пад далоні, якой ён заціскаў нос, цячэ кроў, то спалохалася i занепакоілася. Прысела побач, памагаючы падняцца.

— Што з вамі?.. — Але схамянулася i спытала гучна — Што з табой, Пеця? Хто цябе?

— Хто? — Ён абхапіў яе левай рукой за плячо, абапіраючыся, каб падняцца.

— Хто?! — Саша азірнулася. — Шкога ж няма. Чаму ты ўпаў? Галава закружылася? Я казала: не трэба касіць без шапкі… Такое сонца…

Стаўшы на ногі, ён не адымаў рукі ад яе пляча. Ніколі яны не стаялі так блізка адно да аднаго. Вось яна — каханая, слаўная, клапатлівая. Проста з вядра чэрпае прыгаршчамі ваду, каб абмыць яму твар, як малому, як сыну, якому разбілі нос. Нямнога трэба: змаўчаць, калі ніхто больш не бачыў, сказаць, што сапраўды закрўжылася галава i ен упаў сам, стукнуўся абганак, i можна быць упэўненым, што той, сапраўдны Пятро, ніколі ўжо не вернецца сюды, i тады можна спадзявацца, чакаць… Ледзь бліснула такая думка, i ён увесь скалануўся, пачырванеў. Якая подласць! Не сказаць пра таго, хто ёй найдаражэйшы? Схлусіць гэтым даверлівым, шчырым вачам? Ды ён пасля ўзненавідзіць самога сябе, страціць маральнае права быць камуністам, партызанам, камісарам. Ён ужо зрабіў… робіць злачынства, што так доўга маўчыць. Трэба затрымаць, вярнуць яго! Вярнуць як мага хутчэй!

Лялькевіч моцна сціснуў пальцамі Сашына плячо…

— Хто? Ён! — I кіўнуў на гарод.

— Хто — ён? — здзівілася Саша.

— Пятро.

— Які Пятро?

— Твой.

Секунду яна глядзела яму ў твар: жартуе ён ці трызніць? Не, ён сказаў сур'ёзна, сумна, таямніча, амаль шэптам, як заўсёды паведамляў канспіратыўныя навіны.

— Я не ўправіўся ахнуць. «Прысмактаўся, кажа, сукін сын?» — i па мордзе… Не лепшы спосаб выясніць ісціну, але я разумею яго…

Саша адразу паверыла: прыходзіў Пятро, яе Пеця. Яна адпіхнула Лялькевіча так, што ён зноў ледзь не ўпаў, i кінулася на гарод.

Камісар зразумеў сваю памылку, калі пачуў, як за хлявом яна крыкнула на ўсё наваколле:

— Пе-е-ця-а-а!

Ударылася аб сцяну лесу i пакацілася назад звонкае рэха:

— …ця-а-а!

I на здаровых нагах ён, магчыма, не бегаў ніколі так імкліва, як цяпер на пратэзе, які так рэзаў, што ад вострага болю цямнела ў вачах.

Ён хутка дагнаў Сашу. Схапіў за плечы, заціснуў рот. Няхай падумаюць, што яны б'юцца, — гэта бывае паміж мужам i жонкай! — абы не падумалі чаго іншага, абы не з'явіліся падазрэнні ў суседзяў i паліцыі…

— Саша! Саша!.. Што вы робіце? Апомніцеся! Вы праваліце сябе… усіх нас!..

Яна вырывалася, білася ў яго дужых руках.

— Пусціце! Пусціце мяне! Дзе ён? Што вы казалі яму?

— Я нічога не сказаў. Не паспеў. Супакойцеся! Нельга так! Мы выдаём сябе! А Пятра мы знойдзем! Толькі спакойна!.. Прашу цябе — спакойна…

Даніка, які спаў на вышках на сене, разбудзіў Сашын крык. Хлопец убачыў праз шчыліну ў страсе, як змагаюцца на гародзе камісар i сястра, здзівіўся, нават разгубіўся спачатку, але застацца староннім не мог. Не ведаючы, каго трэба абараняць, ён, аднак, рушыў да ix. Праўда, яны сядзелі ўжо мірна, толькі камісар трымаў Сашу за руку, а яна плакала. Данік спыніўся воддаль, усё яшчэ збянтэжаны. Лялькевіч паклікаў яго: трэба растлумачыць, каб хлопец не падумаў немаведама чаго!

— Данік! Слухай! — сказаў Уладзімір Іванавіч, выціраючы хусцінкай акрываўлены твар. — Толькі што быў Пятро. Убачыў мяне, падумаў… Уяўляеш, што ён мог падумаць?.. «Прысмактаўся, кажа, сукін сын? Вайну выкарыстаў?» Расквасіў мне нос раней, чым я паспеў сказаць хоць адно слова, i пабег у лес… Значыцца, чалавек наш…

Саша ўстрапянулася, кінула на Лялькевіча позірк, поўны нянавісці.

— А вы думалі — паліцай. Думаеце, толькі вы…

Лялькевіч згорбіўся, быццам атрымаў удар, i не адказаў ёй.

— Я ўпэўнены, далека ён не пабег. Сядзіць дзе-небудзь у кустах. На расе след… Пойдзеш з Сашай…

Яна падхапілася, вырвала руку, гатовая бегчы.

— Але прашу вас, не крычыце, не клічце… Падумайце пра дачку! — Саша ўздрыгнула. — Мы палаяліся, пабіліся — муж i жонка… Натуральна, Саша сышла з хаты. I ты, Данік, угаворваеш яе вярнуцца назад, памірыцца… Разумееш?

— Разумею, Уладзімір Іванавіч! — кіўнуў Данік, дрыжучы ад ранішняй прахалоды i хвалявання.

Саша пабегла. Калі яна пералазіла цераз пляцень, Лялькевіч памахаў кулаком i крыкнуў на ўвесь голас:

— Ну i бяжы! I чорт з табой! Дурніца! Вар'ятка!

Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой.

Вось ён, яго след, на роснай траве. Ён павярнуў направа, дзе кусты больш густыя. «Пеця! Родны мой, дзе ты? Дурны ты мой! Як ты мог падумаць пра мяне? Ніхто мне не патрэбны. Ніхто! Акрамя цябе, любы мой i неразумны. У нас жа дачка. Твая дачка. Як жа ты мог пабегчы? Няхай ты падумаў пра мяне бог ведае што… Няхай… Але ты ўсё роўна павінен быў пабачыць Ленку…» Зрабілася вельмі крыўдна ад думKi, што ён не захацеў убачыць дачкі. «Няўжо твая рэўнасць мадней за любоў? Няхай не да мяне… Да дачкі! Такое агіднае пачуццё заглушыла ў табе самае святое…»

Яна i раней вельмі часта вось так гаварыла з ім, шапталася па начах ці калі адна заставалася ў лесе, у полі. Але тады гэта было так, у марах… А цяпер след… Няўжо праўда гэта ішоў Пеця? Як ён апынуўся тут, калі быў так далека, на Поўначы? На нейкі момант ёй здалося ўсё гэта неверагодным. Ці не сніць яна? Ці не пажартаваў Лялькевіч? Ці не спатрэбілася яму для якой-небудзь канспіратыўнай мэты такая выдумка? У яго заўсёды таямнічасць i нечаканасць. Вось i след знік…

Знік таму, што скончылася трава, пачаўся сухі сасоннік. Але Саша ажно скаланулася і, спыніўшыся, паглядзела назад. Не, след ёсць. Яна, як бегла, не наступала на Пецеў след, каб не затаптаць яго, i цяпер на роснай траве цягнуцца дзве зялёныя сцежкі. Куды ісці далей? Дзе шукаць? Яна зноў гукнула:

— Пе-е-ця-а!

Адразу побач апынуўся Данік, схапіў за руку.

— Саша! Ты забылася, што сказаў Уладзімір Іванавіч!

Яна ўзлавалася:

— Пайшоў ты ca сваім Уладзімірам Іванавічам!

— Саша! Не жартуй з агнём! — сурова папярэдзіў Данік. — Ты падполыичыца. Клятву давала. А цяпер хочаш загубіць усю нашу справу з-за свайго Пеці? Глядзі!..

Гэта неяк адразу вярнула ёй усведамленне той небяспекі, якую яна можа наклікаць на сябе, на ўсю сям'ю, на арганізацыю. Саша спалохалася. Павярнулася да брата, сказала з бол ем, як бы просячы спагады:

— Данік! Але зразумей ты мяне. Я маці. I вось… I вось… бацька Ленкі толькі што быў тут, у нашым двары, за два крокі… Дзе яго шукаць цяпер? Дзе?

Даніку стала шкада сястры. Ён параіў:

— Давай разыдземся, i ты гукай мяне… Быццам мы грыбы збіраем. Можа, ён пазнае твой голас.

Яны ўглыбіліся ў лес, i Саша раз-пораз гукала:

— Да-ані-ік! Дані-іл-а-а!

Брат зрэдку адгукаўся:

— А-а-у-у!

Пасля падбег да яе ўзрушаны — пошукі захапілі яго.

— Там, у балацянцы, зноў след на траве. Ён пайшоў на луг. Бежымо туды. На лузе зноў будуць відаць сляды, i мы дагонім яго.

Яны пабеглі што ёсць сілы па рэдкім сасняку. Сухадолы, крутыя ўзгоркі, сукаватыя з самага камля, каржакаватыя сосны — такі тут лес, пасаджаны некалі дзядамі на прырэчных пясчаных заносах, каб спыніць наступление пяску на палі.

Саша задыхалася. Сэрца рвалася наперад, гатовае выскачыць з грудзей. Сэрца, яно, напэўна, знайшло б адразу таго, па кім столькі часу балела, калі б сапраўды яму даць волю.

«Сэрца мае! Каханне мае! Вядзі ж мяне правільна! Пеця! Пеця! — крычала яна бязгучна. — Спыніся! Пачакай! А то я не даганю цябе. Я ўпаду…»

Нарэшце сасняк расступіўся i адкрыўся шырокі прастор прысожскага лугу. Мільярды малюсенькіх вясёлак зіхацелі на маладой атаве — узыходзіла сонца. Праменні яго адбіваліся ад нерухомага люстра старыка, i на густым лазняку павісла самая сапраўдная вясёлка, няяркая, як бы засланая пялёнкай туману, але ўсё адно непаўторна прыгожая. Сашы было не да гэтага хараства, аднак i яна звярнула ўвагу на такі цуд прыроды.

Яны спыніліся на пясчаным узгорку. Стала лягчэй дыхаць. Данік ведаў: партызан (а ён не сумняваўся, што Пятро партызан) не пойдзе ўдзень па адкрытым месцы. Але ўсё роўна пільна агледзеў наваколле — як акінуць вокам. Луг — не раўніна. Старыкі, азярыны, ямы, зараснікі, раучакі перасякаюць яго ўдоўж i ўпоперак. Але гэта не перашкаджае адчуванню надзвычайнай шырыні i прастору, ажно сапраўды тут заўсёды лягчэй дыхаецца.

Раптам Данік пацягнуў Сашу за руку да сябе:

— Вунь!.. Бачыш? На ўзгорку, дзе тры дубы… Бачыш?

Бляск расы сляпіў вочы, i Саша не адразу разгледзела постаць чалавека, што павольна ішоў да ракі.

Можа, дагэтуль яна не адчувала яшчэ ўсёй істотай сваёй, што Пеця так блізка, бо не бачыла яго сама, a толькі пачула ад Лялькевіча. A ўбачыла далёкую постаць i адчула менавіта так, усёй істотай: ён, Пеця, тут, наяве, а не ў сне, жывы, здаровы.

Яны пабеглі з Данікам яшчэ шпарчэй, наўпрасткі. Не скідаючы адзення, перайшлі ўброд старык, лезлі праз калючыя мокрыя кусты, абдзіраючы твар i рукі. Калі Саша адставала,

Данік цягнуў яе за руку:

— Хутчэй, Саша! Хутчэй! А то, калі яго чакаюць на беразе з лодкай… дык яны не будуць марудзіць… Шукай тады ix у зарэчных балотах… Што ветру ў полі…

Вось i след Пецеў! Толькі б захапіць яго на гэтым беразе! Можа, зноў паклікаць! Але рака — вось яна, ужо блішчыць шырокім плёсам у праменнях ранішняга сонца.

Сіратліва пахіліўся зламаны слуп ад ліхтара. Няма бакеншчыкаў, не загараюцца па вечарах агні, не ўзнімаюць хвалі параходы. Год назад замерла, сціхла тут жыццё. Толькі рака па-ранейшаму нясе свае воды, i нішто не можа спыніць яе магутнай плыні.

Саша i Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. I раптам Саша быццам спатыкнулася, застыла ў такой паставе, знясіленая, збялелая. Потым у роспачы плюнула:

— Тфу! Каму прыносіў шчасце поп!

Унізе, каля вады, сядзеў на вымытым чорным кражы дуба Аляксей Сафронавіч i паважна, не спяшаючыся, мурлыкаючы нешта пад нос, разматваў вудачкі.

— Які ён табе поп? — Данік пакрыўдзіўся за старэйшага таварыша, за чалавека, які, па сутнасці, стварыў ix падпольную арганізацыю, а папом зрабіўся для канспірацыі.

Калі расчараванне i здзіўленне мінулі, брат i сястра паглядзелі адно на аднаго, як бы раячыся: што рабіць? Схавацца, непрыкметна пайсці назад ці паказацца дзядзьку Аляксею на вочы! Як растлумачыць сваё з'яўленне тут?

— Трэба расказаць усю праўду. Стары павінен ведаць усё, — прашаптаў Данік.

Саша моўчкі згадзілася.

Данік кашлянуў.

Аляксей Сафронавіч, як кажуць, i вухам не павёў, бо жыў па закону: богаў служка нічога не баіцца зямнога, ніякая нечаканасць не можа яго спалохаць, збянтэжыць, вывесці з душэўнай раўнавагі. Ён закінуў вудачку, утыркнуў вудзільна ў гліністы грунт i толькі тады павольна павярнуўся, каб паглядзець на таго, хто кашлянуў за яго спіной. Але, калі ўбачыў Данілу i Сашу, куды дзеўся яго спакой! Упусціў банку з чарвямі, палез па гліністым адхоне ім насустрач.

— Што здарылася, дзеці? Чаму вы тут? Божа мой! — I схапіўся рукой за сэрца. — Няшчасце?

Данік зразумеў, пра што Стары мог падумаць, i паспяшаўся заспакоіць яго:

— Не, дзядзька Аляксей, нічога страшнага не здарылася. Прыходзіў Пятро. Сапраўдны Сашын муж. На досвітку. Убачыў у двары Уладзіміра Іванавіча, ударыў яго па твары i збег у лес… Мы шукаем яго. Сляды на луг вялі. З Халімонавай гары мы ўбачылі вас i падумалі, што ён… за раку адыходзіць…

Каваль апусціўся на вільготную траву, звесіўшы з абрыву ногі, выцер рукавом зрэбнай кашулі ўспацелую лысіну:

— Напалохалі вы мяне. Сядайце, адпачніце. У вас такі выгляд…

Яны селі побач.

Аляксей Сафронавіч узяў Сашыну руку:

— Уся дрыжыш, атракавіца. Яны — што, ведалі адзін аднаго?

— Сустракаліся разы два.

— Не моцная, значыцца, вера ў цябе ў Пятра твайго. Малады. Але нічога, ёсць любоў — будзе вера. Усё ў свой час. А ты, Аляксандра, узрадуйся, што жывы ён, твой благаверны… I калі так прыходзіў, то не толькі жывы, але i духам моцны i сэрцам чысты… Хіба мала з цябе гэтай радасці? Не пажадай адразу многа!..

Расплылася рака ў неабсяжнае мора, два доўгія i вузкія сонцы загойдаліся ў вадзе, i белая хмарка дзіўна закалыхалася, пераламалася — увесь свет пераламалі гарачыя слезы. Напоўнілі, затуманілі вочы i застылі там, не пырснулі, не закапалі, не пакаціліся па шчоках. Але як легка, як хораша зрабілася на сэрцы! Праз слёзы Саша паглядзела на дзядзьку Атіяксея, добрага, разумнага, разважлівага, i вінавата ўсміхнулася. Ён ласкава пагладзіў яе шурпатую ад застарэлых мазалёў руку. Яна падумала: «Сапраўды. Я год не ведала, дзе Пеця, што з ім. А цяпер ведаю, што ён жывы, што ён тут, з намі… Хіба мала такой радасці?» Прыемна было адчуваць спіной цеплыню сонечных праменняў i глядзець, як на плыні ракі нырае коркавы паплавок.

— Ага, клюе? — зусім па-дзіцячы ўзрадаваўся Стары i па-дзіцячы, на спіне, ссунуўся з абрыву да вады, схапіў вудзільна. Бліснуў на сонцы трапяткі кавалачак срэбра.

Паблукаўшы па лесе i лузе яшчэ трохі, Данік i Саша, змораныя, вярнуліся дадому. На гародзе ix сустрэла Поля. Лялькевіч усё расказаў ёй. Такую тайну ад старэйшай сястры, якая была за маці i гаспадыню, нельга хаваць.

Па Сашыным выглядзе Поля не зразумела, знайшлі ці не знайшлі. Спытала вачамі — так размаўляць прывучыла падпольнае жыццё.

«Бачылі?»

«Не», — схіліла галаву Саша.

Поля цяжка ўздыхнула i засмучана падперла шчаку кулаком. Яна перажывала ўсё гэта па-свойму. Ніколі не бачыўшы Пятра, яна розумам i сэрцам не прымала яго як блізкага чалавека i часам сумнявалася ў сур'ёзнасці Сашынага замужжа. A Лялькевіч за час, што жыў у ix хаце, стаў сапраўды як родны. Поля палюбіла яго. Праніклівая i ўважлівая, як усе разумныя жанчыны, яна не магла не прыкмеціць, што ён кахае Сашу. Жадаючы сястры большага шчасця, яна хацела, каб яны сталі жонкай i мужам… I раптам Пятро стаў рэальнасцю. Ён ішоў да ix, як у родны дом. Сэрцам адчуў саперніка. Поля разумела яго i не асуджала, што ён збег, а вельмі шкадавала. Цяпер яна паверыла ў ix каханне — Пятра i Сашы, у ix жаніцьбу. I ёй, жанчыне набожнай, стала сорамна за свае грэшныя думкі: як зводніца якая, хацела аддаць сястру другі раз замуж, пры жывым мужу, які, гаротнік, немаведама дзе цяпер i што думае пра ix сям'ю.

Вось чаму ёй было балюча даведацца, што Пятра не знайшлі, што ён знік бясследна, не даведаўшыся праўды. I яшчэ яе спалохала i ўразіла, што Саша быццам не вельмі перажывае — не плача, не скардзіцца, не абвінавачвае Лялькевіча, Даніка, яе, Полю. З незразумелай бояззю, сцішаная i засмучаная, ішла яна за Сашай у двор: як яны сустрэнуцца з Лялькевічам?

Уладзімір Іванавіч быў пад паветкай. Хацеў працаваць (падыходзіў сезон на бочкі), але рукі не трымалі гэбля, i ён гуляў з Ленкай. Малая ўжо цвёрда трымалася на нагах, няспынна шчабятала. А потым ёй спадабалася падаць на мяккія духмяныя стружкі, куляцца ў ix.

— Та-та, ба-ах! — валілася на спінку i залівіста смяялася.

Лялькевіч з бацькоўскім замілаваннем глядзеў на яе, усміхаўся, але ўсмешка была сумная. Ён думаў пра яе бацьку, які блукае недзе па лесе з цяжкай пакутай у душы. А малая яму, чужому чалавеку, кажа «тата», кажа невыразна яшчэ i несвядома, але так яе навучаюць Данік i Поля. Ён успамінае, як Саша доўга моўчкі i ўпарта супраціўлялася, каб Ленка называла яго татам. Але потым скарылася i ў апошні час як бы не звяртала ўвагі.

Саша кінулася пад паветку, схапіла дачку на рукі, моцна прыціснула да грудзей, нібы малой пагражала небяспека.

Лялькевіча тэта паласнула па сэрцы. Ён адчуў сябе вінаватым. Ленцы, як на тое, не хацелася сядзець на руках у маці, яна рвалася назад у стружкі. Але Саша панесла яе у хату. Поля праслязілася i, спачуваючы, паглядзела на Уладзіміра Іванавіча.

Саша, нават на думку Лялькевіча, паводзіла сябе дзіўна. Яму, калі ён таксама прыйшоў у хату, яна сказала мякка, ласкава, з бяскрыўднай іроніяй:

— Як жа гэта вы, Уладзімір Іванавіч, нічога сказаць не паспелі? Атрымалі па носе i слова не вымавілі?..

Ён сам усю раніцу думаў пра гэта i не мог уцяміць, як яно так здарылася, што ён, партызан, камісар, падпольшчык, які ўмеў у самых складаных i нечаканых абставінах дзеинічаць хутка i правільна, аказаўся такі недарэка. Ён баяўся глядзець ёй у вочы, панурыўся, пераступаў з нагі на нагу, стукаючы самаробным пратэзам аб падлогу.

— Гэта ціхае жыццё псуе мяне. Я раблюся залішне павольны, цяжкадумны… А ён, Пятро, відаць, падрыўнік ці разведчык. Дзейнічаў, як маланка. Я пазнаў яго толькі тады, калі з разбітым носам апынуўся ў калюжы.

Саша засмяялася, здалося яму, нават весела. I больш нічога не сказала. Усё знешне было так, як учора, пазаўчора, усе папярэднія дні.

Саша сабрала бялізну i пайшла на рэчку, але ўзяла з сабой i Ленку. Лялькевіч не мог не адзначыць гэта. Поля збірала на гародзе фасолю. Данік з касой пайшоў на луг «выкасіць дзе-небудзь лапінку атавы». Хоць на самай справе мэта была іншая. Два дні назад на Сожы амаль села баржа. На баржы ўзмоцненая варта. Хлопцы здагадваліся, што немцы на баржы вязуць важны груз, можа, нават боепрыпасы. I выпрасілі ў Лялькевіча дазвол спаліць баржу. Данік i Анатоль, косячы атаву, павінны паназіраць за вартай, разведаць подступы.

Лялькевічу не працавалася. Ён думаў i пра чарговую аперацыю i пра наведанне Пятра. Безумоўна, Саша балюча перажывае. Але яна гордая, а таму ні аб чым не просіць i нікога не вінаваціць. Калі яна вярнулася з рэчкі i развешвала на агароджы бялізну, ён падышоў да яе, стаў побач, сказаў шэптам:

— Я пайду, Аляксандра Фёдараўна. У атрад. Я знайду яго. Накіруем сувязных ва ўсе суседнія атрады. Ён або з армейскай групы Віці, або з атрада Куцага. Ім скінулі радыста i дыверсантаў для горада…

Саша ўзняла вочы, у позірку яе была ўдзячнасць, i гэта было яму даражэй за ўсё.

— Я пайду ў Буду рамантаваць царкву. Поп прасіў…

Ён зрабіўся не толькі бондарам, але i цесляром. Пра гэта ведае ўся веска.

Саша кіўнула галавой — не першы раз! — i моўчкі дакранулася да яго локця.

II

«Усё нішчыць вайна. Гінуць людзі… Чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуюцца любоў i вернасць… Разбураецца сям' я… Адзін я, наіўны, верыў у заўтрашні дзень, у шчасце… А яно ўсё ў мінулым… Антаніна нічога не патрабавала за сваю любоў… Жыла адным днём… Няўжо так i трэба жыць? «Каб цябе сёння разнесла бомба, твая жонка…» — «Сціхні!» — закрычаў я ёй тады. А чаму ёй сціхаць? Мяне не разнесла бомба, я выжыў ад фінскіх куль i гранаты, а шчасця — таго, што было, няма i ніколі не будзе…»

Пятро ляжаў, уткнуўшы галаву ў мокры мох. У цяжкія хвіліны вайны шмат пра што жудаснае думаў, шмат чаго сніў: Сашы няма жывой, яе пагналі ў Нямеччыну, у няволю, на здзек i гвалт… — I пра Лялькевіча думаў, раўнаваў, пакутаваў. Але ўявіць, што Саша — жонка гэтага чалавека i яны жывуць у ціхай лясной вёсцы i, можа, плодзяць дзяцей у той час, калі навокал ідзе бязлітаснае змаганне, — такая думка нават ні разу не прыходзіла ў галаву. Як можна памыліцца ў чалавеку! Саша, Саша…

Хацеў плакаць, але слёз не было. I думкі, як іскры, сухія, кароткія, ясныя. Толькі мох мокры i пахне родным, забытым маленствам.

Самае дзіўнае, што злосці на Сашу не адчуваў. Іншая рэч — на Лялькевіча. «Можа, паліцай які-небудзь, падлюга. Трэба было не па мордзе, а стукнуць з пісталета… Няхай бы адным гадам менш было…»

Ён дастаў з кішэні пісталет, да болю сціснуў шурпатую рукаятку. Але праз хвіліну падумаў, што, не ведаючы акалічнасцей, ён не мог зрабіць гэтага — забіць чалавека, тым больш блізкага Сашы… Ён не забойца. Ён паверыў, што Саша магла здрадзіць яму — Пятру. Але паверыць, што яна здрадзіла народу, Радзіме, жыве з паліцэйскім. Не! Не можа гэтага быць! Трэба пайсці назад i ўсё высветліць. Калі ён сумленны чалавек, то не прадасць… Але які ён сумленны! Ды цяпер ужо i не пройдзеш, каб не ўбачылі… Вунь ужо гукае пастух. Рыпяць жураўлі…

Пятро прыслухаўся. Зноў нехта крыкнуў, але ужо у другім баку — у глыбіні лесу. Хто там мог зваць яго? Першы раз, калі ён пабег, здалося, што жаночы голас надрыуна паклікаў ззаду: «Пеця!» Ён спыніўся тады, замёр. Чакаў. I каб покліч паўтарыўся, то, напэўна, забыўся б i на школу, i на паліцэйскі гарнізон, i на Лялькевіча — на ўсё на свеце. Пабег бы назад насустрач гэтаму голасу. Але дарэмна чакау. Ніхто яго больш не паклікаў. Відаць, яму проста здалося, стомленаму, разбітаму, уражанаму. Ён i дагэтуль часта чуў Сашын голас. I цяпер вось зноў здалося, што гэта яна. Крык паўтарыўся, i знікла надзея, бо стала ясна: гукаюць адзін аднаго людзі, якія збіраюць грыбы. Імя незразумелае — не то «Манік», не то «Ванік». I адказ: «А-у-у» — хлапечы голас.

Людзі жывуць, збіраюць грыбы.

«Можа, пайсці да ix i пра ўсё распытаць? Пра што? Што могуць ведаць чужыя людзі? Скажуць, што тут яна, Саша?.. Дык сказала ж Аня. Пачуць ад людзей, лішні раз, што жыве не адна — з мужам? А можа, вярнуцца да ix i сказаць: «Я хачу ўбачыць сваю дачку. Дзе мая дачка?» Паглядзець малую i глянуць у вочы Сашы. Якія ў яе будуць вочы?» Ён уявіў з незвычайнай выразнасцю яе вочы, як цалаваў ix, i… застагнаў ад болю.

Не, вяртацца нельга. Ён проста не мае права, бо гэта неразумна i небяспечна, гэта можа прывесці да недарэчнай гібелі. А ён павінен жыць, змагацца, помсціць за сваю i людскую крыўду i гора. Заўтра ён павінен быць у сваім атрадзе, дзе яго чакаюць Павел Пятровіч, Кастусь, іншыя сябры i вялікія справы. Заўтра. А яму ісці кіламетраў сто. Трэба спяшацца.

Пятро падняў галаву.

— Што ж, бывай… — звярнуўся ён да Сашы. — Не падумай, што я сапраўды больш не буду верыць, што ёсць на свеце каханне мацней за смерць. Можа, i мае не мацней за смердь. Але мае вернае i адданае! Ты чуеш? Я i цяпер кахаю цябе, Саша, чуеш? Вярніся. — Ён хацеў сказаць: «I я ўсё дарую», але адчуў пошласць гэтых рамансавых слоў, узлаваўся, па-салдацку вылаяўся.

Трэба ісці!

Але ніяк не мог адарвацца ад зямлі. Быццам зламаўся хрыбет, адключыліся нервы і… рукі, ногі, сэрца — усё цела не слухалася загадаў, якія пасылаў розум.

З явілася сумненне: a ці Лялькевіч то быў? Ці не ўдарыў ён невінаватага чалавека? Здараецца, што далёкія чужыя людзі часам знешне падобны адзін на аднаго. Але хутка Пятро адкінуў гэтае сумненне, бо ўспомніў позірк таго, каго ўдарыў,— то быў позірк чалавека, які таксама пазнаў яго i разгубіўся. О, каб ён не пазнаў i не разгубіўся, то не стаў бы як анямелы. Цяпер людзі насцярожаныя i не чакаюць, пакуль ix схопяць ці ўдараць. А гэты тып адчуваў сябе, што сабака, які нашкодзіў.

«А я ішоў, як гаспадар…»

Скаланула думка: «Як гаспадар… Дык чаму ж тады ты кінуўся ўцякаць? Не пачакаў хвіліны, не паклікаў Сашу?.. Няхай бы глянула ў вочы», — сказаў як бы хто іншы, той, з кім ён часта гутарыў, раіўся, спрачаўся, другі Пятро Шапятовіч. Ажно кінула ў пот, калі адказаў: «Спалохаўся. Пабаяўся, што Лялькевіч закрычыць, узніме на ногі паліцыю…»

Паспрабаваў апраўдацца:

«Не таму, што пабаяўся… Проста не хацеў яе бачыць, не хацеў ніякіх тлумачэнняў… Навошта? Каб зрабілася яшчэ больш балюча? Я не немцаў баюся, не паліцаяў, самога сябе баюся, душэўных пакут…»

Аднак адчуваў, што крывіць душой.

«Але ты кінуўся, як заяц… Як баязлівец…» Гэта вельмі пакрыўдзіла. Магчыма, у пачатку вайны ён сапраўды баяўся смерці, але потым ніхто не мог, не меў права кінуць яму такога папроку. А тым больш цяпер, калі ён стаў партызанскім разведчыкам! I ён давядзе сабе i ўсім, што не баязлівец!

Зараз жа пойдзе назад i пагаворыць з імі!

Апанавала неразумная, адчайная адвага. Ен падскочыу з зямлі i рушыў да вёскі. Але не патрапіў на тое ж месца перад выганам, да хаты Траянавых, a выйшаў з другога боку, з сухога балотца, з альховых кустоў, паміж якімі чарнелі свежыя сцежкі, пратаптаныя статкам.

Гэтыя сцежкі неяк адразу ўтаймавалі Пятра. «Кароў многа, — падумаў ён, — значыцца, мірна жывуць, не «соляць» немцам, раз тыя кароў не чапаюць. Яўна ёсць паліцэйскі гарнізон са сваіх бобікаў».

Ды i вёска ўжо ўся прачнулася: па вуліцы ходзяць людзі. У такі ранні час незнаёмага адразу засякуць. Пятро зноў адступіў у глыб лесу, зноў забраўся ў гушчар i паваліўся на мох. Трэба ісці! — загадаў сабе i… не падначальваўся. Там чакалі сябры. А тут — Саша… Як пайсці, не глянуушы ей у вочы? А як глянуць?.. Зноў — думкі, планы… Ды перамагла стомленасць, дзве бяссонныя ночы. Пятро заснуў.

Прачнуўся спалоханы: мог жа нехта неўзнарок наскочыць на яго. Але сон неяк хораша заспакоіў, надаў разважлівасці, удумлівасці. Хацелася есці, ужо суткі, акрамя позняй чарнікі, нічога не еў.

Спаў, відаць, гадзіны тры, бо сонца ўжо ўзнялося высока.

Разважыў: «У такі час вёска пусцее. Адны дзеці ды старый. Пайду. Папрашу есці ў якой-небудзь бабулі. I, між іншым, спытаю Сашу. Скажу, што некалі да вайны разам вучыліся. А там, можа, удасца паслаць якога хлапчука, каб паклікаў Сашу ў лес. Чаго мне баяцца з такой зброяй?»

З узлесся аблюбаваў хату, трэцюю з краю i чамусьці самую заможную на выгляд.

Зайшоў з вуліцы, не хаваючыся. У двары сустрэла маладая гаспадыня, якая расстаўляла для сушкі тоўстыя снапы проса. I тады Пятро трохі спалохаўся: залішне заможная хата для такога часу — фіранкі на вокнах, у хляве вішчаць парасяты, на гонтавым даху грэюцца на сонцы пузатыя жоўтыя гарбузы i апетытныя чырвоныя памідоры.

Але адступаць не было як.

Не папрасіў, a патрабаваў, каб далі паесці. Маладзіца не спалохалася i не пачала, як гэта звычайна рабілі ў той час, калі не ведалі, што за чалавек, адмаўляць, скардзіцца, што ў хаце кавалка хлеба няма. Толькі ўхмыльнулася неяк дзіўна, сарамліва закрыла сакавітыя вусны ражком вылінялай хусткі i запрасіла ў хату. Зняла адзін настольнік, заслала другі, з грубейшага палатна, адразу паклала вялікую буханку свежага хлеба, ад духмянасці якога ў Пятра закружылася галава. Ён адразу прагна адламаў вялікі акраец. Жанчына зноў ухмыльнулася:

— Я вам малака халоднага са склепа прынясу. I яек на седале пагляджу. Кудахталі сёння.

— Ыгы, — прамычаў Пятро, набіваючы смачным хлебам рот.

Гаспадыня выбегла. Пятро агледзеўся. Хата чыста пабелена, на нікеліраваным ложку гара падушак. На жардзіне завешана прасціной адзенне.

«Не баяцца, што немцы забяруць…»

Ён ведаў, бачыў, што цяпер у сялянскіх хатах пуста, увесь нажытак схаваны, бо акупанты рабуюць усё, што трапляе пад руку, — не толькі хлеб i жывёлу, але i адзенне, палотны, настольнікі, ручнікі, посуд.

«Ці не да старасты якога-небудзь я трапіў?» — мільганула думка, i ён праверыў пісталет — падарунак, які Кастусь атрымаў у Маскве ў партызанскім штабе. Новенькі, безадказны, прыгожы i бліскучы, як цацка.

Раптам у шыбу за яго спіной стукнула, быццам кінулі каменьчык. Ён азірнуўся. Хлапчук год дзесяці, зрабіўшы вялікія спалоханыя вочы, круціў галавой i паказваў рукой на гароды — падаваў знакі, сэнс якіх няцяжка было зразумець: уцякай!

«Здаецца, уліп, — падумаў Пятро. — Можа, сігануць цераз акно?» Але тут жа адмовіўся ад такога намеру.

Схапіў буханку, выбег у двор, адтуль — на гарод.

I тут, за хлявом, сутыкнуўся тварам у твар… з ёй, з гаспадыняй, расчырванелай, задыханай, i з мужчынам, заспаным, у пакамечанай сподняй кашулі, з вінтоўкай у руках. Жанчына войкнула ад нечаканасці i спрытна сіганула за спіну свайго «архангела».

Мужчына ўзняў вінтоўку, але ад нечаканасці ён не паспеў даслаць патрон. Пацягнуўся да ручкі затвора.

Пятро апярэдзіў яго: выхапіў пісталет, накіраваў на паліцая. Але чамусьці адразу не стрэліў. Загадаў:

— Кідай вінтоўку, сукін сын!

— Кідай! — завішчала за паліцаевай спіной жанчына.

I той, пасінелы ад страху, выпусціў зброю сабе пад ногі.

— Тры крокі назад!

Яны паслухмяна адступілі.

— Рукі ўгору!

Узнялі рукі.

Пятро падхапіў з зямлі вінтоўку.

— Па партызанскіх законах я павінен вас прыстукнуць…

— Ро-о-о-дненькі,— шэптам загаласіла кабета.

— Маўчаць, нямецкая сучка! Мала дабра нажыла? Хацела за мяне палучыць?

Найбольшая злосць у Пятра была на яе, на гэтую здрадніцу. Але ён адчуваў, што не здолее вось так — ва ўпор стрэліць у жанчыну. А на спалатнелага паліцая, які не прамовіў ніводнага слова, чамусьці не адчуваў асаблівай злосці. Лaпух нейкі, нават патрон не даслаў. Мабыць, яна, жонка, прымусіла пайсці ў паліцыю.

Не страляў ён, Пятро, вось так людзей. I нялёгка гэта — забіць абяззброенага! Чорт з імі, няхай жывуць. Кары сваёй не мінуць.

— Лажыся!

Ляглі. Яна ўткнулася тварам яму ў падкаленне, трохі не ў тое месца, якім сядзяць.

Пятра гэта развесяліла.

— Як там? Суха ў штанах? Ляжаць i не рухацца! Падыме каторы галаву — пушчу кулю. Ад лесу дастану. I сёння ж каб кінуў паліцыю. Бо май на ўвазе — мы цябе пад зямлёй знойдзем.

I Пятро ўподбег кінуўся па гародзе, паміж высокага кіяшніку.

Каб ён ведаў, каго палажыў! Самога начальніка паліцэйскага гарнізона Гусева! Той ужо развітваўся ca светам, бо рашыў, што прыйшла яго кара, што партизаны падпільнавалі яго, калі ён спаў у садзе ў палюбоўніцы. I — о шчасце! Партизан злітаваўся.

У адрыне, дзе яны часам спалі, стаяла вінтоўка, а мундзір з пісталетам застаўся ў хаце.

Гусеў па разоры папоўз у двор. Не паспеў Пятро дабегчы да сасняку, як з двара прагучалі пісталетныя стрэлы, узнімаючы трывогу. Ім адгукнуўся аўтамат каля школы.

I тады Пятро пашкадаваў, што адпусціў таго гада. Вылаяў сябе:

„Размазня. Слюнцяй. Інтэлігент. Што ты скажаш хлопцам?»

Мінут праз дзесяць ззаду ў лесе ўжо страчыла некалькі аўтаматаў — прачэсвалі. Глуха бухалі вінтоўкі. Адна куля дзынкнула i зрэзала лазінку зусім блізка.

„Калі ў вас няма сабак, то насыпце мне солі на хвост», — зларадна падумаў Пятро, адыходзячы ўсё далей у глыб перасохлага ў тое лета балота, хоць пад нагамі чаўкала i дзенідзе паміж лазнякоў бліскала чорная i тлустая, як дзёгаць, з чырванаватым адлівам вада «воўчых ям».

Пакуль прабіраўся балотам, адкусваў хлеб, думаў, як напалохаў паліцая i яго жонку, успамінаў усе падрабязнасці i быў задаволены сабой: можна лічыць, даказаў, што ён не баязлівец! Думаў, як будзе апавядаць пра гэта ў атрадзе. Адчуваў, што, калі раскажа, як неасцярожна, сярод дня зайшоў у вёску, дзе размешчаны цэлы гарнізон, наўрад ці пахваліць яго за гэта камандзір атрада — Павел Пятровіч, які па-бацькоўску беражэ сваіх людзей i не любіць неразумных выхадак. Сыну яго — Кастусю, камандзіру разведкі, таму, безумоўна, спадабаецца. Той любіць рызыкоўныя ўчынкі. Але наўрад ці ўхваляць Кастусь i ўсе хлопцы, што ён адпусціў паліцая. Не ўхваляць. Страціць можна павагу i давер, а гэта самае страшнае пакаранне ў атрадзе — калі табе не вераць.

«Што ж сказаць? Схлусіць, што забіў паліцая? Але ж трэба мець сумленне. Не, Павел Пятровіч, бадай, ухваліць, калі сказаць амаль праўду: не ведаў, дзе другія бобікі — блізка, далека, можа, тут жа, на сенавале, спалі, а таму не адважыўся страляць, узнімаць шум; абяззброіў, палажыў у разору — i ходу. Не трэба іграць героя, прыпісваць сабе выдуманыя подзвігі. Праўдай большую павагу заваюеш! Прынясу доказ — вінтоўку. Не, вінтоўку не данясу, з ёй удзень небяспечна ісці, прыйдзецца прынесці адзін затвор».

«А пра Сашу… пра яе што я раскажу? — раптоўна пеканула думка. — У першую чаргу Кастусь спытае пра Сашу…»

Горка яму стала, вельмі горка i крыўдна. Не толькі ад страты самага дарагога, што было ў яго жыцці, але i ад абразы. Ніколі яшчэ ён не адчуваў сябе такім зняважаным. Яму здавалася, што Лялькевіч, нягледзячы на тое, што атрымаў па мордзе, недзе смяецца з яго. Можа, разам смяюцца.

Не, не… Саша не можа смяяцца. Не можа! Яна нічога не ведае…

Пятру хацелася, каб Саша не была вінавата ў тым, што здарылася, ці вінавата толькі ўскосна — яе ўвялі ў зман, зачаравалі, прымусілі… Хацелася, каб Лялькевіч не сказау пра яго прыход. Ён вось таксама вымушаны будзе маўчаць. Хіба можна пра такое расказачь, нават лепшаму другу?

Прыйдзецца сказаць, што жонкі няма ні там, дзе працавала, ні ў роднай вёсцы, што яна эвакуіравалася ў пачатку вайны ў савецкі тыл. Прыйдзецца хлусіць.

Выбраўшыся з балота, ён апынуўся ў знаёмых мясцінах: праходзіў тут роўна тры гады назад. Ішоў усё з-за гэтага ж Лялькевіча. Ужо тады той стаў упоперак дарогі. Няўжо i тады паміж ім i Сашай штосьці было? Няўжо недарэмна ўзнікла яго, Пятрова, рэўнасць? Але прадчуванне — гэта верная рэч… Аднак усё адно розум, сэрца, уся істота не маглі пагадзіцца, што Саша, добрая, пяшчотная, чулая, сардэчная, такая прытворная i здрадлівая… Ён успамінаў хвіліны, дні, месяцы свайго жыцця з ёй. Успамінаў свой першы прыезд… Потым другі, у майскія дні… Першую блізкасць i адчуванне найвялікшага шчасця, якое жыло да сённяшняй раніцы. Як жа цяпер ён будзе жыць без гэтага шчасця, без мінулага i будучага, без мары? I, сеўшы адпачыць, ён упершыню заплакаў, адчуўшы сваю адзінокасць сярод пустэчы сухога балота, дзе сіратліва стаялі абгарэлыя сасонкі.

Хутчэй да сяброў! Можа, там развеецца, забудзецца гора!

Да Дняпра ён выйшаў надвячоркам. Прайшоў па беразе, удыхаючы рачную прахалоду з пахамі ілу i рыбы. Лодкі нідзе не было. Плыць ён не адважваўся, адчуваў стомленасць, ды i баяўся прыцягнуць да сябе ўвагу. На тым, заходнім, крутым беразе паказваліся людзі.

У адным месцы дарога падыходзіць да самага абрыву, i там праехалі фурманкі, нагружаныя снапамі ячменю ці пшаніцы, прайшлі жанчыны. Здаецца, ідзе звычайнае жыццё i людзі заняты мірнай працай. I ўсё-такі трэба асцерагацца. Страшэнна крыўдна — хавацца на роднай зямлі.

Што ж рабіць? Чакаць ночы? Але шкада часу. Ды i плысці ўначы яшчэ больш небяспечна. Трэба шукаць дарогу.

Пятро пайшоў уніз, хаваючыся ў прыбярэжных лазняках. За паваротам ракі, на тым беразе, паказаліся белыя будынкі. Ён пазнаў ix. Toe мястэчка, дзе яны часта былі з Сашай. Будынкі — былая МТС, а крыху далей бальніца, дзе працавала маці Сені Пясоцкага. Зноў наплылі ўспаміны.

У вусці маленькай рэчкі, што ўпадае ў Дняпро, ён знайшоў човен. Але толькі дакрануўся да яго, як ззаду пачуўся суровы голас:

— Гэй, ты там! Не ты паставіў — не чапай… Прывыклі да чужога, як да свайго…

Пятро адскочыў, каб заняць больш выгадную пазіцыю для абароны.

З кустоў высунулася рудая барада, бліснулі калючыя вочы. Але Пятро ўбачыў, што перад ім не вораг. З гушчару вылез стары гадоў сямідзесяці, узброены адным сцізорыкам ды зрэзанай лазінай. Праўда, глядзеў ён нядобразычліва, зарос л ы твар яго быў злосны i хмуры. Мацюкнуўся i паўтарыў:

— Не ты паставіў — не чапай! Не тваё…

Пятро вырашыў дамовіцца з ім па-мірнаму i лагодна папрасіў:

— Перакіньце, дзядуля, на той бок, калі ласка… Да сястры іду ў Заполле…

Стары агледзеў яго праніклівым i крытычным позіркам.

— А што дасі?

— Што я табе дам! У кішэнях маіх вецер гуляе…

— Дзесяць марак! — рашуча заявіў лодачнік.

Пятра абурыла такая нахабнасць i прагнасць. Уласна кажучы, не столькі прагнасць, як тое, што стары патрабаваў маркі. Каб ён запрасіў тысячу рублёў, партызан толькі пасмяяўся б. А то — маркі!

— Ты што ж гэта, стары чорт, багацець надумаў?

— А гэта мая справа. Можа, i разбагацею.

— Марачнік які знайшоўся! Людзі кроў праліваюць, а ён маркі збірае…

— Ну, дык каціся ты… — вылаяўся стары i пагардліва адвярнуўся.

«Ах ты, псіна старая. Зараз ты ў мяне заспяваеш інакш…» Пятро дастаў з кішэні пісталет, перакінуў з рукі на руку, быццам варанёны метал пёк пальцы.

— Гэй ты, марачнік! Глядзі! Магу даць табе марачку. Залатую. Цаны ёй няма. З гэтай вось цацкі.

Стары коса паглядзеў на пісталет i моўчкі пасунуўся у хмызняк.

— Ты куды?

— Па вясло.

— Іншая размова. Але i я з табой…

— Ды во яно, вясло, — нахіліўся ён.

— Не ўздумай да немцаў прывезці, калі збіраешся яшчэ багацець, — папярэдзіў Пятро, ускочыўшы ў човен. Ён сеў на носе, трымаючы ў руцэ паміж каленяў пісталет, лодачнік — на карме. Гроб адным вяслом. Па рэчцы плылі моўчкі. На пясчаным перакаце стары па-маладому выскачыў i падпіхнуў човен. Калі выплылі на дняпроўскі прастор, ён раптам хораша ўсміхнуўся — такой усмешкай, быццам сказаў ці хацеў сказаць: «А што, добра я з цябе пажартаваў?» Не, сказаўён іншае:

— А я, здаецца, перавозіў цябе ўжо раз.

— Калі?

— Не помню — калі. Але твар твой запомніўся. Выгляд у цябе вельмі зажураны. На смерць весялей ідуць.

Пятро здрыгануўся: значыцца, гэты самы дзядуля перавозіў яго тры гады назад, калі ён ішоў ад Сашы пасля таго, калі ўбачыў, як яны гулялі ў валейбол — Саша i той… Пальцы ўпіліся ў рукаятку пісталета.

— A пукаўку сваю схавай, — гаварыў між тым стары. — Я каб быў тваім камандзірам, то такую прыпарку прыпісаў бы табе за тое, што ты круціш гэтай цацкай у кожнага пад носам. Дурань ты, брат…

— Ну, ну! «Камандзір»! Пагавары больш!..

— Мне многія хацелі рот заткнуць — не заткнулі, як бачыш… А як я цябе магу назваць, калі ты самы сапраўдны дурань? Скажы дзякуй за гэта…

Пятро ўсміхнуўся:

— Вясёлы ты, дзед.

— Ты ведаеш, як гэта называецца? — стукнуў ён вяслом аб борт. — Душагубка. Ты вось трымаеш сваю цацку, а я вось так. — Човен моцна хістануўся.

— Ну, ну!

— Гэта я цябе папярэдзіў, дык ты паспеў нукнуць… А каб я адразу… Пікнуць не паспеў бы. Пайшоў бы твой пісталет на дно, a ўслед i сам. Я вяслом па галаве, каб доўга не боўтаўся… Я, брат, i ратаваць умею, i тапіць, каго трэба…

Пятро адчуў, як пахаладзела патыліца. Ён зразумеў, што ў барацьбе пасярод ракі, каб такая барацьба ўзнікла, ён бездапаможны з усей зброяй перад гэтым сівым, ускудлачаным, нядужым на выгляд старым.

Але разам з тым з'явіліся павага да яго i давер. Не, не дзесяць марак патрэбны былі старому, а нешта іншае, магчыма, нават пароль. Сваіх адносін да «новага парадку» стары не выказваў ніводным словам, але Пятро чамусьці адчуў у ім надзейнага чалавека i сунуў пісталет у кішэню.

— Не будзем сварыцца. Мы ж старыя знаёмыя. Лепш скажы: ты часам не адтуль? — кіўнуў ён у бок мястэчка, якога адгэтуль, з ракі, за выступам берага, не было відаць: стары ведаў, дзе пераплываць далей ад лішніх вачэй. Пятро пазней зразумеў гэта.

— З таго. А што?

— У вас там урач працавала, Марыя Сяргееўна Пясоцкая.

Лодачнік пільна паглядзеў яму ў твар i ўдакладніў:

— Марыя Сяргееўна Куцека, гэта муж у яе быў Пясоцкі. Ara, працавала. I цяпер працуе.

— Працуе? Дзе?

— У бальніцы. Дзе ж яшчэ! Пры любой уладзе людзі хварэюць, — па-філасофску разважліва сказаў ён i, крыху памаўчаўшы, спытаў: — А ты адкуль ведаеш нашу доктарку?

— Лячыўся ў яе, — схлусіў Пятро, каб не паглыбляцца ў лішнія тлумачэнні.

— А-а.

Човен уткнуўся носам у пясчаны бераг якраз супраць глыбокага рова. Такія равы ў высокіх берагах вымываюць вясновыя воды, шукаючы найкарацейшы шлях у Дняпро. Каля самай ракі яны глыбокія i шырокія, далей у поле мялеюць, звужаюцца i разгаліноўваюцца, як дрэва. Там, дзе ёсць крыніцы, раўчакі жывуць усё лета, але большасць улетку сухія.

Пятро зразумеў, што стары знарок прывёз яго да гэтага рова, каб зрабіць больш бяспечным яго далейшы шлях на палявым правабярэжжы. У грудзях калыхнулася цёплая хваля ўдзячнасці.

«Вось ён які, гэты дзед, — мудры, хітры, асцярожны».

Пятро ступіў на чыста вымыты пясок i прытрымаў човен, бо стары ўжо ўпёрся вяслом у дно, каб адпіхнуцца.

— Дзякую, дзядуля. Не крыўдуй, што я так…

— Бог з табой, — адказаў той, сумна схіліўшы галаву.

— Будзь здаровы.

— Будзь здаровы i ты, сынок.

A калі Пятро адышоў, стары раптам ціха паклікаў:

— Слухай, хлопец! Ты да доктаркі? Будзь асцярожны. У школе немцы.

Пятро павярнуўся, кіўнуў галавой: разумею.

— Дзякую.

Ён помніў, што школа недалёка ад бальніцы, цераз вуліцу.

Упэўненасць старога, што ён прабіраецца ў мястэчка, навяла на думку — наведаць Сеневу маці. Але, ён павінен зайсці да яе! Абавязкова. Гэтага патрабуе памяць Сені, ix дружба. Пятро спыніўся ў задуме на дне бы лога ручая, на белым утаптаным пяску. Паабапал на схілах рова раслі каліна, шыпшына, яшчэ нейкія густыя i калючыя кусты. Убачыўшы на пяску свае сляды, партызан збочыў, прадзіраючыся праз кусты, падняўся па схіле ўгору, агледзеў поле, пустое i маўклівае, i лёг у кустах над абрывам.

Заходзіла сонца. Рака была ўжо ў цені крутога берага. На верхавінах лугавых траў гарэлі апошнія праменні. Уніз па цячэнню адзінока плыў човен. Недзе далека рыкала карова. Лёгкі вецер прынёс пах пераспелай збажыны. Закружылася галава. Трохдзённыя пераходы кіламетраў па пяцьдзесят, бяссонне, перажыванні гэтага дня моцна знясілілі.

Нейкі час Пятро нібы павольна правальваўся ў глыбокую яму, дзе згушчалася цемра, глухлі гукі, згасалі думкі, як вуголле дагарэўшага вогнішча, i рабілася лёгка i хораша. Але раптам зноў узляцеў на паверхню. Сапраўды цямнела, у небе загарэліся зоркі. Унізе, кал я ракі, збіраўся туман. У галаве стала ясна, быццам добра адпачыў, i зноў завірыліся думкі.

«Так, я наведаю яе. Мы разам паплачам над яе i над маім горам… Ёй, маці, можна сказаць пра ўсё. Бо толькі любоў маці сапраўды мацней за смерць. Нішто ў свеце не можа яе астудзіць, пахіснуць…»

«Але навошта мне быць вестуном гора? Разбураць апошнюю надзею? Няхай спадзяецца, верыць… Так ёй будзе лягчэй жыць. А я магу ўмацаваць гэтую веру, калі передам прывітанне ад Сені, скажу, што ён застаўся на батарэі…»

«Не, я не змагу так хлусіць… Я выдам сам сябе… Ды i навошта? Ад гэтай страшнай праўды нікуды ёй не дзецца. Яна ўсё роўна прыйдзе да яе… Прыйдзе разам з вызваленнем, перамогай… I тады ёй будзе яшчэ цяжэй, калі навокал будзе радасць… Няхай цяпер… Калі гора ва ўсіх, лягчэй перажыць i ўласнае гора… Яна мужная жанчына i ўрач… Няхай больш будзе ў яе сэрцы нянавісці да ворага».

Думкі рваліся, як нетрывалыя ніткі. А на чорным небе загарэліся новыя зоркі. Яны перашкаджалі думаць. Зорак стала безліч. Вось яны калыхнуліс я, заскакал i з месца на месца… I ён таксама калыхнуўся i некуды паплыў, гойдаючыся, як на хвалях.

Не, ён павінен ісці! З натугай падняўся, бо ногі здранцвелі. I забалелі грудзі — у тым месцы, дзе былі раны. Пасля ён доўга ляжаў яшчэ недалёка ад мястэчка, у недаспелай грэчцы, ад якой пахла мёдам. Адтуль i ў цемры бязмесячнай ночы быў відаць белы будынак бальніцы з адзіным цьмяным агеньчыкам, мабыць, у дзяжурным пакоі. Але трывожылі гукі, што даляталі з мястэчка, — прыглушаная музыка, галасы, спевы. Камусьці дужа весела.

«Калі гэта немцы, што ў школе, — разважаў Пятро, — тым лепш для мяне: больш весялосці — менш пільнасці. Дзе ў ix могуць стаяць вартавыя? Каля школы, вядома. Каля бальніцы? Навошта вартаваць хворых? Над абрывам, каб сачыць за тым, лясным, берагам, адкуль могуць прыплыць партызаны? Але ўсяго Дняпра не загародзіш… Не хопіць вартавых… Я пераплыў удзень… Ды i мястэчка не абгародзіш штыкамі».

Пятро помніў драўляную хаціну за бальніцай, у якои жыла Марыя Сяргееўна, — паказвала аднойчы Саша, калі яны праходзілі міма, нават звала зайсці пазнаёміцца з урачом, але ён пасаромеўся. Ды i Сеня неяк расказваў, што маці ўвесь час баялася, каб ix хаціна вясной ці пасля добрага ліуня не апынулася ў Дняпры.

Ён поўз па грэчцы, па калючым іржышчы, праз межы з сухім пустазеллем. Як многа стала межаў!

Раз-пораз спыняўся, прыпадаў вухам да зямлі.

Зямля маўчала. Гукі былі ў паветры — чужая музыка, чужыя спевы i п'яныя выкрыкі.

«Балююць, гады!»

Яны злавалі, гэтыя гукі, напаўнялі сэрца гневам.

«Гранату б вам туды, паразіты!»

Калі дапоўз да рэшткаў былой агароджы i пачуў смурод прыбіральні, яшчэ больш узлаваўся i абразіўся. Ворагі смела балююць, а ён мусіць паўзці па роднай зямлі, каб убачыць маці друга, сказаць, што загінуў яе адзіны сын… Даволі! Пятро падхапіўся на ногі.

«Калі тут бальніца, то ў прыбіральню ходзяць хворыя, i на таго, хто будзе ісці адгэтуль, не павінны звяртаць асаблівай увагі».

Падмацаваўшы сваю злосць такім лагічным разважаннем, ён на поўны рост, але павольна, як ходзяць хворыя, рушыў да хаціны, якая чарнела з боку белага будынка бальніцы. Ды раптам угледзеў тых, што весяліліся. На другім баку вуліцы, у школе, нябачнай загустымі прысадамі, было адчынена адно шырокае акно: іншыя вокны былі, відаць, замаскіраваныя, a толькі гэтае смела глядзела ў ноч — праз бальнічны двор за раку, на луг i далёкі лес, як бы кідаючы выклік тым, хто хаваецца там, у лесе, — гаспадарам зямлі.

Так здалося Пятру, i ён ажно закалаціўся ўвесь. У вялікім класным пакоі (можа, у тым, дзе вучыўся Сеня!) танцавалі фашысты. Дык хіба можа ён, партызан, прайсці міма? Хіба можа прыйсці да маці з адным сумным паведамленнем аб смерці сына? З гранатай у кішэні, ён не мае права паглядзець, як весяляцца ворагі, i пайсці далей. Калі ўжо рызыкаваць, дык толькі так, каб адпомсціць за Сеню, за сябе, за Сашу — за ўсё тое светлае, што страчана i растаптана. A калі ён, можа так здарыцца, не прыйдзе да маці Сені — няхай яна дару е.

Пятро павярнуўся назад, у поле. Адышоў паволі, потым, нахіліўшыся, пабег. Перабег дарогу i па-за гародамі (за школай было некалькі хат) падкраўся да прысад маладых таполяў, лісце на якіх i ў гэтую ціхую бязветраную ноч спалохана трапятала.

Школьная агароджа была некранутая, не тое, што бальнічная, i нават умацаваная: зверху абнесена калючым дротам.

Безумоўна, можна пералезці i цераз дрот, але Пятро пабаяўся, што на ім зроблена сігналізацыя, i папоўз уздоўж агароджы, шукаючы якой-небудзь шчыліны.

«Умацаваліся, сволачы!»

У адным месцы, у лагчынцы, штыкеціны былі крыху падняты ад зямлі. Пятро падкапаў рукамі i пралез.

У школьным садзе, праз які ён прабіраўся, стаяў густы водар спелых яблык. У галоднага хлопца ажно пацякла сліна. Нясцерпна захацелася падняцца i сарваць хоць адзін яблык.

Але ён перамог такую спакусу.

Вось i будынак школы, нізкі i доўгі. Над дахам узнімаюцца ў зорнае неба чорныя пікі таполяў.

Пятро прыслухаўся. Знадворку ціха. I ў школе сціхла музыка.

«Ці не разыходзяцца?» — падумаў ён з трывогай. Трымаючы ў левай руцэ пісталет, у правай гранату, ён шпарка прабег апошнія метры. Прытуліўся да цёплай сцяны, ад якой пахла нагрэтай смалой.

Не, яны не разыходзяцца. Яны рагочуць.

«Няхай парагочуць яшчэ хвіліну. Многім з ix больш не прыйдзецца рагатаць на гэтым свеце».

Не адрываючыся ад сцяны, ён асцярожна пасунуўся ўздоўж яе да вугла.

Шырокая палоса святла лягла на дарожку, пасыпаную жоўтым пяском, на акуратна падстрыжаны куст бэзу, на калітку… Пятро ўбачыў усё гэта ў адзін міг, асабліва кальку: адразу адзначыў, што над ёй няма калючага дроту. А яшчэ ўбачыў, якое дзіўнае ў святле лісце таполяў — не зяленае, a срэбна-алюмініевае, як луска рыбы.

Абышоўшы ганак, ён апынуўся каля адчыненага акна, зазірнуў у пакой. Яны сядзелі за сталом, падымаючы чаркі. Пятро палічыў: шэсць афіцэраў i дзве дзяўчыны. Адна залівалася п'яным смехам, другая з гуллівай сур'ёзнасцю гаварыла свайму суседу, ківаючы пальцам:

— Я вас пакараю, Ота. Колькі разоў я вам паўтарала: паруску трэба казаць не «девки», а «девушки»… Вам недаравальна! Вы не Густаў, які ні бэ, ні мэ, ні кукарэку…

Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў.

«Шкуры прадажныя, а не «девушки»!»

— Волен вір дойч шпрэхен! Лібэ мэдхэн![10] — закрычаў афіцэр, паднімаючыся. — Айнэн тост аўсбрынге…[11]

— Гэта ты, Генрых? — пачуў Пятро ззаду ціхі голас.

Ён не ўздрыгнуў, не кінуўся ўцякаць. Спакойна ўзняў рукі над галавой, вырваў чаку i па-жаночаму, з-за левага пляча, шыбнуў гранату ў пакой, на стол. Тады толькі адскочыў у день пад таполі.

Выбух пагасіў святло. Пятро кінуўся да каліткі, модна піхнуў яе, яна з трэскам адчынілася. Ён выскачыў на вуліцу i пабег у поле. Але крокаў праз колькі спатыкнуўся. Падумаў: «Няўжо я так стаміўся?»

Падхапіўся. Але хутка зноў спатыкнуўся, быццам невядомая сіла штурхала ў спіну. Адчуў усяродку гарачыню.

«Ранены? Чым? Калі?»

Відаць, стрэл вартавога прагучаў адначасова з выбухам, а таму ён не пачуў яго. Чамусьці прыйшла думка, што ратунак не ў полі, куды ён бяжыць, а там, за Дняпром. Сабраўшы апошнія сілы, ён кінуўся туды праз бальнічны двор. На момант з'явілася адчуванне надзвычайнай лёгкасці. Здавалася, што ён не бяжыць, a ляціць i можа вось так, скочыўшы з абрыву, пераляцець Дняпро. Хутчэй бы толькі абрыў! Хутчэй!

Ды тая сіла, што спачатку штурхала, пачала раптам цягнуць назад, як бы жадаючы паваліць на спіну. Ён павярнуўся з намерам адбіцца, ударыць нябачнага ворага пісталетам, стрэліць яму ў твар. Але перад вачамі шуганула чырвона-зялёна-жоўтае полымя, быццам паўночнае ззянне сарвалася з недасяжнай вышыні i падае проста на яго. Ён адхіснуўся, закрыўшы твар рукамі…

III

На досвітку Лялькевіч дабраўся да лагера. На ўзлеску яго спынілі вартавыя. Ужо тады, калі ён, стомлена кульгаючы, пачаў па-камандзірску трывожыцца: «Няўжо спяць? А можа, зняліся?» — з маладога дуба сыпанулі буйныя кроплі расы, i ледзь не на галаву яму зваліўся чалавек. Прыставіў ствол вінтоўкі да грудзей.

— Хвіліначку, шаноўны пан, ёсць размова.

Хлопец быў незнаемы.

«Папаўняецца атрад», — задаволена падумаў Лялькевіч.

У вачах вартавога скакалі гарэзлівыя чорцікі — ад прадчування цікавай размовы з «варожым агентам».

— У такі ранні час добрыя людзі спяць, шаноўны…

Лялькевіч усміхнуўся. Вартавы нахмурыўся, намерваючыся, мабыць, праявіць усю сваю суровасць. Але яму перашкодзілі — голас ззаду загадаў:

— Апусці вінтоўку! Свой.

Лялькевіч павярнуўся i ўбачыў аднаго з ветэранаў, з тых партызан, якія прыйшлі ў лес разам з ім, у самым пачатку вайны.

— Добрай раніцы, таварыш камісар.

— Здароў быў, Карней Пятровіч. — Уладзімір Іванавіч узрадавана паціснуў партызану руку. — Дзед дома?

— Дома.

Малады вартавы збочыў, стаў каля дуба, прыставіўшы вінтоўку да нагі. Ён не ведаў гэтага кульгавага чалавека. Але калі той ідзе проста да Дзеда i «старыя» называюць яго камісарам, значыцца, не абы-хто.

— З горада, — сказаў Карней, кіўнуўшы на навічка, калі адышліся крыху.

«Наша папаўненне», — падумаў Лялькевіч, азірнуўшыся, каб запомніць твар чалавека, які апынуўся тут дзякуючы рабоце, якую ён вёў са сваімі памочнікамі.

Яму хацелася прыйсці непрыкметна, каб нікога не будзіць. Прымасціцца дзе-небудзь на возе ці ў пустым будане, адпачыць, бо моцна ныла натруджаная за немалую дарогу нага. Але i ў такую рань у лагеры спалі не ўсе. Толькі што вярнулася з начнога паходу група разведчыкаў. Гэтыя «партызанскія гвардзейцы» не толькі яго былыя падначаленыя, але i асабістыя сябры. Убачылі (ад ix не схаваешся), загарланілі на ўвесь лес:

— Камісар!

— Валодзя!

— Уладзімір Іванавіч!

Адразу абвілі вянком рук. Ціскалі, ляпалі па плячах.

— У госці ці назаўсёды?

— Цішэй вы! Пабудзіце людзей!

— Людзі? Якія гэта людзі! Соні! Даволі ім пухнуць! Рады, што камары адышлі… Крук — во якую морду наспаў.

— Яго з пушкі не разбудзіш.

— Слухай! Плюнь ты на сваю кульцяпу! Давай назад у атрад! Мы табе тачанку зробім! З кулямётам!

— Ён там да такой маладзіцы прыліп!..

— Ого! Маладзіца — фельчарыца!..

— Ажаніўся?

— Адкарміла яна цябе… Хутка пуза адрасце.

Як i дзе ён лячыўся, чаму затрымаўся, пра тое ведалі нямногія ў атрадзе. Але гэтыя чэрці, разведчыкі, усё пранюхаюць. A галоўнае — шмат што могуць вытлумачыць па-свойму. Таму Лялькевіча крыху занепакоілі асобныя рэплікі i жарты.

— Але ж i майстры вы языкамі мянташыць! Вам бы не ў разведцы быць, a ў эстрадзе, — сказаў ён як бы жартам, але i з папрокам, — не балбачыце лішняе.

— О, камісар! Ты забыўся, што такое разведчык. Гэта ж найлепшы акцёр!..

— Уладзімір Іванавіч сам добры акцёр!

У цэнтры лагера з зямлі вылезла галава Чарнамора — такая ж казачная барадзішча, толькі шлема не хапала. Здавалася, дзьмухне зараз — i ўзнімецца віхура. Але галава крыкнула звычайным чалавечым голасам:

— Дажора! Што за кірмаш у цябе там?

— Дзе д.

Разведчыкі па адным пачалі знікаць. Толькі камандзір ix — Генка Дажора, высокі, хударлявы, з валасамі-лёнам i дзявочым тварам, да якога брытва дакраналася раз у тыдзень, — застаўся побач з Лялькевічам.

— Не спіцца Дзеду.

— Ад такога шуму ўвесь лагер мог падняцца.

Дзед — камандзір атрада Макар Піліпенка — убачыў Лялькевіча i адразу вырас у поўны рост — выскачыў, як той асілак з бутэлькі. На асілка, праўда, ён быў мала падобны, але бараду меў па пояс. Босы, у адным армейскім галіфэ i бруднаватай майцы, ён пайшоў насустрач Лялькевічу, шырока расставіўшы рукі. Абняў шчыра, заказытаўшы вуха i шыю барадой.

— Валодзя, друг! — i ўстрывожаным шэптам спытаў: — Што здарылася?

— Але ж i памяло ты адрасціў,— пажартаваў у адказ Лялькевіч.

Піліпенка хутчэй цягнуў яго ў зямлянку. Барадаты камандзір, якога звалі Дзедам не толькі партызаны, але i навакольнае насельніцтва i немцы, у сапраўднасці быў зусім малады чалавек, аднагодак Лялькевіча. Яны многа год ведалі адзін аднаго — Піліпенка працаваў прапагандыстам райкома партыі. Пасябравалі ў атрадзе самааховы, калі лавілі нямецкіх парашутыстаў. Камандзірам атрада быў начальнік райміліцыі, яны абодва — яго намеснікамі. Калі пры набліжэнні немцаў райком даў загад — стварыць з лепшых людзей ядро партызанскага атрада, начальнік міліцыі «адлучыўся па службовых справах». Лялькевіч i Піліпенка з дзесяткам надзейных хлопцаў, камуністаў i камсамольцаў, перабраліся з правага берага Дняпра ў лясное міжрэчча. Праз нейкія два месяцы ix атрад стаў самым буйным у гэтым раёне.

З самага пачатку яны мелі сувязь з сваім сакратаром райкома, які ўзначальваў другі атрад у паўночнай частцы раёна, на правабярэжжы. Пазней ім было даручана звязацца з Гомельскім падпольным гаркомам i з атрадамі, якія дзейнічалі ў паўднёвых лясах Гомельшчыны.

Здавалася б, па логіцы належала матэматыку Лялькевічу стаць камандзірам, а прапагандысту Піліпенку — камісарам. Але атрымалася наадварот. З першых жа дзён i Лялькевіч i ўсе астатнія ўбачылі, што Макар народжаны, каб камандаваць, арганізоўваць i весці людзей у бой. А Уладзіміру Іванавічу больш падыходзіла роля палітычнага настаўніка, выхавацеля.

Шчырая ў ix была дружба, сапраўдная, такая, што яднае на ўсё жыццё. Таму Піліпенка вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы сябра, але адначасова i ўстрывожыўся: Лялькевіч сам у атрад прыходзіў рэдка.

— Макар, скажы, ты хоцьфотаздымак сваёй брыгады зрабіў? Гэта ж, ведаеш, паказаць некалі! Во быў дзед… у дваццаць шэсць гадоў… У цябе i ў сто такой барады не будзе…

— Ты маёй барады не чапай.

Упэўнены, што выключныя абставіны прывялі Лялькевіча ў атрад, камандзір зачыніў дзверы, каб той хутчэй пачаў расказваць.

Праз маленькую адзіную шыбку цадзілася скупое ранішняе святло.

— Навошта ты зачыніў? Дыхаць няма чым. — Лялькевіч піхнуў цяжкія, як у склепе, дзверы рукой.

— Палюбіў ты прастору. Не цягні ката за хвост. Не люблю… Сапраўды нічога не здарылася ці ты прыкідваешся?..

— Далібог, нічога… асаблівага… для ўсіх нас… Хіба для лёсу двух-трох чалавек…

Лялькевіч з цікавасцю агледзеў зямлянку. Вось дзе з Піліпенкі вылез прапагандыст, арганізатар раённага музея! Зямлянка, што выстаўка народнага мастацтва. Ад столі да падлогі ўся завешаная саматканымі дыванамі, дарожкамі, пасцілкамі, ручнікамі, настольнікамі з беларускім i ўкраінскім арнаментамі. Нават навалачкі на падушках вышываныя, як у багатых нявест.

— Дзе ты такога дабра нахапаў?

— Фу, чорт! Ты ca мной гаворыш, як з паліцаем якім! ♦ Нахапаў»! Нямецкую пошту хапнулі. Пасылачкі заваёўнікі адсылалі з такім дабром. Экзотыка.

Прачнуўся камісар атрада Капыткоў, які замяніў Лялькевіча, калі яго раніла.

Камісар — чалавек сталы, гадоў на пятнаццаць старэйшы за камандзіра, з прыкметнай сівізной на скронях, з шыракаскулым выразным тварам. Ён стары армеец, мае саліднае званне — батальённы камісар. Абкружэнец. Да атрада далучыўся ўвосень з групай байцоў. Разумны, адукаваны, з багатым вопытам, але, як многія старыя вайскоўцы, залішне самаўпэўнены i самалюбівы. Даведаўшыся, што атрадам камандуе чалавек, які тры гады назад вярнуўся з арміі ўсяго з двума трохкутнічкамі на пятліцы, Капыткоў праз тыдзень патрабаваў перадаць камандаванне яму. Тады Лялькевіч з ім моцна счапіўся. Прыйшлося ўмяшацца падпольнаму райкому i далікатна пагутарыць з батальённым камісарам.

— А-а, Лялькевіч! Здароў,— прадзіраючы вочы, прагудзеў Капыткоў.

— Добрай раніцы, Сяргей Мікалаевіч.

— Які вецер цябе прынёс?

Лялькевічу не спадабалася, як ён спытаў. Нельга сустракаць такім пытаннем чалавека, які вярнуўся дадому, у родную сям'ю. Уладзімір Іванавіч не адказаў.

Піліпенка паспяшаўся загладзіць няёмкасць. Добрая душа, ён перажываў, калі паміж яго людзьмі ўзнікала непрыязнасць.

— Ты ведаеш, — звярнуўся ён да Лялькевіча, — у нас ёсць трывожныя звесткі… таму мы такія наэлектрызаваныя. У Гомелі правалы. Праўда, здаецца, не ў тых трупах, з якімі звязаны мы… праз цябе i тваіх падпольшчыкаў. Але многія групы маюць сувязь паміж сабой. Вось i кальнула, брат, калі я ўбачыў цябе. I Сяргей Мікалаевіч…

— Аб правалах я чуў,— сказаў Лялькевіч. — Мы прынялі захады, каб засцерагчыся.

Капыткоў узняўся на ложку, упёрся рукамі ў калені, цяжка закашляўся: з вясны яго душыў астматычны бранхіт.

— Хочуць паралізаваць усё адразу, — праз кашаль сказаў ён.

— Але, націскаюць, гады. Падступілі да Сталінграда, пруць на Каўказ… I тут. Адкуль у ix, чарцей, сіла? Панатыкалі гарнізонаў усюды. Асабліва ў нас, у міжрэччы. У кожнай прыбярэжнай вёсцы нямецкі гарнізон. Дзе былі румыны, мяняюць, не давяраюць… Якога д'ябла ім трэба тут? Не можам зразумець… Ці то яны хочуць суднаходства развіваць, ці нас у клешчы ўзяць, каб прыціснуць да ракі i патапіць… Калі ў ix такі намер — дурні ix камандзіры! Ты ведаеш, чым мы адказваем ім? — Маленькія вочы над дрымучай пораслю барады радасна заблішчалі. Піліпенка панізіў голас i нахіліўся да Лялькевіча, які сядзеў на яго ложку i адвязваў свой пратэз, каб даць адпачыць назе. — Аб'ядноўваемся ў брыгады. Але, у партызанскія брыгады! Наш Чацвяртак ужо камандзір брыгады. Аб нас яшчэ не вырашана — куды. Можа, мы зробімся ядром асобнай брыгады. Будзь упэўнены! Дзед яшчэ можа быць камандзірам брыгады! А што? — жартаўліва прыняў ён важную паставу i пагладзіў бараду. — З такой барадой я далека магу пайсці!

Капыткоў дакорліва паківаў галавой.

Лялькевіч масіраваў натруджаную нагу.

— Баліць? — спачувальна спытаў Піліпенка.

Капыткоў закурыў нешта пахучае. Лялькевіч здзівіўся, бо ведаў, што батальённы камісар не курыў раней.

— Траву нейкую дзед параіў. Памагае, — i ўдакладніў: — Не наш Дзед. Сапраўдны. Лодачнік на Дняпры.

Камандзір засмяяўся:

— Чуў, Валодзя? Я — дзед несапраўдны. Камісар не прызнае маёй барады. Лічыць, што незаконна вырашчана, на прыватнай сядзібе…

Лялькевіч ведаў: Макар жартуе ад паўнаты пачуццяў, шчыра i проста. A Капыткоў нахмурыўся: відаць, яму здалося, што той намякае на яго колішнюю прэтэнзію на камандзірства.

— Аднак чаму ты дагэтуль маўчыш?

— Думаю аб сапраўдных i несапраўдных, — сумна ўсміхнуўся Уладзімір Іванавіч. — З'явіўся сапраўдны Шапятовіч…

Піліпенка свіснуў. Камісар папярхнуўся пахучым дымам i закашляўся зноў.

— A казаў, нічога асаблівага. Адкуль?..

— Не ведаю. З'явіўся ўчора на досвітку. Я ўмываўся…

— Рана ўстаеш.

— Убачыў мяне. Пазнаў.— Лялькевіч растлумачыў Капыткову: — Мы сустракаліся там, у Заполлі, калі ён прыязджаў да Сашы. I тады ён ca мной быў не вельмі ветлівы…

— Відаць, меў падставы.

