Мяне няма: роздумы на руінах чалавека [Валянцін Акудовіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

побач горад, як выбаўленьне панылае волі, як падстава для бясконцага дыялёгу, як другі, які ведае адказ на кожнае тваё запытаньне, калі ты здолееш яго выразна сфармуляваць.

У Мінску няма каго пытацца, бо Мінск — горад для аднаго; тут кожны побач — прыкрая недарэчнасьць. Пэўна, з гэтае прычыны замест дыялёгу тут ужываюць маналёг, сэнс якога вярэдзіцца вакол апошняга: навошта я сам сабе патрэбны? І ці патрэбны ўвогуле?

Горад, якога няма, і чалавек, якога можа ня быць, суіснуюць на паверхні Мінска падобна да задзіночаньня магчымасьцяў, што маюць шанец рэалізавацца адно ў кантынууме ідэальнага, які мы досыць умоўна пазначым як “Мінск безь мяне”...

Рэч у тым, што акрамя Мінска, які знаходзіць сябе ў маім намеры валэндацца па жарсьцьве ягонай паверхні, ёсьць Мінск безь мяне, Мінск, як ідэя Мінска, якая тысячу гадоў валацугам блукала па селішчах, спрабуючы настала атабарыцца ў самых розных часава-прасторавых акалічнасьцях.

Мабыць, апошняе вымагае невялікага тлумачэньня. Ідэя Мінска — гэта спрадвечная мара топасу нашага краю аб выяўленым значэньні самога сябе, калі ў быційных праявах сфармулюецца і ўвасобіцца ідэальнае адлюстраваньне таго сакральнага сэнсу, зь якога ўзьнікла наканаваньне гэтай прасторы. Але сама па сабе прастора можа адно ўтрымліваць і гадаваць ідэал, а каб ён бачна паўстаў над быційнай роўнядзьдзю дыскурсу, патрэбны цэнтар (у звычаёвай тэрміналёгіі — сталіца), які б паклаўся на пачатак узросту парадыгмы значэньня.

Блуканьне ідэі Мінска — гэта намацваньне этнанацыянальнай прасторай свайго цэнтра, росшукі сэнсатворнай сярэдзіны самой сябе, таго мейсца, дзе як адбітак сакральнага віхру несупынна будзе шумець вір гістарычнага быцьця.

Наўрад ці хто даведаецца, скуль пачаўся шлях гэтай ідэі, але летапісна ён найперш быў занатаваны лёсам Рагнеды. Збудаваны для яе сына горадзень Ізяслаў быў ці ня першай бачнай нам спробай вылучыць акраец быційнага значэньня трансцэндэнтнай задумы.

Князь Ізяслаў пакінуў месту сваё імя і вярнуўся на айчыну маці, каб у Полацку трымаць далей дынастыю Рагвалодавічаў. Аднак ужо ягоны ўнук, шалёны Ўсяслаў, будзе шукаць няўважна страчанае дзедам, сягаючы па абшарах сьвету ад Тмутаракані да Дудутак.

Ня розумам, дык чуйным зьвярыным нутром Усяслаў ведаў: ні княскі пасад, ні нават Сафійка не дапамогуць Полацку стацца тым мейсцам, дзе можа быць ускрыленай ідэя Мінска; і зноў і зноў кідаўся шукаць патрэбу. “Усяслаў... на кані паімчаў да горада Кіева і даткнуўся дзідаю да кіеўскага залатога пасаду. Ад іх скочыў зьверам дзікім. Апоўначы зь Белграда ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узьняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разьбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак”.

Нечалавечая відушча Ўсяслава ўрэшце вызначыла каардынаты Нямігі... але, падобна, ня ў той дзень, ня ў той час прыскакаў ён на гэтыя берагі. Не было яму калі агледзіцца, прыслухацца, сокалам шнырнуць у астральныя нябёсы, кратом абмацаць трывалішчы катакомбныя, каб пераканацца — Тут... Трэба было не адкладваючы кроў праліваць. “На Нямізе снапы сьцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыцьцё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касьцямі сыноў рускіх”.

Вялікая кроў заўсёды значыла пра невыпадковасьць, абранасьць таго мейсца, дзе яна пралілася. Толькі не прамінем іншага: берагі Нямігі “не дабром былі засеяны, засеяны былі касьцямі сыноў рускіх”. Ці ня гэтая крывавая багна, ці ня гэты буралом касьцей на шмат стагодзьдзяў сталіся патаемнай прычынаю забароны, рашучага табу на зьдзяйсьненьне ідэі Мінска там, дзе ёй было наканавана зьдзейсьніцца?

Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму ня маю намеру разгортваць гэтую, выпадковую тэзу. Аднак, разам з тым, не магу зусім пазьбегнуць думкі аб нейкай ірацыянальнасьці таго, што далей будзе адбывацца зь Мінскам: на працягу стагодзьдзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе ня толькі Полацак, Горадня, Смаленск... але і шмат хто яшчэ... і толькі Мінск ня выкажа аніякага жаданьня пачуць голас наканаваньня, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губэрнскага горада Расейскай імпэрыі ня вызваліў яго ад звыклай перасьцярогі да магчымасьці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасьці. Ужо ў XX стагодзьдзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад неабходнасьці вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабуе ўхіліцца гэтай мітрэнгі на карысьць Вільні, Смаленска, Віцебска, Горадні і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом Ураду).

Такое ўпартае не-хаценьне магло б сьведчыць пра неадпаведнасьць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб ня ўвесь папярэдні гістарычны досьвед, які люструе марнасьць намаганьняў іншых вылучыцца ў гэтай якасьці. Здаецца, пытаньне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо — ніхто.