— Не блазнуй, Макар. А цяпер… можна зразумець, што ён падумаў… Размова была кароткая… «Прысмактаўся, кажа, сукін сын?» I ўсё… Калі не лічыць невялічкага фізічнага дзеяння, ад якога — бачыш? — якія ў мяне нос i губа…

— Ды ну? Во чорт! А я думаў, адкарміўся так…

— Больш ніхто яго не ўбачыў. Сігануў на гарод i як скрозь зямлю праваліўся… Я не мог не сказаць Сашы. Яна паўдня яго па лесе шукала. Я паабяцаў ёй знайсці… Дапамажыце, таварышы…

Капыткоў хмыкнуў:

— Рамантыка. Дзе ты яго знойдзеш!

Лялькевіча абурыла гэтае хмыкание i гэтае недарэчнае слова. «Пры чым тут рамантыка? Пры чым?»— памкнуўся ён спытаць па-мужчынску, але рука сябра лягла на плячо i прыціснула да ложка. Вось за гэта абодва яны недалюблівалі сталага i ваеннаадукаванага батальённага камісара. Лялькевічу здавалася, што за ўзнёслымі словамі аб народзе i аб сваёй любві да яго, вялікага i мудрага народа, камісар часам не заўважаў людзей у ix штодзённай чалавечай сутнасці.

Перажыванні, пачуцці, асаблівасці таго ці іншага байца, камандзіра цікавілі яго толькі з адной мэтай — як ix можна выкарыстаць для выхавання ўсяго палка, атрада, для выхавання народа. Усё іншае — рамантыка. Слова гэтае ад яго чулі не ўпершыню.

— Не, дарагі Сяргей Мікалаевіч, гэта не рамантыка, — сказаў Лялькевіч знешне спакойна, але з націскам, праз сціснутыя зубы. — Калі жанчына рызыкавала не толькі сваім жыццём…

— Увесь народ рызыкуе жыццём…

— …не толькі сваім жыццём, — паўтарыў Лялькевіч, павысіўшы голас, — але жыццём дзіцяці, нарэшце, жаночым гонарам, каб ратаваць партызана… I калі яна так берагла сваю любоў да мужа… Не крывіцеся! У такой рамантыцы вялікая сіла! I вось цяпер ад таго, як вырашыцца гэтае недарэчнае непаразуменне, залежыць яе лес, яе будучае шчасце. I я не магу заставацца абыякавым да такога чалавека. Нарэшце, дзейнасць нашай групы…

— Дзе ты думаеш яго шукаць? Лягчэй знайсці іголку ў стозе… А можа, ён зусім…

Піліпенка тузануў сябе за бараду:

— Наконт зусім — не будзем, Сяргей Мікалаевіч! Паліцай прыйшоў бы не ў той час i не з таго боку. Безумоўна, наш хлопец, партызан… Відаць, з перакінутых з-за фронту. Добра, Валодзя! Пашу каем. Сёння ж пашлю да ўсіх суседзяў разведчыкаў… Гэтыя арлы пад зямлёй знойдуць.

Ён высунуўся з зямлянкі, крыкнуў:

— Дзяжурны, Дажору сюды!

Камандзір разведкі з'явіўся ўмомант, быццам чакау недзе побач, за два крокі. Ускочыў, казырнуў па-вайсковаму. А пасля зняў сваю старэнькую кепку; апрануты ён быў вельмі па-цывільнаму: шэранькі пінжачок з караткаватымі рукавамі, працёртымі на локцях, залатаныя на каленях штаны, мокрыя ад расы чаравікі.

— Што ты не ідзеш дакладваць, дзе твае пеўні высыпаліся сёння? Якіх дзяўчат мацалі — руднянскіх ці дзятлавіцкіх?

— Таварыш камандзір, — прытворна пакрыўдзіўся разведчик. — Не вельмі памацаеш, усюды гарнізоны.

— Што ў Астраўках?

— Каля сарака паліцаяў, семнаццаць немцаў. Два кулямёты, адна танкетка.

— Танкетка. Вось гады! Што ж, няхай будзе танкетка! — i Піліпенка растлумачыў Лялькевічу: — Вырашылі ўдарыць па гэтым гарнізоне пад… святога Спаса. Каб яны адчулі, што не вельмі мы ix спалохаліся. Што яшчэ?

— Учора ўдзень нехта шлёпнуў старасту Карповіча.

— Туды яму i дарога, гаду! Але хто гэта апярэдзіў нас? Не па-суседску працуюць суседзі. Наш падсудны.

— Апоўначы згарэла школа ў мястэчку. Гарнізон Гюнтэра, які кляўся галавой, што зловіць Дзеда. Быў бой… Стралялі… Сашка Кудлач назіраў з-за ракі. Толькі што прыляцеў адтуль… Шкадуе школы. Ён вучыўся там.

Лялькевіч, які моўчкі слухаў сур'ёзны даклад камандзіра разведкі i жартаўлівыя рэплікі Дзеда, сказаў:

— Слухай, Макар! Ты ведаеш, што я надумаў зараз? Гэта яго работа…

— Чыя?

— Шапятовіча. Стараста i школа. Помсціў па дарозе…

— Ты думаеш?

— Мне так здаецца. Адчуваецца рука, якая саданула мне ў пераносіцу. Вось так, з налёту! Доўга не думаючы…

— Стараста — можа быць. А школа — гэта не пад сілу аднаму чалавеку, — усумніўся камісар. — Вы ж чуеце, бой быў. Не вёў жа яго адзін чалавек.

Піліпенка задумаўся, разгладжваючы бараду, потым рашуча сказаў:

— Усё роўна. Пашукаем i за ракой!

IV

«Не пажадай адразу многа» — гэта амаль евангельскае заспакаенне суцяшала нядоўга, толькі ўпачатку мела магічную сілу. A ўжо ўвечары, калі Уладзімір Іванавіч пайшоў у атрад, Саша адчула, што няма ёй спакою. Мала той радасці, што Пеця жывы, здаровы, «духам дужы i сэрцам чысты», як сказаў Аляксей Сафронавіч. Каб такая вестка прыйшла здалёк — іншая рэч. A калі сам ён быў тут, у двары, побач, i пайшоў немаведама з якімі думкамі пра яе — хіба можна спакойна чакаць?..

«Дурны! Божа мой, які дурны! — шаптала яна ўначы, сціскаючы кулакі ад злосці.— Я не ведаю, што зраблю табе за такое глупства. Як ты мог падумаць? Вар'ят! Дурань раўнівы!»

Але праз момант злосць уступала месца пяшчоце, i Саша клікала яго: «Пеця! Родны мой! Вярніся! Прыйдзі яшчэ раз. Паглядзі на дачку!»

Яна замірала, слухаючы кожны шорах на двары. Чакала, была ўпэўнена, што ўначы ён прыйдзе зноў. Ён ведаў, што побач паліцаі, i не мог прыйсці ўдзень. У паўдрымоце, у гарачым трызненні яна прыціскала яго галаву да сваіх грудзей, цалавала яго вусны, вочы, казала самыя ласкавыя словы. А таму рабілася яшчэ больш балюча, калі яна прачыналася i пераконвалася, што яго няма. За ноч яна зблажэла i хадзіла, як цень, як прывід. Поля i Даніла не зводзілі з яе вачэй, як з цяжкахворай. У наступную ноч сны былі страшныя, кашмарныя. Пеця трапляў да фашыстаў, яго білі, катавалі…

A Лялькевіча ўсё не было. Саша пачала сумнявацца, што ён шчыра шукае Пецю. Успомнілася, як ён вясной пад паветкай абняў i пачаў цалаваць яе. Яна адпіхнула яго. А потым, пазней, калі яны раскарчоўвалі дзялянку пад проса i селі палуднаваць, ён сказаў:

— Саша, я хачу, каб вы ведалі. Жыццё наша салдацкае, i ўсё можа здарыцца. Я кахаю вас… Кахаю даўно, яшчэ з Заполля. Прабачце за той парыў. Я нічога не патрабую… Ніколі не абражу вас… Але каб вы ведалі…

Ён казаў «вы», хоць звычайна яны даўно звярталіся адно да аднаго на ты, нават i тады, калі заставаліся без сведкау. Ёй стала шкада сябе, Пецю, яго, Лялькевіча. Хацелася плакаць, i яна нічога не адказала. Адвярнулася. Ён пачаў прагна піць з біклагі квас, быццам гарэла ўсё нутро.

Ёй не хацелася думаць пра Лялькевіча кепска. Але у бяссонныя ночы чаго толькі не трызнілася. Нават падумала, што ён мог сказаць Пецю нешта крыўднае, абразлівае, а таму той ударыў яго i знік так паспешліва. Праўда, ёй тут жа зрабілася сорамна за такое падазрэнне. Не, не такі чалавек

Уладзімір Іванавіч!

На трэці дзень суседка Аксана сказала:

— Што ты, дурная, марнуеш сябе? Ідзі да яго. Памірыцеся. Ці мала я лаялася са сваім! Павер майму слову, ён там, у Будзе, таксама мучаецца.

«Ідзі!» — слова гэта як бы схамянула Сашу.

— Я ведаю, — сказала яна Полі i Даніку, калі суседка пайшла, — дзе яго шукаць. Ён заходзіў да Ані. Я павінна пайсці туды.

Поля ледзь утрымала сястру, каб тая не кінулася напроціў ночы, — так яна пераканала сябе, што толькі там можна натрапіць на Пецеў след.

На досвітку Саша пабегла. Дакументы ў яе былі — часта хадзіла ў горад па заданию арганізацыі. За гэты час яна прывыкла да немцаў i даўно ўжо не мела таго страху, як у пачатку вайны. Аднойчы ў Гомелі яе нават затрымалі i прывялі ў камендатуру, i яна адказвала на ўсе пытанні смела i хітра.

Але паблізу таго месца ў міжрэччы, дзе ў пачатку вайны ix з Аняй хацелі расстраляць парашутысты, Саша зноў адчула страх. I, дзіўная рэч, ён больш не пакідаў яе i ў лесе, i ў полі, i нават у вёсцы, праз якую ішла. Гэта быў нават не страх, а прадчуванне нечага нядобрага. Яна баялася сустрэчы з немцамі. I хутка сустрэлася з імі. На беразе Дняпра. Яны выскачылі з кустоў, з засады, чалавек восем, абкружылі i наставілі аўтаматы на бяззбройную жанчыну з маленькім вузялком у руках, у якім былі акраец хлеба, паўдзесятка яблык ды фунт солі — несла ў падарунак Ані.

У Сашы ёкнула сэрца.

Немцы нешта злосна гаварылі пра партызан, глядзелі на яе ваўкамі, вырвалі з рук вузялок i трымалі яго з перасцярогай — ці не міна там? Адзін балюча штурхануў яе аўтаматам у плячо. Нарэшце пасадзілі ў човен i пад вартай двух салдат павезлі ў мястэчка.

У чоўне Саша з палёгкай уздыхнула: плылі ў мястэчка, дзе многія ведаюць яе. Прыгадаўшы той час, калі яна прыходзіла сюды з Пецем, Саша нават пачала любавацца знаёмым дняпроўскім прасторам i забылася на страх. Толькі калі ўбачыла, што лодка прыстае каля бальніцы, сэрца забілася зноў, але ўжо інакш…

Узышлі па вузкай сцежцы на кручу, i першае, што кінулася ў вочы, — свежае папялішча на тым месцы, дзе стаяла школа. Сіратліва i страшна, як прывіды, узвышаліся белыя печы i абгарэлыя чорныя таполі. A бальніца цэлая, усе тры будынкі.

Сашу павялі да галоўнага корпуса, дзе яна ляжала, калі нарадзіла Ленку.

— Партызан! — сказаў адзін канвойны вартавому каля бальніцы.

— O-o! — здзівіўся той i накіраваў на яе аўтамат.

I раптам Саша ўбачыла Марыю Сяргееўну. Тая выйшла з другога будынка — старой бальніцы, дзе да вайны размяшчалася амбулаторыя. Выйшла, як урач, у белым халаце, у касынцы з чырвоным крыжам. Усё такая ж, як год назад, хіба толькі з твару пастарэла. Саша крыкнула:

— Марыя Сяргееўна!

Тая глянула i адразу пазнала:

— Саша! Друг мой!

Памкнулася да яе, але вартавы спыніў рухам аўтамата.

— Марыя Сяргееўна! Я ішла да вас, да Ані, каб адведаць, а яны затрымалі… Наскочылі на тым беразе, як бог ведае на каго… Скажыце ім…

На ганак выйшаў малады прыгожы афідэр.

— Вас іст лос?[12]

Канвойныя выцягнуліся i пачалі дакладваць. Афіцэр сярдзіта нешта спытаў. Канвойныя яўна разгубіліся i пачалі апраўдвацца, перабіваючы адзін аднаго. Афіцэр крыкнуу на ix. Тады да яго звярнулася Марыя Сяргееўна:

— Гер обер-лейтэнант! — пачала гаварыць па-нямецку хутка i горача.

Ён слухаў моўчкі, пачціва схіліўшы галаву. Саша разумела, што яна кажа, па выразу яе твару, па жэстах. Ды i словы, тыя нямецкія словы, якія яна вывучала ў школе i цяпер, у акупацыі, у вымаўленні Марыі Сяргееўны куды больш зразумелыя, чым у немцаў.

Афіцэр паказаў на яе клуначак. Салдат паклаў яго на лаўку, дзе звычайна разбіралі перадачы сваякі хворых. Развязаў.

Обер-лейтэнант спусціўся з ганка, дастаў з кішэні штаноў маленькі бліскучы сцізорык, узяў акраец хлеба i пачаў асцярожна адразаць ад яго тонкія скібкі. Адна за адной яны падал i ў пясок дарожкі.

Сашы зрабілася крыўдна i балюча за такі здзек з хлеба, які людзі (яна, Поля, Лялькевіч) здабывалі потам i крывёю. Відаць, Марыя Сяргееўна прачытала гэта на яе твары, бо сказала афіцэру:

— Гер фон Штуме, па рускаму звычаю хлеб нельга кідаць на зямлю.

Ён дзіўна паглядзеў на яе, смешна вылупіўшы свае i без таго па-дзіцячы вялікія светлыя вочы.

Урач развяла рукамі:

— Звычай народа. Яго трэба паважаць.

Афіцэр загадаў салдату падняць хлеб. Той сабраў скібкі, неахайна абцёр аб рукаў мундзіра i паклаў на хусцінку, кінуўшы пры гэтым злосны позірк на Сашу. Обер-лейтэнант асцярожна разрэзаў кожны яблык, але ўжо не кінуў долькі на зямлю, a паклаў назад. Потым пальцам пакорпаўся ў солі.

Сашы рабілася смешна ад гэтага педантычнага шукання невядома чаго.

Афіцэр павярнуўся да яе i сказаў нешта па-нямецку.

Марыя Сяргееўна пераклала:

— Пан афіцэр патрабуе, каб ты з'ела драбочак солі.

Саша з'ела. Тады ён загадаў:

— Дакумент!

Саша дастала са сподняй кішэні старога Данікавага пінжака пашпарт i даведку. Ён уважліва прачытаў, аддаў салдату, а сам наблізіўся i… пачаў абшукваць яе: памацаў кішэні пінжака, бессаромна правёў далонямі па клубах, па баках i, нарэшце, па грудзях. Саша перасмыкнулася ад агіды i легка ўдарыла яго па руцэ. Ён спалохана адхіснуўся i яшчэ больш вылупіў вочы. Працягнуў здзіўлена:

— O-o!

— Гер фон Штуме, вы ж культурны чалавек… Як можна! — з дакорам сказала Марыя Сяргееўна.

I Саша ўбачыла, як немец пачырванеў. Упершыню яна ўбачыла захопніка, якому зрабілася сорамна за свае ўчынкі. Значыцца, жывуць яшчэ ў ім чалавечыя пачуцці. Але каб не выдаць ix, гэтыя пачуцці, ён надзьмуўся i сурова спытаў:

— Куды вы шёл?

— Я ішла ў Заполле… Я працавала там фельчарам. Вось Марыя Сяргееўна ведае. Там у гаспадыні, у Ганны Целеш, засталіся сякія-такія рэчы. I цяпер, калі я абнасілася, — Саша патрусіла крысо пінжачка i дакранулася да спадніцы, — я хацела забраць ix.

Яна сказала тую праўду, якая пацвердзілася б пры любой праверцы.

Пасля зноў гаварыла Марыя Сяргееўна па-нямецку. Афіцэр забраў у салдата дакументы і, быццам нехаця, з жалем, аддаў ix Сашы.

— Карош, — перапыніў ён Марыю Сяргееўну па-руску. — Я буду паверыць вам, фрау Марыя. Абэр ix бэнахрыхтыге…[13] Она іст партызан — я буду страляйт вас, фрау Марыя.

— О, у такім выпадку я пражыву сто год.

Ён не ўсміхнуўся з жарту ўрача, а яшчэ раз агледзеў Сашу, затрымаўшы позірк на яе босых, падрапаных іржэўнікам, але ўсё адно прыгожых нагах. Сказаў па-нямецку:

— Можаце ісці.

Саша была стрыманая ў выяўленні пачуццяў, не любіла залішняй пяшчоты, пацалункаў, як іншыя жанчыны. Але тут не стрымалася. Кал i адышлі на колькі крокаў, яна абняла Марыю Сяргееўну, пацалавала ў шчаку.

— Завошта, друг мой? А наогул тваё шчасце, што я выйшла. Ад ix цяпер можна ўсяго чакаць. Два дні назад партызаны кінулі ў акно школы гранату… Там у ix папойка была… Загінула пяць афіцэраў. У ix там стаяла бутля ca спіртам. Спірт загарэўся… Некаторыя, відаць, раненыя былі… кажуць, страшна крычалі. I ніхто не кінуўся ратаваць… Гарэла, як порах… Гэтаму, — кіўнула Марыя Сяргееўна назад, на афіцэра, які ўсё яшчэ стаяў i глядзеў ім услед, — пашанцавала, ён ап'янеў i выйшаў у сад, заснуў на лаўцы… Цяпер гаворыць, што яго добрая маці малілася за яго ў той вечар. Ён разумны ў адным — не чыніць рэпрэсій. Баіцца. Пометы баіцца. Ты бачыла, як ён правяраў твой палуднік? Да яго быў звер. Гюнтэр, што згарэў… Той любіў выставіць сваю смеласць: нічога, маўляў, нам не страшна. А гэты вельмі асцярожны. Забараніў рынак… Наставіў вартавых… Нікога ў мястэчка не пускае. Патрабуе, каб я выбралася са сваімі хворымі ў былую МТС. А там усё разбіта, разбурана. Ніводнага цэлага будынка. Ледзь упрасіла, каб даў адтэрміноўку на тыдзень, пакуль людзі зробяць там які-небудзь рамонт. А хворых, бачыш, колькі? Заняла амбулаторыю, сваю хату, хлеў. I адна. Ca старымі набожнымі бабулямі, якія па чарзе працуюць за санітарак. Дзяўчаты мае разбегліся. Немагчыма ім побач з салдатамі… Нінку помніш? Сястрой працавала. Беленькая такая. Дакацілася дзеўка. Зблыталася з афіцэрамі… I згарэла разам з імі. Дзве ix там такія… панеслі кару за свае грахі, як кажуць мае бабулі. Суровая кара…

Яны падышлі да абрыву каля хаты, у якой Марыя Сяргееўна жыла, спыніліся. Урач задумліва паглядзела ўніз, на спакойную i велічную плынь Дняпра, а Саша — на зарэчны лес. Прыгадала дачку. Забалела сэрца па дзіцяці.

Марыя Сяргееўна як бы адгадала яе думкі.

— Ну, мае жыццё ты бачыш… А ты… ты як жыла? Як дачка?

— Нічога. Расце. Бегае ўжо. — Саша шчасліва ўсміхнулася. — Мне здаецца, я не перажыла б без яе ўсяго… А яна… Можа, у хаце ніхто не засмяяўся б, каб не Ленка… А так i сястра, i брат, i… — яна прыкусіла язык, — i сама… Паглядзім на яе забаўкі i ў самыя цяжкія хвіліны смяёмся. Лягчэй на душы робіцца. Яна такая пацешная. Гаварыць пачынае.

Марыя Сяргееўна цяжка ўздыхнула.

Саша зразумела, што яна думае пра сына, i далікатна спытала:

— Ад Сені больш вестачак не было?

— Не, мой друг, нічога. Неяк зімой мне чамусьці здалося, што ён загінуў. Божа мой, што я перажыла! А потым усё гэта мінула. Я зноў паверыла, што ён жывы. Я веру… Мацярынскае сэрца — яно чуе…

«А я напэўна ведаю, што Пеця жывы. Пеця тут», — Сашы вельмі хацелася сказаць гэта. Але нельга. Бо тады трэба шмат што тлумачыць. I пра Лялькевіча. А гэта тайна арганізацыі, захоўваць якую яна клялася i не мае права, нават пад страхам смерці, нікому выдаць. Яна, безумоўна, упэўнена, што Марыя Сяргееўна сумленны савецкі чалавек. Але ўсётакі яна так блізка да немцаў. Чаму яна не эвакуіравалася? Казала, што пойдзе з апошнім чырвонаармейцам.

— Марыя Сяргееўна, а чаму вы не эвакуіраваліся?

— Ах, мой друг! Каб мне туды! У мяне был i дзеці… раненый дзеці… Бомба ўпала вунь там, на пляжы, i многіх раніла… Я не магла пакінуць ix i мусіла застацца…

— А я… я захварэла. Тады, калі мы пайшлі ад вас з Аняй…

— Я ведаю. Аня расказвала. Усё мінула добра? Я баялася, каб ты не нажыла эпілепсіі. Намервалася схадзіць да цябе. Але перашкодзіла гэтае няшчасце з дзецьмі, а потым прыйшлі яны…

Саша адчула, што жанчына гэта — блізкі ёй чалавек.

«Каб я мела права сказаць ёй пра Пецю… Можа, яна дапамагла б шукаць яго».

Хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя словы, даверыць самую запаветную тайну. Але словы такія нялёгка знайсці. А тайна — гэта не толькі яе тайна. Саша ўзяла руку Марьи Сяргееўны i з удзячнасцю паціснула мяккія халодныя пальцы.

— Табе дзякую, мой друг. За сустрэчу. Мне вельмі прыемна ўбачыць цябе. Такога блізкага чалавека. Можа, Сеня дзе-небудзь разам з Пецем… Успамінаюць нас… Яны ж такія сябры!

Пасля гэтых слоў Сашы яшчэ больш захацелася расказачь ёй пра Пецю, як-небудзь так, каб без Лялькевіча. Але яна не магла нічога прыдумаць. Ды i нешта іншае стрымлівала яе. Ці не блізкасць немцаў? У такі час зямля i дрэвы маюць вушы.

«Схаджу да Ані, можа, даведаюся больш i тады, калі назад буду ісці, змагу Марыі Сяргееўне расказаць. Прыдумаю нешта. Вось што… Скажу, што Пеця заходзіў да Ані».

Ірвалася сэрца хутчэй туды, у знаёмую вёску, у знаёмую хату. Можа, там, дзе яно нарадзілася, шчасце, яна верне яго назад? Але было няёмка так хутка развітвацца з гэтай добрай жанчынай, якая выручыла з бяды, сустрэла, як дачку, i шчыра ўзрадавана.

Саша папрасіла паказаць бальніцу, бо ведала, што гэта ўрачу будзе прыемна.

— Няма чаго глядзець, мой друг. Бялізна парвалася. Медыкаментаў няма. Па тры разы мыем адны i тыя ж бінты. Хворых кормім, чым Бог пашле, як кажуць…

Зайшлі ў былую амбулаторыю, дзе ляжалі жанчыны, пераважна старыя бабулі з цяжкімі хваробамі.

Сапраўды, ад былой бальніцы, дзе ўсё зіхацела чысцінёй, нічога не асталося. Саша зразумела, якія трэба намаганні, каб у такіх умовах, з такім персаналам падтрымліваць элементарную гігіену. Адна хворая застагнала, заплакала:

— Доктарка, родная, дай ты мне мышаку якога. Ох, сілы няма болей. О-ой…

— Супакойцеся, цётка Алёна. — Марыя Сяргееўна правила рукой па твары, праверыла пульс. — Вам жа лепей.

— Душа баліць.

— Ba ўсіх яна цяпер баліць, душа, — сурова адгукнулася другая хворая, старая жанчына з завостраным тварам пакутніцы.

— А ты сябе як адчуваеш, мой дружок? — ласкава спытала Марыя Сяргееўна дзяўчынку год васьмі.

— Добра, — прапішчала тая.

— Апендыцыт. З прабадзеннем. Трохі не загубілі дзіця, — раетлумачыла Марыя Сяргееўна Сашы.

— Няхай дзякуе збавіцельку нашу, — сказала старая, што сядзела каля акна i грызла скарынку чэрствага хлеба.

— Доктарка! Дай атруты! Богам прашу!

— Сціхні, Алёна! Не гняві Бога! — прыкрыкнула жанчына з тварам пакутніцы.

— Муж яе, паліцай, п'яны ботам у жывот ударыў. Звярэюць людзі. Аперыравала. Але наўрад ці выжыве, — расказала Марыя Сяргееўна, калі яны прайшлі ў маленькі пакойчык урача. — Сядай, Саша. Адпачні. Я перакусіць збяру.

Сашу ўразіла: пра тое, што жанчына наўрад ці выжыве, урач сказала з такім спакоем, нават абыякаваецю.

«Няўжо i ў яе, такой чулай, сардэчнай, зачарсцвела душа?»

Хутка i бясшумна Марыя Сяргееўна прыбрала са століка шклянкі з лекамі i паставіла талеркі з хлебам i памідорамі.

— А соль тваю давай. У мяне няма. Гэты барон правяраў, ці не атручаная яна. Ён з арыстакратаў — фон…

Яна зморана села на табурэт з другога боку стала, пацерла далонямі скроні.

— Вось такая ў мяне бальніца. У хаце маёй — раненыя паліцэйскія.

— I вы ix лечыце?! — вырвалася ў Сашы, пасля асэнсавала, што спытала неразумна.

Марыя Сяргееўна апусціла вочы.

— Я — урач, мой друг. Урач. Ты павінна зразумець…

Саша разумела. Усё разумела. Але жаданне расказаць пра Пецю ў яе знікла.

* * *
Да Заполля яна набліжалася, калі заходзіла сонца. Вялікі ярка-чырвоны шар толькі дакрануўся лініі гарызонта. З нейкага часу Саша пачала баяцца вогненнай барвовасці захаду. Кожны раз ёй здавалася, што гэта прадвесце новай крывавай падзеі. Навокал так многа смерцяў, гора i слёз, што мімаволі i яна, камсамолка, падпольшчыца, фельчарка, рабілася прымхлівай. Нервы. Калі яны напружаны вось так, як сёння, i не такое можа блюзніцца.

Шэсць кіламетраў ад мястэчка яна бегла, зрэдку спыняючыся, каб перавесці дыханне. На апошнім кіламетры больш спынялася i ўвогуле ішла рыўкамі: то кінецца наперад, то стане, азіраецца. Палохала бязлюднасць: на торным шляху, дзе да вайны бясконца снавалі людзі, фурманкі, машыны, не сустрэлася ніводнай жывой душы.

Перад самай вёскай яна нават прымусіла сябе на хвіліну прысесці на ўзбочыну, каб сабрацца з сіламі. Страх, трывога i прадчуванне, што павінна здарыцца нешта асаблівае, i цягнулі яе хутчэй наперад i стрымлівалі, гіатрабуючы абдумаць кожны крон, кожнае слова, якое трэба будзе сказаць.

Нарэшце асцярожна, як злодзей, яна збочыла са шляху i пайшла гародамі. Вось знаёмы Анін сад, дзе кожная яблыня, кожная вішня як родныя. Вось тут, пад гэтай яблыняй, яна ляжала, калі Пеця прыйшоў першы раз. А вось тут… Не, не трэба ўспамінаў!

Саша адчыніла вароты ў двор, яны зарыпелі гэтак жа, як i год i два назад. Аня каля студні (у гэтай багатай вёсцы студні амаль у кожнага ў двары) мыла падойнік. Пачула, як рыпнулі вароты, імкліва павярнулася. Пазнала, кінулася насустрач. Абняла i загаласіла на плячы. У Сашы, здаецца, абарвалася сэрца: гора.

— А Шурачка, а родная мая! А каб жа ты ведала, якое ў мяне гора! Забралі майго Колю, сыночка, пагналі ў Нямеччыну. А ён жа дзіця яшчэ горкае. Яму шаснаццаць гадкоў усяго…

Трохі адлягло на сэрцы: гора не самае страшнае — не смерць.

Не ўмела Саша суцяшаць людзей, ніколі не знаходзіла патрэбных слоў. Пагладзіла плячо жанчыны, пацалавала салёную ад слёз шчаку, сказала:

— Не трэба, Аня, так. Не ў адной вас.

— Ды не ў адной. Паўвёскі забралі ірады.

Аня выцерла хусцінкай слёзы i неяк адразу супакоілася.

— Але хадзем жа ў хату. Што гэта мы стаім? Хадзем пагаворым. Нінка! Ты паглядзі, хто да нас прыйшоў!

Дзяўчынка, якая за год вельмі падрасла, сарамліва прывіталася:

— Добры вечар, цёця Шура.

Саша пацалавала яе.

— Паглядзі тут каля хаты, дачушка, каб якая зараза не падшпіёніла, — сказала ёй маці.— А мы хоць нагаворымся, душы адвядзём…

У хаце, дзе ўсё ў кутках i за вазонамі ахутаў паўзмрок i дзе чамусьці не было так знаёма i звыкла, як у садзе i на двары, Саша адразу спытала:

— Аня, скажыце… Пеця… Мой Пеця не заходзіў да вас?

— Ах, Божачка мой! — пляснула далонямі жанчына. — А хіба ён не быў у цябе?

— Быў… Але, ведаеце, так атрымалася… Я… мяне не было дома, я ў людзей жала, на хутары… A ў нас побач паліцаі… Ён забег на досвітку. Сказаў сястры: перадайце, кажа, Сашы, што жывы, здаровы… I пайшоў… Куды — не сказаў. Так мы i не пабачыліся…

Саша адчувала, што тлумачыць блытана i не вельмі каб праўдападобна. Не так яна думала пачынаць гаворку. Але збіла шчырае здзіўленне Ані: «А хіба ён не быў у цябе?» Не падвяло, значыцца, прадчуванне, што раней, чым прыйсціў ix вёску, Пеця наведаўся сюды.

— Значыцца, то ён, — раптам задумліва прашаптала Аня.

— Што ён? Дзе ён? — памкнулася да яе Саша.

— Цішэй. Я табе ўсё раскажу.

Яна абняла госцю за плечы, адвяла ад акна i пасадзіла на той ложак, паміж грубкай i печчу, на якім некалі спаў Пятро, калі яны былі яшчэ нежанатыя.

Села побач сама.

— Слухай.

Саша анямела, дыхнуць баялася.

— Прыйшоў ён да мяне… Я скажу табе калі… сёння субота? З панядзелка на аўторак… Гэтак пад ранне… Чую, нехта не стукае, а шкрабае ў шыбу. Я думала — Коля. Хачу ўстаць i не магу: ногі адняло. А потым падыходжу да акна. «Хто там?» — «Я, цётка Аня, я. Пеця…» — «Які Пеця?» Голас быццам знаёмы, а пазнаць не магу. «Сашын Пеця». Божачка мой! Як сказаў ён гэта, ажно закалаціла мяне ўсю. Адчыніла не дзверы, а вунь тое акно. Сама не ведаю чаму — ён праз акно i залез. «Куды паехала Саша?» — пытаецца. «Дадому, кажу, паехала, да бацькі. Я сама правила яе». — «Дзякуй, кажа, Аня, вам за ўсё». — «Няма за што, кажу» Пецечка. Адкульжаты ідзеш? Можа, з палону?» — «Не, кажа, з лясоў беларускіх…» А потым паесці папрасіў. «Ці не зноидзецца, кажа, Аня, у вас скарынкі хлеба?» Я дала яму хлеба, лустачку сала, гуркоў. Ён запіхнуў усё ў кішэні, падзякавау, развітаўся i зноў вылез праз акно. Больш я нічога не паспела ў яго запытаць, i ён нічога не сказаў…

Саша парушыла сваё нямое маўчанне i шумна, на поўныя грудзі, уздыхнула.

— Але гэта яшчэ не ўсё, Шурачка. Ты слухай. На трэцюю ноч згарэла ў мястэчку школа. Кажуць, партызаны бомбу кінулі, многа афіцэраў пабілі… Немцы хворых з новай бальніцы выгналі, самі туды перабраліся. Доктарка наша, Марыя Сяргееўна, размясціла хворых каго дзе: у хляве, у сваёй хаце…

«Я ведаю пра гэта, заходзіла туды», — хацела было сказаць Саша. Але Аня раптам яшчэ больш панізіла голас да шэпту:

— А сястра мая Куліна, ты ж ведаеш, дапамагае ёй там, за санітарку… Дык вось слухай, Шурачка… Прыходзіла ўчора яна да мяне i дзіва дзіўнае расказвала. Ляжаў у бальніцы паліцай нейкі. Касой яго так парэзалі, што жывога месца на целе не было. Відаць, добрая цаца быў, як наш Гурок. Увесь забінтаваны ляжаў. Куліна, ты ж ведаеш, жанчына веруючая, дык ёй шкада стала яго. Адзін ляжаў, i ніхто да яго не прыходзіў. Адна яна часам сядзела. «Няхай, кажа, ён паліцай, але ж праваслаўны чалавек, крыжык на шыі насіў…» Дык вось, слухай… Кал i немцы вытурылі ўсіх з бальніцы, прыйшла яна на другі дзень дапамагчы парадак навесці… «Пытаюся, кажа, дзе Фядос — паліцай гэты». — «У маёй хаце, — доктарка адказала. — Так немцы загадалі». Пайшла Куліна туды… «Ляжыць, кажа, у пакойчыку, дзе сын доктаркін жыў… забінтаваны гэтак жа, крыжык на шыі… А глянула я, кажа, i ледзь не самлела: не той чалавек ляжыць… Другі, маладзейшы, ростам ніжэй… Павярнулася, кажа, я, а на парозе Марыя Сяргееўна стаіць i так глядзіць, кажа, на мяне, так глядзіць, што страшна зрабілася… Я слова, кажа, не сказала, i яна таксама…»

Саша адчула, як моцна загрукала сэрца, як гэты грукат запаўняў грудзі, сціскаў дыханне.

— Больш Куліна не пайшла туды. А да мяне прыбегла, каб параіцца, ці трэба ёй хадзіць у бальніцу… Я параіла: хадзі, але пра гэта — нікому ні слова. «Ды што я, кажа, маленькая, дзякуй Богу, пяцьдзесят шосты гадок на свеце жыву». Я табе, Шурачка, нічога гэтага не расказвала б, цяпер пра такое лепш маўчаць… каб, ведаеш, чаго яна мне не сказала? «Ты знаеш, кажа, Ганна, што вельмі ж ён мне здаўся падобны на чалавека Шурынага, доктаркі той, што ў цябе кватаравала. Вочы,

Саша ўскрыкнула…

V

У той жа дзень адбыліся іншыя падзеі.

У акупацыі людзі навучыліся маўчаць, i маўчанне вельмі высока цанілася, асабліва тое, якое асцерагала, ратавала наших людзей. Між іншым, чым больш было маўчання, тым даражэй рабіліся словы, тым большай была ix сіла — слоў праўды.

Але заўсёды знаходзяцца людзі, якім лягчэй, здаецца, памерці,чым стрымаць язык за зубамі.

Адна старая суседка, якая любіла, пакуль нявестка спіць, зазірнуць у кублы (нейкія тры курачкі трымалі на вышках, хавалі ад немцаў, ласых да кураціны), праз шчыліну ў дзіравай страсе бачыла, як нейкі незнаёмы прабіраўся да двара Траянавых. Вельмі хутка ён выскачыў адтуль назад i, нахіліўшыся, пабег да лесу, a неўзабаве на гарод выбегла Саша i закрычала: «Пеця!» Але яе дагнаў муж (бязногі, а бег, як на чатырох), паваліў у бульбе i пачаў душыць… А пасля да ix падбег Данік. Яны мірна параіліся, i брат з сястрой пайшлі ў лес.

Старую вельмі заінтрыгавала ўсё гэта. Яна не расказала нічога нявестцы, жанчыне разумнай i асцярожнай, якую не любіла. Але пад «вялікім сакрэтам» перадала другой старой. А тая — сваёй дачцэ, а дачка — сяброўцы, той самай даваеннай удаве — палюбоўніцы Гусева, з дапамогай якой ён трохі не схапіў Пятра.

Гусеў ажно скалануўся ўвесь, калі пачуў пра гэта. Пра ганебнае раззбраенне, пра страх, які перажыў, калі партызан палажыў яго ў разору, ніхто не ведаў. Лізавеце ён сказау:

«Гаўкнеш каму — галаву скручу». Але ўсё адно здавалася, што ведаюць усе — паліцэйскія, сяло. Смяюцца за яго cmной. Ён хадзіў больш звычайнага падазроны, асцярожны і злосны, як сабака. Нікому не верыў, нават ёй, сваёй палюбоўніцы. Нічога нікому не кажучы, рашаў задачу з многімі невядомымі: выпадкова партызан трапіў у сяло ці не? З якой мэтай прыходзіў? Да каго?

I раптам — такое паведамленне… Можна было не сумнявацца, што той, што заходзіў на світанні да Траянавых, i той, што нечакана апынуўся ў Лізавецінай хаце, — адзін чалавек. Але што яму трэба было ў Траянавых? Чаму за ім бегла жонка кульгавага? Зрабіць які-небудзь лагічны вывад Гусеў сваім прапітым розумам не здолеў. Але яшчэ больш насцярожыўся, калі даведаўся, што Шапятовіч «пайшоў у Буду рамантаваць царкву». Загадаў сваім падначаленым не спускаць з хаты Траянавых вачэй. «Добранькія яны, працавітыя, ціхія, але ў ціхім балоце чэрці водзяцца».

У той дзень, калі Саша пайшла за Дняпро, Гусеў паехаў да начальніка раённай паліцыі. У размове, быццам між іншым, ён выказаў сваё падазрэнне наконт Шапятовіча. Хацеў пахваліцца: во які я пільны i дасціпны. Але Мілецкага быццам пчала ўкусіла: ён падскочыў на крэсле, усхапіўся i ледзь не палез на Гусева з кулакамі.

— На пратэзе? Ідыёт! Доўбня! Пад тваім носам адзін з кіраўнікоў гарадскога бальшавіцкага падполля. А ты з ім самагонку п'еш… У цябе, у цябе, асіная галава, ix кубло. I пажар склада, i падрыў грузавікоў, i параход, i лістоўкі — ix работа… А я спадзяваўся, ставіў цябе ў прыклад… Зараз жа ляці туды! Выслізне з тваіх рук — расстраляю, павешу… Чаму лыпаеш вачамі? — панізіў начальнік голас i растлумачыў: — Учора нас выклікаў начальнік гестапа Цынздорф… Адзін з арыштаваных, хлапчукоў гэтых, кал i яму добра ўсыпалі, прызнаўся… На пасяджэнні ix групы вясной прыязджаў з невядомай вёскі чалавек на драўляным пратэзе… Прозвішча не назваў. Зразумеў, дуб? Забраць усю сям'ю! Управішся? Падмогі не трэба?

— Матацыкл. Дайце матацыкл, — прахрыпеў Гусеў. Ён пабаяўся прызнацца, што Шапятовіч ужо, відаць, выслізнуў.

«Царкву рамантуе… Ну, нічога… Будзе ў нашых руках жонка, дзіця — вернешся… Ах, які ж я дурань! Але ж i хітра работаюць, ой, хітра!..»

— Бяры матацыкл! А я пазваню Цынздорфу, i мы, можа, падскочым да цябе на машыне. Але ведай, Гусеў… Тры скуры спушчу, калі што…

Калі яны выйшлі з кабінета, пышнагрудая бландзінка, якая працавала ў паліцыі за машыністку i перакладчыцу i якую начальнікі пастоў ненавідзелі за тое, што яна пагарджала імі i праводзіла вечары з афіцэрамі гестапа i жандармерыі, пляснула па шчацэ маладога паліцая Кольку Трапаша, якога ведалі ва ўсіх гарнізонах як самага вясёлага балбатуна, хлуса i бабніка.

Начальнік паліцыі агледзеў дзяўчыну з падазронасцю раўнівага мужа.

— Чэпіцца, як смала, — кінула яна, папраўляючы кофтачку.

Мілецкі загрымеў на ўвесь дом:

— Ты, барбос, сабака блудлівы! Табе б толькі за спадніцамі бегаць!.. Машына гатова? Я цябе, падл югу, на пост заганю, бліжэй да партызан, яны з цябе дурноту выб'юць. Бач, морду раз'еў!

У самога начальніка морда была ў тры разы большая, але ён заўсёды папракаў падначаленых, што яны раз'еліся i нічога не робяць, што ўсе яны гультаі i баязліўцы.

Коля ніколі не пярэчыў ніводным словам, выцягваўся ў струнку, вінаватаморгаючы. Загэтуюпакорлівасцьёнзатрымаўся на пасадзе шафёра даўжэй, чым усе яго папярэднікі.

— Павязеш Гусева. Завязеш — i назад!

Праз тры хвіліны яны был i за горадам.

— Хутчэй, хутчэй! — нецярпліва падганяў Гусеў матацыкліста.

— Куды ты спяшаешся? На вяселле, ці што?

— На хаўтуры.

— На свае?

— Па тваёй бабулі, мянташка.

— Мая жывая. Замуж збіраецца. Магу табе пасватаць. — Колька павярнуўся да «люлькі», выскаліў зубы. Матацыкл павяло ўбок.

— На дарогу глядзі, а то ў канаве будзем.

— Баішся? Не ўсё адно табе, калі паміраць?

— А табе ўсё адно?

— Мне? Чым раней — тым лепш.

— Брахун ты несусветны.

— Што?

— Брахун, кажу, ты.

— Дзякую. Але культурный людзі кажуць — фанказёр. Сама Эльза…

— Б… твая Эльза.

— Можна перадаць ёй гэта?

— Ну, ты балбатаць балбачы, але не забывайся, што табе з намі жыць, а не з Эльзай. Заўтра сапраўды можаш апынуцца ў гарнізоне. — Гусеў ведаў, што наклікаць на сябе гнеў сакратаркі начальніка — больш страшна, чым гнеў самога Мілецкага. Гэтай падле даволі сказаць гестапаўцам адно слова, як ад цябе на другі ж дзень застанецца мокрае месца. Дзіўна, што адзін гэты Трапаш, здаецца, не баіцца яе — лезе цалавацца.

Колька, усміхнуўшыся дарозе, супакоіў Гусева:

— Не бойся. Я сваіх не выдаю. Гусеў папрасіў лісліва:

— Слухай, потым ты мяне да Буды падкінеш?

— Начальнік з'есць. Чуў, што сказаў?

— Калі мы з табой гэтую птушку хапанём, слова не скажа.

— Якую птушку?

— Ёсць тут адзін тып. Ціхім прыкідваўся. Бочкі рабіў. Інвалід.

— Хто гэта? Я ж — з Хутаранкі, усіх ведаю.

— Зяць Траянавых.

— Кульгавы?

— Ага.

— А што ён, у Будзе?

— Царкву рамантуе. Да Бога падлізваецца.

Гусеў загадаў пад'ехаць проста да дома Траянавых. У двары адзін Данік гуляў з малой Ленкай. Навокал было пуста i ціха, як бывае ў вёсцы ў жнівеньскі дзень, калі ўсе на полі, на гумнах.

— Дзе твой зяць? — спытаў Гусеў Даніка.

— Які ён мой! Царкву пайшоў рамантаваць у Буду.

— А сястра?

— Якая?

— Жонка яго. Якая! — паліцай мацюкнуўся.

— А чаму вы крычыце, пан начальнік? Панесла яму ежу.

— Ах, сволачы! Ты мяне яшчэ вучыш! Вырадак бальшавіцкі! Бяры дзіця! Хадзем са мной!

— Куды?

— Там даведаешся — куды.

— A дзіця навошта? — па-блазнецку ўхмыляючыся, раптам спытаў Коля. — Гарачыня… Крычацьбудзе. Піць, есці… Адны турботы, пан начальнік…

— Нічога не разумеет — не сунь свайго носа! — крыкнуў на яго Гусеў i сам пацягнуўся да дзіцяці. Ды раптам убачыў перад сваім носам пісталет. Ікнуў ад нечаканасці. Адскочыў.

— Рукі ўгору! — прашыпеў Коля. — Так. Вышэй… Вышэй ручкі, пан начальнік…

Гусеў падняў рукі і, ашаломлены, працягнуў:

— Ах, сво-о-олачы!

— Яшчэ адно такое слова, i шансы твае застацца жывым зменшацца напалавіну. Так i засячы сабе на носе, клоп ванючы! — Коля з агідай тыркнуў пісталетам паліцаю ў зубы.

Данік тым часам спрытна выцягнуў у Гусева з кабуры пісталет.

— Памацай кішэні. Запаснога няма? Так. У хлеў — шагам марш!

Нават маленькая Ленка застыла ад здзіўлення. I яшчэ больш здзіўленая пара вачэй пазірала ca шчыліны суседскага двара.

«Начальнік гарнізона» не крануўся, спалатнела яго дагэтуль бураковая морда.

— Слухай ты, улада! Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу i ціха паедзем да сваіх… A пікнеш — выхад у нас адзін, сам разумеет.

Гусеў згорбіўся i цяжкімі крокамі пасунуўся ў хлеў.

— Данік, лейцы!

У хляве яму звязалі рукі. Потым Коля здзекліва загадаў:

— Адкрый, душачка, роцік, — i сунуў у рот перапрэлай смярдзючай саломы.

Страха хлява была дзіравая, i ў куце пасля нядаўніх дажджоў стаяла гнойная калюжа.

Коля паказаў на яе рукой:

— Лажыся.

Гусеў закруціў галавой, паказваючы вачамі на сухое месца.

— Без панскіх выбрыкаў! Кладзіся, дзе паказваюць гаспадары. Тут будзе мякчэй… I прахалода… Ну! Раз… Два…

Вось так.

Начальніку звязалі ногі.

Хлопцы выскачылі з хлява i з захапленнем паглядзелі адзін на аднаго.

Але што далей? Ініцыятыва перайшла да Даніка.

— Коля! Ляці да Старога!

— А хто Стары?

— Поп.

— Аляксей Сафронавіч?

У «палідэйскага» ад здзіўлення зрабіліся па яблыку вочы.

— Дык i ён наш? Вось гэта дык здорава!

Мікола Трапаш прымкнуў да падпольшчыкаў у самым пачатку, калі яшчэ не служыў у паліцыі. Але тады ён ведаў толькі трох чалавек: Толю Кустара, Даніка, нябожчыка Цішку. Лялькевіч i Аляксей Сафронавіч вырашылі, што з іншымі членамі арганізацыі яго знаёміць не варта — хлопец крыху неўраўнаважаны, i невядома было, як ён павядзе сябе ў паліцыі. Але, выбраўшыся ў раён, Коля наладзіў сувязь з падпольшчыкамі ў горадзе i шмат чым дапамагаў ім. Кустара i Даніка ён інфармаваў пра гэта даволі скупа ды наогул сваіх старых сяброў пачаў забываць, лічыў, што маленькая група вясковых хлопцаў мала чаго варта. А сябе як падпольшчыка ён ставіў высока: устанавіў сувязь з армейскай разведчыцай-радысткай, а таму лічыў, што ў яго асобае становішча ў падполлі.

I, можа, толькі цяпер, калі даведаўся пра Шапятовіча, пра дзядзьку Аляксея, з якім рыбачыў змалку, Коля адчуў усю глыбіню i шырыню народнага супраціўлення захопнікам. Вось яно як разгортваецца! I якія розныя формы ix дзейнасці, барацьбы!

Калі Коля паехаў, Данік схапіў на рукі Ленку i кінуўся шукаць Полю. Яна працавала ў людзей, у другім канцы вуліцы. Малацілі на адкрытым таку. Здалёк было чуваць, як гакалі ў чатыры цапы, нібы ў далёкія, дзедаўскія часы.

Убачыўшы Даніка з малою, Поля, якая жыла апошнія дні ў трывозе i страху, адразу адчула, што нешта здарылася.

— Поля! Адлучыся на хвіліну. Госці.

Яна не спытала, якія госці. Толькі гаспадар незадаволена прабурчаў:

— Хто гэта надумаў у такі час у госці хадзіць? Ты ж там, Пелагея, не вельмі баўся… Госці гасцямі, а хлеб сам на стол не прыходзіць.

Данік па дарозе, на сцежцы за гародамі, растлумачыў сястры:

— Правал, Поля. Прыязджаў Гусеў арыштоўваць Уладзіміра Іванавіча. Хацеў забраць мяне з Ленкай. Мы з Колем Трапашам звязалі яго, ляжыць у хляве. Добра, што ён прыехаў з Колем. Трэба ўцякаць. Зараз жа. Не заходзячы дадому нават…

— Божачка мой! — заплакала сястра. — Я так i ведала — не міне нас бяда. Што ж мы рабіць будзем? I хата, i карова… Яны ж спаляць, забяруць…

— Што ты пра хату!.. Я вось думаю, як Сашу папярэдзіць. Каб не схапілі яе. Ды i Уладзімір Іванавіч можа вярнуцца. Вось пра што трэба думаць!

— Трэба ж забегчы вопратку хоць якую дзіцяці ўзяць ды ежы… Як ты панясеш яе так? Божа ты мой, Божа! Куды ж мы дзенемся? Я так i ведала, так i ведала…

Ленка, убачыўшы, што цёця плача, пачала кулачкамі выціраць ёй слёзы i цалаваць i пагражала пальчыкам Дашку: навошта пакрыўдзіў цёцю?

— Дам… дам!.. Мама бу-бу…

Гэта яшчэ больш разжаліла Полю.

Данік не пусціў сястру ў хату. Ведаў: занадта доўга будзе корпацца там i набярэ ўсяго столькі, што не панясеш. Ён прымусіў яе пасядзець з Ленкай у кіяшніку, у канцы гарода.

— Я сам вазьму што трэба.

— Малака бутэльку налі. Сашына паліто не забудзь…

Колькі ты адзін возьмеш?

— Не ўздумай ісці, Поля! — сурова загадаў ён. — З-за ануч сваіх можаш дзіця загубіць…

Каб даць ёй зразу мець, што сапраўды вельмі небяспечна, ён дастаў з кішэні гусеўскі пісталет i, прыгнуўшыся ў разоры, пайшоў, трымаючы яго перад сабой.

Першым чынам ён дастаў у каморы з-пад падлогі нямецкі аўтамат i гранату. Потым сабраў самыя неабходныя рэчы, галоўным чынам для Ленкі.

У гэты момант на вуліцы затрашчаў матацыкл. Данік схапіўся за зброю. Свае. Коля i з ім дзядзька Аляксей у папоўскай расе.

Хлопец узрадаваўся, што яны вярнуліся: трое — гэта ўжо сіла! Стары паводзіў сябе так, быццам нічога асаблівага не здарылася. Паважна прывітаўся з Данікам, сказаў:

— Ну, папярэдзілі ўсіх, Паўлік паляцеў да Толі. Збор на лузе… Выканаем жаданне нябожчыка Цішкі… i — з Богам да сваіх…

Да нямецкіх машын дзеці ніколі не выбягалі, нават самыя маленькія адчувалі, што гэта небяспечна. Але на матацыкле прыехаў не немец i не Гусеў, а дзядзька Аляксей, які ніколі не даваў ix у крыўду — заўсёды абараняў, нават перад бацькамі. Таму немаведама адкуль на вуліцу высыпалі дзеці.

Аляксей Сафронавіч убачыў ix i пашкроб сваю зарослую патыліцу. Паклікаў Колю. Шапнуў яму:

— Ідзі, зрабі так, каб матор роў на ўсю іванаўскую.

Той пачаў разварочвацца, звярнуў з каляіны i «забуксаваў» у пяску. Дзеці пачалі піхаць матацыкл, галёкаць, смяяцца.

Стары накіраваўся ў хлеў. Гусеў убачыў яго, радасна ўстрапянуўся, затузаўся: падумаў, што прыйшоў ратунак. Але поп дастаў з-пад расы пісталет і, нахіліўшыся, сказаў:

— Ну, юда, хрыстапрадавец! Маліся апошні раз, калі помніш малітвы. Многа ты праліў слёз i крыві! Прыйшоў час расплаты. Даўно табе вынес прысуд нябожчык Цішка… Вечная памяць яму!..

Гусеў пасінеў, вочы яго, напоўненыя жудасцю, малілі аб літасці. Што ён думаў у той міг? Хто ж не партызан, калі нават поп з імі?

Стары выцягнуў кляп з яго рота.

— Кажы сваё апошняе слова, здраднік!

— Даруйце… Айцец святы… Век буду…

Раптам змоўк матацыкл, але недзе за школай пачуўся шум іншага матора.

Гусеў дзіка закрычаў:

— А-а-а… Рату-у…

Аляксей Сафронавіч націснуў спускавы кручок.

— Немцы! — папярэдзіў Коля, ускочыўшы ў двор.

Начальнік гестапа Цынздорф працаваў значна больш аператыўна i, безумоўна, не так саматужна, як паліцыя. Калі Мілецкі пазваніў яму i сказаў, што натрапіў на цікавы след, шэф загадаў неадкладна з'явіцца асабіста. Выслухаў падрабязнасці, у сваю чаргу назваў самаўпэўненага начальніка паліцыі дурнем i цельпухом i праз якія паўгадзіны выехаў у вёску на грузавіку з дзесяткам гестапаўцаў. Машына падляцела да школы, i зняважаны, спалоханы Мілецкі падняў па трывозе сваіх падначаленых, большасць з якіх бестурботна спала.

— Гусеў дзе?

Адзін з паліцаяў бачыў, як ix камандзір паўгадзіны назад праехаў на матацыкле ў вёску.

— Хату гэтага… кульгавага… на пратэзе… Шапятовіча! Хутчэй! Наспалі морды, падлюгі!.. Варушыцеся!

З кузава гестапаўцы ўбачылі, што недалёка па гародзе бягуць у напрамку лесу, хаваючыся за кукурузай, два чалавекі з клункамі. На вуліцы затрашчаў матацыкл. Узняў пыл, аддаляючыся.

— Узяць гэтых! — скамандаваў штурмбанфюрэр, паказваючы на гароды. — Дагнаць матацыкл! Штрык! Кнопе! Грубер! Узяць жывымі ўсіх! — i сам выскачыў з кабіны. 0, ён вопытны камандзір! Ён ніколі не высоўваецца наперад! Найлепшая пазіцыя ў часе аперацыі — за спінамі сваіх верных эсэсаўцаў.

Данік вельмі спалохаўся, калі не знайшоў на гародзе Полі з Ленкай. Няўжо магла пайсці ў сяло? Не. Поля першая ўбачыла грузавік з салдатамі i своечасова перабралася за выган, у алешнік. Убачыўшы Аляксея Сафронавіча i Даніка ў канцы гарода, яна ціха паклікала ix.

Калі падпольшчыкі беглі цераз выган, над галовамі засвісталі першыя кулі. Пераскакваючы цераз лазовыя плятні, гіа чужых гародах i пазашкольнай пустэчы, напярэймы ім, каб адрэзаць ад лесу, беглі гестапаўцы i паліцаі. Чалавек пятнаццаць!

— Стой! Стой! Страляць будзем! — крычалі паліцаі. Гес-

тапаўцы беглі моўчкі.

Апынуўшыся ў кустах, Аляксей Сафронавіч сказаў

Даніку:

— Даніла! Бяры дзіця, пісталет, дай мне аўтамат… I бяжыце. Па маладняку ў Загацце. Старык пераходзьце ўброд… Каля Маркавай гары, у лазняку, сабяруцца хлопцы, адтуль пойдзеце ў атрад… А я… я лягу ў канаве i затрымаю гэтых сабак.

— Дзядзька Аляксей!..

— Не разважай, Даніла! Гэта загад! Выконвай, як салдат! Будзь шчаслівы, сын мой!

Данік, аднак, не вытрымаў. Упаў на адно калена за кустом i даў доўгую чаргу па фашистах. Тады толькі перадаў аўтамат Старому. Аўтаматная чарга моцна ашаламіла прадстаўнікоў улады. Яны не чакалі такога супраціўлення, i ваяўнічасць ix астыла. Адразу ўсіх прыцягнула зямля. Цынздорф ускочыў у траншэю, выкапаную каля школы для абароны паста. Начальнік паліцыі ныркнуў следам за ім.

— Вы бачыце, што вы зрабілі? — прахрыпеў шэф паліцыі.— Ідыёты! Я павешу гэтага вашага Гуся. А разам з ім, магчыма, i вас. Падыміце сваіх… — ён зняважліва зморшчыўся, шукаючы абразлівае слова для паліцаяў,— атакуй це адгэтуль… Я пайду ў абход… Што вы глядзіце на мяне, як баран? Ідзіце! Камандуйце!

Гестапаўцы паспрабавалі падняцца першыя i зноў былі прыціснуты да зямлі аўтаматнай чаргой. Тады i яны адкрылі агонь па кустах з аўтаматаў, карабінаў, пісталетаў.

Аляксей Сафронавіч, пераканаўшыся, што Поля i Данік пабеглі і, незаўважаныя, дасягнулі лесу, адпоўз па сухой канаве з кустоў на выган, каб ворагі не абышлі i не захапілі знянацку. Пазіцыя тут была зручная: ён мог страляць ва ўсе бакі. Толькі адступаць няма куды. Ды ён не думаў пра гэта. Турбавала адно, каб немцы не кінуліся ў лес i не пагналіся за дзецьмі, як ён называў у думках i Ленку, i Даніка, i Полю. Усе яны дзеці зямлі, народа, яго дзеці. I м ён аддаваў сваю любоў i ласку, ix благаславіў на барацьбу, калі даведаўся, што Данік i Цішка тайком збіраюць зброю, асцерагаў ад неразумных учынкаў, вучыў быць дасціпнымі i хітрымі, звязаў з партызанамі. За ix ён гатовы прыняць смерць.

Стала душна. Аляксей Сафронавіч сцягнуў расу, усміхнуўся: «Маскхалат гэты цяпер мне без патрэбы», — i кінуў расу ўбок. Фашыстам, відаць, здалося, што нехта перабег па канаве, i кулі пачалі ціўкаць там, дзе ўпала папоўская апратка.

«О, ты мне яшчэ служыш», — зноў усміхнуўся вясёлы каваль i пакратаў сваю густую грыву, шкадуючы, што нельга абстрыгчы i гэтую маскіроўку.

Пачулася гучная нямецкая каманда. Гестапаўцы як бы пачалі адыходзіць. Не. Гэта — манеўр. Аддаляюцца ўбок i бягуць да лесу. Смела. На поўны рост, бо добра ведаюць дальнастрэльнасць аўтаматаў.

«Няўжо даганяюць дзяцей? — з глыбокай трывогай падумаў стары падпольшчык. — Можа, кінуцца наперарэз ім?» Але пайшлі ў атаку паліцаі: пракляццем i пагрозамі начальнику ўдалося падняць ix.

Аляксей Сафронавіч падпусціў бобікаў як можна бліжэй i біў кароткімі чэргамі. Трэба эканоміць патроны. Ix зусім нямнога — асталося ўсяго два «стручкі».

Два ляглі назаўсёды: адзін ненатуральна тыркнуўся носам, калі пераскакваў плот, другі закрычаў, кінуўся назад i… упаў, шырока размахнуўшы рукамі. Гэта падбадзёрыла каваля. А на паліцаяў нагнала такі страх, што, як ні крычаў, ні пагражаў начальнік, ніхто з ix больш не ўзнімаў галавы. Стралялі з вінтовак, зразалі кулямі кукурузу, трушчылі гарбузы i пляцень.

Аляксей Сафронавіч не адстрэльваўся. Думаў пра Полю i Даніка, пра малую Ленку, пра Лялькевіча i Сашу. Ці ўправяцца папярэдзіць ix? Каб хто з ix не з'явіўся часам сёння! «Як добра было б, каб усіх папярэдзілі! А Коля… Малайчына! Не памыліўся, значыцца, я ў табе, верыў, што не здрадзіш, не прадасі душу за трыццаць сярэбранікаў, як гэтыя вось, бобікі, што пахаваліся ў градах. Баязліўцы! Што вы не вылазіце? Ara, адзін высунуўся. А мы цябе вось так, сукін сын! Кароценькай! Уся веска, відаць, у падвалы пахавалася ад страляніны. Што гэта? Страляюць з лесу? З кустоў? Ура! Значыцца, не кінуліся ў пагоню, не ўбачылі. Добра! Хочаце абкружыць i ўзяць мяне? Бярыце. Бярыце. Але не вельмі вы спажывецеся… Не вялікая карысць вам будзе ад майго грэшнага цела…»

— Ми-ир-ом Го-о-спо-ду-у помо-о-олимся-я! — грымнуў ён дыяканскім басам, апошні раз жартуючы з свайго духоўнага сану. Павярнуўся i пачаў біць па гестапаўцах, якія па адным перабягалі з сасняку ў алешнік. Таксама, здаецца, адзін кульнуўся.

«Значыцца, служаць яшчэ мае вочы».

Але гэтыя чорныя, як сама смерць, не спыняюцца. Гэта не бобікі. Гестапаўцы стралялі ўжо з алешніку, за нейкія трыццаць крокаў. Кулі ціўкалі каля самай галавы. Адна, дурніца, джыгнула ў руку. Аляксей Сафронавіч адчуў, як набрыняе гарачым рукаў сарочкі. Але страляць яшчэ можна. Ды па кім страляць? Усе пахаваліся. I патроны апошнія.

Ён дастаў з кішэні штаноў гранату i паклаў на замшэлы насып старой канавы. Потым выцягнуў белую хусцінку i памахаў ёю над галавой.

— Штаць! — пачуўся з алешніку рэзкі гол ас.

Аляксей Сафронавіч зразумеў, што загадваюць падняцца. Ён стаў на поўны рост.

— Хэндэ хох! Рукі!

Ён крыху прыўзняў рукі. Гарачае i ліпучае пацякло па баку.

— Поп! Хлопцы! — у вялікім здзіўленні крыкнуў адзін з паліцаяў i вылаяўся: — Наш поп! А туды яго…

Паліцаі падхапіліся ўсе адразу, з галёканнем i свістам кінуліся на «папа».

— Я яму, чорту кудлатаму!..

— Не рабіць самасуду! — закрычаў начальнік паліцыі.

Гестапаўцы был i бліжэй, але гэтак паспешліва не кінуліся. Яны добра ведалі, што проста так партызаны не здаюцца.

«Бач, начальства не спяшаецца вязаць мяне, — падумаў Аляксей Сафронавіч. — Шкада. Ну што ж, няхай лягуць гэтыя сыны юды. Заслужылі».

Калі паліцаі наблізіліся, ён хутка нахіліўся, схапіў гранату i шыбануў у ix. I зноў нахіліўся — за аўтаматам, у якім заставалася яшчэ колькі патронаў. Але ўзяць яго не змог: адразу некалькі куль прабілі галаву. Ён упаў тварам ніц, шырока расставіўшы рукі, быццам хацеў абняць родную зямлю.

Штурмбанфюрэр загадаў забраць цела каваля. На забітых i раненых паліцаяў ён нават не глянуў. Знайшоўшы ў хляве Гусева, злосна піхнуў яго нагой, a калі ўбачыў, што той яшчэ жывы (дрогнула, відаць, рука ў Аляксея Сафронавіча), дастаў з кабуры пісталет i выпусціў у непрытомнага «начальніка гарнізона» ўсю абойму.

Інтуіцыяй старога спрактыкаванага драпежніка Цынздорф адчуў, што з яго рук выслізнула вартая здабыча, значна больш сур'ёзная, чым ён думаў, калі ехаў сюды. Безумоўна, усе яны пайшлі ў лес, да партызан. Няма чаго траціць час на тое, каб шукаць ix у вёсцы. Машыну, якая даганяла матацыкл, у лесе абстралялі, забілі шафера… Салдаты ледзь уцяклі. Не з яго сіламі сунуцца ў лес. У яго даволі спраў у горадзе.

Цяпер ён шкадаваў, што наогул паехаў сюды. Але нічога. Адна ахвяра ў яго ёсць — начальнік паліцыі. Ен навучыць гэтую тоўстую свінню, як трэба служыць фюрэру. Можна, напрыклад, запытаць, чаму ён даў Гусеву свой матацыкл i паслаў яго наперад. Куды дзеўся гэты матацыкл i паліцэйскі, які кіраваў ім?

Ад'язджаючы, Цынздорф уласнай рукой падпаліў хату Траянавых. Згарэла паўвуліцы. У тым ліку i школа.

VI

Саша на момант замерла на парозе маленькага пакойчыка, скаваная страхам, — ці жывы? Пасля кінулася да ложка, упала на калені.

— Пеця! Родны мой! Пецечка… Я так чакала цябе…

Ён ляжаў нерухомы, з заплюшчанымі вачамі, з забінтаванай галавой, з марлевай наклейкай на твары. Але дыхаў — перарывіста, цяжка. Значыцца, жывы. I рука, на якой знаёмы кожны зморшчык, кожная лінія, гарачая. Вось шрам на мезеным пальцы — малы рассек сякерай. Саша прыпала тварам да гэтай рукі. Падняла галаву, убачыла паміж бінтоў радзімы знак на мочцы вуха — такі ж, як у Ленкі,— i мімаволі ўсміхнулася праз слёзы, пацалавала вуха. Адчула пах яго валасоў. Яны пахнуць гэтак жа, як i два гады назад, — родным i блізкім.

— Пеця, саколік мой… Расплюшчы вочы… Глянь… Гэта я… Дурненькі ты мой! Як ты мог падумаць так? Хіба я магу прамяняць цябе на каго другога?

Не, ён маўчаў. I ўсё навокал маўчала. Толькі за акном унізе плёскалася рака, ігралі сонечныя зайчыкі на белай столі пакоя. I было ціха-ціха. Здалося, яны адны на цэлым свеце. Зноў над сваім Дняпром. I ніхто ім больш не трэба. Пеця заснуў, змораны, бо вельмі здалёку ішоў да яе, спяшаўся. Зараз ён прачнецца i прытуліць яе галаву да сваіх грудзей… I вернецца шчасце, i зробіцца хораша-хораша.

Ды раптам чыясьці чужая рука схапіла яе за каўнер пінжака i груба падняла з падлогі.

Саша схамянулася, адганяючы чары. Перад ёй стаяла Марыя Сяргееўна. Саша ўбачыла яе твар i жахнулася. КольKi злосці ў вачах, на твары гэтай добрай, ласкавай, з мяккімі рукамі жанчыны! На пабялелым ілбе выступілі кроплі поту, a ніжняя губа пасінела i дрыжыць. Што з ёй? Чаму яна такая? Яшчэ хвіліну назад яна сустрэла Сашу ўзрадавана i прыветліва. Завяла ў прыёмны пакойчык, а сама пайшла да хворых. Саша, нічога ёй не сказаўшы, прыбегла ў хаціну, каб пераканацца ў тым, што расказала Аня.

— Гэта… — хацела яна растлумачыць.

Але ўрач злосна i груба закрыла ёй рот далоняй. А потым узяла пад руку i сказала прытворна-ласкава:

— У цябе закружылася галава? Хадзем пагуляем.

I пад руку вывела на двор. Павяла міма галоўнага корпуса. Па дарозе прывіталася з нямецкім вартавым:

— Гутэн морген, Герман!

— Гутэн морген, фрау!

— Добрыя хлопцы — салдаты. Яны памагаюць мне.

Саша зірнула на яе са знявагай i хацела вырваць руку.

Але Марыя Сяргееўна трымала яе даволі моцна. Яна завяла Сашу ў прыбіральню. Хвіліну моўчкі пастаялі там i рушылі далей — у поле. Як бы выйшлі пагуляць над Дняпром.

Калі аддаліліся на добрую сотню метраў, Марыя Сяргееўна дастала з кішэні халата хусцінку, выцерла лоб, вусны i не сказала, а прастагнала:

— О Божа мой! Якія вы дурныя, маладыя!

— Марыя Сяргееўна! — схапіла яе за рукі Саша. — Гэта Пеця! Мой Пеця…

— А ты спакайней, — адхіліла яе ўрач. — Я ведаю.

— Ведаеце? — чамусьці не здзівілася, а спалохалася Саша. — I раней ведалі?

— Не. Пачала здагадвацца. Учора, калі ён пачаў трызніць… Ён клікаў цябе і… Сеню… Майго Сеню… Тады я знайшла фота, дзе яны разам…

— Марыя Сяргееўна! Ён будзе жыць?

— Я зрабіла ўсё, што магла. У такіх умовах! Штохвілінна рызыкуючы… Трэці дзень я хаджу над безданню. Я сама не разумею, як трымаюся… А ты… ты сваёй неразумнай любоўю, сваім парывам магла ўсё загубіць… Ты чаму так кінулася туды?

Саша расказала пра тое, што пачула ад Ані, i пра тое, як яна ўначы хацела бегчы сюды, але Аня не пусціла да раніцы. Твар у Марыі Сяргееўны зрабіўся шэры. Яна быццам звяла ўся.

— Божа мой, як гэта разносіцца! А я была ўпэўнена…

— Марыя Сяргееўна! Як ён трапіў да вас?

Саша ўся дрыжала. A ўрач не адразу пачула яе пытанне — думала пра нешта сваё. Потым устрапянулася.

— А? Як трапіў? — I зноў узяла Сашу пад руку i павяла над самай кручай далей ад бальніцы, на ганку якой стаяў немец. — Я не заснула яшчэ, думала пра Сеню. I раптам выбух. З майго акна было відаць ix расчыненае акно, як яны балявалі… Гэта часта паўтаралася, i мне абрыдла глядзець. Яны нібы знарок расчынялі акно, быццам дражнілі партызан… Я ўвесь час думала, што партызаны калі-небудзь дабяруцца да ix. Святло патухла адразу ж пасля выбуху. Але тут жа ўспыхнуў пажар. Я не выйшла, хоць баялася за хворых. Я добра ведала, што ў такіх выпадках лепш сядзець дома. Пачнецца страляніна, пошукі… Дзіўна, што яны нават не пачалі страляць. Так ix ашаламіла… I раптам я ўбачыла яго… На фоне водбліскаў ад пажару… Ён бег па бальнічным двары да кручы. I вунь там… вунь, дзе слуп ад Сенінага турніка… ён зваліўся… Я не сумнявалася, што гэта ён, той, што кінуў гранату… Што мне рабіць? Як памагчы яму? Божа мой! Пакінуць у бядзе такога чалавека? Я ведала, што іду на смерць, што вось-вось яны абшныраць кожны дом, кожны закутак… I ў бальніцы, безумоўна, у першую чаргу. Але я не магла інакш… Я савецкі ўрач… Я выскачыла i зацягнула яго ў сваю хату. Ён быў непрытомны… На шчасце, яны не кінуліся адразу шукаць. Салдаты засталіся без афіцэраў i былі заняты пажарам… Школа згарэла, як куча сухога галля. А потым у ix атрымаўся казус… Немцы абстралялі паліцаяў, якія беглі на пажар цераз гароды, вунь адтуль… Гэта дало мне час, каб схаваць яго. У мяне на кухні пад падлогай яма, куды ссыпаю на зіму бульбу. Я кінула ў яму коўдру, падушку i апусціла яго туды. Адкуль браліся ў мяне сілы! Я несла дарослага чалавека, як дзіця! Шукаць пачалі паліцэйскія… А гэты фон Штуме, ацверазелы, хадзіў следам, ашаломлены, i толькі паўтараў: «Майн Гот». Я не вытрымала — выйшла з хаты, бо яны шнырылі па бальніцы i маглі зачапіць хворых… Яны схапілі мяне i павялі, каб я аказала дапамогу двум салдатам, якія таксама, п'яныя, апякліся… Шукалі яны ў маёй хаце ці не, не ведаю… Але што я перажыла, перавязваючы немцаў! Пры святле пажару я ўбачыла, што левы рукаў майго плацця ў крыві. Я нават не паспела агледзець, куды ён ранены. Але кроў магла застацца на падлозе, думала я. I — уяві! — на мае, на тваё, не ведаю, на чыё шчасце, усё абышлося добра ў тую ноч. Кал i назаўтра прыехала начальства, то разабрацца ім, хто адкуль i куды бег, было ўжо немагчыма… Калі ўсё сціхла ў тую ноч i спалоханыя хворыя патроху супакоіліся, я вярнулася i агледзела раненага. Куля трапіла ў спіну, прабіла правае лёгкае. Я вырашыла аперыраваць… Божа мой! Каб мне раней, да вайны, расказалі, што нейкі ўрач, няхай геній, няхай сам Пірагоў, зрабіў такую аперацыю ў такіх умовах, я, відаць, засмяялася б яму ў твар, назвала хлусам. I мне, напэўна, ніхто не паверыць… У бульбянай яме, пад падлогай, стоячы на каленях, пры святле звычайнай лямпы, прымітыўнымі інструментамі, без патрэбных медыкаментаў… A галоўнае — адна. Прыйшлося рабіць «акно» i рэзекцыю раструшчанай куляй часткі ніжняй долі правага лёгкага. А потым выявілася, што куля прайшла ў грудную поласць i засела ў рабрыне. Прыйшлося рэзаць другі раз. Добра, што ніхто не перашкодзіў… Нічога падобнага я ніколі не рабіла. I цяпер дзіўлюся… Выходзіць, што чалавек усё здужае, зможа, калі любіць, калі ведае, у імя чаго… Мая аперацыя — подзвіг… Я не саромлюся сказаць так… Не ведаю, што будзе далей, але ў звычайных умовах я, бадай што, магла б упэўнена сказаць: я ратавала яму жыццё. Не занесла інфекцыю, гэта галоўнае, i, здаецца, правільна зрабіла ўсё іншае… Ведаеш, пасля аперацыі ён на момант апрытомнеў. Я ўліла яму глыток вады. I ён прашаптаў… Ты ведаеш, што ён прашаптаў? «Дзякую, мама…» У той міг мне здалося, што гэта — Сеня.

Марыя Сяргееўна каўтнула i на момант закрыла вочы далоняй, быццам ад сонца. Яна глядзела на ўсход, насустрач сонцу. У Сашы вочы былі сухія, яна слухала моўчкі, толькі часта i неглыбока дыхала ды раз-пораз нецярпліва азіралася на хаціну, дзе застаўся ляжаць Пеця. Ёй здавалася, што ў гэты момант, калі яго пакінулі аднаго, ён можа назаўсёды адысці ад яе. Таму яна баялася нават глыбей дыхнуць, быццам дыханне магло патушыць яго жыццё, як свечку.

Марыя Сяргееўна апусцілася на пажоўклую калючую траву, звесіўшы ногі з абрыву. Ёй хацелася не толькі сесці, але легчы. Яна не сказала, што не заплюшчвала вачэй тры ночы, што толькі ўдзень засынала на колькі хвілін, седзячы ў сваім прыёмным пакоі. Добра, што, калі ў бальніцу перабраліся немцы, хворыя перасталі хадзіць. I тыя, што ляжалі i хто здолеў падняцца, стараюцца хутчэй выпісацца. «Далей ад ліха», — як казала адна жанчына.

— Пасядзім трохі.

Саша не села. Яна стаяла побач i глядзела на хаціну.

— Не глядзі так! Чуеш? Ты выдаеш нас. Мы адпачываем. Ах, як мне хочацца заснуць! Але я не магу спаць. Я стаю на варце, i невядома, хто i калі мяне заменіць…

— Я, Марыя Сяргееўна!.. Я, родная вы мая… Цяпер я буду дзяжурыць пры ім, — вырвалася нарэшце ў Сашы. Яна нават памкнулася абняць жанчыну.

— Ах не, мой друг! Не тое. Якое дзяжурства! Ведаеш, заплюшчу вочы i бачу яго, таго, што ў яме. У мяне пачынаюцца галюцынацыі. Так, відаць, узнікла вера ў дух нябожчыкаў. Нервы. Так, ён вораг. Але я ўрач. Я ўсё жыццё ратавала людзей ад смерці…

Яна глянула на Сашу, убачыла, што тая не ўсё разумее, i пачала расказваць зноў ціхім i роўным, знешне быццам абыякавым голасам:

— Я разумела, што не ўратаваць мне яго, калі ён застанецца ў яме. Раненаму трэба паветра i хаця б звычайныя чалавечыя ўмовы, догляд. Перанесці куды-небудзь у іншую хату — пра гэта i думаць няма чаго. Што рабіць? Рашэнне прынёс загад фон Штуме ачысціць бальніцу. Я ледзь выпрасіла ў яго тыдзень, каб падрыхтаваць барак былой МТС. Ён крычаў: «Я не хачу, каб мне кідалі ў акно гранаты!» Але ён быў упэўнены, што малітвы маці дапамаглі яму застацца жывым… Я сыграла на яго набожнасці. Я перавяла ўсіх іншых хворых у хлеў, у амбулаторыю, а*яго, паліцая, да сябе ў хату. Ён i там ляжаў асобна, у былым радзільным пакоі. Калі яго прывезлі, я жахнулася ад лютасці таго, хто распраўляўся з ім. Яго секлі касой, без касся, відаць, як шабляй. Не было ніводнага жывога месца, больш трыццаці ран… Потым мне расказалі, што гэта зрабіў чатырнаццацігадовы хлапчук: помсціў за маці, якую гэты кат застрэліў… Але я ўрач. Я лячыла яго, вырвала ў смерці… Легка забіць ворага, які страляе ў цябе. A забіць раненага, непрытомнага… Я не магла, не мела права… Але трэба было знайсці выйсце, каб ратаваць чалавека, які помсціў за ўсіх, за народ… Сапраўднага чалавека… На што я спадзявалася? Hi на што. Ды, уласна кажучы, мне было ўсё адно ўжо — адзін адказ… Я пайшла на самае лёгкае, хоць i вельмі рызыкоўнае. Я памяняла ix месцамі. Таго — у яму. А Пятра твайго, нашага Пятра, паклала на яго месца, забінтаваўшы гэтак жа галаву, рукі… Ты бачыла. Я было пераканала сябе, што ніхто не выявіў падмены. Наіўная. Можа, i хворыя так паспешліва сёння выпісваюцца, што многія даведаліся? — спытала яна незразумела каго: Сашу ці самую сябе. Пасля паглядзела знізу на Сашу i парывіста паднялася. — Што ж нам рабіць цяпер, мой друг? — i, не чакаючы Сашынага адказу, прашаптала: — Асцярожнасць. Толькі асцярожнасць можа ратаваць усіх нас. Але так не можа цягнуцца доўга.

Трэба звязацца з партызанамі, каб яны неяк забралі яго… Ты павінна пайсці i адшукаць ix.

— Марыя Сяргееўна!.. — устрапянулася Саша. Ёй зрабілася страшна ад думкі, што, толькі знайшоўшы, яна зноў пакіне Пецю ды яшчэ ў такім стане, калі побач стаіць смерць… Ён нават не даведаецца, што яна прыходзіла з любоўю i вернасцю, i будзе пакутаваць… Не, яна застанецца тут, пры ім! Яна нікуды не пойдзе! Не можа пайсці!

— А чым ты паможаш яму? Сваімі пяшчотамі? — сурова спытала Марыя Сяргееўна. — Яшчэ выкрыеш нас… Не, табе трэба ісці!

«Трэба расказаць ёй усю праўду пра Лялькевіча i пра Пецю. Цяпер можна. Гэта не будзе парушэннем клятвы, бо яна наш чалавек, можна лічыць — член нашай арганізацыі!» — падумала Саша.

— Мне здаецца, крызіс мінуў… Спачатку ён ляжаў так, што я баялася гэтага шоку. A ўчора пачаў трызніць. А гэта добра. Клікаў цябе, Сеню. Тады ў мяне бліснула здагадка… Лаяў нейкага Лялькевіча. Чакай. Няўжо Уладзіміра Іванавіча? Ён таксама недзе ў партызанах. У мінулую восень наведаўся неяк уначы да мяне, прасіў медыкаментаў… Абяцаў, што будзе заходзіць, але больш не з'яўляўся.

Саша больш не вытрывала:

— Марыя Сяргееўна, я ўсё раскажу… Даруйце, што таіла ад вас дагэтуль.

Урач выслухала моўчкі, не праявіўшы ні здзіўлення, ні залішняй цікаўнасці, толькі ў канцы ўздыхнула i сказала:

— О Божа! Як яна наблытала, вайна! А яго маці ляжала ў мяне ў бальніцы i кожны дзень плакала — дзе Валодзя? Можа, i мой Сеня дзе-небудзь побач. Такая вайна!

— Цяпер вы разумееце, што мне трэба застацца, каб ён убачыў мяне… Гэта паможа яму…

— Баюся я за цябе.

— Марыя Сяргееўна, ды я без вас i кроку не ступлю. Клянуся!

Урач задумалася.

— Добра. Я скажу фон Штуме, што папрасіла цябе памагчы мне, пакуль будзем перабірацца ў баракі. Будзеш мыць бялізну…

— Усё-ўсё буду рабіць. Любую работу, абы…

— Ты ведаеш, што мы зробім? Пераліванне крыві. Адна я не магла. У цябе якая група?

— Другая.

— Мы не ведаем яго групы. Няма сывараткі. Возьмем маю. Я — універсальны донар.

Саша не знаходзіла слоў, каб выказаць удзячнасць гэтай жанчыне, якая ратавала Пецю. Цяпер у яе з'явілася цвёрдая ўпэўненасць, што Пеця ўратаваны. Яна не думала пра тое, як выбрацца адгэтуль, з небяспекі, якая штохвілінна пагражае ўсім ім. Адзін неасцярожны крок, адно чыёсьці слова — i смерць. Нельга ні на секунду забываць пра гэта!

Аднак, калі яны вярнуліся назад да бальніцы, Саша не вытрымала: вачамі, позіркам папрасіла Марыю Сяргееўну дазволіць глянуць на яго. Тая дакорліва паківала галавой, але пайшла разам з ёй у хаціну.

Жывы! Хацелася крычаць ад радасці. Саша хутка нахілілася i пацалавала яго ў сухія, гарачыя, засмяглыя губы. I быццам удыхнула пацалункам сілу. Ранены расплюшчыў вочы. Паглядзеў на яе i прашаптаў без здзіўлення i без радасці:

— Саша.

Так шэпчуць малыя дзеці слова «мама», калі прачынаюцца на момант i пераконваюцца, што маці сядзіць побач.

— Пеця!.. Любы мой!

Марыя Сяргееўна прытрымала Сашу за плячо, асцярожна адхіляючы. А ранены раптам паварушыў забінтаванымі рукамі, як бы сціскаючы кулакі, i сказаў ca злосцю:

— Я разбіў яму морду… Сеня… Чуеш? Мне трэба было з пісталета… Вось так… Ах, гад які!

Пальцы Марыі Сяргееўны скамячылі Сашыну кофтачку. Урач застыла, чакаючы: можа, ён скажа што-небудзь больш зразумелае пра сына? Але Пятро зморана прашаптаў словы песні:

— Пасею лебяду на берагу… Сваю…

Саша спрытна мыла падраныя смярдзючыя бальнічныя прасціны i думала, што некалі, калі Пеця захварэў на запаленне лёгкіх, яна прыйшла да яго ў бальніцу i, нягледзячы на забарону галоўурача, сядзела цалюткі дзень. А цяпер Пеця ў больш цяжкім стане, i яна не можа сядзець пры ім, бо ніхто не павінен ведаць, што ён — блізкі ёй чалавек. Самы блізкі, самы родны. А яшчэ думалася пра Ленку. Як там дачка? Ці вярнуўся Уладзімір Іванавіч?

Падышлі два салдаты. Сталі за тры крокі i пачалі пільна назіраць, як яна мые. Саша адчула, як халадзее яе спіна. Чаму яны глядзяць так доўга i пільна? Што ix зацікавіла? Нарэшце адзін наблізіўся, памачыў руку ў мыльнай бруднай пене, правёў ёю Сашы па твары. I абодва весела зарагаталі.

Саша ўся задрыжала. О, як хацелася ўзяць намыленую прасціну i пляснуць у адказ яму па твары! Як яна ненавідзела ix! Але Саша перамагла сваю нянавісць, падняла галаву, выцерла твар рагом хусткі i… прыветліва ўсміхнулася.

— О, гут, гут, — ухваліў другі, старэйшы.

Калі яны адышлі, буйныя слёзы крыўды i абразы закапалі ў карыта, у мыльную пену. Абраза, здзек не скончыліся на гэтым. Хутка салдаты прынеслі ёй кучу брудных анучак, споднікаў i паказалі жэстамі, каб яна памыла. Яна мыла i праз слёзы не бачыла свету.

Але ўсё адразу забылася, як толькі Марыя Сяргееўна выйшла з амбулаторыі, несучы ў ручніку гарачы стэрылізатар, i паклікала яе. Што ўсе гэтыя крыўды, калі яна зноў убачыць Пецю, дапаможа яму! Каб ратаваць яго, яна вытрывае ўсё! Аднак у яе доўга дрыжалі рукі, i Марыі Сяргееўне прыйшлося чакаць, пакуль яна супакоіцца.

— Набярыся сілы. У нашых умовах гэта нялёгка, але ў цябе ўмелыя рукі, я помню. Я веру тваім рукам. Пачнём з малой дозы.

Марыя Сяргееўна скінула правы рукаў сукенкі i лягла на ложак побач з раненым, рука ў руку. Саша моцна пераціснула яе руку. Урач пачала варушыць пальцамі, напаўняючы вену, i адначасова кіравала аперацыяй:

— Знайдзі яго вену. Вось так. Бачыш? Супакоілася? Пачалі. Адпускай жгут.

Сапраўды, Саша зрабіла ўсё спрытна i ўмела. Кроў урача ўлілася ў жылы раненага, каб напоўніць страчаную ім кроў і прынесці новыя сілы для змагання са смерцю.

Збялелая Марыя Сяргееўна выцерла рукавом халата халодны пот з ілба i пахваліла «асістэнтку»:

— Малайчына!

Увечары зрабілі другое пераліванне.

I да Пятра вярнулася прытомнасць. Ён свядома глянуў на навакольны свет. Убачыў Сашу, здзівіўся:

— Саша? — i пакутліва, з болем, успамінаючы нешта, спытаў: — Дзе я?

Сашыны слёзы закапалі яму на твар.

— Пеця! Дурненькі мой. Я табе ўсё растлумачу. Ачуньвай хутчэй. I нічога дрэннага не думай…

Марыя Сяргееўна адхіліла яе, каб, выкарыстаўшы хвіліну прытомнасці, сказаць самае галоўнае:

— Ты ў бальніцы, мой друг. Але ты — не ты. Разумеет? Ты — паліцэйскі Букаты. Фядос Букаты. Зразумеў? Так трэба. Побач немцы.

Ледзь чутным шэптам ён спытаў:

— Вы — маці Сені?

Марыя Сяргееўна нахілілася над ім ніжэй.

— Дзе Сеня?

— Там, — паказаў ён вачамі ў прастор, i павекі яго апусціліся.

Сашы хацелася, каб ён зноў звярнуўся да яе i каб у вачах яго адбілася не толькі здзіўленне, але i радасць. Але ён нібы забыўся на яе. I ёй зрабілася балюча. Абедзве жанчыны напружана чакалі, што ён скажа яшчэ. Але ён маўчаў i не расплюшчваў вачэй. Здавалася, заснуў. Марыя Сяргееўна кіўнула Сашы, i яны на пальчыках выйшлі з пакоя. У калідоры Саша ўсхліпнула. Марыя Сяргееўна моўчкі выцерла ёй вочы марлевай касынкай.

— За працу, мой друг.

На другі дзень Саша зноў мыла, дэзінфіцыравала ложкі, тумбачкі, посуд. На кульгавым кані завозіла бальнічныя рэчы ў барак МТС, дзе наводзілі парадак іншыя жанчыны.

У яе ледзь не выскачыла сэрца, калі яна ўбачыла, што обер-лейтэнант i Марыя Сяргееўна пайшлі ў хату, дзе ляжаў Пеця. Пасля ўрач расказала. Афіцэр сустрэў яе i нечакана праявіў клопат:

— О, вы хворая, фрау Марыя! У вас вельмі бледны твар.

Каб не пераконваць яго, што адчувае сябе добра, яна адважылася сказаць праўду:

— Але, пан обер-лейтэнант. Я адчуваю сябе дрэнна. У мяне цяжкахворыя, раненыя i вельмі мала медыкаментаў. А таму я не толькі ўрач, але i донар. Я пераліла сваю кроў раненаму паліцэйскаму.

— O-o! — з пачцівым здзіўленнем выгукнуў фон Штуме. — Я хачу паглядзець на гэтага героя!

Былы начальнік, грубы, але хітры эсэсавец нябожчык Гюнтэр, час ад часу правяраў бальніцу. Гэты чысцюля фон Штуме ніколі не заглядваў i, між іншым, даўно прапаноўваў перавесці яе куды-небудзь далей. Ён даўно закрыў бы яе зусім, але фельдкамендант з нейкіх палітычных меркаванняў не дазваляе закрываць бальніцу i нават патрабуе адкрыць школу.

Марыя Сяргееўна спалохалася. А раптам Пятро, трызнячы, скажа што-небудзь лішняе. Ці ўбачыць фашыста i ў гарачцы кінецца на яго? Ці той, у яме, пачне стагнаць? На шчасце, Пятро спаў i паліцай маўчаў. Афон Штуме, адчуўшы пах крыві, зморшчыўся, заткнуў нос надушанай хусцінкай i паспешліва пакінуў хату. Марыя Сяргееўна ішла за ім.

— Каб пан обер-лейтэнант даў мне трохі глюкозы, я ведаю, у вашага медыка яна ёсць… Як бы гэта падмацавала мае сілы!

Каб адчапіцца ад яе, ён паабяцаў даць глюкозу. Заадно папярэдзіў, што любіць дакладнасць: праз два дні бальніца павінна выбрацца з усіх памяшканняў.

Пасля абеду, калі Саша зноў мыла бялізну, якую ёй падкінулі іншыя салдаты, на двары бальніцы з'явіўся стары з мокрай кайстрай. Яна пазнала яго: той сварлівы лодачнік, што перавозіў ix у мінулым годзе i спачатку запрасіў сто рублёў. Вартавы спыніў яго. Ён выцягнуў з кайстры вялікага ліня.

— Рыбы прынёс пану начальніку. За ласку яго, што човен вярнулі. Мне ж хоць гіамірай без яго, без чоўна. Во хачу аддзякаваць…

Фон Штуме выйшаў сам на ганак. Стары пакланіўся яму. Саша чула ix размову. Афіцэр пільна аглядаў кожную рыбіну i гаварыў:

— Ты іст хітры русіш альтэр ман… Як то? Дзед. О, дзед… Ix знайт, ты памагай партызан. Я, я… Ix знайт… Мой зольдат будзе лавіт цебя… Ix буду вешай цебя тут, — ён паказаў на таполю.

— Ды няхай я, пан-гаспадзін, не сыду з гэтага месца, калі я бачыў ix у вочы, партызан гэтых. Вось жа набрахаў нехта на старога чалавека.

— Вас іст набрахаў?

— Кажу, нагаварыў хтось на мяне. Які я партызан! Смех ды грэх. Мневосемдзесят гадоў.

Афіцэр паківаў яму пальцам:

— Ты ошань хітры… Шляўфукс[14]

Калі афіцэр пайшоў, загадаўшы салдату занесці рыбу на кухню, стары накіраваўся да Сашы. Здалёк гукнуў:

— Дай, маладзічка, вады напіцца. А то, пакуль усцягнуў свае старыя косці на кручу, сем патоў выліў.

Саша паднесла яму няпоўнае вядро. Ён падняў яго, закрыўся i глуха сказаў у вядро:

— Саша? — глянуў адным вокам, ці кіўнула яна. — Выбірайся, маладзіца, адгэтуль, пакуль ціха. Але дадому не ідзі. Правал. Каля хутара звернеш са шляху налева, у сасоннік, i далей пойдзеш паўз балота. Цябе сустрэнуць.

Сказаў, паставіў вядро i паклыпаў прэч.

Саша ведала законы канспірацыі i ніводным рухам не выдала сябе. Але як закрычала сэрца: Ленка!

VII

Другі дзень Лялькевіч i хлопцы сядзелі на дарогах, што вялі ад Дняпра да Сожа, — пільнавалі Сашу, каб яна не пайшла дадому, не трапіла ў рукі фашыстаў.

Адразу ж, як толькі ў атрад з'явіліся падпольшчыкі з Поляй, Ленкай i сумным паведамленнем аб гераічнай смерці дзядзькі Аляксея, Уладзімір Іванавіч папрасіў у Дзеда людзей, каб пайсці шукаць Сашу.

Капыткоў недарэчна прабурчаў тады:

— Распыляем людзей перад аперацыяй.

Уладзіміра Іванавіча, моцна ўзрушанага падзеямі ў вёсцы, смерцю Аляксея Сафронавіча, гэта ўзарвала.

— Вы зноў за народам не бачыце чалавека! Аперацыя, каб узняць дух народа? А чалавека, значыцца, можна аддаць у лапы гестапа?

— Гэта вы правалілі арганізацыю! А цяпер хочаце апраўдацца! — у сваю чаргу ўскіпеў Капыткоў.— Адчувалі правал i ўцяклі ў лес!

Лялькевіч задыхнуўся. Такая абраза! Упершыню ў жыцці ён страціў уладу над сваімі пачуццямі, i рука пацягнулася да пісталета.

Піліпенка стаў паміж імі. Капыткоў зразумеў, што сказаў лішняе, i пачаў «біць адбой»:

— Прабач. Але ты першы пачаў. Ты першы абразіў мяне: выйшла так, што я хачу, каб наша сувязная трапіла ў гестапа. Глупства.

Капыткоў нерваваўся. Цяпер, калі атрад рэарганізоўваўся ў брыгаду, вярнуўся гэты Лялькевіч. Ці не таму, каб заняць месца камісара брыгады? Жыццё Капыткова прайшло ў турботах за свае званні i чыны. Акружэнне, лічыў ён, сапсавала яму кар'еру. Каб выправіць сваё становішча, яму вельмі трэба заняць месца камісара брыгады. А таму ён баяўся Лялькевіча, якога ўсе любілі i паважалі, i хацеў хоць як-небудзь прынізіць яго.

Лялькевіч сам не здагадваўся аб гэтым. Сказаў Дзед, калі яны засталіся адзін на адзін. Уладзімір Іванавіч абурыўся яшчэ больш, a хітры Піліпенка смяяўся. Ён любіў пакпіць, пасмяяцца з чалавечых слабасцей — без злосці, калі гэта свой чалавек.

— Не звяртай увагі. Стары, хворы чалавек. Пакалечаны вайной. A ў аснове сваёй ён добры дзядзька, сумленны камуніст. Умее пагаварыць з людзьмі…

— Ты, чорт цябе вазьмі, робішся нейкім талстоўцам: усе ў цябе добрыя, усім даруеш… — сказаў сярдзіта Лялькевіч.

— Усім, акрамя фашыстаў i здраднікаў…— адпарыравау Макар.

— Ты дасі мне людзей? Ці я пайду сам.

— А Бог мой! Як табе не сорамна! Бяры сваіх хлопцаў, Дажору з яго «яснавідцамі» i ляці ва ўсе канцы свету.

А крыху пазней з хлапечай цікаўнасцю i сяброўскай шчырасцю Макар спытаў:

— Скажы, табе вельмі дарагая гэта жанчына?

— Мне дораг чалавек! — зноў-такі ўзлаваўся Лялькевіч.

Цяпер ён ляжаў пад разгалістым дубам на краі балота трохі заспакоены, успамінаў гэтую сутычку i папракаў сябе за лішнюю раздражнёнасць. Безумоўна, правал арганізацыі ўразіў яго больш, чым любога іншага. Але нельга не згадзіцца з Макарам i самімі падпольшчыкамі, што фінал ix дзейнасці даволі шчаслівы. Правесці амаль усіх людзей у атрад — гэта перамога, а не паражэнне. I за пытанне Макара ён дарэмна ўзлаваўся. Але Саша вельмі дарагі яму чалавек. Як таварыш па барацьбе, як друг i — навошта хавацца? — як жанчына. У спакойных абставінах ён i Макару не пасарохмеўся б прызнацца, што кахае яе глыбока, шчыра i цяпер ужо, безумоўна, безнадзейна. Ён ляжаў, выцягнуўшыся, адпачываючы пасля бяссоннай ночы i верхавой язды, ад якой адвык. Недалёка ў кустах фыркалі ix коні. А на дубе сядзеў Данік — назіраў за дарогай.

Разведчыкі яшчэ ўчора ўстанавілі, што Саша наведалася ў Заполле, пераначавала там, пайшла назад i ў мястэчку затрымалася ў бальніцы. Толя Кустар з-за ракі нават бачыў яе ў бінокль: яна мыла бялізну. Але папярэдзіць яе ніяк не маглі, побач былі немцы. Пакуль нарэшце сёння не знайшлі старога дняпроўскага рыбака — дзеда Кліма, які неаднойчы памагаў партызанам. Цяпер чакалі Сашу ў пэўным месцы, але з перасцярогай.

«А калі яе не выпусцяць? Затрымаюць?» — думаў Лялькевіч. Ад думкі такой ныла сэрца. Ён падскочыў, калі пачуў радасны крык Данілы:

— Ідзе!

— Хто?

— Саша!

— Глядзі добра. Яна?

Данік хвіліну маўчаў. Потым выкрыкнуў:

— Так i ёсць!

— Што?

— Хвост.

— Які хвост?

— Нехта ідзе за ёю назіркам.

— Можа, нашы?

— Не, непадобна.

Лялькевіч схаваўся ў лазняку, не зводзячы вачэй з хлопца, якога ледзь можна было прыкмеціць у густым галлі дуба.

— Данік, ідзе?

— Бяжыць.

— А той?

— Схаваўся ў кустах.

— Злазь. Хадзем насустрач.

— Чакайце. Здаецца, нашы. Ідуць за тым.

Лялькевіч з палёгкай уздыхнуў.

…Магчыма, фон Штуме не звярнуў бы на Сашу больш увагі, каб яна дапамагла ўрачу перасяліць хворых, а потым аднойчы раніцой спакойна пайшла дадому. Але калі «фрау Марыя» сказала, што памочніца яе засумавала па дачцэ i хоча пайсці, просіць пропуск, каб яе больш не затрымлівалі, гэта яго насцярожыла. Так нечакана, пад вечар, пайсці ў няблізкую дарогу, праз лес, балота, партызанскую зону? Ён выклікаў начальніка паліцыі i загадаў: няхай адзін з агентаў прасочыць, куды пойдзе гэтая маладая жанчына.

Сашу перавезлі цераз Дняпро на паліцэйскай лодцы. Каб не выдаць сваёй вялікай усхваляванасці, яна жартавала з маладымі паліцаямі, сярод якіх быў i яе «праваднік». Ён схаваўся ў кустах i пайшоў следам за ёй. Саша не бачыла яго. А ён не бачыў, што за ім гэтак жа назіркам ідуць тры партызанскія разведчыкі, дужыя хлопцы. На краі балота яны скруцілі яго без адзінага гуку.

Саша сапраўды бегла ўсю дарогу. Як толькі вытрымала яе сэрца! Яно не выстуквала, a выхліпвала адно слова: Ленка, Лен-ка… A ў вушах шумела: пра-вал, пра-вал… Хто застаўся жывы? Хто чакае яе? Чакаць павінны, здаецца, недзе тут… I ўсё адно яна ўскрыкнула ад нечаканасці, кал i Уладзімір Іванавіч выйшаў з кустоў насустрач.

— Ах, — i кінулася да яго, учапілася ў рукавы сарочкі.—

Ленка! Што з ёй?

— Супакойцеся, Аляксандра Фёдараўна. Жывая, здаро-

вая. У атрадзе. Поля з ёй. А вунь Данік.

— Саша! — гукнуў брат, злазячы з дуба.

— Адзін дарагі нам чалавек загінуў — Аляксей Сафронавіч. Пайшоў на смерць, каб ратаваць Ленку, хлопцаў…

Змораная, змучаная, узрадаваная за дачку, за сваіх i паранейшаму ўстрывожаная за Пятра, Саша ўпала тварам на грудзі Лялькевіча i заплакала. Hi разу дагэтуль яна не илакала перад ім. Ён асцярожна i ласкава пагладзіў яе плечы.

— Што вы, Саша!

— Уладзімір Іванавіч, ратуйце Пецю, — папрасіла яна праз слёзы.

— Пецю? А дзе ён?!

— Там… у бальніцы… у Марыі Сяргееўны. Цяжкаранены… Ён кінуў гранату ў школу…

— Так. Мая здагадка правільная. Яны што, схапілі яго?

— Не. Немцы не ведаюць. Марыя Сяргееўна схавала…

— Вось як!

— Паклала на месца нейкага паліцая, а таго — у яму. Але пра гэта ведаюць бабулі-санітаркі… Могуць прагаварыцца, выдаць… Тады смерць i Пецю i Марыі Сяргееўне… Уладзімір Іванавіч!

Ён лёгка адхіліў яе.

— Чакай. Раскажы ўсё спакойна, а мы падумаем.

Саша расказвала пасля таго, як адбыўся суд над паліцаем, які шпіёніў за ёй. Думалі ўсе: Уладзімір Іванавіч, Даніла, Толя Кустар, Дажора, разведчыкі. Уласна кажучы, усе іншыя думалі нядоўга. Лялькевіч адразу прачытаў на ix тварах: трэба ратаваць Пецю i Марыю Сяргееўну. Але, трэба ратаваць — такое i яго цвёрдае рашэнне. Але як? У мястэчку, па падліках Сашы i разведчыкаў, па паказанню шпіёна, каля сарака немцаў ды добрая паўсотня паліцэйскіх. Пасля выбуху ў школе яны асабліва пільныя, насцярожаныя. Паехаць папрасіць увесь атрад i штурмам разграміць варожы гарнізон? За Дняпром, на кручы, з палявымі подступамі?.. Не, не пойдуць на гэта ні Капыткоў, ні нават Дзед. Паспрабаваць выкрасці Пятра сіламі разведчыкаў ды тых хлопцаў, якія толькі што ўратаваліся ад гестапа? A ці не на верную смерць ён пашле гэтых дзевяць смельчакоў, маладых, дужых, жыццярадасных? Што скажа тады Капыткоў?

«Ды ну яго да д'ябла, гэтага Капыткова! З якога гэта часу я пачаў азірацца на яго? Нічога ён не скажа. Не вернуцца яны — не вярнуся i я, бо пайду разам з імі. А ратаваць Пецю — мой абавязак!»

Як яны глядзяць на яго, асабліва Саша i Данік! Чакаюць яго рашэння, яго слова. Вераць, што ён скажа гэтае слова!

Уладзімір Іванавіч трасянуў галавой, як бы адганяючы непрыемныя думкі, i шырока ўсміхнуўся…

* * *
Ноч была халодная i цёмная. Зрэдку ў прасветы хмар выглядвалі адзінокія зоркі. Але Саша не бачыла ix. Яна стаяла на халодным пяску i ўзіралася ў зарэчную цемру. Рака лізала яе босыя ногі. Яна не адчувала холаду. Рака плёскалася, віравала няспынна, шапталася, а за спіной, быццам тысячы жывых істот, варушыўся лазняк. Узляталі i падалі ў атаву начныя птушкі.

Саша нічога не баялася тут. Няхай разбушуецца рака, узнімецца вецер, ламаюцца дрэвы, валяцца стагі. Няхай больш шуму — гэта лепш. Абы ціха было там, на тым беразе, куды паплылі ўсе яе сябры на чале з Уладзімірам Іванавічам. Яго ўгаворвалі не плысці, застацца тут. Ён узлаваўся на разведчыкаў i загадаў ім маўчаць. Саша таксама хацела плысці — ён узлаваўся i на яе. Яна засталася адна. Колькі ёй прыйдзецца чакаць тут? Яна будзе стаяць да раніцы… Не, усё жыццё, калі яны… Не, не. Там ціха. Абы там не стралялі…

Яны высадзіліся вось тут, насупраць, дзе поле. Потым папаўзуць вунь туды, дзе свеціцца адзінокі агеньчык. Можа, гэта ў хаце Марыі Сяргееўны? Можа, кепска Пецю i яна ратуе яго? Ці гэта свеціцца ў немцаў? Хлопцы павінны падпаўзці туды непрыкметна, калі што — ціха зняць вартавога, пакласці Пецю на насілкі i вярнуцца сюды, дзе чакае стары рыбак з лодкамі.

Колькі прайшло часу? Гадзіна, дзве? Можа, яны нясуць ужо яго, а ззаду ідзе Марыя Сяргееўна i шэптам просіць, каб неслі асцярожна, не тузалі? Можа, плывуць ужо? Саша напружена прыслухоўваецца. Здаецца, што журчыць вада пад чаўнамі, ціха скрыпіць вясло. Шмат што здаецца. Ёй, няверуючай, хочацца памаліцца Богу, рацэ, хмарам, каб нішто не парушыла цішыні на тым беразе.

I раптам там, на кручы, дзе свяціўся агеньчык, успышкі — адна, другая… Што гэта? Дакаціліся стрэлы. Ударылі ў самае сэрца. Заляскалі ўсё часцей, часцей… Загаманілі кулямёты, быццам рассыпалі гарох. Здалося, што ўвесь свет запоўніўся грымотамі. Зялёныя, жоўтыя, чырвоныя нітачкі пацягнуліся за раку. Пад хмары ўзляцелі ракеты i асвяцілі ваду мёртвым святлом. Усюды — смерць. Смерць!

Саша адступіла на крок, села на мокрую траву.

— Усё… Гэта ўсё, — шапталі яе вусны. — Няўжо ўсё? Няўжо не будзе Пеці? Загіне Марыя Сяргееўна? A Данік? A Уладзімір Іванавіч? Не, не! Не можа гэтага здарыцца! Не хачу! — закрычала яна і, падхапіўшыся, ступіла ў ваду. Што яна надумала ў той міг? Плысці? Можа, i паплыла б, каб не пачула ціхіх усплёскаў вёслаў i фыркания чалавека.

Два чаўны вынырнулі з цемры адначасова. За імі, дабраўшыся да мелі, аддыхваліся разведчыкі — яны перабіраліся ўплаў. Нехта ціха сказаў:

— Няхай салютуюць, дурні.

Другі гэтак жа ціха засмяяўся.

— Смаляць у белы свет…

— Саша! — пачула яна шэпт Уладзіміра Іванавіча.

— Саша? — мяккія i халодныя рукі абвілі яе шыю. — Вось i мы, мой друг. Дзякую табе.

«Дзякую вам. Усім вам», — хацела адказаць Саша i не змагла. Як заўсёды ў такія хвіліны, словы былі непатрэбныя, лішнія. Толькі цяпер яна адчула часціну той радасці, якую два гады перажывала ў думках, уяўляючы будучую сустрэчу з Пятром. Яе, радасці, не было там, у бальніцы. Там былі смутак i гора. Яна прыйшла тут, калі мінула небяспека, калі побач не ворагі, а сябры i навокал — бяскрайнія прасторы роднай зямлі, балоты, лясы, якія дадуць ім прытулак. Няхай яна не такая радасць, якую Саша бачыла ў марах. Але тое, што прыйшла яна праз пакуты i гора, праз смяртэльную небяспеку, у цяжкую хвіліну, рабіла яе яшчэ больш дарагой i непаўторнай. Недарма яна запаўняла ўсю Сашыну істоту, звінела дзівоснай музыкай у вушах, у галаве, у сэрцы. Нават стрэлы там, за ракой, не парушалі яе стройнай мелодыі. Сашы хацелася заплакаць, але так, як яна не плакала ні разу за два гады, — ад радасць Хацелася абняць Лялькевіча, хлопцаў, Марыю Сяргееўну, ды не адважвалася крануцца з месца, як бы баючыся распляскаць свае пачуцці.

Разведчыкі без слоў выцягнулі лодкі.

Стары Дняпро ласкава цалаваў рукі i ногі мужным i добрым, з чыстымі сэрцамі людзям.

1958

Мост

Аповесць пятая

I

Ляснік легка, адной рукой, падняў мяшок, паважыў. Крутнуў галавой, як бы асуджаючы некага за тое, што скупа насыпаў. Нахіліўся, нагроб бульбы паўкаша, вытрас у мяшок. Здавалася, што гэты сукаваты, каструбаваты чалавек, быццам некалі зламаны бурай, усё робіць нязграбна. Такое адчуванне было, відаць, ад нязграбнасці яго постаці. Калі ж Шапятовіч угледзеўся болыи пільна, то ўбачыў, што доўгія рукі лесніка з вузлаватымі, парэпанымі пальцамі вельмі ўчэпістыя i ўмелыя. З такіх рук нічога не выслізне, яны зробяць любую работу, не надта, праўда, прыгожа i чыста, але трывала, надзейна.

У хаце сядзелі тры дарослыя дачкі лесніка. Але ён не папрасіў ix памагчы. Усё рабіў сам. I з дзяўчат ніводная не паварушылася. Дзве сядзелі на вузкім драўляным ложку, на якім не было ніякай пасцелі, акрамя старой салдацкай коўдры. Трэцяя — на ляжанцы. Усе трое был i да неверагоднасці падобныя адна на адну і… на бацьку: такія ж высокія, нязграбныя, худыя.

Шапятовіч, якому дагэтуль не давялося ix бачыць разам, спачатку разглядаў «лясных красунь» з вясёлым гумарам. Ад вяскоўцаў i Сашы, якая наведалася да хворай леснічыхі, Пятро чуў, што старэйшай з лесніковых дачок за трыццаць, а малодшай — семнаццаць. Аднак ён не адразу пазнаў, каторая з ix старэйшая, каторая малодшая. Адзеты яны былі па-рознаму. Але абуты… усе — у «буркі», пашытыя з салдацкага шыняля. I ўсе без панчох. З-пад нядоўгіх спадніц бліскалі худыя калені.

Дзяўчаты таксама разглядалі яго бесцырымонна — нібы ўбачылі ўпершыню. Вось ён якое дзіва — доктарчын муж!

Шапятовіч сядзеў на ўслоне, абапёршыся локцем правай рукі на хісткі стол, засланы падранай i бруднай цыраткай.

У лесніка было ласкавае, сапраўды лясное прозвішча, якое рассмяшыла Пятра, калі ён упершыню пачуў яго, — Лісцік. «На лісцікі вы непадобныя», — падумаў пра дзяўчат. Але шкада ix не было. Кажуць, старэйшыя, якія маглі вучыцца да вайны, не скончылі i па чатыры к л асы. Дурніцы. Лесавікі. Жывуць у лесе, а не маюць стала людскага. Якая пустэча ў хаце! На чым яны спяць пяцёра? А бульбы вунь якая куча! Проста на падлозе, каля сцяны, — відаць, учора адкрылі капец i перанеслі бульбу ў хату. Цяпер за гэтую кучу можна азалаціцца: дзвесце рублёў пуд!

Убачыўшы, што ляснік укінуў у мяшок яшчэ паўкаша, Шапятовіч сказаў:

— Не сыпце многа — не разлічуся я з вамі. Невядома, калі тая зарплата.

— Нічога, дзілектар. Разлічымося, калі будзем жывы.

Нельга было зразумець, чаму ляснік упарта называе

яго «дзілектарам», хоць добра ведае, што ён — проста настаўнік.

— Я па дарозе зважу ў краме. Можаце паверыць.

— Чаго вам насіць па крамах? — Лісцік адарваў мяшок ад падлогі, перакінуў бліжэй да дзвярэй, сказаў: — Пуд верны будзе, — i абтрос з далоняў пясок.

Пераглянуліся паміж сабою дочкі лесніка, яўна не ўхваляючы бацькавай шчодрасці. I адразу знік у Пятра вясёлы i добры настрой. Зрабілася крыўдна за сваю такую беднасць. Упершыню — непрыемна i горка, што ён, настаўнік, сакратар партарганізацыі, мусіў ісці сюды i прасіць гэтага ляснога куркуля прадаць напавер пуд бульбы. Асабліва брыдка стала ад таго, што ляснік насыпаў на пуд добрыя паўтара, а то i два. Быццам кінуў костку, як жабраку, ці даў хабар.

За зіму Пятро звыкся з беднасцю людзей. Быў частым госцем у хатах, у якіх дзеці спалі на голых дошках; у зямлянках, дзе — ні стала, ні табурэткі, елі на бярозавай калодцы. І ў ім расло спачуванне i мацнела любасць да людзей, ён амаль радаваўся, што дзеліць з імі ўсе цяжкасці пасляваеннага жыцця. А вось гэтая вялікая i пустая, з бруднай, гнілой падлогай i павуціннем у кутах хата раптам стала яму брыдкая. Ненатуральная беднасць. Бруд, які выклікае грэблівасць. Людзі, да якіх няма ў яго спачування, нават да той нябачнай старой, што недзе на печы часта кашляе i зрэдку стогне.

Нешта падобнае ён адчуваў ужо аднойчы, калі зайшоў у хату, дзе жыла сям'я паліцэйскага. Але ж ляснік — не вораг. Бабкоў расказваў, што Лісцік i дзяўчаты яго памагалі партызанскаму атраду. Пятро ўспомніў пра гэта i стараўся перамагчы нядобрыя пачуцці i пранікнуцца той жа сімпатыяй да лесніковай сям'і, як i да ўсіх другіх. Аднак аставацца ў хаце лішнюю хвіліну не хацелася. Ён падняўся:

— Дзякую. З першай жа палучкі прынясу грошы. Не думайце…

— А мы нічога не думаем, дзілектар.

Лісцік пераступіў з нагі на нагу ў сваіх растоптаных валёнках з глыбокімі галёшамі-бахіламі, што склеены з аўтамабільнай камеры, — найвялікшым вынаходствам людзей, разутых вайной. Ён як бы загароджваў Пятру дарогу да дзвярэй. Пачухаў патыліцу, ускудлачыўшы чорныя, без адзінай павуцінкі вал асы пад аблезлай заечай шапкай. Пятро насцярожыўся. Нечага хоча папрасіць? Ну, вось… пачынаецца!.. За кош бульбы захочуць купіць тваё сумленне.

— Учора дровы бралі з Сухой Буды. Пляшку «чамяргесу» далі. Агонь, зараза. Паспытаем? Разам жыць, разам рабіць, — прапаноўваў ляснік як бы нясмела, але ў гэтым «разам жыць» былі непрыемная фамільярнасць i грубаватая настойлівасць: маўляў, не ламайся, даюць — пі.

Дзіўным словам гэтым — ад чамярыцы, ці што? — называл! ў наваколлі самагонку, якую гналі немаведама з чаго — не ca збажыны, не з бульбы — дорага! — аз ягад крушыны, шыпшыны, рабіны, нават, казалі, з хрэну i нейкіх іншых дзікіх карэнняў.

Піць Пятру не хацелася. Але хацелася есці. Адразу ўявілася: добрая скібка дамашняга хлеба, што спечаны на дубовым лісце, i скрылёк, няхай хоць танюсенькі, белага сала, якога ён не каштаваў ужо, можа, месяц. Аж галава закружылася ад хлебнага водару — найлепшага ў свеце. Не стрымаўся i спазматычна каўтнуў салодкую сліну.

Але ні хлеба, ні сала на стол не паклалі.

— Дуня, — сказаў ляснік адной з дачок, — прынясі закусіць.

— Чаго? — нараспеў спытала дзяўчына.

— Ну… капусты, — буркнуў Лісцік i дастаў з шафкі, прымацаванай у куце над лавай, дзе стаяць вёдры i цэбры, нейкую чорную, відаць, нямецкую пляшку, закаркаваную шматком газеты.

«Няўжо i ў гэтай хаце няма хлеба? — падумаў Пятро i не паверыў.— Хітруе, куркуль стары. Хоча i пачаставаць, i беднасць паказаць».

Самагонка была мутна-жоўтая, што вясновая вада на дарозе, па якой усю зіму ездзілі на конях, i кіслая, а капуста мяккая, як вата, i прагорклая. Аднак «чамяргес» разліўся па целе прыемнай гарачынёй i прынёс лёгкасць, дужасць, весялосць. Адразу зніклі думкі сур'ёзныя, сумныя. Лісцік напоўніў шклянкі другі раз. Гаварыў ён мала, a еў капусту апетытна, беручы яе з міскі чорнымі пальцамі.

Дочкі лесніковы ўсё з той жа цікавасцю разглядалі «доктарчынага мужа». Калі адна з ix падавала капусту, другія зрушылі з месца i перамясціліся ў гэтай вялікай i пустой хаце. I Шапятовіч з хмяльной весялосцю думаў, што ён не можа пазнаць, дзе якая з ix сядзела раней.

Ён сказаў:

— Чаму дзяўчаты рэдка бываюць у сяле? Сама жаніхі з арміі вяртаюцца.

— Адны чобаты на траіх.

Напамінак пра жаніхоў ажывіў нявест; здалося Пятру: на міг яны нават папрыгажэлі. Але бацькава тлумачэнне збянтэжыла ix i абурыла. Яны пераглянуліся, твары ix перасмыкнуліся i сталі зноў аскетычна непрыгожыя, як у манашак. Шапятовіч зразумеў: асуджаюць бацьку за скупасць. I захацеў памагчы ім.

— Маючы столькі бульбы…

Ляснік нядобра бліснуў вачамі.

— На бульбу гэтую хапае прарэхаў. Сёння ў будачніка каня дагаварыў гарод прысеяць. Дзесяць пудоў, гад, злупіў. А яшчэ — кум.

— Сарочыха — во дзе твой прарэх, — раптам, як з магілы, пачуўся слабы i глухі голас: не вытрывала i азвалася з печы хворая леснічыха.

— Не каркай! — груба асек яе муж, але тут жа схамянуўся, выціснуў крывую ўсмешку, як бы просячы ў Шапятовіча прабачэння, i з мужыцкай «мудрасцю» растлумачыў: — Баба памірае, a ў галаве ўсё адно бабскае.

Саша аднойчы выказала абурэнне: «Жонка яшчэ жывая, а ён да другой бадзяецца, стары грыб».

Пятро дзівіўся іншаму: ляснік сапраўды «стары грыб», a ўдава, Сарочыха гэтая, — прыгожая маладзіца гадоў пад трыццаць пяць. Не адзін мужчына ў такіх жа, як яна, гадах кідае на яе вока. А яна выбрала лесніка. З далёкім прыцэлам, ці што? «У бабы ў галаве бабскае…»

«Чамяргес» патапіў усе сумныя думкі… Ды ці былі яны? Не! Так — дробныя непрыемнасці, незадавальненні, клопаты. A ўвогуле душа яго спявала гімн радасці. Каторы раз за год, што мінае з Дня Перамогі, радасць гэтая выбухала з такой сілай, што хацелася куляцца, як гарэзу хлапчуку, галёкаць i крычаць. Вось як зараз…

Пятро шпарка ішоў па лясной дарозе, на якой ляжаў яшчэ даволі трывалы лядок, слухаў вясновую гаману дрэў i птушак i, захлынаючыся ад шчасця, спяваў; адны песні звінелі ў душы, другія — крычаў на поўны голас. Свае песні, свае словы. «Жыву-у! Жыву-у! I люблю!.. Люблю цябе, жыццё! Усё люблю… Людзей… Лес, птушак… Нават лесніка, дачок яго. Жыццё — цудоўнае. Няхай i беднае. Будзе багатае! Абы былі гэтае сонца i гэтая цішыня. Абы не паміралі людзі!»

Каб хто збоку пачуў, падумаў бы: зусім п'яны чалавек.

Легка перакінуў клунак з пляча на плячо. Цяжару не адчуваў. Мог бы падкінуць паўмяшка бульбы, як мяч. Мог бы пайсці з ім упрысядкі па слізкай дарозе. Нават хацелася выкінуць такое «каленца». Але трымаўся яшчэ недзе «тормаз»: як бы сапраўды хто не пабачыў. Ці мала бывае людзей у лесе? Людзі — добрыя, але языкі ў ix вострыя, пякучыя. Будуць расказваць, як партыйны сакратар адзін танцаваў у лесе, ды яшчэ з клункам. Уявіў такі анекдот i ажно зарагатаў. Няхай бы расказалі. Людзей, якія нікога не забіваюць, якія дбаюць пра тое, як лепш накарміць сваіх дзяцей, нічога не прыніжае, ніякія ix слабасці. Нават ляснік здаваўся яму ў тыя хвіліны найдабрэйшым чалавекам, a дочкі яго амаль красунямі. A хіба дрэнныя людзі? Адвалілі колькі бульбы напавер… A ў свеце нічога няма смачнейшага за бульбу. Бачыў Пятро Еўропу, каштаваў розныя прысмакі, i ўсё ўжо забылаея, не спакушае, а вось пах варанай, смажанай бульбы, дранікаў ды яшчэ духмянасць скваркі — дык гэта праз усё жыццё казыча ноздры, гоніць сліну, i ў сне чуеш яго, гэты бульбяны пах. Недарма пісаў той паэт: «З нашай бульбы тысячу, не меней, смажаць i гатуюць розных страў».

Пятро з любасцю падумаў пра жонку, пра дачку:

«Што нам трэба, Сашок? Хіба тое, што я вярнуўся жывы i не вельмі пакалечаны, i ты жывая, i Ленка здаровенькая расце — не найвялікшае шчасце? Колькі людзей палягло! А мы жывыя. I любоў наша жыве. I нічога нам больш не трэба. Хіба кавалак хлеба ды чыгунок вось гэтай бульбы. Пакуль ты там у Загаллі абыдзеш хворых, я прынясу бульбу… Во колькі! — Ён зноў перакінуў мяшок з пляча на плячо. — Цэлы скарб! Ці не казаў я табе, што свет не без добрых людзей, за дзень што-небудзь ды раздабудзем, не ты, дык я. Не такія цяжкасці перажылі. Пакуль ты вернешся, мы з Ленкай наабіраем бульбы, запалім грубку… Не, мы не станем яе абіраць. Мы зварым яе ў «мундзірах». Больш ганарова для бульбы сказаць: зварым у «шынялях». Салдацкая страва! А пасля, Лянок, аблупім «шынелькі», бульбачка жоўценькая будзе, апетытная… А мы яе яшчэ трошкі падсмажым на рыбіным тлушчы. Смачна. I табе вельмі карысна. А я прывык на Поўначы. Калі на батарэі пачалася «курыная слепата», нас прымушалі па паўшклянкі ў дзень выпіваць гэтага тлушчу. Вось толькі мама ніяк не прывыкне. Мы пакінем яе долю не падсмажанай. Можа, яна прынясе малака. Мы прымусім яе выпіць малако. Абавязкова, Лянок, прымусім. Змовімся. Мы з табой ямо тлушч, а яна ўвесь час на нішчымніцы. I столькі бегае! З цямна да цямна на нагах».

Успамін пра Сашу, пра тое, як яна працуе, неяк адразу працверазіў Пятра. Спала п'янаватая ўзнёсласць. Зрабілася шкада жонкі. I хоць было радаснае замілаванне, але стала крышачку сумна.

Сашына праца, стаўленне да людзей, да ix гора, нягодаў, адносіны да мужа — усё подзвіг, штодзённы… Каб лепш накарміць дачку i яго — паранена ж лёгкае, i яна, медык, ведае, чым гэта пагражае, калі галадаць, — Саша часам вымушана прымаць ад цётак, якіх лечыць, гладышык малака, галачку масла ці яйка.

Ён, Пятро, неяк сказаў ёй:

— Няёмка, ведаеш… Скажуць: хабар доктарка бярэ. А доктарка — жонка сакратара партарганізацыі.

Саша характэрна закусіла губу, задумліва прыжмурылася і… доўга маўчала. Потым страпянулася i сказала, можа, нават крыху сурова, як чужому:

— Не бойся. Твайго аўтарытэту я не зганьбую.

А праз нейкі час вярнулася з раённай аптэкі засмучаная. Не далі лякарстваў, бо яна не здала грошы за тыя, якія брала раней, у крэдыт.

Пятро нявесела пажартаваў:

— Новы сюрпрыз — растрата. Дзе ты падзела сваю аптэчную выручку?

— Дзе я магла падзець? Я амаль ні ў каго не брала грошай. Сорамна браць за лякарства. Не магу. Ды дзе яны, грошы тыя, у такіх, як старая Шчурыха ці ўдава Лазавенка? Выдадут» зарплату (зарплату не выдавалі чатыры месяцы) — усё заплачу. Не першы раз.

За ўсё яна плаціць.

Пятро неаднойчы ўжо думаў, што яго сакратарскі аўтарытэт — гэта, бадай, перш за ўсё павага i любоў сялян да яе, жонкі яго. Бо што ён сам зрабіў за пяць месяцаў? Правёў у вёсках па некалькі сходаў?..

Трывожны i, аднак, вясёлы крык драздоў, што, відаць, вілі сабе гняздо ў густым арэшніку, перапыніў Пятровы думKi. Ён прасачыў за ix палётам, убачыў набрынялыя пупышкі на кустах, бяздонны блакіт неба, зноў усёй істотай адчуў вясну, i зноў нейкая дзівосная гарачая хваля падхапіла яго, i ён паляцеў…

«Сашок, слаўная мая! Я дам табе сапраўднае шчасце. Пачакай крыху. I дарогу ў гонар цябе збудую. I мост, найпрыгажэйшы ў свеце!..»

Дзіўная мара гэтая з'явілася яшчэ ў сорак другім, калі ён ляжаў паранены ў партызанскім шпіталі i Саша была побач. З незвычайнай сілай захацелася яму тады збудаваць дарогу цераз балота ў Міжрэччы, па якім ён прайшоў двойчы, i мост цераз Дняпро ў тым месцы, дзе перавозіў яго дзед-лодачнік. Пасля, i ў партызанах, i на фронце, у сне i наяве, бачыў ён гэты мост, што будзе збудаваны па яго праекце, найпрыгажэйшы з усіх мастоў, уцалелых i разбураных вайной, якія давялося ўбачыць на рэках радзімы, Польшчы i Германіі.

I цяпер, калі жыццё склалася так, што наўрад ці вернецца ён калі-небудзь да дарожнага будаўніцтва, усё яшчэ часта сніць гэты мост; ажурны, лёгкі, ён узнімаецца над крутым берагам, павісае над шырачэзнай ракой — у сне непамерна больш шырокай, чым Дняпро; высокай эстакадай, з ледзь прыкметным ухілам, далека ідзе па лугавым беразе, пераходзіць у шырокую дарогу, якая вядзе… Вядзе яна ў кожным сне ў рознае: то ў казачны край, дзе з неба сыплецца манка, то ў вельмі рэальнае Панізоўе, дзе ён напярэдадні праводзіў калгасны сход i тлумачыў пастанову аб фекальных угнаеннях…

Ён расказвае гэтыя сны Сашы, i яны разам смяюцца. А Ленка слухае ix, як казку, i кожную раніцу просіць расказачь сон пра мост.

Пятро выйшаў на ўзлесак. Некалі шумеў тут цудоўны бярозавы гай. Яго скасіла вайна. Яна яшчэ i ў гэтую першую мірную зіму ішла — вымушаная вайна людзей супроць лесу. Стаялі адзінокія дрэвы з паламаным галлём. Бярозы, паміраючы, як людзі, хапаліся за блізкіх — сясцёр i сябровак. Плакалі свежыя пні.

Пятро раптам адчуў, што мяшок цяжкі. Заныла прастрэленае плячо. Пакуты другога чалавека i нават раны зямлі i дрэвы заўсёды напамінаюць пра тваю рану. Ён паставіў клунак на стары сухі пень, прысеў сам. Агледзеў лесасеку. Прыпасці б зараз да ўсіх гэтых пнёў i выпіць слёзы бяроз. Не, няхай плачуць. Людзі пабачаць і, можа, зразумеюць, якія яны бязлітасныя, ачарсцвелыя. Знішчаць такую прыгажосць!.. Пятру раптам зрабілася да болю сорамна ад успаміну, што ён таксама быў парубшчыкам. Можа, вось гэтыя свежыя пні, залітыя сокам, ад тых бяроз, што ён спілаваў? Суровае жыццё! Як часта яно вымушае рабіць тое, чаго нельга рабіць не толькі па закону, але супроць чаго пярэчыць уласнае сумленне!

У лютыя маразы асталіся без паліва. Колькі разоў яны з Сашай на санках-самацяжках прывозілі з хвойніку ламачча, каб зварыць абед i хоць крыху сагрэць няўтульны, сыры i цёмны пакой у старым панскім доме!

У гэты час старшынёй мясцовага калгаса быў выбраны Панас Грамыка, былы афіцэр-танкіст. Відаць, убачыў новы старшыня, што фельчарыца i настаўнік на сабе цягаюць дровы. А да Сашы ў Грамыкі асаблівая прыязнасць. Яна вылечила яго сына. I вось у адзін з вечароў Панас заглянуў да ix i прапанаваў:

— Паехалі ў лес. Па дровы. Снег добры пайшоў. Слядоў не астанецца. Ляснік ляжыць п'яны ў Сарочыхі.

— Красці? — у адзін голас ca здзіўленнем i страхам выгукнулі Пятро i Саша.

Панас засмяяўся:

— Ох, недарма мая цешча называв вас святымі! У наш час пры такой святасці загінеш ад холаду i голаду.

Паехалі. I валілі гэтыя бярозы. Кралі лес двое з тых, хто павінен памагаць вартаваць яго. Ён, Пятро, хоць стараўся выбіраць найгоршыя дрэвы — крывыя, нізкарослыя. А Грамыка, наадварот, аблюбоўваў такіх белых красунь, што ныла сэрца, калі піла i сякера крышылі ix застыглыя на марозе звонкія ствалы.

На яго, Пятровы, угаворы не спускаць такіх бяроз адказваў:

— Старыя людзі казалі: хто ў лесе не злодзей, у доме — не гаспадар.

— Калі лес належаў князю Паскевічу, прымаўка мела сэнс. А цяпер лес — наша дабро.

— Усё, Андрэевіч, гэта так, каб у свеце ўсё было па-людску. A калі не толькі лес, а людзей пакасілі, як траву. A ўдовы i сіраты без кутка i цяпла асталіся… Тут, брат, не да высокай матэрыі. Не спілуем мы — спілуюць другія. Вайна ўсё спіша. Самі леснікі засвоілі гэта лепш, чым усе мы, парубшчыкі па няшчасці.

Пні перавярнулі душу. Настрой падаў. Куды падзеліся лёгкасць i маладая дужасць? Нечакана прыйшлі слабасць i стомленасць. Не тое што прытанцоўваць з мяшком за плячыма, а страшна зрабілася ад думкі, што трэба яшчэ добрыя кіламетры два несці гэты мяшок. Забалела плячо.

Як яны ўсё-такі замінаюць паўнаце жыцця, гэтыя штодзённыя турботы пра кавалак хлеба! Хлеба! Каб пасля турбот з'яўляўся на стале хлеб — о, якая гэта была б узнагарода! Пра бульбіну думает. Сабе. I пра другіх трэба дбаць. Тыдзень назад выканком сельсавета ў поўным сваім складзе цэлы дзень дзяліў чорную юнраўскую фасолю. Але ўсе, хто лічыў сябе пакрыўджаным, ішлі ca скаргай не ў сельсавет, а да яго, партыйнага сакратара.

Немагчыма прасачыць i вытлумачыць ход думак! Як яны ўзлятаюць i падаюць, якія робяць павароты, петлі, звівы! То чапляюцца адна за адну, як шасцерні перадачы, то зіхаюць вольтавай дугой, то — як іскры ўначы: гасне адна, узлятаюць другія…

Ляснік… Бабкоў… Саша, Ленка… Грамыка… ЗноўСаша. Зноў Саша! Вось ужо сем год, усюды i заўсёды, i тады, калі яна побач, i тады, калі вельмі далека, у былых баях i цяперашняй рабоце, думкі яго заўсёды вяртаюцца да Сашы.

«Саша! Чаму мне здаецца, што ты часам як бы не верыш, сумняваешся, што я люблю цябе па-ранейшаму? Не, люблю мацней, глыбей, адданей! Чаму ў цябе з'яўляецца гэтая дзіўная незнаемая i нейкая нядобрая скептычная ўсмешачка, калі кажу табе пра сваю любоў? Чаму ты здаешся мне часам не такой?.. Не такой, якой была ў тую нашу першую, непаўторную вясну… Не такой, якой была ў партызанах, калі выходжвала мяне ад ран… Не такой, якой уяўляў я цябе ўвесь час… Няўжо вайна, пакуты людзей, твае пакуты i турботы зламалі, зруйнавалі той малады запал i тую дзіцячую непасрэднасць i шчырасць, якая так запаляла некалі не аднаго мяне? Ты была як мара, як песня. Ты цяпер залішне зямная… Бясконцая праца, бясконцыя турботы. Сардэчна пагутарыць, па-чалавечы пацалавацца няма калі. А мы ж, па сутнасці, толькі пачынаем жыццё. Бо хіба ж мы жылі дагэтуль? Галоднае маленства, вучоба… Потым ваявалі… Вайна адабрала ў нас маладосць… Але мы выйшлі пераможцамі. Мы жывём! Дык няўжо ж нельга вярнуць яе, нашу маладосць? Давай вернем, Саша! Давай вернем!.. Аддамо старым усе празаічныя турботы… Гэтую бульбу, попел, фекалп, фасолю… усё… Аддамо… Каму? Ты мусіш i чужую бяду ўзяць сабе. Гэтак жа ўзяла на сябе клопаты пра мнопх людзей Саша. I ты яшчэ хочаш ад яе ранейшай юначай гарэзлівасці? Дзівак. Летуценнік».

У лесе былі день i цвёрдая дарога. У полі кірзавыя боты глыбока ўгрузалі ў размяклую, набрынялую снежнай вадой гліністую зямлю. На самай дарозе весела булькаў мутны ручай, несучы лісце i пену. Ісці трэба было ўзбоч. А поле тут, пад лесам, не задзірванела за вайну — засявалася, відаць, добрая зямля, таму на яе не забывалі.

Сонца, хоць i скацілася ўжо нізка, прыпякала яшчэ шчодра. Дзень — надзіва, сапраўды вясновы. На небе — ні хмаркі, i ніводная сухая былінка не варухнецца ад подыху ветру. Ашалелыя ад радасці, заліваюцца жаваранкі. Але ўбачыць ix нялёгка — балюча глядзець у сляпуча-блакітную бездань. Ды i не да хараства гэтага стала Пятру. Падвячоркавае сонца, здавалася, свінцом налівала не толькі мяшок з бульбай, але i шынель, гімнасцёрку, нават шапку: усё ацяжэла, набрыняла потам, ціснула, сціскала. Рана не ныла, яна востра балела. Кроў грукала ў скроні.

«Не данясу».

Падумаў пра дзяцей — сваіх вучняў, што гулялі на мосце, калі ён ішоў да лесніка, i, безумоўна, любуюцца разлівам дагэтуль, бо ад рэчкі ў такі час ix не адарваць. Можа здарыцца, што менавіта каля вучняў ён страціць апошнія сілы, скіне мяшок на гразкую грэблю i не здолее падняць. Праўда, дзеці вайны ведаюць, што такое паранены, i ў ix даўно ўжо другое, не дзіцячае, разумение чалавечых вартасцей. Але ўсё адно выяўляць перад імі якую б ні было слабасць нельга. Пятро яшчэ не вывучаў педагогікі, але з чаго складаецца аўтарытэт настаўніка — ведаў лепей за любога прафесара.

«Знарок, мабыць, насыпаў столькі, стары чорт, — ужо без удзячнасці падумаў Пятро пра лесніка i праз хвіліну знайшоў выйсце, простае i хітрае: — Дайду да хвойніку, знайду патаемнае месца, высыплю пад старое галлё палавіну бульбы. A ўвечары прыйдзем з Сашай i забяром. Толькі б дайсці да хвойніку!»

Гэта зусім блізка — пясчаны пагорак з парадзелым маладым параснікам. Але перад ім — ручай, разліўся, як добрая рэчка. Пераходзячы яго, Пятро чэрпнуў кірзавымі халявамі ледзяной вады i тады ўжо ледзь дабраўся да сухой мясціны, да пнёў i свежага галля. Кінуў мяшок i сам паваліўся на гэтае галлё. Сцягнуў боты, адкінуў мокрыя анучкі, выкруціць ix сілы не хапала.

Ляжаў, прагна ўдыхаючы хваёвы водар, i бяздумна глядзеў у неба. Зноў на нейкі міг стала хораша. Зноў захацелася настроіць сябе на светлыя мары i хоць на колькі хвілін наведацца ў будучыню, паспрабаваць будаваць свой мост…

— Прастудзішся, Андрэевіч.

Пятро не ўздрыгнуў i не сумеўся, ён адразу пазнаў голас. Можа, перад кім іншым i адчуў бы няёмкасць, з гэтым жа чалавекам учынак, за які толькі што караў сябе, — крадзеж лесу — зблізіў так, што пасля ўжо ніколі не баяўся паказаць i выказаць яму ўсе іншыя свае слабасці.

Пятро прыпадняўся. Панас Грамыка прысеў побач на галлё. Старшыня быў у такім жа, як i ў Пятра, афіцэрскім шынялі з англійскага сукна, праўда, больш зашмальцаваным — танкіст! Але боты ў яго — не раўня Пятровым — найлепшая натуральная скура i паляўнічая форма: высокія i мяккія халявы, ажно адкласці ix прыйшлося, i «паднарад» на халявах таксама з добрай карычневай скуры — хоць яшчэ адны боты шый. З Панаса жартавалі: ці не з Герынга ён сцягнуў такі трафей? Старшыня не штодня абуваў гэтыя боты, таму Пятро здзівіўся, што ён так бязлітасна заляпаў ix вясновай гразёй — па самыя «вушы».

— Ад Лісціка? — кіўнуў на мяшок Грамыка, ачышчаючы бярозавым кіем гразь з ботаў.— Два?

Зноў-такі, бадай, нікому Пятро не прызнаўся б, што купіў толькі пуд, але ляснік невядома чаму насыпаў яўна больш. Панасу прызнаўся:

— Не, адзін.

— О-о! Загрызуць старога дзеўкі. Сквапныя i скупыя, як старыя куркулькі. Ды i сам… не ад душы ў яго такая шчодрасць. Не думай. Або на злосць дочкам i старой, або… хоць чорт яго ведае, ён заўсёды загадкавы быў, гэты наш Лісцік. Ніколі не ведаеш, што думае…

— Няхай думае што хоча. Чорт з ім. A ў нас будзе чым падмацаваць баявы дух. — Пятру хацелася звярнуць на жарт.

Але Грамыка жарту не падхапіў — уздыхнуў цяжка, занадта сур'ёзна спытаў:

— Калі гэта мы, Андрэевіч, разбагацеем?

— «Разбагаце-е-ем»! Не такое адужалі!

— Зайздрошчу я тваёй веры. Заплаціў за пуд дзвесце рублёў i марыш пра камунізм. Такія хлопцы першыя кідаліся ў атаку. Не заўсёды разумна, праўда. Таму мала вас асталося. Шкада…

— Нас — вас… Чаму ты дзеліш? Наколькі ты старэйшы? Сам гэтак жа з танкам кідаўся. Усіх мала асталося. Але калі мы ўжо з такога пекла выйшлі, ды яшчэ як выйшлі — Еўропу прайшлі! — то панікаваць ад цяперашніх цяжкасцей… Гэта не «тыгр», не «пантэра» i не «фау-2».

— «Фау» — фрау… Не «фау», канечне… Але на мяне часам такое находзіць. I пад «фау» такога не было. Вось як сёння. Аблазіў усё поле. Агледзеў. Бачыш? — кіўнуў на боты. — Як забуяла, як зарасло! А чым падняць? Чым угнаіць? Семнаццаццю дахадзягамі, што ў канюшні? Ды i тых карміць няма чым.

— Ёсць МТС.

— А што ў МТС? Брыгада з трох «ХТЗ» на пяць калгасаў? На гэтых жа «ХТЗ» яшчэ я да вайны араў, яны i тады ўжо больш стаял i, чым аралі.

— Кал i гэта ты, Панас Астапавіч, страціў веру ў нашу індустрыю? Колькі табе танкаў далі за які-небудзь адзін год? Забыўся? За ваенны год! Калі немцы перлі на ўсход i палавіна заводаў была на калёсах, пад бомбамі. Міне год-два — будзе табе трактароў!..

Пятро загарэўся: як гэта так! Нават Грамыка, старшыня, камуніст, выходзіць, не разумее простых рэчаў. Трэба давесці яму! Але тут жа спахапіўся. Каб не стаць пустазвонам, накшталт тых упаўнаважаных некаторых, якія ўсё ведаюць i ўсіх вучаць. Успомніў, як Саша нядаўна, паслухаўшы яго выступление перад калгаснікамі, на яго самглюбівае пытанне: «Ну, як я выступіў?» — адказала: «Добра. Толькі не вучы, калі ласка, сялян, як хлеб сеяць. Ты яго сеяў?»

Не, ён, Пятро, хлеба, па сутнасці, ніколі не сеяў. А Грамыка сеяў. I з сяўнёй на сваім аднаасобным загоне. I н? калгасным пол i — трактарам i сеялкай. Дык ці не разумней паслухаць спачатку, што ён думае пра пасляваенны хлеб?

Але старшыня калгаса не спяшаўся выказвацца. Хітры дзядзька. Такі дарэмна слова не кіне — абы памянташыць языком. Узважыць, падумае. Вунь як разглядае свае боты i цярэбіць хваёвую галінку. Нюхае ігліцу, хоць духмянасці тут ад нагрэтага i прывялага галля — аж дыхание займае, быццам не паветра льецца ў лёгкія, а смала расталая — густая, цягучая. Можа, ад гэтага такая млявасць. Лепш памаўчаць. Навошта траціць энергію на марную спрэчку?

Пятро ўжо амаль упэўніўся, што Грамыка больш не стане гаварыць на палітычныя тэмы. Аж — не…

— У індустрыю, Андрэевіч, я веру, — сказаў ён пасля працяглага маўчання. — А вось што, гэтак кіруючы, мы з табой хутка накормім людзей хлебам — вось у гэтым сумняваюся… Грэшны. Здаецца мне, не з таго мы пачынаем, не тыя захады робім… Пасля такой вайны, такой разрухі… Тут, брат, трэба добра-такі паварушыць мазгамі…

Пятро мог раздзяліць любыя сумненні, але калі яны датычыліся таго, імем каго ў атакі паднімалі палкі i дывізіі,— тут ён быў непахісны. А яму здалося, што Грамыка хоча выказаць нейкія сумненні ў мудрасці гэтага чалавека. I ён рашуча перапыніў старшыню:

— Такія думкі, Панас, выкінь з галавы! Што ж, па-твойму, араць зямлю больш складана, чым весці такую вайну?

Грамыка зноў цамаўчаў.

— Усё складана тое, што робіцца без глыбокага ведання… А я табе прызнаюся па сакрэту, пра што часам думаю: не ведае бацька, што робіцца ў сяле, як нас вайна падкасіла i як людзі жывуць. Каб знаў, то ўжо нешта прыдумаў бы. Ленін, калі бачыў усё пасля Грамадзянскай, то адразу знайшоў, як выйсці з разрухі.

— Што знайшоў?

— Ты гісторыю лепш за мяне ведаеш. I прадналог i нэп.

— Што ж ты — цяпер нэпа захацеў? Калгасы распусціць, ці што?

Чорныя вочы старшыні нядобра бліснулі. Заўсёды ён гаварыў з Пятром тактоўна, з павагай, а тут не стрываў — сказаў ціха, але ca злосцю:

— Ты, брат, задаеш пытанні, як у асобым аддзеле. Я арганізоўваў яго, калгас. Камсамольцам быў. Мне кулакі пагражалі, а таварыша майго Васіля Лапатку падстрэлілі… Я сядзеў у танку i думаў пра калгас, як мы паставім яго пасля вайны… За калгаснае жыццё мы, сяляне, ішлі, каб Гітлеру галаву скруціць… А ты мне — «распусціць». Ты думает — я такі дурны, што не разумею: тых рашэнняў, што прыняў Ленін, не скапіруеш, жыццё пайшло наперад. Але штось i паўтарылася: вайна, разруха, галеча… Дык калі ты мудры, — ён тыцнуў пальцам у Пятра, — то прыдумай такое ж ленінскае рашэнне ў новых умовах, у калгасных.

Пятру не спадабалася Грамыкава раздражнёнасць, але ён адчуваў сілу яго пераканання i ведаў, што любыя тыя доказы, якія прымушалі змаўкаць на калгасных сходах нават п'яных інвалідаў, тут будуць адразу разбіты ўшчэнт. Не, тут можна гаварыць толькі так, інтымна, па-сяброўску.

— Не адразу i тады наладзілася.

— A хіба я патрабую, каб за год пацяклі малочныя рэкі? У тым-то i бяда, што ў выступленнях усе — ад яго да любога ўпаўнаважанага — абяцаюць заўтра ж гэтыя малочныя рэкі. А што рабіць, як зрабіць, каб я ведаў i людзі бачылі i верылі — вось гэтага ніхто яшчэ толкам не сказаў. На фронце мне ставілі задачу: узяць пункт Н. Але я ведаў, што з сямі да васьмі «папрацуе» артылерыя, потым «папрацуе» авіяцыя. Сусед справа на дзесяць мінут раней атакуе пункт Б, каб адцягнуць увагу. А сусед злева падтрымае абходным манеўрам. За танкамі — ідуць аўтаматчыкі, яны замацуюць мой поспех. Былі, канечне, няўдачы. Але ўсё распрацоўвалася без ліпы, як кажуць. Не забываліся нават, як будзем адступаць, на выпадак чаго… Бо вораг — ён таксама галаву меў, i часта недурную. А тут жа i ворага няма перад табой, хіба пагода адна ды вось гэтае запусценне ваеннае, а ідзём мы — не ідзём, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа даць…

— Ну, Панас, загінаеш, — пакруціў галавой Пятро. — Што гэта на цябе найшло сёння?

— Эх, Андрэевіч! Мы з табой адны тут. — Грамыка аглянуўся на сасоннік.

Пятро насцярожыўся. Яму не хацелася, каб Панас, якога ён паважаў, верыў у яго цвярозы розум, сказаў нешта такое, чаго камуністу гаварыць не да твару. Можа, перапыніць? Але ж i вельмі спакусліва — выслухаць усе яго думкі.

— Загінаю, кажаш? А давай пасядзім i падумаем пачалавечы над усімі камандамі… Ну, якую табе ўзяць для прыкладу? Ну, гэтую самую, што трубім пра яе кожны дзень… Ты падумай… Галоўныя пастановы па падрыхтоўцы да першай пасляваеннай сяўбы — аб зборы попелу i нарыхтоўцы торфафекаліяў. Усё, здаецца, правільна. Без гною на гэтайзямлі нічога не вырасце — кожны ведае. Але хацеў бы я спытаць тых, хто пісаў гэтую пастанову, ці падлічылі яны, колькі можна ўгнаіць яе, зямлю, попелам ды фекаліем? Ды калі я сам буду выграбаць попел з усіх пячурак у зямлянках ды хатах вось гэтых i кожнаму падстаўлю начны гаршчок, як у тых немцаў, то колькі, ты думаеш, можна ўгнаіць? Не трэба быць вучоным, каб падлічыць. Даволі ведаць арыфметыку за чатыры класы. Два-тры, максімум пяць гектараў. А ix пяцьсот ляжыць вунь, задзірванелыя, закусцелыя. I так у кожным калгасе. А мы знайшлі ратунак ад усіх бед — сабраць фекалій. Праводзім нарады ў вобласці, у раёне, сходы ў калгасах… A людзі слухаюць і… смяюцца. Смяюцца, Андрэевіч! У нас на ўсё сяло тры прыбіральні. А мяне ўжо колькі разоў заслухоўваюць i на сходзе i на бюро, як нарыхтоўваецца торфафекалій. Пракоп Грошык неяк кажа мне: «Дай, кажа, старшыня, два пуды хлеба, пайду вычышчу школьную i сельсавецкую прыбіральні. Начальства цябе не будзе лаяць». Нехта яму ў адказ: «Дарагавата просіш». А ён: «Ды не, нядорага. Вы ж, кажа, чэрці, на ўсё жыццё мянушку прылепіце — «залатар» ці яшчэ горшую… Мне — чорт з ёй, з мянушкай. Але дзецям, дзяўчатам маім ганьба». А пасля, адзін на адзін, Пракоп пытае ў мяне: «Што гэта, кажа, Панас, здзекуюцца з нас, з калгаснікаў, дурнямі лічаць?» Што я мог адказаць? Скажы сыну Лявоніхі, Івану: ідзі ў калгас, будзеш мець добрую працу — нарыхтоўваць торфафекалій. Ён паў-Еўропы прайшоў, гарматным разлікам камандаваў, ордэнаў да пупа навешаў… Я ўжо не кажу пра тое, што я магу паабяцаць яму за такую працу, якую плату. Палачку ў табелі? Колькі камуністаў вярнулася з арміі, a колькі асталося ў калгасе? Я ды Пеця Аўчароў. Ды i той па няшчасці — маці не ўстае з ложка, даканала старую другая пахавальная. З трох сыноў адзін вярнуўся. Вось так, Андрэевіч… Вось табе адзін прыклад «разумнай» каманды… А я не думаю, што няма там разумных людзей, сярод тых, што пісалі пастановы. Ёсць! I ведаюць яны ўсё. I напэўна маглі б прыдумаць нешта такое, ад чаго было б больш карысці, чым ад збору попелу. Няхай бы попел вучні збіралі, а не ўся партыйная арганізацыя раёна мабілізоўвалася на попел. Мабілізуйце нас для ўдару на галоўным кірунку! Толькі пакажыце, дзе яно, месца гэтага галоўнага ўдару, ад якога залежыць поспех на ўсім нашым калгасным фронце. Вы ж генералы. Вам адтуль, з каманднага пункта, відней. Расстаўце вы свае баявыя палкі! I мы табе такі гераізм пакажам! Салдат — ён, брат, добра чуе, нутром разумее, дзе яго вядуць для вялікай перамогі — тады ён i смерці не баіцца, а дзе — на непатрэбную справу хочуць растраціць яго сілы, баявы запал… Былі, Андрэевіч, i на фронце такія атакі — ад таго, што ў нейкага начальніка не зварыла гэтая палявая кухня, — Грамыка кулаком стукнуў сабе па лбе, — ці ад п'янага чаду, ад перапою, ад жадання паказаць сябе, лішні ордэн хапануць… Ты сам франтавік, ведаеш — розныя былі.— Ён з глыбокім смуткам уздыхнуў i змоўк.

Пятро таксама маўчаў. Адкінуўся зноў на галлё, глядзеў у неба, бачыў, упершыню вось так увачавідкі, як чысцеў адвячоркавы блакіт. Праз галлё адчуваў разгарачанай спіной, як ад зямлі патыхае амаль яшчэ снегавым халадком. Успомніў частыя напамінкі Сашы: «Беражыся, табе нельга прастуджвацца з тваім прастрэленым лёгкім». Варта падняцца, сесці на пень. Але ніводным рухам не хацелася перапыняць Панаса. Нават не глядзеў яму ў твар — знарок, каб не збянтэжыць.

Нічога новага Грамыка не гаварыў. Усё гэта Пятро чуў ужо неаднойчы за тыя месяцы, як вярнуўся з арміі. Ад розных людзей. Нават ад Сашы. Яна часам з гневам выказвалася супроць некаторых «мерапрыемстваў» i асабліва супроць дурноты i амаральнасці асобных упаўнаважаных. Злосць яе палохала Пятра. Вайна i ў гэтым яе змяніла — раней яна была добрая, мяккая.

Праўда, ён, Пятро, ап'янёны радасцю перамогі i жыцця, адбіваў усе гэтыя раздражненыя выкрыкі з лёгкасцю найвялікшага аптыміста. I цешыўся: яго перакананасць, што хутка ўсё наладзіцца, хораша дзейнічае на людзей. I на Сашу таксама — яна весялее ад яго гарачых доказаў i нават, пачуў ён аднойчы, пасля пераказвае людзям яго трапныя думкі.

Але ніхто яшчэ не выказваўся перад ім вось так — прадумана, спакойна, доказна. Гэта — не рэпліка, не раздражнены выкрык на сходзе. Гэта цэлая сістэма поглядаў. Па абавязку яму, Пятру, належала пярэчыць шмат якім думкам старшыні. Але ён не мог. Ён раптам адчуу, як разбураецца створаная ім вельмі прывабная карціна бліжэйшай будучыні. Не кажучы гэта адкрыта, Грамыка як бы даводзіў: усё, што гаворыць ён, сакратар, на сходах — тое ж абяцанне «малочных рэк», якія нібыта пацякуць ад таго, што будзе добра збірацца попел ці фекалій. Пятра агарнула незразумелая трывога. I смутак. Можа, смутак з'явіўся ад таго, што Панасавы словы пра «неразумный атакі» нагадалі яму адзін выпадак, пра які ён многа думаў.

Калі ўвосень сорак трэцяга ix партызанскі атрад злучыўся з арміяй, натуральна, што большасць партызан былі тут жа прызваны ў армію. Адбор ішоў, як кажуць, на вока, пры адным урачу. Пасля, калі Пятро трапіў па спецыяльнасці ў зенітную часць, урач ix палка здзіўляўся: «Які ідыёт прызваў цябе з такім ранением?»

Разам з партызанамі з навакольных прыфрантавых сёл прызвалі ўсіх, каму трэба было ваяваць. Акружэнцаў i тых, хто не пайшоў у армію ў сорак першым, у гэтым раёне было нямнога. Большасць — юнакі, што падраслі за ваенныя гады. Пастроілі ix на зборным пункце ў лясніцтве чалавек тысячу. Маёр закамандаваў: «Партызаны! Тры крокі наперад, шагам — арш!» Выйшла сотня чалавек; ix павялі мыцца ў лазню, стрыгчы, абмундзіроўваць. З імі была Марыя Сяргееўна, маці Сені Пясоцкага, яна сама папрасілася ў армію, урачы трэба былі. Праз тыдзень пасля таго, як яны сталі салдатамі, па яе прыехалі з палявога шпіталя. Вярнулася яна праз два дні, смяртэльна змораная, у заплямленай гімнасцёрцы. Пайшоў ён, Пятро, да яе, Марыя Сяргееўна істэрычна зарыдала:

«Нельга так — неабвучаных, неадзетых… Палавіна ix палягла там, другая пакалечана. Колькі мы аднялі рук, ног! Навошта гэта? Хіба мала крыві?»

Пятро даведаўся: тых хлопцаў, з якімі яны стаялі ў адным страі, праз тры ці чатыры дні паспешлівага навучання кінулі на фарсіраванне Сожа.

Пятро, вядома, не мог паверыць, што нехта зрабіў гэта знарок, каб пакараць хлопцаў за тое, што асталіся пры немцах, жылі ў сёлах, не пайшлі ў партызаны. Марыя Сяргееўна пасля смерці сына зрабілася залішне ўражлівая, плаксівая; у атрадзе за кожнага з ix дрыжала, як за роднага сына. I ён лічыў: зрабілі правільна, што неўзабаве яе спісалі з арміі. Не з яе здароўем, не з яе нервамі быць на фронце! З такой яго думкай згаджаецца цяпер i Саша, калі яны часам успамінаюць Марыю Сяргееўну: яна працуе ў тым жа задняпроўскім раёне.

I раптам Панасавы словы прымусілі i на тэты даўні, амаль забыты выпадак глянуць з нейкага зусім другога боку, як бы з тылу. Яму не хацелася гэтага. Ён не жадаў, каб душу тачылі, як караеды дрэва, сумненні. Хацелася, каб усё было проста i ясна. Пасля такой перамогі! У такую вясну! Паслаць яго к чорту, гэтага мужыка, з яго развагамі.

— Я табе, Андрэевіч, скажу, — зноў азваўся Грамыка. — Я так думаю: мелі б права ў рэспубліцы, у вобласці падумаць разам, калектыўна, параіцца з народам, з табой, са мной, i каб я не баяўся выказацца…

— А чаго ты баішся?

— Самога сябе баюся, — дзіўна ўсміхнуўся Панас. — Сам сабе не веру… Праўда. А каб мы паверылі сабе i адзін аднаму, то грамадой нешта прыдумалі б. Падказалі б бацьку… А то мы маўчым i чакаем, што скажа ён. А раптам ён нічога ўжо не можа такога сказаць, а? Што тады?

— Яго не чапай, Панас. Ён…

— А я не чапаю… Ты бачыў — ён у мяне ў хаце на тым месцы, дзе раней абразы віселі, i я штодня малюся на яго. I дзяцей вучу маліцца. Адну цешчу ніяк прымусіць не магу. Не прызнае, старая качарга. — Ён засмяяўся, выскаліўшы свае буйныя, жоўтыя ад махоркі зубы. Так ён смяяўся часта, гэты пракураны трактарыст i танкіст. Пятро любіў такі яго смех. I ў той міг вясёлы смех ягоны даў палёгку. Смехам старшыня як бы руйнаваў сур'ёзнасць усяе размовы, як бы казаў: намалоў я лухты, пазабавіўся трохі тут, у сасонніку, а цяпер — хопіць, забудзем, зоймемся справамі.

Пятро падумаў з філасофска-інтэлігенцкай разважлівасцю:

«Мужык ёсць мужык, ён заўсёды скептык, i ўвесь час яму хочацца новай эканамічнай палітыкі».

II

Усё напачатку было так, як Пятро марыў, несучы бульбу. Саша недзе затрымалася на візітах. Ён сам наабіраў бульбы i варыў большы чыгунок, чым звычайна. Можна нарэшце дазволіць такую раскошу.

Трашчалі ў грубцы сухія тонкія галінкі, языкі полымя з вясёлым гудзеннем аблізвалі закапцелы чыгунок. Вада яшчэ не кіпела, але на паверхні яе плавалі ўжо шматкі пены. Апякаючы руку, Пятро знімаў пену лыжкай.

Пакуль яны ішлі з Грамыкам i той нёс мяшок, пакуль абіраў бульбу, сек галлё i распальваў у грубцы, у душы яшчэ трымаўся нейкі нядобры асадак — рэштка той трывогі, што з'явілася падчас размовы, рэштка незадавальнення сваім маўчаннем: не да твару гэта сакратару! A запалаў агеньчык — i як бы выпаліў усё, панёс з дымам у комін. А закружыла ў чыгунку вада — i зусім стала весела.

Безумоўна, шмат што робіцца не так, шмат што незразумела. Але чаму ён так балюча павінен браць усё да сэрца? Хіба ўсе гэтыя праблемы — толькі яго ці Панасаў клопат? Думае ўвесь народ, i працуе ўвесь народ. I няпраўда, што ўсе чакаюць, што скажа адзін чалавек. Сам жа ён, Грамыка, не чакае гэтага — працуе ад цямна да цямна, каб лепш i больш насеяць i сабраць ураджай. Вяртаюцца салдаты. Яшчэ шэсць узростаў звальняецца. З якой прагнасцю яны накінуцца на працу! А будуць працаваць людзі — будзе плён працы. Нешта зробяць, каб i ў сяле больш аставалася, у калгасах. Галоўнае — што перамаглі, хоць i вялікай крывёй. A калі мір, то ўсё наладзіцца. Народ — такая сіла, што ўсё адужае.

«З мяне будзе правільны гісторык: я ўжо добра засвоіў, што рухаючая сіла гісторыі — народ», — жартам падумаў Пятро, кідаючы ў грубку, у полымя, сухія палачкі. Седзячы на перакуленым табурэце, ён узяў дроў, не азірнуўшыся, i разбурыў нейкую даччыну гульню.

Ленка закрычала:

— Тата! Блаць не!

Ён павярнуўся. Малая паспела збудаваць з кароткіх сукаватых палачак клеткі, розныя па форме.

Калі ён вярнуўся з арміі, дачка доўга i ўпарта не хацела назваць яго татам. З незвычайнай дзіцячай хітрасцю абыходзілася без зваротку. Яму неяк не ўдавалася заваяваць яе сімпатыю. Гэта таксама засмучала Сашу. Аднойчы яна нават кінула з болем:

— Які ты бацька!

Гэта пакрыўдзіла Пятра, бо ён любіў дачку, меў да яе вялікую пяшчоту i замілаванне. Бяда толькі, што выказваў ix нязграбна, няўмела, а дзецям, мабыць, трэба знешнія праявы любові, ласкі. Прафесія бацькі таксама нялёгка набываецца. Пералом у ix адносінах адбыўся раптоўна. Пад Новы год ён прывёз ёй з горада маленькія саначкі. Падарунак яна прыняла абыякава. Перавярнула, накрыла палазы хусцінкай, зрабіла «хатку» сваёй адзінай ляльцы — Каці. Але калi ён павёз яе катацца i смела пусціў санкі з высокай гары, дачка завішчала ад захаплення i крыкнула на ўсё поле:

— Тата! Шчэ!

Можа, сто разоў яна паўтарала гэтае «Тата! Шчэ!», i сто разоў ён, ашалелы ад радасці, абліваючыся потам, цягнуў па слізкай сцежцы санкі на гapy, дзе чарнелі рэшткі былога ветрака, i з крыкам i галёканнем, што таксама цешыла малую, пускаў уніз — у стары калгасны сад.

Саша расказвала: Ленка, калі вучылася гаварыць, доўга адмоўе «не» ставіла пасля дзеясловаў. «Ленка, хочаш малачка?» — «Хачу не». — «Ленка, упадзеш!» — «Упаду не». А сваю частую просьбу: «Мама, не ідзі нікуды», — вымаўляла так: «Мама, ідзі куды не». К яго прыезду малой пайшоў пяты год, i яна гаварыла ўжо амаль правільна. Але Пятру так спадабалася яе «не» пасля слоў, што ён сам у размове з ёй, з Сашай жартам пачаў гаварыць гэтак жа. I малая, забываючыся, часта пачала вяртацца да свае ранейшай канструкцыі сказаў. Саша спачатку смяялася, а пасля пачала непакоіцца:

— Навучыш, педагог! Смяяцца будуць з дзіцяці. Не кажы так, Лянок. Тата гаворыць няправільна.

Ленка следам за маці пачала рабіць яму заўвагі:

— Тата, правільна не.

Пятро рагатаў. Таму i гэтае «браць не» таксама рассмяшыла. Ленка здагадалася, што ён смяецца, i тут жа выправіла сваю памылку:

— Тата, не тлэба блаць.

Сказала яна гэта з той мілай дзіцячай інтанацыяй, якая заўсёды выклікае ў бацькоў замілаванне. Пятро прытуліў дачку да сябе, пацалаваў беленькія шаўкавістыя валосікі:

— Слаўны ты мой доктар! Але ж нам трэба зварыць бульбачку. Ты хочаш бульбачкі?

— Хачу. З жылам. — I каўтнула слінку.

А ён, бацька, пасля доўга не мог пракаўтнуць горкі камяк, што стаў у горле, рос, душыў, выціскаў слёзы. Дзіця галоднае, але не плача, не просіць — цярпліва чакае. Гаротныя дзеці вайны!

Ленка з неразуменнем i здзіўленнем глядзела на яго: чаму ў таты блішчаць вочы? Спытала:

— Ад дыму?

— Ад дыму, — усміхнуўся Пятро, адпускаючы дачку. — Што ты набудавала тут?

— Сяло. Ета — хата цёткі Гапы, а ета — сельсавет, тут мамчына амбулатолыя, а ета — наш дом.

— О, ды ты вялікі архітэктар!

Пятро дастаў віламі чыгунок, паставіў на прыпечак, ткнуў лыжкай — ці не гатова бульба? Не, лыжка слізгала паміж бульбін.

— Але, Лянок, прыйдзецца табе разбурыць адзін домік. Трэба дровы, каб бульбачка даварылася. Які ты разбурыш?

— Магазін. У ім нічога няма. Мукі не, солі не… i кафет не…

Пятро зарагатаў:

— Правільна, дачка! Разбурым магазін! Усё адно райспажыўсаюз нічога не завозіць нам. Адну гарэлку, ды i тую тройчы разбаўляюць вадой.

Нарэшце бульба зварылася. Адцэджваючы ваду, удыхаючы смачны пах, ён разважаў:

— Але, ты — архітэктар… Мы маглі б з табой будаваць маеты. Але мама нікуды не хоча ехаць. Прыйдзецца нам займацца гісторыяй. Што ж, гісторыя — таксама навука патрэбная. Каб людзі не забываліся на мінулае.

Большасць кніг — а ix нямала — ляжала на стале. Стол Саша раздабыла недзе адмысловы — панскі, можа, стогадовы; дзве ножкі яго першы майстра ўпрыгожыў адмысловай мастацкай разьбой, якую моцна папсаваў шашаль, трэцяя — пазнейшай работы, добра абгаблявана таксама нядрэнным майстрам, а чацвёртая — звычайная бярозавая чурка, яе прыладзіла сама Саша — абы стаяў гэты інвалід многіх войнаў. Стол быў гордасцю ix — багацейшы атрыбут мэбліроўкі i прадмет няспынных кпінаў i жартаў.

Пятро адсунуў кніжкі, газетай заслаў квяцісты «трафейны» настольнік, каб не запэцкаць. Газеты ён шкадаваў не менш, чым настольнік, яны патрэбны былі яму ў працы. У Сашы не было такой павагі да газет, яна ix бязлітасна драла на свае парашкі. I ў ix часам за газеты былі сваркі. Каб знайсці самы нецікавы нумар, Пятро прагледзеў цэлы стос. У «Звяздзе» на дзве пал осы быў змешчаны праект i апісанне забудовы вёскі на 60 двароў. Нават на паперы веска выглядала прыгожа i прывабліва! Яшчэ дні тры назад ён адклаў гэты нумар, каб выкарыстаць у сваёй чарговай гутарцы ці дакладзе. Ён разважаў: надрукавалі такі праект — значыцца, не ва ўсіх раёнах такая разруха, што людзі ніяк не могуць выбрацца з зямлянак хаця б у якія-небудзь хацінкі, а ёсць мясціны, дзе могуць збудаваць вось такія вёскі, як у газеце, — цагляныя, з чарапічнымі дахамі, з тыповымі гаспадарчымі пабудовамі.

Даўшы дачцэ бульбы i наліўшы ў чарапок рыбінага тлушчу, Пятро падсунуўтабурэтку бліжэй да акна, каб яшчэ раз, больш уважліва, прачытаць апісанне праекта казачнай вёскі.

Вокан у пакоі было ажно тры, а святла нямнога. Адно акно ўвогуле было забіта, у двух менш за палавіну шыб — састаўленыя з кавалкаў шкла, рэшта ж — пачарнелая фанера i ржавая бляха. Падчас завірухі праз гэтыя шыбы, як ix ні заканапачвалі, ні затыкалі анучамі, на стол намятала гурбачкі снегу. Усю зіму яны спалі на печы. Добра, што печ — руская, вялікая, траім на ёй было зусім прасторна.

Ужо даўно зайшло сонца. У дні, блізкія да вясновага ці асенняга сонцастаяння, змяркаецца хутка i непрыкметна. Вокны выходзілі на поўнач i ўсход, i Пятро чытаў павольна, ледзьве разбіраючы словы артыкула. Кажуць, на змярканні часцей за ўсё чалавека агортваюць сумота, цяжкі роздум, трывога. Не, у яго гэта нельга было назваць ні трывогай, ні смуткам. Гэта было нешта зусім іншае, i яму цяжка знайсці вызначэнне. Узнікла такая гама пачуццяў, што ён сам ніколі не здолеў бы разабрацца ў ёй, а тым больш расказаць камунебудзь, нават такому блізкаму чалавеку, як Саша. Адно адчуў выразна: не скажа ён калгаснікам пра тэты сапраўдытакі казачны праект. Няхай чытаюць самі. А яму няма чаго гаварыць. Гэта — той самы попел, тое самае абяцанне малочных рэк, пра якое гаварыў Грамыка.

«Ох, Панас, Панас, добры ты чалавек, але гутарыць з табой вось так, з вока на вока i душа ў душу, небяспечна. Можаш ты загнаць вожыка ў мазгаўню».

Саша ўвайшла больш імкліва, чым звычайна. Пятро адразу, яшчэ па яе кроках за дзвярыма, у калідоры, адчуў, што яна нечым усхвалявана…

Паставіла на падаконнік загорнутую ў газету бутэльку. Скінула сваю адзіную шарсцяную сукенку, што была i за рабочую i за святочную, надзела старэнькую, паркалёвую, кароткую. Зрабілася падобная на дзяўчынку-падлетка: худзенькая, грудзі — два маленькія бугаркі, ключыцы тырчаць. Пятру стала шкада яе. Сэрца сціснулася, зашчымелаад жалю i яшчэ ад здагадкі, што Сашына ўсхваляванасць i такое маўчанне маюць дачыненне да яго. Зноў нейкае непаразуменне. Якое? Хто-небудзь з настаўніц плётку пусціў. Ёсць такія ўдовы-зайздросніцы. Im чужое шчасце — што бяльмо ў воку.

— А мы з Ленкай бульбы зварылі. Я пуды два прывалок.

Ленка павячэрала ўжо.

— Добра паела, дачушка? — Саша нахілілася да малой, якая падбегла да яе, падолам сукенкі, па-сялянску, выцерла запэцканы тварык.

— Добра. А чаго ты так доўга, мама?

— Я малачка табе прынесла. — Яна разгарнула газету, наліла з пляшкі.

Малая, стоячы пасярод пакоя, трымаючы шклянку абедзвюма ручкамі, прагна i прыгожа піла, струменьчыкі цяклі па барадзе, на сукенку.

Саша як бы не бачыла мужа, быццам i не было яго.

— Давай вячэраць i мы, Сашок.

Яна не адказала.

Спачатку ён разгублена прыціх. Але хутка адчуў, што у im узнімаецца абурэнне: што за дурная мода вось так маўчаць?

Баліць табе — скажы, закрычы! Я — тут, я — ёсць i разумею, бачу кожны рух тваёй душы!

Можа, i Саша пачула буру, бо раптам падышла да яго i сказала амаль шэптам, але тым шэптам, што гучней за любы крык:

— Ну, дарагі мужанёк, я думала, ты ад маладосці ды дурноты нашкодзіў, як кот. Паверыла, што i праўда гэта было раз… Аж — вунь што ты… Ты… ты, — яна задыхнулася, — ты i пасля знайшоў яе… — Яна крута павярнулася, узяла з ложка плацце, выхапіла з кішэні пакамечаны канверт. — На, ад тваёй пэ-пэ-жэ. Чытай! Радуйся! Яна мужа кідае! Ці не да цябе збіраецца прыехаць?

Пятро ўзяў канверт, нічога не разумеючы, не здагадваючыся нават, пра каго ідзе гаворка. I почырк яму нічога не сказаў. Але, дастаўшы лісток, не вытрымаў — глянуў на подпіс. Тоня! Адкуль яна ўзялася? Як даведалася яго адрас? Ага, на канверце — адрас яго бацькоў. Пісьмо сюды пераслалі яны, бацькі. Зваротны адрас: знаёмая лічба палявой пошты — зенітны полк, дзе ён пачынаў службу i вайну. Толькі тады гэта быў асобны дывізіён, а цяпер — полк.

Нічога дзіўнага: там, у палку, адрас яго бацькоў мог захавацца ў справах, у ранцах ці ў памяці былых саслужыўцаў.

Ён маланкава, вачамі, у паўзмроку прабег кароткае пісьмо. Нічога асаблівага, ніякага нават напаміну пра ix адносіны. Што ж магло абурыць Сашу? Гэта? «Ca Сцяпанам у нас нічога не будзе. Кіну я яго. Афармляю звальненне, паеду да мамы». Ага, вось гэта. «Цяпер я часта думаю (i кажу яму): недарэмна ты даў яму па мордзе. I словы твае ўспамінаю, якія ты сказаў у шпіталі ў Ландсбергу». Але, толькі гэта.

Некалі, яшчэ ў партызанскім шпіталі, ён, расчулены, чыстасардэчна прызнаўся пра сваю выпадковую сувязь з Тоняй. Саша слова яму не сказала, параненаму. Але ён бачыў, што ёй балюча было. Помніць, як раптам змяніўся выраз яе твару, вачэй, як прыкусіла яна губу i якая пасля стала — як бы раптам аддалілася ад яго, зрабілася клапатлівай сястрой, міласэрнай сястрой — не больш. Не без уплыву Марыі Сяргееўны яна пазней зноў наблізілася. А так магло здарыцца, што i зусім аддалілася б. У яго ўжо была з'явілася боязь страціць яе. Калі ён зноў пайшоў на фронт, боязь гэтая вырасла ў страх. Саша падагравала гэты страх сваімі пісьмамі. Як бы між іншым, паведамляла: адзін раз пра тое, што заязджаў да яе Уладзімір Лялькевіч, другі — што ў вёсцы, дзе яна цяпер працуе, размясцілася вайсковая часць i многа маладых афіцэраў, трэці — што да гаспадыні, дзе яна на кватэры, прыехаў на пабыўку сын — афіцэр…

Толькі вярнуўшыся з арміі, Пятро даведаўся, што паведамленні гэтыя былі пометай яму, можа, не вельмі разумнай i дасціпнай, але інакш ix назваць нельга. Ніякая часць у Грыбаўцы ніколі не стаяла. На кватэры Саша жыла ў жонкі Панаса Грамыкі. Адно толькі праўда — пра Лялькевіча. Ён быў другім сакратаром райкома партыі i, безумоўна, мог прыязджаць. Але ў Пятра ўжо тады, у партызанах, знікла ўсякая рэўнасць да яго.

Страх, безумоўна, знік, калі ён вярнуўся. Саша — яго жонка, назаўсёды, на ўсё жыццё, i нішто не здолее ix разлучыць! Але боязь, што яна зноў аддаліцца, як тады, перашкодзіла яму прызнацца, што ён меў сустрэчу з гэтай Тоняй яшчэ раз, у Германіі. Баяўся: не паверыць Саша, што ў велізарнейшым чалавечым муравейніку, разварушаным вайной, расстаўшыся недзе ў Мурманску, можна было зусім выпадкова сустрэцца пад Берлінам. Праўда, на вайне былі i яшчэ больш неверагодныя сустрэчы! Чаго не было там! Аднак ці зразумела б гэта Саша? Ці не падумала б, што яны перапісваліся, шукал i гэтай сустрэчы i адбылася яна зусім інакш, у інакшых абставінах? Магла б не выказаць свайго нявер'я, a ўпотай пакутаваць.

Бывае «ложь во спасение». А бывае праўда, пра якую лепш змаўчаць. Аж не, няма, відаць, такой праўды. Недарэмна кажа старая мудрасць: няма такой тайны, якая не стала б яўнай. I гэта стасуецца да ўсяго: да палітыкі, дыпламатыі, вайны i да жыцця двух людзей. Лепшая сямейная дыпламатыя — гэта дыпламатыя поўнага ўзаемнага давер'я i бязмежнай шчырасці. Шкада, што многія з нас прыходзяць да гэтай высновы пазнавата.

Пятро, разгублены ад нечаканасці, нясмела ступіу да жонкі:

— Сашок! Я ўсё растлумачу. Выслухай толькі спакойна… Навошта ўскладняць i без таго нялёгкае жыццё наша?..

— Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў. Даволі з мяне тваіх казак. Выдумляць ты ўмееш. — Гэта яна сказала ціха, стомленым голасам. Але кал i Пятро, абнадзеены, хацеў узяць яе за руку, рэзка адступіла i гнеўна крыкнула:

— Не чапай! Я ненавіджу цябе!

Ленка абняла яе калені, захныкала:

— Мама! Не свалыся. Я баюся…

Саша схапіла дачку на рукі, прыціснула да грудзей, быццам ёй нешта пагражала.

— Не бойся, мая маленькая. Я не буду сварыцца. Навошта мне сварыцца? Мы пражылі з табой пяць год i не сварыліся… Hi з кім. Толькі з немцамі. I мы будзем жыць з табой. I ніхто…

— I тата з намі. Так, мамачка?

Саша быццам прыкусіла язык — больш ні слова. Ужо ўпрыцемку памыла малой ручкі i ножкі i, не вячэраючы, уклалася з ёй на вузкім ложку, на якім, калі злезлі з печы, спалі яны ўдваіх. Дачка спала на ляжанцы.

Пятро зразумеў, што цяпер тлумачыць няма карысці, i нічым не парушаў маўклівай вайны. Было да болю, да роспачы крыўдна. З якімі пачуццямі ён нёс гэтую бульбу, з якой пяшчотай гатаваў вячэру — i вось табе, калі ласка. Нейкае недарэчнае i зусім непатрэбнае пісьмо атруціла настрой, сапсавала вечар, які мог бы стаць шчаслівым. Для шчасця не так ужо многа трэба: праца, любоў, дружба, узаемаразуменне i вера, негалоднае дзіця… ну, i самім чыгунок вось гэтай бульбы. Няма нечага аднаго — ланцуг разарваны.

Пятро шкадаваў сябе, а яшчэ больш яе — Сашу. З васьмі раніцы да дванаццаці яна прымала ў амбулаторыі, а потым дацямна — візіты. Колькі ix было? Хворых нямала. Інваліды, дзеці.

Ён не адважыўся нават запаліць лямпу. Сядзеў на табурэтцы каля стала. Сцямнела. Сціхлі галасы дзяцей на вуліцы i каля рэчкі. Сціх вецер. Усё сціхла. Акрамя яго думак. Калі людзі навучацца рабіць своеасаблівую фанаграму — ці як яе назавуць? — мыслення, думак, ix вельмі здзівіць форма крывой. Яна будзе не толькі ламаная, з падзеннямі, узлётамі, яна будзе пакручастая, як казачны лабірынт, як зблытаны маток нітак ці яшчэ нешта больш адмысловае. Яе будзе нялёгка расшыфраваць, гэтую мысляграму. Думкі Пятра скакалі ад Сашы да Грамыкі, з мінулага ў сённяшні дзень ці нават заляталі ў заўтрашні, ад Тоні да бог ведае каго, часам да зусім выпадковых людзей.

«Як яе прозвішча цяпер — Рамашова ці Кідала? На канверце не піша. Я не паспеў тады нават запытаць».

Прыгадалася ix апошняя сустрэча. Не, дзве кароткія сустрэчы год назад. Але, было гэта роўна год назад, у пачатку красавіка. Ці не ў гэты ж самы дзень?

Дывізію ix на плацдарме за Одэрам змяніў танкавы корпус, тэрмінова перакінуты з Усходняй Прусіі, дзе вайна была закончана. Маршал Жукаў сціскаў магутны браніраваны кулак для ўдару на Берлін. Дывізію, якая панесла на плацдарме немалыя страты, асабліва ад праклятых «фау-2», як бы адводзілі ў рэзерв, на адпачынак у блізкі тыл, за нейкія сорак кіламетраў ад фронту, — у горад Ландсберг на Варце. Але зенітны дывізіён не адпачываў. Ён заняў баявыя пазіцыі, каб сцерагчы адпачынак змучаных пехацінцаў. Камандны пункт дывізіёна размясціўся на самым беразе ракі, заняўшы будынак нейкага яхтклуба i суседнюю кірху — пад назіральны пункт.

Метраў за трыста, не больш, вышэй па рацэ скаламі з бетону i рэбрамі жалезных ферм вытыркалі з вады рэшткі ўзарванага моста. Ад гэтага шырокага, збудаванага на стагоддзі, гарадскога моста астаўся адзін пралёт ад таго, супрацьлеглага, берага, ды i той трымаўся на пакалечаным быку. I, аднак, нейкі разумнік камандзір не знайшоў лепшага месца, каб размясціць узвод батарэі МЗА, — паставіў яго на гэтым пралёце. Тры «саракапяткі» сваімі доўгімі i тонкімі дуламі, спушчанымі, нюхалі рачную прахалоду. Над імі былі распяты камуфляжныя сеткі. Але ўсё адно ўзвод — як на далоні. Здалёк можна было пералічыць усю прыслугу, якая на тры чвэрці складалася з дзяўчат. На бераг, дзе размясціўся KП яго, Пятровага, дывізіёна, даляталі ix звонкія галасы, смех. А трохі ніжэй ад ix КП над ракой узвышаліся некранутыя фермы чыгуначнага моста. Па ім няспынна грымелі эшалоны.

Апынуўшыся на беразе, ён, Пятро, усяго толькі старшына па званню, камсорг дывізіёна, адразу рэалістычна ацаніу абстаноўку, кажучы ваеннай мовай.

Немцы агрызаюцца з паветра ўжо рэдка. Але ўсё-такі агрызаюцца. I калі яны наляцяць на гэты гарадок, то, безумоўна, галоўная ix мэта — чыгуначны мост. Пятро ведаў, як нялёгка пацэліць у мост. Заўсёды бывае пералёт або недалёт, бомбы лажацца ўправа ці ўлева. Але ён ведаў не адзін выпадай, калі гэтыя «дурныя бомбы» знаходзілі зусім нечаканую цэль.

Карацей кажучы, яго ўсхваляваў лес гэтага дзявочага ўзвода. Камандзір МЗА, пагнаўшыся за найлепшымі «вугламі абзору», паставіў сваіх людзей на верную пагібель. Нават калі не будзе прамога пападання, блізкі выбух разбурыць ужо i так перакошаны, патрэсканы бык, i людзі апынуцца ў рацэ. Ды проста выбуховая хваля — узрыў бомбы перад мостам — можа змесці людзей у бурлівы вясновы паток. А колькі з ix умее добра плаваць? Каб на мосце былі адны мужчыны, можа, ён не так бы занепакоіўся. Дзе на вайне няма небяспекі? Але ён цвёрда трымаўся думкі, што не жаночая гэта справа — ваяваць. Няшчасце прымусіла. Але ж можна ставіць гэтых салдат у спадніцах у такія мясціны, дзе будзе, у выпадку чаго, найменш ахвяр. А тым больш цяпер, калі так блізка канец вайны.

Пятро пайшоў да камандзіра свайго дывізіёна капітана Крывароцькі.

— Таварыш капітан, маем мы ўжо сувязь з суседзямі?

— З гэтымі, з ПВА? — Армейцы, нават зенітчыкі, ставіліся да войск тылавой супрацьпаветранай абароны з некаторай пагардай i іроніяй. — Хутка будзем мець. Цягнуць сувязісты.

— Пазваніце вы ім, скажыце, што батарэя на мосце пастаўлена пад першую бомбу.

Капітан з акна другога паверха паглядзеў на злашчасны мост, пакруціў галавой, усміхнуўся ў свае запарожскія вусы.

— Але, нейкі дурань высунуў, як блыху на пуп. Шугане— што карова языком зліжа. — I, вялікі аматар пагаварыць пра жанчын, любоўныя справы, жартаўнік, камандзір прыжмурыўся, як кот, i чорцікі заскакалі ў яго вачах. — Клапоцішся пра дзяўчат, старшына? Хопіць ix на нашага брата. Глядзі, пасля вайны па тры на аднаго будзе. Вось будзем мець клопату! — Ён зарагатаў, але, мабыць, адчуўшы, што Пятро не мае намеру жартаваць, сур'ёзна паабяцаў: — Добра, камсорг. Пазваню.

Тады Пятро паверыў: пазвоніць; Крывароцька — інжынер, інтэлігент — быў разумны i чулы камандзір. Пасля няшчасця ўсумніўся: ці званіў? Цяпер, асабліва чамусьці сёння, пасля размовы з Панасам, думаў: не, не званіў. Напэўна, разважыў: на якое ліха яму лезці ў справы суседа, з чужой часці, ды яшчэ калі там камандзір вышэйшы па званню? А сам ён, Пятро, хіба праявіў настойлівасць? Мог бы сказаць намесніку па палітчасці, начальніку штаба. Не. Паглядзеў, абурыўся, пахваляваўся, i хоць не забыўся — батарэя ўвесь час была перад вачамі, але скарыўся перад суровасцю i непахіснасцю армейскага закону: ніжэйшы па чыну i званню не мае права ўмешвацца ў загады i распараджэнні старэйшага. Маўчы i выконвай. A калі гэты старэйшы дурань?..

Трагедыя адбылася дні праз чатыры. «Ю-87» наляцелі адвячоркам, вось такім жа ясным, па-вясноваму прыгожым. Там, у Германіі, ужо распускаліся дрэвы, зелянела трава. Шасцёрка «юнкерсаў» зайшла з усходу, па рацэ. Разам з бомбамі яны кінулі плывучыя міны, выбухі грымелі доўга пасля таго, як самалёты, рассыпаўшыся ў розныя бакі, уцяклі ці, можа, былі збіты нашымі знішчальнікамі, што тут жа, праз хвіліну, падняліся ў паветра.

Ніхто пасля дакладна не мог устанавіць, ад чаго гэта здарылася: пацэліла бомба ці міна ці — был i i такія здагадкі — у быку пакінуты нямецкі зарад выбухнуў ад дэтанацыі… Але ўсе з каманднага пункта ix дывізіёна ўбачылі, як раптам бык асеў, быццам праваліўся праз рачное дно, i ўся тысячатонная аграмадзіна жалезабетоннага пралёта з лёгкасцю драўлянага мастка, рэзка нахіліўшыся, слізнула ў раку. На тым беразе было пуста, ратаваць людзей не было каму. Стаяла нейкая тылавая часць, але паветраная трывога ўсіх загнала ў шчыліны. Праз выбухі бомб i выццё пікіроўшчыкаў даляцелі поўныя жудасці жаночыя крыкі. Над успененай выбухамі вадой замільгалі галовы, рукі. Сціснутая бетонам рака прапускала вясновы паток з шалёнай хуткасцю. Усіх, хто мог трымацца на паверхні, але не меўсілы перамагчы плынь, адразу вынесла на сярэдзіну. Нямногія паспелі схапіцца за парэнчы моста, што тырчалі з вады, падплысці да свайго, блізкага берага.

Капітан Крывароцька нават пры дзяўчатах-сувязістках успамянуў усіх святых i грэшных i ўсіх дурняў. Убачыў

Пятра — злосна крыкнуў яму:

— Напрарочыў, камсорг… душу тваю маць! — Быццам ён, Пятро, быў вінаваты ў тым, што здарылася. I тут жа закамандаваў усім, хто быў на КП, салдатам i афіцэрам: — Хто ўмее плаваць — усе ў ваду! Ратаваць людзей! Бондар! У лодку! Страхаваць i падбіраць! Патоне свой — галаву скручу! Звані суседу. Перадай, што яму пральняй камандаваць, а не палком! Боўдзіла ён!

Чалавек дзесяць выскачылі на ўзбярэжную, скідаючы на хаду боты, гімнасцёркі. Ён, Пятро, быў сярод гэтых дзесяці. Ён нават перагнаў усіх. Але ў ваду кінуўся не адразу. Убачыў, як паўз ix рака пранесла дзвюх дзяўчат. Яны апынуліся чамусьці далека наперадзе. Адна плыла ціха, аддаўшыся, відаць, на волю плыні, каб зберагчы сілы, другая няспынна крычала: «Ратуйце!» — i махала рукамі.

Пятро шыбнуў на выбіты танкамі брук адзін бот, другі, гімнасцёрку… Трэба абагнаць i плысці напярэймы! Следам за ім яшчэ нехта бег. Яго спыніў дзявочы голас ззаду:

— Кідаемся, камсорг! Тоне!

На парапеце ўзбярэжнай стаяла ў адных блакітных рэйтузах i бюстгальтары ix радыстка Леакадзія Анечкіна — дзяўчына шумная, няўрымслівая, камандзіры з ёю мелі нямала к лопату.

— Я — гэтую, што дае нырца! А ты бяры тую, ціхую! — скамандавала яна i кінулася першая. Паплыла размашыстымі сажэнькамі, лёгка перамагаючы плынь. Было відаць, што дзяўчына гэтая вырасла на вадзе. Ён, Пятро, не ўмеў так плаваць. Але кінуўся з няменшай рашучасцю напярэймы «ціхай». Ледзяная вада апякла цела.

Крыкнуў:

— Грабі да мяне! Да мяне!

Але яна як бы не чула — магчыма, што яе аглушыла выбухам — i не паварушыла нават рукой, каб наблізіцца да свайго выратавальніка. Плынь аднесла яе ўбок. I Пятро выбіўся з сіл, пакуль дагнаў яе. Але як толькі падплыў, дзяўчына, як кажуць, «мёртвай хваткай» учапілася ў яго правую руку, скавала рухі, пачала тануць i яго пацягнула на дно.

Пятро сербануў вады, але выхапіў дзяўчыну на паверхню. Яна зіхнула, хапаючы паветра: «Гэ-эх, гэ-эх!»

— Пусці маю руку. Пусці руку! — закрычаў ёй у твар Пятро. — I плыві спакойна. Ты ж умееш плаваць! Не бойся! Я буду падтрымліваць.

— Я тану, брацік, — прашаптала яна пасінелымі вуснамі.

У вачах яе Пятро не ўбачыў жудасці, якую бачыў не раз за вайну, не — у яе вачах былі смяртэльны смутак i стомленасць. Ён зразумеў: чалавек змірыўся ca смерцю, гатовы на той свет, а таму страціў волю да змагання i апошнія сілы. Гэта — як шок. Бачыў ён i такое, у партызанах. Таму яна не крычала, не прасіла дапамогі. Бязвольна, трохі ўмеючы плаваць, трымалася на вадзе.

Пятра спалохала такая самаасуджанасць. Патоне яна i яго ўтопіць! Прайсці ўсю вайну, праз усе агні i воды — i так загінуць…

Адчуў, што штаны, якія ён не паспеў, дурны, скінуць, сталі цяжкія, як жалезныя гіры. Анечкіна, пэўна, мела вопыт, што раздзелася амаль дагала. Няўжо нікога больш няма блізка? Дзе Бондар з лодкай? Не, крычаць нельга! I ён пачаў прасіць, маліць:

— Сястрычка, родная, слаўная, мілая мая. Адну хвіліначку патрымайся… Адну… Адну… Зараз падыдзе лодка!..

Падхапіў дзяўчыну пад пахі i нагой дакрануўся бота. Гэта спалохала яшчэ больш: боты цягнуць яе на дно! Як ён забыўся, што яна ў ботах? Каб скінуць боты! Паспрабаваў зрабіць гэта нагой, i зноў яны абое нырнулі, зноў сербанулі вады. Пятро адчуў, як распухае яго сэрца, запаўняе грудзі, жывот, лезе праз горла, б'ецца ў галаве. Канец! Закрычаў так, каб пачулі на беразе:

— Трымайся! Плыві! — i вылаяў тую, каго толькі што называў «сястрычкай», «роднай», брыдкім словам… Прыгадаў, што чуў ці чытаў недзе — бывае карысна знясіленаму тапельцу прычыніць боль. Праз мокрую гімнасцёрку балюча ўкусіў дзяўчыну за плячо. Яна войкнула. Гэта ўзбадзёрыла Пятра. Ды i яе, здаецца, скаланула. Але яшчэ больш яе вярнуў да жыцця блізкі выбух. Каля правага берага ўзарвалася міна. Ix абдало пырскамі вады, падкінула на хвалі. Пасля гэтага яна пачала грэбці рукамі, пачала змагацца.

Набліжаўся чыгуначны мост. Пятро меў на яго надзею: можа, удасца зачапіцца за выступ быка i пратрымацца, пакуль не падыдзе лодка. Але яшчэ раней яны наскочылі на нейкае падводнае жалеззе, казалі пасля — на затоплены катэр. Пятро адчуў, што яму раніла вострым ногі i жывот. Але ён паспеў схапіцца рукой за нейкі прэнт. Плынь закруціла ix. Яшчэ больш абдзірала жывот вострае жалеза.

Ён крыкнуў выратаванай:

— Трымайся за мяне!

Мабыць, адчуўшы ратунак, дзяўчына так абшчапіла яго шыю, што пасля доўга відны былі сінякі ад яе пальцаў. Тут жа да ix падышла гумовая лодка, яе спусцілі тылавікі.

У лодцы Пятру зрабілася блага. Ці то здало сэрца, ці — ад таго, што ўбачыў кроў у сябе. Да крыві ён ніяк не мог прывыкнуць: у партызанах аднойчы, калі прыйшлося перавязаць параненых, таксама самлеў.

Вярнулася прытомнасць — i ён убачыў над сабой знаёмы твар. Яго перавязвала Тоня Рамашова. Ён адразу пазнаў яе, адразу адчуў, што не трызніць, i спытаў амаль абыякава:

— Ты?

— Я. Я! Здзіўляешся? Во дзе сустрэліся! Гэта батарэя нашага палка.

Пятро ні здзівіўся, ні ўзрадаваўся.

— Хто камандуе вашым палком?

Яна назвала незнаёмае прозвішча. Значыцца, не Купанаў. Не хацелася пачуць, што так недарэчна выставіў людзей на смерць Купанаў.

— Колькі загінула?

— Не ведаю.

На другі дзень Тоня прыйшла да яго ў шпіталь.

Фізічна ён адчуваў сябе здаровым. Але была нейкая душэўная дэпрэсія: не хацелася ні падымацца з ложка, ні есці, ні гаварыць з суседзямі, ні нават думаць. Таму i да яе паставіўся спачатку абыякава:

— А-а, ты?

Яна адчула гэтую абыякавасць i збянтэжылася:

— Я табе мёду прынесла. Сапраўдны, натуральны. Не эрзац. Хлопцы з вулляў выдралi.

— Колькі загінула?

— Дзевяць. — Яна ўздыхнула.

— Дзяўчаты?

— Адзін… Камандзір узвода.

— Як адчувае сябе тая, што… — ён хацеў сказаць, «што я ратаваў», але асекся: Лека Анечкіна выцягнула сваю адразу, а ён, мужчына, — не здолеў, ледзь сам не ўтапіўся разам з ёй.

— Нічога. Ляжыць у нас у санчасці. Маўчыць толькі, як анямелая. Спалохалася. Перажывае…

— Маўчыць?

Пятро падумаў, што ў яе, мабыць, такі ж душэўны стан, як i ў яго, i яму стала блізкая тая дзяўчына, як сястра. Успомніў, як прасіў яе: «Сястрычка, родная, слаўная мая…»

Але дзіўна! — ніяк не мог уявіць яе твар — якая яна? — i пакутаваў ад гэтага.

— У ix была любоў з камандзірам узвода. Яго перад гэтым на парткамісіі разбіралі.

Пятро задыхнуўся, дзіўна неяк хаўкнуў, рэзка падняўся. Абыякавасць, дэпрэсію змыла хваляй абурэння. Захацелася ўдарыць Тоню за тое, што яна вось так, холадна, спакойна, раўнадушна паведамляе пра гэта: «У ix была любоў…» Але ён стрымаўся i зноў упаў на падушку, закрыў рукамі твар… I раптам з надзвычайнай выразнасцю ўбачыў мокры твар дзяўчыны ca смяртэльным смуткам у вачах. «У ix была любоў! У ix магло быць жыццё i шчасце! Жыццё i шчасце! Што яны пакахалі адно аднаго — у тым убачылі крамолу! А што паставілі ix на верную смерць — ніхто не ўбачыў?»

— Гэта батарэя майго мужа — твайго земляка i таварыша па вучобе Сцяпана Кідалы…

«Што? Што яна кажа?» Пятро адняў ад вачэй рукі. Тоня ўсміхалася, мабыць, задаволеная эфектам ад сваіх слоў.

— Сцяпан — твой муж?

Яна ўздыхнула:

— Цяпер у яго зноў могуць быць непрыемнасці.

— Непрыемнасці?! — прашаптаў Пятро i тут жа сарваўся — закрычаў на ўвесь шпіталь: — Ды яго, гада, судзіць трэба! Расстраляць падлюгу! Сам ён нябось не стаў на гэты мост! Вынес бы туды свой КП!..

На яго крык павярнуліся ўсе параненыя. Прыбегла сястра.

— Што ты шуміш?

Абражаная за мужа, Тоня паднялася з табурэткі, сказала, крыва ўсміхаючыся:

— А ты стаў страшны. Раней мог толькі ўдарыць. А цяпер хочаш страляць. Бойся сам сябе.

Такія былі ix апошнія сустрэчы. Чаму ён не расказаў пра ix Сашы? Расказваў жа, як выратаваў дзяўчыну, нават трохі пахваляўся: во, маўляў, які я герой! А пра Тоню — ні слова.

Як цяпер прымусіць Сашу паверыць? Ca злосцю падумаў пра Кідалу: жыве, служыць, гад! I нічога з такім не здараецца. Загінуў Сеня праз яго — панізілі ў званні. Але, відаць, ненадоўга. Такі выкруціцца, пакажа сябе. Часам i бомбу можа вынесці на плячах з пазіцыі. A ўсё адно астаецца падлюгам. Нават жонка яго зразумела нарэшце гэта. «Цяпер я часта думаю i кажу яму: недарэмна ты даў яму па мордзе. I словы твае ўспамінаю, якія ты сказаў у шпіталі…» А тады абразілася. Вось як! Праз год дайшло…

«Не соладка табе, Антаніна Васільеўна, раз ты ўспомніла пра мяне, пісьмо напісала, пра сваю бяду захацела расказаць. Я разумею цябе. I па-чалавечы спачуваю. Але чым я магу памагчы? А хто паможа мне? Навошта людзі так заблытваюць свае адносіны?..»

Невядома, колькі часу Пятро прасядзеў так. Каторая гадзіна? Ён не адважваўся чыркнуць запалку, каб глянуць на будзільнік, што прыглушана цікаў у кутку на стале, за кніжкамі. Баліць галава. Можа, выйсці i пастаяць на двары, падыхаць начной прахалодай? Саша, напэўна, заснула.

Але раптам ён пачуў, не, не пачуў — адчуў, што Саша плача. Саша плача! Як разанула гэта па сэрцы! Ці не ён некалі кляўся сабе, што праз яго Саша не ўроніць ніводнай слязінкі?

Пятро кінуўся да ложка, упаў на калені, правёў рукой па яе валасах, па шчацэ. Шчака мокрая. Але, плакала.

Саша адвярнулася. Ён прыпаў вуснамі да яе пляча.

— Саша, Сашанька!.. Дурненькая… Ну, чаму ты? Ну, што здарылася? Нельга ж так! Я люблю цябе, люблю, слаўная мая. A ўсё тое — глупства… Слабасць мая… Вось за гэта карай мяне, штоянепаверыў, што ты зразумееш, паверыш… А ты — разумная, ты добрая. I ты верыш мне… Скажы, верыш? Ну, чаму ты маўчыш? Ну, закрычы, ну, удар! Выгані прэч, калі лічыш, што я нягоднік. Але не маўчы. Ну, нельга ж так, нельга! Я шкадаваў цябе i таму не сказаў, што бачыў яе, гэтую Тоню. Але як бачыў!.. Ты паслухай, я ўсё раскажу… Усё. — I так, стоячы на каленях, цалуючы жончына плячо, шыю, задыхаючыся ад хвалявання, ён расказваў яшчэ раз эпізод ca ўзводам МЗА, з уратаваннем дзяўчыны, але цяпер ужо ўсё да канца — сустрэчу з Тоняй, кароткія размовы з ёй, усё па шчырасці — так, як толькі што прыгадаў.

Саша маўчала. Не паварушылася нават.

— Ну, чаму ты маўчыш? Скажы — верыш, што я расказаў праўду?

Яна маўчала.

— Не верыш? — I, як таму хлапчуку, якога пакаралі не за яго віну, Пятру стала так шкада сябе. — Не верыш, значыцца?

Заварочалася Лена, паклікала маці.

Саша паправіла на малой коўдру.

— Cпi, мая маленькая, cпi. — I сказала яму спакойна, быццам нічога i не здарылася — Разбудзіш дзіця. Кладзіся спаць. Табе можна валяцца да васьмі, а мне рана ўставаць…

I зноў ён сніў свой мост.

Мост быў амаль што гатовы — высокі, доўгі. Не хапала аднаго пралёта, ад таго, высокага дняпроўскагаберага. Вялізарны плывучы кран нёс гатовую ферму — аснову апошняга пралёта. Ён, Пятро, стаяў на быку так высока, што кружылася галава, калі глянуць уніз, дзе бурліла, пенілася рака. Ён махаў рукамі, паказваючы кранаўшчыку, як найлепш падвесці i пакласці ферму. A кранаўшчык — Панас Грамыка, ён скаліць зубы, яны i здалёк блішчаць на яго цыганскім твары. Чаму смяецца? Не верыць, што ён, Пятро, усё-такі дабудуе свой мост?

Ды вось Панас нешта закрычаў, паказвае рукой угору. Пятро падняў галаву i ўбачыў, што ферма павольна апускаецца на яго. Але не спалохаўся. Спалохала іншае: гэты вар'ят Грамыка ўзлез на доўгую стралу крана i бяжыць па ёй над безданню. Навошта? Хоча ратаваць яго, Пятра? Але ж яму нічога не пагражае. Сарвецца. Вось-вось сарвецца. У Пятра замерла сэрца.

Панас сарваўся. Плёснуўся ў ваду так, што пырскі даляцелі да Пятра. А вунь жа якая вышыня! Трэба ратаваць! Але ніяк нельга сцягнуць з нагі цесны бот. Пятро кідаецца ў ботах. Ды ў вадзе замест Грамыкі — Тоня. Яна крычала гучна i весела: «Ратуйце!» A калі Пятро падплыў, сказала: «Гэта твой зямляк i сябра Сцяпан Кідала спіхнуў мяне».

Пятро ўзлаваўся:

«Шалёны сабака яму сябра, твайму Сцяпану. Я яшчэ не адплаціў яму за Сеню Пясоцкага».

«Ратуй мяне — i я стану тваёй жонкай».

«Што ты вярзеш? У мяне ёсць жонка!»

Нейкі правал, i замест Тоні — Саша. Яна моцна абшчапіла яго за шыю. А вада з шалёнай хуткасцю, круцячы, віруючы, несла ix на мост. «Пеця, я тану. Я тану!» — са смяртэльным смуткам у вачах шаптала Саша пасінелымі вуснамі. I тады яму стала жудасна. Ён закрычаў, просячы дапамогі. Нарэшце схапіўся адной рукой за цагліну быка, другой трымаў Сашу. А вада напірала. Ён крычаў, маліў:

«Трымайся, Сашок! Трымайся, слаўная мая!»

Вада круціла, i ён біўся галавой аб цэглу i ўсё прасіў жонку пратрымацца яшчэ хоць хвіліначку.

— Пеця! Пеця! Што з табой? Прачніся!

Не адразу зразумеў, што гэта Саша будзіць яго, трасе за плечы.

— О Божа! Што табе снілася? Спалохаў: думала — галаву аб печ разаб'еш.

Ён спаў на вузкім лежаку.

Прыйшоўшы нарэшце да памяці, уцяміўшы, што ўвесь кашмар з ракой — сон, а Саша — вось яна, жывая, у белай сарочцы, стаіць у ранішнім паўзмроку перад ім, Пятро імкліва абняў жонку, прыцягнуў да сябе. Але яна, пацалаваўшы яго ў лоб, вызвалілася з абдымкаў.

— Cпi. Яшчэ рана. I не сні дурных сноў.

III

Шапятовіч любіў шосты клас. У настаўнікаў гэта бывае: сімпатыя да якога-небудзь аднаго класа. Большасць, праўда, ніколі не могуць як след растлумачыць, чаму яны любяць гэты клас, а не іншы. Пятро ж, бадай што, мог бы адказаць, завошта ён любіць шасцікласнікаў — за сур'ёзнасць.

A хіба сур'ёзнасць такая ўжо прываблівая рыса ў дзяцей?

Клас сапраўды быў сур'ёзны, больш сур'ёзны, чым нават старэйшыя — сямікласнікі. Хоць разумение «старэйшыя» i «малодшыя» ў першыя пасляваенныя гады не адпавядала ўзросту вучняў, a толькі класу, у якім яны вучыліся. Па гадах дзеці былі розныя i ўсе — пераросткі. Але некаторым вайна сарвала ў гэтай мясцовасці толькі два гады вучобы — увосень сорак трэцяга яны зноў пайшлі ў савецкую школу. Другія ж не вучыліся ўсе чатыры гады: бацькі на фронце, трэба было памагаць мацярам карміць сем'і. А мясцовым уладам было не да ажыццяўлення закону аб усеагульным навучанні. Так што ў шостым класе сядзелі вучні, якія па гадах павінны былі вучыцца ў дзесятым.

Усе педагогі свету пісалі, што пераросткі самыя цяжкія вучні. Пятро, каб пісаў педагагічны трактат, мог бы лёгка аспрэчыць такія сцверджанні. Хоць ён не меў ні тэарэтычнай методыкі, ні практыкі (а можа, менавіта таму, што не меў нічога гэтага?), з вучнямі-пераросткамі займацца яму было лёгка i проста. Ён гаварыў з імі як з роўнымі — гэтак жа, як, будучы камсоргам дывізіёна, гаварыў з байцамі. I бaчыў, адчуваў, што вучням падабаецца такая роўнасць.

Не, сур'ёзнасць ix не была прываблівая, яна была цяжкая, бо нагадвала пра вайну, напамінала пра тое, што перажылі яны, дзеці вайны, i перажываюць дагэтуль. Так што любіў Пятро сваіх вучняў не за сур'ёзнасць, а за тое, што на сваіх слабых дзіцячых плячах яны вынеслі не менш, чым ен, чым бацькі ix i маці. А хутчэй за ўсё яго асаблівыя пачуцці да гэтага класа тлумачыліся тым, што неяк так падабралася, што добрая палавіна класа — сіроты, але былі ў гэтых сірот надзіва мужныя i не па-дзіцячы цвярозыя, проста-такі мудрыя, погляды на жыццё.

Гісторыю Старажытнага Егіпта i Грэцыі ведалі вучні, мякка кажучы, дрэнна — усё выветрылася з галоў. Але затое гісторыю вайны, якую перажылі самі, ведалі лепей, чым многія дарослыя. Каб інспектар-фармаліст паслухаў некаторыя з Пятровых урокаў у гэтым, шостым, класе, то, бадай, настаўніцкая кар'ера яго на гэтым i скончылася б. Часам урокі гісторыі ператвараліся ў агульную дыскусію пра вайну, пра жыццё, ва ўзаемныя расказы пра фронт i партызан.

Настаўніцы, якія вялі ўрок у суседнім класе, не раз скардзіліся Пыльскаму, дырэктару, i той збянтэжана i далікатна рабіў заўвагу:

— Пятро Андрэевіч, зноў у вас у шостым было шумна.

— Было, Казімір Паўлавіч, было, — пакорліва згаджаўся Шапятовіч на здзіўленне настаўніц, якія звычайна ўпарта аспрэчвалі кожную заўвагу ім. Хоць хутка яны перасталі здзіўляцца, Пятро сам пачуў аднойчы ix размову: «Яму — што, партызан, франтавік, сакратар, з Лялькевічам у адным атрадзе быў… Karo i чаго яму баяцца?»

Патроху Пятро зацікавіў сваіх вучняў i гісторыяй Грэцыі — тады, кал i сам, як кажуць, з галавой акунуўся ў інстытуцкі курс, пазнаёміўся з дзівоснай міфалогіяй i ўвогуле захапіўся гэтай навукай.

Але, акрамя гісторыі, прыйшлося яму выкладаць яшчэ адзін прадмет. Усе адмовіліся ад нямецкай мовы, i ўрокі яе гвалтоўна, рашэннем педсавета, аддалі яму. Пятро адразу разгадаў змову настаўніц: маўляў, гісторыя — што, гісторыю любы зможа выкладаць, асабліва калі ў цябе добра падвешаны язык, а вось паглядзім, як ты без педагагічнай адукацыі будзеш выкладаць мову, ды яшчэ замежную. Ён, хоць i разгадаў гэта, не стаў спрачацца: мову дык мову! Ведаў у яго было ненамнога больш, чым у вучняў, бо вучыў ён нямецкую толькі некалі ў сёмым класе (у тэхнікуме замежнай мовы ў той час не выкладалі). Але будучы ў Германіі, вывучыў сотні дзве-тры бытавых слоў. Гэта акалічнасць i дала падставы педсавету зрабіць яго школьным «немцам». Праўда, дзеці ні разу не назвалі яго так, a заўсёды, у тым ліку i перад урокамі мовы, крычалі: «Гісторык ідзе!» Пятра радавала такая ix тактоўнасць.

Да ўрокаў гісторыі ён рыхтаваўся з прыемнасцю i выкладаў з задавальненнем, праца давала радасць. Нямецкая мова была пакутай.

У гэтым шостым «Б», да якога меў асаблівую прыязнасць, Шапятовіч адразу i шчыра прызнаўся:

— Ведаю я нямецкую мову ненамнога больш, чым вы. Вучыць будзем разам.

Ён чакаў, што ўбачыць на тварах скептычныя ўсмешкі ў адказ на сваё прызнанне. Не. Ніводнай ухмылачкі — сур'ёзнасць незвычайная. Толькі раптам падняўся Сяргей Салодкі — самы аўтарытэтны вучань, партызан, у атрадзе цэлы год быў, i хрыплым басам (голас ламаўся) спытаў:

— Пятро Андрэевіч! А на чорта нам гэтая мова?

Пятро на міг разгубіўся. Ён зразумеў нянавісць дзяцей, не, не дзяцей ужо — юнакоў, дзяўчат — да ўсяго нямецкага. Добра, што пасада камсорга i цікаўнасць яго далі мажлівасць там, у Германіі, пазнаёміцца трохі з гісторыяй краіны (можа, тады i ўзнікла яго жаданне пайсці на гістарычны факультэт), з рэвалюцыйным рухам, трошкі з літаратурай — Гётэ, Шылер, Гейнэ, Генрых Ман… I ён увесь урок горача, з натхненнем, якое само па сабе не магло не захапіць вучняў, расказваў ім пра нямецкі народ, пра культуру, якую народ гэты стварыў. Словам, расказваў так, што здавалася, нават самога сябе пераканаў, ва ўсякім разе, паверыў: вучні зразумелі, што фашызм — гэта адно, а народ ёсць народ, i мову яго трэба шанаваць, як мову кожнага народа. Але калі ён зрабіў паўзу, Таня Нізавец, самая ціхая дзяўчына ў класе, выдатніца, нясмела, зусім па-дзіцячы падняла руку. Атрымаўшы дазвол, спытала:

— То чаму ж такі народ, як вы кажаце, даўся Гітлеру хамут на сябе надзець?

Тады зашумел i i хлопцы:

— Праўда — чаму?

— Чаму?

Не першы раз Пятро чуў гэтае пытанне. Яго задавалі байцы, калі ён гутарыў з імі. Ды i сам яшчэ там, у Мурманску, у пачатку вайны ламаў галаву i пытаўся ў Сені Пясоцкага амаль гэтак жа, як Таня, — чаму? Здаецца, толькі Сеня пераконваў. Ён не помніць ужо ўсіх тлумачэнняў i доказаў, але помніць, што i сам i другія хлопцы ўрэшце здаваліся пад напорам Сеневай логікі i эрудыцыі. Пазней розумам ён прымаў усе тлумачэнні, а вось сэрцам… Год назад, у Германіі, калі следам за артыкулам Эрэнбурга з'явіўся артыкул Аляксандрава, перад афіцэрамі ix дывізіі выступаў палкоўнік з Масквы, з Палітычнай акадэміі. Гаварыў з такім жа натхненнем i перакананасцю, як i ён, Пятро, перад сваімі вучнямі. Але потым падняўся камандзір дывізіёна «кацюш» маёр Яшанкаў і, заікаючыся ад хвалявання, спытаў:

— Што ж выходзіць, таварыш палкоўнік? Выходзіць, у тым, што сям'ю маю… маці старую, жонку, дзяцей малых… Ваню i Лёшу… жывымі… жывымі… спалілі… то, выходзіць, вінаваты ў гэтым толькі Гітлер ды яго акружэнне? А каб я сёння пайшоў ды вось так ix дзяцей?.. Kaгo б вінавацілі? Але я не пайду! Я — чалавек! — крыкнуў маёр асіплым ад каманд голасам.

Палкоўнік разгубіўся амаль гэтак жа, як цяпер ён, Пятро. Сказаў:

— Я разумею вас, таварыш маёр, гора ваша, боль. Але іменна таму, што мы чалавекі, як вы сказалі, людзі, гуманісты, мы ніколі не перанясём нашу нянавісць на ўвесь нямецкі народ.

З гэтым агульным тэзісам афіцэры згадзіліся, нават Яшанкаў, напэўна, згадзіўся, бо змаўчаў. Але ж то афіцэры. А тут — дзеці. Як ім усё гэта растлумачыць? Тут аднаго ўрока, адной гутаркі будзе мала. I аднаго года, відаць, будзе мала.

Урока не ведалі. Ніхто. Як змовіліся. Адны выходзілі да дошкі, крышылі крэйду, камячылі анучку, мыкалі i пыкалі. З нейкіх двух дзесяткаў слоў, якія трэба было вывучыць, добра, калі ўспаміналі два-тры, i то калі хто падказваў. Другія адмаўляліся з месца:

— Не мог знайсці кніжкі, Пятро Андрэевіч.

Падручнікаў сапраўды не хапала: на дзесяць чалавек — адзін, даваеннага выдання.

— Матка карову паслала пасвіць.

— Якая паша! Дзе тая яшчэ трава? Што ты мне галаву тлуміш?

Выручае таварыша увесь клас — хорам тлумачыць:

— Пятро Андрэевіч! Ужо усе ганяюць. У лазнякі. Галлё ды кару ядуць. Карміць жа няма чым.

— За Займішчам увесь асіннік з'елі.

Пятру зрабілася няёмка. Што гэта ён усумніўся: «Якая паша?» Быццам на небе жыве.

Быў узлаваўся на свой любімы клас. Траха не сарваўся — не накрычаў. Ужо калацілася рука, калі ставіў у журнале не ўласцівыя яго дробнаму почырку буйныя 2. Пасля размовы пра кароў — палагоднеў. Каб не мучыць больш ні вучняў, ні самога сябе, выклікаў да дошкі Таню Нізавец.

Таня — любіміцаўсіхнастаўнікаў. Небыло яшчэвыпадку, каб яна не ведала ўрока. A нямецкі — Пятро гэта не раз праверыў — вывучала лепш, чым ён, настаўнік. У яго вывучыць усе новыя словы не хапала часу, а яна ведала ўвесь слоўнік падручніка i ўсе граматычныя правілы. Дзяўчынка мела проста зайздросную памяць. А з выгляду — самая непрыкметная ў класе: i гадамі самая малая, бо прапусціла ўсяго дзве зімы, i так — худзенькая, шчупленькая, на бледным завостраным тварыку — адны вялікія, заўсёды нібы здзіўленыя вочы.

У пачатку працы ў Пятра пэўны час былі да яе адносіны дзіўна дваістыя. Неяк ён пагутарыў з вучнямі пра ўступленне ў камсамол. Спачатку — у класах, з усімі адразу, потым з лепшымі — паасобку, гэтак жа, як рабіў у арміі, калі быў камсоргам.

Дык вось Таня гэтая ў час размовы раптам загарэлася, як мак, вочы апусціла i, здалося Пятру, траха не заплакала.

— Што з табой, Таня?

— Мяне не прымуць у камсамол, Пятро Андрэевіч.

— Чаму?

— У мяне бацька — вораг народа.

— Вораг народа?

— Але. Вам хіба ніхто не казаў, што бацька мой быў дырэктарам нашай школы? I яго арыштавалі. Перад ваинои яшчэ…

Шапятовіч не ведаў, чым скончыць размову з дзяучынкай.

Пасля распытваў пра Нізаўца. I дзіўна яму рабілася i незразумела. Ca студэнцкіх год яму ўбівалі ў галаву, што кожны вораг народа — нямецкі шпіён, пачвара, а тут сяляне, асабліва жанчыны, якія заўсёды менш стрымана i больш непасрэдна выказвалі свае пачуцці, хвалілі Антона Пятровіча: «Залаты чалавек быў, да кожнага сэрца сцежку ведаў. I да малога i да вялікага».

— Завошта ж яго арыштавалі?

— А хто ведае, завошта тады хапалі людзей? Хіба яго аднаго!

Грамыка адказаў на Пятрова пытанне коратка — аб прычыне арышту:

— З пісьменнікам нейкім доўга перапісваўся, у госці таго запрашаў. З Галавачом ці з Чаротам, не помню ўжо. На чорта яму здалася тая перапіска? — Прагучала так: па дурноце сваёй трапіў у бяду.

«Няўжо ж не маглі разабрацца, што не вінаваты чалавек? — пакутліва думаў Пятро. — Маглі ж запытаць у людзей, з якімі такі «вораг» пражыў усё жыццё. Тутэйшы ж ён, мясцовы…»

Пасля даведаўся ад Бабкова, што жонка Нізаўца, Таніна маці, цэлы год выпякала партызанам хлеб. На яе ніхто з фашысцкіх паслугачоў не мог падумаць, што яна памагае партызанам.

— Адзін раз хлопцы пшанічную муку з гарнізона вывезлі,— расказваў Бабкоў.— I яна нам такіх булак напякла! Я сам забіраў гэтыя булкі. На досвітку. Дастаём апошнюю выпечку проста з печы. Гарачыя. Пах — на ўсё наваколле. Галава кружыцца. A дзеці прачнуліся — галоднымі вачамі з запечча глядзяць, сліну каўтаюць. «Ты што, пытаю, не дала ім булкі паспытаць?» — «Як жа я дам чужую?» Во, брат, сумленне! Святая Марыя!..

З таго часу Шапятовіч палюбіў Таню не толькі за тое, што яна першая вучаніца. Аднак калі запытаў у сакратара райкома Анісімава, ці можна Таню Нізавец прыняць у камсамол, той паглядзеў на яго як на дзівака i з насмешкай спытаў:

— Табе што — няма больш каго прымаць?

…Таня адказала ўрок, як заўсёды, без запінкі — прачытала тэкст, праскланяла словы.

— Во як трэба вучыць! Чулі, гультаі? — нязлосна ўпікнуў Пятро ўсіх астатніх, падыходзячы да хісткага непафарбаванага століка, каб паставіць у журнале найвышэйшую адзнаку. Ён ужо ставіў ей 5 +, хоць дырэктар i рабіў яму заўвагі, што такой адзнакі не існуе.

Ды раптам нешта стукнула каля дошкі, за яго спіною. Клас падхапіўся.

— Таня!

Таня ляжала на падлозе бледная, як нежывая.

Пятро кінуўся да яе:

— Таня! Танечка! Што з табой, дзіця мае?

— Трэба доктара! — крыкнуў нехта з хлопцаў.

Але, доктара! Але навошта, каб яна ляжала тут, у класе на падлозе, пакуль прыбяжыць Саша? Медпункт за нейкія пяцьдзесят метраў.

Пятро падхапіў дзяўчынку на рукі. Хлопцы ціхенька, каб не патрывожыць другія к л асы, адчынілі перад ім дзверы, i ён хутка збег уніз, з другога паверха.

Саша ўбачыла праз акно, выскачыла насустрач:

— Што з ёй?

— Упала каля дошкі.

— Ты крыкнуў на яе?

— Ну што ты! На Таню? Завошта?

Убачылі работнікі сельсавета, ля будынка якога размяшчаўся фельчарскі пункт, i ўсе, следам за Пятром i Сашай, уваліліся ў маленькі пакойчык.

Непрытомную паклалі на канапку.

У Сашы, заўсёды такой спакойнай i ўпэўненай, дрыжалі рукі, калі яна расшпільвала Тані кофтачку, адкрывала стэрылізатар, брала шпрыц. Потым Саша ўзлавалася, крыкнула на цікаўных:

— Што вам трэба? Прэч адгэтуль! — хоць былі тут усе свае людзі, з якімі яна штодня разам працавала i з некаторымі нават сябравала. Як ветрам выдзьмула ўсіх, акрамя «гасйадароў» — старшыні сельсавета i сакратара.

Бабкоў усхвалявана кружыў па пакойчыку, цёр правай рукой левую — кантужаную, на якую заўсёды была надзета шарсцяная пальчатка, i даваў Сашы парады, здавалася Пятру, даволі кваліфікаваныя. За час доўгага ляжання ў шпіталях Іван Дзямідавіч сам зрабіўся добрым лекарам.

Сакратар сельсавета Халімон Капыл, кульгавы стары, стаяў кал я дзвярэй, абапёршыся на свой тоўсты ядлоўцавы кій, i паўтараў адну i тую ж фразу:

— Усім вайна парвала нервы — i старым i малым. Усім. Здароўе — ад нерваў.

Але на яго твары нічога не відно было — ні хвалявання, ні трывогі за жыццё дзяўчынкі. Можна было падумаць, што пры гэтым самым чалавеку людзі трацілі прытомнасць штодня i ён даўно ўжо прывык да гэтага: яго, як таго магільшчыка, нішто ўжо не кранае — ні сама смерць, ні гора i слёзы блізкіх. На яго твары наогул ніколі нічога не выяўлялася. На ім як бы некалі даўно хаатычна перамяшаліся i назаўсёды застылі ўсе рысы чалавечага характару: аскетызм — у запалых i заўсёды непаголеных шчоках; сытасць, ласуннасць — у вуснах, тоўстых, ружовых, тлустых; дабрата — у складках каля вуснаў, у мяккіх лініях падбародка i амаль калючая варожасць — у маленькіх i глыбокіх вочках пад карнізамі сівых кашлатых броваў.

Саша чамусьці не любіла гэтага чалавека, i яе непрыязнасць да Капыла паступова перадавалася Пятру, хоць ён i працівіўся такому пачуццю: разам працаваць, разам жыць — i нельга праз тое, што табе не спадабаліся вочы ці барада, не любіць чалавека!

Таня апрытомнела да ўколу. Расплюшчыла вочы, уцяміла, дзе апынулася, спалохана войкнула, памкнулася падняцца. Саша ўтрымала яе. Сеўшы на канапку побач i ўзяўшы яе руку, каб палічыць пульс, ласкава спытала:

— Ты ела сёння, Таня?

— Ела, — прашаптала дзяўчынка.

— Што ты ела?

Яна адказала не адразу:

— Дранікі.

— З той бульбы, што назбіралі ў пол i?

Таня не адказала.

— Усім вайна парвала нервы…

— Што ты дудзіш пра свае нервы! — узлаваўся Бабкоў.— Хто табе рваў ix, твае нервы! Сядзеў каля жончынай спадніцы.

Саша сказала з суровым дакорам:

— Падумалі б, як дзяцей накарміць. Кіраўнікі! Балбатуны няшчасныя!

Пятро аслупянеў ад нечаканасці: ніколі Саша не была такая злосная i бязлітасная. I несправядлівая. Сказаць такое пры вучаніцы!

Бабкоў абразіўся, «узвіўся» — закрычаў:

— Аляксандра Фёдараўна! Вы мне такіх слоў не кідайце! У мяне ў самога сэрца гарыць! Але дзе ўзяць — скажыце? Дзе?..

Капыл неяк па-бабску ківаў галавой.

— Усім вайна… — пачаў ён, але тут жа змоўк.

— Саша! Ты — што?! — упікнуў жонку i Пятро. — Мы такога папроку не заслужылі. Ты лепш, чым хто, разумееш…

Але, яна разумела ўсё. Словы вырваліся ад горычы i болю. Пятро бачыў, што ёй ужо сорамна. Але прабачэння Саша не папрасіла. Сказала амаль гэтак жа бязлітасна:

— А вы не лезьце пад руку, калі чалавек заняты работай! — I чуць змякчыла — Мала што я магу сказаць!..

Падчас гэтай размовы яна набрала ў шпрыц з ампулы раствору i ўвяла Тані ў руку. Дзяўчынка баязліва войкнула. Праз хвіліну на лбе ў яе выступілі густыя кроплі поту.

— Ну, як ты, Танечка? — спытала Саша.

— Галава кружыцца.

— Паляжы хвіліначку, потым пойдзем — накармлю цябе.

— Я не хачу, — засаромелася Таня.

— Ну, ну, не выдумляй, дадому не дойдзеш. На чым я цябе павязу? — Ісці ёй трэба было ў суседнюю вёску, кіламетры за тры.

Саша гаварыла так, быццам у медпункце больш нікога не было. I ўвогуле рабіла выгляд, што ўсе яны — муж, Бабкоў, Капыл — не існуюць для яе, пакуль яна занята такой неадкладнай працай. Ды i самі яны адчулі, што лішнія тут. Патапталіся збянтэжана каля дзвярэй, нібы вырашаючы, як найлепшым чынам, з гонарам, пакінуць «поле бою», адкуль гэтая маленькая жанчына даволі-такі няветліва папрасіла ix. Па адным шмыгнулі ў калідор. Але ў кабінеце сваім Бабкоў яшчэ доўга «кіпеў»:

— Ты ёй скажы, Пятро Андрэевіч. Мы яе паважаем…

Але… няхай не распускае язык…

— Вось так i скажы ёй сам. — Пятро ведаў, што нічога такога Бабкоў не скажа, бо баіцца Сашы: яна, хоць дагэтуль i далікатна, як бы жартуючы, але часам добра-такі, як ніхто іншы, давала яму праборку за некаторыя слабасці.

Пятро ганарыўся жонкай, што яна такая — нікому не змаўчыць за праўду.

Хутка нават гэтае «балбатуны няшчасныя!» здавалася яму не крыўдным, а смешным, i ён у душы смяяўся, слухаючы прыглушанае «кіпенне» Бабкова. Няхай стары выпусціць пару.

Пятро спалохаўся, калі Таня ўпала, усцешыўся, калі яна апрытомнела; з вясёлым гумарам ён слухаў крыўду Бабкова i асцярожнае — не закрануць парторга i дагадзіць старшыні — падтакванне Капыла.

— Ад нерваў усё… A ў каго яны цяпер у парадку, нервы?..

«Падліў масла» ў невясёлы «агонь» Капыловых разважанняў:

— Нервы, што сталь, яны гартуюцца ў нягодах, — i пайшоў у школу.

Але ў класе яго раптам апанаваў нейкі дзіўны смутак, душэўны неспакой. Чаму — не разумеў. Нічога ж асаблівага не здарылася. Хіба яму навіна, што дзеці недаядаюць? Амаль усе. Але як ні стараўся супакоіць сябе — урок гісторыі ў сёмым класе не клеіўся: расказваў ён пра паходы Траяна нудна, нецікава, збіваючыся.

Клас адчуў, што гісторык не ў настрод, i вучні сядзелі насцярожана, ціха, як, бадай, ніколі. Калі паепрабаваў праверыць, як засвоілі новы матэрыял, ніхто з вучняў не здолеў талкова паўтарыць тое, пра што гаварылася. Пятра гэта яшчэ больш расстроіла. Не, ён не злаваўся. Наадварот, неяк усё больш абмякаў, сціхаў, падоўгу сядзеў у глыбокай задуме. Але калі ў дзвярах нечакана з'явілася паштарка Надзя, рыжая сарамлівая дзяўчына, і, чырванеючы, таямнічым голасам сказала:

— Пятро Андрэевіч, выклікаюць вас. Упаўнаважаныя… — Шапятовіч неяк адразу ажыў.

Само сабой перад класам у яго вырвалася:

— Пашлі ix к чорту, Надзя!

— Эх! — войкнула спалоханая дзяўчына i ляпнула дзвярамі.

Клас весела загудзеў.

Пятро адчыніў дзверы i закрычаў у калідор услед пасыльнай:

— Скяжы, што ў мяне ўрок! A ўрока ніхто не мае права зрываць! Сам Пан Бог! Сам нарком! Міністр!

Хлопцы-пераросткі не проста гудзелі — вылі ад захаплення.

Тады Пятро да ix:

— А вы што загрымелі, як калясніцы Траяна? Зубараў, паўтары ўрок!

На задняй парце падняўся хлопец на галаву вышэй за настаўніка i пачаў нядрэнна расказваць пра спробы аднаго з апошніх імператараў аднавіць былую славу i веліч Рымскай імперыі.

Шапятовіч бачыў, што Зубараў бесцырымонна заглядвае ў падручнік, які яму сябры падсунулі, але маўчаў: вучань падглядваў умела i спрытна — адным вокам лавіў самую сутнасць. Акрамя таго, Пятро ўжо ведаў са свайго небагатага вопыту, што часам, калі расказвае вучань, матэрыял засвойваецца лепш, чым калі расказвае настаўнік.

Хутка ўбачыў праз акно: да школы кульгае Капыл. Зразумеў: дарэмна крычаў Надзі, з урока яго ўсё адно сарвуць, як гэта было неаднойчы ўжо. I на душы зноў стала пагана.

Сказаў вучням:

— Відаць, прыехаў начальнік вышэй за Бога i міністра. Сам Капыл капыляе па маю душу. Пачытайце ціха. Косця! Галавой адказваеш за парадак у класе. Калі Марыя Антонаўна паскардзіцца, што вы шумелі,— крыўдуйце на сябе.

Сакратар сельсавета, убачыўшы Пятра, дакорліва паківаў галавой: маўляў, як жа гэта вы так неасцярожна? I гэтак жа таямніча, як Надзя, паведаміў:

— Сам Булат. Будзе ўпаўнаважаны на ўсю пасяўную.

Поўнае прозвішча начальніка райаддзела НКУС (цяпер ужо МДБ, бо месяц назад наркаматы сталі міністэрствамі) было Булатаў. «Булат» — Пятро пачуў упершыню, здзівіўся i не разумеў, чаму ў старога такія спалоханыя вочы. Бываюць жа ў ix сакратары райкома, заглянуў аднойчы сакратар абкома. Заязджаў нарком земляробства. Няўжо Булатаў вышэй за ix?

Пятро ведаў гэтага чалавека. Як ведаў? Больш правільна сказаць: бачыў многа разоў. Капітан заўсёды сядзеў у прэзідыумах пленумаў, актываў, на пасяджэннях бюро райкома i… заўсёды маўчаў — ні разу не выступіў па пытаннях, якія абмяркоўвалі камуністы раёна.

У кабінеце Бабкова сабраўся ўжо амаль увесь актыў: Панас Грамыка, Саша Грошык, брыгадзір калгаса, загадчыца хаты-чытальні Каця Прымакова — актывістка ваеннага часу: пакуль мужчыны ваявалі, яна перабыла на ўсіх пасадах; Панас змяніў яе на пасадзе старшыні калгаса.

Пятро ішоў, збіраючыся сказаць упаўнаважанаму, што зрываць настаўніка з урока нельга, што сакратар райкома Уладзімір Іванавіч Лялькевіч ніколі гэтага сабе не дазваляе. Але на парозе сумеўся, бадай спалохаўся. Узлаваўся на сябе: адкуль яно, гэтае недарэчнае пачуццё? Армія выхавала, ці што, — боязь вышэйшых начальнікаў? Дык не ж! Да таго ж Крывароцькі, хоць той часам быў даволі круты, ён, Пятро, заўсёды заходзіў не толькі смела, але нават з прыемнасцю: камандзір дывізіёна быў цікавы ва ўсіх праявах свайго характару — добры i злосны, задумлівы i насмешлівы…

Пятро сказаў усім па-школьнаму:

— Дзень добры.

Бабкоў адрэкамендаваў:

— Сакратар наш — таварыш Шапятовіч.

— Ведаю, — сказаў Булатаў. У яго быў дзіўны голас — ціхі, тонкі, нейкі жаноча-дзіцячы. Пятро падумаў: ці не таму чалавек гэты публічна не выступае. Голас яго ніяк не пасаваў да выгляду — высокі брунет з чыстым, як у дзяўчыны, быццам ні разу яшчэ не галіўся, прыгожым выпешчаным тварам.

Булатаў сядзеў за старшынскім сталом, засланым чырвонай тканінай, так бязлітасна заплямленай фіялетавым чарнілам, што чырвонымі на ёй асталіся адны краі, што звісалі. Ён i тут маўчаў, разглядаў прысутных, здавалася, абыякава, як бы сумуючы, але сапраўды, як пасля прыкмеціў Пятро, даволі пранікліва.

Гаварыў загадчык райфінаддзела Рабіновіч — распякаў Бабкова i Грамыку за тое, што калгасы не пачалі яшчэ сяўбы.

— Слухайце, у вас жа пяскі. На вас надзея была, а вы падводзіце ўвесь раён. Хто дасць працэнт, калі не вы?

— Заўтра выедзем у поле, — абяцаў Бабкоў.

— Рана. Халодная зямля, — падаў голас Панас.

— Таварыш Грамыка! Ты яе мацаў? Халодная — гарачая…

— Мацаў. Капаў. Мерзлата. Мой дзед некалі скідаў штаны i садзіўся на зямлю. Так правяраў, ці можна сеяць…

— Слухай, Грамыка, табе такі скінуць штаны. Я не хачу цябе палохаць, але я добра ведаю, каму ix скідаюць. Глядзі,— пагразіў Рабіновіч пальцам.

— Абрам Навумавіч, не палохай бабу, як кажуць… Ты сеяў калі-небудзь? — з усмешачкай спытаў старшыня калгаса.

— Што ты мяне пытаеш? Што ты мяне пытаеш? На што ты намякаеш? Я, можа, больш за цябе сеяў. А ты мне тут пра дзедавы штаны расказваеш! Дзедаўскімі метадамі кіруеш, таварыш Грамыка! Вось пра што падумай!

— Ды сказаў я, што заўтра ўсе выедуць у поле. Выедзем, Панас Астапавіч? — I Бабкоў, які хадзіў па кабінеце i цёр сваю руку, хітра падміргнуў: маўляў, абяцай, няхай адчэпяцца.

Пятро ўбачыў, што Булатаў злавіў гэтае падміргванне. Чакаў, што зараз ён умяшаецца ў гэтую даволі шумную размову. Але неспадзявана не толькі для яго, але, напэўна, для ўсіх, жаноча-дзіцячы голас спытаў зусім пра іншае:

— Шапятовіч! Які вы ўрок давалі?

Усе адразу змоўклі.

— Гісторыю ў сёмым.

— Што праходзілі?

— Траяна.

— Каго?

— Рымская імперыя пры імператару Траяне.

— Ыгы. — Капітан задумаўся, быццам успамінаў гісторыю, якую даўно вучыў.

Усе чакалі, што пасля гэтых фармальных — для знаемства — пытанняў будзе працягнута размова пра сяўбу. Але Булатаў спытаў, хоць i дзіцячым голасам, але паважна, як экзаменатар:

— Чым праславіўся Траян?

I Пятро адказаў, як вучань, толькі што не падняўся з лаўкі (пасля ўспамінаў гэты вучнёўскі адказ i чырванеў ад сораму):

— Ён зрабіў, па сутнасці, апошнюю спробу аднавіць былую веліч імперыі. Рабіў паходы, заваёўваў землі…

— Агрэсар, значыцца, быў?

— Агрэсар.

— Было ix у гісторыі, гітлераў гэтых, — уставіў Бабкоў.

— Траянскі конь — яго? — спытаў Булатаў.

Пятро зразумеў, што капітан у гісторыі, як кажуць, ні вуха ні рыла. Вось тут бы i паказаць яго невуцтва перад усімі гэтымi людзьмі. Дык не ж, не хапіла духу, не адважыўся — чамусьці пацвердзіў яўную лухту:

— Яго.

Булатаў усміхнуўся задаволена: паказаў прысутным, што ён ведае гісторыю не горш за ix сакратара, у якога хапіла зазнайства не з'явіцца адразу па выкліку раённых упаўнаважаных.

Пазяхнуўшы, вярнуўся да справы — сказаў Рабіновічу:

— Добра. Запішы, што заўтра ўсе калгасы выедуць у поле. Колькі плугоў?

Бабкоў разгубіўся.

Грамыка адказаў:

— У мяне — восем.

— Чаму толькі восем?

— У кал race семнаццаць коней.

— Ну, дык колькі ты можаш запрэгчы? — ухапіўся маленькі рухавы Рабіновіч, паказваючы сваю ўпаўнаважыцкую актыўнасць.

У Панаса пабялелі зрэнкі i напяліся на шыі вены.

— Восем, — сціснуўшы зубы, сказаў так, што Булатаў рэзка падняў галаву, пільна ўгледзеўся ў яго. — За коней адказваю я! I калі яны падохнуць… — I ўжо спакойна растлумачыў начальніку аддзела дзяржбяспекі: — Да вайны не такія коні был i, i то аралі на пары. А цяпер зямля задзірванела.

Булатаў зразумеў i адвёў позірк на акно, зноў як бы выключыўся з размовы пра справы, даўшы поўную свабоду загадчыку райфа.

Бабкоў на краі стала рабіў чырвоным алоўкам на газеце падлікі i рапартаваў:

— «Ударнік» — 8, «Асвета» — 22, Варашылава — 38, «Чырвоныя пяскі» — 11…

Рабіновіч занатоўваў гэтыя лічбы ў нейкую квітанцыйную кніжку.

Пятро ведаў, што не выедуць усе калгасы заўтра ў поле, a калі хто i выедзе, то столькі плугоў, колькі называе Іван Дзямідавіч, нідзе не будзе. Не можа быць. У тым жа калгасе імя Варашылава, які лічыцца багацейшым у раёне, усяго сорак пяць коней. A галоўнае — землі яго зарэчныя, заліўныя, лепшыя ў гэтай лясной зоне, яшчэ, па сутнасці, усе пад вадой — коней патопіш. З гэтага калгаса дзеці ў школу не ходзяць з-за паводкі. Толькі на чоўне туды можна дабрацца. Ca столі Бабкоў бярэ лічбы. Нават плугоў столькі няма. У яго, сакратара, усё запісана дакладна. Які тыдзень назад на партсходзе пра гэта гаварылі, i размова камуністаў была шчырая, без дыпламатыі. Людзі па-гаспадарску думалі, як наладзіць працу так, каб пасеяць больш i ў лепшыя тэрміны.

На якое ж ліха Бабкову здалася цяпер гэтая ліпа? Падумаў бы хоць, што ўсе звесткі пра цяглавую сілу i сельгасінвентар ёсць i ў райкоме i ў райвыканкоме. Разумныя ўпаўнаважаныя маглі б мець ix у сябе. Падумаў бы, што такімі абяцаннямі ставіць пад удар усіх — сябе, старшынь калгасаў, партарганізацыю: могуць жа праверыць праз колькі дзён. Што тады скажуць пра ix партыйную сумленнасць? Пятро ўжо раскрыў рот, каб запярэчыць Бабкову, але нешта стрымала яго. Ён паважаў гэтага старога дзівака i фантазёра i ведаў, што ў раёне i так яго часта клююць. А тут яшчэ ён выставіць яго падманшчыкам, хлусам перад гэтым… Булатам? Не будзе тады добрага суседства (яны жывуць у адным доме), сяброўства, дружнай працы. А яму хочацца з усімі працаваць дружна.

Пэўна, унутраная барацьба відна была на Пятровым твары, бо Прымакова, гэтая не сказаць што праніклівая жанчына, падсунулася да яго, штурхнула каленам, прашаптала:

— Маўчыце, Андрэевіч.

Грамыка, які сядзеў насупроць, таксама даволі выразна пацёр далоняй твар, зрабіў гэткія кругавыя рухі: маўляў, няхай стары круціць — пасля разбяромся.

Пятру зноў здалося, што чалавек з дзіцячым голасам, які быццам бы сумаваў, убачыў, зразумеў i жэсты Грамыкі i шэпт Каці. Зараз вось перапыніць Бабкова, зловіць яго на падмане. Цікава было б паслухаць, як ён крычыць, злуецца, Булатаў гэты.

Перапыніў. Сказаў спакойна, амаль абыякава:

— З сяўбой — ясна. Малако!

— Але, малако! — адразу падхапіў Рабіновіч, дастаючы са сваёй кірзавай сумкі другія квітанцыйныя кніжкі.— Таварышы дарагія, што вы сабе думаеце? Вэй-вой-вэй. Вам жа на бюро паздымаюць галовы. Таварыш Бабкоў! Таварыш Шапятовіч! Вы ж на апошнім месцы. Ідзе красавік, a ў вас — шэсць i тры дзесятых працэнта… Шзсць гірадэнтаў! Што вы сабе думаеце?..

— Як шэсць? Было адзінаццаць, — схапіўся за сваю сумку Бабкоў.

— Якія адзінаццаць? Якія адзінаццаць? Вось учарашняя зводка маслапрома.

Бабкоў, які так хітра i дыпламатычна вёў размову пра сяўбу, не стрымаўся: махнуў рукамі, як падбітая птушка, закрычаў, не гледзячы на ўпаўнаважаных:

— Маслапром! Жулікі там! Пром-пром, а куды пром, чорт яго ведае! Паўмесяца назад было адзінаццаць, цяпер — шэсць.

— Колькі вам год, Бабкоў? — раптам спытаў Булатаў спакойна i як бы зусім недарэчна, а таму вельмі неспадзявана для ўсіх.

Іван Дзямідавіч адразу скіс.

— Пяцьдзесят тры. А што?

Капітан не адказаў — што.

Шапятовіча пачала… не, не злаваць, а неяк крыўдзіць, амаль абражаць уся гэтая размова — мнагаслоўнасць Рабіновіча, булатаўская маўклівасць i нечаканыя яго пытанні, сэнс якіх немагчыма зразумець.

Усе яны — камуністы. Чаму ж не можа быць простага, спакойнага, разважлівага абмеркавання, як што зрабіць, разумных парад, дапамогі? Каму патрэбна такая «накачка»? Няўжо яны не ведаюць, як людзі жывуць? З каго ты патрабуеш гэтае малако? Колькі тых кароў, ды i тыя чуць выйшлі жывымі з зімы!

Пятро падняўся, рашуча падышоў да стала, пастараўся сказаць як мага разважлівей, прасцей, хоць гэта не вельмі атрымалася — хваляваўся:

— Таварышы, мы працуем для людзей, каб ім лягчэй… каб раны вайны загаіць… Карацей кажучы, мы мусім ведаць, як жывуць людзі. Якое цяпер малако? Галлём жа кормяць. За Займішчам увесь асіннік з'елі…— i запнуўся, убачыўшы, як пільна глядзіць на яго Булатаў. Здалося, што той зараз спытае: «А вы бачылі гэты асіннік?» Пра асіннік сказалі вучні, а ён, Пятро, нават не помніў, які там асіннік за Займішчам — вялікі, малы? Якое агіднае адчуванне! Быццам ён баіцца гэтага капітана. А чаго яму баяцца? Аднак ніхто яшчэ так не гіпнатызаваў, як гэты знаёмы i незнаемы чалавек з прыгожым тварам i дзіцячым голасам.

— У вас прыёмнік ёсць, Шапятовіч? — пытанне яшчэ больш неспадзяванае, чым Бабкову.

Пятро нават не адразу зразумеў.

— Што?

— Радыёпрыёмнік.

— Не.

— Вы не прывезлі сабе з Германіі радыёпрыёмніка?

— Не.

— А што вы прывезлі?

«Што яму адказаць? Гармату прывёз, чорт вазьмі! Немку прывёз. Што табе яшчэ трэба?»

Але адказала Каця Прымакова:

— Кнігі,— i засмяялася.

— Кнігі?

— Але. Хто вёз анучкі, a Андрэевіч — кнігі.

— Якія кнігі?

— Нашы. Савецкія, — раздражнёна адказаў Пятро.

— Дзе вы ix там узялі?

Не, ад яго проста так неадчэпішся. Кніга — рэч сур’езная, i прыйдзецца сур'ёзна расказваць праўду.

— У маёнтку нейкага высокага фашыста мы знайшлі rapy кніг — тры пакоі былі завалены… Бібліятэка аднаго нашага інстытута.

— Якога?

— Вінніцкага педагагічнага. Ну, я выбраў сабе пару дзесяткаў падручнікаў… Ведаў, што ў нас цяжка з кнігамі, спалена ўсё… А хацелася хутчэй вучыцца.

— Словам, вы прысвоілі кнігі інстытута?

Пятро ўспыхнуў:

— Вы былі ў Германіі, таварыш капітан?

Булатаў не адказаў.

— Каб былі, то бачылі б, што не да кніг там было, калі вайна ішла. Кнігі гэтыя разбіраў, хто хацеў — бібліятэкі часцей, салдаты, дзяўчаты нашы, што ў няволі былі. Можа, усе разабралі. А можа, рэшта i цяпер там ляжыць. Калі на тое пайшло, дык я свае магу адаслаць у інстытут. Я чужога ніколі не прысвойваў…

— Дык што будзе з малаком? — гэтак жа нечакана пераключыў Булатаў размову.

— Вырасце трава — пойдзе малако, — адказаў Грамыка.

— Значыцца, рабочы клас, які аднаўляе гарады, заводы, павінен сядзець i чакаць, пакуль у вас вырасце трава? — закрычаў загадчык райфа.

— Ну, а з чаго ты яго цяпер надоіш? — расцягваючы словы, спытаў Панас, павольна затоптваючы нагой недакурак, i раптам мацюкнуўся. — Гаворыш ты, Абрам, i ў роце ў цябе суха. Гародзіш храновіну. Ты ж пятнаццаць год жывеш сярод нас. Больш. Я цябе помню яшчэ ў палітаддзеле МТС. Тады ты разумеў калгасніка. A стаў фінансістам…

— Вы чулі? Яму ўжо не падабаюцца савецкія фінансісты! Яму ўсё не падабаецца!

Каця, смяшлівая ад прыроды, заціснула канцом хусткі рот, каб не пырснуць.

— Не думай, што калi ў цябе тры калодкі ордэнаў, дык табе ўсё дазволена!

— Нічога мне не дазволена. З мяне ўсе многа патрабуюць i мала даюць. Жонка i тая за вайну выйшла з-пад улады. Бунтуе.

— Ого, у цябе пабунтуеш! — Каця нарэшце знайшла зручны момант, каб гучна i адкрыта засмяяцца.

— Вой, язык у цябе, Грамыка! Вой, язык! Я табе скажу, што табе такі ўсякуць яго, — ужо лагодна ківаў галавой Рабіновіч.

— Хрэн з ім. Што мне, языка шкада? Я жыцця не шкадаваў.

Булатаў зноў пільна паглядзеў на былога камандзіра танка, быццам жадаючы пераканацца, сур'ёзна ён усё гэта кажа ці жартуе. Мабыць, не разгадаў, бо пазяхнуў, паглядзеў на наручны гадзіннік. Спытаў:

— Колькі ім за красавік трэба здаць, Рабіновіч?

Фінансіст заглянуў у свае пакамечаныя паперы:

— Шэсць тысяч літраў.

— Выканаем! — раптам гэтак жа нечакана, як з выездам у поле, запэўніў Бабкоў.

Грамыка даволі красамоўна кіўнуў Пятру: маўляў, з глузду з'ехаў стары. Але сам нізка нахіліўся i пачаў скручваць новую цыгарку — лепш прамаўчаць.

Бабкоў зноў распісваў на газеце, у якой вёсцы колькі кароў i колькі адтуль можна атрымаць малака. Выходзіла, што ўсё вельмі проста, што задание не толькі рэальнае, але бадай што i заніжанае.

— Капылаўцы — куркулі гэтыя — могуць салам здаваць. У кожнага поўныя кублы сала. Вунь, як у сакратара майго, у Капыла, — яшчэ даваеннае прагоркла, задубела.

Каця весела смяялася: яна ведала, што Капыл слухае ў суседнім пакоі.

Рабіновіч ззяў ад задавальнення — яму абы атрымаць абяцанне, тады лягчэй будзе патрабаваць: вы ж абяцалі!

Грамыка, хоць i загадаў сабе маўчаць, не стрымаўся:

— Не залівай ты, Іван Дзямідавіч. Таварышы з раёна i праўда падумаюць, што людзям сала няма куды дзяваць. А я табе па хатах пералічу, у каго яно ёсць. У Капыла ды яшчэ ў двух-трох…

— А я на сённяшні дзень кавалка хлеба не маю! Я, можа, сёння не снедаў,— раптам невядома на каго ўзлаваўся Бабкоў.

Ад гэтага яго недарэчнага, але, безумоўна, праўдзівага прызнання ўсім зрабілася неяк няёмка, быццам чалавек сказаў штосьці непрыстойнае. Нават Булатаў падняўся ca свайго месца i, павярнуўшыся да акна, разглядаючы дзяцей, якія высыпалі на перапынак, кінуў свайму памочніку:

— Што там у нас яшчэ?

— Яшчэ? Яшчэ я скажу ім прыемнае. Не думайце, што толькі патрабуюць ад вас. Даюць i вам. Савецкая ўлада — яна добрая! — Рабіновіч дастаў ca сваёй сумкі новыя паперкі.— Вось. Райвыканком выдзеліў вам дзве тоны — дзве тоны! — ячменю для насельніцтва…

Пятра шчыра ўзрадавала гэтае паведамленне, ён адразу прыкінуў, колькі сямей можна падтрымаць у гэтыя цяжкія вясновыя дні. A калі ячмень добры, то людзі могуць пасеяць на гародах. У Панаса таксама пасвятлеў яго чорны ад прыроды i ад трактарнай ды танкавай копаці твар.

— I яшчэ. Па лініі ЮНРА прыйшла нейкая адзежына. Багатыя амерыканцы ахвяруюць няшчаснай Еўропе свае неданоскі.— Абрам Навумавіч грэбліва паморшчыўся: відаць, бачыў ужо гэтыя неданоскі.— Вам таксама перапала сёе-тое. Вось. Абутку — семдзесят пар…

Рабіновіч пачаў чытаць спіс. I ўсе зацікаўлена наблізіліся да стала, каб самім заглянуць у гэты спіс. Што ж, не грэх прыняць i такую дапамогу. Пакуль яны там багацелі на вайне, мы ваявалі: гінулі, хавалі блізкіх, галадалі, даношвалі тое, што набірала наша не вельмі багатая яшчэ лёгкая прамысловасць за кароткі мірны час, выйшлі з вайны разутыя i раздзетыя.

I раптам, калі ўсе былі заняты пералікам кофтачак i штаноў, ужо зусім нечаканае:

— Грамыка! Здайце пісталет!

Панас адскочыў ад стала, i твар яго адразу збялеў.

Булатаў, здавалася, глядзеў у акно, быццам i не ён гэта сказаў, a нейкі нябачны прывід.

— Які пісталет?

— Які вы прывезлі з арміі. Нямецкі.

— Няма ў мяне ніякага пісталета.

— А мы маем даныя, што пісталет у вас ёсць.

— На чорта ён мне! З жонкай ваяваць, ці што? Ці дзяцей забаўляць?

Булатаў крута павярнуўся:

— Няма?

— Таварыш Булатаў, я ж не дзіцёнак. Я дарослы чалавек!

— Добра. Паверым, што няма ў вас пісталета. — I зноў адвярнуўся да акна.

З сельсавета Пятро i Панас выйшлі разам i, не змаўляючыся, пайшлі да рэчкі. Мабыць, абодвум хацелася пагаварыць. Паабапал — як вокам кінуць — прасторы залітых вадой лугоў. Спыніліся на грэблі каля моста. Дзень быў халодны, ветраны. Пясчаны насып сярдзіта лізалі хвалі.

— A пісталет у мяне ёсць, — з не меншай нечаканасцю, чым былі словы капітана, прызнаўся Панас. — Толькі не нямецкі — амерыканскі. А запытай — на якое ён ліха мне? Усе мы, як дзеці, любім цацкі. Вось i я прывёз цацку — на памяць. А каму яна патрэбна, такая памяць? Хочу забыць хутчэй пра яе, вайну, будзь яна проклята, a пісталет хаваю. Хіба не дурань?

— Чаму ж ты не прызнаўся?

— Гэтаму! Ты бачыў яго метад? Каб ён па-чалавечы — чаму не прызнацца? А так — падумаў: прымусіць пісаць тлумачэнне — дзе ўзяў, чаму адразу не здаў? А што я напішу? Што пасля добрай выпіўкі мне падарыў яго амерыканскі лейтэнант! I я, дурань, вырашыў захаваць на памяць? Такі, брат, вартавы дзяржбяспекі прышые табе дзела, ды i не адно: за сувязь з амерыканцамі… Даказвай пасля, што сустракаліся мы цэлай танкавай брыгадай з ix танкавай дывізіяй… За незаконнае трыманне зброі… за што хочаш…

Памаўчалі.

— Прыйдзецца ўтапіць у віры гэтую «памяць».

I зноў пасля паўзы:

— Але хацеў бы я ведаць, якая падла данесла? Акрамя жонкі, ніводзін чалавек не ведаў. Грышка, парасё, відаць, падгледзеў i некаму пахваліўся.

Пятро стаяў, глядзеў на свінцовую ваду i думаў: чаму чалавек гэты так шчыра прызнаецца? Навошта яму, сакратару, ведаць пра яго пісталет? Не хапала яшчэ клопату: хаваць чужую тайну. I ад каго? Ад савецкіх органаў. A калі — крыи божа! — той, хто напісаў першы данос, напіша другі? Што тады можа падумаць Панас пра яго, каму ён даверыў сваю тайну? А можа, знарок правярае? Фу, чорт, мімаволі зробішся падазроным! Нельга ж жыць, калі не верыш у чалавечую шчырасць!

IV

Шапятовіча даўно ўжо абражалі i абуралі паводзіны трупы інвалідаў. Здаецца, добрыя людзі, некаторыя проста героі — па тры калодкі ордэнаў, як казаў той Рабіновіч, а ставяцца да ix, мясцовых кіраўнікоў, як… амаль што да сваіх ворагаў. Быццам усе яны — Бабкоў, Грамыка, Капыл, ён, Пятро, — толькі i думаюць, як бы што ўкрасці, схапаць, змахляваць, некага абысці, «з'есці».

Не раз Пятру хацелася сказаць ім з крыўдай, але спакойна i прачула:

«Браткі мае! Я ваяваў гэтак жа, як i вы. I такі ж інвалід — навылет двойчы прастрэлены. Але ж я не крычу, не выстаўляю сваіх ран. Я працую. I не для свае карысці, акрамя асноўнай працы — настаўніцкай, цягну грамадскую. Мне даручыла партыя, я — камуніст i таму мушу думаць не толькі пра сябе, але i пра вас — пра ўсіх… А што вы маеце да Бабкова? Чалавек з першых дзён па заданию райкома пайшоў у партызаны. За гэта фашысты знішчылі ўсю яго сям'ю… Перажыў такую трагедыю. Да таго ж таксама двойчы паранены… Выходзіць, у вас нервы, a ў яго — няма?..»

Але пагаварыць так, сардэчна, не ўдавалася. Размовы кожны раз былi нервовыя, бо інваліды патрабавалі немагчымага i пачыналі з папрокаў, абвінавачванняў. Крыкам пачыналі. Вось як цяпер… Толькі селі члены выканкома ў сельсавеце, зачыніліся ў кабінеце старшыні, каб раздзяліць паміж тымі, хто мае найбольшую патрэбу, ячмень i юнраўскія лахманы (сапраўды-такі лахманы), яны, інваліды, тут як тут. Чалавек сем. Перад гэтым, безумоўна, заглянулі ў краму, хапілі па шклянцы, а можа, i па дзве, разліўной i разбаўленай ванючай гарэлкі. Селі — хто на лавачцы, хто проста на зямлі, у пясок, перад вокнамі i… давай скланяць i Бабкова, i Капыла, i Прымакову. Яго, Пятра, i Грамыку пакуль што не чапалі. Імёны, праўда, наогул не называлі. Але — намёкі…

— Сабраліся: адзін сухарукі, другі суханогі. Два боты — пара.

— Дык гэты хоць сваю міну п'яны разбіраў. А дзе той нагу пакалечыў?

— А той немцам яйкі памагаў збіраць. — Гэта пра Капыла, хоць усім вядома, што кульгавы ён не з вайны, а яшчэ з дзіцячых год. За кожным словам — пакручастая лаянка. Асабліва стараўся аднарукі Рыгор Прышчэпа.

Бабкоў «закіпеў»:

— Пазваню ў міліцыю. Дакуль трываць? Працаваць не даюць. Добрых людзей з панталыку збіваюць. Я ім — што? Я — савецкая ўлада на сённяшні дзень. А выпады ix што? Гэта ж антысавецкая прапаганда.

Грамыка паморшчыўся, быццам яму забалела.

— Не кідайся, Дзямідавіч, словамі. Антысавецкая! Што яны — за Гітлера рукі ды ногі палажылі, калекамі пасталі?

— Але нікому не дадзена права хуліганіць!

— Выпілі хлопцы — няхай памянташаць языкамі. Стомяцца — разыдуцца. Вокны ж не б'юць.

— А ты хацеў, каб вокны білі?!

— Дамо волю — i да вокнаў дабяруцца, — адкашляўшыся, прахрыпеў Капыл.

— Эх, спалохаліся! — зняважліва да Бабкова i Капыла хмыкнуў Міхайла Атрошчанка, старшыня сельпо, таксама інвалід, без правага вока, з апаленай шчакой. Весела засмяяўся: — Дазволь, Шапятовіч, я з імі пагавару. Люба-міла будзе паслухаць. Шпяктакль!

Пятро ведаў, як Атрошчанка гаворыць. Чуў. Нікога, бадай, інваліды так не скланяюць, як яго. Але i паважаюць — свой. Ніхто з кіраўніцтва не ўмее так «крыць», як ён. Разыдзецца — то ix дзесяцёра не могуць перамацюкаць яго аднаго. Пятро мусіў пасарамаціць гандляра на партийным сходзе. Таму ён цяпер i прасіў дазволу.

Ляпнулі дзверы ў медпункце, i на вуліцы з'явілася Саша.

Пятро пазіраў у акно. Інваліды, пэўна, забыліся, што доктарка можа быць тут. Убачылі — трохі сумеліся.

Саша імкліва саскочылаз ганка, стала перад імі. Белы халат быў накінуты на плечы, вецер развяваў яго, i гэта надавала маленькай жанчыне ваяўнічы выгляд — стаяла, як Напалеон перад войскам.

Пятро ажно залюбаваўся жонкай.

— Ну i красунчыкі,— працягнула яна, дакорліва ківаючы галавой. — А словы, словы — сцены пачырванелі. Я хацела ватай вушы затыкаць.

— Прабачце, Аляксандра Фёдараўна, — апусціў галаву Вася Нізавец, самы малады i самы няшчасны — без абедзвюх ног; ён сядзеў на пясчанай сцежцы, прывязаны да сваёй прымітыўнай каляскі — дошкі на маленькіх колах.

— Школа побач вунь, — дакарала Саша, ужо звяртаючыся да старэйшых — да Прышчэпы, да Асадчага. — Дзеці вашы. Пасаромеліся б.

— Але, дзеці! — згадзіўся Прышчэпа i па-камандзірску загадаў: — Усё, браткі! Языкі на замок! Хто распусціць — месца ў нашай кампаніі не будзе!

— А за што гэта вы, галубочкі, напіліся? Дома бульбіны няма…

Пятру нават страшна зрабілася. Пашле зараз каторы: што табе да таго, маладзіца? Не. Пераглянуліся — маўчаць.

— Зноў чый-небудзь гадзіннік залажылі? Прызнайцеся. Ну, я гэтую шынкарку злаўлю! Адкрыла лавачку! Карчма, а не сельпо! I старога спаднічніка аблытала. Яшчэ член парты!! — Гэта Саша пра Атрошчанку.

Старшыня сельпо ўсхапіўся з месца, але да акна не наблізіўся.

— Ну i піла ж у цябе, Андрэевіч, а не жонка. У мяне брытва, ну, а твая вастрэйшая. Хаця б перад гэтымі крыкунамі не мітынгавала. Сказаў бы ты ёй.

— Ідзі скажы, — засмяяўся Грамыка, ведаючы, што Атрошчанка баіцца Сашы гэтак жа, як і Бабкоў. Яна не можа дараваць, што ён, бацька чацвярых дзяцей, дзве дачкi— нявесты, «круціць любоў» ca сваёй крамшчыцай — удавой Гашай. I заўсёды рэжа праўду ў вочы.

— Каму-каму, а вам, Вася, нельга ж піць. Hi кроплі. Вам гэта горш за любую атруту…

Вася закрычаў:

— А на чорта яно мне, жыццё такое?

— Ну i дурань, — ласкава, някрыўдна, неяк зусім па-мацярынску ўпікнула Саша. — Адзін ты такі? Ці мы з Надзяй вінаваты, што цябе Гітлер скалечыў?

— Аляксандра Фёдараўна! — крыкнуў Вася, стукнуўшы сабе ў грудзі дошчачкамі, якімі абапіраўся аб зямлю, каб ехаць на сваёй калясцы.

— А навошта ты мучыш i яе i сябе? Ссохла дзяўчына. Кожны дзень слёзы лье. Завошта ты яе караеш? За тое, што пяць год чакала? I кахае цяпер…

— Шкадуе яна мяне, а не кахае, — апусціўшы галаву, прашаптаў Вася i тут жа схамянуўся, мабыць, засаромеўшыся сваёй слабасці; зноў крыкнуў: — А мне жаласці не трэба! Нічыёй!

— А якая ж гэта любоў без жаласці? Усе мы вас шкадуем.

— Жаніся, Вася! Апошнія штаны прадамо, а вяселле згуляем, — весела сказаў Іван Асадчы, які вось ужо два гады закаваны ў стальны карсет, бо пашкоджаны пазваночнік. Між іншым, толькі ён адзін не п'е, бо ведае, што яму гэта — смерць. Але ў кампаніі заўсёды i сваю долю на выпіўку ўкладае. Бабкоў сцвярджае, што гэта ён верхаводзіць у групе i падбівае інвалідаў «каламуціць ваду». Хоць звычайна шуміць больш за ўсіх Рыгор Прышчэпа.

— Вы, Іван Аляксеевіч, не жартавалі б, а сур'ёзна пагаварылі б з таварышам сваім. Гэта — яго жыццё, яго лёс. I яе, Надзін.

— A праўда, Вася, чаму ты ламаешся? Надзя — гэта, ведаеш, якая баба? Як мая Галя. Такая на руках будзе насіць усё жыццё, — раптам горача i сур'ёзна пачаў угаворваць

Васю Прышчэпа.

Яго падтрымалі другія. А Саша — як добры дырыжор перад гэтым хорам.

Атрошчанка пакруціў галавой:

— Вот умее яна з імі пагаварыць!

— Хто — Шура? Будзь спакойны! Яна яшчэ i з табой пагаворыць! — зноў засмяяўся Грамыка i тут жа запатрабаваў: — Давай, Халімон, гані далей. Няма калі сядзець тут. Сеяць трэба.

Капыл пачаў чытаць прозвішчы з гаспадарчаи кнігі. Тлумачыў, якая сям'я, як жыве; ён ведаў усе восемсот двароў — ва ўсіх вёсках i пасёлках. Вырашылі, каму памагчы. Часам спрачаліся. Пятро прыкмеціў, што Капыл пра усіх усе ведае, усе грахі ўспамінае — хто ў калгас не хацеў уступаць, каго да вайны яшчэ судзілі за кражу арцельных гуркоў, а вось пра грахі фашысцкай акупацыі забывав. Тады нагадвае Каця Прымакова. У яе да ўсіх, хто служыў немцам, — лютая нянавісць. Як у Сашы. Можа, праз гэта шмат у чым такія розныя, яны — не сказаць, што сябруюць, але жывуць i працуюць дружна. Саша нават падкормлівае, чым можа, паўтарагадовых блізнят Каці, дзяцей гарачай любові Каці да афіцэраў той часці, якая вызваліла ix сяло i некаторы час стаяла тут на адпачынку — збіралі сілы, каб фарсіраваць Сож i Дняпро.

Галасы за акном замінаюць. Але пакуль там угаворваюць Васю жаніцца, пакуль Саша горача даказвае, што такое жаночае каханне, якога дурні-мужчыны амаль ніколі не разумеюць, — працаваць можна, хоць i не вельмі засяроджана.

Але за акном зноў пачынаюць пра тое, што не можа не адарваць ix, членаў выканкома, ад спіса, ад ячменю i кофтачак.

Саша. Ведаеце, што я вам раю, людцы добрыя? Ідзіце вы дахаты. Не перашкаджайце — хутчэй кісялю наварыце.

Прышчэпа. А хто там дзеліць? Вы, Шура, у камісіі?

Саша. А як жа! Больш у мяне работы няма, як анучкі дзяліць.

Асадчы. Не ў анучках справа, Аляксандра Фёдараўна! Не з-за анучак мы прыйшлі. Не падумайце. Прынцып! Во што галоўнае. Чый там голас мае большую сілу? Хто ведае людзей? Ваш муж не ведае. Старшыня таксама не тутэйшы, з суседняга сельсавета. Капыл адзін усіх ведае…

Вася. Але i мы яго добра ведаем!

Голас незнаёмага. Як ён яйкі немцам збіраў.

Прышчэпа. Што там яйкі! Партызана выдаў. Павесілі хлопца…

Асадчы. Рыгор! Што не даказана — пра тое плявузгаць няма чаго. Ці мала ix, бабскіх плётак!

Прышчэпа. Добрыя плёткі!

Саша. Ён жа ў партызанах быў.

Вася. Пасля трэба ж было замаліць грахі.

Прышчэпа. Такі ўсюды прышыецца. I да фашыстаў i да камуністаў…

Пятро назіраў за Капылом. Той унурыўся, трохі не ўткнуўшыся шызым носам у «гросбух», i не паднімаў вачэй, бубніў прозвішчы, як панамар. Безумоўна, ён чуў дыялог за акном. Недарэмна яго звычайна малінавыя вусны пасінелі, не, нават набылі нейкі цёмна-фіялетавы колер, a скроні i шчокі стал i жоўтыя.

Пятро думаў: «Калі ўсё гэта няпраўда, дык чаму ж ты, стары хрыч, маўчыш? Гэта ж не толькі твой аўтарытэт, але i аўтарытэт сельсавета, савецкай улады. Выйдзі ды хоць добра вы лай гэтых п'яных балбатуноў».

Абураўся Бабкоў:

— Не, я ўсё-такі пазваню ў міліцыю.

Пятро ўзлаваўся:

— I што ты скажаш? На жыццё тваё замахваюцца? Ідзі пагавары з імі спачатку. Ты ж улада!

— Што з такімі гарлапанамі гаварыць?

— Не хочаш? Ну дык я пагавару! — I Пятро рушыў да выхаду, адкінуў кручок, шырока расчыніў дзве палавіны дзвярэй i выйшаў на ганак.

— Заходзьце, таварышы, — ветліва запрасіў ён інвалідаў.— Навошта вам пад вокнамі мітынгаваць?

Яны разгубіліся ад такой нечаканасці.

— Заходзьце, заходзьце, не саромейцеся. Памажыце Нізаўцу падняцца на ганак.

— О, я сам, парторг! — I Вася першы падкаціў на сваёй калясцы да ганка.

Саша хораша кіўнула мужу галавой, яўна ўхваляючы яго запрашэнне, і, захінуўшы халат, каб не сарваў вецер, пайшла ў вёску, відаць, на візіт да хворага, бо з чамаданчыкам.

Ячмень паступіў у сельпо, a «юнраўская дапамога» ляжала тут жа, у кабінеце: у адным кутку — абутак, у другім — адзенне. Прывезлі ў мяшках, але мяшкі мелі каштоўнасць, яны былі на ўліку ў нейкай арганізацыі, i ix забралі назад.

Калі інваліды гуртам уваліліся ў кабінет, спалохаўшы Капыла, здзівіўшы Бабкова i Прымакову, Пятро сказаў ім:

— Ну, вось, хлопцы, усё дабро перад вамі. Калі ласка, няхай кожны выбера па пары чаравікаў якіх хоча, хто — сабе, хто — жонцы, хто — дзецям.

Інваліды недаверліва пераглянуліся. Члены выканкона змоўклі, тоячы ўсмешкі: яны зразумелі Пятроў «ход канём».

Вася пад'ехаў да кучы абутку першы, адразу ўзяў у рукі жаночы чаравік, пачаў шукаць другі. Але пары не было. Пар не было ўвогуле. З усяе кучы хіба можна было выбраць дзветры пары чаравікаў, аднолькавых па форме, па колеру, па памеру, усё іншае — няпарнае. Як на смех, на здзек! Яны, члены выканкома, гэта выявілі яшчэ з раніцы, калі прывезлі «дапамогу». Званілі ў раён, адтуль адказалі: «Усё такое». — «Як жа людзям выдаваць няпарны абутак?» — «Як хочаце».

Было смешна i сумна, крыўдна i абразліва. Адразу стала зразумела, што збіралася гэтая «дапамога» без павагі да тых, каму яна прызначалася. Сытыя галодных не разумелі. Амерыканцам, якія на вайне набілі кішэні, было мала клопату да тых, каго гэтая вайна разула i раздзела. Для многіх там, у Штатах, гэтая дабрачыннасць была адной з чарговых забаўных кампаній — абы чым заняцца. A калі працоўныя людзі давалі, што маглі, i ад шчырага сэрца, то ўсё гэта збіралася як утыль, без сартавання, упакоўкі, грузілася навалам, проста ў трумы, а таму так перамяшалася. Акрамя таго, пазней ужо ў сусветнай прэсе чуліся галасы пра гэтую «дабрадзейную арганізацыю» — што яна пасылала тым, хто пачаў вайну i павінен быў несці адказнасць, i якую «дапамогу» атрымлівалі ад яе тыя, хто ратаваў Еўропу, а можа, i ўсё чалавецтва, ад фашысцкай навалы.

— Ды што ж гэта яны, паразіты, думаюць, што мы тут усе без ног асталіся! — злосна шыбнуў адзін чаравік Вася Нізавец, калі Пятро растлумачыў, што другога такога, бадай, не знайсці. Не старой маці, безумоўна, хацеў Вася ўзяць чаравікі на высокіх абцасах. Пра Надзю думаў, пра яе разутыя ногі.

Следам за Нізаўцом усе шыбанулі паднятыя чаравікі назад у кучу i грэбліва выцерлі рукі аб зашмальцаваныя, у некаторых, пэўна, адзіныя, нязменныя штаны i гімнасцёркі, яшчэ тыя, што некалі выдалі ім на фронце старшыны.

Эх, якімі сакавітымі словамі памянулі хлопцы заморскіх «дабрадзеяў»! Шкада, што словы гэтыя нельга друкаваць.

— Адаслаць ім к такой мацеры ўсе гэтыя лахманы назад!

Такую прапанову, i не менш злосна, Шапятовіч выказаў яшчэ раніцай, як толькі ўбачыў гэтую «дапамогу». Але разважылі разам: каму адсылаць? Хто вінаваты? У раёне? Але ж ніхто не мог выкрасці па адным чаравіку з пары.

— Ну, цяпер, таварышы, сядайце i памажыце размеркаваць гэтае дабро.

Бабкоў ужо задаволена цёр сваю кантужаную руку: сцішаная сур'ёзнасць i паважнасць інвалідаў, якія колькі хвілін назад так пагрозліва шумелі, радавала яго. Грамыка стоена пасміхаўся, пускаючы свой кісет з самасадам па руках.

— Браточкі, калі вы задыміце ўсе адразу Панасавым гарладзёрам — мы ж адзін ад наго бачыць не будзем. Гэта ж дынаміт у сумесі з дымавой шашкай, — жартам i сур'ёзна прасіў Пятро.

Смяяліся, але цыгарак не кідалі.

Капыл вычытваў прозвішчы гучней, чым да прыходу «прадстаўнікоў грамадскасці», i сядзеў паважней — мабыць, хацеў паказаць, што ён тут не абы-хто, a роўны сярод роўных, але разам з тым пастава плеч была такая, быццам чалавек чакаў, што яго ў любую хвіліну могуць ударыць. I голас яго неяк дзіўна секся.

«Прайшлі» адну вёску — Капылы. Узяліся за другую — Панізоўе. Адна сям'я, другая — міма. Пра трэцюю:

— Гэтым бедакам трэба нешта падкінуць. Ячменю на крупнік. I хоць няпарныя чаравікі. Дзяўчына — нявеста, а на вячоркі ходзіць у бурках.

— Так i запішы, Каця. Паўпуда ячменю i чаравікі. Ніхто не пярэчыць?

— Нізавец Вольга Пятроўна. Сям'я ворага народа, — паведаміў Капыл, не ўзняўшы нават галавы, упэўнены, што тут затрымлівацца няма чаго. — Асадчы…

Ды Шапятовіч раптам спыніў сакратара:

— Чакайце, Халімон Авяр'янавіч. Я прапаную сям'і Нізавец аказаць дапамогу. Я не ведаю, за што пасадзілі самога Нізаўца, але… дзеці за бацьку ў нас не адказваюць! Таварыш Сталін сказаў… A дзеці — школьнікі… Малодшая — выдатніца. Таня ў мінулую пятніцу самлела ў класе. Фельчар наш кажа — недаяданне.

— Тых, хто ваяваў, мінаем, а хто… — запярэчыў Рыгор Прышчэпа, хоць не вельмі рашуча.

— Жанчына з дзецьмі на фронт не магла пайсці. Але i яна ваявала… Вольга Пятроўна да фашыстаў служыць не пайшла. Нашым памагала. Хлеб партызанам пякла. Іван Дзямідавіч расказваў. Іван Дзямідавіч?

— Хлеб пякла, — ціха пацвердзіў Бабкоў, але неяк як быццам няўпэўнена, без сваёй заўсёднай шумнай настойлівасці: i падтрымліваць i пярэчыць да хрыпаты.

Шапятовіч убачыў, што i другія — Грамыка, Атрошчанка — сядзяць з такімі тварамі, нібы ён, сакратар, сказаў i зрабіў нешта недазволенае i ім ніякавата за яго, a паправіць няма як — староннія людзі прысутнічаюць.

Адзін Капыл адарваўся ад кнігі i глядзеў на Пятра сваімі маленькімі вочкамі-свярдзёлкамі амаль з дзіцячай цікаўнасцю.

Пятро не разумеў, чаму яны вось так… Нават Грамыка, такі смелы i рашучы. Булатаву i Рабіновічу вунь як адказваў! А тут — патупіў вочы. Няўжо праўда баяцца падтрымаць сям'ю ворага народа? Але ж… Пятро шчыра верыў у дзейнасць формулы: дзеці за бацькоў не адказваюць. Сэрца i розум патрабавалі: памагчы такім дзецям — святы абавязак твой, камуніста, кіраўніка, педагога. Няхай дапамога мізэрная, але для такой сям'і сам факт будзе мець значэнне — пра ix клапоцяцца, як пра ўсіх, яны не забытыя, не адшчапенцы.

— Не будзем забываць, што i ў райкоме нам сказалі: у першую чаргу памагчы тым сем'ям, дзе дзеці… A дзеці ёсць дзеці!

— А каго вы агітуеце, парторг? — спытаў Вася. Пятро ды i ўсе іншыя насцярожыліся. — Пра Вольгу Пятроўну ніхто слова дрэннага не скажа. Хіба сабака які можа гаўкнуць. Не толькі хлеб яна пякла партызанам. А хто лячыў нашых матак ды малых пры акупацыі? Дактароў ніякіх не было. Няхай Іван скажа, як жонку яго ратавала.

— Што там казаць: Вольга — чалавек правільны! I дзеці — па ёй пайшлі.

Бабкоў хутка падняўся, стукнуў костачкамі пальцаў па стал е.

— Стаўлю на галасаванне, — сказаў афіцыйна, як на вялікім сходзе.

Дагэтуль не галасавалі, калі нават узнікалі спрэчкі i разыходжанні; дамаўляліся так: большасць выказалася «за» — Каця заносіла ў спіс.

Шапятовіч зразумеў — фармальнасць з'явілася ад прысутнасці інвалідаў: стары хітры i асцярожны, не жадае, каб многа гаварылі пра такую сям'ю, бо гаворкі пойдуць па сёлах, лепш — вырашыць без лішніх слоў. Што ж, гэта правільна.

Пятро першы падняў руку. I ўсе адразу паднялі, але тут жа апусцілі так хутка, што здалося — толькі махнулі рукамі.

— А нам можна? — спытаў Іван Асадчы.

— Галасуйце, — дазволіў Бабкоў.

— Ну, дык мы — «за». Так, хлопцы? — звярнуўся да «сваіх» Асадчы.

— За.

— Пішы. Чаго там разводзіць анцімоніі!

— Галасую дзвюма, — падняў абедзве рукі Вася i для апраўдання нявесела пажартаваў: — Мне можна: я без ног.

— Аднагалосна, — сур'ёзна i зноў-такі залішне афіцыйна заключыў старшыня сельсавета.

I гэта была як бы кропка. Ці, можа, як вяршыня перавалу. Усім захацелася раптам перакурыць, перавесці дыханне. Загаманілі. Пачалі скручваць цыгаркі. Гаварылі зусім пра другое — хто пра што, але ўсе чамусьці стараліся прыгадаць вясёлае.

Калі «перакур» скончыўся, Асадчы сказаў:

— Мяркую так, хлопцы! Нам тут рабіць няма чаго. Начальства само разбярэцца. Яно газеты чытае…

— О! — успомніў Рыгор Прышчэпа i звярнуўся да Пятра: — Што мы ў цябе, парторг, хацелі спытаць. — I дастаў з кішэні газету, складзеную ў шмат столак, як для цыгарак. — Расталкуй ты нам, грэшным, вось гэтую заметку.

Інфармацыя — некалькі радкоў, змешчаная недзе на апошняй старонцы, вылезла на першую старонку газетнай кніжачкі. Гэта было паведамленне аб тым, што СССР на працягу красавіка, мая i чэрвеня паставіць Францыі 400 тысяч тон пшаніцы i 100 тысяч тон ячменю. Пятро прачытау гэта яшчэ ўчора i таксама быў задумаўся, бо адчуў, што гэта тая інфармацыя, якой у газетах адводзяць вельмі мала месца, але якая займае дужа многа месца ў галовах людзей.

Ведаў: на першым жа сходзе, пры першай жа гутарцы калгаснікі спытаюць пра гэта. Ён рыхтаваўся да адказу. Аднак усё адно пытанне захапіла, можна сказаць, знянацку. Ён чакаў, што размова ўзнікне, калі яны будуць дзяліць свае дзве тоны ячменю. Тады ён дазнаўся б пра думкі другіх i праверыў бы свой адказ. Але з актыву ніхто не ўспомніў. Не чыталі ці забыліся? А вось інваліды не забыліся. Чакаюць, што ён адкажа. Змоўклі.

— Што мы — такія багатыя? Сваіх накармілі ўволю?

— Не. Ніхто не кажа, што мы багатыя. Пасля такой вайны… такой разрухі. Нялёгкая вясна i ў нас. Во… па кілаграму дзелім. Але таму, што ведаем, што такое голад, таму i дзелімся апошнім кавалкам.

— Нішто сабе кавалак! — хмыкнуў Вася Нізавец.

Пятро з яшчэ большай палымянасцю пачаў даводзіць:

— Усе мы былі на фронце. Хто — у партызанах. Каму з нас не прыходзілася дзяліцца з таварышам апошнім сухаром? Францыя — наш саюзнік, уся была пад фашысцкай акупацыяй… Народ галадуе…

Але ў нейкі міг ён адчуў, што словы не маюць трывалага грунту — яго ўласнай унутранай перакананасці. Яны, словы, хоць i простыя, але нейкія лёгкія, а таму яўна не западаюць у сэрцы людзей, a павісаюць у паветры i плаваюць, як вось гэты тытунёвы дым. Бывае, што шум i смех слухачоў не бянтэжаць i не збіваюць прамоўцу. Гэта здараецца тады, калі прамоўца сам цвёрда перакананы ў тым, у чым хоча пераканаць другіх. А бывае, што можа збіць, збянтэжыць вось такая паважная сур'ёзнасць з ледзь прыкметнымі ўхмылачкамі: маўляў, давай, давай, гарадзі, мы разумеем — табе інакш нельга.

Такія схаваныя ўхмылкі ўбачыў Пятро на тварах у інвалідаў i… занерваваўся. Амаль крыкнуў:

— А галодным мы заўсёды паможам! Мы — гуманісты!

— У Францыі галадаюць? — як бы ca здзіўленнем спытаў Прышчэпа. — Дзе вы, парторг, чыталі, што голад там? Мы таксама газеты чытаем. Ды i самі свет бачылі… Андрэй вось, — паказаў ён на аднаго са сваіх сяброў — высокага бялявага хлопца з глыбокім шрамам на лбе, у цывільным касцюме; чалавек гэты за ўвесь час не прамовіў ніводнага слова. Пятро ўпершыню яго ўбачыў, ніколі раней з гэтай кампаніяй ён нідзе не з'яўляўся. — Паўгода, можа, як вярнуўся адтуль, з Францыі. Партызаніў разам з французамі. Ён вам раскажа, як яны там… галадаюць. Раскажы, Андрэй…

Пятро чуў ад Сашы, ад другіх, што ёсць у Панізоўі інвалід Андрэй Запечка, які, уцёкшы з нямецкага палону, быў французскім партызанам, вярнуўся з ix ордэнам, даведкамі. Даўно хацелася спаткацца з гэтым чалавекам. Пятро нават намерваўся запрасіць яго ў школу — няхай раскажа дзецям пра Францыю, пра Супраціўленне, якое там было. Але ўсё неяк не выпадала пазнаёміцца. I вось пазнаёміліся. Запечка пачырванеў, як дзяўчынка, ад агульнай увагі да яго асобы.

— А што расказваць? Па-рознаму i там жывуць. Буржуі, гады, дык яны i пры бошах… немцах, значыцца, раскашавалі. А рабочаму чалавеку туга прыходзілася. Але разрухі ў ix такой няма. Столькі не разбурана, не спалена. A калі ўсё цэлае, дык, самі разумееце, неяк лягчэй абыходзіцца… — развёў рукамі i вінавата ўсміхнуўся, як бы просячы прабачыць, што не ўмее ён расказваць. Відаць было, што чалавек сапраўды не надта красамоўны. I, магчыма, не ад прыроды такі — навучыла жыццё.

— Падабаліся вам французы? — спытаў Пятро.

— Дык розныя ж яны… Партызаны — хлопцы свойскія…

Камуністы некаторыя.

— Калі мы вас запросім у школу — раскажаце?

— Пра што?

— Ну, пра Францыю. Як партызанілі там…

Запечка разгубіўся:

— Не… У мяне ўсяго шэсць класаў.

— У вас цяпер універсітэт. Акадэмія. Столькі пажыць i пабачыць!

I вось тут Грамыка нечакана i залішне патрабавальна, амаль злосна, перапыніў ix размову:

— «Канчай начаваць», як казаў той казах. Давайце працаваць! Няма калі пераліваць з пустога ў парожняе. Сеяць трэба! Займаемся чорт ведае чым!..

— Але, браткі, пайшлі. Не будзем замінаць! — падтрымаў яго Асадчы i першы накіраваўся да дзвярэй, але з парогa папрасіў: — Не забывайце нас, пакрыўджаных Богам.

— Не забудзем! — бадзёра i задаволена запэўніў Бабкоў.

Пятро маўчаў. Не сказаць, што выхадка Грамыкі яго пакрыўдзіла. Але ўсё-такі неяк непрыемна кранула самалюбства. Заўсёды Панас слухаў яго з такой павагай. А тут, пры людзях, па сутнасці, крыкнуў, як на блазнюка. Завошта? Што яму не спадабалася?

V

…I з'явілася жанчына, прыгожая, як багіня. У адзенні казачным — доўгім, да пят, пурпуровым, аксамітным. I села яна побач з ім, Пятром, за парту, заплямленую чарнілам. Пятро спалохаўся, што запэцкае яна сваё царскае адзенне. Хацеў быў сказаць пра гэта, але тут жа зразумеў, што звярнуць яе ўвагу на такія парты — значыцца, паказаць сваю нявыхаванасць, нетактоўнасць. Такое можна сказаць любой жанчыне, але толькі не гэтай… Адзін дотык яе адзення — мяккага, як гагачы пух, гарачае дыханне ап'янілі яго. Закружылася галава. Ён збянтэжыўся i засаромеўся, як хлапчук. Але яна ласкава прашаптала:

«Абнімі мяне».

I ён абняў яе з душэўным трапятаннем i бояззю: раптам убачыць Саша? Але не Саша ўгледзела яго «грэх». Немаведама адкуль з'явіўся Атрошчанка з адным вялікім, як у цыклопа, вокам і, паказваючы на ix ненатуральна доўгім пальцам, злосна зарагатаў:

«Ага, праведнік! Цяпер i я цябе злавіў. Мяне ты за Гашу «пясочыў» на партсходзе, а сам во з якой краляй цалуешся! Заўтра будзеш на бюро райкома».

Ды ён, Пятро, у той міг здагадаўся, хто яна, i з дакорам сказаў Атрошчанку:

«Дурань, гэта — багіня Афрадыта. За багінь на бюро не выклікаюць».

Атрошчанка так засаромеўся свайго невуцтва, што адразу набыў звычайны чалавечы выгляд, нават, здалося, не пратэз у яго правай вачніцы пад абгарэлым брывом, а жывое вока, i не такое хітрае, як тое, адзінае здаровае, не вока насмешніка i мацюжніка, а добрае, чыстае, як у дзіцяці.

«Ага, хоць раз ты сеў у лужыну», — з радасцю падумаў Пятро, назіраючы, з якой павагай, задам, адступае ад багіні старшыня сельпо. Але, аглянуушыся, Пятро ўбачыў воддаль у паўзмрочнай вялізнай зале, пад мармуровымі калонамі, Панаса Грамыку. Перш за ўсё падумаў пра калоны — які ордэр: іанічны, карынфскі? Паспрабаваў прыгадаць, якая розніца паміж гэтымі ордэрамі. У формах капітэлі. Але капітэлі тонуць у змроку. Ды i Грамыка не дае засяродзіцца, падумаць — глядзіць скептычна, насмешліва, дакорліва ківае галавой. Адкрывае рот — i голас яго адбіваецца рэхам, ляціць з усіх бакоў:

«Наіўны ты, як дзіця. Ніякая гэта не Афрадыта. Гэта — Эхідна. I яна цябе падвядзе пад манастыр, памянеш маё слова. Бабы, брат, яны ўсе такія — хітрыя, як чэрці».

Багіня засмяялася смехам Марыі Антонаўны, ix настаўніцы, самай языкатай. I пацалавала яго ў шчаку, ды не звычайнымі жаночымі вуснамі, гарачымі i духмянымі, а нейкімі драўлянымі, цвёрдымі — аж балюча зрабілася.

Ліст «Міфаў Старажытнай Грэцыі» быў скамечаны i заплямлены слінай. Край кнігі намуляў шчаку.

Пятро расцёр шчаку, разгладзіў ліст, зменшыў агонь у лямпе, што стаяла тут жа, на стале, пасярод кніг. Падумаў, што вось так, заснуўшы над кнігай (а гэта не першы раз), ён можа незнарок перакуліць лямпу i нарабіць пажару. Трэба вешаць на сцяну. Але тады святла няма як засланіць, i яно будзе перашкаджаць Сашы i Ленцы спаць. Падумаў пра жонку, дачку — i толькі тады «растармазіліся» мазгавыя клеткі, i ён успомніў свой дзіўны сон. Сон прыгадаўся неяк адразу i вельмі яскрава, быццам паўтарыўся наяве. Пятро не мог стрымацца ад смеху. Асабліва смешна было, як Атрошчанка адступае ад багіні. I гэта: «За багінь на бюро не выклікаюць».

«Кожная з вас у пэўны момант бывае багіняй», — падумау пра жанчын увогуле i адразу — пра Сашу, з замілаваннем, з пяшчотай. Падняўся, глянуў на ложак, дзе спала жонка. Яе голая рука, мармурова-белая, сапраўды як у багіні, ляжала паверх коўдры. Нясцерпна захацелася прыпасці вуснамі да гэтай рукі. Выпіць водар гарачага цела, яе прыпухлых, як у дзіцяці, заўсёды чамусьці прыемна-саланаватых губ. Але шкада трывожыць жончын сон: за дзень яна столькі набегалася! Ды i яму трэба чытаць, вучыць — неўзабаве сесія. Дня не хапае, прыходзіцца адрываць у ночы. Трэба дысцыпліна, нават трохі аскетызму, калі ўзяўся за навуку!

На пальчыках прайшоў у кут да дзвярэй. Каб не плёскаць, у вядры намачыў край ручніка, працёр вочы, твар. I — зноў за стол, за кнігу.

Ix не так проста запомніць, усіх багоў, багінь, герояў. Міфы Пятра захапілі, жыццё i прыгоды багоў не менш цікавыя, чым справы людзей. Удумаўшыся, можна праводзіць аналогіі i паралелі, пераносіць учынкі багоў на жывых людзей. Старажытныя грэкі былі даволі мудры народ. Адна яго, Пятрова, бяда — слаба запамінае імёны. Дрэнная памяць на імёны, назвы, даты. Для гісторыка — гэта верны правал на экзаменах. Ён не раз ужо задумваўся, хочучы зразумець, што яго, тэхніка-дарожніка, пацягнула да гісторыі. Пэўна, не адны абставіны, не толькі тое, што ён прыехаў сюды, у сяло, дзе ў Сашы быў ужо нейкі абжыты куток, i яму прапанавалі працу ў школе. Не. Гэта, безумоўна, з'явілася яшчэ там, у арміі, у Германіі. Бо чаму з тысячы кніг ён адабраў вось гэтыя — большасць па гісторыі?

Пятро любоўна выраўняў высокі стос кніжак, які засланяў святло лямпы ад ложка. За гэтую зіму ён палюбіў кнігі, як людзей; раней ніколі не меў да ix такой пашаны.

Вартавы парадку Булатаў недвухсэнсова даў зразумець, што кнігі варта адаслаць інстытуту, штамп якога стаіць на ix. Але кніг да болю шкада, гэта яго адзінае багацце, адзіныя «трафеі». Прыгадвалася, як вёз ix — з якімі прыгодамі.

Дэмабілізаваўся ён з Познані, там пасля перамогі раскватаравалася ix дывізія. Адсылалі зволеных па чарзе, бо адразу немагчыма было атрымаць столькі вагонаў. З ix зенітнага дывізіёна дэмабілізавалася чалавек сто. Правялі развітальны мітынг, сказалі добрыя словы наказаў i абяцанняў. А вагонаў няма. Дзень, два, тры… Зволеныя, выйшаўшы з-пад улады камандзіраў, даставалі ў палякаў спірт, самагонку, напіваліся, дрэнна ўплывалі на тых, каму належала служыць далей. Капітан Крывароцька да хрыпаты сварыўся з інтэндантамі, патрабуючы вагонаў. Вагонаў не было. Дэмабілізаваныя, безумоўна, i самі рваліся хутчэй выехаць. Каму не хацелася дадому, да блізкіх, родных? Большасць па чатыры-пяць гадоў не бачыліся. I вось нехта з прабіўных усюдыісных хлопцаў прынёс навіну: адзін чыгуначнік, дыспетчар нейкі, згодзен падаць вагоны… за паўтоны пшаніцы. Хлопцы ведалі, за што дамаўляцца. Іншай платы не было. А пшаніцу першае пасляваеннае лета салдаты ўбіралі ў маёнтках фашысцкіх магнатаў, i хітрыя, запаслівыя інтэнданты, не без згоды камандзіраў часцей, нейкую невялікую частку збожжа пакінулі ў сваіх складах — на ўсялякі выпадак, вайна ўсяму навучыла. Быў такі тайны ад рэвізораў «недатыкальны запас» i ў іхнім дывізіёне.

Крывароцька вылаяў самымі адмысловымі словамі адразу на чатырох мовах — рускай, украінскай, польскай i нямецкай — спекулянтаў, якія хочуць нажыцца на пасляваенных цяжкасцях, але ўрэшце згадзіўся: абы хутчэй вызваліцца ад тых, хто чатыры дні ўжо бадзяецца па казармах i развальвае дысцыпліну.

Чыгуначніку завезлі восем мяшкоў пшаніцы, i ён сумленна выканаў умову: у пэўны час на таварнай станцыі на далёкія глухія пуці бы л i пададзены чатыры вагоны.

Крывароцька яшчэ раз перад вагонамі сказаў кароткую, але такую, што расчуліў да слёз, прамову — не ў прыклад свайму намесніку па палітчасці, які гаварыў доўга, холадна i сумна. Назначыў старшыну Зашкарука старэйшым каманды, яго, Пятра, — парторгам, пацалаваўся з імі, i — бывайце здаровы!

Але «няпланавых вагонаў» ніхто не хацеў чапляць да саставу. Увечары абураныя хлопцы, для смеласці хапіўшы «сырцу», пайшлі шукаць паляка, які прадаў вагоны. Нідзе, вядома, не знайшлі, але па-салдацку пагаварылі з дзяжурным. Той ветліва паабяцаў: «Бардзо прошэ, панове жолнежы! Руўно пшэз годзінэ поедзеце до Бжэсця».

I дакладна выканаў сваё абяцанне. Неўзабаве да вагонаў падышоў манеўровы паравоз. Заляскалі буферы. Дэмабілізаваныя закрычалі «ўра!». Яшчэ праз гадзіну рытмічна застукал! колы на стыках рэек. Едзем! Стомленыя турботамі i хваляваннямі, усе моцна заснулі на сваіх салдацкіх мяшках.

Прачнуўся Пятро раніцай. Састаў стаіць. Выскачыў з вагона, прачытаў назву станцыі, дастаў з планшэткі чыгуначную карту Польшчы, якую спецыяльна раздабыў у Познань пачаў шукаць станцыю, каб даведацца, колькі праехалі за ноч, парадаваць хлопцаў. Доўга шукаў на ўсход ад Познані — на галоўнай магістралі — цераз Варшаву, на абходных лініях. Няма такой станцыі. А станцыя між тым немалая. Мяркуючы па збудаваннях — вузлавая. Выпадкова зірнуў уніз, на поўдзень, — і… пахаладзеў. Кінуўся да вагона.

— Трывога! Браткі!

— Што ты гарланіш? Не накрычаўся за пяць гадоў?

— Дай паспаць!

— Не ў той бок едзем!

Уміг падхапіліся!

— Як не ў той? Што ты вярзеш?

— Нас вязуць некуды ў Сілезію. Глядзіце!

Высыпалі з усіх чатырох цяплушак, рушылі да начальніка станцыі. Адчапілі, вядома, адразу. А вось прычапіцца… Двое сутак стаялі. Прамых саставаў тут праходзіла нямнога, больш з рэпарацыйным абсталяваннем. З начальнікамі такіх эшалонаў дамовіцца было немагчыма, а савецкага ваеннага каменданта, які мог бы загадаць ім, на станцыі не было. Ледзьве на трэція суткі прычапіліся да эталона з рэпатрыянтамі. Эшалону гэтаму не давалі «зялёнай вуліцы». Ён больш стаяў, чым ішоў. Але стаяў не на вялікіх станциях, дзе былі прадпункты Савецкай Арміі i можна было. атрымаць па атэстату сухары i кансервы, а на нейкіх глухіх паўстанках. A калі часам спыняўся кал я вялікага горада, то заганялі яго ў такія далёкія тупікі, што, не ведаючы працягласці стаянкі (часам стаялі гадзіну, другі раз — суткі), рэдка хто адважваўся шукаць «харчэўню». Нікому не хацелася адстаць ад сваіх вагонаў. У тыя дні, калі, здавалася, перамяшчаліся цэлыя народы, адны — на ўсход, другія — на захад, на поўдзень, Германія, што склала сваю злачынную зброю, i скатаваная гэтай зброяй Польшча былі як бы ў цэнтры велізарнага руху мільёнаў людзей.

Пачалі старажытны гандаль з палякамі — мену. Вагон ix жыў камунай. Таму, калі ўсе запасы былі з'едзены, пастанавілі: развязаць мяшкі, выкласці «трафеі». Калектыўна, сумленна i сур'ёзна, з улікам індывідуальна-сямейных асаблівасцей кожнага, вырашылі, чаго чапаць нельга, а што можна выменяць на хлеб, сала i самагонку. Двое адмовіліся развязаць свае мяшкі; адшчапенцам быў «пастаўлены ультиматум», i яны мусілі перасяліцца ў другі вагон.

Дайшла чарга i да яго, Пятровых, двух вялікіх чамаданаў.

«Кнігі?» — здзівіліся ўсе члены аўтарьггэтнай камісіі па абагульненню «трафейных лішкаў».

«Кнігі?» — здзівіліся ўсе ўчарашнія салдаты.

Спачатку адны глядзелі на яго як на дзівака, другія — як на хітруна: a ці не схавана там у цябе пад кнігамі нешта такое, за што можна напаіць i накарміць увесь эшалон? Магчыма, што першапачатковым імпульсам быў гэты недавер — стары недавер да інтэлігента, які нібыта заўсёды можа перахітрыць простага чалавека. Кнігі пачалі разбіраць — па адной, па дзве. Калі ж пераканаліся, што ў чамаданах больш нічога такога няма, акрамя звычайных салдацкіх набыткаў, разглядалі кнігі з такой пашанай i цікавасцю, быццам кожны ўпершыню ў жыцці трымаў у руках гэты цуд чалавечага розуму. Потым усе разам трохі вінавата, як бы просячы прабачэння, памагалі Пятру скласці кнігі назад у чамаданы. А пасля праз усю дарогу (везлі ix да Брэста, дзе яны разлучыліся, яшчэ дні тры пасля таго) да яго ставіліся з нейкай асаблівай павагай, ад якой яму няёмка рабілася. Нават самагонкі ў шклянку пералівалі, падкладвалі большы кавалак сала, якое выменьвалі на «рэквізаваныя» рэчы. Кал i ён аднекваўся, казалі з салдацкай прастатой i грубаватасцю:

— Еш, парторг, не саромейся. За кнігі свае сядзеш — падцягнеш жывот. Там, дома, брат, не густа. Лічы: зусім пуста.

Жывот сапраўды прыходзіцца падцягваць. Але звычайна Пятро рэдка думае пра ежу, калі пра яе не нагадваюць. За кнігамі асабліва забываюцца нягоды жыцця. Але вось прыгадаліся польскі пахучы хлеб i сала (хоць колькі яго там было!) — i ўжо не да міфаў. Багі, чорт на ix, ласуны былі, абжоры, бясконца балявалі, жлукцілі свой нектар i закусвалі амброзіяй i ўсялякімі казачнымі пладамі. А яму, гаротнаму настаўніку, каб цяпер акрайчык хлеба ды скрылёк сала. Ах, аж слінка пацякла! Напіцца вады, ці што? Не, ад вады пачынае непрыемна журчаць у жываце. Лепш выйсці паслухаць салаўёў. У старым парку, у кустах чаромхі, учора раптам азваўся салавей. Ці не рана? Хоць чаму рана? Вясна ў разгары. Цёпла.

Учора, пасля цяжкага партыйнага сходу, на якім прысутнічалі Булатаў i Рабіновіч i на якім камуністы як ніколі, быццам змовіўшыся, маўчалі, не хацелі выступаць, а гэта нервавала Пятра, першы салавей вярнуў яму спакой i добры настрой. Ён паклікаў Сашу, яна не спала яшчэ, i яны хораша пагулялі, паслухалі салаўіныя песні. Саша маўчала, задумлівая, ціхая, але ніколі яшчэ за гэтае суровае, галоднае i халоднае паўгоддзе ён, Пятро, не адчуваў такой яе цеплыні, такой блізкасці. Каб можна было паўтарыць учарашняе!

Пятро падняўся, наблізіўся да ложка i доўга ўглядаўся ў сонны жончын твар. Не, будзіць цяпер недарэчна. Першая гадзіна ночы. Асцярожна выйшаў сам.

Салавей маўчаў. Дзіўна. Што з ім стала? Здаецца, учора яны, Пятро i Саша, гулялі да такога часу, калі не пазней. А можа, яму проста было так хораша ад той незвычайнай Сашынай блізкасці, што ён забыўся на ўсё i цяпер не помніць — ці спяваў салавей увесь час? Можа, спеў у сэрцы яго звінеў? Санітарка Даша даказвала раніцаю, што гэта — не салавей, салаўі так рана не пяюць, гэта — нейкія падсалоўкі. Няхай сабе i падсалоўка. Але слухаць яго было прыемна, радасна. Слухаеш — i неяк паўней адчуваеш цішыню міру, спакою, трываласці i радасці жыцця. Як бы там ні было, але гэта найвялікшае шчасце — не думаць, што заўтра цябе могуць забіць. Ніхто цябе больш не заб'е! Ты ўпэўнены, што будзеш жыць заўтра i паслязаўтра, праз год i праз дваццаць… Таму можаш слухаць салаўёў, вывучаць міфы Грэцыі, піць асалоду жончыных губ, няньчыць дзяцей…

Ноч як летняя — цёплая, зорная. Туман над рэчкай нізкі, пры самай вадзе. З белай пены выраслі, падняліся i вырысоўваюцца на фоне неба, дзе пры самым гарызонце, як далёкі ліхтар, гарыць планета, нейкія проста міфічныя дрэвы. Гэта прыдарожныя вербы, якія зазелянелі раней за ўсё. Удзень яны звычайныя. A ў такую ноч усё незвычайнае. Сапраўды, усё навокал набыло нейкі міфічны выгляд. Вось начытаўся! Правей ад вербаў, за рэчкай, на ўзгорку сасоннік здаецца цёмнымі фантастычна-вострымі скаламі… Над імі нізка павіс месячык, ён вышчарблены не з таго боку, з якога мы прывыклі бачыць, калі ён, няпоўны, усходзіць звечара, i нейкі фіялетавы, ненатуральны. На вецер, ці што? Няхай бы пайшоў дождж. Вясна ранняя i сухая. Хоць i нямала было снегу, а ix пясчаная зямля перасохла ўжо. Можа, таму ў раёне такая нервознасць з пасяўной. Райком не проста патрабуе — пагражае. Учора на партсходзе Рабіновіч запэўніваў, што ўсе пакладуць партыйныя білеты.

A Булатаў спытаў нечакана:

— Хто ў вас вядзе антысавецкую прапаганду?

Дванаццаць камуністаў паглядзелі адзін на аднаго, паціснулі плячамі. Што яны маглі сказаць? Можа, праз добрых мінут дзесяць, калі ўжо выступаў Бабкоў, Булатаў сказаў:

— Не ведаеце? Нічога не ведаеце. Французскі шпіён Запечка вёў у вас пад носам антысавецкую прапаганду. Учора мы яго арыштавалі. А некаторыя члены партыі хацелі нават паклікаць яго выхоўваць дзяцей.

У Шапятовіча кроў ударыла ў галаву i па спіне папоўз агідна-ліпучы пот. Выходзіць, што Булатаў ведае пра кожную размову, нават выпадковую. Гэта страшэнна ўразіла. Адкуль начальнік райаддзела МДБ ведае пра ўсё?

Проста ашаломлены гэтай незвычайнай усюдыіснай дасведчанасцю Булатава, Пятро ўпачатку нават не задумаўся над лёсам Андрэя Запечкі. Нават эгаістычна забыўся на ўсю гэтую гісторыю, пакуль гуляў з Сашай. Ці мала чаго нагаварылі на сходзе! Ды i ўвогуле было так хораша, што ні пра якія справы ні гаварыць, ні думаць не хацелася. Раніцою ён прачнуўся ад нейкага кашмарна-трывожнага сну, з якога нічога не запомнілася. Але чамусьці наяве прыгадаўся гэты Запечка. I боль за яго працяў сэрца.

Пятро бачыўся i гутарыў з ім усяго два разы: тады, у сельсавеце, i пасля зайшоў да яго дадому, у зямлянку. Збянтэжаныя жанчыны — старая, Андрэева маці, i жонка яго — не ведалі, дзе пасадзіць настаўніка. Толькі сам «француз» (сяло ўжо дало яму гэтую нязлосную мянушку) паводзіў сябе так, быццам пражыў у зямлянцы ўсё жыццё. Але радасці сваёй, што да яго наведаўся парторг, не хаваў. Быў прыветлівы, гаваркі. Многа расказаў цікавага. I жанчыны радаваліся. А што яны падумаюць цяпер, чаго Пятро прыходзіў i чаму распытваў пра Францыю?

Пятро пахаладзеў ад гэтай думкі. Гучаў у вушах даверлівы голас інваліда, успомніліся i слёзы маці яго, калі сын расказваў пра лагер ваеннапалонных, дзе людзі паміралі, як мухі, пра шахты, пра добрых французаў, якія памаглі яму ўцячы з шпіталя, куды ён трапіў пасля абвалу ў шахце, пра другое ранение ў «макі», пра складаную аперацыю, якую зрабіў французскі ўрач, рызыкуючы жыццём: доктар гэты больш за месяц хаваў савецкага салдата ў сябе на кватэры… Такія людзі, такі гераізм, i раптам — шпіёнства. Не, гэта неверагодна! Ніякай логікі няма. Чалавек прайшоў цераз фашысцкае пекла i не зрабіўся здраднікам. Двойчы ўцякаў з лагераў, ірваўся да змагання. Двойчы цяжка паранены. Навошта ж, у імя чаго яму пасля ўсяго гэтага рабіцца шпіёнам? Ды, нарэшце, i французам, саюзнікам па вайне, — на якое ліха ім такі шпіён — інвалід, калгаснік з шасцю класамі адукацыі? Не, тут нешта не так, нейкая прыкрая недарэчнасць, памылка. ДумKi пра Запечку не пакідалі Шапятовіча ўвесь дзень. Вучні бачылі, як ён глыбока задумваўся на ўроках. За абедам сказаў жонцы. Сашу гэта ашаламіла не менш, чым яго.

— Арыштавалі Запечку? Андрэя? Завошта?

— Кажуць, вёў варожую прапаганду.

— Якую? Дзе? Няпраўда гэта! Няпраўда! Я лячыла яго! Я чула, што ён расказваў. Дай бог вашаму Булатаву быць такім патрыётам. — I ўзлавалася, накінулася з папрокамі: — I ніхто з вас, канечне, слова не сказаў за чалавека? Героі! ТольKi на словах любіце паўтараць, што ўсім кіруе партыя. Чым вы кіруеце? За чалавека не можаце заступіцца! Хутка гэты гад Булатаў саміх вас пачне садзіць, i вы будзеце маўчаць.

Папрок быў жорсткі, крыўдны.

Ён, Пятро, таксама ўспыліў:

— Ну, ты Булатава так не абзывай. Яго паставілі на самы адказны ўчастак — вартаваць дзяржаўную бяспеку. I яму відней. Без прычыны ў нас не арыштоўваюць. Ёсць закон.

— Закон ёсць. Ды багіня гэтая, пра якую ты чытаў,— як яе? — спіць, відаць. Шпіёна знайшлі! Сам чуць жывы вярнуўся, жонка эпілепсію нажыла, уцякаючы ад немцаў…

Расхваляваная Саша, не даеўшы бульбы, імкліва паднялася, накінула на плечы сваю старэнькую шарсцяную кофтачку, загадала:

— Прыбярэш са стала, памыеш талеркі! — i выйшла.

Апошні час яна часта так рабіла — выходзіла, калі адчувала, што яны могуць пасварыцца. Можа, гэта i разумна, бо пасля сваркі вельмі ж нядобра на душы. Аднак усё адно гэтыя імкліва нечаканыя жончыны выхады (аднойчы нават у гасцях яна вось так пакінула яго) крыўдзілі Пятра, абражалі. Здавалася, што Саша выяўляе гэтак сваю знявагу да яго. Лепш няхай бы ўжо сварылася. Але тут сварыцца ім не было з-за чаго. Наконт гэтага няшчаснага Запечкі ён цалкам згодзен з Сашай. Ды i наконт Булатава згодзен — гад. Нельга так гаварыць з людзьмі, як гаворыць ён, быццам усе яны падсудныя.

У душы згодзен. А выказаць сваю згоду нават жонцы не адважыўся. Пачаў абараняць. Чаму? Навошта?

«Не, тут нешта не так. Вельмі ж ужо гэта непраўдападобна — шпіён. Тайны бяспекі тайнамі, а я, сакратар, павінен ведаць, за якую канкрэтную віну арыштавалі чалавека, — думаў Пятро, блукаючы па начным садзе. — Трэба пагутарыць у райкоме, з сакратарамі, з Анісімавым, з Лялькевічам».

«Закон ёсць, — прыгадаў ён Сашыны словы. — A багіня… Феміда спіць… Феміда? Але, — ён узрадаваўся, што так легка ўспомніў багіню, якая вартуе закон. — Вось цяпер яна не забудзецца ніколі — ні да экзаменаў, ні пасля зкзаменаў. Але не экзамены галоўнае. А што галоўнае? Каб Феміда не спала? Што галоўнае ў маім жыцці? У тваім, Саша? У нашым?»

У крайнім двары, вельмі блізка, Пятро аж уздрыгнуў ад нечаканасці, галасіста закрычаў певень. Як каравульны — даў сігнал. I адразу ж яму адгукнуўся адзін, другі… I так — далей, далей, быццам перадавалі эстафету: ад хлява да хлява, з вёскі ў вёску. Праз хвіліну ўсё наваколле звінела ад рознагалосых «ку-ка-рэ-ку!». Пеўні спявалі i тут, у старым парку, i каля школы, каля ix дома, на калгасным двары.

Пятро адразу павесялеў.

«Ого, жывём! Колькі ix развялося пасля нямецкіх кураедаў!»

Мабыць, разбуджанае пеўнямі, жаласна заржала ў канюшні жарабя. Яно адзінае ў калгасе — прадмет асаблівай любові i клопату Панаса Грамыкі.

У ліпавых прысадах, што ідуць уздоўж агароджы, ад якой асталіся толькі рэшткі белых цагляных слупоў, нечакана — спрасонку, ці што? — адгукнуўся салавей. Вунь дзе ён!

Пятро рушыў прысадамі.

Падняўся месячык, i ў парадзелым за вайну парку, дзе не ўсе яшчэ дрэвы зазелянелі, пасвятлела. Цень ад старых ліп, суцэльны, чорны, падаў на кусты, што параслі ў канаве каля былой агароджы, на пясчаную дарогу.

Модна пахла крапівой. Яе, маладую, ірвуць тут на боршч. Саша таксама варыла боршч з крапівы. Нічога, можна есці. Каб яшчэ хоць маленечкі кавалачак мяса ды лыжка смятаны, то была б страва — лепшай не трэба.

На ўцалелай каменнай лавачцы сядзела пара. Ён i яна выказвалі адно аднаму свае пачуцці працяглым пацалункам.

Пятро застыў на месцы — каб не спалохаць. Няхай цалуюцца. Людзі заваявалі гэтае шчасце — цалавацца, жаніцца, нараджаць дзяцей.

Але закаханыя нейкім чынам адчулі, што нехта старонні глядзіць на ix. Адхінуліся адно ад аднаго. Падхапіліся.

— Не саромейцеся. Справа жыццёвая, — сказаў Пятро, праходзячы.

Ён пазнаў i хлопца i дзяўчыну. Цёзка яго, Пеця Аўчароў — сяржант, разведчык, малады камуніст. Гэта пра яго некалі казаў Грамыка: Аўчароў адзін з маладых, хто, вярнуўшыся дадому з заслугамі, з партыйным білетам, не пайшоў шукаць доўгага рубля, астаўся ў калгасе, на конях працуе — арэ, сее. Па дзве нормы хлопец выганяе. А потым, значыцца, яшчэ ноч сядзіць тут, у парку. Маладосць! Пятро ўздыхнуў i сам сабе засмяяўся: стары! Сказаў, як добры дзед: «Справа жыццёвая». Ці даўно сам такі быў? Бегаў на спатканне за трыццаць кіламетраў. На Вольгу Бандарэнка не адзін хлопец вока кідае. Ды i жанатыя заглядваюцца. Красуня. Адзета заўсёды па-гарадскому — прывезла адзенне з Германы. Шкада толькі, што, кажуць, паехала яна туды сама.

— Пятро Андрэевіч, — Пеця нячутна дагнаў яго, далікатна крануў за плячо, — пасядзіце з намі хвілінку.

Шапятовіч здзівіўся, пажартаваў:

— Навошта я вам? Я на вашым месцы абыходзіўся без сведкаў.

— Пагутарыць хочам, — сур'ёзна папрасіў хлопец.

Пятро вярнуўся, сеў побач з Вольгай, настройваючы сябе на жартаўліва-вясёлую размову. Але закаханыя збянтэжана змоўклі, i яму таксама зрабілася ніякавата. Убачыў, як Пеця ўпотай цісне дзяўчыне руку, быццам заклікае: «Трымайся!» — зразумеў, што размова ў ix сур'ёзная, а таму сур'ёзна, з нейкай нават насцярожанасцю чакаў: хто з ix пачне i пра што тут пойдзе гутарка?..

— Вось, Пятро Андрэевіч… ажаніцца хачу, — сказаў Пеця i ўздыхнуў.

Шапятовіч засмяяўся:

— Ведаеш анекдот? Пытаюць у хлопца: «Жэнішся, Іван?» — «Жанюся!» I голас такі бадзёры! Пытаюць праз нейкі час: «Ажаніўся, Іван?» — «Ды ажаніўся». I голас не той, i ўздыхнуў вось так, як ты. Нешта ў цябе, цёзка, наадварот.

На анекдот-жарт — ніякай рэакцыі. Пятра гэта яшчэ больш насцярожыла. Сядзяць, глядзяцьна сцежку, прасвечаную месяцам ад школы сюды, пад ліпы, дзе светлая палоска знікае ў цяні.

— Ажаніцца мне трэба… Маці хворая…

— Безумоўна, ажаніцца табе трэба, — ужо зусім сур'ёзна пацвердзіў Шапятовіч. — Але ведаеш, што я табе скажу, Аўчароў… Найлепш, калі пры любой сітуацыі, пры тысячы другіх прычын, самых сур'ёзных, на першым месцы будзе прычына: «Я не магу без цябе, Оля. Я люблю цябе». Каб была любоў…

— Любоў ёсць, — нечакана проста, без дзявочай сарамлівасці запэўніла Вольга. — Але ўсё адно не трэба яму жаніцца на мне. Не трэба! Запляміць ён сябе.

— Чым запляміць? — не зразумеў Пятро.

— Чым? — Вольга рэзка павярнулася — як бы хацела ў змроку заглянуць у вочы. Сказала раздражнёна, амаль са злосцю: — Вы ж першы на сваім сходзе скажаце: «Дзе, Аўчароў, твая партыйная пільнасць? На кім жэнішся? Сама ў Германію паехала, i невядома яшчэ, як паводзіла сябе…»

Пятро ўціснуў у плечы галаву, сцяўся, быццам дзяўчына не словы кідала — каменні. Чамусьці зноў прыгадаўся Андрэй Запечка, яго арышт, папрок Сашы: «I ніхто з вас, канечне, слова не сказаў за чалавека!»

— Оля! Што ты! Пятро Андрэевіч гэтага не скажа.

— Ён не скажа. Другія скажуць. Хоць i ён… Як жонка яго глядзіць на мяне?! Палец у мяне нарваў, я прыйшла да яе. Слова не сказала ветлага. Разрэзаць разрэзала, а перавязваць сама не стала — акушэрцы спіхнула: маўляў, такая — да такой… Дык тая хоць свая, франтавая, а я — нямецкая…

— Оля! Што ты плявузгаеш?

— Ты сам прапанаваў усё па шчырасці расказаць… Вось я i кажу… Мне ўжо ўсё адно. Не думайце, што я крыўдую на вашу жонку, яна — чужая, яна не ведае, чаму я паехала ў Германію. А свае ж ведаюць, a ўсё адно… Цётка мая родная, Гаша, жонка старшыні… Я нешта такое сказала пра вашу жонку. Дык яна мне: «Шуры ты не чапай. Шура — наша сумленне». Я ж не дурная, разумею, чаго яна не дагаварыла. «Шура — наша жаночае сумленне, а ты — наш сорам, ганьба». Вось што хацела яна сказаць.

— Дарэмна вы, Вольга, робіцеся такая недаверлівая. Асабіста мне ніхто слова дрэннага не сказаў пра вас… Праўда, ніхто i не растлумачыў, чаму вы паехалі ў гэтую чортаву Нямеччыну.

— Яна за сяброўку сваю паехала. За Галю Чалую. Не ведаеце? Што за млыном жыве, з маці i дзіцем. У яе жаніх быў партызан. Заходзіў да ix… I яна ўжо… гэта самае… дзіця ад яго чакала. А тут яе — у Германію. Можа, данёс хто. Што рабіць? Не скажаш, не пойдзеш на камісію. Бо пачнуць дапытваць: ад каго? Хто бацька? Дазнаюцца, што партызан, — пятля…

Калі пачаў расказваць за яе Пеця, Вольга раптам закрыла твар хусцінкай i ўсхліпнула.

Хлопец пяшчотна дакрануўся да яе пляча:

— Не трэба, Оля.

Яна шмарганула носам, выцерла вочы хусткай.

— Прабачце, Пятро Андрэевіч. — I пачала расказваць сама: — Яна, Галя, адной мне сказала, мы з малых год сябравалі, у школу разам хадзілі… што яна… такая… Праплакалі мы з ёю ўсю ноч вунь там, за рэчкай у сасонніку. Яго чакалі, Сцяпана яе. А ён не прыйшоў, ранілі яго перад тым. На другі дзень пайшла я да старасты. Вызваліце, кажу, Галю, у яе сэрца слабое. Я за яе паеду. Пузыр, стараста, хоць гад быў, a пашкадаваў мяне. «Ведаеш, пытае, на што ідзеш?» — «Ведаю». — «А як маці з малымі?» — «А вы ж казалі, хто сам паедзе — добра зарабляць будзе». — «Хітрая ты, кажа, хочаш i дурную гэту выручыць i зарабіць добра». Але згадзіўся замяніць. Яму абы душа. У яго нарад быў на шэсць душ. А што я добраахвотніца — дык гэта яму на руку: во, маўляў, як ён папрацаваў у сваім сяле. Нам, хто па сваёй волі ехаў, прывілеі былі: усіх у цялятніках везлі, а нас у пасажырскім вагоне. I там спыталі, хто куды хоча. Я ў сяло папрасілася. Горада баялася… У маёнтак да генерала трапіла. Кароў даглядала. Хлусіць не буду. Не білі. Не катавалі. I кармілі добра. Але часам такое находзіла на мяне, такая сумота — павесіцца хацелася ў кароўніку. Здавалася, паляцела б дадому, пехатой пайшла б. А вось прыляцела — i тут радасці мне няма… Вінаватая. — Дзяўчына не ўсхліпнула, ёй як бы заняло дыханне, i яна захлынулася, закашлялася.

— Не трэба, Оля, — зноў тымі словамі суцешыў яе Пеця; словы наіўныя, але казаў ix учарашні салдат з такой пяшчотай, што нават Шапятовіча гэта кранула. На дзяўчыну яры, пэўна, дзейнічалі магічна. Яна тут жа горда падняла галаву.

— Чаму гэта няма радасці? — надаўшы голасу бацькоўскую суровасць, спытаў Пятро. — А тое, што вы пакахалі адно аднаго, хіба не радасць? Па-мойму, гэта найвялікшая радасць, якая дадзена чалавеку ў жыцці. Калі ёсць любоў i вера, перашкод не бывае. Ты верыш ёй, Аўчароў?

— Як самому сабе, Пятро Андрэевіч!

— Ну вось. Што вам трэба яшчэ? Выкіньце з галавы, што яго ці вас хтось у нечым папракне. У чым? Глупства! У мільёнаў людзей такі ж лес. Выходзьце замуж. Хочаце, я буду за свата, за шафера? За каго хочаце.

— Вы, можа, самі перажылі багата, што такі добры, — разважыла дзяўчына.

— Я перажыў, што ўсе перажылі,— вайну. Дабрэйшы я наўперад ці стаў ад яе. А вось я чытаў у аднаго паэта: за пяць гэтых гадоў мы ўсе пастарэлі на дваццаць. Правільна сказана.

— Ад гэтага нам цяжка, — уздыхнула Вольга.

— Ад чаго? — не зразумеў яе каханы.

— Што ў дваццаць тры гады мы старыя.

— Ну-у, старая! Проста бабуля! — пажартаваў ён i засмяяўся.

Пятро падумаў, што гэты хлопец, яго равеснік, не адчувае сябе старэйшым за свае гады. Яму пашанцавала. Ці, можа, ён мае большы запас маладосці? А вось яна, Вольга, адчувае, таму па-мацярынску думае не толькі пра сябе, але i пра таго, каго пакахала, пра яго жыццё, будучыню — каб ён нічым не запляміў сябе. Ён, Шапятовіч, таксама адчувае сябе старэйшым намнога. I адказнасць на сябе ўзяў не па гадах, а яна, адказнасць гэта, патрабуе не толькі адпаведных паводзін — зноў-такі не па гадах, — але i зусім іншага складу думак. Вось якой парады ў яго просяць — як у мудрага старога. I ён мусіць даваць яе з паважнасцю і, па сутнасці, з уяўнай мудрасцю, бо адкуль у яго той вопыт.

— А вы вярніце яе, украдзеную вайной маладосць. — Сказаў i тут жа падумаў: «А ці вяртаю? Ці не кажу я газетнаказённыя ісціны? Цікава, што пра гэта думае Саша? Чамусьці мы ні разу не пагаварылі ира тое, якія былі да вайны i якія зрабіліся цяпер. Здаецца, Саша лічыць, што гэта натуральна, што мы стал i зусім другія».

Вольга нічога не адказала на параду вярнуць маладосць: не пра сябе думала — пра яго, з жаночай адданасцю i самаахвярнасцю.

— Я Пецю кажу: навошта яму спяшацца з той жаніцьбай? Яму вучыцца трэба. Няхай бы ехаў на якія курсы, цяпер у кожнай газеце аб'явы…

— A маці? — спытаў хлопец з болем.

— Маці я дагледжу. Можаш ты мне даверыць?

— Рабіцеся дачкой i даглядайце — яму спакайней будзе.

— Ды не паедзе ён нікуды, калі ажэніцца. Я ж ведаю. Так i астанецца ў калгасе. A кім ён стане ў гэтым калгасе?

«Вунь у цябе якія разлікі! — з незычлівасцю падумаў Шапятовіч. — Так бы i казала адразу, а не ківала на сваю біяграфію». Але, разважыўшы, хіба папракнеш яе? Няхай сабе i хітруе трохі, ды хітрасць гэтая чыстая i сапраўды самаахвярная. Баіцца яна, што жаніцьба i яе, жончына, рэпутацыя перашкодзяць Аўчарову «выбівацца ў людзі». Гатова ўзяць клопат пра яго маці i чакаць, пакуль ён будзе вучыцца. Пройдзе час, забудзецца мінулае, адновіцца ў вёсцы добрая слава пра яе, шчырую працаўніцу i верную нявесту… Ацэніць гэта ён, адукаваны Пеця, — яе шчасце. Не, другую знойдзе — значыцца, «не судзьба», як тут кажуць. За што ж ты яе папракнеш? Ага, за словы пра калгас. Безумоўна, яго, Шапятовіча, абавязак «развянчаць» такія яе думкі. Але тыя словы, якія ён з усёй шчыраецю i палымянасцю сказаў бы ў любым другім месцы, неяк не падыходзілі ў гэтым залітым месячным святлом парку, перад двума закаханымі. Адчуваў, што не пасуюць яны да ix чалавечай драмы ды i да яго ўласнага настрою.

Таму сказаў амаль афіцыйна:

— Папрацуе вось так, як цяпер працуе, лета ў калгасе, увосень мы самі яго пашлём у абласную партшколу. Мы ўжо гаварылі з Панасам Астапавічам.

Вольга стоена ўздыхнула.

Шапятовіч зразумеў: пра партшколу яны ведаюць, пэўна, сказаў Грамыка, а таму Вольга i баіцца, што жаніцьба з ёю можа перашкодзіць Пецю. Якая бязлітасна-суровая практычнасць! Праўду яна сказала: таму нам цяжка, што ў свае дваццаць тры — дваццаць пяць гадоў мы думаем пра жыццё, як старыя.

Каля дома свайго Пятро ўбачыў белую здань. Пазнаў здалёк — Саша. Яна стаяла, захутаўшыся ў медыцынскі халат, прытуліўшыся да цаглянага, вышчарбленага i выветранага за многія дзесяцігоддзі слупа.

Пятро кінуўся да яе ўподбег.

— Ты — што?

— Дзе ты быў?

Ён абняў жонку, прыпаў да яе вуснаў, яны былі халодныя — стаяла доўга.

— Я гуляў.

— А я прачнулася ад кашмарнага сну. Лямпа гарыць, а цябе няма. Хаця б лямпу патушыў, пажар зробіш. Што сніла — не помню, а сэрца i цяпер б'ецца во як, паглядзі.

Пятро паклаў руку на яе грудзі — паслухаць сэрца. Саша імкліва, у нейкім гарачым парыве, абхапіла яго за шыю, пацалавала i ўся задрыжала не то ад холаду, не то ад нецярплі-

вага чакання ласкі.

Абняўшы, Пятро павёў яе ў пакой. Яна адразу нырнула пад коўдру. Ён таксама раздзеўся ў адзін міг. Дзьмухнуў у лямпавае шкло.

Ногі яе былі прыемна халодныя. А вусны адразу зрабіліся гарачыя. Ён прагна піў ix знаёмую i разам з тым пры кожнай блізкасці непаўторную гарачыню i духмянасць.

— Я люблю цябе. Ты слаўная.

— I я люблю цябе, хоць ты не такі слаўны, як я хацела…

— Навошта гэтае «хоць»? Я люблю цябе без усялякіх агаворак.

— I я хачу любіць цябе без агаворак. Але ты ўцякаеш пасярод ночы. — Саша засмяялася, пальцы яе пяшчотна гладзілі яго плечы.

— Я заснуў над сваімі міфамі.

— Ці не багіня табе прыснілася?

Пятро засмяяўся:

— Ты адгадала. Сасніў, што мяне абнімае сама Афрадыта. Багіня была такая прыгожая, як ты. Атрошчанка пагразіў, што заявіць у райком. I ведаеш, што я адказаў? Смех! «За багінь на бюро не выклікаюць».

— У вас i за звычайных баб не вельмі выклікаюць. — Пальцы яе застылі, анямелі.— Ці не ў парку яна цябе чакала, твая багіня?

— Ты — злюка. Хутка да сноў пачнеш раўнаваць. Завошта я люблю цябе такую?

— Завошта я люблю цябе? — Пальцы зноў зрабіліся пяшчотныя, яны лепш, чым што, перадавалі сілу кахання. Пальцы i вусны.

Ён спытаў праз колькі хвілін, сцішаны, стомлены:

— Ты лічыш — мяне няма за што любіць?

— Часам — няма.

— Любяць чалавека, а не яго ўчынкі. А чалавек не анёл. Ён не можа быць увесь час ружовенькі.

— Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам.

— Ух, якая глыбокая філасофія!

— Cпi. — Саша ласкава правяла рукой па яго шчацэ, Пятро пацалаваў яе плячо.

Звычайна ён хутка засынаў, вось так прыпаўшы вуснамі да жончынага гарачага пляча. Але сёння не спалася. Чамусьці зноў перад вачамі стаяў Андрэй Запечка. Як жывы дакор яго, Пятроваму, спакою i шчасцю. А потым — Вольга з яе насцярожанасцю, самаахвярнай хітрасцю i прагным жаданнем пачуць добрае слова заспакаення.

— Ты папракаеш нас за нячуласць да людзей. Ты лічыш, што ў цябе ад ной сэрца баліць за ix пакуты. А сама ты… Завошта ты неўзлюбіла гэтую няшчасную Вольгу? Яна адчувае, i ёй горка…

— Ці не яна тая багіня, да якой ты бегаў пасярод ночы. — Голас адразу зрабіўся саркастычна-ўедлівы.

— Я сустрэў яе з Аўчаровым. Ён хоча ажаніцца. А яна баіцца, каб яго пасля не папракнулі…

— Недарэмна, відаць, баіцца.

— Ты бязлітасная. Няўжо, праўда, ты думаеш, што ўсе, хто быў там, паводзілі сябе… як ты думаеш…

— Не ўсе ехалі па добрай волі.

— А ты ведаеш, чаму яна паехала?

— Ведаю.

— Яна ратавала сяброўку.

— Ад чаго?

— Як ад чаго?

— За тое, што рабілі яны, медаляў не даюць. Спачатку круцілі з партызанамі, а потым знайшлі ход, каб адной i другой было добра.

— Дзе ім было добра!

— А то гаравала яна, Вольга твая! Прыехала выпешчаная, расфуфыраная. Воз нямецкіх анучак прывезла…

— Мяне здзіўляе твая суровасць. Нельга так, Сашок. Ты бачыш толькі знешні бок. Жыццё ёсць жыццё. Яно не спыняецца. I жывы думае пра жывое.

— Эх, як ты абараняеш ix, палявых гэтых ды паходных! «Жыццё ёсць жыццё», — сказала ціха, але са злосцю. — А што б ты заспяваў, каб я?.. A ў мяне, можа, большая, чым у каго, была мажлівасць… каб жыццё не спынялася… А я спыніла яго!

Закрануты чарговым напамінкам пра яго «грэх», абражаны недаверам — колькі можна папракаць? — Пятро вырашыў i ёй кінуць крыўднае:

— Ты кажаш гэта так, быццам шкадуеш, што не зрабіла,

як некаторыя…

Саша адказала не адразу. Але па дыханию яе Пятро адчуў, што паўза — небяспечная. Сцяўся, чакаючы.

— А што ты думаеш? I шкадую!

Як пляснула па твары. I рэзка павярнулася да яго спіною, нацягнула на галаву коўдру.

Не першы раз ужо так — нечаканыя i дзіўныя пераходы ад самых гарачых прызнанняў, шчырай блізкасці, ласкі i пяшчоты да папрокаў i нават сваркі, асабліва калі i ён «заводзіўся». Апошні час зразумеў, што самае лепшае — у крытычную хвіліну змаўчаць. Змаўчаў. Але ўсё адно было крыўдна. Да душэўнага болю. Няўжо яна не бачыць, як ён кахае? Няўжо не верыць? Чаму яна зрабілася такая? Да вайны, у маладой, у яе i следу не было гэтай бабскай рэўнасці. Наадварот, яна з яго смяялася, называла рэўнасць перажыткам, якога інтэлігентны чалавек павінен саромецца. Чаму ж яна цяпер не саромеецца? Нават пры людзях. Мы пастарэлі, але са сталасцю прыходзяць мудрасць i спакой. Ва ўсім Саша разумная i спакойная, акрамя гэтага свайго пачуцця. Дзіўна. Зрабіць i ёй балюча? Не, не можа ён. Паспрабаваць памірыцца? Было ўжо так, што пасля сваркі i нават слёз зноў наступалі хвіліны пяшчотнай блізкасці, i яны былі не менш радасныя.

Не, сёння мірыцца так хутка не хочацца. Няхай бачыць, што ён абражаны.

Пятро таксама адвярнуўся.

Месячык свяціў у акно. На падлозе ляжалі светлыя прамавугольнікі зашклёных шыб — два каля самага ложка i два бліжэй да акна, а пасярод — чорна: сярэдзіна рамы забіта фанерай. Пад печчу вядзе сваю нудную песню цвыркун. Яго, звыкшыся, не чуеш, калі засынаеш са спакойнай душой, задаволены ўсім. Цвыркун раздражняе, калі настрой вось такі i не спіцца. Загаварыла спрасонку малая. Дзіця напомніла пра сябе — неяк адразу зрабілася лягчэй i святлей.

VI

Раптоўна захаладала, як гэта часта бывае вясной. Пасля амаль летняй цеплыні, што трымалася яшчэ ўчора, — зусім асенняя слата. Дождж, які ішоў «перагонамі», на працягу дня колькі разоў пераходзіў у «зарады» снегу.

Пятро раней прапаліў у грубцы, наварыў супу — не з-за вялікай любові да гэтай стравы, а з-за эканоміі: пяць дробных бульбін, жменя пярлоўкі, цыбуліна i маленечкі, на дзюбе нажа, кавалачак масла, якое Саша купіла Ленцы. А суп — слінка цячэ ад паху аднаго.

Чакаў Сашу. Дзе яна ходзіць у такую непагадзь? Хворыя — вялікія эгаісты, думаюць толькі пра сябе, а фельчарыца здаецца ім няспыннай, нястомнай машынай, яе можна выклікаць у любы час дня i ночы, адрываць ад хатніх спраў, ад дзіцяці, ад мужа. Пятро ўжо неяк пратэставаў — патрабаваў, каб Саша прывучала людзей да парадку.

«Ты ж не "хуткая дапамога"».

Яна павесіла на дзвярах медпункта аб'яву: гадзіны амбулаторнага прыёму, гадзіны наведвання хворых дома. Але ад гэтага ёй не зрабілася лягчэй. Не можа яна не пайсці да хворага, асабліва калі выклікаюць да дзіцяці. А дзяцей хварэе многа, бадай, больш, чым зімой. Аслабленыя, босыя, раздзетыя, яны легка прастуджваюцца на падманна-цёплым вясновым ветры. У Панізоўі ўспыхнула дыфтэрыя. Саша трое сутак не з'яўлялася дадому — працавала з эпідэмгрупай. I цяпер яшчэ дрыжыць за Ленку. Усё, у чым наведваецца да хворых, скідае ў медпункце.

Нягледзячы на рэдкі суп i такое надвор'е, настрой у Пятра цудоўны. Не трэба нікуды ісці, ні на якія сходы, а наперадзе яшчэ добрых гадзін пяць ціхага вечара, калі можна будзе спакойна пачытаць, пагутарыць з Сашай, пацешыцца з забавак i бясконцых «чаму?» малой. Асабліва радасна ад думкі, што можна будзе заняцца гісторыяй. Сам ён дзіву даецца, што ў яго абудзілася такая любоў да гэтай навукі. Чытае «Гісторыю Старажытнай Грэцыі» як добры раман. А часу таго, калі можна ўзяцца за кнігу, чакае з не меншай нецярплівасцю, як некалі спаткання з Сашай. Проста смешна. Саша не на жарт пачынае раўнаваць яго да міфічных багоў i герояў. Ba ўсякім разе, сон, дзе яго абдымала Афрадыта, за тры дні прыгадала некалькі разоў, кожны раз са смехам, але часам з даволі ўедлівым: «Не ў гімнасцёрцы была твая Афрадыта?»

Пятро, як звычайна, пазнаў жонку па хадзе — па стуку яе збітых абцасаў па цэментавай падлозе калідора. I Ленка пазнала. Кінулася да дзвярэй:

— Мама!

Саша пачула яе, сказала з-за дзвярэй:

— Лянок, маленькая мая, адыдзі ад дзвярэй, я халодная i мокрая. Пеця! Вазьмі дзіця!

Пятро пасадзіў малую на цёплую ляжанку.

— Не хачу! К маме хачу!

— Нацалуешся яшчэ з мамай. Шчасце такое!

— Ты — бог!

Дзён колькі назад у дачкі раптам з'явілася такая дзіўная лаянка — безумоўна, ад маміных кпінаў з ягоных багоў. Пасмяяліся яны ад душы. Пятро хацеў, каб малая зразумела, што гэта жарт. Казаў:

— А мама — багіня.

Ленка ўпарта не згаджалася, злавалася:

— Не! Ты — бог! А мама — мая мама.

Саша стаяла ў парозе, асцярожна скідала з галавы мокрую цыратку, якой накрывалася ад дажджу, i смяялася з даччыной «лаянкі».

— Ну што, Апалон, згатаваў амброзію?

— Ага. О, каб ты, вялікая Гера — мудрэйшая з багінь…

— Ты — бог! — закрычала абураная Ленка. — Мама — докталка!

— …здагадалася прынесці кроплю нектару — жыццё было б лепшае, чым на Алімпе.

— У цябе ёсць шанец каўтнуць гэтага нектару. — Яна падышла бліжэй, падбіраючы пад касынку мокрыя пасмы i гледзячы ва ўпор добрымі, ласкавымі вачамі, сказала: — Пеця! Там, у сельсавеце, мосціцца на начлег Уладзімір Іванавіч… Лялькевіч. Няёмка, ведаеш, каб наш партызанскі таварыш спаў на стал ах. Ідзі запрасі…

I вось тут, упершыню з тае жнівеньскай раніцы сорак другога года, ён варухнуўся, гэты страшны, кашлаты звер — рэўнасць. Цяжка варухнуўся — драпнуў вострымі i бруднымі кіпцюрамі за самае сэрца.

Саша за адно была малайчына: пасля любой сваркі ніколі доўга не дзьмулася, як некаторыя жонкі — па два тыдні не размаўляюць… У яе злосці i крыўды хапала самае большае на паўсутак. Такая яе рыса прывучыла Пятра таксама хутка забываць усе яе крыўдныя словы. Забыўся ён ужо i на тое, што яна сказала ўначы тры дні назад. Гэтае яе: «А што ты думаеш? I шкадую!» — моцна-такі ашаламіла, але тады ён разумеў: сказала на злосць яму.

А цяпер апякла думка:

«А можа, праўда, шкадуе, што не стала жонкай Лялькевіча, калі той, паранены, паўгода жыў у ix хаце i для вяскоўцаў, для ўлады нямецкай лічыўся яе мужам?»

Саша чакала, што ён адкажа. Не зводзіла вачэй. Можа, адчувала, што выбухне яго рэўнасць. Пятру здалося, што яна нават хоча, каб ён вытыркнуў лыч, гэты звер, што варухнуўся ў ім, што ёй хочацца пацешыцца з яго душэўнага болю: няхай, маўляў, не адной мне баліць. Але ж — не! Ён не пакажа ніводнай звярынай шарсцінкі! «Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам».

«Дык вось — атрымай. Ты не можаш дараваць мне выпадковай сувязі. А я буду вышэй за ўсё гэта».

— Чаму ж ты не запрасіла? Няўжо трэба ўзгадняць ca мною? Думала, я буду супроць? Дзівачка ты. — Ен ласкава сцёр з яе лба кроплі вады.

— Я запрашала. Аднекваецца.

Пятро засмяяўся:

— Інтэлігент! Цяжка яму засвоіць прывычкі ўпаўнаважаных, якія самі шукаюць, хто б ix накарміў i спаць паклаў.

Саша затрымала яго руку i… пацалавала ў далоню. Пятра гэта расчуліла i збянтэжыла.

— Ты — слаўны. Я люблю цябе.

— Давай тваю цыратку. Пайду.

— Не. Накінь шынель. Я збегаю да Грамыкаў, пазычу што-небудзь на вячэру. — Яна цяжка ўздыхнула.

Выходзячы з Сашай з дому, Пятро нічога ўжо не адчуваў, акрамя новага прыліву пяшчоты да жонкі ды клопатаў шчырага гаспадара, якому ў нялёгкі час трэба прыняць госця. Нечаканы Сашын пацалунак, звыклыя словы прызнання, якія яны звычайна часта казалі адно аднаму ў ложку, але рэдка вось так, яе перажыванне, што няма чым чалавека пачаставаць, — усё гэта неяк адразу ўтаймавала рэўнасць, зрабіла яе смешнай, недарэчнай. Сапраўды, сталыя людзі з сур'ёзнымі поглядамі на жыццё, на сям'ю павінны саромецца такіх пачуццяў. Найлепшая зброя на гэтага «звера» — спакой, вытрымка. Не «заводзіць» сябе, не абражаць, не раз'ярываць чалавека, якога кахаеш так, што кожны яго неасцярожны ўчынак ці слова можа выклікаць тваю рэўнасць. Навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі!

Пятро ішоў запрашаць госця, задаволены сабой, у добрым настроі.

Калі Саша вярнулася з марлевым клуначкам у руках, муж сядзеў каля стала з дачкой на каленях, а госць хадзіў па пакоі. Новы пратэз, гумавы, неяк жаласна папіскваў. Сашу чамусьці балюча ўразіў гэты піск, нібы яна толькі цяпер даведалася, што сакратар райкома таксама інвалід, якіх так многа i за якіх так баліць яе сэрца. Ёй здалося, што Уладзімір Іванавіч нечым усхваляваны. I яна на міг насцярожана застыла, спалоханая: ці не сказаў якога глупства Пеця?

— Калі ён яшчэ ў Булатава, паспрабуем нешта зрабіць. Праверым, што яму інкрымінуюць…

— Гэта вы пра Запечку? — здагадалася Саша, кладучы пакунак на паліцу.

Малая саскочыла з бацькавых каленяў, кінулася да маці:

— Мама! Што ты прынесла? Яйкі? Я хачу яйка.

Саша падхапіла яе на рукі, высока падняла, пасадзіла на печ.

— Цішэй, Лянок. Ты замінаеш дзядзю. — I да Лялькевіча: — Уладзімір Іванавіч, паверце мне, я лячыла яго, не мог Андрэй Запечка нічога дрэннага сказаць. Бываюць балбатуны, як… — I асеклася. — Прабачце, не буду называць ніякіх прозвішчаў. Ёсць, што п'яныя могуць ляпнуць усялякае глупства. Запечка не такі. I не піў. I ўвогуле не мог ён… Жонка яго расказвала: зямлю цалаваў, калі вярнуўся. — У Сашы заблішчалі ў вачах слёзы.

— Я веру вам, Аляксандра Фёдараўна. Але баюся, што нічога зрабіць не здолеем.

— Прабачце, Уладзімір Іванавіч, але я гэтага не магу зразумець. Я, канечне, малады камуніст, палітычна малаадукаваны. Але ўсё-такі я чытаў Леніна, праграму, статут… I разумею так: мы кіруючая партыя. Цэнтральны Камітэт кіруе ўсім, ажыццяўляе кантроль над усімі органамі, у тым ліку i над… гэтымі. A ў раёне хто павінен сачыць? Вы — райком. Для мяне вы — найвышэйшы аўтарытэт, я вас выбіраў. Ды i не толькі для мяне, камуніста, — для кожнага чалавека, партыйнага i беспартыйнага. Я, Уладзімір Іванавіч, сказаў вам пра гэта не як госцю. Не проста так. Я ўчора знарок хадзіў да вас, але нікога не застаў — ні Анісімава, ні вас. Я звяртаюся да сакратара райкома. Вы, канечне, прабачце, што я так: паклікаў у госці i пачаў вось з такога «пачастунку»…

— Ды што вы просіце прабачэння! Якія могуць быць цырымоніі паміж намі! А тым больш калі такая справа — лес чалавека!

— Вось іменна — лес чалавека! I мяне здзівілі вашы словы: «Баюся, што нічога зрабіць не здолеем». Я — настаўнік, у мяне ў школе работы па горла, вучоба… I вы, райком, патрабуеце з мяне, з партарганізацыі за ўсё: за сяўбу, за лесавывазку, за фінансы, за малако, за шэрсць… за што хочаш. Дык паслухайце ж i нас часам. А то гэты Булатаў ваш сядзіць на сходзе, як сыч, i толькі задае такія пытанні… ну, проста, паміж намі, правакацыйныя нейкія. А ён жа член бюро райкома. Не падумайце, што я скарджуся. Але мог ён спытаць у нас пра гэтага няшчаснага Запечку? A калі ўжо злавіў яго на месцы злачынства, як кажуць, дык, думаю, таксама пачалавечы можна растлумачыць. Мы ўсё-такі камуністы. I ўсе ваявалі, многія — афіцэры. He такія тайны нам давяралі!

Саша сядзела перад грубкай i раздзьмухвала агонь, мокрае галлё не хацела разгарацца, дыміла, дым адбівала ў твар, яна па-дзіцячы — рукавом — выцірала слёзы.

Лялькевіч, што быў прысеў каля акна, слухаючы Пятра, падняўся, падышоў да Сашы.

— Дайце мне, партызану. Я быў мастак распальваць кастры.

«Унікае размовы!» — незычліва падумаў Пятро, і, каб прымусіць яго адказаць па сутнасці, а можа, падсвядома не хочучы, каб ён станавіўся на калені побач з Сашай, Пятро ступіў да грубкі, імкліва апусціўся на калені, далікатна адхіліўшы жонку, i знарок двухсэнсоўна сказаў:

— Гэта i мы ўмеем.

— Нарэшце ты здагадаўся, — сказала Саша.

Дзьмуў на поўныя лёгкія, са злосцю, якая чамусьці раптам закіпела ў душы. У перадыхах чуў, як за спіною папісквае пратэз, скрыпяць маснічыны. Лялькевіч хадзіў. Яго маўклівая хада пачала раздражняць Пятра.

Гарачыя вуглі разгарэліся — i адразу весела затрашчалі тонкія хваёвыя галінкі, шуганула полымя. Пятро падкінуў буйнейшых дроў. Падняўся. I апынуўся твар у твар з госцем. Уразіў дзіўны смутак у Лялькевічавых вачах.

— У гэтым — няшчасце, — сказаў ён з болем.

— У чым? — не зразумеў Пятро.

— Што Булатаў выходзіць з-пад партыйнага кантролю.

— Вы быццам скардзіцеся мне, — іранічна хмыкнуў Пятро. — Можа, мне ўстанавіць над ім кантроль?

— Ды не, Шапятовіч, усё гэта больш складана, чым вам здаецца. Не ў адным, безумоўна, Булатаве соль.

Саша, якая на падаконніку наразала з невялічкага, у паўфунта, кавалка сала тоненькія скрылёчкі, перапыніла сваю працу, з трывогай у вачах услухалася ў словы Лялькевіча. Пятру не спадабалася i скарга сакратара i яшчэ больш гэтая Сашына трывога — за яго, безумоўна.

«Прыкідваецца сіратой, каб не браць на сябе адказнасці».

Зняважліва перасмыкнуў плячамі.

— Hi чарта не разумею.

— А, думаеш, я разумею? — з ледзь прыкметнай раздражненасцю спытаў Лялькевіч. — Думаеш, калі я сакратар райкома, дык мне адкрыты ўсе таямніцы? Мне трэба, як бачыш, на падарожных раён аб'ехаць. — I ўжо больш спакойна: — Я сам не разумею: няўжо там, — кіўнуў угору, на столь, — не бачаць гэтай небяспекі? Няўжо Сталін з яго празарлівасцю не разумее?

— Пеця! Прыбяры кнігі са стала, нарэж хлеба.

Пятро здзівіўся: у Сашы нічога яшчэ не гатова, са сталом i хлебам можна не спяшацца. Пэўна, яна не хоча, каб яны працягвалі гэтую сваю размову. Чаму? Якраз апошнія Лялькевічавы словы развеялі яго, Пятрову, недаверлівасць. Не, гэта не скарга чалавека, які баіцца ці не хоча браць на сябе лішняга клопату. Гэта — сур'ёзны i балючы роздум. Хіба мала сам ён думаў над усім гэтым? Чаму ж не верыць, што думаюць i другія, i, можа, яшчэ больш пакутліва, бо сапраўды той жа Лялькевіч ведае, безумоўна, значна больш. Пагутарыць з ім па шчырасці, з узаемнай сяброўскай даверлівасцю — хіба не цікава? Саша ўпачатку сама выяўляла гэтую цікавасць.

Але, здаецца, не толькі яна лічыць, што тэма, як кажуць, вычарпана, але i ён — Лялькевіч. Падышоў да стала, пачаў разглядаць кнігі.

У грубцы засквірчэла сала. A калі патэльня была пастаўлена на ляжанку i Саша ўбіла туды яйкі, то пайшоў такі пах, што ў Пятра закружылася галава.

«Чаго добрага, яшчэ страціш прытомнасць, як тая Таня», — з сумным гумарам падумаў ён. Але ўбачыў, як употай каўтнуў сліну госць, i павесялеў: «Ды ты, выходзіць, такі ж галодны, як i я, грэшны». I ўжо борздка, нецярпліва, стосамі пачаў звальваць кнігі ca стала на ложак.

Лялькевіч, паглядзеўшы адну-другую кніжкі, спытаў з сяброўскай інтымнаецю:

— Грызеш гісторыю?

— Раптам адкрыў, што гэта цікавая навука.

Саша, трымаючы на чапяле патэльню ў грубцы, засмяялася:

— Ён трызніць багамі! Асабліва багінямі. Штоноч сніць Афрадыту.

— Ну, выдумаеш!

— Відаць, цікавасць да гісторыі прыходзіць з гадамі. У школе, у інстытуце я не любіў гісторыі. Матэматыка ды фізіка займалі ўвесь час. А вось цяпер хочацца пачытаць i пра багоў i пра герояў. Шкада, няма калі. Усё мару: вазьму адпачынак, уцяку куды-небудзь у лес… У мяне ж столькі знаёмых леснікоў з партызанства! Захаплю чамадан кніжак i — запоем, запоем… З раніцы да вечара. Сню, як чытаю з такой асалодай. — Лялькевіч уздыхнуў, сумна ўсміхнуўся. — Звычайна яна загараецца звечара, такая фантазія. A раніцаю прачнуся — цвярозасць поўная. Разумею: нікуды я не схаваюся. Будзе адпачынак — пашлюць мяне на курорт, лячыцца… Ну, пачытаю, не больш, чым другія… I зноў — сходы, пасяджэнні…

Саша выставіла на засланы свежымі газетамі стол пузатую пляшачку, такую поўную i празрыстую, што Пятру здалося — яна пустая. Ён нават не ўтрымаўся, пераставіў яе з месца на месца — пераканаўся, што яна напоўнена пад шкляны прыцёрты корак самым чыстым «нектарам».

«Увесь акушэрскі НЗ выставіла, — падумаў з вясёлым гумарам. — Зноў акушэрка напіша ў райздраў».

У Дзень Савецкай Арміі яны з Бабковым вымалілі ў Сашы грамаў дзвесце спірту — памянуць тых, хто ішоў побач з імі i не дайшоў. Не толькі фізічныя, але i душэўныя раны — яны яшчэ свежыя ў кожнага. Уедлівая дзяўчына, у галаве якой адны хлопцы ды інтрыгі (a хлопцаў няма, i яна злуе), напісала ў райздраў, што загадчыца фельчарскага пункта выкарыстоўвае медычны спірт на асабістыя патрэбы.

Пятра ўразіў не сам паклёп, а тое, што дзяўчына, якая была на фронце, — такая дурная. Для яго фронт — універсітэт розуму.

Развёўшы спірт вадой, Лялькевіч падняў сваю шклянку:

— Дзякую вам, сябры. Адмаўляўся я ад вашага запрашэння, бо ведаю, колькі гэта клопату ў наш час — прыняць госця. Але шчыра скажу: радасна мне пасядзець у вашай сям'і. Колькі разоў думаў: заеду сам i скажу: «Давайце пасядзім вось так…» Дык не — то фальшывая няёмкасць перашкаджала, то справы неадкладныя… Але без прамоў. Дазволь мне, Пятро, выпіць за Сашу. Дзякую вам, Аляксандра Фёдараўна, за ваша… залатое — не, шаблонна гэта — «залатое», «вялікае»… Адным словам — за ваша добрае сэрца, Саша!

Саша, расчырванелая яшчэ каля грубкі, трохі збянтэжаная тостам, з дачкой на каленях, з маленькай чарачкай у руцэ, была ў гэты міг незвычайна прыгожая. Пятро хацеў i не мог адвесці ад жонкі вачэй.

Чокнуліся. Выпілі. Захрумсталі гуркамі.

— Бярыце яечню, Уладзімір Іванавіч. Што вы адны гуркі? Дайце, я вам палажу.

— Дзякую, дзякую. Не трэба больш. Няхай малой. Дык, значыцца, ты не помніш мяне, Ленка?

— Эк, — шчыра пакруціла галавой дзяўчынка.

— А я ў цябе за няньку быў, i мы добра-такі з табой дружылі. Ты, я ды яшчэ кошка Каця. Помніш кошку?

— У цёткі Полі?

— У цёткі Полі. Але, як Данік?

— Вучыцца ў тэхнікуме.

— Гэта я ведаю. Бывае?

— Рэдка.

— Прыедзе — папрасіце: няхай загляне. Мой галоўны сувязны. Забыўся на свайго камандзіра. — Лялькевіч уздыхнуў.— Хоць яно натуральна: новае жыццё — новыя сувязі, сімпатыі. Усё новае.

— Як вам жывецца, Уладзімір Іванавіч? — нечакана, не па логіцы гутаркі, але з незвычайнай цеплынёй, як у вельмі блізкага чалавека, як маці ў сына, спытала Саша. — Худы вы. З вашым здароўем нельга так запускаць сябе. Гэта ж у які час мы вас крыху паправілі.

— О, Аляксандра Фёдараўна, вы з Поляй гэта ўмелі!

— Што яна так, ваша Ліда?

Лялькевіч зачырванеўся, здавалася, нават спалохаўся.

— Ды не, нічога. Не думайце. Мы жывём дружна. — Ён казаў гэта так, быццам абавязаны быў даць Сашы справаздачу пра сваё сямейнае жыццё, што таксама крыху непрыемна кранула Пятра. — Ліда — разумны чалавек. Толькі працуе як апантаная. Трыццаць дзве гадзіны ў тыдзень, i штодня — сотня сшыткаў. Я кожны раз з жахам гляджу на гару гэтых замурзаных сшыткаў.

— Дзіця будзе?

— Чакаем.

Саша прыветліва ўсміхнулася, як бы задаволеная, што ўвогуле жыццё ў яго пакуль што ідзе па-чалавечы.

— Навошта вам гэта pa6ofa? Жонка — настаўніца, вы — настаўнік. Стал i б дырэктарам школы. Усё-такі спакайней. З вашай нагой, з вашым здароўем…

Сцерлася з Лялькевічавага твару збянтэжанасць ад нечаканых Сашыных пытанняў, зніклі расчуленасць, размякчанасць ад выпітага спірту i ад вячэры. Уміг ён зрабіўся такі, як тады, калі гаварылі пра Запечку, — аскетычна сур'ёзны, заклапочаны, здавалася, да душэўнага болю. Задумаўся на момант, ледзь прыкметна ўсміхнуўся.

— Дзіўна, што ў жонак аднолькавая логіка. Ліда ледзь не штодня кажа мне пра гэта… I я ўжо адзін час пачаў быў прыкідваць: якую школу папрасіць? Але потым разважыў: не, нельга мне пакідаць партыйных органаў. Не падумайце, што я да ўлады рвуся ці такой ужо высокай думкі пра свае кіраўніцкія здольнасці. Не. Наадварот. Кіраўнік я, па нашым часе, пасрэдны — мяккі, ліберальны… Але вось іменна праз тое, што мнагавата чэрствасці, камандавання, такі чалавек, як я, патрэбны ў райкоме. Я хачу, каб вы правільна зразумелі. Неяк так склалася, што многія работнікі, увогуле i людзі нядрэнныя, працуюць… ну, як бы гэта сказаць?.. для справы, для дакладаў, а не для людзей. Усё гэта нават цяжка растлумачыць… Тут трэба самому паварыцца ў гэтым катле, каб зразумець… Мы з Анісімавым часта сутыкаемся на гэтай аснове. Ён крычыць, што я плесневы ліберал, народнік, гнілы інтэлігент, што мяне даўно трэба гнаць у шыю з райкома. Любы другі на маім месцы даўно плюнуў бы. Я цярплю яго, у Анісімава ёсць адна добрая якасць: ён хутка адыходзіць i, разважыўшы, даволі часта згаджаецца… Крычыць, пагражае выгнаць, а як хацелі мяне перавесці ў другі раён — увесь абком на ногі падняў, а не аддаў. I сам я прасіўся, каб пакінулі. Тут амбіцыю i гонар трэба гнаць к чорту. — Уладзімір Іванавіч усміхнуўся. — Я што Фурманаў пры Чапаеве. Але часам мне здаецца, што Фурманаву было лягчэй. Чапаеў — дзіця рэвалюцыі… А мой Анісімаў — гэта, як кажуць, спелы прадукт пэўнага стылю работы. А стыль гэты… Ну, як вам сказаць? Усе мы павінны працаваць па-сталінску, я разумею… Не ва ўсіх выходзіць, вядома. Я не пра тое… Зразумейце мяне… я пра тое, як Ленін ставіўся да людзей… Чытаю, як Ленін рабіў, i… балюча мне, што Анісімаў, Булатаў, Ляшчук ды i сам я… не ўмеем мы вось так, як ён… Ілыч. Не ўмеем… А трэба нам вучыцца, Пятро. Ой як трэба!

Гаварыў Лялькевіч ціха, павольна; калі не глядзець на яго, то магло б здацца — нехаця. Але на твары адбіваліся тая ўнутраная напружанасць i хваляванне, якія прымушаюць слухаць чалавека з асаблівай увагай. Так слухалі яго Пятро i Саша. Нават маленькая Ленка сцішылася i глядзела на дзядзьку як заварожаная.

Даверлівасць i шчырасць, з якімі сакратар райкома выказваў думкі, якія не кожнаму можна сказаць, радавалі Пятра. Але ў той жа час чамусьці рабілася крыху балюча i непрыемна, як некалі ад выказвання Панаса Грамыкі. Нягледзячы на ўсе нястачы, бюракратызм, грубасць, Пятру хацелася пасля такой вайны i такой перамогі бачыць толькі добрае, прыгожае, высокае i чыстае. Часам яму здавалася: каб людзі знарок не вышуквалі благое, не выцягвалі яго на свет божы, то навокал было б больш светлага i ўсім лягчэй жылося б. Ці не таму ён так захапіўся старажытнасцю i міфамі? Прыгожае — у казнах. Ведаў, што гэта талстоўская філасофія: не праціўся злу — будзе дабро. Часта смяяўся сам са сваіх ружовых акуляраў, бо жыццё штодня разбівала ix i прымушала весці змаганне супроць зла. I ён любіў гэтую барацьбу, свой удзел у ёй.

Адчуўшы ў Лялькевічу такога ж летуценніка i барацьбіта, Пятро захацеў, каб яны па-сапраўднаму пасябравалі, бо нішто так не збліжае людзей, як еднасць думак, поглядаў, імкненняў. Ён адказаў Лялькевічу такой жа шчырасцю — расказаў шмат з таго, што хвалявала яго асабіста i людзей, з якімі ён штодня сустракаецца ў школе, у калгасах. Ад споведзі такой зрабілася хораша на душы. I рэшту вечара Пятро прыгадваў розныя вясёлыя армейскія выпадкі, здзіўляючы Сашу сваёй дасціпнасцю.

VII

— Пятро Андрэевіч, раскажыце міф.

Надзя-паштарка — дзяўчына рыжая, непрыгожая, але надзіва рамантычная, чуллівая. Неяк, седзячы ў сельсавеце без справы, Пятро расказваў ёй i Каці міф пра Нарцыса i быў уражаны, як слухала Надзя — як дзіця казку: дайшоў ён да смерці Нарцыса — i ў яе вачах заблішчалі слёзы. З таго дня Надзя часта прасіла расказаць міф. Пятру падабалася яе дзіцячае захапленне: расказваць такім слухачам — асалода. A галоўнае — расказваеш другім i надзвычай трывала запамінаеш сам. На ўсё жыццё. Любы экзамен пасля не страшны.

Але што расказаць, каб было пад уласны настрой? А настрой у яго на рэдкасць узнёслы. Ці не расказаць што-небудзь пра гарэзу Эрота? Каця па гэтай часці адукавана больш чым трэба, яе любой быллю не збянтэжыш, не тое што казкай. А Надзя?.. Гэтая рыжая, мабыць, таксама штоноч сніць хлопцаў. Пятро падумаў, што ёй, непрыгожай, цяжка будзе знайсці сваё шчасце, i пашкадаваў дзяўчыну. I, невядома чаму, успомніўся паэтычны міф пра Дафну.

— Апалон, бог паэзіі, музыкі, быў хлопец вясёлы, жыццярадасны. Да прыкладу, як я.

— Вы часам бываеце, як хмара, — не згадзілася Надзя.

— Будзеш крытыкаваць — не буду расказваць.

— Не, не…

— Але, як i кожнага смяротнага, аднойчы i бога напаткала гора. I вінаваты ў гэтым яго калега — юны бог кахання Эрот, сын Афрадыты.

— Якую вы бачыце ў сне, — засмяялася Каця.

Пятро адпарыраваў:

— Той самы Эрот, малы шалапут, які даволі часта наведвае Кацю.

Загадчыца хаты-чытальні зразумела намёк — зачырванелася.

— Дык вось… Аднойчы Апалон убачыў Эрота. Малы нацягваў свой залаты лук. Апалон засмяяўся i сказаў яму: «Дзіцятка горкае, навошта ты цягаеш такую зброю? Не пад сілу гэта табе. Ці не ўздумаў ты спаборнічаць са мной? Ці не хочаш ты захапіць маю славу?»

«Чакай, я табе пакажу, — падумаў Эрот, — чые стрэлы больш меткія i робяць глыбейшыя раны». Замахаў бажок сваімі залатымі крыльцамі, узляцеў на Парнас — на rapy, дзе жылі ўсе праслаўленыя багі i героі. Узяў ён там дзве стралы: адну, што запальвае каханне… Гэтую стралу ён пусціў у сэрца Апалону. Другой стралой, якая забівае, знішчае ўсялякае каханне, ён прастрэліў сэрца німфы Дафны, дачкі рачнога бога Пінея. Закахаўся Апалон, як кажуць, па самыя вушы ў Дафну. Красун такі, што любая самлела б, убачыўшы яго. А Дафна, хоць i звычайная дзяўчына была, убачыла яго i — наўцёкі. Як тая казуля ад ваўка. Апалон — за ёю. «Чакай, цудоўная німфа! — просіць i моліць ён. — Куды ты ляціш, як галубка ад арла? Ты ж параніла сабе ногі. Спыніся! Я кахаю цябе! Паглядзі, хто я. Не пастух які-небудзь, не лапцюжнік, а сам бог, сын Зеўса!» Але што ёй да таго, калі ў сэрцы ні кропелькі кахання!..

— Гэта праўда. Хоць ты бог, хоць ты прынц, a калі кахання няма… — уздыхнула Надзя.

— Ой, Надзечка, гэта ты не ведаеш… Перад такім мужчынам, як гэты Апалон, не ўстоіш… — падзялілася сваім багатым вопытам Каця.

З дзвярэй высунулася пляшывая галава Халімона Капыла. Стары ўхмыльнуўся шчарбатым ротам:

— Казачкі расказваем?

— А вы, дзядзька Халімон, не падслухоўвайце, вам нельга слухаць пра любоў. Жонку разлюбіце, — засмяялася Надзя.

Пятру стала ніякавата, што яго падслухоўвалі. Знікла жаданне расказваць. Ды ад Надзі не адчапіцца.

— Ну, i што далей, Пятро Андрэевіч? Дагнаў яе Апалон?

— Дагнаў.

— Эх! I ўсё? — расчаравана зіхнула дзяўчына.

— Не, не ўсё. Адчуўшы, што Апалон вось-вось схопіць яе, спалоханая Дафна пачала прасіць свайго бацьку, бога Пінея: «Татачка родны, памажы мне. Адгані ад мяне гэтага нахабніка. Я баюся яго. О зямля! Праглыні лепш мяне!» Сказала яна так — i тут жа застыла на месцы і… ператварылася ў лаўр, дрэва такое, з якога — лаўровы ліст… Доўга Апалон, засмучаны, стаяў перад зялёным лаўрам. А што зробіш? Нічога. Апалон здолеў зрабіць адно, ён сказаў: «Будзь жа вечназялёны, лаўр. I няхай вянок з тваіх лісцяў упрыгожвае маю галаву, маю кіфару i калчан». Вось i ўсё. Вось што нарабіў свавольнік Эрот, лепшы сябра нашай Каці.

— Не вялікі ён сябра мой, — сур'ёзна i нават як бы засмучана адказала Каця. — Ён сябра тых, хто мае шчасце ў любові, як вы. A ў мяне… Якое яно, шчасце! Адно няшчасце.

З-за сцяны, дзе быў медпункт, пачуўся насмешлівы Сашын голас:

— Апалон Андрэевіч! Баюся я, каб хто-небудзь не прастрэліў тваё сэрца.

Тое, што яго расказ пачула жонка, Пятра ніяк не збянтэжыла — наадварот, яшчэ больш развесяліла. Ён крыкнуў у адказ:

— Багіня мая! Яно даўно прастрэлена. Табою.

Дзяўчаты засмяяліся.

Ляпнулі дзверы медпункта, i на парозе першага сельсавецкага пакоя з'явіўся Панас Грамыка. Весела бліснуў цыганскімі вачамі. Сказаў Пятру:

— Даволі табе забаўляць дзяўчат. I м i так весела. Пайшлі на поле. Пагутарым з людзьмі.

Калі выйшлі ў сад, Панас сказаў:

— Асцярожней ты расказвай падобныя казкі. Асабліва Каці. Шура перавязвала мне палец, i я бачыў, што ёй не вельмі прыемна. Яна жартавала, але я адчуваў, што гэта за жарты. Бабы, брат, яны ўсе на адзін аршын. Раўнівыя.

— Ну, глупства!.. Што можна падумаць, калі чалавек гаворыць на поўны голас, так, што за сцяной чуе жонка, за другой — Капыл?

— Калі ўжо прыйшлося, Андрэевіч, да слова, то я табе раю: пастарайся, каб i Капыл менш чуў… Многа мы давяраем розным капылам.

— А што — хіба яны крамольныя, нашы думкі?

— Не. Але ведаеш, як бывае?.. Часам самыя правільныя думкі твае могуць так перавярнуць дагары нагамі, што сам сябе не пазнаеш.

— Здзіўляе мяне, Панас, такая твая падазронасць… Трымаем чалавека сакратаром сельсавета — i будзем хавацца ад яго?

— Я, Андрэевіч, на шаснаццаць гадоў пражыў на свеце белым больш, чым ты. Мне можна ўжо рабіцца падазроным. Табе нельга, табе трэба верыць людзям, гэта я разумею. Але што да Капыла, то скажу табе шчыра: справы не пагоршыліся б, каб на яго месцы сядзеў нехта другі. Чуў, што казалі інваліды? На чорта нам выслухоўваць такія папрокі!

Пасля моцнага пахаладання, калі выпаў снег i дзве ночы стаяў мароз, зноў цяплела, праўда, няўпэўнена, нясмела. Зямля ад гэтага вясновага снегу набрыняла вадой больш, чым пасля зімовага. Дарогі зрабіліся — ні праехаць ні прайсці. Паўторна разлілася рэчка. У часе снегападу мерзлі шпакі. I цяпер яны спявалі залішне гучна, крыкліва і, здавалася, не вельмі весела — не па-вясноваму, не так, як у першыя цёплыя дні, калі птушкі толькі што вярнуліся з выраю ў родны край, разбіліся на пары, пачалі віць гнёзды. Можа, шпакі аплаквалі цяпер сваіх блізкіх, што загінулі ў холад?

— Ты кажаш: каго нам баяцца, калі мы гаворым нашу партыйную праўду? — пасля працяглага маўчання, уздыхнуўшы, сказаў Панас. — А я сам сябе пачаў баяцца, бо, далібог, перастаю разумець, дзе праўда, дзе няпраўда. За тое, што я табе скажу, Анісімаў напэўна паклікаў бы мяне «на кавёр». У мяне душа гарыць ад злосці на ўсіх, хто прымусіў так рана сеяць. Каб мая ўлада, выклікаў бы ix усіх, ад Анісімава i ніжэй… i вышэй… i без доўгіх размоў гаркнуў бы па-армейску: партбілеты на стол, сукіны сыны! За страчанае насенне. За дарэмна патрачаную працу людскую. Памерзла ўсё, што ўзышло. A ў нас кожны кілаграм зерня — на цану золата… Кожны ўзараны гектар чаго каштуе! А разам з тым, калі падумаеш: а што ім было рабіць? Цягнуць з сяўбой? З такім цяглом — па два дзесяткі схудалых коней на калгас ды па адным трактары-інвалідзе на тры калгасы? З такой рабочай сілай — бабы ды дзеці? I так сяўба расцягваецца месяцы на два. А каб i далей пякло i сушыла, як на пачатку вясны? Зноў загінула б не менш. Вось i думай, дзе праўда?.. Каго вінаваціць? Бога? Вайну?..

— Ты, Панас, як той сафіст. Былі ў Грэцыі такія філосафы.

Яны ішлі па вуліцы, з натугай выцягваючы з размешанай гліністай гразі свае кірзавыя боты. Дабраліся да самага высокага месца — да «гарба», як тут называлі, дзе вуліца як бы пераломвалася. Цераз чужы двор i гарод, па сухой сцежцы, пайшлі ў поле.

— Табе, Андрэевіч, лягчэй: ты можаш ад жыцця схавацца за сваю навуку. Ты хітрую навуку сабе выбраў. Гісторыя зацягвае, як той раман: зачытаешся — не можашадарвацца.

Пятро падумаў, што гэты практычны селянін i салдат мае рацыю: сапраўды, захапленне міфалогіяй дае яму нямала радасных хвілін i заўсёды неяк хораша настройвае. Як зараз вось — пасля таго як ён прачытаў дома пра Геракла i расказаў дзяўчатам пра Дафну.

Старшыня спыніўся ў канцы гарода, павярнуўся да Пятра з нахмурана-заклапочаным тварам:

— Вось табе яшчэ адзін прыклад. Анісімаў на нарадзе — помніш? — сказаў: убачу, дзе калгаснікі будуць араць на сабе, — галаву знясу старшыні таму…

Збоку ад ix, сядзіб за колькі, шэсць жанчын, па тры за пастронкам з аднаго i з другога боку ворчыка, цягнулі плуг, сёмая, высокая, згорбленая, здавалася, не проста арала — вяла плуг, a натужліва памагала — піхала яго.

Пятро помніў, што ён першы горача запляскаў словам сакратара райкома i быў здзіўлены, што старшыні калгасаў, якія сядзелі побач, не вельмі дружна падтрымалі яго. Узлаваўся тады: баі, самі морды паадрошчвалі, а няшчасныя ўдовы на сабе аруць.

— Правільна сказаў Анісімаў! Ты можаш так спакойна гаварыць? Ды ганьба нам!.. Мне здаецца, не па зямлі яны цягнуць плуг, а па сэрцы маім.

Грамыка павярнуўся, i вочы яго нядобра бліснулі.

— Табе здаецца… Легка вам з Анісімавым гаварыць! — I нечакана вылаяўся: — А што мне рабіць? Коней я не магу ўсім даць. Не выцягнуць яны, коні, i поле i сядзібы. Ды каб я хоць на дзень зняў ix з калгаснага поля — назаўтра быў бы на бюро райкома. Ды i сам я разумею: калгас — аснова. Але пакуль умацуем аснову гэтую, людзі павінны неяк жыць. Не даць ім прысеяць сядзібы? Але людзі павінны есці, каб працаваць. Рабіновіч параіў: няхай рыдлёўкамі капаюць. Дурань! На гэта трэба ў пяць разоў больш часу i поту. Можаш мяне цягнуць на сход, у райком, але я дазволіў па чарзе не выходзіць на работу i вось так ухадзіцца са сваімі гародамі. Пасеяць бульбу — дам коней.

Пятро маўчаў. Што скажаш? Не першы раз гэты хітрун прыціскае да сцяны так, што не ведаеш, у які бок крутнуцца, каб выкруціцца неяк — пабіць яго больш пераканаўчымі довадамі.

Па дарозе, што аддзяляе гароды ад поля, Пятро павярнуў направа, да аратых.

— Не пойдзем туды, — сказаў старшыня, — не будзем растраўляць баб.

— Баішся? — спытаў Пятро, на міг адчуўшы сваю перавагу — смелую рашучасць падысці да жанчын, пагутарыць, можа, нават памагчы.

— Я баюся? — Панас засмяяўся. — Ох, браткі-інтэлігенты! Сялянскія дзеці, а мужыка не разумеюць!

Жанчыны, убачыўшы, што да ix ідуць, спыніліся, выціралі твары хусткамі. Адна закрычала:

— Гэй, мужчыны, хадзіце сюды! Хоць дух ваш пачуем! Як пот ваш пахне!

— Яе Лісцік, відаць, нічым не пахне, — прабурчаў Грамыка.

Пятро таксама пазнаў жанчыну ў вылінялай мужчынскай майцы, з голымі рукамі, без хусткі; гэта яна крычала, удава Ліза, па-вулічнаму — Сарочыха, палюбоўніца старога лесніка.

Пэўна, нехта ca старэйшых жанчын хацеў утаймаваць маладзіцу, бо Ліза гучна адказала:

— A хіба настаўнік не мужчына? Яшчэ лепш: чысценькі, свежанькі… Не адной жа доктарцы нюхаць яго.

— Вось чортава баба, — хмыкнуў Панас. — Зараз ты пачуеш ад яе…

— Трэба напісаць Сталіну, каб прыняў закон: удовам выдавать мужчын па картачках.

— Ты i без картачкі знайшла, — сказала жанчына, што стаяла за плугам.

— Хіба я мужчыну знайшла? Лісцік. — Ліза голасна зарагатала. — Ды i той сухі.

Наблізіўшыся, Пятро паважна павітаўся. Жанчыны адказалі ветліва. Усе. Акрамя Лізы. Яна, здаецца, не адказала. Грубым жэстам падцягнула спадніцу, падол якой быў падаткнуты, яшчэ больш агаліла ногі, заляпаныя зямлёй па калені i мармурова-белыя, надзіва прыгожыя вышэй каленяў. I грудзі яе, поўныя, гэткія ж белыя, здавалася, вось-вось ад глыбокага дыхання пераваляцца цераз нізкі выраз майкі. Пятро сур'ёзна спалохаўся, што гэта можа здарыцца — так бессаромна яна выставіла ix, свае грудзі. Другія жанчыны скіравалі ўсю ўвагу на старшыню, бо ў кожнай свой клопат. А яна, Ліза, не зводзіла вачэй з Шапятовіча. Пятро не ведаў, куды дзявацца ад гэтых вачэй. Глядзець на яе голыя ногі, на грудзі яму было сорамна перад жанчынамі. Скажуць: во парторг вытарашчыў бельмы на голую бабу. Чаго добрага, яшчэ Сашы перададуць. Але нейкая дзіўная, проста магічная сіла цягнула глядзець на яе. У душы змяшаліся павага, захапленне, крыўда, боль… Захапленне сілай, прыгажосцю; боль — што ёй, жанчыне, якая магла б у красе спаборнічаць з тымі багінямі, прыходзіцца рабіць абразлівую для чалавека працу — замяняць каня. У гэты міг ён чамусьці дараваў Лізе нават сувязь з лесніком. Бо колькі ў яе тае радасці ў жыцці? Але чаму яна так глядзіць? Быццам хоча ўдарыць ці ўкусіць. Быццам ён, Шапятовіч, вінаваты ва ўсіх няшчасцях, што зваліліся на яе галаву. Зайздрасць, што ён вярнуўся жывы, здаровы i Саша мае шчасце?.. На нейкі міг яму захацелася абняць яе, прытуліць i сказаць па-бацькоўску: «Не трэба злаваць на ўвесь свет. У цябе таксама будзе яшчэ шчасце. У цябе растуць дзеці…»

— Панаска, родненькі, трэба ж мне бульбачку ад сястры прывезці. Гэта ж дванаццаць вёрст.

— Заўтра я паеду ў раён i сам забяру тваю бульбу.

— Старшынька, калі ж тая мая чарга на каня?

— Я ж усім абвясціў.

— А каб жа мне, старой, хутчэй, у мяне ж планік на самай гары.

— Цётка Куліна, першага мая пасеем табе бульбу. Не гаруй.

— A ці нельга, Панаска, да Вялікадня? А то ж гэты май на Радуніцу якраз. А мне трэба ў лес схадзіць — да сына на магілку.

— Старшыня! А мне давай каня на Вялікдзень! Гэтыя ж багамолкі рабіць не будуць. А мне — усё адно! — гучна патрабавала Ліза.

— Грэх табе будзе, Ліза, — паківала галавой Куліна — высокая кастлявая старая, што стаяла за плугам.

— Грэх? А яму не грэх, Богу вашаму? — Яна пагразіла кулаком небу. — Не грэх, што забраў столькі мужчын? Навошта яны яму? Зямлю араць? Сена касіць? Дзяцей рабіць?

— Жахніся, маладзіца! Што ты плешчаш?

— Во дурная!

— Звар'яцела баба.

Жанчыны накінуліся на яе, i Ліза неяк адразу абмякла, здалася.

— Грэх… Ну, даволі вам плакаць перад старшынёй. Ён адзін вас усіх не прыгалубіць. Не надзейцеся. Запрагайцеся, кабылкі, у плуг самі.

Ліза раптам зноў павярнулася да Шапятовіча, сказала, саркастычна i як бы грэбліва скрывіўшы свае поўныя засмяглыя вусны:

— Ану, інцялягенты, падмяніце старых, дайце ім перадых. Хоць баразны дзве прайдзіце, паспытайце ўдовінага хлеба…

Нельга было адмовіць на такое запрашэнне. Ды Пятро зусім i не думаў адмаўляцца. Навошта? Ён нават узрадаваўся, што сустрэчу i размову з гэтымі жанчынамі можна вось так завяршыць — хоць трошкі памагчы ім, а не проста ветліва развітацца i пайсці далей, не выцершы нават кроплі поту з ілба ў той час, калі яны абліваюцца ім.

У Пятра адразу зніклі скаванасць, разгубленасць; перш ён стаяў, тарашчыў вочы на Лізіны ногі, слухаў размову жанчын ca старшынёй i не мог ім сказаць ніводнага разумнага слова. А што скажаш? Гутарку пра міжнароднае становішча павядзеш, ці што? А тут весела засмяяўся, плюнуў у далоні, павярнуўся да Грамыкі:

— А што, Панас, узялі?

Грамыка плюснуў чорнымі вейкамі, крутнуў галавой. Пятро зразумеў яго без слоў: «Даведаецца Анісімаў, што мы не толькі не забаранілі, a самі цягалі плуг — будзе нам!»

— Ды чорт з ім, з Аніськам! Узялі!

Ліза таксама засмяялася:

— Правільна, Андрэевіч!

I тое, што яна назвала яго па бацьку, яшчэ больш падбадзёрыла Пятра.

Плуг не проста цягнулі за пастронкі, жанчыны зрабілі прыстасаванне: да пастронка прывязалі тры лямкі, абшытыя лямцам ці старымі ручнікамі. «Хамут» такі надзяваўся на плечы.

Ліза грубавата выпхнула з «вупражы» нестарую жанчыну, бадай, сваю аднагодку, але нейкую змарнелую, бледную, i перадала яе лямку Пятру. Грамыка стаў з другога боку.

Пацягнулі.

Кажуць, упачатку любая праца, самая цяжкая, здаецца лёгкай. Не, Пятро з першых крокаў адчуў, што праца гэтая вельмі цяжкая. Можа, ён залішне натужыўся? Ліза ішла лягчэй: раўней ступалі яе босыя ногі па размяклай зямлі, не чырванела ад натугі шыя.

Цяпер ён мімаволі глядзеў на яе шыю, на мармурова-белыя — аж вочы слепяць! — плечы. Найдасканалейшы бюст, злеплены найвялікшым майстрам — прыродай. Цяжкія, растаптаныя боты яго слізгалі па зямлі, i ён, салдат, збіваўся з кроку. Жанчына, якая ідзе за ім, пэўна, бачыць усё гэта. Пятро стараўся ісці раўней, але тады рабілася яшчэ цяжэй. Лямка балюча муляла шрам, i яму трэба было трымаць яе рукой, каб «хамут» не прыціскаўся да грудзей. A Ліза ішла, апусціўшы рукі, як у страі, здавалася, зусім легка. Гэтак жа легка ішоў Панас, злева i чуць наперадзе ад яго.

На другой баразне пот пачаў заліваць вочы. Пятро сцёр яго раз, другі рукавом гімнасцёркі. Вырашыўшы, што ва ўсім вінавата зімовая шапка, на павароце шыбнуў яе пад старую грушу. Ліза ўбачыла гэта — засмяялася:

— Парыць, Андрэевіч?

Як на злосць, сонца, якое колькі дзён ужо рэдка цешыла сваім цяплом, выглянула з-за хмары i прыпякло. Не па-вясноваму — па-летняму.

Хутка Пятру здалося, што з яго суконнай гімнасцёркі вось-вось пацячэ — такая яна зрабілася мокрая, цяжкая. I вочы залівала потам яшчэ горш, так, што Лізіны плечы расплываліся ў нешта бясформеннае, жоўтае, i ён не думаў больш пра ix прыгажосць. Цяпер увесь свет страціў для яго сваё хараство i фарбы. У скроні стукала малаткамі, а боль аддаваўся ў рану.

Яшчэ ўпачатку, на першай баразне, Пятро расшпіліў усе гузікі. А як спыніліся, каб адпачыць, ён вырашыў скінуць гімнасцёрку. Але разам з гімнасцёркай сцягнулася i сподняя кашуля — мабыць, прыліпла, мокрая. Пятро збянтэжыўся, убачыўшы, як жанчыны глядзяць на яго, глядзяць не на твар, не ў вочы — на грудзі, на жывот. Ён не адразу зразумеў, чаму яны гэтак глядзяць, i, як хлапчук, сарамліва прыкрыўся гімнасцёркай. Асабліва дзіўна Ліза глядзела — з дабратой, ласкава, i вочы яе паступова як бы затуманьваліся слязьмі.

— Ну, мужчынкі, хопіць. Дзякуем, — сказала яна.

Яны спыніліся пасярод гарода, не давёўшы баразны да краю, i Пятро наіўна спытаў:

— Чаму?

— Рукі нам адсохнуць, калі мы на вас… араць будзем. Не ведалі мы. Даруйце…

Пятро ўсё зразумеў — усю чуласць i пяшчоту ix сэрцаў. У вачах яго калыхнулася неба, быццам упала на зямлю, i сонца разламалася на многа кавалкаў.

VIII

Нядзеля, але ў школе ішлі заняткі: быў Вялікдзень, а таму дзень абвясцілі рабочым — вялі барацьбу з рэлігіяй. Настаўнікаў радавала, што вучні даволі дружна з'явіліся на ўрокі, усяго які дзесятак дзяўчынак не прыйшло: у звычайны будні дзень i то бывае больш прагульшчыкаў. Класныя кіраўнікі выхваляліся адна перад адной, у каго менш ix — «вялікаднікаў».

Настаўніцы былі ў добрым настроі, вясёлыя, узрушаныя. Але ix весялосць у гэты дзень раздражняла Шапятовіча. Ён ведаў: большасць з ix мясцовыя і, безумоўна, перад тым як пайсці ў школу, добра разгавеліся, ад некаторых нават трохі самагонам патыхае. А цяпер перад ім i дырэктарам выдаюць сябе за вялікіх атэістак.

А можа, ён злаваўся таму, што сам быў галодны — прыйшоў нашча? Напярэдадні садзілі бульбу, пасадзілі ўсё, да апошняй бульбіны, a іншыя запасы, што былі ў хаце, з'елі хлопец-араты i санітарка, якія памагалі ў працы; Саша шчодра пачаставала ix.

Жонка сказала раніцаю са смехам: «Нічога, Пеця, людзі добрыя. Накормяць». Аптымістка! Але думка, што нехта дасць ім, сям'і сакратара партарганізацыі, велікодныя яйкі i нейкі кавалак сала, можа, нават свянцонага, знарок, — такая думка абражала да душэўнай пакуты. I моцна сапсавала Пятру настрой. У настаўніцкай ён быў панура-маўклівы, у класах — няўважлівы i залішне добры: не пытаў, не ставіў адзнак, не распрацоўваў новага матэрыялу, даваў задание — чытайце самі. Бачыў: вучні насцярожаны такой дабратой, робяць выгляд, што чытаюць, а на самай справе кожны з ix думае пра нешта сваё. Пра што? Немагчыма здагадацца, гэтак жа, як не толькі з ix, дзяцей, але ніхто з самых праніклівых дарослых, псіхолагаў ніколі не здагадаўся б, пра што думае ён, настаўнік, стоячы каля акна i гледзячы ў зарэчную далеч, дзе на ўзгорку сінее хвойнік. Паспрабуй — здагадайся, што ў гэты час ён думае пра помету Медэі. Трагедыя Эўрыпіда нават у перакладзе па падручніку міфалогіі зрабіла незвычайнае ўражанне. Прачытаў уначы — доўга не мог заснуць. Раніцой расказаў жонцы легенду. Чакаў, што Саша адмахнецца ад яго новай казкі: «Глупства. Ніводная маці не заб'е сваіх дзяцей». Але яна, як ніколі раней, задумалася i згадзілася: «Ад рэўнасці жанчына ўсё можа зрабіць».

Гэта ўразіла яго яшчэ больш.

Уласна кажучы, не сама трагедыя, а Сашыны словы вярталі да думак пра Медэю, пра таямніцы жаночай душы. I яму палюбіўся гэты роздум пра тое, што, магчыма, недзе з некім i здарылася тры тысячы год назад. Тры тысячы!.. Такая даўнасць неяк хораша адводзіць думкі ад надзённасці: пачынаеш забываць няшчырасць настаўніц, уласнае адчуванне голаду, пра сход у Панізоўі, які трэба заўтра правееці,— збяруцца людзі ці не?.. Але нішто не скарачала час, урокі цягнуліся як ніколі доўга. I, як ніколі раней, Пятро ўзрадаваўся, калі яны нарэшце скончыліся. Рушыў быў дадому. Але ў акне сельсавета ўбачыў адзінокую постаць Бабкова i павярнуў туды.

Іван Дзямідавіч сустрэў словамі:

— Хрыстос уваскрос, ліха на яго, а нам з табой клопат: чуе мае сэрца — не робяць нідзе. Бачыш? — Ен паказаў праз другое акно за раку. — У Грамыкі ўсе коні на лузе гуляюць. Хаця б загнаў куды ў кусты. Наскочыць Анісімаў — не мінуць нам бюро. Трэба, Андрэевіч, узяць нам каня ў гэтага куркуля ды паехаць па калгасах.

Пятро ўзлаваўся — незразумела чаму:

— Ды ну яго к чорту! Што дасць наша паездка? Калі не выйшлі з раніцы, то хто пойдзе цяпер, пасярод дня? Няўжо ты думаеш, што можна адным махам скончыць з верай?

Бабкоў уздыхнуў:

— Вайна i тут шкоды нарабіла. Да вайны мы ў любое папоўскае свята нядзельнікі рабілі. Усе выходзілі — ад малога да старога.

Пятро не вельмі паверыў у гэта, бо даўно ўжо прыкмеціў, што старшыня сельсавета, як ніхто іншы, шчыра перакананы, што да вайны ўсё было лепшае: партработа, гандаль, антырэлігійная прапаганда, нават людзі былі лепшыя, а цяпер — усё не так, усё папсавана вайной, i людзі ў тым ліку. Гэтую яго рысу Саша неяк растлумачыла проста i па-жаночы мудра:

— Да вайны чалавек меў шчасце, сям'ю. А цяпер што ў яго асталося? Адны ўспаміны.

Сапраўды, Бабкоў жыў успамінамі. Мабыць, адчуўшы, што Пятро сумняваецца ў верагоднасці яго слоў, стары пачаў горача расказваць, як яны працавалі да вайны i як усё хораша ішло — як па масле.

Пятра пачало раздражняць бабкоўскае захапленне ўсім даваенным, гэтак жа, як раздражняла ханжаства настаўніц. Ён знарок, на злосць старому, пачаў пярэчыць: усё было зусім не так. Бабкоў узлаваўся. I яны трохі не пасварыліся. Перашкодзіў Грамыка. Прыйшоў вясёлы, з хітрымі смяшынкамі ў вачах i запрасіў ix да сябе на абед.

— Пайшлі, хлопцы, пацешым душу на бабскае свята. Наямося да новага ўраджаю. Цешча бычка зарэзала. Ну, i ўсё другое, як мае быць на Вялікдзень. Нават пляшку недзе дасталі, чортавы бабы, неразліўной, чыстай маскоўскай.

Бабкоў адразу згадзіўся.

Пятра гэта здзівіла i ўзлавала. Ён добра ведаў слабасць старога: чарка для яго — адзіная i наймацнейшая спакуса. I, аднак, трэба ж мець нейкі прынцып! Толькі што рваўся ў калгасы, баяўся Анісімава, i вось — ураз пра ўсё забыўся. У яго, Пятра, ад напамінкаў пра мяса i яйкі таксама забурчала ў жываце i пагнала сліну. Але ўсё-такі нельга забывацца, што ты не проста настаўнік, а партыйны кіраўнік, выхавацель i дзяцей i дарослых. Што яны падумаюць?

— Падвядзеш ты, Панас, пад манастыр i нас i сябе. Раззвоняць: камуністы Вялікдзень спраўлялі. Крый божа, дойдзе да Анісімава… ён з нас спусціць стружку.

Казаў, а на душы было пагана, бо адчуваў, што словы яго няцвёрдыя: урэшце i ён не вытрывае перад такой спакусай — гэтак паабедаць! Таму выходзіць, што ўшчувае ён няшчыра — ці то каб паказаць сябе перад таварышамі па рабоце лепшым за ix, ці то — каб застрахавацца на ўсякі выпадак. Хіба гэта не такое ж ханжаства, як у тых настаўніц? Хіба не лепш згадзіцца адразу, як Бабкоў? Усё адно недзе трэба есці, не галадаць жа ў знак пратэсту супроць Вялікадня.

— Ніхто не будзе званіць, Андрэевіч. Не бойся. Не думай, што людзі не разумеюць. Ды ім самім Бог — для прыліку. Хіба такія, як цешча мая, шчыра вераць? А так… Чуў, што Лізавета казала? Але хочацца людзям, каб хоць адзін дзень мець свята…

— Будзе Першамай.

— Мы з табой i на Першамай не дамо пагуляць. Аб'явім рабочым днём…

— Аб'явім, а выконваць будзем, як сёння. Чаго варта пастанова, за якую прагаласавалі? Ніводнага чалавека на полі…

— Хаця б коней куды загнаў далей ад дарогі,— нечакана падтрымаў Бабкоу. — Паедзе хто з раёна — адразу ўбачыць, што ў полі нікога…

Грамыка неяк дзіўна ўсміхнуўся, крутнуў галавой.

— Ох, умеем мы ад саміх сябе хавацца! Коням таксама трэба хоць адзін дзень свята, яны з пастронкаў не вылазяць.

Пятро зразумеў, што першай фразай Грамыка адказаў не Бабкову, а яму — на яго ваганні, на яго спробу прыкрыць слоўнай заслонай згоду паабедаць. Гэта кранула за жывое. Што цяпер лепш — катэгарычна адмовіцца ці рашуча згадзіцца? Toe, што хітрун гэты бачыць, як кажуць, наскрозь i глыбей, чытае нават тыя думкі, якія сапраўды часам сам ад сябе хаваеш ці, ва ўсякім разе, не адразу даеш ім права ўплываць на рашэнні,— прымусіла адкінуць прэч усялякую дыпламатыю i агаворкі:

— Пайшлі. Было не было. Бюро нам усё адно не мінуць. Не за гэта, дык за другое.

Пятра бянтэжыла, што дома ў Грамыкі сямідзесяцігадовая цешча, якая, чаго добрага, яшчэ пачне «хрыстосавацца», i дзеці — школьнікі, сын i дачка. Але Панас i жонка яго Гаша, увішная i па-сялянску вельмі практычная, усё прадугледзелі: ні старой, ні дзяцей у хаце не было. Але былі ўжо там Саша з Ленкай i жонка Бабкова з сынам ад першага мужа, што загінуў у партызанах, у атрадзе Івана Дзямідавіча.

Жанчыны памагалі гаспадыні збіраць на стол, хоць там стаяла ўжо столькі смакаты, што ў галоднага Шапятовіча ажно заныла ў жываце. Хутчэй бы за стол!

Ды раптам на вуліцы загурчаў матор, фыркнуў, чмыхнуў, заглух. Каля хаты спыніўся «віліс».

— Анісімаў!

На нейкі момант усе яны — i мужчыны i жанчыны — анямелі, застылі ў недарэчных паставах, магчыма, у больш ненатуральных i смешных, чым гараднічы, яго сям'я i ўсё акружэнне ў фінале «Рэвізора». Ніхто не ведаў, што рабіць.

Нарэшце Грамыка скамандаваў шэптам, як у начной атацы:

— За мной! — I гэтак жа, як на фронце, прыгнуўшыся, шмыгнуў у дзверы.

Бабкоў — за ім. Каманда i яе выкананне былі такія рашучыя, што Пятро таксама падначаліўся i выскачыў следам за імі ў недабудаваныя сенцы.

За дзвярамі стаяла лесвіца на гарышча. Грамыка ca спрытам ката, за два бясшумныя скокі, апынуўся там, у падстрэшшы сваёй новай хаты. Нязграбна палез па лесвіцы i Бабкоў, шэптам мацюкаючыся. I толькі тады Пятро зразумеў сэнс Панасавай каманды. I спыніўся… Гэтак ганебна, па-дзіцячы хавацца ад свайго сакратара райкома? Зрабілася i сорамна i крыўдна. Пятро з адчайнай рашучасцю выйшаў у двор. На фронце гэта называлася «прымаю агонь на сябе». Але там быў вораг. А тут… Угледзеў Анісімава — знікла рашучасць. Што сказаць? Выдаць ix, Бабкова i Грамыку? О не! Гэта была б здрада.

Сакратар райкома стаяў каля «варот» — дзвюх жардзінак, што адгароджвалі вуліцу ад двара, уважліва разглядаў аснову будучых сапраўдных варот — свежаабчэсанае дубовае шула. Ён не спяшаўся заходзіць у хату, спакойна чакаў, што нехта выйдзе. Навошта няпрошаным госцем урывацца ў чужую хату? Але калі ўбачыў Шапятовіча, то адразу страціў свой спакой. Натапырыўся, зрабіў крок наперад i застыў у такой паставе, быццам падрыхтаваўся для ўдару; сашчапіў пальцы рук i выкручваў так, што трашчалі суставы. Усе ў раёне ведалі гэты анісімаўскі жэст i жартавалі: «Ломіць пальцы — чакай буры».

Нізкі, шчуплы сакратар у той міг чамусьці здаўся Пятру асілкам, карчом, вуглавата-калючым. Калючыбыўпраніклівы погляд яго кругленькіх шэрых вачэй, а коратка падстрыжаныя, пад бокс, сіваватыя вал асы — звычайна — лагодны вожык, нейкі хлапчукоўскі, такі, што часам у добрым настроі хацелася яго пагладзіць, — цяпер здаваліся калючымі, як іголкі дзікабраза.

Учарашні салдат, якога доўга прывучалі да пакорлівасці i бездакорнага падначалення, Пятро ўвогуле баяўся начальства, ва ўсякім разе, губляўся перад ім. Але калі яго выбралі сакратаром партарганізацыі, ён доўга i настойліва пераконваў сябе, што яму няма чаго баяцца Анісімава, старэйшага таварыша, партыйнага кіраўніка, які б той ні быў круты характерам. Яго злавала, што другія гэтак баяцца Анісімава i нават не хаваюць сваёй боязі.

Але перад такім натапыраным Анісімавым i ён збаяўся.

Сакратар крыва ўсміхнуўся i спытаў з едкім сарказмам:

— Што, Шапятовіч, качаем яйкі?

Варта было i яму адказаць жартам, але да гэтага ён дадумаўся пасля — што жарт мог бы хоць трохі ўлагодзіць сакратара, змякчыць. А ён пачаў «выкручвацца» на поўным сур'ёзе:

— Не. Я толькі з урокаў. Шукаю Грамыку.

— Дзе ж ты яго знайшоў? — Анісімаў ступіў бліжэй, тварам у твар, вочы яго, злосныя i насмешлівыя, здавалася, прасвечвалі наскрозь i ўсё бачылі, усё чыталі, а таму Пятру стала страшна глядзець у ix, у гэтыя вочы.

— Не знайшоў. Няма. Дома яго няма.

— Можа, памагчы знайсці? А? Я маю вопыт у шуканні старшынь.

Пятро пахаладзеў. Не ад боязі, што сакратар знойдзе Грамыку i Бабкова. Не, на гарышча ён не палезе… A калі зойдзе ў хату, убачыць жонак ix — Сашу i Соню, яго, Пятрова, мана стане відочная. Ды яшчэ накрыты стол… Ці дадумаліся жанчыны хоць прыбраць са стала? Усё адно, калі нават i прыбралі, дурань i той зразумее, што старшыні схаваліся i што збіраліся яны тут з жонкамі i дзяцьмі не дзеля абмеркавання, як падняць людзей на работу, i не дзеля палітвучобы. Як гэта агідна — хлусіць! Але хто тоне — хапаецца за саломінку. Толькі б не быць выкрытым тут жа! А таму адна хлусня цягне другую.

— Жонка кажа: у поле пайшоў…

— У поле? Ды няўжо? Дзіўна. — I пацёр далоняй аб далоню так, што яны заскрыпелі, як здубелая скура. — Колькі ж у яго людзей у полі? Плугоў? Колькі ўсяго людзей працуе ў калгасах? Дзе што робяць? Таварыш сакратар партарганізацыі!..

— У мяне былі ўрокі. Я хацеў узяць каня i… праехаць паглядзець…

— Усё-такі хацеў? Ты глядзі, які ініцыятар! Гарыць чалавек. А на што вы хацелі паглядзець? На пустое поле? — Анісімаў адступіў на два крокі, назад да шула, у вачах пагаслі іскры сарказму, але затое разгарэўся гнеў; лоб i вусны пабялелі, а шыя налілася крывёй. — Вы каму, Шапятовіч, тлуміце галаву? Сакратару райкома? Вы добра ведаеце, што ні ў адным калгасе няма ў полі ніводнага плуга, ніводнага чалавека. Вы забыліся на рашэнне райкома! Я напомню вам яго! — Ён дастаў з кішэні гімнасцёркі гадзіннік — цыбуліну без ланцужка, глянуў на яго. — К шасці — на бюро! Усе старшыні калгасаў! Вы! Бабкоў!

Пятро не паспеў нічога адказаць, як Анісімаў апынуўся ў машыне i аблезлы, аблеплены гразёй «віліс» сарваўся з месца. Цяпер было не да абеду. Да шасці аставаліся нейкія чатыры гадзіны, а трэба аб'ехаць пяць калгасаў за тры-чатыры i нават за шэсць кіламетраў, а потым дабрацца яшчэ да райцэнтра.

Здаецца, ніколі яшчэ ён, Шапятовіч, не адчуваў сябе так пагана: быццам сам сабе напляваў у душу, сам сябе прынізіў, абразіў вымушанай хлуснёй, вучнёўскім спалохам. А хто вінаваты? Яны — гэтыя старыя зайцы! Упершыню ён павысіў голас на ix. Старшыні вінавата маўчалі, бо ведалі, што самае цяжкае выпала на яго — «прыняць агонь на сябе». Але не змаўчала Саша:

— Чаго ты разышоўся? Спалохаўся? Сам ты горш за зайца. Паглядзі на сябе ў люстэрка — ажно збялеў. Ці выслужыцца так хочаш?

Жончыны словы распалілі яшчэ больш.

— Я ў твае акушэрскія справы не лезу! Не ўмешвайся i ты ў мае! Больш апалітычнага чалавека, як ты, я не ведаю! Дзіўлюся, як ты ў партызанах апынулася.

— Ах, які палітык! Які змагар! — Пятра надзвычай уразіла, што Саша прыжмурылася гэтак жа, як Анісімаў, i такія ж саркастычна-гнеўныя іскрынкі скакалі ў яе вачах. — Выходзіць, адзін ты свядомы, а мы — сляпыя кацяняты, бяздумна ідзём за табой, свядомым! — I не вытрывала — сарвалася, крыкнула: — Ты сваіх баб мацаў, калі другія ішлі на смерць! Герой спаднічны!

Такой абразы ён ад яе яшчэ не чуў. Каб пры людзях… Пятро захлынуўся крыўдай. Хіба ён не ішоў на смерць? Хіба не ён двойчы прастрэлены?

Немаведама, што яны маглі б нагаварыць адно аднаму, каб не Гаша: жанчына неяк хітра i ўмела «патушыла агонь», развяла ix.

Грышка, Грамыкаў сын, з сябрамі прыгнаў з поплаву лепшых коней. Аднаго асядлалі, сядло было хоць старое, падранае, але сапраўднае, кавалерыйскае, на другога каня ўскінулі мяшок з сенам. Каня з сядлом Грамыка гасцінна i ветліва, з адчуваннем сваёй віны, прапанаваў Пятру, i ён, нязграбна патанцаваўшы на адной назе, узабраўся на яго пад кплівыя ўсмешкі вучняў. Усмешкі, што дробачка солі на свежую рану.

Раздзяліўшы калгасы, паехалі шукаць старшынь. Знайшлі толькі аднаго — Фёдара Балотнага, старшыню «Ударніка». Між іншым, толькі ў яго група моладзі рабіла ў полі — садзіла бульбу, i сам ён быў з ёй, развозіў i раскідаў гной.

Да райцэнтра ехалі на фурманцы. Паганяў Панас. Часта цмокаў, нокаў, але лейцы тузаў неяк так, што трафейная кабыла — яго гонар i любоў — пасля такога тузання не рвалася ўперад, а, наадварот, запавольвала бег, пераходзіла на развалістую хаду, задаволена фыркаючы. Гэтая чарговая Панасава хітрасць злавала Пятра. Але яшчэ больш раздражняла i адначасна неяк дзіўна раздвойвала пачуцці, разбівала настрой i пэўны парадак думак тое, як Грамыка расказваў Балотнаму пра сваю хованку. Расказваў весела, знарок выстаўляючы сябе ў недарэчна-смешным выглядзе. Нібыта ён на лесвіцы зачапіўся за цвік, a Іван Дзямідавіч піхнуў яго ў мяккае месца галавой i вылаяўся так, што не толькі, відаць, пачуў Анісімаў, але пачулі на другім канцы вёскі.

— I я, брат, як той снарад з марціры, узляцеў на гарышча, троху не разбіў ілбом комін.

Балотны рагатаў. Гэты стары — пад шэсцьдзесят год, беспартыйны — не баяўся ні Анісімава, ні бюро. Увогуле, ён, відаць, нікога не баяўся; упаўнаважаных звычайна спакойна выслухоўваў, a рабіў па-свойму. Калгас яго быў калі не лепшы, то, ва ўсякім разе, не горшы за іншыя. Але крытыкавалі Балотнага на кожным пленуме, на кожнай нарадзе. Неяк так павялося, што амаль кожны раённы работнік лічыў сваім абавязкам не толькі пакрытыкаваць старшыню «Ударніка», але i высмеяць. Балотны моўчкі слухаў, употай курачы з рукава (курыў бясконца), пасля выступаў, прызнаваў крытыку, прыніжаў сябе: стары ён, дурны, малапісьменны, i прасіўся, каб вызвалілі. Анісімаў тут жа «разносіў» яго за «дэмабілізацыйны настрой». Аднак кал i неяк на бюро нехта прапанаваў задаволіць просьбу Балотнага, сакратар райкома асек разумніка: «Ты пойдзеш на яго месца?»

Пятро паважаў Балотнага гэтак жа, як i Грамыку, i заўсёды ў душы пратэставаў, калі кожны смаркач, які па гадах не толькі ў сыны — ва ўнукі яму падыходзіць, пачынаў кпіць ca старога, здавалася, бездапаможнага, затлумленага.

Ажно не, выходзіць, не такі ён просценькі, гэты Федзька Балотны, як кліча яго Бабкоў. Бач, разрагатаўся, як маладзён які!

— Дык вы так i не разгавеліся?

— Мы з Іванам Дзямідавічам пасля з гора ды са страху прапусцілі па чарцы i аблупілі па яйку. Нават у біткі згулялі. Я разбіў яго. Старое. Ха-ха…

— А халера на вас! — заліваўся Балотны.

— А вось Пятро Андрэевіч — нашча.

— Дык яно ж па справядлівасці: сакратару не паложана… А мы — несвядомыя.

— Як вы пасля бюро будзеце ржаць — я пагляджу, — хмура кінуў Бабкоў.

— А што мне бюро, Іван Дзямідавіч? Бульбу ў мяне садзяць. У біткі не гуляюць.

— Стары балабол!

— Што стары, то стары, гэта ты праўду сказаў. Але i ты за дзеўкамі ўжо даўно не бегаеш. Праўда, у цябе жонка маладая…

Бабкоў у адказ вылаяўся. Ён нерваваўся — баяўся, што на бюро «запішуць», a ў яго ўжо i так ёсць дзве вымовы.

Пятра мала хвалявала, што могуць запісаць. Няхай запісваюць, што хочуць. Хоць завошта? «За хлусню тваю ганебную, за бязвольнасць. Мог жа не спакушацца, не ісці… Трэба да канца быць прынцыповым i цвёрдым, як належыць сапраўднаму бальшавіку! Ты ж пайшоў за адсталымі настроям!. Цябе павёў страўнік, а не галава, не розум — вось i расплачвайся…»

Але думкі такія паступова адыходзілі некуды на задні план, зрэдку толькі ўсплывалі, a блізка — у сэрцы, у галаве — няспынна кіпела, хвалявала, пякло, засмучвала іншае: сварка з Сашай. Што здарылася? Нават добра не мог прыгадаць, што ён такое крыўднае сказаў, каб Саша гэтак абурылася. Што яна апалітычная? Але ж хіба можна за такое, здаецца, бяскрыўднае слова так абражаць, крычаць пры людзях пра яго даўні грэх?

Абраза гэтая асабліва балючая, бо вельмі ж нечаканая, кантрастная: вельмі хораша ім было апошні тыдзень, так хораша, што ён, Пятро, адчуваў сябе на сёмым небе. Абое яны як бы аднавіліся пасля аднаго вечара, адной размовы, i каханне ix разгарэлася з новай сілай.

Як звычайна, ён позна заседзеўся за гісторыяй. Саша лягла рана. Здавалася, што яна даўно спіць. Ды раптам гарачыя рукі абвілі яго шыю. Пятро нават не пачуў, калі жонка злезла з ложка, падышла да яго.

Ён пацалаваў яе руку.

— Ты не спала?

— Не.

— Што табе не спіцца сёння?

— Я думала.

— Пра што?

— Пра нас. Я хачу табе нешта сказаць.

— Прыемнае ці непрыемнае?

— Не ведаю. Як каму.

— Не муч загадкамі.

Аднак яна доўга маўчала, як бы не адважваючыся сказаць адразу, i ў Пятра нядобра сціснулася сэрца: няўжо зноў што-небудзь такое?

— У нас будзе дзіця.

Нічога асаблівага: дзіця не першае, жылі яны так, што гэтага трэба было чакаць, неаднойчы гаварылі, што адно дзіця — не сям'я. Але ўсё адно нечаканае Сашына паведамленне неяк дзіўна ашаламіла яго — устрывожыла i ўзрадавала. Сэрца — як сарвалася з месца. Слухаючы бурны водгук свайго сэрца, Пятро не адразу знайшоў, што адказаць.

— Ты не рады?

Ён зразумеў, што паводзіць сябе недарэчна. Падхапіўся, прытуліў жонку да сябе, пацалаваў.

— Што ты! Я вельмі рады.

Яна адвяла рукамі яго галаву, пільна паглядзела ў вочы:

— Толькі не мані. Я хачу ведаць…

— Сашок, мілая! Як ты можаш? Зноў ты думаеш пра мяне бог ведае што!

— Не баішся, што дзіця перашкодзіць табе вучыцца?

— Не баюся. Цяпер мне нішто не перашкодзіць!

— О, ты не ведаеш, што такое малое дзіця! У адным пакоі… Без нянькі — нельга, узяць няньку — яшчэ больш тлуму. I расходы… — Саша ўздыхнула.

— Дробязі цябе турбуюць. Аўчаровы пабудуюць сваю хату — зоймем ix пакой. I не заўсёды ж нам будзе так цяжка!

Яна прыхінулаея да яго, памаўчала, потым сказала вельмі ласкава:

— Не бойся. Я ўсё вазьму на сябе, абы ты вучыўся.

З таго вечара пачалося. Праводзіў урок — i думаў пра Сашу. Ішла яна ў другую вёску — ён ішоў насустрач. Не бачыць яе дзве-тры гадзіны была пакута. I, наадварот, была асалода — сядзець у кабінеце старшыні сельсавета i хоць за сцяной, у медпункце, чуць яе голас. Дома ён не даваў ёй прынесці вядра вады. Саша смяялася з такой празмернай клапатлівасці.

I вось — зноў. Калі ж яна шчырая? Ці не прымушае яна сябе быць добрай i закаханай? Не, так прытварацца нельга! Саша ва ўсім натуральная — у каханні i нянавісці, у чуллівасці i злосці. Урэшце, сам ён — добрая цаца, першы пры людзях груба накінуўся на яе: не вучы, маўляў, мяне i ўвогуле не для твайго жаночага розуму гэтая справа. Натуральна, што жанчына, ды яшчэ ў такім стане, не магла стрываць.

Дамастроевец! Феадал!

Так было ўжо неаднойчы: пасля нядоўгага, але пакутлівага роздуму, які звычайна пачынаўся самым гнеўным абвінавачваннем жонкі i клятвай, што цяпер, пасля такога, ён ні за што першы не пойдзе на прымірэнне, Пятро, дэталёва прааналізаваўшы прычыны сваркі, урэшце прыходзіў да высновы: вінаваты ён сам. Ад чаго так здарылася? Ад слабасці, бязвольнасці ці, наадварот, ад сілы — ад сілы яго кахання?

Ва ўсякім разе, калі i тут, лежачы побач з Бабковым на возе, на пахучым сене, Пятро прыйшоў да думкі, што вінаваціць трэба не Сашу, а сябе, яму адразу зрабілася лягчэй.

Перастала раздражняць вясёлая балбатня Грамыкі i Балотнага. Услухаўся ў яе — i пачаў патроху «падыгрываць» Панасу, які кпіў з панурага Івана Дзямідавіча.

У райкоме, акрамя вартаўніка — бязногага інваліда, не было ніводнай душы.

— Усе ў калгасах. Анісім Пятровіч усіх паслаў. З усіх устаноў.

Гэта трохі здзівіла: у ix калгасы, за нейкія дзесяць — пятнаццаць кіламетраў ад райцэнтра, чамусьці амаль к вечару не дабраўся ні адзін упаўнаважаны.

Пятро адразу падумаў, што ніякага бюро не будзе, што самае большае — вернецца Анісімаў i ўчыніць ім «разнос». Ён сказаў пра гэта «сябрам па няшчасцю». Бабкоў павесялеў ад такой перспектывы: адзін Анісімаў нічога не запіша, a словамі няхай разносіць колькі хоча — не прывыкаць.

Мінула шэсць гадзін… Сем… Стрэлкі ходзікаў у прыёмнай папаўзлі далей. Зайшло сонца. Пачало змяркацца. Спахмурнеў Балотны, скручваў з кожным разам усё таўсцейшыя цыгаркі з такога пякучага самасаду, што Пятру, які не курыў, дым раздзіраў лёгкія; прыпальваў новую цыгарку ад свайго ж недакурка. Больш злосна жартаваў Грамыка. Адзін Бабкоў весялеў. Яны як бы павольна мяняліся роляMi: цяпер ужо Іван Дзямідавіч бяскрыўдна кпіў з Панаса, прыгадваючы «тую смакату», што асталася на стале ў яго хаце.

— Бабы нашы ласуюцца недзе, чортавы балаболкі.

— Ты думаеш, адны? З маладымі хлопцамі. Трэба ж тваёй Соні разгавецца. Напасцілася з такім старым мяшком.

— Цьфу… тваю маць! Ты i пажартаваць па-чалавечы не можаш! — узлаваўся Бабкоў: не любіў, калі напаміналі пра розніцу ў гадах яго i жонкі.

— Значыцца, пацэліў у слабое месца, калі злуеш, — паспрабаваў падхапіць жарт Балотны. Але далей не пайшло — не той настрой.

Пятра проста абражала такая няўвага сакратара райкома да ix, i ён, галодны, змораны, расстроены ўсімі нягодамі дня, перажываў надзвычай балюча. Ix жа магло прыехаць ажно восем чалавек — палавіна партыйнай арганізацыі. Што ж гэта за метад выхавання людзей?

Прапанаваў паехаць назад, дадому. Але падтрымаў яго адзін Грамыка: Бабкоў i Балотны, на здзіўленне яму, запярэчылі:

— Пачакаем. Анісім любіць праводзіць бюро сярод ночы.

Бабкоў яўна выпрабоўваў лёс: пранясе ці не пранясе навальніцу над яго сівой галавой? Наліха яму, каб кінулі пасля яшчэ адзін камень — уцёк ад бюро.

Шапятовіч зноў пачаў званіць на кватэру Анісімаву, старшыні райвыканкома Лешчуку, Лялькевічу. Трэці раз.

I на гэты раз Лялькевіч адказаў — толькі што вярнуўся з паездкі па раёне.

Заікаючыся ад хвалявання — так «узвінціў» сябе абурэннем, Шапятовіч пачаў тлумачыць сакратару, чаму яны тры гадзіны сядзяць у райкоме.

— Чакай, Пятро Андрэевіч, зараз сам прыйду.

З'явіўся мінут праз пяць.

Пятро ўбачыў яго, худога, у запыленых розных чаравіках: на здаровай назе навейшы, на пратэзе — стары, i чамусьці прыгадаў, як галодна ён каўтнуў сліну, калі Саша смажыла яечню. Таму, відаць, i пачаў з горкага прызнання:

— Але, я быў галодны. I не хаваюся: ішоў да Панаса паабедаць. Дык што — распяць мяне трэба на крыжы за гэта, як Ісуса? А мне напляваць, што цешча яго верыць у Бога. Абы, не шкадуючы, дала сала i яйкі!..

Лялькевіч не адразу зразумеў, што да чаго. Ведаючы Анісімава, ён здагадваўся, завошта той выклікаў ix сюды. Але Шапятовіч яўна пачаў не з таго.

Грамыка, баючыся, мабыць, што мал ад ы i наіўны сакратар ix у запале раскрые, як яны хаваліся ад Анісімава, перапыніў Пятра:

— Уладзімір Іванавіч, скажу праўду: я дык свядома даў адпачынак людзям i коням, бо ведаў, што больш патраціш энергіі, чым будзе тае працы ў такі дзень. Хіба так трэба змагацца з рэлігіяй?

— Захапіў вас Анісімаў за сталом?

Грамыка засмяяўся, па-змоўніцку міргануўшы Пятру:

— Не, не захапіў. Але вам прызнаемся: збіраліся пакарыстацца набожнасцю маёй цешчы.

Лялькевіч таксама засмяяўся:

— Чэрці…

I было гэта «чэрці» такое добрае, такое чалавечнае, што

адразу ўсім стала хораша i весела.

— Ну, вось што… Ганіце назад да цешчы. Я з Анісімам Пятровічам дамоўлюся. Але пастарайцеся, каб заўтра людзі былі ў полі. Хацеў я запрасіць вас на чай, але перадумаў: прыедзе Анісімаў — загляне i прыгадае вам Вялікдзень, сапсуе настрой. Ды ў цешчы, пэўна, ёсць штось больш істотнае за чай. А?

У адказ яны ўсе чацвёра зарагаталі.

Потым Пятро з раўнівай зайздрасцю падумаў, што, выходзіць, можна з людзьмі гутарыць вось так, як Лялькевіч, i яны, людзі, не зробяцца ад гэтага горшыя.

IX

У самую вялікую вёску — Панізоўе — пайшлі самі, Шапятовіч i Бабкоў. Веска цяжкая — бедная. Але ёсць у ёй такія «элементы», як называў ix Іван Дзямідавіч, на якія можна націснуць i падцягнуць падпіску, даць працэнты, а галоўнае — узяць наяўнымі, на што райком i райвыканком звярталі асаблівую ўвагу. Задание далі на сельсавет такое, што ўсе дваццаць чалавек, сабраныя на інструктаж, уздыхнулі, як у адны лёгкія, пачуўшы пра суму. Але толькі ў полі Бабкоў даў волю абурэнню i смачна праскланяў раённае начальства за такую бяздумную кантрольную лічбу.

Адзін з «элементаў» — поп. Да яго першага i пайшлі. Зайшлі з тылу, ад рэчкі, праз гарод; Іван Дзямідавіч ведаў усе сцяжыны. I захапілі святога айца знянацку — у тую хвіліну, калі ён высвятляў свае, відаць, даволі складаныя адносіны з пападдзёй. З хаты, моцна струхлелай, недагледжанай, адразу відаць, што ў жыльцоў не свая яна — чужая, вылятала прыглушаная, але даволі гучная, каб пачуць у двары, лаянка. Ды такая!..

— Пайшла ты са сваёй сястрой… — I мужчынскі бас так далека паслаў абедзвюх жанчын, што Шапятовіч войкнуў ад нечаканасці.

— А пацалуй ты нам…

Бабкоў схапіўся за жывот, скурчыўся ад смеху.

— Во гэта даюць святыя людзі! Ну, цяпер я з ix выцягну пару кругленькіх.

Мабыць, ix угледзелі, бо лаянка сціхла. Нешта грукнула, ляпнулі дзверы, пачуліся крокі ў сенцах. Не паспелі яны ўзысці на ганак — дзверы шырока адчыніліся, i поўная, але прывабная з твару кабета, апранутая проста, аднак па тым часе даволі нябедна i з густам, сустрэла ix ветлівай усмешкай:

— Іван Дзямідавіч!.. Калі ласка… Заходзьце. — I, праводзячы ў хату нечаканых гасцей, прасіла прабачыць: — Толькi не прыбрана ў нас. Айцец Міканор з горада прыехаў пад раніцу, дык адпачываў усё яшчэ.

Сапраўды, поп сядзеў на незасланым ложку i, чырванеючы ад натугі, нацягваў цесны бот. Нацягнуў — падняўся, расчасаў пяцярнёй чорную ўскудлачаную грыву i стаў падобны на старога рускага купца — у ботах, шырокіх нагавіцах, доўгай непадпяразанай белай кашулі. Але больш, чым па адзенні, падобны быў з твару: апухлы, пакамечаны, вочкі заплылі перапойнай цвіллю. Адразу відно, што служка Бога ніяк не праспіцца, не апрытомнее ад паслявелікоднага пахмелля.

Бабкоў, весела паціраючы кантужаную руку, падміргнуў Пятру: бачыш, які праведнік?

У сваю чаргу поп з пападдзёй таксама пачалі перагаворвацца паміж сабой мірганнем.

Старшыня перахапіў гэтыя сігналы, уміг расшыфраваў ix.

— Нічога не будзе, айцец Міканор! Мы людзі грэшныя, i ca святымі за стол садзіцца нам нельга.

— Іван Дзямідавіч, мы також людзі грэшныя, да прасціць нас Бог. — I поп размашыста перахрысціўся на кут, завешаны абразамі, перад якімі гарэлі дзве лампадкі.— А можа, возьмем па маленькай? Весялей справа пойдзе.

Пятру чамусьці нясцерпна захацелася зарагатаць, але, разумеючы, што гэта непрыстойна, ён натужліва стрымліваўся. А тут яшчэ гэты чорт Бабкоў! Колькі Пятро працуе з ім разам, а не ведаў, што стары такі гумарыст.

— У нас i так весела ідзе. Дзякуючы вашым малітвам. А малітвы вашы, між іншым, далека чуваць.

Поп бліснуў на жонку позіркам-маланкай; каб позірк мог спапяліць, то ад пападдзі, напэўна, астаўся б адзін успамін. Яна запунсавелася, адступіла за шырмачку, якая адгароджвала тое месца хаты, што адводзілася пад кухню.

Каб не пырснуць смехам, Пятро адвярнуўся i пачаў разглядаць абразы i ручнікі на ix з прыгожай вышыўкай.

A Бабкоў тым часам вёў наступление на папа:

— Агітаваць вас не трэба, айцец Міканор. Чалавек вы свядомы. Газеты чытаеце. Радыё слухаеце. — Іван Дзямідавіч кіўнуў на нямецкі прыёмнік, што стаяў на стале, пад абразамі.

— Няма батарэй. Анямела маё радыё. Папрасіце Атрошчанку, каб прывёз.

— Гэта мы зробім. — Бабкоў дастаў з кірзавай сумкі падпісны ліст, разгарнуў яго на стале, пасля выцягнуў бутэлечку з чарнілам, ручку. — Ітак… айцец Міканор. На богаўгодную справу. На аднаўленне ўсяго, што разбурылі праклятыя фашысты. Пазычым дзяржаве.

Старшыня сельсавета памакнуў пяро i нацэліўся пісаць.

Поп пачухаў патыліцу, пашкроб у барадзе. З-за шырмы зіркалі прыгожыя вочы пападдзі, зноў пасылалі нейкія сігналы, але расшыфраваць ix Пятро не мог, a Бабкоў утаропіўся ў чыстую паперу i цярпліва чакаў, магчыма, з своеасаблівай прымхлівасцю: як пачнецца — з лёгкай рукі ці не?

— Канечно, на такое дзело… яно трэба… Не шкадуючы, канечно… I таму я так думаю… — Пятро ўбачыў, што пападдзя наказала з-за шырмы левую руку з усімі пяццю растапыранымі пальцамі i два пальцы на правай. — Нашай праслаўленай у подзвігах ратных дзяржаве i правіцельству, Богам ухваленаму… — Гэта ён сказаў урачыста, працягла, трохі нараспеў i, мабыць, зразумеўшы сігнал пападдзі, закончыў скорагаворачкай: — Рублікаў семсот, Іван Дзямідавіч…

— Гэ, святы ойча! — узлаваны, што пачынаецца нялёгка, Бабкоў кінуў на стол вучнёўскую ручку, пасадзіў на белай скацерці кляксу. («Гэта ён дарэмна», — падумаў Пятро.) — Так мы з вамі па-добраму не дагаворымся. У акупацыю вы былі большы патрыёт. Калі партызаны збіралі на танкавую калону, колькі адвалілі?

— Адзінаццаць тысяч, Іван Дзямідавіч, — не без гонару паведаміў айцец Міканор.

— Во гэта было па-нашаму!

— Не той збор цяпер, Іван Дзямідавіч.

— Не прыбядняйцеся. Дурняў яшчэ хапае.

— Нехарашо так аб веруючых… — з дакорам паківаў галавой поп.

Пятро падумаў, што i сапраўды Бабкоў перасольвае, што грубасцямі сваімі ён не дасягне мэты. Наадварот, можа нашкодзіць. I паспрабаваў змякчыць:

— Пачуцці веруючых мы паважаем. Але i веруючыя не павінны стаяць убаку ад таго, чым жывуць усе савецкія людзі.

Поп, як бы адчуўшы, што сакратар па маладосці сваёй менш настойлівы i больш далікатны, падатлівы, уміг пераключыў усю ўвагу на яго:

— Мы, царкоўнаслужыцелі i паства наша, не аддзяляем сябе ад народа ўсяго, — амаль афіцыйна абвясціў ён i адразу ж пра другое: — Чуў я, малады чалавек, што вы сур'ёзна гісторыю народаў i правіцеляў вывучаеце. Пахвально. Спадзяюся, што з гісторыі культуры вы ўзналі, якую ролю іграла рэлігія ў прагрэсе чалавецтва.

«Ого, адукаваны поп!» — з гумарам падумаў Пятро. I адказаў:

— Не заўсёды. Інквізіцыя, калі паліла на кастрах…

— Праваслаўная царква ніколі не мела такога ізуверскага органа.

Мабыць, i пападдзя адчула нейкую слабінку, бо выйшла з-за шырмы з прыветлівай усмешкай, «зайшла» з другога боку:

— Нам прыемна пазнаёміцца з вамі бліжэй. Жонку вашу, Аляксандру Фёдараўну, мы добра ведаем. Ах, якая жанчына! Золата! Такую жонку на руках трэба насіць.

Пятручамусьці прыгадалася сутычка з Сашай у Грамыкі. Тады ён вырашыў па дарозе ў раён, што сам вінаваты, i, вярнуўшыся з райкома ў добрым настроі — пасля размовы з Лялькевічам, — першы пайшоў на прымірэнне. Цяпер — упершыню! — было непрыемна чуць пахвалу жонцы.

«Усе яе хваляць, нават папы». I ўспомніў свой папрок, які кінуў ёй тады, — у — апалітычнасці. Не хацелася, каб Саша для ўсіх была аднолькава добрая. А тут яшчэ Бабкоў, чорт стары, звычайна сам «мяккацелы», сёння рашучы i ўедлівы.

— Дык што, Пятро Андрэевіч, будзем весці дыспут пра рэлігію ці рабіць падпіску? У Панізоўі сто восемдзесят двароў.

Пятро зразумеў — кідае папрок: маўляў, добранькія вы ca сваёй жонкай, вас нават папы хваляць, а мяне ўсе лаюць. Ты вучоныя размовы заводзіш, а мне трэба хоць пару тысяч вырваць. I Пятро «ашчацініўся», пачаў дзейнічаць з бабкоўскай рашучасцю:

— Ну, вось што, грамадзяне Прывалавы, сапраўды няма нам чаго анцімоніі разводзіць. Мы працуем па плане. У нас план… Не як у вас — колькі бог на душу пакладзе… I па нашим плане… Карацей кажучы: пяць тысяч!

— Што вы, што вы! — спалохана замахаў рукамі айцец Міканор.

— Божачка! Ды ў нас такіх грошай ніколі не было! — заенчыла пападдзя.

Здзівіўся нават Бабкоў: ішлі сюды, дамаўляліся — з папа не менш за дзве, таму пачаць з трох. Але пра пяць не было i размовы.

— Не думайце, што нам невядомы вашы даходы. Дрэнныя мы былі б кіраўнікі, каб не ведалі…

— А мы нічога не хаваем, усё падлічвае царкоўны савет, i любы прыхаджанін…

— Айцец Міканор! Не расказвайце нам казкі! — весела гукнуў Бабкоў.— Чатыры! Палавіна наяўнымі! — I зрабіў выгляд, што заносіць лічбу ў падпісны ліст.

Поп кінуўся да стала, каб спыніць старшыню, бо што запісана пяром… Пападдзя не паспела даць сігналы, i ён, добры з пахмелля, захоплены знянацку, трохі спалоханы, што пачулі ад яго, служкі Бога, такія непрыгожыя словы, выгукнуў сам:

— Тры!

А Бабкову толькі гэта i трэба! Ён тут жа, моцна націскаючы пяро, каб лічбы выйшлі тоўстыя, тлустыя, каб кожнаму кідаліся ў вочы — во з якой сумы пачаўся ліст! — запісаў тры папоўскія тысячы, але сказаў, цяжка ўздыхнуўшы:

— Эх, што з вамі зробіш! Але — наяўнымі, айцец Міканор.

— Не магу цяпер усё. Паверце. Палавіну хіба.

Праніклівая, хітрушчая пападдзя зразумела, што яны задаволены — Бабкоў i Шапятовіч, бо паглядзела на свайго «благавернага» з нянавісцю і, гнеўна пачырванеўшы, знікла за шырмай, ляпнула дзвярамі. Куды падзеліся яе ветлівая гасціннасць, прывабныя ўсмешкі.

Але чорт з ёю, з пападдзёй! Выйшлі яны на вуліцу пераможцамі! Ішлі, прыгадвалі, як «апрацоўвалі» папа, — смяяліся.

Ды раптам Іван Дзямідавіч нібы язык адкусіў: на паўслове сціх, папярхнуўся смехам. Яго маршчыністы, смешнадобры, калі вясёлы, твар зрабіўся як з граніту — шэры, халодны. Нервова заплюскала вейка.

— Хадзем-кась во сюды, — паказаў ён на вялікую, на тры акны, пад гонтавым дахам хату. Яна хоць i была навейшая i лепшая з тых, што ўцалелі ад пажару, але стаяла нейкая здзічэлая, пустая, як бы нялюдская, суседнія хаты з абодвух бакоў адсунуліся ад яе, i на шырокіх пляцах паміж імі i ёй ніхто не будаваўся. I яшчэ адно: стаяла хата голая, ні двара, ні хлява, ні адрыны навокал — нічога, што аздабляе сядзібу, надае ўтульную жытласць.

Пятро ведаў: хата належыць сям'і паліцая Антоненкі. З Панізоўя было некалькі паліцаяў, з другіх вёсак — ніводнага. Можа, праз гэта Бабкоў не любіў Панізоўе. Пятро неаднойчы чуў ад яго: «Паліцэйскае кубло! Зладзюгі!»

Двух паліцаяў забілі партызаны, трох судзілі. А гэты, Антоненка, уцёк. Але, відаць, не за тое, што ён недзе жывы, непакараны, людзі мелі да яго такую нянавісць. Да сем'яў другіх адносіліся па-рознаму, але ніводная не была ў такой ізаляцыі, як Антоненкава, ніводнай так не цураліся — як ад заразных якіх, адхіналіся, адгароджваліся. Дзеці i тыя не гулялі з дзецьмі паліцая, у школе за адну парту з сынам яго адмаўляліся сесці.

Саша аднойчы расказвала:

— Сёння ў Антоненкавых была. Суседзі сказалі: хлопец з горлам ляжыць. Баялася, каб не дыфтэрыя часам. Не, ангіна. Дала стрэптацыд. Разумею, што дзіця не вінаватае, не адказвае за бацьку. A ўсё адно: пабыла ў хаце — i ўвесь дзень хаджу з такім адчуваннем, быццам датыкнулася да нечага брыдкага. Чаму ў яго столькі было лютасці да людзей? Ніхто ж яго не крыўдзіў, не раскулачваў, нічога…

Яшчэ больш, чым знадворку, уразіла хата ўсярэдзіне.

Вялікая i пустая, як стадола. Нават ложка не было. Стол грубы, з негабляваных дошак, на козлах, ды ўслон — доўгі, стары, адглянцаваны да бляску; пустая паліца на задняй сцяне, пад ёю — маленькая, счарнелая ад вільгаці лаўка, на ёй — драўлянае вядро. I ўсё.

Хата не атынкована, між пачарнелых, патрэсканых бярвенняў вытыркаў мох, i гэта яшчэ больш надавала здзічэласці, першабытнасці. Аб наяўнасці жыцця i людзей, бадай, сведчыла адна печ, свежапабеленая, відаць, перад Вялікаднем. Напэўна, каля яе i на ёй, на гэтай печы, ішло ўсё жыццё. Бо i цяпер, хоць на дварэ шумела вясна, квітнеў май, двое хлапчукоў, год пад дзесяць i сем, ляжалі на печы i, як звяркі, цікаўныя i спалоханыя, пільна сачылі за кожным рухам Бабкова i Шапятовіча. A ніжэй, на ляжанцы, абкруціўшы галаву нейкай бруднай анучай, сядзела, як здзічэлая сава, старая — сівая, з чырвонымі запалёнымі вачамі, у лахманах.

Увайшоўшы ў хату, Бабкоў не павітаўся, як звычайна. Пятро таксама змаўчаў. I ім ніхто не сказаў ні слова. ТольKi маладзейшая гаспадыня, паліцаева жонка, кабета высокая, буйная, але худая — адны маслы тырчалі,— змахнула з услона фартухом пыл, як бы запрашаючы сесці. Ды яны не селі. Стаялі. I яна стаяла каля печы, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Чакала, што скажуць.

— Падпішыцеся на пазыку! — не сказаў, не папрасіў, а загадаў Бабкоў.— Трэба адбудоўваць тое, што спаліў ваш бандзюга.

«Сава» насцярожана ўстрапянулася, узняла галаву. Вусны паліцаіхі скрывіліся ў дзіўнай ухмылцы:

— А вы яго знайдзіце i падпішыце.

Бабкова ажно перасмыкнула ўсяго ад такой нахабнасці, ён тузануўся адразу ўсім целам, махнуў рукамі, закрычаў:

— Зловім! I падпішам! Прыгавор! Толькі нагамі дрыгне ў пятлі! Тут жа, на вуліцы, i павесім, сабаку! Перад усім народам!..

На печы заплакаў малы:

— Мамка, я баюся!

Пятра скалануў гэты плач, шкада стала дзяцей. Падумаў, што ім, прадстаўнікам улады, нельга так гаварыць пры дзецях.

Амаль загадаў Бабкову:

— Іван Дзямідавіч! Прытрымайце нервы!

I той схамянуўся. Сказаў хлапчуку:

— Не бойся, дзетка, ніхто цябе не кране! Мы — не такія!.. Гэта твой бацька дзяцей страляў!

— Не страляў ён дзяцей! Не страляў! — раптам прастуджаным, ахрыплым голасам гукнула старая. Быў яе крык такі неспадзяваны, што Шапятовіч аж уздрыгнуў.

— Страляў! — зноў сарваўся стары партызан. — Увесь атрад ix быў у тую ноч. Дзяцей Рыгора Сівалоба ён… ваш… застрэліў. Усе на судзе пацвердзілі!

— Не! Не! Не! — упарта i страшна адмаўляла маці забойцы.

Магчыма, яна доўга пераконвала сябе ў гэтым. Можа, кроў дзяцей не давала ёй сну i спакою.

Старая гэтая, у якой, відаць, памуцілася ў галаве, i наогул уся сцэна зрабілі на Шапятовіча вельмі цяжкае ўражанне. Ад размовы пра забойства дзяцей на хвіліну нават зрабілася як бы млосна — закружылася ў галаве.

— Іван Дзямідавіч, пайшлі.

— Ды не, яны падпішуцца! — пераканана заявіў Бабкоў i сеў на ўслон, пачаў расшпільваць сваю палявую сумку. — У ix, гадаў, золата закапана. Ён усе яўрэйскія дамы аграбіў, кал i няшчасных на смерць пагналі. I дом гэты з мястэчка перацягнуў. Канфіскаваць даўно трэба! Колькі разоў казаў пракурору. Людзі ў зямлянках жывуць… Не менш тысячы i — усе наяўнымі! Душа з ix вон! Ясна? — звярнуўся ён да маладзіцы.

Яна зноў скрывілася — перакасіўся твар ад усмешкі ці ад нервовага спазму, але Пятру чамусьці здалося, што ўсмешка гэтая не пакутлівая, a здзеклівая.

— У мяне капейкі за душой няма.

— Тыдзень назад краму ў Прылуках абрабавалі. Дык я баюся, што палавіна дабра таго ў цябе закапана.

— Пашукайце!

— Пашукаем! I знойдзем! Гэта ix работа… твайго!.. Ён далека не пайшоў, тут, шыбенік, валацуга, блукае. Даблукаецца! Вяровачка даўно плача па ім!

— Мамка!

— Цыц! Дык злавіце яго!

— Зловім!

— He страляў ён дзяцей! Не! Не!

— Суд разбярэцда.

— Ну, дык я чакаю! Чуеш? — Бабкоў пагрозліва стукнуў кулаком па стале.

— Іван Дзямідавіч!

Звычайна далікатны i ветлівы з ім, Пятром, Бабкоў зноў груба адмахнуўся:

— Не мяшайся, сакратар! Тваё дзіця жывое.

Старая раптам спаўзла з ляжанкі, пашкрэбала да дзвярэй, кульгаючы, цягнучы за босай, з вузлаватымі пасінелымі пальцамі правай нагой левую, абкручаную бруднымі анучамі. Яны са здзіўленнем i неразуменнем паглядзелі ёй у спіну. Што з ёю? Жывот схапіла, ці што? Ці пратэстуе так? У качарэжніку захапіла качаргу. Навошта?

Нявестка паціснула плячамі, растлумачыла:

— Не ў сваём вуме яна. А мне ж трэба даглядаць, карміць. А з чаго? Я, можа, сама сто разоў пракляла яго, хоць ён i бацька дзяцей маіх.

— Калі хадзіла пры немцах паняй, тады не кляла…

— Калі я хадзіла паняй? Ён ездзіў, самагонку глушыў, з дзеўкамі гуляў, а я на зямлі душылася, як ачумелая. Багацце капіла. Разбагацела! — Яна ўсміхнулася ўжо зусім інакш, не крывячыся так, з горкай насмешкай з свайго лёсу.

— На крыві людзей багацела!

— Я не ведала. У сваім сяле ён нікога не чапаў.

— Не ведала! Цяпер вы ўсе не ведаеце.

Бабкоў як бы трохі супакоіўся i, мабыць, зразумеўшы, што наяўнымі тут не возьмеш, напісаў у лісце тысячу рублёў, сказаў:

— Распішыся.

Яна паківала галавой:

— Не буду я распісвацца.

— Чаму гэта ты не будзеш распісвацца? — зноў узлаваўся старшыня.

— Не буду. Чым я выплачу? Каб мне потым i гэта прыляпілі: падпісалася, a плаціць не хоча.

— Круцішся, як змяя…

I тут увайшла старая…

У нявесткі адразу вырвалася спалоханае, узлаванае:

— Мама! — Але яна тут жа схамянулася, спытала са здзіўленнем: — Дзе гэта вы?..

Старая несла ў руцэ пачак трыццатак. Яна паклала ix на стол, коратка сказала:

— Во.

Грошы былі новенькія, ненакамечаныя, але ажно цвілыя ад доўгага ляжання ў сырым месцы. Усё гэта было так нечакана, што нават Бабкоў разгубіўся i доўга ўтрапёна глядзеў на чырвоныя паперкі з партрэтам Ілыча ў авале. Мабыць, як i Пятро, ён не ведаў, што рабіць: палічыць ix, узяць, не лічыўшы, ці наогул не браць? Няцяжка здагадацца, адкуль яны, гэтыя грошы. Але якія думкі пранесліся, магчыма, сапраўды праз хворы мозг маці здрадніка, забойцы? Аднавяскоўцы ведалі: яна несла віну за злачынствы сына, бо ўсё жыццё была сквапная, неразумна ашчадная, прывучала дзяцей красці ў суседзяў яблыкі, гуркі, бульбу. I вось — вынік: сын ад дробных краж дайшоў да забойства дзяцей. Што ёй хацелася цяпер, аддаючы грошы? Можа, здалося, што гэтак яна ўлагодзіць Івана Дзямідавіча, яго гнеў i нянавісць? Можа, падумала, што ахвяраванне на агульную карысць паможа ёй замольваць грахі ўласныя?

Узлезла на ляжанку, згорбілася i зноў паўтарала:

— Не забіваў Федзя дзяцей. Не! Не! — быццам хацела пераканаць самую сябе.

Бабкоў скамячыў грошы, сунуў ix у сумку i шпарка рушыў да дзвярэй. На вуліцы пачаў плявацца.

— Бачыў асінае гняздо? Я даўно казаў: трэба вобыск зрабіць! У ix i ў другіх такіх. Бачыў — грошы пацвілі! Я ўпэўнены: там тысячы закапаны ў зямлі. I не адны грошы, май на ўвазе… Дык не ж! Дзе не трэба, у нас трымаюцца за закон. Цяпер я гэтымі грашамі ў морду тыцну i Булатаву i пракурору.

Але нервовы ўзрыў, успамін пра сям'ю ў такой акалічнасці — у хаце забойцы — знясілілі старога хворага чалавека. Хвілін праз колькі Бабкоў, які толькі што гарэў i кіпеў, зрабіўся маўклівы, сцішаны, змарнелы i абыякавы да ўсяго, у тым ліку i да выканання плана пазыкі. За пазыку ён агітаваў нехаця, фармальна. I Пятро мусіў узяць ініцыятыву на сябе, хоць i адчуваў, што робіць ён гэта горш за Бабкова: не ўмее, асабліва з жанчынамі, пагаварыць гэтак проста, з жартамі, з прымаўкамі. Тлумачыў значэнне пазыкі грунтоўна, але залішне сур'ёзна, афіцыйна. Сам адчуваў, што гэта кепска, але інакш не выходзіла. Што скажаш чалавеку, калі ў адказ на прапанову пазычыць дзяржаве ён тут жа просіць пазычыць яму, каб дабудаваць хату, вывесці дзяцей з земляной нары на святло? A просьбамі такімі засыпалі: лесу, пазыкі, хлеба, апраткі для дзяцей. I гэта яшчэ больш прыгнятала, знясільвала Бабкова, збівала з панталыку Шапятовіча, зводзіла на нішто яго прапаганду.

Аднак падпісваліся. Трэба — значыцца, трэба. Людзі разумел! гэта, i некаторыя як бы шкадавалі ix, прадстаўнікоў улады. Справа іншая, што наяўнымі амаль ніхто не ўносіў.

Удава адна, Марына Старосціна (Шапятовіч яе добра ведаў, бо яна была дэпутатам Савета i разы два з'яўлялася на сесію), адразу весела спытала:

— А на колькі трэба?

— Колькі можаце.

— Я магу, колькі хочаце. Дзвесце, пяцьсот, тысячу…

— Дзе ты возьмеш тысячы гэтыя? — хмура спытаў Бабкоў.

— Іван Дзямідавіч! — пляснула жанчына ў далоні.— Ды няўжо ж вы думаеце, што я заўсёды такая бедная буду? Я разбагацець хачу!

Пятро пахваліў яе, калі выйшлі:

— Каб усе такія былі.

Бабкоў усміхнуўся яму, як блазнюку:

— А карысць якая? Стары Пракоп Нізавец, які так адмаўляўся, свае пяцьдзесят рублёў сам прынясе, бо ведае: падпісаўся — плаці. A ў гэтай балаболкі што ты возьмеш? Ды ў яе ніколі капейкі за душой не было… I невядома, калі будзе…

Пятро зразумеў, што праца ix, такая пакутлівая, напалавіну марная. А каб мець хоць які вынік, то калі не яму, дык Бабкову, актыву прыйдзецца не раз яшчэ рабіць вось такі падворны абход i размаўляць, магчыма, не так далікатна, а больш катэгарычна: падпісаўся — плаці.

На змярканні, гадзіны праз чатыры абходу, Пятро адчуў сябе такім спустошаным, змарнелым, што пачаў з жахам думаць, што трэба яшчэ заходзіць да некага ў хату, а яшчэ горш — лезці ў зямлянку, бачыць галодныя позіркі дзяцей, выслухоўваць скаргі жанчын… А пасля ўсяго гэтага ўпрошваць падпісацца на пазыку. Адчуваў ён сябе, мабыць, горш, чым Бабкоў. Той неяк пачаў патроху «зараджацца». А Пятро больш не вытрываў:

— Хопіць, Іван Дзямідавіч. Не магу.

Стары зразумеў.

— Ды i хопіць. Але зойдзем вось да апошняга — да Прышчэпы. Крыкун. Чортаў сын. Але жыве нішто, пчол мае. I на яго як калі які вецер падзьме.

Зайшлі.

Рыгор Прышчэпа сустрэў ix даволі непрыветліва — у дрэнным настроі быў чалавек. Мала што магло здарыцца перад ix прыходам: пасварыўся з жонкай, з суседам… А можа, i больш сур'ёзная прычына была: балела рука — тая, якую санітар закапаў недзе ў польскай зямлі, каля Віслы, i якой так не хапала яму цяпер, у гэтую першую мірную вясну, калі трэба араць i сеяць.

У саміх ix — у Шапятовіча i Бабкова — настрой быў не лепшы, а таму самае разумнае для ix было — трымацца добрай мудрай парады: не чапай, не лезь у душу, пакінь чалавека ў спакоі, калі яму свет белы не мілы. Дык не ж — i яны «завяліся», як бяздумныя машыны.

Прышчэпа адразу адсек, з першых слоў:

— Капейкі не дам!

Ix здзівіла i абурыла: чаму такая катэгарычнасць? Табе ж памагаюць. Бабкоў проста так i сказаў. Атрымалася груба — нібы пагроза: як ты да нас, так i мы да цябе; не падпішашся на пазыку — не спадзявайся на дапамогу. Гэта яшчэ больш узлавала інваліда:

— Па вашай помашчы даўно б ногі працягнуў!

Пятро паспрабаваў змякчыць, падвесці спакваля, дыпламатычна:

— Мы вас не прымушаем. Добрая воля кожнага. Але скажу шчыра, Рыгор Макаравіч, здзіўляе нас: вы, салдат, герой, жыцця не шкадавалі за Радзіму, кроў пралілі,— раптам як адсталы які-небудзь элемент… У той час, калі ўвесь народ… Успомніце, што сказаў перад выбаршчыкамі правадыр наш…

Можа, не варта было нагадваць яму пра кроў, якую ён праліў… А лепш за ўсё — трэба было ветліва развітацца i пайсці, раз чалавек у такім узбуджаным стане, такі нервовы.

Прышчэпа «ўзарваўся» i… страціў кантроль над сваімі словамі:

— Пайшлі вы… ca сваім правадыром!..

Шапятовіч i Бабкоў на міг аслупянелі. Не былі яны дагматыкі, жылі з народам i чулі шмат што — незадавальненне, скаргі… Але такое… Каб хтось замахнуўся на яго!.. Не! Ніхто ніколі!

— Цыц, сукін сын! Ты на каго так, недабіты ты фашыст? На каго? — закрычаў Бабкоў, i Пятро не паспеў угледзець, як яны счапіліся загрудкі, два інваліды, партызан i франтавік.

— Гэта я фашыст? Ды я… за такія словы! Кім я недабіты? Табе памяць адняло — хто мяне біў? — I Прышчэпа добра-такі тузануў старшыню сельсавета куксай.

Пятро кінуўся разводзіць ix.

У хаце, ахутанай змрокам, калі яны ўвайшлі, здавалася, нікога не было, сустрэў ix амаль на парозе сам гаспадар. А тут закрычала дзяўчынка:

— Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!

Ад некуль з печы пачуўся прастуджаны, хваравіты голас:

— Грышка! Гора ты мае! Дзяцей пашкадуй. Во дурны, во дурны! А Божачка! Даруйце вы яму, людзі добрыя.

Шапятовіч схапіў Бабкова за плечы, адарваў ад Рыгора, якога ў сваю чаргу цягнула дачка, Пятрова вучаніца.

Але Бабкоў таксама раз'ятрыўся:

— Я табе пакажу! Ты папомніш!.. Я табе хаплю загрудкі!

Пятро выпхнуў яго на двор, але стары не сунімаўся, грымеў на ўсю вуліцу:

— Я яму пакажу! Бандзюга! Фашыстоўскі вырадак! Мы яшчэ высветлім, як ты руку страціў. Можа, самастрэл, сукін сын, зрабіў, а цяпер носішся са сваёй куксай?!

— Ды сціхніце вы, Іван Дзямідавіч! Людзі чуюць.

— Няхай чуюць! А ты што? Хочаш скрыць ад людзей, як бандыт хапае загрудкі старшыню сельсавета? Шчасце яго, што я забыўся на пісталот, а то стукнуў бы, падлюгу…

— I што было б?

— А мне напляваць, што было б! Але каб усялякая сволач хапала загрудкі… Ну не! Лепш у турму пайду.

— Ды невядома, хто з вас схапіў першы.

— Ну, ты гэта кінь! Прымірыцель! Ты чуў, што ён сказаў?

Пятро стараўся гаварыць спакойна, напаўголаса, трохі не шэптам, каб прымусіць i Бабкова збавіць тон, не крычаць. Гэта не адразу ўдалося. Доўга ён яшчэ «грымеў». Каб не ісці па вуліцы, дзе ў вясновы вечар было нямала людзей, Пятро завярнуў у першы неабгароджаны падворак. Ішлі напрасцяк праз агароды па свежай раллі, пакуль не выйшлі на поплаў.

Бабкоў раптам зусім сціх. У яго пайшла з носа кроў — ці то ад стомленасці, ці то ад нервовай узбуджанасці.

— Ну, во… бачыш? — прахрыпеў ён з крыўдай, як хлапчук, якому расквасілі нос. — Прымірыцель!..

Іван Дзямідавіч злосна абшморгваў з альховых кустоў маладое ліпучае лісце, прыкладваў да носа. Пятро не адразу здагадаўся, што ў старога няма нават насавой хустачкі. Прапанаваў сваю. Той узяў.

Падышлі да рэчкі. Бабкоў спусціўся да вады, каб умыцца. Пятро прысеў на беразе, на грудку. Потым лёг. I адчуў такую стомленасць, што на нейкі міг калыхнулася зямля i закружылася зорнае неба. Не ўсё неба — зоркі, тыя, што загарэліся ўжо. Нарэшце i яны стал i па сваіх месцах i пачалі весела міргаць. Пятро сумна ўсміхнуўся ім, зоркам, i заплюшчыў вочы.

Плескала вада. Крумкалі недзе лягушкі, не вельмі яшчэ зладжана i назойліва, як бы пасля зімовай спячкі спрабавалі галасы. Яшчэ далей «драў дранку» дзяркач. Але ўсе гэтыя звыклыя гукі зямлі i ночы не парушалі вялікай цішы сусвету.

Пятро пачаў думаць аб невымернасці сусветнай прасторы, аб тым, што не толькі ён i ўсе людзі, усё чалавецтва, але нават уся планета наша — пылінка ў бездані космасу.

Ён навучыўся ў цяжкія хвіліны думаць пра абстрактный рэчы, гэта хораша супакойвала, настройвала на гэткі — часам высокафіласофскі, часам прыземлена-гумарыстычны — лад. Але тут не атрымалася: у цэнтры сусвету, які ён хацеў уявіць, працягвалі нязрушна стаяць людзі — тыя, з якімі сустрэўся за дзень, i наперадзе гэтых людзей — чалавек, што трапіў на вочы апошні,— Рыгор Прышчэпа. Не, не Рыгор — дзяўчынка, яе крык: «Тата! Не трэба! Татачка, родненькі!» — засланяў i запаўняў сусвет, усю галактыку.

Пятро расплюшчыў вочы. На небе можна было ўжо разгледзець цьмяны шлейф Млечнага Шляху — зорны мост. Ён прыгадаў свой мост. Падумаў: «Што мяне трымае тут? Што прывабіла? Гісторыя? Але каб вывучыць яе, зусім не трэба хадзіць з Бабковым збіраць падаткі, падпісваць на пазыку. Цяпер будуецца столькі мастоў. Я даўно мог быць на адной з гэтых будоўляў. Няхай ён не мой, але ўсё адно мост. Не зорны, не ўяўны. Сапраўдны, па якім пойдуць людзі на другі бераг. А што я тут збудую?»

Бабкоў сеў побач, заціснуўшы мокрай хустачкай нос.

Можа, ад таго, што нос заціснуты, дыхаў цяжка — выдыхаў паветра астматычна, са свістам.

Не павярнуўшы галавы i зноў заплюшчыўшы вочы, Пятро спытаў:

— Што ты думаеш рабіць?

— З ім? З контрай гэтай? Заўтра ж пазваню Булатаву, ён з ім пагаворыць…

Пятро памаўчаў… Зноў «убачыў» i яго, інваліда, i дачку, вучаніцу пятага класа, «угледзеўся» ў ix больш пільна.

«Колькі ў яго яшчэ дзяцей? Запытаць заўтра ў Галі. I — на што хварэе маці?»

Жонкі Прышчэпавай ён не ведаў, i на яго глядзелі нейкія абстрактный жаночыя вочы, сумныя, спакутаваныя. Ад позірку гэтых вачэй зрабілася страшна. Ён рыўком падняўся, голасна сказаў:

— Не ўратавалі Запечку. Пасадзім Прышчэпу. Асірацім яшчэ адну сям'ю. Мала ix, сірат?!

Дзіўна — Бабкоў не адказаў. I цяжка дыхаць перастаў. Як бы замёр. Доўга маўчаў.

— Іван Дзямідавіч!

Стары хрыпла вылаяўся:

— Пайшоў ты!.. Думаеш, у мяне сэрца няма? Яно — як вугаль, але жывое яшчэ! Не камень! Во… б'ецца i баліць… Баліць за ўсё! I за сірат! — I нечакана, без усялякага лагічнага пераходу, прапанаваў: — Хадзем нап'ёмся.

— Дзе?

— У Капыла. У гэтага гада вёдры самагонкі.

* * *
Пятро піў i… не п'янеў, ва ўсякім разе, не весялеў, як звычайна, а, наадварот, рабіўся ўсё больш пануры, злосны. Ён, як i многія другія, недалюбліваў сакратара сельсавета. Ідучы сюды, выказаў Бабкову гэтую сваю антыпатыю да чалавека, да якога яны так нечакана рашылі завітаць знянацку ў госці.

Іван Дзямідавіч адказаў:

— Думаеш, я люблю яго?

— На чорта ж мы трымаем такога ў сельсавеце?

— Я да цябе яшчэ хацеў турнуць, але ў раёне сказалі — не чапаць. Работу ён ведае. I людзей. Даваенны кадр.

Пакуль не садзіліся за стол, Пятро проста іранічна пасміхаўся з ліслівай i яўна фальшывай Халімонавай радасці з прычыны «такіх дарагіх гасцей», з яго мітуслівых завіханняў па хаце, сыканняў на жонку, на дачку: хутчэй на стол! A выпілі па першай, па другой, не па чарцы — па шклянцы, i не самагонкі, a разбаўленага спірту, i вось найшла на яго гэтая панурасць.

Раздражняла ўсё: назойлівыя запрашэнні гаспадара «пакаштаваць сальца, мядку», страў, якіх ён, Пятро, даўно не бачыў,— сала, кілбаса, яйкі, тварог, пахучы чысты хлеб у гэтую галодную вясну, кал i большасць людзей не маюць бульбіны; фікусы з двух бакоў стала, што выраслі да столі, як лес, — сядзелі, як у джунглях; гара вышываных падушак на нікеляваным ложку; новыя шпалеры, якімі, відаць, зусім нядаўна абклеілі сцены гэтай чыстай палавіны хаты; фатаграфіі на сценах, мноства фатаграфій. Раздражнялі нават партрэты генералісімуса. Ix было ажно два: вялікі плакат на ўвесь прасценак паміж вокнамі i зашклёны, у дубовай рамцы, у куце — на тым месцы, дзе звычайна ў сялянскай хаце вісяць абразы.

Пятро з'еў скібку хлеба, кавалак вельмі смачнай кілбасы i… адчуў, што больш не можа есці — не лезе ў горла. I тады раздражнёнасць пачала перарастаць у нешта страшнае, чаго ён нават сам спалохаўся, — у нейкае дзікае буянства. Захацелася раптам перакуліць стол, паламаць фікусы, нават больш таго — сарваць гэты партрэт, што вісіць замест абразоў. Усялякае на яго находзіла, але такога яшчэ не было.

Халімон Капыл як бы адчуваў яго настрой i ўлашчваў: няспынна запрашаў есці, піць.

— Пятро Андрэевіч, што гэта вы грэбуеце нашым сялянскім пачастункам?

— А я што — пан?

— Ну, вы анцялягентны чалавек.

— А дачка ваша?

— I то праўда. Вырасла наша сялянская анцялягенцыя дзякуючы роднай нашай уладзе. Маруся! Паўхаджвай за сваім таварышам па рабоце.

Маруся — Марыя Халімонаўна, настаўніца ix школы, хімію i батаніку вядзе. Пераспелая дзеўка, гады на два старэйшая за Пятра. Працавітая i строгая, вучні яе баяцца, на ўроках яе — найлепшая дысцыпліна. Строгая i ва ўсіх іншых адносінах: самыя заядлыя пляткаркі не маглі сказаць, як пра другіх, што яна «круціла» з партызанамі ў акупацыю ці з нашым! афіцэрамі, калі фронт блізка стаяў. I цяпер нікога ў яе няма. Дэмабілізаваныя сяржанты «страляюць» за настаўніцамі, нават не за маладымі — за ўдовамі. Да яе ж чамусьці не заляцаецца ніхто. Непрыгожая? Не, не сказаць. Праўда, вельмі ж падобная на свайго бацьку; можа, таму для тых, хто ведае кульгавага, нехлямяжага, заўжды непаголенага Капыла, знікае, траціцца жаноцкасць яго дачкі. Бывае такое.

Ix нечаканае i позняе з'яўленне Марыя Халімонаўна сустрэла іранічнай ухмылкай. Пятро зразумеў — падумала пра яго: «Ці не кожны дзень ты, наш ідэйны сакратар, вось гэтак завяршаеш сваю грамадскую работу?» Яму было ўсё адно: «Чорт з табой, думай, што хочаш».

На загад бацькі хутчэй сабраць на стол «для дарагіх гасцей» адказала нехаця, рабіла ўсё знарок павольна — паказвала свой гонар i строгасць. Але за стол села — за гаспадыню, бо старая не села, знікла, схавалася, быццам i няма яе ў хаце.

— Праўда, Пятро Андрэевіч, што гэта вы… нейкі сёння… не ў гуморы. Давайце вып'ем за нашу настаўніцкую прафесію. Хто не ведае — думае, што яна лёгкая.

Марыя Халімонаўна, паважна ўсміхаючыся, узяла цёмную доўгую пляшку, каб наліць яму i сабе. Але бацька перапыніў яе:

— Чакай, Маруся, да гэтай чарга дойдзе. А цяпер вось гэту. Як сляза! Чысценькі… раціфікат…

— Капыл хоча, каб мы хутчэй — «з капылоў», — пажартаваў Пятро сур'ёзна, без усмешкі; пра гэта ён падумаў раней.

Капыл i Бабкоў зарагаталі.

Іван Дзямідавіч, выпіўшы, адразу аджыў, павесялеў, забыўся на ўсе непрыемнасці дня.

Пятро зайздросціў яму.

— Пі, Пеця! Не шкадуй. У Халімона гэтай атруты хопіць! Забыўся, пра што дамаўляліся?

— Пра што?

— «Накапыліцца». Ха-ха…

— Ну што ж… Давай «накапылімся».

Гаспадар засакатаў, запырскаў ліслівым смехам, а дачцэ яго гэта яўна не спадабалася — яна скрывіла тонкія вусны, зняважліва хмыкнула.

— За хімію, Марыя Халімонаўна. Без хіміі было б сумна жыць.

Яна глядзела на яго насцярожана, з падазронасцю — ці няма тут якога падэсця? Відаць, не адразу зразумела, што ён мае на ўвазе.

Пятро, чакаючы з узнятай шклянкай, растлумачыў:

— Чым было б павесяліць душу, каб не хімія?

— От праўдачка ваша, — сакатаў стары Капыл.

Марыя Халімонаўна ўсміхнулася, прыветліва чокнулася. Пятро залпам выпіў паўшклянкі спірту, неразбаўленага. Абпёк горла. Як сляпы, пачаў мацаць па стале конаўку з вадой. Марыя Халімонаўна сунула конаўку яму ў руку. Ен прагна выпіў ваду.

— Капустай закусвайце, капустай. — Яна шчодра наклала яму з глінянай міскі ў пажаўцелую ад часу талерку капусты.

Пятро пачаў есці, i — капуста спадабалася яму, зноў адчуўся голад. Капуста прыпраўлена цыбуляй, скрылькі цыбулі сакавітыя i надзіва салодкія. Ён паволі выбіраў ix відэльцам.

— Ды бярыце ж вы сала, кілбасу, Пятро Андрэевіч. — Марыя Халімонаўна сама, сваім відэльцам, наклала яму гapy рознай закускі. I тады яго зноў апанавала злосць. Ён баяўся падняць галаву, каб не выдаць сябе, такога свайго стану. Пачаў нехаця есці, але больш налягаў на капусту. А тут, як на тое, гаспадар пачаў скардзіцца, што Федзька Балотны, старшыня калгаса, чапляецца да яго: сядзібу перамераў, лішнія соткі знайшоў, пяць сотак нейкіх, пагражае абрэзаць.

«Які ён вам Федзька? Ён — Фёдар Іванавіч Балотны, стары, паважаны i прынцыповы чалавек!» — хацелася крыкнуць Пятру. Але сцярпеў. Хрумстаў, як конь, капусту.

— Я спіны не разгінаю, яна вось таксама. За тры кіламетры штодня на работу ходзім. Аднаго абутку таго колькі стопчаш па гразі ды па пяску. Гэта яе настаўніцкія соткі. Што ж, выходзіць — будзем абразаць нашу анцялягенцыю?

— Разбяромся, разбяромся, скажам гэтаму Балотнаму, чорту, — лагодна бубніў Бабкоў.

Пятро зразумеў: стары хітрун ведае цану капылоўскім скаргам, але, як добры госць, гладзіць гаспадара па шэрсці.

Яна, Марыя Халімонаўна, здзекліва хмыкнула:

— Сапраўды «балотны чорт»!

Пятро паглядзеў на яе, падумаў: «Што? Не ўдалося купіць яго?»

Яна расчырванелася, вочы заблішчалі. I ўпершыню Пятро ўбачыў, што пры непрыгожым капылоўскім твары ў яе прыгожая шыя, белая-белая, пяшчотная, i грудзі — поўныя, ажно распіраюць кофтачку. I ён пачаў з п'янаватай бесцырымоннасцю глядзець на яе грудзі.

Усё больш нахабнічаў стары Капыл — не прасіў, ужо амаль патрабаваў, каб усе сталі на абарону яго, пакрыўджанага:

— Мы з табой, Іван Дзямідавіч, — улада савецкая… А гэтыя, балотныя… Ім толькі папусціся, дык яны i табе на галаву сядуць. Не давай у абіду сваёй правай рукі!.. Чуеш? I будзеш ты за мной… У мяне таксама рука ёсць…

— А як жа — не даюць! — зноў адгукнулася настаўніца. — Ячмень дзялілі — усяму актыву ёсць, а Капылам — не, i сакратару i педагогу. Яны, бач, багатыя.

«I ты пакрыўджаная?» — ужо без ранейшай раздражнёнасці, а са здзіўленнем хацелася спытаць Пятру. Не спытаў. Сам адказаў: «Але, пакрыўджаная!» — i буянства яго раптоўна перайшло ў нейкую новую стадыю — з'явілася яшчэ больш недарэчнае i дзікае жаданне: не ламаць фікусаў, а зламаць яе, гэтую пераспелую смакоўніцу, скамячыць поўныя, тугія грудзі, нацалаваць ix да сінякоў.

Уяўленнем пра гэта цалаванне распальваў сябе. Імпульсы нейкіх біятокаў, мабыць, даходзілі да яе, бо яна запунсавелася ўся, занервавалася. Прапанавала выпіць раз, другі. Нешта прыбрала са стала, нешта прынесла. Сядзела як на іголках. Нарэшце схапіла апусцелую міску.

— Я прынясу яшчэ капусты.

— Я пасвячу. У мяне ёсць ліхтарык.

Старыя, занятыя сваёй размовай, не звярнулі ўвагі на ix. Пятро выйшаў следам за ёю i адразу за дзвярамі на ганку абняў. Строгая, правільная, недачэпа, яна выпусціла міску i пачала цалаваць яго сама. Ён расшпіліў кофтачку, дабраўся да грудзей…

Яна шаптала, задыхаючыся:

— П-пе-еця! П-пе-цечка!.. Не ц-ця-пер… Пасля. Заначуйце ў нас. Заначуйце…

Словы гэтыя яе — як удар: адразу, уміг, наступіла поўнае працверазенне. Раптам здалося, што ён цалуе брыдкую вусатую морду старога Капыла. Ён адхіснуўся, адступіў ад яе.

— Ідзі па капусту.

— Пасвяці.

— Няма ў мяне чым свяціць!

Яна нахілілася, знайшла ў цемры міску, шчасліва засмяялася i ўпадскок, як дзяўчынка, пабегла пад павець, да склепа.

Пятро вярнуўся ў хату. I з парогa пачуў, як моцна захмялелы Бабкоў расказвае Капылу:

— …дык ён, гад, мяне загрудкі… Ах ты, бандыт! Мала што…

Пятра ўсяго скаланула! Ішлі сюды — дамовіліся: пра здарэнне з Прышчэпам нікому ні слова.

«Што ж ты, стары дурань, робіш?»

— Хто цябе хапаў загрудкі? — спытаў Пятро.

— Як хто? Ён… гэты бандзюга… аднарукі…

— Ну, ты дапіўся, Іван Дзямідавіч. Поп хацеў цябе схапіць. Поп! Ды ты яго схапіў…

— Поп? — недаверліва спытаў Капыл.

— П'яны, гад, быў… у рызу. На нагах не трымаўся.

— П-оп? — здзівіўся Бабкоў, вылупіўшы вочы, але, мабыць, бліснуў прамень у яго затуманенай галаве, нешта ўспомніў, пра нешта здагадаўся, пакруціў галавой, засмяяўся — Поп! Вот змей нястрыжаны! Але грошы — во! — Ён паляпаў па сумцы, якая ляжала на ўслоне побач.

— Пайшлі дадому! Хопіць!

— Пайшлі,— нечакана адразу згадзіўся старшыня i падняўся.

Капыл замітусіўся:

— Яшчэ па адной, Іван Дзямідавіч!.. Ай-яй, усё ж некранутае. Кілбаска, сальца… Маруся!

— Заўтра рана весткі ў раён трэба адаслаць.

— Дык гэта ж я i адашлю. Чуць развіднее — i я ўжо буду на рабоце. Хіба першы раз. Калі трэба, дык трэба. Пераспім i разам пойдзем.

Бабкоў завагаўся, яму хацелася выпіць яшчэ. Але Пятро падумаў пра Сашу, успомніў сваё шалёнае жаданне, бессаромную падатлівасць яе, гэтай… ханжы, i яму захацелася як мага хутчэй выбрацца з Капыловай хаты. Цяпер ён баяўся другога «граху»: каб не вырвалася яго антыпатыя да гаспадара, да яго дачкі… Навошта выяўляць яе? Разам працаваць… Спірт можа такога нарабіць, што сам сабе будзеш брыдкі пасля.

— А што нам скажуць жонкі? Соня табе апошнія патлы вырве.

Падзейнічала! Бабкоў баяўся свае маладое жонкі, на людзях — ціхай, маўклівай, але, відаць, бабы з характарам. Недарма Саша гаварыла пра яе: «О, гэтая Соня-ціхоня, яна яшчэ пакажа сябе».

Іван Дзямідавіч вылез з-за стала, знайшоў на падаконніку сваю шапку.

Капыл ушчуваў Шапятовіча:

— Эх, Пятро Андрэевіч! Адзін разок заглянулі i гадзінкі не пасядзелі. А я думаў: ну, дамо дразда, бо ўсе свае, спірт маем…

Вярнулася з капустай Марыя Халімонаўна. Безумоўна, адразу не магла ўцяміць, чаму раптам госці падхапіліся, стаяць пасярод хаты ў шапках. Сунула міску на прыпечак, сама прытулілася да печы, здзіўленая, засаромленая, нейкая адразу зблажэлая. Абраза, крыўда, магчыма, з'явіліся пазней. А тады, калі яна, баючыся глянуць Пятру ў вочы, працягвала на развітанне руку, пэўна, была ў роспачы ад таго, што ўцякае яе кароткая жаночая радасць, спадзяванне на якую так нечакана ўзнікла.

Уначы балела галава. Прачнуўшыся ад гэтага болю на світанні, Пятро праглынуў колькі парашкоў, якія знайшоў у Сашыным чамаданчыку, i запіў з вядра, нагбом. Было брыдка ў роце, паскудна на душы.

Другі раз яго разбудзіў школьны званок. Сапраўды, недзе зусім блізка званок настойліва клікаў у класы. Не дзіва, што дзяжурны бегае па ўсім парку. Майскае сонца i праз тыя некалькі цьмяных шыбін заліло пакой не толькі да болю ў вачах яркім святлом, але i цяплом, бадзёрым i радасным. Пятро адразу адчуў гэтую бадзёрасць. Галава не балела. Начны боль здаўся далёкім, як боль ад ваенных ран. Трохі быў устрывожыўся, што прапусціў урокі. Але глянуў на гадзіннік i зразумеў, што Саша знарок не разбудзіла яго, напэўна, дамовілася з дырэктарам, каб яго замянілі, пераставілі ўрокі. Разумніца! Уначы, калі адчыніла i ўбачыла п'янага, — слова не сказала.

Пятро прыгадаў учарашнія падзеі, праўда, чамусьці ў ix адваротнай паслядоўнасці — ад вечара ў Капыла да нарады ў сельсавеце. I — дзіўная з'ява! — нібы ўсё асвяцілася зусім іншым святлом — вось гэтым, майскім, вясёлым, што льецца праз шыбы. Нават выпадак з Прышчэпам не здаваўся такім сур'ёзным, палітычным, як здаўся ўчора. Цяпер гэта выглядала амаль смешным, бытавым, трагічным толькі ў нейкіх дэталях, а на самай справе камічным, як гэта часта бывае ў штодзённым сялянскім жыцці. Многія факты з ix «падпісной кампаніі» можна расказаць як анекдоты. З папом, напрыклад…

Увайшла Саша. У халаце, у марлевай касынцы. Пятру заўжды асабліва падабалася жонка ў сваім медычным убранні, вельмі ж яно пасавала ёй.

— А-а, прачнуўся мой слаўны мужанёк! П'янчужка! — Села на ложак, як каля хворага. — Мала, што нейкай ванючай гадасці насмактаўся, дык яшчэ адразу па чатыры парашкі глытаеш… Калі-небудзь атруцішся, дурань такі.

— А галава перастала… светлая, што дзень гэты.

— Добра, што аспірын. — I запатрабавала — ён не зразумеў — усур'ёз ці жартам: — Ну, а цяпер расказвай пра ўсе твае прыгоды.

У Пятра ёкнула сэрца: «Ці не сказала Капыліха ад злосці, што я, п'яны, прыставаў, лез цалавацца?»

Расказаў падрабязна ўсё, акрамя, безумоўна, гэтага — цалавання з Марыяй Халімонаўнай. Ca страхам чакаў, што Саша спытае: «А што яшчэ рабіў у Капыла?»

Не. Яе ўстрывожыла другое: што п'яны Бабкоў усё-такі прагаварыўся свайму сакратару пра выпадак з Прышчэпам.

— Ох, дурні вы! Адзін стары, другі…— Які дурань ён, Пятро, Саша не сказала, загадала няласкава: — Падымайся, лежабок. Я ледзь угаварыла дырэктара, каб замест тваіх урокаў правесці гутаркі аб гігіене.

Пакуль ён галіўся, умываўся, Саша сабрала на стол. Знікла. Вярнулася праз колькі хвілін i — на вялікае здзіўленне Пятру — паставіла на стол пляшачку спірту. Следам за ёй прыйшоў Бабкоў, задаволены запрашэннем, вясёлы. З парогa паведаміў Пятру, што ёсць ужо 83,2 працэнта падпіскі i што сельсавет на чацвёртым месцы ў раёне. За сталом адразу прапанаваў выпіць за Сашу, якую ён любіць, як дачку, i паважае. Ажно праслязіўся ад замілавання ці, можа, ад успамінаў пра сваю дачку.

Саша перапыніла яго, сказала з дзіўным бляскам у вачах:

— Я вас, Іван Дзямідавіч, таксама паважаю… Але я… я вас узненавіджу… — Пятро i Бабкоў устрапянуліся, аднеслі ад рота налітыя шклянкі.— I не ад на я!.. Кал i вы дасцё ў крыўду гэтага неразумнага балбатуна Прышчэпу. Вы ж не яго пакрыўдзіце — дзяцей. Мала яшчэ сірат?

Пятра ўразіла, што Саша сказала тыя ж словы, што i ён учора, каля рэчкі.

Бабкоў паставіў шклянку. На маршчыністым сухім твары яго выступілі фіялетавыя плямы.

— Ды што ж я, па-вашаму, Аляксандра Фёдараўна, звер, а не чалавек? Ці не ведаю, што такое гора? Ды мне цяпер няхай язык вырвуць… A калі што — я лепш сам сяду…

— Ну, усё! — зноў перапыніла яго Саша. — Вып'ем.

X

Панас Грамыка выклікаў Шапятовіча з урока. Выгляд ён меў дзіўны: здавалася, закураны твар яшчэ больш счарнеў у гэтую майскую ясную раніцу. Ва ўсякім разе, Пятро ні разу не бачыў яшчэ аптымістычна-разважлівага старшыню такім панурым. Але здзіўлення свайго не выдаў — нічога не спытаў першы. Раз прыйшоў i паклікаў — значыцца, скажа сам.

Панас не стаў гаварыць на школьным ганку — адразу пайшоў, але не ў сельсавет, a ў глыбіню парку, дзе густа зелянелі кусты чаромхі i шыпшыны, яшчэ абсыпаныя расой. Пятро закрочыў побач.

— ЧП, Андрэевіч. I сур'ёзнае.

— Якое?

— Кража.

— Сур'ёзнае, але не такое ўжо рэдкае… У цябе ціха было, a ў другіх калгасах… Што ўкралі?

— Грэчку насенную.

— Усю?

— Не. Пуды два.

— A ўстрывожаны ты на дзвесце пудоў.

— Устрывожышся, калі злодзей — сам вартаўнік, Сцяпан Бандарэнка.

— Даказана?

— Што там даказваць? Чуць развіднела — прыйшоў стары Кваша Цімох, што зямлянка на гародзе, за свірнам. Штось, кажа, старшыня, пеўні курэй пад свіран склікаюць. Толькі з седала — i адразу пад свіран. Цэлы кірмаш курыны. Мы з ім туды. Свярдзёлкам падлога прасвердлена якраз у тым месцы, дзе грэчка ляжыць. Ведаў, дзе пракруціць. Забіць забіў шчыліну, але грэчка рассыпана, i куры не паспелі сабраць. Мы са старым да вартаўніка. А ён, бязмозглы дурань, у хляве, каб дзеці не бачылі, таўчэ яе ў ступе на муку. Дзеці не бачаць, a суседзі чуюць. Ад людзей не схаваеш…

— Дык што цябе непакоіць? Выклікай участковага. Дамовіліся ж цвёрда: злодзеям — ніякай літасці.

Панас спыніўся пад тымі стогадовымі ліпамі, дзе вечарамі сядзяць закаханыя: чамусьці ўсіх цягне сюды на тайныя размовы. Паглядзеў на свайго маладога партыйнага кіраўніка, цяжка ўздыхнуў:

— Ты хіба не ведаеш?

— Што?

— Дурань гэты — брат маёй жонкі.

— Ну, знаеш! Сам ты казаў, што ў цябе ўсё сяло — то брат, то сват, то кум… А ты — камуніст, старшыня!..

— Легка сказаць, Андрэевіч: камуніст, старшыня… Усё гэта так. Але ты пастаў сябе на мае месца. Я, акрамя ўсяго, яшчэ i чалавек. Мне людзьмі кіраваць, але мне i з жонкай трэба будзе жыць… Аксюце, Сцяпанавай жонцы, штодня ў вочы глядзець. A ў яе пяцёра дзяцей. Ну, Вольга, Іван на свой хлеб пойдуць, хутчэй за ўсё з'едуць ад сораму. А трое малых? От натварыў, сукін сын! — Грамыка ўзяўся рукамі за галаву, апусціўся на лаўку.

Пятро нарэшце зразумеў, як сапраўды нялёгка гэтаму даволі цвёрдаму чалавеку, які рэдка калі вагаўся, прымаючы рашэнне. Здавалася дагэтуль, што Панас Астапавіч мае зайздросны талент прадугледзець усе самыя складаныя нечаканасці i павароты ў жыцці i рабоце. Што б ні здарылася, якая сітуацыя ні ўзнікла б, якія б самыя недарэчныя нездзяйсняльныя інструкцыі ні далі калгасу, сельсавету, партарганізацыі — першы знаходзіў выйсце Грамыка, рабіў прапановы, то па-сялянску простыя i мудрыя, то такія хітрыя, што i сам Булатаў, упаўнаважаны ix, неаднойчы ламаў галаву, i Анісімаў задумваўся: можна так ці не?

А вось што так можа здарыцца — пра гэта, мабыць, i не падумаў. Праўда, Пятро ўспомніў, як перад пасяўной старшыня на сходзе казаў сваім калгаснікам: «Нікому не дарую, сытаму, галоднаму… сыну роднаму, калі хто возьме бульбіну насенную. Зарубіце на носе!»

Але адно — словы сказаць, а другое зусім — у турму чалавека пасадзіць, ды яшчэ швагра. Ды i не тое, мабыць, пячэ сэрца, што швагер, а вось што дзеці астануцца галодныя. Таму i прыйшоў, каб даверліва параіцца: што рабіць?

Не, ён не проеіць парады, не патрабуе катэгарычнага адказу. Гэтага патрабуюць тыя, хто хоча застрахаваць сябе на ўсякі выпадай. Грамыка не з такіх. У яго даволі рашучасці i мужнасці, каб усё ўзяць на сябе. Але яму сапраўды вельмі цяжка. Гэта той выпадак, тая сітуацыя, той момант, калі чалавеку, як паветра, патрэбна шчырае, праўдзівае слова друга, аднадумца.

Зразумеўшы ўсё гэта, Пятро адчуў, можа, упершыню, сваю надзвычайную партыйную i чалавечую адказнасць за тое, што ён парадзіць другому. А што ён можа парадзіць? У выпадку з Прышчэпам ён чамусьці ні на міг не адчуваў раздваення свайго партыйнага i чалавечага сумлення. А тут? Тут яно ёсць, раздваенне. Як ён можа стаць на абарону злодзея? Але хіба Сцяпан — сапраўдны злодзей? Хіба не зразумела, што яго штурхнула на кражу? Пятра ажно ў пот ударыла: што парадзіць Панасу?

Сеў побач, таксама ўздыхнуў:

— Але, сітуацыя, чорт вазьмі…

— Ты пачуў бы, колькі гол асу ў мяне ў хаце. Сказаў, што будуць судзіць. I мая, i Аксюта равуць, як каровы. Можна, канечне, замяць. Гэты стары ліс, Кваша, глянуў у хлеў i адразу — задні ход… «Я, Астапавіч, нічога не бачыў, нічога не чуў…» Перад следчымі будзе маўчаць. Ясна. Але сяло… у сяле ўжо, відаць, палавіна ведае… I як я пасля гляну людзям у вочы? Заўтра абавязкова ўкрадзе Іван, калі выйдзе сухі Сцяпан… I я мушу некага аддаць пад суд… А швагра выгарадзіў… Што мне скажуць пасля?

— Ясна — не запляскаюць у далоні,— заўважыў Пятро.

— Пайсці далей па гэтай дарозе — сам скора апынешся ў турме. I не пашкадуе ніхто.

— А хто цябе пашкадуе, калі грамадскае дабро расцягнуць?!

Панас павярнуўся, злосна бліснуў цыганскімі вачамі:

— Што ты мне падтакваеш? Сам я хіба не разумею? Ты парай, што мне сёння рабіць. Вось у гэтую хвіліну…

Пятро таксама ўзлаваўся:

— А што я, па-твойму, святы прарок? Што ў мяне — на ўсе выпадкі — гатовая парада? Але я так думаю: злодзей павінен панесці кару! Іншая размова, што мы можам падумаць — якую.

— Мы можам? Каб ад нас залежала? Я прыдумаў бы кару. Ён дзесятаму заказаў бы, унукам сваім i праўнукам… не лазіць пад калгасныя свірны… I сама Аксюта падпісалася б пад такім прысудам. I Гаша мая… Але тут такая сітуацыя, што або сюды, або туды. I калі ўжо туды, то Hiякай падушкі мы не падсцелем, ніхто нас слухаць не будзе. Дадуць яму не менш пяці… Па ўказу.

Панас Грамыка ведаў жыццё i ведаў законы. Суцешыць яго гэтак жа нялёгка, як i засмуціць, расстроіць. Расстроіўся Шапятовіч. Чаму Панас прыйшоў параіцца да яго? Каб яшчэ раз пераканацца, што нічога разумнага ён, сакратар, параіць не можа? Ці каб яшчэ раз тыцнуць яго носам: глядзі, вось яно якое жыццё, якія задачкі задае, ix не рашыш чатырма дзеяннямі арыфметыкі, i «Кароткі курс» нямнога табе паможа!

Памаўчалі.

Пятро нахіліўся, падняў галінку, пачаў чарціць ёю па вільготнай утаптанай зямлі. Хутка ўбачыў, што зноўпадсвядома рысуе фермы моста. I зноў пашкадаваў, што ён не будуе мастоў, а займаецца вось чым — бог ведае чым.

— Пасаджу я гэтага дурня. Але жыцця мне ў хаце не будзе. На чорта мне штодня слухаць папрокі ды слёзы? З'еду! — Панас быццам адсек.

Пятро павярнуўся, каб спытаць, куды ён з'едзе, i сказаць, што нікуды яго райком не адпусціць. Але не паспеў — Панас загаварыў зноў, зусім іншым гол асам:

— Але засумаваў я, Андрэевіч, за вайну… Па дзецях. Па ёй, па дурніцы, па Гашы. I зямлю люблю. — Ён развёў рукаMi навокал. — Вось такую… зялёную… Як конскі пот пахне, люблю… рал ля… салідол каля трактара…

Сказаў ён гэта з такім болем, што ў Пятра таксама зашчымела сэрца. Але, любіць, моцна любіць. Таму i цяжка яму, таму можа i адважыцца на ўсё, i ніхто яго не стрымае — ні жонка, ні райком. I нельга казаць яму ў такі час слоў казённых, пустых. Можна толькі так сказаць, як ён сказаў пра сваю любоў — проста, скупа, але так прачула i шчыра. А ў Пятра не знаходзілася ні такіх слоў, ні такой прачуласці. Думкі чамусьці вярталіся да свайго — да моста. Вось даўся яму гэты мост!

Пасядзелі. I так, не дамовіўшыся ні пра што пэўнае, разышліся. Пятру здалося, што Панас пайшоў расчараваны, адчужаны, аддалены. Пятро перажываў: вельмі даражыў дружбай i даверам гэтага чалавека.

А з трэцяга ўрока яго паклікалі зноў, на гэты раз рыжая Надзя, паштарка, — у сельсавет. Бабкоў сустрэў у агульным пакоі. Быў ён i ўзбуджаны — ажно вушы гарэлі — i неяк дзіўна ашаломлены, разгублены. Таму, відаць, i паклікаў яго, Пятра. Бабкоў, не ў прыклад Грамыку, мог прыняць самае недарэчнае рашэнне, самаўладна зрабіць глупства, але кал i губляўся — тады даверліва раіўся з усімі, хто трапляў на вочы.

— Во, Пятро Андрэевіч, паглядзі, што толькі не валіцца на нашы з табой галовы! Мая, сівая, ужо адмаўляецца рашаць: што рабіць? Давай разам думаць. Калі ласка, палюбуйся… Дзіва дзіўнае! — Старшыня выканкома шырока адчыніў дзверы свайго кабінета i сам адступіў убок, быццам там, за дзвярамі, было штосьці небяспечнае. А там на лаве каля сцяны ціха i сціпла сядзела жанчына — жонка Сцяпана Бандарэнкі, Аксеня. Пятро не з усімі вяскоўцамі яшчэ пазнаёміўся, але гэтую жанчыну ведаў даўно, з першага месяца свайго цывільнага жыцця. Перш за ўсё праз дачку яе Вольгу — прыгажуню з незвычайнай біяграфіяй. Ды i сама кабета неяк вылучалася сярод сваіх равесніц — жанчын у гадах, якія ўпачатку, пакуль не пазнаёміўся бліжэй, здаваліся Пятру падобнымі адна на адну.

Аксеня ў свае сорак пяць год была маладжавая i прывабная з твару, поўная, нягледзячы на такое жыццё, павольная ў рухах i надзіва спакойная i паважная: ніколі i ні перад кім не мітусілася, не ліслівіла — каб тут хоць пажар загарэўся ці хоць сам Бог з'явіўся.

I цяпер яна сядзела гэтак жа спакойна — без разгубленасці, без страху, без жадання разжаліць каго-небудзь. Толькі разы два трывожна прыслухалася ці то да гол асу за сцяной, у амбулаторыі, цітода нечага, што адбывалася, магчыма, недзе далека. Можа, ёй здавалася, што плача яедвухгадовы сынок?

Пятро ўбачыў каля яе ног клунак пуда на паўтара, зразумеў, што ў мяшку, i амаль дакладна здагадаўся, чаму i як гэтая жанчына апынулася тут.

Падумаў: «Гаша? Ці Панас падказаў? Няўжо ён мог пайсці на такое?» Было да болю непрыемна думаць, што такі чалавек, як Грамыка, усклаў цяжкі крыж на плечы гаротнай жанчыны, каб толькі ўратаваць брата свае жонкі.

— Расказвай яшчэ раз, Аксеня. Будзем разам думаць, што з табой рабіць.

Яна выцерла рогам хусткі вусны i пачала расказваць павольна, як бы нехаця i зусім абыякава, як пра справу чужую i даўнюю, сведкай якой яна сама была:

— Ды во… папутаў чорт дурную бабу. Зладзейкай зрабіў. Мой гэта Сцяпан… занядужалася яму… жывот схапіла, у яго ж гэта здаўна, да вайны яшчэ… Ну, я з поўначы пайшла вартаваць за яго. Мне i не хацелася. Што там, кажу, вартаваць? Пусты свіран? Ды не, кажа мой, грэчка ляжыць насенная. Праўда… Грэчку гэтую я сама чысціла… Сяджу я… Ноч. Спяць усе. Нячыстая сіла лётае. Шэпча мне: «А што ты, Аксюта, заўтра дзецям зварыш?» Праўда, у хаце хоць шаром пакаці. Hi крупінкі. Ну, i нашапталі нячысцікі. Пайшла да сябе ў двор, узяла свярдзёлак пад паветкай… Свіран жа гэты стаіць, як на палях… Ну, i вось. — Яна схілілася, дакранулася мазолістай далонню да клунка i тут жа падняла вочы, упершыню глянула на Пятра, быццам праверыла: ці паверыў ён? — А Сцяпан ды Вольга ўранні як даведаліся, адкуль гэтая грэчка, — з хаты мяне выгналі… Ніхто ў раду нашым злодзеем не быў!

Пятро слухаў i чамусьці паступова пераконваўся: не, не Панас падказаў ёй гэта, хіба жонка яго — Гаша. Але хутчэй за ўсё, што Аксеня надумала сама. Тыповая сялянская жаночая самаахвярнасць i наіўная хітрасць: уратаваць мужа, дарма што корміць дзяцей не ён — яна. Але ён — бацька. Узяць усю віну на сябе з надзеяй на літасць суддзяў: калі i засудзяць, то не так сурова — маці пяцярых дзяцей, ды i малыя яшчэ зусім, сама прызналася, сама прынесла крадзенае ў сельсавет, пакаялася.

«Не такая ўжо недарэчная хітрасць, — падумаў Пятро. — Нейкае выйсце ўсім — i ім самім, i Панасу, i партарганізацыі…» Але ўсё адно чамусьці да болю было шкада гэтай жанчыны, якая, безумоўна, пражыла сумленнае i вельмі нялёгкае жыццё.

Пятро наблізіўся, нахіліўся, памацаў грэчку ў мяшку i ціха сказаў:

— Не веру я вам, Аксеня.

Яна трывожна ўстрапянулася, i ў вачах яе бліснуў спалох. Але сказала гэтак жа спакойна:

— А як хочаце… Суд паверыць.

Тут увайшла Саша i паклікала Пятра да сябе ў амбулаторию.

— Чакайце, Аляксандра Фёдараўна, у нас справы важнейшыя, — сказаў Бабкоў.

— У мяне не менш важная.

— Куды званіць? Адразу ў міліцыю? Ці, можа, з райкомам параіцца? — Іван Дзямідавіч яўна спяшаўся хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай гісторыяй.

— Пачакай.

У амбулаторыі сядзела Вольга. Не, не сядзела — ляжала тварам на стале, i плечы яе сутаргава ўздрыгвалі.

Падняла галаву, глянула чырвонымі вачамі на Пятра, усхліпваючы, задыхаючыся, замаліла:

— Пятро Андрэевіч, не судзіце маму. Яна не крала. Гэта ўсё бацька. Бесталковы! Усё жыццё мама пакутавала ад яго. А цяпер i мы… Што мы будзем рабіць без мамы? Мы ж па свеце пойдзем…

«Чым далей, тым не лягчэй, — ужо не толькі з болем, але i з раздражненнем падумаў Пятро. — Нейкі клубок заблытаны. Сапраўды, трэба быць прарокам, каб разблытаць».

— Што мне рабіць? Усе няшчасці на маю галаву. Адно кляймо на ўсё жыццё. Цяпер другое. А мы дамовіліся з Пецем, што заўтра запішамся. Згуляла, называецца, вяселле! — Вольга закрыла твар далонямі, i цела яе скруцілі страшныя сутаргі.

Саша накапала ў шклянку нейкіх лекаў, ласкава абняла яе, папрасіла:

— На, выпі. I супакойся, Оля! Нельга так. А Пеця… калі любіць… Ну, трохі пазней запішацеся…

— Я… яса-а-ма, калі маму… — Зубы яе стукалі аб шклянку. — Не пайду. Я… Я… яму свет закрыць…

— Пеця! Скажыце вы яе бацьку: сам напаскудзіў — сам няхай адказвае, а не падстаўляе жонку. Звыклі на жонках выязджаць!

Пятро крыкнуў праз сцяну:

— Іван Дзямідавіч! Нікуды не звані пакуль што! Пачакаем.

Грамыку знайшоў на гародзе, дзе калгасніцы садзілі памідоры. Той выслухаў i, гнеўна вылаяўшыся, адразу размашыста закрочыў праз гароды ў вёску.

— Я загадаў яму: прынясеш грэчку ў праўленне, пакаешся, папросіш людзей, даруюць — будзем абараняць, калі i да следчага дойдзе… А ён, гад, жонку падстаўляе. Дурная авечка, Аксюта гэтая!

Сцяпан Бандарэнка пад павеццю сек сухое ламачча: калі ў чалавека трывожна на душы, яму хочацца заняцца чымнебудзь. Убачыў ix — спалохаўся, застыў з паднятай сякерай. У яго не было i крупінкі той паважнасці i спакою, што ў жонкі. Ён увесь быў насцярожаны, як загнаны заяц, таму i з выгляду мізэрны, варты жалю: худы, ажно жоўты, рэдкія рудаватыя валасы склеіліся на лбе, барада, шчокі непаголеныя, таму здаваліся бруднымі, сарочка падраная…

— Ты што ж гэта, Залупей пракляты, — Грамыка назваў яго вулічнай мянушкай, мацюкнуўся. — На Аксюту рашыў зваліць? Колькі разоў валіў на яе свае грахі?

— Не я!.. Сама… Яна крала! Я не краў! Няхай сама… У мяне жывот балеў!.. — Сцяпан амаль істэрычна закрычаў.

— Гадзіну назад ты маўчаў, як г… у рот набраўшы. А цяпер ты высветліў, хто краў? Я табе вылечу твой жывот!

Вочы ў Панаса ўміг сталі страшныя, быццам зацягнула ix крывавымі бельмамі, i ён, як сляпы, са сціснутымі кулакамі пасунуўся да Сцяпана. Той адступіў на крок i вышэй узняў сякеру, пагрозліва загарадзіўся ёй.

Пятро не на жарт спалохаўся i гатовы быў кінуцца, каб стрымаць старшыню. Да раптам Сцяпан шыбануў сякеру ўбок, тэатральна разарваў на жываце сарочку, завішчаў:

— На, бі! Бі! Забі! Вам, парцейцам, усё можна!

Грамыка, сунуўшы рукі ў кішэні штаноў — схаваў далей

ад граху, крутнуў убок — на выхад з-пад паветкі. Глуха сказаў:

— Запомні, Сцяпан: пасадзяць Аксюту — я з цябе трыбуху выпушчу. Не пагляджу, што ты швагер мой. Зараз жа ідзі i зрабі так, як я сказаў. Пакуль не позна.

I ўсё роўна Аксеня ўзяла віну на сябе.

XI

Час, калі ўсё пасеяна, але яшчэ нічога не вырасла, акрамя шчаўя на лузе, — самы цяжкі для вёскі нават у мірныя добрыя гады. А што казаць пра тую першую пасляваенную вясну! Аднак грэла сонца, зелянела зямля — i смяяліся дзеці, штовечар калыхалі наваколле песні. Сам вялікі аптыміст, Шапятовіч часам здзіўляўся працавітасці i бадзёрасці паўгалодных людзей. Толькі вучні часам наганялі смутак: праз кожныя тры— пяць мінут паднімалася рука, i то збянтэжаны, сарамлівы дзявочы голас, то знарокава грубаваты хлапечы прасіў: «Пятро Андрэевіч, дазвольце выйсці».

«Ад шчаўя», — растлумачыла Саша i пагутарыла з настаўнікамі — каб разумелі i былі ўважлівыя.

Нялёгка ім жылося, Пятру i Сашы, але… шчасліва: гэта былі дні найбольшай згоды i прыгожых, па-юначы наіўных праяў ix узаемнай закаханасці. A хіба гэта не найвялікшае шчасце? Жыццё, праца, каханне i поўная адсутнасць думак пра няшчасце, небяспеку. Ніхто з ix i не падумаў нават, што i ў мірны час можа напаткаць бяда.

Ленка, дачка ix, гуляючы на лузе з дзецьмі, наелася нейкіх салодкіх карэнняў, i ёй там жа стала блага: атруцілася. Саша была на візітах у суседняй вёсцы. Панас Грамыка прывёз яе ледзь жывую ад страху за дачку. Самыя жудасныя ўяўленні палілі галаву, пакуль яны ехалі. Ленку ўратавалі, хоць дні тры праляжала ў ложку. Саша гэтыя тры ночы не звяла павек, у яе калаціліся рукі i пачаўся нервовы цік. Кал i ж малая паднялася, маці баялася адвесці ад яе вочы — пакінуць без нагляду. А трэба ж працаваць. I Саша мусіла перанесці візіты на вечар, каб з дачкой мог астацца бацька. Але галоўнае — падмацаваць дзіця пасля хваробы, карміць так, каб ёй не хацелася есці нейкія карэнні. А чым? Нават за грошы не было дзе купіць, не было ў каго пазычыць. Кланяцца такім, як Капыл ці Лісцік? О, як гэта цяжка!

— Пайду дадому, да Полі. Усё-такі як свайго няма — пазычыць, — сказала Саша, калі зноў яны дажыліся да таго, што ў хаце не асталося ні бульбіны, ні крупіны.

Да бацькоўскай вёскі кіламетраў сорак, па глухой дарозе, цераз балота i лесам. I Пятру стала страшна пускаць яе ў такую далеч. Дзіўна. Былі вакол ворагі, i яна, партызанка, ішла на сувязь у Гомель, у далёкія разведкі, а ён, паранены, аставаўся ў шпіталі i, здаецца, не баяўся за яе. Праўда, тады ім — яму i малой — за няньку была Марыя Сяргееўна, i Ленка казала «папа» ёй, а не яму, хоць ніхто не мог устанавіць, было гэта «папа» ці «баба», i паміж партызанамі вяліся цэлыя дыскусіі на гэты конт.

Не, тады ён таксама баяўся за Сашу, але не так, не такая была тая боязь. Гэта ўвогуле цяжка растлумачыць: тады i сам ён хадзіў праз нямецкія i паліцэйскія гарнізоны i не адчуваў асаблівага страху, а цяпер ідзе часам позна са сходу з Панізоўя i палахліва азіраецца на кусты каля рэчкі. Сорамна прызнацца.

— Не трэба табе хадзіць, Сашок. Лепш я…

— Што ж ты пойдзеш? Што ты скажаш? Я ж ведаю: нічога ты не скажаш, як мы тут… Ну, пачастуюць цябе, дадуць нешта на гасцінец… Ды каб не Ленка, хіба я пайшла б! Ты ж ведаеш: мне нават у Полі нялёгка прасіць… Ды i не лішняе ў ix там.

Выходзіла яна ў суботу, калі ў Пятра кончыліся ўрокі, з тым, каб вярнуцца назаўтра, у нядзелю. Выйсці было нялёгка. Пакуль раздабыла ім харчу на два дні жыцця, нагатавала. I хацела нічога не браць сабе на дарогу, каб ім больш асталося. Пятро мусіў пасварыцца. А потым па сто разоў паўтарыла наказы Ленцы i яму:

— Лянок, да рэчкі — ні-ні. Hi з кім. Hi з Галькай, ні з Танькай. Не пойдзеш?

— Не.

— Будзеш увесь час з татам. Разам хадзіце, разам гуляйце…

— У «клёка»?

— У што хочаце. Толькі разам. Будзеш слухаць тату? Будзеш усё з'ядаць, што ён скажа?

Гэта не было праблемай, ела яна цяпер, калі ежы не хапала, добра, з апетытам.

— Не толькі з'ядаць, a нікуды-нікуды без яго… ні ў парк, ні на луг, ні ў школу…

— Да цёткі Гашы хочу.

— О Божа! Немагчыма пералічыць усяго, куды табе нельга. I да цёткі Гашы можна толькі з татам. А лепш вы не хадзіце. Няёмка. — Гэта ўжо да Пятра: — Пеця! Hi на мінуту не спускай з яе вока. А то яна абяцае i тут жа забывае…

— Забываю не!

— О «не» мае мілае! Дай я пабусяю цябе яшчэ разок. Будзь разумненькая, слаўная, i я прынясу табе ад цёці Полі ўсяго-ўсяго смачнага-смачнага.

— I сыру?

— I сыру, i яек, i мёду. Пайду да дзядзькі Пімена i папрашу хоць чарачку мёду.

— Ведаю. Гэта што пчолкі прыносяць.

— Усё ты ведаеш з кніжак ды казак. Пеця! У сельсавеце не сядзі. А то будзеш дзяўчатам расказваць міфы свае… i забудзеш на дзіця.

— Ну, так ужо я расказваю!

— Увогуле ты любіш пакрасавацца перад бабамі. Ёсць у цябе такі грэх. Спачатку гэта мяне нават абражала.

— Табе здавалася бог ведае што. Чаго мне красавацца перад імі? Патрэбны яны мне!

— Ты — слаўны. Цяпер я веру табе. Вядзіце сябе тут добра. Не бойцеся за мяне. Хіба першы раз! Я заўтра пастараюся раней выйсці, каб раней прыйсці. У мяне ўсё-такі клунак будзе, i, думаю, нялёгкі.

— Не вельмі нагружайся. Не блізкі свет. Мы будзем цябе сустракаць. У Панізоўі. Добра?

— Далека не заходзьце. А то потым яе прыйдзецца несці. Стоміцца наша маленькая.

— Я маленькая не. Я вялікая!

— Вялікая, вялікая. Ох, гэта мама! Не разумев, дзе малое, дзе вялікае.

— Для мяне вы абое малыя. 1ду, а душа не на месцы.

— А як жа ў партызанах? Хутка мы прызвычаіліся да мірнага жыцця. Да спакойнага. Каб заўсёды ўсе разам…

— Пэўна, таму, што гэта — нармальны стан чалавека, яго шчасце. Не хочу я больш у партызаны! Не! Няхай будуць любыя цяжкасці — абы жыць вось так, разам. Але ж ад вас не адарвешся. Пайду. Дарога i праўда няблізкая…

Упершыню, за паўгода, як вярнуўся з арміі, Пятро аддаў дачцэ ўвесь дзень. I ўпершыню адчуў, як гэта хораша — гуляць з дзіцем! Адключаешся ад усіх іншых сур'ёзных спраў i клопатаў. Быццам сам вяртаешся ў маленства, i цябе пачынае радаваць тое, чаго звычайна не прыкмячаеш, праходзіш міма, — божая кароўка, жоўты матыль, зялёны жук, кветка дзьмухаўца, смелы дзяцел, што заляцеў у парк i весела дзяўбе старую ліпу, пазірае ўніз i гарэзліва кідае амаль на галовы трэскі. Ленка пачынае расказваць пра нейкую «дымную птушку», якую яна з Танькай i Мішкам бачыла не то ўчора, не то немаведама калі, i птушка гэтая, упачатку, пакуль не распалілася дзіцячая фантазія, — жаўна, далей ператвараецца ў казачных не то жар-птушку, не то арла, які хацеў украсці Мішку i панесці далёка-далёка. I ён слухае гэтае няўмелае яшчэ фантазіраванне з захапленнем i замілаваннем. I яму хочацца, каб даччын галасок, як срэбны званочак, не сціхаў ні на хвіліну. Калі ён аставаўся з Ленкай дома, у змрочным пакоі, i быў заняты работай — гісторыяй, сшыткамі, канспектамі,— бясконцыя пытанні яе часам раздражнялі. А вось аддаўся ёй цалкам — i ўсё пачало радаваць, нават непаслухмянасць яе. Нямала з ёй клопату, але ўсё адно адпачываеш, бо сапраўдны адпачынак у чалавека тады, калі ёсць радасць. Калі вячэралі, разбілі гладыш з сыраквашай, якую Саша купіла ім, — галоўны ix харчовы запас. Дзе коратка, там i рвецца. I смешна i сумна. Але асабліва кранула, што «трагедыю» гэтую зразу мел a пяцігадовае дзіця i засмуткавала, нават заплакала.

— Дзе мамка?

— Нічога, гладыш разбіўся на шчасце, i мамка заўтра прыляціць, як пчолка, з багатым узяткам.

A раніцою — як болевы прыступ — трывога за Сашу, нечаканая, незразумелая. Чаму? Што здарылася? Жанчына пайшла ў госці ў роднае сяло. Але так казаў розум, а сэрца… з сэрцам нельга зладзіць.

Каб хоць Ленка была такая вясёлая, звонкая, як учора, а то таксама суцішылася, засумавала, раз-пораз пытала, калі прыйдзе мамка. Знікла радасць, пабляклі фарбы вясны. Пятро ледзь дачакаўся другой палавіны дня, калі па часе можна было ісці сустракаць Сашу.

Ішлі доўга, павольна. Сядзелі на дарозе, чакалі. Сонца даўно схілілася з поўдня, наступаў адвячорак. А Саша не ішла. I трывога расла, як снежны ком у гарах. Неспакой, мабыць, перадаўся i малой — яна пачала плакаць. О, як гэта пакутліва, калі на душы так трывожна, а тут яшчэ пачынае плакаць галоднае, зморанае на сонцы дзіця!

Дайшоўшы да Панізоўя, Пятро з неймавернай цяжкасцю ўмаліў Ленку астацца ў настаўніцы ix школы, а сам ужо амаль бягом кінуўся далей па дарозе, па якой павінна вярнуцца жонка.

Выбегшы з сасонніку, убачыў у полі, на пустой дарозе адзінокую постаць. Здалёк пазнаў — яна. Адразу адлягло ад сэрца. Нарэшце! Спыніўся, выцер пот. Але чаму Саша ідзе так павольна i як бы хістаецца? Так змарылася, гаротная. Хутчэй памагчы, забраць клунак!

Пабег — i за якія пяць крокаў спыніўся, уражаны i спалоханы: Саша была без клунка i бледная-бледная. Думкі, адна страшнейшая за другую, бліснулі ў галаве.

— Што з табой? Цябе ж пазнаць цяжка.

Саша сумна ўсміхнулася, i гэтая, хоць i дзіўная, усмешка трохі супакоіла. Але здалося, што яна хоча сесці на траву. Ён падбег, падтрымаў. Яна прыпала тварам да пляча, горача дыхала ў шыю.

— Што з табой?

— Захварэла.

— У дарозе? Што ў цябе баліць?

— Нічога.

— Заўсёды ты з загадкамі.

Яна доўга не адказвала, потым прашаптала ціха-ціха, быццам баялася, што хтосьці чужы падслухае тут, у чыстым полі:

— Не будзе ў нас дзіцяці…

Пятро адхіснуўся.

— Ты-ы?..

Яна на міг зачырванелася.

— Дурны! Што ты падумаў? Само. Ад недаядання, відаць. Ад стомленасці. Клунак цяжкі. Гэта цяпер так часта ў жанчын… Я ведаю. Мне не трэба было ісці. Сама вінаватая. Сядзем. Я паляжу трохі.

— Табе блага?

— Галава кружыцца.

Пятро асцярожна памог ёй легчы на траву. Спалоханы, разгублены, ён не ведаў, чым дапамагчы яшчэ.

— Што нам рабіць?

— Ідзі папрасі ў Балотнага каня. Я схавала ў лесе клунак. Трэба забраць. Цяпер тым больш нам трэба ўсё, што сабрала Поля. Пакуль я ачуняю… З кім Ленка?..

XII

Учора Пятро пасмяяўся з Сашынага страху, які яна выказала, калі прыйшла гэтая павестка.

— Ну i зайчыха ты стала, а яшчэ — партызанка. Мала чаго можа выклікаць пастаянны ўпаўнаважаны па сельсавету!

— Упаўнаважаныя так не выклікаюць. Я не за сябе баюся. За людзей. Гэта — з-за Прышчэпы.

Нагадала пра ўжо амаль забыты выпадак з інвалідам — i ў Пятра таксама з'явілася трывога. Але ён нічым не выдаў яе — смяяўся, жартаваў. Увечары, праўда, між іншым, запытаў у Бабкова: яго ў раён не выклікаюць? Не. Гэта зусім заспакоіла.

Але калі сёння раніцою, праводзячы яго, Саша шэптам папрасіла:

— Я адно прашу цябе: будзь разумны i… асцярожны… — i ў яе шырокіх вачах-азёрах, вельмі выразных на пабляднелым твары, калыхнуліся цені ўсё таго ж страху, ён, Пятро, таксама ўпершыню адчуў незразумелы страх i трошкі ўзлаваўся i на жонку, i на самога сябе.

— Ты ўжо гатова сухары мне сушыць. Смешна, далібог. Чаго нам з табой баяцца цяпер? Нас цяпер да самай смерці ніхто не мае права ўпікнуць. Hi ў чым. Мы адваявалі як трэба i працуем — дай бог кожнаму.

Можа, Саша зразумела, што i ў яго трывога на сэрцы, бо тут жа заспакоіла:

— Не звяртай увагі на мяне. Відаць, ад хваробы я стала такая… Трошкі, можа, ад таго, што чамусьці не люблю гэтага чалавека.

— У кожнага — свае абавязкі. Ты лепш не тупай. Навошта ты паднялася? Паляжы яшчэ.

— Я паляжу…

Пятро ішоў міма зялёных пералескаў, міма палеткаў першых усходаў ярыны. Свяціла сонца. Ласкава дыхаў ужо па-летняму цёплы вецярок. Звінелі ў небе жаваранкі…

Пятро любіў гэтую дарогу — ад вёскі да райцэнтра. Тыдзень назад яго выклікалі на бюро райкома, i ён, хоць i ведаў, што могуць добра «прапясочыць» за адставанне «Асветніка» з сяўбой, ішоў дзесяць кіламетраў i… спяваў: так хораша i радасна было ад адчування міру, цішыні, ад сузірання ўсходаў, што дадуць людзям хлеб.

А цяпер ішоў i быццам нёс цяжкую ношку — як той мяшок бульбы — Сашынага страху. Але ці толькі Сашынага? Самому сабе ён не мог прызнацца, што нечага баіцца. Чаго яму баяцца? Смешна. Булатаў, безумоўна, чалавек загадкавы, з дзівацтвамі. Ен можа выклікаць вельмі неспадзявана з-за нейкай недарэчнай дробязі. Ёсць у яго такая рыса. Часам гаворыць з людзьмі, як дарослы з малымі,— гэта смешна, зрэдку, як суддзя з падсуднымі,— тады слухаць яго непрыемна. Але ўвогуле чалавек як чалавек, член партыі, як i ён, Пятро. Разам працуюць. Разы два разам абедалі, нават выпілі, адзін раз, здаецца, у Балотнага, другі — у адпускніка — афіцэра, які прыехаў праведаць маці. Там, у гасцях, Булатаў паказаў сябе сімпатычным i вясёлым чалавекам.

Тры дні назад бачыліся. Гутарылі. Але чаму ён нічога не сказаў пра гэты выклік? Зноў б'е на нечаканасць? «Шапятовіч, у вас прыёмнік ёсць?» «Грамыка, здайце пісталет!»

Пра што ён з такой жа нечаканасцю спытае сёння? Няўжо сапраўды стаў вядомы той неразумны, у гарачцы, выкрык балбатуна Прышчэпы?

Пятро пашкадаваў, што не схадзіў учора адвячоркам у Панізоўе i не пагаварыў з гэтым няўрымслівым інвалідам. Але ж, па сутнасці, сапраўды нічога не здарылася. Камічны інцыдэнт: двое аднарукіх схапілі адзін аднаго загрудкі. А цяпер сустракаюцца i вітаюцца, жартуюць. Дык каму патрэбна ствараць з гэтага «дело»?

«Навошта я ўвесь час думаю пра гэта? Толькі таму, што Саша сказала? Ты сапраўды, мая любая жонка, зрабілася падазронай. У нас з Булатавым, можа, была тысяча ўсялякіх іншых спраў».

Пятро мог бы сябе супакоіць, каб не прыгадвалася другое: Андрэй Запечка і… размова з Лялькевічам, глыбокая, да смутку i болю, заклапочанасць сакратара райкома тым, што выходзяць булатавы з-пад партыйнага кантролю.

Яшчэ на паўдарозе з'явілася такая думка: «А можа, наведацца раней у райком, да Уладзіміра Іванавіча? Расказачь яму».

Але, разважыўшы, Пятро адмовіўся ад такога намеру. «Няёмка. Што ён падумае? Баюся зайсці да свайго ўпаўнаважанага, да члена бюро райкома. Адразу лезу ў райком — застрахавацца, нібы ў мяне сумленне не чыстае».

I ён не пайшоў бы ў райком, каб на станцыі не ўбачыў Прышчэпу. Рыгор стаяў каля гандлярак, што сядзелі, як наседкі, пад старымі ліпамі, i закусваў бульбяным піражком з фасоляй. Мабыць, ужо глынуў самагонкі, што тут жа ўпотай прадавалася. Пятра сустрэў насмешліва. Спытаў весела:

— Як жывём, сакратар?

— Няблага.

— Вы не з-за мяне тут?

— Не, — невядома, чаму Пятро не прызнаўся.

— А-а… значыцца, тутака свае дзялы ёсць. Ну, то тады тупай, тупай — закручвай свае дзялы.

Варта было з ім пагутарыць па шчырасці. Пятро не здолеў, не адважыўся. Цяпер ужо сапраўды яго апанаваў страх. Не за сябе. Саша i тут як у ваду глядзела. За яго — за гэтага задзіру, крыкуна, мацюжніка, але ў недалёкім мінулым — баявога армейскага разведчыка. Не, няпраўда: i за сябе быў той страх. А таму, адышоўшы ад станцыі, ён рашыў: спачатку пойдзе ў райком, да Лялькевіча. Параіцца. Той усё зразумее. Такі чалавек не можа не зразумець. Баяўся толькі аднаго — што Уладзіміра Іванавіча не будзе на месцы. А таму, калі сакратарка адказала, што Лялькевіч у сябе, Пятро радасна ўздыхнуў i выцер рукавом гімнасцёркі пот: здавалася, вялікі цяжар, які ён нёс ад вёскі, зваліўся з плеч. I з сэрца.

* * *
Праз нейкія паўгадзіны Лялькевіч імкліва ўвайшоў у кабінет першага сакратара райкома Анісімава. Яшчэ ад дзвярэй загаварыў з абурэннем:

— Анісім Пятровіч! Што гэта ў нас робіцца? Хто ў нас кіруе раёнам — райком, мы з табой, выбраныя камуністамі, зацверджаныя Цэнтральным Камітэтам, ці Булатаў?

— А што такое?

— Новая справа фабрыкуецца. На інваліда з Панізоўя, які ў часе падпіскі на пазыку не стрымаў язык… I — адчуваю — на Шапятовіча, які быў пры гэтым… Той жа метад, пра які мы з табой гаварылі. Два дні назад Булатаў быў у ix i слова не сказаў. А на сёння выклікае, глядзі, якой павесткай. Гэта ж чорт ведае што такое! Выклікае камуніста, сакратара партарганізацыі, а райком нічога не ведае. Ты скажы, адкуль у яго такая падазронасць да людзей, якія прайшлі вайну, фронт, партызанілі, параненыя, скалечаныя? Ну, не! Шапятовіча я яму не дам з'есці! Дрэнна ён ведае нашага брата, партызана, Булатаў гэты!

Лялькевіч кульгаў па прасторным кабінеце. Ад узрушанасці, абурэння яго як бы ліхаманіла.

Анісімаў сядзеў у сваім рабочым крэсле, здавалася, зусім спакойны, нават абыякавы. Але калючыя вочы, суровага позірку якіх шмат хто ў раёне баяўся, пільна сачылі за кожным рухам Лялькевіча.

Яны часта сутыкаліся так, што, як казаў Лялькевіч, «іскры ляцелі». Але пад настрой Анісімаў неаднойчы прызнаваўся: «Люблю я цябе, чорта, за дзве твае якасці: адукаванасць i смеласць».

Цяпер ён таксама залюбаваўся сваім другам, яго палымянасцю ў абароне, безумоўна ж — без доказаў ясна, — сумленных людзей. Але было не да выяўлення добрых пачуццяў — невясёлыя думкі апанавалі пасля таго, што сказаў Лялькевіч.

— Пасадзіць ён нас з табой, гэты тып.

Лялькевіч спыніўся пасярод кабінета ўражаны. Пастаяў, анямелы, потым пацвердзіў:

— Пасадзіць! — i закрочыў да першага сакратара, нахіліўся над ім. — Пасадзіць… калі мы будзем маўчаць…

калі не паставім яго на месца, не возьмем пад кантроль. Калі яму усё будзе сыходзіць… Сышло з інвалідам Запечкам, хоць усе мы разумелі, што гэта ліпа. Людзі на бюро, калі ён дакладваў, вачэй не паднімалі — сорамна было. Сышло з дырэктарам школы Гаевым — ён дабіраецца да сакратара партарганізацыі. Чаму ж не дабрацца да сакратара райкома? Промахі ў нас з табой можна знайсці, калі глядзець, як Булатаў. I вытлумачаць ix… як ён…

Анісімаў, моўчкі слухаючы, дастаў з шуфляды стала папяросы, прыпаліў, зрабіў дзве-тры глыбокія зацяжкі i тут жа скамячыў папяроску, затаптаў у шкляную попельніцу.

— Баішся, Анісім Пятровіч? У атаку полк падымаў — не баяўся? Я з двума разведчыкамі эшалон з жывой сілай падарваў — не баяўся. Дзесяць разоў у Гомель на сувязь з падпольшчыкамі ездзіў… А тут, значыцца, спалохаліся Булатава? Ды я перастану паважаць сам сябе! I цябе!

Рука Анісімава пацягнулася да тэлефоннага апарата, што вісеў на сцяне, за крэслам, але дацягнулася толькі да шнура ад трубкі i застыла на ім.

Лялькевіч адступіў, чакаючы.

Анісімаў адхапіў руку ад тэлефона, сашчапіў пальцы так, што трэснулі суставы, пацёр далоняй аб далоню. I тут жа падняўся, рэзка крутнуў ручку апарата.

— Булатава! Булатаў? Захапіце справу на Шапятовіча i з'явіцеся да мяне! Якую? Якая ў вас ёсць! Ясна? Выконвайце! — i кінуў трубку на рычаг.

Лялькевіч добра ведаў нораў Анісімава i, употай усміхнуўшыся, адышоў да акна, пачаў глядзець на вуліцу. Анісімаў зноў запаліў папяросу i курыў прагна, глытаючы дым.

Мінут праз пяць Лялькевіч убачыў, як з брамы дома насупраць (дом стаяў у глыбіні двара, за парканам, вокны яго былі закрыты высокімі кустамі бэзу i шыпшыны) выйшаў Булатаў. Уладзімір Іванавіч не без злараднасці падумаў: «Бяжыш? З такімі, як ты, відаць, толькі i трэба так: «Ясна? Выконвайце!» Стары ваяка Анісімаў гэта разумее».

Ен вярнуўся да стала, стаў збоку. Анісімаў глянуў на яго з запытаннем, але пачуўшы крокі ў прыёмнай, зразумеў, i твар яго зноў наліўся крывёю, натапырыўся вожык валасоў, самі па сабе сашчапіліся пальцы рук.

Булатаў увайшоў, не пастукаўшы, не спытаўшы дазволу, размашыста адчыніўшы дзверы, каб паказаць, што ён роўны тут. Але выгляд сакратара — той, які яны, члены бюро, называлі паміж сабой «перад бураю», асадзіў яго, нават спалохаў. Уласна кажучы, спалохаўся ён ужо раней — пасля такога нечаканага званка. Як усялякі, хто не мае веры ў высокія ідэалы i дбае толькі пра сваю кар'еру, Булатаў быў баязлівец. Ён падумаў: данесці ў райком мог толькі нехта з яго работнікаў, не інакш. Значыцца, хтосьці сочыць i за ім. I дакладвае. I, безумоўна, не толькі райкому. Невядома, што там, угары, думаюць пра яго.

Ён спытаў амаль лісліва:

— Чаму такая паспешлівасць, Анісім Пятровіч?

— Вы статут партыі, Булатаў, ведаеце? — ціха спытаў Анісімаў і, не атрымаўшы адказу, павысіў голас: — Партыя для цябе існуе?

— Не разумею…

— Яно i відаць, што не разумеет. Заводзіш дзела на сакратара партарганізацыі, а райком…

— Я лічыў, што пакуль яно не закончана…

Анісімаў працягнуў руку. Булатаў паслужліва разгарнуў бледна-жоўтую мяккую папку i паклаў перад сакратаром. Паперак ужо набралася нямала, i ўсе яны былі акуратна падшыты.

Лялькевіч наблізіўся да першага сакратара, стаў за яго крэслам, пачаў чытаць разам з ім. I на першай жа паперцы не вытрымаў — абурыўся:

— Капыл? Той самы? Анісім Пятровіч! Звярні ўвагу. Даносы. Капыла. Таго, помніш? Ну, на якога было калектыўнае пісьмо калгаснікаў, што гэты тып выдаў немцам партызана. Памятаю, Булатаў, я перадаў вам гэтае пісьмо, каб вы расследавалі. I вы расследавалі! Зрабілі яго сваім агентам. Каб ён сачыў за камуністамі, паклёпнічаў на людзей, якія пралівалі кроў засавецкую ўладу, калі ён лізаў фашыстам… Як гэта называецца, капітан Булатаў!

Булатаў стаяў ужо збялелы, амаль навыцяжку.

Лялькевіч астматычна задыхаўся ад абурэння: стрымліваючы сябе, каб не крычаць, ён выдыхаў словы надрыўным шэптам:

— Якую палітычную ацэнку гэтаму можна даць? Анісім Пятровіч!

Анісімаў не адказваў, чытаў моўчкі, i толькі ўсё больш i больш барвавелі яго шыя, вушы, твар i больш шорсткім i калючым рабіўся вожык валасоў.

— Ну, а тут? Анісім Пятровіч! Паглядзіце, пра што даносіць гэты халуй. «Замест таго каб расказачь людзям пра таго, хто каваў нашу вялікую перамогу — фармуліровачкі! — Шапятовіч расказвае… пра багоў». Гэта ж смеху варта. Шапятовіч вывучае гісторыю, захапіўся міфалогіяй. I расказвае міфы. Булатаў! Вы Сталіна чытаеце?

— Не разумею.

— Яно i відаць, — паўтарыў Лялькевіч словы Анісімава. — Пра Антэя вы чыталі? Пасаромеліся б падшываць такі данос! Божа мой!

Анісімаў моўчкі, без адзінага слова, дачытаў да канца заключэнне, складзенае не вельмі пісьменна. Потым адкінуўся на спінку крэсла, сашчапіў пальцы, ca скрыпам пацёр далонямі, заплюшчыў вочы, як ад моцнага прыступіўшага болю. Сказаў шэптам, але такім, што Лялькевіч спалохаўся: аднойчы пасля вось такога шэпту ў Анісіма Пятровіча здарыўся сардэчны прыпадак:

— Булатаў… за што вас… панізілі ў званні i запісалі вымову? Я вам напомню: за перавышэнне ўлады i… за трусасць. Дык я вам скажу, Булатаў: пакуль я тут сяджу, вы не зробіце кар'еры нападобных правакацыях… Не, Булатаў, не зробіце… Кажу вам праўду. Падумайце, пакуль вы ў радах партыі. Вось так, Булатаў. А цяпер я вас не затрымліваю… Можаце ісці.

Булатаў дрыжачай рукой пацягнуўся за папкай. Анісімаў рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, расшчапіў пальцы, паклаў рукі на паперы.

— Не, гэта няхай застаецца ў мяне. У маім сейфе. Больш надзейна, ведаеце. Каб не было спакусы вам, Булатаў. Прашу, — i паказаў вачамі на дзверы.

Капітан нейкі момант вагаўся, як бы жадаючы нешта сказаць i не знаходзячы патрэбных слоў, потым павярнуўся па-вайсковаму, шчоўкнуўшы абцасамі, i закрочыў, высока выкідваючы ногі, але дзверы за сабой зачыніў асцярожна, без груку.

Анісімаў усё тым жа шэптам, быццам баючыся, што звычайны голас можа нешта разбурыць у ім самім ці навокал, папрасіў Лялькевіча:

— Накапай ты мне валяр'яначкі.

Уладзімір Іванавіч ведаў, што аптэчка стаіць на падаконніку, за шторай. Наліў у шклянку вады, з піпеткі капнуў дваццаць кропель бурштынавага зелля.

Анісімаў выпіў, глыбока ўздыхнуў, крактануў i тады сказаў натуральным гол асам:

— Сукін сын! Трапіў бы ён мне на фронце! — i з дакорам самому сабе, але не без задавальнення, паківаў галавой. — Чуць не сарваўся. Бачыў, як я трымаў нервы. Во, — i сціснуў кулакі.

— Дзякую, Анісім Пятровіч. Такая размова даўно наспела. Але трэба давесці да канца — напісаць у абком, у ЦК.

— Не люблю я такіх пісем. Але ў даным выпадку трэба, а то ад гэтага тыпа ўсяго можна чакаць. Сёння ж напішы.

Анісімаў падняўся з крэсла i ўжо зусім бадзёра i весела гукнуў:

— Дзе ён, гэты твой Шапятовіч? Тут? Кліч яго. Пагаворым.

Лялькевіч адчыніў дзверы, папрасіў сакратарку:

— Валя, паклічце з майго кабінета Шапятовіча.

Пятро, змучаны працяглым сядзеннем у пустым кабінеце, невясёлымі думкамі, увайшоў нясмела, разгублены. Спыніўся каля дзвярэй.

Анісімаў загудзеў:

— Ты што гэта — як мокрая курыца? Праходзь, сядай. Раскажы нам з Лялькевічам пра… багоў.

Пятро зусім сумеўся:

— Пра якіх багоў?

— Ну як жа! Тут адзін напісаў, што ты замест агітацыі i прапаганды партыйнай пра багоў расказваеш. A праўда. Сяўба ў калгасах бязбожна зацягваецца, а сакратар партарганізацыі бабам міфы расказвае. Тут ёсць над чым задумацца… Слухай, а чаго гэта ты публічна расплакаўся над лесам дзяцей Нізаўца? Мала ў цябе сірат вайны, удоў?

— Дзеці ёсць дзеці, Анісім Пятровіч. I яны не адказваюць за бацькоў,— за знешняй суровасцю слоў сакратара Пятро адчуў добры гумар, бацькоўскую ласкавасць i схаванае ўхваленне яго паводзін, а таму адразу акрыяў, пасмялеў i адказаў упэўнена, без той прыгнятальнай скаванасці, якая была ў першы міг i якую ён неаднойчы адчуваў раней перад

Анісімавым.

— Ты мне прапісных ісцін не паўтарай.

— Дачка Нізаўца траціла на ўроках прытомнасць. А я сам бацька i педагог…

Сакратар наблізіўся, зазірнуў Пятру ў вочы, паківаў галавой:

— Цёрлі цябе, Шапятовіч, i на фронце, i ў партызанах i ніяк не прыцёрлі…

— Да чаго?

— Ідэаліст ты. А па твайму становішчу трэба быць рэалістам. Што ў вас было з інвалідам гэтым?..

— З Прышчэпам, — падказаў Лялькевіч.

— Нічога асаблівага. Чалавек быў не ў настроі, а мы з Бабковым прысталі да яго з падпіскай. Ён адмаўляўся. Бабкоў пагарачыўся, мацюкнуў. Той — яго. I ўсё.

— I ўсё?

— Ну, тузанулі адзін аднаго. Я разняў.

— I ўсё? А хто з вас балбатун — ты ці Бабкоў?

Пятро паціснуў плячамі.

— Сёння ж выганьце з сельсавета гэтага нямецкага курашчупа — Капыла. Каб духу яго не было! Ясна!

Пятра здзівіў такі нечаканы пераход.

Анісімаў заўважыў яго здзіўленне, сказаў:

— Уладзімір Іванавіч растлумачыць, што да чаго, — i глянуў на гадзіннік. — За тры дні каб «Асветнік» усё пасеяў, усё насенне. У пятніцу сам праверу. Мабілізуйце людзей на праполку. Правядзіце сходы. Работаць трэба, а не міфы расказваць! Ясна? — аднак хораша ўсміхнуўся, працягнуу руку i моцна сціснуў Пятрову, гарачую i потную ад нервовай узбуджанасці.— Ну, будзь здароў, карась-ідэаліст. У мяне да чорта спраў.

Лялькевіч сказаў Пятру, калі яны перайшлі ў яго кабінет:

— Toe, што зрабіў стары, на фронце называлася — закрыць амбразуру, з якой маглі ўдарыць па табе. У Булатава адно слабае месца — Капыл. Толькі на гэтым ён можа пагарэць, — i пачаў ціха, па-сяброўску расказваць, што напісана ў капылоўскіх «інфармацыях» i якое заключэнне зрабіў той, каму яны пасылаліся.

— Булатаў умее страхавацца. Ён амаль пра ўсё дакладвае бюро райкома. Але ніколі не паказвае ніякіх дакументаў, i ніхто ix ніколі не патрабуе ад яго. Вераць на слова. Ніхто не адважыўся праверыць па сутнасці. На гэта ён разлічвае i заводзіць вось такія «справы». Паказвае, які ён пільны вартавы партыі i народа. Вось глеба той бескантрольнасці, пра якую мы з табой гаварылі. Помніш — у цябе ў хаце?

Пятро слухаў, ашаломлены.

У дзверы пастукалі, i ў кабінет увайшла… Саша, расчырванелая, з дзіўным бляскам у вачах.

— Ты тут? — спытала не то вельмі ўзрадаваная, не то яшчэ больш здзіўленая.

Пятра яе з'яўленне спалохала, бадай, больш, чым усё, што адбылося дагэтуль.

— Саша?! Як ты сюды?.. Табе ж трэба ляжаць!

— А мне не ляжалася, — прызналася яна i тут жа засаромелася Лялькевіча.

Той усё зразумеў i заключыў:

— Добра, Пятро Андрэевіч, дагаворым пасля. Я прыеду да вас.

Яны сышлі з райкомаўскага ганка, як дзеці, узяўшыся за рукі. Нікога не бачылі, нічога не чулі.

Толькі на вуліцы Пятро схамянуўся:

— Ты пехатой?

— Мне так страшна стала, калі ты пайшоў. Я сабралася — i следам.

— Ды як ты магла! Во дурная! Зусім хворая яшчэ. Вярнуся — папрашу ва Уладзіміра Іванавіча машыну.

— Не, не трэба. Я зусім хораша сябе адчуваю. Цяпер нам няма чаго спяшацца. Хадзем ціхенька.

* * *
I вось яны адпачываюць. Недалёка ад райцэнтра. Чуваць, як на станцыі пыхкае паравоз. Там, на станцыі, яны купілі ў гандлярак тварагу i халодных бульбянікаў. Паабедалі. I так хораша ім!

— Хто б мог падумаць — Капыл! Такі ціхенькі, ласкавы…

— Ласкавы! Падлюга — да смерці падлюга. Цяпер я не сумняваюся, што ён такі выдаў партызана.

— Анісімаў сказаў: «Ганіце сёння ж з сельсавета. Каб духу яго не было!» I нас папракнуў: «I вы лапухі».

— Ды i лапухі. Добранькія. Бабкоў i ты. Грэлі гадзюку.

Пятро ляжыць пад абветранай шурпатай сасной. Саша

сядзіць побач. Ён трымае яе руку. Ён не выпускаў яе рукі, пакуль яны ішлі ад райцэнтра. I цяпер таксама. Яму, як ніколі раней, хочацца адчуваць яе блізкасць, цеплыню. Гэтае адчуванне, галіны сасны, што гойдаюцца ад ветру, i неба — то бяздонны блакіт, то хмаркі, цямнейшыя ці святлейшыя, — як усё i хораша супакойвае i неяк па-новаму хвалюе, вяртаючы паўнату той светлай радасці жыцця, якая з'явілася год назад, у Дзень Перамогі.

Сасна гэта была неаднойчы паранена сякерамі, нажамі хлапчукоў. На свежай ране-лысіне — буйныя, як слёзы, празрыстыя кроплі смалы. Яна моцна пахне, смала, але гэта пах жыцця, вясны.

Пятро на поўныя грудзі ўдыхае водар хвоі i траў, што прыносіць цёплы вецер. Заплюшчвае вочы. Сашы здаецца, што ён заснуў. Яна маўчыць.

— Ты ведаеш, Сашок, я ўсё-такі збудую свой мост!

Яна адказвае не адразу.

— Я сядзела i думала: а можа, праўда, нам пераехаць куды-небудзь на будаўніцтва?

Ён паварочваецца да яе, глядзіць са здзіўленнем. Калі раней ён казаў пра зусім рэальны мост, яна адгаворвала: «Паступіў у інстытут — вучыся. Дзе ў цябе будзе яшчэ такая мажлівасць?» А цяпер, калі мост зрабіўся прыгожым сімвалам, Саша раптам гэтак празаічна спускае яго на зямлю.

— Не, цяпер я нікуды не паеду! Ад такіх людзей!

— Гэты гад, калі астанецца, ён не дасць табе жыцця.

— Ну, ведаеш… Ёсць райком! Ёсць партыя! Не астанецца ён!

Яна стоена ўздыхае, чуць мацней сціскаючы яго пальцы.

— Не будзь ідэалістам.

— Ты не верыш Лялькевічу? А я веру. Цяпер я ва ўсім веру яму. I Анісімаў — круты, але — чалавек!

— Я таксама паляжу, — кажа Саша i кладзе галаву на тоўсты корань сасны. Зноў уздыхае. — Дарэмна не забралі Прышчэпы з сабой. Нап'ецца ён там, на станцыі. I зноў напракудзіць. Пачне балбатаць…

— Сілай жа не пацягнеш. Запрашалі. Нап'ецца, безумоўна. Яго немагчыма зразумець. Я так i не зразумеў — пахваліў ён мяне ці пагразіў, калі сказаў: «Я з табой, парторг, яшчэ пагавару».

— Ну, што ты! Калі куплялі бульбянікі, ён паказаў мне вялікі палец: «Во, Шура, які хлопец ваш Шапятовіч!»

Яны зноў маўчаць — усё перагаварылі.

I магчыма, што Пятро на гэты раз сапраўды засынае на нейкую хвіліну, бо замест карункаў хваёвай галіны на фоне блакіту перад ім паўстае казачна прыгожая арка незвычайнага моста — такога доўгага, што той, другі, бераг, куды перакінута гэтая дзівосная вясёлка, расплываецца, як у тумане.

1963

Примечания

1

Герой апавядання М. Горкага «Варанька Алесава» (рэд.).

(обратно)

2

ПУАЗО — прыбор кіравання артылерыйска-зенітным агнём (з рус.).

(обратно)

3

МЗА — малакаліберная зенітная артылерыя.

(обратно)

4

Ідзіце сюды! (ням.).

(обратно)

5

Кіньце пісталет! I рукі ўгору! (ням.).

(обратно)

6

Першы раз (ням.).

(обратно)

7

Увесь свет узрадуецца… (ням.).

(обратно)

8

Увага! Увага! У паветры Сафонаў!.. (ням.).

(обратно)

9

ВНОС — служба паветранага назірання, паведамлення, сувязі.

(обратно)

10

Будзем гаварыць па-нямецку! Мілыя дзяўчаты! (ням.).

(обратно)

11

Прапаную тост… (ням.).

(обратно)

12

Што здарылася? (ням.).

(обратно)

13

Але папярэджваю… (ням.).

(обратно)

14

Ліс (ням.).

(обратно)

Оглавление

  • Каханне, маладосць i трывогі сэрца
  • Непаўторная вясна
  •   І
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  • Начныя зарніцы
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  •   VIII
  •   IX
  •   X
  • Агонь і снег
  •   1941
  •     24 чэрвеня
  •     25 чэрвеня
  •     Вечар 26 чэрвеня
  •     27 чэрвеня
  •     29 чэрвеня
  •     30 чэрвеня
  •     3 ліпеня
  •     4 ліпеня
  •     20 ліпеня
  •     21 ліпеня
  •     22 ліпеня
  •     2 жніўня
  •     7 жніўня
  •     14 жніўня
  •     22 жніўня
  •     26 жніўня
  •     6 верасня
  •     11 верасня
  •     12 кастрычніка
  •     19 кастрычніка
  •     14 лістапада
  •     23 лістапада
  •     1 снежня
  •     13 снежня
  •   href=#t46> 1942
  •     12 студзеня
  •     Люты
  •     22 мая
  •     27 мая
  •     3 чэрвеня
  •     4 чэрвеня
  • Пошукі сустрэчы
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  • Мост
  •   I
  •   II
  •   III
  •   IV
  •   V
  •   VI
  •   VII
  •   VIII
  •   IX
  •   X
  •   XI
  •   XII
  • *** Примечания ***